Яўген Гучок
КАТЭХІЗІС ВІКТАРА ДЗЬМІТРЫЕВА
Калі Віктар Дзьмітрыеў,
гарачы прыхільнік беларушчыны, пастаянны актыўны ўдзельнік праграм і
мерапрыемстваў кампаніі “Будзьма” пры ТБМ імя Францішка Скарыны ўпершыню зьявіўся
на парозе сядзібы гэтай арганізацыі, на пытаньне, як ён прыйшоў да беларускасьці,
ён адразу і не сьцяміў, што адказаць. Было для яго дзіўным чуць такое. А потым
упэўнена прамовіў:
- А я ніколі ад яе і не
адыходзіў. Мова, закладзеная ў твой ген праз бацькоў - у душу, сэрца і розум -
ніколі не забываецца, не губляецца, не пакідае цябе. Праўда, калі-нікалі трохі
прыглушаецца.
Нарадзіўся Віктар Дзьмітрыеў
у 8 лютага 1951 года ў г. Вольску Саратаўскай вобласьці (Расія). У бацькоў былі
беларускія карані і навыкі жыцьця, ды да вайны яны і жылі ў Беларусі. У 1952
годзе бацькі вярнуліся на Радзіму, і, вядома, з імі сюды, на сваю гістарычную
Радзіму прыехаў немаўлёнак Віктар. Некаторы час жылі ў Шацку (Пухавіцкі раён),
пасьля - у Валяр’янах (Узьдзенскі раён), а крыху пазьней перабраліся ў Менск.
Тут Віктар скончыў сярэднюю школу. Як дапытлівы юнак ён змог уладкавацца ў
Акадэмію Навук. Далей была тэрміновая служба ў войску, у Паветрана-дэсантных
войсках (Літва). Пасьля войска скончыў Сасаўскую лётную вучэльню (Разанская
вобласьць), а пазьней - Кіраваградзкую школу вышэйшай лётнай падрыхтоўкі. Зьвязаўшы
свой лёс з небам, атрымаў ён па гэтай частцы і вышэйшую адукацыю - скончыў
Ленінградзкую Акадэмію грамадзянскай авіяцыі.
Працаваць пачаў пілётам
Аэрафлёту ў Якуціі. Праз гады зьвязаў свой лёс з Менскім аэрадромам. Добрыя
веды ў авіяцыйных пытаньнях і павага да лётных законаў (напісаных часам крывёю
і жыцьцямі некаторых папярэднікаў), іх бездакорнае выкананьне дазволілі В. Дзьмітрыеву
правесьці безаварыйна ў паветры 6000 (шэсьць тысяч) гадзін. Зараз ён на пэнсіі,
але працягвае працаваць інжынэрам у Беларускай акадэміі авіяцыі.
Спадар В. Дзьмітрыеў - асоба
творчая. Яшчэ ў школе ён браў удзел у рабоце тэхнічнага гуртка і спрабаваў
адначасова пісаць вершы. А працуючы ў Акадэміі Навук, ва ўзросьце 18 гадоў
адзначыўся як суаўтар у стварэньні плязьменных генэратараў і навуковых
публікацый па гэтай праблеме. Пазьней у Менскім авіязаводзе В. Дзьмітрыевым быў
распрацаваны, выкананы і ўкаранёны апарат аўтаматычнай падачы стандартных
знакаў азбукі Морзе. Веданьне гэтай азбукі было абавязковым для шэрагу
авіяцыйных спэцыялістаў. Значным і цікавым дасягненьнем у тэхнічнай творчасьці
В. Дзьмітрыева зьявіўся яго ўдзел у стварэньні вэрсіі (копіі) абраза Маці Божай
Вастрабрамскай, што ў Вільні. Абраз пасьля асьвячэньня яго біскупам Тадэвушам
Кандрусевічам адразу пачаў вызначацца як цудатворны. Зараз ён знаходзіцца ў касьцёле
ў Лельчыцах. (Гомельская вобласьць). Як і раней, як і заўсёды, у В. Дзьмітрыева
- новыя тэхнічныя распрацоўкі і напрацоўкі, вядома, з патэнтнай вартасьцю,
суаўтарства ў навуковых публікацыях, павага калег.
А ці мела працяг спроба
пісаць вершы? Падчас знаходжаньня ў авіяатрадзе на Крайняй Поўначы працягваў
час ад часу пісаць вершы. Некаторыя з іх друкаваліся ў газэце “Северная Трасса”
і “Воздушный транспорт”. Там друкавалі па-руску. Як кажуць, паэтычны сьверб не
пакідае паэтычную натуру. Апошнім часам В. Дзьмітрыеў засьвяціўся сваімі
публікацыямі на беларускай мове ў альманахах “Гоман”, “Талент”, “Гаманлівае
дрэва любові” і інш. Была ў яго адна публікацыя і ў “Нашым слове”.
Спадар В. Дзьмітрыеў мае
ўласнае меркаваньне, а калі дакладней - катэхізіс наконт таго, хто можа лічыцца
беларусам. Вось яго кароткі змест:
- лічыць сябе беларусам;
- жыць, як беларус;
- думаць і размаўляць на
беларускай мове;
- заўсёды памятаць пра
Беларусь, яе гісторыю;
- не зьяжджаць з Беларусі;
- з павагай ставіцца да ўсіх,
хто паважае Беларусь і беларусаў, іх мову і гісторыю;
- не ставіцца
крытычна-адмоўна да тых, хто часова размаўляе на трасянцы;
- выконваць залатыя правілы
народнай мудрасьці;
- а ўжо на хаўтурах ці пасьля
грамадзкая думка вынясе прысуд: “быў беларусам, ці не быў”.
Вось такі спадар Віктар Дзьмітрыеў
- чалавек разнастайных зацікаўленьняў, здольнасьцяў і ведаў, надзейны і
няздрадлівы для Беларусі і яе людзей, які не ўяўляе сябе без творчасьці і
працы.
Пажадаем яму яшчэ доўга жыць
і працаваць, працаваць на карысьць Беларусі, беларусаў і ўсіх добрых людзей -
сваіх родных і блізкіх.
Спадар Віктар Дзьмітрыеў мае
сына і ўнука.
І яшчэ. Ён сярод іншых
ворагаў беларушчыны не меншым злом лічыць п’янства, пра што і гаворыць гэты
верш:
НЕ ПІ
“Не пі, беларус, не пі!” -
Казала славутая Цётка.
Не пі беларус не пі!
Хіба так пілі твае продкі?!
Не пі, беларус, не пі!
Бо розуму п’яны не мае.
Не пі, беларус, не пі!
Хоць прагне спаіць
цябе чорная зграя.
Не пі, беларус, не пі!
Уздымі ты свой голас да неба.
Не пі, беларус, не пі!
Гарэлка табе не трэба.
Не пі, беларус, не пі!
Узыходзь на шлях не ганебны,
Такім ты будзеш творцу патрэбны.
Не пі, беларус, не пі!
[С. 8.]
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz