piątek, 17 stycznia 2020

ЎЎЎ Чырок і беркут. Якуцкая народная казка. Пераклаў Сяргей Міхальчук. Койданава. "Кальвіна". 2020.


 



 
                                                                 ЧЫРОК І БЕРКУТ
                                                             Якуцкая народная казка
    Калісьці, даўным-даўно, птушкі жылі на адным месцы і не ведалі ніякіх пералётаў. Усе яны пражывалі на цёплым поўдні, у гарачых краінах. Жылося ім прывольна і сытна, і птушыны народ пладзіўся без усякай меры. І вось птушак стала гэтак многа, што зрабілася ім цесна на роднай зямлі. Пачало не хапаць корму для птушанят, пачало не хапаць месца для гнёздаў. Ды яшчэ настала такая сьпякота, што пачалі тухнуць і прападаць яйкі. Што рабіць? Птушыны народ сабраўся на сход.
    — У нашых мясьцінах стала цяжка жыць, — гаварылі птушкі. — Улетку занадта горача, вада высыхае, яды не хапае. А на далёкай Поўначы, кажуць, раскінуліся бязьмежныя землі, Каб як гэта даведацца, ці можна там жыць, ці ёсьць там вада, ці ёсьць корм для птушак. Добра было б на ўсё лета адлятаць на Поўнач. Трэба выбраць каго-небудзь дужага і разумнага, няхай ён будзе нашым правадыром, нашым уладаром, і мы пашлём яго на Поўнач, няхай ён разьведае, што там за зямля.
    Выбралі беркута. Ён самы дужы, самы разумны. Ён не загіне ў дарозе, заўсёды знойдзе сабе яду, бо есьць і зьвяроў і птушак.
    — Прынясі нам, магутны беркут, весткі пра далёкую Поўнач.
    Паляцеў беркут — адно чорны цень па зямлі прамільгнуў.
    Мінуў год. Беркут вярнуўся. Першы яго ўбачыў маленькі чырок. Беркут быў задаволены і вясёлы. Але калі яго акружылі птушкі, беркут раптам спахмурнеў і замаркоціўся.
    — Хутчэй расказвай нам, храбры беркут, магутны беркут, што ты бачыў у далёкіх краях! Якія навіны? Якія весткі? — закрычалі наперабой цікаўныя птушкі.
    Беркут адказаў:
    — Кепскія навіны, кепскія весткі. Марнай была ўся гэта задума, дарэмна вы, птушкі, мяне ў такую далеч пасылалі. Страшэнныя там мясьціны: ні яды, ні вады, ледзьве выбраўся, ледзь назад вярнуўся. Бязладна ўзвышаюцца там голыя горы, навакол адзін толькі шэры камень, ніхто там не жыве, няма ні зьвяроў, ні насякомых. Няма там дрэў для гнёздаў, няма ні азёр, ні рэк для вадаплаўных птушак. Пануюць там вечны холад і вечная ноч. На жаль, сябры мае, паўночныя землі для жыцьця непрыдатныя.
    Засумаваў птушыны народ. Усе прыціхлі, задумаліся. І раптам маленькі пранырлівы чырок прамовіў у цішыні:
    — Я не веру беркуту. Я не веру, што на ўсёй вялізнай Поўначы няма чаго есьці. Я не веру, што там стаіць вечная ноч.
    Беркут раззлаваўся і закрычаў:
    — Не табе, маленькая птушачка з маленькім розумам, рот разяўляць! Не верыш — сам зьлятай на далёкую Поўнач! Толькі от назад наўрад ці вернесься...
    Пачало зьмяркацца. Беркут паляцеў у сваё гняздо. Маленькі чырок у прыцемку паляцеў усьлед за ім, прытаіўся побач з яго гняздом і чуйна прыслухаўся. Ён ведаў, што дома беркут скажа праўду. І вось што ён пачуў.
    — Ну, мая сябровачка, — гаварыў беркут жонцы, — нам прываліла вялікая ўдача! Рыхтуйся ў дарогу, дзяцей зьбірай, заўтра і рушым. Ах, якія цудоўныя багатыя землі, аказваецца, ляжаць на Поўначы! Улетку там не горача, лясам канца-краю няма, рэк-азёр не зьлічыць, а ўжо корму-здабычы гэтулькі, што ніхто такога і не сьніў!
    — Значыцца, увесь птушыны народ заўтра выпраўляецца на багатую Поўнач? — спытала жонка беркута.
    — Не, мы паляцім туды адны, — адказаў беркут... Птушынаму народу я сказаў, што тыя мясьціны для жыцьця непрыдатныя. Мы адны паляцім у цудоўны, багаты паўночны край, мы расплодзімся там на незьлічоных кармах, мы будзем уладарамі неабсяжных прастораў!..
    —Ах ты... — не вытрываў чырок, але тут жа закрыў рот.
    — Што гэта! — страпянуўся беркут. Ён так моцна ўздрыгнуў, што гняздо сарвалася і паляцела ўніз.
    Чырок прытаіўся. Беркут яго не заўважыў, было ўжо цёмна. Позна ўночы, калі ўсе паснулі, чырок ціхенька паляцеў дадому. А назаўтра, як толькі ўзышло сонца, ён сабраў усіх птушак на сход.
    — Паслухайце мяне, паважаныя птушкі, — сказаў ён. — Усё, што ўчора вам гаварыў беркут, — няпраўда! Землі на Поўначы багатыя, ёсьць там лясы і лугі, рэкі і азёры. А корму там гэтулькі, што нікому з вас і не сьнілася!
    — Адкуль ты гэта ведаеш? — закрычалі птушкі. — Чаму мы павінны верыць табе, а не пану беркуту?
    — Я сядзеў учора вечарам побач з яго гняздом, — сказаў чырок, — і чуў, што ён гаварыў жонцы. Ёй ён сказаў: “Зьбірайся, заўтра паляцім на Поўнач”. А вас, птушкі, шаноўны беркут падмануў. Я трошкі напалохаў яго, шаноўны беркут уздрыгнуў, гняздо яго сарвалася і ўпала ўніз.
    Птушкі закрычалі:
    — Калі чырок кажа праўду, трэба выбраць другога правадыра, каб ён зьлятаў на Поўнач і не падмануў нас.
    У гэты час павольна і самавіта на сход прыйшоў сам беркут. Птушкі спыталі:
    — Як вам спалася, шаноўны пане?
    — Ох, кепска, — адказаў беркут. — Сярод ночы гняздо маё сарвалася і паляцела ўніз, давялося мне спаць на зямлі.
    Птушкі пераглянуліся. Аказваецца, чырок казаў праўду.
    І тады яны сказалі беркуту так:
    — Шаноўны пане, ты засмуціў нас учарашнім расказам. Засмуціў, але мы не страцілі нашай надзеі. Табе, мусіць, не пашанцавала, ты, мусіць, трапіў у кепскія мясьціны. Мы думаем, што калі ляцець туды, адкуль дзьме халаднаваты вецер, дык можна знайсьці багатую зямлю. Цяпер мы пашлём на Поўнач другую шаноўную птушку, выберам другога правадыра. Ты не будзеш крыўдаваць?
    Што тут гаварыць беркуту? І ён сказаў:
    — Не, не буду.
    Тады сказалі жураўлю:
    — Шаноўны журавель! Цяпер табе мы давяраем стаць нашым правадыром, табе давяраем зьлятаць на Поўнач, пашукаць добрыя землі. Ты станісты і прыгожы, разумны і асьцярожны. Крылы ў цябе вялікія — лятаеш добра, ногі ў цябе доўгія — бегаеш добра. На зямлі ты паясі чарвякоў, а на балоце — жаб. Ляці на Поўнач, шаноўны журавель, прынясі нам добрыя весткі.
    Журавель ганарыста выйшаў наперад і сказаў:
    — Вы правільна зрабілі, птушкі, што выбралі правадыром мяне. Я задаволены. Я палячу.
    І тады наперад выскачыла маленькая качачка. Яна закрычала:
    — Што вы робіце, паважаныя птушкі? Каго вы выбралі? Вы, мабыць, калі выбіраеце правадыра, дык гледзіцё на даўжыню носа? Што вы ў жураўля знайшлі? Доўгія ногі, доўгая шыя і гучны бязглузды крык. Журавель — самая дурная птушка: ні розуму, ні памяці! Каля першага ж балота ён забудзе пра нас, нажарэцца жаб і вернецца!
    Пачуўшы такія словы, журавель рынуўся на качачку і давай дубасіць яе сваёй доўгай моцнай дзюбай. Ён пераламаў бы ёй крылы і ногі і зусім забіў бы, але народ заступіўся. Жураўля адцягнулі. Качачка сказала:
        I гэта называецца: кожны вольны гаварыць на сходзе, што думае... Ажно не, аказваецца, няможна слабаму і слова вымавіць супроць дужага. От, глядзіце, птушкі, якога разумнага і справядлівага важака вы сабе выбралі.
    — Ага, ага, ты няправільна зрабіў, журавель, — загаманілі птушкі. — Не трэба было гэтак гарачыцца, не трэба было ўсчынаць бойку. Качачка гаварыла груба, мы яе пакаралі б. Трэба было б пазбавіць цябе званьня правадыра, ды, на жаль, няма нікога другога, годнага...
    — Як гэта няма годнага? — закрычала качачка. — Вось сядзіць асілак арол. Ён і па імені пан [* Па-якуцку “тайён” азначае і “арол”, і “пан”]. Хто бачыць гэтак далёка? Хто лятае гэтак высока? Хто гэтакі велікадушны, як ён?
    Птушкі сказалі:
    — А і праўду ж кажа маленькая качачка. Ён самы разумны, ён самы лепшы.
    Выбралі арла, папрасілі яго зьлятаць на Поўнач. Ён хутка вярнуўся і сказаў:
    — Землі там багатыя і цудоўныя, лета не гарачае. Ніводнае яйка там не пратухне, ніводнае птушаня не загіне. Усім нам трэба на лета ляцець на Поўнач.
    І птушкі паляцелі на нашы прывольныя паўночныя землі. З таго часу яны прылятаюць да нас кожнае лета. Праўда, журавель не ляціць далёка на поўнач, туды, куды качкі. Беркут прылятае, але хаваецца ў лясах.
    Пераклаў Сяргей Міхальчук
    /Зорны карагод. У дзвюх кнігах. Кніга першая. Фальклор народаў Расіі, творы для дзяцей з рускай класікі. [Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР] Мінск. 1991. С. 143-147, 411./

 
    Сяргей Апанасавіч Міхальчук - нар. 14 жніўня 1925 г. у в. Скабін, Капыльскага р-ну, Мінскай вобласьці БССР (СССР), у шматдзетнай сялянскай сям’і.
    У 1933-1935 гг. вучыўся ў Скабінскай пачатковай школе, з 1935-1941 г. у сярэдняй школе № 1 ў Капылі.Скончыў сярэднюю школу ў Капылі.
    У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. 7 сакавіка 1945 г. быў цяжка паранены.
    Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. паступіў на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1951 г. і быў накіраваны на працу рэдактарам (потым зрабілі старшым рэдактарам) у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, пазьней пераназванае ў “Беларусь”.
    У 1972—1980 гг. — загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
    Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972). Ад 1980 г. пэнсіянэр рэспубліканскага значэньня. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені,  мэдалямі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
    Памёр 20 ліпеня 1995 года і пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
    Пачаў друкавацца ад 1952 г. (псеўданім С. Скабінскі). сябра СП Беларусі з 1972 г. З-пад пяра Сяргея Апанасавіча выйшлі зборнікі апавяданьняў і аповесьцей для дзяцей “Сто прыгод за адзін дзень” (1963), “Паштальён, шырэй крок!” (1968), “Зялёны лісток” (1974), “Першы след” (1985).
    Перакладаў, гэткі паліглёт, з армянскай, кітайскай, чэскай, нарвэскай, славацкай, кіргіскай, нямецкай, украінскай, эстонскай, віетнамскай, ангельскай, мангольскай, аўганскай, баўгарскай, узбэцкай ды шмат якіх іншых моў, якіх ён ня ведаў. Далучыўся таксама і да перакладаў з якуцкай літаратуры.
    Дульсінея Хатон,
    Койданава



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz