czwartek, 28 sierpnia 2014

ЎЎЎ 1. Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакаленьня. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.









                                                              ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
    Памяць асобнага чалавека - сьведкі сваёй эпохі, свайго часу - таксама ёсьць дакумэнт гісторыі. Памяць адрозьніваецца ад іншых спосабаў фіксацыі падзеяў тым, што зьнікае разам з чалавекам. Калі “напісанае застаецца”, то нявыказаную памяць чалавек нясе з сабой у магілу.
    Мільёны (страшна падумаць!) загінулі гвалтоўнай сьмерцю ў часы сталіншчыны. Іх памяць засталася, калі можна так сказаць, нерэалізаванай, зьнікла разам з імі ў змроку невядомасьці. Носьбіты каштоўнай гістарычнай памяці ў той час зьнікалі, як правіла, не пакінуўшы за сабой сьледу на зямлі, бо ён губляўся ў глухіх засьценках НКВД, у шматлікіх Курапатах, за калючым дротам зонаў ГУЛАГа, у попеле зьнішчаных архіваў. Пасьля іх застаўся толькі неспатольны боль у сэрцах родных і блізкіх, якім наканавана несьці праз пакаленьні праклён катам ды іх памагатым.
    Ацалелыя рэшткі майго пакаленьня, прарэджанага ў свой час рэпрэсіямі, адыходзяць у нябыт па старасьці, з незагойнымі ранамі душы, часьцей за ўсё не выказаўшы таго, што адчувалі, не расказаўшы пра тое, што перажылі, што ведалі, што бачылі і чулі. Яны маглі б зрабіць гэта, даверыўшыся халоднай паперы, але гэта было небясьпечна. А тых, хто не валодаў словам настолькі, каб хоць у простай форме падаць факталёгію падзеяў, можна было апытаць і стварыць кнігі-дакумэнты, накшталт кніг «Я з вогненнай вёскі», «У вайны не жаночы твар», «Блякадная кніга», «Цынкавыя хлопчыкі». Але гэтага ніхто не рабіў, каб не рызыкаваць.
    Цёк час у сваёй няспыннай плыні, гады зьмяняліся гадамі, групуючыся ў пэўныя гістарычныя пэрыяды, са сваёй адметнай палітычнай афарбоўкай, сваім адценьнем. Безупынна ў краіне панаваў генацыд, пакуль Бог не прыбраў галоўнага дырыжора і натхняльніка ліха: самога «отца всех народов». Пакуль ён быў жывы, інтэнсіўнасьць генацыду знаходзілася ў простай залежнасьці ад яго канібальска-ідэалягічнага блюзьненьня. Над кожным у грамадзтве вісеў дамоклаў меч. Пакуль адны крычалі «ўра», другія крычалі ад катаваньняў. Воўчая зграя НКВД не ведала адпачынку ні ўдзень, ні ўначы, хапаючы грамадзян тысячамі. Ператварэньне ўсяго народа ў “ворагаў народа” вымагала часу. Для гэтага ў галоўнага ката не хапіла жыцьця.
    Сталінізм - гэта ракавая пухліна нашага грамадзтва. Яна была прышчэпленая нашаму грамадзтву воляй «вялікага і мудрага» ўсёй дзейнасьцю сыстэмы ОГПУ-НКВД-МГБ. Пазьней - у “трыццатыя праклятыя” - ракавая хвароба дала мэтастазы ва ўсе органы, ва ўсе структуры грамадзтва, пагражаючы лятальным зыходам. “Хірургічнае” ўмяшаньне ў часе хрушчоўскай адлігі канчаткова не пазбавіла грамадзтва ад гэтай хваробы. Таму ў пэрыяд застою яна перайшла ў хранічную стадыю, што застарэла цягнулася аж да часоў перабудовы. Яна і зараз праяўляецца то тут, то там у выглядзе рэцыдываў.
    Бадай, не варта казаць пра агульнавядомае, што зьдзекі над ацалелымі палітвязьнямі не канчаліся і пасьля таго, як іх выпускалі з-за калючага дроту канцлягераў ГУЛАГа. Усім ім выдавалі “воўчыя” пашпарты, што абмяжоўвалі магчымасьці працаўладкаваньня, выбару месца жыхарства, выбару прафэсіі або пасады, выбару навучальнай або навуковай установы. Многім з іх не давалі магчымасьці вярнуцца да сваіх сем’яў, сваіх хатаў. А тых, каму гэта ўдавалася, прымусова вярталі назад, зноў жа “в места не столь отдаленные” на вечнае пасяленьне. Той, каго да пары не чапалі, рызыкаваў зьнячэўку парушыць пашпартны рэжым, створаны для былых палітвязьняў, за што таксама належаў тэрмін зьняволеньня.
    Я таксама заставаўся вечным адлучэнцам. Ужо ў пэрыяд працы пасьля вайны ў геалягічнай службе Беларусі мяне звальнялі па чыёйсьці прыхамаці. Ужо вольны, я двойчы зьвяртаўся ва ўрад краіны (адзін раз з Калымы, другі раз з Беларусі) з прашэньнем перагледзець маю справу і скасаваць прысуд. Абодва разы мне адмовілі. Не мела значэньня і тое, што за працу на Калыме па вольным найме пасьля лягера я быў тым жа ўрадам узнагароджаны мэдалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»
    Таўро “ворага народа” само па сабе не зьнікала, і так амаль да апошніх гадоў. Не хацелася паміраць з гэтым таўром, якое магло адбіцца і на лёсе нашчадкаў. Не спадзеючыся на ўвагу высокіх камісіяў па рэабілітацыі, вымушаны быў зьвярнуцца ў індывідуальным парадку да пракуратуры. У выніку Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР канстатавала (праз 50 гадоў з лішкам), што я ні ў чым не быў вінаваты. Нарэшце настала поўная рэабілітацыя са спыненьнем справы дзеля адсутнасьці злачынства.
    Час застою вызначаўся глухой барацьбой роспачнай памяці з фарсіраваным прымусовым забыцьцём усяго, што было. Панаваў “кан’юнктурны склероз” гістарычнай памяці. Ды ўрэшце спынілася затуханьне палітычнай энэргіі дваццатага з’езда. Надышла пара, калі стала магчыма гаварыць пра наша мінулае. Вось я і хачу павесьці размову, заглыбіўшыся ў сваю цяжкую горкую памяць, распачаць гамонку пра тое, што ведаю, чаго не ведаюць іншыя, выказацца і за тых, хто ўжо ніколі нічога не скажа, хто загінуў за марны цень. Гаворка пойдзе ў дэталях і прыватнасьцях пра мой час, маё пакаленьне і пра тое пакаленьне, што папярэднічала нашаму. Апошняе ў гады нашага маленства, узброіўшыся ідэалёгіяй бальшавізму, рабіла кастрычніцкі пераварот, вяло жорсткую грамадзянскую вайну, блюзьніла пра “мировую революцию”, а потым, у час культу Сталіна, занялося самазьнішчэньнем, штучна падзеленае на дзве “полюсна варожыя” часткі. У выніку адны, ашаломеўшы ад масавага псыхозу варожасьці, звар’яцела страчвалі мільёны другіх - абылганых, выдаткуючы на гэта яшчэ не цалкам растрачаны рэвалюцыйны запал, волю, сілы, энэргію, зацягваючы і нас - сваю зьмену, па меры нашага сталеньня, праз камсамол у гэты крывавы кругазварот даносаў, тэрору і сьмерці. На працягу доўгага часу процьмы людзей заганяліся, нібы скаціна, за калючы дрот зонаў ГУЛАГа, ахопліваючы ўсё новыя і новыя пакаленьні “ворагаў народа” - ЧС і РРаў (“членов семей и родственников репрессированных”). Гэта называлася “строительством социализма в отдельно взятой стране”.
    Зараз на схіле свайго жыцьця “апошнія магікане” майго пакутнага пакаленьня паступова і ціха выміраюць адзін за адным, нібы й не жылі. Па зьвестках, абвешчаных на першым Устаноўчым зьезьдзе Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, што адбыўся ў лютым 1992 года, іх засталося на ўсю Беларусь усяго толькі тры з паловай тысячы чалавек. Недзе недалёка і мая чарга. Пасьпець бы расказаць як мага болей.
                                                                           *****

                                                    З ГІСТОРЫІ МАЙГО РОДУ І ВЁСКІ
    Гісторыя нашага роду па бацькавай лініі, як і ва ўсіх людзей, губляецца ў змроку мінулага. У нас яна цалкам губляецца за шасьцю пакаленьнямі, лічачы ад сёньняшніх нашчадкаў, што зараз - у 1983 годзе - жывуць на пачатку другога дзесяцігодзьдзя свайго існаваньня. Роданачальнік гэтых шасьці пакаленьняў быў пачынальнікам разгалінаванага роду карзуноўскіх Шыдлоўскіх (і, відаць, не толькі карзуноўскіх). Мне ён даводзіцца прапрадзедам. Імя яго ніхто не памятае.
    Зьяўленьне прапрадзеда ў Карзунах, напэўна, зьвязана з узьнікненьнем самой вёскі Карзуны, назоў якой паходзіць ад прозьвішча Корзун. Пашырэньне прозьвішча Корзун, відаць, таксама пачалося ў тыя далёкія часы.
    Вядома, што ў той час у Карзунах было ворнае зямлі 21 валока, або прыблізна 210 дзесяцін на 21 гаспадарку. (Трэба памятаць, што карзуноўская валока - гэта паўвалока, або 10 дзесяцін.)
    Можна меркаваць, што першапачатковае наразаньне зямлі карзуноўцам рабілася ў адпаведнасьці з зямельнай рэформай Сігізмунда Аўгуста - яго “Уставай на валокі”, што пачала ажыцьцяўляцца ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з другой паловы XVI стагодзьдзя. Расейскае самаўладзьдзе доўга не адважвалася або не хацела па палітычных матывах парушаць законы Вялікага Княства на землях, што трапілі пад уладу Расейскай імпэрыі. Гэта ж у свой час рабіла і Польшча.
    Беручы гэта пад увагу, трэба памятаць, што юрыдычныя асновы фэадальнай дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім былі распрацаваныя больш грунтоўна і дакладна, чым у Расейскай імпэрыі, пра што сьведчаць законы канстытуцыйнага характару, увасобленыя ў вядомых Літоўскіх Статутах.
    Названая колькасьць зямлі заставалася нязьменнай аж да калектывізацыі на пачатку трыццатых гадоў ХХ стагодзьдзя. А колькасьць гаспадарак на гэтай зямлі да таго часу ўжо падбіралася пад сотню (калі не болей) за кошт падзелу валокі на “палавінкі”, “траціны”, “чацьвяртухі”, “пятухі”, “шастухі” - у залежнасьці ад колькасьці нашчадкаў - спадкаемцаў на зямлю. Дзе была адна сядзіба - паўсталі тры-чатыры, а то і болей. Пляцы таксама дзяліліся і забудоўваліся новымі гаспадаркамі - драбнейшымі. Поля не чапалі. Вёска доўга не выходзіла за свае першапачатковыя межы, таму забудова стала вельмі цеснай, можна сказаць, страха да страхі, як у мястэчках (старадаўняя частка вёскі захавала сваю тагачасную шчыльнасьць аж да сёньняшняга дня). Далей ушчыльняцца не было куды.
    Ужо ў дарэвалюцыйны час найбольш сьмелыя (іх нямнога) шукалі выйсьця ў эміграцыі ў Сыбір, у Амэрыку. Некаторыя куплялі зямлю, якая вызвалялася з-пад лясоў пасьля іх прамысловай распрацоўкі ў трыкутніку: Менск, Смалявічы, Сьмілавічы. У прыватнасьці, дзед з бацькам купілі зямлю ў Смыках (верхняя плынь Волмы). Купленую зямлю называлі “пасекай”. Пасьля рэвалюцыі яе адцураліся. Гэты працэс быў уласьцівы і іншым суседнім вёскам.
    Пасьля калектывізацыі вёска Карзуны пачала шпарка напаўзаць канцамі на ворныя землі, расьці ва ўсе бакі, скарачаючы прадуктыўныя плошчы поля.
    Зямля стала нічыёй, што паскорыла працэс пашырэньня вёскі за яе пачатковыя межы. Гэта ж адбывалася і з суседнімі вёскамі. У выніку вёскі Карзуны, Сьнежкі і Запольле, якія знаходзіліся на значнай адлегласьці адна ад адной, зараз зрасьліся канцамі. Вёска Запольле мае тэндэнцыю пашырэньня на поўнач - у бок вёскі Адынь (Адына), што ўзьнікла пасьля рэвалюцыі на месцы былога маёнтка “Адынь”.
    Такім чынам, левы схіл даліны ракі Волма, пачынаючы ад даліны яе левага прытока Вожа і да старога кацярынінскага гасьцінца (што праходзіў ля паўднёвага канца Кулюкоў, далей ля былога фальварка “Смагароўка” - цяпер вёска Смагароўка, або Ўласаўка, - на Сьмілавічы, праз карзуноўскае поле “Залавы”), амаль скрозь аказаўся заселеным.
    Цяпер крыху пра майго прапрадзеда. Яшчэ да вайны былі жывыя 1-2 доўгажыхары, якія памяталі яго старым і маглі шмат чаго расказаць пра яго. Але гэтая магчымасьць нікім не выкарыстана.
    Паспрабую ўявіць сабе, на які гістарычны пэрыяд прыпадае яго жыцьцё. Мяркую, што ён нарадзіўся недзе блізу 1800 года. Магчыма, крыху раней, але не на шмат. На яго дзіцячыя гады, відаць, прыпадае такая падзея, як забойства цара Паўла І. З юнацкімі гадамі супадае нашэсьце напалеонаўскіх войск. Ён іх, безумоўна, бачыў. Калі было паўстаньне дзекабрыстаў, трэба меркаваць, ён ужо быў жанаты і меў дзяцей - двух сыноў: Аляксея (мой прадзед) і Савасьцея (?). Колькі было дачок і ці былі яны, - невядома.
    У Карзунах ён сядзеў на валоцы, як і ўсе астатнія, і быў прыгонным сьмілавіцкіх паноў Манюшкаў.
    У той час прыгонных перасяляць маглі толькі самі паны. Адкуль былі накіраваныя на свае карзуноўскія надзелы першыя карзуноўцы і калі - цяжка сказаць. Можна дапусьціць, што ў сьмілавіцкіх Манюшкаў сьмілавіцкі маёнтак не быў адзіным, і першыя карзуноўцы былі пераселеныя з нейкіх іншых Манюшкавых уладаньняў. Відаць, паселеныя яны былі пры канцы XVIII або ў пачатку XIX стагодзьдзя і, трэба меркаваць, не на панскіх землях, а хутчэй за ўсё на скарбовых. На карысьць такой думкі сьведчыць тое, што сьмілавіцкі маёнтак па колькасьці ворнае зямлі не такі ўжо і вялікі, нават з трыма фальваркамі: Горча, Смагароўка і Загор’е. А калі наадварот, то павінна была быць грунтоўная прычына, каб пан так зразу “адваліў” 210 дзесяцін зямлі на карысьць сваіх прыгонных. Такой прычынай магла быць устойлівасьць і трываласьць закону аб вышэйпамянёнай зямельнай рэформе, яе традыцыйнасьць.
    Маючы двух сыноў, прапрадзед не падзяліў валоку паміж імі, а аднаго сына аддаў у прымы (Савасьцея?), пакінуўшы на сваім грунце другога сына - Аляксея (майго прадзеда), які быў войтам у пана. Колькі пражыў прапрадзед і калі памёр - невядома. Відаць, ён жыў пры сыне Аляксеі, да якога перайшла гаспадарка і валока зямлі.
    Старыя людзі расказвалі, што Аляксей быў занадта службісты, стараўся дагадзіць пану, за што карзуноўцы яго недалюблівалі. Ён адчуваў гэту непрыязь аднавяскоўцаў, і калі здарылася так, што ў яго падохлі валы, лічыў, што гэта з нагавору, у знак помсты. Ён шчыра верыў гэтаму, бо быў чалавекам прымхлівым, як і шмат хто тады, калі прымхлівасьць была яшчэ моцным перажыткам паганскіх часоў. Пасьля, на старасьці гадоў, ён увесь час каяўся перад аднавяскоўцамі за свае нехрысьціянскія паводзіны ў дачыненьні да падначаленых яму, кляў сябе. І гэта не было прыкідваньнем, крывадушшам.
    Другі сын Савасьцей (?) даў пачатак роду Шыдлоўскіх на грунце Корзунаў (?). Да гэтай галіны Шыдлоўскіх належаць Леанід Васільевіч і Сева (Клім, па аповесьці “Пражыць дзень”).
    У Аляксея было тры сыны: Казімер, Мацьвей і Васіль. Іх і іхных нашчадкаў дагэтуль называюць “войтавы”.
    У майго дзеда Казімера было вуніяцкае імя. Гэта дае падставу меркаваць, што ён нарадзіўся недзе блізу 1838 года (год ліквідацыі царкоўнай вуніі і закрыцьця вуніяцкіх цэркваў у Беларусі царом Мікалаем І). Ён мог нарадзіцца і крыху пазьней, бо ад вуніі адракаліся пад прымусам і не адразу. Два маладзейшыя браты яго мелі ўжо праваслаўныя імёны: Васіль і Мацьвей.
    Відаць, была ў прадзеда Аляксея яшчэ і дачка, бо нейкім часам на грунце паявілася прозьвішча Сянькевіч (напэўна, прымака). Была нейкая судовая справа, пасьля якой нашчадкі Сянькевіча сталі насіць прозьвішча Шыдлоўскія, хоць іх да сёньняшняга дня завуць “Сянькевічавы”.
    Дзед мой Казімер пражыў больш за восемдзесят гадоў, застаў яшчэ савецкую ўладу і памёр не раней 1920 года. Колькі ў яго было дзяцей? Ведаю, што апрача майго бацькі Аляксандра была яшчэ дачка, якая памерла, як і баба, відаць, да майго зьяўленьня на свет.
    Дзеда я памятаю даволі выразна, хоць, калі ён памёр, мне было не больш за сем гадоў. Захаваліся ў памяці эпізоды хаўтураў. Я ішоў за труной дзеда ў Сьмілавічы разам з усімі. Труну для адпяваньня нябожчыка паставілі ў карзуноўскай цаглянай двухвежавай царкве, што знаходзілася насупраць брамы галоўнага заезду ў парк маёнтка. Яна нагадвала касьцёл даволі простай архітэктуры, уласьцівай вуніяцкім касцёлам, якім і зьяўлялася ў мінулым.
    Была ў Сьмілавічах і другая царква, якую звалі запольскай. Стаяла яна на кірмашовым пляцы (зараз вуліца Дзяржынскага), дзе цяпер прадуктовы магазын і кнігарня. Гэтая царква была, відаць, заўсёды праваслаўнай, нават у пэрыяд панаваньня царкоўнай вуніі. Яна была параўнаўча новая, цагляная, простай архітэктуры - аднакупальная, з адасобленай званіцай, праз якую быў уваход у царкву. Да яе збудаваньня на тым жа месцы стаяла драўляная, якая згарэла ад перуна.
    Была яшчэ і трэцяя царква ў Сьмілавічах, вельмі даўняя, драўляная, пачарнелая ад часу, збудаваная без цьвікоў (наагул без жалеза), з гонтавым дахам. У першыя гады савецкай улады царкву разабралі і на яе месцы пабудавалі нардом (цяпер магазын вопраткі).
    Які прыход яна абслугоўвала - зараз цяжка сказаць. Відаць, у першыя гады савецкай улады яна была ўжо без прыхода. Таму ніхто і не пярэчыў, калі яе пачалі разбураць. У гэты час вёскі навакольля Сьмілавіч абыходзіліся дзьвюма цэрквамі: карзуноўскай і запольскай. (Называю я іх так па галоўных прыходах, таму што іх рэлігійныя назовы забыліся).
    Магчыма, тая старая драўляная царква “выручыла” карзуноўцаў, калі за польскай акупацыяй сьмілавіцкія і навакольныя каталікі адабралі карзуноўскую царкву і зрабілі ў ёй каталіцкі касьцёл. Пасьля палякаў, як усталявалася савецкая ўлада, карзуноўцы судзіліся з каталікамі і адсудзілі будынак цаглянай царквы на сваю карысьць. Каталіцкія рэгаліі з царквы былі перанесеныя ў невялікі драўляны касьцёл, які стаяў на каталіцкіх могілках, у канцы Лядзенскай вуліцы.
    Пазьней, у пачатку трыццатых гадоў абедзве царквы (карзуноўская і запольская) былі разбураныя без пэўнай патрэбы, у час тупога атэістычнага цемрашальства.
    Калі адпявалі дзеда, усе хрысьціліся, хрысьціўся і я. Толькі я хрысьціўся па-свойму. Ад ілба я нёс пальцы да левага плечука, потым - да правага і, нарэшце “пад лыжачку”. Там жа нехта вучыў мяне рабіць гэта правільна.
    Дзеда пахавалі на старых могілках у Сьмілавічах, пры Лядзенскай дарозе. На магіле паставілі ладны каменны (3 валуны) помнік, адшліфаваны, з выбітым надпісам, які можна было чытаць з дарогі. Помнік рабіў аднавясковец Юшка Аляксей, што прафэсійна займаўся гэтым рамяством.
    Але цяпер - ні магілы дзеда, ні помніка. Могілкі сталі “трохпавярховымі”. Старыя косьці перасыпаюць ужо трэці раз, капаючы новыя магілы.
    Цікавая такая дэталь: Юшка Аляксей мог знайсьці на полі, пашы або на сенажаці які заўгодна патрэбны яму камень (валун), бо іх было вельмі шмат. Ляжалі яны з ледавіковага пэрыяду, перашкаджаючы араць зямлю, касіць, пакуль здатная рука Юшкі Аляксея не дабіралася да іх. Тады ён выдзёўбваў у выбраным камені ямкі роўненькім радком, нібы прашываў яго швом. Пасьля насыпаў туды порах і рабіў выбух. Камень расколваўся так, што атрымліваліся даволі роўныя паверхні, якія лягчэй было шліфаваць.
    Так бы яно і ішло. Каменьня хапіла б надоўга, калі б не адна акалічнасьць. На самым пачатку трыццатых гадоў пачалі будаваць Магілеўскую шашу. Для цьвёрдага пакрыцьця выкарыстоўваўся каменны друз, які рабілі з мясцовага каменьня. Зьявіліся падрыўнікі. Яны аманалам рвалі ўсе вялікія камяні. Потым сяляне звозілі фурманкамі да шашы, да каменездрабняльнага агрэгата ўсё, што можна было адужаць і сабраць на полі. Сялянам даводзілася заданьне на гэтую працу, бо дзейнічала існаваўшая тады працагужпавіннасьць.
    Такім чынам, адразу зьнікла “сыравіна” для рамяства Юшкі Аляксея. Але ён не кідаў яго. Пачаў шукаць камяні ля Драчкава, па лесе, куды не траплялі падрыўнікі. Дарэчы, яны ўзарвалі помнік (Давыдаў камень), што стаяў ля Слабодкі. Гэта быў агромністы валун ружовага граніту, з выдзяўбанай ямкай наверсе, у якую клалі ахвяраваньні дробнымі грашыма.
    Тады ж наступаў час шпіёнаманіі. Пайшлі шпіёнскія фільмы, перадачы па радыё. Газэты трубілі пра шпіянаж. “Пільнасьць” перараджалася ў “падазронасьць”.
    Аднойчы драчкоўскія старэйшыя вучні злавілі Юшку Аляксея, калі ён шукаў камяні, і завялі ў Драчкоўскі сельсавет як шпіёна. Пасьля гэтага ён набыў мянушку “шпіён”, якую насіў да сьмерці.
    Бацька мой нарадзіўся ці не ў 1884 годзе. Дзеду тады магло быць каля сарака гадоў. Бацька быў адзіным сынам у дзеда. Дзед аддаў яго ў навуку. Пачатак быў у Сьмілавіцкай валасной (магчыма, земскай) школе. Урэшце бацька недзе набыў адукацыю і прафэсію сельскага настаўніка царкоўнапрыходзкіх школаў. Да рэвалюцыі працаваў настаўнікам у Лагойскім раёне, на Палесьсі (у вёсцы Сварыцавічы), у вёсцы Матарова Менскага раёна. У апошняй я і нарадзіўся ў 1913 годзе, хоць афіцыйна месцам майго нараджэньня лічыцца вёска Карзуны. Хрысьцілі мяне ў Дукоры ў праваслаўнай Траецкай царкве, нарокшы імем Вячаслаў, якое я з гонарам нашу і зараз.
    Пасьля рэвалюцыі бацька працаваў у Сьмілавіцкай беларускай сямігодцы і жыў у Карзунах, на гаспадарцы, што засталася ў спадчыну ад майго дзеда (два з паловай гектары ворнае зямлі і паўтара гектара сенажаці), да пачатку калектывізацыі, калі ўся дзедаўская спадчына ўвайшла ў калгас.
    Тое, што бацька быў адзіным сынам у дзеда, да таго ж настаўнікам, выратавала яго ад удзелу ў імпэрыялістычнай вайне 1914 года. Паводле царскіх законаў такія не падлягалі мабілізацыі. Гэтак жа было і пры савецкай уладзе ў часе грамадзянскай вайны. Такім чынам, мой бацька быў выключна цывільным чалавекам, нават у гады войнаў.
    Будучы чалавекам адукаваным, ён карыстаўся павагай у карзуноўцаў, быў актыўным, стараўся весьці гаспадарку па магчымасьці культурна. Даводзілася пісаць скаргі, заявы, пагадненьні ад імя сялян, бальшыня якіх была непісьменнай або малапісьменнай, браць на сябе ролю адваката, хадатая. Яго і цяпер згадваюць добрым словам тыя, хто памятаюць.
    Ён зьмяніў, так сказаць, “энэргетыўную” базу Карзуноў. Да яго ніхто ніколі не ўжываў торф на паліва і ўгнаеньне. Не дапускалі нават думкі, што такое магчыма. Памятаю, як ён замовіў кавалю паводле свайго ўзору разак і нож для нарэзкі брускоў торфу. Калі начыньне было гатовае, мы пайшлі на балота (бацька і мы падлеткі - брат і я). За ракой Волмай, на скарбовым поле (гэта прыкладна на палове адлегласьці паміж Карзунамі і Загор’ем), садралі мох і заклалі яму для нарэзкі торфу. Бацька рэзаў, а мы з братам адносілі і раскладалі на сушку. Людзі, што праходзілі міма, дзівіліся, пыталіся, дзеля чаго гэта робіцца, а даведаўшыся, ставіліся з недаверам. Прыкладна праз месяц мы везьлі на ўласным кані па карзуноўскай вуліцы першы ў гісторыі Карзуноў воз торфу на паліва. На балоце не пакінулі нават крошку. Яе сабралі, прывезьлі - і ў хлеў, на подсьціл скаціне.
    Гэтая падзея адбылася недзе ў 1926, а можа, ў 1927 годзе. Самая недаверлівыя прыходзілі зімой да нас у хату, каб падзівіцца, як гарыць торф у печы. На наступнае лета многія замовілі сабе разакі і пайшлі на балота здабываць паліва. Гэта ж пачалі рабіць і ў Сьнежках, і ў Запольлі. Вельмі хутка здабыча торфу на паліва стала паўсюднай у бязьлесных вёсках, што абмежавала ўжываньне дроў да мінімуму, якіх неставала. І гэта задоўга да дзяржаўнай распрацоўкі тарфяных залежаў у Загор’і, якая, па сутнасьці, пачалася толькі пасьля вайны.
    У 1929 годзе я скончыў Сьмілавіцкую беларускую сямігодку. Мне тады было 16 гадоў. У школе я захапляўся маляваньнем. Настаўнік маляваньня Іван Арыстархавіч Размысловіч раіў паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Бацька з ім згадзіўся. Паслалі ў тэхнікум дакумэнты і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамэн, што ўмацавала надзеі, спадзяваньні, дадало ўпэўненасьці.
    Бацька на сваёй уласнай фурманцы адвёз мяне на станцыю Смалявічы, якая тады называлася Вітгенштэйнскай - у гонар удзельніка вайны Напалеона з Расеяй. Мінуўшы вёску Драчкава, мы ехалі паміж дагледжаных палёў, якія чаргаваліся з пералескамі. Моцныя гаспадаркі хутаранаў цягнуліся амаль да Смалявіч. Па ўсім было відаць, што людзі жывуць заможна. На падворках корпаліся маладыя гаспадары, пасьвілася сытая жывёла, гулялі дзеці. Не адчувалася якой-небудзь злыбяды ў гаспадарках, бядоты ў жыцьці іх гаспадароў. Усё было грунтоўнае, выглядала дыхтоўна. Ніхто з іх не адчуваў, што вось-вось у бліжэйшы год яны раптоўна страцяць усё - зямлю, маёмасьць, скаціну, а самі з клункамі (толькі як панесьці) трапяць на бясконцыя этапы з дзецьмі, старымі бацькамі. Іх загоняць з дапамогай канвою на Пячору, Паўночную Дзвіну, у гіблыя мясьціны Сыбіры ды іншыя дзікія куткі “любимой родины”, дзе яны будуць мерці ад голаду, холаду, хваробаў і зьдзекаў. Адна мая знаёмая, родам з Сыктыўкара (Усть-Сысольска), апавядала, як яна яшчэ маленькая з іншымі дзецьмі бегала глядзець у тамтэйшую царкву, дзе былі зроблены шматпавярховыя нары, на ссыльных кулакоў. То была перасылка, усталяваная ў храме Божым.
    А пакуль над хутарамі, што былі тады перад маімі вачыма, сінела празрыстае неба роднага краю - роднай Беларусі. Зямля шчодра радзіла і дыхала спакоем, адорваючы людзей багацьцем, дабром, здабыткамі разьняволенай працы на карысьць і радасьць усім у выглядзе таннага хлеба, сала, масла, бульбы. Канчаўся гэтак званы НЭП. Яшчэ не зьявіліся ў тутэйшых мясьцінах розныя дваццаціпяцітысячнікі з Пуцілаўскага завода - аплоту бальшавізацыі краіны, з Сормава ды іншых заводаў, узброеныя наганамі і людаедзкай ідэалёгіяй. Пазьней на раскарчаваных хутаранцамі землях быў утвораны сьвінасаўгас “Вызваленьне”. Такі назоў нехта цынічна прыдумаў дзеля зьдзеклівасьці над нешчасьлівымі лёсамі людзей - ахвяр раскулачваньня. Яшчэ пазьней - у канцы 30-х гадоў яго (саўгас) ліквідавалі ў ліку 75 іншых у Беларусі, а зямлю прырэзалі суседнім калгасам, і яна зноў пачала зарастаць лесам. На месцы саўгаса ўзьнікла невялікая калгасная вёска пад тым жа назовам. Сталін добра ведаў, як даканаць “дробнага буржуа” - селяніна. Ён - селянін, ператвораны ў калгасьніка, будзе вымушаны цягнуць лямку прыгону, працаваць за пустапарожнія “палачкі” (працадні). Рабочаму саўгаса трэба як-ніяк выплочваць заробак, хоць і мізэрны. Таму і была прыдумана масіраваная буйная адначасная апэрацыя ператварэньня саўгасаў у калгасы. Дакладней - мэтавае ператварэньне саўгасных парабкаў у калгасьнікаў. Пазьней, пры Хрушчове, усё рабілася наадварот. Разгарнулася кампанія ператварэньня калгасаў у саўгасы. Але яна ўжо не адрадзіла саўгас “Вызваленьне”. На яго землях да тых часоў вырас малады лес, таўшчынёй дрэў у аглабню.
    Наагул гісторыя гэтых мясьцін наколькі цікавая, нагэтулькі і трагічная, зьвязаная з разьвіцьцём капіталізму ў Расейскай імпэрыі і далей - з трансфармацыямі і мэтамарфозамі савецкай улады. У 70-80-х гадах ХІХ стагодзьдзя паміж Сьмілавічамі і Смалявічамі па рацэ Волма, яе прытоках Слоўсьць і Вожа, вышнявінах Ушы, лічы ад навакольляў Менска, цягнуліся на ўсход, месцамі з перабоямі, некранутыя пушчы. Далей яны злучаліся з Ігуменскімі і Барысаўскімі лясамі. Па тарфяніках Волмы да аселіц вёсак падступалі альховыя лясы (ольсы, чарналесьсе). На грудах панавалі дубы і ліпы з падлескам ляшчыньніка. На поўнач ад рысы Драчкава-Пятровічы на ўзвышшах расьлі хваёвыя лясы. Старыя казалі, што гэтыя абшары мелі назоў “Радзівілаўшчына”. Яны цягнуліся аж да Калодзішчаў і Смалявіч. Само найменьне Калодзішчы (тоўстыя калоды) яскрава сьведчыць аб тым, якімі былі гэтыя лясы.
    Недзе ў 80-х гадах дзевятнаццатага веку лесапрамысловец Суцін, які быў родам са Смалявіч, пачаў распрацоўку лесу на гэтых абшарах. Ён правёў вузкакалейку з чыгуначнай станцыі Калодзішчы ў самыя нетры лесу, пабудаваў пільні, заняўся сплавам лесу па Волме ў Сьвіслач і далей у Бярэзіну і Дняпро. Цяпер нават цяжка ўявіць, што па Волме, дакананай мэліярацыяй, калісьці ганялі плыты. За лічаныя гады на месцы былых пушчаў Суцін пакінуў па сабе толькі пні. Экалягічныя ўмовы псаваліся на вачах людзей. Напрыклад, калі пачаўся сплаў, у Волме зьніклі ракі. Да гэтага рака кішэла імі.
    Суціну былі ўласьцівыя габрэйскі цьвярозы разьлік і прадбачлівасьць. Ён не верыў у стабільнасьць і трываласьць Расейскай імпэрыі (народнікі палявалі на цароў, падбухторвалі народ), таму трымаў свае грошы ў парыжскім банку. У 20-х гадах дваццатага веку ў Смалявічах заставаўся адзіны ягоны нашчадак - нямы сын. Банкаўскі капітал Суціна, па тагачасных чутках, набыты на распрацоўках лесу, складаў чатыры мільёны рублёў. Пасьля рэвалюцыі іх ніхто не мог спажыць. Відаць, яны ляжаць у парыжскім банку і дагэтуль як канцэнтраваная вартасьць зьнішчаных пушчаў.
    Суцін распрацоўваў лясы і ў іншых мясьцінах Беларусі. Разам з тым ён займаўся і дабрачыннасьцю. Фінансаваў местачковыя пажарныя каманды. У Сьмілавічах ён пабудаваў добра абсталяваную лазьню, якая існавала яшчэ нейкі час, будучы ўжо на балянсе скурзаводу. Але пры такім “мэцэнаце”, як Сьмілавіцкі скурзавод, што атручвае жыхароў гарадзкога пасёлка сваім смуродам і выкідамі з нізкай трубы, лазьня была разбураная. Пра яе капітальны рамонт не было каму клапаціцца. Мястэчка (пгт) Сьмілавічы, як і 100 гадоў таму, засталося без лазьні.
    Землі, што вызваляліся з-пад лесу, пачалі засяляцца хутаранцамі, асабліва на пачатку 20-х гадоў. Тут наразалі надзелы і ўдзельнікам грамадзянскай вайны. Пазьней - пры раскулачваньні гэтая акалічнасьць не бралася пад увагу. Змагары за савецкую ўладу былі ахаены як яе “ворагі” і сасланыя.
                                                                ГОРКАЯ ПАМЯЦЬ
                                                         На этапных скрыжаваньнях
    Арыштавалі мяне ў Маскоўскай артшколе ў Краснадары (Екацярынадары) 6 лістапада 1936 года, якраз напярэдадні сьвяткаваньня 29-й гадавіны кастрычніцкага перавароту. У той дзень я стаяў на вахце ў пярэднім прахадным памяшканьні школы, побач з адзінай шафкай (тумбачкай), накрытай чырвонай сурвэткай. На сьценах віселі выняткі з пастановы ВЦИК аб здрадзе радзіме, тэкст прысягі, статутныя правілы, плякаты, лёзунгі ды іншая атрыбутыка.
    На мне паводле традыцыі быў парадны гарнітур: наглянцаваныя хромавыя боты з даўгімі халявамі, галіфэ, гімнасьцёрка. Гарнітур быў пашыты ў Менску, у кравецкай майстэрні АБВШ. Гарнітуры шыліся з улікам пэрсанальных памераў курсантаў, са стараннай падгонкай. Таму мы заўсёды выглядалі па-сьвяточнаму, імпазантна, падкрэсьлена акуратна. У такім выглядзе мне давялося трапіць не на парад, а на этап. То быў канец маёй кароткай вайсковай кар’еры.
    Мяне хуценька падмянілі і прапанавалі пайсьці ў пустую аўдыторыю групы, якая была занятая на пляцы страявой муштрай. Назаўтра павінны быў адбыцца традыцыйны сьвяточны парад. Мая ж група займалася самастойна тэорыяй. Здаўшы вахту, я пайшоў туды, куды мне раілі пайсьці. У пустой аўдыторыі мяне чакалі два лейтэнанты, старшына курса Генка Гоманаў і опэрупаўнаважаны НКВД па школе. Два лейтэнанты - два энкэвэдэшнікі былі замаскаваныя гарнітурамі пад пехацінца і артылерыста. Чамусьці ў сваёй чэкісцкай форме яны не захацелі паказвацца ў школе. Яны прад’явілі мне ордэр на вобыск і арышт. Спыталі, дзе мае рэчы. Сказаў, што ў аўдыторыі шуфлядка з кніжкамі і сшыткамі ў стале ды чамадан у капцёрцы. Загадалі пайсьці прынесьці шуфлядку. Са мной ніводзін не пайшоў, каб не прыцягваць увагу курсантаў групы. Няўжо асьцерагаліся, што за мяне заступяцца? Я зайшоў у сваю аўдыторыю, выцягнуў шуфлядку і пачаў раздаваць сябрам кнігі бэлетрыстыкі. Дзеяньні мае былі пасьпешлівыя, на першы погляд недарэчныя, што насьцярожыла ўсю групу. Пачалі пытаць, у чым справа. Я адказаў: “Хутка даведаецеся”.
    З Гоманавым схадзілі ў капцёрку па чамадан. Пачаўся першы ў маім жыцьці “шмон”. Потым іх будзе безьліч пры ўсякай нагодзе. Мяне прымушалі пісаць на кнігах, фотакартках, лістах наступнае: “Изъято у меня при аресте” - і расьпісвацца.
    У часе вобыску зайшоў начальнік курса - капітан, спытаў, што адбываецца. Яму далажылі. Мой лёс яго не зацікавіў. Ён надоўга не затрымаўся, але, агледзеўшы мяне з галавы да ног, загадаў Гоманаву пераабуць у кірзачы і пераапрануць у БУ (звычайны салдацкі гарнітур, якім да гэтага ўжо карысталіся). Такі загад вельмі непрыемна ўразіў мяне. Для капітана я ўжо быў “сьпісаны” не толькі як курсант, але і як чалавек, над якім, як над трупам, можна ўчыніць марадзёрства. Вось такая мараль была ў прадстаўніка старшага каманднага складу Чырвонай арміі. Дзе яму было да разуменьня прэзумпцыі невінаватасьці.
    Гоманаў не выканаў загад капітана, рызыкуючы нажыць непрыемнасьці. З ім мы былі даўнія сябры, выпадкова апынуліся ў адной вайсковай школе, дзе нечакана сустрэліся другі і апошні раз у жыцьці. Ён паступіў у вайсковую школу гады на два раней, быў тады на апошнім курсе. Рызыка быць пакараным за невыкананьне загаду была з яго боку данінай даўняму нашаму сяброўству.
    На вуліцы чакала легкавая адкрытая машына. Генка правёў мяне да яе, мы разьвіталіся. “Лейтэнанты” загадалі сесьці ў машыну. Самі селі абапал мяне, і мы паімчаліся па вуліцах Краснадара насустрач невядомасьці, пакінуўшы за сабой школу і маіх сяброў. Спыніліся на вуліцы Краснай, дзе месьціліся краёвыя органы НКВД.
    У каравульным памяшканьні мяне пачаў “апрацоўваць” старшы наглядчык. Ён спрытна вырваў з пятліц бронзавыя літары “М.Ш.” - абрэвіятура назову школы і пачаў зразаць лязом брытвы пятліцы. Тым часам лена гутарыў са мной абы аб чым, абы не маўчаць.
    - Так. Как твоя фамилия?
    - Шидловский.
    - Откуда ты?
    - Из Минска.
    - Белорус?
    - Так, белорус.
     Адначасна лазіў па кішэнях. То быў другі “шмон” на дні. Я сказаў, што ў школе ў часе арышту мяне старанна абшукалі.
     - Ну вот мы и проверим, так ли это, - сказаў ён. Нічога не знайшоўшы, павёў да камэры (іх потым будзе таксама шмат), расчыніў дзьверы і загадаў зайсьці. Гэтыя дзьверы і сталі для мяне мяжой паміж воляй і турмой на доўгія гады.
    У камэры цокальнага паверха Краснадарскага НКВД “сьвяткаваў” гадавіну Кастрычніка. За гэты час адзін вязень - былы вайсковец дэталёва «праінструктаваў» аб тым, з кім і з чым я буду мець справу на допытах, як сябе трымаць. Ён ужо меў багаты досьвед, ненавідзеў органы і кляў іх. Потым мы з ім сустрэліся яшчэ раз на Калыме.
    Пасьля сьвятаў пасадзілі ў тую ж машыну - і ў турму на Дубінку. Другім седаком у машыне быў забойца, які забіў адразу дваіх, мужыка і жонку, паквапіўшыся на грошы, атрыманыя за прададзеную карову.
    З першага ж кроку ў камэры пачуў з вуснаў аднаго вязьня жаргонны выраз: “А калэса грубыя”. Сэнсу не зразумеў, але здагадаўся па позірках, што размова йдзе пра мае боты. Падумалася: не разуў капітан яшчэ ў школе, дык гэтыя тут разуюць. Потым самі блацякі, што сядзелі ў камэры, мне растлумачылі: “калэса” - кубанскае размоўнае ад слова “калёсы”, што азначае боты, “грубыя” - добрыя.
    У чаканьні сталыпінскага вагона пражыў у краснадарскай турме на Дубінцы не менш чым тыдзень. Мяне не разулі. Я знайшоў з блатнымі агульную мову. Даведаўся, што яны любяць пераказы вострасюжэтных твораў літаратуры, вершы Ясеніна, асабліва з падборкі “Масква кабацкая”. Пераказы і дэклямацыі вершаў у турме замянялі сабой радыё, кіно, тэатар, чытаньне кніг і газэт. Такая культурная самадзейнасьць на блатным жаргоне абазначаецца словамі: “тискать романы”, пры чым вымаўляецца з націскам на гук “о” ў слове “романы”. Вось і я “ціскаў романы”, пакуль сядзеў у Краснадары.
    Тады наконт маіх ботаў выказаўся вязень Васька Трэгубаў. Сядзеў ён за тое, што ў цягніку ўкраў партфэль буйнога партакрата. Зрабіў гэта нахабна, дзёрзка, вымушаны быў уцякаць, саскочыў з цягніка. Паколькі пацярпелы пасажыр быў “фігурай”, дык зараз жа спрацавалі стопкраны, сарваныя з плёмбаў кандуктарамі. Цягнік спыніўся. У адкрытым кубанскім стэпе ўцекачу не было куды схавацца. Яго дагналі, пабілі, а потым здалі міліцыі. Ён вельмі баяўся трапіць на “тройку”, бо ведаў, што тая літасьці не мае.
    У камэры шмат гаварылася пра пажар на станцыі Ціхарэцкай. Не абміналася ні адна падрабязнасьць. Разважаючы аб прычынах, казалі, што побач стаялі два цягнікі - пасажырскі і “бочкарь” з цыстэрнамі бэнзіну. Манэўровы паравоз таўхануў адну цыстэрну, пашкодзіў яе і ўціснуў у пасажырскі цягнік пасярод. Бэнзін загарэўся, утварыўшы мора агню. Гарэлі людзі, гарэлі станцыйныя будынкі, гарэў пасажырскі цягнік. Найбольшую скруху ў блатных выклікаў той факт, што згарэў сталыпінскі вагон, які звычайна прычапляўся апошнім у саставе. Згарэлі і вязьні, бо канвойныя да гэтага замкнулі камэры-купэ, замкнулі дзьверы вагона і пайшлі на станцыю. Паратунку вязьням не было. Казалі, што прылятаў самалётам наркам шляхоў зносін Кагановіч. Ён адвёў кароткі тэрмін на тое, каб ад пажару не засталося і знаку. Гэтым і абмежавалася яго “руководящая роль”.
    Разьвітаньне з насельнікамі турэмнай камэры перад этапам ужо насіла рысы прыязнасьці. Блатныя выказалі сваю ўдзячнасьць за “романы” тым, што далі сёе-тое з яды, мусіць, папярэдне ўкраўшы ў каго-небудзь у камэры.
    Мяне далучылі ў “купэ” сталыпінскага вагона да маладога гандлёвага марака. Другім быў непаўналетні “урка”. Разам нас павезьлі ў кірунку Растова-на-Доне. Па дарозе падсадзілі інжынэра аднаго таганроскага завода. Пакуль нас везьлі, мы бавілі час бессыстэмнымі размовамі. Урка больш маўчаў, бо апынуўся ў чужым асяродзьдзі. Марак, нядаўна арыштаваны, быў апрануты ў новую адпрасаваную ведамасную форму, якая яшчэ не бачыла турэмных вашабоек, таму выглядаў выдатна. Ён набіваў тытунём “золотое руно” сваю люльку і манерна, са смакам дыміў, не вымаючы яе з зубоў. Пакурыўшы, даставаў з партманэта фотакартку сваёй каханай малдаванкі, з пяшчотай у вачах глядзеў на яе, ганарыўся яе прыгажосьцю, кажучы са шкадаваньнем, што цяпер усяму прыйшоў канец. Яго дзяўчына сапраўды была вельмі прыгожая.
    У Растове “варанок” вяртаўся тры ці чатыры разы да сталыпінскага вагона, пакуль вывез усіх вязьняў. У турме ўсіх накіравалі ў лазьню, а вопратку - ў вашапрудны агрэгат. Пасьля гэтай апэрацыі ўніформа марака стала нагадваць набытую ў старызьніка. Не лепшая стала і мая вопратка.
    Тамтэйшы турэмны чын выстраіў нас на дварэ і пачаў сартаваць па камэрах. Мы чацьвёра стаялі разам. Чарнявы хударлявы каўказец з вусікамі, відаць, турэмшчык са стажам, спрактыкаваным вокам вылучаў блатных і ставіў у асобны гурт кіўком пальца, без слоў. Ён не памыляўся. Дайшла чарга і да нашага уркі. Турэмшчык павёў пальцам і паказаў на натоўп блатных. Інжынэр і марак адважыліся замовіць за хлопца слова, што было зусім бессэнсоўна. Выслухаўшы іх, турэмшчык паказаў пальцам туды ж, куды толькі што пайшоў урка. Ім нічога не заставалася, як пайсьці да натоўпу блатных. Але сваім учынкам яны прыдбалі павагу і аўтарытэт сярод жульля.
    Мяне пасадзілі ў прасторную камэру да бытавікоў, дзе сядзелі растоўскія растратчыкі, хабарнікі, хапугі, розныя службовыя злачынцы. Раніцой павялі нас на прагулку ў двор турмы, дзе я выпадкова сустрэўся са сваімі спадарожнікамі. Пасярод двара пад вялізным чыгунным катлом палала вогнішча. У катле кіпела і парыла вада. Марак, інжынэр ды іншыя падносілі да катла тапчаны ды козлы ад іх і мачалі ў кіпень, зьнішчаючы такім чынам клапоў. Я спытаў у інжынэра, як іх справы. Ён адказаў, што ўсю ноч “тискал” “Графа Монте-Кристо”. У растоўскай турме таксама любілі слухаць “романы”.
    Па нейкім часе мяне ды інжынэра ў ліку іншых павезьлі далей - у бок Харкава, дзе нас накіравалі ў перасыльную турму, недзе недалёка ад чыгункі. “Варанок” не спатрэбіўся. Ішлі пешкі пад узмоцненым канвоем з аўчаркамі. Мяне завялі ў вялізную перапоўненую камэру, што нагадвала залю немалога кінатэатра. Яна была сапраўдным скрыжаваньнем этапных дарог. Адкуль толькі ні было там людзей. Іх везьлі ў асноўным па паўночных і ўсходніх кірунках. Пераважная бальшыня вязьняў былі асуджаныя. У той камэры я сустрэў першы раз іншаземца - грамадзяніна Англіі. На ім былі чаравікі, скураныя гетры, галіфэ. Неставала толькі пробкавага шлема. Яго замяняла кепка. Адчуваў ён сябе ў гэтым чалавечым мурашніку вязьняў даволі спакойна. Відаць, спадзяваўся на сваё грамадзянства і пасольства. Ці зьдзейсьніліся яго спадзяваньні? Яго ўвагу прыцягнула мая вайсковая форма. Ён з акцэнтам сказаў: “А вы зачем здесь? Вам здесь не место”, - і хітравата ўсьміхнуўся. У сваім адказе я абмежаваўся толькі тым, што па-плягіятарскі ўжыў яго ж словы, таму што яны аднолькава датычылі мяне, як і яго, а таксама бальшыні тых, што былі ў камэры.
    Запамяталіся два палітзэкі - два дырэктары вышэйшых навучальных установаў: адзін з Адэсы, другі з Сімфэропаля. Яны былі ўжо асуджаныя і ў гэтай бязьлікай стракатай масе людзей трымаліся разам. Збліжала прафэсія і аднолькавы лёс. Адэсіт, даведаўшыся, што мяне вязуць на сьледзтва, раіў: “Ніколі не сьпяшайся казаць “да”, заўжды кажы “нет”. Сказаць “да” ніколі не позна. Да таго ж выдавай сябе за дурнаватага, тупаватага няўклюду”. Ён у недалёкім мінулым вучыў студэнтаў жыцьцёвай мудрасьці, па інэрцыі вучыў турэмнай мудрасьці і палітзэкаў.
    Далей нас павезьлі на Кіеў. З нашай растоўскай чацьвёркі засталіся толькі двое - я ды таганроскі інжынэр. Яго везьлі ў Санкт-Пецярбург. У Кіеўскай турме на Лук’янаўцы пасьля чарговай санапрацоўкі і вашапрудства нас зноў старанна сартавалі. Вылучылі некалькі чалавек яшчэ не асуджаных этапных, у тым ліку мяне ды інжынэра. Нас аддалі пад уладу турэмшчыка, які стаяў побач і без асаблівай цікавасьці назіраў за тусоўкай этапу. Ён прывёў нас у камэру недзе на другім паверсе. Інтэр’ер нагадваў пакой гасьцініцы раённага маштабу. Стаялі жалезныя ложкі, на іх - нечым набітыя падушкі і сеньнікі, засланыя салдацкімі коўдрамі. У камэры нікога не было. Для якой турэмнай намэнклятуры прызначалася гэтая камэра, здагадацца было немагчыма. Турэмшчык кожнаму з нас прызначыў пэрсанальны ложак, потым зьмяніў навалкі і просьціны. Рабіў ён гэта старанна, тым часам паглядаючы на нас, нібы чакаючы чагосьці. Калі скончыў сваю справу, запытаў:
    - Ну, як у мэнэ?
    Мы тут жа схамянуліся, пачалі дзякаваць і хваліць парадак ды выгоды ў яго “апартамэнтах”, кажучы, што такога мы больш нідзе не бачылі. Прыгнечаныя сваёй бядой, мы нават не заўважылі, што жаданьне дагадзіць нам ёсьць справа яго гонару. Не дачакаўшыся нашай удзячнасьці і пахвальбы, ён напомніў нам сваім пытаньнем аб тым, чаго чакаў. Украінец турэмшчык вызначаўся сваёй праставатай дабрынёй і чалавечнасьцю, што траплялася ў людзях гэтай катэгорыі надзвычай рэдка - магчыма, гэта быў унікум.
                                                            Паштовая скрынка
    Пасьля заканчэньня сьледзтва мяне перавялі з лёхаў будынка НКВД у пішчалаўскі замак, дзе быў вылучаны цэлы паверх для тых, што чакалі прысуду. Паверх афіцыйна называлі “следственный коридор”. Побытавыя ўмовы ўтрыманьня вязьняў былі крыху лепшыя, чым у асуджаных. Меліся, напрыклад, замест нараў жалезныя ложкі. Аднак рэжым быў вельмі строгі. “Однодельцы” сядзелі ў розных камэрах. Усе было разьлічана на тое, каб да суду яны не маглі сустрэцца. Я ведаў, што ў нейкіх камэрах сядзяць і мае “однодельцы”. Сустрэча з імі была патрэбная, каб неяк каардынаваць свае паводзіны на судзе. Але як гэта зрабіць? Я пачаў прыглядацца да турэмных наглядчыкаў, іх паводзін. Заўважыў, што змораны начным “бдением”, кожны з іх у часе дзяжурства звычайна пад раніцу дрэмле, седзячы ў пачатку закрачанага калідора. Раніцай зьняволеныя пачыналі грукаць у дзьверы камэр, каб наглядчык выпусьціў да калектыўнай прыбіральні, дзе можна было і памыцца. Наглядчык прачынаўся і рэагаваў на грукат тым, што адмыкаў адну з камэр, выпускаў людзей і чакаў, пакуль усе пераходзяць. Тым часам, бывала, зноў задрэмле, пакуль не прахопіцца ад чарговага грукату ў дзьверы наступнай камэры. Тады ён замыкае першую камэру і адчыняе наступную. Вось я і намерыўся паспрабаваць выкарыстаць прытупленьне пільнасьці наглядчыка, выкліканае зморанасьцю і санлівасьцю. Неўзабаве аднае раніцы я пастукаў у дзьверы раней, чым гэта зрабілі ў іншых камэрах. Калі ўсе з нашай камэры перабывалі ў прыбіральні, я застаўся ў ёй адзін. Пусьціў слабенькі струмень вады, каб не шумела, і старанна мыўся, хоць у гэтым ужо не было патрэбы. Разьлік быў просты. Калі пастукаюць у дзьверы ў іншай камэры, то, магчыма, наглядчык выпусьціць іх, не праверыўшы папярэдне, ці ёсьць хто ў прыбіральні, паверыўшы цішыні ў ёй. Праз колькі часу раздаўся грукат. Я замер у чаканьні. Потым загрымелі ключы, заскрыгатала жалезная засоўка дзьвярэй. Разьлік удаўся. У прыбіральні зьявіліся людзі і са зьдзіўленьнем паглядзелі на мяне. Такім чынам я зьмяшаўся з вязьнямі іншай камэры. Вылучыць мяне па нейкіх прыкметах было ўжо нельга. Я адчуў сябе ўпэўнена. У тых, што прыйшлі, запытаў, ці ёсьць у іх камэры такі і назваў прозьвішча вайсковага фэльчара. Мне адказалі, што ёсьць. Нарэшце пашанцавала. Папрасіў паклікаць яго. Тут жа праз хвіліну ў мяне адбылася сустрэча з “кіраўніком арганізацыі” ў прыбіральні “следственного коридора”, у якім былі вельмі строгія парадкі.
    Я спытаў свайго “однодельца”, чаму ён пацьвердзіў данос студэнта - па сутнасьці тое, чаго не было, агаварыўшы самога сябе. Ён сказаў, што напачатку трымаўся стойка. Потым пачалі біць, зьдзекавацца, ставіць на стойку. Не вытрымаў, бо нельга было выцерпець. У гутарцы са мной ён прыйшоў да высновы, што на судзе яму трэба будзе адмовіцца ад папярэдніх паказаньняў, паколькі яны былі выбітыя катаваньнямі. Мы дамовіліся абменьвацца пісулькамі, дзеля чаго выбралі схованку за каналізацыйнай трубой. Потым гэтай “паштовай скрынкай” карысталіся і іншыя “однодельцы”. Магчыма, і пасьля нас таксама.
    Калі ўсе ўжо перабывалі ў прыбіральні, я зноў застаўся адзін. Потым ціхай хадою наблізіўся да сваёй камэры. Наглядчык соладка драмаў. Камэра была нават незамкнутая, толькі на засаўцы. Я паціху адсунуў засаўку, адчыніў дзьверы і зайшоў усярэдзіну. Але не разьлічыў і грукнуў за сабой дзьвярыма. Кінуўся на ложак, зрабіў выгляд, што сплю, а тым часам сачыў за “ваўчком” на дзьвярах. Назіральнік падышоў да дзьвярэй, адхінуў заслонку “ваўчка”, нічога надзвычайнага ў камэры не заўважыў, замкнуў дзьверы і пайшоў драмаць далей.
    У хуткім часе ў “следственный коридор” да нас наведаўся сакратар трыбунала Зянько, каб пазнаёміць з канчатковым абвінавачваньнем. Не беручы пад увагу пярэчаньні турэмных наглядчыкаў, ён прымусіў сабраць нас разам у асобным памяшканьні, дзе і зачытаў заключнае абвінавачваньне. Мы расьпісаліся, што азнаёмлены. Потым адбылася кароткая гутарка, з якой мы адчулі, што сакратар трыбунала ставіцца да нас з сымпатыяй. Ён нават пахваліў вершы “кіраўніка арганізацыі”, якія былі прыкладзены да матэрыялаў судовай справы, як “рэчавы доказ злачынства”. Пасьля такой размовы мы акрыялі духам. Але дарэмна. Ад сакратара трыбунала нічога не залежала.
                                                                      Трыбунал
    Неўзабаве ў турму прыслалі канвой, каб весьці нас на паседжаньне трыбунала 3-га кавалерыйскага корпуса. Канваірамі былі хлопцы, што адбывалі тэрміновую службу ў нейкай вайсковай часьці не менскага гарнізона. У той дзень ім выпала несьці ахову гарнізонных устаноў, а разам з імі і трыбунала. Ён знаходзіўся ў будынку штаба корпуса. Будынак гэты стаяў прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца гмах былога ЦК КПБ. Канвой з трох чалавек павёў нас, трох па вуліцах горада пешкі. Памятаю, як мы йшлі па асявой лініі галоўнай вуліцы горада - Савецкай, што пасьля вайны была пашырана і названа праспэктам імя Сталіна, пазьней - Ленінскім праспэктам, а зараз праспэктам Скарыны. Мы йшлі ў распярэзаных шынялях (дзягі і партупеі ў турме адбіралі), прагна ўдыхаючы сьвежае паветра пасьля турэмнага смуроду. На тратуарах было поўна людзей, захопленых сваімі клопатамі і справамі. Ніхто не зьвяртаў на нас асаблівай увагі, бо ўсе прывыклі ў тыя гады да відовішчаў масавага канваяваньня людзей. Яно пачалося пры канцы 20-х - на пачатку 30-х гадоў - у часы раскулачваньня сялянства. Сярмяжны люд вадзілі натоўпамі па вуліцах гарадоў, па чыгуначных пляцах і пэронах. То быў масавы “хапун”, не першы і не апошні. Да сярэдзіны 30-х гадоў канчаткова высьпела імпэрыя прыгону, рабства і катаргі. Краіна была лягерызаваная на ўсёй тэрыторыі “от края и до края, от моря и до моря”.
    Трыбунал свайго памяшканьня не меў. Суды адбываліся ў кабінэце карваенюрыста 1-га рангу Кедрава. Ён жа быў старшынёй паседжаньня трыбунала ў час разбору нашай справы. Членамі паседжаньня былі тэхнік-інтэндант 1-га рангу Лявоненка і вайсковы фэльчар Храмянкоў. (Дарэчы, з братам апошняга я вучыўся разам у АБВШ – Аб’яднанай беларускай вайсковай школе, а потым і ў Маскоўскай артылерыйскай школе). Пратакол паседжаньня вёў сакратар трыбунала Зянько. Падсудныя - мы ўтрох. Вось і ўсе дзейныя асобы. Ніякіх там абвінаваўцаў, абаронцаў-адвакатаў, сьведак, нарэшце, “публики”. Студэнт не прысутнічаў нават як сьведка. Яго ганебная роля закончылася адначасна з заканчэньнем сьледзтва. Дзея адбывалася ў цесным кабінэце, у «інтымнай» абстаноўцы, пры строга абмежаванай колькасьці дзейных асобаў. Побач пярэдні пакой, у якім знаходзіўся тады наш канвой. Дзьверы кабінэта былі не зачыненыя. Чырвонаармейцы канвою з цікаўнасьцю сачылі за ходам судовага працэсу, імітуючы сабой “публику”. Відаць, гэта дазвалялася з “выхаваўчым” разьлікам.
    Вінаватымі мы сябе не прызналі, не маглі прызнаць, бо ніякай віны за сабой не адчувалі. Яе не было. “Кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі” адмовіўся ад паказаньняў, дадзеных на сьледзтве, паведаміўшы трыбуналу, што іх вымагалі катаваньнямі. Калі скончыўся разбор справы, дык не суд “удалился на совещание”, а нас вытурылі з кабінэта ў пярэдні пакой да канвою. Дзьверы кабінэта на нейкі час зачынілі. Канваіры нам спачувалі і запэўнівалі, што нас апраўдаюць. Хутка нас зноў выклікалі ў кабінэт і абвясьцілі вырак. Зьдзіўленыя хлопцы з канвою зноў адвялі нас у турму, але ўжо ў адну з камэр, дзе ўтрымліваліся асуджаныя, што чакалі этапаў. Упэўненыя ў тым, што трыбунал 3-га кавалерыйскага корпуса абышоўся з намі несправядліва, мы падалі касацыйную скаргу ў трыбунал БВА (Беларускай вайсковай акругі). Такое права было дадзена нам выракам на 72 гадзіны. Тады мы яшчэ не поўнасьцю пазбавіліся наіўнасьці, спадзеючыся на справядлівасьць. Трыбунал пакінуў прысуд без зьмены. Засталося чакаць дальняй дарогі.
                                                                        Барышы
    Такім чынам, карваенюрыст Кедраў адмераў кожнаму з нас старэйша-братнюю “порцию” (да таго ж па бээсэсэраўскаму кодэксу) у наступнай градацыі: пяць гадоў вайсковаму фэльчару, чатыры гады мне і тры з паловай збройнаму майстру. Вось так, нізавошта. Многа гэта ці мала па тагачасных мерках сталінскай Фэміды? Сьцьвярджаю: досыць для таго, каб згінуць за калючым дротам зоны ГУЛАГа. Яно так і здарылася з вайсковым фэльчарам. Яму было наканавана сыстэмай тэрору і генацыду загінуць на Калыме. І гэта ў маладыя гады. Да арышту ён пасьпеў утварыць сям’ю, ажаніўшыся на студэнтцы інстытута народнай гаспадаркі - пухавіцкай дзяўчыне Апанасевіч Ларысе. Прайшло крыху болей за год, як яны згулялі вясельле. Нарадзілася дачушка. Пасьпелі адгуляць і хрэсьбіны. Сьледчыя гэтыя гулянкі лічылі нелегальнымі сходкамі “контррэвалюцыйнай арганізацыі”. Бальшавіцкія карныя органы секлі пад корань. Галаву новаўтворанай сям’і пасадзілі ў турму і заслалі ў канцлягер. Маладая маці засталася ў роспачным стане з немаўляткам на руках, пазначаная кляймом жонкі ворага народа. Ёй нялёгка было ўладкавацца на працу. Яна нічога не ведала пра лёс мужа, але чакала. Сям’я ж была створана моцная - на аснове першага каханьня. Пацягнуліся доўгія гады невядомасьці. Здарылася так, што дачушка памерла ў часе акупацыі. Жанчына засталася адзінокай, сам-насам са сваім горам. Праз 12 гадоў я сустрэўся з ёю, каб паведаміць, што муж яе загінуў у лягеры, што далей ёй няма каго чакаць. Так зьнікла маладая сям’я, не пакінуўшы пасьля сябе нікога. Гэта не адзінкавы трагічны лёс. Ненажэрная канібальская сыстэма бальшавізму вынішчала сем’і сотнямі тысяч па ўсёй краіне саветаў.
    Лёс братоў вайсковага фэльчара не менш трагічны. Да пачатку вайны з Германіяй яны дасягнулі прызыўнога ўзросту. У першыя ж дні вайны былі выкліканы ў ваенкамат, агледжаны дактарамі, пастрыжаныя і накіраваныя ў вайсковую часьць прыпіскі. Яшчэ не апрануўшы салдацкае адзеньне, дзесьці па дарозе да месца прыпіскі трапілі ў палон. Немцы лічылі так: раз стрыжаны, значыць, чырвонаармеец або прызыўнік. Яны рэдка памыляліся. Сьлед братоў зьнік у гітлераўскіх лягерах палонных вайскоўцаў. Там яны і загінулі. Лёс іх застаўся невядомы. У выніку пералічаных акалічнасьцяў зьнікла і старэйшая сям’я. Амаль уся. Засталіся толькі дзьве сястры. Па мужчынскай лініі не выжыў ніводзін, не пакінуўшы нашчадкаў. Род іх у сваім разьвіцьці быў вынішчаны гвалтоўна, стаўшы ахвярай дзьвюх падобных паміж сабою сыстэм. Хата, дзе некалі зьвінелі дзіцячыя галасы, амаль апусьцела. У ёй засталася дажываць свайго веку адна маці. Бацька памёр раней. Увесь цяжар гора выпаў на яе долю, ёй адной. Мой зварот з Калымы акрыліў старую жанчыну надзеяй. Спадзявалася, што, можа, хоць адзін яе сын жывы. З адказу “осужден вторично без права переписки”, які я атрымаў ад органаў яшчэ ў Ягадным на Калыме, вынікала, што ён загінуў ад кулі ката. Магчыма, на Серпанцінцы. Аднак я напісаў ад яе імя запыт пра лёс яе сына. Можа, праз паўгода яе выклікалі ў райаддзел міліцыі ў Рудзенск, каб даць вусны адказ на запыт. Тады гэта быў наш раённы цэнтар. Яна пайшла пешкі (аўтобусы на той час не хадзілі), цяжкай маруднай хадой старога чалавека, падымаючы пыл дарогі стаптанымі чаравікамі. Ішла ў адзіноце, сам-насам са сваімі самотнымі думкамі. Успаміны ў думках былі для яе той нітачкай, што зьвязвала сучаснае з мінулым, з лепшымі днямі жыцьця, якім не было звароту.
    Ад роднай вёскі да райцэнтра 18 кілямэтраў. Што й казаць, для старой жанчыны 36 кілямэтраў - дарога не лёгкая. Але, устаўшы на досьвітку, яна выправілася ў дарогу, імкнучыся ісьці таропка. Нейкая сіла падганяла яе. Неакрэсьленае прадчуваньне радзіла надзеі, якія зьмяняліся роспаччу, адчаем.
    Сам начальнік райміліцыі, пасадзіўшы на крэсла ў сваім кабінэце, паведаміў ёй: “Ваш сын памёр”, што было чарговай маной. Яна залілася горкімі сьлязьмі. Начальнік паспачуваў ёй, сказаўшы, што не адна яна такая. Гэта было праўдай. Спачуваньне не магло прыхаваць жорсткі зьдзек над старым чалавекам. Органы інакш не маглі. Яны не хацелі даваць ніякіх даведак на рукі пра ману. Занятыя “важнымі справамі”, яны падключылі міліцыю. Тая і выклікала ў раён. Дзеля чаго? Каб паведаміць ёй чарговую ману вусна.
    Яна жыла адна да апошняй сваёй раніцы, калі, устаўшы рана пасьля бяссоннай ночы, пачала рупіцца, падышла да печы. Відаць, хворае сэрца прымусіла сесьці на падлогу. Так яна і памерла, а хата апусьцела зусім.
                                                 Перабежчыкі - “шпіёны” і “кур'еры”
    Пад час знаходжаньня ў менскай турме (канец 1936 - пачатак 1937 года) мне давялося сутыкнуцца з перабежчыкамі з Польшчы, пераважна з Заходняй Беларусі. Гэтая людзкая плынь, трапляючы на савецкую тэрыторыю, рухалася па агульным канвэеры - праз турму адразу за калючы дрот лягернай зоны дзе-небудзь у месцах аддаленых. Сталін, відаць, бачыў у гэтым адзін з спосабаў атрыманьня дармовай працоўнай сілы. Патураньняў не было нікому. Перабежчыкаў без жалю “ўзнагароджвалі” дзесяцігадовымі тэрмінамі за парушэньне мяжы і “шпіянаж”.
    Колькі надзей марна загінула ў гэты час! Людзі ж ішлі ў Савецкі Саюз праз мяжу, што было зьвязана з вялікай рызыкай, шукаючы паратунку ад перасьледу ці невыноснага жыцьця, а траплялі з агню ды ў полымя.
    Памятаю перапоўненую камэру ў менскай турме, дзе знаходзілася блізу сотні людзей. Усе яны ўжо «аформленыя» трыбуналамі, цывільнымі судамі, асобай нарадай на розныя немалыя тэрміны. Трывожнае чаканьне з дня ў дзень. Разнарадкі затрымліваліся з-за перагрузак улікова-разьмеркавальных аддзелаў ГУЛАГа. Людзі мелі магчымасьць бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, распавесьці пра няшчасьці, якія іх напаткалі. У кожнага - сваё, хоць у чымсьці і агульнае. Склад зьняволеных стракаты: ад юнакоў да людзей старэчага ўзросту, ад калгасьнікаў да вучоных. Сярод насельнікаў камэры нямала перабежчыкаў з Заходняй Беларусі. Стаўленьне да іх звычайна нічым не адрозьнівалася, бо ўсе былі пазначаныя адным лёсам.
    Прыгадваю падлетка гадоў шаснаццаці. Як зараз бачу яго цёмныя, сумныя, разумныя вочы. Ён прыгнечаны крушэньнем надзей і бядою, што абрынулася на яго хлапечую галаву. Нарадзіўся і рос у габрэйскай сям’і ў Заходняй Беларусі, вучыўся ў польскай школе. Але працягваць навучаньне стала немагчымым, відаць, з-за нацыянальнай прыналежнасьці. Чуў, што ў Савецкім Саюзе можна ажыцьцявіць сваю мару. Вось і наважыўся перайсьці мяжу, каб вучыцца далей. А тут турма, стандартнае для перабежчыкаў абвінавачваньне і працяглы тэрмін. “Вучоба” для яго сталася занадта жорсткай, а магчыма, і пагібельнай. Зараз, праз шмат гадоў, спрабую адгадаць ягоны лёс. Сям’я яго, бясспрэчна, загінула дзе-небудзь у Асьвенціме, ці ў Трасьцянцы, ці ў іншым праклятым месцы. А ён, магло стацца, выжыў і вярнуўся ў родны кут, але не знайшоў там родных і блізкіх. А можа, і сам загінуў у сталінскіх лягерах і яго род на ім скончыўся.
    Другі - таго ж узросту - беларус. Мяжу пераходзілі паасобку. Да менскай турмы не сустракаліся, у камэры трымаліся разам. Гэты ішоў па сьлядах старэйшага брата, агента Савецкага Саюза. Навісла пагроза выкрыцьця, прыйшлося ўцякаць. Дзе старэйшы брат, малодшаму не давялося даведацца. Сьледчы адмовіўся дапамагчы яму ў гэтым. Хутчэй за ўсё, старэйшы быў там, куды потым павезьлі і малодшага, г. зн. дзе-небудзь у адным з шматлікіх лягераў.
    Быў сярод тых, хто ўжо меў тэрміны перабежчыкаў, і польскі салдат з “корпуса памежнай аховы” ў сваёй незвычайнай для нас уніформе. Лёс зьвёў нас - прадстаўнікоў розных армій, што стаялі па абодва бакі польска-савецкай мяжы. Агульным “прывалам” стала адна і тая ж камэра ў Пішчалаўскім замку ў горадзе Менску.
    Зьвяртаў на сябе ўвагу яшчэ адзін перабежчык - сярэдніх гадоў, невысокага росту, заўсёды спакойны, ураўнаважаны, замкнёны - таксама жыхар Заходняй Беларусі. Крыху пазьней, адчуўшы да нас, былых вайскоўцаў, прыхільнасьць, ён расказаў, што атрымаў тэрмін 10 гадоў зьняволеньня і 10 гадоў далейшай паразы ў правах за пераход мяжы і “шпіянаж на карысьць Польшчы”. А фактычна ён быў агентам, які доўга працаваў на Савецкі Саюз. Відаць, ён быў не “зоркай” ці асам контрразьведкі, а “чорнарабочым” агентуры. Вёў руцінную працу: зьбіраў другарадныя зьвесткі, хутчэй статыстычныя, чым уласна агентурныя. Адчуўшы, што дэфэнзыва натрапіла на яго сьлед, сышоў у Савецкі Саюз у спадзяваньні знайсьці палітычнае сховішча. Замест гэтага - турма і тэрмін. Мы зьвярнулі ўвагу на незвычайнасьць вынесенага яму прысуду: “10 гадоў зьняволеньня і 10 гадоў паразы ў правах”. Звычайна давалі 10 і 5 адпаведна. Акрамя таго, ён быў польскім падданым і ніякіх правоў савецкага грамадзяніна не меў. Яго часта кудысьці выклікалі, тым часам як да астатніх асуджаных сьледчыя органы ўжо страцілі ўсялякую цікавасьць, бо былі цалкам паглынутыя сьвежымі папаўненьнямі. Пазьней ён нам расказаў, што пасьля суду на яго аказвалі ўціск, каб ён вярнуўся ў Польшчу і працягваў перапыненую справу. Пярэчаньні яго былі простыя, зразумелыя і лягічныя. Паводле ягонага перакананьня, вярнуцца можна было (хоць і з вялікай рызыкай) праз два-тры дні пасьля пераходу мяжы, бо кароткачасовую адлучку можна патлумачыць нашмат прасьцей. А пакуль ішла сьледчая валтузьня, фальсыфікацыя абвінавачваньняў і суд, прайшло больш за паўгода. Безумоўна, яго працяглая адсутнасьць была заўважана дэфэнзывай. Вяртаньне мела б вынікам арышт, што не прынесла б карысьці савецкаму боку. Тым не менш на яго вяртаньні ў Польшчу працягвалі настойваць, заганяючы ў капкан, што было зусім відавочна.
    Слухаючы яго аповяд, мы зразумелі, што ён чакае ад нас парады. Што можна парадзіць у такой сытуацыі? Мы знайшлі даволі простае выйсьце: параўналі тое, што ён атрымаў у Савецкім Саюзе, з тым, што мог бы атрымаць у Польшчы. Тым больш што ў камэры знаходзіўся жывы прыклад таго, што мы абмяркоўвалі. Гэта грамадзянін СССР Садоўскі (пра яго гаворка ніжэй), які міжволі стаў двайным шпіёнам. Выкрыты ў Польшчы, ён адседзеў там два гады ў зьняволеньні і быў перададзены назад у Савецкі Саюз, дзе атрымаў 10 гадоў.
    Наш добры знаёмы, як чалавек разважлівы, з двух ліхаў выбраў меншае. Вырашыў, што лепш адседзець 2-3 гады ў турме ў Польшчы, чым 10 гадоў дзе-небудзь на Калыме ці ў іншым гіблым месцы. Пасьля чарговага выкліку ён вярнуўся ў камэру з усьмешкаю. Праз некалькі гадзін яго выклікалі з рэчамі.
    Лёс вышэй памянёнага Садоўскага не менш цікавы і павучальны і разам з тым драматычны. Яму тады было гадоў 30-35. У камэры ён вылучаўся сярод астатніх найперш адзеньнем. На ім былі боты з польскага хрому, паліто-рэглан не нашай тканіны і капялюш з невялікімі палямі, арыгінальна заломлены і звычайна ссунуты на вуха. У такой экіпіроўцы ён выйшаў з віленскай турмы Лукішкі незадоўга да зьяўленьня ў менскай турме. Ён, як маятнік, нэрвова хадзіў туды-сюды невялікім праходзе паміж парашай і сваімі нарамі, пра штосьці думаючы і не ўступаючы ў размовы. Мы прымалі яго за ўраджэнца Польшчы і паміж сабой называлі “панком”. Аднаго разу ён зьвярнуўся да нас з просьбай напісаць касацыйную скаргу. Пасьля нядоўгіх ваганьняў мы згадзіліся і прапанавалі расказаць нам усё, як на духу, каб ведаць, што ў яго справе трэба падкрэсьліць, а што зацяніць.
    Якім жа было нашае зьдзіўленьне, калі з яго аповяду мы даведаліся, што ён ураджэнец Лагойскага раёна, селянін, што там і зараз жыве ягоная жонка з малымі дзецьмі. Ён і сам не так даўно жыў там разам з сям’ёй на хутары, на водшыбе. Працаваў на зямлі да поту і жыў някепска. Адчайна супраціўляўся патрабаваньням уступіць у калгас, цярпеў падатковы прэс, які павялічваўся пасьля кожнай выплаты, выконваў гужавую павіннасьць, натурпастаўкі, хоць і цяжка было. І ўсё-такі ў 1933 годзе яго даканалі плянам пасяўной кампаніі, даведзеным да двара. У сельсавеце падрабязна расьпісалі, што і колькі сеяць. Плян быў даведзены да абсурду, абавязалі сеяць тое, чаго не сеялі ні прадзеды, ні дзяды. Плюнуў Садоўскі на гэты плян і пасеяў тое, што лічыў патрэбным выключна з гаспадарчай практыкі і разьліку. Гэта скончылася для яго бязьлітаснай карай. Ён быў прыцягнуты да судовай адказнасьці за “зрыў” пляну пасяўной кампаніі як “контррэвалюцыйны сабатажнік”. Абвінавачваньню надалі тэндэнцыйную палітычную афарбоўку.
    У тым часе мэтанакіравана практыкаваліся адкрытыя судзілішчы на месцах над ахвярамі, загадзя вызначанымі па ўзгадненьні з мясцовымі органамі НКВД, партыйнымі органамі і ўладамі. Хапалі па адным, як ваўкі авечак з статку.Такім чынам наганяўся страх на ўсіх астатніх упартых, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Такой ахвярай стаў і Садоўскі. Сталінская Фэміда вызначыла яму ні многа ні мала 10 гадоў зьняволеньня. Жонка засталася адна з дзецьмі, бездапаможная ў сваім горы.
    Садоўскаму было ад чаго прыйсьці ў адчай. Ён сядзеў у камэры папярэдняга зьняволеньня пры райаддзеле НКВД, чакаючы этапу ў лягеры. Але аднаго разу яго выклікаў да сябе ўпаўнаважаны райаддзелу НКВД і прапанаваў пайсьці ў Польшчу, завэрбавацца і ўкараніцца ў польскую контрразьведку, а пасьля “кур’ерства” праз мяжу ў Савецкі Саюз прыходзіць да яго (упаўнаважанага) і паведамляць пра атрыманае заданьне. Гэтай прапанове папярэднічала спачувальная размова наконт вялікага тэрміну зьняволеньня. Між іншым было сказана, што тэрмін можна і не адседжваць, калі прыняць яго прапанову. Сама прапанова была настолькі нечаканай, што Садоўскі разгубіўся і не ведаў, што адказаць. Пачаліся доўгія ўгаворы, абяцаньні дапамагаць яго сям’і, ды так, што яна не будзе адчуваць патрэбы ні ў чым. Абяцалі пад час прыходаў у Савецкі Саюз наладжваць сакрэтныя сустрэчы з жонкаю ды інш. І тым не менш даць згоду адразу не адважыўся. Папрасіў часу на абдумваньне прапановы.
    Адчайнае становішча, у якое быў загнаны Садоўскі, прымусіла яго пагадзіцца на гэтую прапанову, небясьпечную непрадбачанымі наступствамі. У сытуацыі, якая склалася, сям’я яго апынулася ў становішчы заложнікаў. Гэта разумелі абодва бакі-дамоўцы.
    Між іншым упаўнаважаным было сказана: “Вельмі важна, каб твая жонка пасьля сустрэч умела трымаць язык за зубамі. Інакш будзе дрэнна і табе, і ёй”. У гэтым папярэджаньні адчувалася недвухсэнсоўная пагроза.
    Пасьля ўсяго быў праведзены падрабязны інструктаж, як сябе весьці, і распрацаваны плян фіктыўных ўцёкаў з турмы. Згодна з плянам, яго канваіраваў чырвонаармеец канвойнай службы НКВД. Садоўскі павінны быў пазбавіцца ад чырвонаармейца любой цаной, нават калі гэта будзе каштаваць жыцьця апошняму. Канваяваў спэцыяльна падабраны малады, неспрактыкаваны, відаць, нядаўна прызваны ва ўнутраныя войскі хлопец. У глухім месцы Садоўскі злаўчыўся і выцяў хлопца так, што той упаў, выпусьціўшы вінтоўку. Сам жа, як і прадугледжвалася плянам, прыбег у сваю камэру, якая заставалася незачыненай, і ўлёгся на “ложак”, як быццам нічога і не адбылося.
    Чырвонаармеец неўзабаве апамятаўся і пачаў стральбу, але было позна. Не думаю, што ён атрымаў узнагароду за ўдзел у невядомай яму апэрацыі па загадзя распрацаваным сцэнары. Хутчэй за ўсё ён адразу ж трапіў на гаўптвахту, а потым, магчыма, і ў лягер на навуку іншым з тэрмінам трыбунала “за страту пільнасьці”.
    Некалькі дзён наш знаёмы знаходзіўся ў глухой ізаляцыі. А тым часам абвясьцілі, што ўцёк “небясьпечны палітычны злачынец”. Павышаная пільнасьць на мяжы суправаджалася ўзмоцненым перамяшчэньнем нарадаў, якія вялі пошук. Пра тое, што здарылася, паведамілі ва ўсе сельсаветы, калгасы, членам сельсавета ў вёсках, лесьнікам. Па ўказаньні райкама камсамола былі арганізаваныя камсамольскія групы для дапамогі памежнікам. Усё гэта рабілася пры поўным няведаньні праўды ўдзельнікамі апэрацыі. Такім чынам Садоўскаму стварылі “бездакорную рэпутацыю” і пачалася “гульня” з польскай контрразьведкай. А праз тыдзень на легкавушцы яго падвезьлі да мяжы і “блаславілі” на подзьвіг у імя савецкай Радзімы.
    Зьявіўшыся ў Польшчы на “крэсах усходніх” у адным з гмінных мястэчак, Садоўскі накіраваўся ў дэфэнзыву. Яму дазволена было часова натуралізавацца. Ён пасяліўся на прыватнай кватэры і пачаў шукаць працу.
    Праз нейкі час яго выклікалі ў дэфэнзыву да будучага шэфа, які назваў сябе паручнікам Маліноўскім. Пасьля знаёмства была зроблена чарговая прапанова “працаваць”, але цяпер ужо на карысьць Польшчы. Садоўскі адмовіўся, як і было прадугледжана плянам, паведаміўшы шэфу, што “там” ён атрымаў дзесяцігадовы тэрмін зьняволеньня і калі пойдзе ў Савецкі Саюз і трапіць у рукі ўладаў, то яго расстраляюць. Паручнік Маліноўскі стаў націскаць на польскі патрыятызм: бальшавікі, маўляў, прыгнятаюць палякаў, а “Жэч Паспаліта” дае ім прытулак і выратаваньне, таму кожны паляк павінны паслужыць сваёй “айчыне” як можа. Садоўскі ж быў беларусам каталіцкага веравызнаньня.
    Сёньня беларусы-вернікі падзелены на каталікоў і праваслаўных. Каталікі часта атаясамліваюць сваё веравызнаньне з польскасьцю. А быў час, калі паміж дзьвюма хрысьціянскімі канфэсіямі - каталіцкай і праваслаўнай - існавала трэцяя - вуніяцкая, масавая, якая лічылася мужыцкай. У 1838-1839 гадах “самадзержац усерасейскі, кароль польскі і вялікі князь фінляндзкі” Мікалай І вырашыў усіх вуніятаў прывесьці ўказам да праваслаўя, бо лягчэй кіраваць адзінаверцамі. Зрабіць тое ж самае з католікамі ён не адважыўся. Нават яму было зразумела, што немагчыма выступаць супраць каталіцтва, лічачы сябе каралём польскім. У становішчы, якое склалася, вуніяты мелі выбар. Здарылася, відаць, так, што мой прадзед пайшоў у царкву, а прадзед Садоўскага - у касьцёл.
    Паручнік велікадушна даў час падумаць. Пасьля шматразовых адмоваў Садоўскі, як і належала па інструкцыі, атрыманай ад упаўнаважанага, урэшце згадзіўся працаваць на карысьць Польшчы.
    Перш чым паслаць Садоўскага праз мяжу на заданьне ў СССР, паручнік Маліноўскі пацікавіўся, дзе жывуць родныя падапечнага. Даведаўшыся, што яго швагер жыве ў Гомелі і працуе на Гомсельмашы, паручнік прапанаваў паспрабаваць яго завярбоўваць. Зьвесткі, якія належала здабыць Садоўскаму, насілі, відаць, дубляваны, праверачны характар і хутчэй за ўсё былі ўжо вядомыя польскай контрразьведцы. Так бы мовіць, заданьне на засыпку.
    Перайшоўшы мяжу, ён адразу ж пайшоў да ўпаўнаважанага, як было дамоўлена, і выклаў сутнасьць свайго заданьня. Да сястры і швагра ўпаўнаважаны загадаў не ехаць, а паручніку сказаць, што візыт у Гомель не ўдаўся, бо швагер, член партыі, даведаўшыся пра мэту прыезду сваяка, абурыўся і пагражаў заявіць у НКВД.
    Што датычыць іншых агентурных дадзеных, дык яны павінны быць дакладнымі, інакш агент накліча на сябе падазрэньні. Упаўнаважаны даваў гэтыя зьвесткі Садоўскаму, ведаючы, што яны і без таго вядомыя польскай контрразьведцы. Так Садоўскі снаваў паміж двума шэфамі, пакуль яго не выкрылі. Паручнік Маліноўскі аказаўся разумнейшым за нашага опэрупаўнаважанага. З нейкіх нюансаў ці пралікаў упаўнаважанага ён зразумеў, што Садоўскі - савецкі шпіён. У адзін з прыходаў у Польшчу яго арыштавалі. На допытах ён ні ў чым не прызнаваўся. Паручнік загадаў правесьці над ім экзэкуцыю і сам кіраваў ёю. Каманда ішла за камандай: “Падвесіць нагамі ўверх!”, “Даць гумы ў пяты!” Арыштаваны траціў прытомнасьць, яго адлівалі вадою. Зноў паўтараліся тыя ж пытаньні, а затым экзэкуцыі. На трэцім заходзе не вытрымаў, прызнаўся. Падпісаў усе патрэбныя паперы, атрымаў тэрмін два гады. Быў этапваны ў Вільню у Лукішскую “вязьніцу”, дзе і адседзеў свой тэрмін дзень у дзень. Пасьля вызваленьня Садоўскага зноў даставілі да паручніка Маліноўскага. На разьвітаньне той сказаў: “Што належыць паводле польскіх законаў, ты атрымаў і адседзеў. Цяпер мы цябе афіцыйна перададзім у Савецкі Саюз як грамадзяніна гэтай краіны. Там табе прыбавяць”. Як у ваду глядзеў, бо ведаў, пра што казаў.
    Перадача адбылася на мяжы з рук у рукі польскімі памежнікамі савецкім памежнікам. Відаць, існавала нейкая дамова паміж Польшчай і СССР. Палякі карысталіся гэтай дамовай хутчэй за ўсё тады, калі савецкі перабежчык не ўяўляў цікавасьці. Пра гэта можна меркаваць па перададзеных назад грамадзянах, якія былі ў нашай камэры, акрамя Садоўскага. Пра іх я раскажу крыху пазьней, а пакуль закончу гісторыю апошняга.
    Савецкія памежнікі прынялі яго з непрыхаванай варожасьцю. Але калі ён назваў свайго ўпаўнаважанага і папрасіў даставіць да яго, стаўленьне зьмянілася, бо Садоўскага, як і трэба было чакаць, прызналі за свайго.
    Пры сустрэчы з упаўнаважаным у яго кабінэце размова была кароткай.
    - Ну што, выкрылі?
    - Выкрылі.
    - Не вытрымаў?
    - Не вытрымаў. Падвешвалі ўверх нагамі, білі гумавымі дубінкамі па пятах. Хіба можна вытрымаць?
    - Так, вытрымаць нельга. Ну, пасядзі.
    А сам выйшаў з кабінэту. Прыйшоў другі і сеў на месца ўпаўнаважанага, паклаўшы перад сабой ліст паперы. Пачаў цікавіцца і запісваць анкетныя дадзеныя. Закончыўшы гэта, задаў першае пытаньне: “Дык вось, грамадзянін Садоўскі, якія агентурныя зьвесткі вы перадавалі польскай контрразьведцы?” Садоўскі з жахам зразумеў, што пачалося новае сьледзтва. У выніку тыя ж 10 гадоў. Толькі да артыкула “за контррэвалюцыйны зрыў і сабатаж пасяўной кампаніі” далучыўся яшчэ адзін – “за шпіянаж на карысьць Польшчы”. З гэтым “інтарэсам” ён і сядзеў разам са мною на пачатку 1937 года, калі зьвярнуўся да нас з просьбай напісаць касацыйную скаргу.
    Трэба сказаць, што падаваць касацыйныя скаргі ў тым часе ў вышэйшыя судовыя інстанцыі было небясьпечна. Звычайна вынікам гэтага было павелічэньне тэрміну шукальнікам праўды і справядлівасьці. Гэтымі мерамі вышэйшыя судовыя інстанцыі спрабавалі спыніць, і небеспасьпяхова, масавую плынь касацыйных скаргаў на свой адрас. Такім чынам, той, хто падаваў такую скаргу, вельмі рызыкаваў. Але рызыкаваць мог той, у каго быў нейкі запас тэрміну. З боку Садоўскага такая рызыка была недапушчальная. У яго ж была, як казалі ў турме, “поўная катушка”, гэта значыць 10 гадоў (25 гадоў тады яшчэ не прыдумалі). Вышэй за 10 гадоў у той час была толькі “вышка” - расстрэл. Калі Садоўскі зразумеў гэта, то адразу ж завагаўся і перадумаў падаваць скаргу. Потым этапныя дарогі разьвялі нас у розныя бакі, і пра яго далейшы лёс мне нічога не вядома.
                                              “Здраднік” дзед Маеўскі і радзіма-мачыха
    У менскай турме лёс зьвёў мяне з непісьменным дзедам Маеўскім, якога не закрануў нават лікбез. Было яму гадоў 65-70, а можа, і болей. Жыў ён да арышту на тэрыторыі савецкага прымежжа ў БССР паблізу мяжы.
    Доўгі час пасьля Рыскай мірнай дамовы з Польшчай мяжа была невыразнай і ўяўляла хутчэй дэмаркацыйную лінію. Сяляне хадзілі з Беларусі ў Польшчу і назад апрацоўваць ральлю і касіць сенажаці на сваіх землях, якія апынуліся за лініяй мяжы. Гэтаму ніхто не пярэчыў ні ў нас, ні ў Польшчы. Мяжа не ўяўляла сур'ёзнай перашкоды пры кантактах мясцовых жыхароў і пераадольвалася без асаблівых цяжкасьцьяў.
    Памятаю выпадак, калі дзяўчына з маёй вёскі Карзуны Чэрвеньскага раёна пад час польскай акупацыі выйшла замуж за польскага жаўнера і паехала да яго родных. Пазьней гэтая мясцовасьць адышла ў склад “крэсаў усходніх”. Шлюб чамусьці распаўся, і яна, ужо з дзіцем на руках, пайшла ў усходнім кірунку ад вёскі да вёскі. Мяжу перайшла без перашкодаў з касцамі.
    Здаецца, толькі ў 1924 годзе пачала працаваць польска-савецкая зьмяшаная геадэзічная камісія па рэкагнасцыроўцы і ўдакладненьні мяжы. Праца была скончана да 1927 года. “Замежныя” землі сялян былі адсечаны і страчаныя назаўсёды. Умовы на мяжы паступова станавіліся больш жорсткімі. Людзі прымежжа з цяжкасьцю да гэтага прызвычайваліся. Мяжа рэзала Беларусь па “жывым целе”.
    У 30-х гадах на значных адрэзках савецкага прымежжа былі пабудаваныя ўмацавальныя раёны, якія працягнуліся ўглыб нашай тэрыторыі. Складаліся яны з сыстэмы бэтонных дзотаў і капаніраў. Тут жа дыслацыраваліся войскі, што абслугоўвалі гэтыя ўмацаваньні. Уезд на тэрыторыю прымежжа без дазволу забараняўся. Мясцовыя жыхары мелі пашпарты з штампам “сямікілямэтровая памежная зона”. Значную частку насельніцтва выслалі пад час раскулачваньня і калектывізацыі.
    У часе, калі ў камэры менскай турмы лёс зьвёў мяне з старым Маеўскім, у краіне лютаваў тэрор і самадурства. Нагняталася шпіёнаманія, якая падагравалася судзілішчамі, прэсай, радыё і кіно. Дэманстраваліся фільмы з гучнымі назовамі, да прыкладу “Мяжа на замку”, у якіх памежнікі пасьпяхова ловяць, вядома, з удзелам мясцовых жыхароў, шпіёнаў і дывэрсантаў, закінутых на савецкую тэрыторыю.
    У жыцьці ўсё было крыху іначай. Стары Маеўскі не поўз па-пластунску глухой ноччу. Ён проста ішоў і прыйшоў у Польшчу, а памежныя патрулі яго не заўважылі. Дзед Маеўскі распавядаў нам у турме: “Выйду, бывала, у поле, бачу за мяжой званіцу, чую, як звоняць званы. Там, у мястэчку, бывалі кірмашы. Мы заўсёды туды хадзілі. Наважыўся я ў кірмашовы дзень пайсьці памаліцца Богу, прычасьціцца ды паспавядацца, а потым купіць карову. Узяў вяроўку і пайшоў”.
    У Польшчы дзеда арыштавалі. Высьветлілі, чаго дзед прыйшоў, і без затрымкі перадалі праз мяжу разам з вяроўкай. У нас вяроўку адабралі і пасадзілі. Суд быў несправядлівы, але хуткі. Дзеда прысудзілі паводле новага закону “Аб здрадзе Радзіме” да расстрэлу, але замянілі на 10 гадоў зьняволеньня - улічылі тое, што ў грамадзянскую вайну загінулі два ягоныя сыны.
    З-за сваёй неабачлівасьці і прастадушнасьці дзед Маеўскі ледзьве не стаў і кантрабандыстам. Ён жа намерваўся перавесьці праз мяжу ў Савецкі Саюз польскую карову!..
    Тут дарэчы сказаць некалькі слоў пра гэты жорсткі закон, згодна з якім быў асуджаны дзед, і пра гісторыю яго ўзьнікненьня. Як вядома, у 1933 годзе ў Германіі пад час “піўнога путчу” да ўлады прыйшоў Гітлер. Ён не хаваў сваіх дамаганьняў і апэтытаў, паглядваючы на ўсход. Савецкая дыпляматыя пачала зандаж пазыцый Польшчы. Дачыненьні з Польшчай пачалі наладжвацца, што знайшло адлюстраваньне ў адпаведнай дамове. Польскі порт Гдыню наведалі нашы ваенныя караблі. Усё ішло добра. Але ў часе стаянкі ў порце тры савецкія ваенныя маракі вырашылі ўцячы ў “панскую” Польшчу. Газэты тады пісалі, што праз пільнасьць вахтавага матроса двух беглякоў затрымалі, а трэці ўсё ж уцёк. Пазьней ён быў абвешчаны па-за законам.
    Можна ўявіць сабе шаленства “бацькі ўсіх народаў”, выкліканае гэтым канфузам. Неадкладна быў выдадзены згаданы вышэй закон, абвінавачваньне па якім мела вынікам расстрэл, а таксама асуджэньне сваякоў на тэрмін да 10 гадоў зьняволеньня. Ёсьць падставы меркаваць, што новы закон апрабоўваўся на злоўленых мараках. “Абкатваўся” ён і на старым Маеўскім.
    У тыя гады я праходзіў школу маладога чырвонаармейца ў чацьвёртым стралковым палку Другой Беларускай дывізіі. У казарме ў нас на прыкметным месцы вісеў той закон, надрукаваны буйнымі літарамі. Першыя праграмныя палітзаняткі з навабранцамі пачыналіся з яго вывучэньня. Усе разумелі, што іх бацькі адпаведна гэтаму закону - заложнікі. Характэрна, што ўсьлед за вывучэньнем тэксту закону ішло вывучэньне біяграфіі яго стваральніка - таварыша Сталіна.
    Здарылася так, што пад час фармаваньня этапнага эшалёна ў Воршы ў перасыльнай зоне, якая мела сваю спэцыяльна пракладзеную чыгуначную ветку, стары Маеўскі трапіў са мною ў адзін вагон цялятніка. У Маскве на Чырвонай Прэсьні ўсе мы прайшлі санітарную апрацоўку ў вайсковым санпрапускніку перад далёкай дарогай.
    Пасьля Масквы пацягнуліся доўгія напаўгалодныя дні падарожжа з нястачай вады і ежы праз усю Расею за Волгу, за Ўрал і далей - праз Барабінскія стэпы ў тайгу, якая гарэла і месцамі ўздоўж чыгункі ўжо моцна выгарала. Часам здавалася, што ёй не будзе канца. Куды нас везьлі, ніхто не ведаў. Тры поўныя эшалёны зэкаў, якія выйшлі з Масквы амаль адначасова, выпускаліся на перагоны з інтэрваламі не больш як 15 хвілін. Яны цягнуліся адзін за адным праз усю Сыбір, праз Байкальскія тунэлі да самага Ўладзівастока цэлых 15 дзён, іншым разам падоўгу стаялі на запасных пуцях буйных станцый.
    Колы вагонаў ні ўдзень, ні ўначы не пераставалі наганяць нуду, аднастайна адбіваючы “чачотку”, то часьцей і гусьцей, то радзей і выразьней, якая паступова сьціхала на станцыях нашых прыпынкаў. Гэты безупынны невыносны перастук з дня ў дзень, што ўрываўся ўнутр вагона праз адчыненыя закратаваныя вокны, адбіваўся ў галаве, як удары малатка. Тужліва і аднастайна цягнуліся дні і ночы, людзей не пакідала трывога, што даўно пасялілася ў іх душах. Усе скарыліся перад сваім лёсам. Нічога сур'ёзнага ў дарозе не здарылася, акрамя толькі таго, што на нашым вагоне, які быў пасярэдзіне саставу, у адным з тунэляў Байкальскай чыгункі быў зьбіты пражэктар, устаноўлены за межамі дапушчальных габарытаў. Пражэктары ставілі на некаторых вагонах для асьвятленьня ўначы бакоў саставу, каб папярэдзіць магчымыя ўцёкі ў дарозе. Калі пражэктар стукнуўся аб скалу ў тунэлі, канваір, які заўсёды стаяў на кандуктарскай пляцоўцы нашага вагона, страшэнна спужаўся, стаў страляць і крычаць: “Стой! Стой!” Цягнік спыніўся ў тунэлі на лічаныя хвіліны, пакуль начальнік канвою не высьветліў прычыну трывогі.
    Чым далей мы ад’яжджалі ад Беларусі, тым большы панічны страх і трывога авалодвалі дзедам Маеўскім. Яго палохала гэтая бясконцая язда і бяскрайнія прасторы зямлі. Упершыню ў жыцьці ён убачыў і адчуў, “які вялікі сьвет”. Дзесьці ў падсьвядомасьці высьпявала трывожнае пытаньне: ці давядзецца вярнуцца з такой далечы ў родныя месцы? За сьпіной ужо больш за шэсьць дзесяткаў пражытых гадоў, а наперадзе дзесяцігадовы тэрмін зьняволеньня. Якасна новае быцьцё ён асэнсаваў не адразу. У дарозе стары зразумеў, што яго вязуць “на край сьвету” і, можа, беззваротна. Разуменьне асуджанасьці і паступовае зьнікненьне надзеі прыводзілі яго ў адчай. З маладымі такога не было. Дапамагаў зарад аптымізму, уласьцівы маладосьці, які жывіў ілюзіі і самападман.
    Ва ўладзівастоцкай перасылцы абарочвалася 25-30 тысяч зэкаў, якія чакалі параходаў. Стары Маеўскі ўжо ведаў, што давядзецца плыць морам 2-3 тысячы кілямэтраў. Аднак на Калыму ён не трапіў. З зэкаў “другога гатунку” (паводле ацэнак начальства перасылкі і лягерных эскулапаў) камплектавалася працоўнае папаўненьне для чатырох саўгасаў, падпарадкаваных Магадану і разьмешчаных у раёне Ўладзівастока. Прадукцыя саўгасаў пастаўлялася на Калыму дзеля забесьпячэньня сьвежай гароднінай шматлікага начальства. Хварэць на цынгу начальству было не да твару. У адзін з такіх саўгасаў і быў накіраваны Маеўскі. На ўладзівастоцкай перасылцы мы з ім разьвіталіся назаўсёды. Далейшы яго лёс, так бы мовіць, пакрыты цемрай невядомасьці.
    На адным з чыгуначных перагонаў ў Сыбіры да нашых трох вагонаў далучылі чацьверты. У ім везьлі тылавых апалчэнцаў на будаўніцтва другой каляі Байкала-Амурскай чыгункі.
    Да таго часу Кітайска-Ўсходняя чыгунка, пабудаваная ў Маньчжурыі яшчэ царскім урадам, цалкам перайшла ў рукі кітайцаў. Таму грузы, якія раней везьлі па ёй ва Ўладзівасток праз Харбін, цяпер перавозілі праз Хабараўск па Байкала-Амурскай чыгунцы. З дарэвалюцыйных часоў яна заставалася аднакалейнай. Каб павялічыць прапускную здольнасьць дарогі, у другой палове 30-х гадоў разгарнулася будаўніцтва другой каляі. Было створана буйное падразьдзяленьне ГУЛАГу пад назовам БАМЛАГ, з сеткай лягераў на ўсім працягу чыгункі ад Байкала да Ўладзівастока. Гэта была адна з тагачасных «сталінскіх будоўляў камунізму». Там жа акрамя зэкаў выкарыстоўваліся ў якасьці працоўнай сілы і тылавыя апалчэнцы. Пра іх варта сказаць падрабязьней.
    Зараз даволі часта ўжываецца выраз «згортваньне нэпа». Мне здаецца, што ён згладжвае вострыя моманты гісторыі і вуалюе саму сутнасьць неапраўданага разгрому новай эканамічнай палітыкі, што ўдыхнула жыцьцё ў 20-х гадах у эканоміку краіны пасьля ваеннага камунізму і разрухі. Ініцыятыўныя людзі, якія актыўна ўцягнуліся ў эканамічнае жыцьцё краіны, аказалася падманутымі, адлучанымі ад сацыялізму. Гэта суправаджалася не толькі дыскрымінацыяй, экспрапрыяцыяй рухомай і нерухомай маёмасьці і сродкаў вытворчасьці, але і рэпрэсіямі. А быў жа пэрыяд у 20-х гадах, калі гаспадарчая дзейнасьць на аснове аднаасобнай сялянскай гаспадаркі заахвочвалася на ўрадавым і партыйным узроўнях усімі сродкамі. Рэклямаваліся лепшыя дасягненьні асобных гаспадароў, якія выкарыстоўвалі рэкамэндацыі агранамічнай навукі. У Беларусі ставілі ў прыклад гаспадарку культурніка Мароза (з Лепельшчыны), пазьней абвешчанага кулаком, раскулачанага і сасланага. Паўсюдна наладзіліся сельскагаспадарчыя выставы, шырока адзначаліся дні ўраджаю з абавязковым прэміраваньнем лепшых гаспадароў. Прэміі заслугоўвалі і атрымлівалі не толькі больш заможныя гаспадаркі, але і бяднейшыя. У дапамогу селяніну выдавалася на той час спэцыяльная літаратура, наглядная і плякатная прадукцыя, выходзіла пэрыёдыка тыпу бюлетэня “Сам сабе аграном” ды інш.
    Вядома, што такое ажыўленьне эканомікі адчувалася ў дробна- і сярэднепрамысловай, а таксама саматужнай вытворчасьці, у гандлі, асабліва ў спажывецкім, на аснове прыватнага арцельнага і каапэратыўнага прадпрымальніцтва, якое атрымала шырокае распаўсюджаньне. Гэтаму спрыяла адпаведная фінансавая і заканадаўчая палітыка дзяржавы.
    Але мінулі 20-я гады, калі з боку партыі і ўраду кідалі кліч “узбагачайцеся!”, зьвернуты да народа. Усё гэта было падсечана пад корань палітыка-эканамічным курсам, творцам якога былі Сталін і яго атачэньне. Найбольш актыўная і заможная частка насельніцтва атрымала зусім не бяскрыўдныя ярлыкі “кулак”, “нэпман”, у якія ўкладваўся палітычны сэнс. На іх пачалося ганеньне, што праявілася найперш у пазбаўленьні права голасу, якое распаўсюджвалася на ўсіх сямейнікаў. Як бацькам, так і іх дзецям былі зачыненыя ўсе шляхі, дзеля чаго ў кожнай даведцы - пасьведчаньні асобы ўказвалася гэтак званая клясавая прыналежнасьць. Мужчыны, што дасягнулі працоўнага ўзросту (20 гадоў), у рэгулярныя войскі не прызываліся. Для іх былі створаны часьці тылавога апалчэньня з мэтавым выкарыстаньнем у якасьці працоўнай сілы (“трудармии”). Кантынгент гэтых часьцей папаўняўся сынамі нэпманаў, сьвятароў, высланых і яшчэ не высланых кулакоў, падкулачнікаў і іншых людзей, якія існавалі з ярлыком “лишенец”. Тылавое апалчэньне займала нейкае прамежкавае становішча паміж страявымі часьцямі Чырвонай арміі і ГУЛАГам.
    Абмундзіраваньне тылавых апалчэнцаў выглядала не лепш, чым адзеньне лягернікаў. Я ўпершыню ўбачыў іх на пачатку 30-х гадоў на будаўніцтве шашы Менск - Магілёў. Яны былі абутыя ў чаравікі на драўлянай падэшве. Іх падразьдзяленьне нейкі час кватаравала ў Сьмілавічах. Сярод іх былі сыны мусульманскіх сьвятароў з Сярэдняй Азіі і Казахстана, а таксама праваслаўных папоў. На той час у Чырвонай Арміі насілі доўгія (да пятаў) шынялі. Гэта лічылася “шыкам”. Тылавым апалчэнцам, наадварот, выдавалі кароткія шынялі толькі дзеля таго, каб немагчыма было зблытаць “клясава чыстых” з “клясава чужымі”.
    Калі дзед Маеўскі даведаўся, што сьвет бясконцы, дык я пераканаўся ў тым, што сьвет цесны. Неяк аднаго разу на сыбірскай станцыі побач з нашым эшалёнам на сумежным пуці спыніўся састаў з тылавымі апалчэнцамі. Такі ж цялятнік, як і наш. З той толькі розьніцай, што два першыя вагоны былі пасажырскія. У іх ехалі камандзіры. Такой раскошы канвойная служба нашага эшалёна не мела. Ехала яна таксама ў быдлячым вагоне. “Якія самі, такія і сані”, як кажа народная прыказка.
    У вагоне цягніка (акно ў акно) я ўбачыў аднакашніка па Сьмілавіцкай сямігодцы Івана Гуза з суседняга Забалоцьця. Вёскі нашыя, падзеленыя поймай ракі Волма, знаходзяцца на адлегласьці трох кілямэтраў. Толькі Забалоцьце Менскага раёна, мая ж - Карзуны - Чэрвеньскага. Іван Гуз - тылавы апалчэнец. Становішча яго “прывілеяванае”. На акне няма кратаў, ён безканвойны ці амаль безканвойны. Я - падканвойны. Вокны майго вагона ў кратах. У кожнага з нас сваё таўро. Ён - сын кулака ці падкулачніка. Я - палітзэк, сын паўінтэлігента, паўселяніна, памерлага паўкалгасьнікам.
    Жыцьцё для нас, маладых, сталася жорсткім і бязьлітасным, радзіма - мачыхай. Хіба пра такі лёс марылі мы ў бясхмарныя вучнёўскія гады? Тады ў пэрыёдыцы, публіцыстыцы, мэмуарах мы шмат чыталі пра царскую катаргу і ссылку з яе нечалавечымі ўмовамі. Чыталі і “Запіскі з мёртвага дома” Дастаеўскага. Але ніхто з тагачаснай моладзі не дапускаў і думкі, што ў савецкі час, у нашы лепшыя маладыя гады шмат хто з нас будзе раздушаны д’ябальскай машынай сталінскіх рэпрэсій і беззаконьня ці забіты і дабіты на жудаснай вайне. Нашаму пакаленьню наканавана было выжыць значна парадзелым. Выжыў і я, выжыў і Іван Гуз. Мы вярнуліся ў родныя мясьціны. Зрэдку сустракаліся і ўспаміналі пра даўнія нягоды. Ён працаваў лінейным манцёрам на тэлеграфнай лініі сувязі, што ішла ўздоўж Магілёўскай шашы. Аднойчы зваліўся з падгнілага драўлянага слупа, што адбілася на яго здароўі. Я ж да выхаду на пэнсію працягваў працаваць у геалягічнай службе Беларусі.
    Прыкладна на палове шляху паміж Масквой і Ўладзівастокам мы прайшлі яшчэ адну санітарную апрацоўку. Гэта адбывалася, здаецца, на станцыі Марыінская, дзе разьмяшчаўся Сыблаг - цэнтар буйнога падразьдзяленьня ГУЛАГа. На сумежным пуці побач з нашым эшалёнам стаяў спэцыялізаваны санцягнік Сыблага, дзе была вашабойка, лазьня і ўсё іншае.
    Першымі на санапрацоўку павялі жанчын з вагона, счэпленага з нашым. Гэта былі евангелісткі-баптысткі. На прыпынках мы часта чулі, як яны сьпяваюць псалмы. Іх адправілі па этапе аддаць жыцьцё за веру.
    Калі мыліся жанчыны, уся блатная зграя абслугі і канвою, праяўляла да гэтай працэдуры нездаровую цікавасьць. Канвой узмоцнена “пільнаваў”, быццам голыя жанчыны маглі кінуцца наўцёкі.
    Прагнучы сэксуальных узбуджэньняў, уся гэтая зграя сьцягвалася сюды, прыдумляючы на тое розныя прычыны, каб задаволіць сваю пажадлівасьць шляхам нахабнага сузіраньня голых жаночых целаў.
    Аднаго разу, лежачы на верхніх нарах вагона, я, незаўважаны, назіраў за адным з канвойных, выстаўленых паміж цягнікамі. Ён уздымаўся на дыбачкі і моцна выцягваў шыю, каб зазірнуць у запацелае ваконца санцягніка, дзе мыліся жанчыны. Я паклікаў канвойнага і зьдзекліва параіў яму паглядзецца ў люстэрка, запэўніўшы, што ён убачыць тое ж, што шукае вачыма ў санцягніку. Калі я страціў да канвойнага цікавасьць і перастаў зьвяртаць на яго ўвагу, ён, падабраўшы зручны момант, уваткнуў у акно штык вінтоўкі, але прамахнуўся.
    Умовы існаваньня зьняволеных у лягерах былі даведзены лягерным самадурствам да крайніх межаў. А жанчынам-вязьням было нашмат цяжэй, чым мужчынам. І справа не толькі ў тым, што жанчына фізычна слабейшая. Біялягічная роля жанчыны, вызначаная прыродай, ускладняла яе жыцьцё ў няволі амаль на кожным кроку. Жанчына-зьняволеная была абсалютна безабаронная. Умовы паднявольнага лягернага жыцьця, тупіковыя, часта штучна створаныя сытуацыі, у якіх яна апыналася, сутыкалі жанчыну з дамаганьнямі, ставілі перад фактамі шантажу, гвалту, схіленьня да сужыцьця. Яе бяспраўнасьцю і безвыходнасьцю становішча карысталіся не толькі ўладныя людзі, але і ўсялякая крымінальная дрэнь, што жыла па-лягернаму прывольна. Неадлучнай часткай жаночых лягераў звычайна былі дзіцячыя “дамы”-баракі, у якіх утрымлівалі дзяцей з няшчасным лёсам, зачатых і народжаных у лягернай зоне па-за шлюбам. Лепш за ўсё пра гэта напісана самімі жанчынамі, якія прайшлі праз лягернае пекла. Я маю на ўвазе найперш Яўгенію Гінзбург - аўтара мэмуараў “Круты маршрут”, апублікаваных часопісам “Даугава” (1988 г.), і Хаву Валовіч, успаміны якой пад назовам “Пра мінулае” надрукаваныя ў штомесячніку «Горизонт» (№ 2 за 1989 г.). Не абышла гэтае пытаньне ў сваіх публікацыях і наша беларуская пісьменьніца Ядзьвіга Бяганская.
                                                    Іншыя насельнікі менскай турмы
    Вяртаючыся ва ўспамінах да асяродзьдзя, якое было сабранае ў менскай турме, варта адзначыць, што прадстаўнікі нашай агентуры ў Польшчы сустракаліся там даволі рэдка. Часьцей гэта былі сябры КПЗБ, якія ўцякалі ад ганеньняў і арыштаў. Рэпрэсіі раскідалі іх з нашымі тэрмінамі па ўсёй неабсяжнай краіне, аж да Калымы. Сярод іх апынуліся і сябры ЦК КПЗБ і КПП.
    Пра лёс аднаго з членаў ЦК КПП я даведаўся на Калыме з трэціх вуснаў. Гаворка ідзе пра Юзэка Чарнага. Гэта было ў гады Другой сусьветнай вайны. Да таго часу я ўжо адбыў свой тэрмін і працаваў па вольным найме. Адзін мой новы знаёмы, даведаўшыся, што я беларус, перадаў мне вусны аповяд Юзэка Чарнага, з якім ён адбываў тэрмін на адным з лягпунктаў. На вялікі жаль, я не памятаю назову лягпункта, дзе Юзэк Чарны наўрад ці дажыў да вызваленьня. Мой знаёмы перадаў гэты аповяд як споведзь асуджанага, які пад цяжарам лягерных нягод ператварыўся ў “дахадзягу”.
    Страціўшы надзею застацца жывым, Юзэк Чарны без усялякага ўтойваньня, праўдзіва і шчыра расказаў пра свой лёс майму знаёмаму.
    У першай палове 30-х гадоў польская палітычная паліцыя - дэфэнзыва пранікла ў падпольле КПП і правяла масавыя арышты. Быў арыштаваны і Юзэк Чарны. Яго дапытваў сам начальнік дэфэнзывы. Нарэшце ён прапанаваў Чарнаму пайсьці да іх на сакрэтную службу, гэта значыць стаць даносчыкам. Той з абурэньнем адмовіўся. Такія прапановы рабіліся ўсім арыштаваным. Прапанова Чарнаму гучала прыблізна так: “Юзэк! Ты разумны чалавек. Нашто табе гэты рэвалюцыйны рух? Плюнь на гэта і ідзі працаваць да нас”. Пасьля катэгарычнай адмовы начальнік палітпаліцыі сказаў наступнае: “Як хочаш. Але не забывай, што ты ў нашых руках. Што захочам, тое і зробім з табой. Мы можам цябе павесіць або асудзіць на доўгі тэрмін. Але мы так не зробім, бо гэта выкліча масавыя пратэсты, дэманстрацыі, а можа быць, і страйкі. А гэта лішняя і непатрэбная нам праца. Мы зробім прасьцей: выпусьцім цябе з турмы. Іншыя будуць сядзець, а цябе адпусьцім. Але памятай, Юзэк, трапіш урэшце паміж молатам і кавадлам”. Як сказаў, так і зрабіў. Чарны апынуўся на волі і мог жыць легальна.
    Такі тактычны прыём дэфэнзывы выклікаў падазрэньне, насьцярожанасьць і недавер з боку тых камуністаў, якія змаглі пазьбегнуць арыштаў. Яму не паведамлялі адрасы явак. У такім двухсэнсоўным становішчы Чарны знаходзіўся нейкі час у Польшчы, пакуль яго не выклікалі ў Маскву, у Камінтэрн. Пасьля прыезду ў Маскву ён быў арыштаваны і апынуўся пад сьледзтвам. Абвінавацілі ў супрацоўніцтве з дэфэнзывай.
    Чарны падрабязна расказаў сьледчаму пра прапанову начальніка дэфэнзывы і пра яго пагрозу. Даказваў, што гэта была правакацыя органаў Польшчы, разьлічаная на тое, каб расправіцца з ім рукамі НКВД. Нічога не дапамагло. У выніку 10 гадоў зьняволеньня, якія давялося адбываць на Калыме. Можна быць амаль упэўненым, што ён, як і сотні тысяч іншых, застаўся там навечна.
    Я ніколі раней не чуў пра Юзэка Чарнага. Мой знаёмы, які пераказаў мне гэтую гісторыю, паведаміў, што Юзэк Чарны - гэта партыйная мянушка, а вось сапраўднае яго прозьвішча ён забыўся. Пасьля вяртаньня з Калымы я не адразу змог упэўніцца ў тым, што сапраўды быў такі член ЦК КПП, бо мне не трапляла ў рукі літаратура па гісторыі КПП і КПЗБ. І толькі калі пры канцы 60-х ці напачатку 70-х гадоў я набыў кнігу «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі» (Менск, 1966), то пераканаўся, што Чарны - рэальная асоба. У гэтай кнізе ў паказальніку імёнаў насупраць прозьвішча “Я. Пашын” у дужках стаіць “Чарны”. На старонцы 116 гэтай кнігі ўпершыню згадваецца яго прозьвішча ў сувязі з тым, што на ІV канфэрэнцыі Камуністычнай партыі Польшчы, якая праходзіла ў Маскве ў 1925 годзе, ён быў абраны сябрам ЦК. У гэтай жа кнізе паведамляецца, што ён выбіраўся сябрам ЦК і на ІV зьезьдзе КПП у 1927 годзе, і на VI зьезьдзе ў 1937 годзе.
    Другой кнігай, з якой я ўзяў дакладныя зьвесткі пра Я. Пашына (Чарнага), была кніга М. С. Арэхвы, былога сябра ЦК КПЗБ, «Дела и люди КПЗБ. Воспоминания» (Менск, 1983). Ён паведамляе, што пазнаёміўся з Я. Пашыным на ІV партыйнай канфэрэнцыі КПП. У 1932 годзе пад час абмену паміж СССР і Польшчай праз станцыю Коласава на савецкую зямлю ў ліку сарака вязьняў адразу з турмы прыбыў і Я. Пашын. З кнігі вядома, што яшчэ ў 1936 годзе Я. Пашын быў дэлегатам КПП на VІІ кангрэсе Камінтэрна, які праходзіў у Маскве. Гэта апошняе згадваньне ў кнізе пра Я. Пашына. З прычыны ляканічнасьці зьвестак не прасочваецца яго далейшы лёс, як і шмат іншых сяброў ЦК КПП і КПЗБ, пазьней рэпрэсаваных у СССР. Будзем спадзявацца, што гэты прагал калі-небудзь запоўніцца.
    Калі быў напісаны апошні радок, пра Чарнага высьветлілася яшчэ сёе-тое. Я набыў кнігу “Открывая новые страницы. Международные вопросы: события и люди” (Масква, 1989). У ёй зьмешчаны артыкул Ф. І. Фірсава і І. С. Яжбароўскай “Пад дыктоўку Сталіна” (пра рэпрэсіі супраць Камуністычнай партыі Польшчы). На старонцы 388 напісана літаральна наступнае: “Апошні сябра Палітбюро ЦК КПП, які застаўся на волі, прадстаўнік партыі пры ВККІ Бялеўскі (Я. Пашын) быў арыштаваны 11 верасьня 1937 г.” Значыць, Юзэк Чарны, Я. Пашын, Бялеўскі - адзін і той жа чалавек. Пазначаная дата арышту ў названай кнізе была канцом яго палітычнай дзейнасьці і пачаткам крыжовай дарогі ў ГУЛАГ, якая скончылася на Калыме.
    Сярод насельнікаў той жа камэры ў менскай турме, пра якіх я расказваў вышэй, знаходзілася група моладзі. Гэта грамадзяне СССР, жыхары Савецкай Беларусі, студэнты польскай сэкцыі Менскага вышэйшага пэдінстытута (ВПІ). Па адной справе з імі праходзілі і настаўнікі польскіх школаў рэспублікі. Вось прозьвішчы некаторых студэнтаў: Краеўскі, Весцімберг, Цымбарэвіч, Шэфлер, Рыдзеўскі, Чарнышэвіч. Сярод настаўнікаў Зуеў і іншыя. Усе яны абвінавачваліся за ўдзел у “контррэвалюцыйнай польскай буржуазна-нацыяналістычнай арганізацыі” і іншых “грахах”. Становішча Васіля Зуева ва ўсёй гэтай справе было найбольш кур’ёзным. Па нацыянальнасьці ён расеец. Пад час голаду ў Паволжы ў 1921 годзе асірацеў і апынуўся ў асяродзьдзі беспрытульнікаў. Быў падабраны і ўладкаваны нейкім прыдуркам, апанаваным ідэяй інтэрнацыяналізму, у польскі дзіцячы дом. Яго згоды на гэты конт не пыталіся. У дзетдоме Зуеў даволі лёгка авалодаў польскай мовай. Там скончыў польскую школу, што заахвоціла яго паступіць у польскі пэдагагічны тэхнікум і стаць настаўнікам. Гэта і прывяло яго ў 1936-1937 гадах на лаву падсудных. Ён без усякага сумневу быў абвінавачаны ў польскім нацыяналізьме і асуджаны.
    Польская сэкцыя ВПІ пасьля арышту студэнтаў перастала існаваць. Пачалі зачыняцца і польскія школы. Дзеля гэтага не патрэбныя былі ўрадавыя загады і распараджэньні. Даволі было арышту настаўнікаў, каб школы самі па сабе перасталі функцыянаваць. Гэтакай была праславутая сталінская нацыянальная палітыка. Прыкладна такі ж лёс напаткаў і габрэйскія школы. Пасьля Другой сусьветнай вайны нацыянальныя польскія і габрэйскія школы не аднаўляліся. Дайшла чарга і да беларускіх школаў. Паціху, без лішняга шуму іх пераводзілі на расейскамоўнае выкладаньне, ні ў кога не пытаючыся згоды.
    Памятаю такі выпадак. Аднойчы гадоў 15-20 таму я ехаў з Менска па службовых справах у Мір. У аўтобусе выпадкова пачуў размову двух мужчынаў, якія сядзелі ззаду. Адзін з іх, відаць, жыхар Карэлічаў, скардзіўся другому, што дырэктар іхняй сярэдняй беларускай школы выклікаў бацькоў і дамагаўся ад іх пісьмовых заяваў з просьбай перавесьці выкладаньне прадметаў на расейскую мову. Ён імкнуўся пераканаць бацькоў, што беларуская мова не мае пэрспэктывы, што без яе лягчэй паступіць у ВНУ і г.д. Калі суразмоўца запытаўся: “Адкуль гэты дырэктар?”, першы адказаў: “Валацуга са сьвету”. Гэты дырэктар рабіў подласьці, крывіў душою адпаведна з тагачасным тэлефонным дырэктыўным устаноўкам партыі, якія не пакідалі сьледу на паперы, але афіцыйна выявіліся ў прапаганднай балбатні пра “слияние наций”.
    Студэнты польскай сэкцыі ВПІ расказвалі, што да іх у інтэрнат быў падселены староньні студэнт, які вучыўся на аддзяленьні замежных моваў. Быццам яму ў сваім інтэрнаце не хапіла месца. Яны не здагадваліся, што гэты студэнт быў сэксотам НКВД, і зразумелі гэта толькі пад час сьледзтва.
    Студэнт Весцімберг да арышту ўзначальваў камсамольскую арганізацыю польскай сэкцыі ВПІ. Ён распавядаў, як сьледчы патэтычна ўсклікаў: “Мы не дазволім контррэвалюцыі скампрамэтаваць і дыскрэдытаваць камсамольскага важака”, і зусім не бянтэжыўся ад таго, што астатнія арыштаваныя па гэтай справе таксама камсамольцы. І тут жа заклікаў праявіць палітычную сталасьць, дапамагчы органам у выкрыцьці “ворагаў народа, што сплялі гняздо контррэвалюцыі ў студэнцкім асяродзьдзі”. Калі ж задума сьледчага не знаходзіла водгуку ў сьвядомасьці Весцімберга, яго пераводзілі на “стойку” або прымушалі “шукаць пяты кут” у кабінэце, дзе праходзіў допыт.
    З адным з групы асуджаных студэнтаў польскай сэкцыі ВПІ мне наканавана было прайсьці сваю крыжовую дарогу разам. Ім быў Віктар Іванавіч Цымбарэвіч, родам з Шклоўшчыны, з вёскі Аляксандраўка. Ён вылучаўся сярод іншых высокім ростам, прыгожай паставаю, фізычнай сілай. Прыгожы, вельмі спакойны, нават крыху сарамлівы, даволі адукаваны, культурны, ён заўжды аказваў на ўсіх, хто з ім сутыкаўся, вельмі добрае ўражаньне. Увесь этапны час нас абодвух суправаджаў “алфавітны лёс”. Што гэта за лёс - растлумачу. Пачатковыя літары нашых прозьвішчаў “Ц” і “Ш” у алфавіце “стоят почти что рядом”. Зусім як у Маякоўскага з Пушкіным. Шматлікія ўлікова-разьмеркавальныя аддзелы ГУЛАГа (УРА, УРЧ), праз якія працякала незьлічоная маса зьняволеных, у тасоўцы іх, асабліва новых, карысталіся толькі алфавітам. Такім чынам алфавітны лёс прывёў нас разам аж на канцавы лягпункт “Камандзіроўка Чалюскін” за 600 км на поўнач ад Магадана ў басэйн ракі Калыма, у даліну ракі Хатыннах. Там належала нам распачаць “размотваньне” сваіх тэрмінаў. На першым часе мы нават працавалі разам у адным зьвяне брыгады па здабычы золата. Мой тэрмін быў карацейшы, чым тэрмін Віктара, а таму я раней разьвітаўся з абрыдлай зонай. Гэтая акалічнасьць разьвяла нас назаўсёды.
    У той жа камэры менскай турмы перад этапным стартам знаходзіліся і працаўнікі Белдзярждруку - пачынаючы ад наборшчыка і заканчваючы чамусьці галоўным мастаком. Пасадзілі іх за нейкую памылку друку, расцэненую як ідэалягічная дывэрсія, нягледзячы на тое што далей сыгнальнага паасобніка гэтая памылка не пайшла. Казалі, быццам пры друкаваньні твораў Маякоўскага радок у вершы “Я волком бы выгрыз бюрократизм” быў надрукаваны ў наступным выглядзе: «Я волком бы выгрыз бюро крайкома”.
    Нешта падобнае адбылося з рэдакцыяй краснадарскай “Красной газеты”. Калі мяне пасьля арышту пасадзілі ў сутарэньне Краснадарскага ўпраўленьня НКВД, у камэры я сустрэў амаль увесь склад рэдакцыі краявой газэты. Зноў-такі падвёў наборшчык. У гірляндзе эпітэтаў “великий, мудрый” і г.д., нагрувашчаных перад імем Сталіна, у слове “мудрый” ён памылкова набраў літару “н” замест “р”. Бясспрэчна, гэтая памылка каштавала ім дорага.
    Сядзеў разам са мною ў менскай турме ў той жа камэры супрацоўнік Беларускага гістарычнага музэя (прозьвішча не памятаю) за арганізацыю экспазыцыі, прысьвечанай легендарнаму Гаю. Зразумела, экспазыцыя была створана задоўга да абвяшчэньня Гая “ворагам народа”. Пасьля гэтага ніхто не рызыкнуў бы, ведаючы становішча ў краіне, папулярызаваць імя і заслугі героя грамадзянскай вайны. Органы канфіскавалі экспазыцыю з музэю і зьнішчылі яе. Аднак нейкі службіст-энкавэдэшнік дакапаўся, відаць, не без дапамогі даносчыкаў, да таго, хто ствараў экспазыцыю. Такім чынам, чалавек пацярпеў за тое, што не валодаў здольнасьцю прадбачаньня і не змог наперад угадаць, якая палітычная трансфармацыя адбудзецца са славаю Гая.
                                                      Сіла і слабасьць крэўных сувязяў
    У той жа камэры менскай турмы, дзе мы сядзелі, чакаючы этапнай разнарадкі, сядзеў былы студэнт Карасік, па нацыянальнасьці габрэй. Ён быў маленькі, нейкі нягеглы, кволы, нядужы. Відаць, быў блізарукі, пра што сьведчылі лінзы акуляраў, што павялічвалі ягоныя вочы і рабілі іх вірлатымі. Разам з гэтым розуму ён быў незвычайнага. Большай неадпаведнасьці паміж фізычнымі і разумовымі магчымасьцямі мне не давялося бачыць. Разважаў ён своеасабліва. Начытаўшыся Гейнэ, ён верыў у геній нямецкага народа, які, паводле яго меркаваньня, перагародзіць дарогу фашызму. Сваімі разважаньнямі Карасік выклікаў эмацыйныя пярэчаньні тых, хто ў гэтым разьбіраўся лепей. Яго не пераканала і тое, што ўжо тады на плошчах нямецкіх гарадоў пачалі палаць вогнішчы з кніг Гейнэ ды іншых, набіраў пачварную сілу антысэмітызм.
    Калі наш быдлячы цягнік рушыў з тупіковай веткі аршанскай перасыльнай турмы ў кірунку “столицы мира - сердца нашей России” Масквы, сястра Карасіка, запрыкмеціўшы вагон, у якім везьлі брата, рынулася сьледам. Яна рознымі цягнікамі апярэджвала наш і на буйных станцыях ужо чакала нашага прыбыцьця. Літаральна падала на штыхі канвою, каб выгукнуць некалькі словаў у закрачанае вакно вагона. Яе адганялі, абражалі канваіры. Яна не зьвяртала на іх увагі. Карасіку дапамагалі ўзабрацца на верхнія нары, пускалі да вакна. Яны (брат і сястра) замілавана з сумам глядзелі адно на аднаго. Вочы іх сьлязіліся. Сястра крычала брату:
    - Мама паехала ў Маскву! Яна даможацца прыёму ў Кагановіча! Не хвалюйся! Мы цябе здымем з этапу!
    Калі наш цягнік спыніўся ў Маскве на Краснай Прэсьні для санапрацоўкі, да вагона падышлі маці, сястра, начальнік канвою і нейкі чалавек у белым халаце. Начальнік канвою адсунуў дзьверы вагона і выклікаў Карасіка. Мы з ім разьвіталіся назаўсёды, пажадаўшы яму волі.
    Я іншым разам думаю пра лёс гэтага хлопца. Што з ім было далей? Волі ён не мог убачыць, хоць мы шчыра жадалі яму гэтага. Такое было немагчыма, неверагодна. Можа, ён адбываў свой тэрмін у Менску, працуючы на вытворчым двары турмы? А далей што? Далей вайна і акупацыя Менска. А да гэтага? Эвакуацыя палітвязьняў турмы і расстрэл дзе-небудзь па дарозе на ўсход. Немцы ж насядалі, а выпусьціць ахвяр з сваіх кіпцюроў органы не хацелі. Быў жа на той час багаты вопыт Курапатаў, Катыні ды іншых зладзействаў.
    Усё гэта ў той час было магчыма. Карасік мог злажыць свае дробныя косьці і побач з маім родным раённым цэнтрам Ігуменам (Чэрвенем) - у цагельні або яшчэ дзе-небудзь. А калі яму ўсё ж удалося нейкім чынам застацца ў Менску або вярнуцца ў яго, то далей просты шлях ішоў у гета. Фінал там такі ж. Ці пасьпеў ён упэўніцца ў ілюзорнасьці гуманістычнай сілы нямецкага генія перад фашызмам?
    У тыя гады часта здаралася, што чалавек, вырваўшыся з лапаў адной канібальскай сыстэмы, трапляў у кіпцюры або ў абдымкі другой. Тады, калі студэнта Карасіка везьлі на “вакацыі” ў ГУЛАГ, клясава разьюшаная карная сыстэма ў асобе НКВД, падмяўшы пад сябе свой народ, азьвярэла абяскроўлівала яго рэпрэсіямі, расстрэламі. Узброеная ідэалёгіяй бальшавізму, яна праводзіла генацыд адкрыта. Тэарэтычныя абгрунтаваньні тэрору і генацыду цягнуцца каранямі ў дарэвалюцыйны час. Яшчэ тады ў хворых мазгах расейскай сацыял-дэмакратыі ды іншых аднамасных партый камуністычнай плыні ўзьнікалі канібальскія апэтыты. Для ілюстрацыі падаю вытрымку з кнігі В. А. Пасе (хаўруснік А. М. Горкага па выдавецкай дзейнасьці) «Мой жизненный путь», выдадзенай у 1929 годзе. Там, дзе аўтар спыняецца на пэрыядзе 1905-1906 гадоў, ён піша пра сына А. М. Энгельгарда - Міхаіла. Бацька Міхаіла - уладальнік маёнтка «Батищево» - прагрэсіўны памешчык, аўтар «Писем из деревни». В. А. Пасе пісаў (падаю на мове арыгінала): “Михаил, болезненный и с виду искаверканный, из народников превратился в максималиста. Он стоял за революционный захват крестьянами помещичьих земель, рабочими - фабрик и заводов и был сторонником массового красного террора. Он даже высчитал, что для укрепления социалистического строя в России необходимо уничтожить не менее двенадцати миллионов контрреволюционеров, к которым он причислял кулаков и почти всех казаков, не говоря уже о помещиках, банкирах, фабрикантах и попах». Можна падумаць, што гэта - блюзьненьне нейкага вар’ята. Зусім не. І далей: «Эта теоретическая кровожадность сочеталась у Михаила Александровича с величайшей личной незлобливостью. Не много я встречал таких добрых, отзывчивых тружеников, как он. Работал он с утра до поздней ночи, переводя для Павленкова (выдавец. - В. Ш.) книги самого различного содержания с разных языков, которые он прекрасно знал, писал статьи по самым различным вопросам, перерабатывал небольшой энциклопедический словарь и т. д.”
    Як бачым, “теоретическая кровожадность” - прадукт канібальскай камуністычнай ідэалёгіі, якая нават рахманае цяля здольная ператварыць у драпежніка. А калі апантаны гэтай ідэалёгіяй чалавек носіць у сабе генэтычныя задаткі садыста, памножаныя на абсалютную неабмежаваную ўладу?.. Гістарычная практыка дваццатага стагодзьдзя паказала жудасныя праяўленьні “теоретической кровожадности”, матэрыялізаванай матэрыялістамі неаднойчы. Яна высунула такія постаці, як Ленін, Сталін, Мао Цзэ-дун, Пол Пот ды іншыя. Гэта ўжо не 12 мільёнаў нявінных ахвяраў, а напэўна, у 10 разоў больш.
    Шэраг партый і фракцый адной афарбоўкі выйшлі з чэрава “Народнай волі”. Далей разбрыліся, блукаючы па розных ідэалягічных шляхах, па-рознаму тлумачачы “учение основоположников”, не грэбуючы ў практычнай дзейнасьці і тэрорам. Тасуючы ідэалягічныя карты, часта перагрупоўваліся і ўрэшце станавіліся лютымі ворагамі паміж сабой, нібы нашчадкі, што не падзялілі спадкі. Максымалісты былі фракцыяй у партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, імкнучыся да сацыялізму праз масавы тэрор як аснову сваёй дзейнасьці. У 1920 годзе фракцыя распалася. Бальшыня яе членаў уступіла ў РКП(б). Відаць таму, што дзейнасьць бальшавікоў у асобе ВЧК імпанавала ім, адпавядаючы іх ідэалам. Таму яны стараліся трапіць на працу ў гэты орган, дзе маглі рэалізаваць сваю “теоретическую кровожадность”, садзячы ў вастрогі, расстрэльваючы і сваіх былых аднапартыйцаў, асабліва правых эсэраў. Калі ж бальшавікі разгарнулі новую хвалю масавага тэрору пры канцы 20-х і 30-х гадоў, надышла і іх чарга. Сталін не мог дараваць ім былое членства ў партыі эсэраў і яны пайшлі пад “вышку” або этапамі ў палітізалятары ды зоны ГУЛАГа разам з членамі сваёй былой ды іншых партый. Зараз, відаць, яны трапілі ў лік тых 20 тысяч чэкістаў, што, згодна з статыстыкай КГБ, апынуліся ў зонах ГУЛАГа, быццам бы пярэчачы канібальскай палітыцы Сталіна. А ў сапраўднасьці асуджаліся як “враги народа, пробравшиеся в органы и в ВКП(б)”.
    На этапных скрыжаваньнях і ў лягерах мне не раз даводзілася сутыкацца як з эсэрамі, так і з бальшавікамі. Апошнія траплялі ў канцлягеры ГУЛАГа праз схільнасьць бальшавізму да самажэрства. Кідалася ў вочы тое, што эсэры вылучаліся вышэйшым інтэлектам і адукаванасьцю. Відаць, у іх партыю трапляла больш інтэлігенцыі і мала люмпэнаў ды басякоў ці проста дурняў.
    Гістарычны працэс паказаў, што гуманістычны геній і расейскага народа таксама стаўся бездапаможным перад навалай бальшавізму, перад практыкай увасабленьня “теоретической кровожадности” ў дачыненьні да свайго народа. Падкрэсьліваю: менавіта да свайго народа. Толькі гэтым і адрозьніваецца бальшавізм ад фашызму. У астатнім яны мелі крэўную злавесную сувязь, тоеснасьць і падабенства, асабліва ў спосабах ажыцьцяўленьня сваіх злачынных задум, тлумілі людзям галовы, што будуюць сацыялізм, адны - нацыянальны, другія - інтэрнацыянальны, адны спадзяваліся на крупаўскую зброю, другія - на “мировую революцию”, экспартуючы яе праз трэці інтэрнацыянал.
    Носьбіты канібальскіх тэорый, захапіўшы ўладу ў сваіх краінах у 1917 і ў 1933 гадах, стварылі дзьве супрацьлеглыя мілітарысцкія таталітарныя дзяржавы. Тым часам бальшавізм, страціўшы надзею на “мировую революцию”, таксама ўзяўся за зброю. На пэўным этапе, адчуваючы крэўную сувязь, яны змовіліся супраць астатніх дзяржаў і пачалі падмінаць пад тракі сваіх танкаў суседнія краіны, нават не заўсёды ставячы над імі сваіх марыянэтак. Пасьля 1939 года ў савецкіх школах паявіліся новыя геаграфічныя карты, на якіх цераз усю карэнную Польшчу было напісана: “Сфера государственных интересов Германии”. Надпіс “Польшча” адсутнічаў.
    Нават пры ўмовах падзелу паміж імі “сфер влияния, сфер интересов” мір паміж імі доўга трываць не мог, бо абедзьве агрэсіўныя дзяржавы квапіліся на ўвесь сьвет. Ні больш, ні менш. Яны драпежна, прагна паглядалі мілітарысцкімі вачыма адна на адну, рыхтуючыся да сьмяротнай схваткі, што неўзабаве і адбылося. У гэтым выпадку крэўныя сувязі пад увагу не браліся. Адна дзяржава павінна была легчы касцьмі, што выпала на долю Германіі. Як вядома, перамагла кааліцыя бальшавіцкай дзяржавы з дэмакратычнай Эўропай ды Амэрыкай. Нацыянал-сацыялізм сышоў з гістарычнай сцэны, зьнік з твару зямлі. Застаўся толькі бальшавіцкі сацыялізм з ранейшай прагнай, але марнай надзеяй авалодаць усім сьветам. Па-ранейшаму не браліся пад увагу ўтапічнасьць ідэй, тупіковасьць і тупасьць практыкі іх ажыцьцяўленьня ў сябе ў краіне.
    Бальшавізму таксама наканавана зьнікнуць, што мы зараз і назіраем, бо ён не вытрымаў і не мог вытрымаць гістарычнага экзамэну як зьява штучная, антычалавечая. Зарадзіўся ён у Расеі. У ёй жа ў першую чаргу пачаў зьнікаць, пацягнуўшы за сабой разбурэньне таталітарнай каляніяльнай імпэрыі. “Россия отвечает сама за себя. Большевизм - ее собственный грех. Освобождение от него - ее подвиг”. Так сказаў не які-небудзь “инородец”. Так сказаў Фёдараў - праўдзівы, шчыры расейскі чалавек, у душы хварэючы за лёс расейскага народа.
                                                                      “Навасельле”
    Хатыннах... У гэтым назове ракі ёсьць нешта злавеснае, як і ў назовах Хатынь, Катынь.
    На працягу даволі доўгай геалягічнай гісторыі рака Хатыннах выпрацавала сабе паміж сопак глыбокую даліну ў сыстэме вадазбору левага ўзьбярэжжа верхняй плыні Калымы. Уразаючыся ў тоўшчу гліністых сланцаў, яна адгалінавала ад сябе шматлікія бакавыя даліны, якія тут называюць распадкамі. Раку жывяць ручаі, што цякуць па распадках, заціснутыя падножжамі сопак. Ручаі на Калыме называюць “ключамі”. Значную геалягічную працу прырода ўсклала на гэтыя ручаі. У няспынным працэсе пераўтварэньня краявіду яны паволі заглыбляюцца ў каменныя пароды. Тальвегі распадкаў, якімі зьяўляюцца рэчышчы ручаёў, парожыстыя, яны крута паніжаюцца ў бок вусьцяў. Пасьля дажджоў па іх нясуцца ў даліну Хатыннаха шалёныя мутныя струмені ўсьпененай вады, перамешанай з пяском, жвірам, галькай, каменьнем розных памераў, карчамі. Гэта - адно з шматлікіх абліччаў вадзяной стыхіі, вядомае пад назовам “селі, селевыя плыні”. У такія часіны працэс уразаньня ручаёў, распрацоўка далін распадкаў ідзе найбольш інтэнсіўна. Недзе там, паміж сопак, ручаі ў мінулым уцягнулі ў вечны ход разбурэньня і пераўтварэньня кварцавыя залатаносныя жылы, выслабанілі мэталь і вынесьлі яго ў даліну Хатыннаха, дзе рака выслала яго па ўсім сваім рэчышчы, расьцягнуўшы на дзесяткі кілямэтраў, ды схавала гэты скарб, засыпаўшы сваімі адкладамі. Так утварыліся багатыя россыпы ракі Хатыннах.
    На пачатку трыццатых гадоў у гэтых мясьцінах зьявіліся геолягі і выявілі россыпы. З таго часу рака Хатыннах набыла славу калымскага Кландайка. Сьледам ішла другая слава: пагібельная, жудасная, трагічная, крывавая. На дзікіх, неабжытых берагах асталяваліся людзі. Узаемадачыненьні паміж імі характарызаваліся тым, што адны стваралі пекла для другіх, кульмінацыяй чаго былі лягерны тэрор, разгул “тройкі”, расстрэлы зьняволеных. Так пачыналася новая гісторыя гэтых мясьцін, гэтага краю. Гісторыя кароткая ў параўнаньні з вечнасьцю, але страшная ў сваёй неверагоднасьці.
    “Правіў баль” у даліне Хатыннаха Севлаг - падразьдзяленьне магаданскага УСВИТЛа (Управление северо-восточных исправительно - чытай: истребительно-трудовых лагерей), якое пастаўляла зэкаў, іначай кажучы, рабскую рабочую сілу для ўсіх капальняў Калымы. УСВИТЛ уваходзіў у склад “вярхоўнага ляга” ГУЛАГа (Главного управления лагерей) НКВД СССР.
    Гаспадарчую дзейнасьць ажыцьцяўляў Дальстрой (Главное управление строительства Дальнего севера) з цэнтрам у Магадане. Галоўнае ўпраўленьне Дальбуда падзялялася на шэраг горна-прамысловых, а таксама іншых дапаможных упраўленьняў і службаў. Уся яго сыстэма таксама падпарадкоўвалася НКВД СССР. Тэрыторыя дзейнасьці Дальбуда была настолькі вялікая, што на ёй магла б зьмясьціцца ўся Заходняя Эўропа.
    Шматлікі адміністрацыйны ды інжынэрна-тэхнічны апарат гэтага ўпраўленьня складалі вольнанаёмныя службоўцы (на лягерным жаргоне – “вальняшкі”). Рабочая сіла - выключна зэкі. Апошнія ў асноўным “ворагі народа”. Былі, зразумела, і бытавікі, і крымінальнікі, рэцыдывісты. Блатныя сярод іх складалі лягерную касту. Апошнія імкнуліся трымаць у сваіх руках нутраное жыцьцё лягера або ўплываць на яго, незалежна ад лягернага начальства.
    Адпрацоўку даліны Хатыннаха і суседніх далін вялі залатыя капальні (прыіскі) імя Вадап’янава, Штурмавы, Верхні Ат-Урах, Туманны. Яны стваралі вытворчую сыстэму СГПУ (Северного горно-промышленного управления Дальстроя). Цэнтар яго знаходзіўся ў пасёлку Хатыннах, пабудаваным у даліне ракі, якая дала яму сваё найменьне. Побач з пасёлкам знаходзіўся прыіск імя Вадап’янава, падзелены на некалькі ўчасткаў. На ўчастках былі ўтвораны асобныя лягпункты Севлага, якія, маючы ўласны назоў, абагульнена зваліся “камандзіроўкамі”.
    На левым спадзістым схіле ракі Хатыннах, ля падножжа сопкі Чок-Чык, прыляпіўся лягпункт “Камандзіроўка Чэлюскін”. Да пасёлка Хатыннах менш чым кілямэтар. Амаль квадратны пляц лягпункта абцягнуты калючым дротам. Па кутах квадрата - вартавыя вышкі. Гэта зона лягпункта. У зоне два шэрагі палатак, па пяць у шэрагу, на пяцьдзесят месцаў кожная. Рады палатак утварылі нешта накшталт вуліцы. У канцы вуліцы невялікая кухня, бойлер для гатаваньня вады, капцёрка ды шавецка-кравецкая майстэрня для латаньня адзеньня і абутку.
    Адгалінаваньне ад дарогі, што вядзе з пасёлка Хатыннах на прыіск “Штурмавы”, упіраецца ў шырокую браму зоны. Над брамаю - дзяжурны лёзунг: “Труд в СССР - дело чести, дело славы, дело доблести и геройства (И. В. Сталин)”. Побач з брамай прахадная і маленькая будыніна вахты. З другога боку брамы, у зоне, невялікі дамок начальніка лягпункта. Усё мае рысы нейкай казённай часовасьці, нічога ўнушальнага, капітальнага, грунтоўнага. Начальнікі лягпункта, што часта мяняліся, жылі адзінока, без сем'яў.
    Ля вахты пастаўлены слуп, што нагадвае сабой шыбеніцу, на якім вісіць кавалак рэйкі. Па ім б’юць старым адпрацаваным кайлом згодна са строгім раскладам, апавяшчаючы гэтым пад’ём, выхад на працу, паверку, адбой.
    За зонай лагпункта, на водшыбе, драўляны дом з лістоўніцы. У ім жыве вохра (“военизированная охрана”), нанятая сярод былых чырвонаармейцаў, дэмабілізаваных пасьля тэрміновай службы ў войску. Тамсама жыве начальнік участка прыіска, нехта Задзясенец. Са свойскай жывёлы там трымаюць толькі аўчарак.
    Унізе, у даліне, па роўдані ракі, забоі (разрэзы), адвалы. Пыхкае нафтавы рухавічок, што прыводзіць у рух лябёдку з тросам і ўсьцягвае ваганэткі з залатаноснай пародай на эстакаду бутары (прамыўнога жолаба). Чорная зямля разварочаная, адкрыта яе нутро са скарбам. Зэкі, бы мурашкі, корпаюцца ў забоях, снуюць з тачкамі то на загрузачны бункер, то назад у забоі. На борце забою канвой, пільны, службісты.
    І гэтак дзень пры дні, з раніцы да вечара, улетку і ўзімку, увосень і ўвесну. Працягласьць чыстага вытворчага часу дванаццаць гадзін на суткі. Кароткі сон, нішчымная ежа, цяжкая праца пад канвоем. Час ідзе марудна. Усё падпарадкавана аднойчы заведзенаму лягернаму рэжыму. У пэрспэктыве ў адных зэкаў пяць, дзесяць, у іншых пятнаццаць, а то і дваццаць пяць гадоў тэрміну зьняволеньня. Гэта вам не “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, а ўсё жыцьцё. Нехта выцягне свой тэрмін, а нехта і сам выцягнецца.
    Сюды - на “Камандзіроўку Чэлюскін” - і “камандзіравалі” мяне, былога курсанта Маскоўскай артшколы, у 1937 годзе на “навасельле” аж за 13 тысяч кілямэтраў ад дому, ад Беларусі. Апрача мяне яшчэ пяцьсот з розных куткоў неабсяжнай краіны.
    У каго з “ворагаў народа” ні пытаўся, ва ўсіх абвінавачаньні самыя недарэчныя. Усе лічылі сябе ні ў чым не вінаватымі. Яно так і было. Ім не было ў чым каяцца, не ў прыклад тым, хто іх садзіў.
                                                                  Сэрпантынка
    Пераковы (папярочны) профіль даліны ракі Хатыннах асымэтрычны. Левы схіл спадзісты, правы - стромкі, расьсечаны распадкамі. Адзін з такіх распадкаў можна бачыць з зоны нашага лягпункта. Да яго з паўкілямэтра ці крыху болей. Ён насупраць. Яго нізоўе як на далоні, усё навідавоку. Пераковы профіль даліны распадка таксама асымэтрычны. Правы схіл больш спадзісты, чым левы. Па правым схіле ў распадак уцягваецца шашэйная дарога, што йдзе з пасёлка Хатыннах. Прыблізна праз паўкілямэтра дарога ўтварае крывулю і вяртаецца амаль да самага вусьця даліны распадка на больш высокім роўні схілу, робіць новую крывулю і зноў паглыбляецца ў распадак - у бок вершаліны. І гэтак тры разы, пакуль не выбіраецца на водападзел, утварыўшы сэрпантын. Далей дарога йдзе на Ягаднінскі перавал, агінаючы вытокі ракі Верхні Ат-Урах, і спускаецца па распадку Ягадны ў даліну Дзебіна (левага прытока Калымы), дзе сутыкаецца з шашой Магадан-Сусуман. Шашу на Калыме называюць трасай. Па гэтай трасе нас у розны час “трасіравалі” ўглыб калымскай тайгі, на адлегласьць каля шасьцісот кілямэтраў на поўнач ад Магадана, дзе мы ўсе - пяцьсот чалавек і сталі “жыхарамі” аднаго са шматлікіх Калымскіх лягераў - лягпункта “Камандзіроўка Чэлюскін”. Мы - гэта мужчыны розных узростаў, розных нацыянальнасьцяў, рознай адукацыі, розных фізычных сіл. Аднолькавы быў толькі лёс.
    Ад першага (ніжняга) пляча сэрпантыну, ад яго сярэдзіны, пэрпэндыкулярна прастуе тупіковая дарога, спускаючыся па схіле распадка ў бок яго тальвега. Гэта - дарога на той сьвет. Мэтраў праз 150-200 яна канчаецца, упёршыся ў браму драцяной агароджы з вартавымі вышкамі. За калючым дротам - прысадзістая драўляная будыніна барачнага тыпу, з пляскатым дахам. Гэта турма. Зьняволеныя яе называлі “турма ў турме”, бо яна прызначалася для іх. Блізкае суседзтва дарожнага сэрпантыну вызначыла ёй і адмысловы назоў “Сэрпантынка”, вядомы ўсяму нявольнаму люду Севлага, і нават усёй Калыме. З гадамі жудасная слава яе пракрычала ў шырокі сьвет, за межы Калымы, за межы краіны, праз творы Аляксандра Салжаніцына, Яўгеньні Гінзбург, Варлама Шаламава. Яе прыгадвае і наша беларуская пісьменьніца Ядвіга Бяганская. Для таго, хто трапляў у Сэрпантынку, зваротнага шляху не было, нават у лягерную зону. Адтуль быў толькі адзін шлях: у вечную мерзлату...
    Сэрпантынка - гэта царства “тройкі” НКВД па Дальбуду, якая больш за ўсё лютавала ўзімку 1937 года, у 1938-1939 гадах і пазьней пад старшынствам маёра міліцыі (прозьвішча забылася). Сэрпантынка была месцам кульмінацыі лягернага тэрору, што лютаваў па ўсёй Калыме. У сыстэме УСВИТЛа яна была не адзіным месцам гвалтоўнай згубы зьняволеных.
    Паміж звычайным лягерам і Сэрпантынкай існавала яшчэ сыстэма РУРаў (рот усиленного режима), штрафных участкаў і нават штрафных прыіскаў. Яны былі чарговымі прыступкамі на калымскую Галгофу. Варта нагадаць крыніцу “Свистопляс” на прыіску “Штурмавы”, Рыжая Крыніца на прыіску імя Вадап’янава, штрафны прыіск Туманны ды іншыя. Гэта толькі на тэрыторыі Севлага. Па сутнасьці такой была ўся калымская лягерная правінцыя - ад Магадана да Сусумана, і далей на захад - да басэйна Індзігіркі, ад вытокаў Калымы да Чаунскай губы і Чукоткі. “Сатана там правіў баль, людзі мерлі за мэталь”. І не толькі за мэталь. Калыма была выбрана як “лепшая” з ліку іншых мясьцін наўмыснай згубы душаў чалавечых, якіх адпраўлялі на закланьне Молаху, імя якога - сталінізм.
                                                                 Гукавая маскіроўка
    Зіма 1938/39 года. Лютуюць маразы, лютуе лягернае начальства. Слупок тэрмомэтру апускаецца ніжэй за пяцьдзесят, іншы раз устойліва дасягае шасьцідзесяці. Начамі палае паўночнае зьзяньне, наводзячы жуду сваім рознакаляровым дрыготкім зіхаценьнем. Яно ўспрымаецца як апакаліптычны знак, бо нараджае і будзіць нядобрыя прадчуваньні.
    Лягер сьпіць у зьнямозе. Палаткі патанулі ў глыбокім сьнезе. Уваходы ў іх нагадваюць сабой вусьці штольняў. Часам здаецца, што тут няма жыцьця. Быццам усё вымерзла і вымерла. Ні шолаху ветрыку, ні крыку птушкі, ні чалавечага голасу. Мёртвая цішыня. Толькі зрэдку чуваць адзіночныя “выбухі”. Гэта недзе трэскаецца зямля, не вытрымаўшы лютай сьцюжы.
    Пасьля трох гадзін апоўначы пачынаюцца сапраўдныя выбухі. Яны чутны па ўсёй даліне Хатыннаха, то блізка, то далёка. Гэта падрыўнікі ірвуць вечнамерзлую пароду ў забоях, рыхтуючы фронт работы на дзень.
    У распадку насупраць лягера, на тым баку даліны Хатыннаха, сьвецяцца агні Сэрпантынкі. Недзе там, на яе тэрыторыі, грукоча трактарны матор. Гук яго, прыглушаны адлегласьцю, перабіваецца выбухамі ў забоях. Там, у турме, творыцца чорная справа. Надышоў зручны час зладзейскіх расстрэлаў па прысудзе “тройкі”. Робіцца гэта пад гукі выбухаў і грукат трактарнага матора, каб не чулі пісталетнага трэску іншыя вязьні, што сядзяць у катухах драўлянай турмы, як у хляве, чыя чарга яшчэ не падышла. Для гэтага і скарыстоўваецца гукавая маскіроўка, выпадковая і знарокавая. А яшчэ для таго, каб не насьцярожваць зэкаў у лягерных зонах ды не выклікаць нейкага згуртаваньня або нават супраціву. Дарэмна асьцерагаліся каты. Людзі былі даведзеныя да такога стану, што ў бальшыні дух пратэсту зьнік дашчэнту. Можна не лічыць адчайныя безразважныя спробы адзіночак, даведзеных да той мяжы, калі жыцьцё ўжо не мае сэнсу. Варта адзначыць, што ў бальшыні неставала ні духоўных, ні фізычных сілаў, каб пайсьці на нейкі рашучы крок у абарону сваёй годнасьці, хоць бы цаной жыцьця. За выразнай змарнеласьцю і прыгнечанасьцю часам нічога не заставалася, апрача жывёльнага інстынкту самазахаваньня ды ўсьведамленьня сваёй безабароннасьці. Лягернае начальства не грэбавала магчымасьцю скарыстаць сьляпы інстынкт для нацкоўваньня зьняволеных адзін на аднаго. Напрыклад, крымінальнікаў супраць палітычных, паслабляючы лягерны рэжым для першых і бязьлітасна прыгнятаючы апошніх. Гэтым становішчам карысталіся і органы НКВД па Дальбуду, каб вэрбаваць стукачоў. Дарэчы, сярод палітычных гэта ім удавалася рэдка. Аднак іншы раз удавалася.
                                                                                    Стукач
    Быў у нашай брыгадзе палітвязень - нехта Колесаў. Чалавек на першы погляд вельмі асьцярожны. Ён ніколі не карыстаўся тою свабодай слова, якая існавала ў лягерах сярод палітычных, і не толькі. Патрэба выказацца адкрыта тут рэалізавалася поўнасьцю. Парадокс сытуацыі палягаў у тым, што свабода слова існавала толькі ў лягернай зоне, у лягерным асяродзьдзі. Лягернае начальства ў духу таго часу сьцьвярджала, што на Калыме сабраныя “адпетыя носьбіты контррэвалюцыі” з усяе краіны. А на самой справе там знаходзілася значная частка інтэлектуальнага патэнцыялу народа. Нягледзячы на ўсе цяжкасьці існаваньня, энэргія гэтага патэнцыялу рабіла сваю справу. Канфіскаваць веды органы не маглі. Хіба разам з жыцьцём? Людзі наагул разумнелі, з выняткам крымінальнікаў. Апошнія ішлі па шляху дэградацыі па інэрцыі.
    Нехта назваў Калыму “ўнівэрсытэтам”. У гэтым ёсьць доля праўды. Толькі трэба мець на ўвазе, што гэты ўнівэрсытэт, у традыцыях ГУЛАГа, быў вельмі жорсткі. Тыя з інтэлігенцыі, што сеялі разумнае, добрае, вечнае, гінулі ў першую чаргу ад невыносных умоў існаваньня як найменш прыстасаваныя і ад лягернага тэрору.
    У гэтым асяродзьдзі органам НКВД хацелася мець сваё вока, сваё вуха. Але яно, гэтае асяродзьдзе, не было прыдатным для вярбоўкі стукачоў, апрача адзінак, якія ў мінулым так ці інакш былі зьвязаныя працай на карысьць карных органаў ці працавалі ў органах пры Ягодзе і траплялі іншы раз у лягеры пры Яжове. Ачуняўшы ад шоку, выкліканага арыштам і прысудам, яны душой і сэрцам цягнуліся да сваёй альма-матэр - да органаў НКВД, знаходзячыся ва ўладзе настальгіі. Далей усё залежала ад зручнага выпадку.
    Такім быў Колесаў. Засталося невядомым, як ён наладзіў кантакт з райаддзелам НКВД у пасёлку Хатыннах. Магчыма, яго адшукалі па фармулярных зьвестках, што былі ў яго асабістай справе? А можа, ён сам даў пра сябе знаць праз канвой, выказаўшы, напрыклад, пісулькай згоду супрацоўнічаць? Толькі гэтая сувязь з органамі адразу ж выявілася. Як той казаў, лес чуе, а поле бачыць. Пасьля працы, калі ўсе ўжо былі гатовыя вяртацца ў зону лягера, Колесаў вылазіў на борт забою і йшоў у Хатыннах, які быў побач, прычым гэтаму не пярэчыў канвой.
    Калі высьвятлялася, што нехта стаў стукачом, дык пра гэта паведамлялася ўсім лягернікам. Такі быў няпісаны лягерны закон самазахаваньня. Усьведамляючы небясьпеку, усе ставіліся да стукача, як да зачумленага. Для яго самога жыцьцё ў лягеры станавілася больш небясьпечным, чым для іншых. Сам стукач часьцей за ўсё гэтага не адчуваў, нічога не падазраючы, бо вакол існавала змова маўчаньня.
    Наш брыгадзір Валодзька Папоў - украінец з Лубноў, быў з блатных, але дэмакратычна настроены. На волі яго “поле дзейнасьці” абыймала дзяржаўныя ўстановы і культавыя будынкі. Інтарэсы прыватных асобаў ён стараўся не закранаць. Даведаўшыся, што я беларус, выказаўся з нагоды майго акцэнту агульнавядомым жартам пра “брукі і трапкі”. Між іншага пацікавіўся, ці чуў я што-небудзь пра Мар’іну Горку. Я сказаў, што бываў там неаднойчы, што гэта за якія-небудзь трыццаць вёрстаў ад маёй роднай вёскі. Тады ён з гонарам сказаў: “Я там абакраў царкву”. Гэта адбылося тым часам, калі лічылася, што абакрасьці царкву зусім не злачынства, а, бадай, атэістычны подзьвіг. Апошні раз ён “пагарэў” на крадзяжы друкавальнай машынкі ў нейкай установе, быў асуджаны і завезены ў Караганду, дзе стаў лягерным цырульнікам. Там настолькі асвойтаўся, што дазволіў сабе неасьцярожнасьць. Аднаго разу расказаў анэкдот аб “правадыры народаў”, нарваўся на лягернага стукача, у выніку з новым тэрмінам трапіў на Калыму, стаўшы да таго ж палітзэкам.
    Валодзька Папоў быў прыроджаны дыплямат. Ён умеў добра ладзіць з лягерным начальствам, ці то вольным, ці то вылучаным з асяродзьдзя вязьняў, пры гэтым не ахвяруючы сваім блатным гонарам.
    Лягерным старастам у нас быў нехта Еўдакімаў, сыбірак. Ён адбываў свой тэрмін за забойства. Вынікі гэтага злачынства на волі - у Сыбіры - выклікалі кроўную помсту. Яму з дому паведамілі, што забілі ягоную жонку і яшчэ кагось з суродзічаў. Маючы кручаны нораў, ён пасьля гэтага наагул стаў вызначацца асаблівай жорсткасьцю. Пры кожным зручным выпадку ён даваў волю сваім змрочным пачуцьцям, пускаючы ў ход кулакі.
    Ён не разьменьваўся на будзённую зубачыстку. Гэтым займаліся нарадчыкі ды іншыя лягерныя прыдуркі. Еўдакімаў ведаў сабе цану, паводзіў сябе, так бы мовіць, з нейкім своеасаблівым лягерным гонарам. Паводле сваіх якасьцяў ён акурат адпавядаў патрабаваньням лягернай сыстэмы. Будучы тыповым прадстаўніком яе нізавога апарату, трымаў сябе самаўпэўнена. Толькі аднойчы мне давялося бачыць яго на хвіліну разгубленым. Гэта адбылося неяк уранку перад разводам вязьняў на працу. Брыгады сталі калёнай перад варотамі вахты, канвой рыхтаваўся прыняць лягернікаў пад сваю “апеку”. Маю ўвагу прыцягнуў дыялёг паміж Еўдакімавым і палітвязьнем - маладым грузінам. З нейкай прычыны Еўдакімаў у размове прамовіў:
    - “Не нужно было садиться в тюрьму”. На што грузін адказаў:
    - Отец посадил, отец и освободит, - маючы на ўвазе “отца всех народов”. Еўдакімаў, відаць, думаў, што грузін вядзе размову пра свайго роднага бацьку, таму сьмела адпусьціў у адрас апошняга па звычцы нецэнзурную тыраду. Грузін з запалам, не хаваючы радасьці, закрычаў:
    - Ага-а! Все слышали! Он обругал вождя! Ты как его оскорбляешь?! Пятьдесят восьмая тебе, пятьдесят восьмая!
    Па твары Еўдакімава прабег цень спалоху. Ад нечаканага павароту размовы ён разгубіўся. Гэта было вельмі паказальна. Відаць, ён лічыў, як і ўсе крымінальнікі, што лепей сядзець за бандыцкае забойства (артыкул 59, п. 3), чым лічыцца “контрыкам”, асуджаным па пяцьдзесят восьмай.
    У нашага брыгадзіра Валодзькі Папова былі сама прыязныя дачыненьні з Еўдакімавым. Яны добра разумелі адзін аднаго, рабілі ўзаемныя паслугі. Валодзька і расказаў Еўдакімаву, што Колесаў - стукач, што ён ходзіць у Хатыннах, дзе наведвае райаддзел НКВД, прыносіць іншы раз адтуль харчы, якія за так не даюць.
    Здарылася так, што пад час чарговага наведваньня органаў Колесаў спазьніўся на чарговую праверку. Еўдакімаў затрымаў яго на вахце, абшукаў і па-зьверску пабіў, нібыта за спазьненьне, а на самой справе - за стукацтва. У кішэні Колесава Еўдакімаў знайшоў і адабраў сьпіс нашай брыгады ды іншых лягернікаў з нейкімі адзнакамі.
    Колесаў выкарыстаў магчымасьць паскардзіцца на Еўдакімава пры чарговым ваяжы ў Хатыннах. З органаў затэлефанавалі на вахту нашага лягпункта і папрасілі да тэлефона Еўдакімава. Заўвагі супрацоўніка органаў Еўдакімаў адхіліў, сказаўшы наступнае: “Заключенный, отсутствующий на поверке, считается в бегах. Если он у вас задерживается, то сообщайте об этом заблаговременно, чтобы не возникало ЧП”. Для Еўдакімава гэты інцыдэнт застаўся без наступстваў. А тым часам мы лішні раз пераканаліся, што Колесаў - сапраўдны стукач.
    Яго прысутнасьць у брыгадзе стварала небясьпеку для ўсіх. Пагутарыўшы паміж сабою, мы параілі брыгадзіру паслаць Колесава ў начную зьмену, на бойлернае сьвідраваньне шпуроў з дапамогай пары для закладкі выбуховых зарадаў аманалу. Брыгадзір так і зрабіў. Такім чынам, мы з Колесавым сустракаліся на сутоках зьменаў. Гэта ахоўвала нас і перашкаджала сачыць за намі.
    Звычайна кожны брыгадзір яшчэ з вечара прызначаў па чарзе двух-трох чалавек са сваёй брыгады, якія мусілі ісьці ўначы на склад выбуховых матэрыялаў, што знаходзіўся ў адным з распадкаў, каб паднесьці зарады аманалу ў забоі. Карацей кажучы, выконваць ролю ўючных жывёлін. За насільшчыкамі заходзілі ўзрыўнікі і вялі іх на склад. Пры гэтым узрыўнікі адначасова былі нібы канвойныя. Насільшчыкі бралі на свае гарбы цяжкія зарады аманалу, а ўзрыўнікі звычайна ішлі ўлегцы, несучы капсулі-дэтанатары і бікфордаў шнур.
    Брыгада ўзрыўнікоў камплектавалася з крымінальнікаў-бытавікоў. Іх пасьпешліва вучылі на кароткатэрміновых курсах і адразу ж пускалі ў справу. Сярод іх быў і зямляк па прозьвішчы Жук, родам аднекуль з Беларусі. Аднойчы, калі падышла мая чарга несьці аманал, адпал зарадаў у нашым забоі павінны быў зрабіць ён. Па дарозе я папярэдзіў Жука, каб быў асьцярожны ў гутарцы з чалавекам, які сьвідруе шпуры, бо той зьяўляецца стукачом. Калі мы прыйшлі ў забой, дык выявілася, што Колесаў шпуры не прасьвідраваў. Жук узяў трамбоўку і моцна пабіў яго. Выбухі ў тую ноч давялося правесьці амаль упустую, паклаўшы зарады пад бортам забою.
    Пры любой нагодзе Колесаў быў біты, а мог пры пэўных абставінах быць і забіты. Такое здаралася са стукачамі, калі гэта можна было вытлумачыць як няшчасны выпадак на вытворчасьці. Такім чынам вялася глухая, зацятая, жорсткая барацьба з агентурай НКВД у асяродзьдзі зьняволеных.
    Надышоў час, калі новапрызначаныя берыеўцы на загад Сталіна вялі міжусобную барацьбу ўнутры НКВД з яжоўцамі, каб схаваць канцы ў ваду. Падгрэблі і Колесава. Ён атрымаў дадатковы тэрмін зьняволеньня ад новага начальства і да нас не вярнуўся.
    Мне калісь казалі, што разьюшаная гадзюка, страціўшы арыенціроўку, іншы раз нападае на свой уласны хвост. Такое мне не даводзілася бачыць. А вось з органамі НКВД на маёй памяці такое адбылося двойчы. Першы раз - пасьля страты Ягоды, другі раз - пасьля страты Яжова.
    Тым часам у гэта яжоўска-берыеўскае “безвременье” вярнуўся з Сэрпантынкі наш брыгаднік - малады хлопец, былы студэнт Дзякаў - ахвяра даносу Колесава. Гэта быў адзіны вядомы мне выпадак, калі адтуль, амаль з таго сьвету, вярнуўся чалавек у “родную” зону. Ён расказваў жудасныя гісторыі. Яго ў часе допыту на “стойцы”, калі ён быў гатовы ўпасьці, вохраўцы з двух бакоў падпіралі штыхамі вінтовак.
    Лягерным сэксоцтвам, даносамі, нутраным шпіянажам была пранізаная ўся сыстэма ГУЛАГа ад нізу да верху. Старэйшы навуковы супрацоўнік Магаданскага абласнога краязнаўчага музэю А. Казлоў у артыкуле “Их путь пролег на Колыму”, надрукаваным у газэце “Аргументы и факты”, № 49 за 1989 год, паведаміў цікавы факт.
    А. С. Горын-Лундзін (ленінградзкі чэкіст, асуджаны разам з іншымі па кіраўскай справе на два гады і сасланы на Калыму) з другой паловы 1936 года ўжо займаў пры Яжове пасаду в. а. начальніка УНКВД па Дальстрою. Адначасова ён пісаў даносы на дырэктара Дальстроя Э. П. Берзіна (узнагароджанага 22 сакавіка 1935 года ордэнам Леніна), абвінавачваючы яго ў шмат якіх грахах, у тым ліку і ў шпіянажы на карысьць Японіі. Урэшце Берзін быў адкліканы Яжовым у адпачынак і 19 сьнежня 1937 года арыштаваны, а праз сем з паловай месяцаў пасьля гэтага расстраляны. Гэта той Берзін, які пры Леніну быў камэндантам Крамлю, актыўным удзельнікам задушэньня леваэсэраўскага паўстаньня ў Маскве і выкрыў змову Лёккарта. Пазьней Берыя ў сваю чаргу прыбраў і Горына-Лундзіна. Дарэчы, адзін наш брыгаднік, былы стары бальшавік, запэўніваў нас, што Э. П. Берзін быў начальнікам канвою на цягніку, якім Савецкі ўрад з Леніным без лішняга шуму пераяжджаў з Петраграда ў Маскву.
                                                                                 Ахвяры
    Нудна, пранізьліва гудзе рэйка, нібы стогнам адгукаючыся на рэдкія ўдары старога кайла. Пошчак коціцца па даліне Хатыннаха, нагадваючы пахавальны звон. (Ён цяпер ва ўспамінах асацыюецца з гудам званоў Хатыні.) Гэта нарадчык адбівае пад’ём. Шэсьць гадзін раніцы. Але змрок ночы яшчэ пануе над лягерам. Чыстае неба ўсыпанае буйнымі зоркамі поўначы. Нясьцерпны мароз. Рыпеньне сьнегу пад дзіравымі валёнкамі зэкаў. Яны - зэкі - пакідаюць сваё палаткавае гайно. Трэба сьпяшацца. Трэба пасьпець з’есьці нішчымнай баланды і па другім сыгнале рэйкі выстраіцца пабрыгадна шэрагамі перад варотамі вахты. Усё робіцца завучана, мэханічна і маўкліва. Нікому не хочацца размаўляць, не хочацца вітацца. Прывітаньне “здравствуйте” ці “добры дзень” у тых абставінах гучала зьдзекам. Ніхто не ведаў, што яму рыхтуе новы дзень. Кожны замыкаўся ў сабе, думаў толькі пра сваё.
    Двое з нас - Барыс Ямпольскі (магчыма, вядомы зараз пісьменьнік, а магчыма, чалавек адзінага з ім прозьвішча?) ды Белапольскі, супрацоўнік Уладзівастоцкага інстытута акіянаграфіі - віталі адзін аднаго на лаціне, вядомым выслоўем-зваротам глядыятараў да Цэзара. Калі адзін казаў: «Mоrituri te salutant!» (вітаю цябе, ідучы на сьмерць!), то другі адказваў: «Mеmentо mori!» (памятай аб сьмерці). Гэта іншамоўе ўспрымалася вохрай як размова асуджаных “іншаземных шпіёнаў”.
    У палатках ніхто не затрымліваецца. Усе ведаюць: можна атрымаць кухталёў ад лягстарасты Еўдакімава або ад нарадчыка пры “падчыстцы” палатак пасьля звону рэйкі. Калі парадзелае і прарэджанае за першую палову зімы 1937/38 г. лягернае жыхарства падрыхтаванае да перадачы канвою, з вахты з паперай у руках выходзіць “воспитатель” (лягерны “палітрук”), таксама зэк, але бытавік, нехта Ермакоў, родам з Пскоўшчыны. Ён голасна чытае чарговы загад па УСВИТЛу наступнага зьместу: “За контрреволюционный саботаж, побеги и лагерный бандитизм «тройкой» НКВД по Дальстрою, в закрытом заседании, под председательством (прозьвішча), в присутствии двух заседателей (прозьвішчы), приговорила к высшей мере наказания - расстрелу следующих заключенных...» Далей ішоў пералік прозвішчаў расстраляных. Канец загаду гучаў так: «Приговор приведен в исполнение. Предупреждаю всех заключенных, что за подобные преступления и впредь будут применяться самые строгие меры, вплоть до расстрела. Начальник УСВИТЛа: полковник госбезопасности Гаранин”.
    Калёна напружана маўчыць. Скончыўшы чытаць загад, “воспитатель” пытаецца: “Понятно?” Адказу няма. Падаецца каманда: “Шеренгами вперед! Первая!..” Першы шэраг адрываецца ад калёны, выходзіць за вароты і крокаў праз 40-45 спыняецца перад вохраўцам, які стаіць пасярод дарогі з вінтоўкай напагатове. “Вторая, третья...” - і гэтак далей. Пакуль не выцягнецца за вароты пярэдняя брыгада. Задні шэраг замыкае другі вохравец, папярэдне расьпісаўшыся на вахце за падлічаную колькасьць зэкаў. Так выводзіцца за вароты ўвесь гурт і разводзіцца па забоях брыгадамі.
    Узімку прыісковыя забоі нагадвалі пекла, як па сутнасьці, так і вонкава. Яны былі падобныя на кар’еры. Уявіце сабе такую карціну. На борце кар’ера служкі Люцыфера - узброеныя вохраўцы, гатовыя ўжыць зброю ў кожных варунках. На дне кар’ера млява корпаюцца напаўжывыя палітзэкі - людзі-здані. Постаці іх з галавы да ног густа пакрытыя шэранем, утвораным ад поту, што прабіваецца вонкі праз тканіну бруднага адзеньня, асабліва па рубцах, латках і дзірках. Мароз за шэсьцьдзесят градусаў. Даліна Хатыннаха, як коўдрай, шчыльна заслана марозным туманам. Ветру няма. Толькі нейкім скразьнячком цягне па даліне то ўніз, то ўверх. Гэты лёгкі рух паветра працінае сьцюжай наскрозь, абмарожваючы твар. Людзі, даведзеныя да поўнай прастрацыі, працуюць праз сілу, моўчкі, цярпліва, тупа. У густым тумане чутны толькі глухі стук кайлаў ды шоргат рыдлёвак. Праца вядзецца зьвёнамі па тры чалавекі. На дваіх надзеты хамуты, зробленыя са столак сталёвага троса, так-сяк абцягнутых крапіўным радном, каб не надта муляла плячук. На канцы хамута прымацаваны жалезны крук, якім зэк - адкатчык пароды адвольна чапляецца за дашчаны кораб з круглым дном. Кораб нагадвае сабой палову бочкі, расьпілаванай уздоўж. Ён як карыта ставіцца на драўляныя санкі, палазы якіх нядбайна вычасаныя з круглякоў лістоўніцы. Двое са зьвяна ўвесь працоўны дзень ходзяць у хамутах. Наша “перадавая” сыстэма ўмела запрагаць чалавека. У аднаго адкатчыка хамут надзеты з левага плячука на правы бок, у другога - з правага на левы, бо даводзіцца падыходзіць да кораба абапал, каб падчапіць яго ззаду. Нейкі жыцьцялюб нават у гэтых нечалавечых умовах не страціў пачуцьцё гумару і назваў хамуты “маршальскімі стужкамі”. Зыркае вока падмеціла аналёгію ў спосабе адзяваньня хамута і “маршальскай стужкі” - наўскасяк цераз плячо.
    Як у такіх умовах выглядаеш сам, лягчэй за ўсё ўявіць, назіраючы збоку за іншымі - суседзямі па забоі ў час катаржнай працы. Побач працуе зьвяно ў складзе цыбатага худога Белапольскага, нізкарослага калмыка - былога старшыні калгаса “Ула-Гальмік” (“Чырвоны калмык”) і напалову “дайшоўшага” журналіста. Прозьвішчы двух апошніх забыліся. Вось яны насыпалі паўкубовы кораб мерзлай пароды. Белапольскі і калмык запрэгліся, падчапіўшы кораб крукамі “маршальскіх стужак”. Журналіст спрабуе падпіхнуць кораб ззаду. Тузанулі раз-другі, кораб ні з месца. Палазы прыхапіла марозам да зямлі. Без староньняй дапамогі ім не справіцца. Дапамагаюць суседзі. Нехта б’е абухом кайла па палазах, астатнія наваліліся ззаду, учапіліся за хамуты. Кораб цяжка рушыў з месца. Белапольскі і калмык, выбіваючыся з апошніх сілаў, коўзаючыся на сьлізкай заледзянелай дарожцы, пацягнулі кораб на адвал. Там перакулілі і павольна назад - у забой. І гэтак штодня, амаль увесь час пры штучным цьмяным асьвятленьні. Людзі цалкам выкладаліся, каб выпрацаваць “стаханаўскую” норму. Пераважнай бальшыні гэта не ўдавалася, нягледзячы на рызыку трапіць пад “тройку” за “сабатаж”. У такім разе вынік быў адзін: расстрэл у Сэрпантынцы.
    Калымскае пекла цяжка ўявіць, не ўбачыўшы яго на свае вочы. Калыме не пашанцавала, што сярод яе вязьняў не знайшоўся, а можа не выжыў, свой Савіцкі, які змог бы адлюстраваць пэндзьлем мастака тое, што тварылася і ў савецкіх канцлягерах. Сюжэтаў было болей чым дастаткова. Наагул жыцьцё палітвязьняў ГУЛАГа было скразным “сюжэтам” генацыду.
    Загады аб расстрэлах зачытваліся амаль кожны дзень. У іх значыліся па дваццаць-сорак і болей чалавек. Іншым разам рэкордная колькасьць расстраляных дасягала сотні. Так “праполваліся” ня толькі лягпункты Севлага. Гэтае зладзейства тварылася па ўсёй Калыме. Загады ўяўлялі сабою крывавыя статыстычныя зводкі па ўсім Дальбудзе. “Тройка” працавала акуратна, “натхнёна”, гайсаючы на эмцы з аднаго прыіска на другі. Лягернікі ведалі, хто на ёй езьдзіў. Мілагучны сыгнал эмкі - кароценькі, здвоены, наводзіў жах.
    Ахвяр, асуджаных на расправу, вялі ў Сэрпантынку, так сказаць, сваім ходам. Іншым разам па адным чалавеку, а звычайна невялікімі гуртамі, пад узмоцненым “эскортам” вохры. А калі слабелі маразы, то вохра выкарыстоўвала і сваіх аўчарак. Людзі йшлі маруднай хадою. Постаці ўгнутыя, згорбленыя. Іх вохраўцы “падбадзёрвалі” крыкам, лаянкай, прыкладамі, цкаваньнем аўчаркамі.
    Хто ж такія былі “контррэвалюцыйныя сабатажнікі”? Часьцей за ўсё гэта інтэлектуалы, людзі разумовай працы ў мінулым, сярэдняга і пажылога веку. Ім не пад сілу была “конская” норма выпрацоўкі, разьлічаная на 12 гадзін. Каб выцягнуць гэтую норму, іх пакідалі ў забоі на дадатковы час. Але гэта не давала жаданых для начальства вынікаў. Замардаваныя непасільнай працай, холадам, штрафным пайком, яны чэзьлі на вачах. Іх фізычны стан вызначаўся трапнымі словамі з лягернага лексыкону – “дахадзягі”, “фитили”. Прадукцыйнасьць іхняй працы зьніжалася да 40-30% ад нормы. Гэтага было даволі, каб з ярлыком контррэвалюцыйнага сабатажніка трапіць пад “тройку” і разьвітацца з жыцьцём за кратамі Сэрпантынкі. У любым гуманным грамадзтве іх ратавалі б, лячылі, падтрымлівалі б калярыйным харчаваньнем. А тут, як скаціну, што стала непрыдатнай да працы, страчвалі. Гэта давала падставу лягернаму начальству падаваць заяўкі ў ГУЛАГ на папаўненьне лягера новымі вязьнямі.
    Фізычны стан бальшыні астатніх быў не лепшы. Яны паступова “даходзілі” ад холаду, голаду, хваробаў. Не ўсе з гэтых выпрабаваньняў выходзілі жывымі.
    Іншым зэкам выпадала больш “лагодная” доля. Гэта тыя, у каго тады канчаўся лягерны тэрмін. Яны павінны былі выйсьці на волю. Але гэтага не здарылася. У апошні дзень тэрміну зьняволеньня выклікалі ў райаддзел НКВД у пасёлку Хатыннах. Людзі йшлі з надзеяй атрымаць дакумэнты аб вызваленьні з лягера. Памятаю, з якой зайздрасьцю і тугою мы праводзілі свайго брыгадзіра - цьвярскога хлопца Адэгава. У той жа дзень яго вярнулі да нас з дадатковай дзесяткай гадоў, за якую прымусілі расьпісацца без суду і сьледзтва. Такім чынам утварылася катэгорыя зэкаў, якіх у лягеры называлі “пересидчиками”. З часам некаторых сярод іх прыбрала “тройка”. А тыя з іх, хто разьмінуўся з Сэрпантынкай і выжыў, сапраўды маглі лічыцца шчасьлівымі. Праз пэўны тэрмін, пасьля зьмены каманды Яжова камандай Берыі, калымскія дзесяткі былі зьнятыя і “пересидчики” ўрэшце выйшлі на волю. Волю, безумоўна, адносную, бо магчымасьць выезду з Калымы практычна раўнялася нулю. Але пакуль з імі разьбіраліся, яны пасьпелі перасядзець па два-тры гады.
    Горшая доля напаткала тых “пересидчиков”, што сустрэліся з калымскай тройкай і не мінулі Сэрпантынкі. Уваскрэснуць яны ўжо не маглі.
    Такім быў трагічны лёс ахвяраў лягернага тэрору. Пэўным чынам гэты тэрор закрануў усіх вязьняў. Усе адчулі яго на сваёй уласнай скуры, калі ён нечакана нахлынуў і вельмі доўга, аж да скону “правадыра” ўстойліва дзейнічаў. З нарастаньнем канібальскага апэтыту ў “отца народов” і яго падручных цунамі лягернага тэрору пэрыядычна каціліся праз усю краіну – “от Москвы до самых до окраин”. Да Калымы яны даходзілі з некаторым спазьненьнем, але былі там найбольш спусташальныя і жорсткія.
    Зьмена яжоўскай каманды на ўвесь астатні калымскі люд ніякай палёгкі не зрабіла. Ніхто не быў прызнаны асуджаным дарэмна, нікога не звольнілі. Усе акуратна сядзелі па яжоўскіх і ягодаўскіх тэрмінах зьняволеньня і ў часы Берыі.
                                                           На людзях і паміраць лягчэй
    Лютуюць маразы. Слупок сьпіртовага тэрмомэтра апускаецца ніжэй за шэсьцьдзесят градусаў. Недзе кілямэтраў за дзьвесьце ці трыста адгэтуль знаходзіцца Аймякон - полюс холаду Паўночнага паўшар’я.
    Працаваць у такія маразы ў адкрытых забоях надзвычай цяжка, пакутна. Холад працінаў да касьцей. Не было ніякай магчымасьці сагрэцца. Вопратка лубянела ад “мёрзлага поту”. Паветра выдыхалася з грудзей густым парам, з характэрным гудам. Пальцы рук нават праз ватныя рукавіцы ламала ад холаду пры дотыку да драўлянага чэрану шуфлёвай рыдлёўкі. Хацелася схаваць рукі за пазуху або ў рукавы. Але трэба было працаваць. Дый наагул на такім марозе стаяць не будзеш. Трэба варушыцца, пакуль стае моцы.
    Вядомы пісьменьнік Варлам Шаламаў, якому таксама давялося прайсьці праз пакуты Калымскага пекла, пазьней пісаў:
                                                         . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
                                                         И бронхи рвет мои мороз
                                                         И сводит рот.
                                                         И, точно камни, капли слез
                                                         И мерзлый пот.
    Лягерная вопратка не адпавядала кліматычным умовам. Стаптаныя валёнкі, падшытыя крапіўным радном, дзіравыя ватныя штаны і “целагрэйка да пупа”, зьверху - ватны бушлат, пашыты з эканоміяй ваты (пазьней наагул спынілі іх выдачу). Шапка-вушанка з тканіны. Усё гэта не магло ісьці ў параўнаньне з тарбазамі, кухлянкай, шапкай з аленевага футра, што носяць абарыгены - эвены і якуты. А канвойныя апранутыя ў сыбірскія тулупы паверх салдацкіх кажухоў. Ім можна было трываць, не рызыкуючы абмарозіцца.
    Твар зэкі захутвалі розным рызьзём так, што былі відаць толькі вочы з вейкамі ў шэрані. Тым не менш нельга было засьцерагчыся ад абмарожаньня. Лягерны люд усю зіму хадзіў з абмарожанымі шчокамі, насамі, бародамі, пальцамі рук і ног. Абмарожаныя часткі твару пакрываліся чорным струп’ем, якое ў іншых не пасьпявала зьнікнуць за кароткае калымскае лета. Загоеныя тканкі станавіліся вельмі адчувальныя да холаду і схільныя да паўторных абмарожаньняў. У некаторых абмарожаньні былі вельмі сур’ёзныя. Гнілі пальцы на руках і нагах, што іншым разам заканчвалася гангрэнаю. Здаралася, што адвальвалася храстковая частка носа і чалавек нагадваў сабою сыфілітыка апошняй стадыі хваробы. Так здарылася з былым камісарам дывізіі Кірэевым. Ён цешыў сябе надзеяй, што вернецца з Калымы і зробіць плястычную апэрацыю. Спрыяў яму лёс, ці не - гэтага я ўжо не ведаю.
    Каму не даводзілася адчуць узьдзеяньне лютых калымскіх маразоў, таму цяжка ўявіць усё гэта. Не дапаможа ніякая фантазія. Дастаткова сказаць, што там бывае халадней, чым у Беларусі, бадай што ў тры разы. Маразы 15-20 градусаў лічацца адлігай, а сапраўдных адлігаў наагул не бывае за ўсю зіму. Цягнецца зіма дзевяць месяцаў. Сьнег лажыцца на пачатку верасьня, а растае ў канцы траўня. У кастрычніку зіма ўсталёўваецца надзейна. У лістападзе маразы нярэдка дасягаюць 40-45 градусаў. У красавіку яшчэ нішто не нагадвае вясну. Асабліва лютыя маразы бываюць усярэдзіне зімы, калі дасягаюць сваёй кульмінацыі - ніжэй за 60 градусаў - і трываюць па месяцы і болей.
    Вольнанаёмныя ў такія маразы на адкрытым паветры не працавалі. Працоўныя дні актаваліся па кліматычнай прычыне. На зьняволеных гэтае правіла не пашыралася. Праца ў адкрытых забоях не спынялася, што азначала, па сутнасьці, дадатковую кару для вязьняў па прыхамаці лягернага начальства.
    Гора таму, хто, працуючы ў такія маразы, захоча па сваёй патрэбе. Трэба агаліць рукі, часткова агаліцца. Калі чалавек яшчэ ў стане расшпіліць гузікі, то ўжо зашпіліцца без дапамогі не зможа. Я пішу пра гэта не дзеля жарту, не дзеля таго, каб нехта пасьмяяўся. У трагічным далёка не заўсёды прысутнічае элемэнт камічнага. У апісанай сытуацыі адбываліся іншым разам цяжкія абмарожаньні, бо, як вядома, чалавек не адчувае, калі нейкая частка цела пачынае замярзаць. Напрыклад, калі замерзьлі шчокі, то ён не толькі не адчувае гэтага, але і не можа ўбачыць. Толькі староньні можа заўважыць, што шчокі пабялелі.
    Здараліся выпадкі замярзаньня людзей, як наўмыснага, так і выпадковага. Памятаю ўзімку 1939 года ў такія вось маразы наша брыгада працавала на ўскрышы (адпрацоўцы верхніх слаёў пустой пароды). Недалёка, на краі даліны Хатыннаха, - дарога, што выходзіла на сэрпантын. Па ёй з прыісковага пасёлка канваір вёў вязьня. Мы разумелі, што чалавека вядуць на Сэрпантынку, што гэта яго апошні шлях. Разумеў гэта і падканвойны. Бо калі яны (канваір і вязень) наблізіліся да забою, дзе мы працавалі, падканвойны спыніўся і пачаў хутка, як мог, распранацца. Зусім голы, сеў на дарозе, не зважаючы на каманды канваіра. Той спрабаваў падняць вязьня штыхом вінтоўкі. Тады падканвойны пачынаў нема крычаць. Крык яго разьдзіраў душу. Дапамагчы вязьню чым-небудзь у нашым становішчы было немагчыма. Канваір мітусіўся, але безвынікова. Голы вязень упарта сядзеў на дарозе і цярпліва чакаў немінучай сьмерці.
    Мы перасталі працаваць і здранцьвела глядзелі на гэтае змаганьне паміж канваірам і падканвойным, паміж жыцьцём і сьмерцю. Чалавек намерыўся на вачах у людзей - такіх жа зэкаў, як і сам, скончыць жыцьцё самагубствам. Каб ведалі, як было, каб бачылі і запамяталі. Мы аслупянела глядзелі, як ён канаў. Гэта ж не жарты. Такі мароз, а чалавек голы.
    Са здранцьвеньня нас вывеў крык нашага канваіра, што нас пільнаваў: “Ну, чего стали?! Давайте работать! Иначе и вы этого добьетесь!”
    Чалавек неўзабаве замерз. Канваір, што вёў яго на пагібель, з нейкай аказіяй наказаў пра тое, што здарылася. Праз нейкі час пад’ехала санная фурманка. Нябожчыка, як карча, кінулі на сані і павезьлі на Сэрпантынку. Усё ж трапіў ён туды, толькі ўжо мёртвы. Выказаў такім адчайным учынкам свой пратэст супраць гвалту, у абарону сваёй чалавечай годнасьці.
                                                           Крывавыя зьнічкі на сьнезе
    Пакутам нашым не было канца. Ад дрэннага харчаваньня разьвівалася дыстрафія. У свае правы паволі ўступала цынга, курыная сьлепата. І вошы, вошы, вошы... Зімой іх было асабліва багата. Бадай болей, чым улетку камароў і машкары. Завашывелі ўсе, увесь лягер. Затое ў такія маразы была магчымасьць неяк змагацца з імі. Калі не цалкам зьнішчыць, дык хоць трохі паменшыць іх колькасьць. Выкінеш на ноч на палатку адзеньне, і вошы вымерзнуць. Толькі вытрасай. Але ўсё не выкінеш і не застанешся голым на тапчане з жэрдачак у халоднай палатцы. Так яны і вяліся ўвесь час, год у год. Небясьпека зьяўленьня пошасьці сыпнога тыфусу заўсёды пагражала нам. Наш лягпункт, пакуль я не выйшаў на волю (6 лістапада 1940 года), Бог бараніў. Іншым лягпунктам менш пашанцавала. На нашым прыіску пошасьць зьявілася ўзімку 1940/41 года, на штрафным лягпункце Рыжая Крыніца. Менавіта там, у зоне са штрафным рэжымам, былі асабліва спрыяльныя ўмовы для гэтага. Колькі жыцьцяў яна забрала, ніхто ніколі ўжо не даведаецца.
    Была ў нас і невялічкая лазьня з прылазьнічкам. Скіданая з бярвёнаў лістоўніцы, яна стаяла ўдалечыні, недалёка ад вусьця крыніцы, адкуль бралі ваду для яе, збольшага падаграваючы. А зімой крыніца вымярзала да дна. Вады не было. Бралі снег. Нас вадзілі ў лазьню, пэўна ж пад канвоем, невялікімі групамі і, вядома, рэдка - не часьцей аднаго разу на месяц. Памыцца па-людзку не выпадала дзеля холаду і абмежаванай колькасьці вады. У прылазьніку на падлозе намярзаў лёд. Уся працэдура зводзіліся да зьмены бялізны, што, аднак, не пазбаўляла нас ад вашывасьці. Цярпліва чакалі лета, калі часьцей нас вадзілі на “омовение”, бо было вальней з вадой.
    Неўзабаве пасьля таго выпадку, калі на вачах у нас замерз чалавек, адляглі маразы да мінус дваццаці градусаў. Падзьмуў моцны норд-ост, пайшоў сьнег, паднялася завея, занесла дарогі. Забесьпячэньне лягернікаў харчамі залежала ад штодзённага завозу, а на гэта ўплываў стан трасы, “блякада” яе завеямі. Траса то тут, то там, а бывала, і на ўсім працягу вельмі часта апыналася пад гурбамі сьнегу. Асабліва моцна заносіла наш сэрпантын. Даводзілася садзіцца на трохсотграмовую норму хлеба. Дарожныя лягпункты не спраўляліся расчышчаць трасу, тады падымалі на аўрал і прыісковы нявольны люд.
    Аднаго разу, адпрацаваўшы дзень у забоі, мы леглі спаць. Але доўга спаць не давялося. Сярод ночы нас паднялі - і на сэрпантын, на расчыстку дарогі ад сумётаў. Дарога на сэрпантыне была перахоплена высокімі гурбамі сьнегу. Але не скрозь. Месцамі сьвежы сьнег не затрымліваўся, бо вецер выдзімаў яго да шчыльна ўпрасаванага шынамі машын. Перамёты хваліста чаргаваліся з выдзьмутымі, гладкімі, як шкло, адрэзкамі дарогі. Праца была цяжкая. Часам гурбы дасягалі паловы вышыні тэлеграфных слупоў. У такім разе даводзілася адкопваць дарогу прыступкамі, з двайной, а то і трайной перавалкай сьнегу. А ззаду зноў намятала.
    Працавалі старанна, бо быў пэўны стымул. Кожны ўсьведамляў: чым раней адкрыем дарогу для праходу машын, тым раней павысяцца нормы хлеба. Паступова, мэтар за мэтрам, мы прасоўваліся ў бок першай - ніжняй крывулі сэрпантыну. Калі прайшлі паварот на турму Сэрпатынку, нам сустрэліся тры санныя фурманкі. На іх чарнела абы як накіданае лягернае адзеньне. Бялізны на санях не было. Разьмінуўшыся з намі, фурманкі збочылі на паварот і зьніклі ў змроку ночы, накіраваўшыся туды, дзе зырка сьвяцілі агні вонкавага асьвятленьня турмы.
    Перад крывуляй сэрпантыну траса была чыстая, і мы, зьбіўшыся ў цесны гурт, паволі пакрочылі ўперад, закінуўшы рыдлёўкі на плячо. Калі крывуля была ўжо зусім блізка, мы пачулі вокліч:
    - Стой! Кто идет?
    Наш пярэдні канваір адказаў:
    - Рабочие по очистке дороги.
    - Проходите, проходите быстрее!
    Наблізіўшыся, мы заўважылі, што наўзбоч дарогі стаіць вохравец з вінтоўкай і яшчэ дзьве постаці. Далей, у бок верхавіны распадка, ад крывулі сэрпантыну вяла санная дарога. Па ёй і кінуліся бегчы тыя двое, што стаялі разам з вохраўцам. Адбегшыся мэтраў дваццаць, яны спыніліся і сталі чакаць, пакуль мы пройдзем крывулю. Іх, відаць, спужала нечаканая сустрэча з намі ўначы. Чаму? Здагадацца было не цяжка. Здагадаліся ўсе. Гэта - начных спраў майстры з Сэрпантынкі. Там, недзе ў распадку, удалечыні ад крывулі, хавалі ахвяраў начных расстрэлаў. Можа, яны чакалі новага саннага падвозу ахвяраў, а можа, вярталіся назад пасьля ўпарадкаваньня нябожчыкаў? Тыя двое, што кінуліся бегчы, відаць, адчувалі, што робяць чорную справу. Таму і спужаліся людзкога вока.
    Мы пайшлі далей, расчышчаючы сэрпантын. Паступова дабраліся да верху сопкі, праца была скончана. Пачало днець. Мы паволі вярталіся, спускаючыся ўніз па сэрпантыне, ненадоўга затрымліваючыся, падчышчалі тое, што намяло за намі сьледам. Калі падышлі да месца начной сустрэчы, вохраўца і “постацяў” ужо не было. Сьледу іх даўно не стала. Іх “праца” была прыпыненая да наступнай ночы.
    Санная дарога, са сьвежым сьледам палазоў, бегла ў распадак ад таго месца на крывулі, дзе ўначы стаялі трое, і зьнікала за схілам сопкі. Вохравец выстаўляўся на пост толькі ўначы, каб хто-небудзь выпадкова не зьбіўся з крывулі на санную дарогу і не стаў сьведкам злачынства. Калі мы мінулі санную дарогу, я заўважыў на чыстай выдме шашэйнага палатна сэрпантыну крывавыя плямы. Яны цягнуліся ланцужком, нібы сьлед падраненай дзічыны. Абрысы плямаў нагадвалі сабой кароткія клічнікі, выцягнутыя нам насустрач. Стала зразумела, што кроў капала ў часе руху. Прыгадалася сустрэча з фурманкамі.
    Я зьвярнуў увагу інжынэра-мэталюрга Велінга Георгія Готлібавіча - былога дырэктара трэста “Востокосталь”, на той час зэка - нашага брыгадніка, на крывавыя плямы і запытаў: “У які бок, на вашу думку, везьлі расстраляных?” Пытаньне было нечаканае, і ўсе зьвярнулі ўвагу на нашу размову. Разам сталі прыглядацца да дарогі, дзе яна не заносілася сьнегам. Заўважалі ўсё новыя і новыя крывавыя плямы. Арыентацыя “клічнікаў” ясна паказвала, куды каты везьлі сваіх ахвяраў. Недзе там, у распадку, удалечыні ад крывулі сэрпантыну, куды вяла санная дарога, была братняя магіла, якая нагадвала траншэю, зробленую ў вечнай мерзлаце з дапамогай аманалу. Траншэя папаўнялася штодня, дакладней штоночы. Перад тым як паскідаць ахвяры ў траншэі, іх “вытрасалі” з лягернага адзеньня да бялізны. А іншы раз і з бялізны. Лягернае начальства не магло дапусьціць, каб “дабро” прападала. Адзеньне везьлі назад у Сэрпантынку, што мы і ўбачылі ўначы, сустрэўшыся з фурманкамі.
    Заставалася праверыць, ці будуць трапляцца крывавыя плямы, калі мы мінем паварот на турму Сэрпантынку? Як і меркавалі, далей плямаў не было. Адзін з нас ішоў па самым краі дарогі. Ён заўважыў плямы на самім павароце. Усе сумневы зьніклі. Мы сталі міжвольнымі “крыміналістамі”, паступова адкрываючы для сябе і для іншых падрабязнасьці злачынных падзеяў, што адбываліся ў Сэрпантынцы ў тую ноч. Выпадкова нам прачынілася карціна штоночнай працы катаў.
                                                                   Сэль з трупаў
    Нашы здагадкі і меркаваньні наконт крывавых плямаў на сэрпантыне, інакш кажучы крывавых сьлядоў злачынства, пацьвердзіліся значна пазьней - летам 1939 года, калі настала пара прамыўнога сэзона на залатых прыісках Калымы. Такі ж норд-ост, што прыносіў узімку завеі, прынёс зацяжныя нудныя дажджы. Неба аблажыла нізкімі хмарамі. Дажджы йшлі больш за тыдзень. Здавалася, што ім не будзе канца. Вопратка на нас не высыхала. Гналі нас на працу, нягледзячы ні на што, бо прамыўны сэзон - ад зімы да зімы, усяго дзевяноста-сто дзён. Начальства ўсьведамляла: страціш хоць адзін дзень напачатку, не надточыш пры канцы сэзона. Працавалі без выхадных, без увагі на дрэннае надвор’е, па дванаццаць гадзін у зьмену. Ад праліўных дажджоў узьнялася рака. У гарыстай мясцовасьці гэта адбываецца хутка, раптоўна. Загаманілі ручаі ў распадках, утварыўшы бурныя шумлівыя каскады. Вадзяная стыхія ў сваім шаленстве зьмятала ўсё, што траплялася на яе шляху ў цясьнінах распадкаў, і выносіла ў даліну Хатыннаха, замываючы і засыпаючы бліжэйшыя забоі, марнуючы нашу цяжкую, пакутную, ахвярную зімовую працу. Рака Хатыннах выйшла з берагоў пракапанага для яе адводнага канала і затапіла дарогі па ўсёй шырыні раўдані. Рытм працы парушыўся. Людзей кінулі на тое, каб неяк ратаваць забоі. Там-сям рабілі дамбы, капалі равы. Але ўсё гэта не давала жаданых вынікаў.
    Дажджы спыніліся раптоўна. Волкае паветра ледзь варушылася. Зямля набрыняла вільгацьцю, аддавала лішкі яе ў паветра выпарэньнем. Утварыліся і папаўзьлі ўздоўж падножжа сопак вандроўныя туманы. Пачала спадаць паводка, прыціхлі ручаіны ў распадках.
    Калі амаль усё стабілізавалася, у замытых забоях, што насупроць распадка, дзе знаходзілася турма Сэрпантынка, вачам адкрылася жудасная карціна. На паверхні зямлі ляжала мноства голых трупаў, раскіданых стыхіяй паўсюдна. На іншых былі рэшткі падранай, забруджанай бялізны. Некаторыя трупы былі паўзасыпаныя. Дзе-нідзе тырчэла рука, нага з біркай або галава з дзіркай ад кулі. Часам павольна паўзьлі над самай зямлёй асобныя шматы вандроўных туманоў, раз-пораз хаваючы ад жывых, пакрываючы нібы саяном сьмерці, гэтае апакаліптычнае відовішча. Плён працы “тройкі” і катаў-выканаўцаў стаў відавочным для тых, хто быў побач, паблізу. Здавалася, што на нейкі момант, нібы ў стоп-кадры, спынілася д’ябальская колазварот калымскай крывавай гісторыі. Карціна была настолькі жудасная, што неставала маральных сілаў, каб верыць у яе рэальнасьць.
    Імпульсіўна, з глыбіні памяці, адразу ж узьнікла аналёгія гэтага відовішча. Некалі даўно ў апошнім нумары часопіса «Нива» за 1899 год давялося бачыць рэпрадукцыю з карціны мастака Анры Данжэ. Назоў карціны - «Люби ближнего!» На пярэднім пляне карціны постаць жалобнага Ісуса Хрыста, а перад ім - поле, усеянае аголенымі трупамі. Усё вельмі падобна. Адметнасьць, бадай, у тым, што на фоне калымскага краявіду - не фантазія мастака, а рэаліі 30-х гадоў. Дый трупаў у сотні разоў болей. Не хапала толькі постаці Хрыста, што, урэшце, адпавядала духу часу. Дзейнічалі іншыя запаветы - канібальскія запаветы сухарукага антыхрыста.
    Калымская зямля не захацела прыняць замучаных. Недзе ў распадку, пад час дажджоў, разьюшаная стыхія, нібы пратэстуючы супраць злачынстваў, усёй сваёй моцай кінулася на жудасны могільнік. Шалёнай плыні няцяжка было размыць парушаную вечную мерзлату і, падхапіўшы целы расстраляных ахвяраў лягернага тэрору, вынесьці іх у даліну Хатыннаха, на паказ усяму беламу сьвету.
    Але ўсё гэта адбылося пазьней, улетку, калі сама прырода падняла заслону над тым, што ў мінулую зіму спрытна хавалася ад вока людзкога і толькі падагульнялася на паперы злавеснымі загадамі палкоўніка Гараніна.
    Трупы хуценька прыбралі. Там-сям засталіся валяцца толькі “інвэнтарныя” калы, што звычайна забіваліся ў зямлю над трупамі на засыпанай траншэі. Замест прозьвішчаў на калах пісаліся нумары асабовых справаў расстраляных вязьняў.
    Хадзілі чуткі, што сабранымі трупамі запаўнялі шурфы, у якіх не знайшлі россыпаў золата. Казалі таксама, што іх складалі ў адпрацаваных штольнях і прывальвалі адвечна мёрзлай пародай з дапамогай выбухаў.
    Чуткі звычайна ішлі ад самой лягернай адміністрацыі, праз лягерную абслугу, асабліва ад днявальных пры начальстве. Гэтыя заўсёды ўсё ведалі і былі асноўнай крыніцай вуснай лягернай інфармацыі, якая распаўсюджвалася ў асноўным праз блатных. Яны вельмі любілі сэнсацыі, смакавалі іх.
    Хто былі гэтыя людзі, якіх расстрэльвалі? Кім яны былі ў жыцьці, на волі? Пра гэта ўжо ніхто ніколі не даведаецца. На Калыме ўмелі хаваць канцы. А недзе ў доўгім, безнадзейным чаканьні жылі іх удовы, асірацелыя дзеці, бацькі. Тым з іх, хто вельмі настойліва дамагаўся зьвестак пра лёс зьняволеных, афіцыйна адказвалі: “Осужден без права переписки”. Гэта была цынічная хлусьня. Людзі верылі, а мы ведалі, што такое паведамленьне раўназначнае весткам аб расстрэле або іншай гвалтоўнай сьмерці.
                                                                       Абвалы
    У штольнях нярэдка прывальвала і жывых. Гэта адбывалася толькі таму, што пры адпрацоўцы слоя не ўлічваліся дадзеныя геалягічнай разьведкі. Яны проста не браліся пад увагу. Такое здарылася на суседнім участку, дзе адкрывалі залатаносныя пяскі падземным спосабам. Было вядома, што над штольнямі ў тоўшчы пароды прысутнічалі лінзы чыстага лёду, іншым разам таўшчынёю некалькі мэтраў. Геолягі ў часе праходкі шурфаў іх старанна фіксавалі і наносілі на пляны. Але прыісковае начальства гэтыя зьвесткі ігнаравала, спадзеючыся на ўстойлівасьць вечнай мерзлаты. Да таго ж існавала поўная безадказнасьць за жыцьцё зэкаў. Між таго ад выбухаў лёд трэскаўся і ўстойлівасьць мерзлаты станавілася ўяўнай. Над людзьмі, што працавалі пад зямлёй, адпрацоўваючы з дапамогай выбухаў пяскі ніжэй ледзяных лінзаў, навісала грозная небясьпека, пра што яны не здагадваліся. Таму і не ўмацоўвалі штольняў. Ды гэта й не ўваходзіла ў пляны начальства, бо зьвязана было з дадатковымі клопатамі. У выпадку, пра які я згадваю, настаў той крытычны момант, калі тысячатонная глыба аддзялілася, утварыўшы ледзяны купал вялікага дыямэтру, і сваёй масай накрыла ўсіх, хто быў у забоі, раздушыўшы іх.
    Абвал потым разабралі іншыя ацалелыя вязьні. Не дзеля таго, каб дастаць і пахаваць раздушаных, а таму, што ахвяры ляжалі на неадпрацаваных залатаносных пародах.
    Такое здаралася неаднойчы і не ў адным месцы. Гібель зэкаў сьпісвалася на няшчасныя выпадкі.
                                                      Днявальныя пры начальстве
    У лягерных умовах склалася на той час асобная сацыяльная катэгорыя зэкаў. Яна ўяўляла сабою шматлікую групу лёкаёў, што абслугоўвалі штодзённы побыт начальства. Мець днявальнага было прэстыжна. Гэта ўсё роўна, што плянтатару мець на паслугах раба. Тым больш што гэта амаль нічога не каштавала. Асаблівую зацікаўленасьць у днявальных мелі тыя, хто прыяжджаў па вярбоўцы без сем’яў. Жылі днявальныя без канвою ў адміністрацыйных пасёлках сярод вольнанаёмных у кватэрах гаспадароў. Набіралі іх у асноўным з блатных. Былі ў іх “рукі на ўсё штукі”. У іхных фармулярах значыліся, запісаныя са слоў, прафэсіі, якім яны нідзе не вучыліся. Гэта найперш кухар і пекар, далей - шавец, кравец, а калі хочаце, то й “на дудзе ігрэц”. Яны браліся за любую лёгкую (блатную) працу. Іх дэвізам была папулярная ў гэтым асяродзьдзі прымаўка: “Где ни работать, лишь бы не работать”. Пры падборы на пасаду днявальнага ўлічваліся дадзеныя асабовых справаў: артыкул кодэкса, тэрмін зьняволеньня, паводзіны ў зоне, лягерная біяграфія. А перадусім - здольнасьць услужыць, дагадзіць гаспадару, халопская адданасьць яму. Яны кухарылі, мылі бялізну, прыбіралі пакоі, хадзілі па прадукты, па ваду, палілі ў печы. Карацей кажучы, спрытна вялі хатнюю гаспадарку. Пры гэтым пакрысе непрыкметна абкрадалі гаспадара або разам з ім пускаліся ў лягерную спэкуляцыю харчамі. Што й казаць, многія вольнанаёмныя ехалі на Калыму па “доўгі рубель”. Іншыя не грэбавалі ніякімі спосабамі набіць кішэні грашыма. Дзеля гэтага днявальныя як пасярэднікі гралі пэўную “эканамічную” ролю ў лягерным жыцьці. Калі ў зэка заводзіліся такія-сякія грошы, заробленыя на прамыўцы золата або атрыманыя па пошце ад родных і блізкіх, то праз днявальных пры начальстве можна было нелегальна купіць хлеба, якога так неставала. Для дастаўкі “левага” хлеба ў зону дзейнічала адпрацаваная сыстэма. У ланцужок “бізнэсу” ўлучаўся і вадавоз, а можа, і вохра. Справа ў тым, што на лягерную кухню завозілася некалькі бочак вады з талікавага водазабору, які абслугоўваў вольныя пасёлкі. Бывала, што праз вароты вахты правозілі ў зону ў пустой бочцы пэўную колькасьць боханаў хлеба, узімку звычайна мёрзлага. Урэшце яны траплялі ў нашы рукі. Мёрзлы хлеб нажом рэзаць нельга. Таму мы разразалі яго звычайнай папярочнай пілой. Так мы дзялілі куплены хлеб пароўну. Дзялілі і хлебнае “пілавіньне”.
    Лягерная галота-дахадзягі, што складалі пераважную бальшыню, у “бізнэсе” не бралі ўдзелу, бо не было за што. Іх лёс - чэзнуць. І яны чэзьлі. “Бізнэсам” карысталіся нямногія, больш-менш моцныя брыгады, надзейна згуртаваныя ў барацьбе за выжываньне па прынцыпе “адзін за ўсіх, усе за аднаго”, чаго б гэта ні каштавала. Разьяднанасьць у лягеры вельмі часта вяла да пагібелі.
    Шмат хто з днявальных не цураўся сваёй прафэсіі і пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня. Яны ажыцьцяўлялі таемную сувязь паміж вольнымі пасёлкамі, лягпунктамі па ўсёй Калыме, вельмі часта злачынную, адыгрываючы пры гэтым ролю “наводчыкаў”, сувязных, а то проста саўдзельнікаў арганізаваных крадзяжоў, рабункаў, нават забойстваў. Іншым разам іх ахвярамі станавіліся і самі гаспадары.
    Памятаю такі выпадак. Гэта было адразу пасьля вайны ці ў канцы яе. СГПУ задоўга да таго часу пераехала з Хатыннаха ў Ягаднае, вельмі прыгожы пасёлак з натуральным таполевым паркам. Пасёлак Ягаднае пабудавалі ў свой час дарожнікі. Яны, у адрозьненьне ад гарнякоў, не пакідалі пасьля сябе пустыню. Знаходзіцца Ягаднае на 541-м кілямэтры калымскай трасы, на поўнач ад Магадана, раскінуўшыся на тэрасе ракі Дзебін, пры ўтоку ў яе крыніцы Ягаднай. Пераехалі ў пасёлак Ягаднае і ўсе службы горнага ўпраўленьня, у тым ліку і ГРА (геоляга-разьведвальны аддзел). На працу ў гэты аддзел прыехаў па вярбоўцы геоляг Палуміскаў з сям’ёй (жонка і двое дзяцей). Жонка - настаўніца - уладкавалася на працу ў Ягаднінскую сярэднюю школу. Аднаго дня Палуміскаў не выйшаў на працу. Дубаваты начальнік сэктара ГРА, у якім той працаваў, пачаў бурчаць, каб усе чулі: “Нядаўна прыехаў, а ўжо пачаў рабіць прагулы”. Гэта быў той час, калі за прагулы судзілі. Жонка геоляга таксама ў той дзень не зьявілася на працу ў школу, і яе кляс прагульваў. Дырэктар школы паслаў на кватэру Палуміскавых тэхнічку, каб даведацца, у чым рэч. Тэхнічка пастукала ў дзьверы раз-другі. Ніхто не адгукнуўся. Тады яна штурханула дзьверы. Яны расчыніліся нахлашч. Тэхнічка ледзь не страціла прытомнасьць ад убачанага. На ложках ляжалі забітыя. Уся сям’я: дарослыя і дзеці. Жонка Палуміскава была цяжарная трэцім дзіцем.
    Забойства сякерай учыніў днявальны - былы зэк, крымінальнік, які ўцёрся ў давер да неспрактыкаваных навічкоў Палуміскавых, памагаючы ім у хатніх справах, часта застаючыся ў іх нанач. Ён “пранюхаў”, што на імя Палуміскавых павінны прыбыць вялікі багаж. Гэта і прывабіла яго. З сябрамі ён дамовіўся абрабаваць сям’ю. Нарэшце багаж прыбыў. Яго яшчэ нават не пасьпелі распакаваць. Злачынцы прынялі намер дзейнічаць неадкладна. Днявальны ў той дзень застаўся начаваць у Палуміскавых, каб адшчапіць крук на дзьвярах па ўмоўным сыгнале хаўрусьнікаў. Але ён праспаў гэты момант. Хаўрусьнікі прыходзілі і ні з чым пайшлі. Прачнуўшыся пад раніцу, днявальны наважыўся дзейнічаць адзін.
    Кватэра Палуміскавых месьцілася на другім паверсе драўлянага атынкаванага двухпавярховага будынка. Суседзі з першага паверху чулі роспачны крык дзяцей, чулі, як нехта іх супакойваў, але не надалі гэтаму ніякай увагі.
    Забіўшы сям’ю, злачынца пачаў рабаваць багаж. Узламаўшы скрыні, ён убачыў, што там, апрача кніжак па геалёгіі, пэдагогіцы, падручнікаў для дзяцей, амаль нічога не было. Узяўшы такія-сякія рэчы, забойца выйшаў на вуліцу. У гэты момант канвой вёў ужо дзённую зьмену зэкаў з Ягадзінскага лягпункта на працу ў мэханічныя майстэрні. Забойца пайшоў сьледам, не выклікаўшы ніякага падазрэньня ў канвою. Ён выйшаў за пасёлак і недзе схаваў украдзенае.
    У той жа дзень арыштавалі і “апрацавалі” некалькі дзесяткаў былых лягернікаў, папярэдне правёўшы аблаву на невялікім мясцовым рынку. Што дала гэтая апрацоўка, ніхто не ведаў. Аднак праз некалькі дзён забойца быў выяўлены. Урэшце ён заплаціў сваім нікчэмным жыцьцём за ўчыненае злачынства.

                                                                      Камбрыг-днявальны

    Згадваецца мне адзін выключны выпадак, калі ў нашага начальніка лягпункта днявальным быў былы камбрыг - камандзір асобнай кавалерыйскай брыгады. Яна ўваходзіла ў склад Маскоўскага гарнізона і заўсёды ўдзельнічала ў сьвяточных парадах на Краснай плошчы ў Маскве.
    Начальнікі нашага лягпункта час ад часу мяняліся. Памятаю іх прозьвішчы: Кудзінаў, Глузман. Прозьвішча гэтага начальніка, што ўзяў сабе ў днявальныя камбрыга, у памяці не захавалася. Ён вызначаўся чалавечнасьцю, наколькі яна была магчымая ў тых умовах. Усе разумелі, што выбар, зроблены начальнікам лягпункта, быў актам гуманнасьці, бо камбрыг быў ужо чалавек немалады, да таго ж паранены ў грамадзянскую вайну. У яго была скалечаная сківіца, што стварала цяжкасьці пры размове ды ўжываньні ежы. На агульнай працы ў забоі ён доўга не працягнуў бы, таму “пасада” днявальнага пры начальніку лягера была для яго паратункам на нейкі час. Ён жыў у дамку начальніка, пёк яму пшанічныя аладкі, гатаваў стравы. Харчаваліся яны разам і, відаць, вялі шчырыя размовы, якія, безумоўна, рабілі ўплыў на погляды і стаўленьне начальніка да зьняволеных. Таму ён і быў начальнікам паводле абавязку, а не паводле палітычнага натхненьня ці фанатызму або садызму. Але зьмяніўся начальнік, зьмяніўся і днявальны. Камбрыг ізноў апынуўся ў забоі як “контрык” і пачаў “даходзіць”. Недзе да вясны 1940 года ён амаль “дайшоў” і быў вылучаны ў каманду слабасілак, якую накіравалі некуды на “папраўку”. У наш лягер каманда не вярнулася. Мы ставіліся да гэтага з поўнай падазронасьцю. Загады аб расстрэлах зэкаў нам больш не зачытваліся, легіён Яжова, што лютаваў раней, быў зьменены легіёнам Берыі. Зьмяніліся і мэтады тэрору.
    Імя і прозьвішча камбрыга Юрый Якубоўскі. Мне ён казаў, што ў яго ёсьць сваякі ў Самахвалавічах. Камбрыг быў чалавек высокай культуры, начытаны, характарам лагодны, мяккі. Ён нават вершы пісаў. Ягоная “Асеньняя элегія” недзе была надрукаваная. З яго калымскіх вершаў, якія ён трымаў толькі ў памяці ды іншы раз дэклямаваў нам, я запомніў толькі адно чатырохрадкоўе:
                                                      Я еретик - и это не скрываю
                                                      И никаких богов не признаю.
                                                      Я поклоняюсь октябрю и маю.
                                                      Люблю как жизнь лишь Родину мою.
    Ён старанна тлумачыў тым, хто не здагадваўся, каго трэба разумець пад “багамі”, на чале якіх стаяў тады галоўны крамлёўскі “бог”.
    Аднойчы Якубоўскі расказаў пра кур'ёзны выпадак, што адбыўся ў адным эскадроне яго брыгады. Увосень 1935 ці 1936 года прыбыло новае папаўненьне мабілізаваных юнакоў з Украіны. З першага ж кроку, як і ўсюды ў арміі ў тым часе, пачалася ідэалягічная апрацоўка навабранцаў. “Проштудировали” закон “Об измене Родине” і ўзяліся за вывучэньне біяграфіі Сталіна. Палітрук на палітзанятках у адным эскадроне так заўзята расказваў пра тое, як Коба спрытна ўцёк з Тбіліскай турмы, што адзін навабранец у захапленьні выгукнуў: “Ну й жулік”. Пра гэтае ЧП далажыў камбрыгу опэрупаўнаважаны НКВД пры кавбрыгадзе. Давялося разьбірацца. Якубоўскі разам са сваім зампалітам сабраў камандзіраў эскадронаў і палітработнікаў, запрасіў опэрупаўнаважанага НКВД і выклікаў “вінаватага” для тлумачэньня. Па словах Якубоўскага, да яго ў кабінэт увайшоў зграбны малады русявы хлопец з блакітнымі вачыма, дужы, пра якіх кажуць: здаровы як дуб скарбовы. Ён цырыманіяльным крокам падышоў да камбрыга, спыніўся за тры крокі, узяў пад казырок і адрапартаваў: “Таварыш камбрыг, па вашаму прыказаньню явывся!” На запытаньне, чаму ён назваў таварыша Сталіна жулікам, паясьніў, што ў іх вёсцы і наагул на Ўкраіне, калі кагосьці зьдзіўляе спрытны ўчынак чалавека, людзі толькі выказваюць сваё захапленьне выгукам “ну й жулік”. Вось і ў яго незнарок вырваліся гэтыя словы. Тлумачэньне навабранца Якубоўскі палічыў шчырым і загадаў далейшы разбор справы спыніць. Праз нейкі час Якубоўскаму далажылі, што намаганьнямі опэрупаўнаважанага НКВД хлопца ўсё ж арыштавалі і прысудзілі да пяці гадоў зьняволеньня. На гэтым справа не скончылася. Калі арыштавалі самога Якубоўскага, то сьледчы, не нашмат старэйшы за навабранца, абвінаваціў сьсівелага героя грамадзянскай вайны ў тым, што ён імкнуўся засьцерагчы ад пакараньня “ворага народа”, які гэтак абразіў Сталіна.
    Дарэчы, гэтае абвінавачваньне было далёка не адзінае. Недзе ў 1935 ці 1936 годзе, напярэдадні кастрычніцкага сьвята, блізу трох гадзінаў ночы, брыгада, як звычайна, выстраілася на адной з прылеглых да Краснай плошчы вуліц у чаканьні раніцы да парада. Раптам зьявілася калёна грузавікоў з салдатамі НКВД, параўнялася з калёнай брыгады і спынілася. З машын саскочылі салдаты НКВД і пачалі абшукваць кавалерыстаў брыгады. Лазілі ў падсумкі, прымушалі адкрываць затворы вінтовак. Абшукалі і камандзіраў, прапануючы кожнаму выняць з кабуры наган. Гэта быў першы з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі вобыск войскаў - удзельнікаў сьвяточнага парада. Відаць, да гэтага часу Сталін поўнасьцю апынуўся ва ўладзе жывёльнага страху нават перад Чырвонай арміяй. А калі адчуваў гэты страх, то разумеў, што па вушы заграз у злачынствах. Але спыняць іх не думаў.
    У 1936 годзе курсант старэйшага курса Маскоўскай артылерыйскай школы імя Красіна, у якой да арышту вучыўся і я, апавядаў нам пра цікавы выпадак, які адбыўся ў 1934 годзе. Курсанты нашай школы, разам з крамлёўскімі курсантамі, несьлі варту каля труны Кірава. У момант зьмены варты побач з нашым курсантам апынуўся Сталін, які таксама зьмяніўся з ганаровай варты. Згодна з рытуалам, наш курсант мусіў спрытна выняць шаблю з похвы і ўзяць на плячо. Калі ён пачаў гэта рабіць, у вачах Сталіна палыхнуў страх. На нейкую нязначную долю сэкунды ён спыніўся, нібы спатыкнуўся. Курсант разгубіўся і таксама на нейкую долю сэкунды замёр з напалову выцягнутай шабляй. Паміж Сталіным і курсантам хуценька стаў Ягода, які знаходзіўся побач. Ён супакоіў курсанта, зьняўшы такім чынам напружаньне выпадковай сытуацыі.
    Пазьней была праведзена перадысьлякацыя школ. Нашу школу перавялі аж у Краснадар. Агульнавайсковую школу крамлёўскіх курсантаў выселілі з Крамля, дзе яна знаходзілася з часоў Леніна, і раскватаравалі ў былых нашых казармах. Ці мела гэта сувязь з памянёным выпадкам, сказаць цяжка. Пэўна толькі тое, што страх прымусіў Сталіна выселіць агульнавайсковую школу з Крамля.
    Паводле словаў Якубоўскага, ён пад час вобыску стаяў у перадзе калёны брыгады і нэрваваўся. Вобыск не мінуў і яго. Побач стаялі зампаліт і опэрупаўнаважаны НКВД пры брыгадзе, таксама абшуканыя. Сабраўшыся гуртам, падышлі камандзіры ўсёй брыгады, абураныя недаверам і гвалтам вобыску. Яны пачалі скардзіцца Якубоўскаму, выказваючы сваё абурэньне прыкладна так: “Камандзіры мы Чырвонай арміі ці не? Калі нам не давяраюць, то няхай звальняюць у запас!” Абураны не менш, чым яны, Якубоўскі зьедліва сказаў, кінуўшы ў бок зампаліта: “Вось ваш поп, зьвяртайцеся да яго”. Камандзіры засьмяяліся, што некалькі разрадзіла напружаньне.
    Сьледчаму Якубоўскага стаў вядомы і гэты эпізод, які даў падставу абвінаваціць камбрыга ў абразе паліторганаў Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Больш за тое, Якубоўскага абвінавацілі ў шкодніцтве ў часе грамадзянскай вайны. А рэч у тым, што аднаго разу ў вельмі складаных тактыка-стратэгічных умовах фронту ягоная брыгада апынулася ў акружэньні белых. Гэта здарылася ў лясістай мясцовасьці, зараз не памятаю дзе. Кальцо было настолькі моцнае, што ніякія спробы і намаганьні брыгады прарвацца не далі вынікаў. Гэта азначала: палон або зьнішчэньне. На апэратыўнай нарадзе камандзіры прынялі намер глыбокай ноччу малымі групамі прасачыцца праз акружэньне, каб вывесьці жывую сілу. У такім разе вывад брыгаднай артылерыі быў немагчымы. Параіўшыся, прыйшлі да высновы: замкі гармат кінуць у балота, гарматы падарваць, каб не дасталіся ворагу ў спраўным стане. Так і зрабілі. Апэрацыя прайшла пасьпяхова з найменшымі стратамі. Да таго ж яна была адзіна магчымым выйсьцем. Аднак сьледчы паглядзеў на гэта інакш: “Ты яшчэ ў грамадзянскую вайну займаўся шкодніцтвам, зьнішчаў баявую тэхніку”.
    Быў у біяграфіі Якубоўскага яшчэ адзін цікавы выпадак, вытлумачаны сьледчым таксама не на яго карысьць. Неяк яго тэрмінова выклікалі ў Камісарыят абароны, прапанавалі падняць брыгаду па баявой трывозе, пагрузіцца ў цягнікі і тэрмінова адбыць на адрас, пазначаны на пакеце, які яму ўручылі. Разам з тым яму дазволілі расьпячатаць пакет толькі ў дарозе. Калі цягнікі адышлі ад Масквы, Якубоўскі расьпячатаў пакет. У ім быў загад прыбыць у адзін з раёнаў Цэнтральнай Расеі і прыступіць да ліквідацыі “кулацкага паўстаньня”. Гэта было ў часы масавага раскулачваньня і калектывізацыі. Раённае начальства вяло настолькі жорсткую палітыку з арыштамі і рэпрэсіямі, што гэта выклікала абурэньне насельніцтва. У выніку стыхійна ўтварылася помсьлівая група, якая перабілі частку раённага начальства.
    Прыбыўшы да месца дзеяньня брыгады, Якубоўскі дысьляцыраваў яе дробнымі падразьдзяленьнямі па вёсках. Палітрукі пачалі весьці агітацыйную работу сярод насельніцтва, а шараговыя дапамагалі ў працы на полі, выкарыстоўваючы абозных коней брыгады, у першую чаргу сем’ям чырвонаармейцаў, што служылі ў тым часе ў войску. Звычайна ў канцы дня ўсё гэта завяршалася вечарынкамі, у іншых месцах з духавым аркестрам. Усталявалася поўнае паразуменьне паміж войскам і насельніцтвам. Ніякіх эксцэсаў не было.
    Пад старшынствам Якубоўскага вялося расьсьледаваньне дзейнасьці раённага начальства. Былі выяўлены дзікія па сваёй сутнасьці прыклады сваволі. Напрыклад, начальнік райаддзела міліцыі выдаваў загады самому сабе і акуратна заносіў іх у кнігу загадаў. Гэтымі ж загадамі ён ўскладваў сам на сябе абавязак сачыць за іх выкананьнем. Сам сабе пісаў рапарты аб выкананьні гэтых загадаў, накладваў на іх уласнаручныя рэзалюцыі і ўсё акуратна падшываў. Адным словам, рабіў што хацеў і дакумэнтаваў вось такім чынам свае злачынныя дзеяньні. Ніхто яго не кантраляваў. Не вызначаліся розумам і іншыя начальнікі. Усё гэта было адзначана ў дакумэнтах праверкі і расьсьледаваньняў з асуджэньнем беззаконьняў, дапушчаных раённым кіраўніцтвам. А сьледчы Якубоўскага расцаніў вынікі праверкі як доказ яго салідарнасьці з “клясавымі ворагамі”.
    Пра гэта ў свой час расказаў нам сам апальны камбрыг Юрый Якубоўскі. Аб тым, які лёс напаткаў камбрыга, я не ведаю. Ніколі болей я яго не спатыкаў, ніколі нічога пра яго не чуў. Відаць, ён недзе загінуў “на просторах родины чудесной”, у любові да якой ён кляўся ў сваіх вершах, што не пабачылі сьвету, зьнікнуўшы разам з ім.
                                                                           Супернікі
    Аднаго разу, увесну 1938 ці 1939 года, калі на Калыме ўжо згінуў сьнег, да нашага лягпункта падышоў мядзьведзь. Ён ішоў з боку сопкі Чок-Чык па спадзістым схіле, часам насьцярожана спыняўся, прагна прынюхваўся, набіраўся рашучасьці, сьмялеў і йшоў далей, маючы пэўную мэту. Калючы дрот лягернай зоны перагарадзіў яму шлях. Крыху памарудзіўшы, ён паволі пайшоў уздоўж зоны, нібы шукаючы дзірку, каб трапіць на тэрыторыю лягера. Мядзьведзя заўважылі зэкі і з цікаўнасьцю назіралі за ім. Гэты было ў поўдзень. Няцяжка здагадацца, што драпежніка прывабіў гнілы смурод ад лягернай памыйніцы, які распаўсюджваўся па навакольлі. Каб не калючы дрот, то зьвер дайшоў бы да самай памыйкі. Але там ён сустрэў бы супернікаў - лягерных дахадзяг, якія марна шукалі ў неглыбокай памыйнай яме чаго-небудзь спажыўнага: якой-небудзь шкарлупіны, галавы селядца або таго-сяго прыкарэлага да кансэрвавай бляшанкі. Ім рэдка шанцавала на знаходкі, але яны з тупой упартасьцю ўжо каторы раз курмешкалі кіямі непрыдатныя для ежы адкіды лягернай кухні. Каб не дрот, то ў суперніцтве, пэўна, перамог бы мядзьведзь. Сутыкненьня інтарэсаў не адбылося. Гэта якраз той выпадак, калі дрот лягернай зоны ўратаваў зьняволеных ад небясьпекі.
    Неўзабаве і на ахоўных вышках лягернай зоны, нібы прачнуўшыся, заўважылі мядзьведзя. Пачалася страляніна. Вохраўцы бязладна смалілі з усіх чатырох вышак. Драпежнік кінуўся ўцякаць туды, адкуль прыйшоў. Ён з дзіўнай хуткасьцю імчаў угару па схіле сопкі, нагадваючы сабой нейкі камяк, які шпарка каціўся. Адбегшыся з кілямэтар, ён спыніўся, азірнуўся, пастаяў хвіліну-другую і паволі пакрочыў па замшэлай галалобай сопцы туды, дзе ў далечыні тырчэлі астанцы чорнай скалы. На яго шчасьце, “варашылаўскія стралкі” прамазалі.
    Калі б мядзьведзь мог разважаць, то пасьля гэтага выпадку ён прыйшоў бы да высновы, што лепей ісьці да мёртвых на шматлікія лягерныя магільнікі. Там можна беспакарана пажывіцца і чалавечынай.
                                                                   Разрытыя магілы
    У розных народаў нябожчыкаў хаваюць па-рознаму. Іншым разам цяжка здагадацца, што традыцыя складвалася пад уплывам нейкіх абставін, вымагалася жорсткай неабходнасьцю. Напрыклад, эвены, паклаўшы нябожчыка ў магілу, засыпаюць яе да паловы глыбіні, а пасьля на гэтым узроўні робяць яе значна даўжэйшай. Потым кладуць бервяно і засыпаюць магілу даверху. Хаваюць нябожчыкаў звычайна ў талікавай зоне, дзе-небудзь на ўскрайку рачной даліны, у лістоўнічным або таполевым лесе, дзе вечная мерзлата знаходзіцца на даволі значнай глыбіні.
    Пазьней, калі я ўжо быў вольны і працаваў у геалягічнай партыі на геалягічным картаваньні тэрыторыі, недзе ў даліне ракі Джэгдакі, што ў вадазборы ракі Буюнды (правага прытока Калымы), натрапіў у маршруце на разрытую да паловы адзінокую магілу. У ёй было відно аголенае бервяно, дакладней, сярэдняя частка бервяна. Канцы яго заставаліся засыпанымі. Бервяно з аблузанай карой было падрапанае. Я зразумеў, што тут была спроба разрабаваць магілу. Мядзьведзь-магільшчык, знайшоўшы яе, спрабаваў дакапацца да нябожчыка. Але дасягнуць гэтага перашкодзіла бервяно, прадбачліва пакладзенае ды закапанае над пахаваньнем. Так і засталася магіла разрытай на палову глыбіні.
    Жыцьцёвы вопыт многіх пакаленьняў тубыльцаў поўначы падказваў, як захаваць магілы памерлых і засьцерагчы нябожчыкаў ад мядзьведзяў. Клапоцяцца пра гэта родныя і блізкія, умацоўваючы магілу бервяном. Але, відаць, з нейкай прычыны гэта не заўсёды робіцца. Аднойчы, прасоўваючыся па лістоўнічнай тайзе ўсёй геалягічнай партыяй да новай базы, мы натрапілі на адзінокую, разрытую мядзьведзем магілу, у якой не было бервяна. У гэтым выпадку драпежніку спадарожнічаў посьпех. Ён дастаў труп, бо навокал даўно разрытай магілы валяліся ўжо косьці і чэрап, доўгія чорныя валасы і срэбныя маністы, зробленыя з манэт яшчэ царскай чаканкі. Гэта было пахаваньне жанчыны-абарыгенкі.
    Зразумела, што ў масавыя мелка заглыбленыя траншэйныя магільнікі ніхто ніякага бярвення не клаў. Іх прысыпалі больш сьнегам, чым зямлёй, папаўняючы адкрытую траншэю ўсю зіму. Вясной мядзьведзі, прачнуўшыся ад доўгай сьпячкі, схуднелыя і згаладалыя, бадзяліся па сопках і далінах у пошуках спажывы. Яны, сьледам за лісамі, не міналі ніводных лягерных магільнікаў, разрывалі траншэі і “балявалі”. Лягернае начальства не зьвяртала на гэта ніякай увагі. Так адбывалася раз-пораз на працягу гадоў кожнае лета, пакуль маразы не скоўвалі зямлю і не заганялі мядзьведзяў у бярлогі. Тым часам, пакуль мядзьведзі спалі, немінучы для многіх зьняволеных канец назапашваў новую сэзонную “спажыву” зьвярам.
                                                            Курум з граніту і трупаў
    Не кожны геоляг бачыў курумы, бо яны сустракаюцца нячаста. Другое найменьне курумаў больш даходлівае, дэталізавана-вызначанае: каменныя моры, калі на роўнай паверхні, каменныя рэкі - калі на схіле ракі. З выгляду ў згаданым выпадку гэта больш-менш роўнае гранітнае плято, хаатычна заваленае гранітнымі глыбамі памерам з надмагільную пліту і значна большымі, рознапамернымі. Наўкола бачыцца гарманічная прырода і раптам - неверагодны хаос, утвораны нейкай д’ябальскай сілай. Такой сілай мог быць далінны ледавік, здольны зрушыць з месца пачатковага заляганьня шматлікія блёкі гранітнага масіву, разьбітага шчылінамі, магчыма, яшчэ ў часы застываньня магмы. Згаданы курум з тых, што я бачыў, падобны на каменную звалку, каменную пустку, на якой няма расьліннага пласта, няма глебы. Хадзіць па ім вельмі нязручна. Па сутнасьці, ты ня йдзеш, а скачаш з блёка на блёк. Гэты курум знаходзіцца ў сыстэме вадазбору ракі Джэлгалы, правага прытока ракі Дзебін. Ён прыўзьняты мэтраў на пяцьдзесят над далінай, разварочанай у той час забоямі прыіска “Джэлгала”. Дарогі на прыіск тады не было. Ён трымаўся на глыбінным завозе па лёдзе ракі, што прамярзала да дна, ды часовых зімніках, здатных да карыстаньня толькі ўзімку. Сваім ходам туды загналі патрэбную колькасьць вязьняў. Іх рукамі зрабілі лягер, выгарадзілі калючым дротам зону, паставілі вартавыя вышкі. Усё ў каторы ўжо раз пачалося, як і раней, як і пасьля, на Калыме. Пачалі мерці і зьнішчацца людзі. Гэтая акалічнасьць прымусіла выбіраць месца для лягернага магільніка - чарговых калымскіх Курапат. Выбіралі па сьнезе, не разабраўшыся, проста на куруме. Там наагул нельга заглыбіцца, зрабіць нармальную траншэю нават выбухамі. Нябожчыкаў, па сутнасьці, хавалі ў сьнезе. Не было зямлі, каб хоць з большага прысыпаць трупы. Надышла вясна, растаў сьнег, агаліўся курум. На ім адкрылася зімовае пахаваньне, якое ўяўляла сабой не што іншае, як лаўжы трупаў. Перахаваць іх ніхто не зьбіраўся. Туды зачасьцілі лісы, а калі трупы пачалі загніваць, пачалі наведвацца мядзьведзі. Летам трупны смурод распаўсюджваўся па навакольлі на ўсё большую прастору. Вецер прыносіў яго і ў даліну - у забоі, дзе працавалі жывыя, ацалелыя, над якімі зьлітаваўся лёс. Людзі былі прыгнечаныя незвычайным напамінам пра тое, што можа напаткаць і іх.
    Бадай, не было на Калыме ніводнага лягернага братняга магільніка, не разрабаванага на самым пачатку лісамі і мядзьведзямі.
    Пазьней, будучы ўжо вольным, я бачыў такія спустошаныя і запусьцелыя магільнікі. Аднойчы, па абавязку геалягічнай службы, мне давялося быць на закінутым валавяным рудніку “Дняпроўскі”. У той час руднік пуставаў. Абагачальная фабрыка разбурылася. Не вельмі далёка ад яе быў і лягерны магільнік. Ён уяўляў сабою доўгую засыпаную траншэю. Паверхня яе прасела, акрэсьліўшы абрысы. Магільнік у свой час, відаць, быў таксама разрабаваны мядзьведзямі. Навокал бязладна валяліся выбеленыя косьці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых спраў пахаваных. Спыніўшы свой позірк на чэрапе, у якога не хапала пярэдніх зубоў, я спытаў у рабочага, што быў са мной, дзе, па яго меркаваньні, дзеліся гэтыя зубы. Рабочы, нібы прачытаўшы мае думкі, адказаў: “Выбіты сьледчым або лягстарастам”. Гэта была, відаць, жорсткая праўда пра тое, што адбывалася яшчэ пры жыцьці з пахаваным, да таго, як ягонае распранутае цела кінулі ў гэтую траншэю.
    Пахаваньнем займаліся уркі. Яны, безумоўна, не маглі ставіцца да гэтае працы, як і да ўсялякай іншай, добрасумленна. Тым не менш яна давала ім магчымасьць выкруціцца ад працы ў забоі. Таму праца магільшчыка, непазьбежна патрэбная тады на Калыме, лічылася ў іх “блатной” (лёгкай). Іншы раз было “завозна”. Але ўсё ж выпадалі гадзіны, а то і дні, калі можна было “пакантавацца” (пагультайнічаць), перакінуцца ў карты. А “дубары”, гэтак блатныя на сваім жаргоне называлі памерлых або забітых, маглі пачакаць, назапашваючыся да часу штабэлем у якім-небудзь хлеўчуку-трупэрніку.
                                                              Залатая Калыма
    Самай “дарагой” прафэсіяй на Калыме лічылася прафэсія забойшчыка, занятага на здабычы золата ў адкрытых забоях, ці штольнях, або на ўскрышы залатаносных пяскоў. Яна, гэтая прафэсія, была самая цяжкая, самая пагібельная. Гэта не ў малой ступені вызначалася вытворчым працэсам, заснаваным толькі на ручной фізычнай працы. Мускульная энэргія людзей была асноўнай рухальнай сілай вытворчасьці. Кайло, рыдлёўка, тачка - вось тыя “тэхнічныя сродкі”, якія, бадай, паўсюдна ў месцах зьняволеньня не зьмяніліся з часоў дзекабрыстаў. Таму пашырэньне горнай вытворчасьці на Калыме вымагала ўсё новых і новых забойшчыкаў. І яны йшлі этап за этапам, бо рост здабычы золата цалкам залежаў ад росту колькасьці вязьняў на прыісках. Бязьмежная прага золата “отцом народов” падштурхоўвала ГУЛАГ этапіраваць велізарныя масы зьняволеных на шматлікія прыіскі Калымы - аснову эканомікі “Дальстроя”. Неабжытасьць краю, неверагодна цяжкія кліматычныя ўмовы, голад, холад, непасільная паднявольная праца, лягерны тэрор, сутнасьць якога ў палітычным генацыдзе, утварылі асаблівы штучны канвэер сьмерці. Ён дзейнічаў безупынна, перамолваючы ўсё новыя і новыя масы людзей на працягу многіх гадоў. Усё гэта ўскладнялася дапатопным спосабам арганізацыі вытворчасьці, амаль поўнай адсутнасьцю мэханізацыі, бесталковасьцю, безгаспадарчасьцю, эканамічнай некампэтэнтнасьцю вытворчага кіраўніцтва, бязьлітаснасьцю і жорсткасьцю лягернага начальства, якое старалася дагадзіць “правадыру”. Там, на Калыме, відаць, найбольш выразна акрэсьлілася зьвярыная сутнасьць лягернай сыстэмы і яе творцаў. Некаторыя мяркуюць, што на Калыме загінуў кожны трэці з ліку этапіраваных туды зьняволеных. Відаць, у гэтых меркаваньнях памылкі няма. І гэта ў краі, дзе незьлічоныя мінэральныя багацьці карысных выкапняў складаюць амаль усю табліцу Мендзялеева, сярод якіх дамінавала золата. Нездарма ж пыхлівае начальства Дальбуда лічыла Калыму “валютным цэхам краіны”.
    Вынікам пералічаных вышэй умоваў была нізкая прадукцыйнасьць працы. Але нават у тых эканамічна-тэхнічных умовах яна магла быць значна вышэйшая пры гуманным, чалавечым стаўленьні да ні ў чым не вінаватых палітзэкаў. Нізкая прадукцыйнасьць працы кампэнсавалася толькі безупыннымі этапамі зьняволеных ды небывалым багацьцем россыпных радовішчаў золата. Да прыкладу, у 1937 годзе пры распрацоўцы россыпаў даліны Хатыннаха на ўчастку нашага лягпункта брыгада з 25-30 чалавек намывала за дванаццацігадзінную зьмену да 120 кіляграмаў золата. Гэта былі рэкордныя намывы пры бутарным спосабе прамыўкі.
    На пляскатай паверхні сопкі, там, дзе наш сэрпантын выходзіў на водападзел, быў зроблены грунтовы аэрадром. Улетку кожны пагодны дзень прылятаў “кукурузьнік”. Загружаны золатам, ён узьнімаўся ў паветра, рабіў круг над бліжэйшымі забоямі і зьнікаў за сопкамі. То быў своеасаблівы “залаты ручай”, па якім перацякала ў сховішчы краіны кроў расстраляных, матэрыялізаваная ў выглядзе золата, здабытага вязьнямі ў капальнях Хатыннаха.
    Нават у пару затуханьня дзейнасьці нашага горнага ўпраўленьня, выкліканага выпрацоўкай найбольш багатых россыпаў у папярэднія гады, яно ўсё ж давала, як тады казалі, “чортаў тузін” - трынаццаць тонаў золата за прамыўны сэзон. Гэта быў час Вялікай Айчыннай вайны. Новыя ўпраўленьні, што ўсталёўваліся на нядаўна адкрытых россыпах, давалі ў 4-5 разоў больш. Напрыклад, Ценькінскае ўпраўленьне, якое грымела сваімі рэкордамі ў вайну. Калымскае золата цякло ракой пры нечалавечых умовах эксплуатацыі зьняволеных у шматлікіх лягерах. На ўсё гэта яшчэ накладваўся і лягерны тэрор. Немінучым вынікам былі безьлічныя масавыя чалавечыя ахвяры, якіх не акупіць ніякім золатам.
    У часе вайны не толькі забойныя брыгады мылі золата. Службоўцы ўстановаў, кантор, рабочыя падсобных службаў, геолягаразьведчыкі і г. д. - усе, апрача вохры, мелі заданьні па намыве золата. Людзі хадзілі па адпрацаваных забоях ды іх ускрайках з прамыўнымі латкамі і займаліся “старацельствам”, намываючы іншым разам болей за 10 грамаў золата за дзень. Не мылі золата блатныя, хоць здавалі яго рэгулярна, з перавыкананьнем заданьня. Яны таксама хадзілі з латкамі, толькі ніхто з іх ні разу не прамываў ніводнага латка пароды. Звычайна яны куплялі драбязу і маленькія самародкі ў забойшчыкаў. Тыя ведалі, што можна збыць золата жулікам за хлеб. Было агульнавядома, што блатныя не любяць працаваць. Той ці іншы “купец” прыходзіў у забой і ціхенька пытаўся ў забойшчыкаў: “Пшеница есть?” На жаргоне “пшеница” - гэта золата. Купля і продаж золата за хлеб ішлі ўвесь час. Забойшчыкі пры пагрузцы пароды, якая мела амаль чорны колер, лёгка заўважалі жоўтыя самародкі, выбіралі іх з тачак, хавалі і чакалі “купцоў”. Такім чынам жульлё выконвала свой плян за лічаныя хвіліны, а потым зашывалася дзе-небудзь далей ад вока начальства і запаўняла вольны час “інтэлектуальным заняткам” - гульнёй у карты. Забойшчыкі ведалі, што непрададзенае золата нельга несьці ў лягерную зону, гэта было вельмі небясьпечна. “Пагарэць” у часе “шмону” (вобыску) азначала немінучы расстрэл. Таму нерэалізаванае золата прыхоўвалася ў забоі да наступнага дня.
    У гэты час я ўжо працаваў вольным у Сярэдне-Дзебінскім разьведраёне, на шурфоўцы. На нашым абавязку было прырошчваньне залатаносных плошчаў шляхам шурфовачнай разьведкі для прыіска “Джэлгала”. Сама інтэнсіўным пэрыядам разьведкі для нас была зіма. Летам шурфовачныя работы амаль спыняліся, людзі разыходзіліся па пошукавых партыях. Але горна-эксплуатацыйнае начальства пра нас не забывалася, не скідала са свайго рахунку. Памятаю, у адзін з гадоў вайны начальнік СГПУ нехта Гагкаеў - асэтын па нацыянальнай прыналежнасьці, сказаў так: “Вы - геолягі. Знайдзіце сабе новую плошчу пад распрацоўку, якая б не ўваходзіла ў падлічаныя запасы адведзеных плошчаў для прыіска і выдайце цэнтнэр золата за прамывачны сэзон”. Што будзеш рабіць? Загад начальства ў тых умовах аспрэчваць немагчыма, да таго ж небясьпечна. Такую плошчу мы знайшлі, стварылі брыгаду з 10-15 чалавек, пабудавалі бутару, завялі на яе ваду і пачалі эксплуатацыйныя, не ўласьцівыя нам работы. Плян - цэнтнэр гатовага золата. Значыць, трэба было намываць штодня па адным кіляграме. Гэта не заўсёды ўдавалася. Тады Гагкаеў, атрымаўшы чарговую зводку, казаў па тэлефоне нашаму прарабу - былому палітзэку Марцідзі Георгію Іванавічу, грэку з данской станіцы, які, дарэчы, умудрыўся ў свой час назваць сваю дачку Сталінай, прыкладна так: “Мартиди, я тебе настроение испорчу!” Гагкаеў быў чалавек люты, але да Марцідзі ён ставіўся чамусьці паблажліва. Магчыма, таму, што наш цэнтнэр не меў вырашальнага значэньня ў “чортавым тузіне” (трынаццаці тонах), а быў нейкім звышплянавым даважкам. Тым летам мы намылі не адзін, а паўтара цэнтнэра, так што “псаваць настрой” нашаму прарабу не выпадала.
    Начальства добра разумела, як маглі абысьціся азлобленыя зэкі з буйнымі самародкамі. Яны маглі іх закінуць так, што сам чорт не знайшоў бы. Таму на Калыме існавала такса, згодна з якой начальства плаціла зьняволеным забойшчыкам па 1 руб. 14 кап. за грам золата, калі самародак важыў больш за 50 грамаў. Мой першы самародак, падняты яшчэ ў 1937 годзе, заважыў 58 грамаў, што па іроніі лёсу адпавядала нумару артыкула, па якім мяне судзілі. Я ніколі не верыў ні ў якія прыкметы, але тады мне падумалася, што ў маім калымскім жыцьці ўрэшце ўсё абыдзецца добра. Артыкул кодэкса пазалаціўся ж. Недзе ў падсьвядомасьці зацеплілася надзея, нічым не падмацаваная. Надзея выжыць і перажыць. Так хацелася верыць у яе зьдзяйсьненьне, калі навокал гінулі людзі. Наступны мой самародак заважыў 382 грамы. Гэтая лічба ўжо не паддавалася тлумачэньню. Тым не менш думалася, што і ў ёй ёсьць нейкі добры знак. А наагул на нашым участку занадта буйных самародкаў не знаходзілі. Сама буйны, падняты іншай брыгадай, заважыў 2 кіляграмы і некалькі грамаў. А ўсё тое, што важыла меней за 50 грамаў, ішло кантрабандай па лягерным “бізнэсе” ў якасьці “пшаніцы”, пры менавым гандлі на хлеб.
                                                                           Пыл у вочы
    Падзеі вайны, што ліхаманкаю трэсьлі краіну, на Калыме, вядома, не маглі праявіцца нейкім чынам. Мы толькі прыблізна маглі ўявіць, што адбываецца на бацькаўшчыне кожнага з нас, чые тэрыторыі трапілі пад нямецкую акупацыю. Нам не давялося бачыць бамбёжкі, чуць разрывы бомбаў і снарадаў, быць удзельнікамі вайны, бачыць, як гінуць людзі на фронце. Тут, на Калыме, людзі гінулі па-свойму. Аналёгіі не магло быць. Адно мы чулі, як на паўночны захад ад нас штодня гулі самалёты. Мы іх ніколі не бачылі, бо яны губляліся ў блакіце калымскага неба. Гэта гулі “дугласы”, нагадваючы пра тое, што на захадзе, за тысячы кілямэтраў ад нас, ідзе жорсткая вайна. Самалёты пераганялі з Аляскі цераз Чукотку і Сыбір у эўрапейскую частку СССР. На душы было трывожна. Недзе там засталіся родныя і блізкія. Іх лёс быў невядомы для нас гэтаксама, як наш для іх.
    Аднаго разу тым жа маршрутам праз Аляску ды Чукотку пралятаў да Чан Кай-шы віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў. Здаецца, прозьвішча яго Ўолес. Ён наведаў Магадан і адзін з прыіскаў. Віцэ-прэзыдэнта, відаць, імкнуліся пераканаць, што СССР мае чым плаціць за зброю. Для гэтага быў вызначаны адзін з прыіскаў у раёне Сусумана. На ім была праведзена грунтоўная “касмэтыка”. Непазнавальна зьмяніўся ў лічаныя дні і сам пасёлак Сусуман. Усё, што толькі можна пафарбаваць, пафарбавалі. Пасёлак стаў чысты, сьвяточны, са сьцягамі. На “ашчасьліўленым” прыіску схавалі ўсіх зьняволеных так, што яны не маглі трапіць на вочы віцэ-прэзыдэнту. Давялося часова разбураць ахоўныя вышкі. Нарэшце зьняволеныя неспадзявана атрымалі дзень адпачынку. Толькі ім не дазвалялі высоўвацца з палатак.
    Я ўжо прыгадваў, што вохра не выкарыстоўвалася на намыве золата. Выпадак на тым прыіску быў выняткам на ўсёй Калыме, калі вохраўцы спатрэбіліся як паказушная рабочая сіла з мэтаю падману віцэ-прэзыдэнта. Цэлыя падразьдзяленьні, апрануўшыся ў цывільнае адзеньне, дружна занялі месца тых, каго яшчэ ўчора заганялі ў забоі і вартавалі. Дужыя, укормленыя, загарэлыя, яны старанна выконвалі ролю статыстаў у гэтым спэктаклі чыстай маны. Віцэ-прэзыдэнт прысутнічаў на здыме золата з прамыўной бутары пасьля зьмены. Перад гэтым не здымалі золата дзьве зьмены, каб яго назапасілася на сукне бутары як мага больш.
    Пасьля наведваньня прыіска мясцовае начальства наладзіла віцэ-прэзыдэнту ў сталовай Сусумана ганаровы абед. Афіцыянткамі на гэты час сталі жонкі начальнікаў, павязаўшы хвартушкі і зрабіўшы наколкі на валасах. Яны частавалі віцэ-прэзыдэнта выдатна прыгатаваным сьвежым харыюсам, вылаўленым у горных рэчках. Гэта ежа яму вельмі спадабалася, і ён прасіў дабаўкі. Фарс быў таленавіта сыграны, і віцэ-прэзыдэнт адляцеў у кірунку Кітая. Далей усё вярнулася на “кругі свая”. Ці зразумеў віцэ-прэзыдэнт, што яму пускалі пыл у вочы, што вакол яго стварылі атмасфэру і абставіны хлусьні... Адказ на гэтае пытаньне даць нельга, не вывучыўшы дасканала сам факт па гістарычных дакумэнтах. Пры такіх умовах ганебнасьць гэтага факта стане яшчэ выразьнейшай.
    Віцэ-прэзыдэнт праляцеў над калымскім горным краем ад Магадана да Сусумана. Перад ім расьсьцілалася шырокая прастора, нібы сапраўдная рэльефная геаграфічная карта, толькі без надпісаў. Дэталёвасьць “карты” не давала інфармацыі аб тым, што тварылася там - унізе, на гэтай праклятай Богам і людзьмі зямлі. А ў той кропцы, дзе ён прызямліўся, каб убачыць яе буйным плянам, прафэсійна, па-шулерску было зроблена ўсё, каб ён нічога не ўбачыў. А можа, і яго асьляпіў бляск золата?
                                                                            Вохра
    З вохрай давялося сустрэцца кожнаму з нас, этапіраваных на Калыму, толькі там - у Магадане. Да гэтага, на доўгім шляху этапаў, мы знаходзіліся ва ўладзе канвойных войскаў НКВД. Гэта спэцыяльныя часьці рэгулярных войскаў камісарыята ўнутраных спраў. Яны мелі свой спэцыфічны статут. Назва яго: “Устав конвойной службы войск НКВД”. Гэты статут быў жорсткі, але ўсё ж нейкім чынам рэгуляваў дачыненьні канвойнай службы да поўнасьцю бяспраўных палітзьняволеных.
    Канвой НКВД суправаджаў нас да самай бухты Нагаева. Там нас здавалі разам з паперамі асабовых спраў у рукі калымскай вохры. Увесь свой наступны крыжавы шлях мы йшлі ўжо пад яе непадзельнай уладай. З гэтае пары наша праца, побыт працякалі пад штохвілінным прымусам і пільным наглядам вохры. Яна магла беспакарана распараджацца нашым жыцьцём і сьмерцю.
     Ці былі іншыя ваенізаваныя або вайсковыя службы на Калыме? Так, былі. Я маю на ўвазе “калымполк”. Гэта поўнасьцю ўкамплектаваны зброяй і людзьмі полк рэгулярных войскаў Чырвонай арміі. Яго трымалі на Калыме так, на ўсялякі выпадак. Нават вайна не зрушыла яго з месца. Стаяў ён у пасёлку Дзебін, недалёка ад сутокаў ракі таго ж назову з ракой Калымой (паблізу ад моста цераз Калыму на калымскай трасе). Чырвонаармейцы, апрача аховы моста, вялі гультайскае жыцьцё, але заўсёды былі напагатове. Па вайне з Японіяй яго кудысьці перабазавалі. А ў іх казармах ды іншых будынках была створана лекавая ўстанова. Там працаваў у свой час, здаецца санітарам, Варлам Шаламаў - аўтар “Калымскіх апавяданьняў”, праз якія стаў сусьветна вядомым пісьменьнікам.
    Падразьдзяленьні калымпалка ніколі не былі задзеяныя ў нейкіх варунках супраць лягернікаў. Выняткам быў хіба адзін выпадак у 1939 ці 1940 годзе, калі польскія ваеннапалонныя, дакладней зьняволеныя, на чале з афіцэрам, адабраўшы ў вохры зброю, сталі вольнымі ўцекачамі. Адбылося гэта на лесанарыхтоўках на рацэ Бурхала. Калі іх высачылі, то завязаўся няроўны бой. У палон уцекачоў не бралі, ды яны і самі не здаваліся жывымі. Трапіў у рукі адзін ацалелы дый той паранены. Праз гэта ён стаў інвалідам. Пасьля працаваў санітарам у лягернай бальніцы.
    Адкуль жа набіраўся ды папаўняўся асабовы склад вохры? Звычайна гэта былі 22 - 23-гадовыя мажныя дзецюкі, што адслужылі свой тэрмін у войску. Іх вэрбавалі ў час дэмабілізацыі, завабліваючы “доўгім рублём” на Калыму. Структура вохры была вайсковая (казармы, гарадкі), дысцыпліна таксама. З першых жа крокаў іх інтэнсіўна апрацоўвалі ідэалягічна, запэўніваючы, што на Калыме сабраны “сливки контрреволюции” з усяго Савецкага Саюза і не толькі. Іх заклікалі быць пільнымі і бязьлітаснымі да “ворагаў народа”. Яны і былі такімі, апраўдваючы спадзяваньні лягернага начальства. Паводзіны кожнага з іх часам залежалі ад асабістых нялюдзкіх якасьцяў. Для многіх з іх застрэліць вязьня лічылася звычайнай службовай справай. Рукі ў іх былі разьвязаныя на якое заўгодна злачынства ў абыходжаньні з вязьнямі (якое лёгка апраўдвалася супрацівам або ўцёкамі).
    У маёй памяці захаваўся такі характэрны выпадак: два вохраўцы вялі некалькі брыгад па забоях, што суседнічалі. Адзін з іх ззаду гурту, другі - сьпераду. Калі нейкая брыгада апыналася каля свайго забою, то прасіла дазволу выйсьці з гурта і заняць свае рабочыя месцы. Задні канваір звычайна дазваляў, ведаючы, што з ачапленьня ніхто нікуды не дзенецца. У пярэдняга не пыталіся, бо ён не заўсёды назіраў, што робіцца ў яго за плячыма, спадзеючыся на пільнасьць задняга канваіра. У гэтым выпадку, пра які я апавядаю, пярэдні канваір спыніўся. Спыніліся і мы. Ён павярнуўся тварам да гурту і, заўважыўшы, што людзі пачалі адыходзіць убок ад калёны да сваіх забояў, скамандаваў: “Назад!” і пачаў цэліцца ў пярэдняга забойшчыка. Той сказаў, што яны выйшлі з калёны з дазволу задняга канваіра. Прагрымеў стрэл і чалавек упаў, не дайшоўшы некалькі крокаў да свайго забою. Ён з паўхвіліны ў агоніі дробна падрыгаў нагамі і заціх. У гэты момант недзе асірацела яшчэ адна сям’я. Ні жонка, якая аўдавела, ні яго дзеці, што сталі сіротамі, відаць, ніколі не змаглі даведацца, што сталася з іх бацькам. Ён, ні ў чым не вінны, загінуў нізавошта, за марны цень. А вохравец у тую хвіліну стаў сапраўдным, але не падсудным злачынцам. Яго абараняў закон, дакладней - беззаконьне. У вохраўца спрацаваў умоўны рэфлекс “шаг влево, шаг вправо...”, засвоены ўзьдзеяньнем на яго мазгі палітатрутай, якой шчодра частавалі штодня асабовы склад вохры, культывуючы лютую нянавісьць да палітвязьняў.
    Калі чалавек упаў, калёна зэкаў загула, пасылаючы праклён і лаянку вохраўцу. Твар яго, пасечаны воспай, нібы шротам, наліўся чырваньню. Ён зноў ляснуў замком вінтоўкі, даслаўшы чарговы патрон. Дай яму ў тую хвіліну кулямёт, ён бы, пэўна, доўга не вагаўся.
    Застрэленага, безумоўна, “сьпісалі”, як мае быць, “сабатажнікам” або «ўцекачом». А ў вохраўца нават ні адзін волас не зваліўся з галавы. Хутчэй за ўсё ён мог атрымаць падзяку за праяўленую “пільнасьць”. Блатныя паставіліся да гэтага забойства, як да чарговай сэнсацыі. Праз некалькі дзён ім паведамілі днявальныя пры начальстве некаторыя зьвесткі пра “героя” сэнсацыі - вохраўца-забойцу. Казалі, што ён беларус, родам з Магілёўшчыны. Я дагэтуль углядаюся ў старыя васпаватыя твары, калі яны мне трапляюцца на вочы, імкнучыся пазнаць вохраўца-забойцу. Ён жа мечаны воспай. Бог шэльму меціць - кажа прыказка.
    Шмат вады сплыло з тае пары. Дарэмна спадзявацца на запозьненую сустрэчу. Дый што б гэта дало? Тыя вохраўцы, што дажылі да гэтага часу, лічацца ўдзельнікамі вайны (вайны з кім?) як служылыя ў тылавым войску або ў органах НКВД. Ім пашана, павага, прывілеі. А за што?
    Варожасьць вохраўцаў да палітзэкаў нагадвала пра сябе на кожным кроку. Іх пераканалі, што мы сапраўдныя “ворагі народа”, а значыць, і іх ворагі. Яны нават баяліся нас, ставіліся вельмі насьцярожана, не падпускалі да сябе бліжэй чым на 5 мэтраў, а то і болей. Ім забараняліся ўсялякія кантакты з намі, апрача казённых: канваір - падканвойны. Узімку 1940 года, калі я ўжо стаў вольным, мне не раз даводзілася хадзіць на геолягаразьведку, дзе я працаваў. Дарога ішла над забоямі штрафнога ўчастка Рыжая Крыніца, прыіска імя Вадап’янава. Гэта было тады, калі ў зоне штрафнога ўчастка лютаваў сыпны тыфус. Тым не менш праца ў забоі не спынялася. На борце забою заўсёды тырчэла постаць (ды й не адна) вохраўца ў даўгім сыбірскім кажусе, з вінтоўкай напагатове. Калі я набліжаўся да яго, раздавалася каманда: “Стой!” - і я спыняўся мэтраў за 10-15. “Кто идет?!” - я тлумачыў. “Ложи докумэнты!” Я клаў на зямлю пасьведчаньне і прыціскаў яго глыжком. “Десять шагов назад!” - Я тылаваў, адлічваючы крокі. Вохравец падыходзіў да таго месца, дзе я паклаў пасьведчаньне, чытаў яго і клаў на тое ж месца. Раздавалася наступная каманда: “Проходи!” Я падымаў паперку і крочыў далей - да наступнага вохраўца. Але і пасьля знаёмства з дакумэнтамі вохравец не падпускаў да сябе блізка.
    Аднак ідэалягічнай апрацоўкі ды прамыўкі мазгоў вохраўцам хапала толькі на першыя гады сабачай службы. Нават абмежаваныя казённыя кантакты з падканвойным паступова размывалі лютую варожасьць. Час рабіў сваю справу. Пачыналася гэта са звычайнай цікавасьці да зэкаў, якіх яны ахоўвалі. Працэс пазнаваньня працякаў хутчэй ці марудней, у залежнасьці ад канкрэтных умоў ці абставін.
    Лёс калымскіх вохраўцаў майго часу быў таксама ў пэўнай ступені жорсткі, нялітасьцівы. Неўзабаве пачалася вайна, іх дагаворныя тэрміны скончыліся, а хлопцаў усё трымалі на Калыме ў той жа ролі, не адпускаючы дамоў. Не бралі нават на вайну. Іх каханыя на “материке” (калымчане ўсё, што не Калыма, называлі “материком”) даўно перасталі чакаць, павыходзілі замуж. Час цёк, узрост падбіраўся пад трыццаць, перавальваў за трыццаць год. Яны пачалі нешта цяміць і ўрэшце “прозрели и созрели”. Многія пачалі звальняцца з вохры ды ўладкоўвацца на цывільныя, пасільныя ім пасады: заггасаў, кладаўшчыкоў, майстроў розных спэцыяльнасьцяў. У той жа час тэрмін зьняволеньня многіх ацалелых палітзэкаў скончыўся. Яны звальняліся і пачыналі працаваць па найме прарабамі розных галін вытворчасьці, інжынэрамі, старшымі інжынэрамі прыіскаў, іншых службаў. Такім чынам, былыя вохраўцы зьмяшаліся з былымі палітзэкамі, апынуўшыся іншы раз у падначаленьні апошніх. Варожасьць зьнікла, бо зьнікла полюснасьць у становішчы і стасунках. Становішча тых і другіх у дачыненьні да магутнага Дальбуда - працадаўцы і эксплуататара, у асноўным ўраўноўвалася. Прымушалі, асабліва былых вязьняў, заключаць дамовы на пэўныя тэрміны працы на Калыме. Тых, хто не згаджаўся, працівіўся прымусу, пазбаўлялі паўночных надбавак да зарплаты. Потым ад гэтай меры адмовіліся і, каб замацаваць людзей на больш працяглы тэрмін ці назаўсёды, начальства пусьцілася на новую авантуру. Пад самы канец вайны з Германіяй мабілізавалі ў розных раёнах краіны праз райваенкаматы і райкамы камсамола дзьве тысячы дзяўчат-камсамолак. Усе яны не былі вайсковаабавязаныя. Ім казалі, што накіруюць у армію. Тым часам пагрузілі ў цялятнікі і павезьлі на ўсход. Калі яны былі ў дарозе, скончылася вайна з Германіяй. Іх цялятнік доўга блытаўся паміж вайсковымі эшалёнамі, саступаў ім дарогу, бо тыя сьпяшаліся на Японскі фронт. Тым часам скончылася вайна з Японіяй. Дзяўчат у Находцы пагрузілі на карабель і прымусам - у Магадан. Яны не маглі зразумець свайго становішча, свайго статусу. Ім цяжка было знайсьці адказ на пытаньне: хто мы? Мабілізаваныя? Тады чаму не ў войску? Зьняволеныя? Дык іх жа не судзілі.
    У Магадане іх апранулі ва ўсё амэрыканскае, зімовае і летняе. Дарэчы, магаданскае начальства перахапіла цэлы карабель ахвяраваньняў з Амэрыкі - адзеньня і абутку, у бальшыні мала ношанага або зусім новага. Значная частка лепшых рэчаў была разрабаваная начальствам усіх узроўняў. Але хапіла і дзяўчатам. Можа таму, што тады жанчын на Калыме было ў сотні, а мо і ў тысячы разоў меней, чым мужчын. Паступова дзяўчатам дайшло, якую ролю ім адвяло “хітрамудрае” начальства. Зразумелі і тое, што экіпіроўка ва ўсё амэрыканскае ёсьць не што іншае, як сталінскі пасаг за кошт амэрыканскага народа.
    У наш пасёлак Ягадны трапіла 300 дзяўчат. Ім устанавілі на першы год цьвёрды заробак - тысячу рублёў у месяц незалежна ад таго, што яны рабілі. Пачалася паласа вясельляў. Жаніліся на іх у асноўным пастарэлыя на Калыме вохраўцы вярбоўкі 1936-1940 гг.
    Былі сярод дзяўчат і такія, што лічылі сталінскі шлюб няроўным, таму ўпарта заставаліся незамужнімі, чакаючы магчымасьці вярнуцца дадому. Былыя палітвязьні байкатавалі гэтае калянізатарскае мерапрыемства, дамагаючыся выезду з Калымы. Дабіцца гэтага было вельмі нялёгка. Мне ўдалося выехаць толькі ў 1947 годзе, амаль праз 11 гадоў пасьля арышту, або праз 7 гадоў пасьля вызваленьня з-за калючага дроту.
                                                                           Блатныя
    Гэтая катэгорыя людзей сярод лягернага насельніцтва краіны ў той час, пра які я пішу, па колькасьці саступала “ворагам народа”, прычым саступала значна. Аднак яна адыгрывала адметную ролю ў лягерным жыцьці. Пераважная бальшыня сярод іх сядзела не першы раз. Яны былі рэцыдывістамі, рабілі ўцёкі і параўнальна лёгка зноў траплялі ў турму. Сярод іх бытавала выслоўе: “Кому тюрьма, а мне дом родной”. Я ніколі не бачыў сярод іх кагосьці ў роспачным стане. На цяжкіх працах яны былі выпадковымі людзьмі, часова, пакуль іх не выручалі ўнутрыкаставымі намаганьнямі. У іх было па некалькі прозьвішчаў - ад двух да пяці і болей. Трапляючы чарговы раз у турму, яны на сьледзтве называлі нейкае іншае прозьвішча або тое, што значылася ў чужым украдзеным пашпарце, які быў у іх пры арышце. Сапраўднае або першае прозьвішча ці прозьвішчы папярэдніх спраў вызначаліся шляхам дактыляскапіі, што на жаргоне называлася “игрой на пианино”. Ніводнае прозьвішча не адкідвалася. Яны ўсе пратакольна фіксаваліся, фігуравалі ў прысудах, асабовых справах і суправаджалі зэка ў лягерным жыцьці. Пад час вечаровых паверак лягернікаў перад адбоем можна было да прыкладу, пачуць: “Петров, он же Иванов, он же Сидоров!” Астатнія зэкі ведалі, што носьбіт гэтых прозьвішчаў блатны, рэцыдывіст. Мае тры судзімасьці.
    Кожны прадстаўнік касты блатных насіў мянушку, нібы псэўданім. Мянушка дубліравала сапраўднае прозьвішча, імя і імя па бацьку, замяняла іх у штодзённым ужытку. Мянушкі былі самыя разнастайныя, нечым характарызавалі іх носьбітаў – “Седой”, “Косой” ды іншыя. У аднаго, памятаю, была мянушка “Лейтенант”, у другога – “Ворошилов”. Сапраўдныя асабістыя імёны ўжываліся толькі ў памяншальнай форме. Напрыклад: “Данька”, “Володька” і г.д.
    Усе блатныя былі “маркіраваныя” ў выніку рытуалу татуіроўкі розных частак цела. Гэты рытуал быў абавязковы. Нетатуіраваны блатны быццам бы і не блатны. Татуіроўку рабілі самі па малюнку на скуры цела, трыма зьвязанымі іголкамі, мочачы іх у туш або сажу. Не зважалі на тое, што татуіроўка палягчала апэратыўнікам выяўленьне злачынца.
    Яны любілі паразважаць. У іх была свая апраўдальная просталінейная лёгіка. Яна зводзіліся ў розных варыяцыях да наступнай высновы: “Мы честнее других. Страну и народ обкрадывают очень многие, пользуясь властью и служебным положением. Мы же крадем, не имея служебного положения и власти, а следовательно, от нас меньший вред обществу”.
    Блатныя вельмі ж не любілі апранацца ў лягерную ўніформу. Стараліся штосьці людзкае выменяць або ўкрасьці ў навічкоў, якія этапіраваліся да месца “дысьлякацыі” ў сваім адзеньні. Куплялі тое-сёе праз днявальных пры начальстве або нелегальна шылі ў лягерных майстэрнях, карыстаючыся блатам сярод сваіх. Працуючы амаль заўсёды на ўсялякіх блатных падсобных пасадах у лягеры ці на вытворчасьці, яны выглядалі чысьценькімі, паголенымі, сьвежымі, падобнымі на “вальняшак”. Гэта мела важнае значэньне пры ўцёках. Адзеньне насілі па-свойму, знарокава расхрыстана. Шапку-вушанку вухамі наперад і назад, з незавязанымі матузікамі. Боты, хоць кірзачы, хоць хромавыя, абавязкова з закасанымі халявамі. Валёнкі таксама. Халявы ботаў абціскаліся ўніз так, каб утварыць “гармонік”. Галіфэ не насілі прынцыпова, лічылі іх адзеньнем “лягавых”. Вайсковы гарнітур таксама не тое адзеньне, якое ім падабалася. Стрыгліся, звычайна, пад бокс “с чёлочкой” (з чубком).
    Бальшыня блатных была ўнутрана азлоблена безасабова, на ўвесь сьвет, што нярэдка выяўлялася ў пэўных дзеяньнях у дачыненьні да “политстатейников” і наагул да “чарцей”. “Чарцямі”, або “фраерамі”, яны называлі ўсіх не блатных, а ў сваім асяродзьдзі сябе лічылі “людзьмі”. Хутчэй за ўсё выраз “будь человеком”, як і многія іншыя выразы, перанятыя “воляй”, паходзяць з іхняга асяродзьдзя. Палітзьняволеныя ў сваю чаргу іх называлі “шакаламі”.
    У тыя гады “шакалаў” таксама колькасна паменшала. Сама агрэсіўныя сярод іх за лягерныя забойствы, уцёкі ды іншыя злачынствы траплялі пад “тройку” і йшлі праз Сэрпантынку пад расстрэл, што адзначалася ў загадах палкоўніка Гараніна.
    Блатныя былі моцныя сваёй каставасьцю, дакладней - зграйнасьцю, сваім няпісаным статутам і няўхільным падпарадкаваньнем яму. За парушэньне прынцыпаў належала жорсткая кара. Дапускаўся самасуд. Пра тых, хто парушыў прынцыпы, казалі: “ссучился”, што азначала “здрадзіў” (ад слова “сука”, што на іхнім жаргоне азначала здраднік). Грамадзтва яны дзялілі на дзьве часткі паводле прынцыпу “мы” і “яны”, прычым “яны” - гэта ўсе астатнія без вылучэньня, апрача іх саміх.
    У часе прыёму новых членаў у касту блатных абавязкова трэба было зьесьці сабаку ў простым сэнсе слова. Рабілася гэта так: кралі дзе-небудзь сабаку, рэзалі яго і варылі страву з сабачыны. Потым усёй хеўрай наладжвалі ўрачысты абед. Блатныя са стажам назіралі, ці з поўнай шчырасьцю і апэтытам навічкі ядуць сабачыну. Відаць, з гэтага звычаю паходзіць выслоўе ў расейскай мове “съесть собаку”. Навічкі апрача ўсяго павінны былі ўмець “ботать на фени” (размаўляць на блатным жаргоне). Быў, да прыкладу, у нас геолягаразьведчык Адамскі з Украіны. Ён нейкі час “приблатнялся” (стажыраваўся), а потым “съел собаку” і стаў правадзейным членам касты.
    Адпаведна з іх прынцыпамі існавала забарона на прафэсіі. Забаранялася займаць адміністрацыйныя, вытворчыя, асабліва лягерныя пасады. Хто на гэта адважваўся пайсьці, немінуча “адлучаўся” ад касты і лічыўся здраднікам. Гэта не даравалася. У выніку адлучэньня “чалавек” станавіўся “чортам”, трацячы ўсе свае блатныя прывілеі і падтрымку.
    Структура ўзаемасувязяў у асяродзьдзі блатных нагадвала сабою нейкую партыю пры поўнай апалітычнасьці. Палітыка была поўнасьцю выціснута карысьлівасьцю. Яны, блатныя, былі нібы па-за тагачасным палітычным жыцьцё краіны. Тым не менш любілі палітычныя анэкдоты. Чым небясьпечнейшы быў анэкдот, тым з большым імпэтам ён расказваўся. Любілі яны і палітычныя рызыкоўныя парадыйныя песьні, што бытавалі ў лягерах, накшталт: “Ой, калина, калина, шесть условий Сталина”. Або пра тое, як “капитан Воронин судно проворонил”, у выніку чаго “Шмидт сидит на льдине, словно на картине”, і чым бы гэта скончылася, “если бы не Мишка, Мишка Водопьянов”. Гэты крытычны фальклёр, пашыраны тады не толькі ў лягерах, быў адлюстраваньнем таго, што адбывалася ў краіне. У ім было інтуітыўнае адлюстраваньне падзеяў, процілеглае афіцыйнай падачы ў друку і па радыё. Як мы цяпер ведаем, у гэтым фальклёры была сама праўда. У згаданай песеньцы былі словы: “Челюскин потопили, Кирова убили...” Словы гэтыя датычылі не нейкіх там “ворагаў народа”, а тых, хто панаваў тады. Нездарма ж за яго давалі “пяцьдзесят восьмую” ды з немалым тэрмінам зьняволеньня.
    Адкуль жа браліся блатныя? Сярод іх былі мутанты з геннымі, далёка не гуманнымі задаткамі і схільнасьцямі. Але бальшыня, яе мне здавалася, “выйшлі з народу” ў выніку сацыяльна-палітычных струсаў, што адбываліся тады ў краіне. У маёй памяці ўсплывае хлопчык гадоў дзесяці. Я яго бачыў недзе на адной буйной сыбірскай чыгуначнай станцыі. Вядома, бачыў праз краты вагоннага вакна нашага этапнага цялятніка. Хлопчык спрытна шмыгаў між коламі вагонаў, круціўся каля нашых этапных эшалёнаў, а іх ад самай Масквы йшло ажно тры адначасна, з інтэрваламі прыкладна 15 хвілін. На буйных станцыях яны падоўгу стаялі побач, бо этапныя каманды канвою назапашвалі ў дарогу хлеб, ваду, якіх заўсёды не хапала. Зэкі шчодра кідалі хлопчыку праз вокны долю сваёй сьціплай пайкі хлеба. Хлопчык, напіхаўшы сабе за пазуху дарункі і прыкметна ад гэтага “патаўсьцеўшы”, знік. Я тады падумаў: чаму ж ён не йдзе да пасажырскіх цягнікоў, да транссыбірскіх экспрэсаў, а круціцца каля этапных цялятнікаў? Там, у чыгуначнай мітусьні, ён быў бы пакінуты без увагі. Дарэчы, яго маглі б і затрымаць. Там быў варожы сьвет, ад якога нічога не атрымаеш, бо не было ўвагі на яго дзіцячы ўзрост. Для яго ўжо тады сьвет быў падзелены жалезнымі кратамі на дзьве часткі. Там можна толькі ўкрасьці ці адабраць - тут дадуць не шкадуючы. Гэта вынікала з аб’ектыўных абставінаў. Да таго ж у тыя часы зьнікла міласэрнасьць, выціснутая з душаў чэрствасьцю, варожасьцю і падазронасьцю. Можна з упэўненасьцю сказаць, што хлопчык, пра якога я апавядаю, з часам апынуўся ў асяродзьдзі ўркаў. У сацыяльным сэнсе ён быў, як і многія дзеці раскулачаных або “ворагаў народа”, у рэзэрве гэтага асяродзьдзя. Далёка не ўсе дзеці гэтай катэгорыі грамадзян траплялі ў спэцыяльныя дзетдамы “чесеирров” (членаў сем’яў і сваякоў рэпрэсаваных) або ў звычайныя дзетдамы. Там таксама быў не мёд і некаторыя зьбягалі. Да таго ж голад на Ўкраіне і ў іншых месцах колькасна павялічваў кантынгент беспрытульных. Па меры сталеньня яны папаўнялі касту блатных, усьведамляючы, што так лягчэй пражыць.
    Сталінская канібальская палітыка тэрору і гвалту калечыла душы і лёсы дзяцей. Рэпрэсіўная сыстэма падмінала пад сябе ў першую чаргу дзяцей з сем’яў палітвязьняў - расстраляных або высланых у лягеры. Падрастаючы, яны даволі часта траплялі на канвэер ГУЛАГа задоўга да паўналецьця. У нечалавечых умовах яны сталелі. Іх выхоўвала не школа і сям’я, а суровая рэчаіснасьць лягернай зоны, нішчачы зародкі таленту, прыродных здольнасьцяў. Памятаю, у часе вайны да нас на геалягічную разьведку накіравалі юнака няпоўных 18 гадоў. Прозьвішча яго Чэчэцін. Да таго часу ён ужо пасьпеў стаць вольным. Пра сваё мінулае ён не надта любіў апавядаць. Ён добра ведаў геаграфію басэйна Лены. Да Калымы пабываў на Алах-Юні, Тампо. Можна меркаваць, што ён паходзіў са спэцперасяленцаў. Недзе нават набыў пэўную агульную адукацыю. Вельмі добра маляваў. У мяне захаваўся яго малюнак з выявай парахода, дым з трубы якога ўтвараў слова “Домой”. У труме ці цьвіндэку такога карабля ён быў прывезены на Калыму. На малюнку ўвасобілася ягоная мара пра дом. Але дзе быў яго дом? У Цэнтральным Чарназем’і ці, можа, на спэцпасяленьні? Тады не была яшчэ выдуманая песьня: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес - Советский Союз”. Ёй папярэднічала лягерная прымаўка, больш выразная: “Мой адрес - куда завезут”.
    Для Чэчэціна была характэрная дваістасьць паводзін, здольнасьць прыстасоўвацца да асяродзьдзя. Ён мог стаць нармальным чалавекам. Разам з тым ён быў падрыхтаваны да таго, каб стаць блатным. У нас, на разьведцы, ён дасягнуў паўналецьця. Якраз тады была спроба мабілізаваць юнакоў на фронт, у тым ліку і яго. Але калымскі “генэрал-губэрнатар” - начальнік Дальбуду Нікішоў дамогся ад Сталіна, каб з Калымы нікога не бралі. Са зборнага пункта ў Магадане іх распусьцілі, і Чэчэцін вярнуўся да нас, дзе працаваў некаторы час. Цяжка сказаць, куды вывела крывая яго жыцьця, куды піхнуў яго лёс. Шкада, калі ён не змог рэалізаваць свае мастацкія здольнасьці, загубіўшы іх у бездані тагачасных нягод.
    Лягерны блатны сьвет паводле асабістых якасьцяў быў неаднародны. Сярод іх сустракаліся людзі са звычайнымі чалавечымі якасьцямі, добрыя душой і сэрцам. Яны - нетыповая меншыня. Мне ўспамінаецца Данька Хайло - фігура калярытная, адметная. Я з ім пазнаёміўся яшчэ на пачатку свайго лягернага калымскага жыцьця, калі лёс прывёў нас абодвух рознымі шляхамі ў адзін забой. Да гэтага часу ён знаходзіўся ў агітбрыгадзе Севлага (былі да Яжова і такія брыгады). Там праявіліся не толькі артыстычныя здольнасьці Данькі, але і ўласьцівы яму дух пратэсту. У выніку ён загрымеў з агітбрыгады напрасткі ў забойную брыгаду. Калі мне паламала ў забоі нагу і я “кантаваўся” (не хадзіў на працу) па рашэньні лягерных эскулапаў, Данька складаў мне кампанію, сымулюючы хваробу. Ён чытаў мне свае вершы. Яны былі слабыя, не вытрыманыя мэтрычна, але шчырыя. Мне давялося яму тлумачыць, чым ямб адрозьніваецца ад харэя, дактыль - ад анапеста і г. д. Пачуўшы аб гэтым упершыню, ён пажартаваў: “Цяпер я буду пісаць вершы, як Пушкін”.
    Гэтыя абставіны паклалі аснову прыязных дачыненьняў паміж намі. Родам ён быў з Кубані, магчыма, паходзіў з “расказачаных” казакоў. Сярод блатных нашага лягпункта ён карыстаўся неперасягнутым аўтарытэтам за сваю рашучасьць у дзеяньнях супраць лягернага рэжыму. У ім жыў дух казацкай вольнасьці, дух пратэсту супраць несправядлівасьці. Сядзеў ён па нейкім бытавым артыкуле. Будучы маладым чалавекам, ён адгадаваў бараду “лапатай”, чорную, як смоль, чым вылучаўся не толькі ў сваім асяродзьдзі. Бароды тады не гадавалі нават у лягеры. І не толькі з-за магчымай вашывасьці. Тады не было такой моды. Яго барада была нейкім патаемным выклікам лягерным парадкам. Нават гэтым яна спрыяла аўтарытэту Данькі сярод блатных. Згодна з яго становішчам, блатныя далі яму званьне “пахан”, што на нармальнай мове азначала “отец”, “лидер”, як, напрыклад, “отец народов”. У згаданым выпадку Данька “отец блатных лагпункта командировка Челюскин”. Розьніца паміж гэтымі двума “отцами” была непамерна вялікая. Неба і зямля. Блатны Данька, не ў прыклад Сосо, быў чалавек мяккі, гуманны да лягернага народу. Ён не браў пад увагу тое, хто “чэрці”, а хто “людзі”. Ён здольны падтрымаць ці абараніць пакрыўджанага, не зважаючы на лягерную каставасьць або афіцыйны палітпрыгнёт. Пра “отца народов” гэтага не скажаш.
    Лягернае жыцьцё Данькі, колькі я памятаю, праходзіла то ў прыіскавым руры, то на “родным” лягпункце, па чарзе. Мне давялося бачыць, як яго адпраўлялі ў рур з нашага лягпункта не ў апошні раз. Гэта было 1 траўня 1938 года. Лягернае начальства і органы заўсёды на рэвалюцыйныя сьвяты ўзмацнялі рэжым. У гэтыя дні вохра не абмяжоўвалася аховай зоны на вартавых вышках. Пакуль лягернікі былі “дома” (у зоне), уздоўж агароджы з калючага дроту хадзіў дадатковы патруль з аўчаркамі. Нельга было зразумець, навошта гэта рабілася. Хіба каб падкрэсьліць лішні раз наша бяспраўнае становішча. Перад сьвятамі некаторых палітвязьняў загадзя, па вызначэньні райаддзела НКВД, бралі з зоны і садзілі ў рур. Садзілі так, нізавошта. Гэта называлася “садить по изоляции”. Цяжка сказаць, паводле якога прынцыпу рабіўся адбор. Выхоплівалі, як ваўкі авечак са статку, і валаклі ў рур на час, пакуль не адыдуць сьвяты. Іншым разам гэтая ізаляцыя зацягвалася надоўга. А то і проста забываліся звольніць - вярнуць у “родную” зону, і чалавек станавіўся сталым жыхаром рура.
    У сьвяточныя дні ўсю “контру” гналі на работу, а заадно і ўсіх астатніх. Спуску не было нікому. Данька ў першы дзень сьвята заявіў пратэст: маўляў, ён такі ж грамадзянін сваёй краіны, як і ўсе “вальняшкі”, а таму на працу не пойдзе. Гэта павінна было скончыцца і скончылася рурам. У той час я яшчэ быў днявальным у брыгадзе, палатка якой стаяла насупраць дамка начальніка нашага лягера. Бачыў, як раніцой на кані прыехаў нейкі начальнік да нашага начальніка. Можа, каб выпіць чарку-другую сьпірту? А тут зусім недарэчы прывалаклі адказьніка Даньку. Яго завялі ў дамок да начальства. Праз нейкі час яго вывеў на падворак зоны вохравец, узброены вінтоўкай. Заўважыўшы, што ў Данькі з-за пазухі тарчыць пайка хлеба, вохравец спрабаваў яе адабраць. Данька крыкнуў: “Не трожь! Кровью заработана!” і пайку не аддаў. Вохравец пайшоў скардзіцца начальству. З дамка выйшаў той, што прыехаў вершкі. Трымаючы рукі ў кішэнях сваіх галіфэ, ён сказаў: “А вы, товарищ боец, если еще будет сопротивляться, застрелите!” Павярнуўся і пайшоў у дамок. “Понял?” - спытаў вохравец, але пайку болей не спрабаваў адабраць. “Шаг влево, шаг вправо... Вперед!” - і яны рушылі ў дарогу, накіроўваючыся да вахты. Данька махнуў мне на разьвітаньне. Пасьля гэтага я з ім не бачыўся доўгія два гады. Нарэшце ён наведаўся да нас, на нашу зону, як наведваюцца людзі пасьля доўгай адсутнасьці на былое месца пражываньня, дзе засталіся блізкія ці добра знаёмыя людзі. У яго была скалечаная рука. З рура, як ён расказваў, трапіў у штрафны лягпункт Рыжая Крыніца. Там стаў узрыўніком. Неяк у яго руцэ ўзарваўся капсуль-дэтанатар, што і спрычыніліся да калецтва. Але ён усё роўна, як і раней, быў жыцьцярадасны бадзёры чалавек. Пасьля гэтай сустрэчы мне ніколі болей не даводзілася з ім бачыцца. Пра яго далейшы лёс я нічога не ведаю. Толькі памяць пра яго захавалася назаўсёды, як пра цікавую асобу, выпадкова сустрэтую на цярністым шляху, на самым дне тагачаснага жыцьця.
                                                                         Два колеры
    Сутнасьць палітычнага стану ў краіне ў часе культу пэўным чынам адбівалася на вонкавым абліччы яе грамадзян, іх вопратцы, абутку, не кажучы ўжо пра выраз твару. Мода, стыль адзеньня, яго колеры наўпрост зьвязаныя з душэўным станам, сацыяльным, грамадзкім, маёмасным і службовым становішчам цэлых пластоў грамадзтва. Калі міналі дні нешматлікіх афіцыйных сьвятаў, што палымнелі паказушнай чырваньню безьлічы сьцягоў ды казённым колерам хакі геамэтрычна прастакутных парадаў, краіна нібы блякла, ліняла. Колеры станавіліся прыглушанымі, прытушанымі, невыразнай абмежаванай палітры. Але па дамінуючых колерах можна было бачыць расслойваньне грамадзтва. Заўсёдашні штодзённы чорны колер баваўнянай картовай, часта зашмальцаванай да бляску, ватовай строчанай вопраткі калгасьнікаў, “шык” выцертых плюшавак і канапляных хустак калгасьніц. На нагах - самаробныя гумавікі з аўтакамэр або не даношаныя ў войску кірзачы ды чаравікі. Адтуль жа прынесеныя “фуражки” ды шапкі-вушанкі са штучнага футра. Даўно сьпісаныя інтэнданцтвам, яны яшчэ шмат гадоў заношваліся і даношваліся дарэшты. Так выглядала будзённая вёска.
    Зусім іншай “мастью” вызначалася партыйна-гаспадарчая намэнклятура. Прыналежнасьць да яе падкрэсьлівалі цёмна-сінія або зялёныя (хакі) галіфэ і гімнасьцёрка пад шырокай дзягай. На нагах белыя фэтравыя, на скураной падэшве буркі з абавязкова даўгімі закасанымі халявамі. Наглуха зашпілены кіцель “а ля Сталін” з адкладным каўняром або стойкай. А калі ўжо і насіліся імі звычайныя гарнітуры, то абавязкова з шырачэзнымі штанамі. Мазоліла вочы казёншчына ведамасных гарнітураў: карычневая ўніформа юрыдычных установаў, пракуратуры, цёмна-зялёная банкаўскіх і фінансавых службоўцаў. З абмежаванымі варыяцыямі колеру былі апрануты чыгуначнікі, шахцёры, геолягі, студэнты некаторых ВНУ, ФЗУ, школьнікі, дзетдомаўцы, турэмшчыкі, вохра, міліцыя. Колеры цывільных гарнітураў гараджан былі крыху больш разнастайныя, але таксама мелі абмежаваную гаму, якую дыктавала тады тэкстыльная прамысловасьць. Стракатасьць і зыркасьць вопраткі зьявілася пазьней - пры Хрушчове, калі ў палітычным паветры краіны запахла адлігай. Хрушчоў і сам павузіў штаны, што напачатку было дзіўна бачыць. У той час хлынула плынь тавараў з-за мяжы з адметнымі нязвыклымі для нас разнастайнымі яркімі колерамі тканін.
    Якія ж колеры ў час культу меў ГУЛАГ? Іх было два: брудна-чорны і хакі. Першы ў тых, каго пільнавалі, другі ў тых, хто пільнаваў. У зоне ніякі іншы колер вопраткі, апрача брудна-чорнага, не дазваляўся. Што не адпавядала гэтаму патрабаваньню, адбіралася ў часе бясконцых ператрусаў. Памятаю, на лягпункце “Камандзіроўка Чэлюскін” нас бясконца данімалі частымі начнымі вобыскамі. Калі ўлетку, у час прамыўнога сэзона, можна было меркаваць, што шукаюць, спадзеючыся знайсьці золата, то што можна шукаць узімку, калі золата не мылі. Да таго ж мы былі абабраныя да ніткі. Ніякіх рэчаў, апрача лягерных, мы ўжо не мелі. Сваю вайсковую форму я скінуў яшчэ ў Магадане. Заставаўся ў мяне доўгі час цывільны пляцак, які сваёй афарбоўкай аддалена нагадваў колер хакі. Дайшла чарга і да яго.
    У ліку вохры нашага лягпункта быў вельмі нялюдзкі вохравец, нізкарослы крываногі Іваноў. Зараз у маёй памяці ён паводле свайго вонкавага аблічча асацыюецца з Чонкіным з літаратурнага твора Ўладзіміра Вайновіча “Приключения бравого солдата Чонкина”. Аднойчы ў часе чарговага вобыску Іванову трапіў на вочы мой пляцак. Відаць, ён намерыўся яго прысвоіць. Я ж у сваю чаргу пачаў перашкаджаць гэтаму. Вось мы і ўчапіліся за шлейкі пляцака: Іваноў за адну, я - за другую. Зразумеўшы, што фізычна мяне не пераможа, ён дастаў з-за пазухі наган і накіраваў на мяне. Застрэліць мяне ён мог беспакарана, вытлумачыўшы гэта супрацівам. Каб гэтага не здарылася, я са шкадаваньнем адпусьціў шлейку пляцака і перамога засталася за Івановым. Узімку вохраўцы насілі на дзягах пустыя кабуры, а наганы трымалі за пазухай не толькі дзеля зручнасьці. На калымскім марозе змазка зброі застывала так, што выклікала асечкі. Таму вохраўцы грэлі наганы сваім целам, трымаючы іх пад вопраткай. Калі б Іваноў наважыўся мяне застрэліць, асечкі не было б.
    Брудна-чорныя мільённыя масы лягернікаў выглядалі адметна. Зэка заўсёды можна было пазнаць без цяжкасьцяў. Таму блатныя не хацелі насіць лягерную вопратку, усімі праўдамі і няпраўдамі набывалі, кралі або пашывалі цывільную. Іх час ад часу распраналі, але яны зноў і зноў браліся за сваё.
    ГУЛАГ сам сябе абшываў. Ва ўсіх яго падразьдзяленьнях існавалі жаночыя зоны, што спэцыялізаваліся на пашыве лягернага адзеньня ў адным колеры, аднаго фасону. Па сутнасьці, гэта былі швейныя фабрыкі, рабочай сілай на якіх былі нявольніцы лягераў, не менш няшчасныя за нас. 
                                                                                 Рур
     Маецца на ўвазе не геаграфічны назоў. Зусім не. Гэта абрэвіятура найменьня аднаго структурнага зьвяна ў сыстэме ГУЛАГа на Калыме – “роты усиленного режима”. То не вайсковая рота, нават не рота вохры. Гэта нешта сярэдняе паміж карцэрам і штрафным ізалятарам са строгім утрыманьнем вязьняў. Хутчэй за ўсё і тое, і другое: і калектыўны карцэр, і ізалятар. У той лягерны час (другая палова трыццатых гадоў) сутнасьць абрэвіятуры была страчаная. Слова “рур” набыло мужчынскі род і поўную незалежную лексычную самастойнасьць. Яно па-ранейшаму абазначала ўсё той жа рэальны спосаб пакараньня зэкаў “по усмотрению” лягернага начальства. На прыіску імя Вадап’янава лягпункты не мелі сваіх рураў. Быў адзін, зводны, на галоўнай прыіскавай зоне. Правам накіроўваць зьняволеных з лягерных зонаў у рур карыстаўся кожны з плоймы лягернай адміністрацыі, вызначаючы тэрмін ізаляцыі паводле сваёй волі.
    Наш прыіскавы рур уяўляў сабою астрожную драўляную пяцісьценную будыніну на два ізаляваныя аддзяленьні з асобнымі ўваходамі проста знадворку. Ніякіх там сенцаў або тамбураў. Вонкава гэтая вязьніца нагадвала хлеў, зрублены ў лапу. Дах, як звычайна на Калыме, пляскаты, зроблены з умацаванага накатніка. Будавалі рур і абсталёўвалі цесьляры (безумоўна, зэкі) згодна з яго прызначэньнем, як ізалятар. Маленькія закратаваныя вокны пад дахам, двухпавярховыя нары, жалезная печка-бочка з бляшанай трубой-дымаходам. Вось і ўвесь інтэр’ер. Апрача ўсяго прысутнічала нязьменная ў такіх “установах” параша. У тым часе, калі я трапіў у гэты рур (зіма 1937/38 года), драўлянай падлогі ўжо не было. Не было і сподніх нараў. Усё было раней узадрана і спалена замест дроў. Перад печкай ляжаў пень з каранямі, нагадваючы сабой васьмінога. Прызначэньне гэтага “паліва” не для цяпла, а для чарговага зьдзеку з вязьняў. У руры ні пілы, ні сякеры ніколі не было і не магло быць. Так і ляжаў гэты пень у самыя халады, магчыма, усю зіму. Не былі спаленыя і захаваліся толькі верхнія нары. Таму й ацалелі. Дарэчы, менавіта блатныя спалілі падлогу і споднія нары, пакінуўшы верхнія для сябе.
    Жыхары рура падзяляліся на дзьве асобныя групы: на “людзей” і на “чарцей”. Падзел ішоў па вэртыкалі. Блатныя канцэнтраваліся на ацалелых нарах. Усе астатнія - проста на рачной гальцы і каменьні з прычыны адсутнасьці сподніх нараў і падлогі. Жыхароў верхніх нараў нехта з інтэлектуалаў, з ліку тых, хто месьціўся проста на голай гальцы, назваў “верхняй палатай лордаў”. Гэтае вызначэньне падабалася і самім “лордам”, хоць ніхто з іх не разумеў сапраўднай сутнасьці іроніі.
    Абедзьве паловы будыніны рура, ізаляваныя паміж сабой сярэдняй сьцяной, былі злучаныя нарой, прарытай у рачной гальцы пад падрубам, аб чым стараста рура не здагадваўся. Людзі пры неабходнасьці лазілі з адной паловы ў другую. Усяго вязьняў у абедзьвюх паловах - камэрах рура ўтрымлівалася чалавек 100-150 ці крыху болей.
    Мой арышт прыпадаў на канец 1936 г. - на сутокі ягодаўшчыны і яжоўшчыны. Завяршыўся пэрыяд кульмінацыі ягодаўскага тэрору і пачаў разгортвацца яшчэ больш жорсткі - яжоўскі. Толькі ў выніку зьбегу абставін я разьмінуўся з калымскаю “тройкай” і не трапіў на Сэрпантынку. А вось у руры пасьпеў пасядзець двойчы, прычым без трагічных вынікаў. Па калымскіх мерках, мой лёс аказаўся калі і не надта шчасьлівым, то ўдалым. Часам мне шанцавала.
    Увосень 1937 года мяне прываліла ў забоі грунтам, пра што я згадваў ужо. Як вынік - сустаўны пералом нагі. Гэта была першая ўдача. Пасьля кароткага лячэньня ў лягернай бальніцы мяне камісавалі. Вызначылі другую асобую катэгорыю лягернай працаздольнасьці. Гэта азначала, што я падлягаю выкарыстаньню толькі на лёгкай працы. Пакуль дырэктарам трэста “Дальстрой” быў Берзін, лягернае начальства яшчэ брала пад увагу заключэньне дактароў нават тады, калі яны ўсе былі зьняволеныя. Мяне прызначылі днявальным палаткі, у якой месьцілася брыгада майго добрага знаёмага Ільіна. Ён да арышту быў прызваны з Паўночнага Каўказа на тэрміновую службу ў пагранвойскі. Служыў у Беларусі, у раёне чыгуначнай станцыі Бігосава на мяжы з Латвіяй. Там жа атрымаў 58-ю і быў этапіраваны на Калыму, дзе лёс зьвёў нас у адной палатцы. Яго брыгада была зборная. Якраз тады ўжо ішла канцэнтрацыя палітзьняволеных у асобныя брыгады. Гэтая ператасоўка суправаджалася расьсяленьнем крымінальнікаў і палітычных у розныя палаткі, якое не абыходзілася без кур’ёзаў. Некаторым палітвязьням-беларусам удавалася пэўны час пахадзіць у ролі крымінальнікаў. Было так, што грознаму 58-му расейскаму артыкулу ў крымінальным кодэксе БССР адпавядаў 72-гі. А паводле кодэксу РСФСР 72-гі вызначаў кару за падробку дакумэнтаў. Нікому не хацелася значыцца менавіта палітычным. Вось і спрабавалі некаторыя з землякоў-“политстатейников” схаваць сутнасьць свайго прысуду-выраку, карыстаючыся разнабоем нумарацыі артыкулаў у двух кодэксах (БССР і РСФСР). Затое пасьля выкрываньня сутнасьці блытаніны іх “с треском” выганялі з брыгад крымінальнікаў, як “ворагаў народа, што праніклі туды таемна”. Дзякуй Богу, што не дабаўлялі за гэта тэрміну зьняволеньня. Відаць, таму, што меў месца недагляд з боку лягернай адміністрацыі і пагалоска пра гэта была не на яе карысьць.
    Надышоў той час, калі на пасаду начальніка УСВИТЛа прыбыў з Масквы палкоўнік Гаранін. Сваю дзейнасьць ён пачаў з чысткі органаў і бязьлітаснага лягернага тэрору. Неяк пайшлі чуткі, што Гаранін езьдзіць па лягерах і аглядае свае ўладаньні. З перапуду лягернае начальства заганяла ўсіх палітычных на працу толькі ў забой, не беручы пад увагу нічога.
    У адзін з ліхіх дзён нарадчык закамандаваў і мне ісьці ў забой. Я адмовіўся, спасылаючыся на заключэньне лягернай мэдкамісіі. Пасьля разводу брыгад мяне даставілі ў дамок начальніка лягера. Такім чынам, я “предстал пред очи” самога Кудзінава. Пры гэтым прысутнічала ўся адміністрацыйная зграя зоны, у тым ліку і вохраўцы. Я паўтарыў аргумэнты, на падставе якіх адмовіўся ісьці ў забой. Гэта разьюшыла Кудзінава канчаткова. Выйшаўшы з раўнавагі, а можа, пазіруючы перад падначаленымі, ён пачаў нецэнзурна лаяцца. Каскад нецэнзурных словаў чаргаваўся са словамі “трацкіст” (тады на Калыме ўсіх палітвязьняў называлі не іначай, як “трацкістамі”). Заўважыўшы, што на мне чыстае лягернае адзеньне, Кудзінаў выклікаў капцёра і загадаў мяне пераапрануць ва ўсё сьпісанае.
    Калі мы ішлі з капцёрам да капцёркі, ён, чамусьці напаўголаса, раіў мне ісьці ў забой, не рызыкаваць. Добры чалавек, ён папярэджваў мяне, што зараз лютуе “тройка”, ідуць расстрэлы. Пра гэта я сам выдатна ведаў, але цьвёрда наважыўся выпрабаваць свой лёс да канца. Відаць, капцёр, чалавек больш сталы, разумеў лепей за мяне, што адвага “качать права” ў сталінскім канцлягеры, ва ўмовах тэрору, была адпаведная самагубству. Толькі пазьней я зразумеў, што ў тых абставінах я тады рызыкоўна хадзіў па самым краі бездані.
    У капцёрцы я пераапрануўся ў зашмальцаваныя драныя транты (целагрэйку, ватныя штаны), пераабуўся ў дабітыя валёнкі. Хто насіў гэтае адзеньне да мяне? Можа, чалавек, якога ўжо пасьпелі расстраляць на Сэрпантынцы? А можа, гэтыя лахманы садралі з дахадзягі, памерлага з галадухі?.. Капцёр старанна шукаў чаго-небудзь, што можна было апрануць паверх. Нарэшце ён знайшоў цывільны абтрапаны кажушок з адным-адзіным (пад каўняром) салдацкім бронзавым гузікам, з выявай на ім двухгаловага царскага арла. Бог ведае, каго ў гэтым кажушку і з якой глушы прывезьлі сюды на Калыму? А можа, яго ўжо і не было сярод жывых у тым часе?
    Я падперазаўся вяровачным матузком, і мы пайшлі да начальства. Мая экіпіроўка выклікала ў Кудзінава шчырае задавальненьне. Пакуль мы з капцёрам адсутнічалі, начальства падрыхтавала суправаджальную паперу ў рур. Яе ўжо трымаў у руцэ вохравец. Ён растлумачыў мне, нібы пацеры прачытаў: “Шаг влево, шаг вправо - расценивается как побег. Оружие применяется без предупреждения. Вперед!” І мы пайшлі: адзін канваір і адзін падканвойны.
    Так і йшлі мы моўчкі, я - сьпераду, ён - ззаду са стрэльбай напагатове, накіраванай штыхом у маё плячо. Ён такі ж малады, як і я. Мы з ім - людзі аднаго пакаленьня. Можа, нават аднагодкі? Я йшоў і думаў: якая ўсё ж людаедзкая ідэалёгія бальшавізму, што паставіла нас у розныя варожыя пазыцыі без усялякае на тое прычыны.
    У прыіскавым пасёлку я і канваір сутыкнуліся з натоўпам энкэвэдэшнікаў. Яны ішлі быццам бы бязладным касяком. А насамрэч усё было ў адпаведнасьці з субардынацыяй. Наперадзе сам палкоўнік Гаранін у атачэньні сваёй сьвіты, а далей - мясцовы апарат НКВД. Недзе ад хваста натоўпу, заўважыўшы нас, аддзяліўся наш прыіскавы старшы лейтэнант дзяржбясьпекі, узяў у вохраўца паперу, хутка прабег па ёй вачыма, скамандаваў: “В рур!”, а сам шпарка пашыбаваў наўздагон натоўпу.
    Нездарма хваляваўся Кудзінаў, накіроўваючы мяне ў рур. Тады палкоўнік Гаранін сапраўды ўпершыню аб’язджаў сваю “вотчыну”, наганяючы на нізавое лягернае начальства, бадай, большы жах, чым на зэкаў. Пазьней, калі я вярнуўся з рура, мне расказалі, як Гаранін наведаў нашу “камандзіроўку”. Ён не грэбаваў кантактамі і са зьняволенымі. У нашай палатцы ён, маляўніча паставіўшы нагу на бліжэйшыя нары, абапёрся локцем аб калена і сказаў: “Прежде чем сесть в поезд и отправиться на Колыму, я побывал в Кремле, на приеме у товарища Сталина. У меня особые полномочия. Предупреждаю всех вас, что за контрреволюционный саботаж будем расстреливать”. Хлопцы казалі, што ягоныя вочы не давалі сумневу ў зьдзяйсненьні гэтых пагроз.
    Проста са старастата рура, куды мы прыйшлі, мяне без затрымкі накіравалі па прызначэньні. Праз некалькі хвілін я ўжо стаяў перад дзьвярыма рура, чакаючы, пакуль супрацоўнік старастата справіцца з замком. Нарэшце адчыніліся дзьверы. Над імі вонкі на марозным паветры заклубілася пара. Я ўпершыню пераступіў парог рура. Пакуль вочы не прызвычаіліся да паўзмроку, я амаль нічога не бачыў. Неўзабаве я ўжо мог разглядзець, што робіцца навокал. На голай гальцы шчыльна сядзелі і ляжалі скурчыўшыся людзі, такія ж, як і я. Яны маўчалі. Мой прыход сустрэлі без цікаўнасьці. На верхніх нарах блатныя рэзаліся ў карты. На гальцы было цесна, на нарах - даволі прасторна. Там месьціліся “лорды”, адчуваючы сябе, як дома. Пераканаўшыся ў тым, што ўлік зэкаў у старастаце заблытаны, яны маўчалі, калі каго-небудзь выклікалі на выхад. У выніку атрымлівалася, што выкліканага быццам бы ў руры ўжо няма. Гэтым блатныя яшчэ больш заблытвалі ўлік. Бальшыня з іх была гатова перазімаваць у руры. У старастаце не ведалі нават сапраўднай колькасьці людзей, што ўтрымліваліся тут. У гэтым можна было пераканацца пад час выдачы паек хлеба. У камэры, апрача парашы, заўжды стаяла скрынка, якой адводзілася роля карыта. У яе адзін раз на суткі клалі трохсотграмовыя пайкі хлеба згодна з папярэднім падлікам людзей. Блатныя спрытна навучыліся ашукваць дастаўшчыкаў паек, робячы так званыя “мастыркі”, якія ўяўлялі сабой муляжы чалавечых фігур, складзеных з адзеньня і абутку. Звычайна на край нараў клалася шапка, а далей кідалася целагрэйка ці яшчэ што-небудзь з адзеньня. Побач з шапкай клаліся валёнкі і зноў жа яшчэ што-небудзь з гарнітура. Стваралася ўражаньне, быццам адзін сьпіць галавой да сьцяны, а другі - наадварот. Ля “мастырак” сядзеў напаўраспрануты іх творца. Высокія верхнія нары і паўзмрок, што панаваў у камэры, перашкаджалі выпадковаму выяўленьню падману пры падліку людзей. Такім чынам майстар “мастырак” атрымліваў тры пайкі хлеба. А калі ён пасьпяваў пралезьці праз падкоп у другую камэру (пакуль грымелі завалы і замкі на дзьвярах) ды пабыць аб’ектам падліку і там, дык атрымліваў чатыры пайкі. А гэта - кіляграм і дзьвесьце грамаў хлеба пры штрафной норме трыста грамаў. Так яны і абдурвалі праставатых служакаў старастата рура. Пасьпявалі “вандраваць” з адной камэры ў другую амаль усе блатныя, стараючыся не надта вытыркацца на вочы пры падліку, каб не быць прыкмечанымі. Даводзілася зьдзіўляцца здольнасьці блатных прыстасоўвацца да любых, нават найгоршых умоваў у няволі, калі, здаецца, заставалася адна магчымасьць - завыць ад роспачы. Ужываліся ўсе сродкі: кругавая парука, узаемадапамога, узаемападтрымка, хітрыкі, хлусьня, туфта (падман) і нават гвалт, апрача, як я пісаў раней, здрады інтарэсам касты, стукацтва, службы ў лягернай адміністрацыі.
    Пасьля таго як зачыняліся дзьверы камэры, пачынаўся разбор паек і пакінутай вады. Канфліктаў ніколі не было. Святасць пайкі паважалася нават блатнымі. Зразумела, “чэрці”, што жылі на гальцы, атрымлівалі па адной пайцы (трыста грамаў), бо рабіць «мастыркі» ім не выпадала. Яны галадалі і марнелі.
    У той дзень, калі я трапіў у рур, у гэтай халоднай вязьнічнай яме паміраў чалавек ад дыстрафіі, даведзены да крайняй мяжы. Ён трапіў у рур па “ізаляцыі” перад кастрычніцкімі сьвятамі, паводле вызначэньня НКВД. І перад гэтым ён быў не ў лепшым фізычным стане. Пра яго казалі, што ён былы тэхнічны дырэктар аднаго з аўтамабільных заводаў краіны, здаецца, маскоўскага. Ён ціха канаў у куце камэры, лежачы на голай гальцы. Ён уяўляў сабой шкілет, абцягнуты скурай. А тым часам на пошце ў пасёлку Хатыннах сабралася аж каля дзесяці пасылак, прадуктовых ды з цёплым адзеньнем, прысланых роднымі ды сваякамі на яго імя. Зьвесткі гэтыя дакладныя, бо атрыманыя былі блатнымі рура ад днявальных пры начальстве. Пазьней яны паведамілі, што райаддзел НКВД канфіскаваў пасылкі і здаў для рэалізацыі сярод “вальняшак”. Гэта стала вядома яму перад сьмерцю - чалавеку, які паміраў з голаду.
    Наагул у рур, хто хацеў (з начальства), той і садзіў, каго хацеў (з вязьняў), таго і садзіў. Сядзелі, напрыклад, два трактарысты бестэрмінова. Іх пасадзіў Паўлаў, прызначаны начальнікам Дальбуду пасьля таго, як яго папярэдніка Берзіна арыштавалі. Пасадзіў, але забыўся абмежаваць тэрмін знаходжаньня ў руры. Ніхто не адважваўся іх “звольніць”, хоць яны ўвесь час настойвалі на гэтым. Так і сядзелі яны да мяне і пасьля мяне. Адбылося гэта таму, што ім “пашанцавала” сустрэцца з Паўлавым на трасе, калі яны везьлі рэйкі для ваганэтачнай дарожкі. Траса тады месцамі ўяўляла сабой сьнегавы каньён, утвораны безупыннымі расчысткамі заносаў. У складаных дарожных абставінах ім давялося згружаць рэйкі, а потым зноў нагружаць. У сьнегавым каньёне не было дзе павярнуцца. Яны вымушаныя былі згрузіць рэйкі проста на дарогу, што затрымала рух, але не больш чым на гадзіну. На тое ліха пад’ехаў Паўлаў на сваёй пэрсанальнай эмцы. Аб’езду не было, і яму давялося чакаць. Гэта і забясьпечыла хлопцам бестэрміновы рур. Чым скончылася гэтая дзікая недарэчнасьць, я ўжо не ведаю.
    Адзін палітзэк апынуўся ў руры з волі сына начальніка прыісковай лягернай зоны. Адбылося гэта так. Палітзэка прывялі да дома начальніка на расправу з нейкай прычыны. Ён моўчкі стаяў і слухаў лаянку, пагрозы. За гэтай сцэнай сачыў сынок, стоячы на ганку дома. Раптам ён абурана сказаў:
    - Папа, что ты с ним разговариваешь? Посади его в рур!
    Бацька змоўк і загадаў зрабіць так, як раіў сынок.
    Якія зрухі адбываліся ў дзіцячай душы - адзін Бог ведае. Упэўнена можна сказаць, што сын у сваім жыцьці пайшоў па сьцежцы бацькі. Да гэтага ён быў падрыхтаваны псыхалягічна ўжо тады.
    Памятаю, у сваім часе Луначарскі сказаў прыкладна так: жаданьне бацькоў бачыць працяг сваёй справы ў дзецях - перадумова нараджэньня кляса і такі кляс нарадзіўся ў нашай краіне. Гэта - шматаблічная намэнклятура, як буйная, так і дробная.
    У верасьні 1991 года расейскае тэлебачаньне пад рубрыкай “Камэра дасьледуе мінулае” у перадачы “Вялікі канцэрт народаў ці дыханьне Чэйн-Стокса” дало слова прадстаўніку намэнклятурнай дробязі. Сьсівелы чалавек у форме КДБ з задавальненьнем паведаміў тэлегледачам, што “служыў, служыў і даслужыўся да чына старшыны. А вось мой сын ужо маёр тых жа органаў”.
    Гэтая перадача нагадала мне калымскага 7 - 8-гадовага хлопчыка, што параіў бацьку пасадзіць палітзэка ў рур. Я ў думках паспрабаваў прасачыць магчымы жыцьцёвы шлях хлопчыка. У год сьмерці Сталіна ён ужо мог быць на службе ў органах з дыплёмам ведамаснай навучальнай установы КДБ і працягваць справу бацькі. Ён мог быць звольнены пры скарачэньні органаў у час хрушчоўскай адлігі і апынуцца па-за клясам намэнклятуры. А можа, служыў і далей пры Брэжневе, вёў “барацьбу” з дысыдэнтамі, падводзячы іх пад суды або ахоўваючы іх у зоне? Да пачатку перабудовы ён мог апынуцца ўжо на пэнсіі і стаць членам грамадзкай арганізацыі вэтэранаў вайны, працы і арміі. Мог быць выбраны ў нейкі орган улады ад вэтэранскай арганізацыі. У часе путчу мог падтрымаць ГКЧП? А калі не ён, дык іншыя з гэтага асяродзьдзя. Думаю, што я ў сутнасьці не адхіліўся ў сваіх меркаваньнях ад лягічнага разьвіцьця варункаў нашай рэчаіснасьці.
    Апынуўшыся ў камэры рура, я пачаў прыглядацца, дзе і самому прызямліцца на гальцы. Раптам у падкопе паказалася галава з чорнай барадой. Гэта быў Данька Хайло. Ён сядзеў у суседняй камэры. Мы прывіталіся. Ён спытаў, дзе я разьмясьціўся. Я сказаў, што пакуль нідзе. Тады ён скамандаваў “людзям” на нарах пацясьніцца і даць мне месца. Данька і тут быў у сваёй ролі - ролі “пахана”. Мы абмяняліся апошнімі лягернымі навінамі, і ён палез у падкоп. Мне далі месца на нарах ля самай сьцяны. Але гэта было ўсё ж лепей, чым на голай каменнай гальцы. Лежачы на нарах, я ўспомніў чутны недзе ў лягеры анэкдот. Аб’ектам жарту ў анэкдоце быў зэк-кітаец. Седзячы пад нарамі, ён скардзіўся: “Кому нара - хорошо, кому низа – плохо”. Пры гэтым словы “кому нара” і “кому низа” пры маўленьні зьліваліся. Паводле сюжэта, кітаец за акцэнтную “крамолу” атрымаў дадатковы тэрмін па палітычным артыкуле кодэкса. Доўга карыстацца прывілеямі блатных мне не давялося. Дні праз два выклікалі аднаго блацяка на выхад. Ён адазваўся, бо наважыўся пакінуць рур. Але сядзеў ён ад руры з самага лета, і ў яго на нагах, апрача шахцёрскіх гумовых чуняў, нічога не было. Вядома, у такім абутку ўжо не выйдзеш на пяцідзесяціградусны мароз.
    - Ты! Дай валенки! - зьвярнуўся ён да мяне. - Косого знаешь? Я передам через Косого.
    Ніякага Касога я не ведаў і валёнкі не даў. Яму даў нехта з блатных, і ён зьнік за дзьвярыма рура. Пасьля гэтага інцыдэнту блатным стала зразумела, што “пахан” падсунуў ім у кампанію “чорта”. Мяне сагналі з нараў, і я апынуўся там, дзе знаходзіўся кітаец у згаданым анэкдоце. Давялося месьціцца на гальцы пад нарамі. Праз нейкі час Данька пацікавіўся праз сьцяну маім лёсам. Пачуўшы мой голас зьнізу, ён неадкладна пралез у нашу камэру. Даведаўшыся, у чым справа, ён даў такі разнос блацякам, што ў мяне, як кажуць, аж вушы вялі. Блатныя зацята агрызаліся. Данька прапанаваў мне перайсьці разам з ім, дакладней, перапаўзьці праз падкоп у другую камэру, дзе ён знаходзіўся сам. Паабяцаў, што знойдзе для мяне месца на нарах, але папярэдзіў, калі я заўважу, што ў камэру прывялі “чалавека” і яму не хапае месца на нарах, то мне трэба загадзя злазіць з нараў, лепей без напаміну. На гэты раз злазіць з нараў не давялося да самага вызваленьня з рура.
    У руры таксама зачытвалі загады Гараніна аб расстрэлах. Гэта трывожыла. Усебакова абмеркаваўшы з Данькам “текущий момент”, мы прынялі намер на ўсялякі выпадак хадзіць на працу ў забой, бо так было бясьпечней. У наступную ж раніцу мы паведамілі прадстаўніку старастата згоду стаць добраахвотнікамі. Нас занесьлі ў сьпіс і здалі вохры. Так пачалася наша рураўская працоўная вахта.
    На працу ў забой вадзілі з рура тых, хто жадаў, бо ведалі, што блатныя не пойдуць, а “чэрці” не ўсе могуць рухацца. Хадзілі тыя, у каго яшчэ былі сякія-такія сілы ды цяплейшая апратка. За працу давалася дадатковая пайка хлеба (300 грамаў) і міска баланды на абед са сталоўкі лягера.
    Праз нейкі час у рур наведаўся наш прыіскавы опэрупаўнаважаны старшы лейтэнант дзяржбясьпекі, той сама, што стрэў нас з вохраўцам пад час наезду Гараніна. Я паскардзіўся на Кудзінава, расказаў усё, як было. Ён спытаўся, ці хаджу я на працу. Атрымаўшы станоўчы адказ і сьведчаньне прадстаўніка старастата, загадаў занесьці мяне ў сьпіс на “вызваленьне”. Пасьля мяне паскардзіўся і Данька. Сказаў, што пасадзілі без усялякае прычыны. Яго таксама занесьлі ў сьпіс. Прыкладна праз гадзіну-паўтары па нас прыйшоў нарадчык з нашай зоны, на гэты раз ужо без вохраўца. Тут жа нас прывялі да начальніка лягера - таго самага Кудзінава. Ён нават памятаў маё прозьвішча, бо сказаў: “Зайди, Шидловский, ко мне завтра, я подышу тебе легкую работу. Сейчас меня вызывают в Севлаг и я не имею времени”. Мне падалося, што ў яго спакойным тоне хаваецца зьдзек. На гэты раз я памыліўся. Праз пару дзён працы ў забоі ён зноў паставіў мяне днявальным на старое месца. Гэтую мэтамарфозу я не магу растлумачыць да сёньняшняга дня. Так я і прадняваліў да прамыўнога сэзона 1938 года.
                                                                            Пайка
    Абавязкі днявальнага ў брыгадзе былі нескладаныя. Прыбраць у палатцы, нанасіць з бройлера гарачай вады да прыходу людзей з працы, прынесьці дроў і падпаліць у печках-бочках. Іх у палатцы было дзьве. Узімку вады неставала, а то і зусім не было ў лютыя маразы. Тады вязьні забясьпечвалі сябе вадой са сьнегу. Дроў таксама не хапала, бо ў раёне дзейнасьці прыіска было высечанае ўсё, што толькі можна высекчы, не мінаючы і кедравага сланіку.
    Гэтае дрэва, прыстасаваўшыся да лютай калымскай зімы, сьцелецца пакручастымі камлямі (таўшчынёй не болей за 10-15 см) па схілах сопак і зімуе пад сьнегам. Кедравы сланік ні чым не нагадвае сібірскія кедры з ганарліва ўзьнятымі кронамі. Тым не менш на працягу многіх папярэдніх вякоў ён захапіў значную прастору там, дзе для яго ўжо амаль не было канкурэнтаў, і заняў больш за 40% плошчаў у складзе калымскае тайгі. Бальзамічная таполя, вярба чазенія і даурская лістоўніца засталіся ў далінах рэк - у межах абалоні і ніжніх тэрас. Кедравы ж сланік захапіў сопкі. Ён перагарадзіў дарогу лістоўніцы, якая з большым ці меншым посьпехам выбіраецца на схілы замшэлых сопак. Сваімі зарасьнікамі кедравы сланік надае асаблівасьць калымскаму краявіду. Сопкі, занятыя ім, калі глядзець з далечыні, нагадваюць густа-зялёнае каракулевае футра. Калі сланік зьнішчаўся расьцяробамі або пажарамі - прастору заваёўваў у хуткім часе скрыпень (“иван-чай”), утвараючы травяное покрыва. Скрыпень афарбоўваў сопкі ў сэзонны колер, надаючы краявіду незвычайна прыгожы выгляд сваёй адметнай зыркасьцю.
    Кароткае калымскае лета - пара багатай квецені. Прырода прысьпешвае ўсе працэсы вэгетацыі. У мой час схілы сопак ружавелі ад скрыпеню. Яны бывалі проста бэзава-ружовыя. Часам не хацелася верыць, што на фоне гэтай прыгажосьці там, у распадку, у Сэрпантынцы з асалодай дзейнічалі каты, мэтадычна зьнішчаючы вязьняў, ні ў чым не павінных перад Богам і людзьмі, ахвяраў канібальскай ідэалёгіі.
    Скрыпень густа рос і сярод палатак у зоне. Лягернікі напіхвалі ім сяньнікі і падушачныя насыпкі.
    Пажар зарасьнікаў сланіку - гэта пажар ігліцы і дробных галінак. Ён вельмі страшны. Полымя з “рэактыўным” гудам імкліва паўзе суцэльнай заслонай, вышынёй прыкладна 5-7 мэтраў, зьнішчаючы ўсё жывое на сваім шляху.
    Агонь пакідаў пасьля сябе, нібы на патрэбу зьняволеным, пакручастыя, пераплеценыя паміж сабой камлі дрэў, якія не пасьпелі згарэць, нечым нагадваючы процьму зьнерухомленых удаваў. Не дагарэлы на сопках, кедравы сланік дагараў у печках, збольшага абаграваючы цела і душу акалелых на марозе вязьняў.
     Сланік меў яшчэ адну адметную якасьць. Ён ратаваў зьняволеных ад немінучай цынгі. Цяжка было ўявіць, што гэты непрыемнага паху адвар з ігліцы прымушае хваробу адступаць. Але гэта менавіта так. Я сам пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце. Толькі кедравы сланік захаваў мне зубы, выратаваў ад хваробы, ацёкаў, распаду тканак цела.
    Тайга ў далінах рэк, прызначаных для здабычы золата, саступала сваё месца забоям, зьнішчалася гарнякамі ў першую чаргу. Далей надыходзіла чарга кедравага сланіку на сопках. Дрывасекі нарыхтоўвалі з яго дровы, як на пажарышчах, так і на ацалелых дзялянках. Гэта былі рэшткі мясцовага паліва, таму яго і неставала.
    Азяблыя, стомленыя і ператомленыя людзі пасьля вячорнай баланды вярталіся ў палатку, гуртаваліся вакол печак, падсушвалі скарыначкі хлеба, пакуль яны не прыжураць. То была адметная заварка для кіпеню, замест гарбаты. Сушылі валёнкі, рукоўкі, анучы і вялі ціхую нясьпешную гамонку, апавядаючы пра свае “злачынствы”. Такім чынам бавілі час да вечаровай паверкі. Калі папыталіся ў аднаго хлопца, за што яго пасадзілі, ён коратка адказаў: “Я - шофер Жлобы”. Уся яго віна была ў тым, што ён вазіў вядомага камандзіра часоў грамадзянскай вайны, які ў трыццатыя гады быў дырэктарам рысасаўгаса на Кубані. Жлобу расстралялі, шафёру далі тэрмін зьняволеньня.
    Кітаец Ваня родам з Маньчжурыі (усіх кітайцаў у лягеры называлі гэтым імем) напачатку не мог сказаць і трох словаў па-расейску. Потым навучыўся. Ён расказваў, што часта лавіў рыбу на Амуры. Аднаго разу не заўважыў, як лодку аднесла за лінію фарватэру, што ўмоўна лічыўся дзяржаўнай мяжой. Ад савецкага берага падышоў катэр, узяў лодку на буксір і прыбуксіраваў яе да пагранзаставы. Там яго арыштавалі, потым абвінавацілі ў шпіянажы, судзілі і далі поўную дзесятку. Ні пад час сьледзтва, ні пасьля суду яму не далі магчымасьці паведаміць поштай ці дыпляматычным каналам пра свой лёс родным і блізкім у Маньчжурыі. Паводле яго меркаваньня, дома, напэўна, лічаць, што ён утапіўся ў Амуры.
    Афганец Муса Мамед-аглы, смуглявы аднавокі чалавек, расказваў, што займаўся дробным кантрабандным гандлем. Доўга вандраваць цераз мяжу не давялося, быў затрыманы. Яго таксама абвінавацілі ў шпіянажы, далі тэрмін - і на Калыму. Аднойчы ў забоі пры разборцы ўзарванай пароды на яго накацілася вялізная глыба. Але намаганьнямі ўсёй брыгады яго, пакалечанага, удалося ўратаваць.
    Былі ў брыгадзе два фіны: Пакканен і Фірданен. Яны дрэнна валодалі расейскай мовай, таму іх аўтабіяграфічныя зьвесткі цьмяныя і сьціплыя. Яны як быццам былі членамі ЦК фінскай кампартыі. Пры ўпамінаньні кім-небудзь прозьвішча Кусьсінена яны пачыналі злавацца і лаяцца. Пакканена ўсе называлі Паканін. На нашых вачах яго фінскае прозьвішча трансфармавалася ў расейскае.
    У гэтым часе, ужо перад канцом навігацыі, прыбывала папаўненьне з фантастычнымі тэрмінамі - 15, 20, 25 гадоў зьняволеньня. Тэрміны, у бальшыні яшчэ ягодаўскія, ім здаваліся дзіцячай карай. Яны не перавышалі дзесяці гадоў. Памятаю ў ліку “доўгатэрміновікаў” аднаго чалавека, што меў сьвежанькіх 25. Па прафэсіі авіяканструктар. Ён вылучаўся сваім надзвычай роспачным настроем, прыгнечаным станам. Быў негаваркі, замкнёны, мала расказваў пра сябе. Усё больш скардзіўся на свой безнадзейны лёс. Відаць, ён добра разумеў, што яго доля - быць вечным лягернікам Калымы да самага скону, што, маючы прыблізна саракагадовы ўзрост, яму не выцягнуць свой шчодры тэрмін. Аднак лёс яго мог стацца, магчыма, шчасьлівым. Неяк улетку 1938 ці 1939 года яго выклікалі ў райаддзел НКВД, не тлумачачы навошта. Зьбіраючыся, лічыў, што Сэрпанцтынкі яму не мінуць. Пры канцы дня ён вярнуўся па рэчы чысьценькі, паголены, апрануты ў новы лягерны гарнітур. Калі ў райаддзеле ўпэўніліся, што гэта ён, а не хто іншы, то пачалі рыхтаваць да сьпешнай адпраўкі на “мацярык”. Я ўпершыню ўбачыў на яго твары ўсьмешку. Магчыма, дзе-небудзь у сыстэме авіяканструктарскай службы нешта парушылася, і ён зноў спатрэбіўся? А можа, яго падманным шляхам павезьлі на перасуд з больш трагічным вынікам? Зьніклі ж з Калымы ленінградцы-энкавэдзісты, што праходзілі па кіраўскай справе. Зараз іх канчатковы лёс агульнавядомы. Вывозілі ж з лягераў на перасуд і беларусаў. Цярністы жыцьцёвы шлях іх канчаўся ў Курапатах.
    Былі ў брыгадзе два элеватаршчыкі. Яны мелі па 15 гадоў па “шкодніцкім” пункце пяцьдзесят восьмага артыкула. Апавядаючы ля печкі пра сваю справу, яны паведамілі, што на іх элеватары завёўся клешч. Эфэктыўна зьнішчаць кляшча ніхто не ўмеў. Аднак гэта не выратавала іх ад доўгага тэрміну зьняволеньня. “Праполка” штату элеватара не абмежавалася толькі імі.
    Далёка не ўсе “спавядаліся” перад печкай у кароткія вольныя хвіліны. Памятаю грузіна, пра якога казалі, што ён меншавік. Сваёй буйной постацьцю і маўклівасьцю ён нагадваў манумэнт. Здавалася, што ён даў зарок маўчаньня. Неўзабаве гэты чалавек нечакана памёр ад сардэчнага прыступу. Пра яго захавалася толькі зрокавая памяць.
    Пазьней, калі зьявіліся “заходнікі”, адзін з іх, заходні ўкраінец Адольф Бернардзіхоўскі, расказваў аб пераканаўчай упэўненасьці свайго сьледчага, што ён мае справу з “ворагам народа”. Не маючы магчымасьці даказаць гэта і каб абвінаваціць свайго падсьледнага хоць у чым, ён бездапаможна казаў: “Твое имя говорит о том, что ты враг народа”. Бернардзіхоўскі меў няшчасьце быць цёзкам фюрэра. Лёс тых арыштаваных, што былі цёзкамі “отца всех народов”, урэшце, не быў лепшы, чым у Адольфа Бернардзіхоўскага.
    Усе размовы каля печак раптоўна перапыняліся камандай: “На поверку становись!” Па гэтай камандзе палітзэкі шнураваліся ў адзін шэраг паміж нараў на праходзе. Пачыналася пераклічка. Называлася прозьвішча вязьня. Ён мусіў казаць сваё імя і імя па бацьку, назваць артыкул кодэкса, па якім быў асуджаны, і тэрмін зьняволеньня. Далёка не ўсе мелі “раскошу” быць асуджанымі. Была значная частка, калі не пераважная, рэпрэсаваных “особым совещанием” НКВД. Іх так і звалі: рэпрэсаваныя, адрозна ад асуджаных рознымі судамі. Рэпрэсаваныя палітвязьні, замест пяцьдзесят восьмага артыкула кодэкса, мелі ліцер, які ўяўляў сабой абрэвіятуру, прыдуманую “особым совещанием”. Тут ужо фантазіі “особосовещанцев” не было мяжы. Паколькі “особое совещание” прысвойвала ліцер і тэрмін завочна, то многія не маглі іх расшыфраваць. Напрыклад, у былога студэнта з Алма-Аты Ўнігенава Джумабая быў ліцер КРКОМГР. Што ён абазначаў, Джумабай не мог растлумачыць.
    Былы старшыня выканкама Туруханскага краю (прозьвішча забылася) меў ліцер СКРТ. Ён меў на гэтай пасадзе пэрсанальную машыну, пэрсанальны катэр, пэрсанальны “кукурузьнік”. Яму пашанцавала мець і пэрсанальны ліцер. Другога такога ні ў кога не было. Ён свой ліцер тлумачыў так: “Содействие контрреволюционным троцкистам”. У свой час у Туруханск саслалі відных трацкістаў. Старшыня крайвыканкаму зрабіў запытаньне ў Масквы, як іх выкарыстоўваць. Адказ быў кароткі: “Па спэцыяльнасьці”. Так і зрабіў. Але йшоў час, мяняліся наркамы ўнутраных спраў, і старшыні крайвыканкама давялося сесьці ў турму за “содействие”.
     Відавочна, багатая фантазія “особосовещанцев”, з прычыны масавасьці рэпрэсій, вычарпалася. Тады яны пачалі ўсё часьцей зьбівацца на шаблён, забясьпечваючы рэпрэсаваных ходкімі: КРА (контррэвалюцыйная агітацыя), АСА (антысавецкая агітацыя), КРД (контррэвалюцыйная дзейнасьць). Дзень пры дні на вечаровай паверцы безьліч разоў гучала з вуснаў палітзьняволеных гэтае нялюдзкае краканьне, асаканьне, каэрдэканьне. Сярод крымінальнікаў нічога такога не чулася, акрамя толькі артыкулаў крымінальнага кодэкса, за выняткам хіба аднаго вядомага мне выпадку. У азэрбайджанца Мансура Абдул-аглы крымінальнае злачынства не ўкладвалася ў дзейны тады кодэкс. Дзеля гэтага ён таксама быў “безартыкульным” вязьнем. Калі на паверцы называлі яго імя: “Мансур!”, ён з характэрным акцэнтам адказваў: “Абдулоўлы, похыщение трупа!” Пра гэта “похыщение трупа” ён, як папугай, мусіў паўтараць “адкрытым тэкстам” штодня, на працягу ўсяго тэрміну зьняволеньня.
    Пасьля вечаровай паверкі ўсе павінны былі класьціся спаць. Размовы ля печак не ўзнаўляліся да наступнага вечара. Спынялася ўсялякая ўнутрыпалатачная мітусьня. Той, хто расьцягваў сваю пайку хлеба надаўжэй, клаў яе рэшту пад падушку. Гэта было адзінае месца схованкі. Да таго ж адчуваньне пад вухам агрызка пайкі ўсяляла, хоць і мізэрную, упэўненасьць, што ў жыцьці не ўсё скончана. Ніхто не баяўся, што рэшткі пайкі нехта ўкрадзе. Тут дзейнічала лягерная мараль, лягерныя запаветы: “Не ўкрадзь чужую пайку”, “Не абваж зэка”. Сьвятасьць пайкі была непарушная. Прынамсі, у тым лягеры, дзе я адбываў свой тэрмін. Я гэта назіраў нават у руры на прыіску імя Вадап’янава. Гэтага запавету трымаліся і блатныя. Калі на волі стала амаль правілам абважыць пры магчымасьці пакупніка, то ў лягеры тады ў дачыненьні да пайкі ніводны хлебарэз не дазваляў сабе гэтага. Звычайна ў “штаце” хлебарэза было некалькі слабасілак (дахадзяг). Яны ў вольны ад прыгону час за натуральную плату хлебам стругалі трэсачкі для прыколваньня даважкаў, каб не згубілася ні грама. Была поўная ўпэўненасьць, што ты атрымаеш сваю норму. Справа іншая, што яе, гэтай нормы, не хапала, каб нармальна жыць.
    Такое няпісанае правіла захоўвалася і пазьней. Паэт Анатолій Жыгулін, калымскі вязень паваеннага часу, пісаў у сваім вершы “Хлеб”:
                                                         А хлеб несли из хлеборезки.
                                                         Был очень точно взвешен он.
                                                         И каждый маленький довесок
                                                         Был щепкой к пайке прикреплен.
    Ліхой зімой 1937/38 года памёр, не першы і не апошні ў палатцы, дзе я дняваліў, былы інжынэр-канструктар пермскага гарматнага завода, зьнясілены цяжкой працай, холадам і голадам. Памёр ён уначы. Толькі ўранку я заўважыў, што чалавек мёртвы. Нерухомыя вочы былі ашклянела ўтаропленыя ў дах палаткі. Разяўлены шчарбаты рот ямкай чарнеў паміж запалых шчокаў, парослых сівою шчэцьцю. Схуднелы твар быў зацярушаны сенам і пушынкамі скрыпеню. Відаць, нехта цікаваў, як чалавек канаў, і калі ўпэўніўся, што мёртвы, завалодаў яго пайкай. Былы інжынэр-канструктар надвячоркам ужо не здолеў зьесьці прынесеную яму пайку, паклаў яе пад падушку. Той, хто абшукваў нары нябожчыка і завалодаў яго пайкай, рабіў гэта пасьпешліва, не без хваляваньня ад удачы. Таму і натрусіў зьнячэўку на твар нябожчыка сена з незашытай насыпкі падушкі. Мяне абурыла гэтае рабаўніцтва. Мне яно здавалася бессаромным і нахабным. Зьвяртаючыся да невядомага марадзёра, я назваў яго трупаедам. Былы старшыня Туруханскага крайвыканкама, папіваючы нішчымны вар, згатаваны на печцы ў кансэрвавай бляшанцы, заядаючы рэштай сваёй пайкі, разважыў так: “Нябожчыку пайка ўжо непатрэбна. Нічога ганебнага ў тым, што яе нехта прысвоіў, няма. Можа, пайка нябожчыка працягне або выратуе жыцьцё таму, хто яе ўзяў. Не трэба абурацца ўчынкам, у якім няма нічога бесчалавечнага”. Такая халодная лёгіка была ўспрынятая ўсімі астатнімі з поўным разуменьнем. Калі па-лягернаму лічылася амаральным авалоданьне чужой пайкай жывога, то пайка мёртвага лічылася спадчынай таго, хто першы заўважыў сьмерць чалавека. Разважаньні былога старшыні Туруханскага крайвыканкама ў тых умовах маглі пераканаць каго хочаш. У далейшым я ставіўся больш спакойна да гэтакіх выпадкаў.
                                                                     “Трацкісты”






Brak komentarzy:

Prześlij komentarz