niedziela, 31 sierpnia 2014

ЎЎЎ Сяргей Дзьмітрыеў. У пошуках маманту. Койданава. "Кальвіна". 2014.





                                                                   ПОЗЬНІ ГОСЬЦЬ
    Быў жнівень. Было ўжо далёка за поўнач, і ў Сярэднекалымску ўсе даўно спалі.
    Сярэднекалымск — маленькі пасёлак сярод невымерных лясоў і балот Сыбіры: у ім усяго пяцьдзесят дамоў і юрт.
    Да дома казака Інакенція Яўлоўскага пад’ехалі сані, запрэжаныя парай аленяў. Нейкі чалавек падышоў да брамы і пачаў з сілай біць у яе кулаком. Інакенці ўзяў вінтоўку і выйшаў на двор.
    — Хто там? — крыкнуў ён, не адмыкаючы форткі.
    — Гэта я, Інакенці. Адчыні, — адказаў чалавек на ламанай рускай мове.
    — Да хто ты? — з прыкрасьцю спытаў Інакенці.
    — Сямён Тарабікін. Адчыні. Справа ёсьць. Інакенці адчыніў фортку і адразу заўважыў, што ў санях нешта ляжала, накрытае аленевай скурай.
    — Здароў! — радасна сказаў Сямён і працягнуў казаку руку.
    — Здароў! Здароў! — адказаў Інакенці. — Што, позна — так? — I ён пачаў адчыняць браму.
    Сямён правёў аленяў ува двор, а казак зачыніў браму і залажыў яе засаўкай.
    Інакенці і Сямён увайшлі ў дом. З кухні гаспадар правёў госьця ў прасторную сьвятліцу. Тут удоўж двух сьцен цягнуліся драўляныя лаўкі, якія сходзіліся ў пярэднім куце. Перад імі стаяў доўгі драўляны стол.
    Жонка Інакенція паставіла на стол варанае мяса і смажаную рыбу. Сямён быў, відаць, галодны. Ён з прагнасьцю прыняўся за ежу.
    — Што прывёз? — спытаў Інакенці.
    — О! — адказаў Сямён і хітра прыжмурыў вочы.
    — Лісіц, ці што, настраляў? Сямён адмоўна пакруціў галавой.
    — Што лісіцы. Лісіца тавар звычайны.
    — Так што ж у цябе? — ужо з некаторай нецярплівасьцю перапытаў Інакенці.
    — О! — адказаў Сямён і яшчэ больш прыжмурыў свае вочы.
    — О-о! вады, ці што, у рот набраў,—з прыкрасьцю сказаў Інакенці.
    Ён падышоў да невялікай драўлянай шафачкі, што вісела ля сьцяны, дастаў адтуль бутэльку гарэлкі і наліў Сямёну шклянку. Чорныя вочы Сямёна загарэліся агеньчыкам. Пасьля другой шклянкі ён сказаў:
    — Порах давай, кулі давай, іголкі давай, пацеркі давай.
    — Да ты пакажы, што ў цябе. За што даваць то? — адказаў казак і прыняў бутэльку з гарэлкай, што засталася.
    — Гайда! — сказаў Сямён і падняўся. Гаспадар і госьць вышлі на двор. Сямён пачаў разьвязваць сваю паклажу, Інакенці прагавітымі вачыма сачыў за рухамі госьця. Вось Сямён прыпадняў аленевую скуру і хітра паглядзеў на Інакенція. І раптам Інакенці шырока адкрыў вочы. Ён ніяк не чакаў убачыць тое, што ляжала на санях Сямёна.
                                                     НЕСПАДЗЯВАНАЯ ЗНАХОДКА
    Тры дні назад Сямён Тарабікін да самага вечара бег за сваім сабакам. Сабака напаў на сьлед лася. Сямён з раніцы выйшаў на паляваньне, ён цэлы дзень гнаўся за ласём і цяпер, пад вечар, быў галодны і змораны. А сабака бег і бег уперад, прыбаўляючы ходу.
    У Сямёна нарасла злосьць супроць лася. З якім бы задавальненьнем ён пусьціў стралу ў сахатага [так называюць лася]! З якой прагавітасьцю ён зьеў бы кавалак яшчэ цёплага сырога мяса!
    Раптам сабака падняў галаву, пацягнуў паветра і крута павярнуў у бок. Ён узьбег на ўзгорак, заросшы лістоўніцай. Сямён пасьпяшаўся за ім. З узгорка быў спуск да рэчцы. Сямён зірнуў уніз і спыніўся ў неразуменьні.
    Недалёка ад берагу з зямлі выглядвала нейкая велізарная галава з тоўстым і доўгім „носам”. Сямён забыў стомленасьць і пабег да ракі. Ён убачыў доўгі, крута загнуты „зуб”, які тырчаў з рота жывёлы.
    Колькі гадоў Сямён хадзіў па тайзе, але ніколі не бачыў ён такога зьвера, які закапаўся глыбока ў зямлю.
    „Злы дух прывёў мяне сюды, — падумаў ён. — Не іначай, як злы дух хоча загубіць мяне”...
    Сямён са страхам адыйшоў назад, паклікаў сабаку і, азіраючыся па баках, пачаў сьпяшаючыся карабкацца на грэбень узгорка. Тут ён тужэй зацягнуў рамянём свой жывот, каб не так востра адчуваць голад, і пасунуўся да сваёй урасы [ураса, або юрта — жыллё ламутаў і іншых паўночных народаў у выглядзе шалаша з драўляных жэрдак, пакрытых аленевымі скурамі].
    Была ўжо раніца, калі Сямён, змораны і галодны, дабраўся да ўрасы. Яшчэ здалёк ён убачыў дым, які падымаўся з верхняй адтуліны юрты. Ураса была пабудавана з жэрдак, абцягнутых аленевымі скурамі. Дагары яна звужалася і пакідала маленькую адтуліну, праз якую выходзіў дым, калі ўнутры ўрасы гарэў агонь. Недалёка ад урасы пасьвіўся статак аленяў, галоў каля пяцідзесяці.

    Сямён увайшоў у юрту. Ля ачага сядзелі двое мужчын, іх жонкі, і поўзалі дзеці.
    — Ты быў на паляваньні?—спытаў Сямёна адзін з мужчын.
    — Так, — адказаў Сямён. — Паляваньне было няўдалае.
    Ён сеў ля агню і з прагавітасьцю праглынуў некалькі кавалкаў аленевага мяса. Затым ён узяў сваю шклянку і пачаў піць цагляны чай.
    — Ты нічога не прынёс? — Зноў спытаў яго ламут.
    — Не разумею, — адказаў Сямён. — Ці злы дух хацеў мяне пагубіць, ці я знайшоў дзіўнага зьвера.
    I Сямён пачаў расказваць, як на яго з зямлі раптам зірнула велізарная галава з доўгім „носам”. Дзівіліся ламуты, круцілі галовамі. — Бач ты... Цікава, трэба б было паглядзець.
                                                                             ----
    Яшчэ ранішні змрок ахутваў зямлю, а ламуты ўжо сядзелі ля агню і падмацоўваліся перад дарогай аленевым мясам і цагляным чаем. Трое саней, запрэжаных аленямі, стаялі ля ўрасы.
    Нарэшце, ламуты вышлі з юрты, селі ў сані, і алені хуткай рысьсю панесьлі іх у далеч, ахутаную шэрым паўзмрокам. Алені беглі хутка і не спыняліся да самага вечара.
    Пад вечар ламуты ўбачылі рукаў ракі Бярозаўкі [Бярозаўка — правы прыток Калымы. Калыма ўпадае ў Паўночнае палярнае мора]. Недалёка ад берагу яны вышлі з саней.
    Сапраўды, на беразе ракі з зямлі высоўвалася сьпіна і велізарная галава дзіўнай жывёлы.
    — Э, бач ты, — працягнуў адзін з ламутаў. — Ваўкі пачулі. Прыходзілі на абед.
    На беразе відаць былі сьвежыя сьляды ад воўчых лап. Шыя жывёлы была аб’едзеная да касьцей.
    — А ну, Сямён і ты, Амукзан, бяры тапары.
    Трое паляўнічых прыняліся высякаць з галавы тырчаўшы загнуты бівень. Яны паклалі яго на сані і паехалі назад. Наступным днём Сямён Тарабікін адправіўся ў Сярэднекалымск, каб паказаць сваю знаходку казаку Інакенцію. Ён здаўна ведаў казака, быў з ім у дружбе; некалі яны разам хадзілі на мядзьведзя.
                                                                           ТОРГ
    — Накрый скурай сваю знаходку і пойдзем у хату, — сказаў Інакенці.
    Ён адразу здагадаўся, што ламут прывёз яму бівень маманта. Ён успомніў аб’яву Акадэміі навук, вывешаную ў Сярэднекалымску. Акадэмія знаходзілася далёка — у Пецярбургу (тады так называўся Ленінград), але яна прыслала ў Сярэднекалымск аб’яву, што выдасьць 1000 рублёў таму, хто знойдзе цэлы шкілет маманта.
    Інакенці быстра авалодаў сабой і пастараўся скрыць ад ламута сваю радасьць, каб той не надта многа запрасіў у яго за знаходку.
    — Дзе ж ты знайшоў гэты бівень? — спытаў ён Сямёна.
    Яны вярнуліся ў сьвятліцу, і казак паставіў на стол недапітую бутэльку гарэлкі.
    Сямён расказаў.
    — Вось што, — сказаў Інакенці.—Калі ты не хлусіш, калі ты згодзен паказаць мне месца, дзе знайшоў гэты бівень, я падару табе сваю стрэльбу.
    Вочы ламута загарэліся радасьцю. Мець такую стрэльбу — ён і не сьніў. Ён паляваў са старадаўняй крамнёвай стрэльбай. Крамнёвая стрэльба доўга зараджалася, давала адзін стрэл, часта асечкі, не трапляла добра ў цэль.
    Стрэльба Інакенція зараджалася быстра, адразу некалькімі кулямі і біла далёка і метка.
    — За бівень я табе дам пораху, куль, іголкі, пацеркі.
    Ламут не таргаваўся. Ён быў шчасьлівы ад такой замены і гатоў быў зараз жа адправіцца ва ўрасу, калі б не позьняя ноч.
    Умовіліся: у пачатку лістапада, калі наладзіцца добрая санная дарога, ламут праводзіць Інакенція да знаходкі.
    Раніцай ламут з атрыманымі таварамі адправіўся ва ўрасу. А Інакенці схаваў бівень і нікому не сказаў аб тым, што прывёз яму Сямён Тарабікін.
                                          НОВАЯ ПАЕЗДКА ДА НЕВЯДОМАГА ЗЬВЕРА
    У пачатку лістапада Сямён і Інакенці ў санях, запрэжаных аленямі, пад’ехалі да рукава Бярозаўкі.
    Ад Сярэднекалымска да Бярозаўкі было 325 кілямэтраў, якія яны праехалі ў пяць дзён.
    — Зусім добра. Нават вельмі добра, — сказаў сам пра сябе казак, аглядаючы маманта.
    Мамант знаходзіўся ў зямлі, і толькі невялікая частка яго сьпіны і галава знаходзіліся на паверхні.
    — Ну, Сямён, і загуляем жа мы з табой! — сказаў весела Інакенці.
    Цяпер ён быў упэўнены, што атрымае абяцаныя 1000 рублёў.
    — Толькі спачатку давай насячэм сукоў і галінак. Ды глядзі, сячы патаўсьцей. Трэба закрыць нашу знаходку, а то ваўкі расьцягнуць. Цягні сюды вялікія каменьні, што ляжаць на беразе.
    Да самага вечара Інакенці і Сямён правазіліся ля маманта.
    Потым Інакенці адправіўся назад у Сярэднекалымск, а ламут атрымаў стрэльбу і шчасьлівы вярнуўся да сябе ва ўрасу.
    На наступны дзень Інакенці сядзеў за сталом. Перад ім ляжаў ліст паперы, і ён старанна і з цяжкасьцю выводзіў:
   Атрымаўшы такую заяву, начальнік акругі безадкладна сам паехаў на месца знаходкі. Пасьля таго ў Пецярбург Акадэміі навук экстранай поштай было паслана паведамленьне аб знойдзеным маманце.
                                                               У ДАЛЁКУЮ ДАРОГУ
                                                             Ад Пецярбурга да Іркуцка
    Тук-тук-тук!.. Тук-тук!..
    Мерна стукаюць калёсы скорага поезда, ляціць назад лес,мільгаюць маленькія станцыі. Поезд сьпяшаецца. Ён робіць кароткія прыпынкі толькі на вялікіх станцыях.
    Цэлую зіму пошта везла пісьмо ад начальніка акругі да Пецярбурга. І калі Акадэмія навук атрымала паведамленьне аб знойдзеным маманце, быў ужо верасень 1901 г.
    3 траўня з Пецярбурга выехалі са скорым поездам двое вучоных — Гэрц і Пфіцмейер. Ім далі даручэньне адкапаць маманта і прывезьці яго шкілет, скуру і іншыя парэшткі, якія захаваліся, у Пецярбург.
    Дні ішлі за днямі. Калёсы мерна пастуквалі, і станцыі ўбягалі назад. І ў той час як поезд, нібы моцны стальны конь, імчаўся і імчаўся ўперад, Пфіцмейер запісаў свае дарожныя ўражаньні.
    „Поезд хутка ўносіць нас удалеч, — пісаў ён. — Ззаду асталіся ўжо Уральскія горы, апранутыя густымі лясамі. Раніцай мы праехалі міма двух маленькіх станцый пад назвай „Эўропа” і „Азія”. Між імі ляжыць граніца гэтых двух частак сьвету. Цяпер мы ўжо ў Азіі. Найбліжэйшая вялікая станцыя — Чэлябінск. Тут скрыжоўваецца некалькі чыгунак.
    Толькі што ад’ехалі ад Чэлябінска. Цяпер поезд ідзе па неабсяжных стэпах Заходняй Сыбіры. З вакна вагона відаць роўны-роўны бязьмежны стэп. Ён пакрыты маладой зялёнай травой...
    Мы праяжджаем цяпер міма вялікіх сыбірскіх гарадоў.
    Мінулі Петрапаўлаўск і Нованікалаеўск [Тады так называўся Новасыбірск]. У Нованікалаеўску мы праехалі па вялікаму чыгуначнаму мосту праз раку Об. Гэтая рака адна з велізарнейшых на зямным шары. Са сваімі прытокамі яна абвадняе аграмадную прастору, больш чым у 4 мільёны кв. кілямэтраў.
    Цягнік імчыцца ўперад. Вось мы праяжджаем праз другі вялікі горад Сыбіры — Краснаярск. Вагоны бягуць па доўгім жалезным мосьце праз раку Енісей. Мост мае ў даўжыню 925 мэтраў, а рака Енісей таксама, як Об, зьяўляецца адной а велізарнейшых рэк.
    11 траўня. Вечар. Мы пад’яжджаем да аднаго з самых вялікіх гарадоў Сыбіры — Іркуцку, тут мы павінны будзем расстацца з вагонам, у якім правялі восем дзён. У Іркуцку ў нас доўгі прыпынак. Нам трэба закупіць матрацы, зброю, харчы і кухонныя прылады...”
                                                              Ад Іркуцка да Якуцка
    „20 траўня. Раніца. Да нашага дома падкаціліся дзьве каламажкі. Кожная запрэжана тройкай моцных конікаў. У адну каламажку кладуць сена, матрацы, падушкі, у другую — наш багаж. У Іркуцку да нас далучыўся трэці член экспэдыцыі — Севасьцянаў.
    Кучары ўзмахнулі пугамі. Зазьвінелі званочкі, і сыбірскія нізкарослыя конікі пабеглі хуткай рысьсю.
    Тут на конях даводзіцца езьдзіць тыднямі, таму каламажкі пабудаваны так, што ў іх можна спаць, выцягнуўшыся ва ўвесь рост. Але каламажкі маюць і свой недахоп — яны без рысораў, і ў іх моцна трасе.
    На станцыях нам мяняюць коней, і мы едзем, не спыняючыся. Станцыі раскінуты адна ад другой на 25330 кілямэтраў. Мы ўжо праехалі 360 кілямэтраў. Пад’яжджаем да станцыі Жыгалава. Яна знаходзіцца на беразе ракі Лены. Мы дабраліся да трэцяй велізарнейшай ракі Сыбіры. Па рацэ Лене плаваньне магчыма толькі на працягу летніх 4-5 месяцаў, у астатні ж час года яна пакрыта ільдом”.
    Цяпер чытачу зразумела, чаму экспэдыцыя так хутка выехала і так сьпяшалася дабрацца да берагоў Лены. Лета ў Сыбіры кароткае, а даўгі шлях ад Жыгалава да Якуцка можна хутчэй праехаць па рацэ Лене.
    „У Жыгалаве мы закупілі сабе на дарогу хлеба і вэнджанай рыбы ды пераселі ў лодку. Ля кармы лодкі зроблена паветка. Туды мы палажылі нашы матрацы і падушкі. Грабцы і рулявы занялі свае месцы, лодка вышла на сярэдзіну ракі і, падхопленая быстрым цячэньнем, панеслася ўніз па рацэ. Як прыемна не адчуваць траскі каламажкі і любавацца берагамі!
    Сьцяной стаіць першабытны лес. Ён называецца ў Сыбіры тайгой. Тайгу мы бачылі, калі ехалі яшчэ па чыгунцы. Тайга цягнулася ўдоўж нашай дарогі ад Іркуцка да Жыгалава, і цяпер мы бачым лес на абодвух берагах Лены. Тайга цягнецца скрозь на некалькі тысяч кілямэтраў. У ёй працякаюць рэкі, і месцамі сустракаюцца балоты.

    З сярэдзіны ракі відаць хваёвыя дрэвы. Але калі мы наблізіліся да берагу, то адрозьнілі сярод хваёвых парод і лістоўнічныя дрэвы: асіну, бярозу, рабіну і вольху. Сярод хвойных парод перавагу мае лістоўніца, да якой прымешваюцца елкі і кедры. З усіх парод у Сыбіры больш за ўсё цэняць кедр.
    Жыхары Сыбіры прыяжджаюць у вялікія кедравыя лясы, зьбіраюць смачныя кедравыя арэшкі, а драўніна кедра дае добры матэрыял для мэблі. Поўдзень. Мы прыбылі ў мястэчка Вусьць-Кут. Вусьць-Кут — досыць вялікая вёска на беразе ракі. Адсюль Лена становіцца глыбей, і адсюль пачынаюцца параходныя зносіны. Мы пераселі на параход “Віцім”. Ён адпраўляецца заўтра ў Якуцк. Калі мы гулялі па вуліцы Вусьць-Кута нам сустрэўся палітычны ссыльны. Гэта быў стары дзевяноста васьмі гадоў. Які жорсткі царскі ўрад! Ён адарваў гэтага старога ад роднага Каўказа, дзе ён нарадзіўся і вырас, і кінуў у суровую Сыбір.
    Сыбір здаўна служыла месцам ссылкі, сюды ссылалі за крымінальныя злачынствы, а таксама людзей, якія змагаліся супроць царскай улады. Палітычных ссыльных у Сыбіры было вельмі многа. У кожным пасёлку, ля якога спыняўся „Віцім”, экспэдыцыя сустракала ссыльных.

     Адзіны горад, які быў на шляху экспэдыцыі да Якуцка, — Алёкмінск. Гэты горад быў перапоўнены палітычнымі ссыльнымі. Многія з іх не вытрымлівалі суровага клімату і цяжкага жыцьця ў ссылцы і паміралі.
    „Віцім” уносіць нас далей і далей на паўночны ўсход, уніз па цячэньню Лены.
    — Паглядзіце, што гэта за прасьціны разложаны па берагах? — спытаў мяне Севасьцянаў.
    Я ўзяў бінокль.


    — Гэта ляжаць глыбы ільду, —адказаў я. — У часе веснавога ледаходу лёд застаецца на бе разе і потым доўга-доўга ляжыць. Гэтыя глыбы маюць у таўшчыню некалькі мэтраў. Падумайце ці хутка растаюць такія аграмадзіны
    Вечар 1 чэрвеня. з нашага парахода відаць Якуцк”.
                                                       ВА ЎРАСЕ СЯМЁНА ТАРАБІКІНА
    Сямён Тарабікін вяртаўся ў сваю ўрасу задаволены і шчасьлівы. З ім была яго новая добрая стрэльба, якую яму падараваў Інакенці за знойдзенага маманта.
    Уся ўраса — мужчыны, жанчыны і дзеці — сабраліся ля агню, над якім у вялікім катле варылася аленевае мяса. Падлога ўрасы была заслана галінкамі кедроўніку і альхоўніку і пакрыта аленевымі скурамі. Сямён, мякка ступаючы па падлозе, падсеў да агню і, не выпускаючы з рук стрэльбы, пачаў расказваць, як заўтра ён пойдзе на паляваньне і як будзе страляць дзічыну.
    Мужчыны з зайздрасьцю глядзелі на новую стрэльбу Сямёна.
    — Хіба гэта справа, — сказаў раптам Сямён, — як я ў апошні раз хадзіў на мядзьведзя!
    Ён устаў і зьняў з шаста скуру мядзьведзя.
    — Глядзіце, ён вышэй за мяне на цэлую галаву. А з чым я на яго ішоў? Тую стрэльбу, — і Сямён з пагардай кіўнуў галавой на старую крамнёвую стрэльбу, якая стаяла ў куце ўрасы, я пакінуў тут. Куды з такой стрэльбай на мядзьведзя! Пэўная сьмерць. Ты зарадзіў, — думаеш страляць, — бач, асечка ці што... Тут цябе мядзьведзь ураз саб’е з ног, і гатова справа. Ваўчок — разумны сабака. Ваўчок знайшоў бярлогу і пачаў брахаць. Гляджу... сьнег заварушыўся і паказалася аграмадная галава мядзьведзя. Як зараве Мішка!.. Ускочыў на заднія лапы і папёр на мяне. Ваўчок — разумны сабака. Падбег да мядзьведзя ззаду і давай хватаць... Цяў-цяў... Вышчарыў кудлаты зубы, пярэднюю лапу падняў... Страшэнны такі... Спалохаўся я, у вачах пацямнела. А Мішка размахнуўся, ды як хваціць лапай... Але ў маёй руцэ быў гэты нож. Сямён узмахнуў доўгім вострым нажом.
    — Хацеў мяне Мішка зьбіць з ног, ды ўхіліўся я. Сямён быстрым, спрытным рухам паказаў, як ён гэта зрабіў. Яго вочы палалі.
    — Прамахнуўся Мішка. Цяжка апусьціўся пярэднімі лапамі на зямлю. А я, — я ўжо вось так уткнуў нож у яго сэрца...
    Сямён ударыў нажом, нібы паражаючы нябачанага зьвера, і, цяжка ўздыхнуўшы, перавёў дух. Здавалася, што ён зараз высьлізнуў з лап магутнага зьвера і нанёс яму сьмяротны ўдар.
    Ва ўрасе стаяла цішыня. Толькі было чуваць, як трашчаў агонь у ачагу ды цяжка дыхаў Сямён.
    Але вось усьмешка заіграла на яго твары. Ламуты палегчана ўздыхнулі.
    — Глядзіце, — сказаў Сямён, — вось яна, дзірка то на скуры. Уся скура цэлая, адна гэта маленькая дзірка.
    Сямён павесіў скуру на ранейшае месца і апусьціўся ля агню. Наступіла маўчаньне. Ламуты пачалі есьці аленевае мяса.

                                                            „ЗЛЫ ДУХ” ПОМСЬЦІЦЬ...
    Прайшло чатыры месяцы. Быў канец жніўня, Ламуты вярталіся са сваімі статкамі з горных пашаў.
    Быў вечар. Ва ўрасе Сямёна Тарабікіна ля агню сядзелі ламуты і расказвалі адзін другому пра свае летнія паляваньні. Больш за ўсіх расказваў Сямён. Ён гаварыў пра сваю новую стрэльбу, пра тое, як яна добра і метка страляе. Ён пабыў у Сярэднекалымску і намяняў сабе солі, чаю, цукру і табакі.
    На Сямёна з зайздрасьцю глядзелі іншыя ламуты. Набліжаўся час зімовага паляваньня. Вось калі Сямён настраляе па лесе цэнных зьвяркоў і зажыве на славу!
    Але нядоўга прадаўжалася радасьць Сямёна. Да раніцы ў яго здохлі два алені. Сямён з непакоем агледзеў увесь свой статак і заўважыў, што ў некаторых аленяў былі мутныя вочы. Пад вечар яшчэ здохлі чатыры алені.
    Зашумела ўраса. Загаласілі жанчыны. Амукзан хадзіў пахмурны. I ў яго здохлі два алені.
    — Злы дух прыйшоў да нас, — крычалі жанчыны. — Злы дух помсьціць. Клічце шамана. Ён прагоніць злога духа.
    Падзеж аленяў узмацняўся. Праз тры дні ад статка ў пяцьдзесят галоў асталося дваццаць.
    Ва ўрасе стаяла суцэльнае выцьцё. Насоўвалася нешта грознае. Алені кармілі ламутаў, давалі мяса і малако. Са скур аленяў ламуты рабілі сабе адзеньне і пакрывалі імі свае юрты, а з рагоў і касьцей яны выраблялі розныя хатнія рэчы. Аленевы тлушч ішоў на асьвятленьне. На аленях яны езьдзілі і перавозілі цяжары. Цяпер ламуты трацілі ўсё сваё дабро.
    — Прападаць будзем, — панура сказаў Амукзан. — Нашы бацькі гаварылі, што, хто знойдзе вялікага зьвера ў зямлі, у таго здохнуць алені, а сам ён і ўся яго сям’я згінуць.
    За вячэрай ламуты пачалі раіцца. Рашылі, што гэта Сямён растрывожыў „злога духа”, які сядзеў у вялікім зьверы, што закапаўся ў зямлю.
    — Клічце шамана! — шалёна крычалі жанчыны. — Злы дух заб’е аленяў, заб’е сабак, заб’е і нас.
    І ламуты рашылі, што заўтра раніцай Амукзан адправіцца ў суседнюю ўрасу, а пад вечар вернецца назад і прывязе з сабой шамана.
                                                          ШАМАН ПРЫЯЖДЖАЕ
    — Хто жыве ў лясах, у гарах, у рэках, у азёрах?
    — Духі.
    Так гаварылі ламутам іх старыя. Адны „духі” добрыя, другія — злыя. „Злыя духі” могуць прычыніць беды — падзеж аленяў, хваробы сабак, сьмерць людзей, дрэннае надвор’е.
    „Што рабіць, калі „злыя духі” разгневаліся?
    Трэба клікаць шамана. Шаман ведае „духоў”. Шаман мае сілу і можа сваім „знахарствам” прымусіць духаў падначаліцца сабе”.
    Так верылі ламуты.
    Амукзан адправіўся ва ўрасу, дзе жыў шаман. Ён увайшоў у юрту. Ля агню сядзела некалькі мужчын і жанчын.
    — Дзень добры! — сказаў Амукзан. Мужчыны запрасілі Амукзана да агню і пачалі частаваць яго мясам. Амукзан быў галодны, і ахвотна зьеў кавалак аленіны і выпіў шклянку цаглянага чаю.
    — Навошта прыехаў? — спытаў яго адзін ламут.
    — Алені дохнуць. Дзе шаман?
    Ламуты нахілілі галовы.
    — Шаман памёр. Яго магіла ў лесе.
    — Я пайду да шамана, — сказаў Амукзан. Адзін з ламутаў выклікаўся праводзіць Амукзана. Яны ішлі не больш паўгадзіны. У лесе на палянцы паказаўся вялікі шост. Ён быў уваткнуты ў зямлю. На вяршынку шаста быў надзеты чэрап мядзьведзя. Вецер раскачваў чэрап і паварочваў у розныя бакі.
    „Мядзведзь — уладар лесу. Сілай яго духа шаман падначальвае сабе ўсіх жывёл, птушак, усіх нябачных жыхароў лесу”. Так верылі ламуты.
    Недалёка ад першага шаста стаяў другі. На ім вісела скура аленя. На гэтым алені заўсёды езьдзіў шаман. Калі ламуты хавалі шамана, яны закалолі яго аленя, зьдзерлі скуру і павесілі яе на шасьце. На пахаваньні прысутнічалі ламуты з усіх бліжэйшых урас.
    Кожны шаман мае памочніка, якога ён выбірае сабе сам. Шаман перадае свайму памочніку майстэрства знахарстваваць. Пасьля сьмерці шамана памочнік займае яго месца.
    Новы шаман жыў у суседняй юрце. Ён быў памочнікам таго шамана, якога шукаў Амукзан, і цяпер Амукзан рашыў адправіцца па яго.
    Калі Амукзан адшукаў шамана і ўгаварыў яго ехаць ва ўрасу Сямёна Тарабікіна, Шаман узяў свайго памочніка, і ўсе ўтраіх селі на аленяў і рушылі ў дарогу.
    Усю дарогу хітры шаман распытваў Амукзана аб тым, што было ў іх ва ўрасе за апошнія паўгода.
                                                        ЗАКЛІНАНЬНЕ ШАМАНА
    Ва ўрасе Сямёна з нецярплівасьцю чакалі звароту Амукзана. Людзі часта выходзілі з урасы і глядзелі ў далеч. Мінула два дні, а Амукзан не варочаўся. Непакой ахапіў урасу. На трэці дзень каля поўдня на гарызонце паказаліся тры алені.
    — Шаман едзе! Шаман едзе! — разьнеслася па ўрасе.
    Трое верхавых набліжаліся да вандровішча Сямёна. Шаман ехаў на беласьнежным алені.
    Ламуты верылі, што ў часе заклінаньняў шаману прыходзіцца на час перасяліцца да „духаў”. Толькі на алені колеру малака шаман мог уехаць у „царства духаў”.
    Па знадворнаму выгляду і адзеньню шаман не адрозьніваўся ад іншых ламутаў свайго племя. Ён быў сярэдняга росту, стройны, з чорнымі валасамі, кароткім носам, некалькі прыпаднятымі губамі і палаючымі вачыма. Карычняватая, падобная на пэргамэнт, скура, шырокі твар і выступаючыя скулы гаварылі, што шаман, як і іншыя ламуты, належаў да мангольскага племя.
    Увечары пачалася падрыхтоўка да заклінаньняў. Закалолі аленя. Унутранасьці і лапаткі забітай жывёлы шаман узяў для свайго знахарства, а лепшыя часткі ад аленя ламуты схавалі, каб потым аддаць іх шаману: адны як плату за знахарства, другія павінны былі служыць ежай шаману, калі ён паедзе назад.
    З урасы вынесьлі ўсе рэчы, і шаман пачаў разьвешваць на сьценцы фігуры людзей і жывёл. Усе яны былі выразаны з дрэва, мамантавай косьці, карэньняў расьліны і былі страката размаляваны ў яркія колеры. Гэта былі „дапаможныя духі”, якія дапамагалі шаману пры яго заклінаньнях. Ніхто не меў права дакранацца да фігурак, апрача самога шамана. У часе сваіх заклінаньняў шаман некалькі разоў акрапляў іх крывёй забітага аленя і акурваў смалой кедравага дрэва. Да смалы ён прымешваў нейкія пакрышаныя ў парашок расьліны, дзякуючы чаму ўраса напаўнялася адурманьваючым дымам.
    Скончыўшы сваю падрыхтоўку да заклінаньняў, шаман выйшаў з урасы.
    Цяпер ва ўрасу ўвайшлі адны мужчыны. Яны прыселі на скуры ўдоўж сьцен урасы.
    Уваход ва ўрасу закрывала мядзьведжая скура.
    Пасярэдзіне ўрасы ўспыхвала вугольле ачага, якое дагарала, і слабым сьвятлом асьвятляла ламутаў.
    Павольна і бясшумна ўвайшоў шаман. Глыбокая цішыня наступіла пры яго паяўленьні. Цяпер шаман быў апрануты ў скураную накідку, з якой да самых пят спускаліся рамяні. На грудзях у яго былі нашыты скуры, на якіх віселі рознакаляровыя шкляныя пацеркі, мэталічныя пласьцінкі і званочкі. Яны бразгалі пры кожным руху шамана. Грудзі і сьпіна знахара былі ўпрыгожаны зубамі і кіпцюрамі драпежных жывёл і птушак. Яго галаву ахутваў башлык, абшыты мехам палярнага ваўка. На месцы вушэй целяпаліся лахманы з меху; яны то падымаліся ўверх, то апускаліся ўніз, калі шаман танцаваў. Галава шамана падобна была да галавы ваўка.

    У левай руцэ шаман трымаў свой бубен. На адным баку бубна была нацягнута замшавая скура, а з другога выглядалі чалавечыя фігуры, расфарбаваныя ў чырвоны колер. Бубен быў абвешаны шматлікімі званочкамі і мэталічнымі пласьцінкамі. У правай руцэ шаман трымаў палачку, абшытую мехам.
    Вось шаман ударыў палачкай па бубну і, кружачыся, пачаў павольна рухацца ўдоўж сьцяны ўрасы. Сярод глыбокай цішыні пачулася глухое, манатоннае пяяньне.
    Ціха зьвінелі званочкі, і бразгалі зубы і кіпцюры аб адзеньне шамана. Нізка схіліўшыся, ён прайшоў некалькі разоў ля ачага. Час ад часу ён рабіў знакі памочніку, і той падкідваў у агонь парашок. Тады полымя ачага ўзьлятала ўверх, і ўраса напаўнялася моцным, адурманьваючым дымам.
    Прысутнасьць шамана ў памяці ламутаў уваскрэсіла старажытныя вераваньні. Сонца пасылала цяпло, сьвятло і ажыўляла зямлю. Ламуты з старадаўніх часоў паважалі сонца. У доўгую і халодную зіму сярод суровай прыроды агонь саграваў і даваў сьвятло. І ламуты шанавалі агонь.
    Цяпер перад агнём шаман клаў паклоны, а з яго вуснаў выляталі незразумелыя гукі, то быстрыя і гучныя, то павольныя і ціхія. Часам гэтыя гукі пераходзілі ў аглушальны рэў, і тады шаман пачынаў шалёна круціцца па ўрасе.
    Усё разам—трэск вугольля, успышкі агню і гукі бубна — захапляла ламутаў, і яны сядзелі, нібы скамянелыя.
    Але вось пяяньне шамана перайшло ў стогны, у жаласьлівае выцьцё. У ім чуўся то плач чалавека, то стогны дрэў, якія ламала бура. Недзе ў цясьнінах гор выў вецер, шумна гуляла бура па неабсяжнай прасторы тундры. Шамн ужо не круціўся на месцы. Ён падкрадаўся, як драпежны зьвер, да нябачнай здабычы, затым адступаў, скрываўся. Рука шамана не пераставала біць у бубен. Зьвінелі званкі і бразготкі.
    Моўчкі і нерухома сядзелі ламуты ўдоўж сьцяны ўрасы. Чырвонае сьвятло ад успыхваючага агню асьвятляла іх сур’ёзныя, задуменныя твары. І ўстала перад імі карціна жыцьця тайгі.
    Вось сокал са сьвістам узмахнуў крыламі, вось звонка крыкнуў лебедзь... Доўга пераклікаўся шаман з „духамі” ў паветры. Цяпер ён вяртаўся назад. Зусім блізка чуліся ўдары крылаў. Шаман у зьнясіленьні апусьціўся на зямлю і абцёр пот, які каціўся з яго, памочнік перахваціў бубен і прадаўжаў біць у яго, бо ў часе заклінаньня „духаў” бубен не павінен змаўкаць ні на мінуту.
    Але вось шаман зноў ускочыў. Пачуліся новыя гукі, пачаліся новыя танцы. Цяпер шаман ехаў на сваім беласьнежным алені ў далёкую тайгу. Ён шукае таго, хто зрабіў людзям няшчасьце Ва ўрасе трапятала аднастайная песьня. Яна была такая ж сумная, як і суровая.тайга. Вось бяжыць алень, і чутны ўдары капыт аб зямлю, вось ён зачапіў рагамі за дрэва, вось зашумела рака і зашалясьцелі дрэвы. Закаркаў груган. З крыкам праляцела сава, затакаваў цецярук ля свайго гнязда. Ярасна зароў велізарны мядзьведзь, жаласна і працягла завыла зграя ваўкоў, і лось, выцягнуўшы шыю, рэзка закрычаў.
    Раптам пяяньне яго перайшло ў выцьцё. Шаман закруціўся ў дзікім шалёным танцы, з гучным крыкам ён гнеўна закалаціў у бубен. Як звар’яцелы насіўся шаман па ўрасе, кідаўся на зямлю зноў ускокваў і бег за тым, хто зрабіў людзям гора. Яму дапамагалі ўсе зьверы; іх крыкі то зьліваліся, то перабівалі адзін другога, і „злы дух" даў драла. Хістаючыся, апусьціўся шаман на зямлю. Ля яго роту выступіла пена. Ён абвёў урасу звар’яцелым поглядам.
    Як у паўсьне сядзелі ламуты, адурманеныя дымам і пяяньнем шамана. А шаман прыпадняўся і хрыплым голасам прагаварыў:
    — ...Вялікі дух сказаў мне: „Слухай... Раніцай усім ісьці да вялікага зьвера, што закапаўся ў зямлю... узяць сякеры, мядзьведжы чэрап, цялё”.
                                                                          У ЯКУЦКУ
    Горад Якуцк, у які прыбыла экспэдыцыя, — у цяперашні час сталіца Якуцкай рэспублікі, а тады ён быў галоўным горадам Якуцкай вобласьці.
    „Учора я наняў рамізьніка і паехаў аглядаць Якуцк, — пісаў у сваім дзёньніку Пфіцмейер. — Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з гэтым горадам, закінутым на далёкую поўнач Сыбіры.
    Вуліцы ў горадзе не брукаваныя.
    — А як у вас бывае на вуліцах вясной і восеньню? — спытаў я рамізьніка.
    — Непралазная гразь, — адказаў ён. — Мы топімся ў гразі.
    У гэты момант расчыніліся дзьверы аднаго дома, і жанчына выліла з драўлянага вядра на вуліцу памыі. Наш конь ад нечаканасьці кінуўся ў бок. Аднекуль выскачыла паўтузіны кюндзеляў. Сабакі накінуліся на адкіды. І ў той жа міг над нашымі галовамі закружыліся чорныя цені. Штук дваццаць каршуноў хутка спусьціліся ўніз і пачалі падхопліваць смачныя кавалкі.
    Мы палюбаваліся на санітараў горада і паехалі далей...
    Дамы ў горадзе драўляныя, аднапавярховыя; яны акружаныя вялікімі сядзібамі, агароджанымі доўгімі драўлянымі парканамі.
    Горад — маленькі; у ім усяго 6 тысяч жыхароў, але ён раскінуўся на вялікую плошчу. У цэнтры горада некалькі камяніц, занятых магазынамі. Тут жа на плошчы пад адкрытым небам працуюць рамесьнікі-якуты.
    Самы значны будынак у горадзе — казацкае ўмацаваньне. Ён пабудаваны ў 1621-1623 гадах і зроблены з тоўстых ствалоў лістоўніцы.
    — Гэтаму будынку больш за 300 гадоў, а ён стаіць хоць бы што, — сказаў рамізьнік”. [У нядаўнія гады гэты будынак быў разбураны. Яго распілілі ва дровы, калі ў горадзе яе хапала паліва.]
    Казакі, рухаючыся па Лене, пакарылі якутаў. Яны пабудавалі ўмацаваньне, каб утрымаць уладу над якутамі. У 1905 годзе, у часе першай рускай рэвалюцыі, якуты абвясьцілі рэспубліку. Царскі ўрад жорстка расправіўся з імі. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі якуты зноў устанавілі ў сябе рэспубліку, якая цяпер уваходзіць у Савецкі саюз.
    “У той час, як я знаёміўся з горадам, наша падрыхтоўка да далейшага падарожжа ішла поўным ходам.
    Нас чакае далёкі і цяжкі шлях. Трэба праехаць на конях 3325 кілямэтраў па глухой мясцовасьці, дзе на сотні кілямэтраў не сустрэнеш чалавечага жыльля. Мы павінны пераваліць праз два горныя ланцугі. У якуцкіх пасёлках і на этапных станцыях мы яшчэ можам разьлічваць атрымаць рыбу, але хлеба не будзе нідзе, бо на поўнач ад Якуцка земляробства няма. Ужо дванаццаць дзён, як пекары Якуцка сушаць для нас сухары з чорнага хлеба.
    Сёньня, калі я, агледзеўшы горад, вярнуўся да сваіх, начальнік краю гаварыў Гэрцу:
    — Я не раю вам купляць коней. Вам будуць даваць на этапных станцыях па дваццаць коней: шэсьць для людзей і чатырнаццаць для багажу.
    Пашліце ўперад казака і загадайце яму папярэдзіць этапныя станцыі, каб яны рыхтавалі для вас коней.

    Парада паказалася нам зусім разумнай.
    Вось ужо трэці тыдзень як мы у Якуцку. Наша падрыхтоўка да цяжкай і далёкай дарогі скончана.
    Раніца. Наш караван выцягнуўся ланцугом і выйшаў у дарогу. Сёньня мы атрымалі сумныя весткі. Казак, які быў пасланы да этапнай станцыі, прастаяў дзесяць дзён ля ракі Тукулан. Ён не адважыўся пераплыць праз яе. На навакольных гарах таяў сьнег, і вада ў рацэ паднялася. Фурман, які суправаджаў казака, пачаў пераплываць раку на кані. Яго падхапіла моцным цячэньнем, і ён патануў разам з канём. Пошта, якую ён вёз на Верхаянск і Калымск, загінула”.

                                                                       МУЧЫЦЕЛІ
    „Сёньня, ледзь мы ўвайшлі ў лес, густое воблака камароў і машкары ахутала ўвесь наш караван.
    — Гэрц! Што рабіць! Я больш не магу цярпець ад гэтых катаў!
    — Я адбіваюся махалкай [махалка складаецца з драўлянай ручкі, да канца якой прымацаваны конскі волас], — адказаў Гэрц, — але гэта дрэнна дапамагае.
    На нас былі накінуты маскітавыя сеткі. Яны спускаліся з галавы да самых плячэй, на руках былі адзеты скураныя пальчаткі, і ўсё ж такі мучыцелі сыпаліся на твар, вушы, патыліцу, на рукі і палілі, як распаленым жалезам.
    У часе паездак у ваколіцах Якуцка мы жорстка цярпелі ад камароў. Але пакуты, якія нам прыйшлося перанесьці сёньня, перайшлі ўсякую меру.
    Мы бесьперапынна абмахвалі нашых коней, аднак праз дзьве гадзіны скура іх зрабілася чырвонай ад выступіўшай крыві.
    Мы не злазілі з коней да 12 гадзін ночы. Было яшчэ бачна, як удзень. Тут, далёка на поўначы сонца ўлетку скрываецца ўсяго на дзьве гадзіны ў суткі. Пасьля таго наступае ледзь прыкметны змрок, і можна добра бачыць і адрозьніваць усе прадметы.
    Мы зрабілі прывал. Навакол горы і лес. З цясьнін у гарах падымаюцца густыя туманы і ахутваюць лес. На ўсходзе пачынае віднець. Хутка зноў прагляне сонца.
    Мы праехалі конна трыццаць пяць кілямэтраў і з непрывычкі адчуваем сябе вельмі стомленымі.
    — Як жа моцна я засну, — сказаў Гэрц. — Таварышы, хутчэй разуючвайце коней; стаўце палаткі. Тут, на беразе ручая, мы раскінем наш лягер. Навакол добрая трава. Коні нашы адпачнуць і падсілкуюцца.
    Абкурыўшы дымам палаткі, мы са здавальненьнем ляглі на нашы паходныя ложкі. Аднак палатка хутка напоўнілася безьліччу камароў і мошак. Яны пачалі так жорстка мучыць і мяне, што пра сон нечага было і думаць. Я падняўся і пайшаў да нашых спадарожнікаў.
    Людзі адпачывалі пад адкрытым небам, разьмясьціўшыся паўкругам ля вялікага вогнішча. Яны падкідвалі ў агонь гнілое дрэва, мох і траву. Ад такога паліва вогнішча моцна дыміла, дым быў густы і едкі. Я заняў месца ля вогнішча. Вецер дзьмуў на мяне і ахутваў дымам, які адганяў камароў.
    Дым разьядаў вочы да сьлёз, але ўсё ж такі яго было лягчэй пераносіць, чым машкару.
    Ужо сьвітае. Хмызьняк вакол лягера заблішчэў сьвежай яркай зеленьню. Бярозы і лістоўніцы нібы апрануліся ў сьвяточнае адзеньне. Яны вылучаюцца на цёмна-зялёным фоне елак. Луг серабрыцца ад расы, а званочкі і іншыя кветкі радасна цягнуцца насустрач першым праменям сонца. Уводдалі скромна стаіць дзікая парэчка. У густым хвойніку засьпяваў сыбірскі салавей. Зязюля пакруцілася над намі, пералятаючы з дрэва на дрэва, і агаласіла паветра сваім звонкім кукаваньнем. Вось адчыніліся дзьверы, і з палаткі выйшаў Гэрц.
    — Што з вамі, Гэрц? Вас нельга пазнаць. Ваш твар зрабіўся ў два разы больш супроць учарашняга.
    Камары так пакусалі Гэрца і Севасьцянава, што іх твары і рукі моцна апухлі.
    Сонца ўжо на небе. Наш лягер пачаў ажыўляцца. Да першых пеўчых птушак далучыліся другія, і лес агаласіўся радасным пяяньнем цэлага хору.
    Мы выпілі чаю з чорнымі сухарамі, намазанымі маслам. Наш повар прыгатаваў з аленевага мяса смачны шашлык. Як толькі мы прыпаднялі сеткі і хацелі прыняцца за снеданьне, як камары адразу ж цэлай хмарай пакрылі нашы шчокі, падбародак і шыю”.
                                                          НА ЭТАПНАЙ СТАНЦЫІ
    „Мы рушыліся ў дарогу. Наш шлях ляжыць праз цясьніны і балоты. Ад доўгіх дажджоў балоты ператварыліся ў сапраўдную дрыгву. Коні часта пагружаліся ў ваду па самае бруха. Нельга ехаць конна. Мы зьлезьлі з коней і вядзем іх за повад.
    У гэты дзень мы былі ў дарозе 18 гадзін і прайшлі ўсяго 30 кілямэтраў.
    24 чэрвеня. Мы дабраліся да бурнага Тукулана, дзе патануў фурман. Перайшлі ў брод некалькі вышэй таго месца, дзе адбылося няшчасьце. На другім беразе нам прышлося падняцца на гару. Чым вышэй мы падымаліся, тым дрэвы станавіліся ўсё ніжэй і ніжэй. Лес радзеў. Нарэшце, асталіся толькі карлікавыя лістоўніцы і бярозы якія ледзь дасягалі чалавечага росту. Але і гэтыя дрэвы растуць толькі ў месцах, якія ахаваны ад ветру, між скаламі і ў цясьнінах.
    — Глядзіце! Мішка!..—закрычаў адзін з казакоў.
    З горкі спускаўся мядзьведзь. Убачыўшы людзей, ён хутка павярнуў у бок і схаваўся за дрэвамі.
    Гэтую ноч мы правялі ў якуцкай юрце на этапнай станцыі. Яе трымаў якут.
    Якуты будуюць сабе дзьве юрты: цёплую — для зімовага часу і лёгкую — для летняга.
    Зімовую юрту якуты будуюць з бярвеньня. У ёй ёсьць печка, і звонку яна абмазана сумесьсю з гліны і гною, таўшчынёй у чвэрць мэтра. Апрача таго, юрту засыпаюць зямлёй. Замест вакон — маленькія адтуліны, куды ўстаўляюць зімой кавалкі ільду, а ўлетку абцягваюць сеткай з конскага воласу, або ўстаўляюць рыбін пухір, а то і сьлюду. Шкло сустракаецца толькі ў багатых якутаў.
    Да юрт якуты прыбудоўваюць стойлы для кароў і быкоў. Буйную рагатую жывёлу якуты трымаюць зімой у закрытых памяшканьнях, тады як коні застаюцца на волі і здабываюць сабе корм з-пад сьнегу.
    Перад тым як нам легчы спаць, якуты акурылі юрту, каб выгнаць машкару, і завесілі акно валасяной сеткай. Пахла кумысам, конскім потам, гнілой рыбай і прагорклым аленевым тлушчам.
    Скрозь дрымоту я адчуў, як нешта цёплае і вільготнае дакранулася да майго твару. Я адкрыў вочы. Дзьверы са стойла ў юрту былі адчынены, і цялё без перашкоды пранікла ў юрту. Яно стаяла ля мяне і цягнулася пысай да майго твару. Шурпатым, цёплым языком яно аблізала мне губы, нос і шчокі.
    Я ўстаў і выправадзіў яго назад у стойла.
    Мы сьпяшаемся да Бярозаўкі. Спыняемся для адпачынку на самы кароткі час у поўдзень і на ноч”.
                                                     У САМЫМ ХАЛОДНЫМ ГОРАДЗЕ
                                                                      ЗЯМНОГА ШАРА
    „9 чэрвеня. Мы пад’яжджаем да горада Верхаянска. Адлегласьць у 1030 кілямэтраў ад Якуцка да Верхаянска мы прайшлі ў 18 дзён.
    — Дзе ж горад?—ускрыкнуў Гэрц. — На картах пастаўлены кружок і буйным шрыфтам надрукавана „Верхаянск”, а я бачу ўсяго некалькі дзесяткаў юрт.
    — Вось так горад, — заўважыў Севасьцянаў. — Усе вёскі на Лене, што мы праяжджалі, былі з вуліцай, а тут няма ніводнай.
    Нашы коні захлюпалі па вялікіх лужах і бесьперапынна вязьлі ў балотцах, якія аддзялялі адну юрту ад другой. Ілістая гразь моцна прыліпала да ног коней.
    — А калі б прайсьці па гэтай гразі ў ботах, — сьмеючыся сказаў Гэрц, —на пэўне выйшаў бы без ботаў ці без падносак.
    Над Верхаянскам і незьлічонымі балотамі ля яго насіліся мірыяды машкары.
    У Верхаянску яны назалялі нам таксама, як у самых горшых балоцістых мясцовасьцях нашага шляху.
    У горадзе мы даведаліся, што ўсё насельніцтва складаецца з аднаго папа, аднаго купца, пятнаццаці сямействаў якутаў, некалькіх казакоў і 78 чалавек палітычных ссыльных.
    Верхаянск — самы халодны горад на зямным шары. Ён ляжыць пад 67° паўночнай шыраты. Сярэдняя гадавая тэмпэратура яго — 17°С, сярэдняя тэмпэратура студзеня -51°, а ліпеня +15°С.
    Тут бывалі маразы ў 69,7°С. Гэта самая нізкая тэмпэратура, якую прышлося назіраць на зямлі.
    Вось ужо два дні, як мы ў Верхаянску. Сёньня Гэрц выехаў уперад. Ён узяў казака, фурмана і невялікі багаж. Гэрц хоча раней за нас прыехаць на тое месца, дзе знойдзены мамант, і падрыхтавацца да раскопак.
    Цяпер экспэдыцыя ідзе пад маім кіраўніцтвам. Я магу прабыць у Верхаянску яшчэ пяць дзён.
    За гэты час я думаю зрабіць некалькі экскурсій у ваколіцы Верхаянска.
    Сёньня на дне ручая я знайшоў верхнюю сківіцу выкапнёвага насарога, сучасьніка маманта.
    16 ліпеня. Мы рушылі далей”.

                                                           ЯШЧЭ 2300 КІЛЯМЭТРАЎ
                                                             ПРАЗ  ТАЙГУ І ТУНДРУ
    Нам засталося праехаць 2300 кілямэтраў. Гэта наш апошні пераход. Мы накіраваліся на паўночны ўсход. Ззаду засталіся юрты Верхаянска і людзі. Тайга зноў паглынула нас.
    Навакол, на колькі бачыць вока, цягнецца першабытны лес. Ён уходзіць некуды ў далечыню і здаецца, яму няма канца. Вецер калыша верхавіны дрэў, сьпяваючы тужлівую песьню тайгі. Ні адзін гук не парушае цішыні. Пустыннасьць велізарнага лесу стамляе пачуцьцё і навявае дрымоту. Наш фурман-якут зацягнуў сваю сумную песьню.

    Дні ідуць за днямі. Караван хутка прасоўваецца ўперад.
    29 ліпеня. Выпаў сьнег. Лес прыняў зімовы выгляд. Ноччу сьнег зьмяніўся дажджом, і нас прамачыла наскрозь, хоць мы і былі ў непрамакальных плашчах. Лес пачаў зьмяняцца балотамі, у якіх коні ідуць па калена ў вадзе.
    Часьцей пачалі выпадаць дажджы. Да бліжэйшай этапнай станцыі мы дабраліся зусім прамоклымі.
    Мы ўступілі ў вобласьць між рэкамі Індзігіркай, Алязэей і Калымой. Гэтая вобласьць багатая азёрамі і рэкамі, у якіх мноства рыбы. Я зьдзіўлены багацьцем рыбы ў сыбірскіх рэках. Але дастаўка рыбы адсюль да чыгункі немагчымая. Таму пакідаюць тут нявылаўленай. Таксама многа, як рыбы, тут дзікіх качак гусей, лебедзей. Яны са сьвістам пралятаюць над нашымі галовамі, хлопаючы крыльлем. Яны то апускаюцца на ваду, то зноў падымаюцца. Тысячагалоснае, гагатаньне, краканьне, крыкі даносяцца ўсю ноч да нашай палаткі.
    Калі мы пад’яжджаем да азёр, паўтараецца заўсёды адна і тая ж карціна: качкі, тысячамі не сьпяшаючыся, адплываюць ад берагу на сярэдзіну. Адтуль яны падымаюцца ў паветра, калі раздасца стрэл. Гусі і лебедзі нават у гэтай бязьлюднай краіне асьцярожней за качак.
    Сёньня раніцай я ехаў па беразе возера. Высока, ў паветры апісваў кругі арол. Раптам, як страла, ён упаў на ваду і схапіў гагару. Раздалося хлопаньне крылаў, пырскі пайшлі ў розныя бакі. Але арол пачаў павольна падымацца ўверх, не выпускаючы з кіпцюроў здабычу.
    З баявым крыкам з усіх бакоў пачалі зьлятацца гагары. Яны хацелі дапамагчы сваёй таварышцы але было позна. Арол схаваўся за лесам.
    2 верасьня. Нарэшце мы прыбылі ў Сярэднекалымск. Дарогу ад Верхаянска да Калымска ў 2 тысячы кілямэтраў мы праехалі ў 45 дзён. У Сярэднекалымску жыхароў усяго 273 чалавекі, у тым. ліку тут пакутуюць 80 палітычных ссыльных. I падумаць толькі, што гэтых людзей загнаў сюды ў глухія балоты, за 6 тысяч кілямэтраў ад чыгункі, на пэўную гібель царскі ўрад...
    У Сярэднекалымску мы даведаліся, што тыдзень таму назад Гэрц выехаў да Бярозаўкі.
    5 верасьня. Мы адпраўляемся да Бярозаўкі. Нам засталося праехаць апошнія 325 кілямэтраў.
    Па дарозе да Бярозаўкі мы бачылі велізарныя стаі птушак. Яны ляцелі на поўдзень. На ноч птушкі апускаліся на астравы і ўсейвалі берагі азёр і рэк. Берагі здаваліся скрозь белымі ад іх белых крылаў. Было ясна, што кароткае паўночнае лета канчаецца і надыходзіць доўгая суровая палярная зіма”.
                                                                              СУСТРЭЧА
    Быў верасень. Белая сьнегавая футра адзела тайгу. Дрэвы ў сваім новым белым убраньні стаялі маўкліва, і нерухома. Сярод поўнай цішыні вярхом на аленях ехалі шаман, Сямён, Амукзан і Тэйтшын. Яны ехалі да Бярозаўкі. Тайга месцамі перарывалася, і алені беглі па роўнай як абрус, тундры.
    Уперадзе ехаў шаман на сваім беласьнежным алені. Ля яго ехаў Сямён і паказваў дарогу. Ззаду ехалі Амукзан; Тэйтшын. За Амукзанам на прывязцы бегла цялё-алень. У лесе, недалёка ад таго месца, дзе з зямлі выглядаў „вялікі зьвер”, шаман павінен быў закалоць цялё, а ламуты — пакінуць розныя рэчы, каб уласкавіць “духа”, які разгневаўся на Сямёна і забіваў яго аленяў.
    Цяпер ламуты ехалі лесам з нізкарослай лістоўніцы. На сьнезе былі бачны велізарныя сьляды мядзьведзя.
    — Мядзьведзь быў тут поўдня таму назад, — сказаў Амукзан, разглядаючы сьляды.
    Дарога пачала падымацца ў гору. Алені, якія раней беглі рысьсю, пайшлі шагам. Падарожнікі падняліся на самы хрыбет. Па той бок узвышша адкрываўся від на рукаў Бярозаўкі, дзе з зямлі глядзеў “вялікі зьвер”.
    Тое, што ламуты ўбачылі ўнізе, ля берагу ракі, ашаламіла іх. Моўчкі і нерухома стаялі яны на месцы. Прама над „вялікім зьверам” быў пабудовай дом. З трубы ішоў дым. Людзі ўваходзілі і выходзілі з дома. Недалёка стаяў другі дом. Нехта з людзей заўважыў ламутаў, якія паказаліся на ўзвышшы і стаў разглядаць іх у бінокль. Потым ён даў знак другому чалавеку. Той сеў на каня і паскакаў да ламутаў.
    — Начальнік просіць вас наведаць яго, — сказаў чалавек, пад’ехаўшы да ламутаў.
    — Хто твой начальнік? — спытаў шаман.
    — Яго завуць Гэрц. Ён прыехаў з далёкага горада адкапваць маманта. З ім адзін памочнік, шэсьць рабочых і я —перакладчык.
    —Навошта ён адкапвае „вялікага зьвера”? — спытаў Шаман.
    — Ён хоча зьвезьці яго з сабой у далёкі горад. Начальнік вельмі добры і зробіць вам падарункі.
    Калі ламуты ўбачылі, што каля “вялікага збвера” многа чужых людзей; што гэтыя людзі зьбіраюцца ўвезьці зьвера далёка адсюль, то страх, які ўяўляў ім мамант, пачаў патроху расьсейвацца. Яны пераглянуліся паміж сабой і згадзіліся паехаць.
    Павольна спускаліся яны з узгорка:
    Гэрц сустрэў іх ля дома, у якім жылі цяпер удзельнікі экспэдыцыі. Ён запрасіў ламутаў увайсьці ў дом. Ламуты зьлезьлі з аленяў і ўвайшлі ў дом.
    Апрача Гэрца, у доме знаходзіліся Пфіцмейер і перакладчык. Ламуты паціснуўшы кожнаму руку і сказалі: “Дзень добры”. Потым яны селі ля печкі і пачалі грэцца. Зіма яшчэ толькі пачыналася, а тэмпэратура падала па начах да -20° і ў дзень да -12°С. Таму, не толькі людзі экспэдыцыі, але і прызвычаеныя да холаду абступілі печку. Весела патрэсквала гарэўшае суччо. У пакоі стаяла прыемная цеплыня.
    Закіпеў чайнік. Гэрц прапанаваў гасьцям чай. Ламуты разьмясьціліся каля невысокага стала, наскора зробленага рабочымі, і прыняліся піць чай. Размова не ладзілася. Ламуты адказвалі на пытаньні аднаскладова і скупа. Толькі Сямён не сьцярпеў і пахмурна спытаў:
    — Навошта ўвозіш „вялікага зьвера”?
    Гэрц з мінуту памаўчаў, потым ён пачаў расказваць ламутам пра маманта:
    — Гэты „вялікі зьвер” называецца мамантам. У далёкіх ад вас краінах — у гарачай Афрыцы і ў Індыі — у цяперашні час жывуць сланы. Мамант, якога мы адкапваем, таксама слон. Ён толькі большы ростам за афрыканскага і індыйскага слана. Некалі статкамі пасьвіліся тут маманты. У іх вялікія загнутыя біўні і доўгая шэрсьць. Многа біўняў штогод знаходзяць у Сыбіры і асабліва па берагах Паўночнага палярнага мора. Некалі на мамантаў палявалі людзі Сабраўшыся цэлым племем, яны капалі глыбокія ямы, масткі на сьцежцы, па якой маманты праходзілі на вадапой. На дне ямы людзі ўмацоўвалі прамы дрэвавы ствол з вострым канцом. Затым яму закрывалі хмызьняком і закладвалі дзірванам і зямлёй. Магутныя маманты нікога не баяліся і былі неасьцярожны.
    Часта ў тую ж ноч мамант пападаў у яму.
    Сваім трубным гукам ён паведамляў ваколіцы, што знаходзіцца ў яме.
    Раніцой з вялікай асьцярожнасьцю да ямы падыходзілі людзі. іншыя маманты часта па цэлых сутках пільнавалі ля пасткі і спрабавалі выцягнуць таварыша сваімі моцнымі хобатамі. Але потым яны сыходзілі і не варочаліся назад. Яны больш не хадзілі па гэтай сьцежцы і выбіралі сабе новы шлях да вадапою.У адну і тую ж пастку нельга было злавіць дзьвух мамантаў аднаго за другім.
    Напароўшыся на кол, паранены мамант не мог выбрацца з ямы. Ёй сутаргава вадзіў хобатам узад і ўперад, шукаючы, за што б ухапіцца, але ўхапіцца не было за што.
    Людзі стаялі наверсе вакол ямы. “Памры!” — крычалі яны. І яны нападалі на параненага маманта са сваёй каменнай зброяй. Тады людзі не ўмелі здабываць мэталь, і ў іх была толькі каменная зброя.
    Усе маманты даўно загінулі. Ад іх засталіся толькі косьці. Аднак удалося знайсьці некалькі мамантаў, якія цалкам захаваліся. Вось тут, ля спадзістага берагу, мы адкапваем зараз маманта. Гэты мамант праваліўся ў трэшчыну ільда. У гэтую трэшчыну з суседняга горнага хрыбта сьцякала вада, зьмешаная з зямлёй, каменьнем і абломкамі дрэў. Наносы паступова засыпалі маманта. Паветра больш не магло пранікнуць да жывёлы. Труп яго добра захаваўся. Мінула многа часу. Вада паступова размывала бераг ракі Бярозаўкі і агаліла верхнюю частку галавы і сьпіны маманта.
    Ламуты слухалі моўчкі, не ўсё разумеючы, што гаварыў ім Гэрц і перакладчык.
    — Я пабудаваў пад мамантам дом, унутры якога паляцца дзьве печкі, — прадаўжаў Гэрц. — Мы хочам растапіць лёд, каб вызваліць маманта. Калі хочаце, хадзем і паглядзім на яго.
    Сямён Тарабікін адмоўна пакруціў галавой,
    — Нельга, — сказаў ён. — Алені гінуць. “Вялікі зьвер” помсьціць.
    — У вас гінуць алені? — спытаў Гэрц.
    — Гінуць, — адказаў Сямён. — Асталося толькі чвэрць статку.
    — Мамант даўно памёр і ня можа нанесьці ніякай шкоды, — адказаў Гэрц. — Сярод вашых аленяў лютуе хвароба. Вы не рабілі ім прышчэпак.
    — Як ты сказаў? — спытаў Сямён.
    Ламуты пераглянуліся, не разумеючы, аб чым ідзе гутарка.
    — Старая гісторыя, — прадаўжаў Гэрц. — Вы не зрабілі засьцерагальных прышчэпак аленям, а запрасілі, пэўна, шамана, які крыўляўся, дурыў вам галаву і ўзяў яшчэ плату.
    Гэрц бачыў, што ён не можа растлумачыць сваім гасьцям, што такое прышчыпкі, якія выратоўваюць аленяў і людзей ад сьмяротных хвароб. Ён падарыў ламутам чай, цукар, табакі, а, жанчынам паслаў сухароў і цукерак, іголак, шоўкавых нітак і прыгожых пацерак.
    Задаволеныя падарункамі, ламуты ўсталі, падзякавалі і разьвіталіся з Гэрцам. Яны паехалі назад у сваю ўрасу. Усю дарогу яны ламалі сабе галаву: аб якой „прышчэпцы” гаварыў ім прыежджы чалавек.
    І ў той час як яны варочаліся ў родную ўрасу, Пфіцмейер запісваў свой дзёньнік:
    “Адкопваньне маманта ідзе бесьперапынна, і да 10 кастрычніка работа будзе скончана. Мяркуем 15 кастрычніка пагрузіць скуру і шкілет маманта на сані, запрэжаныя сабакамі і рушыць назад. Спатрэбіцца 10 саней, каб перавезьці часткі маманта, якія важаць тысячу кіляграмаў”.
    Стаяла зіма. Рэкі, азёры і балоты Сыбіры пакрыліся ільдом. Дарога ішла цяпер амаль па прамой лініі, ад адной этапнай станцыі да другой. Усю дарогу ў 6 тысяч кілямэтраў ад Бярозаўкі да Іркуцка маманта перавозілі ў санях, у якія запрагаліся то сабакі, то алені, то коні.
    У Іркуцку маманта перагрузілі ў вагон. Цяпер яго везьлі па чыгунцы да самага Пецярбурга. Там у музэі ў шкляную шафу быў пастаўлены шкілет маманта, а побач яго чучала — абцягнутае скурай. [Пры адкопваньні маманта ў роце яго на языку, які добра захаваўся, і між зубоў быў знойдзены не перажаваны корм. Ён складаўся з лісьцяных расьлін і травы. Некаторыя расьліны захавалі нават насеньне. З гэтага можна заключыць, што сьмерць маманта адбылася восеньню.]

                                                          ПРАЗ ДВАЦЦАЦЬ ГОД
    Мінула дваццаць год.
    Ва ўрасе Сямёна Тарабікіна па-ранейшаму гарэў агонь, як і раней над ім вісеў кацёл, у якім вірылася аленевае мяса. Вакол агню сядзелі ламуты.
    Сямён Тарабікін моцна пастарэў. Ён глядзеў на агонь падсьлепаватымі вачыма і час ад часу перамешваў вугальле палкай.
    Жыцьцё ва ўрасе ішло амаль без перамен да памятнага 1917 года, калі ў Расеі адбылася рэвалюцыя. Пасьля гэтага Сямён Тарабікін прыехаў у Сярэднекалымск і быў зьдзіўлёны пераменай. Ён даведаўся, што ўсе палітычныя ссыльныя атрымалі свабоду і паехалі куды хацелі. Сышлі казакі і не стала начальніка акругі.
    У Сярэднекалымску ўтварыўся савет, які пачаў кіраваць усімі справамі. Новае жыцьцё пранікла і да ламутаў. Цяпер у іх былі свае дэпутаты. Ва ўрасе, дзе жыў Тарабукін, дэпутатам выбралі |Сямёна. Ён часта езьдзіў на зьезд у Сярэднекалымск, на які прыяжджалі дэлегаты і ад іншы урас.
    — Паслухай, Сямён, сказаў Амукзан. — Вось ты гаворыш, што наша жыцьцё палепшыцца. Калі ж гэта будзе? Нашы алені гінуць ды гінуць. Ты б спытаў у савеце, чаму гінуць нашы алені.
    Сямён памаўчаў, потым ён глуха прагаварыў:
    — |Пытаўся. У савеце сказалі, што шаманы ашукваюць нас... Тут заклінаньні не дапамогуць. Загадвалі рабіць аленям прышчэпкі.
    — Прышчэпкі? — спыталі ламуты.
    Сяргей маўчаў. Ламуты глядзелі на яго і чакалі адказу. Але Сямён маўчаў. Ён помніў што прыежджы чалавек, які адкапваў маманта гаварыў яму аб нейкіх прышчэпках, але што такое прышчэпкі, Сямён не ведаў.
    — Што маўчыш? — дапытвалі ламуты.
    — У савеце сказалі, што алені гінуць ад заразьлівай хваробы. “Сыбірская язва” называецца. Людзі паміраюць ад заразьлівай хваробы. “Воспа” называецца. Прапануюць рабіць прышчэпкі. Як  зробіш прышчэпкі, алені і людзі крыху па хварэюць, але не памруць, застануцца ў жывых, Мы не можам. рабіць прышчэпак. Толькі   доктар мажа, фэльчар можа. Савет пастанавіў прасіць урад Якуцкай рэспублікі, каб да нас прыслалі доктара.
    Ламуты задумаліся.
    — Памёр Тэйтшын... Шаман не дапамог, — сказаў Амукзан. — А спыталі шамана, чаму памёр Тэйтшын, ён сказаў: — „духі рашылі пакараць Тэйтшына і паслалі яму сьмерць”...
    — А калі так, — сказаў Сямён, — калі шаман не мог выратаваць Тэйтшына ад сьмерці, тады навошта нам шаман?
    У гэты час ля ўрасы шалёна забрахалі сабакі. Ламуты трывожна пераглянуліся, а Сямён хутка выйшаў на двор.
    Нейкі незнаёмы чалавек пад’ехаў да ўрасы і спытаў Сямёна:
    — Тут жыве Сямён Тарабікін?
    — Я самы,—адказаў Сямён.
    Незнаёмы саскочыў з саней, выняў невялікі сакваяж і падышоў да Сямёна.
    — Я фэльчар. Прыехаў рабіць прышчэпкі вашым аленям. Як, усё яшчэ гінуць?
    Мужчыны, жанчыны і дзеці акружылі незнаёмага, з цікавасьцю і страхам аглядалі яго з усіх бакоў.
    Потым ламуты павялі госьця ва ўрасу. Усе селі вакол агню.
    Незнаёмы піў цагляны чай і расказваў ламутам аб заразьлівых хваробах і аб прышчэпцы.
    Потым, калі ён паехаў, ламуты доўга круцілі галовамі і гаварылі аб аленях і прышчэпцы.
                                                                            ----
    А як ламуты жывуць цяпер?
    Лес, тундра, алені, паляваньне — усё гэта засталося, як раней. А жыцьцё перамянілася. Не стала шаманаў. „Шаманіць”, г. зн. варажыць і абіраць, сурова забаронена. Ды ў шаманаў не стала і патрэбы, на культбазе дактары лечаць людзей і аленяў. Для дзяцей адкрыты школы. Больш. здольныя з ламуцкай моладзі заканчваюць Інстытут паўночных народнасьцей у Ленінградзе. Ламуты, прыяжджаючыя на пабудаваныя савецкай уладай культбазы, слухаюць дзіўнае радыё. Да вусьця ракі Калымы падыходзяць вялікія марскія параходы, і над Калымой пралятаюць стальныя птушкі — аэрапляны. Цемра і невуцтва сыходзяць у мінулае...






                                                                            [С. 126.]