sobota, 5 listopada 2016

ЎЎЎ Уладзімер Скрабатун. Добры дзень, Іван Антонавіч... Койданава. "Кальвіна". 2016.




                                                             Добры дзень, альбо вечар,
    шаноўны Іван Антонавіч! Ня стаў я чакаць Вашага допісу, бо не магу сьцярпець, каб не падзяліцца з Вамі сваімі знаходкамі.
    У апошнім Вашым допісе /а ён прыйшоў разам з кнігамі/ Вы пісалі, што знайшлі супадзеньні пермска-лацінскія, пермска-нямецкія, пермска-румынскія... З гэтага вынікае, што пермякі колісь былі суседзямі рымлянаў...
    Неўзабаве, пасьля прачытаньня Вашага допісу, - я, ці то выпадкова, ці то чаўмысна - узяў разгарнуў турысцкую мапу Эстонскай Рэспублікі, дзе пазначаны турысцкія аб’екты /замкі, палацы, бажніцы.../ і раённыя цэнтры ды буйныя вёскі.
    Тое, што я там убачыў - мяне вельмі шакіравала! Мяркуйце самі: на паўночным захадзе Эстоніі ёсьць рэчка Ягала /калі “яг” - сасновы бор, то Ягала мусіць, атрымала гэтую назву таму. што цячэ праз сасоньнік. Як і ў беларусаў - рака Бярозаўка, Бярэзіна..., паходзяць ад слова бяроза/, якая вельмі нагадвае ймя Ягайла. Знайшоў горад Вільяньдзі - той самы корань, што й у назьве Вільня. знайшоў вёску Сянна. Напэўна нашае Сянно гэта ня ёсьць “сена”, хаця на гербе места намаляваны дзьве перакрыжаваныя касы. Блізу нашага Сянна ёсьць возера Сара /на мапе па-расейску звычайна пішуць Сарро/, а блізу эстонскага Сянна ёсьць вёска Сару, а таксама вельмі падобнае - Саарэ.
    Знайшоў тут і вельмі “экзатычныя” назовы вёсак: Рая і Ніна /тут я згадаў і нашу Ліду, хаця, праўда, тапанімісты тлумачаць што Ліда — лясная вырубка/. Ёсьць вёскі Локхва /цяжка сказаць як эстонцы ставяць націск у словах, бо на мапе напісана па расійску, калі націск прыпадае на літару “а” ў апошнім складзе, то вельмі верагодна,што вымаўляецца як Лакхва – тое самае што й у Беларусі – Лахва/, знайшоў Валма /пад Менскам - Волма/. Наогул, вёсак і рэчак з “-ва” - безьліч, і я іх згадваць ня буду. Але шакіравала больш усяго ня гэта... На беразе Чудскога возера знайшоў вёску Праага!!!
    Тут я зноў пераканаўся, што Вы маеце рацыю. Сапраўды выглядае, што пермякі колісь былі суседзямі рымлянаў, румынаў і грэкаў. Яны рухаліся з поўдня на поўнач і пакінулі пасьля сябе шмат сваіх тапонімаў і гідронімаў. Можа і ня ўсе яны ёсьць у сапраўднасьці фіна-вугоркімі, бо цяжка на адлегласьці стагодзьдзяў прасачыць эвалюцыю гэтых назоваў, бо яны, шмат якія “германізаваліся”, “славянізаваліся”, але ўсё ж, вялікая верагоднасьць таго, што ў большасьці яны ёсьць фіна-вугорскія. мяркуйце самі: сталіца Чэхаславакіі Прага стаіць на рацэ Влтава, ёсьць рака Морава /у чэскай мове націск прыпадае на першы склад, ведаю дакладна, бо сам служыў у войску ў Чэхаславакіі/ ёсьць рэкі Опава, Орава /а ў Эстоніі ёсьць вёска Орава/ Праглядзеўшы мапу Чэхаславакіі, я знайшоў там даволі шмат назоваў і ў якіх ёсьць канчатак “-ва”; прыкладам у назовах гарадоў Трнава, Острава, Іршава. Магчыма, яны да фіна-угоршчыны ня маюць ніякіх дачыненьняў, я проста канстатую факт. Есьць у назове Іршава нешта знаёмае - І+рша+ва - наша Ворша /Орша/ у старадаўнасьці /у летапісах/ звалася Рша альбо Аршава. Кажуць часам Аршаву блыталі з Варшавай.
    Сам я служыў у войску, у ЦГВ, на тэрыторыі Чэхаславакіі, у горадзе Крнов /гэта - Маравія/, які стаяў ля польскай мяжы на рацэ Опава. Праз колькі кілямэтраў стаяў горад Опава /на той самай рацэ/ - даволі значнае паселішча, нават курсіравалі тралейбусы. Не адзін раз праяжджалі раку Морава /ёсьць яшчэ і Моравіца/ едучы на палігон. Цяпер у мяне ўзьнікла думка: а што, калі Морава, гэта ёсьць тое што й глыбоцкая рэчка Маргва. Патлумачу. Калі назоў Маргва быў /згодна Вашага першага допісу/ Морга-ава, то гэта амаль тое што й Морава. Відаць славяне /чэхі/ згубілі на адлегласьці гісторыі літару “г”, бо зь ёй назоў Морга-ава вымаўляецца зь цяжкасьцю, так і просіцца - Морава. Згодна Вашага допісу Маргва – “сук”, доплыў; чэская Морава - доплыў Дуная.
    Наогул, мне падаецца, што канчатак “-іца”, - таксама старажытны. Есьць ён у славян - Моравіца /у Чэхаславакіі/, Аржаніца. Беразьвіца /рэчкі Глыбоччыны/, а таксама ў балтаў /латышоў/ - кафэйніца /кафэ/.
    Мой “Атлас мира” з маштабам 1 см. — 75 км. не дазваляе ймець сапраўднае ўяўленьне аб наяўнасьці ў Эўропе фіна-угорскіх назоваў, але тым ня менш, знаходжу: у Аўстрыі - Драва, у Францыі - Саар/?/, у Югаславіі — Сава, Нерэтва, і,... зноў - Заходняя Марава, Паўднёвая Марава — доплывы Дунаю. Відаць і сталіца Босьніі й Герцагавіны - Сараева ёсьць таксама фіна-угорскі назоў.
    Хоць я й ні на хвіліну не сумняваўся што Вы маеце рацыю адносна таго што калісь суседзямі пермякоў былі рымляне, грэкі й румыны, і жылі пермякі ў басэйне Дунаю, бо аб гэтым цьвердзяць пермска-румынскія, пермска-лацінскія супадзеньні ў словах, але гэта ўжо пацьцьвярджаецца геаграфічна. Югаславія й ёсьць тое месца, дзе шмат фіна-угорскіх назваў і яна геаграфічна стаіць там, каб быць у мінулым суседзямі вышэй названых народаў. Напэўна вугорцы /вэнгры/ ня зрушыліся зь месца свайго аўтахтоннага пражываньня і засталіся на тым самым месцы, а пермякі пад націскам ваяўнічых народаў /хутчэй усяго славян: чэхаў, славакаў, сэрбаў, харватаў/ рушылі на поўнач. Славяне пастаянна наступалі на пяткі. Далей іх адсунулі на поўнач продкі палякаў і беларусаў і, здаецца, балтаў. Пры гэтым засталіся невялікія астраўкі фіна-уграў /літва/, якія ў далейшым славінізаваліся і балтызаваліся.
    Яшчэ ў 1989 годзе, калі быў надрукаваны ў “ЛіМе” Ваш артыкул “Племя пяці родаў”, я тут спрачаўся з аднэй асобай /якая пры колішняй незалежнай Латвіі, скончыла гімназію і ведае 8 эўрапейскіх моваў/, якая даводзіла мне, што на тэрыторыі Беларусі яшчэ 30 тыс. гадоў таму жылі балты, наогул ва ўсёй Эўропе жылі балты. Пра што, згодна яе перакананьня, цьвердзяць назвы Лаба /Эльба/ - па-латыску “лабе” - добра, а таксама тое, што на тэрыторыі Вугоршчыны /Вэнгрыі/ яна знайшла назоў вёскі - Летува. Таму, як яна казала, ніякіх фіна-уграў тут быць не магло. Яна катэгарычна адмовіла, што “літва” - гэта фіна-вуторскае слова, Відаць такую гісторыю выкладалі пры тагачасным прэзыдэнце Ульманісе. Я кажу, што 10-І5 тыс. гадоў таму назад на Беларусі і Прыбалтыцы ляжаў ледавік да двух кілямэтраў таўшчыні, дык як тут маглі жыць балты!?
    Аднак, ўсё ж цікава, можа й сапраўды ёсьць населены пункт з такім назовам, але не з балцкім, а з фіна-угорскім паходжаньнем. У мяне, нажаль, няма падрабязнай мапы Вугоршчыны, каб гэта спраўдзіць.
    Цяпер хачу паведаміць некаторыя акалічнасьці, аб якіх Вы, магчыма й ня ведаеце. Адзін мой сябра, - чэчэнец па нацыянальнасьці, - паведаміў мне цікавую рэч. Справа ў тым, што ён раней служыў у Вэнгрыі і заўважыў, што ёсьць шмат слоў, якія падобныя па гучаньню і па сэнсу - чэчэнскія і вугорскія. Напрыклад: эзар - тысяча, цыцак - кошка, керт – плот /агароджа/... Есьць некаторыя чэчэнскія словы, падобныя й на латыскія, напрыклад бэрны - дзеці. Дарэчы, вярнуўшыся з войска, ён, ужо дома прачытаў у чэчэнскай газэце, што супадзеньняў чэчэнска-вугорскіх - больш за 400...
    У газэце “ЛіМ” за 4 верасьня г.г. № 36 /3654/ ёсьць артыкул Сьвятланы Клімковіч “Сотвар, Вялес і іншыя”. Тут аўтарка сьцьвярджае, што ў беларускім пантэоне Вялес - ад фіна-угорскага Вöлöс - бог конскі. Як на Вашу думку — глыбоцкая вёска Вялец не магла б паходзіць ад гэтага слова?
    І яшчэ адно пытаньне да Вас. у “Племя пяці родаў” Вы згадваеце рэчку Восава. На Глыбоччыне ёсьць такая вёска - Осава /Восава/. Ці сапраўды гэтае слова фіна-угорскае, і які мае сэнс? Дарэчы, у Верхнядзьвінскім раёне ёсьцьь мястэчка — Бігосава. Нешта тут пераклікаецца — рака Сава ў Югаславіі, Во-сава ў Глыбоччыне, Бі-го-сава ў Верхнядзьвіньшчыне... Здаецца “бі” - гэта агонь?
    Выбачайце за надакучлівасьць са сваймі пытаньнямі да Вас! Але мяне цікавіць мінулае маёй роднай Глыбоччыны.
    Жадаю Вам усяго найлепшага й памыснасьці ў жыцьці!
    Жыве Беларусь!
    З пашанаю,
    Уладзімер Скрабатун.
    23. 11. 92.


                                                                         ДАВЕДКА


    Уладзімір Іванавіч Скрабатун нарадзіўся 23 студзеня 1955 года ў вёсцы Кавалеўшчына Глыбоцкага раёна Маладзечанскай (цяпер Віцебскай) вобласьці Беларускай ССР. У 1972 годзе скончыў Глыбоцкую сярэднюю школу № 2 і паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Ад 1973 г. па 1975 г. служыў ў СА ЦГВ (Чэхаславаччына). Пасьля заканьчэньня ў 1978 г. МАБТ па усесаюзным разьмеркаваньні патрапіў у г. Вэнтспілс (Латвія). Працаваў майстрам, прарабам і начальнікам будаўнічага ўчастка. Вучыўся на вячэрнім аддзяленьні Рыскага політэхнічнага інстытута. Сябра і чалец Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. У 1990-м дэлегат ад беларусаў Латвіі на Устаноўчы зьезд беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. У 1993-м годзе вярнуўся на сталае пражываньне ў г. Глыбокае, у Віцебскую вобласьць Рэспублікі Беларусь. У студзені 1994 года выдаў першы нумар недзяржаўнай газэты “Вольнае Глыбокае”, якая выдаецца цягам 22 гадоў. Аўтар шматлікіх краязнаўчых публікацый у газэтах “Шлях перамогі” (“Веснік Глыбоччыны”), “Вентас Балсс” (Вэнтспілс, Латвія), “Наша Ніва”, “Вольнае Глыбокае”. Аўтар кнігі “Глыбокае на старых паштоўках” (Менск-Глыбокае, 1998 г.), шэрагу артыкулаў у кнізе “Памяць. Глыбоцкі раён” (Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1995 г.). Дырэктар прыватнага інфармацыйна-рэклямнага ўнітарнага прадпрыемства “Дарога на Вільню плюс”.
    Вэнта Мелкая,
    Койданава


    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава