ПАЛЯЎНІЧЫ I РАБАЎНІКІ
юкагірская народная казка
Жыў некалі паляўнічы. Лавіў
ён дзікіх аленяў. Аднойчы пайшоў ён на паляваньне. Жонка адна дома засталася.
Прыйшлі да яе тры рабаўнікі. Тры браты. Кажуць яны:
— Дапамажы мужа твайго зьвесьці
са сьвету. Не дапаможаш — і цябе заб’ём.
— Як дапамагчы? — пытае
жанчына.
— Зьвяжы яго арканам, якім ён
аленяў ловіць.
— Як зьвязаць? — пытае
жанчына.
— А ты скажы яму: «Давай
гуляць — зьвязваць адзін аднаго арканам. Спачатку ты мяне, потым я цябе». [Нагадвае порна-зьвязваньне – А. Н.].
Вярнуўся паляўнічы з паляваньня.
Жонка кажа:
— Давай гуляць, адзін аднаго
арканам зьвязваць.
Муж кажа:
— Што гэта за гульня такая?
Навошта такая гульня? Не хачу цябе зьвязваць.
Але жонка не саступае:
— Давай гуляць, вось аркан, зьвяжы
мяне.
Паляўнічы пагадзіўся, зьвязаў
яе.
— Цяпер разьвяжы, — кажа
жонка.
Паляўнічы разьвязаў.
— Цяпер я цябе зьвяжу, — кажа
жонка.
Яна зьвязала мужа доўгім
арканам і гукнула:
— Дзе вы хаваецеся?
Выходзьце!
Рабаўнікі адразу зьявіліся.
Старэйшы ўскінуў лук і стрэліў у паляўнічага. Страла трапіла ў нагу. Малодшы з
братоў кажа:
— Навошта страляў? Ён зьвязаны,
нічога табе не зробіць.
Грабежнікі ўзялі скуры. Узялі
жонку. Узялі чум. Пагналі аленяў. Паляўнічы застаўся адзін. Ляжыць і думае: «Хаця
б хто прыйшоў, мяне ўратаваў».
Чуе, ідзе побач лось.
Паляўнічы крычыць:
— Лось, падыдзі да мяне, разьвяжы
мяне!
Лось падышоў, паглядзеў і
кажа:
— Памятаю, як мінулай вясной
ты на мяне паляваў, сабакамі сваімі мяне цкаваў. Сэрца ў мяне ледзь не выскачыла.
А цяпер ляжы. Не, я цябе ратаваць не стану.
Ідзе побач дзікі алень.
Паляўнічы гукае:
— Алень, разьвяжы мяне,
уратуй!
Дзікі алень паглядзеў і кажа:
— Калі я аднойчы еў на лузе
траву, ты ціхенька падкраўся і пусьціў у мяне стралу. Я ўбачыў, адскочыў. Сэрца
маё ледзь не выскачыла. Не, цябе я не ўратую.
Ідзе побач мядзьведзь.
Паляўнічы крычыць:
— Дзядуля мядзьведзь, разьвяжы
мяне, уратуй!
Мядзьведзь паглядзеў на
паляўнічага і кажа:
— Зімой, калі я спаў, ты ў
лесе страляў, замінаў мне спаць. А цяпер ляжы тут адзін.
Ідзе ліса. Паляўнічы крычыць:
— Ліса, разьвяжы мяне,
уратуй!
— Ты мяне сабакамі цкаваў, я
не забылася. А цяпер ляжы адзін, памірай!
Прыбегла мыш. Паляўнічы крычыць:
— Мыш, уратуй мяне, разьвяжы!
Мыш кажа:
— Гэты аркан мне, пэўна, не
перагрызьці, але паспрабую.
Грызла мыш тры дні.
Перагрызла рамяні. Паляўнічы ўстаў, паклаў мыш у кішэню. Пайшоў па сьлядах
рабаўнікоў. Дайшоў да першага чумішча. Бачыць, грабежнікі тут начавалі. Бачыць,
ляжаць рогі аленя-маншчыка [* Алень-маньшчык — гэта алень, які дапамагае паляваць на
дзікіх аленяў. Маньшчыка на доўгай вяроўцы падпускаюць да статка, ён прыцягвае
ўвагу аленяў, паляўнічы тым часам падкрадваецца да іх, хаваючыся за іншых
аленяў. (Хаця лепш перакладаць маньшчык, як
вабік – А. Н.)]. Убачыў — і горка заплакаў. Шкада стала паляўнічаму, што
рабаўнікі зьелі такога аленя. Паляўнічы любіў хадзіць з ім на дзікіх аленяў.
Пайшоў далей. Каля другога чумішча ляжаць рогі другога маньшчыка. Паляўнічы
зноў заплакаў. Вось ужо відаць і трэцяе чумішча. Ляжаць рогі трэцяга маньшчыка.
Пабег па сьлядах далей і ўбачыў свой чум. Каля чума знайшоў свой лук і з лукам
у руках увайшоў у чум. Грабежнікі спужаліся і выпаўзьлі з чуму, адвярнуўшы
скуры [* З чума можна
выйсьці не ў дзьверы, а ў любым месцы чума, адкінуўшы скуру, якой ён пакрыты.
]. Паляўнічы іх дагнаў.
Абодвух старэйшых братоў ён забіў. Малодшага ў чум прывёў і кажа:
— Ты не хацеў, каб у мяне стралялі. Я таксама не буду страляць у цябе.
Паляўнічы даў яму са сваіх
аленяў двух маньшчыкаў і адпусьціў:
— Ідзі, сам здабывай сабе
аленяў!
А жонцы кажа:
— Рыхтуйся. Дамоў, на сваю
рэчку вяртаемся.
Яны пагналі сваіх аленяў
туды, дзе раней стаяў іх чум. Паляўнічы ехаў на аленях, жонку ён прымусіў прайсьці
ўвесь шлях пехатой. Перабраліся яны на сваю зямлю, чум паставілі. Паляўнічы
аленя забіў, мыш з кішэні дастаў і кажа:
— Ты мяне ад сьмерці
ўратавала, а цяпер вось табе мяса, можаш есьці колькі захочаш!
Пераклаў
Алесь Пісьмянкоў
/Зорны
карагод. У дзвюх кнігах. Кніга першая. Фальклор народаў Расіі, творы для дзяцей
з рускай класікі. [Бібліятэка дзіцячай
літаратуры народаў СССР] Мінск. 1991. С.
140-142, 411./
Алесь Уладзіміравіч Пісьмянкоў
нар. 25 лютага 1957 г. у в. Іванаўка Касьцюковіцкага раёна Магілёўская вобласьці.
У 1964 г. паступіў у Бялынкавіцкую сярэднюю школу. У 1974-1975 гг. працаваў
карэспандэнтам касьцюковіцкай раённай газэты “Сцяг камунізму”. У 1975 паступіў
на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980 г.
У 1980-1982 гг. працаваў карэспандэнтам газэты “Літаратура і Мастацтва”. Ад
1982 г. рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”. Ад 1984 г. чалец
Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1988 г.)
за кнігу лірыкі “Чытаю зоры”. Ад 1990 г. намесьнік старшыні СП Беларусі,
намесьнік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. Ляўрэат Літаратурнай прэміі
імя А. Куляшова (1998 г.) за кнігу “Вершы”. У 1999-2002 гг. галоўны рэдактар газэты
“Літаратура і Мастацтва”. У 2002-2004 гг.у рэдакцыі часопіса “Вожык” (2002-2004).
Памёр 23 красавіка 2004 г. на працоўным месцы ад сардэчны прыступу. Пахаваны на
Кальварыйскіх могілках. Ляўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2004 г., пасьмяротна).
Імем Алеся Пісьмянкова названа Касьцюковіцкая дзіцячая бібліятэка.У раёне
праводзяць абласное сьвята паэзіі і аўтарскай песьні “Пісьмянкоў луг”.
Літаратура:
Клімуць Я.
І. Пісьмянкоў Алесь. // Беларускія
пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 5. Мінск 1995. С. 27.
* Баркауски А., Петрушкина В. Юкагирская литература в Беларуси. // Эхо
столицы. Якутск. № 66. 8 июня 1999. С. 4.
* Баркоўскі А. Юкагірская літаратура ў Беларусі. // Голас
Радзімы. Мінск. № 26. 28 чэрвеня 2000. С. 7.
Андрушкіньня Нялемная,
Койданава
Марк Германович Ватагин
Сказки
народов России
Минск. «Юнацтва». 1988.
ОХОТНИК
И ГРАБИТЕЛИ
Жил когда-то охотник. Диких оленей
ловил. Однажды ушёл он на промысел. Жена дома одна осталась. Пришли к ней три
грабителя. Три брата. Говорят:
— Помоги мужа твоего одолеть. Не поможешь — тут тебя и прикончим.
— Как помочь? — спрашивает
женщина.
— Свяжи его
арканом, которым он ловит оленей.
— Как связать? —
спрашивает женщина.
— А ты скажи
ему: «Давай играть — связывать друг друга арканом. Сначала ты меня, потом я
тебя».
Вернулся охотник. Жена говорит:
— Давай играть,
давай связывать друг друга арканом.
Муж говорит:
— Что это за
игра? Зачем такая игра? Не хочу тебя связывать.
Но жена не
отстаёт:
— Давай
поиграем, вот аркан, свяжи меня.
Муж уступил,
связал её.
— Теперь
развяжи, — говорит жена.
Муж развязал.
— Теперь я тебя
свяжу, — говорит жена.
Она связала мужа
длинным арканом и крикнула:
— Где вы прячетесь? Выходите!
Грабители вышли из укрытия. Старший
из них вскинул лук и выстрелил в охотника. Стрела попала в ногу. Младший из
братьев-грабителей говорит:
— Зачем стрелял? Он ведь связанный, он ничего тебе не сделает…
Грабители забрали шкуры. Забрали
жену. Забрали чум. Угнали оленей. Охотник остался один. Лежит, думает: «Хоть бы
кто пришёл, меня спас».
Слышит, проходит мимо лось. Охотник
кричит:
— Лось, подойди
ко мне, развяжи меня!
Лось подошёл,
посмотрел и говорит:
— Помню, как
прошлой весной ты меня гнал, собаки твои бежали за мной по пятам. Сердце моё
чуть не выскочило. А теперь лежи. Я тебя не спасу. — И лось ушёл.
Проходит мимо дикий олень. Охотник
кричит:
— Олень, развяжи
меня, спаси!
Дикий олень
посмотрел и говорит:
— Когда я
однажды мирно ел траву, ты тихонько подкрался и пустил в меня стрелу. Я увидел,
отскочил. Сердце моё оборвалось. Нет, я тебя не спасу.
Проходит мимо медведь. Охотник кричит:
— Дедушка
медведь, спаси меня, развяжи!
Медведь
посмотрел на охотника и говорит:
— Зимой, когда я
спал, ты шумел… А теперь лежи один.
Проходит лиса.
Охотник кричит:
— Лиса, развяжи
меня, спаси!
Лиса посмотрела,
засмеялась и говорит:
— Ты меня травил собаками. Я не забыла. А теперь лежи один,
умирай!
Прибежала мышь. Охотник кричит:
— Мышь, спаси
меня, развяжи!
Мышь говорит:
— Такой аркан
мне, наверное, не перегрызть, но я постараюсь.
Мышь грызла три дня. Перегрызла
ремни из оленьей кожи. Охотник встал, положил мышь в карман. Пошёл по следам
грабителей. Дошёл до первого чумища. Здесь грабители ночевали. Увидел рога
оленя-манщика. Увидел — заплакал. Жаль было охотнику, что грабители съели
такого оленя. Это был лучший из его манщиков. Охотник с ним любил ходить на
промысел.
Пошёл дальше. Дошёл до второго
чумища — там лежат рога второго манщика. Охотник опять заплакал. Дальше
побежал. Вот и третье чумище. Лежат рога третьего манщика. Дальше побежал по
следу и увидел свой чум. Около чума нашёл свой лук. Вскинул лук и вошёл внутрь.
Грабители задрожали и выползли из чума, отвернув шкуры. Охотник побежал за
ними. Двоих старших убил. Младшего в чум привёл и говорит:
— Ты не хотел,
чтобы в меня стреляли. И я не буду в тебя стрелять.
Охотник дал ему
из своих оленей двух манщиков и отпустил:
— Иди, сам
добывай себе оленей.
Жене он сказал:
— Готовься к
кочёвке. Домой, на свою речку, вернёмся.
Они погнали
своих оленей назад, в те места, где раньше стоял их чум. Охотник ехал на олене,
а жену заставил пройти весь путь пешком. Перекочевали они на свою землю, чум
поставили. Охотник оленя убил, мышь из кармана достал и говорит:
— Ты меня от
смерти спасла, а теперь вот тебе олень, поешь мяса вволю!
Юкагіры
(саманазва адул, вадул — «магутныя») — малы народ, карэнныя насельнікі поўначы Ўсходняй
Сыбіры. Жывуць пераважна на поўначы Якутыі, у Магаданскай вобласьці і Чукоцкай
аўтаноміі РФ. Агульная колькасьць — 1603 чал. (2010 г.).
ДАДАТАК
БЕЛАЯ МЯДЗЬВЕДЗІЦА
Чукоцкая народная казка
Жыў некалі хлопчык-сірата. У
яго была бабуля. І яшчэ быў дзядзька, які іх з бабуляй карміў. Ён на моры
паляваў, нерпу здабываў.
Хлопец пабольшаў, пачаў
паляваць разам з дзядзькам. А потым і сам стаў хадзіць на зьвера. Прывозіў
нерпаў, бабуля іх разьбірала.
Аднойчы хадзіў ён доўга, доўга
шукаў — ніяк не мог нерпу знайсьці. Далёка па лёдзе зайшоў, азірнуўся — боязна
стала. Засьпяшаўся назад. Раптам завіруха паднялася. Крыга адкалолася, панесла
яе проста ў мора. Бегае хлопец па крызе туды-сюды. Глядзіць на ўсе бакі. Але
хто дапаможа?
Раптам белая мядзьведзіца вынырнула. Залезла
на крыгу, падышла да хлопца.
— Адкуль ты? — пытае.
— Адкуль я? Сам не ведаю
адкуль. Зямлі не відаць. Не ведаю, у якім баку мая хата, — адказвае хлопец.
Мядзьведзіца кажа:
— Я цябе ўратую. Дахаты
адвязу. Хочаш?
— Хачу,— гаворыць
хлопец-сірата. — Але як жа ты ўратуеш?
Мядзьведзіца кажа:
— Сядай на маю сьпіну. Моцна
за вушы трымайся. А вочы заплюшчы.
Мядзьведзіца спусьцілася ў
ваду. Хлопец сеў да яе на сьпіну, ухапіў яе за вушы, заплюшчыў вочы. Мядзьведзіца
паплыла, хутка паплыла. Хлопец расплюшчыў вочы і ўбачыў сваю зямлянку. Падышлі
да прыбярэжнага лёду, выбраліся на яго, падышлі да берага. Мядзьведзіца правяла
кіпцюром па лёдзе. Лёд трэснуў, высыпалі нерпы. Як многа! Шмат нерпаў. Хлопец
ніколі столькі не бачыў.
Мядзьведзіца кажа:
— Вось тут і палюй. Тут
заўсёды будзе нерпа. А ты не мог зьвера ўпаляваць, таму што бабуля твая нерпу
не паважае, не дае зьверу ні есьці, ні піць [* Старажытныя паляўнічыя верылі, што зьвер прыходзіць да іх
як госьць, пакідае ім сваё цела, а душа яго вяртаецца ў мора і там зноў
пераўвасабляецца ў зьвера. Здабытага марскога зьвера перад сьвежаваньнем
“кармілі” кавалачкамі мяса і “паілі” прэснай вадой.].
Хлопец забіў нерпу і пайшоў
дадому. Мядзьведзіца ідзе побач. А калі ступілі з крыгі на зямлю, мядзьведзіца
раптам зьняла белую шубу і стала прыгожай дзяўчынай. Скуру яна скруціла і
схавала пад лёд.
Хлопец прыйшоў дадому разам з
дзяўчынай.
— Бабуля, — гаворыць ён, —
цяпер у мяне будзе жонка.
Старая пытае:
— Адкуль ты яе прывёз?
— Не ведаю адкуль, — гаворыць
унук.
Дзяўчына стала жыць з імі ў
зямлянцы. Хлопец-сірата, як і раней, хадзіў на паляваньне, нерпу здабываў, але
цяпер яму шанцавала больш як іншым паляўнічым узьбярэжжа. Мяса і тлушчу
назапасілі далёка наперад.
Ідзе час. Маладая жонка
нарадзіла сына. Добра яны жывуць, уволю ядуць. Вось аднойчы хлопец-сірата
пайшоў на паляваньне, жонка яго дома сядзіць, есьці гатуе. Старая глядзіць на
яе. Маладая жонка есьці гатуе, а сама тлушч есьць. Вялікімі кавалкамі яго есьць.
Старая кажа:
— Ты што гэта такімі вялікімі
кавалкамі тлушч ясі? Ці ж гэтак ядуць? Ты ясі, як мядзьведзіца! Ты, пэўна, не
чалавек. Ты белая мядзьведзіца.
Жанчына долу галаву апусьціла.
Нічога ў адказ не гаворыць. Сына паклікала, стала апранаць. Сын пытае:
— Куды мы пойдзем?
— Мы пойдзем назаўсёды, —
адказвае маці.
Прыйшлі яны на бераг мора.
Падышлі да лёду. Маці засунула руку пад лёд, дастала адтуль белую мядзьведжую
скуру. Трасянула скуру, надзела на сябе і ператварылася ў мядзьведзіцу. І
пайшла яна з сынам па лёдзе проста ў мора.
У гэты час муж яе з паляваньня
вярнуўся, нерпу прынёс. Крычыць:
— Бабуля, дай піць нерпе,
налі ёй трошку вады!
Старая маўчыць.
— Дзе вада? — пытае
паляўнічы.
Старая маўчыць. Потым кажа:
— Я тут адна.
— А дзе жонка? Дзе сын? —
пытае паляўнічы.
— Яны пайшлі, — адказвае
старая.
— Куды пайшлі?
— Па лёдзе пайшлі, у мора
пайшлі, назаўсёды пайшлі, — адказвае старая.
— Ты, пэўна, жонку маю
пакрыўдзіла, штосьці ёй сказала?
— Нічога крыўднага я ёй не
казала, — гаворыць старая. — Сказала толькі, што яна, як мядзьведзіца тлушч есьць.
Сказала, што яна, пэўна, белая мядзьведзіца. Яна пакрыўдзілася і пайшла.
Сірата стаў зьбірацца ў
дарогу. Паклаў у мех лук, стрэлы, дзіду, гарпун. І пайшоў за жонкай і сынам па
іх сьлядах, хутка пайшоў.
Хутка ён іх і здагнаў. Мядзьведзіца
кажа:
— Навошта ты тут?
Сірата кажа:
— Я за табой прыйшоў, хачу
цябе вярнуць.
Мядзьведзіца кажа:
— З людзьмі жыць не хачу.
Людзі дрэнныя. Пайду да свайго народа.
Сірата кажа:
— Я пайду з табой.
Мядзьведзіца кажа:
— Мядзьведзі не любяць
людзей, яны цябе заб’юць.
Сірата кажа:
— Без цябе я даўно загінуў бы.
Я не баюся.
Мядзьведзіца кажа:
— Калі так, хадзем.
Яны дайшлі да краю крыгі,
падышлі да разводзьдзя. Мядзьведзіца перавезла іх на другую крыгу. Потым доўга
ішлі. Зноў разводзьдзе. Зноў мядзьведзіца перавезла. На трэцяй крызе яна кажа:
— Вось мая хата.
Хата была велізарная.
Увайшлі. А там мядзьведзяў — не зьлічыць. Калі мядзьведзіцу ўбачылі — усе
ўзрадаваліся, закрычалі. Сустрэў іх каля ўваходу стары мядзьведзь, бацька мядзьведзіцы.
— Заходзьце, госьці, —
запрасіў ён.
Да хлопчыка падбеглі медзьведзяняты.
Стары мядзьведзь ім крыкнуў:
— Прэч! Прэч! Трымайцеся ад
іх далей. Круглагаловыя [*
Круглагаловыя — так у чукоцкіх казках жывёлы завуць людзей.] — народ хітры.
Потым ён кажа сіраце:
— Зяць, навошта ты прыйшоў
сюды? Мядзьведзі цябе заб’юць.
Сірата кажа:
— Я не баюся.
Стары мядзьведзь кажа:
— Цябе будуць клікаць на
спаборніцтва: хто больш яды здабудзе. Калі ты прайграеш, цябе заб’юць.
Сірата кажа:
— Я не баюся.
Тут і мядзьведзі прыйшлі,
клічуць на змаганьне. Стары мядзьведзь кажа сіраце:
— Надзень маю скуру-кухлянку.
Сірата кажа:
— Дзякуй, я ў сваёй пайду.
Выйшаў, ідзе да вады. А там
яго ўжо чакае вялізны мядзьведзь. Мядзьведзь кажа:
— Прыйшоў, не баісься?
Сірата кажа:
— Давай спаборнічаць: хто
першы пяць нерпаў здабудзе.
Прыйшлі на месца паляваньня:
да краю крыгі. Мядзьведзь лёг жыватом на лёд, глядзіць у ваду, чакае нерпу. А зьвера
няма. Ужо сірата нерпу здабыў. А мядзьведзь ніяк не зловіць. Сірата другую
нерпу ўзяў. А ў мядзьведзя ніводнай. Сірата трэцюю бярэ! А мядзьведзь толькі
першую ўзяў. Вось у мядзьведзя ўжо другая. А ў сіраты чацьвёртая! У мядзьведзя
трэцяя. А сірата ўжо пятую выцягнуў. Зьдзівіў усіх мядзьведзяў. Перамог
вялізнага мядзьведзя. Пайшлі дахаты. Дома медзьведзяняты ўзрадаваліся, падбеглі
да яго.
Стары мядзьведзь крычыць на
іх:
— Далей, далей ад яго! Вельмі
хітрыя круглагаловыя! Ён перамог нашага лепшага паляўнічага. — Потым гаворыць
да сіраты: — Ты добры зяць, добра яду здабываеш. Але назаўтра змаганьне будзе
цяжэй. Назаўтра мядзьведзі цябе заб’юць.
Сірата кажа:
— Чаго мне баяцца? Я даўно
павінен быў загінуць.
Назаўтра зноў па яго прыйшлі
мядзьведзі. Клічуць змагацца. Стары мядзьведзь кажа:
— Трэба будзе скакаць у мора.
Надзень маю скуру-кухлянку.
Сірата кажа:
— Сёньня надзену.
Ён надзеў мядзьведжую скуру і
пайшоў да месца змаганьня.
Вялізны мядзьведзь чакаў яго
каля вады. Сірата падышоў да яго. Мядзьведзь скочыў у ваду. Доўга яго не было.
Але вось ён вынырнуў і паклаў на лёд вялікі камень. Сіраце ён кажа:
— Запомніў гэты камень? Зараз
выцягні яго.
І мядзьведзь піхнуў камень у
ваду. Нырнуў сірата. На дне мора ўбачыў два камяні. Адзін быў маленькі, які
мядзьведзь выцягнуў на лёд, а другі камень — у тры разы большы за таго! Левай
рукой сірата ўзяў маленькі камень, а правай — вялікі. І пачаў усплываць.
Павольна ўсплываў, доўга. Вялікі мядзьведзь глядзеў, глядзеў у ваду і кажа:
— Няма круглагаловага.
Патануў.
І тут усплыў сірата з двума
камянямі ў руках і паклаў іх на крыгу. Усе мядзьведзі зьдзівіліся. Усе ўбачылі:
зноў чалавек перамог. Медзьведзяняты ўзрадаваліся, пабеглі дадому — расказаць
пра гэта старому мядзьведзю. Стары кажа:
— Я гэта ведаў —
круглагаловыя дужа хітры народ.
Сірата прыйшоў дахаты. Стары
мядзьведзь кажа:
— Ты добры зяць, ты дужы. Але
ты не мядзьведзь. І мядзьведзя табе не перамагчы. Заўтра будзе сапраўднае
змаганьне і мядзьведзь цябе задзярэ.
Раніцай зноў прыйшлі мядзьведзі,
клічуць сірату на апошняе змаганьне. Сірата схаваў пад кухлянку лук і тры
стралы, пайшоў.
Глядзіць — на крызе сабраўся
ўвесь мядзьведжы народ. Усе хочуць паглядзець на барацьбу. Вялізны мядзьведзь
стаіць, чакае. Сірата падышоў да яго. Мядзьведзь кінуўся наперад, сірата
адскочыў убок, мядзьведзь праляцеў каля яго. Кідаецца на яго мядзьведзь, а
чалавек спрытна адскоквае. Ніяк мядзьведзь яго не схопіць. Мядзьведзь стаміўся,
цяжка сапе. Тут сірата выхапіў з-пад кухлянкі лук і пусьціў у яго стралу. Мядзьведзь
зноў кінуўся — зноў праляцеў каля сіраты. Сірата другую стралу пусьціў. А за ёй
і трэцюю. Мядзьведзь цяжка задыхаў, сеў на лёд і гаворыць:
— Чаму навокал цёмна
зрабілася?
Упаў мядзьведзь, змоўк
назаўсёды. А натоўп мядзьведжы ўзрадаваўся. Адзін аднаму кажуць:
— Дзякуй круглагаловаму! Няма
больш нашага злоснага гаспадара.
Медзьведзяняты пабеглі дахаты
расказаць усё дзеду. Стары кажа:
— Ага, ведаў я гэта наперад.
Яны дужа хітрыя, гэтыя круглагаловыя. Адзін раз у жыцьці хадзіў я на зямлю.
Убачылі яны мяне — усім натоўпам кінуліся на мяне. Ледзь-ледзь галаву ўратаваў
— у ваду скочыў. Дужа яны хітрыя!
Сірата прыйшоў дахаты. Стары
мядзьведзь кажа:
— Ты выйшаў пераможцам. Мядзьведзі
цябе не заб’юць. Але жыць з намі табе ўсё роўна нельга. Ідзі на зямлю і сына
бяры. Ён не мядзьведзь, ён твой сын.
Мядзьведзіца пасадзіла іх
сабе на сьпіну і павезла да берага. Калі яны падплылі да берага, мядзьведзіца
заплакала.
Сірата не пайшоў у зямлянку,
да бабулі, што выгнала яго жонку. “Няхай жыве як хоча”, — падумаў ён. На беразе
ён зрабіў зямлянку для сябе і свайго сына. Сталі жыць удвух. Сірата на мора
хадзіў, нерпу здабываў, сына карміў. Так яны і жылі.
Пераклаў
Алесь Пісьмянкоў
/Зорны
карагод. У дзвюх кнігах. Кніга першая. Фальклор народаў Расіі, творы для дзяцей
з рускай класікі. [Бібліятэка дзіцячай
літаратуры народаў СССР] Мінск. 1991. С.
128-134, 411./
СІЛАЧ
КАКАЛЯХАК
Эскімоская народная казка
Кажуць, было гэта вельмі
даўно. Жыў на беразе, у Сівукаку, хлопчык Какаляхак. Былі ў яго бацька і маці,
была старэйшая сястра. Яна была замужам за сівукацкім старшынёй. А ён быў
кепскі чалавек. Адбіраў у людзей здабычу. Паляўнічыя звалі яго паміж сабою
рабаўніком. Але спрачацца з ім баяліся, старшыня быў здаровы, як белы мядзьведзь.
Аднойчы хлопчык Какаляхак
пайшоў на бераг. Пайшоў на бераг зьбіраць марскую капусту, якую навыкідваў
прыліў. Назьбіраў ён капусты, а тут і старшыня падышоў. Падышоў і кажа:
— Аддай капусту, яна мая, я
яе зьем!
— Не аддам, — сказаў
Какаляхак. — Я сам яе сабраў, а зараз занясу дадому. Мой бацька будзе есьці,
маці будзе есьці.
Тады старшыня адабраў капусту
і зьеў яе. Какаляхак, плачучы, вярнуўся дадому.
— Чаго плачаш? — пытаецца
бацька.
— Я на беразе капусты назьбіраў,
а старшыня ўсю адабраў, — кажа Какаляхак.
— Не плач, — кажа бацька. —
Ён адабраў у цябе капусту, каб ты стаў сілачом. А пакуль што нам давядзецца
хутчэй адкачаваць на поўнач. Бо старшыня заб’е нас. — Так сказаў бацька. Сказаў
і надоўга замоўк.
Калі наступіла ноч, палеглі
спаць. Калі наступіла раніца, прачнуліся. Калі прачнуліся, пад’елі. Калі
пад’елі, ярангу разабралі. Ярангу разабралі, на поўнач адкачавалі, у бухту за
мысам. Там ярангу паставілі, там сталі жыць.
Какаляхак вырашыў стаць
сілачом. Кожны дзень ён практыкаваўся: бегаў, падымаў камяні. Так у бухце і
зіму перазімавалі. Мінула зіма. Какаляхак ужо такія камянюкі падымаў, што
мужчыны ўдвух не маглі падняць. Лета прыйшло. Аднойчы Какаляхак захацеў выпрабаваць
сваю сілу. Падышоў да маці і кажа:
— Мама, ты звары мяса, а я зьбегаю
па капусту ў Сівукак.
Какаляхак прынёс сухога
паліва, маці агонь расклала. Какаляхак пабег у Сівукак. Прыбег на мыс, набраў
капусты, назад пабег. Калі вярнуўся да ярангі, мяса яшчэ не зварылася. Бацька і
кажа:
— Ты бегаеш хутчэй за мяне!
Мяса зварылася. Спачатку
зьелі капусты, потым зьелі мяса. Потым спаць палеглі. Раніцаю прыйшоў да іх
дзядок. Прыйшоў і кажа:
— У Сівукаку кіта здабылі.
— Хто здабыў? — папытаў
бацька.
— Старшыня здабыў. Наш сілач,
— сказаў дзядок.
— Я пайду ў Сівукак, мяса
папрашу, — сказаў Какаляхак.
— Не ідзі, старшыня заб’е
цябе, — сказаў бацька.
— Я яго не баюся, — сказаў
Какаляхак.
Калі пад’елі, дзядок пайшоў у Сівукак.
Бацька кажа сыну:
— Як прыйдзеш у Сівукак,
зайдзі да маёй сястры, да сваёй цёткі.
Какаляхак пабег у Сівукак.
Дагнаў дзядка, абагнаў дзядка, далей пабег.
У паселішчы ён да цёткі не
пайшоў. Да сваёй сястры пайшоў, старшынёвай жонкі. Калі зайшоў, сястра
перапужалася і кажа:
— Чаго ты прыйшоў, Какаляхак?
Мой муж на цябе злосны, ён цябе заб’е!
— Я яго не баюся, — кажа
Какаляхак. — А ты лепш дай мне некалькі жылак, хачу вяроўку зьвіць.
Сястра дала яму некалькі
жылак. Какаляхак пачаў віць вяроўку. Сястра і кажа:
— Хутчэй рабі і ўцякай. Засьцігне
цябе муж — заб’е.
І вось старшыня вярнуўся
дадому. Паглядзеў на госьця і кажа:
— Гэта ты да нас прыйшоў,
Какаляхак?
— Ага, гэта я, — адказаў хлапец.
— Расхрабрыўся ты, — кажа
старшыня.
— Ага, расхрабрыўся, —
адказвае хлапец.
Старшыня закрычаў жонцы:
— Чуеш? Дай яму кухлянку
дужацца!
Какаляхак кажа:
— Твая кухлянка нікуды
нявартая, няхай дажджавік дасьць.
Сястра падала дажджавік.
Какаляхак надзеў. Старшыня кажа:
— А цяпер выходзь на
сярэдзіну, я табе пакажу.
Какаляхак выйшаў на
сярэдзіну. Скача, круціцца, на нагах моцна стаіць. Як ні стараўся старшыня, а
не мог яго ўхапіць. Стаміўся, асеў, дыхае цяжка. Тады Какаляхак і кажа:
— А цяпер ты выходзь на
сярэдзіну, я цябе перамагу.
Старшыня не выйшаў. Але
Какаляхак схапіў яго, крутнуў і кінуў. А ў старшыні і галава набок. Памёр,
значыць. Какаляхак сястры і кажа:
— Ці шкада табе мужа? У цябе ж многа дзяцей.
Сястра кажа:
— Хоць і шкада, але ж нічога
не паробіш.
— Калі шкада, то дай мне яго
дзягу, — кажа Какаляхак. — Паглядзіш, як я твайго мужа зараз ажыўлю.
Сястра дала яму папругу. Какаляхак
пачаў біць ёю старшыню. І той раптам падхапіўся. Устаў і кажа:
— Аказваецца, ты сілач,
Какаляхак.
Какаляхак памаўчаў, потым
кажа сястры:
— Цяпер я пайду і хачу твой
мяшок з нерпы ўзяць з сабою.
Старшыня кажа жонцы:
— Хай возьме, а ты гэты мяшок
напоўні кітовым мясам.
Яна наваліла поўны мяшок
мяса. Какаляхак узяў яго і панёс. Адыходзячы сказаў:
— Я кітовага вуса вазьму.
Старшыня не адказаў,
прамаўчаў. Каля берага Какаляхак убачыў тушу кіта. Побач два вартаўнікі
сядзяць. Адзін і кажа:
— Паглядзі, да нас Какаляхак
прыйшоў!
Какаляхак сказаў:
— Ага, я прыйшоў. Я старшыню
перамог. Цяпер кітовага вуса вазьму. — Сказаў і пайшоў проста ў ваду! Падышоў да
галавы кіта, пачаў вус выломваць.
Вартаўнік кажа:
— Мо хопіць, Какаляхак, не
бяры многа, бо старшыня раззлуецца.
Не паслухаў Какаляхак, узяў два кавалкі,
пагарнуў у трубкі, засунуў у мяшок. Потым завязаў мяшок, закінуў за сьпіну і
пайшоў дадому. Прыйшоў у бухту, да сваёй ярангі дайшоў. У яранзе мяшок зьняў.
Бацька і кажа:
— Я думаў, цябе забілі.
Какаляхак усьміхнуўся:
— Хто мяне заб’е?
Бацька замоўк. Памаўчаў і
Какаляхак. Моўчкі скураны мяшок разьвязаў. Кітовы вус з мяшка дастаў, потым
кітовае мяса дастаў. Маці і кажа:
— Дзе ж ты ўсё гэта ўзяў?
Какаляхак кажа:
— Я старшыню перамог. Ён сам
мне ўсё гэта даў. Вось кітовы вус. З аднаго кавалка зрабіце вядро, з другога
сачок.
Сказаў ён так і прыціх. Маці
пачала кітовае мяса варыць. Потым яны ўселіся есьці. Калі паелі, леглі спаць.
Прачнуліся — зноў пачалі есьці. Какаляхак кажа:
— Цяпер мы ўсе вернемся ў
Сівукак. Старшыні я больш не баюся.
Яны разабралі ярангу,
адкачавалі ў Сівукак. Там ярангу паставілі. Добра сталі жыць. Зіму перазімавалі.
Зноў лета прыйшло. З розных паселішчаў у Сівукак назьяжджалася гасьцей,
прыплылі і на байдарах. Байдары на бераг павыцягвалі, па ярангах разышліся.
Добра гаспадары гасьцей сустракалі, добра частавалі. Калі ўсе пад’елі, кажуць:
— Цяпер спаборніцтвы
наладзім.
Госьці на гэта:
— І мы хочам падужацца.
Пачалася барацьба. Многія
выходзілі барукацца. А калі скончылі барацьбу, старшыня і кажа:
— Какаляхак, выходзь, з табою
пазмагаюся. Давай на сьвежым паветры, на волі дужацца!
Какаляхак кажа:
— Не, з табою я дужацца не
хачу.
Старшыня кажа:
— Тады мы дужаліся ў цеснай
яранзе, а цяпер давай змагацца на волі, каб нас усе бачылі.
Какаляхак кажа:
— Ну што ж, калі ты вельмі
хочаш, буду дужацца. Але калі ты памрэш, я цябе ажыўляць не буду. Не буду, бо
ты хочаш мяне забіць, не буду, бо ты тоіш на мяне злосьць.
Старшыня выйшаў на сярэдзіну
круга. І Какаляхак на сярэдзіну выйшаў. Старшыня не змог нават ухапіць Какаляхака.
Хлопец адскокваў, выкручваўся, высьлізгваў. Старшыня стаміўся, сеў. Калі ён
сеў, тут Какаляхак яго і схапіў. Схапіў, ламануў, шпурнуў на зямлю. А з таго і
дух выйшаў. Крычыць Какаляхак:
— Паклічце яго жонку!
Паклікалі, прыйшла яна.
Какаляхак і кажа:
— Адказвай, сястра, шкада
табе мужа ці не?
Яна адказала:
— Не, не шкада. Ён рабаўнік. Ён кепскі чалавек.
— Так яна сказала і змоўкла. Так, моўчкі, і ў ярангу пайшла.
Какаляхак сказаў народу:
— Я цяпер самы дужы.
Усе згадзіліся. Сілача
Какаляхака выбралі старшынёю [* Старшынёю ў паселішчы эскімосаў рабіўся сілач, які
перамагаў у барацьбе старшыню-папярэдніка]. Усе сталі добра жыць.
Пераклаў
Павел Місько
/Зорны
карагод. У дзвюх кнігах. Кніга першая. Фальклор народаў Расіі, творы для дзяцей
з рускай класікі. [Бібліятэка дзіцячай
літаратуры народаў СССР] Мінск. 1991. С.
135-140, 411./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz