poniedziałek, 30 listopada 2015

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. "Тундра-ны таптыбын..." Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                                                   СЛОВА ЛЮБОВІ




    Іван Ласкоў
                                                         “ТУНДРА-НЫ ТАПТЫБЫН...”
                                                                             Нарыс
    Для мінчука, аршанца ці магілёўца Якуцк, дзе я жыву, вядома ж, поўнач. І наўрад ці падумае хто з іх, што ў Якуціі ёсьць свая поўнач, не такая ўжо і блізкая — ад Якуцка да Ціксі, напрыклад, па Лене болей за дзьве тысячы кілямэтраў. Проста так, без нагоды, не сядзеш і не паедзеш. І склалася так, што цэнтральную і паўднёвую Якуцію за дванаццаць год я ўведаў няблага, а на поўначы да нядаўняга часу не быў. А так марылася аб гэтым!
    І вось нарэшце пашанцавала: мяне ўключылі ў склад групы, што ехала ва Усьць-Янскі раён на Дні якуцкай літаратуры і мастацтва. Гэта было у дзесятых днях лістапада — даўно зіма, асабліва за Палярным кругам, але не такая глыбокая, каб баяцца. Апрануліся, хто меў, у кажухі і тарбосы. Толькі адзін Сямён Дзяканаў, якога ўсе мы за вясёлы, таварыскі нораў звалі проста Сенем, наехаў у звычайных, на ваце, чаравіках. Зразумела, яго ўсе шкадавалі, і дарэмна: Сямён жа з Усьць-Янска. Нарадзіўся і вырас сьпявак, саліст якуцкай опэры ў Тумаце - невялікім сяле кілямэтраў за сто ад Паўночнага Ледавітага акіяна. Хай мяне не зразумеюць так, быццам я хачу сказаць, што Сямён паехаў у чаравіках таму, што на радзіме сваёй загартаваўся. Не! Ён проста лепш за нас яе ведаў. Ведаў, што на поўначы гэтай парой маразы куды мякчэйшыя, чым у Якуцку. Ну, а калі б усё ж спатрэбілася памяняць яму чаравікі на болей цёплы абутак, Сямён бы яго знайшоў без турботаў: родных, сяброў і знаёмых тут у яго даволі — ледзь не ў кожным населеным пункце.
    У Дэпутацкі, раённы цэнтар, мы прыляцелі ў нядобры час. Праз гадзіны чатыры пасьля прылёту па ўсёй краіне была абвешчана жалоба. Нашы сустрэчы з гледачамі адклалі на чатыры дні. Чатыры дні без аніякага занятку ў пасёлку, што наскрозь прадзімаўся сьвежаком! Не пашпацыруеш. Ды і што карысьці ад шпацыраў тых у паўзмроку запалярнага зімовага дня, калі сонца нават не падымаецца з-за гор, што навокал Дэпутацкага?
    Тут Сямён і прапанаваў на гэтыя чатыры дні ляцець у яго Тумат. У Тумаце, даводзіў ён, кожны ўбачыць тое, што яго цікавіць: тундру, аленяў, зімовае рыбацтва... Мяне ж ён паабяцаў правезьці з ветрыкам на сабаках.
    Усім ідэя гэтая раптам спадабалася. Зьвярнуліся да раённага кіраўніцтва. Яно, не ведаючы, што з намі рабіць чатыры дні, і ўлічыўшы, што Тумат мы ўсё адно павінны наведаць па праграме Дзён, дало верталёт.
    ...Уладкаваліся мы ў школьным інтэрнаце. Усе — апрача Сямёна: у Тумаце ж у яго і бацька і маці. Ён і пайшоў дадому. “Так мы яго і бачылі цяпер! — сказаў хтосьці. — Вось для чаго ўгаворваў: каб матчынай юшкі пад’есьці...”
    Але назаўтра, калі яшчэ і сонца позьняе не ўстала, Сямён заявіўся ў інтэрнат і абвясьціў, што ўсё ўладжана: хто хоча, можа ехаць у алені статак. Туды ідуць два “Бураны” (мотанарты), месца ўсім хопіць... Што ж да мяне, то мы з Дзяканавым наімчымся на сабаках да паляўнічых. Заначуем у паляўнічай хаціне (да яе кілямэтраў, можа, дваццаць, можа, сорак), а заўтра назад...
    Не скажу, каб я сустрэў навіну гэтую з радасьцю, бо пасьпеў ужо надоечы прайсьціся па Тумаце і яго бліжняй ваколіцы. Спусьціўся на Чандон — даволі сур’ёзную раку, што цячэ ў Ледавіты, перасек яго без сьцежкі і падняўся на другі, зарослы палярнай вольхай бераг. На ўсю праходку пайшло не болей гадзіны. І мароз як быццам невялікі: градусаў пятнаццаць. Але, вярнуўшыся ў інтэрнат, доўга ляскаў зубамі: вецер!
    Вось і сёньня з поўначы дзьмуў жорсткі сьвяжак — “хіус”, зьмятаючы з курганоў сьнег, падобны да мучнога пылу. Хоць быў злосны вецер, шэрыя шчыльныя хмары стаялі нізка, і нават сонца, што ў сярэдзіне дня ледзь паднялося над гарызонтам, нічога не зьмяніла. Другі бераг Чандона, на якім я надоечы настаяў, ад імжы расплываўся. Я з сумненьнем паглядзеў на свае валёнкі і Сямёнавы чаравікі...
    — Тарбосы і іншае знойдзем, — упэўнена паабяцаў Сямён. —Пайшлі!
    І мы пайшлі. У нейкай хаце нам без доўгіх размоў далі шырокія штаны з аленяй шкуры і аленія тарбосы. У Якуцку тарбосы падшываюць лямцам, таму яны даволі цяжкія (з-за чаго і аддаю перавагу валёнкам). Тут жа іх майструюць цалкам, у тым ліку і падэшвы, са шкуры, і хоць яны да клубоў, як балотныя боты, хадзе не перашкаджаюць. Але штаны! Відаць, такое адчуваньне бывае ў каня, калі яго стрыножаць. А Сямён яшчэ папярэдзіў, што час ад часу давядзецца саскокваць з нартаў і бегчы за імі, бо, па-першае, замерзьнеш, а па-другое, сабакі не пацягнуць.
    Прыгадваю расказ аднаго з спадарожнікаў нашых, мастака ІОры Сьпірыдонава. Той таксама з поўначы, толькі з суседняга, Анабарскага раёна. Каюр, казаў Юра, ніколі не азіраецца і часьцей за ўсё не заўважае, калі пасажыр падае з нартаў. Аднаго разу сам ён, падлеткам, упаў. І што ж? Бацька вярнуўся па яго праз гадзіну!..
    Сямёнава маці, маленькая рупная эвенка, корміць нас на дарогу “сілеем” — юшкай з выдатнай паўночнай рыбы чыра. У такую юшку для сытнасьці дадаецца мука. Замест майго “гарадзкога” шаліка захутвае мне шыю вялікім шарсьцяным. І вось мы, перавальваючыся, як мядзьведзі, спяшаемся да каюра.
    Дзівоснае гэта сяло - Тумат! У ім няма платоў. Сельсавет, школа, жылыя хаты — нішто нічым но агароджана. Можаш выбіраць кірунак які хочаш. Каля будынкаў — пастаўленыя ў конусы дровы. Так робіцца для таго, каб дровы не заносіла пургой. Здалёк яны нагадваюць тардохі — даўняе паўночнае жытло з жэрдак, накрытых аленяй шкурай. Я, убачыўшы іх першы раз, так і надумаў: тардох!.. Каля кожнага дома - лабаз (памост) а лёдам. Лёд прызначаны для пітной вады, а падымаюць яго над зямлёй, каб не псавалі сваімі меткамі сабакі.
    Так, сабакі ў Тумаце ёсьць! Яны шныраць усюды, бягуць наперадзе, бягуць усьлед. У Алега Сляпцова (так завуць нашага каюра) іх усяго чатыры. Гэтага даволі для аднаго яго (аднаго могуць везьці нават і два сабакі), а на трох мала. Алег гаворыць, дзе можна здабыць яшчэ. І мы ўсе ідзём у суседнюю хату, вакол якой сядзяць прывязаныя сабакі.
    Уваходзім. Кароткая гутарка: гаспадар пытаецца, навошта нам сабакі, калі іх вернем. Тут жа атрымліваем дазвол узяць. Алег і Сямён адвязваюць сабак. Тыя, відаць, занудзіліся без руху: аж ірвуць з рук павадкі.
    Яшчэ раз перад дарогай сілкуемся ў каюра. Традыцыйная струганіна (сырая мерзлая рыба), вараная аленіна. Мясцовыя жыхары аддаюць перавагу аленіне перад усякім іншым мясам. Так, праз некалькі дзён у інтэрнаце нам горасна сказалі: “У нас, дарагія госьці, сумная навіна: скончылася мяса. Давядзецца вас карміць ялавічынай...” Я да струганіны і мяса асабліва не рвуся — сыты. Каштую “барцы” — пракручаную на мясарубцы гатаваную рыбу разам з печаньню чыра і рыбіным тлушчам; сушаную без солі рыбу — юкалу. Смачна.
    Нарэшце, на сабаках аброжкі. Аброжкі прышпільваюцца да бочаха — агульнага доўгага рэменя. Гэтае слова — не што іншае, як якуцізаванае рускае “потяг”. Цікава! Няўжо рускія на сабаках езьдзілі раней за якутаў?
    Сядаем на нарты. Каюр вырывае са сьнегу тормаз — прывязаны да перадка кароткі каляк.
    — Бада! Бада! (Наперад!) — крычыць ён, і запрэжка, спачатку без ахвоты, імчыць па ледзь прыкметнай дарозе.
    Уранку Сямён казаў мне, што каюр павінен штосьці адвезьці паляўнічым — таму і едзе. Але чаму на нартах нічога няма? Дзе тое “штосьці” можа быць схавана на іх? Паціскаю плячамі...
    Хутка мільгае ўскраіна Тумата, потым — могілкі з пахіленымі крыжамі і сучаснымі пірамідкамі. Задумваюся... Выходзіць, Тумат - сяло старое? А паўночныя качэўнікі перайшлі на аселае жыцьцё зусім нядаўна, толькі пасьля вайны... Хто ж пакінуў тут счарнелыя, пахіленыя крыжы? Рускія? На гэтае пытаньне ў Тумаце, на жаль, атрымаць адказ не ўдалося...
    І вось яна — тундра. Я чакаў убачыць яе інакшай. Я ўяўляў яе сабе як неабсяжную белую прастору. А тут раз-пораз — астраўкі дрэў. Чэзлыя, прыгнечаныя лістоўніцы, з рэдкім кароткім вецьцем, як на дзіцячых малюнках. Толькі зрэдку наблізіцца і пойдзе назад дрэва з густой кронай.
    З-пад сьнегу тырчыць сухая трава, дзе асака, дзе пажарнік. Толькі калі вылятаем на азёры, вочы адбірае сьнежная бялюткасьць.
    На адным з азёр спыняемся каля кучы мерзлай рыбы. Сямён з пэўным выхваленьнем падымае то напаўмэтровага шчупака, то мэтровага мянтуза:
    — Бачыў? Такую рыбу ў нас не бяруць. Толькі чыра!
    — А навошта ловяць?
    — Трапляецца разам з чыром.
    І зноў рыпеньне сьнегу пад нартамі, рыпеньне саміх не на цьвёрда злучаных, гнуткіх нартаў. Убаку праплывае сапраўдны паляўнічы тардох. Паглядзець бы бліжэй! Але Сямён кажа, што трэба сьпяшацца, каб пасьпець дацямна.
    Вецер у нас спадарожны, сабакі бягуць лёгка. У запрэжцы сямёра. Восьмы, буйны і белы, не запрэжаны і імчыцца наперадзе. Гэта, паводле выразу Сямёна, “завадзіла”, а кажучы звычней, важак. Ён задае тэмп бегу.
    Вецер у нас спадарожны, але гэта не азначае, што ўсім тром ён дзьме нам у плечы. Каюр сядзіць тварам наперад, але ў той жа час нагамі ўбок. Мае ногі таксама вісяць у паветры, але гляджу я не наперад, а як у цягніку, упоперак руху. У Сямёна ж, што сядзіць, а дакладней, ляжыць на задку саней, ногі зьвешваюцца з правага боку іх, а галава — з левага. Як магу і трымаюся над каленямі за край нартаў — болей няма за што.
    Час ад часу паварочваючы галаву направа, гэта значыць, туды, куды мы імчымся, я здзіўлена заўважаю, што ногі каюра — у валёнках. Не ў тарбосах, а ў валёнках! Ды і сам ён у балёневай куртцы, расшпіленай на грудзях... Шаліка на шыі зусім няма.
    Малады, усьмешлівы хлопец. Я яго бачыў ужо на вуліцы ў Тумаце — учора. Тады мы з таварышам шукалі пошту. Зьлёгку заікаючыся і, відаць, саромеючыся гэтага, ён растлумачыў, што пошта побач з сельсаветам. Тады я і думаць не мог, што стану ягоным пасажырам.
    Я пачынаю за ім сачыць, прыслухоўваюся да яго голасу. Мне даводзілася чуць ад аднаго знаўцы поўначы, што каюры часьцяком бываюць жорсткія да сабак і б’юць іх тормазам. Гэты не чапае сабак зусім, толькі калі яны чамусьці парушаюць рытм бегу, пераблытаюць свае месцы, спыняе запрэжку і, хапаючы за поўсьць рукамі без пальчатак, перакідвае сабак з аднаго боку бочаха на другі, быццам тасуе калоду карт. Прыводзіць да ладу — і: “Бада! Ба-да!” Чуваць і іншыя воклічы.
    — Што ён крычыць? — пытаюся ў Сямёна.
     — Налева — “дра”, направа — “тэх”.
    Гэтыя словы не якуцкія: “левы” па-якуцку — “хангас”, правы — “унга”. Чые ж? Эвенскія? Цяжка сказаць... Хутчэй за ўсё “палярныя”, свае. Сабачая тэрміналёгія. Можа, кожны з паўночных народаў, што мелі справу з сабакамі, унёс у яе хоць слоўка...
    “Дррра! Дррра! Дррра!” — зьвініць каюраў голас, і сабакі вернуць налева. Узаемаразуменьне выключнае. Зрэшты, інакш і нельга: лейцаў у каюра няма, адзінае, чым ён можа ўзьдзейнічаць на сваіх верных памочнікаў — голас. Але ж іншыя каюры выкарыстоўваюць і масіўны тормаз! Алег Сьляпцоў такога мэтаду не прызнае.
    — Э-э, джоннор! — далятае да мяне знаёмае якуцкае слова, што вырвалася з ягоных грудзей.
    — Паслухай, — паварочваюся я да Сямёна,— ён зьвяртаецца да сабак “людзі”? “Джоннор” — гэта ж людзі?
    — Так! Так! — усьміхаецца Дзяканаў.
    — Э-э! Джоннор! Джоннор! — крычыць каюр, і ад гэтага чалавечага звароту сабакі аж сьцелюцца над сьнегам.
    І тады каюр пачынае песьню. Яна прасторная, як тундра, і працяглая, як сьвіст ветру. Ад яе чамусьці шчыміць сэрца.
    Ён сьпявае на роднай мове. Я не знаўца якуцкіх песень, але ці мала іх даводзілася чуць, а гэтай — не чуў. Відавочна, гэтак сама ж падумалася і салісту опэры, — толькі песьня скончылася, Сямён пра штосьці спытаў Алега, а потым крыкнуў мне:
    — Гэта яго ўласная песьня! Ён складае!
    — І пра што яна? — пытаюся я.
    — Ён сьпявае пра тое, як любіць тундру!
    Так я і падумаў. Запомніўся рэфрэн: “Тундра-ны таптыбын” — “Люблю тундру”.
    — І ведаеш, вельмі самастойная рэч! — гаворыць мне на вуха Сямён. — І мэлёдыяй і тэкстам. Абавязкова сьпішу словы і ўключу ў свой рэпэртуар.
    Едзем доўга, а прыяжджаем нечакана. Сабакі паскараюць бег, потым рэзка тармозяць. Саскокваем. Пакуль Алег распрагае і прывязвае па адным сабак (разам нельга — перагрызуцца!), азіраемся.
    На высачэзным беразе невядомай ракі, быццам капа сена, туліцца замеценая сьнегам невялічкая хацінка з брызэнтавым тамбурам. Побач пад конусам з трох жэрдак вісіць чорная мэталёвая бочка. Яна набіта шчыльна сьнегам — гэта работа ветру. Трохі далей — лабаз, вышынёй прыблізна з мэтра паўтара. На лабазе — рыба, аленія тушы, гаспадарчыя прылады. Рэштка губляецца ў паўзмроку — наступае доўгая ноч.
    Я пытаюся, навошта бочка. Сямён тлумачыць: каб ваўкі не падыходзілі. Такая абарона здаецца мне ненадзейнай, і я пацепваю плячамі.
    Насустрач нам з хацінкі ніхто не выйшаў. Там, зразумела, чулі брэх сабак, але да лабаза прывязаны і тутэйшыя, брахаць маглі і яны. Таму, калі мы а Сямёнам без Алега ўваліліся ў зімоўе — менавіта ўваліліся, бо падлога ў хацінцы прыкметна ніжэйшая за зямлю вакол яе — там крыху зьбянтэжыліся.
    У зімоўі двое. Знаёмімся. Сьпірыдону Ягоравічу Сьляпцову 75 гадоў, яго сыну Маркелу — 15. Наш прыезд ім абодвум незразумелы. Тут увайшоў Алег. Са зьдзіўленьнем сустрэлі і яго. Аказалася, што чакалі праз два тыдні. Незразумела... Потым высьветлілася тое, чаго мы з Сямёнам яшчэ не ведалі: Сьпірыдон Ягоравіч і Маркел — бацька і брат Алега.
    — Значыць, яны палююць, а ты падтрымліваеш іх сувязь з сялом? — выказваю здагадку. І зноў Алег зьдзіўляе нас:
    — Н-не. Кадравы паляўнічы — я, і балаган [Балаган — якуцкая жылая пабудова, чатырохкутная, з пастаўленых коса жэрдак] мой, а бацька і брат мне дапамагаюць, — кажа ён з сарамлівым гонарам.
    Цяпер усё ясна. Ясна, што паездка наша — не “аказія”, а ласка, якую нам з Сямёнам, а галоўным чынам мне зрабіў Алег ад шчырага сэрца. Тут у яго, у хацінцы, пакуль што няма ніякай работы, а тую, што ёсьць, ён мог бы зрабіць і пазьней. Для бацькі ж і брата з яго прыезду — увогуле ніякай карысьці, апрача некалькіх буханак хлеба, якіх на нартах я над шкурай не заўважыў.
    На стале зьяўляецца гарачы булён, аленіна. Сьпірыдон Ягоравіч прыносіць з двара вялізнага чыра, расьсьцілае на падлозе мех, ставіць каменную ад марозу рыбіну на хвост і вузкім якуцкім нажом стругае яе. Пачынаецца доўгая тундравая гаворка людзей, якім няма куды сьпяшацца.
    Бела-ружовую, халаднаватую навобмацак струганіну бяром рукамі, мачаем у соль і ядзім. Пальцы блішчаць ад тлушчу. Выціраць хусьцінкай хутка надакучае, і я аблізваю іх, як і ўсе вакол.
    Алегу Сьляпцову 26 гадоў. Ён яшчэ нежанаты. Камсамолец. Палюе сем год, пасьля дзесяці клясаў. Спрактыкаваным прамыслоўцам сябе не лічыць. Яго “гаспадарка” — 120 пастак на пясца, якія ён настаўляе на пачатку зімы, а правяраць пачынае ў сьнежні, калі намяце даволі сьнегу (пакуль сьнег мелкі, пясец лёгка знаходзіць сабе ежу і прынадай не цікавіцца). Паляўнічы ўчастак Алега вялізны: асобныя пасткі яго знаходзяцца за 250 кілямэтраў ад балагана, у якім вядзём гаворку.
    У далёкія паездкі ад пасткі да пасткі ён заўсёды адпраўляецца адзін: так лягчэй сабакам, значыць, хутчэй будзеш рухацца, ды і яды возьмеш болей з сабой. У яго ёсьць яшчэ адна хацінка, але начуе ён у асноўным у крытых брызэнтам нартах, “кібітцы”, як тут такія называюць. У кібітцы ставіцца пячурка. Дровы для яе таксама трэба вазіць з сабой. Што і казаць, не надта ўтульнае “жытло”. А не так даўно тумацкія зьвераловы абыходзіліся і без яго. Вынайшаў кібітку не хто іншы, як Сьпірыдон Ягоравіч. Цяпер у Тумаце каля кожнай другой хаты кібітка.
    За сэзон Алег здабывае да 50 пясцоў. Бывае, што ў адну пастку за сэзон трапляюць тры пясцы. Бывае, што два пясцы трапляюць у пастку адначасова... Але бывае і так, што прылада за сэзон не прыносіць нічога. Лавіў Алег і белага пясца, і блакітнага. Сустракаецца ў тундры і чорны пясец (гэта для мяне навіна), ды Алегу такога злавіць не ўдавалася яшчэ.
    Здабываюць пясца толькі пасткамі, са стрэльбы забіць яго немагчыма: калі і ўбачыш выпадкова, зьнікае, як маланка. Падняць не пасьпееш зброю.
    — Ну, а з ваўкамі як? — цікаўлюся я. — Відаць, убачыш — адразу страляеш?
    Зноў нечаканасьць: за сем год Алег не сустракаў ніводнага ваўка. Мабыць, нешматлікія зграі гэтых драпежнікаў трымаюцца дзікіх аленіх статкаў, а дзе тых няма, на квадратным кілямэтры зімовай тундры калі і ўбачыш што, дык толькі палярную мыш. Такія мясьціны ваўка не пракормяць... Прыгадваю бочку, што вісіць перад уваходам у зімоўе. Цяпер яна баязьлівых думак не выклікае.
    15-гадовы Маркел самастойна ставіць пасткі на дробнага зьвера: гарнастая і іншых. Сьпірыдон Ягоравіч галоўным чынам дапамагае Алегу тым, што ловіць рыбу. Рыбы трэба шмат. Яе ядуць і людзі і сабакі, частка ідзе на прынаду ў пасткі. Рака, на беразе якой стаіць хацінка, называецца Куранахам. Уласна кажучы, гэта і не рака, а рукаў Чандона, сам жа Чандон кілямэтры за тры адсюль. Я доўга не мог зразумець, якім чынам мы ўвесь час ехалі як быццам ад Чандона, ва ўсякім разе, не бачыў я па дарозе яго, а трапілі зноў на Чандон? Разабраўся толькі дома, у Якуцку, з картай. Аказалася, што паўночней Тумата Чандон рэзка бярэ на ўсход. Відавочна, мы ехалі напрасткі, па “гіпатэнузе”, калі можна назваць катэтамі ўчасткі пакручастай ракі.
    Прырода не скупіцца і шчодра ўзнагароджвае Сьпірыдона Ягоравіча за працу. На другі дзень Алег зьняў з лабаза і паказаў нам тайменя, злоўленага бацькам у Куранаху. Я ўзяў яго на рукі і ледзь не ўпусьціў: таймень важыў не меней за дваццаць кіло!
    Напачатку маўклівы Сьпірыдон Ягоравіч таксама ўступае ў размову. Але тут яе перапыняе зьяўленьне новых людзей. У хацінку ўваходзяць два аленяводы: Васіль Колесаў — стрыечны брат Алега і Мікалай Паўлавіч Ахлопкаў, 58-гадовы пэнсіянэр з Казачага — цэнтральнай сялібы саўгаса “Усьць-Янскі”, у які як аддзяленьне ўваходзіць Тумат. Аказалася, што гэтыя двое на аленіх запрэжках едуць у суседні Алаіхаўскі раён за тысячным статкам аленяў харгінаў, якіх цяпер распаўсюджваюць па ўсёй якуцкай поўначы з-за іх высокай прадукцыйнасьці (па паходжаньні гэтыя алені — чукоцкія).
    — Калі ж вы вернецеся? — пытаюся я.
    — Пасьля новага года, — адказвае Васіль.
    Гэта значыць, больш як праз паўтара месяца... Немалы перад аленяводамі шлях: пяцьсот кілямэтраў туды, пяцьсот назад. Балаган Сьляпцовых — апошні цёплы начлег на гэтым шляху.
    Мусіць, даўно не бачыў паляўнічы прытулак такой вялікай кампаніі. Размова робіцца бязладнай, пераскоквае ад тэмы да тэмы. Усе сьмяюцца з Ахлопкава. Па дарозе з Казачага ў Тумат бывалы тундравік не ўбярогся і абмарозіў твар. Я гляджу на скулы яго, што палаюць пры сьвятле сьвечкі, і думаю: трэба ж! А колькі марозу і ветру яшчэ наперадзе ў яго! Тут жа расказваюць пра унікальны выпадак, што адбыўся не так даўно. Адзін дваццацігадовы жыхар Тумата працаваў у аленяводчым статку ў Алаіхаўскім раёне. Ці штосьці яму не спадабалася там, ці з кім пасварыўся — пайшоў дадому. У лістападзе, якраз такой жа парой. І, як ні дзіўна, дайшоў. Усе 400 кілямэтраў ён спыняўся толькі для таго, каб згатаваць і выпіць чаю. Гэта значыць, практычна не спаў і не адпачываў. Вось гэта выносьлівасьць! Можна падумаць, што поўнач гадуе звышлюдзей.
    Большай часткай размова ідзе па-якуцку. Натаміўшыся прасіць, каб перакладалі, азіраю нутро хацінкі. Тут мудрагеліста пераплятаецца традыцыйнае і новае. Сьцены з нахіленых жэрдак, заваленых знадворку зямлёй. Столь і падлога з дошак. З аднаго боку ад дзьвярэй, абабітых аленяй шкурай, жалезная пячурка, з другога — арон (нары). Насупраць увахода ля сьцяны — раскладушка, над раскладушкаю, на сьцяне— транзыстар. Два маленечкія акенцы (25 на 20 сантымэтраў), “зашклёныя” поліэтыленам. Як растлумачылі мне, поліэтылен лепей, бо шкло замярзае, і праз яго сьвятло зусім не праходзіць, а поліэтылен усё ж дае зразумець, дзень у двары ці ноч.
    Столь у балагане такой вышыні, што ўсе ў ім, нават Маркел, здаюцца волатамі — ходзяць сагнуўшыся. Даўжыня кожнай з чатырох сьцен — не болей за тры мэтры. Як жа сьпіцца ў такой кубатуры?
    Перад сном выходзім падыхаць. Проста над галавой — шырачэзная стужка палярнага зьзяньня. Яшчэ не каляровага — белага, зьзяньня пачатку зімы. Быццам Млечны Шлях загусьцеў і пашырыўся ў некалькі разоў. Па краях стужка падагнутая, быццам і праўда гэта стужка з шоўку. Шоўк зіхаціць і крыху шамаціць.
    Час каля сёмай вечара, але ўсе мы кладзёмся спаць: у гэтай хацінцы ўстаюць а пятай. Сьпірыдон Ягоравіч займае раскладушку, мы з Сямёнам і Маркелам — арон, астатнія кладуцца на падлозе. Зразумела, не распранаючыся: дый яшчэ — накрываемся чым можам. Дыхаецца, як ні дзіўна, лёгка. Тушаць сьвечку, і я засынаю.
    Сярод ночы прачынаюся. Адчуваю, што абсалютна выспаўся. З кута, у які ляжу галавой, дзьме халадок. Цемра такая, што з заплюшчанымі вачамі здаецца, быццам аднекуль ідзе сьвятло. Расплюшчваеш іх — і гэтае пачуцьцё зьнікае, затое мроіцца, што асьлеп. Каб зірнуць на гадзіньнік, чыркаю запалкай. Пад руку трапляе сьвечка — запальваю яе. Пачуўшы, што я ўстаю, Сямён загадвае мне паліць у пячурцы. Перасягаю тых, што сьпяць на падлозе, і пачынаю калоць лучыну. Раптам чую Алегаў голас — у ім спачуваньне:
    — Холадна?
    — Ды не вельмі.
    — А колькі часу?
    — Чацьвёртая.
    — Тады не трэба. Калі пятая будзе, тады запальвай.
    Тушу сьвечку, зноў заплюшчваю вочы. Не сьпіцца. Думаецца пра ўсё на сьвеце, а галоўным чынам — як не забыць, не растрэсьці ў буднях жыцьця адчуваньне хвіліны, калі ляжыш у паўнюткай цемры пад палярным зьзяньнем.
    Чую, як раз-пораз варушыцца і той, хто прынёс мне гэтую асалоду — Сямён. Думаю пра яго, як і пра ўсіх сваіх суначлежнікаў, з цёплым пачуцьцём.
    Я ляжу і не ведаю, што праз некалькі дзён Сямён паднясе мне яшчэ адзін падарунак. Было гэта так.
    Хто з беларусаў, дзе б ён ні быў, не сачыў з хваляваньнем у 1982 годзе за выступленьнямі мінскага “Дынама”? Вось і я пасьля кожнага матча, можна сказаць, дрыжачай рукой уключаў раніцай радыё (у Якуцка з Масквой шэсьць гадзін розьніцы, і ўсе вячэрнія навіны мы атрымліваем толькі ранкам наступнага дня). Камандзіроўка на поўнач надарылася тады, калі да канца чэмпіянату засталіся два туры. Становішча мінчан было складанае — кіеўскае “Дынама” ішло па пятах, а мінскае чакалі цяжкія матчы ў Маскве з камандамі, у якіх выйграла ў першым крузе — гэта значыць з такімі, што прагнуць рэваншу. Ва Усьць-Яньні ад футбольнай інфармацыі я вымушана адарваўся. Не дзіва, бо выпадала трапляць у такія паселішчы, куды газэты прыходзяць праз паўтара месяца і адкуль немагчыма адбіць тэлеграму...
    У сяле Сіляньняху Сямён успомніў. што не частаваў мяне яшчэ такім ласункам, як “чонку”. Гэта — косны мозг з галёнак аленяў. Ядуць яго сырым, нават не замарожваючы. Пасьля агульнай вячэры Сямён павёў мяне да свае стрыечнае сястры. Дом стаяў на ўскраіне; непадалёк на высокай мачце гарэў праз туман пражэктар, — яго запальваюць узімку, каб жыхары падчас палярнай ночы і асабліва ў пургу не адбіліся ад сяла. Увайшлі. Гаспадыні дома не аказалася, і Сямён узяўся кухарыць сам. Пакуль ён грукаў па аленіх касьцях, расколваючы іх, я пачуў з суседняга пакоя гукі рэпартажу і зазірнуў туды. У пакоі стаяў вялізны — большага не бывае — тэлевізар, а ў куце за дзьвярыма сядзела бабулька і пільна глядзела на экран. Па экране ж, як я зразумеў імгненна, ішоў апошні матч мінчан — са “Спартаком”. Я прымасьціўся на зэдлік і ўпіўся ў экран. Лік быў 4 : 2 на нашу карысьць — Маслачэнка нават абвясьціў, што мінчане ўжо чэмпіёны... Раптам майго боку даткнулася штосьці мяккае і цяжкое. Я павярнуўся — гэта быў вялікі чорны сабака. Я пачухаў яго за вухам. Паўночным сабакам ласка перападае рэдка, і ён прываліўся да майго калена, таксама не зводзячы вачэй з экрана. Так мы і глядзелі ўтраіх канец гэтага эпахальнага матча — бабулька-эвенка, палярны сабака і беларускі пісьменьнік — жыхар Якуцка... Ну ці мог я ў 1960 годзе, “захварэўшы” на гэтую “цяжкую і працяглую хваробу”, ведаць, што найвялікшую (веру — на сёньняшні дзень) перамогу ўбачу ў такой кампаніі на сямідзесятым градусе паўночнай шыраты? Перамогу, пасьля якой нават чонку вазьму без дрыжыкаў у рот?
    ...Роўна а пятай (магічная лічба!) у хацінцы пачынаецца рух. Выходзяць і ўваходзяць людзі; карыстаючыся выпадкам, забягаюць нагрэцца сабакі. Значыць, прывязаныя не ўсе? Асабліва ўпэўнена трымаецца ў жытле калматы “завадзіла”.
    Аленяводы зьбіраюцца ў дарогу. Васіль апранаецца зусім не так, як яго стрыечны брат, Алег. Паўзьверх “гарадзкіх” штаноў ён надзявае аленія, на тыя нацягвае брызэнтавыя, потым — яшчэ адны... Што ж, гэта зразумела.
    Сьнеданьне з традыцыйнай струганіны. Я струганіну (пракляты танзіліт) ужо не магу есьці, чым выклікаю яўную крыўду. Сьпірыдона Ягоравіча. Налягаю на аленіну. Твар старога паляўнічага ясьнее.
    Пасярод трапэзы чую храп. Усе сядзім за сталом, ядзім, а тым часам хтосьці храпе, прычым аднекуль зьнізу, ці то над аронам, ці то пад раскладушкай. Храпеньне то сьціхне, то чуецца зноў. Галюцынацыя? Я не вытрымліваю:
    — Хто храпе?
    Усе неўразумела пераглядаюцца — відаць, і для іх крыніца гэтага гуку невядома. Сямён тыцкае нагой у кут — адтуль з кароткім выцьцём вылятае “завадзіла”. Доўга сьмяёмся з гэтага здарэньня.
    І вось мы з Сямёнам праводзім новых знаёмых. Разам з Васілём у перадранішняй цемры знаходзім аленяў, што пасьвяцца на доўгіх рамянях, прывязаных да пянькоў. Бяру з-пад ног жменю моху з травой, што выкапалі з-пад сьнегу капытамі алені. Кладу ў кішэню, каб разгледзець потым, пры сьвятле. Праносячы руку міма твару, нечакана чую такі знаёмы пах... Чабор? Пах чабору ў зімовай тундры? Неверагодна! І ўсё ж такі, гэта ён...
    Сямён бярэ аленя за повад і цягне да нартаў. Я раблю тое ж самае. Алень упіраецца, нахіляючы вецьце рагоў, пакрытых шэрсьцю і падобных з-за гэтага да букету пуховак. Але вага аленя наўрад ці нашмат большая за маю, і я змагаю яго супраціўленьне.
    Колесаў і Ахлопкаў нясуцца ў суцем... Мінае некалькі гадзін. Цэдзіцца раньне. Хутка і нам адпраўляцца. Зьвечара было дамоўлена, што мы спачатку зьезьдзім у рыбу, а потым ужо кранёмся ў Тумат. Але Сьпірыдон Ягоравіч рыбу для нас касуе. Ён баіцца, што мы па рацэ выхаладзімся так, што потым не зможам ехаць у Тумат.
    Сапраўды, вецер усхадзіўся не на жарт. Вакол хацінкі цякуць сьнегавыя ручаі, зрываючыся ў Куранах. Пачынаецца пурга.
    Усе заспакойваюць мяне, кажучы, што сабакі — самы надзейны транспарт у тундры. Яны не зломяцца, як «Буран», не кінуць людзей, як алені... У любую пургу знойдуць дарогу дадому. Але Дзяканаў уносіць папраўку: дом жа гэтых сабак не ў Тумаце, а тут, у гэтай хацінцы...
    Зрэшты, я і не баюся нічога. Я чамусьці цьвёрда веру ў нашага маладога каюра, яго ўменьне і вытрымку.
    Цяпер ужо і “завадзіла” прывязваецца да бочаха. Наперадзе ўсіх. Як важак ён будзе весьці рэштку ўжо не запалам, а асабістым прыкладам.
    Сабакі не хочуць ісьці супроць ветру і намагаюцца павярнуць назад, да хацінкі. То Сямён, то Алег забягаюць наперад і, схапіўшы важака за аброжак, цягнуць за сабой у патрэбным кірунку. Нарэшце гэты кірунак удаецца надаць усёй запрэжцы. Але хутка Алег верне яе налева. Ён павінен па дарозе насьцярожыць пастку.
    Мне чамусьці заўсёды здавалася, што пасткі ставяцца ў зацішных месцах, скажам, пад вываратам. Можа, так і робіцца ў тайзе. У тундры ж пасткі ставяць на курганах, бачных здалёк. У гэтым двайная карысьць: па-першае, сам паляўнічы лёгка знаходзіць сваю прыладу, а па-другое, і гэта галоўнае, курганы не заносіць пургой.
    Мы ўзыходзім на курган. Тут вецер яшчэ страшнейшы, ён працінае наскрозь. Алег не сьпяшаючыся пачынае работу. Ён падымае абрынутае бервяно і старанна чысьціць ад сьнегу пляцоўку пад ім. Кладзе паралельна кароткія дубцы ўпоперак пляцоўкі і прысыпае іх сьнегам. Гэта называецца “дошка”, а робіцца для таго, каб зьвярок, які трапіць у пастку, не ўцёк, закапаўшыся ў сьнег. Зьлева і справа ад “дошкі” ставіць на руб сапраўдныя дошкі, будуючы, такім чынам, нешта накшталт латака. Насыпае на “дошку” прынаду — конаўку крышаных аленіх вантробаў, раўнуе, прысыпае сьнегам. Потым здымае пальчаткі — далей ідзе асабліва тонкая праца. З кішэні дастае дзьве найважнейшыя дэталі пасткі: лазовую палачку з дзьвюма петлямі на канцах і фігурную дошчачку з доўгай капронавай жылкай, якой і акружаецца прынада. Гэтыя дзьве дэталі злучаюцца між сабой і каляком, на які апускаецца бервяно. Пасьля рыдлёўкаю пастка абсыпаецца сьнегам. Гатова.
    Тут жа Алег, ці то правяраючы сябе, ці то хочучы паказаць нам работу пасткі, кідае ў жылку камяк сьнегу. Бервяно з глухім гукам, як нож гільятыны, падае ў латак, узьнімаючы сьнегавы пыл. Алег зноў настаўляе бервяно.
    Гэта адна з яго 120 пастак. Ці прынясе яна ўдачу? Хто ведае! Не ўсё залежыць ад стараннасьці паляўнічага. Але без стараньня тым болей нічога не здабудзеш.
    Сыходзім з кургана, сядаем у нарты. Сабакі рэзка бяруць з месца, але зусім не туды, куды трэба: яны ўпарта вернуць “дадому”, да хацінкі. Зноў даводзіцца хапаць за аброжак важака і цягнуць супроць ветру.
    А вецер усё мацнее. Маё дыханьне ператвараецца на вусах у фантастычныя маржовыя біўні. Сямён, пазіраючы на мяне, рагоча.
    І зноў надрыўнае рыпеньне сьнегу пад палазамі. “Э-э, джоннор! — крычыць Алег. — Хабджы! Хабджы”. Па-якуцку “хабджы” — курапатка. Сэнс воклічу: бяжыце, сабачкі, хутчэй, наперадзе вас чакаюць курапаткі.
    Мы і сапраўды бачым у баку ад дарогі курапатак, але сабакі на іх і не глядзяць: тыя курапаткі, што ім абяцае каюр, яшчэ далёка...
    Вецер у твар. Алег зашпільвае маланку спартыўнай кашулі, захінае куртку. Ды ўплятаецца ў выцьцё пургі яго мяккі голас: “Тундара-ны таптыбын”...
    г. Якуцк
    /Братэрства – 85. Літаратурны зборнік. Мінск. 1985. С. 233-243./


    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




niedziela, 29 listopada 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Ці скарыстаем шанц? Койданава. "Кальвіна". 2015.


 
    Салжаніцын заклікаў рускіх: давайце выпусьцім з Саюза Прыбалтыку, Малдову, Закаўказьзе, Сярэднюю Азію, я разам з Украінай і Беларусьсю ўтворым Расійскі Саюз.
    Украінцы жаданьня ствараць Расійскі Саюз не выказваюць. У нас жа хто-ніхто не супраць...
    Скажам, той жа калектыў Ваўкавыскага завода дахавых і будаўніча-аддзелачных машын выказаў гатоўнасьць хоць сёньня ўвайсьці ў Расійскую Фэдэрацыю. (Гл. газ. “Праца” ад 8 лістапада 1990 г., “Літаратура і мастацтва” ад 16 лістапада).
    Гэта прымусіла мяне яшчэ раз задумацца над тым, што чакае Беларусь у такім Саюзе, калі ён сапраўды будзе ўтвораны.
   “Трэба даць прастору здаровай прыватнай ініцыятыве», — выказваецца Салжаніцын. І хоць пасьля гэтага ён робіць нейкія папрокі капіталізму, ясна: будучая Расія бачыцца яму капіталістычнай. За такую ж Расію змагаюцца сёньня шматлікія расійскія партыі. Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Б. Ельцыным таксама не супраць “даць прастору здаровай прыватнай ініцыятыве”.
На гэтым наша дружба з Расіяй скончыцца, бо пачнецца канкурэнтная барацьба. Але ж Беларусь і Расія — “барцы” розных вагавых катэгорый. Перш за ўсё, Расія мае золата, алмазы, вугаль, нафту, жалезную і іншыя руды, лес. З усяго гэтага ў Беларусі ёсьць толькі лес, у значнай меры забруджаны Чарнобылем.
    Пералічанае — не толькі стратэгічная сыравіна, без якой сучасная эканоміка не можа існаваць. Гэта яшчэ і тавар, які на сусьветным рынку дае валютныя сродкі. Такім чынам, Расія будзе іх мець, Беларусь — не. Я не кажу ужо, што Расія зможа ўстанавіць на гэтую сыравіну манапольныя цэны ў самім Саюзе, цэны, якія Беларусі будуць не па кішэні.
    Яшчэ адна наша слабасьць — ускраіннае геаграфічнае становішча (адносна Расіі). У любой капіталістычнай краіне ўскраіны адсталыя, калі не зьяўляюцца манапалістамі нейкай прадукцыі (выключэньне складаюць ускраіны марскія, але ж Беларусь да мора не выходзіць). Гэта зьвязана з тым, што за дастаўку купленага тавару плаціць не той, хто прадае, а той. хто купляе. А чым далей везьці, тым болей плаціш.
    Становішча пагаршаецца яшчэ і тым, што Беларусь вымушана везьці для сваіх патрэб вельмі здалёк аб’ёыныя грузы: вугаль, мэталь Таму памеры выдаткаў на перавоз тут вельмі адчувальныя Калі. дапусьцім, тона вугалю прадаецца па 50 рублёў, а за перавоз яе на адлегласьць у тысячу кілямэтраў бяруць 5 рублёў, то для пакупніка, які жыве за пяць тысяч кілямэтраў (ад Кузбаса ці КАТЭКа), цана за перавоз можа зраўняцца з цаной купленага вугалю. Для цэнтральных жа раёнаў Расіі той вугаль будзе таньней, не гаворачы ўжо прэ Урал.
    Такім чынам, перадумовы канкурэнтнай барацьбы ў нас неспрыяльныя. (Іх зазнала на сабе і дарэвалюцыйная Беларусь. Невыпадкова нам невядома аніводнага беларускага мільянэра.) З узьнікненьнем жа расійскіх канцэрнаў, у якія адначасова з перапрацоўчымі ўвойдуць прадпрыемствы горназдабываючыя, становішча беларускай эканомікі стане невыносным: цэны на мэталь, вугаль, нафту, на камплектуючыя вырабы для нас стануць рабаўнічымі. Беларускія прадпрыемствы пойдуць з малатка, прычым расійскія мільярдэры будуць скупляць іх не для таго, каб даць ім новае жыцьцё, а каб назаўсёды спляжыць. За вароты заводаў і фабрык будуць выкінуты сотні тысяч людзей. Пойдзе масавая скупка расійскімі багацеямі беларускіх земляў. Галеча, голад, жабрацтва, мільёны мігрантаў, што ў пошуках заробку пацягнуцца як у Расію, так і ў сьвет, — вось што чакае нашу старонку ўсьлед за гэтым.
    Выратаваньне наша — толькі ў незалежнасьці.
    Незалежнасьць дасьць галоўнае — самастойнасьць у вырашэньні ўсіх пытаньняў, якія тычацца рэспублікі. І сярод найважнейшых — аб сацыялына-эканамічным ладзе. Мне асабіста думаецца. што пераход да клясычных капіталістычных адносін быў бы для нас заўчасным. Беларусь. сплямленая Чарнобылем, мае патрэбу ў дзяржаўным разьмеркаваньні даброт, у дзяржаўным клопаце пра нашу няшчасную культуру, нашу няшчасную прыроду.
    Незалежнасьць не прынясе нам ні вугалю, ні рудаў. якіх не маем. Але ж, будучы незалежнымі, мы, хутчэй за ўсё, будзем купляць іх у той жа Расіі за сельскагаспадарчую прадукцыю, якой у Расіі ніколі не будзе даволі. Выгада незалежнага існаваньня тая, што Беларусь пазбудзецца бязьлітаснай канкурэнцыі з боку расійскіх канцэрнаў і манаполій, нашэсьця на беларускі рынак нізкаякасных, але больш танных, чым беларускія, тавараў. Дзякуючы таму, што беларускі рынак будзе абаронены ад чужога ціску ўласнай грашовай сыстэмай, пратэкцыянісцкім заканадаўствам, мытнымі бар’ерамі, эканоміка будзе працаваць стабільна, задавальняючы попыт насельніцтва. Калі ж нейкае прадпрыемства і збанкрутуе, то яно пяройдзе ва ўласнасьць ізноў жа сваіх, а не расійскіх акцыянэрных таварыстваў, што для рэспублікі ў цэлым стратай не будзе.
    У сьвеце шмат краін, якія саступаюць Беларусі і па тэрыторыі, і па насельніцтве, і па прыродных рэсурсах, але, на наша дзіва. жывуць не горш, чым Злучаныя Штаты. Возьмем, напрыклад, маленькую Данію (45 тыс. кв. км. 5 мільёнаў чалавек). На тэрыторыі яе маюцца толькі невялікія запасы цэмэнтнай сыравіны, каменнай і калійнай солі, бурага вугалю Але яна, дзякуючы сваёй незалежнасьці і рупнай працы людзей, квітнее (цікавая дэталь: яйкі ў Даніі лічаць не штукамі, як мы прывыклі, а на вагу, кіляграмамі і тонамі). Беларусь жа мае такія запасы каменнай і калійнай солі, што можа заваліць тым і другім усю Эўропу. Есьць рэзэрвовыя запасы нафты, буры вугаль, процьма торфу Перакананы, што ёсьць і жалезная руда. Яе проста не знайшлі, бо па-сапраўднаму не шукалі, не маючы ў тым пільнай патрэбы.
    Беларусы не бяднейшыя за іншых на разумных людзей, ёсьць у нас і армія эканамістаў, фінансістаў і г. д. Імі і будзе распрацавана праграма самастойнага разьвіцьця з улікам спэцыфічных асаблівасьцяў. Геаграфічнае становішча Беларусі вельмі выгаднае. Беларусь ляжыць паміж Расіяй і Польшчай, Украінай і Прыбалтыкай. За чужыя грузы, якія будуць перавозіцца праз нашу тэрыторыю, нам будуць плаціць, як гэта робяць ва ўсім сьвеце. Безумоўны плюс і наша невялікая, паводле эўрапейскіх мерак, шчыльнасьць насельніцтва.
    Цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі верыць, або робіць выгляд, што верыць, быццам Масква кампэнсуе хоць частку нашых чарнобыльскіх стратаў. Але пакуль Беларусь падпарадкоўваецца Маскве, гэтыя надзеі марныя.
    Мабыць, ніводная з савецкіх рэспублік не мае такіх гарманічных суадносін прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, як Беларусь. Незалежнай Беларусі прыйдзецца толькі скарэкціраваць гаспадарчыя сувязі, пераарыентаваць іх галоўным чынам на ўнутрырэспубліканскія, як мага зьмякчаючы залежнасьць ад замежных пастаўшчыкоў.
    Незалежнасьць дазволіць нам нарэшце пазбыцца жахлівых атамных складаў, разьмешчаных на нашай зямлі, чужога войска, што і ў мірны час дратуе нашы палеткі манэўрамі, карыстаецца нашым жыльлёвым фондам, паглынае харчовыя запасы.
    І, нарэшце, самае важнае: незалежнасьць захавае беларусаў як этнас, спыніць размываньне нацыі. Рушыць уперад свабодная культура, усе мастацтвы, Беларусь перастане губляць таленты і розумы, якія сёньня для сваіх патрэб высмоктвае Расія.
    Няўжо іншыя рэспублікі скарыстаюць шанц стаць вольнымі, а беларусы пагрэбуюць ім?
    Іван Ласкоў,
    г. Якуцк.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 8 лютага 1991. С. 12./

                                                                        ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




sobota, 28 listopada 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Пішу з далёкай Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Іван  Ласкоў
                                                      ПІШУ  З  ДАЛЁКАЙ  ЯКУТЫІ
    Вось ужо семнаццаць гадоў я жыву ў Якуцку, прыгледзеўся да якутаў, іх стаўленьня да роднай мовы і культуры. І думаю, што не шкодзіла б нам шмат у чым павучыцца ў гэтага невялікага народа.
    Якуцкая мова. як лінгвісты кажуць — младапісьменная. Літаратурная мова склалася толькі ў пасьлярэвалюцыйныя гады. Першы верш на якуцкай мове быў напісаны ў 1900 годзе.
    Лексычны склад якуцкай мовы не надта шырокі. Найбагацейшы слоўнік, складзены нашым земляком Э. Пякарскім, налічвае каля трыццаці тысяч слоў. Шмат запазычаньняў з рускай мовы. Яшчэ на пачатку 1920-х гадоў пачынальнік якуцкай літаратуры Аляксей Кулакоўскі налічыў у якуцкай мове болей за 2300 запазычаных рускіх слоў. Сярод іх і такія простыя, як “стол”, “вилка”, “ложка”, “здорово”, “пока” (у сэнсе “да пабачэньня”), “спасибо”, “пожалуйста”. Але ніводзін якут не лічыць з гэтай прычыны сваю мову горшай, чым руская.
    Якуцкая мова гучыць на вуліцах Якуцка гэтак жа часта, як і руская. Можна сказаць болей: якуты, якія валодаюць роднай мовай, між сабой размаўляюць выключна па-якуцку, не зважаючы на тое, колькі побач іншамоўцаў: адзін або дваццаць.
    Не ведаю ніводнага якута з кіраўнікоў рэспублікі, які б не валодаў роднай мовай. Пры сустрэчах гэтых кіраўнікоў з пісьменьнікамі гутарка вядзецца звычайна па-якуцку.
    Непакой за лёс мовы (часам нават празьмерны) тут уласьцівы не толькі кожнаму пісьменьніку ці журналісту, але і шырокім масам. Да якутаў, якія ў выніку нейкіх прычын не валодаюць роднай мовай, стаўленьне падкрэсьлена адмоўнае. Ведаю такі выпадак, калі аднаго маладога якута, супрацоўніка рускай газэты, прымаючы ў партыю, абавязалі за час праходжаньня ім кандыдацкага стажу авалодаць якуцкай мовай. Не сумняваюся, што авалодае, бо іначай у члены партыі не перавядуць.
    Нацыянальнай мовай карыстаюцца не толькі літаратура, тэатар, журналістыка. Нешматлікія прафэсійныя і шматлікія самадзейныя кампазытары пішуць песьні выключна на якуцкія тэксты. На якуцкія тэксты традыцыйна пішуць музыку і спэцыяльна запрошаныя кампазытары з Масквы і іншых мясьцін, ствараючы опэры, кантаты і г. д. Свой даробак уносіць у разьвіцьцё нацыянальнай культуры і выяўленчае мастацтва. У яго творах пераважаюць сюжэты з нацыянальнай літаратуры, гісторыі і фальклёру. На графічных лістах або жывапісных палотнах амаль не ўбачыш неякуцкіх твараў (у якутаў мангалоідны тып твару). Мастацкая самадзейнасьць выконвае амаль выключна якуцкія песьні, скокі. На роднай мове разьвіваецца і эстрада.
    Як гэта ўсё ўплывае на культурны ўзровень народа?
    Жывучы ў Якуцку, мне ўдаецца час ад часу друкавацца ў Мінску, выдаваць кніжкі. Гэтыя кніжкі і часопісы мне проста сорам паказваць маім якуцкім калегам. Сорам — з-за тыражоў. Да чаго ж мы дайшлі, дзевяцімільённы народ! Тыражы “Полымя” і “Маладосці” — вакол дзесяці тысяч, кніжак мастацкай прозы — таксама. Якутаў — трыста тысяч, у трыццаць разоў меней, чым нас. Колькі ж яны чытаюць? Вось тыражы сапраўды адукаванага народа: літаратурна-мастацкі часопіс “Хотугу сулус” — 33 тысячы (“Полымя”, “Маладосць” і “Беларусь” разам — каля 40 тысяч). Орган абкаму КПСС газэта “Кыым” — 58 тысяч (відаць, не нашмат меней, чым “Звязда”). Маладзёжная газэта “Бэлэм буол” — 33 тысячы, дзіцячы часопіс “Чуоранчыык” — 35 тысяч. Можна з упэўненасьцю сказаць, што партыйную газэту чытае амаль што кожная якуцкая сям’я, літаратурна-мастацкі часопіс — больш за палову, дзіцячую газэту і часопіс выпісвае кожная сям’я, дзе ёсьць дзеці адпаведнага ўзросту. Тыраж мастацкай прозы — строга 15 тысяч. Мог бы быць і большым, ды справа ў тым, што асноўны выдавецкі тыраж на якуцкай мове такі ж, як і на рускай — гэтыя пятнаццаць тысяч (на беларускай — шэсьць!). Калі тыраж перавышае 15 тысяч хоць бы на адну, выдавецтва вымушана плаціць другі ганарар. На гэта яно не ідзе, таму і абмяжоўвае тыражы. Калі ж ганарар плаціць не трэба (пісьменьнікам, якія даўно памерлі), тыражы сягаюць і да 25 тысяч, нават зборнікаў вершаў.
    У Якуціі якутаў удвая меней, чым неякутаў. Але якуцкай мове і нацыянальнай культуры нішто не пагражае. Гэтую маладую культуру — адметную, своеасаблівую — няблага ведаюць не толькі па краіне, але і за мяжой. І спароджана гэта перш за ўсё шанаваньнем роднай мовы.
    Ну, а якія адносіны да ўласнай мовы ў нас?
    Памятаецца, яшчэ гадоў дваццаць назад спытаў я аднаго карэспандэнта “Піянера Беларусі”, чаму яны ўжываюць на старонках газэты слова “рабяты”. У беларускай мове ж няма слова “ребенок”, множным лікам якога зьяўляецца “ребята”. Таму па-беларуску “рабяты” перш-наперш выклікае асацыяцыю са словам “рабы”: “рабяты” — “рабыя”. Трэба пісаць замест гэтага “рабяты” “хлопцы”, “дзяўчаты”, калі стасуецца па сэнсе, нарэшце, “дзеці”... “Што зробіш, — уздыхнуў журналіст, — так начальства сказала!”
    Яшчэ падобнае слова — “буквар”. Адкуль яно ў нас узялося? У беларускай жа мове няма слова “буква”. Хто зьнішчыў сваё “лемантар”, замяніўшы чужым словам?
    Такіх “буквароў” ды “рабят” у нас аж занадта.
    Летась Якуцкі дзяржаўны рускі драматычны тэатар выяжджаў на гастролі ў Бабруйск і Мінск. Гастролі прайшлі з посьпехам, што мяне, па шчырасьці, зьдзівіла: тэатар гэты я ведаю няблага. Зрэшты, два-тры выдатныя акторы ў ім есьць. З адным мы нават сябруем. І вось, вярнуўшыся з Беларусі, гэты актор папрасіў мяне перакласьці, што напісала пра яго газэта “Рабочы” аб’яднаньня “Бабруйскдрэўпрам”.
    Божухна, што гэта быў за жах! Не кажу ўжо пра тое, што добрая палова слоў у палосным артыкуле аказалася рускай. Рускай была ўся ГРАМАТЫКА! З перапісанымі быццам бы па-беларуску “причастными оборотами”. Хочаце верце, хочаце не, але мяне дагэтуль трасе, як прыгадаю гэтыя неверагодныя “мятушчыйся”. “найшоўшыйся”, “суюшчыйся”.
    Адкуль узяўся чалавек, з беларускім прозьвішчам, што пісаў гэты артыкул, дзе ён вучыўся? Навошта піша на мове, якой не ведае ані на кроплю?
    Калі зьбярэш разам такія факты, міжволі высноўваеш, што да сваёй мовы мы ставімся не як да сваёй, а як да варожай, як зьнішчальнікі ўласнага народа, саміх сябе.
    Выгадаваны цэлыя пакаленьні беларусаў, што не ведаюць нацыянальнай мовы. Дык вось давайце падумаем: ці прынесла карысьць гэтым пакаленьням рускае аднамоўе, ці павысіла іх культуру, іх прыстасаванасьць да жыцьця?
    На гэтыя пытаньні можна даць толькі адмоўны адказ. Няўжо хто-небудзь будзе аспрэчваць, што веданьне дзьвюх моў робіць чалавека ўдвая культурнейшым? Веданьне моў узбагачае чалавека, робіць яго мысьленьне болей прыстасаваным, гнуткім, дае магчымасьць рабіць болей нечаканыя і абгрунтаваныя заключэньні. Я, напрыклад, німала не шкадую, што ў жыцьці давялося хоць нейкім чынам даткнуцца такіх моў, як нямецкая, іспанская, французская, польская, якуцкая. Хай я мала што памятаю з нямецкай і іспанскай, якія вучыў у пятым клясе. Але і тое невялікае веданьне дапамагае арыентавацца ў мовах наогул. Асабліва ж я ўдзячны памяці чалавека, які вучыў мяне польскай мове. Веданьне польскай адначасова з беларускай і рускай дазваляе мне, напрыклад, зусім свабодна чытаць па-ўкраінску, хоць украінскай мовы я ніколі не вывучаў. А яшчэ дапамагае лепш ведаць месца ўласнай мовы. З радасьцю ўпэўніўся ў абсалютнай лухце мяшчанскага сьцьвярджэньня, нібыта ў беларускай мове ўсё, што не рускае, — польскае. Зразумела, запазычаньні з польскай у нашай мове ёсьць, але, аказваецца, не меней іх і ў польскай мове з нашай. Гэта, пры жаданьні, не цяжка прасачыць.
    Але вернемся да рускамоўнага беларуса. Ён нават не падазрае, што гаворыць не зусім па-руску. Ягоная руская мова — сурагат сапраўднай рускай. Ён заўважае гэта толькі тады, як едзе куды-небудзь у Пскоў або Іркуцк, дзе з яго вымаўленьня і лексыкі сьмяюцца.
    Іншая справа — беларус двухмоўны, які ўсюды прама абвяшчае, што ён беларус і пацьвярджае гэта. З такога беларуса ніхто не сьмяецца. Наадварот, ён мае нават перавагу перад аднамоўным рускім, бо багацейшы на цэлую культуру: можа беларускую прымаўку ўставіць, песеньку прасьпяваць, задавальняе цікавасьць тых, хто побач, да беларушчыны. Такіх людзей у рускім асяродзьдзі паважаюць як прадстаўнікоў іншага народа. Аднамоўны ж беларус падобны да рускага ў горшым варыянце, гэта нібыта рускі ніжэйшага гатунку.
    Якое ўвогуле адчуваньне ў рускамоўнага беларуса? Што ён — чалавек, за плячамі якога няма нічога: ні гісторыі, ні культуры. Усяго, што зрабіў ягоны народ да яго зьяўленьня на сьвет, ён не ведае (ні верша, ні байкі, ні песьні, ні прымаўкі). Зразумела, ён карыстаецца рускай культурай, але гэтая культура ідзе каранямі не праз яго продкаў, і ў ім узьнікае комплекс непаўнацэннасьці: мова ў яго чужая, культура чужая, гісторыя — чужая. А адкуль жа ён сам ўзяўся? Не ведае. Ён адчувае сябе прыблізна так, як адчуваюць людзі, кінутыя немаўлятамі і выгадаваныя ў дзіцячым доме. Вырастаючы, яны спрабуюць знайсьці хаця б маці, шукаюць, бывае, дзесяткі гадоў, але як яе знойдзеш, калі, можа, яе ўжо і на сьвеце няма! У такіх вось падкідкаў і ператвараюць беларусаў хвацкія функцыянэры...
    Беларуска-рускае двухмоўе, пакуль яно існавала, давала нярэдка адукаваных людзей і рускай культуры. З галіны літаратуры, якая мне бліжэйшая за іншыя, нагадаю хоць бы імёны паэтаў Д. Кавалёва, Н. Кісьліка, І. Бурсава, І. Шклярэўскага. А каго дало рускай літаратуры новае, рускамоўнае пакаленьне беларусаў? Нешта не чуваць... Сёньня “на экспарт” даём футбалістаў ды хакеістаў. Маладых рускамоўных беларусаў, можа, у тры-чатыры-пяць разоў больш, як двухмоўных, а маладая беларуская літаратура па-ранейшаму на галаву вышэйшая за маладую рускую, што ствараюць беларусы. Але і беларускай літаратуры, без карысьці для рускай, нанесены страшныя страты. Звужэньне сфэры карыстаньня беларускай мовай прывяло да таго, што нешматлікія літаратары, якія валодаюць мовай, хай сабе і графаманы, не сустракаюць канкурэнцыі і без перашкод займаюць крэслы ў выдавецтвах, часопісах, газэтах. Родную мову графаманы ведаюць слабавата, няма ў іх і моўнага густу, але з-за таго, што і ў такіх ёсьць патрэба (лепшых жа няма!), гэта даруецца. Дыялёгі мастацкай прозы ў іх напалову рускія (маўляў, так народ гаворыць). І зусім такім аўтарам не у галаве, што на іх публікацыях, можа, хтосьці наважыцца вывучаць мову, будзе вучыцца размаўляць па-беларуску.
    Рускамоўныя беларусы не толькі не прыносяць ніякай карысьці рускай культуры, але і прычыняюць ёй вялікую шкоду. Я ўжо казаў, што руская мова, якой яны карыстаюцца, — на самай справе сурагат. Рускую мову яны псуюць. Умяшаньне такіх людзей у працэс разьвіцьця рускай культуры выклікае ў яе дзеячаў законнае раздражненьне. “Предположим, — казала Мая Ганіна 1 сакавіка 1988 года на пленуме СП СССР, — что грузинский язык либо литовский, узбекский стали вместо русского государственным, главным языком (тут М. Ганіна памыляецца. Руская мова зьяўляецца дзяржаўнай толькі для РСФСР, для іншых яна — агульная мова. — I. Л.). Мое великорусское самолюбие от этого нимало не пострадало бы. Напротив. Старательно изучив пятьсот слов и необходимую грамматику, я много утешилась бы мыслью, что зато мой родной русский язык сделался бы наконец заповедной зоной и стал бы первозданно чистым, как чисты, допустим, и ныне грузинский, армянский языки. Никто более не посягнул бы тогда на сложность русского языка, на присутствие в нем древних слов, непонятных тому, кто из двухсот тысяч знает пятьсот и считает, что остальные не нужны”.
    Сярод тых, хто сваё веданьне пяцісот рускіх слоў лічыць дастатковым, каб “посягать” на ўдзел у рускамоўным будаўніцтве, немалую нядобрую ролю адыгрываюць і рускамоўныя беларусы. Памятаецца, яшчэ гадоў пятнаццаць назад вельмі ж рэзка і, я сказаў бы, ядавіта крытыкавала “Литературная газета” наш рускі часопіс “Нёман” за псаваньне рускай мовы. А вось і болей сьвежы прыклад — з артыкула “Что защищаем?” (“Известия”, 1988, 5 чэрвеня), напісанага ў адказ на ліст некалькіх кандыдатаў навук з Мінска. Паважаныя вучоныя ўжылі ў лісьце, надрукаваным у часопісе “Наш современник”, слова «шильда». «К сожалению, — з сарказмам заўважыла газэта, — ни у Даля, ни у Ожегова, ни в Советском Энциклопедическом Словаре этого слова мы не нашли”.
    Зразумела, вынішчаючы беларускую мову яшчэ больш пасьлядоўна, праз тры-чатыры пакаленьні можна будзе дасягнуць і такога становішча, калі і грузчыкі ў крамах не ўжывуць “шыльду” замест “вывески”. Але якая і каму будзе з гэтага карысьць?
    На месца зьнішчанай беларускай культуры новая культура не прыйдзе. Прыйдзе малакультур’е, касмапалітычны сурагат культуры. Паспрабую абгрунтаваць сваё сьцьвярджэньне.
    Асновай любой культуры зьяўляецца мова. Мова — не толькі сродак зносін і мысьленьня. Гэта яшчэ і будаўнічы матэрыял мастацкай літаратуры. Літаратура ж, у сваю чаргу, апладняе ўсё астатняе мастацтва: тэатар, кіно, размоўныя жанры эстрады — праз драматургію; музыку — праз тэксты песень, опэр, апэрэт, араторый, кантат; выяўленчае мастацтва абапіраецца на літаратурныя сюжэты, тое ж самае — балет і пантаміма, у аснове якіх ляжаць яшчэ і літаратурныя лібрэта. Мастацкая літаратура, можна сказаць, стварае кола нацыянальных сюжэтаў і тэм, якім карыстаецца ўсё мастацтва. Такім чынам, мастацтва немагчыма без высокаразьвітой, высакаякаснай нацыянальнай літаратурнай мовы. Але літаратурная мова ўвесь час жывіцца народнай мовай і гістарычнай. Мова, пазбаўленая дыялектызмаў, народных выразаў і гістарызмаў — гэта стэрылізаваная, спакладзеная мова.
    Якой жа мовай карыстаюцца творцы — рускамоўныя беларусы? Менавіта такой, спакладзенай. Яны ж не могуць карыстацца ні народнымі, ні гістарычнымі скарбамі беларускай мовы, бо гэта багацце зусім іншай моўнай сыстэмы, да таго ж, усе гэтыя словы рускамоўнаму чытачу прыйдзецца тлумачыць. Перад літаратарам устае невырашальная праблема: стаць чалавекам з арлоўскімі, курскімі, цьвярскімі каранямі ён не ў стане, а карыстацца сваім, карэнным не дазваляе чужая, хоць і ўспрынятая ім як свая, мова.
    Перад такой праблемай апынуўся ў свой час і я. Я з дзяцінства пісаў на дзьвюх мовах. Першы рускі верш надрукаваў у 12 год, беларускі — у 15. Потым паступіў у БДУ — на хімічны факультэт, згодна з тагачаснай модай. Пісаць працягваў на дзьвюх мовах. Друкаваўся ў “Чырвонай змене”, “Знамени юности”, “Маладосці”, “Нёмане». Але ў сувязі з тым, што вучыўся на хімфаку — на рускай мове, ды яшчэ пісаў на хімічныя тэмы, з цягам часу мне пачало здавацца, што я проста не здолею выказваць па-беларуску ўсё, што ў маёй галаве. І пачаў пісаць пераважна па-руску.
    Нельга сказаць, што гэта на прынесла плёну. Маю першую кнігу вершаў заўважылі амаль што ўсе літаратурныя выданьні Мінска, была рэцэнзійка нават у Маскве. У 1964 годзе ў часопісе “Юность” была надрукавана паэма “Живые голоса”. Друкаваўся і ў іншых усесаюзных часопісах. Але з цягам часу прыйшло расчараваньне.
    Я адчуў раптам, што далейшага росту майго як творцы не будзе, і што віной таму — мая руская мова. Чыста літаратурная. залізаная. Узбагачаць яе тым вясковым матэрыялам. які ведаю з маленства? Але хто будзе друкаваць рускія вершы, перасыпаныя беларускімі словамі? Дый як гэта будзе выглядаць? Каму будзе патрэбна такая паэзія? Ні сабе, ні куме, ні  рускаму, ні беларусу...
    Дадам дарэчы, што адчуваньне гэтае ўзьнікла зусім не ў Беларусі, а ў Горкаўскай вобласьці, куды я трапіў згодна з разьмеркаваньнем як хімік. Менавіта тут, сярод прыродных рускіх, я зразумеў, што я — не рускі, а хтось іншы, а РУСКАЯ МОВА — ЯНА ПЕРШ-НАПЕРШ НЕ УСЕАГУЛЬНАЯ, А МОВА РУСКАГА НАРОДА, ЯКІ І НЯСЕ ЗА ЯЕ ГАЛОЎНУЮ АДКАЗНАСЬЦЬ. А мы — навошта мы рускай мове? Яна ў беларусах патрэбы не мае. Яна і без нас вялікая, праўдзівая і свабодная, як казаў Тургенеў. І нікому з рускіх не трэба. каб я пісаў свае вершы па-руску. Сваіх стае.
    Пасьля Горкаўскай вобласьці была Масква. Літінстытут. Тут і высьпела канчаткова маё рашэньне вярнуцца да роднай мовы. Выпусьціўшы другі рускі зборнік (1969), трэці я напісаў па-беларуску. А выйшаў ён у той час (1973), калі я жыў ужо ў Якуціі.
    З 1965 года я жыву за межамі Беларусі. Прыяжджаю самае большае на два тыдні, спыняюся ў гасьцініцах. Да нядаўняга часу ў Якуцку не меў аніводнага знаёмага, з якім мог бы перакінуцца словам па-беларуску. Але роднай мове болей не здраджваю і ўпарта пішу на ёй, хаця мае творы друкуюцца на ёй і рэдка, і далёка не ўсе. Гэта нічога. Толькі б не быць далакопам роднай мовы.
    Што ж нам рабіць далей, каб абсягі нашай рэспублікі не сталі Курапатамі нацыянальнай мовы?
    У апошні час дастаткова часта даводзіцца чуць катэгарычнае патрабаваньне строга сьледаваць прынцыпу добраахвотнага вывучэньня нацыянальных моў. Выглядае на першы погляд гэты прынцып прывабна: яшчэ б, добраахвотнасьць! Дэмакратыя! Але гэтую “дэмакратыю» мы ведаем добра. Яна руйнуе нашу мову вось ужо дзесяткі гадоў.
    Ходзяць добрыя хлопцы і дзяўчаты з нефармальных суполак па кватэрах, угаворваюць аддаваць дзетак у беларускія клясы... Якую цяжкую місію яны ўзялі на сябе! Ну як давесьці, што гэтая мова патрэбна дзіцяці, калі на ёй немагчыма атрымаць ні вышэйшую, ні нават сярэднюю спэцыяльную адукацыю?
    Наш суродзец не дурань, ён бачыць, што ў рускую ВНУ лягчэй паступаюць тыя, хто лепш валодае рускай мовай. Дык навошта яго золатка будзе сушыць галаву беларушчынай, калі яна ў рускім сачыненьні толькі павялічыць колькасць памылак? Каб застацца на падсобных работах?
    Сьветам правіць практычны інтарэс, і Беларусь у гэтым не выключэньне. Сталіністы, бюракраты ведалі, што рабілі, калі зьнішчалі беларускую вышэйшую і сярэднюю спэцыяльную адукацыю У спалучэньні з прынцыпам добраахвотнасьці гэта якраз тое, што патрабуецца, каб у наша адукаванае стагодзьдзе адпрэчыць народ ад мовы, якая не дае практычнага шанцу.
    Стварылі ненармальныя ўмовы, ды яшчэ балбочуць, што беларусы лічаць сваю мову горшай!
    Лічу, што трэба перш-наперш, пакуль не позна, пакуль яшчэ ёсьць настаўнікі, перавесьці на беларускую мову да 80 працэнтаў школ, згодна з нацыянальнай доляй беларусаў у рэспубліцы. У рэштцы ўвесьці беларускую мову ў якасьці абавязковага прадмета. Не павінна быць несправядлівага становішча, калі адзін школьнік вывучае дзьве мовы, а другі — адну. Веданьне мовы — багацьце, якое насіць не на карку. І прыйдзе час, калі і рускія жыхары Беларусі скажуць “дзякуй” за тое, што іх не пазбавілі ўдачы ведаць дзве мовы. Няўжо рускі штосьці страціць, калі зможа прачытаць у арыгінале цікавую беларускую кнігу, паглядзець у тэатры выдатны беларускі спэктакль, чэрпаць навіны са “Звязды” і “ЛіМа”, сам пісаць у гэтыя выданьні, нарэшце, вучыцца ў беларускіх ВНУ? Так-так, у беларускіх ВНУ, г. зн. у ВНУ з беларускай мовай навучаньня. Веру, што іх уваскрашэньне не за гарамі.
    Лічу, што трэба перавесьці на беларускую мову ўсе пэдінстытуты, прычым неадкладна. Новай беларускай школе спатрэбіцца шмат беларускамоўных настаўнікаў. На беларускай мове ў пэдінстытутах павінны выкладацца ўсе прадметы, а не толькі беларуская мова. Насьпеў час, каб прыняць тэрміновыя захады і для стварэньня беларускіх унівэрсытэтаў — беларускіх па сутнасьці, а не па назьве. Унівэрсытэты ў Мінску, Гомелі, Гродне павінны стаць сапраўднымі храмамі роднай мовы і культуры.
    На беларускую мову павінен перайсьці і тэатральна-мастацкі інстытут, асабліва яго тэатральная палова. Тады акторы не будуць давіцца словамі ні на сцэне, ні на экране.
    З цягам часу трэба падумаць і аб пераходзе на беларускую мову і тэхнічных ВНУ, падрыхтаваўшы падручнікі і кадры.
    Вяртаючыся да Якуціі, павінен зазначыць, што тут шмат хто з прыежджых цікавіцца якуцкай мовай. І гэтая цікавасьць часткова задавальняецца: выдаюцца самавучыцелі, размоўнікі. Рускі часопіс для дзяцей “Колокольчик” друкуе “Словарик дружбы” — якуцкія словы і выразы з перакладам У друку выказваецца прапанова аб увядзеньні якуцкай мовы як прадмета ва ўсіх рускіх школах Якуцка. Сям-там ужо наладжваюцца курсы якуцкай мовы для дарослых.
    Наогул, што датычыць якутаў, то ў іх, мне здаецца, усё ў парадку. Распрацавана праграма навучаньня ўсіх якуцкіх дзяцей якуцкай мове, і праграма гэта выконваецца. У Якуцку адчыняюцца клясы дзе якуцкую мову нароўні дзецьмі-якутамі вывучаюць іншыя. Павялічваецца час гучаньня якуцкай мовы па радыі і тэлебачаньні. На якуцкую мову дубліруюцца фільмы. На ўсіх крамах горада і нават кіёсках вывешаны шыльды, дзе адначасова з рускай і на якуцкай паведамляецца, калі гэтыя крамы працуюць і калі ў іх перапынак. Газэты, у тым ліку і рускія, ахвотна друкуюць лісты з прапановамі наданьні якуцкай мове статуса дзяржаўнай, пашырэньня правоў аўтаномнай рэспублікі да правоў саюзнай.
    Разьвіваецца, сталее культура. Сэнсацыяй стала запрашэньне якуцкага тэатральнага рэжысёра Андрэя Барысава ў МХАТ, дзе ім з вялікім посьпехам пастаўлена “Разьвітаньне з Мацёрай”.
    Дык не будзем жа меней разумнымі, чым якуты. Захаваем свае карані і вытокі, саміх сябе.
    г. Якуцк.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 22 верасьня 1989. С. 5, 12./


                                                                        ДАВЕДКА


    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава