poniedziałek, 6 listopada 2017

ЎЎЎ Яўген Гучок. Якуцкі пілёт Віктар Дзьмітрыеў. Койданава. "Кальвіна". 2017.



    Яўген Гучок
                                               КАТЭХІЗІС ВІКТАРА ДЗЬМІТРЫЕВА
    Калі Віктар Дзьмітрыеў, гарачы прыхільнік беларушчыны, пастаянны актыўны ўдзельнік праграм і мерапрыемстваў кампаніі “Будзьма” пры ТБМ імя Францішка Скарыны ўпершыню зьявіўся на парозе сядзібы гэтай арганізацыі, на пытаньне, як ён прыйшоў да беларускасьці, ён адразу і не сьцяміў, што адказаць. Было для яго дзіўным чуць такое. А потым упэўнена прамовіў:
    - А я ніколі ад яе і не адыходзіў. Мова, закладзеная ў твой ген праз бацькоў - у душу, сэрца і розум - ніколі не забываецца, не губляецца, не пакідае цябе. Праўда, калі-нікалі трохі прыглушаецца.
    Нарадзіўся Віктар Дзьмітрыеў у 8 лютага 1951 года ў г. Вольску Саратаўскай вобласьці (Расія). У бацькоў былі беларускія карані і навыкі жыцьця, ды да вайны яны і жылі ў Беларусі. У 1952 годзе бацькі вярнуліся на Радзіму, і, вядома, з імі сюды, на сваю гістарычную Радзіму прыехаў немаўлёнак Віктар. Некаторы час жылі ў Шацку (Пухавіцкі раён), пасьля - у Валяр’янах (Узьдзенскі раён), а крыху пазьней перабраліся ў Менск. Тут Віктар скончыў сярэднюю школу. Як дапытлівы юнак ён змог уладкавацца ў Акадэмію Навук. Далей была тэрміновая служба ў войску, у Паветрана-дэсантных войсках (Літва). Пасьля войска скончыў Сасаўскую лётную вучэльню (Разанская вобласьць), а пазьней - Кіраваградзкую школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі. Зьвязаўшы свой лёс з небам, атрымаў ён па гэтай частцы і вышэйшую адукацыю - скончыў Ленінградзкую Акадэмію грамадзянскай авіяцыі.
    Працаваць пачаў пілётам Аэрафлёту ў Якуціі. Праз гады зьвязаў свой лёс з Менскім аэрадромам. Добрыя веды ў авіяцыйных пытаньнях і павага да лётных законаў (напісаных часам крывёю і жыцьцямі некаторых папярэднікаў), іх бездакорнае выкананьне дазволілі В. Дзьмітрыеву правесьці безаварыйна ў паветры 6000 (шэсьць тысяч) гадзін. Зараз ён на пэнсіі, але працягвае працаваць інжынэрам у Беларускай акадэміі авіяцыі.
    Спадар В. Дзьмітрыеў - асоба творчая. Яшчэ ў школе ён браў удзел у рабоце тэхнічнага гуртка і спрабаваў адначасова пісаць вершы. А працуючы ў Акадэміі Навук, ва ўзросьце 18 гадоў адзначыўся як суаўтар у стварэньні плязьменных генэратараў і навуковых публікацый па гэтай праблеме. Пазьней у Менскім авіязаводзе В. Дзьмітрыевым быў распрацаваны, выкананы і ўкаранёны апарат аўтаматычнай падачы стандартных знакаў азбукі Морзе. Веданьне гэтай азбукі было абавязковым для шэрагу авіяцыйных спэцыялістаў. Значным і цікавым дасягненьнем у тэхнічнай творчасьці В. Дзьмітрыева зьявіўся яго ўдзел у стварэньні вэрсіі (копіі) абраза Маці Божай Вастрабрамскай, што ў Вільні. Абраз пасьля асьвячэньня яго біскупам Тадэвушам Кандрусевічам адразу пачаў вызначацца як цудатворны. Зараз ён знаходзіцца ў касьцёле ў Лельчыцах. (Гомельская вобласьць). Як і раней, як і заўсёды, у В. Дзьмітрыева - новыя тэхнічныя распрацоўкі і напрацоўкі, вядома, з патэнтнай вартасьцю, суаўтарства ў навуковых публікацыях, павага калег.
    А ці мела працяг спроба пісаць вершы? Падчас знаходжаньня ў авіяатрадзе на Крайняй Поўначы працягваў час ад часу пісаць вершы. Некаторыя з іх друкаваліся ў газэце “Северная Трасса” і “Воздушный транспорт”. Там друкавалі па-руску. Як кажуць, паэтычны сьверб не пакідае паэтычную натуру. Апошнім часам В. Дзьмітрыеў засьвяціўся сваімі публікацыямі на беларускай мове ў альманахах “Гоман”, “Талент”, “Гаманлівае дрэва любові” і інш. Была ў яго адна публікацыя і ў “Нашым слове”.
    Спадар В. Дзьмітрыеў мае ўласнае меркаваньне, а калі дакладней - катэхізіс наконт таго, хто можа лічыцца беларусам. Вось яго кароткі змест:
    - лічыць сябе беларусам;
    - жыць, як беларус;
    - думаць і размаўляць на беларускай мове;
    - заўсёды памятаць пра Беларусь, яе гісторыю;
    - не зьяжджаць з Беларусі;
    - з павагай ставіцца да ўсіх, хто паважае Беларусь і беларусаў, іх мову і гісторыю;
    - не ставіцца крытычна-адмоўна да тых, хто часова размаўляе на трасянцы;
    - выконваць залатыя правілы народнай мудрасьці;
    - а ўжо на хаўтурах ці пасьля грамадзкая думка вынясе прысуд: “быў беларусам, ці не быў”.
    Вось такі спадар Віктар Дзьмітрыеў - чалавек разнастайных зацікаўленьняў, здольнасьцяў і ведаў, надзейны і няздрадлівы для Беларусі і яе людзей, які не ўяўляе сябе без творчасьці і працы.
    Пажадаем яму яшчэ доўга жыць і працаваць, працаваць на карысьць Беларусі, беларусаў і ўсіх добрых людзей - сваіх родных і блізкіх.
    Спадар Віктар Дзьмітрыеў мае сына і ўнука.
    І яшчэ. Ён сярод іншых ворагаў беларушчыны не меншым злом лічыць п’янства, пра што і гаворыць гэты верш:

                                                                           НЕ ПІ
                                                             “Не пі, беларус, не пі!” -
                                                             Казала славутая Цётка.
                                                             Не пі беларус не пі!
                                                             Хіба так пілі твае продкі?!
                                                             Не пі, беларус, не пі!
                                                             Бо розуму п’яны не мае.
                                                             Не пі, беларус, не пі!
                                                             Хоць прагне спаіць
                                                             цябе чорная зграя.
                                                             Не пі, беларус, не пі!
                                                             Уздымі ты свой голас да неба.
                                                             Не пі, беларус, не пі!
                                                             Гарэлка табе не трэба.
                                                             Не пі, беларус, не пі!
                                                             Узыходзь на шлях не ганебны,
                                                             Такім ты будзеш творцу патрэбны.
                                                             Не пі, беларус, не пі!
    [С. 8.]



niedziela, 5 listopada 2017

ЎЎЎ Тацьцяна Маляўка. Стары фотаздымак або Аркадзь Мініч ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2017.





                                                                            Конкурс
                                        Любоў да Айчыны цераз любоў да свайго роду

                                                           СТАРЫ ФОТАЗДЫМАК


    Пагадзіцеся, што атрымаць у сёньняшні час пісьмо па пошце – гэта нейкае дзіва, сюрпрыз. Зносіны паміж людзьмі цяпер у асноўным адбываюцца па электроннай і мабільнай сувязі. Вось такі сюрпрыз на днях я атрымала ад сваёй аднавяскоўкі Веры Лісок. У паштовым канвэрце я знайшла фотаздымак, якому ўжо больш як 70 гадоў. На пажаўцелым фота – сям’я майго дзядулі Васіля і бабулі Ганны Мінічаў, а побач з імі – маленькая сьветлагаловая дзяўчынка Зоська – мая мама і басаногі хлопчык – мой дзядзька Аркадзь. Фотаздымак даваеннага часу, захаваны Верай Аляксандраўнай, крануў маю душу, і я ўсьвядоміла – як мала ведаю пра сваіх родных, пра гэтую маленькую дзяўчынку на фота, якая рана пайшла з жыцьця і шмат аб чым мне не паведала. Не паведала пра дзядулю, які быў кветкаводам ад Бога. І на гэтым фотаздымку, дзе праглядваецца саламяная страха, – усё ў кветках. Ведаю, што жыла сям’я бедна, але дзядуля вельмі любіў кветкі. Прыгажосьць пачыналася перад брамкаю ў двор. Паабапал дарогі, якая вяла на хутар Жорнае, знаходзіліся дзьве невялікія сажалкі, вакол якіх расьлі акацыі і з вясны да позьняй восені цьвілі кветкі – вяргіні, настурцыі, рамонкі, ружы, васількі. Такой прыгажосьці, як узгадвалі старажылы, яны не бачылі ніколі. З усяго навакольля ішлі людзі за кветкамі да дзеда Васіля з рознай нагоды – на царкоўныя сьвяты, дні народзін, вясельлі. І нікому дзед не адказваў – шчодра, з дабром зразаў прыгажосьць, выгадаваную сваімі рукамі. Людзі так і называлі дзядулю – Васілёк, а мы, нашчадкі, па-вясковаму завёмся Васільковымі.
    І сёньня мяне зьдзіўляе той факт, як дзед, чалавек без адукацыі, ведаў, якая глеба патрэбна для кожнай расьліны, і ў торбе на плячах за некалькі кілямэтраў насіў зямлю для фіялак, жыў бедна, але купляў атлясную стужку, каб падвязваць ружы. А вакол утаптаных, як намаляваных, шматлікіх сьцяжынак, што вялі да хаты, высаджваў умела і з густам кветкі. Сёньня гэтае ўмельства называецца моднымі іншамоўнымі словамі дызайн і ляндшафт.
    Гляджу на дарагі майму сэрцу фотаздымак, і на памяць прыходзяць радкі Яўгена Грышкаўца: “А на фотаздымках усё добра. Там шмат надзеі”. Так, шмат надзеі ў вачах маленькай дзяўчынкі Зоські, маёй матулі, якую наперадзе чакае басаногае ваеннае ліхалецьце, вялікае каханьне і няўдалае замужжа, сьмерць старэйшага сына і заўчасны адыход у іншы сьвет. Цяжкі, жорсткі і несправядлівы лёс напаткаў маю любую матулю. А белабрысы хлопчык Аркадзь, які вучыўся ў школе толькі на выдатна, цудоўна маляваў, у будучым стаў геолягам, жыў у Якуціі, дзе і знайшоў свой вечны супакой.
    Калісьці я, будучы дзяўчынкай-падлеткам, часьцяком “даставала” бабулю Ганну пытаньнямі – дзе яна сустрэла дзеда, ці моцна кахала яго? На што баба Ганна адказвала, што будучага мужа не ведала. Прыйшлі сваты з незнаёмым жаніхом і засваталі юную Ганначку, вось і ўсё каханьне. А між іншым – трое дзяцей выгадавалі дастойнымі людзьмі. Старэйшы сын Мікалай ваяваў, быў паранены, дайшоў да Бэрліна. Затым, калі сьсялялі людзей з хутароў у вёску Агарэвічы, з сям’ёю жыў на адной вуліцы, праз некалькі хат, з сястрою Зосяй, якая да апошняга працавала ў сельскім савеце. Сярэдні сын Аркадзь жыў далёка ад радзімы, але ніколі не забываў бацькоўскую хату. Ужо даўно няма маіх бабулі з дзядулем, якія ўсё сваё жыцьцё прайшлі поплеч; і хто ведае, якія пачуцьці зьведалі яны, але мне здаецца, што пачуцьці гэтыя былі моцнымі і сапраўднымі. Нікога не засталося з сям’і Мінічаў, зьнік у нябыт хутар Жорнае, але засталася памяць пра маіх родных, памяць добрая і трывалая. А яшчэ засталіся абразок, які вісеў на покуці ў дзядулінай хаце, і вось гэты даўні фотаздымак. Іх я перадам сваім дачушкам, а яны – маім унукам, каб ведалі, што мы на гэтай зямлі не бязродныя.
    Тацьцяна Маляўка,
    жыхарка вёскі Агарэвічы Ганцавіцкага раёна.
/Алеся. Работніца і Сялянка. Часопіс жанчын Беларусі. № 6. Мінск. 2014. С. 17./