wtorek, 21 stycznia 2020

ЎЎЎ Цырылія Ваканчык. Станцыя Залацінка. Рэспубліка Саха (Якутыя). Койданава. "Кальвіна". 2020.












    Залацінка (па-расейску: Золотинка, па-якуцку: Золотинка) — пасёлак гарадзкога тыпу (ад 1977 г.) ды чыгуначная станцыя (у 1979 г. здадзеная ў сталую эксплюятацыю) на г. зв. Малым БАМе ў Нерунгрынскім улусе (раёне) Рэспублікі Саха (Якутыя) у Расейскай Фэдэрацыі. Знаходзіцца на Алданскім нагор’і ля р. Халаднікан на Амура-Якуцкай аўтамагістралі за 73 км ад Нерунгры. Узьнік пад час будаўніцтва чыгункі Бам-Тында-Беркакіт. Месца дысьлякацыі беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Насельніцтва, згодна перапісу, складалася: 5377 ч. (1979 г.), 1065 ч. (1989 г.), 566 ч. (2002 г.), 543 ч. (2007 г.), 546 ч. (2009 г. ), 543 ч. (2010 г.), 552 ч. (2012 г.), 545 ч. (2013), 577 ч. (2015), 573 (2016 г.), 584 ч. (2017 г.)
    Вясной 1923 г. паляўнічы якут Міхаіл Тарабукін, былы капач на ленскіх залатых капальнях, на крыніцы ля рэчкі Арта-Сала, даплыве Селігдару, знайшоў золата. Гэтую крыніцу ён назваў Непрыкметная. Неўзабаве туды прыйшоў латыш Вальдэмар Берцін з 1-й Якуцкай працоўнай арцельлю, якую выправіў Якуцкі Народны Камісарыят Прамысловасьці і Гандлю, якая на Непрыкметнай пачала весьці здабычу золата. Затым золата было знойдзенае на Джэкандзе, Арачону, Вялікім Куранаху, Цімптоне ды ў іншых месцах. “Якзолтрэст” быў перайменаваны ў трэст “Алданзолата і за ім была замацаваная вялізная, амаль бязьлюдная, тэрыторыя, якая абмяжоўвалася з поўначы і захаду ракою Алдан, з усходу р. Цімптон, а з поўдня рэкамі Малы Німгер (даплыў Алдану) і Вялікі Ылымах (даплыў Цімптону). У ліпені 1925 г. пастановай урада СССР за трэстам “Алданзолата” замацавалася саюзнае значэньне, у ў 1926 г. на Алданшчыне былі адкрытыя рудныя радовішчы золата.
    У 1926 г. была заснаваная Алданская адміністрацыйная акруга з цэнтрам ў г. Тамот (Алданск), які быў заснаваны 12 чэрвеня 1925 г. у 80 км ад кап. Непрыкметнай, побач з Укуланскай прыстаньню на р. Алдан. У склад Алданскай акругі уваходзілі Алданскі, Учурскі, Цімптонскі, Тунгіра-Алёкмінскі ўлусы, Алданскія капальніцкія пасёлкі і пасёлкі Цімптонскага раёну.
    Калі з чыгуначнай станцыі Рухлава Зейска-Алданскай акругі Далёка-Ўсходняга краю пачалі будаваць аўтадарогу да Алдану, хтосьці з вольных старацеляў-капачоў пабудаваў у гэтым месцы першую халупку. Перапіс насельніцтва 1926 г. адзначаў, што ў паселішчы, якое тады ўжо мела назоў Залацінка, пражывае 15 чалавек (11 мужчын і 4 жанчыны). Тады ж некалькі дзесяткаў тунгусаў (эвенков), згодна калектывізацыі, аб’ядналі ў талаку “Буяга”, якая займалася перавозкай грузаў ды пошты. Сваё стойбішча яны ўладкавалі ў некалькіх кілямэтрах ад Залацінкі, базы золатаздабыўных капальняў.
    У кастрычніку 1928 г. цэнтар Алданскай акругі з м. Тамоту быў перанесены ў п. Непрыкметны. Былі ўтвораны пасялковыя Саветы у капальніцкіх пасёлках, якія падпарадкаваліся акрвыканкаму. У 1929 г. было заснаванае Капальніцкае кіраваньне імя Леніна, дзе сканцэнтравалася асноўнае насельніцтва. У 1930 г. на VI Алданскім акруговым зьезьдзе Саветаў Алданская акруга была скасаваная і на яе тэрыторыі былі утвораныя: 5 траўня 1930 г. Алданскі золатапрамысловы раён ды у 1931 г. Тамоцкі, Цімптонскі і Учурскі раёны. У студзені 1931 г. быў утвораны Алданский прамысловы раён і пасялковы Савет Сталінскі. 20 верасьня 1932 г. пасёлак Непрыкметны атрымаў статус горада, а ў траўні 1939 года быў перайменаваны ў горад Алдан. У 1939 г. была ізноў утвораная Алданская акруга з цэнтрам ў г. Алдан, з раёнамі: Тамоцкі, Цімптонскі ды Учурскі.
    21 кастрычніка 1939 г. быў утвораны Залацінскі Сельскі Савет. У 1939 г. ў Залацінцы было 15 жылых будынкаў. Насельніцтва складалася з 70 чалавек і 27 гаспадарак. У гэта ж час быў прыняты закон пра перавод качавых гаспадарак на аселасьць і ўжо да 1941 г. насельніцтва павялічылася блізу 200 чалавек за конт эвенкаў.
    У 1947 г. Алданская акруга была скасаваная а раёны перайшлі ў прамое падпарадкаваньне СМ ЯАССР, але потым Тамоцкі і Учурскі ў 1959 г., а Цімптонскі ў 1963 г. увайшлі у склад Алданскага раёна,
    Пасьля вайны ў Залацінцы атабарылася Ўсходне-Сыбірская геолягавыведная экспэдыцыя і большасьць насельніцтва паселішча пачало швэндацца па тайзе і ў сяло прыяжджаць толькі за харчам.
     У 1975 г. у паселішча прыбыў “Мостатрад-55”, а 3 красавіка 1975 г. у Залацінцы кіраўнік аленегадоўчага саўгаса “Алданскі” С. Леханаў, старшыня пасялковага савету А. Герасімава, першы сакратар Алданского райкама камсамола М. Грачоў, старшыня Алданского райвыканкама М. Кочнеў ды сагнаныя карэнныя жыхары паселішча эвенкі, сустракалі камсамольска-маладзёжны будаўнічы атрад імя Мікалая Кедышка з Беларусі.
     У 1975 г Цімптонскі раён быў ператвораны ў Нерунгрынскі раён ЯАССР. У 1976 году быў утвораны саўгас “Залацінка”. Пасьля таго як у 1977 г. чыгуначнай станцыі і паселішчу ейных будаўнікоў было нададзеная назва “Залацінка”, то паселішча эвенкаў атрымала назву Іенгра.
    Затым тэрыторыя Нерунгынскага раёну (улусу), разам з станцыяй Залацінка, уваходзіла пасьля скананьня Якуцкай АССР (1922-1990), у Якуцкую-Саха ССР (1990-1991), а затым з Рэспубліку Саха (Якутыю) у складзе Расейскай Фэдэрацыі.
     Пастановай Урада Саха (Якутыя) ад 29 верасьня 1997 г. Залацінскай сярэдняй школе-інтэрнату ў Іенгры было нададзенае імя знанай тунгусазнаўцы Гляпіры Макараўны Васілевіч, якая нарадзілася 16 [14, 15] (29) сакавіка 1895 года ў вёсцы Несьцераўшчына Тумілавічаскай воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.



    Літаратура:
*    Федасеенка У.  Залацінка на БАМе. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 29 жніўня 1975. С. 9.
*    Павлович В. Ю.  Золотинка. Минск. 1976. 79 с.
*    Золотинка. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 39.
*    Карпенко Т. Я. Создание и административно-территориальные преобразования Алданского района (По документам муниципального архива). // Якутский архив. № 2. Якутск. 2010. С. 112-115.
    Цырылія Ваканчык,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz