ІВАН ЛАСКОЎ КРОЧЫЦЬ У ПРАВІЛЬНЫМ КІРУНКУ
Хаця сэнсацыйны артыкул Івана Ласкова “Племя пяці родаў” /“ЛіМ”, № 33, 18 жніўня 1989 г./ быў апублікаваны параўнальна даўно, у беларускіх гісторыкаў і лінгвістаў было даволі часу спраўдзіць і пераканацца, што аўтар досьледу крочыць у правільным кірунку, а менавіта ў тым, што назоў Літва, якім доўгія стагодзьдзі звалася заходняя частка нашае дзяржавы, а часам нават і ўся Беларусь, мае фіна-ўгорскае паходжаньне, — аднак, на жаль, ніхто як быццам усур’ёз гэта не ўспрыняў, маўляў: прымаем да ведама і не больш! У шматлікіх публікацыях апошніх гадоў па гісторыі Беларусі ўсё адстойваецца тая састарэлая тэза, што назоў Літва мае менавіта балцкае /жамойцкае/ паходжаньне. Гэта, прынамсі, бачна і па цяперашніх публікацыях у “Звяздзе” і “Народнай газеце” ў сэрыяле “100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”.
Мяне таксама захапіла гэтая тэма “племя пяці родаў”. Яшчэ жывучы ў Латвіі, я зліставаўся з аўтарам, які жыве ў Якуцку. Плёнам ліставаньня і абмену думкамі стаў мой матэрыял “Аб чым гавораць геаграфічныя назвы”, які надрукавала газэта “Веснік Глыбоччыны”. Іван Ласкоў шмат дапамог мне для зьбіраньня матэрыялаў па гэтай тэме, а менавіта тапаніміцы Глыбоччыны, дзе я прадоўжыў тэму “племя пяці родаў” у стасунках да свайго краю.
Тут я мушу падзяліцца ўласна сваімі меркаваньнямі і знаходкамі.
Неяк, разглядаючы карту Эстоніі, я знайшоў цікавыя рэчы. А менавіта. На ўсходзе гэтай краіны ёсьць паселішча Праага. Сталіца Чэхіі, як мы ведаем, таксама носіць назоў /праўда, без падвойнага “-аа”/ Прага /Рrаhа/. Што агульнага паміж эстонскай і чэскай Прагай? І тая і другая стаяць ля вады, эстонская — ля берага Чудскага возера, чэская — на берагах Влтавы. Не вытрымліваю ад спакусы — разгадаць сэнс назвы іду ў бібліятэку Вентспілса /тады я жыў у Латвіі/. Эстонска-расейскага слоўніка не было, затое быў эстонска-латыскі. Знаходжу: Рrааqа — брага, слота /расейск. — слякоть/. Калі ўлічыць, што ў Эстоніі і ў Чэхіі абедзьве Прагі сфарміраваліся на берагах вадаёмаў, дзе маглі быць у мінулым забалочаныя мясцовасьці /слота/, то гэта з пэўнай доляй верагоднасьці падмацоўвае маё меркаваньне. Адметна тут і тое, што наш палескі беларускі горад Брагін таксама ляжыць на беразе ракі Брагінкі, якая ў мінулым, магчыма, мела іншы назоў, а ўжо сёньняшні, пэўна ж, атрымала ад імя горада. Цікава і тое, што ў беларускай мове ёсьць таксама слова “прага”, дакладней, “пражыць”, напрыклад, у варыянце — “пражаны гарох”. Так у нас, у Глыбокім, завуць адну страву, — бяруць гарох і пражаць, гэта значыць, намочваюць, а затым смажаць на патэльні...
На гербе беларускага горада Сянно намаляваны дзьве касы, і назву гэтага горада выводзяць ад слова “сена”. Недалёка ад гэтага горада ёсьць возера Сара, якое, як лічаць дасьледчыкі, сваёй назвай мае балцкае паходжаньне /В. А. Жучкевіч. “Чаму так названа”. Мінск, 1969 г./. А вось у Эстоніі ёсьць паселішча Сянна, недалёка другое паселішча Сару, ёсьць і Саарэ, ёсьць Ваалма, а ў Беларусі — Волма; Лохква, а ў нас — Лахва; Пярну, а ля Глыбокага — Прыпярна /Прыпернае/; ёсьць Вільяндзі, а ў Беларусі — Вільня, каля Таліна працякае рака Ягала, а літоўскі князь зваўся Ягайла. Мяне даўно цікавіла гэтае таямнічае слова — “сара”, яно ўкаранілася ў шмат якіх геаграфічных назвах, раскіданых па ўсёй Эўропе: Сараева, Сарапул, Саратаў, Саарэ. Наколькі шырока гэтае слова сустракаецца ў геаграфічных назвах, настолькі шырока яно адлюстравана ў слоўніку: sarа — кусок зямлі, sarі — чарада /руск. вереница/; sarа — сіта, sarrа — азярод, säär — вялікі, лытка; saar — ясень; sааrе — востраў. Не бяруся таму рабіць высновы, які сэнс закладзены ў назьве беларускага возера Сара, бо расейская транслітарацыя на картах не заўсёды адпавядае аўтэнтычнаму маўленьню. Але пэўна іншае. Так, варыянтам слова sаri ёсць sаrjа /чарада/, а на Верхнядзьвіншчыне ёсьць мястэчка Сар’я на рэчцы Сар’янка і таму назоў Сар’я ніякі не балцкі, як гэта цьвердзяць латышы, якія нават лічаць, што і назоў Полацк /ад р. Палата/ мае латыскае паходжаньне і пры стварэньні, пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, незалежнае дзяржавы плянавалі ўключыць у свой склад землі з беларускімі гарадамі: Браслаў, Асьвея, Дрыса /Верхнядзьвінск/, Дзісна і Полацк, але гэтаму пашкодзіла польская акупацыя Заходняй Беларусі...
Пад Віцебскам ёсьць мястэчка і рэчка з аднайменнай назвай Ула, а па-эстонску “Ulа” — “жыць па сваёй волі /па сваім разуменьні/”, якое, як мне здаецца, адпавядае беларускай тапаніміцы тыпу: Слабада, Слабодка. Іван Ласкоў згадвае ў сваёй апошняй публікацыі раку Віт у басэйне Дуная і рэчкі Віць на Беларусі. Тут мне адразу прыйшло ў галаву, што назоў нашага Віцебска паходзіць ад ракі Віцьба, а можа, нават першапачатковая форма назвы якой была Віцьва /Віць+Ва/.
У свой час /з 1973—75 гг./ я служыў у войску на тэрыторыі Чэха-Славакіі. Ужо тады я заўважыў цікавую акалічнасьць: Топольчаны, Градчаны, Альшаны, Тураны, Сучаны, Чэрчаны, Бошаны, Сольчаны, Ліпаны і т.п. ва ўсіх гэтых назвах прысутнічае суфікс — -аны, -яны, а ў Беларусі: Ружаны, Пружаны, Дварчаны, Гараўляны, Літвяны, Ашмяны, Варняны, Гальшаны і г.д.
У размове з адным саслужыўцам /з Украіны/ я выказаў гэтае цікавае назіраньне. І ў якасьці прыкладу чамусьці з беларускіх гарадоў назваў Сьвянцяны. Цяпер я задаю сабе пытаньне: чаму, калі літоўцы /жамойцы/ лічаць назвы тыпу Ашмяны сваімі, то чаму яны іх на Віленшчыне перайначылі на свой лад? — Сьвянцяны — Швенчоніс, Турмонт — Турмантас, Меднікі — Медынінкай... .
Дарэчы, у Беларусі таксама ёсьць геаграфічныя назвы, дзе коранем слова зьяўляецца “тур”: Тураў, Туроўля, Турыца і г.д. Пад Рыгай есьць горад Сігулда, і ў горадзе ёсьць некалькі замкаў: тры сярэдневяковыя, астатнія пабудаваныя недзе ў XIX ст. Адзін з замкаў носіць назоў Турайда, ад найменьня вакольнай мясцовасьці. Турайда /Тур + Айда/ — на мове ліваў /народ фіна-ўгорскай групы, блізкі па мове да эстонцаў/ мае сэнс Боскі Сад /аб гэтым чытаў у кнізе “Sigulda”/. Паводле І. Ласкова /”Племя пяці родаў”/, “монт” — чалавек /Жыгі-монт/. Тады Турмонт /Тур + монт/ — Боскі чалавек. Вядома, што шмат якія назвы населеных пунктаў утварыліся ад мянушкі ці прозьвішча першага пасяленца ці заснавальніка паселішча. Цікава, што Тураўка знаходзіццаў маляўнічай даліне ракі Гаўя. Сапраўды — Боскі сад! Ёсьць і ў Беларусі, на Гарадзеншчыне рэчкі з падобнай назвай — Гаўя, хаця не бяруся сьцьвярджаць, балцкае ці фіна-ўгорскае паходжанне назвы, але Гарадзеншчына — месца летапіснай Літвы.
Не бяруся таксама сьцьвярджаць, што назвы паселішчаў з суфіксам –“аны” маюць фіна-ўгорскае паходжаньне, але іх распаўсюджваньне ёсьць толькі на тэрыторыі Чэхаславакіі, Беласточчыне /Мастаўляны/ і ў Беларусі, а ў астатніх краінах іх няма, мо за выключэньнем Varak"lanі /Варакляны/ ў Латвіі і Жуляны пад Кіевам і ўжываюцца яны ў назвах як славянскага паходжаньня /Дварчаны — Пастаўскі р-н, Гараўляны — Глыбоцкі р-н/, так і фіна-ўгорскага /Ашмяны, Літвяны, Жупраны/, але, як мне падаецца, гэты суфікс прынесены на Беларусь з басэйна Дуная. Да таго ж зьдзіўляе падабенства назваў Чэхіі і Славакіі з Беларусьсю: Zbraslav, Zbraslalice — Браслаў, паселішчы з назвамі тыпу Літва ў Босніі, у Беларусі і Чэхіі.
Мне падаецца, што Іван Ласкоў стаіць у сваіх пошуках на правільным шляху і яго высновы адкрываюць новыя невядомыя старонкі нашае старажытнае гісторыі, якія, між іншым, могуць прымусіць перагледзець усю існуючую канцэпцыю і эўрапейскай гісторыі. Важным момантам, як мне падаецца, у адкрыцьці І. Ласкова зьяўляецца тое, што фіна-ўгорскае племя літва “ўдзельнічае” ў этнагенэзе беларускай нацыі, даўшы нашай старажытнай краіне назоў Літва, і сёньняшняя Рэспубліка Беларусь зьяўляецца яе спадчыньніцай.
* * *
Лічу, што нам, беларусам, не трэба “спаць у шапку”, а неабходна ехаць у Гаагу ў міжнародны арбітраж і аспрэчваць сваё выключнае гістарычнае права на назву Літва і яе сталіцу Вільню. Як гэта, дарэчы, зрабілі самі жамойцы ў 1921 годзе, калі адсудзілі ў Латвіі горад Палангу і атрымалі выйсьце да мора. /З адной тэлеперадачы я даведаўся, што Грэцыя не прызнае назоў Македонія і патрабуе ад Сэрбіі, каб гэты назоў зьмянілі, бо ён мае грэцкае паходжаньне/. Мы не маем права перад будучымі пакаленьнямі беларусаў згубіць жамчужыну славянскай культуры — Вільню, але гэтае права мы павінны адстойваць не сілай зброі, а цывілізавана — праз міжнародны суд. Мы не былі агрэсарамі як у Першую, так і Другую сусьветныя войны, мы не ваявалі з Савецкім Саюзам на баку Германіі, Італіі, Румыніі, Баўгарыі і Японіі. Тыя краіны, якія распачалі Другую сусьветную вайну, панесьлі ў якасьці кантрыбуцыі тэрытарыяльныя страты: Германія згубіла тэрыторыі па Одэры і Нэйсе, Прусію, Румынія — Бесарабію. Дык за якія правіннасьці Беларусь пазбавілі яе спрадвечных зямель: Беласточчыны, часткі Віцебшчыны /Дзьвінск, Себеж, Невель/, Смаленшчыны, Браншчыны і Віленшчыны?
Уладзімір Скрабатун,
г. Глыбокае
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 33. 20 жніўня 1993. С. 14-15./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Добры дзень, альбо вечар,
шаноўны Іван Антонавіч! Ня стаў я чакаць Вашага допісу, бо не магу сьцярпець, каб не падзяліцца з Вамі сваімі знаходкамі.
У апошнім Вашым допісе /а ён прыйшоў разам з кнігамі/ Вы пісалі, што знайшлі супадзеньні пермска-лацінскія, пермска-нямецкія, пермска-румынскія... З гэтага вынікае, што пермякі колісь былі суседзямі рымлянаў...
Неўзабаве, пасьля прачытаньня Вашага допісу, - я, ці то выпадкова, ці то чаўмысна - узяў разгарнуў турысцкую мапу Эстонскай Рэспублікі, дзе пазначаны турысцкія аб’екты /замкі, палацы, бажніцы.../ і раённыя цэнтры ды буйныя вёскі.
Тое, што я там убачыў - мяне вельмі шакіравала! Мяркуйце самі: на паўночным захадзе Эстоніі ёсьць рэчка Ягала /калі “яг” - сасновы бор, то Ягала мусіць, атрымала гэтую назву таму. што цячэ праз сасоньнік. Як і ў беларусаў - рака Бярозаўка, Бярэзіна..., паходзяць ад слова бяроза/, якая вельмі нагадвае ймя Ягайла. Знайшоў горад Вільяньдзі - той самы корань, што й у назьве Вільня. знайшоў вёску Сянна. Напэўна нашае Сянно гэта ня ёсьць “сена”, хаця на гербе места намаляваны дзьве перакрыжаваныя касы. Блізу нашага Сянна ёсьць возера Сара /на мапе па-расейску звычайна пішуць Сарро/, а блізу эстонскага Сянна ёсьць вёска Сару, а таксама вельмі падобнае - Саарэ.
Знайшоў тут і вельмі “экзатычныя” назовы вёсак: Рая і Ніна /тут я згадаў і нашу Ліду, хаця, праўда, тапанімісты тлумачаць што Ліда — лясная вырубка/. Ёсьць вёскі Локхва /цяжка сказаць як эстонцы ставяць націск у словах, бо на мапе напісана па расійску, калі націск прыпадае на літару “а” ў апошнім складзе, то вельмі верагодна,што вымаўляецца як Лакхва – тое самае што й у Беларусі – Лахва/, знайшоў Валма /пад Менскам - Волма/. Наогул, вёсак і рэчак з “-ва” - безьліч, і я іх згадваць ня буду. Але шакіравала больш усяго ня гэта... На беразе Чудскога возера знайшоў вёску Праага!!!
Тут я зноў пераканаўся, што Вы маеце рацыю. Сапраўды выглядае, што пермякі колісь былі суседзямі рымлянаў, румынаў і грэкаў. Яны рухаліся з поўдня на поўнач і пакінулі пасьля сябе шмат сваіх тапонімаў і гідронімаў. Можа і ня ўсе яны ёсьць у сапраўднасьці фіна-вугоркімі, бо цяжка на адлегласьці стагодзьдзяў прасачыць эвалюцыю гэтых назоваў, бо яны, шмат якія “германізаваліся”, “славянізаваліся”, але ўсё ж, вялікая верагоднасьць таго, што ў большасьці яны ёсьць фіна-вугорскія. мяркуйце самі: сталіца Чэхаславакіі Прага стаіць на рацэ Влтава, ёсьць рака Морава /у чэскай мове націск прыпадае на першы склад, ведаю дакладна, бо сам служыў у войску ў Чэхаславакіі/ ёсьць рэкі Опава, Орава /а ў Эстоніі ёсьць вёска Орава/ Праглядзеўшы мапу Чэхаславакіі, я знайшоў там даволі шмат назоваў і ў якіх ёсьць канчатак “-ва”; прыкладам у назовах гарадоў Трнава, Острава, Іршава. Магчыма, яны да фіна-угоршчыны ня маюць ніякіх дачыненьняў, я проста канстатую факт. Есьць у назове Іршава нешта знаёмае - І+рша+ва - наша Ворша /Орша/ у старадаўнасьці /у летапісах/ звалася Рша альбо Аршава. Кажуць часам Аршаву блыталі з Варшавай.
Сам я служыў у войску, у ЦГВ, на тэрыторыі Чэхаславакіі, у горадзе Крнов /гэта - Маравія/, які стаяў ля польскай мяжы на рацэ Опава. Праз колькі кілямэтраў стаяў горад Опава /на той самай рацэ/ - даволі значнае паселішча, нават курсіравалі тралейбусы. Не адзін раз праяжджалі раку Морава /ёсьць яшчэ і Моравіца/ едучы на палігон. Цяпер у мяне ўзьнікла думка: а што, калі Морава, гэта ёсьць тое што й глыбоцкая рэчка Маргва. Патлумачу. Калі назоў Маргва быў /згодна Вашага першага допісу/ Морга-ава, то гэта амаль тое што й Морава. Відаць славяне /чэхі/ згубілі на адлегласьці гісторыі літару “г”, бо зь ёй назоў Морга-ава вымаўляецца зь цяжкасьцю, так і просіцца - Морава. Згодна Вашага допісу Маргва – “сук”, доплыў; чэская Морава - доплыў Дуная.
Наогул, мне падаецца, што канчатак “-іца”, - таксама старажытны. Есьць ён у славян - Моравіца /у Чэхаславакіі/, Аржаніца. Беразьвіца /рэчкі Глыбоччыны/, а таксама ў балтаў /латышоў/ - кафэйніца /кафэ/.
Мой “Атлас мира” з маштабам 1 см. — 75 км. не дазваляе ймець сапраўднае ўяўленьне аб наяўнасьці ў Эўропе фіна-угорскіх назоваў, але тым ня менш, знаходжу: у Аўстрыі - Драва, у Францыі - Саар/?/, у Югаславіі — Сава, Нерэтва, і,... зноў - Заходняя Марава, Паўднёвая Марава — доплывы Дунаю. Відаць і сталіца Босьніі й Герцагавіны - Сараева ёсьць таксама фіна-угорскі назоў.
Хоць я й ні на хвіліну не сумняваўся што Вы маеце рацыю адносна таго што калісь суседзямі пермякоў былі рымляне, грэкі й румыны, і жылі пермякі ў басэйне Дунаю, бо аб гэтым цьвердзяць пермска-румынскія, пермска-лацінскія супадзеньні ў словах, але гэта ўжо пацьцьвярджаецца геаграфічна. Югаславія й ёсьць тое месца, дзе шмат фіна-угорскіх назваў і яна геаграфічна стаіць там, каб быць у мінулым суседзямі вышэй названых народаў. Напэўна вугорцы /вэнгры/ ня зрушыліся зь месца свайго аўтахтоннага пражываньня і засталіся на тым самым месцы, а пермякі пад націскам ваяўнічых народаў /хутчэй усяго славян: чэхаў, славакаў, сэрбаў, харватаў/ рушылі на поўнач. Славяне пастаянна наступалі на пяткі. Далей іх адсунулі на поўнач продкі палякаў і беларусаў і, здаецца, балтаў. Пры гэтым засталіся невялікія астраўкі фіна-уграў /літва/, якія ў далейшым славінізаваліся і балтызаваліся.
Яшчэ ў 1989 годзе, калі быў надрукаваны ў “ЛіМе” Ваш артыкул “Племя пяці родаў”, я тут спрачаўся з аднэй асобай /якая пры колішняй незалежнай Латвіі, скончыла гімназію і ведае 8 эўрапейскіх моваў/, якая даводзіла мне, што на тэрыторыі Беларусі яшчэ 30 тыс. гадоў таму жылі балты, наогул ва ўсёй Эўропе жылі балты. Пра што, згодна яе перакананьня, цьвердзяць назвы Лаба /Эльба/ - па-латыску “лабе” - добра, а таксама тое, што на тэрыторыі Вугоршчыны /Вэнгрыі/ яна знайшла назоў вёскі - Летува. Таму, як яна казала, ніякіх фіна-уграў тут быць не магло. Яна катэгарычна адмовіла, што “літва” - гэта фіна-вуторскае слова, Відаць такую гісторыю выкладалі пры тагачасным прэзыдэнце Ульманісе. Я кажу, што 10-І5 тыс. гадоў таму назад на Беларусі і Прыбалтыцы ляжаў ледавік да двух кілямэтраў таўшчыні, дык як тут маглі жыць балты!?
Аднак, ўсё ж цікава, можа й сапраўды ёсьць населены пункт з такім назовам, але не з балцкім, а з фіна-угорскім паходжаньнем. У мяне, нажаль, няма падрабязнай мапы Вугоршчыны, каб гэта спраўдзіць.
Цяпер хачу паведаміць некаторыя акалічнасьці, аб якіх Вы, магчыма й ня ведаеце. Адзін мой сябра, - чэчэнец па нацыянальнасьці, - паведаміў мне цікавую рэч. Справа ў тым, што ён раней служыў у Вэнгрыі і заўважыў, што ёсьць шмат слоў, якія падобныя па гучаньню і па сэнсу - чэчэнскія і вугорскія. Напрыклад: эзар - тысяча, цыцак - кошка, керт – плот /агароджа/... Есьць некаторыя чэчэнскія словы, падобныя й на латыскія, напрыклад бэрны - дзеці. Дарэчы, вярнуўшыся з войска, ён, ужо дома прачытаў у чэчэнскай газэце, што супадзеньняў чэчэнска-вугорскіх - больш за 400...
У газэце “ЛіМ” за 4 верасьня г.г. № 36 /3654/ ёсьць артыкул Сьвятланы Клімковіч “Сотвар, Вялес і іншыя”. Тут аўтарка сьцьвярджае, што ў беларускім пантэоне Вялес - ад фіна-угорскага Вöлöс - бог конскі. Як на Вашу думку — глыбоцкая вёска Вялец не магла б паходзіць ад гэтага слова?
І яшчэ адно пытаньне да Вас. у “Племя пяці родаў” Вы згадваеце рэчку Восава. На Глыбоччыне ёсьць такая вёска - Осава /Восава/. Ці сапраўды гэтае слова фіна-угорскае, і які мае сэнс? Дарэчы, у Верхнядзьвінскім раёне ёсьцьь мястэчка — Бігосава. Нешта тут пераклікаецца — рака Сава ў Югаславіі, Во-сава ў Глыбоччыне, Бі-го-сава ў Верхнядзьвіньшчыне... Здаецца “бі” - гэта агонь?
Выбачайце за надакучлівасьць са сваймі пытаньнямі да Вас! Але мяне цікавіць мінулае маёй роднай Глыбоччыны.
Жадаю Вам усяго найлепшага й памыснасьці ў жыцьці!
Жыве Беларусь!
З пашанаю,
Уладзімер Скрабатун.
23. 11. 92.
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
.png)
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz