niedziela, 5 listopada 2017

ЎЎЎ Тацьцяна Маляўка. Стары фотаздымак або Аркадзь Мініч ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2017.





                                                                            Конкурс
                                        Любоў да Айчыны цераз любоў да свайго роду

                                                           СТАРЫ ФОТАЗДЫМАК


    Пагадзіцеся, што атрымаць у сёньняшні час пісьмо па пошце – гэта нейкае дзіва, сюрпрыз. Зносіны паміж людзьмі цяпер у асноўным адбываюцца па электроннай і мабільнай сувязі. Вось такі сюрпрыз на днях я атрымала ад сваёй аднавяскоўкі Веры Лісок. У паштовым канвэрце я знайшла фотаздымак, якому ўжо больш як 70 гадоў. На пажаўцелым фота – сям’я майго дзядулі Васіля і бабулі Ганны Мінічаў, а побач з імі – маленькая сьветлагаловая дзяўчынка Зоська – мая мама і басаногі хлопчык – мой дзядзька Аркадзь. Фотаздымак даваеннага часу, захаваны Верай Аляксандраўнай, крануў маю душу, і я ўсьвядоміла – як мала ведаю пра сваіх родных, пра гэтую маленькую дзяўчынку на фота, якая рана пайшла з жыцьця і шмат аб чым мне не паведала. Не паведала пра дзядулю, які быў кветкаводам ад Бога. І на гэтым фотаздымку, дзе праглядваецца саламяная страха, – усё ў кветках. Ведаю, што жыла сям’я бедна, але дзядуля вельмі любіў кветкі. Прыгажосьць пачыналася перад брамкаю ў двор. Паабапал дарогі, якая вяла на хутар Жорнае, знаходзіліся дзьве невялікія сажалкі, вакол якіх расьлі акацыі і з вясны да позьняй восені цьвілі кветкі – вяргіні, настурцыі, рамонкі, ружы, васількі. Такой прыгажосьці, як узгадвалі старажылы, яны не бачылі ніколі. З усяго навакольля ішлі людзі за кветкамі да дзеда Васіля з рознай нагоды – на царкоўныя сьвяты, дні народзін, вясельлі. І нікому дзед не адказваў – шчодра, з дабром зразаў прыгажосьць, выгадаваную сваімі рукамі. Людзі так і называлі дзядулю – Васілёк, а мы, нашчадкі, па-вясковаму завёмся Васільковымі.
    І сёньня мяне зьдзіўляе той факт, як дзед, чалавек без адукацыі, ведаў, якая глеба патрэбна для кожнай расьліны, і ў торбе на плячах за некалькі кілямэтраў насіў зямлю для фіялак, жыў бедна, але купляў атлясную стужку, каб падвязваць ружы. А вакол утаптаных, як намаляваных, шматлікіх сьцяжынак, што вялі да хаты, высаджваў умела і з густам кветкі. Сёньня гэтае ўмельства называецца моднымі іншамоўнымі словамі дызайн і ляндшафт.
    Гляджу на дарагі майму сэрцу фотаздымак, і на памяць прыходзяць радкі Яўгена Грышкаўца: “А на фотаздымках усё добра. Там шмат надзеі”. Так, шмат надзеі ў вачах маленькай дзяўчынкі Зоські, маёй матулі, якую наперадзе чакае басаногае ваеннае ліхалецьце, вялікае каханьне і няўдалае замужжа, сьмерць старэйшага сына і заўчасны адыход у іншы сьвет. Цяжкі, жорсткі і несправядлівы лёс напаткаў маю любую матулю. А белабрысы хлопчык Аркадзь, які вучыўся ў школе толькі на выдатна, цудоўна маляваў, у будучым стаў геолягам, жыў у Якуціі, дзе і знайшоў свой вечны супакой.
    Калісьці я, будучы дзяўчынкай-падлеткам, часьцяком “даставала” бабулю Ганну пытаньнямі – дзе яна сустрэла дзеда, ці моцна кахала яго? На што баба Ганна адказвала, што будучага мужа не ведала. Прыйшлі сваты з незнаёмым жаніхом і засваталі юную Ганначку, вось і ўсё каханьне. А між іншым – трое дзяцей выгадавалі дастойнымі людзьмі. Старэйшы сын Мікалай ваяваў, быў паранены, дайшоў да Бэрліна. Затым, калі сьсялялі людзей з хутароў у вёску Агарэвічы, з сям’ёю жыў на адной вуліцы, праз некалькі хат, з сястрою Зосяй, якая да апошняга працавала ў сельскім савеце. Сярэдні сын Аркадзь жыў далёка ад радзімы, але ніколі не забываў бацькоўскую хату. Ужо даўно няма маіх бабулі з дзядулем, якія ўсё сваё жыцьцё прайшлі поплеч; і хто ведае, якія пачуцьці зьведалі яны, але мне здаецца, што пачуцьці гэтыя былі моцнымі і сапраўднымі. Нікога не засталося з сям’і Мінічаў, зьнік у нябыт хутар Жорнае, але засталася памяць пра маіх родных, памяць добрая і трывалая. А яшчэ засталіся абразок, які вісеў на покуці ў дзядулінай хаце, і вось гэты даўні фотаздымак. Іх я перадам сваім дачушкам, а яны – маім унукам, каб ведалі, што мы на гэтай зямлі не бязродныя.
    Тацьцяна Маляўка,
    жыхарка вёскі Агарэвічы Ганцавіцкага раёна.
/Алеся. Работніца і Сялянка. Часопіс жанчын Беларусі. № 6. Мінск. 2014. С. 17./




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz