niedziela, 4 stycznia 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Андрэй-Эндэрэй - справядлівы чалавек, або беларус на полюсе холаду. Койданава. "Кальвіна". 2015.





                                  ШТО  ТАКОЕ  ПОЛЮС  ХОЛАДУ  І  ХТО  ТАМ  ЖЫВЕ
 

    Што такое полюс холаду?
    Не адкажаце — адкажу сам: гэта самае халоднае месца на зямлі.
    А як вы лічыце, дзе яно знаходзіцца?
    Ну! — усклікнеце вы, — гэта зусім проста! Хто ж не ведае, што чым далей на поўнач, тым халадней. Значыцца, самае халоднае месца — на самай-самай поўначы.
    Вось і няпраўда! На самай-самай поўначы сапраўды ёсьць полюс, але іншы — Паўночны геаграфічны. Гэта такая дзіўная кропка на зямлі, дзе няма нічога, акрамя поўдня. Ні захаду. ні ўсходу, ні поўначы нават. Куды ні паткнесься — на поўдзень!
    А ну, затрымаемся на гэтай кропцы, прыставім далонь да вачэй і паглядзім: куды ж ён падзеўся, полюс холаду?
    Вунь ён! Аж за дзьве тысячы кілямэтраў на поўдзень — у Якуціі. Што ж гэта за дзіва такое?
    А справа ў тым, што на самай-самай поўначы, атуляючы яе з усіх бакоў, пасопвае туманамі і парай Паўночны Ледавіты акіян. І як ні лютуе холад, а да дна скаваць акіян не можа. Крышыць той раз за разам ільды і струменямі цёплага дыханьня свайго саграе самую-самую поўнач. Адступіў холад ад акіяна і зьвіў сабе полюс далёка на поўдні.
    Зусім іначай на адваротным баку зямлі, у Антарктыдзе. Там замест акіяна мацярык ды яшчэ ў дадатак чатырохкілямэтровай тоўшчай ільду пакрыты. Таму і гуляе там мароз, як хоча. Вучоныя памералі раз тэмпэратуру і аж зьдзівіліся: восемдзесят восем градусаў ніжэй за нуль!
    Ну, пра Антарктыду доўга казаць няма чаго: там жа, апрача вучоных-зімоўшчыкаў, ніхто і не бывае. А на нашым, якуцкім, полюсе холаду здаўна жывуць людзі.
    Дык, можа, запытаеце вы, на гэтым полюсе холаду не так і холадна?
    Гледзячы калі. Улетку часьцяком і горача бывае. Толькі лета вельмі кароткае: ад сьнегу да сьнегу ўсяго пяць месяцаў. А зімою мароз аж да сямідзесяці градусаў сягае.
    Ого-го! — калатне вас, нават дрыжыкі па скуры пабягуць. — Як жа там дзеці ў школу ходзяць?
    Ходзяць, і нішто сабе. Заняткі перапыняюцца толькі тады, як слупок на тэрмомэтры ніжэй за паўсотню градусаў апусьціцца.
    А дарослыя і ў самы суровы час працуюць, як заўсёды: гадуюць кароў і коней, будуюць дамы і шахты, здабываюць золата і волава, палююць вавёрак і сабалёў.
    Жывуць тут людзі самых розных нацыянальнасьцей, але найчасьцей якуты. Народ гэта моцны і мужны.
    З выгляду якуты, як і многія азіяцкія народы: скура ў іх смуглая, твары круглыя, вочы раскосыя, валасы калючыя і чорныя. Размаўляюць яны на сваёй, якуцкай, мове, зусім непадобнай да нашай.
    Калі якут скажа «ага» або «эге», дык гэта зусім не нашы «ага» і «эге»: «ага» па-якуцку «еш», а «эге» — «дзядуля». А што гаворыць якут, калі яму хочацца сказаць нешта накшталт нашых «ага» і «эге»? Пра гэта, прызнаюся шчыра, я і сам не ведаю, хаця і жыву ў ваколіцы полюса холаду сем гадоў.
    Ну, а цяпер, калі вы крыху ведаеце, што такое полюс холаду і хто там жыве, ляцім да Андрэя-Эндэрэя. Ляцім самалётам, бо чыгункі на полюсе холаду няма.
    Толькі, прашу вас, не думайце сабе, быццам полюс холаду такая ж кропка, як Паўночны геаграфічны.
    Калі ў вас пад рукой карта Якуціі, знайдзіце гарады Верхаянск і Аймякон і злучыце іх простай лініяй, а вакол гэтага дыямэтра начарціце круг. Вось вам прыблізна і полюс холаду.
    Шчасьлівай дарогі, прыемных сустрэч!
                                                 ХТО  ЯК  ЗАВЕ  АНДРЭЯ - ЭНДЭРЭЯ
 

    Знаёмцеся: Андрэй-Эндэрэй.
    Праўду кажучы, паводле мэтрыкі ён проста Андрэй, і каб жыў дзе-небудзь каля Гомеля, дык пра ніякага Эндэрэя і чуць бы не чуў. А на полюсе холаду ўсе нашы імёны гучаць іначай: з Мікалая атрымліваецца Нюкулай, з Кацярыны — Кэтрыс, Валя становіцца Балай, а Іван — Уйбанам.
    Чаму? Таму, што на полюсе холаду жывуць якуты, а ў іх, як я казаў ужо, зусім асаблівая мова.
    Мама ў Андрэя-Эндэрэя якутка, а тата беларус. Тата, натуральна, заве сына Андрэем. Мама... Вось і не ўгадалі. Вы ж, напэўна, падумалі, што мама заве Эндэрэем? Не! Таксама Андрэем. Або Андрэйкам. Андрэйкам нават часьцей.
    Чаму? Таму, што ўсе маладыя якуты добра ўмеюць і любяць гаварыць па-руску. Мама ў Андрэя-Эндэрэя маладая. А па-руску Андрэй гэтаксама ж амаль, як і па-беларуску.
    Каб жыў наш герой з мамай Балай і татам Уйбанам, дык і ў жыцьці б Андрэем быў, як у мэтрыцы. Але справа ў тым, што жыве Андрэй-Эндэрэй не з мамай і татам, а з дзедам Нюкулаем і бабуляй Кэтрыс у сяле з прыгожай назваю Кельлех, што значыць Азёрнае.
    Тут, у Кельлеху, ён і нарадзіўся. Надарылася гэта пад час студэнцкіх канікул. А як пачаўся новы навучальны год, пакінула мама сына ў дзеда і бабулі, а сама паехала да таты ў Маскву, дзе яны вучыліся тады ў адным інстытуце.
    З тых часоў прайшло семдзесят месяцаў. Вось і лічыце, колькі зараз год Андрэю-Эндэрэю. Шэсьць праз два месяцы споўніцца? Правільна!
    Першым словам яго, як і ва ўсіх дзяцей, было «мама». Толькі мамай ён зваў бабулю Кэтрыс, а татам — дзеда Нюкулая.
    Аж два гады стукнула чалавеку, калі скончылі нарэшце свой інстытут сапраўдныя мама і тата. Сталі жыць у Якуцку — сталіцы Якуцкай рэспублікі. Запрашалі і сына да сябе, ды Андрэй-Эндэрэй у Кельлеху застаўся: прывык.
    Стаіць Кельлех пасярод тайгі. На многія дзесяткі кілямэтраў вакол — тайга. У нас звычайна два-тры кілямэтры пройдзеш — і зноў вёска. А тут пяцьдзесят прамчысься — ніводнай хаты не ўбачыш. Ды і мала на полюсе холаду такіх даўгіх дарог.
    У тайзе лістоўніца скрозь. Можа, хто не ведае з вас, што гэта за дрэва? На лістоўніцы лісьця няма — як на елцы і хвоі, шыпулькі на ёй. А лістоўніцай завецца таму, што ўвосень, лісьце нібыта, шыпулькі свае на дол скідвае. Праз усю зіму стаіць сірацінкай беднае дрэва, сьнег і той не трымаецца на голых галінках. Затое вясной, як палезуць з пупышак новыя голкі, аж захлынаецца Кельлех ад смалістага сьвежага паху.
    А ў Якуцку што? Ніводнай лістоўніцы на ўвесь горад. Таму Андрэй-Эндэрэй і не едзе з Кельлеха.
    Тата і мама час ад часу сына наведваюць ды ўсё дзівуюцца, як хутка ён расьце. Таму што рэдка бачаць.
    Дык хто ўсё-такі заве хлопца Эндэрэем?
    Вядома, хто: бабуля Кэтрыс і дзед Нюкулай.
    Андрэя-Эндэрэя яны вельмі любяць.
                                     АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ - СПРАВЯДЛІВЫ ЧАЛАВЕК
 

    Пакуль тата з Масквы не прыехаў, Андрэй-Эндэрэй сябе якутам лічыў. Ну а як жа! Вакол — якуты, па-якуцку размаўляюць, ды і сам Андрэй-Эндэрэй ніякіх іншых моў тады не ведаў.
    А як пабачыў тату, адразу зразумеў: не ўсе на зямлі людзі якуты! Зірнуў у люстэрка — агледзеў, што і сам нечым ад іх адрозьніваецца.
    Бо ў Андрэя-Эндэрэя вочы раскосыя, як у мамы, але буйныя, як у таты.
    Твар смуглявы, як у мамы, затое валасы русыя, як у таты. Ноздры вузкія — маміны, а нос кірпаты — татаў. Такі хлопец!
    Дзівяцца суседзі з яго ды пытаюць:
    — Ты хто: якут ці беларус? Андрэй-Эндэрэй падумаў і адказаў:
    — Беларус.
     — Чаму так лічыш?
    — Якутаў шмат, а беларусаў адзін тата. Хай будуць два беларусы.
    — Што ты! — тлумачаць яму. — Беларусаў куды болей, чым нас! Мы, якуты, маленькі народ, а беларусаў — ого-го!
    — А дзе ж яны тады?
    — Далёка, у Беларусі сваёй.
    — Вось бачыце: далёка. А на полюсе холаду толькі тата беларус. Хай будуць два беларусы.
    — Кырджыксыт кігі! — сказаў дзед Нюкулай. А па-якуцку гэта азначае: «Справядлівы чалавек!»
                                             ЯК  АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ  У  ГОРАДЗЕ  ЖЫЎ
 

    Паехаў неяк Андрэй-Эндэрэй у горад да таты і мамы. А тата з мамай — людзі занятыя, цэлы дзень на працы. Давялося Андрэю-Эндэрэю ў дзіцячы сад хадзіць.
    Раніцой — яшчэ і васьмі няма — мама тузае: пад’ём! Нялёгкая справа ў тры гады трымацца рэжыму, калі цябе да гэтага не прывучылі. Аднак устаў, пайшоў.
    Назаўтра зноў будзяць. Пашморгаў носам — пайшоў.
    На трэці дзень — тое ж самае. Дык што ж гэта такое?!
    За сняданкам пытае— па-якуцку, вядома:
    — Няўжо і заўтра так рана ўставаць?
    — Абавязкова,— адказвае мама Бала. — Бачыш. у календары чорная лічба? Дома будзеш заставацца, калі чырвоная выскачыць.
    З таго часу і пайшло:
    — Ну што, заўтра зноў чорная?
    — Чорная.
    — А калі ж чырвоная?
    — Чырвоная? Гм... Сёньня аўторак. Серада, чацьвер, пятніца, субота... Праз чатыры дні.
    — Дай-ка яго сюды!
    Зьдзівілася мама Бала, падала сыну каляндар. Ухапіўся Андрэй-Эндэрэй за яго і давай гартаць:
 

    — Хара... хара... хара... хара... Кыгыл. Хара, хара, хара, хара... “Хара” па-якуцку... Ды вы, пэўна, і самі здагадаліся, што “хара” — чорны, а “кыгыл” — чырвоны.
     Тут і тата зацікавіўся: што ж далей будзе? А Андрэй-Эндэрэй пляснуў далоняй:
    — Абаагы календара! Барыта хара, хара, хара...
    Што азначае: «Чортаў каляндар! Усё чорны, чорны, чорны... А потым дадаў:
    — Несправядліва!
    І назаўтра паехаў да дзеда і бабкі.
                                          ПРАЦОЎНЫ  ДЗЕНЬ  АНДРЭЯ-ЭНДЭРЭЯ


    Андрэй-Эндэрэй чалавек працоўны — на хлеб-машыне робіць. Так ён сам заве аўтафургон, у якім развозіць людзям хлеб.
    Дапамагае яму ў гэтай справе дзед Нюкулай.
    Андрэй-Эндэрэй не пасьпее пасьнедаць, а хлеб-машына ўжо гатова. Іншым разам дзед Нюкулай да гэтага часу дзьве-тры ходкі робіць. Але неяк без ахвоты.
    Іншая рэч, калі побач у кабіну сядае Андрэй-Эндэрэй. Тады цьвёрдыя вусны дзеда Нюкулая адразу кранае задаволеная ўсьмешка:
    — Паехалі?
    — Паехалі, — дазваляе Андрэй-Эндэрэй.
    А сам уважліва наперад глядзіць. Ці мала што на дарозе здараецца! То карова намерыцца перайсьці, то з сустрэчнага грузавіка калючае жалезьзе зваліцца. А дарожных знакаў колькі!
    — Наперадзе — небясьпечны паварот, — папярэджвае Андрэй-Эндэрэй, убачыўшы чарговы знак.
    — Ясна, — адгукаецца дзед і руль ямчэй бярэ. Перш-наперш шыбуюць да пякарні. Пякарня ў Кельлеху невялічкая, драўляная, а хлебны пах ад яе за вярсту чуваць.
     Тут жаўтабокія боханы кладуцца на палічкі фургона, і Андрэй-Эндэрэй з дзедам Нюкулаем вязуць іх у навакольныя пасёлкі — Чую, Хару, Бёке. А там іх усюды чакаюць. Дзякуюць людзі Андрэю-Эндэрэю і дзеду Нюкулаю за смачны хлеб. Падабаецца работа Андрэю-Эндэрэю.
    Адно не ў нос: куды ні скіруюць, паўсюдна на вочы Саска-вадавоз трапляецца. Саска-вадавоз таксама шафёр, а замест кузава на машыне яго вялізная бочка — цыстэрна. У гэтай бочцы Саска ва ўсе двары Кельлеха ваду возіць.
    Вы, напэўна, спытаеце: а нашто ваду вазіць, калі яе можна з калодзежа чэрпаць?
    Тут і загваздка ўся, што на полюсе холаду няма калодзежаў. На сотні мэтраў углыб зямля прамерзла і не адтайвае спрадвеку. Называецца гэта вечнай мерзлатой.
    Каб да вады дакапацца, даводзіцца замест калодзежа артэзіянскую сьвідравіну прабіваць. Ёсьць такая сьвідравіна і ў Кельлеху — адна на ўсё сяло. Трыста мэтраў углыб! З яе бярэ Саска ваду ў сваю цыстэрну.
    Вы, напэўна, спытаеце; а адкуль жа ў Кельлеху ваду бралі, калі сьвідравіны не было?
    З возера!
     Толькі тое возера высахла даўно, ды. і з-пад зямлі вада чысьцейшая.
    Саска — чалавек вясёлы. Едзе сабе ды пяе:
                                     Удивительный вопрос:
                                     Почему я водовоз?
                                     Потому что без воды
                                     И ни туды, и ни сюды!
    Вось гэта болей за ўсё і злуе Андрэя-Эндэрэя. Ажно не вытрымаў аднойчы:
    — І чаго ён увесь час хваліцца?
    — Карысную справу робіць, таму і хваліцца, — усьміхнуўся дзед Нюкулай.
    — Мы таксама карысную справу робім, а не пяём.
    — Песьні ў нас няма.
    — А як ты лічыш, чыя справа болей карысная: наша ці яго?
    Падумаў дзед Нюкулай, вольнай рукой за вухам паскроб:
    — Яго.
    — Чаму?!
    — Калі хлеба не будзе — усё роўна знойдзеш, што зьесьці. А ваду нічым не заменіш.
    — Ты, дзед Нюкулай, — задумліва сказаў Андрэй-Эндэрэй, — таксама справядлівы чалавек: сваю справу любіш, а чужую паважаеш!
                                         ЯК  НА ПОЛЮСЕ  ХОЛАДУ  ШЫБЫ  РАСТАЛІ
 

    Давялося неяк Андрэю-Эндэрэю і дзеду Нюкулаю аж у Харобут хлеб везці. Да Харобута з Кельлеха ажно трыццаць шэсьць кілямэтраў. Па дарозе назад дзед Нюкулай пытае:
    — Хочаш бабчын алас паглядзець?
    — Хачу, — адказаў Андрэй-Эндэрэй, бо даўно ўжо пра алас гэты ад бабулі чуў.
    А што такое, дарэчы, алас? Такія паляны толькі ў якуцкай тайзе можна сустрэць. Ідзеш, ідзеш па тайзе — і раптам: унізе пад табой шырачэзны луг ды яшчэ з возерам.
    А чаму гэты луг аж на мэтраў пяць за тайгу ніжэй? Вечная мерзлата вінавата! Падтайвае паціху яна на адкрытых месцах — там, дзе сонейка гарачэй пячэ. Глеба і асядае.
    — Вось бабчын алас, — кажа дзед Нюкулай.
    Глянуў Андрэй-Эндэрэй направа і налева — здаецца, канца-краю аласу няма. Кветкі буяюць, вада блішчыць, стракозы сакочуць. А наверсе, вакол аласу, — маладыя бярозкі з лістоўніцамі галінкамі спляліся, ветру ўніз дарогі не даюць.
    — Прыгожа?
    — Прыгожа. — згадзіўся Андрэй-Эндэрэй і спытаў:
    — А дзе дом бабулін?
    — Няўжо не бачыш? — зьдзівіўся дзед Нюкулай. — Вунь, пасярод аласу!
    Зірнуў Андрэй-Эндэрэй, аж пасярод аласу маленькая хатка стаіць — юрта называецца. Зроблена яна не з бярвеньня, а з жэрдак, і не вянцамі яны ляжаць, а старчма прыціснуты адна да адной. Земляны дах быльнягом зарос, а акенцы — не большыя і за «Буквар», які Андрэю-Эндэрэю з горада мама прыслала.
 

    — А чаму ў вокнах шыб няма?
    — Расталі! — усьміхнуўся дзед Нюкулай.
    — Як расталі? Ці ж шкло растае?
    — А тут шкла і не было. Яно, унуча, у даўнія часы занадта дарагое для беднаты было. Летам без шыб абыходзіліся, а зімой іх з лёду рабілі. Цёмна было ў юртах.
     — А як жа кніжкі разглядваць?
    — Тады, брат, кніжак мы і не бачылі. Хвасты каровам круцілі ды агонь з ранку да вечара палілі. Здаецца, і невялічкая хатка — а колькі дроў марнавалася. Бо і печы сапраўднай не было. Камянок пасярод юрты ды дзюрка ў даху. Вось тут і жыла твая бабка, калі была такою, як ты зараз, — уздыхнуў дзед Нюкулай.
    — А ты таксама тут жыў?
    — Я? Не. У мяне ўласны алас быў.
    — Як гэта ўласны?
    — Даўней усе якуты асобна, па аласах жылі. Кожная сям’я ў сваім аласе.
    — А бабка адна жыла, ці што?
    — Ну, як гэта адна. Са сваім дзедам і бабкай.
    — А іншыя дзеці?
    — У іншых аласах.
— Гэта вельмі несправядліва, — задумліва сказаў Андрэй-Эндэрэй. — Хадзіць у іншы алас, каб пагуляць з дзецьмі!
    — Затое цэлы алас твой! — пасьміхнуўся дзед Нюкулай.
    — Навошта аднаму такі вялікі алас?
                                 ЯК  НА  ПОЛЮСЕ  ХОЛАДУ  ЖАРАБЯТ  ПАКРЫЎДЗІЛІ


    Трапіўся неяк на дарозе Андрэю-Эндэрэю і дзеду Нюкулаю табун коней. «Пі-піп!» — націснуў гудок дзед Нюкулай. А Андрэй-Эндэрэй прыгледзеўся і кажа:
    — А чаму гэта ў канёвых дзяцей з абодвух бакоў каля рота нейкае шыльле тырчыць?
    Канёвымі дзецьмі Андрэй-Эндэрэй жарабят заве. Бо ў якутаў звычайна так: калі трэба сказаць «цяля» — «дзіця каровы» гавораць, «шчаня» — «дзіця сабакі».
    — Гэтая штука «юрэ» называецца, — адказаў дзед Нюкулай, — а прывязваюць яе канёвым дзецям, каб матак не ссалі. Палезе такі да маткі ды шыльлем гэтым яе і ўколе. Тут кабыла яго і прагоніць.
    — А навошта так робяць? — зьдзівіўся Андрэй-Эндэрэй.
    — Пабачыш, — загадкава ўсьміхнуўся дзед Нюкулай. — Якраз на фэрму едзем.
 

    Прыехалі на фэрму, а там кабыл дояць. Кабыла — не карова, не любіць, калі яе за вымя торгаюць. Таму кожную спачатку ў вузкую — не павярнуцца! — загарадку заганяюць. адну заднюю нагу вяроўкаю задзіраюць ды і трымаюць так, каб не брыкалася. Тут падыходзіць даярка з вядром, за адзін сасок, другі — цыркне малако, і гатова. Адну кабылу выпускаюць, другую на яе месца вядуць.
    Узбрыкне падоеная ды ў табун. А там яе жарабя з наморднікам чакае, ігагокае жаласна.
    — Ну вось, бачыў? — паляпаў па плячы Андрэя-Эндэрэя дзед Нюкулай.
    — Бачыў.
    — 3 кабылінага малака кумыс квасіцца. Хутка сьвята — ыгэх, на цэлы саўгас кумысу нагатаваць трэба!
    А як вы лічыце: кумыс — ён які на смак? Правільна: кіслы. Вельмі кіслы! Затое смагу і стому як рукой здымае. Кумысам некаторыя хваробы нават лечаць. Дый для здаровага ён надзвычай карысны. Нездарма якуты яго напіткам волатаў завуць.
    — А канёвым дзецям кумысу дадуць? — спытаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Н-не. Кумыс для людзей, унуча!
    — А канёвы дзеці што есьці будуць?
    — Як што? Траву!
    — Ну і людзі, — узлаваўся Андрэй-Эндэрэй. — Столькі малых без малака пакінулі! Самі б травы папаелі, не сталі б крыўдзіць.
    — А ты што, лічыш — трава нясмачная:
    — Не лічу, а ведаю. Бо каштаваў не раз.
                             ЯК  АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ СА  СЬВЯТА  Ў  “АСТРОЗЕ”  ЕХАЎ
 

    Гарачы чэрвень на полюсе холаду. Грэўся, грэўся Андрэй-Эндэрэй пасьля доўгай зімы, а тут і ыгэх надышоў.
    Гэй, дык вы ж не ведаеце, што такое ыгэх!
    Сьвята такое ёсьць у якутаў. Адзначаюць яго цэлым пасёлкам ды яшчэ суседзяў запрашаюць. Ну, а раз людзей багата, не ў хаце ж сьвяткаваць!
    Зьбіраюцца звычайна на прыгожай паляне. П’юць кумыс. ядуць смажанае конскае мяса. Маладыя спаборнічаюць між сабой — высьвятляюць, хто хутчэйшы за ўсіх, хто спрытнейшы, хто дужэйшы: бегаюць, скачуць на адной назе і дзьвюх, дужаюцца. Тут табе і канцэрт: з якуцкімі песьнямі, вершамі, скорагаворкамі. А на канцы ыгэху ўсе госьці і гаспадары бяруцца за рукі і вядуць карагод — асохай.
    Весела, адным словам!
    Андрэй-Эндэрэй з дзедам Нюкулаем на ыгэх у Харобут падацца наважыліся. У такую далёкую дарогу бабуля Кэтрыс іх адных рэдка пускае, прыйшлося і яе браць. А тут яшчэ Баска з мамай Лідай, сястрычкай Вікай і брацікам Алёшкам ідзе. Таксама ў Харобут сабраўся.
    — Хлеб-машына не гумавая,— кажа дзед Нюкулай. — Куды я вас?
    Узлаваўся Баска:
    — Адзін Эндэрэй у цябе ўнук, ці што?
    А мама Ліда дадала:
    — Каб татка наш (гэта значыцца, дзедаў сын) не ў камандзіроўцы быў, сам бы нас у Харобут адвёз!
    — Добра, герой, — кажа дзед Баску, — хочаш ехаць — едзь. Толькі я Віку-дзяўчынку і Алёшку малога ў кабіну пасаджу, а ты з маткай у «астрог» палезеш. Згодзен?
    — «Астрог» дык «астрог», — чмыхнуў носам Баска. Адчыніў дзед Нюкулай фургон, а ён без хлеба. Кінуў скрынку туды, пару мяхоў пустых:
    — Прашу!
    Узабраўся Баска з мамай Лідай наверх. Дзед Нюкулай дзьверцамі бразнуў ды на засаўку іх. Так і паехалі: Андрэй-Эндэрэй, бабуля Кэтрыс, Віка і Алёшка ў кабіне, а Баска з мамай Лідай у «астрозе».
    Як скончыўся ыгэх і вяртацца сабраліся, Андрэй-Эндэрэй раптам гаворыць:
    — Я дадому ў «астрозе» паеду. Хай Баска ў кабіну сядзе.
    — Ты што! — перапалохалася бабуля Кэтрыс. — Нязручна там!
    Дзед Нюкулай ушчувае:
    — Ты Баску не шкадуй! Сам напрасіўся ў фургоне ехаць! Ды Андрэй-Эндэрэй:
    — Як я сказаў, так і будзе.


    Палез у фургон, а за ім бабуля Кэтрыс, бо ці кіне ж яна свайго Эндэрэя? А мама Ліда ў кабіну села. Дзед Нюкулай, зачыняючы дзьверцы, сказаў:
    — Як сумна стане, грукайце. Можа, неяк усе ў кабіну ўлезем. Села бабуля Кэтрыс на скрынку, Андрэй-Эндэрэй на каленях яе ўладкаваўся. А ў фургоне хоць вока выкалі. Цемра! Машына на ўхабах падскоквае, трасе, з двух бакоў паліцы жалезныя — так і глядзі, каб гузака не набіць.
    — І чаго табе сюды закарцела? — пытае бабуля Кэтрыс Памаўчаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Баска сказаў, што ў «астрозе» цікава: цёмна і хлебам пахне.
    — Ну, падшыванец! Ну, ашуканец! Пяць гадоў усяго. а хітрун які. Давай пагрукаем дзеду ды назад да яго, га?
    — Не.
    — Чаму?
    — Праўду ён сказаў: цёмна і хлебам пахне. А праз хвіліну дадаў:
    — Канечне, гэта зусім нецікава, але чаму я павінен на ыгэх і з ыгэху ў кабіне ехаць. а Баска ў «астрозе»?
                         ЯК  АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ  НІЯК  НЕ  МОГ  СТАЦЬ  ЧЭМПІЁНАМ
 

   На другі дзень пасьля ыгэху прыйшоў Баска да Андрэя-Эндэрэя і кажа:
    — Давай спаборнічаць, як людзі на ыгэху: хто хутчэйшы, хто спрытнейшы, хто дужэйшы.
    — Давай,— пагадзіўся Андрэй-Эндэрэй. — А як будзем спаборнічаць: бегаць ці дужацца?
    — Ні тое, ні гэтае.— сказаў Баска,— бо ты худы, а я тоўсты і абавязкова цябе перадужаю. а ты мяне, відаць, перабегаеш. Скакаць будзем.
    — Можна і так.— сказаў Андрэй-Эндэрэй, — хоць і не надта верыцца, што ты мяне абавязкова перадужаеш. А якія скачкі скакаць будзем і па дванаццаць разоў, як людзі на ыгэху, ці меней?
    — Скакаць будзем ыстанга і без ліку — хто колькі здолее, бо я лічыць не ўмею.
    Начарцілі кон, ад якога пачынаць. Першы Баска пайшоў скакаць. З нагі на нагу, як вядзецца ў гульні ыстанга: з левай на правую, з правай на левую, разоў дзесяць узапар. Далёка заляцеў.


    — Цяпер твая чарга! — крычыць.— Нізавошта не даскачаш! Сьцяў зубы Андрэй-Эндэрэй ды як пачаў зямлю мераць — на тры крокі Баску пераскакаў.
    — Пахай! (гэта значыць: цьфу!) — скрывіўся Баска. — Ну, не ведаў я, што і ты скакаць умееш. Я б так блізка не спыніўся. Цяпер ты першы скачы! Толькі не ыстанга, а кобах!
    — Кобах дык кобах,— пагадзіўся Андрэй-Эндэрэй.
    Вярнуўся на кон ды як пайшоў зямлю мераць абедзьвюма пятамі адразу! Як зайчык. Бо «кобах» па-якуцку якраз зайчык і ёсьць. Праз увесь двор праскакаў.
    Скокнуў Баска раз, другі, трэці... Бачыць, усё роўна Андрэя-Эндэрэя не выперадзіць. Махнуў рукою, спыніўся.
    — Нешта, — кажа, — мая левая нага сёння не скача. Пэўна, ноччу ў сьне адлежаў. Давай кылыы!
    — Хай сабе кылыы, — узлаваўся Андрэй-Эндэрэй, — і я зноў першы скакаць буду, толькі гэта ўжо апошні раз будзе. Бо ты хітруеш!
    Задраў ён левую нагу ды як пачаў адной правах двор мераць! Бо гульня кылыы — гэта скачкі на адной назе. Паглядзеў назад, а на коне Баска сядзіць і румзае.
    Тут якраз бабуля Кэтрыс даіць карову ідзе.
    — Чаго Баска плача? — пытае.
    — Ды вось, — пачаў тлумачыць Андрэй-Эндэрэй. — сам прыйшоў, сам спаборнічаць узяўся, сам тры разы прайграў і сам плача. Я тройчы чэмпіён, а ён прызнаваць не хоча!
    — Так нядобра, — павучае бабуля Кэтрыс. — ён жа на цэлы год маладзейшы за цябе. Ты б паддаўся.
    — А яму калі-небудзь будзе столькі ж год. як і мне?
    — Не.
    — Усё жыцьцё маладзейшы будзе?
    — Вядома.
    — Што ж, я яму ўсё жыцьцё патураць павінен?
                    ЯК  АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ  РАСЬСЕК  ЛАНЦУГ  НЕСПРАВЯДЛІВАСЬЦІ
 

    Калі на полюсе холаду тры дні ўзапар хвошча дождж, шафёру ў далёкую дарогу лепей не выбірацца: загразьнеш! Чаму? Ды ўсё тая ж вечная мерзлата! Не дае дажджавой вадзе ў глыб зямлі сьцякаць. Вось і стаіць вада на паверхні, аж пакуль не высахне. А тут не тое што на тры — на пяць дзён неба спахмурнела. Спахмурнеў і дзед Нюкулай. Не бярэ на хлеб-машыну Андрэя-Эндэрэя: ці мала што можа здарыцца на гразкай дарозе? Сумна стала Андрэю-Эндэрэю. За парог і носа не выставіш: гразка і дожджык цярушыць. Сядзі ды сядзі ў хаце.
    На шосты дзень бабуля Кэтрыс у краму сабралася і кажа Андрэю-Эндэрэю:
    — Ты дома пасядзі, каб хату не замыкаць. Хутка дзед Нюкулай прыедзе, а ключа не мае.
    Не стрываў Андрэй-Эндэрэй:
    — Мала таго, што ў хаце сядзі, дык яшчэ адзін! Бабуля Кэтрыс угаворвае:
    — Кепска на вуліцы, сабачай сьцежкі сухой і той нідзе не знойдзеш. А адзін доўга не будзеш, бо дзед Нюкулай праз хвіліну якую прыкоціць.
    Андрэй-Эндэрэй у крык:
    — Не хачу! Не буду! Надакучыла ў хаце за пяць дзён.
    Уздыхнула бабуля Кэтрыс, нічога болей не сказала. Дастала Андрэю-Эндэрэю плашч-дажджавік і гумавыя боцікі. Апрануліся і пайшлі.
    А на вуліцы гразь — да калена! Ды такая назольная — ледзьве ногі выцягваеш. Гора цэлае. Сяк-так даклыпалі, і трэба ж так — якраз насупраць крамы хлеб-машына дзедава. Загразла! Матор гырчыць, з-пад колаў чорная жыжка на ўсе бакі фантанам, а машына — ані з месца.
    А з крамы людзі глядзяць-дзівуюцца. Тут ужо бабуля Кэтрыс не стрывала.
    — Ах ты, пень стары, — крычыць, — гэта ж трэба налаўчыцца — пасярод сяла ўлез!
    Дзед Нюкулай пачырванеў ажно. Выставіў галаву з кабіны:
    — Ты што, не бачыш, што на дарозе робіцца? А бабуля Кэтрыс сваё:
    — Да сівых валасоў не навучыўся сваю баранку круціць! Урэзаў дзед Нюкулай на пэдалі, як ірвануў машыну — пайшла!
    Абліў гразьзю бабулю Кэтрыс з ног да галавы і дадому паехаў. Андрэй-Эндэрэй сухі застаўся — за бабулю схаваўся. А бабуля Кэтрыс яшчэ болей ускіпела: ці ж пойдзеш у краму ў бруднай сукенцы?
    — Хадзем дахаты, — кажа.— Я яму пакажу.
    — Несправядліва ты робіш, — насупіўся Андрэй-Эндэрэй. — нізавошта дзеда Нюкулая аблаяла.
    — Ты што разумееш!
    Схапіла бабуля Андрэя-Эндэрэя за руку і пацягнула. А ля брамы раззлаваны дзед Нюкулай па лужыне ўзад-уперад шыбуе.
    — Ключ зьнесла! — крычыць. — Ва ўласны дом увайсьці не магу! Нагі маёй у гэтым доме не будзе!
    — Куды ж ты дзенесься? — пытае зьдзекліва бабуля Кэтрыс.
    — Знайду сабе месца!
    Ускочыў у кабіну. Глядзіць, а там ужо Андрэй-Эндэрэй.
    — Я, дзед Нюкулай, з табой, — кажа, — маёй нагі таксама ў гэтым доме не будзе.
    Завёў дзед  Нюкулай машыну, а бабуля Кэтрыс крычыць:
    — Хоць дзіця пакінь! У лесе загразьнеш — што рабіцьмеш? Сам дзе хочаш тапіся, а за ўнука галавой адкажаш!
    Паехалі.
    — А куды мы, дзед Нюкулай? — пытае Андрэй-Эндэрэй.
    — Новую бабку шукаць.
    — Жартуеш?
    — Жартую. Памаўчалі.
    — У Бёкё хлеб адвезьці трэба, — сказаў дзед Нюкулай, — там і начлегу пашукаем. Хай старая думае, што мы назусім паехалі. Згода?
    — Згода.
    А дарога — горш не прыдумаеш. Твань, а не дарога. Глядзяць Андрэй-Эндэрэй і дзед Нюкулай, ажно па гэтай твані чалавек крочыць. Накрыўся брызэнтавым плашчом, угнуў галаву і плюхае. Як пачуў гул матора ззаду, азірнуўся і руку падняў — падвязі, маўляў. А дзед Нюкулай як ехаў, так і паехаў.
    — Той чалавек, што галасаваў, куды ідзе? — спытаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Гэта з Бёкё стары. Відаць, дахаты чапае.
    — А чаму ты яго не ўзяў? Мы ж бы ўтрох зьмясьціліся.
    — І праўда.
    — Спыні-ка хлеб-машыну, дзед Нюкулай, — папрасіў Андрэй-Эндэрэй. — Пагаварыць з табой хачу.


    Знайшоў дзед Нюкулай сушэйшае месца, спыніў.
    — Ты мне аднойчы казаў: дапамажы чалавеку. калі можаш дапамагчы, бо толькі той, хто дапамагае, справядлівым чалавекам можа сябе лічыць. А чаму ты не ўзяў таго старога?
    — Гэта бабка твая вінавата! — ускіпеў дзед Нюкулай. — Раззлавала мяне, я і пакрыўдзіўся на ўвесь сьвет, і чалавека не пашкадаваў. Вось запамятай, унуча, крыўда адна ніколі не ходзіць. З адной крыўды вырастае другая, з той — трэцяя... Нібыта зьвеньні ў бясконцым ланцугу. Цяпер і стары гэты каго-небудзь пакрыўдзіць. І ва ўсім вінавата твая бабка.
    Уздыхнуў Андрэй-Эндэрэй.
    — Давай, дзеду, не начаваць у Бёкё.
    — Чаму?
    — Таму што я ва ўсім вінаваты.
    — Як гэта?
    — Ну... Спачатку я бабулю раззлаваў, а яна цябе пасьля таго ўжо раззлавала. Не будзем начаваць ў Бёкё, га?
    — Не будзем. Памаўчалі.
    — А можа, і таго старога пачакаем? — спытаў Андрэй-Эндэрэй. — Каб нікога не крыўдзіў.
    — Навошта чакаць? Павернем назад. яму насустрач.
                                                ЯК  ЧАРВЯКІ  ДА  КАРАСЯ  ХАДЗІЛІ
 

    Ведаеце, якая галоўная рыба на полюсе холаду? Карась! Болей за тое: у шмат якіх азёрах і ўвогуле, акрамя карася, ніякай рыбы няма.
    Чаму? Ды таму, што ўзімку азёры гэтыя ледзь не да дна прамярзаюць. Загані пад гэты лёд шчупака — праз паўгадзіны хвост адкіне: задыхнецца. А карасю хоць бы што. Залезе сабе ў твань ды сьпіць.
    Вядома, у вялікіх рэках і шмат лепшая, на наш погляд, рыба вядзецца: асяцёр, нельма, омуль... Ды колькі іх, тых вялікіх рэк? А азёр — як зор на небе. І ледзь не ў кожным — карась. Мо таму і лічаць якуты яго галоўнай рыбай.
    Карась на полюсе холаду тлусты, паважны. А што яму? Харчу хапае, ніхто за ім не ганяецца — шчупакоў жа няма! Не так расьце, як таўсьцее. Іншы з далонь шырынёй на вагах паўкілё цягне!
    А якая рыба на полюсе холаду не галоўная? Такой рыбы ў Беларусі не ўбачыш. Завецца яна гальян. Велічынёй гальян... з палец. Затое ў азёрах яго страшэнна шмат, і прынаду хапае навыперадкі.
    Тата Уйбан праз гэтых гальянаў рыбацтва ўпадабаў. У Беларусі ніколі такой справай не займаўся, а тут гатовы цэлы дзень з вудай стаяць. Гадзіны тры памахае вудзільнам — глядзіш, у бітоне за сотню хвастоў шчубоўкае.
    Гэтым летам прыехаў з горада ў адпачынак — і зноў на возера. Багата налавіў, а вярнуўся нейкі не надта задаволены.
    — Ты чаму такі сур’ёзны? — спытаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Ды ведаеш, нецікава стала. Занадта добра гальян гэты бярэ. Карася хачу злавіць!
    Андрэю-Эндэрэю карась да вялікай спадобы. Нават уласную назву даў яму: «саха балык» — «якуцкая рыба».
    — Гэта ты добра прыдумаў, — сказаў Андрэй-Эндэрэй. — Калі зловіш, я сам карася з’ем. Толькі я! Нават табе не дам.
    — А як ты лавіць яго мерысься? — уступіў у гутарку дзед Нюкулай.
    — Звычайна — на чарвяка!
    — Саха балык, брат, на кручок не йдзе. Яму і без тваіх чарвякоў яды хапае. Мы карасёў толькі сеткай ці невадам ловім.
    — Забабоны! Не было яшчэ такога карася, які б на чарвяка не паквапіўся.
    — Спрабавалі! Не ты першы. У нас азёры мелкія, каля берага асабліва. Ці ж пойдзе буйная рыба туды, дзе й хваста не схаваеш? Вось і трымаецца карась далей ад берага.
    — Ну што ж, калі карась не ідзе да чарвяка, прыйдзецца чарвяку да карася ісьці.
    — Як гэта чарвяку да карася ісьці? — зьдзівіўся Андрэй-Эндэрэй.
    — А вось так.
    Узяў тата дошчачку, з двух канцоў рагулькі выразаў. Наматаў на дошчачку паміж рагулькамі лёскі мэтраў сорак, а на самы хвост той лёскі кавалачак сьвінцу і тры кручкі прывязаў.
    Пайшлі да возера.
    Тата прыладу сваю і бітон нясе, а Андрэй-Эндэрэй — слоік з чарвякамі.
    — І ўсё-такі не разумею, — кажа Андрэй-Эндэрэй. — як чарвяк да карася пойдзе? Ног жа не мае!
    Тут якраз на возера прыйшлі. Начапіў тата на кручкі па чарвяку, адматаў ладны кавалак лёскі, раскруціў над галавой хвост яе з кручкамі ды як кіне! Плюх! — пачулася з возера. Нацягнулася лёска, на ваду легла і патанула.
    — Бачыш — пайшлі чарвякі. Утрох адразу! — засьмяяўся тата.
     Андрэй-Эндэрэй таксама засьмяяўся і пытае:
    — А навошта тры адразу?
    — Каб карась хоць за адзін кручок зачапіўся.
    — А навошта ты да лёскі жалязяку прывязаў?
    — Карась па дне сноўдае, вось я і хачу, каб чарвякі таксама на дне ляжалі. Трымай лёску, а як тузаць яе пачне — цягні.
    Узяўся Андрэй-Эндэрэй за жылку і крычыць:
    — Тузае!
    Тата аж з твару зьмяніўся:
    — Няўжо так хутка?
    Ухапіўся сам за лёску ды давай яе на бераг выцягваць. Андрэй-Эндэрэй памагае. Заблыталіся абодва, абматаліся лёскай, а на кручках — ні рыбы, ні чарвякоў.
    А тата ўсьцешаны:
    — Спадабаліся нашы чарвякі! Бачыш, як кручкі аблізаны? Раскруціў лёску ізноў над галавой. Плюх!
    — Тузае! Тузае!—ледзь не адразу закрычаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Гэтым разам сьпяшацца не будзем, — сказаў тата. — А то ізноў па дарозе з кручкоў пазрываюцца.
     Цягнулі, цягнулі. Што такое? Сядзіць на адным кручку рыба велічынёй з палец!
    — Фу, д'ябал! — вылаяўся тата. — Гэта ж гальян! Трэба, відаць, далей закідваць, каб да карася дастала.


    Разматаў лёску на ўсю даўжыню, раскруціў над галавой — плюх! Сам за жылку ўзяўся, чакае.
    — Ого! — кажа. — Па-сапраўднаму тузанула! Няйначай. карась. Цягні памалу.
    Цягнуць, цягнуць... Што такое?
    — Тата! — крычыць Андрэй-Эндэрэй. — Тры рыбы адразу! А тата як скрывіцца:
    — Зноў гальяны!
    Сеў на калоду ды з прыкрасьцю:
    — І як я пра гэтых чарцей не падумаў? Не дадуць яны нам карася злавіць. Пакуль ён, лянота, падплыве ды абнюхае, праныра гальян — раз! — і няма чарвяка. Пойдзем, сынку. дахаты. Нічога з маёй прыдумкі не выйшла. Гора, а не рыбак.
    Зусім засмуціўся тата, ажно Андрэю-Эндэрэю шкада яго стала. Пастаяў, памаўчаў Андрэй-Эндэрэй.
    — Давай яшчэ раз закінем!
    — Навошта? — зьдзівіўся тата.
    — Гэта ж так цікава — за адным разам тры рыбы лавіць!
                                         ШТО  ЛЕПЕЙ:  БАГАТА-БАГАТА БРУСЬНІЦАЎ
                                                       ЦІ ПАТРОШКУ  РОЗНЫХ  ЯГАД
 

    Пайшлі неяк Андрэй-Эндэрэй з татам у грыбы. Назьбіралі паўнюткае вядро казьлякоў, адпачыць селі. Андрэй-Эндэрэй пытае:
    — Табе падабаецца на полюсе холаду? Тата зьдзівіўся:
    — А чаму ты пытаесься?
    — Ты ж не тут нарадзіўся, здалёк прыехаў. Тата падумаў і сур’ёзна так адказаў:
    — Падабаецца.
    — Чаму?
    — Прасторна тут, шырока. Людзей, праўда, мала. Ды калі кожны чалавек на ўліку, то кожным чалавекам даражаць. Працаваць нялёгка, затое цікава. Узімку холад, затое летам цёпла. А колькі грыбоў, ягад, рыбы ў азёрах! А я ж і грыбнік, і ягаднік, і рыбак.


    — А ў Беларусі лясы ёсьць?
    — Ёсьць, ды яшчэ якія! На полюсе холаду што расьце? Лістоўніца ды лістоўніца. А ў нас — побач з елкай асінка, побач з дубам — ляшчынка... Такая прыгажосьць!
    Аж зажмурыўся тата.
    — А грыбы ў Беларусі ёсьць?
    — Грыбы? Вядома! На полюсе холаду якія грыбы? Казьляк ды казьляк. Зрэдку абабак, сыраежка. А ў нас — баравікі, падасінавікі! Усіх не пералічыш.
    — А ягады ёсьць?
    — І ягады. На полюсе холаду якія ягады? Брусьніцы ды суніц трошкі. А ў нас — чарніцы, маліна, ажына... Здаецца, век цэлы чарніц не каштаваў.
    Уздыхнуў тата.
    — А рыба ў азёрах ёсьць?
    — Ну а як жа! На полюсе холаду якая рыба? Карась ды гальян. А ў нас...
    Не дагаварыў нават.
    — Я нешта не разумею,— прамовіў Андрэй-Эндэрэй. — То табе на полюсе холаду ўсяго багата, то нічога няма. Як гэта атрымліваецца?
    — Бачыш,— пачаў тлумачыць тата, — на полюсе холаду вельмі шмат і брусьніцаў, і казьлякоў, і лістоўніц. А ў нас у Беларусі, можа, і меней тых казьлякоў ці брусьніцаў, затое расьце шмат іншых грыбоў і ягад.
    — А чаму на полюсе холаду адны брусьніцы ды казьлякі?
    — Холадна, сынку! Пасадзі тут наш дуб ці чарніцы — замерзнуць зімою. Тут растуць самыя моцныя, самыя выносьлівыя расьліны — іншым не прыжыцца. Таму і многа іх, выносьлівых, што іншыя ім не замінаюць.
    — А як ты лічыш, што лепш: багата-багата брусьніцаў ці патрошку розных ягад?
    — А ты?
    — Не ведаю.
    — І я не ведаю.
    — А дзе ўвогуле лепш: на полюсе холаду ці ў Беларусі?
    Пакудлаціў тата Андрэю-Эндэрэю валасы:
    — Давай так дамовімся: як падрасьцеш, сам Беларусь наведаеш, сам усё як сьлед паглядзіш і сам на гэтае пытаньне адкажаш. Згода?
                                                           ЗАМЕСТ  ЗАКЛЮЧЭНЬНЯ
 

    Ну вось, сябры мае, і ўсё пра Андрэя-Эндэрэя. Малавата? Што ж зробіш, жыцьцё ў нашага героя толькі пачынаецца. Будзе час — і мы не раз яшчэ сустрэнемся з нашым Справядлівым Чалавекам, а апавяданьні пра яго стануць даўжэйшымі і цікавейшымі.
    А можа, я вас крыху расчараваў? Сапраўды: узяўся пісаць пра полюс холаду, а холаду ў кніжцы няма! Справа ў тым, дарагія, што мы на полюсе холаду вельмі любім цяпло. Таму і гісторыі, якія апісаны тут, адбываюцца толькі летам.
    А калі жадаеце ведаць, як выглядае полюс холаду ўзімку, уявіце сабе студзеньскі Кельлех. Мароз — за пяцьдзесят. Дамы, платы, правады над дахамі, дрэўцы ў дварах — усё ў шэрані. Сьнегу на полюсе холаду мала, дзе-нідзе на ўзгорках нават чорная зямля відаць. Вераб’і не чывікаюць, вароны не крумкаюць. Дадайце да гэтага густы непраглядны туман — і лічыце, што трапілі на полюс холаду ў самыя маразы.
    Ну як? Хапае за шчокі? Хутчэй у хату, бо ў такім адзеньні і прастудзіцца нядоўга. Глядзіце, як апранаецца Андрэй-Эндэрэй: спачатку — ватовыя штаны і дзьве цёплыя кашулі. На ногі — вунты з аленевага футра, на галаву — вялізную андатравую вушанку. А як надзене цёплае паліто, ды зашпіліцца на ўсе гузікі, ды заечыя рукавічкі нацягне, бабуля Кэтрыс яму яшчэ твар шалікам захутае. Толькі вочы і пакіне, каб дарогу бачыў. Іначай да Баскі не пусьціць.
    Вось так!
 
 

                                                                  СТАРОЕ  РАДИО
 

                                                     Ласков Иван - Андрей – Эндэрэй

                                                                       (1979 белор)

                                                           staroeradio.com/audio/18930

 


                                                                РЭЦЭНЗІЯ
                                            на рукапіс кніжкі Івана Ласкова
                             “АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ — СПРАВЯДЛІВЫ ЧАЛАВЕК,
                                       або БЕЛАРУС НА ПОЛЮСЕ ХОЛАДУ.
                                                     Для малодшага ўзросту.
    У гэтым рукапісу усяго толькі 26 старонак машынапісу, а расказана на іх дванаццаць гісторый з жыцьця маленькага Андрэя-Эндэрэя, дванаццаць “карацелек”, то вясёлых, то сьмешных, то крышачку сумных, гісторый наіўных і разам з тым — мудрых. Цэлая аповесьць!..
    Я хацеў было сказаць: “маленькая аповесьць”, але у ёй так многа зьместу, у гэтай кніжачцы!.. Зьместу жыцьцёвага і мастацкага, чалавечага зьместу!.. Ды і проста пазнавальнага зьместу у ёй многа, многа, як цяпер гавораць, новай інфармацыі.Часам нечаканай нават для сталага чалавека. Вось, напрыклад, я быў упэўнены, што ў Якуціі, на полюсе холаду, чаго-чаго, а сьнегу хапае, што там велізарныя гурбы сьнегу. А як жа полюс холаду! Але “калі вам хочацца ведаць, як выглядае полюс холаду узімку, уявіце сабе студзеньскую Майю (якуцкая вёска, дакладней, пасёлачак, дзе жыве герой.—В.Т.) Мароз — за пяцьдзесят. Дамы, платы, правады над дахамі, дрэўцы у дварах — усё у шэрані. Сьнегу на полюсе холаду мала, дзе-нідзе на ўзгорках нават чорная зямля відаць. Вераб’і не чывікаюць, вароны не крумкаюць. Дадайце да гэтага густы непраглядны туман — і лічыце, што трапілі на полюс холаду у самыя маразы”...
    Ды кніжка Івана Ласкова менш за усё “геаграфічная”, хоць і гэты момант у ёй прысутнічае, і ён немалаважны, бо раскрывае перад маленькім чытачом краявіды далёкага і суровага кутка нашай краіны. Аднак перш за усе кніга Івана Ласкова раскрывае характары, прасьлежвае станаўленьне юнага героя, героя зусім новага для беларускай дзіцячай літаратуры. Андрэй-Эндэрэй — сын Беларусі і сын Якуціі, але гэтая акалічнасьць зноў-такі не проста так прысутнічае на старонках кнігі, дакладней, мае не прыватны, экзатычны крыху характар, хоць і гэта ёсьць у патрэбнай, добрай меры, а вобразна, арганічна, натуральна, без голых лёзунгаў выкарыстоўваецца для вырашэньня тэмы дружбы народаў, тэмы. якая вельмі часта, на жаль, вырашаецца павярхоўна, галаслоўна.
    Нельга ўстрымацца ад вялікай цытаты, бо вельмі хочацца паказаць як хораша, як разумна раскрывае гэтую зусім не простую тэму Іван Лескоў:
    “Пакуль тата з Масквы не прыехаў, Андрэй-Эндэрэй сябе якутам лічыў. Ну а як жа! Вакол — якуты, па-якуцку размаўляюць, ды і сам Андрэй-Эндэрэй ніякіх іншых моў тады не ведаў. А як пабачыў тату, адразу зразумеў: не ўсе на зямлі людзі якуты! Паглядзеў у люстэрка — агледзеў, што і сам нечым ад іх адрозьніваецца.
    Бо у Андрэя-Эндэрэя вочы раскосыя, як у мамы, але буйныя, як у таты.
    Твар смуглявы, як у мамы, затое валасы русыя, як у таты.
    Ноздры вузкія — маміны, а нос кірпаты — татавы.
    Такі хлопец!
    Дзівяцца суседзі з яго ды пытаюць:
    — Ты хто: якут ці беларус?
    Андрэй-Эндэрэй падумаў і адказаў:
    —Беларус.
    —Чаму так лічыш?
    —Якутаў шмат, а беларусаў адзін тата. Хай будуць два беларусы.
    —Што ты! — тлумачаць яму. — Беларусаў куды болей,чым нас! Мы якуты, маленькі народ, а беларусаў — ого-го!
    — А дзе ж яны тады?
    —Далёка, у Беларусі сваёй.
    —Вось бачыце: далёка. А на полюсе холаду толькі тата беларус. Хай будуць два беларусы. |
    —Кырджыксыт кігі! — сказаў дзед Нюкулай. А па-якуцку гэта азначае: “Справядлівы чалавек!”
    Я цалкам прывёў разьдзел, які так і называецца: “АНДРЭЙ-ЭНДЭРЭЙ - СПРАВЯДЛІВЫ ЧАЛАВЕК.
    Думаецца, няма патрэбы тлумачыць глыбокі падтэкст гэтага разьдзела, абагульняючую думку аўтара, — мы маем тут інтэрнацыяналізм пачуцьця, а не толькі пасылку розуму, не проста палітычную дэклярацыю. Тут той інтэрнацыяналізм, які ўвайшоў у кроў і плоць сапраўдных людзей — і літаральна, і як ідэйная катэгорыя...
    Кніжка Івана Ласкова выхоўвае ў маленькага чытача любоў і павагу да невядомага яму народа, краю, побыту, тактоўна, умела вучыць яго савецкаму патрыятызму як часткі гуманізму.
    Гэта — яе ідэйны стрыжань.
    Пра тое, што ідэйны зьмест кніжкі выяўляецца праз сыстэму мастацкіх вобразаў, я ўжо гаварыў. Магу толькі паўтарыць, што мы маем тут арганічнае спалучэньне ідэйна-мастацкіх вартасьцей, нішто не выступае паасобку, як гэта часта бывае ў кнігах для дзяцей, асабліва для самых маленькіх, дзе нейкі лёзунг — сам па сабе, а мастацкі вобраз, калі ён ёсьць, нейкая аздоба да лёзунга...
    У мяне толькі адна заўвага. Часам, здаецца мне, герой кніжкі Івана Ласкова занадта дарослы, у тры-чатыры гады разважае як школьнік. Я разумею, аксэлерацыя, але тут трэба крыху паглядзець і аўтару. І рэдактару. Няхай сабе Андрэй-Эндэрэй гаворыць тое, што ён гаворыць, але не такімі “дарослымі” сказамі... Яны сустракаюцца амаль ва ўсіх разьдзелах.
    Безумоўна, кніжка гэтая павінна быць выдадзена. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што ёй суджана жыць доўга.
    Валянцін Тарас

                                                                 ЁСЬЦЬ ТАКІ КРАЙ
 

    Чалавечы лёс — гэта амаль заўсёды сьцежкі зьведаныя і нязьведаныя, старыя і новыя, зусім нечаканыя дарогі. Такія яны і ў беларускага хлопца Івана Ласкова. Нарадзіўся ён на Гомельшчыне, вучыўся спачатку ў Мінску, ва унівэрсытэце, пазьней — у Маскве, у Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага. Пакахаў якуцкую дзяўчыну. Нядоўга думаючы, сабраўся ў далёкую дарогу і неўзабаве стала асталяваўся ў Якуцку. Сёньня пісьменьнік І. Ласкоў - аўтар некалькіх кніг паэзіі і прозы, што выходзілі на беларускай мове ў Мінску, а таксама на рускай у нас, у Беларусі, і ў Якуціі. З посьпехам працуе ён і ў жанры перакладу.
    Любоў да якуцкай зямлі, да людзей, мужных і цудоўных, для якіх край гэты — самы дарагі на сьвеце, некалькі гадоў назад падказала І. Ласкову і задуму аповесьці «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або беларус на полюсе холаду». Твор гэты спачатку друкаваўся ў часопісе Саюза пісьменьнікаў Якуціі “Полярная звезда”, крыху пазьней — у беларускім часопісе «Бярозка». І вось кніжка выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
    Паколькі твор адрасуецца дзецям дашкольнага ўзросту, І. Ласкоў вырашыў як мага даходлівей, дасьціпней расказаць пра асаблівасьці жыцьця ў адной з нашых аўтаномных рэспублік. А каб гэта было цікавей і займальней, ён прыгледзеўся ўважліва да некалькіх дзён з жыцьця шасьцігадовага хлопчыка, бацька якога беларус, а маці — якутка. Пэўны аўтабіяграфізм аповесьці, добрае веданьне жыцьцёвага матэрыялу дазваляюць аўтару быць на дзіва праўдзівым, шчырым, калі ён гаворыць пра вялікія справы маленькага Андрэя, якога па-якуцку ўсе называюць на свой лад — «Эндэрэй».
    Знаёмства з жыцьцём Андрэя-Эндэрэя — гэта знаёмства з Якуціяй. Зьвесткі пра рэспубліку, якія падае аўтар (тут ён, безумоўна, абмежаваны рамкамі аповесьці і канкрэтнай задумы), носяць у большасьці сваёй пазнавальны характар.
    «Што такое полюс холаду?» — задае пісьменьнік адно з пытаньняў у самым пачатку аповесьці. І не сьпяшаецца на яго адказваць, нібы даючы мажлівасьць і самім дзецям выказацца. Папраўляе іх у нечым, калі яны думаюць няправільна, удакладняе, калі адказ недастаткова поўны. І вось ужо чытач мае пэўнае ўяўленьне пра тое, «што такое полюс холаду і хто там жыве».
    Пісьменьнік тонка адчувае псыхалёгію свайго героя, добра разумее тое; чым жыве ён і што непакоіць і хвалюе яго.
    Аповесьць сьветлая па свайму гучаньню, вельмі лірычная, бо ўсё тое, пра што расказвае І. Ласкоў, стала пэўнай часьцінкай ягонай біяграфіі, як чалавечай увогуле, так і пісьменьніцкай у прыватнасьці.
    Прадбачачы, што пасьля прачытаньня гэтай кніжкі ў дзяцей узьнікне жаданьне даведацца шмат новага аб жыцьці героя, які ўжо стаў для іх блізкім і дарагім, аўтар у разьдзеле “Замест заключэньня» піша: “Ну вось, сябры мае, і ўсё пра Андрэя-Эндэрэя. Малавата? Што ж зробіш, жыцьцё ў нашага героя толькі пачынаецца. Будзе час — і мы не раз яшчэ сустрэнемся з нашым Справядлівым Чалавекам, а апавяданьні пра яго стануць даўжэйшымі і цікавейшымі”.
    Хочацца, каб гэта сапраўды было так.
    А. Марціновіч.
    /Гомельская праўда. Гомель. 5 студзеня 1979. С. 4./



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz