sobota, 11 marca 2017

ЎЎЎ Мікола Гіль. Абарвалася жыцьцё - абарвалася і дасьледаваньне (Іван Ласкоў). Койданава. "Кальвіна". 2017.





                                                     Добры дзень, родны “ЛіМ”!..
                                          З пошты былога рэдактара штотыднёвіка
    “Лімаўская” пошта ніколі, бадай, не была такой багатай і разнастайнай, такой вострай і злабадзённай, як у першай палове 1990-х гадоў. Упершыню за многія гады людзі пісалі ў газэту без боязі, шчыра і адкрыта дзелячыся набалелымі думкамі і развагамі па актуальных адраджэнцкіх пытаньнях і праблемах, выказваючы ўдзячнасьць за тыя ці іншыя публікацыі, наогул ухваляючы і падтрымліваючы пазыцыю і накірунак газэты.
    Пераважная большасьць чытацкіх допісаў без затрымкі, літаральна з ходу трапляла на старонкі “ЛіМа”, усё, больш-менш вартае ўвагі, не залежвалася ў рэдакцыйных шуфлядах. Інакш дзейнічаць, нават думаць мы ў рэдакцыі не маглі: калі чытач павярнуўся да газэты, як кажуць, тварам, дык і мы стараліся па магчымасьці ісьці яму насустрач. Чытацкая пошта не толькі аздабляла старонкі тыднёвіка, але і рабіла яго яшчэ больш баявітым, нават, як гаварылі мы, газэтчыкі, “зубастым”.
    А ў маёй рэдактарскай папачцы заставалася з пошты хіба тое, што было адрасавана мне асабіста, ды зрэдзьчасу тое, што па нейкіх прычынах (мела прыватны альбо дробязны зьмест ці адзнаку мастацкай бездапаможнасьці) не магло быць надрукавана.
    Трапляла сяды-тады ў папачку і тое, што мы сьвядома, бадай, не рашаліся друкаваць, каб не нашкодзіць нашай агульнай справе, не выклікаць на нелюбімую, нават ненавісную для ўладнай і прыўладнай антыбеларускай хеўры газэту заўчасны і трагічны, сьмяротны ўдар.
    Адкладвалася ў папачку і тое, што мы не маглі друкаваць з іншае прычыны. Прыходзілі ў рэдакцыю і лісты адкрытых ворагаў беларушчыны і, значыць, “ЛіМа”, аўтары якіх вылівалі на тыднёвік і найперш на ягонага рэдактара вёдры і бочкі памыяў і ўсялякага іншага паскудзтва і бруду, даходзячы ажно да таго, што абвінавачвалі “ЛіМ” у прапагандзе русафобіі, распальваньні антыпольскіх і антыўкраінскіх настрояў, нават фашызму. Мы не баяліся гэтых нікчэмных і цынічных зласьліўцаў, часам друкавалі і іх, каб чытачы ведалі, хто і чаго варты, кім і чаму, дзеля чаго на беларускай зямлі ўзгадаваны такія нашы “дабрадзеі”. Ды пускаць на старонкі ўсё іхняе агіднае і сьмярдзючае плявузганьне - ці не зашмат было б гонару для паклёпнікаў і правакатараў?!
    Привет, так называемые белорусы! Недавно пробовал читать вашу газетёнку, «Лім» называется. А там какие-то бредовые идеи о свободе и независимости. Вы что, слабоумные? На что вы, быдло, надеетесь? Я вам советую забыть скорее все колхозное и способствовать быстрейшему переходу территории в состав России. Не для того Россия свою землю у Польши отвоевала, чтобы отдать ее недоразвитому племени. У меня все! Ваш колонизатор!
    Гэта адзін з прыкладаў такой пісаніны. Ананімнай. Не проста злоснай, а - гнюснай, з ашчэранымі зубамі. З жоўцю. Кусьлівай.
    Былі і іншыя карэспандэнцыі. Падпісаныя, з прозьвішчамі і пасадамі аўтараў. Вонкава спакойныя, амаль дзелавітыя, нават “аналітычныя”, з нібыта разумнымі, дасьведчанымі развагамі, з падвядзеньнем пад іх грунту гістарычных фактаў. З кідкімі, запамінальнымі загалоўкамі, кшталту: “Газета подстрекает к геноциду”. З такімі вось подступамі да абвінавачваньняў штотыднёвіка бадай што ў крымінале: “В последнее время многие газеты переживают трудные времена из-за отсутствия бумаги, денег, а то из-за уменьшения читательского спроса. Тяжелый недуг, видимо, поразил и газету национальной интеллигенции Беларуси «ЛіМ», которая, чтобы остаться на плаву, хватается без разбору за сомнительные материалы, помогающие взбудоражить общественность и напоминающие ей, что прекращать охоту на ведьм даже в демократическом обществе пока не следует...” І з такімі вось высновамі: “В Беларуси есть немало настоящих и гуманистов и патриотов, которые никогда не пойдут на поводу у подстрекателей. И если последние не умерят свой пыл, то будем надеяться, что в наших законах найдется соответствующая трактовка их деятельности...
    Само сабою, прыкра такое было чытаць і тады (гэтыя сапраўды “подстрекатели” і “провокаторы” жывуць на нашай жа зямлі, да ўсяго - нярэдка нашай жа гадоўлі), а тым больш - сёньня. Зноў адолелі, перамаглі нас нашы ворагі і незычліўцы. Няхай не вязуць нас у цялятніках у ГУЛАГі, няхай не расстрэльваюць ва ўнутранай турме КГБ - так званай “амерыканцы”, ды ўсё роўна жыцьцё наша называць жыцьцём не выпадае. Па-ранейшаму жывём мы ў забраным краі. Беларускаму слову, беларускай думцы, як і лепшым носьбітам іх, ходу няма. Анікуды. Усё беларускае адкінута на ўзбочыну, і нават далей, у “цёмныя норы, у глухія лясы, за чорныя горы”. На чэзнаньне-мадзеньне, на скананьне-паміраньне.
    І ў гэтым беспрасьвецьці маё старое і хворае сэрца саграваюць, падтрымліваюць успаміны. І найлепшыя з іх зьвязаны акурат з часам майго рэдактарства ў “ЛіМе”. Пазнакі таго часу - у згаданай рэдактарскай папачцы. Сьветлыя, вядома, якіх у ёй - пераважная большасьць. Пра паасобныя з іх і хачу распавесьці.

                   АБАРВАЛАСЯ ЖЫЦЬЦЁ - АБАРВАЛАСЯ I ДАСЬЛЕДАВАНЬНЕ
    Адзін з самых сьветлых маіх успамінаў пачатку 90-х гадоў савецкага веку зьвязаны з імем і воблікам таленавітага нашага паэта Івана Ласкова. Ды сталася так, што кантакты нашыя, якія перарасталі ў сяброўства, зьвязаны не так з ягонай паэзіяй, як з моўнымі, а найперш з ягонымі гістарычнымі, скажу так, дасьледаваньнямі.
    Шчымлівымі сьведкамі гэтага - тры лісты Івана Антонавіча (мільганула: гэтак звалі і выдатнага нашага празаіка, аднаго з самых начытаных і інтэлігентных літаратараў, карпатлівага і патрабавальнага настаўніка многіх маладзейшых творцаў пяра Янку Брыля), што зьберагліся ў маёй папцы.
    Добры дзень, шаноўны Мікола Сымонавіч!
    Можа, памятаеце, у кастрычніку мінулага года я даслаў Вам артыкул “Адкуль пайшла беларуская мова”. Мы пра яго гаварылі з Вамі напачатку лістапада, калі я прыяжджаў у Мінск. Тады Вы абяцалі мне, што артыкул з часам будзе надрукаваны.
    Я “ЛіМ” выпісваю і чытаю, але гэтага свайго артыкула пакуль што не бачыў. Праўда, некалькі нумароў я не атрымаў (губляюцца!). Па ганарары меркаваць аб публікацыі я не магу, бо прасіў пералічыць яго на рахунак Таварыства беларускай мовы.
    Я папрасіў аднаго знаёмага-мінчука зайсьці ў “ЛіМ” і спытацца пра мой артыкул. Яму сказалі, што нічога майго ў рэдакцыі няма.
    Вельмі прашу Вас паведаміць, ці ён надрукаваны, ці проста згубіўся? Калі так, то я дашлю яшчэ адзін паасобнік.
    Дасылаю Вам газэту “Русские ведомости”. Думаю, што публіцысты “ЛіМа” маглі б скарыстаць яго на старонках газэты. Беларускі чытач павінен ведаць, якія цемрашальскія сілы дзейнічаюць цяпер у Расеі, якая пагроза ідзе з яе Беларусі. “Русская партыя” замахваецца аж на ўсю Украіну на ўсход ад Дняпра! Беларусь “Русская партия” у сваёй праграме не згадвае, але гэта не азначае, што не точаць зуб... На другой старонцы “Русские ведомости” друкуюць заклік “руской” з Магілёва: “Не должна перевестись русская нация! Кто, кроме нас, встанет на нашу защиту? Только мы сами!
    Усяго найлепшага.
    I. Ласкоў.
    4 лютага 1992 года.
    Гэта - першы ліст з далёкага Якуцка, дзе жыў наш паэт. Апынуўся ён там у выніку таго, што падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве пазнаёміўся, пасябраваў і пабраўся з якуцкай паэтэсай. Не памятаю сёньня, што здарылася з яго артыкулам у “рэдакцыйнай кухні”. Мо сапраўды згубіўся нейкім чынам: скажам, у час рамонту, ці ў выніку начнога шмону ў “лімаўскіх” кабінэтах, учыненага задужа цікаўнымі “товарищами в цивильном”? Як не памятаю і таго, ці ён усё ж знайшоўся, ці быў наноў дасланы Ласковым. Аднак жа артыкул быў неўзабаве надрукаваны. Пра гэта - другі ліст з Якуцка.
    Шаноўны Мікола Сымонавіч!
    Вельмі ўсьцешаны публікацыяй на старонках “ЛіМа” майго артыкула “Адкуль пайшла беларуская мова”. Шчыры дзякуй рэдакцыі і Вам асабіста.
    Зразумела, хібаў пры падрыхтоўцы такіх складаных тэкстаў не ўнікнеш. Так і тут пракралася некалькі памылак. У старажытных словах, чамусьці ва ўсіх выпадках, на месцы ѣ (яць) пастаўлены ъ (ер). У другім слупку (сёмы радок зьверху) замест “старажытнарускай” надрукавана “старажытнай”, у восьмым (38-мы радок зьверху) прапушчаны прыназоўнік “у”, з-за чаго ўзьнік не той сэнс (было: “перанесьлі сваю сталіцу ў Маскву”, стала: “перанесьлі сваю сталіцу Маскву”). Застаецца толькі пашкадаваць, што, будучы ў Мінску ўвосень, не здолеў вычытаць артыкул пасьля машынкі. Зрэшты, гэта дробязі, і адзначаю я гэтыя памылкі толькі таму, што артыкул дыскусійны і апанэнты могуць чапляцца да любой хібы.
    Яшчэ раз сардэчна дзякую.
    З пажаданьнем посьпехаў Іван Ласкоў.
    6 красавіка 1992 года.
    Крыўдаваў за памылкі Іван Антонавіч слушна, вядома, хоць унікнуць іх у газэтных публікацыях сапраўды цяжка. Ну вось, адносна тых самых “яця” і “ера”: ды такіх літар проста не было ў наборных касах газэтных лінатыпаў, як няма, напэўна, і ў гэтым маім старым, дабітым кампутары.
    Галоўнае ж у тым, што артыкул I. Ласкова выклікаў велізарную цікавасьць, хоць, вядома ж, і не адназначную. Гучалі, скажам, папрокі ў недасьведчанасьці і нават дылетанцтве, сёй-той ківаў на мараль з крылоўскай байкі пра шаўца і пекара (намякаючы на тое, што аўтар - хімік па адукацыі, а не філёляг). Дык жа Ласкоў і не хаваў гэтага! Але, як чалавек адукаваны, цікаўны і ўніклівы, заўважыў, грунтоўна вывучыў і распавёў пра тое, пра што не мог не распавесьці. Яму, беларусу, было непамысна і крыўдна ад таго, што ў гісторыі нашага народа столькі белых плям, столькі хлусьні, розных выдумак, сумнеўных нацяжак і бязглуздых мітаў.
    Пра тое, што канкрэтна сьцьвярджаў і досыць пераканаўча даводзіў I. Ласкоў у сваім артыкуле, гаварыць наўрад ці ёсьць неабходнасьць: усё гэта занатавана на старонках “ЛіМа” 1992 года.
    Яшчэ большы чытацкі посьпех мела наступная публікацыя нашага далёкага якуцкага карэспандэнта. Пра яе I. Ласкоў піша ў лісьце ад 24 лістапада таго ж 1992 года:
    Шаноўны Мікола Сымонавіч!
    Пасылаю Вам свой новы артыкул – “Дагістарычныя блуканьні”. Нарэшце, з дапамогай лінгвістычных пошукаў удалося надзейна аддзяліць летапісную літву ад летапіснай жамойці - г. зн. знайсьці доказы таго, што літва і жамойць - розныя этнасы. Спадзяюся, што “ЛіМ” не адмовіцца надрукаваць гэтую працу. Ведаючы цяжкае становішча беларускага друку і “ЛіМа” ў прыватнасьці, ганарар прашу пакінуць у рэдакцыі, на патрэбы газэты.
    Калі артыкул будзе прыняты, то праз нейкі час будзе даслана яго другая, заключная частка - па матэрыяле не меней цікавая.
    З пажаданьнем посьпехаў “ЛіМу” і Вам асабіста, I. Ласкоў.
    Вядома ж, мы без затрымкі надрукавалі гэтае новае лінгвістычнае дасьледаваньне Івана Антонавіча (пад назваю “Племя пяці родаў”). Мы ўспрынялі яго ў “ЛіМе” з вялікай цікавасьцю. Наша старажытная гісторыя, паходжаньне і станаўленьне беларускага этнасу паўставала, бадай што, у новым сьвятле. Прынамсі, выдавала, што сучасныя літоўцы - самазванцы, якія зусім безпадстаўна прысвоілі сабе і нашу назву (мы спрадвеку былі літ(ць)вінамі, літоўцамі, а яны гэтак жа спрадвеку - жамойтамі), і нашых князёў (ніводнае імя вялікалітоўскіх князёў не вытлумачваецца сродкамі мовы сучасных так званых літоўцаў), і нашу гісторыю, і нашу сталіцу, урэшце. I нас зьдзіўляла і бянтэжыла тое, што адносна публікацыі захоўвалі маўчаньне нашы навукоўцы - гісторыкі, этнолягі, мовазнаўцы. Ім ніякавата было ўступаць у дыскусію з “дылетантам”? Ці сам час - вірлівы, неакрэсьлены, зьменлівы (ішоў 1993 год) - не спрыяў разгарненьню навуковых спрэчак? Маўляў, не да гэтага, тут найпершая праблема і задача - проста выжыць? Хто яго ведае.
    Пасьля ж надышлі і задоўжыліся на многія гады яшчэ горшыя часіны, калі пытаньні беларушчыны ў беларускай па назьве дзяржаве наогул сьпісаны з парадку дня. Але ж напісанае - застаецца? Нібыта так, калі верыць старажытным.
    Зрэшты, мо не было б маўчаньня вакол цікавых (нават безадносна да высноваў) лінгвістычна-гістарычных дасьледаваньняў паэта і навукоўца, калі б быў сёньня з намі сам Іван Ласкоў. На жаль, ён трагічна загінуў. Быў жорстка забіты на сваёй дачы пад Якуцкам. За што і чаму? Цяжкія, няпростыя пытаньні. Была такая версыя. Нібыта Іван Антонавіч па нашай беларускай празе да праўды і справядлівасьці, па нашай жа беларускай упартасьці, якая прымяняецца не заўсёды там, дзе трэба, і надта ж неаглядна, штосьці капнуў пад нейкіх якуцкіх ці не літаратурных мафіёзі (ёсьць яны, аказваецца, і ў сьцюдзёнай Рэспубліцы Саха), і тыя не даравалі ганарліваму і надта ж чэснаму беларусу.
    А мне й сёньня не верыцца. Бо - стаіць уваччу Іван, Ваня Ласкоў: жывы, рухавы, непаседлівы, гаварлівы, адметны найперш бадай тым, што быў невысокага расточку, але меў надзіва густы, трубна-барытоністы голас. Апошняя акалічнасьць ці не штораз змушала міжволі азірацца і шукаць вачыма таго, вялікага і мажнога, каму мог бы належыць гэткі голас. Бачу яго на “лімаўскіх” калідорах: апошнія гады сустракаў яго акурат там. Прыяжджаючы зрэдку ў Мінск (часта бываць не выпадала - далячынь, край сьвету - Якуцк), ён не прамінаў зайсьці ў наш “ЛіМ”, у рэдакцыі “Полымя” і “Беларусі”, якія месьціліся побач, на тых жа калідорах. Ці не двойчы заходзіў з сынам - ладнаватым, ужо вышэйшым за бацьку падлеткам, беларусам, але трошкі й якутам. На просьбы распавесьці пра Якуцію і якутаў -распавядаў (ад яго пачуў, што найбольш арганізавана, упарта, зацята і доўга, са зброяй у руках супраціўляліся рускім казакам-калянізатарам менавіта якуты), але з куды большым жаданьнем і прагаю слухаў нашы аповеды аб тым, што робіцца ў Беларусі, распытваў, якія пэрспэктывы разьвіцьця роднай літаратуры, асьветы і культуры. Не пакідаў думкі вярнуцца на Радзіму. Якім чынам і калі, якім коштам, з якімі выдаткамі - маўчаў, не гаварыў. Разрываўся паміж унутраным поклічам і абавязкам перад сям’ёю? Фізычна жыў там, дзе вечная мерзлата, а душою - тут, на зямлі зялёных пушчаў і блакітных азёр, жытнёвых палеткаў і мурожных лугоў?
    Дзе яна, душа ягоная, цяпер? Пэўна ж, тут, дома...
    /Дзеяслоў. № 4 (83). Мінск. 2016. С. 232-233, 236-238./


                                                                         ДАВЕДКА


    Мікалай Сымонавіч Гілевіч (Мікола Гіль) – нар. 15 чэрвеня (кастрычніка) 1936 г. у в. Слабада Лагойскага раёну Менскай вобласьці БССР (СССР). Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1959). Працаваў на Мінскай студыі тэлебачаньня, у рэдакцыі бюлетэня “Родная прырода”, часопісах “Маладосць”, “Мастацтва”, загадчыкам аддзелу, адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара, галоўным рэдактарам газэты “Літаратура і Мастацтва”. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1975 году.
    Хрыстафора Сьнягір,
    Койданава


    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса “Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за штатам) ды загадчыкам аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Лечышча ў Якуцку ня меў. Знойдзены мёртвым 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




                                                                         ДАДАТАК

                                         Стужка навінаў


                                                                  Siarhiej Zaprudski

    12 Лiстапад 2016
    Пачытаў у “Дзеяслове” прачулыя нататкі Міколы Гіля пра Івана Ласкова.
    Цяпер вакол нас поўна некваліфікаваных людзей, якія будучы цікаўнымі і настойлівымі, пішуць амбітна, часам вельмі многа, як бы (часам і без “як бы”) з прэтэнзіяй на навуку. Некаторыя зрабілі з гэтага сабе бізнес - і ў іх выпадку пра тое, кваліфікаваныя яны ці не, пытанне проста не стаіць.
    Ласкоў у 90-я адным з першых паказаў, што “афіцыйную” навуку можна звесці на нішто, зрабіць выгляд, што яе няма. Хімік паводле адукацыі, ён заняўся “вышэйшым пілатажам” лінгвістыкі - этымалогіяй, друкаваў свае вопусы ў “ЛіМе”, “Полымі”. Ён ставіўся да сваёй прадукцыі цалкам сур’ёзна, яго артыкулы былі гучнымі і прэтэнцыёзнымі. Мяккі і ласкавы Мальдзіс неяк быў упусціў яго нават на старонкі аднаго навуковага зборніка.
    Пухам Івану Ласкову зямля.
    Але яго этымалогіі не варты той паперы, на якой яны былі надрукаваны. Напрамак, які ён распрацоўваў, перастаў даследавацца не таму, як лічыць Мікола Гіль, што абарвалася жыццё Ласкова. Проста ён вёў у нікуды, а слова “даследаванне” тут недарэчнае.
    Зацемку пра Івана Ласкова ў Крыніцы 1996, дзе была прадстаўлена яго постаць, я калісьці назваў “Энергія падманлівасці”.
    І калі сёння ў “Дзеслове” наш старэйшы пісьменнік піша, як пра станоўчае, вось, маўляў, з артыкула Ласкова вынікала, што “сучасныя літоўцы – самазванцы”... Піша (з нагоды Алеся Чобата), што тэма “пальшчызны” – “даўняя і дасюль балючая для ўсіх свядомых беларусаў... ніколі ніякіх палякаў на Беларусі практычна не было”...
    То не, ад такой “папулярызацыі” “навукі” я ніякавею...

                                                                          Камэнтары


    Staś Zawalnia А што ж рабіць, калі кваліфікаваныя філёлягі зрабіліся нецікаўнымі ды ненастойлівымі? Даводзіца замест іх працаваць хімікам.
    12 Лiстапад 2016 а 0:40

    Siarhiej Zaprudski наука должна быть с кулаками.
    12 Лiстапад 2016 а 0:42

    Staś Zawalnia Навука павінна быць. А часы зараз такія, што навукоўцы не цікавяцца ўласнай навукаю.
    12 Лiстапад 2016 а 0:44

    Siarhiej Zaprudski я не супраць хімікаў як такіх, нават у лінгвістыцы... Уільям Лабоў і Фёдар Піскуноў таксама хімікі, і першы дык проста геніяльны мовазнавец.
    12 Лiстапад 2016 а 0:48

    Staś Zawalnia Добра адукаваны хімік мае магчымасць нешта зрабіць у гуманітарных навуках. Але добра адукаваны філёляг у хіміі - аніколі.
    12 Лiстапад 2016 а 0:50

    Siarhiej Zaprudski зазірнуў ва украінскую вікіпедыю, там Ласкоў падададзены як доктар філалагічных навук! Задорнаў раптам акадэміка яшчэ не атрымаў?
    12 Лiстапад 2016 а 0:58

    Inesa Kuryan цудоўная тэма закранутая, недапушчальна і хопіць ужо трываць такое. Навукоўцы павінны супольна з гэтым змагацца. Маю прыклад такіх заўзятых перакладчыкаў без навуковага падыходу - адукацыя сярэдняя медычная, а недзе ўжо чырканулі ў біяграме, што філолаг. Якасць тэкстаў на жаль - сярэдняя медычная - не варты паперы, на якой надрукаваны.
    12 Лiстапад 2016 а 1:54

    Staś Zawalnia На артыкулы сваіх калег-філёлягаў паглядзьце. Ці ўсе яны варты паперы? Вось дзе шырокае поле для барацьбы.
    12 Лiстапад 2016 а 9:50

    Volha Zuyeva Сачыненні Ласкова - на тым жа камунікаце, бяры і чытай. На Мінскім фестывалі моў два гады таму цытавала ягоныя выкладкі і каментавала, пасля лекцыі да мяне падышлі дзве бабулі, досыць раззлаваныя, сказалі, што я нічога не разумею і г.д.
    13 Лiстапад 2016 а 13:45

    Siarhiej Zaprudski “Прайшоўшы” Ласкова ў пачатку 1990-х, я не заўважыў яго пазнейшых выданняў. “Навуковы” рэдактар выдання 2011 г. - А. Тарас, хто б сумняваўся! Але з якой нагоды вы цытавалі Ласкова?
  · 13 Лiстапад 2016 а 14:08

    Volha Zuyeva Як прыклад махровых “даследаванняў”. І даверу да друкаванага слова. Тэма была пра міфатворчасць і лінгвістыку як яе інструмент (дакладней, ахвяру).
    13 Лiстапад 2016 а 15:59

    Сяргей Шупа Іцхак-Айзік негадуе!
    13 Лiстапад 2016 а 14:15
    /facebook.com›siarhiej.zaprudski/posts/…/


                                     Апублікавана на мультымедыйным партале Arche.by
                                    Постскрыптум да падсумавання Аляксандра Лукашука
                                                    Сяргей Запрудскі | 25.01.2012 13:50

    Не, можна сказаць нават, што Аляксандар Лукашук прыгожа выйшаў з сітуацыі. Паставіў сябе нібыта “па-над бойкай”. Гасцінны гаспадар – “усім дзякуй, і ўсе вольныя”. Апеляцыі да аўтарытэтаў Быкава і Вайновіча. Хіба толькі замнога спасылак на сябе, ды й адзіная палеміка з канкрэтным аўтарам – знаўцам “біяграфічных дэталяў беларускіх літаратараў 1920-30-х гадоў” (фіксуем: не больш за тое) Анатолем Сідарэвічам – трохі псуе карціну.
Як пэўны “эзатэрычны” тэкст падсумаванне дырэктара Беларускай службы, відаць, не падлягае разгляду, яно павінна быць проста прынята. Але чалавек слабы…
    Калі Лукашук піша, што дыскусія на сайце Свабоды “патрапіла ў незагойную рану нацыянальнай сьвядомасьці”, то ён забываецца, што ініцыятары бахарэвічавага цыкла такой дыскусіі не планавалі, не прадбачалі, не хацелі. Доказы гэтаму бачым у неаднаразовых допісах Сяргея Шупы ў ягоным блогу, які датычна парушальніка спакою Міхася Скоблы пісаў неадменна як пра ініцыятара “разборак”, а слова “дыскусія” ставіў толькі ў двухкоссі. Яшчэ раз дзякуй Міхасю Скоблу, дарэчы прыдаўся Свабодзе.
    Калі Лукашук піша, што палітвязні таму і сядзяць, бо такая дыскусія не адбылася своечасова, то ён уласным прыкладам дэманструе, што слова можа не значыць нічога, быць цалкам пустым. На голую рыторыку падобна ультратэарэтычнае пажаданне бачыць такую дыскусію ў беларускім замежжы пачынаючы ад 1930-х, у савецкім самвыдаце ў 1960-я – сярэдзіна 80-х, у адкрытым друку – ад пачатку галоснасьці.
    Папраўдзе не ўсе маюць права выстаўляць беларускай літаратуры “гамбурскі рахунак», не заўсёды і не ў любой форме. (Гаворачы, што не кожны мае права выстаўляць рахункі, я лічу, што Бахарэвіч, несумненна, мае. Заўважу таксама, што я іх ацаніў бы хутчэй станоўча, хоць не чытаў уважліва.) Што да “вывядзення на чыстую ваду” класікаў, то прыкладаў фатальных спроб гэтага чыну існуе, відаць, нямала.
    Выхадзец з Беларусі, пісьменнік Іван Ласкоў (жыў у Якуцку) у пачатку 90-х быў паспрабаваў адчыніць для агульнага агляду “цёмную камору” літаратурнага быту рэпрэсаванага ў 1938 годзе і памерлага ў турме класіка якуцкай літаратуры Платона Айунскага. Наступствы для Ласкова былі выключна кепскія: якуцкія аўтары на яго апалчыліся, урэшце Ласкоў загінуў пры незразумелых абставінах. (Гаворачы пра смерць Ласкова я, вядома, ні на што не намякаю.)
    Няўжо якуцкія літаратары, як можа выглядаць, такія цемрашалы, спрэс “савецкія” рэтраграды? Перакананы, не. Няўжо на іх фоне Ласкоў (нагадаю: у Беларусі ён, пісьменнік без навуковай кваліфікацыі, праславіўся тым, што сенсацыйна даводзіў няісныя фіна-угорскія карані беларускай мовы) быў адзіным светлым промнем? Не думаю. Якуцкія падзеі, дзе таксама мела месца цвяленне “незагойных ранаў”, выглядаюць даволі павучальна. Нічога не зробіш: форма “кармлення народа праўдай” таксама мае значэнне. Істотным ёсць кантэкст гэтага свяшчэннага чыну. Мае значэнне і тое, ад каго гэтая праўда-матка зыходзіць. Так бывае, што праўду, атрыманую, “не з тых” рук, людзі прыняць не гатовы, адкідаюць яе. Без уліку ўсяго гэтага атрымліваецца добра нам знаёмае грубае і прымітыўнае “еш, дурань, бо то з макам!”.
    Зусім не зразумелы закід Лукашука, што далёкія ад культуры чытачы (ці людзі, з якім ён спрачаецца) блытаюць культуру з ідэалогіяй і часам робяць гэта наўмысна – “каб абараніць свой даробак, свой сьветапогляд, свой інтарэс”. А Лукашук нічога ні з чым не блытае? І хіба блізкія да культуры чытачы тым больш не абараняюць свой даробак і свой светапогляд? Што тут за грэх?
    Несумненна, многія абвінавачанні, якія прагучалі ў дыскусіі “ня маюць ніякага дачыненьня да эстэтыкі, літаратуры і культуры ў цэлым”. Але хіба сам Лукашук дзее ў рамках гэтых дысцыплінаў, імі пераймаецца? Сфармуляваў жа не мудруючы анфан тэрыбль Аляксандр Фядута, што Лукашук піша з пункту погляду палітыка і пры гэтым палітычна ён (Лукашук) мае рацыю. Чаму Лукашуку можна выказвацца за палітыку, а камусьці іншаму не? Баюся, экзэрцысы Бахарэвіча маюць для дырэктара беларускай рэдакцыі радыё Свабода не столькі літаратурна-эстэтычнае значэнне, колькі прыраўноўваюцца к штыху, да інструмента выхавання масаў, якія ўсё яшчэ не навучыліся “распазнаваць небяспеку” і “эфектыўна супрацьстаяць”. Знаёмая лексіка.
    Што ж: на (ідэалагічнай) вайне як на (ідэалагічнай) вайне.
    /http://arche.by/


                                                     ЭНЭРГІЯ  ПАДМАНЛІВАСЬЦІ
    Неяк увосень 1989 года ў інстытуце мовазнаўства, дзе я тады працаваў, мелася адбыцца пасяджэньне. Звычайна ў такіх выпадках супрацоўнікі наперад ведалі парадак дня будучай зборкі і мелі магчымасьць да яе падрыхтавацца. Гэтым разам тэма гаворкі была агучана непасрэдна на пасяджэньні: “Аб публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” артыкула Івана Ласкова “Племя пяці родаў”. Кіраўнік сэктара агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філялягічных навук В. М. коратка ахарактарызаваў лімаўскую публікацыю як выключна ненавуковую і прапанаваў даслаць у газэту вельмі рэзкі водгук.
    Мяркую, што пасьпешлівасьць, з якой было падрыхтавана тое пасяджэньне, адыграла не лепшую ролю.
    У сувязі з “аварыйнай сытуацыяй” на пасяджэньне сабралася, пераважна, навуковая моладзь. Сёй-той не чытаў лімаўскай публікацыі, а частка прысутных не валодала праблемай зусім. Тым не менш: калі з навуковым бокам усё было збольшага зразумела (ніхто не падтрымаў поглядаў І. Ласкова), то як трэба было вырашаць праблему маральную? Бо ж у асобе аўтара артыкула мы мелі апанэнта-дылетанта, не спэцыяліста. Мы былі ў розных вагавых катэгорыях, І. Ласкоў быў для нас своеасаблівым “братам меншым”. Ці канечне трэ было ў такім выпадку даваць катэгарычны “адлуп”? Для мяне істотным было і тое, што з-за нас магла пацярпець славутая газэта “эпохі Анатоля Вярцінскага”. У непрыхаванай раздражнёнасьці загадчыка сэктара я быў схільны бачыць адбітак ягонай незадаволенасьці “ЛіМам”, пазыцыяй газэты.
    Здаецца, мы вырашылі напісаць у “Літаратуру і мастацтва”, але пастанавілі зьмякчыць акцэнты. Я на пасяджэньні казаў пра тое, што публікацыю “Племя пяці родаў” трэба ацэньваць паводле крытэрыяў мастацкага твора, а не навуковага артыкула. (Ну, з якой навуковай працы можна даведацца, напрыклад, пра тое, што канкрэтная ідэя прыйшла аўтару ў галаву позна вечарам, ці пра тое, што з бібліятэкі, дзе ён працуе, відаць вокны ягонай кватэры?) Хто ведае, здавалася мне тады, можа, публікацыя аматара І. Лас-кова зможа прыцягнуць да мовазнаўчай праблематыкі моладзь, якая, атрымаўшы пэўную падрыхтоўку, пазьней здолее адсеяць зерне ад кукольля.
    Не хачу сказаць, што сёньня мне сорамна за сваю тагачасную пазыцыю. Я, аднак, не ўпэўнены, што мой уплыў тады быў карысны... (Відаць-такі, мы так і не напісалі ў “ЛіМ”, прынамсі, у надрукаваным 20 кастрычніка 1989 года аглядзе пошты з нагоды артыкула І. Ласкова Інстытут мовазнаўства не згадваўся.)
    Пазьней I. Ласкоў надрукаваў яшчэ некалькі артыкулаў (у тым ліку нават у “чыста навуковым” выданьні - другой кнізе “Беларусікі”). Ён ужо крыўдаваў на лінгвістаў, якія, знаходзячыся “пад мохам акадэмічных забабонаў”, не зьвярталі ўвагі на ягоныя публікацыі, сьмела крытыкаваў “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” і прапаноўваў свае шматлікія вэрсіі. У І. Ласкова зьявіліся прыхільнікі, якія “са значэньнем” пыталіся са старонак таго ж “ЛіМа”: а чаму гэта маўчыць “афіцыйнае” мовазнаўства?
    Раскрытыкаваць “канцэпцыю” (даруй мне, Божа, гэтае двукосьсе, як і ўвогуле тое, што я ўзяўся пісаць гэты тэкст) фіна-вугорскай арыентацыі беларускай мовы лінгвістам было вельмі проста. Але ніхто не хацеў займацца “біцьцём маладзенца”...
    У 20-я - першай палове 30-х гадоў у Савецкім Саюзе шмат займаўся этымалёгіяй сумнавядомы акадэмік Мікалай Якаўлевіч Мар. Ён адмаўляў славянскі характар украінскай мовы, выяўляў яе “асаблівыя” сувязі з магрэльскай, чанскай, грузінскай. На думку М. Мара,нельзя без яфетических языков Кавказа (акадэмік сам прыдумаў “яфетычную” сям’ю моў, ад якой нібыта пайшлі ўсе мовы сьвету. - С. З.) ...понять ни русского, вообще славянских, ни германских языков, ни, более того, турецких, ни китайского”. Продкамі рускай мовы акадэмік абвяшчаў скіфскую, кімэрскую, абхазскую, этрускую, баскскую і іншыя, вельмі адрозныя ад славянскіх, мовы. “В ошеломляющем количестве” ён знаходзіў у рускай мове “подлинные чувашизмы”. Слова лапоть, напрыклад, Н. Мар дзяліў на lа - ро - te, пры гэтым першы склад lа выяўляў у выглядзе nа ў розных абхазскіх словах: гэты ж элемэнт (але ў выглядзе sа) знаходзіў і ў слове сапог. Слова пирог Н. Мар разглядаў як складанае - з груз. рur (хлеб) і баск. оgі (хлеб). Знаёмая мэтода, ці не праўда?
    Пасьля разгрому марызму на пачатку 50-х (яго, папраўдзе, даводзілася “граміць”, бо апалягеты “новага вучэньня аб мове” займалі ў савецкай лінгвістыцы кіраўнічыя пасады) трэба было вярнуць “раскалыханую” этымалёгію ў яе выйсьцёвы стан. Лінгвісты ў тую пару нястомна нагадвалі, што наяўнасьць у розных мовах падобных або тоесных гукавых спалучэньняў яшчэ не дае падстаў гаварыць пра генэтычную сувязь гэтых моў. Мовазнаўцы пісалі, што ў Мара “ўсе гукі пераходзяць ва ўсе гукі”. Яны справядліва сьцьвярджалі, што адной з найгрубейшых хібаў канцэпцыі М. Мара было “ігнараваньне канкрэтнай гісторыі моў”, што этымалёгіям акадэміка ўласьцівы “выключная бяссэнсавасьць і сваволя”. Мараўскі пэрыяд у мовазнаўстве нанёс навуцы вялікую шкоду, і сёньня лінгвісты успамінаюць яго як “кепскі сон”...
    Давайце зробім немагчымае і паверым у тое, што існавала роднасная комі-пярмяцкай “лацінская мова”. (Гэтым самым мы, праўда, абразім спэцыялістаў па фіна-вугразнаўству, якія гэткай “мовы” не ведаюць. Але што зробіш, такія правілы гульні нам прапанаваны.) Давайце паверым і ў тое, што комі-пярмяцкім з паходжаньня зьяўляецца, напрыклад, беларускае слова багна. Але як тады растлумачыць наяўнасьць гэтага слова ў іншых славянскіх мовах - украінскай, польскай, чэскай, славацкай, верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай? (Адпаведныя словы пададзены ў “Этымалагічным слоўніку беларускай мовы” ў артыкуле “багна”, і гэты артыкул І. Ласкоў чытаў і нават цытаваў.) Тут таксама фіна-вугорскія запазычаньні? Здаецца, ёсьць нагода выставіць прэтэнзіі не толькі беларускім этымолягам, але і польскім, чэскім, славацкім... Ці не занадта будзе?
    Беларускае прозьвішча Поздзер і польскае слова раździerz (кастрыца) тлумачыцца пры дапамозе комі-пярмяцкага паздер (верхні пласт кары). А як тады трэба разумець наяўнасьць слова поздер, напрыклад, у сэрбскай мове? А славенскае “раzdеr” (асколак, трэска, сучок)? І ці не лепшай тут была б уласная, славянская этымалёгія - ад дзерці, драць?
    Выключна адважнай выглядае спроба этымалягізаваць на аснове комі імя Жыгімонт. Тады гэткім жа спосабам трэба тлумачыць і імёны Сігізмунд, Зігмунд. Але ці не ўжываюцца яны ў немцаў? Тое самае можна сказаць пра “этымалёгію” слоў гумно, бадыль і шматлікіх іншых. Славянскія адпаведнікі гэтым словам ёсьць ва ўсіх або амаль ва ўсіх славянскіх мовах, у тым ліку, напрыклад, у славенскай, харвацкай, македонскай.
    І. Ласкоў сам згадвае, што “ў гісторыі не адзначана ніякага кантакту паміж Беларусьсю і Перм’ю”. Навуцы вядома, што продкі пермскіх народаў спачатку жылі ў басэйне ракі Вяткі і па сярэднім і ніжнім цячэньні Камы. (Нагадваю, што гэтыя тэрыторыі знаходзяцца на ўсход ад Ніжняга Ноўгарада.) Пазьней комі перасяліліся на тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Комі (якая, зноў нагадваю, знаходзіцца паміж Архангельскай і Цюменскай абласьцямі, на паўночна-ўсходнім ускрайку Эўропы). Было таксама, што комі расьсяляліся за межы сваёй этнічнай тэрыторыі - на Ўрал і ў Сыбір, гэта значыць рухаліся на ўсход. Ці маглі быць у тых краях продкі беларусаў? Якія ёсьць падставы гаварыць пра асаблівыя і інтэнсіўныя комі-беларускія кантакты? “Перш, чым параўноўваць у розных мовах якія-небудзь зьявы, трэба ведаць іх гісторыю”. Напісана гэта было ў сувязі з практыкаваньнямі М. Мара. Але ці не варта было б ведаць гэта кожнаму, хто хоча займацца этымалёгіяй не па-дылетанцку?
    ...Бяру ў рукі даведнік “Беларускія пісьменнікі” і бачу, што ў ім раскрыта “загадка І. Ласкова”: аказваецца, у творчасьці пісьменьніка “паяднаны рэальнасьць і фантазія, сур’ёзнасьць, разважлівасьць і ўсьмешка”. Стваральнікам “фантастычнага жанру” І. Ласкоў быў і ў этымалёгіі. Можна толькі шкадаваць, што ён не змог ставіцца да гэтага боку сваёй дзейнасьці ўсьмешліва і іранічна.
    Сяргей Запрудзкі
    /Крыніца 22. № 7. Мінск. 1996. С. 26-31./


                                                                        ДАВЕДКА


    Сяргей Мікалаевіч Запрудзкі - нар. 9 жніўня 1957 г. у в. Калініна Мінскага раёну Мінскай вобласьці БССР (СССР). Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1983, спэцыяльнасьць «беларуская і расейская мовы і літаратуры»). У 1983-1986 вучыўся ў асьпірантуры Інстытуту мовазнаўства АН Беларусі па спэцыяльнасьці «Славянскія мовы (заходнія і паўднёвыя)». У 1986-1990 працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытуту мовазнаўства АН Беларусі. У 1989 абараніў кандыдацкую дысэртацыю “Сербскахарвацка-беларускія лексічныя адпаведнікі”. У 1990-1991 працаваў старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. У 1991-1993 гг. сакратар камісіі па ўдасканаленьні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ад 1991 г. па сакавік 1997 г. рэдактар аддзела крытыкі і бібліяграфіі часопіса “Нёман”, займаўся літаратурнай крытыкай. Ад 1997 г. дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (2005—2010). Чалец Міжнароднай асацыяцыі украіністаў. Удзельнік XII, ХІІІ і XIV Міжнародных зьездаў славістаў (Кракаў, 1998; Любляна, 2003, Охрыд, 2008), IV і V кангрэсаў украіністаў (Адэса, 1999, Чарнаўцы, 2002). З дакладамі па беларусістыцы выступаў у Аўстрыі, Вугоршчыне, ЗША, Македоніі, Нямеччыне, Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Украіне, Францыі.
    Мадзеста Паветка,
    Койданава