czwartek, 14 maja 2015

ЎЎЎ 6. Шарлёта Крывалуцкая. Кірэнскі вузел Алеся Гаруна ды Якуцкая вобласьць. Ч. 6. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    22 верасьня 1917 г. Алесь Прушынскі прыехаў у свой родны Менск “дзе ён ўжо не застаў ні бацькі, ні бязьмерна каханай ім маткі”. /Стаход А.  Да восьмай гадавіны сьмерць А. Гаруна. // Маладняк. Сш. 7. Менск. 1928. С. 83./. “А. Гарун вярнуўся з Сыбіры худы, зжаўцелы, заўсёдна з далікатна палахлівым поглядам і нейкай дакорнай маўклівасьцю, але пясьняр не дбае аб сабе і з галавой уваходзіць у рэвалюцыйную працу”. /Піотуховіч М. М. Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Ч. 1. (Агляд літаратурна-ідэолёгічных плыняў ХІХ і пачатку ХХ в.). Менск. 1928. С. 179.Нягледзячы на цяжкую хваробу (сухоты), А. Гарун актыўна ўключаецца ў беларускую палітычную і культурную справу. Паэт аддае свае невялікія грошы, так ашчадна зьбіраныя ў Сыбіры, на адкрыцьцё заняпалай беларускай кнігарні ў Менску, якая пазьней была нацыяналізавана бальшавікамі. /Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 48./
    “Ён удзельнічае ў працы ІІІ зьезда Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ), дзе абіраецца сябрам ЦК БСГ, яе кіруючага органа. Ад імя мінчукоў разам з Аркадзем Смолічам выступае на ІІ Усерасійскім  зьезьдзе беларусаў-бежанцаў у Маскве і прадстаўляе беларускую дэлегацыю на зьезьдзе народаў Расіі ў Кіеве”. /Гарбінскі Ю.  “Народу на алтар свой дыямент прынёс...” Гарун: 1887-1920. // Вяртаньня маўклівая споведзь. Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мінск. 1994. С 149./
    “На Ўсебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 г. абіраецца віцэ-старшынёй Кангрэса”. /Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 49./
     У ліпені 1917 году Часовы ўрад у Расеі перайшоў да адкрытай барацьбы з Саветамі. Двоеўладзьдзе скончылася. Бальшавікі перайшлі ў падпольле й узялі курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. У кастрычніку 1917 году яны атрымалі перамогу й улада перайшла ў рукі Саветаў. Найвышэйшым органам савецкай улады на большай частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі быў Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыканкамзах).
    У той жа час (ліпень 1917 году) актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія правялі ІІ зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, прынялі рашэньне патрабаваць аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычна-рэспубліканскай Расеі. На зьезьдзе ўтварылася Цэнтральная Рада, якая пасьля кастрычніка 1917 году была пераўтвораная ў Вялікую Беларускую Раду. ВБР не прызнала ўладу Аблвыканкамзаху, бо разглядала яго як выключна франтавы орган улады. Супрацоўніцтва ВБР і Аблвыканкамзаху ў справе стварэньня беларускай дзяржаўнасьці не адбылося.
    Ужо 5 сьнежня 1917 году, адолеўшы ўсе перашкоды і рознагалосьсі ваеннага часу, быў заарганізаваны ў Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс, які абвясьціў сябе найвышэйшым органам улады Беларусі і не прызнаў тут легітымнасьць бальшавіцкай улады. У ноч з 17 на 18 сьнежня 1917 году бальшавікі зьезд разагналі. Але зьезд пасьпеў прагаласаваць за самавызначэньне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Ўсебеларускага кангрэсу атрымала ўсе юрыдычныя і маральныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы.
    Ужо 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зь Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і вырашылі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду, а таксама выдзелілі з свайго складу больш мабільны кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён зрабіўся юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу.
    9 сьнежня 1917 году паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай пачаліся мірныя перамовы, якія былі сарваныя па віне Льва Троцкага. Нямецкае камандаваньне аддала сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 году наступленьне, што рэзка абвастрыла сытуацыю на Заходнім фронце. Нямецкія войскі хутка набліжаліся да Гомелю і Менску. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаху і СНК Заходняй вобласьці мусіла сьпешна зьбегчы ў Смаленск.
    19 лютага 1918: беларускія і польскія месьцічы супольна вызвалілі Менск ад бальшавікоў; палякі загадвалі адміністрацыяй заходняй, большай часткай гораду, беларусы — усходняй.
    20 лютага 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят).
    Гэта было ў 1918 годзе — у старым Менску. У скромнай зале, за немаляванымі простымі сталамі, сабраліся прадстаўнікі беларускага народа. Адбывалася сэсія Рады Рэспублікі. Маладыя абліччы, гарачыя рэвалюцыйныя прамовы. Шмат тэмпэрамэнту, шмат прыгожых рэзалюцый, але як мала натужнай працы, як мала патрыятызму! Словы і словы... Рэвалюцыя, паглыбленьне рэвалюцыі, змаганьне з нямецкім імпэрыялізмам...
    И не дзіўна: мядовыя месяцы вялікае ўздойміцы яшчэ не былі перажытымі і цяжка было памірыцца з горкай праўдай, балюча было бачыць нямецкага шуцмана.
    Старшыня Рады Рэспублікі абвясьціў, што слова належыць раднаму Прушынскаму. Паднялася крыху згорбленая, апранутая ў сялянскую жакетку, павольная статура. Бледнае аблічча, цёмныя засмучаныя вочы, спакойны, роўны, але цьвёрды голас. Пачаў гаварыць просты сталяр, быўшы “катаржнік”, якога лепшыя гады жыцьця прайшлі ў халоднае і дзікае Сыбіры. Па волі расійскага цара — за лепшыя ідэалы, за абарону правоў вякамі няволенага беларускага селяніна дзевяць гадоў катаргі, дзевяць гадоў голаду і маральных здзекаў... Толькі мужыцкі сын, гарачы патрыёт мог знайсьці ў сабе сілы і веру, каб перажыць увесь цяжар катаргі. Гэтая вера і гарачая любоў да свайго роднага выліліся ў яркіх «думках”-песьнях, у прыгожых і ўталентаваных вершах.
    “Паны радныя, — гаварыў А. Прушынскі. — Я чуў тутака гарачыя і прыгожыя прамовы. Шмат гаварылася тутака аб рэвалюцыі, аб заслугах блізкага нам расійскага пралетарыяту, аб патрэбе паглыбляць рэвалюцыю. Я шаную рэвалюцыю, я аддаю ёй сваю пахвалу. Я сам рэвалюцыянэр, але аб адным забыліся вы: рэвалюцыі ў нас ў Беларусі няма. Яе задушылі Гофман і Троцкі ў Бярэсьці, падзяліўшы нашу Бацькаўшчыну, разарваўшы яе на часьці. Вы гаворыце аб паглыбленьні рэвалюцыі ў той час, калі нямецкі шуцман можа прыйсьці сюды і разагнаць гэты Высокі Сход. Іншыя з вас раюць нават змагацца з нямецкімі акупантамі аружнай сілай, весьці наш народ на барацьбу з узброеным немцам кулямётамі і гарматамі. А ці падумалі тыя, якія раюць гэта рабіць і сваімі харошымі прамовамі і другіх да гэтага шалёнага ўчынку падбухторваць, што магло б стацца, каб сапраўды наш селянін з голымі рукамі пайшоў біцца з немцам? Ці падумалі аб тым, што мітынговыя прамовы пара скончыць, што трэба цяперака займацца не прамовамі, а трэба, па маёй думцы, разважыць аб тым, як пачаць і з чаго распачаць нашае дзяржаўнае будаўніцтва. Трэба падумаць аб тым, як уцекачоў нашых пераправіць на Бацькаўшчыну, чым накарміць іх, — як школы адкрыць, як абараніць нашага селяніна ад рэквізыцыяў, як завесьці суды і шмат, шмат яшчэ чаго.
    Паны радныя, памятайце, што мы — прадстаўнікі народа, мы яго голас. Прыпомніце, што народ нас выбраў для працы, і працы цяжкой, а не для гульняў і прыемных гутарак і супярэчак. Наш селянін мала гаворыць, а шмат робіць. Вас — прадстаўнікоў народнае волі — я заклікаю да працы”. /А. А-К. [Антон Аўсянік]  Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі). // На суд гісторыі. Успаміны. Дыялогі. Мінск. 1994. С. 45-46./
    21 лютага 1918 г. Выканкам Усебеларускага кангрэсу зьвярнуўся да народу Беларусі зь Першай устаўной граматай, у якой абвясьціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкамам Усебеларускага кангрэсу да адкрыцьця Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма функцыі новай улады ўскладаліся на створаны першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Усебеларускага кангрэсу.
    Пры канцы лютага 1918 году ў Менск, дзе знаходзіўся Выканкам Усебеларускага кангрэсу, прыйшлі войскі кайзэраўскай Нямеччыны, якія 21 лютага раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну і забралі касу Народнага Сакратарыяту, сарвалі зь яго будынка бел-чырвона-белы сьцяг ды выгналі службоўцаў.
    3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала зь Нямеччынай Брэсцкую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лініі Дзьвінск—Сьвянцяны—Пружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне, якія мусілі вырашыць будучыню гэтых зямель.
    9 сакавіка 1918 году Выканкам Усебеларускага кангрэсу ў адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, прыняў Другую ўстаўную грамату, якая зьяўляецца канстытуцыйнай. У ёй гаворыцца пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ў межах расьсяленьня і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу БНР атрымала Рада БНР. Яна аб’яўлялася заканадаўчым органам да скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму. Нямеччына да фармаваньня дзяржаўных інстытутаў БНР ніякага дачыненьня ня мела.
    25 сакавіка, пасьля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасьці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, большасьцю галасоў была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, Берасьцейская мірная дамова скасоўвалася. Афіцыйнай мовай была абвешчаная беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — места Менск.
    Немцы, якія былі хаўрусьнікамі бальшавіцкай Савецкай Расеі, разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У гэткіх цяжкіх умовах Рада БНР зьвярнулася да нямецкага імпэратара з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленьне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэньні яе дзяржаўнай незалежнасьці ў хаўрусе зь Нямецкай Імпэрыяй. Але Нямеччына не прызнала БНР і зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэньню нацыянальнага войска Беларусі. Таму рэальнай улады Народны Сакратарыят БНР не атрымаў і працягваў сваё існаваньне толькі фармальна. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала чальцам БНР самастойна вырашаць шэраг культурных і адукацыйных пытаньняў.
    Алесь Гарун “прымае чынны ўдзел у беларускіх арганізацыях, якія дзейнічалі ў Беларусі ў часе нямецкай акупацыі. Зьяўляючыся рэдактарам нацыянал-дэмакратычнай газэты “Беларускі Шлях (1918 г.), паэт актыўна супрацоўнічае ў “Вольнай Беларусі”. На старонках беларускага пэрыядычнага друку, у калектыўных зборніках друкуюцца яго вершы. нарысы і апавяданьні, востра палемічная публіцыстыка”. /Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 49./
 


    Напрыканцы сакавіка 1918 г., неўзабаве пасьля абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, Алеся Гаруна прызначылі рэдактарам газэты “Беларускі Шлях”. /Гарбінскі Ю.  “Народу на алтар свой дыямент прынёс...” Гарун: 1887-1920. // Вяртаньня маўклівая споведзь. Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мінск. 1994. С 149./
    У 1918 годзе жыць было цяжка, бо дрэнна было з ежай, цяжка было дастаць прадуктаў і цяжка было з заработкамі. Алесь Гарун дрэнна тады тут аджыўляўся. Здароўя не паправіў, ледзь толькі трымаўся на сілах. Але пры тым меў на сваім утрыманьні родную матку старую і недарослага ды няўдалага брата гадоў пятнаццаці, які сваім абыходжаньнем, сваім характарам нэрваваў Алеся, псаваў яму здароўе.
    Жыў ён тады па Захараўскай (за бальшавікамі Савецкай) вуліцы, побач з рэдакцыяй «Вольнай Беларусі». Меў памяшканьне з аднаго пакойчыка. Месца для госьця на начлег не было, дык я ў яго спаў на падлозе...
    Цяжкая тады, у 1918 г., была праца Цэнтральнай Беларускай Рады ў Менску і Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі. Нямецкія вайсковыя ўлады, што, праўда, не рабілі ім цяжкасьцей, а нават спагадалі ў рабоце беларускіх арганізацый, — але тут былі рэшткі царскіх установаў: расейскія суды, дзе беларускай нацыянальнай справе не было спагады; было тут земства, значыцца — Земская ўправа, дзе панавала маскоўшчына, як і за савецкім рэжымам у Менску — у беларускай сталіцы. Сьвядомай беларускай інтэлігенцыі было малавата, — каб забраць усю цывільную ўладу ў рукі беларускіх нацыянальных дзеячаў. /Будзька Э.  Пясняр у жыцці. // На суд гісторыі. Успаміны. Дыялогі. Мінск. 1994. С. 42-43./
 


     “Ты ведаеш, у Алеся была сястра Зюня (Юзэфа), яна выйшла замуж за ваеннага паляка, калі яны былі у Менску і выехала з ім. У яго яшчэ быў брат Антось, хлапчук гадоў 13-14 – хуліган і злодзей і г. д. Маці Алеся – прачка, жанчына змучаная жыцьцём, несымпатычная, жыла з гэтым Анцікам, а таксама і Алесь у кухні гэтага дому [Беларуская хатка” – так называлі сталоўку Бел. Камітэту помачы ахвярам вайны” - Захараўская 15. Там пасьля была рэдакцыя “Вольнай Беларусі”. А. Гарун і яго сям’я жылі у пакоі за кухняй, дзе раней жыла кухарка], а я там дзе вы з мамай жылі – у гэтым даўгім пакоі. Калі рэдакцыю [“Вольнай Беларусі”] (пры немцах) зачынілі, а мы перабраліся у дом Русецкіх – на Старажоўскай 1 – дык у гэтым пакоі дзе Вы жылі з мамай – яны сталі жыць (Алесь з сям’ёй). І там Алесь хварэў сыпняком, а мы з Язэпам (мужам) яго адведвалі. Гэта было у 1919 годзе”. /З ліста Ванды Лёсік да Зоські Верас/.
    Упершыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з Забор’я, дзе жылі мае бацькі, з мясцовасьці, якая ляжыць у сямідзесяці вёрстах ад Менску і належала ў тыя часы да Ашмянскага павета. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжак для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я і мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня зьмяшчалася тады ў двухпавярховым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць «Новага» касьцёла. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, а за ім — высокага худога чалавека, апраненага ў жакетку з саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, што развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на “зважай” перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозьвішча.
    — Прушынскі,— адказаў мне ён, падаючы руку да прывітаньня.
    Я ўжо ведаў, што Аляксандр Прушынскі — гэта сапраўднае імя паэта Алеся Гаруна, творы якога я з вялікім захапленьнем вучыў на памяць і дэклямаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы разгаварыліся. Алесь Гарун з вялікай цікавасьцю распытваў мяне аб тым, то робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сьвядомасьць сярод сялянства ды напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.
    Улетку 1918 г, апрача гэтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыяжджаючы з івянецкімі балаголамі. Кожны раз я наведваў беларускую кнігарню і сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым жа доме на другім паверсе зьмяшчалася рэдакцыя беларускай газэты “Вольная Беларусь”. Там я пазнаёміўся і з  Язэпам Лёсікам і з ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой вядомага беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш.
   На сьвеце ўсьцяж не было супакою. Увосень 1918 г. выбухнула рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаны капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Сьледам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходеу ішло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі”. /Кушаль Ф.  Сорак два гады таму (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну). // На суд гісторыі. Успаміны. Дыялогі. Мінск. 1994. С. 54-55./
    Пасьля лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне (1918 год) Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкую мірную дамову і рушыў Чырвоную Армію на захад. У абставінах адыходу нямецкіх войскаў Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 заклікала беларускі народ да захаваньня парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зробленая спроба стварэньня палітычнага цэнтру бяз Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партыяў, прафэсійных арганізацыяў і фарміраваньня на гэтай падставе органаў краявой улады. Прадстаўнікі левых арганізацыяў тым часам схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай. Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступленьня супраць савецкай улады, да абароны БНР.
    10 сьнежня 1918 году Чырвоная Армія заняла Менск. Менскі Савет абвясьціў аб аднаўленьні Савецкае ўлады. Да сярэдзіны лютага 1919 году амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў. Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым прапанаваў пераўтварэньне Заходняй вобласьці ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР.
    30 сьнежня 1918 году ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), на якой вырашалася пытаньне аб утварэньні БССР і КПБ. Было прынята рашэньне аб стварэньні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі і перайменаваньні РКП(б) у КПБ. ЦК КПБ узначалілі Аляксандар Мясьнікян і Вільгельм Кнорыньш, урад БССР — Зьміцер Жылуновіч. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфэст ураду Беларусі, які абвясьціў утварэньне БССР. Уся ўлада дэкляравалася толькі за Саветамі, сталіцай прызнаны Менск, пачалася падрыхтоўка да І зьезду Саветаў, каб заканадаўча аформіць стварэньне новай дзяржавы.
    У студзені 1919 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступленьня Чырвонай Арміі і дзейнасьці польскіх ваенізаваных фарміраваньняў) у Гародню. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасьня 1919.
    Погляды ў Аляксандра Прушынскага — Алеся Гарука мяняліся, ён пакінуў партыю эсэраў, членам якой быў з семнаццаці гадоў, уліўся ў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, напісаў яе праграму, якая ў некаторых месцах мала чым адрозьнівалася ад праграмы партыі Леніна — партыі бальшавікоў. Таму недзіўна, што калі ў 1919 годзе немцы адступілі з Мінска, Аляксандр Прушынскі не ўцёк у іх абозе разам з іншымі, а астаўся дома”. /Аляксандр Прушынскі – Алесь Гарун. // Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі. Літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю. Мінск. 1990. С. 278./
    Пры Савецкай уладзе А. Гарун працаваў у камісарыяце па сацыяльным забесьпячэньні, апекаваўся над дзіцячымі прытулкамі і багадзельнямі, адначасна зьяўляючыся сябрам беларускага дабрачыннага таварыства “Цётка”. /Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 49./
    1919 год. Нямецкую акупацыю зьмяніла бальшавіцка-маскоўская. Урадавыя беларускія ўстановы выехалі. Рада Рэспублікі сваю чыннасьць спыніла. Сябры Рады Рэспублікі абвешчаны былі бальшавіцкай уладай “вне закона”. Прушынскі застаўся ў Менску. “Нікуды не паеду, — казаў ён. — На Бацькаўшчыне шмат працы. Сьмерці ж я не баюся, дый і не расстраляюць мяне — пасаромяцца: усе ж такі я — стары рэвалюцыянэр”.
    І застаўся працаваць, працаваў цяжка. Працаваў у дзіцячых прытулках, недаядаў часта, недасыпаў, хварэць пачаў. Меў шмат клопатаў і непрыемнасьцяў ад бальшавіцкіх камісараў, але заставаўся, як заўсёды, спакойным і гумару не траціў. Па вечарах дапозна сядзеў і пісаў свае думы-вершы. Дзяліўся са сваёй матуляй-старушкай сваімі радасьцямі і смуткамі.
    Пад канец панаваньня бальшавікоў у Менску распачаўся нялюдзкі тэрор. Кожны дзень расстрэльваліся сотні людзей. Чэка агарнула якоесьці шаленства. Стала цяжка дыхаць. Алесь пачаў нэрвавацца, пачаў пратэставаць, і пратэставаць адкрыта, не хаваючыся і не палохаючыся за ўласнае жыцьцё. З велізарнай цяжкасьцю, проста сілком, удалося прыяцелям Гаруна ўгаварыць яго выехаць на нейкі час з Менска. І гэта было зроблена ў пару, бо чэка ўжо яго шукала...” /А. А-К. [Антон Аўсянік]  Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі). // Алесь Гарун. Выбраныя творы. Мінск. 2003. С. 390./
    Тым часам у красавіку 1919 году Войска Польскае заняло Вільню і Горадню, а на пачатку жніўня быў Менск, утварыўшы Грамадзянскае кіраўніцтва Ўсходніх земляў.
    19 верасьня А. Смоліч і Я. Лёсік накіравалі кіраўніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасьць структураў БНР.
    Пасьля бальшавікоў прыйшлі палякі. А. Прушынскі па-ранейшаму апякуецца над дзіцячымі прытулкамі і адначасова спаўняе абавязкі старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту. І толькі напрыканцы кастрычніка 1919 года пераходзіць на сталую працу ў БВК”. /Гарбінскі Ю., Скалабан В.  “Жыцьця недапісаны ліст...” З новых матэрыялаў пра Алеся Гаруна. // Шляхам гадоў Гісторыка-літаратурны зборнік. Мінск. 1994. С. 196./
    Бальшавіцкая акупацыя зьмянілася польскай. Заварушыліся беларусы, забегалі. Шмат працы, шмат працы! Трэба ствараць усё спачатку, нанова. Няма газэты, няма грошай. Школы сталі — дзеці ў прытулках галадаюць.
    Маніфест Пілсудскага акрыліў надзеямі, паддаў энэргіі і веры.
    “Як роўны з роўным, як вольны з вольным... Ідзём вызваляць вас з-пад чужацкага ярма, каб Вы самі пастанавілі аб сваёй дзяржаўнай прыналежнасьці...”
    Прыгожыя словы, падсалоджаныя. Шмат хто паверыў ім — у тым ліку быў і Гарун. Я памятаю яго сільную зьместам прамову да Пілсудскага, калі апошні быў у Менску. Гарун гаварыў і верыў, што сапраўды прыйшлі палякі, каб вызваліць Беларусь ад чужынцаў з усходу, каб сапраўды даць нашаму народу распачаць будаўніцтва свайго гаспадарства. І доўга трымалася ў ім гэта вера. Шчыра пачаў працаваць у кірунку зьбліжэньня двух блізкіх народаў — паляка, ужо аслабаніўшагася, і беларуса, яшчэ прыгнечанага”. /А. А-К. [Антон Аўсянік]  Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі). // Беларускі Сьцяг. № 1. Коўна. 1922. № 1./
    18-19 верасьня 1919 г. Юзаф Пілсудскі, ураджэнец маёнтка Зулава Сьвянцянскага павета Віленскай губэрні, які пры арышце ў 1887 г. назваў сябе беларусам, адведаў Менск.    Арыштаваны 1 сакавіка 1887 г. за замах на Аляксандра ІІІ Пілсудскі даў наступныя паказаньні: “Завуць мяне Восіп Восіпавіч Пілсудскі, ад роду маю 19 гадоў; паходжаньне, народнасьць – дваранін, беларус; званьне – былы студэнт Харкаўскага унівэрсытэта, мэдыцынскага факультэта; месца нараджэньня і месца пастаяннага жыхарства – Віленская губэрня, Сьвянцянскі павет, маёнтак Зулаў, пражываў да арышту ў Вільні на Наўгародзкай вуліцы, дом Янкоўскага; заняткі – не маю пэўных заняткаў; сродкі да жыцьця – дапамога бацькоў; сямейнае становішча – халасты; бацька жыве ў маёнтку, маці памерла, маю пяцёра (5) братоў...”. /Хацкевіч А.  Хто ж быў Юзаф Пілсудскі? // Звязда. Мінск. 14 лістапада 1991./
    “Як паведамлялася ў газэце “Минский курьер”, 18 верасьня “Менск з самага ранку прыняў сьвяточны выгляд: усе будынкі аздоблены сьцягамі, зелянінаю, транспарантамі. Усюды бачыліся партрэты Начальніка Дзяржавы. Шмат будынкаў і памяшканьняў асабліва выдзяляліся пекнасьцю і эфэктнасьцю сваіх упрыгожваньняў, а вуліцы горада напоўніліся сьвяточна настроеным натоўпам — тутака былі людзі ўсіх нацыянальнасьцей, рознага стану і становішча...”.
    Акрамя афіцыйных акупацыйных улад да сустрэчы рыхтаваўся і Часовы беларускі нацыянальны камітэт. 16 верасьня БНК правёў разам з начальнікам Менскай акругі У. Рачкевічам адмысловае пасяджэньне, дзе было вырашана, што камітэт прыме актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, у прыватнасці, яго старшыня А. Прушынскі (А. Гарун) выступіць на пасяджэньні ў Шляхецкім доме.
    Прыезд Пілсудскага чакаўся а 9-й гадзіне раніцы, але цягнік спазьніўся і прыехаў толькі ў 1815 вечара. Вось як згадвае гэты момант сустрэчы адзін з польскіх урадаўцаў — К. Рдултоўскі, які прыехаў з Баранавіч: “Разам са старастамі ды мінскімі ўрадаўцамі мы чакалі Начальніка Дзяржавы на вакзале Лібава-Роменскай чыгункі, утварыўшы ганаровую варту... Ужо зьмяркалася, калі нарэшце мы ўбачылі цягнік, хутка ён спыніўся, і з вагону насупраць мяне выйшаў Пілсудскі, задумлены, паважны. Аркестар зайграў нацыянальны гімн, і Начальнік Дзяржавы, салютуючы, пайшоў уздоўж нашай лініі...”. Павітаўшыся з вартай, ён прыняў рапарт яе начальніка і намесьніка Рачкевіча — А. Яленскага, выслухаў кароткае прывітаньне бургамістра горада М. Доўнар-Запольскага і пасьля прыняцьця на прывакзальным пляцы рапарта камандзіра кавалерыйскага эскорту пад гучныя воклікі “Няхай жыве!” накіраваўся ў Шляхецкі дом, дзе месьцілася ягоная штаб-кватэра.
    Ля штаб-кватэры госьця сустракаў натоўп, напэўна не меншы, чым на Віленскім вакзале. На ганку яго ўрачыста, з хлебам-сольлю вітала дэлегацыя менчукоў, а спадарыня Фабіяна Чапская ўручыла вялізны букет кветак нацыянальных польскіх колераў. Пасьля прывітаньня Кіраўнік Польскай дзяржавы літаральна хвіліну пабыў у сваім пакоі, адкуль выйшаў ужо ў вялікую залю, якая была напоўнена дэлегацыямі з гарадоў і вёсак, і пачаў па чарзе да іх падыходзіць. Вельмі сымбалічна, што першай з усіх яго вітала дэлегацыя Беларускага камітэта, старшыня якога А. Прушынскі зачытаў адрас з выражэньнем падзякіпольскім войскам за вызваленьне Менскай зямлі ад маскоўскай навалыі выказаў надзею, шторазам з вольным Менскам, Вільняй і новым Гароднам вольнымі і шчасьлівымі будуць нашы адвечныя астрогі на рубяжах Масквы Віцебск, Магілёў і стары Смаленск”. Падчас гутаркі адбыўся нечаканы скандал. Беларускі прадстаўнік Ярашэвіч кінуўся да польскага кіраўніка з абвінавачваньнямі ў акупацыі краіны, кажучы, што “палякам няма чаго шукаць у Беларусі”. Пілсудскі, як згадваюць сьведкі, выслухаў “дэлегата”, а потым спакойна адказаў яму, што “войска прыйшло выгнаць бальшавікоў, даць народу вольнасьць, накарміць галодных”. Пасьля беларусаў адбыліся размовы з прадстаўнікамі польскага насельніцтва, габрэяў, духавенства і іншых.
    На наступны дзень, 19 верасьня, была запланавана вялікая праграма разнастайных сустрэч і візытаў, якія не адбыліся ў першы дзень. Асноўнымі пунктамі яе былі: ранішняя імша ў катэдральным Марыінскім касьцёле, вайсковы парад, наведваньне праваслаўнага сабора, прыём дэпутацый у Шляхецкім доме, вячэрні канцэрт.
    Раніцай, каля 9 гадзін, на Саборным пляцы, дзе месьціўся касьцёл, ужо былі пашыхтаваны войскі, вайсковыя аркестры. пажарная каманда, вучні польскіх школ і прытулкаў, шматлікія гараджане. А палове 10-й гадзіны на пляц уехаў аўтамабіль Я. Пілсудскага. Пад прывітальныя воклікі і воплескі ён са сваім атачэньнем заняў адпаведнае месца каля алтара. Імшу адпраўляў ксёндз Зыгмунт Лазінскі. Пасьля заканчэньня сьвятар зьвярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой адзначыў ролю кіраўніка Польшчы ў справе вызваленьня краю ад бальшавікоў.
    У хуткім часе на Саборным пляцы адбыўся парад польскіх войск, пасьля якога Пілсудскі ў суправаджэньні шматлікіх дэпутацый накіраваўся ў праваслаўны Святадухаўскі катэдральны сабор, дзе на ўваходзе быў сустрэты архіепіскапам Мінскім Мельхіседэкам са словамі: “Многая лета пану начальніку Рэчы Паспалітай, многая лета...”. Гэтыя словы падхапіў царкоўны хор, што стварыла вельмі ўрачысты настрой.
    А 13-й гадзіне адбылася найважнейшая падзея за ўвесь час прыезду кіраўніка Польшчы ў Беларусь — прыём 44 дэпутацый ад амаль усіх нацыянальных, рэлігійных ды грамадзка-палітычных згуртаваньняў Меншчыны і беларускіх абшараў па-за яе межамі, занятых польскімі войскамі. Пасля прывітаньня Пілсудскага ўсе запрошаныя перайшлі ў Вялікую залю Шляхецкага дому для заслухоўваньня выступленьняў. На першыя месцы паселі прадстаўнікі духавенства: біскуп Лазінскі, архіепіскап Мельхіседэк, татарскі мула, габрэйскі рабін. Заля была поўная людзей. Карэспандэнт “Минского курьера” адзначаў: “Тутака ў наяўнасьці прадстаўнікі нацыянальнасьцей усёй Рэчы Паспалітай: тыповыя сяляне беларусы ў нацыянальных строях, прадстаўнікі габрэйскай абшчыны ды шматлікіх польскіх арганізацый”.
    Першым прамоўцам быў біскуп Лазінскі, а за ім ужо выступалі архіепіскап, татарскі мула, старшыня габрэйскай абшчыны Е. Хургін, старшыня “Польскай Рады Мінскай Зямлі” І. Каневіч і шмат іншых, у тым ліку трое ад беларусаў, у прыватнасьці, А. Прушынскі, які са спадзяваньнем адзначыў, што “...усе беларускія землі будуць аб’яднаны ў адзіны дзяржаўны арганізм”. Усе выступаючыя былі з цікаўнасьцю выслуханы, але ж сапраўднай кульмінацыяй трэба лічыць прамову Пілсудскага на беларускай мове, у якой ён выказаў спадзяваньне, што Беларусь “як асобная адзінка, зойме належнае ёй месца ў сусьветным ліку дзяржаўных народаў”. /Астрога В.  Язэп Пілсудскі ў Мінску. Хроніка аднаго візіту. // Голас Радзімы. Мінск. 4 сьнежня 1997. С. 1, 4./
    [На прыёме выступалі два беларускія прамоўцы ад сялян і адзін ад імя ўсіх беларускіх арганізацый. Першы сялянскі прадстаўнік выступіў на беларускай мове і выказаў жаданьне вяскоўцаў “жыць і працаваць у непарыўнай братэрскай сувязі з Польшчай і польскім народам і прасіў не адпіхваць іх, не выдзяляць і не ствараць абмежаваньняў”, паведаміў “Минский курьер” 21 верасьня. Другая прамова была сказана па-руску ўжо згаданым М. Ярашэвічам. Ён выступіў з крытыкай акупацыйных улад, закрануў пытаньне аб статусе беларускай мовы. “...Народная мова Беларусі складае частку расейскай, — заяўляў прамоўца. - Літаратурная мова беларуская знаходзіцца ў стане распрацоўкі... Тутэйшыя ж улады прыгнятаюць расейскую мову... Якая павінна быць мова для беларусаў — расейская або беларуская, павінна быць вырашана законным дэмакратычным прадстаўніцтвам краю. а не акупацыйнай уладай...” (“Минский курьер”. 21 вер.). Такім жа дысанансам, але ўжо да Ярашэвіча, было выступленьне на беларускай мове трэцяга прадстаўніка беларусаў А. Прушынскага, які адзначыў: “Пад ударамі гераічных польскіх войскаў адбыўся цуд вызваленьня беларусаў Меншчыны ад новага маскоўскага наезду, што зьявіўся да нас у выглядзе бальшавікоў. Мы верым, што (...) усе беларускія землі будуць аб’яднаныя ў адзіны дзяржаўны арганізм”.
    Апошнім, у адказ на ўсе прывітаньні, выступіў на беларускай мове Ю. Пілсудскі. Галоўныя палажэньні яго прамовы, якую надрукаваў “Звон” 24 верасьня, былі наступныя: “Шчыра дзякую за выказаныя мне, як Галаве польскага войска і Польскай дзяржавы, прывітаньні. Як сын гэтае землі, я добра ведаю гаротнае палажэньне яе... Дзяды нашыя не бачылі ніколі нічога лепшага як гвалт, мукі і злачынства... Нараджаліся людзі ў няволі... Надышла гэта вялікая вайна, вялікая хваля разрухі... На працягу 5-ці гадоў тутака гуляў самы злосны гвалт над душамі і сэрцамі жыхароў... Польскае войска, якім я маю гонар камандаваць, усюды нясе вызваленьне і свабоду. Польшча йдзе на ўскраіны не дзеля таго, каб навязваць сваю волю. Я выдаў Адозву, пацьверджаную вышэйшай уладаю — Польскім Соймам, што гэтай зямлі ніхто і нічога гвалтам накідаць не будзе, яна будзе вольнаю, і само насяленьне вырашыць формы свайго палітычнага быту.
    ... Насельніцтва будзе паклікана да выбараў органаў мясцовага самакіраваньня, а затым надыдзе час, калі вы зможаце выказаць свае думкі і пажаданьні пра дзяржаўны лад. І ў першым, і ў другім выпадках дадзеная будзе поўная свабода, без усялякіх рэлігійных, нацыянальных або клясавых абмежаваньняў. Я буду ганарыцца Польшчаю, польскім войскам і самім сабою, калі змагу даць гэтай зямлі найвышэйшы дар, з якога яна гэтулькі часу не карысталася, — дар волі... Пакуль я буду камандаваць польскім войскам — я гарантую дэкляраваную свабоду. Я веру і спадзяюся, што гэтая зямля... зойме належнае ёй месца ў сусьветным ліку дзяржаўных народаў”.
    Вітальныя воклічы грымелі ў зале ў гонар высокага госьця, але большасьць прысутных была ў зьдзіўленьні. Вось як пра гэта ўспамінае Рдултоўскі: “Для большасьці з нас палякаў... абедзьве гэтыя беларускія прамовы зьдзейсьнілі дзіўнае і турботнае ўражаньне. Нават той факт, што прывітаньне было прамоўлена не па-польску, рабіў для польскіх вушэй пэўную прыкрасьць... Начальнік дзяржавы зьвярнуўся па-беларуску да людзей, якія дасканала ведалі польскую мову”.
    Пасьля афіцыйнага прыёму дэлегацый Пілсудскі запрасіў да сябе тых, хто жадаў пэрсанальна з ім пагутарыць”. /Астрога В. А., Скалабан В. У.  Хроніка аднаго візіту. // Мінск. Памяць. Гісторыка–дакументальная хроніка. Кн. 2. Мінск. 2002. С. 419./]
    “Пасьля афіцыйнай часткі Я. Пілсудскі прымаў у сябе тых, хто жадаў пэрсанальна з ім пагутарыць. А на ганаровым абедзе наогул адбылося даволі цікавае здарэньне. Старшыня Польскага камітэта Генрык Грыбоўскі паставіў перад Пілсудскім срэбраны кухаль, напоўнены віном, просячы выпіць яго за гонар Вялікага Княства Літоўскага. Апошні пачаў адмаўляцца, кажучы, што келіх занадта вялікі, і запытаў, адкуль ён. Грыбоўскі адказаў: “Няхай спадар начальнік вып’е, а мы паглядзім”. Пасьля таго, як посуд апусьцеў, аказалася, што ў сяродку было выгравіравана пасьвяшчэньне, што ён быў ахвяраваны Тадэвушу Рэйтану ад паслоў Наваградзкай зямлі”.
    А 20-й гадзіне пачаўся ўрачысты вечар у гарадзкім тэатры. Паводле паведамленьня газэты “Звон”, “...вечар быў поўным трыюмфам вядомага беларускага хору сп. Тэраўскага. Перад поўным тэатрам сьвяточна настроенай публікі было выканана шмат сьпеваў, полек, музычных кампазыцый”.
    Кульмінацыйным момантам была дэклямацыя беларускага верша маленькай дзяўчынкай, да якой пасьля выступленьня выйшаў з залі Пілсудскі і падараваў букет кветак. А выкананьне беларускага гімна “Краіна родная” наогул выклікала “мора кветак і гром аплядысмэнтаў”.
    Апоўначы Я. Пілсудскі мусіў ад’яжджаць у Варшаву. Вось як апісвае “Минский курьер” гэты ад’езд: “...а 12-й гадзіне ночы пасьля вячэры ў Камісара Акругі Ул. Рачкевіча, Начальнік Дзяржавы ў суправаджэньні свайго атачэньня адбыў на Віленскі вакзал. На пляцу перад вакзалам яго сустракалі добраахвотнікі вольнапажарнага таварыства з аркестрам музыкі, пры запаленых паходнях.
    На пэроне вакзала пашыхтавана ганаровая варта з аркестрам музыкі, Начальнік Дзяржавы, шчыра разьвітаўшыся з прадстаўнікамі вайсковай і цывільнай улады, якія яго праводзілі, зайшоў у вагон.
    З пляцоўкі вагона ён у цёплых выразах падзякаваў за аказаны яму ў Менску прыём. Пры гуках польскага гімну цягнік павольна адышоў ад станцыі”. 21 верасьня бронецягнік прыбыў у Варшаву”. /Астрога В.  Язэп Пілсудскі ў Мінску. Хроніка аднаго візіту. // Голас Радзімы. Мінск. 4 сьнежня 1997. С. 4-5./
    На сустрэчы з Пілсудскім Алесь Прушынскі зьявіўся не выпадкова. Справы ў тым што яны абодва пабывалі ў Кірэнскай ссылцы, праўда, у розныя часы.
 

 
    Тое, што Пілсудскі памятаў пра Кірэнск, дзе ў яго адбыўся бурны раман з Леанардай Левандоўскай, сьведчаць успаміны Мечыслава Лепецкага, які ў 30-я гады, з дазволу Савецкага ўрада, праехаў па сыбірскіх месцах ссылкі Юзэфа. Пасьля вяртаньня, Лепецкі сустрэўся з Пілсудскім і той, паказаўшы на стромкі бераг Днястра, прамовіў: “Гэта гара нагадвае мне бераг Лены ў Кірэнску. Вы там былі і можаце параўнаць”. /Lepecki M. Sibir bez przekleństw (podoróż do miejsc zesłania marszałka Pilsudskiego). 1934. S. 116./
    Увесну 1919 г. пачалася новая вайна — польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасьля 8 жніўня 1919 г. — заняла Менск. Неўзабаве па заняцьці палякамі Вільні, у траўні 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі зьезд Віленшчыны і Гарадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На зьезьдзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваньнем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасьля вельмі даўніх намаганьняў і перамоваў, бо ім толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудскі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым жа дэкрэтам паклікалася Беларуская вайсковая камісія (БВК), кожны сябра пайменна. У склад камісіі былі пакліканыя дэкрэтам гэткія асобы: на старшыню БВК прызначаўся Паўла Аляксюк, адвакат паводле прафэсіі, вельмі актыўны ў тых часах беларускі дзеяч. На камандуючага беларускімі вайсковымі аддзеламі прызначаўся палкоўнік Канапацкі, беларус татарскага паходжаньня. У склад камісіі быў пакліканы і Аляксандр Прушынскі, а апрача яго, як сябры камісіі, гэткія асобы: Антон Аўсянік, маёр Якубецкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, палкоўнік-інтэндант Якубоўскі і я, капітан Францішак Кушаль. Месцам урадаваньня Беларускае вайсковае камісіі вызначаўся Менск...
    У сьнежні 1919 г. БВК пакінула Вільню і прыбыла ў Менск, дзе заняла даволі вялікі менскі гатэль “Гарні”. На першым паседжаньні камісіі быў абраны ейны прэзыдыюм, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандр Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. I сапраўды, досыць было глянуць на яго, і кожны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек. Аднак, дармо што ўсе слушныя адмовы, Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію, і ён застаўся заступнікам старшыні Прэзыдыюму БВК.
    Паўла Аляксюк быў незвычайна энэргічны чалавек, вельмі добры прамовец. Неўзабаве межы БВК сталіся яму зацесныя. Каб мець магчымасьць шырэйшае дзейнасьці, ён пачаў штораз часьцей выяжджаць у Варшаву, дзе, як казалі тады ў Менску, рабіў “высокую” палітыку. Паказаўшыся час-часом у камісіі, ён зноў на даўжэйшы час недзе зьнікаў. Ясна, што ўвесь цяжар працы ў БВК зваліўся на плечы хворага Прушынскага, а праца гэтая была вельмі цяжкая і нэрвовая. Бо, не зважаючы на дэкрэт найвышэйшага аўтарытэту, — галавы Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючага польскай арміяй, Язэпа Пілсудскага, справа арганізацыі беларускага войска ад пачатку сутыкнулася з немагчымымі да абладжаньня перашкодамі.
    Перашкоды гэтыя вынікалі найперш і з палажэньня, што існавала тады ў Беларусі. Зламаўшы супраціў бальшавіцкае арміі, польскае войска рынула за ворагам на ўсход, не даючы яму магчымасьці арганізаваць дзе-колечы абарону. На прасторах Беларусі, займаных польскай арміяй, зараз жа арганізоўвалася адміністрацыйная ўлада, вядома, вылучна з паланізаваных паноў, панкоў ды паўпанкаў.
    Неўзабаве ўсе адміністрацыйныя становішчы, а гэтаксама пасады ў паліцыі, былі занятыя гэтымі людзьмі. З вельмі малымі выняткамі, усе яны былі эндэцкае арыентацыі, а значыцца — зацятымі польскімі нацыяналістамі, ворагамі ўсяго беларускага, бо ж вядома, што няма горшага беларусаеда, як спаланізаваны беларус. Як і трэба было спадзявацца, гэтая зграя цалкам сабатавала дэкрэт Пілсудскага. Высыланыя БВК на правінцыю вербунковыя агенты звычайна арыштоўваліся і траплялі ў турмы. Ахвотнікаў ісьці ў беларускае войска не дапушчалі ў Менск і страшылі рознымі карамі. Можна сабе ўявіць, як перажываў усе гэтыя несправядлівасьці і перашкоды фактычны старшыня БВК Аляксандр Прушынскі, зьнясілены цяжкой хваробай, а таму асабліва чулы на кожную прыкрасьць ці няўдачу.
    Тым часам дні ішлі, набліжаўся ліпень 1920 г. БВК удалося з вялікімі цяжкасьцямі арганізаваць толькі адзін беларускі батальён. Сярод сяброў камісіі пачало расьці і мацнець вялікае незадавальненьне. Нарэшце недзе ў канцы чэрвеня 1920 г. у Менск прыехаў Паўла Аляксюк. Адбылося вельмі бурнае пленарнае паседжаньне БВК, і Алексюку быў адназгодна выказаны недавер Аляксюк падаўся ў дымісію. Тое самае зрабіў і палкоўнік Канапацкі. Беларуская Вайсковая Камісія апынулася ў крытычным палажэньні. Даць рады крызысу было вельмі цяжка, бо Аляксюк быў вызначаны на старшыню БВК дэкрэтам польскага галоўнакамандуючага. Справу трэба было ўзгадняць з польскім камандаваньнем Аднак усе перашкоды ўдалося абладзіць. Новым старшынёй БВК згадзіўся быць адзін з былых рэдактараў першае беларускае газэты ў Вільні ў 1904 годзе, «Нашай долі», Францішак Умястоўскі, запрошаны на гэтае становішча ўжо самой БВК. Прыняўшы становішча, Умястоўскі адылі ў Менск не прыбыў. Давялося Аляксандру Прушынскаму і надалей узначальваць БВК”. /Кушаль Ф.  Сорак два гады таму (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну). // З гісторыяй на “Вы”. Вып. 3. Мінск. 1994. С. 200-202./
    “Алесь Гарун у палітыку тады не ўдаваўся, працаваў на літаратурным Парнасе. Але, з надыходам у канцы 1918 г. бальшавікоў у Менск, пазнаў ён, “пачым хунт ліха” пад бальшавікамі. І вось калі ў 1919 годзе Менск быў акупаваны польскім войскам і калі Пілсудскі і Славэк запэўнілі беларусаў, што польская вайсковая ўлада паможа беларусам арганізаваць беларускае войска, — дык Алесь Гарун і паверыў у іхнія словы і прыстаў да арганізатараў. Утварылася тады Беларуская вайсковая камісія. Алесю Гаруну здавалася, што без ваеннай сілы, без ваеннай арганізацыі не ўдасца беларускім нацыянальным дзеячам утрымаць беларускую ўладу і ўтрымаць незалежнасьць Беларусі. Арганізацыя беларускай ваеннай сілы сталася для яго ў 1919 г. найпільнейшай працай над найпільнейшай патрэбай.
    Дзеля гэтага з беларускімі партыямі, з тымі, якія былі праціўныя згоднай працы з польскай ваеннай уладай на Беларусі — Беларуская вайсковая камісія абышлася востра. І тады польскія ўлады арыштавалі гэтых праціўнікаў, у тым ліку найбольш беларускіх эсэраў.
    Неяк раз, адведваючы Алеся Гаруна ў Вільні, у гасьцініцы “Жорж”, на праспэкце сьвятога Юрыя, дзе ён часова быў затрымаўся, прыехаўшы з Менску, — я ў яго спытаў: навошта так строга абышліся польскія ўлады з беларускімі дзеячамі з эсэраўскай партыі, між іншым — з Вацлавам Ластоўскім? Чаму Беларуская вайсковая камісія не заступілася за іх?
    Алесь Гарун быў тады апрануты ў форму беларускай вайсковай арганізацыі; выглядаў паказьней, чымся год назад, і выглядаў з гутаркі і з абыходжаньня на энэргічнага, на дзейнага вайскоўца.
    Ён тады адказаў, што так трэба было зрабіць з праціўнікамі.
    Значыцца, трэба было пазбыцца апазыцыі, каб Беларуская вайсковая камісія магла больш спакойна, больш скансалідаванымі сіламі і больш энэргічна і з лепшымі вынікамі працаваць у сваім кірунку — у кірунку арганізацыі беларускай вайсковай сілы.
    — Але, — дадаў А. Г., — рэжым для арыштаваных беларускіх эсэраў не цяжкі: Ластоўскі знаходзіцца як бы пад хатнім арыштам, іншыя ў грамадзе, разам дыспутуюць, спрачаюцца самі з сабой, знаходзячыся пад слабым арыштам...” /Будзька Э.  Пясьняр у жыцьці. // Беларуская газэта. Менск. 14 сакавика 1943./
 



    За часам польскае акупацыі, дармо што вайна і няпэўнасьць заўтрашняга дня, у Менску шырока разгарнулася беларускае культурнае жыцьцё. Тут стала жылі гэткія выдатныя беларускія пісьменьнікі, як Янка Купала і Зьмітрок Бядуля, даездам з Вільні падоўгу запыняўся драматург Францішак Аляхновіч, які сам рэжысіраваў свае рэчы дзеля паказу на менскай сцэне, часта выступаў вядомы хор Тэраўскага, стала выходзіла беларуская газэта “Беларусь” пад рэдакцыяй выдатнага журналіста і пісьменьніка Язэпа Лёсіка, якога лучыла з Гаруном асаблівая прыязнь, паўсталая яшчэ за часамі супольнга адбыванае імі ў Сыбіры ссылкі. У гэтым шырокім культурным жыцьці Алесь Гарун браў заўсёды дзейны ўдзел, тым болей што быў ён у гэтым часе і старшынёю Беларускага нацыянальнага камітэта, які займаўся арганізацыяй і кіраваньнем усяго беларускага жыцьця ў Менску. Не было дня, каб у ягоным кабінэце ў БВК, пасьля гадзінаў прыкрага і цяжкога ўрадаваньня, не зьбіраліся на нарады, што цягнуліся да позьняе ночы, беларускія культурныя працаўнікі дзеля абмеркаваньня пільных справаў з галіны выдавецкай, школьнай ды інш. Гэтак, паважна хворы на сухоты, Алесь Гарун, стаміўшыся за дзень да апошняга, мусіў, пасьля кароткага адпачынку, пачынаць назаўтра гэткі ж працоўны дзень, тыдзень па тыдні і месяц па месяцы. Нічога дзіўнага, што якраз да яго так хутка прычапілася яшчэ адна хвароба, стаўшыся беспасярэднаю прычынаю ягонае перадчаснае сьмерці.
    5 ліпеня 1920 г. бальшавікі пачалі на шырокім фронце наступ на польскую армію. Палякам давялося адступаць. У Менску была абвешчаная эвакуацыя. Сябры Беларускае Вайсковае Камісіі зышліся, апошнія ў Менску раз, на паседжаньне. Яны перагледзелі і адабралі найважнейшыя і найпатрэбнейшыя дакумэнты, бо забраць усяго не было магчымасьці, падзялілі іх міжсобку, пехатою пайшлі на чыгуначную станцыю і селі ў апошні эшалён, што пакідаў Менск.
    Ніхто з нас не ўяўляў сабе, якую жахлівую паразу дастала на Бярэзіне польская армія. Мы былі перакананыя, што бальшавікі будуць неўзабаве затрыманыя, праўдападобна на Нёмне, і наважылі далёка не падавацца, а затрымацца дзе-колечы ў заходняй частцы Беларусі. Найдагаднейшым месцам супынку здаўся нам Ваўкавыск.
    Лета 1920 г. было на Беларусі незвычайна гарачае. Рана і вельмі багата ўрадзіла гародніна. Беларускія сады аж хінуліся долу ад цяжкіх пладоў. Асабліва надзілі стомленых жаўнераў польскае арміі, што адыходзіла на захад, сьпелыя буйныя вішні. Яны рвалі іх, елі і запівалі вадой з прыдарожных студняў ды ручаёў. Неўзабаве скрозь выбухла эпідэмія крываўкі (дызэнтэрыі).
    Мы прыехалі ў Ваўкавыск каля паўдня наступнага дня ды пайшлі ў горад уладжвацца. Зайшліся на рынак. Сяляне прывезьлі сюды на продаж поўныя вазы вішняў. Вішні былі буйныя і сакавітыя. Мы ўсе ў ахвоту імі ласаваліся. Пад’еў усмак вішняў і Аляксандр Прушынскі. На другі дзень нашага побыту ў Ваўкавыску сябры БВК зышліся ў зале мясцовае гасьцініцы, каб абмеркаваць становішча, у якім мы апынуліся, ды пастанавіць, што рабіць далей. Алесь Гарун на нараду не прыйшоў. Не памятаю ўжо, хто з сяброў сказаў, што “Прушынскі не прыйдзе, бо ляжыць хворы ў сябе на гасподзе”. Я і Антон Аўсянік зараз жа пайшлі да яго, каб даведацца, што з ім. Гаспода Алеся Гаруна была на адной з ціхіх бочных вулічак Ваўкавыска і выглядала як звычайная сялянская хата. Калі мы ўвайшлі ў і гэтую хату, дык адразу ж пабачылі на драўляным сялянскім ложку, засланым саматканаю коўдраю, Аляксандра Прушынскага — Алеся Гаруна. Ён слабым голасам расказаў нам, што ўчора, пад’еўшы вішняў, пачуў вялікую смагу і напіўся, раз і другі, сьцюдзёнай вады. Пад вечар яму зрабілася дрэнна, забалеў жывот. Мучыўся ён ім усю ноч і цяпер адчувае незвычайную слабасьць, Пачуўшы гэта, Аўсянік пабег шукаць доктара, а за гадзіну прывёў лекара з вайсковае камендатуры. Агледзеўшы хворага, лекар сказаў, што Аляксандр Прушынскі захварэў на тыповую дызэнтэрыю, і дадаў: “Я вам дам паперу, адвезяце хворага на чыгуначную станцыю і чакайце. Неўзабаве праз станцыю будзе праходзіць санітарны цягнік, вось і здайце хворага дзяжурнаму лекару гэтага цягніка». Селянін, у хаце якога і прыпыніўся Алесь Гарун, сьведка ўсяе гэтае сцэны, згадзіўся адвезьці хворага на станцыю сваім канём. Мы дапамаглі Прушынскаму апрануцца і, калі пад ганак пад’ехала каламажка, вывелі яго пад рукі і пасадзілі на воз, бо сам ён стаяць на нагах ужо не мог. Аўсянік сеў побач з хворым і трымаў яго, абняўшы рукою, усю дарогу, я ж з фурманам сеў у перадку. Прыехаўшы на станцыю, мы сапраўды вельмі мала чакалі санітарны цягнік. Ён прыйшоў за якія паўгадзіны. Я і Аўсянік увялі зусім саслабелага Гаруна ў цягнік і перадалі санітару. Тут, у цягніку, мы — Антон Аўсянік і я,апошні раз паціснулі руку Алесю Гаруну, жадаючы яму барджэй ачуняць.
    Колькі год пасьля — памёр і Антон Аўсянік...
    Падзеі тым часам не стаялі на месцы. Польская армія затрымалася адно пад самай Варшавай, дзе і разьбіла нарэшце бальшавікоў. Прыйшло замірэньне. Польскае камандаваньне вызначыла месцам дзеля рэарганізацыі і папаўненьня БВК места Лодзь. Неяк увосень 1920 г. БВК атрымала ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя ў Кракаве, у якім паведамлялася, што Аляксандр Прушынскі, сябра БВК, памёр ад дызэнтэрыі, і падавалася дакладная дата сьмерці ды месца паховінаў.
    Вестка аб сьмерці Алеся Гаруна вельмі цяжка нас уразіла. БВК пастанавіла дэлегаваць некага з беларусаў у Кракаў, каб дакладна даведацца аб абставінах Гаруновае сьмерці ды знайсьці ягоную магілу, зазначыўшы яе так, каб заўсёды можна было яе адшукаць. Гэткім дэлегатам ахвоча згадзілася паехаць у Кракаў Паўліна Мядзёлка, тады жонка вядомага беларускага дзеяча Тамаша Грыба, які ў тым часе, як эмігрант, жыў у Лодзі. За тыдні два яна вярнулася з Кракава і расказала нам, што ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ёй далі ўсю патрэбную інфармацыю аб сьмерці Аляксандра Прушынскага ды паказалі ягоную магілу. Магіла гэтая знаходзіцца сярод магілаў польскіх жаўнераў, і на ёй стаіць просты драўляны вайсковы крыжык з таблічкай, на якой напісаныя два словы: Аляксандр Прушынскі... /Кушаль Ф.  Сорак два гады таму. (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну). // Алесь Гарун. Выбраныя творы. Мінск. 2003. С. 400-402./
    “1920 год. Польская акупацыйная пята пачала крэпка душыць беларушчыну. Аб прыгожых словах маніфэста Пілсудскага ўжо забыліся. Былі “ўсходнія крэсы” з жандармэрыяй, з галіцыйскімі чыноўнікамі і польскім шалёным шавінізмам.
    Пачаліся фармацыі беларускага войска. Гэтай справай верхаводзіла вайсковая камісія. На чале яе стаяў Прушынскі. І тут ён верыў, што палякі пойдуць насустрач беларускаму грамадзянству — дадуць стварыць сваю збройную сілу. Алесь і тутака працуе, аддаючы гэтай справе свае, ужо надарваныя хваробай, сілы. Пры надзвычайных варунках вялася гэтая праца. Халодныя і галодныя афіцэры першага беларускага войска, лепшая беларуская інтэлігенцыя, напружалі сілы, каб стварыць сваё войска, каб убачыць на родных вуліцах сталіцы беларускіх жаўнераў і пачуць беларускую жаўнерскую песьню. Напружаліся, працавалі - але ўжо болей не верылі падсалоджаным словам польскага пана...
   Перастаў ім верыць і Гарун. Не верыў і расчараваўся ў самой магчымасьці штосьці зрабіць пад польскай пятой. Шалёная хвароба прыкавала бедака да ложка. Тубэркулёз лёгкіх рабіў сваю работу. Алесь чах і відавочна слабеў. Але і тут знайшоў у сабе сілы не пакідаць любімай справы.
    Ён пачаў пісаць свае выдатныя “Дзіцячыя казкі”. Кажу — выдатныя, бо толькі чутная і крышталёвая душа Гаруна змагла даць такія прыгожыя, так глыбока разумеўшыя дзіцячую душу — казкі.
    Пад навалай бальшавікоў польскае войска ўздрыгнулася, пачало паддавацца. Гарэлі вёскі і мястэчкі. Гэта палякі “каралі” беларускіх сялян. Пачаліся расстрэлы, пачаўся зьдзек. Агнём, крывёй і сьлязьмі беларускага селяніна генэрал Шаптыцкі хацеў стрымаць наступленьне бальшавікоў...
    Хворы, ледзь жывы, амаль што не з апошнім цягніком, выехаў Гарун з Менска.
    “Куды едзеш і па што едзеш?” — пытаюся. “Еду, — адказвае, — бо цяперака, калі б застаўся, дык не мінуў бы бальшавіцкае кулі. А жыць я яшчэ хачу, дужа хачу”.
    І едзем. Едзем у таварным вагоне, на быдлячым гнаі. Шмат нас сабралася, усе мы пахмурыя, маўклівыя. І кожны з нас мас на думцы, напэўна, адно і тое: “Вось чым адплацілі палякі нашаму народу за наш давер — пажарам Беларусі! А нас, прадстаўнікоў яго, вязуць у гнаёўцы”.
    З цяжкімі і сумнымі думкамі даехалі да Ваўкавыска. Гарун зусім аслабеў. З болем у сэрцы прыйшлося палажыць яго ў паходны вайсковы шпіталь, які давёз у Кракаў.
    У Кракаве, на чужыне, без ніводнага блізкага чалавека, знайшоў сабе Гарун вечны адпачынак...
    Кажуць, што на вайсковых могілках можна знайсьці магілку, на якой стаіць маленькі драўляны крыжык з ледзь-ледзь прыкметным надпісам:
    Тутака пахаваны Аляксандр Прушынскі...” /А. А-К. [Антон Аўсянік]  Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі). // Беларускі Сьцяг. № 1. Коўна. 1922. № 1./
    Былы ж саўдзельнік Аляксандра Прушынскага, Абрам Рувімавіч Левітас, зрабіўся чальцом “ВКП(б). Чл. бил. О-ва № 34”. /Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 353./ Пражываў: Ленинград Карманицкий пер. д. 3. кв. 32.
    У весну 1921 году, палякі выконваючы пастанову Рыскай мірнай дамовы, пачалі расфарміраваньне замежных антыбальшавіцкіх арганізацыяў. На загад міністра вайсковых спраў ген. К. Сасноўскага ад 21 красавіка, БВК і беларускія вайсковыя адзінкі павінны былі расфармаваныя з 15 траўня 1921 году. Ліквідацыю праводзіў маёр Ю. Tунгуз-Завісьляк. Беларускія афіцэры павінны былі звольненыя паводле правілаў Войска Польскага; маглі таксама зьвяртацца пра прыём ў шэрагі Войска Польскага. Падхарунжыя, якія яшчэ навучаліся, маглі тамака застацца да заканчэньня навукі.
 


    У пачатку лістапада 1922 г. Язэпа Лёсіка арыштавалі, але ў абарону яго выступіў тагачасны нарком асьветы БССР У. Ігнатоўскі. У сьнежні 1922 г. Лёсік быў адпушчаны. Другі раз яго арыштавалі 20 ліпеня 1930 г. па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”. 6 сьнежня 1930 г. пастановай СНК БССР Я. Лёсік быў пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 ён быў сасланы на 5 гадоў у г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 пастановай ВЦВК атрымаў амністыю без дазволу на вяртаньне ў Менск. У 1935 г. пераехаў з сям’ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Восеньню 1937 г. перасяліўся ў г. Актарск Саратаўскай вобласьці, працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 г. ізноў быў арыштаваны за “прыналежнасьць да контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая існавала ў Саратаве з ліку палітссыльных”. 31 сакавіка 1940 г. асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за “антысавецкую агітацыю”. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме 1 красавіка 1940 г. /Мяснікоў А. Ф.  Лёсік Язэп (Іосіф) Юр’евіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 9. Мінск. 1999. С. 232./
 

                                                            ПАМЯЦІ АЛЕСЯ ГАРУНА
                                                                      Жывыя акорды
                                                   Спакойна сьпі, пясьняр, далёка ва чужыне...
                                                   На што пакінуў край, які быў сэрцу міл?
                                                   Ці можа ты хацеў, каб на палях краіны
                                                   Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?..
                                                       Кахаў ты родны край, дзе цемра, зьдзек пануе;
                                                       З народам плакаў ты, як лепшы яго сын...
                                                       Цяпер ты замаўчаў,.. А ўсё ж акорды чуе
                                                       Гаротны люд... Ня змоўк іх дзіўны гімн.
                                                   У акордах чуюцца ўсе сумныя напевы:
                                                   Адбітак тваіх дум — у іх можна угадаць,
                                                   Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасьці, і гневу.
                                                   І звоны ланцугоў нявольніка чуваць.
                                                       Ты сьпевам разбудзіў народ свой на прадвесьні,
                                                       Якому на аўтар свой дыямэнт прынёс...
                                                       Яшчэ акорд ня змоўк тваёй прыгожай песьні,
                                                       Хоць струны абарваў жыцьця паганы лёс.
                                                   Лье сьлёзы па табе народ і гай і поле
                                                   І вераць у прамень, які ты ўсім паслаў...
                                                   Акорды будуць жыць — твой дар, паэт — на волі,
                                                   А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў...
                                        Міхась Чарот
                                                        /Вольны Сьцяг. № 1. Менск. 1921./

                                                                                     На Сьвята Алеся Гаруна –
                                                                                     у Маскве 2 красавіка 1922 г.
                                                   Ад крывіцкіх балотаў да тундраў Сыбіру,
                                                   Ад аковаў душы да цяжкіх ланцугоў, -
                                                   Ты пяяў няўпынна, званіў сваёй лірай
                                                   Заклікаў нас на родныя гоні, дамоў.
                                                       “Беларус, схамяніся”... “хутчэй прачнайся”, –
                                                       Вось што чулася мне ў пекных вершах тваіх, -
                                                       “Родны край свой кахай...” “Мовы ты не зракайся”, –
                                                       Так пяяў наш Гаротны, будзіў нас і... сьціх...
                                                   Раўнаваўшы сябе да зялёнага дубу,
                                                   Што па сьмерці кідае дубкоў маладых,
                                                   Цэлы лес абудзіў ты, але-ж тваю згубу
                                                   Помніць ён і сумуе да дзён аж да тых.
                                                       Раўнаваўшы сябе да ручайкі малой,
                                                       Што зьвініць на карэньні, цячэць цёмным борам,
                                                       Ты папраўдзе, быў слаўнай, вялікай ракой,
                                                      І яна ў гэты час разьліваецца морам...
                                                   Ты хацеў, салавей наш, хацеў хоць калі,
                                                   Хоць адзін пачуць сьпеў свой і-з вуснаў дзяўчыны,
                                                   Устань, прыйдзі наш Гартны, з сьцюдзёнай зямлі,
                                                   Твае сьпевы зьвіняць у твае вечарыны...
                                                       Ты ня йдзеш? Не чакаў ты, пясьняр малады,
                                                       Беларусь каб цябе кожны год памінала?
                                                       Ты маўчыш? – Хай-жа імчыцца ў вякі і гады
                                                       Гэй звычай, і памяць табе, а з ёй – хвала!
                                          Ул. Дубоўка.
                                          /Выпісы з Беларускае літаратуры. Менск. 1923. С. 72./
 
 
 
    На працягу 1926-1930 гг. літаратурная камісія Інбелкульта рыхтавала да друку поўны Збор твораў А. Гаруна. Аднак лёс яго склаўся надзвычай няўдзячна. Удалося толькі перавыдаць зборнік паэта “Матчын дар” (1929), які ўвайшоў у першую кнігу акадэмічнага выданьня літаратурнай спадчыны паэта, паколькі мечаносцы “вялікага інквізытара” ўжо распачыналі крывавую вакханалію супроць так званай “нацдэмаўшчыны”. /Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 48./
 

    Новыя зьвесткі з сыбірскага пэрыяду жыцьця А. Гаруна падавалі унікальныя рукапісы, якія са сваімі ўспамінамі дасылаў у літаратурную камісію Інбелькульту жыхар Кірэнска Захар Борка. Лёс іх, аднак, невядомы”. / Гарбінскі Ю.  Дар Алеся Гаруна. // Беларуская мова і літаратура ў школе. № 1. Мінск. 1991. С. 48./
 
 





    Аляксандр Уладзімеравіч Прушынскі (псеўданім Алесь Гарун) нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года ў Мінску ў сям’і чорнарабочага. Вучыўся Прушынскі ў Мінскім гарадскім прыхадскім вучылішчы, потым у рамесніцкай школе, якую скончыў у 1902 годзе. Працаваў столярам у розных майстэрнях горада Мінска, адначасова з гэтым многа чытаў, займаўся самаадукацыяй.
    Прушынскі ўпершыню пазнаёміўса з родным друкаваным беларускім словам па аповесці Дуніна-Марцынкевіча “Гапон”, якая зрабіла на будучага паэта вялікае ўражанне. А ў 1905 годзе яму выпадкова трапілі ў рукі сярод рэволюцыйна-агітацыйнай літаратуры вершы нашай беларускай паэтэсы Цёткі, якімі ён захапіўся і з гэтага часу пачаў пісаць сам вершы на беларускай мове і распаўсюджваць іх у рукапісах сярод рабочых Мінска і вучнёўскай моладзі.
    У 1907 годзе царская паліцыя разбурыла мінскую падпольную друкарню, у якой працаваў і Аляксандр Прушынскі. У ліку другіх працаўнікоў быў ён арыштаваны і больш года сядзеў у астрогах Мінска і Вільні. Царская ўлада судзіла Прушынскага і выслала на катаргу. Потым катарга была заменена яму ссылкай.
    З 1908 года і да рэволюцыі 1917 года Прушынскі адбываў палітычную ссылку. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў Керанскм павеце Іркуцкай губерні. Там паэт і ўзяў сабе літаратурны псеўданім Алесь Гарун.
    Знаходзячыся ў ссылцы, Алесь Гарун пісаў і пасылаў свае вершы і апавяданні ў “Нашу Ніву”, а таксама друкаваў іх і ў другіх часопісах пад псеўданімамі Сальвэсь, Алесь Сумны, а з прозай іншы раз выступаў ён пад прозвішчам І. Жывіца. Пад гэтым псеўданімам змешчаны былі ў друку яго творы “Маладое”, “Пан Шабурэвіч”, “П’еро і Каламбіна” і іншыя.
    Вершы Алеся Гаруна рознастайныя па свайму зместу. Паэт сумна спявае аб роднай старонцы Беларусі, асабліва адчуваецца гэта ў тых вершах, якія паэт пісаў, будучы ў ссылцы. Да іх адносіцца “Маці Беларусі”. Гэты верш глыбока прасякнут шчырым замілаваннем паэта да сваёй радзімы, надзеяй на светлае будучае Беларусі. Гора яе пройдзе, як праходзяць цёмныя хмары бо ўжо “блізіцца, — як паэт кажа, — сонейка яснае”. Гарун марыць аб родным краі і ў бяссонныя ночы, бо родны край адзін можа даць яму спакой і шчасце, калі паэт вернецца з няволі.
    Тэма радзімы, тэма замілаваньня паэта да роднага краю знайшла вельмі шырокае адлюстраванне ў творах Гаруна. З гэтай галоўнай тэмай звязана ў паэта і любоў яго да нашай роднай беларускай мовы. Ён гэтую  думку аб роднай мове выпукляе 1 ў вершы “Песні звон” і ў другім вершы, прысвечаным чатырохгоддзю “Нашай Нівы”, ў якім паэт заклікае беларусаў не цурацца сваёй мовы, любіць і шанаваць яе.
                                         Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
                                         Роднай мовы сваёй не цурайся: —
                                         Як не зрокся яе пад прымусам,
                                         Так і вольны цяпер не зракайся...
    Гарун у гэтым-жа вершы робіць гістарычны экскурс і балюча гаворыць аб былым цяжкім нацыянальным становішчы беларускага народа, які не меў сваёй дзяржавы, не меў эканамічнай і палітычнай магчымасці для ўздыму і развіцця сваёй нацыянальнай беларускай культуры, а таленавітыя сыны гэтага народа мусілі пакідаць сваю родную Беларусь.
    Маладыя гады свайго жыцця Гарун правёў у Мінску, але на яго светапогляд мела ўплыў дробнабуржуазнае сялянскае асяроддзе. Лёс свой паэт звязаў не з большэвіцкай партыяй, а з дробнабуржуазным сялянскім рухам. Адгэтуль у светапоглядзе Гаруна шмат супярэчнасцяў. Бывае так, што паэт у сваіх творах разглядае селяніна, як таленавітага, стараннага і працавітага гаспадара, а іншы раз цяжкасці жыцця і гора селяніна тлумачыць гультайствам і нядбайнасцю яго.
    У вершы «Мае думкі» Гарун заклікае селяніна да волі, да шчасця, але разам з тым сам не верыць у гэтае шчасце, не спадзяецца дажыць да яго:
                                           Не пры нас святы час
                                         Вызвалення людскога настане.
                                         Мо’ праз век чалавек
                                         Да вялікага жыцця ўстане.
                                         Без бяды, без жуды
                                         Будзе жыць-панаваць, весяліцца;
                                           А для нас цяжкі час
                                         І чакаць, і цярпець, і маліцца.
                                                                              (“Ноч”)
    Ён гаворыць у глыбокім задуменні:
                                         Невядома мне, скуль усё і што я;
                                         Невядома мне сама і сцежка мая,
                                         Невядома куды я іду.
    Вось гэта няведанне Гаруна куды ісці часта прыводзіла яго да песімізма, да радкоў, поўных тугі.
    Аднак, у сваім творы “Муляру” Гарун стаіць на вышыні перадавых ідэй таго часу. Тут ён пераклікаецца з сімвалістамі, у прыватнасці з Брусавым, які ў сваім вершы “Каменщик” глыбока задумваецца аб цяжкай нядолі людзей, якія чамусьці павінны самі сабе будаваць турмы і астрогі. Гарун ідзе далей за Брусава. Ён звяртаецца да муляра з заклікам;
                                         Слухай, муляр: пакідай ты
                                         Смерці сховы будаваць —
                                         Хай не знаць іх! Уставай ты,
                                         Пойдзем жыцце будаваць:
                                         Мур вялікі вольнай волі;
                                         Мур высокі да нябёс,
                                         Мур братэрства, роўнай долі,
                                         Мур для радасці без слёз...
    Звязаўшы свой лёс з дробнабуржуазным сялянскім рухам паэт не змог узняцца на вышэйшую ступень разумення грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываліся ў тагачасным жыцці. Паэт не зразумеў гістарычнай ролі рабочага класа і таму не ўспрыняў Вялікай Кастрычніцкай рэволюціі, як адзінага выйсця для беларускага народа да росквіту, шчасця і волі.
    Памёр Алесь Гарун 28 ліпеня 1920 г. у панскай Польшчы, далёка ад роднай і любімай ім Беларусі.
    Наша совецкая соцыялістычная эпоха цэніць у творчасці Гаруна яго пошукі, яго імкненне да светлага жыцця. А тое, што ён па сваёй абмежаванасці не бачыў сапраўдных дарог да лепшага жыцця — гэта не віна яго, а бяда. Паэзія Гаруна каштоўная для нас і сваёй народнай прастатой і шчырасцю. Гарун дарагі нам сваёй глыбокай любоўю да нашай родняй старонкі Беларусі.
    Антон УС.
   /Літаратура і Мастацтва. Орган Саюза совецкіх пісьменнікаў Беларусі і ўпраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Мінск. 2 жніўня 1945. С. 4./



    Калі я зьбіраўся ў Кракаў, Сакрат Яновіч сказаў мне: “Пашукаў бы ты магілку Прушынскага. Ён дзесьці там ляжыць, на Ракавіцкіх могілках”...
    Няшмат з вышэй напісанага ведаў я ў восеньскі дзень 1983 г., калі першы раз апынуўся на Ракавіцкіх могілках. Крыху пахадзіў я па алейках, паглядзеў (могільнік, я ж казаў, пекны) і пайшоў у адміністрацыю, дзе расказаў аб сваёй справе. Відаць, мае вывады былі даволі пераканаўчыя, бо жанчыны, што там працуюць, ахвотна аддалі ў мае рухі дзьве кнігі, якія звычайна сьцерагуць ад чужых вачэй. Шукаць я мусіў не вельмі доўга. Вось што знайшоў з дапамогай ветлівых працаўніц адміністрацыі:
    У „Ksiądze zmarłych (wojskowa) od 1888 do 1921” – l.b. 756, Aleksander Pruszyński, urzędnik Wojs[ka] Białorus[kiego].
    У „Ksiądze zmarłych w 1920 roku” + l.b. 3077_ pas 33 A, ryąd 2, grób 54, wiek niewiadomy, zmarł 28 VII, pochowany 30 VII parafia - Szpi[tal] Okr[ęgowy].
    Думаю, што гэтым запісам можна спакойна паверыць, дык пацьвярджаюць яны дату, пададзеную Гарэцкім. З гэтымі дадзенымі схадзіў я цэлы пояс 33 А, ногі схадзіў, з далакопамі гарэлку піў, а ўсё ж магілы нумар 54 не знайшоў, хоць ты плач. Давялося паклікаць на дапамогу Караліну. Караліна Гродзіска-Ожуг гэта не абы-хто, яна напісала аб Ракавіцкіх могілках тоўстую кніжку. У час нашых супольных пошукаў мы ні раз палі духам, ды нарэшце ў кастрычніку 1984 г. спыніліся над маленькім узгоркам, паміж магіламі пераведзенага на пэнсію палкоўніка Станіслава Сакалоўскага (нумар 53 у “Księdze wojskowych”) і паручніка I стралковага палка Баляслава Славіка (нумар 55). “Гэта тут” — сказала Караліна. Я яшчэ сваім вачам не верыў. Узгорак маленькі, на некалькі сантымэтраў, заросшы зельлем. бэз крыжа ці таблічкі з прозьвішчам. Дык тут Сакалоўскі, там Славік, пасярод мусіць быць нумар 54 — Прушынскі. Цуд Боскі. што не раскапалі. Быццам адурманены альпініст, улез я на Алесеў “капец”, як заваёўнік. Вось такі знайшоў! Караліна гаворыць нясьмела аб сьвятатацтве. Цалую Караліну. Знайшлі!
    Потым удалося мне яшчэ трапіць на кнігу кватэры. Адказны працаўнік могільніка пацьвердзіў, што магіла ніколі не была раскапана, і нанёс прозьвішча Прушынскага на плян, на якім адзначана, як невядомая.
    Заказаў я тры тачкі зямлі, Вальдэк – таблічку, Яцэк і Марэк прывезьлі з лесу белую бярозку і зрабілі з яе крыж, які мы з Мар’юшам паставілі ў сьвята памерлых на магілцы паэта. Запалілі сьвечкі. Невядома хто ўбіў адразу ў зямлю памятны сьцяжок. Столькі зрабілі мы з польскімі сябрамі. Думаю, добра было б больш. Колькі гэта ніхто не наведаў Алеся, кветак яму не прынёс, сьвечкі яму не запаліў. Год за годам дажджы і размывалі ягоную магілку, ажно засталася яму толькі жменька чужое зямлі. Няўжо вечна яму гараваць?” /Латышонак А.  Гарун. // Ніва. Беласток. 17 сакавіка 1985. С. 3, 5./
 


    Магіла існавала ўжо толькі як пустое месца, але нікога іншага тут не пахавалі. Аб сваёй знаходцы я паведаміў Кастусю Акулу, які арганізаваў збор грошай сярод беларускіх вэтэранаў на Захадзе. Пабудовай помніка заняўся мой бацька, валун прывезьлі мы зь Беласточчыны. Адкрывалі яго ўрачыста, якраз тады я першы раз пабачыў бел-чырвона-белы сьцяг на публіцы. Пасьля прыехаў зь Вішнева а. Уладзіслаў Чарняўскі і пасьвяціў магілу”. /Аркуш А.  “Цяпер мне падабаецца толькі опэра”. Гутарка з Алегам Латышонкам. // ARCHE. № 2. Менск. 2005.
 


    А пастаўлены ён дзякуючы самаахвярнасьці Алега і Юрыя Латышонкаў. Прыпомнім што навуковы супрацоўнік Ягелонскага ўнівэрсытэта Алег Латышонак у 1983 годзе пачаў шукаць магілу Алеся Гаруна, які памёр у 1920 годзе ў Кракаве. Пасьля амаль гадавых пошукаў у кастрычніку 1984 г. знайшоў ён магілу паэта на кракаўскіх Ракавіцкіх могілках... Затым яго бацька Юры Латышонак пачаў старацца паставіць помнік на магіле паэта. Дапамаглі яму ў гэтым суродзічы з-за мяжы”. /Луба В.  Помнік Алесю Гаруну. // Ніва. Беласток. 31 ліпеня 1988. С. 2./ “Адкрыцьцё помніку, пры дапамозе замежных беларусаў, адбылося 24 кастрычніка 1988 г. Былі: Вера Рыдж і М. Лужынскі, В. Зуёнак, У. Казбярук, Бічэль...” /Барскі А.  Жывы сярод жывых. // Ніва. Беласток. 16 кастрычніка 1988. С. 6./
    З цягам часу магіла Алеся Гаруна, забытая ўсімі, загубілася на кракаўскіх Ракавіцкіх могілках. І толькі нядаўна, некалькі гадоў таму назад. малады гісторык — асыстэнт Кракаўскага унівэрсытэта Алег Латышонак, беларус па паходжаньні, — адшукаў яе. І тады па ініцыятыве бацькі і сына Латышонкаў — Юрыя (інжынэра-будаўніка з Супрасьлі) і Алега разгарнулася работа па ўвекавечаньні памяці Алеся Гаруна. З усёй адказнасьцю і належным разуменьнем важнасьці справы ў яе ўключылася Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Беластоку (БГКТ). Трэба было перш за ўсё юрыдычна забясьпечыць захаваньне магілы. атрымаць дазвол на пабудову помніка, аб’явіць збор сродкаў для гэтай мэты, знайсьці мастакоў, майстроў ды і сам матэрыял. А гатовы помнік перавезьці амаль праз усю краіну.
    Грошы зьбіраліся не толькі на Беласточчыне, але і на Захадзе. А вось мы, прадстаўнікі Савецкай Беларусі, засталіся ў баку, бо мы не маем юрыдычнага права пералічваць свае рублі на якія б там ні было мерапрыемствы за мяжой.
    Самаахвярнымі намаганьнямі энтузіястаў грошы былі сабраны. На Беласточчыне знайшлі вялікі валун, які мабыць, цэлыя тысячагодзьдзі спакойна чакаў там свайго прызначэньня. З яго быў высечаны помнік, урачыстае адкрыцьцё якога было назначана на 24 верасьня ў 11 гадзін. Пра набліжэньне гэтай падзеі некалькі разоў паведамляла беластоцкая “Ніва”, каб усе прыхільнікі таленту песьняра і людзі, па-сапраўднаму адданыя беларускай справе, маглі загадзя рыхтавацца да такой знамянальнай падзеі.
    24-га верасьня ў 2 гадзіны ночы з Беластока адправіўся ў Кракаў вялікі аўтобус з актывам Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, з удзельнікамі мастацкай самадзейнасьці беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску. Разам з імі ехалі прадстаўнікі Саюза пісьменьнікаў Беларусі Васіль Зуёнак і я.
    Калі мы прыбылі ў Кракаў, на могілках ужо чакала вялікая група людзей. у тым ліку з Гродна, а таксама перакладчыца беларускай літаратуры Вера Рыч з Лёндана і нават беларус Міхал Лужынскі з далёкай Аўстраліі.
    Амаль у 11 гадзін (на некалькі мінут мы ўсё ж такі спазьніліся са сваім аўтобусам) старшыня Галоўнага праўленьня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі) адкрыў урачыстасьць. Добра ён сказаў пра заслугі песьняра, пра яго пакутлівы шлях ды яшчэ пра тое, што яго спадчына займае сёньня належнае ёй месца ў гісторыі нашай літаратуры і культуры.
    Потым прысутныя праслухалі канцэрт мастацкай самадзейнасьці вучняў беларускіх ліцэяў. што дэклямавалі вершы Алеся Гаруна са зборніка “Матчын дар” і выканалі некалькі беларускіх песень. А праз нейкі час яны ўступілі месца тым, хто меў жаданьне сказаць сваё слова пра Алеся Гаруна. Першым зьвярнуўся да прысутных Алег Латышонак. які нагадаў гісторыю пошукаў магілы і пабудовы помніка.

    Наогул жа тут кожны, хто хацеў. сам дзяліўся сваімі думкамі, пачуцьцямі і ўражаньнямі. Сьледам за Латышонкам выступіў я. Разам з паклонам ад беларускіх пісьменьнікаў я прывёз туды жменьку мінскай зямлі. Пасьля ўжо слова ўзялі Міхал Лужынскі з Аўстраліі і беларускі паэт з Беласточчыны Віктар Швед. І зноў пачалася мастацкая праграма. Тут жа Вера Рыч прачытала на англійскай мове верш “Хто сказаў...”
    Словы шчырай падзякі арганізатарам урачыстасьці выказалі беларускія савецкія пісьменьнікі Васіль Зуёнак і Аляксей Пяткевіч. А Данута Бічэль-Загнетава зьвязала дзейнасьць Алеся Гаруна з барацьбой яго папярэднікаў і прачытала свой верш, прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму.
    Хаця ў вышэйшых навучальных установах ПНР навучальны год яшчэ не пачынаўся, але прысутнічалі там і студэнты.
    Памяць Алеся Гаруна ўшанаваў усхваляваным словам Кастусь Сідаровіч, найстарэйшы ўдзельнік урачыстасьці, колішні член Беларускай сялянска-рабочай грамады пэрыяду 20-х гадоў.
    Выступалі там і прадстаўнікі польскай грамадзкасьці”. /Казбярук Ул. У Кракаве, на магіле Алеся Гаруна. // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 14 кастрычніка 1988./
 


                           Віктар Швед
                                                  ПАМЯЦІ АЛЕСЯ ГАРУНА
                                                   Калі жадаў сваёй айчыне,
                                                   Калі шалеў вайны віхор.
                                                   І нечакана на чужыне
                                                   Змаганьнем змучаны памёр.
                                                       Гасьцінны старажытны Кракаў
                                                       Прыняў цябе паэт-змагар.
                                                       Ты сьпіш адзін сярод палякаў
                                                       З нязьдзейсьненых цяжарам мар.
                                                   Магіла знойдзена ў стагодзьдзе
                                                   Прыходу ў неспакойны сьвет.
                                                   І жыць ты будзеш у народзе,
                                                   Ты несьмяротны, наш паэт!
                                                       Ты з небыцьця, да нас вярнуўся,
                                                       Цяжкі твой і па сьмерці лёс.
                                                       Уваскрасаеш ў Беларусі.
                                                       Раскрыжаваны як Хрыстос.
    /Ніва. Беласток. 4 верасня 1988./
 

 

    Усевалад Рагойша

                                                             ЭТАПЫ АЛЕСЯ ГАРУНА

    Уздым грамадскага жыдця, што адбываецца ў нашай краіне апошнім часам, выклікаў вялікае ажыўленне і ў літаратуры. З’явіліся творы, пра якія некалькі гадоў таму назад не магло быць і гаворкі, актывізаваліся ідэйна-мастацкія пошукі, акрэсліліся новыя стылёвыя плыні. Адбываецца другое нараджэнне многіх аўтараў, якія былі неапраўдана забыты, хоць іх даробак па праву ўваходзіць у скарбніцу культуры нашага народа.

    Усе гэтыя станоўчыя зрухі закранулі мастацтва слова, філалагічную навуку, у першую чаргу — літаратуразнаўства. Найбольш важныя задачы стаяць перад гісторыяй літаратуры: каб мець магчымасць плённа рухацца наперад, неабходна асэнсаваць набыткі. Актыўней распрацоўваецца сёння літаратурны пласт перыяду 20 - 30-х гадоў. Пераасэнсавана (дакладней, ацэнена нанова) і творчасць некаторых пісьменнікаў, чый шлях у літаратуры пачаўся да Вялікага Кастрычніка. Я маю на ўвазе найперш Цішку Гартнага і Алеся Гаруна, пра якога і пойдзе гаворка.

    “Свята вяртання паэта” спраўдзілася сіламі нашых нястомных даследчыкаў: У Казберука, В. Рагойшы, Б. Сачанкі. З іх выступленняў у рэспубліканскім і ўсесаюзным друку шырокі чытач змог даведацца пра сапраўдную ролю А. Прушынскага (Алеся Гаруна) у грамадскім жыцці на Беларусі да рэвалюцыі і ў першыя тры гады пасля яе, пра ідэйна-сэнсавую важкасць яго твораў і паэтычную культуру. З цягам часў перад намі разгортваюцца ўсё новыя старонкі творчасці пісьменніка. Істотныя рысы набывае і яго постаць грамадскага і палітычнага дзеяча (публікацыя У. Казберука ў часопісе “Беларусь” Гаруновай брашуры “Беларуская соцыял-дэмакратычная партыя, яе мэты і заданьні: Популярны выклад праграмы”) [* Матэрыял быў падрыхтаваны да друку да таго, як стала вядома, што аўтарам праграмы (з’яўляецца А. Смоліч. Гл.: Лім. 30. 03. 1990.].

    Дык хто ж такі Алесь Гарун? Сення яго імя — на сцягу Адраджэння, яго вершы чытаюцца, на яго словы ўжо загучалі песні, яму прысвячаюць свае творы пісьменнікі і мастакі. Чаму ж так доўга мы нічога не ведалі пра гэтага самабытнага творцу? Чаму маўчала прэса, літаратуразнаўцы? Што перакрывала дарогу праўдзе?

    Зрэшты, трэба зрабіць некаторыя ўдакладненні. Увогуле пра Алеся Гаруна пісалася нямала. Іншая рэч, як пісалася, БелСЭ, напрыклад, так ахарактарызавала песняра: “...беларускі паэт нацыяналістычнага кірунку... рэдагаваў нацыяналістычную газету «Беларускі шлях». Кастрычніцкай рэвалюцыі не прыняў... Паэзіі Гаруна характэрныя матывы тугі, адзіноты, схільнасць да містыкі... у творах... апалітычнасць, пропаведзь пацыфізму. Быў звязаны з буржуазна-нацыяналістычнымі коламі і акупацыйнымі ўладамі буржуазнай Польшчы, разам з апошнімі (пры іх адступленні) выехаў у Польшчу, дзе і. памёр”. Трэці том Энцыклапедыі, дзе змешчаны артыкул, прысвечаны Алесю Гаруну, выйшаў у 1971 годзе. У Кароткай энцыклапедыі “Беларуская ССР” (1981) ацэнкі куды больш памяркоўныя, але ў цэлым усе 70-я гады і аж да канца 1987 года, пакуль не была разбіта (між іншым, артыкулам у “Литературной газете”, а не ў рэспубліканскай прэсе) змураваная чыноўнікамі сцяна маўчання вакол Алеся Гаруна, яго проста нельга было нават упамінаць. Практычна нідзе. Ніяк. Нікому. Таму нават згадкі пра паэта няма ў такіх паважаных выданнях, як энцыклапедычны даведнік “Янка Купала” і “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”. Больш таго: заўзятыя цэнзары выкрэслівалі Гарунова імя нават з цытат яго сучаснікаў, напрыклад, М. Багдановіча і С. Палуяна. А між тым якраз М. Багдановіч быў ці не першым, хто зірнуў на творчасць Гаруна строгім вокам крытыка, належна ацаніў яе і ўбачыў за ёй вялікую будучыню: “З паэтаў «Нашай нівы» назавём перш за ўсё А. Гаруна, ад каторага наша пісьменнасць можа шмат чаго спадзявацца. Лёгкасць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліванне рыфм, — усё гэта дужа аздабляе яго паэзію. У дзе-якіх творах спатыкаецца сіла і сціснутасць мовы. Галоўнае ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага не падобны, што ён не зрабіўся нічыім «падгалоскам». Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент не пойдуць намарна” (“За тры гады”).

    Ці спраўдзіліся спадзяванні аўтара “Вянка”? Бадай што так. Гаруноўскі талент і надалей плённа развіваўся, ён выявіўся не толькі ў паэзіі, але і ў прозе, драматургіі, нават у музычнай кампазіцыі. I хто ведае, якіх вышыняў дасягнула б яго творчасць, каб не заўчасная смерць у трыццацітрохгадовым узросце. Ен пайшоў з гэтага свету ў росквіце таленту, не рэалізаваўшы сябе. Давайце пагартаем старыя старонкі і паглядзім, як адлюстраваны лёс і паэзія Алеся Гаруна ў беларускай крытыцы і літаратуразнаўстве.

    Нарадзіўся Алесь Гарун у Мінску ў 1887 годзе ў сям’і рамесніка. Вучыўся спачатку ў прыходскай школе, а пасля ў Мінскім рамесным вучылішчы, якое скончыў у 1902 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю майстра-сталяра. У І906-1907 гадах удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, распаўсюджваў агітацыйную літаратуру, вёў прапагандысцкую работу сярод вучнёўскай і рабочай моладзі, сялян. У гэты час пачынае пісаць, відаць, пад уплывам Цёткі, чые вершы чытаў і распаўсюджваў як пракламацыі.

    У 1907 годзе, калі рэвалюцыя пацярпела няўдачу, Алесь Гарун быў арыштаваны і асуджаны на катаргу, якую замянілі ссылкай у Сібір. Дзевяцігадовую ссылку ён адбываў на Ленскіх золатакапальнях у селішчы Бадайбо тагачаснай Іркуцкай губерні. Там паэт далей тварыў, і вершы, напісаныя ім з 1907 па 1914 год, склалі зборнік “Матчын дар”, які, аднак, Віленскае беларускае выдавецтва не змагло выдаць, бо пачалася вайна.

    І хто б ні пісаў пра Алеся Гаруна, усе асвятляюць гэты перыяд яго жыцця прыкладна аднолькава: тут усё ясна. У 1917 годзе паэт вяртаецца ў Мінск. Пра апошнія тры гады яго жыцця можна прачытаць самыя розныя, аж да процілеглых, меркаванні.

    “У 1917 г. А. Гарун вярнуўся ў Менск. У 1918 г. з’яўляецца «Матчын дар». У сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці А. Гарун далучыўся да той нацыянал-дэмакратычнай беларускай інтэлігенцыі, якая вызначылася ў гэтыя бурныя гады сваёй гатоўнасцю служыць усялякай акупацыйнай імперыялістычнай уладзе, абы толькі не дапамагаць класавай барацьбе рабочых і сялян. Асабліва выявіў сябе А. Гарун у пачатку польскай акупацыі, калі ён афіцыйна вітаў Пілсудскага і стаў працаваць у беларускай вайсковай камісіі. Гэтае супрацоўніцтва з уладай белапалякаў прадстаўляе сабой найбольш ганебную пляму ў жыцці А. Гаруна: паэта заняў пазіцыю, яўна варожую рабочым і сялянам Беларусі” — так адназначна быў вымушаны ахарактарызаваць Алеся Гаруна ў прадмове да другога выдання “Матчынага дару” А. Барычэўскі. Гэтага патрабавала “афіцыйная” літаратуразнаўчая думка; сам жа А. Барычэўскі вывучаў і заўзята прапагандаваў творчасць паэта. І ці не дзіўна, што выдаваліся ў той час творы такога класавага ворага?!

    Але вось што піша пра тыя ж часы М. Ларчанка ў 1945 годзе, калі прайшоў пэўны тэрмін і можна было глянуць на падзеі мінулага больш узважана. Ён спрабуе пэўным чынам апраўдаць Гаруна: “З Сібіры ён адразу ж прыязджае на сваю радзіму, у родны Мінск. Тут ён трапіў у складанейшую ’ абстаноўку класавай барацьбы і, будучы доўгі час адарваным ад радзімы, рэвалюцыйнага змагання, не змог адразу ж зарыентавацца і правільна зразумець сутнасць Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі...”

    Аддадзім належнае М. Ларчанку, які першы ўзяўся за рэабілітацыю паэта, але сёння заканамерна паўстае пытанне: як жа можна сцвярджаць, што ён не змог зарыентавацца ў палітычнай сітуацыі, калі. чалавек гэты аўтар — ні многа ні мала — праграмы партыі? Канечне, на сённяшні дзень пэўныя яе палажэнні здаюцца нам спрэчнымі, неперспектыўнымі, але разам з тым, як адзначыў ва ўступным слове да леташняе публікацыі праграмы доктар філасофскіх навук У. Конан, “сацыялістычная праграма А. Гаруна не вельмі ўжо і адрознівалася ад тэорыі класічнага марксізму, як склаўся ён у XIX стагоддзі”, у некаторых пытаннях “А. Гарун пэўным чынам апярэдзіў свой час”, а “шмат якія думкі беларускага паэта і публіцыста сугучныя нашым сацыяльна-эканамічным і духоўным спадзяванням”. Алесь Гарун не быў бальшавіком-ленінцам, але ён быў сапраўдным рэвалюцыянерам, змагаром за народнае шчасце і фактычна пацярпеў за гэта. У пэўным сэнсе яго лёс блізкі лёсу “бацькі грузінскае нацыі”, выдатнага паэта Ільі Чаўчавадзе. У 1937 годзе “Литературная Грузия” апублікавала напісаную ім праграму партыі грузінскіх канстытуцыйных дэмакратаў. Натуральна, яна яшчэ далей стаіць ад бальшавіцкай, але ж колькі ў ёй народнай мудрасці, дэмакратычнага, гуманістычнага пафасу, і гэтым яна моцна пераклікаецца з гаруноўскай. Лёс І. Чаўчавадзе быў зусім трагічны: яго забілі якраз за погляды, за палітычны аўтарытэт. Алеся Гаруна намагаліся забіць таксама, але ў творчасці.

    Найвялікшую віну паэта бачылі ў тым, што ён вітаў Пілсудскага і супрацоўнічаў у Беларускай вайсковай камісіі. Аднак сабраныя У. Казберуком матэрыялы даюць сёння ўсе падставы меркаваць, што ў БВК Гарун, у ліку іншых, працаваў на тое, каб паралізаваць яе работу. Справа ў тым, што ў 1919 годзе паміж прадстаўнікамі Савецкай улады і беларускімі левымі эсэрамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, было заключана пагадненне, што прадугледжвала і падрыў дзейнасці БВК. Але ж каб выканаць партыйнае заданне і ўвайсці ў камісію, Алесь Гарун павінен быў заваяваць давер Пілсудскага, які асабіста фарміраваў яе.

    Па-рознаму ў розныя часы пісалася і пра смерць паэта. Так, у той жа прадмове да “Матчынага дару” (1929) паведамляецца: “У час эвакуацыі ён выехаў разам з белапалякамі. У дарозе высветлілася, што ён зусім хворы, дзеля чаго ён быў накіраваны ў лазарэтным цягніку ў Кракаў. Там ён у 1920 годзе памёр”.

    Вось так — “у дарозе высветлілася”... А між тым хворы яшчэ з часоў выгнання на сухоты паэт, як зазначае ў некралогу Змітрок Бядуля, “апошні год... бадай не выходзіў з сваёй кватэры. Яго «Жывыя казкі» яму прыходзілася пісаць лежачы ў пасцелі... Блізка стоячым да яго беларускім дзеячам тут удалося ўгаварыць паэта кінуць працу і выехаць на лекі за граніцу...”. I сёння нам вядома, што не з ўласнай волі пакінуў Алесь Гарун родную Беларусь, якой бы хацеў яшчэ доўга служыць.

    Сёння мы шмат ведаем і многаму даём новую ацэнку, адпаведна змяніліся нашыя погляды на грамадскую і палітычную дзейнасць А. Прушынскага. Але чаму так ганебна мы забыліся пра творчы набытак паэта? Можа, ён скампраметаваў неяк сябе ў творчасці? Звернемся зноў да М. Ларчанкі: “Гарун у перыяд нямецкай і белапольскай акупацыі заставаўся пасіўным, амаль нічога не пісаў, а калі і пісаў, — дык зусім бяскрыўдныя рэчы, у якіх не было варожасці да Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, (...) і таму несправядлівым было б на аснове толькі таго, што Гарун заставаўся пры белапольскай акупацыі, абмінаць яго ў гісторыі беларускай літаратуры”. Чаму ж мы ў свой час не прыслухаліся да гэтых слоў вядомага беларускага вучонага? Такіх “чаму” ў гісторыі нашай літаратуры вельмі і вельмі шмат.

    А між тым з самага пачатку беларуская крытыка сустрэла Алеся Гаруна вельмі прыхільна. Што пісаў пра яго М. Багдановіч, мы ўжо ведаем — “назавём перш за ўсё А. Гаруна”. І крытыкі ўважліва сачылі за яго творчасцю і аператыўна рэагавалі на новыя. здабыткі. Ледзь паспеў убачыць свет зборнік “Матчын дар”, як тут жа часопіс “Чырвоны шлях” адгукаецца рэцэнзіяй, аўтар якой Павал Любецкі, даволі дэталёва прааналізаваўшы зборнік, робіць высновы, што вельмі блізка стаяць да багдановічаўскіх: “...значны плюс маецца ў нашага песняра: ён цалкам самабытны, перагартаўшы ўсю кніжку, вы нідзе не знойдзеце слядоў чужых уплываў. Паэт ідзе сваёй асобнай дарогай. Пачуванні ў яго свежыя, моцныя і захапляючыя... Гэта дае нам права шмат яшчэ чакаць ад яго. Пажадаем жа, каб гэтая кніжка не засталася ў адзіноце, каб за ёю паследавалі і другія”. Высокую ацэнку зборніку давалі таксама Я. Лёсік, А. Навіна, іншыя крытыкі. Больш таго, М. Гарэцкі прысвяціў у сваёй “Гісторыі беларускае літаратуры” творчасці паэта асобны раздзел, дзе зазначыў, што “пэрламі нашаніўскай паэзіі, найлепей азначаючымі гэтую пару ў гісторыі нашае літаратуры, трэба ўважаць... высокапаэтычныя і мастацкія элегіі Гаруна”. Аналізуючы ўсю шматграннасць таленту пісьменніка, М. Гарэцкі так вызначыў галоўны стрыжань яго жыцця і паэзіі: гэта — “адраджэнцкія матывы. Яны захопліваюць яго ўсяго-чыста. На ахвярнік адраджэння складае Гарун сваю волю, сваё асабістае шчасце, сваю любоў да бацькоў і да каханай дзяўчыны, сваё здароўе і ўсё, што мае, без астатку”.

    Гэтую ж думку праводзіць, ужо ў некралогу, што быў апублікаваны ў “Вольным сцягу”, і Змітрок Бядуля: “Ці хто-колечы з беларускіх паэтаў эры адраджэння лічыўся з сваім жыццём і сваім дабрабытам? — не лічыўся з гэтым і нябожчык Гарун”. Тонкі знаўца мастацкага слова адзначаў таксама, што “ўся паэзія Гаруна пранікнута кволай і далікатнай лірыкай”, “абразкі яго засмучоныя, акропленыя болем змучанай, пакутнай душы”, але “ў гэтым смутку чуецца часам магутнасць і размах <...>, рытмічныя акорды чароўнай музыкі і багатая форма”.

    Сур’ёзна, узважана пісалі пра Алеся Гаруна і пасля — А. Бабарэка, А. Барычэўскі, Цішка Гартны, М. Піятуховіч, А. Стаход. Але, на маю думку, найбольш цікава будзе паглядзець, як выявілі свае адносіны да Гаруна ў літаратурным маніфесце члены літаб’яднання “Узвышша”, бо гэта — погляды цэлага пакалення пісьменнікаў, якія сталі класікамі нашае літаратуры. У “Тэзісах да пытанняў аб утварэнні «Узвышша»” чытаем: “Беларуская мастацкая літаратура складаецца: а) з творчасці пісьменнікаў-адраджаністаў (нашы клясыкі — Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун), якія ўтварылі аснову беларускай мастацкай літаратуры і грунт для яе далейшага развіцця (...). Лірыка адраджаністаў выражае і выяўляе: (...) в) настроі нацыянальнага ўсвядомленага работніцтва і яго рэвалюцыйнай інтэлігенцыі, што за справу работніцкага вызвалення ішла на катаргі, ссылкі і г. д. Гарун — выражае іх праз мастацкае выяўленне сілы і глыбіні перажыванняў і адданасці справе беларускага работніка, адарванага сілаю ад рэвалюцыйнае працы”. Здаецца, гэтыя палажэнні ўзвышэнцаў асаблівых каментарыяў не патрабуюць.

    Пра надзвычай высокае значэнне спадчыны Алеся Гаруна сведчыць і той факт, што ў 1927-1929 гадах Літаратурнай камісіяй Інбелкульта рыхтавалася да друку поўнае акадэмічнае выданне твораў пісьменніка. Але, відаць, папулярнасць надта была вялікай, бо “ўлічваючы, з аднаго боку, пэўную вартасць гэтага зборніка вершаў А. Гаруна, як найбольш мастацка апрацаванай часткі яго літаратурнай спадчыны, а з другога — тэхнічную магчымасць перавыдаць зборнік зараз жа, не чакаючы з’яўлення ў свет поўнага акадэмічнага выдання твораў А. Гаруна, Беларуская акадэмія навук знайшла пажаданым першы аддзел збору яго твораў, гэта значыць зборнік «Матчын дар», выпусціць асобнай кніжкай, незалежна ад поўнага збору твораў, куды «Матчын дар» у сваю чаргу ўвойдзе ў якасці першага аддзелу”, пра што і паведаміў у прадмове да другога выдання “Матчынага дару” І. Замоцін (1929).

    Але 1929 год быў годам “вялікага пералому” ў адносінах да Гаруна. Пра гэта яскрава сведчыць уступны артыкул да згаданага зборніка, названы “А. Гарун і яго «Матчын дар»”. Яго аўтар А. Барычэўскі змясціў у часопісе “Узвышша” вялікае, грунтоўнае, выдатнае па тонкасці і глыбіні аналізу даследаванне, дзе лагічна і паслядоўна раскрыў мастацкія. вартасці кнігі, непаўторнасць таленту пісьменніка, акрэсліў яго месца і значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры. І раптам... катэгарычна ацаніў грамадскую дзейнасць і паэзію Алеся Гаруна, пра што ўжо згадвалася вышэй: “ ...вершы А. Гаруна выклікаюць шэраг сур’ёзных заўваг і аспрэчанняў, паколькі амаль усе яны (за некалькімі выключэннямі) псіхаідэалагічна далёкі ад нас і нават у некаторай сваёй частцы чужыя і варожыя нашай сучаснасці”. А. Барычэўскі даволі яскрава дае зразумець, адкуль узяўся ў яго гэты новы тон. Аказваецца, паэт “дае нацыяналістычную ідэалізацыю беларускай гісторыі і шукае ў гэтай фальшыва асветленай мінуўшчыне залог будучага. Тут ён нам не толькі далёкі, але і варожы. Тут мы знаходзім парасткі таго сучаснага нацыяналізму, з якім Камуністычная партыя і Савецкая ўлада вядзе безупынную барацьбу”. Той жа сумнавядомы жупел нацыяналізму...

    Акадэмічны збор твораў Алеся Гаруна натуральна, не выйшаў. У 1931 годзе Л. Бэндэ ва ўступе да хрэстаматыі па беларускай літаратуры выносіць свой прысуд: “Гарун з’яўляецца прадстаўніком той часткі дробнай буржуазіі, якая пайшла з контррэвалюцыяй, а сам ідэолаг гэтай дробнай буржуазіі ператварыўся ў ідэолага буржуазіі”. Пра мастацкую прыроду творчасці пісьменніка — ані слова. У хрэстаматыю не ўключана аніводнага твора. Дык дзеля чаго ж было ствараць гэтае даволі вялікае, ледзь не на дзве старонкі, абвінавачванне? “Мы знарок застанавіліся на Гаруне, — тлумачыць Л. Бэндэ, — таму што нацыянал-дэмакратычныя літаратуразнаўцы праз друк і з катэдр навучальных устаноў ідэалізавалі яго, паказвалі яго як надклясавага пісьменніка, захоўвалі ад сваіх чытачоў і слухачоў сапраўдную сутнасць яго”. А ў 1934 годзе на І з’ездзе савецкіх пісьменнікаў М. Клімковіч між іншым заўважыў, што ў нашай літаратуры мела месца “группа мелкобуржуазных писателей — Цётка, Гарун (с.-р., впоследствии полковник банды Булак-Балаховича)”. Добра, што не прыпісаў паэту яшчэ якіх грахоў, хоць, як на той час, і гэтага было аж занадта. Гарун змоўк.

    Пасля Вялікай Айчыннай вайны была зроблена спроба звярнуць увагу на паэта, рэабілітаваць яго. У цытаваным вышэй артыкуле М. Ларчанка пісаў: “Алесь Гарун быў вялікім майстрам паэтычнай дасканаласці лірычнага верша. Мастацкая сканцэнтраванасць думак і пачуцця, сцісласць і выразнасць слоўна-маляўнічых сродкаў, напружаная эмацыянальнасць, фальклорная прастата, рытмічная і метрычная разнастайнасць, народная напеўнасць — вось тыя асноўныя паэтычныя якасці, Што характарызуюць сабой шматлікія вершы грамадзянскай і філасофскай, любоўнай і пейзажнай лірыкі Алеся Гаруна.

    ...Спадчына Алеся Гаруна заслугоўвае ўвагі і сур’ёзнага вывучэння”.

    Мабыць, невыпадкова, што якраз у 1945 годзе, адразу пасля вайны, калі змучаны, скрываўлены, але няскораны народ нанова пачаў адчуваць уласную годнасць, калі пачалі асэнсоўвацца нацыянальныя каштоўнасці, М. Ларчанка зноў звяртаецца да велічнай постаці паэта. Мабыць, у гэтым была спроба, высакародны парыў самаачышчэння беларускага літаратуразнаўства, сплаты за грахі старэйшага пакалення. Але словы М. Ларчанкі засталіся без увагі, дакладней, іх заўважыў той, “хто трэба”: за гэты артыкул моцна перапала і аўтару, і рэдактару часопіса “Беларусь”, дзе матэрыял быў надрукаваны.

    Варта адзначыць, што старонкі сур’ёзнага даследавання прысвяцілі Алесю Гаруну ў сваіх манаграфіях “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (1969) і “Янка Купала і беларуская паэзія” (1971) М. Грынчык і М. Ярош. Аднак гэта — толькі першыя крокі. З абсалютнай упэўненасцю можна сказаць, што сапраўднае вывучэнне творчасці Алеся Гаруна ў гісторыі нашай літаратуры яшчэ толькі пачынаецца. У леташнім выданні “Гісторыі беларускай літаратуры” А. Лойка змог прысвяціць творчасці Алеся Гарўна асобны, манаграфічны раздзел. Адбылося “свята вяртання паэта”. Пачынаецца свята спасціжэння яго высокай паэзіі.

    Як ужо адзначалася, “Матчын дар” — адзіны паэтычны зборнік пісьменніка — быў падрыхтаваны да друку ў 1914 годзе, але вайна, што пачалася тады, адсунула выхад кнігі на цэлыя чатыры гады. Што ж, можна пашкадаваць, што яна не ўбачыла свет яшчэ ў нашаніўскую пару, духам якое была прасякнутая, але зборнік вельмі і вельмі быў патрэбны маладой беларускай рэспубліцы — нездарма ж ён быў выдадзены коштам Народнага сакратарыята Беларусі.

    “Матчын дар” разам з іншымі творамі Алеся Гаруна, што друкаваліся ў “Нашай ніве”, але ў зборнік не ўвайшлі, — неад’емная частка нашае духоўнае культуры эпохі беларускага адраджэння пачатку XX стагоддзя. Я свядома ўжываю тут слова “эпоха”, бо ўсё, што тады адбывалася, сапраўды мела для нашага народа эпахальнае значэнне. І, як мне здаецца, паэт усведамляў гэта. Галоўным стрыжнем яго паэзіі з’яўляецца вялізная, вельмі вострая ў праявах пачуцця любоў да Бацькаўшчыны. Магутная ад прыроды, яна яшчэ больш была ўзмоцнена змушаным расстаннем, няволяй у чужым краі. Прама ці апасродкавана, гэтае пачуццё праяўляецца ў кожным вершы, да якога жанру лірыкі ён бы ні адносіўся.

    Алесь Гарун вельмі балюча перажывае сваю адарванасць ад Радзімы, з якою звязаны ўсе яго думкі і памкненні:

                Як надарыцца мінута,

                Што ад працы адарвуся,

                І жыццёвая атрута

                Не пячэць, і прахаплюся,

                Дык цябе, мой Родны Краю,

                Шчырай думкай аблятаю.

                             (“Як надарыцца мінута...”)

    Гусі, вецер, сны пераносяць лірычнага героя на тую зямлю, з якою звязаны самыя светлыя ўяўленні, мары і надзеі. Самае страшнае для паэта — пазбавіцца Бацькаўшчыны:

                Горшая мука трапляе, што сынам я

                Быць перастану сваёй старане.

    Сыноўскія пачуцці паэта заўжды выяўляюцца вельмі востра. Сам працаўнік, выхадзец з працоўнага асяроддзя, ён глядзіць на жыццё вачыма простага люду, бачыць і паказвае іншым усе беды, нястачы, гора і нядолю, што пануюць у родным краі, да якога звяртаецца ў вершы “Як надарыцца мінута...”:

                Ты няшчасны і убогі,

                Ты бяздольны і забіты,

                Ты без шляху, без дарогі,

                Ты абдзёрты і прапіты,

                Подлай здрадаю праданы,

                Ты не свой — даўно забраны.

    Натуральна, няўдача рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, рэакцыя пасля яе не маглі не ўзмацніць гэтых матываў, не давесці іх да вельмі высокай ступені выяўлення. “Як той брат-беларус мой жывець?” — пытаецца Алесь Гарун у вершы “Мае думкі” і сам жа дае сабе адказ: “Жыццё зацвіло як на версе якое балота. Сонца нізка — не грэе саўсім”. Гэтая ж думка развіваецца і ў вершы “Ветру” — “Брат мой беларусін гібее без сонца”.

    Аднак пісьменнік свята верыць у адраджэнне, у яго перамогу:

                Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы,

                І радасць вольнасці павінна завітаць.

                                                                   (“Nocturno”)

    Магчыма, у гэтым вершы тая будучыня, да якой імкнецца паэт, намалявана залішне абстрактна, але ўвогуле ён выказвае ўласнае разуменне грамадскага ідэалу вельмі і вельмі канкрэтна: гэта той лад, “дзе пад націскам роднага молата жыццё куецца углыб і ушыр” (“Думы ў чужыне”), гэта — “панства братэрства і працы, вольнасці, хлеба й святла” (“Брацця, к агульнаму шчасцю...»).

    Алесь Гарун, змагар па сваёй прыродзе, выдатна разумеў, што да гэтага ідэалу вядзе толькі адзін шлях — шлях барацьбы, прычым барацьбы супольнай.

    Паэт выдатна разумее, што шчасце народа прыйдзе толькі тады, калі будзе разарвана “сець ланцугоў”, што спавіла родны край. Адраджэнскія ідэі паэта маюць выразную сацыяльную акрэсленасць, яго паэтычная зброя скіравана супраць тых, хто высмоктвае апошнюю кроў з народа (“Ваўкалакі”). Але ён выкрывае і тых, хто, хаваючыся за фальшывыя словы, ідэі, заклікі, падманвае народ, прымушае яго збочыць са шляху змагання (“Юдам”). У характарыстыцы гэтых прыхаваных ворагаў грамадзянскі гнеў, вобразныя, трапныя азначэнні — “атручання найміты”, “мора бруд ля берагу намыты”, “золата без звону”. І — нарэшце:

                Вы цяжкі сон. Вы каты... Горай ката!

                Кругом праклятыя, вам бацька, брат — дукат!

    Паэт заўсёды гатовы, не зважаючы ні на што, ісці з народам да волі і шчасця. Ён не даруе нікому і ніколі здрады:

                Хто ж сказаў, а потым здрадзіў,

                Хто пайшоў, а потым кінуў,

                Хто ў душы сумленне згладзіў,

                Ў кім апошні сорам згінуў, —

                Хай дрыжыць. У дзень прысуду,

                Ў страшны дзень я сведчыць буду!

                                                            (“Хто сказаў...”)

    Барацьба, змаганне — аснова жыццёвай пазіцыі лірычнага героя. Алеся Гаруна. Гэтая ідэя змагання мае магутны стваральны пачатак, які ці не найбольш яскрава выявіўся ў вершы “Муляру”, дзе аўтар заклікае замест магільнага склепа будаваць

                Мур вялікі вольнай волі,

                Мур высокі да нябёс,

                Мур братэрства, роўнай долі,

                Мур для радасці без слёз.

    Зусім заканамерна, што паэт, які перажыў беднасць, няволю, хваробу, які, урэшце, узяў сабе гэтакі псеўданім, вельмі моцна любіў жыццё і ўсё, што з ім звязана. З яго твораў струменяць аптымізм і непахісная вера ва ўсёперамагальную сілу жыцця: “Прысуджаны шлях свой рабі дарагім, красуйся на радасць сабе і другім” (“Ідуць гады”). Развагі філасофскага характару ў Алеся Гаруна непарыўна звязаныя з нацыянальна-патрыятычнай праблематыкай.

    У паэта шмат вершаў, у якіх лёс Бацькаўшчыны раскрываецца праз вобразы сялян, жабрачкі, паэта, хлапцоў, дзяўчат. Разам з тым вялікую ролю адыгрываюць персанажы, што ўвасабляюць тыя ці іншыя ідэальныя, духоўныя, разумовыя паняцці — гусляр, званар, Хрыстос. Характэрны для беларускай класічнай паэзіі вобраз путаў, што душаць Айчыну, азначаюцца як путы чалавечага духу (“Паэту”),

    Алесь Гарун усёй сваёй творчасцю імкнуўся да таго, каб парваць гэтыя путы, каб абудзіць нацыянальную свядомасць, годнасць народа. Яго зброя — беларуская мова, якую горача любіў. Яна была для яго часткаю Радзімы, баявой спадарожніцай у справе адраджэння. Паэт спяваў узнёслы “Гімн роднай мове”, звяртаўся да яе як да роднае маці (“Песня-звон”), заклікаў сваіх суайчыннікаў:

                Ты, мой брат, каго зваць беларусам,

                Роднай мовы сваёй не цурайся,

                Як не зрокся яе пад прымусам,

                Так і вольны цяпер не зракайся...

                                                 (“***У чатырохлецце «Нашае Нівы»”)

    “За пашану радзімаму слову ушануюць нас брацця-народы” — такімі словамі заканчваецца гэты верш. А паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, яго — хто пісаў, што “ад Бога ўсе народы і бацькі аднаго ўсе дзеці — людзі-брацця”, хто спяваў пра “век людскога радства”. А з якой павагай і любоўю да братняга ўкраінскага народа прасякнуты верш, прысвечаны памяці Т. Шаўчэнкі. Зрэшты» ніякіх сумненняў у добразычлівасці Алеся Гаруна не пакідаюць тая назіральнасць, той шчыры, мяккі, тонкі гумар, з якім ён пісаў пра беларуса, украінца і цыгана ў вершаваным жарце “Каму што”. Зусім іншы, сур’ёзны і заклапочаны, падыход да нацыянальных пытанняў у апавяданні “Пан Шабуневіч”, але і там пісьменнік застаецца сапраўдным адраджэнцам — абаронцам адраджэння для ўсіх народаў, і гэтым ён сучасны, актуальны сёння.

    Паэзія Алеся Гаруна тэматычна і сваім пафасам цесна звязана з гістарычнымі падзеямі тых часоў, з ідэалогіяй беларускага адраджэння.

    Вызначальная рыса яго паэзіі — публіцыстычнасць як мастацкая рэалізацыя грамадзянскага тэмпераменту. Узоры высокамастацкай паэтычнай публіцыстыкі далі і Якуб Колас (“Беларусам”, “Ворагам”, “Покліч” і інш.), і Янка Купала (“Мая малітва”, “Там...”, “Ворагам Беларушчыны” і інш.). Такім чынам рэалізаваўся і іх унутраны парыў, духоўнае напружанне. У Алеся ж Гаруна, прафесійнага рэвалюцыянера, грамадзянскі напал дасягнуў найвышэйшай ступені, яго лірыка падкрэслена публіцыстычная, бо ў паэта, відаць, існавала на тое адпаведная ўнутраная ўстаноўка.

    Алесь Гарун усведамляе сябе паэтам спантанна, падсвядома. У яго няма вершаў, дзе фігураваў бы лірычны герой-паэт. Для Гаруна высокамастацкае паэтычнае слова — зброя, божы дар, які ён выкарыстоўвае для прапаганды сваіх ідэй, абуджэння народа, дасягнення высокіх грамадзянскіх мэт. Голас паэта гучыць як голас народа, і нездарма многія яго вершы маюць форму заклікаў-зваротаў проста чалавека да чалавека, а не прарока да масы: “Ты, мой брат, каго зваць беларусам...”, “Праўду мусім ведаць, браце...”, “Слухай, Іване, паночку...” і гэтак далей.

    Вастрыня грамадзянскіх пачуццяў у многім абумоўлівае і трагедыйнасць гучання патрыятычнай тэмы як у Алеся Гаруна, так і ў іншых паэтаў-адраджэнцаў. Асабліва блізка стаіць Алесь Гарун да Янкі Купалы. Тут маецца на ўвазе не столькі тэматычнае падабенства, а трагічны пафас, з якім гавораць паэты пра Бацькаўшчыну. Для абодвух характэрны вобраз “забранага краю”, дзе само жыццё чалавека — ужо трагедыя. І гэта лёгка зразумець, бо Алесь Гарун, як і Янка Купала, па сваім светабачанні, па ладу мыслення, па арыентаванасці духу быў сапраўдным рэвалюцыйным рамантыкам. Менавіта гэты рамантызм як спосаб духоўнага існавання (а не эстэтычны канон, як было ў класічных пісьменнікаў-рамантыкаў) вяртае Алеся Гаруна, як і Янку Купалу, у пошуках ідэалу ў мінулае, да былой славы народа:

                Ў старыну беларус не падданы

                Гаспадарыў, быў сам над сабою

                І далёка у свеце быў знаны

                За літоўскай і ляшскай зямлёю,

                                              (“***У чатырохлецце «Нашае Нівы»”)

    Гэта зусім не заклік да вяртання назад, гэта намаганые абудзіць у народа яго багаты дух, перанесці ў светлы заўтрашні дзень здабыткі мінуўшчыны. Паэту баліць, што яго народ, некалі такі слаўны, “народ спакойны і бязвінны”, сёння “ціха зносіць наругу”. Глыбокая супярэчнасць нараджае ў душы лірычнага героя трагічную раздвоенасць: “Можа ляцеці адгэтуль за гусямі, можа заснуць, каб нічога не знаць”. Але гэта — часовае, герой рамантыка Гаруна адмаўляе слабасць (“Слабасці”), па духу ён вельмі блізкі купалаўскаму, ён рэалізуе той пратэст гордай, няскоранай, няўрымслівай асобы аўтара, увасабляе яго ідэалы — адданасць справе, служэнне Бацькаўшчыне, роднаму народу.

    Слушна зазначаў М. Ярош: “настраёва-разважлівая лірыка А. Гаруна больш асабістая, індывідуальна канкрэтызаваная, чым блізкія па танальнасці вершы Купалы”. Алесь Гарун, гаворачы словамі М. Гарэцкага, — “самотнік па натуры”, і гэтая акалічнасць абумоўлівае большую “асабістасць”, аўтабіяграфічнасць вершаў, большую канкрэтнасць пачуцця і думкі. Цікавы ў гэтым плане верш “Літанне Адзіноце”, за які паэту перапала шмат абвінавачванняў у песімізме, індывідуалізме. Адзінота для паэта — стан самазаглыбленасці творцы, у якім ён жыве самім сабою, сваім унутраным жыццём.

    Зноў-такі таму, што Гарун — “самотнік па натуры”, у яго пераважае “мацярынскі” пачатак у патрыятычным пачуцці. У адно зліліся любоў да Бацькаўшчыны, любоў да маці, каханне да дзяўчыны. Маці — старонка, маці — родная мова; гэтымі і падобнымі вобразамі прасякнута ўся паэзія Алеся Гаруна. І таму шматзначна гучыць гаруноўскае прысвячэнне: “Гэту першую кніжку думак і песняў сваіх матцы сваёй прысвячаю”. Зрэшты, і зборнік невыпадкова названы “Матчын дар” — менавіта “матчын”, бо ад маці лірычны герой атрымаў і жыццё, і долю, і душу, і скрыпку. Гэтую грунтоўную мастацкую логіку па-свойму адчуе і асэнсуе сучасная беларуская паэзія — У. Караткевіч з “Матчынай душой”, Р. Барадулін з культам Маці — “захавальніцы дрэва” жыцця, што сама “стала дрэвам”... У тыя ж часы ў разуменні, мацярынскага, жаночага блізка да Алеся Гаруна стаяў М. Багдановіч. Цікавілі паэта біблейскія вобразы і матывы. Пісьменнік, атэіст паводле поглядаў, пра што сведчаць шматлікія яго творы, адмаўляе біблейскую легенду пра нараджэнне Хрыста і адразу ж яе пераасэнсоўвае, гаворачы, што Хрыстова нараджэнне яшчэ наперадзе (“Хрыстос нарадзіўся!..”). Вобраз гэты не атрымаў належнага развіцця, але, здаецца, гаруноўскае разуменне Хрыста блізкае да Блокавага. Вельмі яскравым, напружаным, пераканаўчым выйшаў у інтэрпрэтацыі Алеся Гаруна вобраз Самсона, у якім асаблівае развіццё атрымаў рамантычны пафас барацьбы, няскоранасці духу, самаахвярнасці дзеля перамогі.

    Згадваючы міфалагічныя, біблейскія матывы ў творчасці паэта, разумееш, што яны невыпадкова трапілі ў кола мастацкага. зацікаўлення, што гэта вынік паглыблення філасофскай праблематыкі ў паэзіі беларускага адраджэння ўвогуле і ў Алеся Гаруна — у прыватнасці. Яго хвалююць пытанні суадносін жыцця і смерці, жыцця і яго зместу, духу і цела; паэт дае асэнсаванне філасофскіх катэгорый часу, рытму, прасторы. Паводле паэта, унутраны рытм існавання — яго колазваротнасць. Гэтая ўласцівасць арганізацыі Сусвету пазначылася і на кампазіцыі зборніка “Матчын дар” (ад раздзела “Роднаму краю” праз “На чужыне” паэт ізноў вяртаецца да “Праяў роднага”). Колазварот як закон прыроды знайшоў сваё адлюстраванне і ў многіх вершах. Ён пануе як у свеце жывым, так і ў нежывым, яму падуладная, напрыклад, вада:

                Над мной закон — колазварот.

                Плыву я з мора ў акіян

                І стуль збіраюся ў паварот,

                Калі узнімецца туман

                І ўзляжа ноч. Лячу хутчэй тады

                Цячы ракой з-пад горнае грады.

                                                  (“Як ліст вярбінкі маладой...”)

    Для Алеся Гаруна характэрна сцвярджэнне ўсёперамагальнасці, важкасці, плённасці чалавечага жыцця і жыцця ўвогуле (вершы “Ідуць гады”, “Як ліст вярбінкі маладой...”, “Навука” і інш.), упэўненасць у моцы і велічы чалавечага духу (“Самсон”, “Пажар”, “Малітва”). Свае філасофскія погляды Алесь Гарун выявіў як у вершах уласна філасофска-медытатыўных (“Nocturno”, “Нязваны госць” і інш.), так і ў алегарычных (“Жыццё”) і нават інтымных (“Асенні спеў”), што, несумненна, сведчыць пра глыбіню і высокае майстэрства яго паэзіі.

    Часам нават здзіўляешся: як жа Алесь Гарун, фактычна пісьменнік-самавук, змог дасягнуць такіх вышыняў, што жывіла яго несумненна магутны ад прыроды талент? М. Грынчык зазначае, што жыватворнай крыніцай для мастака была народна-паэтычная стыхія, і з гэтым ніяк нельга не пагадзіцца. Фальклорныя традыцыі ў творчасці Алеся Гаруна прасочваюцца ў шматлікіх аспектах.

    Перш за ўсё выпрабаваныя вуснай народнай творчасцю вобразы складаюць аснову паэтычнай сістэмы паэта. Сонца і вецер — гэта не толькі, як зазначаў Алесь Гарун, “улюбёныя абразы” Т. Шаўчэнкі, але і ўлюбёныя вобразы самога аўтара “Матчынага дару”. Побач з імі шырока ўжываюцца вобразы ракі, крыніцы, зорак, лесу, дуба, гусей, што нясуць на крылах думы лірычнага героя. Гэта не проста запазычанне, не сляпое перайманне, у Алеся Гаруна ўсе яны атрымліваюць новае напаўненне, гэтаксама як і сімвалізаваныя вобразы гусляра, песняра, званара.

    Фальклорная ў сваёй аснове і гаруноўская сістэма тропаў. Найчасцей ужываны з іх — эпітэт. Алесь Гарун тонка камбінуе фальклорныя эпітэты з аўтарскімі, дасягаючы скандэнсаванасці і трапнасці вобраза.

    Паэт па-майстэрску валодае прыёмамі народнага паэтычнага сінтаксісу, асабліва — паралелізмам. Сумяшчэнне ў паралельных радах тыповага фальклорнага і індывідуальнага робіць верш жывым, дае магчымасць засяродзіць увагу чытача на найбольш істотным.

    Я свядома не цытую і не называю вершаў, што маглі б служыць прыкладамі да азначальных палажэнняў, бо ўсё гэта тычыцца практычна кожнага твора, але, натуральна, перш за ўсё — тых перайманняў, стылізацый, апрацовак народных сюжэтаў, большасць з якіх увайшла ў раздзел “Праявы роднага” ў зборніку “Матчын дар”. І няхай у некаторых з іх паэт не пайшоў далей за звычайны этнаграфізм, маралізатарства (“Варажба”, “Канец Паўлючонка”), але ў кожным разе яны выклікаюць цікавасць сваёй мовай, выдатнай тэхнікай.

    Паэтычная культура, тэхніка — яшчэ адзін важны аспект, на якім мне хацелася б засяродзіць увагу чытача. Алесь Гарун надзелены выдатным адчуваннем рытму слова, радка, верша. Як зазначае М. Ярош, “у нашай паэзіі па індывідуальнай рытмічнай адметнасці, дынамічнасці, гучнасці, звонкасці верш Гаруна не ўступаў, пэўна, толькі вершу Багдановіча і Купалы”. У паэзіі Алеся Гаруна пульсуе кожны радок, ёсць прыклады лагаэдычных вершаў (“Песня-звон”, “Вясна”), вялікае значэнне мае цэзура. Стройнай рытмічнай арганізаванасці дапамагае багатая, разнастайная рыфмоўка, характэрныя ўнутраная (“Вяселле”) і нават ланцуговая рыфмы:

                Завіруха скача ноччу

                Патарочай, плача, вые;

                Пухавыя сыпле ў вочы

                Снегавінкі мне, рагоча.

                Йду на вобмацк; ледзь жывы я,

                Нежывыя суну ногі

                Без дарогі. Цела ные...

                                             (“Завіруха”)

    Здзіўляе багацце строфікі гаруноўскай паэзіі. Няхай ён не асвоіў класічных строф, як гэта зрабіў, скажам, М. Багдановіч, але ж Алесь Гарун эксперыментаваў, і хто ведае, можа ён хацеў стварыць нейкія свае, спецыфічныя, беларускія строфы.

    Паэт настолькі чуйна ставіцца да слова і так тонка адчувае яго, што можа падкрэсліць найтанчэйшыя адценні настрою і пачуцця (напрыклад, змрочную весялосць у вершы “Вяселле”), перадаць дынаміку работы чалавечай думкі (“Навакол...”, “Вясна”), і ў плане гэтай экспрэсіўнасці ён тыпалагічна падобны да Янкі Купалы, чые вершы таксама віруюць, захопліваюць, валодаюць ледзь не візуальнымі і дотыкавымі ўласцівасцямі.

    Мы вялі гаворку пераважна пра лірыку, і працягваць яе можна было б практычна бясконца — такі багаты, невычарпальны гэты паэт. Вядома, Алесь Гарун — пісьменнік, як ужо адзначалася, не абмежаваны толькі паэзіяй, ён аўтар шэрагу апавяданняў, зборніка п’ес для дзяцей “Жывыя казкі”, публіцыстыкі. Але ў гісторыю нашай літаратуры ён назаўжды ўвайшоў перш за ўсё як паэт: тут ён раскрыўся найпаўней (а як бы мог яшчэ раскрыцца!), тут стварыў неўміручыя творы, тут застаўся ў многім непераўзыдзеным.

    [С. 220-230.]

 



    Вот уже автору поэтической книги “Материнский дар”, увидевшей впервые свет в 1914 году, посвящен и научно-популярный очерк Владимира Казберука “Светлой свободы звучный звон”. Вышел он отдельным изданием в нынешнем 1991 году в минском издательстве “Наука и техника”. Автор повествования – ученый-литературовед В. Казберук обращает внимание читателей на то, что поэт-революционер находился в суровом крае – Якутии”. /Карлюкевич А.  Истоки дружбы. // Социалистическая Якутия. Якутск. 22 февраля 1991. С. 3./
    Разам з тым хочацца сказаць, што калі ў 1992 годзе Аддзел літаратуры народаў Якуціі упершыню быў створаны ў Рэспубліканскай нацыянальнай бібліятэцы /На белорусском, татарском, украинском... // Якутия. Якутск. 27 мая 1992./ На прэзэнтацыі выступіў беларускі пісьменьнік Іван Ласкоў, які ўхваліў Гаруна, прачытаўшы вершы з факсымільнага выданьня /Мінск, 1988/ зборніка “Матчын дар”.
    Браніслава Міхайлаўна Лапкоўская (дзявочае прозьвішча Прушынская) з роду Алеся Гаруна, энтузіяст прапаганды творчасьці свайго знакамітага продка, якая стварыла ў сваім дамку невялічкую экспазыцыю яго твораў, запрасіла мяне на паездку ў вёску Пастарыньне, дзе яна нарадзілася, каб расказаў вяскоўцам аб 525-годзьдзі паселішча і надыходзячай 110-й гадавіне з дня нараджэньня Алеся Гаруна. Я з вялікай радасьцю даў згоду і папрасіў Браніславу Міхайлаўну, каб яна патэлефанавала родзічам і ў школу аб нашай паездцы. Яшчэ я прасіў, каб грамадзкасьць вёскі ўсталявала ў Пастарыньнях камень, прысьвечаны юбілею паселішча, да яго пасадзіць алею ў гонар Алеся Гаруна, а на месцы хаткі, дзе ён жыў і гасьцяваў, усталяваць помны знак...
    Як я пераканаўся, што чужыя людзі жывуць у гэтай вёсцы, чужыя настаўнікі і школа ў ёй, бо нават сам дырэктар вучэльні перапужаўся ад усяго гэтага... Гаварыў, што будзе тэлефанаваць у сельсавет і ў раён...
    Прызнаюся, што да такой з’явы, як абыякавасьць, я ўсе не магу прывыкнуць. Як і да таго, што ў базавай школе ў Пастарыньнях на дзень нашага мерапрыемства не было нават партрэта А. Гаруна, мабыць, яго няма і сёньня.
    Не з’явіўся ў вёсцы ні камень, ні алея. ні помны знак. але мы ўсё ж выступілі ў школе, і з дзеткамі ў нас атрымалася цудоўная і павучальная рамова, бальшыня навучэнцаў за віктарыну атрымалі ад нас імянныя падарункі...
    Падобна, што нічога сьвятога ў Баранавічах для ўладаў няма... Мярзотныя і неверагодныя гэтыя перайменаваньні, як спачатку вуліцу Алеся Гаруна перарабілі ў вуліцу Элізы Ажэшка, а потым у Максіма Багдановіча... Мабыць, усе ж меў рацыю вялікі габрэйскі пісьменьнік Шалом-Алейхем, калі пісаў: “Каб ёй згарэць, гэтай станцыі Баранавічы!” /Маліноўскі М.  “Будуць людзі цябе шанаваці.” (Да 110-годдзя з дня нараджэння Алеся Гаруна). // Наша Слова. № 10. 1997./
 

    Вуліца імя Алеся Гаруна зьявілася ў Менску, у мікрараёне Дамброўка, названая ў адпаведнасьці з рашэньнем мескіх уладаў ад 29 чэрвеня 2007 у гонар Алеся Гаруна (Аляксандра Прушынскага).
    6 траўня 2008 г. сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці (БНП) ушанавалі памерлых і загінулых беларусаў... У Кракаве сябры БНП наведалі магілу Алеся Гаруна”. /Паводле БНП.  Варшава (Польшча). // Беларусы ў свеце. № 5. Мінск. Травень 2008. С. 4./