niedziela, 11 stycznia 2015

ЎЎЎ С. Кін. На Лене. Аповесьць. Пераклад з расійскае мовы. Койданава. "Кальвіна". 2015.




 

                                                              І. ВЕСТКІ З ТАЙГІ

    У далёкім Сыбіру, там, дзе халодная красуня Лена прымае ў сябе малодшую сястрыцу, рачулку Тутурку, пад суровым стромкім гальцом [* Гальцамі ў Сыбіры завуць верхавіны гор.] прытулілася невялікая вёска Кузьняцоўка.

    На старонках гісторыі не напісана — калі і адкуль пачалася гэтая вёска. Ці заснаваў яе зьбеглы варнак (бадзяга-ссыльны), які спусьціўся з гальца ў тайгу. што цягнулася на тысячы кілямэтраў, аж да Байкала?.. Ці атайбаваўся тут упершыню сасланы пасяленец, прыгнаны злым лёсам з далёкай Расіі?..

    Вядома толькі, што ніколі ў гэтай вёсцы ня было кузьні, ды наўрад ці будзе калі, бо кузьня ёсьць у суседняй вёсцы, што ляжыць праз шэсьць кілямэтраў, за ракой. А празвана яна Кузьняцоўкай ад Кузьняцовых. А Кузьняцовых у вёсцы — больш паловы ад усіх запісаных жыхароў. Бадай праз двор, а то і два двары разам — усё Кузьняцовы.

    Вось і ў апошняй хаце. пад самым гальцом, жыве стары жыхар вёскі — Кузьняцоў, Радзівон Макарыч, з братам Петраванам, ды з жонкай Дар’яй, ды з сынам Петрыкам, ды яшчэ з хлапцом, ды нявесткай з дзіцем — сям’ёй Петравана.

    Моцны быў стары Макар Кузьняцоў, дзяцей не дзяліў. Звыкліся і браты пасьля сьмерці бацькі, вось ужо пяты год жывуць разам. Разам калупалі кавалак ральлі, што агнём і жалезам адваявалі ад тайгі, разам былі возчыкамі, разам перажывалі і гора і радасьць сялянскага сыбірскага жыцьця. Вялікіх дастаткаў ня мелі, але сяк-так перабіваліся, калі ўдаваўся ячмень ды траплялася рыбіна у Лене, або выгодная перавозка здаралася.

    А вось сёлетняя зіма няўдалая выйшла: раньні мароз папсаваў ураджай, з рыбай — таксама дрэнна. А тут яшчэ ўзімку кабыла здохла. А на адным кані вялікіх перавозак ня возьмеш.

    І пачаў старэйшы брат, Радзівон, галаву ламаць, як справы свае палепшыць, каб гаспадарку паправіць!

    У ясны лістападаўскі дзень сабралася ўся сям’я на прыгуменьні. На мёрзлым лёдавым, нават палітым вадою, току былі разасланы снапы ячменю, а Петрык вярхом на кані вазіў навакол па снапох зубчасты цурбак. Ён круціўся, дубовыя зубцы дзяўблі сьпелыя каласы — і зерне выскоквала, як дождж.

    За Петрыкам татка в Петраванам пераварочвалі салому віламі, а мамка з цёткай граблямі падпраўлялі з бакоў дарогу.

    Весела і жвава ішла работа. Але вось рыпнула брама і паказаўся сусед Інакенці Васілёў.

    Усе мімаволі спыніліся. Петрык затрымаў каня. Усе накіравалі свае вочы на госьця.

    — Здаровы былі... — прывітаўся сусед, дакрануўшыся рукой да шапкі, нібы здымаючы яе.

    — Здароў, сусед! — адказаў Радзівон.

    — Малоціце? — спытаў сусед, здароўкаючыся з бацькам і Петраванам за руку.

    — Так, трохі цярэбімся... — адказаў Радзівон.

    — Справа добрая!.. — адказаў сусед. — А я вось заўтра зьбіраюся. Сёньня ў Жыгалу езьдзіў: сёе-тое купіць трэба было. Ну, завярнуў на пошту, думаў ёсьць што-небудзь. ды разам з гэтым Савельлю ліст паслаў. Аднак нам нічога няма... А вось вам ліст узяў.

    З гэтымі словамі Інакенці палез пад кажух, недзе там папоркаўся і выцягнуў скамечаны канвэрт.

    — Вось вам, пачытайце, — дадаў ён, перадаючы пакет Радзівону.

    — Ад каго б гэта магло быць? — зьдзіўлена казаў Радзівон, разглядаючы канвэрт з розных бакоў. — А ну, Петрык, глянь, — сказаў ён і падаў ліст.

    Петрык, усё яшчэ седзячы на кані, узяў ліст і прачытаў адрас: Радзівону Макарычу Кузьняцову, але ад каго — тут, татка, не напісана.

    — Не напісана, кажаш? — сказаў бацька. — Вось як! Ну, што ж давайце скончым, ды пойдзем чытаць. Ты, ІІетрык, ідзі распрагай каня. А мы зграбем зараз. Ну, дзякуй табе, Інакенці Уласіч, што патурбаваўся, прынёс ліст, — зьвярнуўся ён да суседа.

    — Ды няма чаго, — махнуў рукой Інакенці Уласьсеў, — які клопат? Па-суседзку. Аднак бывайце здаровенькі... Трэба ісьці свайго каня даглядзець.

    Сусед зноў патрымаўся за шапку і пайшоў.

    Петрык ад’ехаў, зьлез з каня і пачаў адвязваць пастронкі ад хамута. Работнікі тым часам ператрэсьлі віламі і граблямі салому, адсунулі яе ўбок, у кучу. На току застаўся пласт зярнят і мякіны. Усё гэта згрэблі лапатамі ў кучу сярод току.

    — Заўтра будзем веяць, — сказаў бацька, і ўсе пайшлі дахаты.

    Пакуль распраналіся ды прыбіраліся, зусім ужо сьцямнелася. Запалілі лямпу. Бабы зрабілі вячэру, згатавалі гарбату. Пасьля працоўнага дня на моцным сыбірскім марозе сям’я павячэрала са смакам. Пачалі піць гарбату.

    — А ну, Петрык, пачытай ліст, — сказаў Радзівон, пачынаючы трэці кубак каламутнай гарбаты бяз цукру.

    Петрык рукавом кашулі выцер з ілбу пот і ўзяўся за ліст.

    Яшчэ раз прачытаў увесь адрас. Паспрабаваў нават прачытаць пячаткі на канвэрце, але а гэтага нічога ня выходзіла — стаялі нейкія лічбы, нейкія літары.

    Асьцярожна распарыўшы канвэрт над самаварам, Петрык расьпячатаў ліст.

    Нязграбныя літары, напісаныя рудым атрамантам, распаўзаліся крывымі радкамі па абодвух бакох чвэрткі шарай паперы

    “У першых радкох гэтага лісту, дарагія мае сваякі, — чытаў Петрык, — пасылаю я вам пашану і з замілаваньнем нізкі паклон дзядзьку Радзівону з жонкай Дар’яй Іванаўнай і з сынком Петрыкам”...

    Тут Петрык з прыемнасьцю ўсьміхнуўся. Далей ішлі паклоны ўсёй сям’і ўсім сваяком, бадай што палове Кузьняцоўкі.

    «... Я жывы і здаровы, чаго і вам жадаю, а працую на капальнях, капаю золата, а яго тут шмат і гарбату п’ю з цукрам, а на абед капуста з мясам...”

    — Вось як жыве! — пазайздросьціла Дар'я.

    “.... ваш сваяк Мікешка Кузьняцоў”, — скончыў Петрык ліст.

    — Мікешка! Дык вось яно ад каго! — зьдзівіўся Радзівон і ўспомніў свайго стрэчнага пляменьніка.

   — Мусіць, там добра жывецца... — задуменна прамовіў Петраван.

    — Бач, гарбата а цукрам... капуста з мясам...

    — А што я надумаўся! — раптам сказаў Радзівон. — Паеду і я на капальні. Трохі зараблю — і паправім гаспадарку...

    — А хата як? — нясьмела запыталася Дар’я.

    — Што хата? Дома і без мяне абыдзецеся. З адным канём і Петраван справіцца.

    — Можа і я пайду? — прапанаваў Петраван.

    — Не, Петраван. Ты для тайгі не падыходзіш — мяккі вельмі. Нічога з цябе ня выйдзе. На капальні мне трэба. А ты тут на гаспадарцы. Вось можа Петрыка з сабой узяць?

    Яшчэ што выдумай! — запярэчыла Дар’я.

    — А што? Час ужо хлопцу да справы прывучацца. Што ён тут? А там мне — падмога. Удвох зручней, — упэўніваў сам сябе Радзівон, — далібог. Едзем, Петрык!

    Петрык радасна адазваўся:

    — Едзем, татка!

    У гэты момант расчыніліся дзьверы, белы мароз уварваўся ў гарачую хату, а за ім увайшоў Клімэнт.

    — А я да цябе, Радзівон, — сказаў ён, здымаючы шапку і здароўкаючыся з сям’ёй.

    — Калі ласка Клімэнт Захарыч, — адказаў Радзівон. — Дар’я, налі госьцю гарбаткі, ды вазьмі цукру з бажніцы.

    — Дзякуй. А я проста да справы. Дагаварыўся я з ірмажанамі дзьве пары карбазоў зрабіць. Дык вось хачу цябе запрасіць на работу.

    — Што ж? Я — ахвотна! — узрадаваўся Радзівон.

    — Ну і добра. Цана — на дзесятку менш за леташнюю.

    — Чаму ж так? Надта танна.

    — Болей аніяк не магу. Сам я ірмажанам скінуў. Хош бяры — хош не. Год сёлета цяжкі.

    — Ды яно так, наконт году. Але ж танна... — уздыхнуў Радзівон.

    — Не магу інакш. Сам страты цярплю. А ты бярыся. За лёцмана [* Той, хто праводзіць судны ў небясьпечных мясцох.] паедзеш. Вось табе і надбаўка.

    — Ужо ж... так, — згадзіўся Радзівон. — Толькі вось што: карбазы мы табе зробім, і дзесятку, калі ўжо на тое пайшло, скінем, і лёцманам паеду. А ты за гэта адвязеш нас з Петрыкам на капальні.

    — На капальні? Ну што ж? Добра... Добра!

    Клімэнт скончыў шклянку гарбаты з цукрам. Кракнуў. Насунуў шапку і сказаў:

    — Добра... Бывайце здаровы.

    — Ну і добра...—уздыхнуў Радзівон, калі Клімэнт выйшаў. — На задатак купім каня. Справіцеся тут і на двох. А мы з Петрыкам махнем за золатам. Увосень вернемся і зажывем, як сьлед. А пакуль што спаць. Заўтра раней устаць ды веяць...

                                                              II. ГІСТОРЫЯ КАРБАЗА

    Праз месяц Петрык з бацькам, дзядзькам Петраванам, братанам і яшчэ з некалькімі суседзямі паехалі ўверх па сваёй рачулцы Тутурцы ў тайгу сячы карбасы.

    Коней пакінулі ў зімоўцы — маленькай хатцы на ускрайку тайгі. А самі з сякерамі, піламі, торбамі з хлебам і рознымі іншымі запасамі  рушыліся ў тайгу.

    Дзень быў марозны. Тайга стаяла, бы зачараваная. Высокія чорныя мадрыны, аздобленыя сьнегам, уздымаліся сваімі верхавінамі бадай што да самага неба Часам між іх прасоўваліся растапыраныя лапы зялёных елак, таксама ўпрыгожаных сьнегам. Вунь некалькі вялізных дзіўных грыбоў з вялікімі белымі бліскучымі шапкамі, — гэта старыя пні, укрытыя сьнегам. Вось вырвалася куча маладняку, нібы малыя дзеці. То задзірыста высоўваючыся наперад, то хаваючыся адзін за аднаго, яны дзівяцца на сваіх сваякоў — старых волатаў — і цягнуцца за імі сваімі тонкімі парасткамі. І яны зараз у сьнежных убраньнях і белых шапачках.

    Тайга не варушыцца. Навакол — мёртвая ціша. Толькі зрэдку раздасца ў гэтай марознай цішыні невыразны стук дзятла, або стрэльне камель ад марозу.

    Рабочыя абралі сабе дзялянку і ўзяліся за сякеры.

    Тайга аджыла. Зацокалі сякеры аб мерзлыя дрэвы, зашамацелі галіны дрэў, затрашчэлі падсечаныя камлі, і з шумам-трэскам паваліліся тайговыя гіганты на сьнежную зямлю.

    Тут іх ачышчалі ад гальля і рабілі з іх роўныя доўгія бярвеньні.

    Петрык з братам Ільлёй і Петраванавым сынам, Кешкай, пад’яжджалі вярхом да лесасекі і вяроўкамі цягнулі бярвеньні на бераг, бліжэй да вады.

    Тут яшчэ з восені ляжалі “кагорыны”, цэлыя дрэвы з пакінутым крукам — тоўстым коранем.

    Назапасіўшы досыць лесу, вывалаклі яго да ракі і прыняліся за апрацоўку.

    Няхітрая, але цяжкая работа.

    Спачатку дрэвы ачышчалі ад кары. Потым з абодвух бакоў бервяна высякалі, як мага глыбей, жалабкі. А тады заганялі ў іх бярозавыя кліны. Дрэва распорвалася напалам. А потым гэтыя паловы часалі і выроўнівалі па шнуру і рабілі тоўстыя плахі.

    Петрыкаў бацька быў за галоўнага. Ён ужо ня раз будаваў карбазы і кіраваў работай. І цяпер пад яго кіраўніцтвам на беразе каля вады паставілі клеткі з дроў — гарадкі, на іх налажылі бярвеньні-накатнік, а на накатнік пачалі ўжо класьці плахі. Клалі іх шчыльна адну ля аднэй, прыстасоўвалі, падганялі — і нарэшце зрабілі падлогу карбаза, нібы ў хаце.

    Потым на гэтую падлогу прыцягнулі кагорыны і паставілі па бакох, крукамі ўгору. Тады дзядзька Проў і Зьміцер залезьлі пад падлогу і пачалі адтуль сьвідраваць дзіркі праз падлогу і кагорыны. А дэядзька Петраван нарабіў калкоў і пачаў заганяць іх у гэтыя дзіркі. Такім чынам падлога была прышыта да кагорыны.

    — Нібы рыбіна з аб’едзенымі рэбрамі, — падумаў Петрык, гледзячы на гэтую пабудову.

    А потым да карэньняў кагорын прыбілі такімі самымі калкамі бэлькі і ўсё гэта навакол абшылі плахамі. Карбаз быў гатоў. Ён быў падобны да хаты, толькі бяз столі і даху. Такіх карбазоў зрабілі два і, апрача таго, яшчэ два пяцёхкутных; дзьве сьцяны ў іх высоўваліся рогам наперад, нібы ў праса; іх так і называлі прасамі.

    Пасьля таго карбазы пачалі апрацоўваць, каб у іх не прайшла вада. Заганялі калкі, сьціскалі шчыліны, забівалі дзіркі і нарэшце заканапацілі мохам. З цэльных дрэў зрабілі вёслы, вялізныя, нязграбныя.

    І выйшла судно, зробленае чатырма чалавекамі з аднаго толькі дрэва, без аніводнага цьвіка, пры дапамозе толькі сякеры і пілы.

    Зрабілі карбазы ды так і пакінулі іх на беразе да вясны, а самі вярнуліся дахаты.

                                                                    III. НА ВАДЗЕ

    Надышла вясна. Сонца ўздымаецца ўсё вышэй і вышэй, сьвеціць і грэе ўсё больш і больш.

    Сьнег разьмякчэў, з вясёлай гамонкай пабеглі ў яры ручаінкі, пачаў мякчэць і жаўцець лёд на рэчках.

 

 

    Пачарнела і Тутурка. Набухла і гатова была кожную хвіліну скінуць з сябе лёдавыя кайданы, разьбіць іх на кавалкі і закінуць далёка-далёка.

    Карбазьнікі заварушыліся.

    Яшчэ загадзя адвезьлі яны да карбазаў снасьці розныя — тоўстыя мачульныя і пяньковыя канаты, усялякія прылады, абсталявалі карбазы і прывязалі іх да берагу.

    Петрык хваляваўся ня менш за дарослых. Мітусіўся, бегаў на раку глядзець, ці ня рушылася, ці не пайшла ўжо Тутурка? Як сталы, мацаў ён канаты, кратаў камлі, да якіх яны былі прывязаны, разважаючы — ці вытрымаюць?

    Петрык з бацькам і дзядзькам Петраванам цяпер ужо жылі ў зімоўцы, адкуль былі відаць і карбазы і рака.

    І ўсё ж такі самы цікавы момант, калі рачулка рушылася, — Петрык праспаў.

    Прачнуўся ў тую раніцу Петрык і ўбачыў, што ён адзін у зімоўцы.

    “Пайшла!” мільганула ў яго галаве, і Петрык хутка ўскочыў, абы як накінуў на сябе вопратку і паляцеў на бераг.

 

 

    Але... Тутурка пайшла і ўжо прайшла. Галоўная маса лёду ўжо прарвалася, і цяпер ішлі толькі раскіданыя кавалкі. Але вада паднялася невысока і карабазаў не закранула.

    Увесь дзень ішоў лёд па Тутурцы, то суцэльнай масай з вышнявіны і прытокаў, то паасобнымі рэдкімі крыгамі.

    Вось і вада пачала прыбываць. Вось яна падышла да карбазаў.

    Бацька і дзядзька Петраван перабраліся на карабазы. Рэштка засталася на беразе.

    Першым паплыў карбаз з дзядзькам Петраванам.

    Вада надышла ўжо падыспад карбазаў, але гарадкі яшчэ трымаліся.

    Да карбаза падплыла вялікая крыга, зачапіла за гарадкі і раскідала іх. Карбаз пахіснуўся, затрашчаў, з рыпаньнем завярнуўся ўсьлед за крыгай, адапхнуў рэштку гарадкоў і плюхнуўся ў ваду. Падняліся пырскі, вялікія хвалі... I карбаз павольна пачаў спускацца ўніз на рэчцы, прыціскаючыся да берагу і нацягваючы вяроўкі.

    Пакуль крыга церлася каля карбаза, дзядзька Петраван бегаў па ім і крычаў:

    — Адпускай, адпускай патроху!

    Вось крыга завярнулася і адышла ад карбаза. Тады яго зноў падцягнулі да берагу.

    Пад вечар вада яшчэ паднялася і зьняла рэштку карбазоў.

    — Ну, дзякуй богу! — з палягчэньнем сказаў бацька, па кладцы сходзячы на бераг. — Цяперака на вадзе. Хутка і плысьці можна будзе.

    Выплылі з Тутуркі толькі праз тыдзень.

    Лена затрымала. Яна прарвалася позна і ішла доўга і марудна. І толькі тады, калі выявілася, што лёду па Лене больш ня будзе, карбазы адвалілі ад берагу і паплылі да ленскай прыстані.

    Дарога была невялікая. Прыстань была кілямэтраў за дванаццаць, у вусьці Тутуркі, і пад вечар карбазы пад’ехалі да яе, а назаўтра раніцою пачалася пагрузка.

    Чатыры карбазы, з якімі так звыкся Петрык і нават зваў іх сваімі, грузіліся і аўсом, і мукою, і рознымі мяхамі, скрынкамі, бочкамі, панарадамі, плугамі і нават усьцягнулі цэлы паравік.

    На адным з «прасаў», паміж мяхамі аўсу і мукі, Петрыкаў бацька, як лёцман, зрабіў сабе каюту: адгарадзіўся дошкамі, прыладзіў ложак і зрабіў з брызэнту столь.

    У гэтай каюце і пасяліўся Петрык. Завярнуўшыся ў бацькаўскі кажух, лёг ён спаць, чакаючы заўтрашняга дня, калі пачнецца нешта новае, невядомае і ад усяго гэтага вельмі прыгожае.

    І сьніць ён, што яны ўжо плывуць. Карбаз ляціць шпарка-шпарка, нават дух захапляе. Наперадзе нешта чарнеецца. Бліжэй, бліжэй... Скала!.. А карбаз нястрымна нясецца якраз на яе. Яшчэ міг і карбаз — трах! Усё валіцца, і Петрык ляціць у ваду, ускрыквае... прачынаецца.

    Карбаз уздрыгвае. калышацца. Пад ім плюхаецца вада.

    “Плывем”! — думае Петрык і кідаецца да сьценкі, дзе бацька зрабіў маленькае вакенца.

 

 

    Проста супроць Петрыка срэбны дрыжачы чароўны шлях. Поўны месяц кідае свае бліскучыя праменьні ў цёмную Лену. Чароўны сьветлы шлях зіхацеў, пераліваўся і, здавалася, яскравіўся і варушыўся на месцы, у той час, як карбаз хутка-хутка плыў па гэтым чароўным шляху.

    “Плывем”! — уздрыгнуўся Петрык і кінуўся наверх на гурбы грузу.

    Тут Петрык убачыў, што ён намыліўся. Карбаз спакойна стаяў сабе ля соннай прыстані, моцна ўчапіўшыся сваімі канатамі бераг.

    Спаў і карбаз. Толькі вартавы Паўла, захутаўшыся ў кажух, пераступаў з нагі на нагу на перадзе карбаза.

    — Чаму, хлопча-лёцман, ня сьпіш? — зьвярнуўся ён да Петрыка.

    — Я, дзядзька Паўла, думаў, што мы плывем, — сарамліва прызнаўся Петрык.

    — Навошта ўначы плысьці? Удзень паплывем. Вось трохі завіднее — і ў дарогу. А пакуль што, ідзі, хлопча-лёцман, сьпі...

    Петрыку было прыемна, што Паўла кліча яго “хлопча-лёцман”; ён з гонарам выпрастаўся і буркнуў, як бацька:

    — Але, вядома...

    Паглядзеў яшчэ раз на срэбны бляск месяца на чорнай рацэ, спусьціўся з мяшкоў і, не сьпяшаючыся, пайшоў у сваю «каюту».

                                                                     IV. У ДАРОГУ

    Самы важны, як здавалася Петрыку, момант, калі карбаз павінен быў адыходзіць ад прыстані, Петрык зноў праспаў.

    Калі ён прачнуўся і ўбачыў над сабой пукаты брызэнт, шчыліну ў загарадцы, жоўты сноп сонечных праменьняў, мяхі аўсу, лёгкае калыханьне і рыпаньне, — ён і не падумаў, што адбыліся якія зьмены. Ён ляжаў, сплюшчыўшы вочы і песьціўся.

    — Мусіць хутка паплывем, — разважаў ён лежачы, — а вось татка яшчэ сьпіць, — незадаволена падумаў ён, адчуваючы збоку цяплыню. — Мусіць, ноч п’янстваваў, а калі плысьці трэба, дык сьпіць, — паўтараў ён калісьці слышаныя бацькавы ж словы.

    І Петрык хацеў быў штурхануць бацьку ў сьпіну, каб разбудзіць яго і напомніць, што час ужо плысьці але раптам пачуў зьверху нешта такое, ад чаго ён аслупянеў.

    — Чыя пасудзіна? — раздаўся зьверху моцны голас Маркушкі.

    — Громаўскіх, — адказаў нехта здалёк.

    — Хто лёцман? — крыкнуў яшчэ мацней Маркушка.

    — Цёткі Яўдохі з Гулёвай Мышы муж, — адказаў далёкі голас.

    І зноў ціша, зноў роўнае калыханьне і рыпаньне.

    — Падайся трохі да берагу, — сказаў спакойным голасам Маркуша.

    I ўсьлед за гэтым наверсе пачулася нейкая тузаніна, потым нешта цяжкое плёхнулася ў ваду, карбаз уздрыгануўся, застагнаў і... навокал зашурхала вада.

    — Плывём! — ускрыкнуў Петрык і як шалёны пабег наверх.

    Па дарозе стукнуўся ілбом у бервяно і адляцеў у бок.

    Сонечнае сьвятло асьляпіла яго. Ён кулакамі працерабіў заспаныя вочы і пачаў азірацца. Але... карбазы ўжо плылі.

    З правага і левага боку павольна пасоўваліся некуды назад незнаёмыя берагі. Вось з правага боку ўздымаецца нейкая круча, а пад ёй, нібы растопленае золата, яскравілася на веснавым сонейку вада.

    Ззаду, куды папаўзьлі берагі, сінела далеч, а сьпераду рака загіналася і ўтыркалася ў скалу. Петрык сьцяміў, што не берагі бягуць, а яны плывуць да завароту ракі.

    І плывуць, відаць, ужо даўно.

    Навакол былі незнаёмыя месцы.

    Сонна было ўжо высока і песьціла Петрыка цёплымі праменьнямі.

    У першую хвіліну Петрык ледзь не зароў ад крыўды, што карбазы адплылі без яго, што яго не разбудзілі ў той час, і ён цяпер ня ведае, куды дзелася яго родная вёска, прыстань, дзе яны грузіліся, і ён апынуўся недзе сярод ракі, ля чужых берагоў.

    Але новыя мясьціны, зьмена іх, захапілі яго ўвагу. І ён забыўся на ўсё.

    Вось выплыў бярозавы лясок, за ім увязалася тайговая купчастая пахаць; адным канцом яна ўваходзіла ў лясок, а другім дасягала тайгі, што хавалася між гальцамі.

    А вось і галец, шэры. аблезлы, нібы стары стомлены варнак, што схіліўся пад ракой.

    — У, які няскладны!..

    А вось падплываюць маладыя мадрыны, вясёлыя, зялёныя, а там далей зажаўцеліся кедры.

    — Вось дзе, мусіць, шышак ды вавёрак!..

    Петрык лёг на мяхі і з захапленьнем сачыў за панарамай, якая зьяўлялася перад яго вачыма.

    — Што, хлопча лёцман, вылупіў вочы? — зьвярнуўся да яго Паўла, які толькі што прачнуўся пасьля начной варты і лёг побач з Петрыкам — Глядзі, глядзі!.. Лена... яна рака добрая...  і вялікая... Шмат чаго на ёй убачыць можна...

    — А чаго? —запытаўся Петрык.

    — Як чаго? — зьдзівіўся Паўла. — Ды ты нешта бачыў у сваёй Тутурцы? Вунь хоць вазьмі паглядзі, якія крыгі на бераг павыкідала. Прыйшла вялікая вада, падняла лёд, аднесла на бераг і пайшла назад, а крыгі на беразе і засталіся. А ўнізе што, хлопча-лёцман, дзеецца! Каля Віціма ды Алёкмы такіх гор нанясе, што да лета не растануць.

    — А ты бачыў?

    — Каб ня бачыў, дык не казаў бы. Ды вось паплывем, сам пасьпееш убачыць.

    — Ну, крыгі я і ў Тутурцы бачыў, — адказаў Петрык, — а вось яшчэ што?..

    — Яшчэ што? Ды ці мала што ёсьць? Вось сёньня ўначы павінны ў Вусьць-Кут прыехаць, начаваць будзем. Можа карбазы з таварамі там знойдзем. Убачыш. І параходаў там шмат. А далей — яшчэ болей. Далей розныя пасёлкі пойдуць... там Кірэнск, горад такі, а там Віцім — сяло вялікае, заварот на тайгу будзе... а на ніз пойдзе Мача, супроць Нахтуйску, а там Алёкмінск, горад якуцкі...

    — Петрык, хадзі абедаць, — пачуўся з каюты голас бацькі.

    Петрык неахвотна ўстаў з мяхоў і, чухаючыся, зьвярнуўся да Паўла:

    — Дзядзька Паўла... а потым яшчэ скажаш? Татка абедаць кліча.

    — Добра... будзе яшчэ месца, пагутарым.

                                                             V. КАТАРЖАНЕ

    Суровая красуня Лена шпарка несла карбазы. Перад Петрыкавымі вачыма мільгалі ўсё новыя і новыя малюнкі.

 

 

    Да ночы карбазы пад’ехалі да Вусьць-Кута. Сяло вялікае. Каля самага карбаза стаяў параход. Вялізны, белы, з высокім белым комінам нібы важны пан стаяў ён сярод карбазаў, віцінаў і чаўноў.

    На палубе мітусіліся матросы, рабочыя, нейкія паны. Рыпелі блёкі, грымелі ланцугі, сіпелі вужышчы.

    Досьвіткам паплылі далей. Лена рабілася ўсе шырэй і глыбей. Ужо ня трэба было з-за мялізнаў ды наносаў спыняцца нанач ля берагу, — карбазы дзень і ноч плылі па рацэ. Мільгалі незнаёмыя вёскі, часам больш значнае сяло.

    Берагі рабіліся ўсе больш суровымі, стромкімі і непрыступнымі. Часам карбазы несьліся проста на скалу. Вось-вось стукнуцца і разаб’юцца ўшчэнт.

 

 

    Але татка на карбазе камандаваў.

    — Наваліся! Адсоўвайся ад берагу! Кіруй на сярэдзіну!

    Цяжкія вёслы рыпалі, плюхаліся ў ваду, круцілі яе, зноў рыпалі. Карбазы ўздрыгвалі, рыпалі і нязграбна заварочвалі да сярэдзіны ракі.

    Скалы мільгалі збоку і хутка ўцякалі назад.

    Берагі на Кірэнск найшлі... — прамовіў Паўла.

    — Як гэта? — запытаўся Петрык. — Бачыш, вышэй, бязьлюдней пайшлі скалы.

 

 

    Вось далёка на левым беразе Лены паказаўся і горад Кірэнск. На ўзгорку віднеліся, як здавалася Петрыку, вялізныя дамы, царквы.

    Ад берагу адваліў вялікі белы параход — цэлая плывучая вёска. Перад самым носам карбаза з сопатам прапоўз другі параход. “Вер-хо-ле-нец” — прачытаў Петрык надпіс над колам яго.

    Труба — бы самавар, сам, пузаты, а ззаду на канаце цягнецца вялікая двухпавярховая віціна з народам.

    Карбазы павінны былі прыпыніцца ў Кірэнску, каб купіць сёе-тое для каманды. Зарыпалі, заплюхалі вёсламі і прысталі да другіх карбазоў.

    Петрык зьвярнуў увагу на пару “вуцюгоў”, што стаялі крыху вышэй ад іх. На іх былі арыштанты, у шэрых даўгіх халатах, у шэрых кашулях. Яны згрудзіліся наперадзе карбаза, на даху. Тут жа былі і салдаты са штыхамі.

    Петрык варожа пазіраў на арыштантаў.

    — Бачыш, катаржнікі, — злосна сказаў ён Паўлу, які стаяў побач.

    — Навошта, хлопча-лёцман, варнакоў крыўдзіш? — адказаў Паўла. — Яны і бяз гэтага пакрыўджаныя... Бачыш, у ланцугох, пад штыхом гоняць іх у далёкія мясьціны Сыбіру. Каго на катаргу, каго на пасяленьне. Ня лаяць, а шкадаваць варанка трэба, хлопча-лёцман...

    — Завошта ж шкадаваць? — зьдзівіўся Петрык.

    — Як завошта? Ён няшчасьненькі. Іншы дарма ў бяду трапіў, а ўсё цярпі, — казаў Паўла. — Не, хлопча-лёцман, гэта ты дарэмна — грэх ды бяда а кім не здараюцца. Нездарма кажуць: турмы ды торбы не заракайся.

    — А ты таксама катаржнік? — спытаў Петрык.

    — Л як жа ж, таксама перажыў гэты стан. А цяпер я пасяленец. А ты вось што, хлопча-лёцман: аднёс бы няшчасьненькім капеечку.

    Петрык паскроб патыліцу, падумаў і пайшоў да бацькі.

    — Татка, а татка, дай капеечку.

    — Навошта табе?

    — Няшчасьненькім занясу.

    — Бач, які літасны, — усьміхнуўся бацька. — Ну, што ж, на, нясі, дай варнакам. — Бацька пакапаўся ў кішэні і даў Петрыку капейку.

    Петрык пабег па кладцы на бераг, абмінуў натоўп, які сабраўся ля карбазоў, і пайшоў па пласе, што вяла на арыштанцкі карбаз.

    У канцы плахі стаяў афіцэр.

 

    Петрык спалохаўся, падышоў да яго, падаў яму капейку і сказаў:

    — Няшчасьненькім капеечку...

    — Гей, стараста! — крыкнуў афіцэр, усьміхнуўшыся, — падарунак!

    Да Петрыка праціскаўся арыштант у акулярах; на нагах лязгалі кайданы.

    — Ты што, хлопчык? — лагодна запытаўся ён Петрыка.

    — Няшчасьненькім капеечку, — паўтарыў Петрык, сарамліва працягваючы руку з капеечкай.

    — За спачуваньне дзякую табе, хлопчык, а падачкі нам ня трэба. Мы — палітыкі. Капеечку, калі хочаш, вунь на той карбаз аднясі, там крымінальныя, — усьміхнуўшыся, адказаў стараста.

    Петрык зьдзіўлена паглядзеў на старасту і на іншых арыштантаў з добрымі вясёлымі тварамі, у арыштанцкім і вольным убраньні, у ланцугох і без ланцугоў, — і нерашуча найшоў да наступнага карбаза.

    Там усе былі ў арыштанцкай адзежы, таксама лязгалі ланцугі на нагах, у аднаго нават былі і на руках.

    Капеечку ўзялі адразу і закідалі просьбамі:

    — Махры прынясі!

    — Валачы жэрці.

    Петрык панёсься на свой карбаз да Паўла.

    — Дзядзька Паўла... а гэта што за варнакі... па... па... паўціньнікі, ці што?

    — Чаго балбочаш? Якія паўціньнікі?

    Петрык расказаў пра сваю сустрэчу на першым карбазе.

    — Э... ты вось пра што! Палітыкі?

    — Во-во! — узрадаваўся Петрык.

    — Палітыкі... гэта... — і Паўла таямніча зашаптаў, — гэта тыя, што супроць цара.

    — Як супроць цара? Ці ж гэта можна? — ускрыкнуў Петрык.

    — А ты цішэй, хлопча-лёцман, аб такіх справах ня крычаць. Бачыш, каб цара ня было, ну і вураднікау. А каб была свабода. Каб, скажам, і пасяленец, і чалдон (тутэйшы, больш заможны гаспадар), і багатыр які, каб усе роўныя былі. Ну, народ яны добры. Ня тое, каб каго скрыўдзіць, або там што. А ўсё дапамагчы стараюцца. Ну, і начальства ня любяць. Ох, як ня любяць!

    Петрык прагавіта лавіў новыя для яго словы...

    — Чаго тут раздабарваеш? Добрыя ды добрыя! — раздаўся побач сярдзіты голас бацькі. — Знайшоў у палітыцы дабро. Адно слова — палітыка...

    — Гэта, хлопча-лёцман, правільна, — згадзіўся Паўла з бацькам, — палітыка, яно ёсьць палітыка... а толькі нічога дрэннага ад іх ня бачыў.

    — Глядзі, Паўла! — раззлаваўся бацька. — Ці ведаеш ты, што за гэтыя словы бывае?

    — Ды мне што? Ці я нешта такое? Так, да слову давялося. А так мне — напляваць... — Паўла ўстаў, сплюнуў цыгарку ў ваду і адышоўся на перад прасу.

    — Ото ж напляваць! Петрык, ідзі спаць, позна! — распарадзіўся бацька і пайшоў у сваю каюту.

    “І чаго гэта бацька раззлаваўся? Чаго страшыў Паўла? Супроць цара. Ці ж можна? Ня любяць начальства, вураднікаў. Ну, яно і нашага вурадніка любіць няма за што. А якія добрыя... і капейку ня ўзялі... дзякуй, гавораць, за спачуваньне... Татка дарэмна крычыць. А чаму Паўла спалохаўся? 1 чаму. яны варнакі і ў вольным адзеньні? Такія добрыя — і ў ланцугох...»

    Думкі, нібы сьняжынкі ў сонечны дзень, мільгалі, яскравіліся ўсімі колерамі і гінулі недзе ўнізе, дзе стварыліся цэлыя гурбы. Пад цяжарам гэтых гурбаў, супярэчнасьцей і сумненьняў у палітыцы заснуў Петрык.

    А раніцою, калі ён прачнуўся, карбаз ціха калыхаўся у струменях Лены...

    Па абодвух бакох беглі незнаёмыя берагі, скалістыя, стромкія, то ўкрытыя шчаціністай тайгой, то голыя, камяністыя шчокі і быкі.

    Кірэнск, арыштанцкія карбазы засталіся недзе там далёка ззаду...

                                                     VI. ВІЦІМ — СЯЛО ГУЛЬЛІВАЕ

    — А вось, хлопча-лёцман, хутка і ў Віціме будзем. — сказаў Паўла, падсеўшы да Петрыка, які валяўся на мяхох аўсу.

    Петрык даўно ўжо чуў пра Віцім, дзе толькі тое і робяць, што гуляюць; таму ён зараз жа зьвярнуўся да Паўла, каб больш даведацца аб гэтым сяле.

     — А ты ў Віціме быў?

    — Хто ў тайзе бываў, той Віціма ня мінаў.—адказаў Паўла.

    — Здорава там гуляюць? — спытаў Петрык.

    — Гуляюць? Цяперака ўжо ня гуляюць. Якія цяпер гулянкі? А вось раней — гэта так. Трапіў я першы раз яшчэ маладым. Толькі што на пасяленьне выпусьцілі. Крыху зарабіў у тайзе. Ну, выбег у Віцім. На адпачынак, значыцца. Выў з намі ў арцелі Прошка Груздоў. Шалёная галава! Ну і пашанцавала яму на капальнях. З золатам выйшаў на Віцім. Што тут было, братка ты мой! — Паўла аж пакруціў галавой і махнуў рукой.

    — А што ж было? Раскажы, дзядзька Паўла, — з вялікай цікавасьцю прасіўся Петрык.

    — Усяляк было. Усяго і не перакажаш. Раней за ўсё выйшлі мы з плыта на бераг. Груздоў як крыкне: “Гэй, чыім госьцем буду?” Ну, сабраўся народ — адзін да сябе запрашае, другі да сябе. А Груздоў рукі ў бокі: “Мае, — кажа, — боты не прызвычаіліся па вашым балоце хадзіць, па паркалю ісьці хачу”. Ну, тут адкуль не вазьміся адзін хітры чалдон з цэлым скруткам паркалю. “Калі ласка, Проў Іваныч!” — і пачаў перад імі паркаль раскручваць. А Груздоў на ім нібы па дывану, ісьці. А другі раз Груздоў сабраў усіх рамізьнікаў, што былі у Віціме. На адным сам сеў, на другім гармонік палажыў, на трэцім — свае боты, на чацьвёртым — шапку, на пятым — рукавіцы... “Папрацавалі, — кажа, — хай цяпер паезьдзяць”. Пафанабэрыліся хлопцы, калі з тайгі. бывала, з золатам вярталіся. На сяле стогн ідзе, сьпевы. гульня. Э, ды што і ўспамінаць!..

    — А цяпер, дзядзька Паўла, што ў Віціме?

    — Цяпер? Цяпер няма і паловы таго, што было раней. Ды вось паглядзіш, прыедзем. Вунь ужо і Віцім...

    Далёка на левым беразе Лены віднелася царква, вялікія будынкі...

    На карбазах замітусіліся.

    — Кіруй! Кіруй!

     — Правым! Левым!

    Зарыпелі карбазы, заплюхалі вёслы.

    Хутка Петрык выразна ўбачыў на стромкім беразе шчаціністы плот, адкуль высоўваліся дамы, вунь нейкая вежа, царква.

    Увесь бераг, ля Віціма завалены карбазамі, вуцюгамі. Адны яшчэ стаялі поўнымя, другія разгружаліся.

    Рэдка які карбаз ішоў далей ўніз, да Алёкмы ці Якуцка. Большасьць заставалася ў Віціме. Тавары перагружаліся на баржы і далей цягнуліся параходамі, а карбазы кідаліся пад Віцімам.

 

 

    Петрык ведаў, што і іхныя карбазы, з якімі ён так асвойтаўся, таксама ідуць толькі да Віціма. І іх тут разгрузяць і прададуць на дровы, або проста кінуць.

    Прысталі яны да берагу, нібы сярод могілак з карбазаў, супроць вялікага двухпавярховага дому. Шкада было пакідаць карбаз, але новыя ўражаньні ахапілі Петрыка. Ён уважліва прыглядаўся да Віціма, чакаючы сваімі вачыма ўбачыць сьляды былога вясёлага жыцьця.

    Трохі вышэй разьмясьціўся плывучы кірмаш. Вялікія, добра зробленыя віціны з высокімі мачтамі, з палаткамі, шыльдамі, былі да краёў нагружаны ўсялякімі таварамі. А у сярэдзіне цэлыя магазыны. Чаго толькі тут няма! І боты, і прыгожыя кашулі, і колы, і самавары... А ласункі якія розныя!

    Татка за удалае кіраваньне атрымаў крыху грошай і хадзіў з Петрыкам на кірмашы. Ён ужо купіў Петрыку новыя боты, кашулю, сьвітку, шапку. Сабе таксама. У Петрыка ў руках скрутак з мядовымі пернікамі. А татка ўжо трохі сербануў...

    А поўдня пайшлі ў карчму падзакусіць.

    Вось тут ён і ўбачыў тое віцімскае, аб якім столькі чуў.

    Народу было шмат. Усе пілі, елі, усяляк крычалі, сьпявалі, лезьлі цалавацца і біцца.

    Татка паабедаў з Петрыкам, потым з некім выпіў. Потым некуды адышоўся, і Петрык застаўся адзін. Навакал чужыя, п’яныя людзі.

 

 

    Шукаў, шукаў Петрык татку, ды так і не знайшоў. Выйшаў на двор — няма, на вуліцу — таксама ня відаць. Пайшоў тады на бераг, на кірмаш. Народ капашыўся, нібы ў мурашніку, а таткі ня відаць.

    Узьлез Петрык на пажарную каланчу — думаў, зьверху лепш відаць будзе. Перад ім увесь Віцім, бы на далоні: дамкі, вулічкі, закавулкі, шырокай стужкай блішчыць Лена, а вунь у яе уліваецца і рака Віцім, за Ленай суровыя гальцы, ледзь пакрытыя тайгой. Хораша!

    А таткі ўсё няма.

    І куды ён дзеўся? — бурчаў Петрык, бадзяючыся па сялу.

    Знайшоў на беразе свае карбазы. Тавары з іх ужо выгрузілі, ня было ўжо і Петрыкавай “каюты”. Толькі сьмяцьцё заставалася на гэтым месцы ды кіпа яшчэ ня ўзятага брызэнту. а на брызэнце храпе п’яны Паўла. Прытуліўся да яго Петрык і таксама заснуў.

    Не зьявіўся татка і на другі дзень раніцою.

    — Ну, што ж, хлопча-лёцман, пойдзем татку шукаць, — прапанаваў Паўла, калі падышоў дзень.

    — Пойдзем, — сказаў Петрык.

    Толькі а поўдня яны напаткалі татку.

    — Ну, вось, — узрадаваўся Петрык, убачыўшы бацьку, а я цябе другі дзень шукаю.

 

 

    — Чаго шукаць, — адказаў бацька, ужо трохі падвыпіўшы, — татка ня голка і ў Віціме заўсёды знойдзецца. А ты, чарцянё, не адставай. Хутка, мабыць, паедзем, — шукай тады цябе.

    На другі дзень татка з Петрыкам забраліся ў трум парахода, які адыходзіў на Бадайбо. Наверсе доўга чадзілі, грукам, цягалі і кідалі нешта цяжкое. Потым параход раптам пачаў увесь дрыжаць і бурчаць.

    — Пару разводзіць, — растлумачыў бацька. ІІотым раптам страшэнна зараўло, захрыпела, параход затросься яшчэ мацней, наверсе зноў забегалі. замітусіліся, нешта плюхнулася ў ваду, вада забушавалі

    Петрык перапалохаўся, хацеў быў, як на карбазе, кінуцца на верх, але яго супакоіў сусед:

    — Адвальваем. Паехалі, значыцца. А ты хлопча, дарма ня совайся туды-сюды.   Бачыш, цесната якая. Сеў і сядзі.

    У труме было сапраўды цесна. На нарах з абодвух бакоў сядзелі і ляжалі шчыльна адзін ля аднаго. Тут і бабы і мужыкі. і малыя дзеці.

    Усе кінуліся ў тайгу за золатам... І гутарка ішла толькі пра золата.

    — Што? Вось на Хвядосаўскім дык самародак з пуд знайшлі, — казаў адзін, прыстасоўваючыся на нарах.

    — Ну? Куды ж яго?

    — Куды? Вядома куды —у кантору. А табе прэмія за пад’ёмнае золата асобна належыць.

    — Бач ты...

    — Што пад’ёмнае? Вось на Міхайла-Архангельскім арцель патрапіла на гнездавое. Па тры фунты ў дзень прыпадае.

    — Ды што ты?

    — Па золата едзем. а не па дровы. А ты там ужо бываў?

    — Ды вось дзесяты раз вяртаюся.

    — Ну і што?

    — Ды нічога.

    — Патроху вывозіў?

    — Ды вывозіў нішто сабе... хапіла б.

    — Ну?

    — Ды што ну? Толькі на Віцім хапае. Выедзеш. Разьвернешся. Эх, ты, мілая, харошая мая!.. Ну, і... смалі зноў назад!

                                                    VII. БАДАЙБО — РЭЧКА ЗАЛАТАЯ

    — Вунь яна, матухна рэчка залатая! — ускрыкнуў бывалы шукальнік.

    Усе кінуліся на левы бок парахода. Праціскаючыся між высокіх дзікіх скал, у Віцім улівалася шумлівая рачулка.

 

 

    — Бы наша Тутурка! — ускрыкнуў Петрык.

    — Глядзі, хлопча, ці не дадому прыехаў? — засьмяяўся сусед.

    Параход а крэктам і сопатам падбіраўся да берагу. Вось выкінулі вяроўкі, прымацавалі да прыстані. Пасажыры кінуліся на высокі бераг, дзе і бяз гэтага было шмат народу. Усе мітусіліся.

    Петрык з бацькам, з торбамі за плячыма, выбіраліся з прыбярэжнага натоўпу.

    — Ну, а цяпер куды?

 

 

    — А вось давай параспытаемся.

    — Паважаны! — зьвярнуўся татка да аднаго мінака. — Скажы. калі ласка, дае гэта Усьпенская капальня?

    — Што? Усьпенская? Э, браток, гэта сядай на цягнік... Да Васільлеўскай станцыі, а там пехатою.

    Во, во! — узрадаваўся Петрык. І Мікешка так і пісаў: спачатку параходам да Бадайбо, потым па чыгунцы, а там пехатою вёрст з пяць.

    Падарожнікі мінулі горад. Вось ён увесь раскінуўся перад імі. Дамы і хаткі. Вялікія, прыгожыя і побач з імі такія халупы, як у Кузьняцоўцы. А вунь што за дзіва? Прэ па дарозе нейкая штука. нібы жалезная печка, і дым з коміна ідзе, толькі на колах, ды яшчэ нейкія скрынкі валачэ.

    — Татка!.. Што гэта такое? — паказаў Петрык па дымную штуку.

    — А гэта і ёсьць чыгунка, — адказаў бацька. —Вось мы на ёй і паедзем.

    Хутка бацька з сынам дабраліся да станцыі Бадайбінскай чыгункі, якая абслугоўвала капальні.

    Бацька дакладна параспытаў, як дабрацца да Усьпенскай канальні, купіў білеты. параспытаўся яшчэ, ці сапраўдныя гэтыя білеты, ці туды, куды трэба, яны выданы, дзе ім садзіцца ў вагоны і куды ехаць.

    Нарэшце, усё высьветлена і наладжана.

    Бацька з сынам у вагоне.

    Навакол капальнікі і якуты.

    — Куды землячкі? — зьвярнуўся бацька да суседзяў.

    — Вядома куды — да ленцаў. Цяпер адзін шлях. Куды ні паедзеш — усе да ленцаў трапіш.

    —Як жа ж яно так?

    — Ды вельмі проста – уся тайга цяпер у ленцаў.

    — Бач ты. А гэта хто ж? — дапытваўся бацька.

    — Кампанія такая. — Лен-зо-то. Ня чуў? Ну, вось калі едзеш, дык пазнаеш...

    — Кузькіну Матку, — падказаў другі.

    — Куды едзеш?

    — Ды на Усьпенскую капальню. Землячок у мяне гам. Абяцаў дапамагчы

    — Ну, таксама да ленцаў. Цяпер адна кампанія. А знайсьці работу зусім лёгка. Ленцам толькі падавай народу. Вялікія справы наладжваюць.

    Цягнік тым часам грукатаў на схіле стромкага гальца і уздымаўся усё вышэй і вышэй. Навакол некранутая тайга. Векавыя мадрыны задуменна ківалі зялёнымі галовамі над шумлівым цягніком: Па ўскрайках блішчэў сьвежым лісьцем бярэзьнік. Сям-там уздымаліся вострыя верхавіны ельніц і елак.

 

 

    Вось і Васільлеўская станцыя.

    Петрык з бацькам вылезьлі з вагону.

    Здалёк віднеліся дзіўныя пабудовы. Між пасёлкаў вытыркаліся на высокіх драўляных нагах нейкія шматногія павукі. Ад іх у розныя бакі ішлі ніці сьцежак на кладках.

    — Гэта што за штукі такія! — зьдзівіўся Петрык.

    — А гэта шахты, прамывалкі. Вось нажывеш, хлопча, азнаёмісься, адказаў адзін з рабочых.

    Татка наказаў адрас.

    — Ведаем. Гэта перад Усьпенскай. Гайда за намі. Гэта па дарозе.

    Бацька і сын закрочылі па добрай, убітай дарозе, якая ішла ад станцыі ў глыбіню прамысловага раёну.

    Петрык нічога не разумеў, што было навакол. Далёка ад дарогі стаялі вялізныя сьвірны, а на іх роўныя дахі ішлі драўняныя памосты з дарогі. Крушні вялізнага каменьня.

    Дзень быў сьвяточны, таму ўсе гэтыя пабудовы былі бязьлюдныя. Толькі зрадку трапляліся людзі па дарозе.

    — Адпачываюць. Ну, і гуляюць некаторыя, — растлумачылі падарожнікі.

    — Ну, вам вось сюды, проста так і ідзіце, там пакажуць.

    Бацька і сын пакланіліся спадарожнікам і зьвярнуліся ў той бок, куды было паказана.

    Гэта была ні то вёска, ні то не, а нешта накшталт таго. Наабапал стаялі даўгія, шматпавярховыя хаты і сьвірны. З адчыненых акон ішла пара, якая была відаць нават у гэты веснавы дзень, і гоман шматлікіх галасоў.

    Вось і патрэбная ім казарма № 16.

    Хутка знайшлі і Мікешку.

    — А... сваякі! Калі ласка! — узрадаваўся ён. Ну-ну, тайга ў хату!

    Спадарожнікі ўвайшлі ў казарму.

    Проста супроць дзьверы вялікая печка пліта, на якой панастаўляны чайнікі і рондалі. Ад пліты падымаўся чад і пара; пара пробавала была прайсьці над страху над плітой, але не магла ўмясьціцца і разыходзілася туманам па казарме. Направа і налева ад пліты вялікія памяшканьні, дзе з абодвух бакоў ішлі палаці. У левай палове некаторыя нары былі адгароджаны дошкамі і фіранкамі, нібы пакойчыкі.

    — Ну, хадзіце сюды. — запрасіў Мікешка гасьцей направа, дзе былі толькі нары, — тая палова сямейная, а я на нежанатай.

    Яны ўселіся на нары. Бацька і сын зьнялі свае торбы і вопратку.

    Петрык зьдзіўлена аглядаў памяшканьне. Ён зусім ня быў сьпешчаны жыльлём у сваёй Кузьняцоўцы, але і ён быў азадачаны выглядам гэтага памяшканьня.

    — Вось дык пакой! — ускрыкнуў ён. — У нас у зімоўцы лепей!

    — Гэта, хлопча, ты правільна! Пакой тут ня надта, Дух у ім цяжкі. А ўзімку і холад дзьме. Але ж на заработак прыйшлі, сяк-так перакідаемся — адказаў Мікешка, падрыхтоўваючы пачастунак.

    Ён адсунуў пасьцель, паставіў міску з гарачай капустай, нарэзаў хлеба і паставіў паўбутэлькі гарэлкі.

    — Ну, госьці дарагія, давайце з дарогі падзакусім, — прапанаваў ён.

    Бацька з Мікешкай выпілі, і ўсе ўзяліся за страву. Хутка міска апусьцела. Мікешка прынёс гарбаты і паперку з кавалкамі цукру. Пачалі піць гарбату. Пілі доўга, не сьпяшаючыся. Спацелі.

    — Ты, Петрык, чаго цукар жарэш? — таргануў Петрыка татка.

     — Хай есьць. Яму ў ахвотку. — устрымаў Мікешка і падаў яму вялікі кавалак.

    — Што тут за людзі?! — раптам пачуўся над імі голас.

    Усе ўскочылі. Перад імі стаяў пан і злосным вокам аглядаў бацьку і сына.

    Мікешка лісьліва ўсьміхаўся.

    — Выбачайце, пан станавы. Сваячкі з вёскі на заработак. Проста з дарогі. Хачу пакарміць ды да вашай міласьці.

    — Ну, што ж, —лагодна згадзіўся станавы. — Мужык, здаецца, дужы. Дый хлопцу справу знойдзем. А пашпарты есьць? У парадку?

    — Як жа ж, калі ласка, — замітусіўся бацька і палез быў за пазуху.

    — Добра! — махнуў рукой станавы, — выходзьце заўтра на разьмеркаваньне. А месца і тут знойдзецца.

    — Прыладзімся.

                                                                             * * *

    Было яшчэ цёмна, калі за акном задзінькаў званок. У казарме заварушыліся. Усе паўскоквалі з нараў і хутка адзяваліся.

    — На разьмеркаваньне!

    Усталі і Кузьняцовы. Хутка адзеліся і пайшлі за ўсімі. Каля сьвірну з калёсамі рабочыя сталі ў дзьве шарэнгі.

    Надворны камандаваў:

    — Шахтавыя, па мясцох!

    Частка рабочых узяла ў сьвірне свае прылады і пайшла.

    Надворны пачаў разьмяркоўваць на іншую работу.

    — Ну, а вас куды? — спыніўся ён перад Кузьняцовымі. — Ты мужык дужы, ідзі ў забой. А ты, хлапец, каня запрагаць умееш? — зьвярнуўся ён да Петрыка.

    Той матнуў галавой.

    — Добра! Валяй да таратайкі.

                                                                  VIII. ДАЎГІЯ РУБЛІ

    Паставілі Петрыка да таратайкі.

    — «Лёгкая справа — на кані езьдзіць!” — падумаў Петрык, узьлез на сьпіну каня і стаў побач з таратайшчыкамі, якія шпарка наехалі да гурбаў зямлі.

    — Гэта што ж такое? Зямлю вазіць? — спытаўся Петрык, пад’ехаўшы да капца пяску, выкінутага з шахт за зіму.

    — Гэта, хлопец, не зямля, а пясок з шахт... золата, — адказаў адзін з рабочых, што насыпалі пясок у таратайкі.

    — Маніш. Хіба гэта золата?—сказаў Петрык.

    — Гані! Гані! Чаго валаводзісься! — накінуўся на яго нейкі службовец, што круціўся побач. — Поўная пасудзіна і гані! Няма чаго тут зубы загаворваць. Табе за работу грошы плацяць... — і пры гэтым сказануў нешта такое, ад чаго Петрык зачырванеўся.

    — Но, ты! — ускрыкнуў Петрык і заторгаў каня лейцамі.

    — Гані! гані! — крычалі ззаду таратайшчыкі, і Петрык пагнаў свайго каня ўсьлед за пярэднімі.

    Поўныя тарагайкі падвозілі да нейкага будынку з бярвеньняў, на які Петрык зьвярнуў увагу, калі яны яшчэ ішлі сюды. У будынку нешта грукатала, пыхкала, сьвістала.

    Не без страху ўзьехаў Петрык усьлед за другімі па шырокім памосьце на самы дах гэтага будынку. Памост і дах дрыгаў над нагамі. Але наперадзе спакойна ехалі такія самыя таратайшчыкі, — чаго ж яму баяцца?

 

 

    Таратайшчыкі над’яжджалі да нейкай студні пасярэдзіне даху. спрытна перакульвалі туды таратайкі з пяском і ад’яжджалі.

    Пад’ехаў і Петрык. Двое рабочых адчапілі з аднаго боку таратайку, пхнулі яе ўбок, і таратайка высыпала увесь свой груз у дзіру. Пясок і каменьні зашуршэлі, загрукалі некуды ўніз, дзе збоку праз шчыліну відаць нейкая махіна, якая шпарка круцілася і трэсла ўвесь будынак.

    Петрык ад зьдзіўленьня аж рог разявіў.

    — Гэта што за штука? — спытаў ён рабочых.

    — Гані! Гані!

    — Чаго там, чорт, захраснуў?!

    Глядзі, шворан у рог заедзе! — пачуліся ззаду галасы таратайшчыкаў.

    — Я цябе!.. — выскачыў збоку нарадчык і замахнуўся на Петрыка. Але конь, прыняўшы гэтую пагрозу на свой кошт, таргануў на перад і выратаваў Петрыка ад удару.

    Да абеду Петрык. ня злазячы з каня, тросься на жорскім драўляным сядзеньні, насіўся ад насыпу да прамывальнай машыны і назад.

 

 

    Спачатку работа была для яго нават прыемнай: ён торгаў коніка. пазіраў на ўсе бакі, дзівіўся на ўсю незвычайную для яго работу і машыны; нават нішто яму было, калі атрымаў за гэта аплявуху.

    Ахвотна набег на работу і пасьля абеду.

    Але пад вечар ён так зьбіў сабе зад, што ледзь зьлез па зямлю.

    Ужо позна ўвечары вярнуўся ён у казармы.

    Ні таткі, ні Мікешкі ня было дома.

    Петрык выцягнуў з-пад пасьцелі кавалак хлеба. што застаўся ад абеду, лёг на нары і пачаў грызьці, разважаючы аб мінулым дні. “Гэта, значыцца, машына, што прамывае пяскі”, — успомніў ён будынак, на які ўвесь дзень вазіў пясок. Але ён быў так змораны. што заснуў раней, чымся пасьпеў зьесьці свой хлеб.

    Але хутка яго раскатурхалі.

    — Петрык, а Петрык, уставай, пад’еш! — штурхаў яго бацька.

    — Павячэрай, хлопча! А то зьвядзесься, ня еўшы, —угаворваў і Мікешка.

    Петрык, нарэшце, прачнуўся і падсеў да міскі.

    — Што, татка, рабіў? — спытаў Петрык за вячэрай.

    — Пясок залаты капаў.

     — А я вазіў яго.

    — Ну ? А золата бачыў?

    — Не.

    — І я, сынку, ня бачыў, — усьміхнуўся бацька. — Увесь дзень, не разгінаючыся, капаў, а золата ня баачыў.

    — Хо-хо! — засьмяяўся Мікешка — Пачакайце, убачыце. Думаеце, золата, як каменьне, у пяску валяецца? Вось яно якое!

    І Мікешка выцягнуў з-за пазухі маленькі капшучок. Ён асьцярожна разьвязаў шнурок і паказаў гасьцям жменьку цьмянага жоўтага пяску,

   — Дык вось яно золата якое! — з расчараваньнем прамовіў Петрык. — Я думаў, яно кавалкам.

— Здараецца і кавалкам. Гэта — самародкі. Ну, тыя радзей трапляюцца.

    — А трапляюцца? — запытаўся Радзівон.

    — Здараецца. Я надоечы залатнікі са тры знайшоў (каля 13 грам). Сяк-так павячэралі і паляглі спаць.

    Пад раніцу Петрык бачыў у сьне, нібы ён катаецца на кані па залатых снапох на гумне. Ногі каня мякка гупаюць па саломе. Золата дажджом ляціць навакол. Толькі вось конь надта цьвёрды, да болю цісьне седала...

    Дзінь... дзінь... дзінь... — задрынкала за акном і ўпарта, непрыемна палезла ў вушы.

    — На разьмеркаваньне!

    І так пайшло дзень за днём. З нараў на разьмеркаваньне, з разьмеркаваньня на каня, з каня на нары, абед. вячэра і зноў спачатку.

    Дні праз чатыры Петрык ужо хадзіў дугой, бо яму надта зьбіла зад. Ён скардзіўся бацьку, енчыў уначы.

    — Нічога, прызвычаісься, пройдзе, — супакойваў змораны бацька, — памятаеш, лес вазілі, калі карбазы будавалі? Таксама балела спачатку... прайшло...

    — Тады трошкі... — кныхаў Петрык.

    — Ну, а цяпер трохі болей... Патроху прызвычаесься, яно і пройдзе. Яно заўсёды так. Спачатку толькі цяжка. Вось нядзеля прыйдзе — адпачнеш.

    — Не, — накруціў галавой Мікешка, — адпачынак на тым тыдні. Дзьве нядзелі на месяц усяго.

    Гэтак паспрабаваў Петрык асалоду доўгіх рублёў. Праз два тыдні Петрык з таткам стаялі ля канторы.

    — Кузьняцоў, Радзівон!

    — Ёсьць!

    — За дванаццаць дзён?

    — Але.

    — Трынаццаць семдзесят пяць? Здаецца так, нам відней.

    — Набраў на складзе на дзевяць рублёў дзевяноста пяць капеек.

    — Ой, надта многа!

    — Як? Хлеб браў?

    — Браў.

    — Мяса браў?

    — Браў.

    — Соль і іншае?

    — Было.

    — Ну, а цукар, гарбату?

    — Вось табе і капуста з мясам ды гарбата з цукрам! — уздыхнуў Радзівон.

    — Рэшту на рукі?

    — Не, перавядзі ў вёску.

    — Колькі? Ды рублёў з дзесяць.

    — Дзе ж я табе вазьму? У цябе тут усяго засталося чатыры рублі з капейкамі.

    — А вось хлопцавыя?

   — Ну, добра! Перавяду, а чаго ня хопіць, запішу на наступны раз.

    — Дзякую!

    Радзівон задумаўся, адыходзячы ад акна канторы.

    — Чуў, Петрык?

    — Чуў.

    — Вось табе — доўгія рублі.

    — Ня сумуй, Радзівон, паправісься, — усьцяшаў Мікешка. — Дарма толькі адразу шмат грошай дадому паслаў. Ну, няць рублёў хапіла б. Трэба і на руках мець. Вось гаспадыні, што гатуюць, трэба даць. Хлопцу што-небудзь купіць. Ну, да наступнага разу пазычу табе.

    У нядзелю Радзівон з Петрыкам селі на кручы бурлівай рачулкі і марылі:

    — Дома, мусіць, коржыкі пякуць, — сказаў Петрык.

    — Маці, мусіць, Рудую падаіла. А Петраван сена скаціне даў. Але ж дух... А?

    — А ячмень, мусіць, у трубку пайшоў.

    — Чаго ў трубку... мусіць каласіцца ўжо.

    — Дзе там каласіцца, рана яшчэ.

    — Вунь як парыць.

    — Ці парыць, ці смажыць, а час усё ж такі патрэбны.

    Удзень пахадзілі па пасёлку, паглядзелі на слупы, на якіх цягнуць пясок з шахты, на прамывальныя машыны, і загадзя паляглі спаць.

    — Адпачыць трэба. А то ж зноў на два тыдні запрагуць.

    А навакол заліваўся гармонік. Грубыя галасы заўзята сьпявалі:

                                                         Ты, Падгорна, ты Падгорна,

                                                               ты, Падгорна вуліца.

    Цяжкія боты бухавалі ў падлогу, каб трапіць у такт “брычаццы”:

                                                         Ой, брычачка, зеляненькая,

                                                         мая маладосьць сіва-прыгажэнькая...

    Верашчала нейкая маладзіца.

    Усяго толькі на два дні адпачынку хапіла ў Радзівона Кузьняцова разважнасьці. А перад трэцім днём ён быў узяў на рукі добрую палову грошай і таксама закруціў.

                                                         І эх... узыграй гармонік мілы,

                                                         Распацеш мы малайца! —

    Зароў ён у абед, матаючы кудлатай хмельнаю галавою.

    — Надрызгаўся! — з дакорам сказаў Петрык і пабег за казарму зацягнуцца недакуркам махоркі, што падняў з зямлі.

    Петрык таксама паспрабаваў асалоду тайговага жыцьця: навучыўся курыць, падтрымліваў часам бацьку і ў выпіўцы — “ад стомы», “дзеля здароўя».

    — Эх, родныя мае! — скардзіўся Радзівон у паветра. — Ды як жа ж нашаму брату, рабочаму чалавеку, і ня выпіць ад зморанасьці. Ня жыцьцё, а катарга. Вось толькі б вырвацца адсюль, нізавошта сюды не вярнуся...

    Радзівон даўно ўжо пільна прыглядаўся да пяску, што адбіваў у шахце ў вечна мёрзлай зямлі, якая крыху адагравалася агнём уночы. Ці ня блісьне? Ці ня выпадзе самародак? Эх!..

    Цьмянае асьвятленьне сьвечкай, бязупынны нагляд служкі.

    Дзе ўжо тут...

    За тры месяцы падземнай работы Радзівон стаў вядомы, як надзейны рабочы. І яго пачалі кідаць аднаго ў забоі.

    Шчасьце прыйшло да Радзівона. Самародак з арэх бліснуў сярод зямлі. Радзівон азірнуўся. Навакол нікога. Бордзьдзенька схапіў самародак і сунуў у сваю парваную шапку. Тут спакайней...

    Ледзь дачакаўся канца. Вылез напаверх. Каля выйсьця наглядальнікі абмацалі штаны, вывернулі кішэні, нават вытрасьлі пясок з ботаў і ануч.

    Прапусьцілі.

    І Радзівон зараз жа з шахты пайшоў да мясцовага скупшчыка.

    Праз паўгадзіны ён ужо ведаў цану сваёй знаходкі.

    — Пяцьдзесят сем рублёў! Ну, чорт цябе бяры, дадам траячку — заграбай шэсьць дзесятак.

    Дрыжачымі рукамі сабраў Радзівон грошы і пайшоў да хаты.

    Але ледзь толькі ён увайшоў у браму, як да яго падышоў стражнік і павалок у казацкую. Зноў перашукалі.

    — Дзе ўзяў грошы?

    — Пазычыў.

    — Круці... Кажы, колькі прадаў?

    — Далібог... Што вы, браточкі...

    Тры месяцы прасядзеў Радзівон у халоднай за продаж над’ёмнага золата. Ужо і зіма прыйшла. Віцім і Лена даўно сталі, скаваныя лёдам. Вяртацца да дому ў родную Кузьняцоўку было нельга. Трэба было заставацца зімаваць у тайзе.

    Петрыка перавялі на другую капальню. Ён ужо ганяў коней у вагонках, адвозячы пяскі з шахты ў кучы.

    Адпачыў Радзівон пасьля адсідкі дні тры ў сына і зноў палез пад зямлю ў шахту на другой капальні, кілямэтраў за пяць ад сына.

                                                     IХ. ЛЕНСКІЯ РАБЫ БУНТУЮЦЬ

    — Хачу — з кашай зьем, хачу — масла з цябе саб’ю! — адказаў падрадчык, калі Петрык пачаў прасіцца, каб і бацьку перавялі на Андрэеўскую капалью, дзе працаваў Петрык.

 

  

 

    — Мне ўсё роўна, дзе вы абодва будзіце працаваць! – зьдзекаваўся падрадчык.— А вось не хачу — і ўсе. І не чапляйся да мяне.

    Петрык разумеў усю несправядлівасьць падрадчыка і гэтая несправядлівасьць злавала яго.

    “Вось, чорт, якую ўладу забраў над намі! Пачакай!.. Вось я табе задам!” — думаў Петрык, ідучы ад падрадніка.

    Праўда, Петрык пагражаў, сам ня ведаючы, што ён можа зрабіць з гэтым магутным падрадчыкам.

    Але Петрык бачыў, што навакол расьце незадаволеньне рабочых.

    Калі ўначы сьцішалася ў казарме, ён чуў скаргі рабочых.

    — Ну, і жыцьцё! — уздыхаў забойшчык, лежачы на нарах.

    — Ня жыцьцё, а сьвята! — кпіў сусед па нарах і забою. —Дзень і ноч — суткі прэч. Табе на харч, а ленцам усе барышы.

    — Харч, каб іх разадрала! Надоечы саланіну далі — у рот ня возьмеш...

    — За духі, бач, асобна плацяць. А табе іх дарма з саланінай даюць.

    — Дарма! Даражэй за сьвежыну гэтую падлу лічаць. Пачакай... дабяромся мы да іх! Нядаўна на Кулебраніку хлопцы разышліся — нагналі на іх жаху. Станавога ў студню спусьцілі, падрадчыка ў печку кінулі. Кантору ўшчэнт разьнесьлі.

    — А ты што думаеш? І нашы дачакаюцца. Цярпіць, цярпіць народ, дый пакіне цярпець.

                                                                             * * *

    Петрык вярнуўся з работы позна, вельмі змораны. Пясок везьці трэба было досыць далёка. Рэйкі прыладжаны дрэнна, абы як. Разы са два вагонкі саскоквалі з рэек, і Петрыку вельмі цяжка было паставіць іх на месца. А тут яшчэ конь заблытаўся ў пастромках і моцна ўдарыў Петрыка ў нагу, калі ён разблытваў яго.

    Дый на бацьку знудзіўся, ужо тыдні тры, як ня бачыліся.

    Скінуў боты, хутка памыўся і пайшоў на сямейную палову, дзе была яго “маці” [* На капальнях сямейныя бралі да сябе адзінокіх сталаўнікоў, якія звалі гаспадыню “маткай”, а яна іх — „сынамі.] Матруна Быкава. Выкаў і яшчэ два “сынкі” ўжо сядзелі на нарах вакол маленькага стала і чакалі вячэры.

    — Нешта, хлопцы, мяса сёньня нейкае дзіўнае! —  сказала Матруна, паставіўшы на стол вялікую міску з гарачай капустай.

    — А што?

    — Ды колькі яе не гатуй, усё жылаватае... і шум...

    — I дух штосьці нядобры.

    — Іго-го! — пырснуў адзін з сынкоў.

    — Чаго добрага...

    Адведалі — кіслым потам пахне і есьці, ня гледзячы на голад, было нельга.

    — Чаго ж ты бярэш? — накінуўся Быкаў на жонку. — Вылічваюць як за добрае, а ты ўсялякую падлу бярэш? Жэрці ж трэба? Толькі хі-хі ды ха-ха.

    — Ідзі пагавары сам з імі — агрызнулася Матруна. — Яны там, нібы сабаку, кінуць табе, што трапіць, чыркнуць у кніжку і ідзі. Слова поперак не скажы. А то і гэта назад адбяруць.

    Галодныя хлопцы бурчэлі:

    — Ня інакш, як іго-го.

    — Вядома, каніна.

    — А ну, Матруна, цягні сюды мяса, мы паглядзім. Не гатаванае лепш распазнаць.

    — Гэй, Ахмэтка, гайда сюды! Ты па гэтай справе мастак.

    Матруна прынесла з сенцаў скрутак з мясам.

    Быкаў з сынкамі і яшчэ некаторыя з казармы схіліліся над нарай, дзе Матруна разгортвала мяса. Падышоў і Ахмэтка.

    Мяса было жылаватае і сіняе.

    Ахмэт узяў і панюхаў.

    — Конь! — сказаў ён.

    — Іго-го! — заіржаў адзін з сынкоў.

    Раптам Быкаў страпянуўся і асьцярожна выцягнуў пальцамі доўгі і круглы кавалак мяса.

    — А гэта што? — ускрыкнуў ён.

    Ахмэт зірнуў на гэты кавалак, замяшаўся і прамовіў:

    — Дрэннае мяса... дрэннае. Нельга есьці.

    — Хлопцы! — дзіка закрычаў Быкаў. — Гляньце, чым кормяць! Мала, што каніна. А яшчэ з каніны тое, чаго і татары ня ядуць.

    Казарма заварушылася і абступіла Быкава, які трымаў высока над галавой кавалак мяса вельмі выразнага паходжаньня.

    Раптам Быкаў зьбялеўся, пахіснуўся, кавалак каніны вываліўся з рук, і яго пачало тузаць ванітаваньне.

    Мяса падхапіў Петрык, насадзіў яго на доўгую лучыну і выбег з казармы.

    Праз хвіліну Петрык ужо быў у суседняй казарме. Высока падняўшы лучыну з кавалкам мяса, ён звонкім голасам крычаў:

    — Людцы! Гляньце чым нас кормяць! Татарын Ахмэтка кажа, што гэта такая частка цела, якую яны не ядуць.

    Праз некалькі хвілін Петрык абег усе казармы Андрэеўскай капальні.

    Капальня загула, нібы ўстрывожаны вулей. Ня гледзячы на позьні час, у казармах ня спалі і з абурэньнем абгаворвалі здарэньне:

    — Вось да чаго дайшлі!

    — Даўно я заўважыў, што гэта — каніна.

    — Каніна, што каніна, але частка якая?

    У некаторых таксама пачалося ванітаваньне.

    У казармы зьявіўся станавы.

    — Што за буза?! — грозна крыкнуў ён.

    — А вось што! Гэта што такое? — атачылі яго.

    — Ну, што? Бачыш — мяса.

    — Мяса? А якое мяса?

    — Якое? А чорт яго душу ведае — якое! Можа бык, а можа карова, — трымаў фасон станавы.

    — А можа іго-го?

    — Каніна гэта!

    — А ты адкуль ведаеш? — узьеўся станавы.

    — Вось адкуль. Гэта што?

    І станавому паднесьлі лучыну з кавалкам. Станавы паглядзеў, зьняў кавалак і пачаў крычаць:

    — Мяса, як мяса! Чаго раздурыліся? Глядзіце вы ў мяне! Спаць і больш ніякіх...

    Рабочыя спакойна, але выразьліва паглядзелі на станавога.

    — Спаць? Гэта правільна. Спаць ужо час класьціся. Хадзем, хлопцы, спаць. А заўтра мы на работу ня пойдзем. Баста!

    Станавы куляй вылецеў з казармы. На другі дзень Андрэеўская капальня забаставала. Як толькі выявілася становішча на Андрэеўскай капальні. Петрык пусьціўся да бацькі на Ільлінскую. Радзівон ужо быў пад зямлёй.

    Але жвавы Петрык распытаўся, у якой ён шахце, і непрыкметна прабраўся ў яе.

    Шукаючы там бацьку, Петрык разносіў вестку пра забастоўку на Андрэеўскай капальні.

    — А ты, хлопча, ня маніш? — дапытваліся навакол забойшчыкі.

    — Чаго маніць? — скрыўдзіўся Петрык. — Хай павылазяць мае вочы, калі маню! Чаго я бегаў бы, каб працавалі? Я сам на рабоце.

    Вестка аб забастоўцы, нібы іскра ў парахавы склеп, трапіла на гэтую капальню.

    — Хлопцы! — крыкнуў адзін з забойшчыкаў. — Трэба і нам далучыцца. А нас ці лепш кормяць? А парадкі якія? плацяць колькі? Хлопцы! Бастуй! Валяй наверх!

    І ўсе рабочыя рынуліся з шахты. У незвычайны час павыходзілі падземныя рабы наверх, на лютаўскае сонца.

    — Кідай работу! Бастуй, хлопцы! — пачулася і наверсе. І работа наверсе спынілася. Рабочыя разышліся па сваіх казармах.

    Петрык нібы імяніньнік, сядзеў госьцем ў бацькі і расказваў навакольным рабочым, як учора на Андрэеўскай капальні выявілі каніну, як зраньня забаставала Андрэеўская капальня, а таксама і ўсе капальні Васільлеўскага кіраўніцтва.

    Забастоўка хутка пакацілася па ўсей Віцімска-Алёкмінскай тайзе. Капальня за капальняй спынялі работу. І праз некаторы час забаставала ўся тайга.

    Дамаганьні палепшыць мяса і звольніць падрадчыка якія былі высунуты Андрэеўскай капальняй, дапаўняліся дамаганьнямі іных капальняў.

    Зьявілася патрэба ўзгодніць гэтыя вымаганьні, скласьці агульныя. Абралі дэлегатаў. Склаўся дэлегацкі сход.

    Абралі забастовачны камітэт.

 

    Кожны пункт на патрабаваньняў кожнай капальні дакладна абгаворваўся ў камітэце, выносіўся на дэлегацкі сход, а дэлегаты ставілі на абгаварэньне агульнага сходу рабочых на капальнях.

   Адміністрацыя замітусілася. У Іркуцк, у Піцер паляцелі тэлеграмы.

    Пачаліся пагрозы.

    Але рабочыя, як адзін, стаялі за свае патрабаваньні.

    Нейкі урачысты настрой ахапіў рабочых. Нават гульлівыя тайговыя хуліганы зьмянілі свае паводзіны.

    Згодна пастановы рабочых усе манаполькі пазачынялі.

    — Хлопцы! А корчмы? Гэта ня дзела — манапольку на замок, а корчмы на развод!

    — Правільна! К чорту корчмы!

    Вымагайце ад камітэту, каб паслаў упаўнаважаных зьнішчыць па казармах усе запасы!

    Пад вечар упаўнаважаныя хадзілі на казармах.

    — Бабы! У каго ёсьць гарэлка? Давайце дабром. Нягожа з гарэлкай баставаць.

    — Наце, родненькія, вось яна, праклятая! Хоць у часе забастоўкі мужыкі цьвярозыя будуць.

    Бутэлькі, паўбутэлькі выносіліся на двор і тут жа, ля памыйнай ямы, разьбіваліся ў шчэнт.

    — Эх, навошта ж дабро псаваць? — сумаваў п’яніца Фрол Нагольны. — Выпілі б — і ўсё. А то дарма...

    — Цябе б, злыбядню, даць? Ты выкарыстаеш? Ідзі да паноў, пакруці языком — паднясуць!

    Нагольны хмыкнуў і шмыгнуў у натоўп!

    — Таварыш дэпутат! — праціснуўся наперад Петрык. — А цётка Дар’я ня ўсю гарэлку аддала. У яе ў скрыні яшчэ схавана.

    Дэпутаты вярнуліся ў казармы.

     — Дар’я! У цябе, кажуць, яшчэ гарэлка ёсьць?

    — Ой, што вы, родненькія? Усю аддала!

    — А ну, паказвай скрыню!

    — Ды наце, родненькія. Ды што ж вы? Вось глядзіце.

    Дар’я выцягнула скрынку з-пад нараў, адчыніла. Там, апрача рознага рызьзя, нічога ня было.

    — А тут? — пхнуў нагой Петрык вялікі куфар, пакрыты посьцілкай.

    — Чаго тут? — бліснула вачыма Дар’я. — Чаго тут круцісься? Ці сьцягнуць што хочаш? Бацька золата краў, а ты што — у скрыні цэліш?

    — Чаго, Дар’я, дарма плявузгаць? — сказаў дэпутат. — Хлопец да рэчы кажа. Адчыняй куфар!

    — І што ж гэта за парадкі такія — у чэсных людзей вобыскі рабіць? Няма там нічога! Усё мае. Не адчыню!

    — Ня енчы, сука! — вызьверыўся муж Дар’і. — Адчыні дабром, а то сьценку выб’ю!

    Дар’я заскуголіла на ўсю казарму.

    — Ой, каты вы гэткія! І чаго прычапіліся? Ну, схавала паўбутэлечкі, каб зубы калі палячыць!

    Але ў куфры знайшлося не паўбутэлечкі, а цэлых дзьве чвэрці вядра!

    — Ого-го! Здорава ў Дар’і зубы разбалеліся! — рагатала казарма.

                                                       Х. ПА ЗАКОНУ... ТРРРАХ!..

    Дружна трымаліся забастоўшчыкі.

    Але не драмала і адміністрацыя.

    З Бадайбо на капальні была перакінута канвойная каманда.

    Хутка прыйшла цэлая рота салдат з Кірэнску з жандарскім ротмістрам Трашчэнкавым на чале.

    Па начох на чыгунцы пачаліся таемныя перасоўваньні салдат.

    У вадну з такіх начэй салдаты напалі на сонныя казармы арыштавалі забастовачны камітэт і некаторых дэлегатаў і адвезьлі ў Бадайбінскую турму.

    Рабочыя захваляваліся, нібы ўстрывожаны вулей.

    — Трэба старацца, каб вызваліць.

    — Вядома, трэба.

    — А куды пойдзеш? Усюды ўлада ленцаў.

    Рабочыя зьбянтэжана тупаліся на сходзе, ня ведаючы, з чаго пачаць.

    — Хлопцы! — раздаўся звонкі голас Петрыка, які прыляцеў на сход. — Гайда ва Ўсьпенскую! Акруговы прыехаў! Тульчынскі! Загадаў да яго ісьці. Я, кажа, усё ўладжу! Я, кажа, усё магу. Бач, у Піцеры быў...

    Рабочыя Андрэеўскай і суседніх капальняў гуртам рушылі на Усьпенскую капальню, да канторы акруговага інспэктара.

    Хутка сабраўся вялікі натоўп.

    На ганак выйшаў ладны пажылы інжынэр — Тульчынскі.

    — Хлопцы! — зьвярнуўся ён да рабочых. — Я толькі што вярнуўся з водпуску. Быў у Піцеры, у Іркуцку. З вашай справай я ўжо азнаёміўся. Што па закону — усё будзе зроблена. Станавіцеся на работу.

    — Не, на работу ня пойдзем.

    — Выканай!

    — Хлапцоў аслабані!

    — Працаваць на тых самых умовах ня будзем!

    — Чаму заарыштавалі?

    — Не... не!.. Загулі ў натоўпе.

    — Хлопцы! — закрычаў Тульчынскі. — Трэба ўсё па закону.

    — Напішыце заявы і ідзіце да пракурора. І я там буду. Мы там усё разьбяром. Ваша справа правільная — будзе па-вашаму.

    — Правільна!

    — Вядома, правільная!

    — Ці ж мы дарма...

    Захваляваўся, узрадаваўся народ, бачачы, што акруговы інспэктар ім спагадвае.

    — Гайда, хлопцы, да пракурора!

    — Пішы запіскі...

    Рабочыя разышліся па казармах. каб заўтра раніцою пайсьці разам на Надзеждзінскую капальню, да пракурора.

                                                                               * * *

    Было 4 красавіка 1912 году. Сонца выйшла з-за гальцоў і яскравілася на сьнезе ў даліне рэчкі Бадайбо. Яно ўжо прыгравала па-вясноваму. Сям-там зьявіліся прагаліны. Са стрэх спусьціліся бліскучыя ледзяшы. Дарогі парудзелі.

    Петрык быў рады і веснавому сонейку і цяплу ад яго праменьняў. Ён, убраны па-сьвяточнаму, нёсься. бы маладое жарабя, на Ільлінскую капальню, да бацька. Па дарозе ён абмінаў забастоўшчыкаў, якія доўгай чарадой ішлі на Надзеждзінскую капальню, да пракурора.

    Ад раніцы з розных капальняў пацягнуліся забастоўшчыкі з “ярлыкамі” — пісанымі заявамі пракурору. Доўгай чарадой выцягнулася працэсія. Галава яе падышла ўжо да Громаўскай станцыі, а хвасты губляліся яшчэ на Андрэеўскай і іншых капальнях.

    Петрык сьвіснуў і кінуўся ўбок з дарогі, у бацькаву казарму.

    Але бацькі ў казарме ўжо ня было.

    — Пайшоў з “квіткамі” наконт забастоўкі, — растлумачыла Лукер’я Чумазава, у якой харчаваўся татка.


 

    Петрык выскачыў з казармы і пабег па чыгунцы. Яму відаць была чарада рабочых, што цягнулася на Надзеждзінскую капальню.

    Вунь цягнуцца з Васільлеўскага кіраўніцтва, вунь з Аляксандраўскага. Ідуць, сьпяшаюцца.

    Далучыўся да працэсіі і Петрык.

    — Цяпер, значыцца, здадзім ярлыкі пракурору, — тлумачыў адзін з рабочых. — Ну, там разгледзяць... разьбяруцца што да чаго... ну, і, вядома...

    — Вядомая справа: па закону.

    — Калі б мы што такое, дарма, а то мы свае правы...

    — І не абы як, а па закону.

    Здалёк зайграў ражок.

    — Бач, дудуць.

    — Гэта дзеля чаго? зьдзівіўся Петрык.

    — Ну, знак даюць. Зьбірайся, значыцца, народ. Бач, як расьцягнуліся.

    — Пасьпяшайся, хлопцы! Ня надта чакаць будуць.

    — Ды вось чамусьці наперадзе згрудзіліся.

    — Эй, праходзь! Чаго там сталі? Чуеш, другі раз дадуць. Пасьпяшайся!

    — Вядомая справа. Калі, значыцца, на закону...

    Трах! Трах! Тра-та-та-та-тах! — пачуліся нейкія невядомыя сухія гукі наперадзе.

    Трах-та-та- тах! Трах! Тррррааах!.. — раздаваліся наперадзе залпы.

    — Маці родная!..

    — Што ж гэта такое?..

    — Няўжо ж страляюць?..

     — Перахрысьціся! Што надумаўся? Навошта страляць? Па закону...

    Трах! Трах! Трррааах! — ужо выразна чулася страляніна.

    Раптам засьвісьцелі кулі. Працэсія ўздрыганулася і рынулася назад і ва ўсе бакі.

    — Татка! — крыкнуў Петрык не сваім голасам. і кінуўся наперад, туды, дзе трашчалі стрэлы, і адкуль бег народ.

    — Татка! Родненькі!

    — Куды ты, пацан? — крыкнуў яму сустрэчны, які бег назад без шапкі, з разьюшаным тварам.

    — Хлопцы!.. Бяда!.. Страляюць!..

    Усе пабеглі. Кулі шпокалі па складзеных збоку бярвеньнях, траплялі ў тых, хто ўцякаў і хто хаваўся.

    Па-за бярвеньнямі, праз пералесак, прабіраліся назад рабочыя, якім пашанцавала выратавацца ад кулі.

    — Я ж кажу — па закону... — мармытаў адзін з іх, трасучыся, бы ў трасцы. — Усё па закону... чуеш... — па закону...

    — А яны — трах! — плакаў Петрык, падскокваючы побач.

    — А як жа ж татка? — зноў ускрыкнуў Петрык. — Дзядзька! Татка там?

    — Дзе там? Дзе цяпер знойдзеш? Гайда дадому, знойдзецца.

    Але Петрык не пайшоў далей. Ён прысеў ля пянька і зароў.

                                                                         * * *

    Ужо сонца схілілася на захад, калі Петрык выглянуў са свайго прытулку і накіраваўся да Надзеждзінскай капальні, куды з плачам беглі бабы і дзеці.

 

 

    Ля ледніка кучамі ляжалі нейкія людзі і між іх сьвежае мяса... Вакол кроў... і людзі ў крыві.

    — Ды гэта ж ня мяса... Гэта ж людзі... тыя, што расстраляны.

    Вунь відаць знаёмая ватоўка. Петрык проста па людзёх рынуўся да яе.

    Радзівон Кузьняцоў ляжаў на сьпіне, падсунуўшы пад сябе рукі. Вочы былі сплюшчаны, а з роту цёк тоненькі цурок крыві.

— Татка!.. Вой, татка! — ускрыкнуў Петрык і паваліўся на родныя застылыя грудзі.

    — Эй, чаго тут, шчанё. заскавытаў? А ну — ідзі прэч! — раздаўся грубы голас, і жорсткая рука стражніка ўхапіла Петрыка за плячо і выпхнула прэч.

    Петрык, заліўшыся сьлязьмі, пайшоў на сваю капальню.

                                                               XI. НА РАЗДАРОЖЖЫ

    Петрык вярнуўся у казарму.

    Усе былі дома. Але ўсе схаваліся па сваіх кутох. Усе былі прыгнечаны мінулымі надзеямі.

    Пстрык зашыўся ў свой кут і ўсхліпваў.

    — Ты чаго, Петрык? — ціха запытаўся яго Мікешка, перавязваючы лёгкую драпіну на плячы. — Ці паранілі?

    — Не, мяне не кранулі... я ў сярэдзіне быў.

    — Дык чаго ж кісьнеш?

    — Татку... забілі...

    — Во?.. Вось табе і раз! Ды ты адкуль ведаеш? Можа дарма?

    — Чаго дарма? Сам бачыў... Каля ледніка ў кучы ляжыць.

    — Эх, хлопча! Ды як жа ж ты кінуў яго? Можа жывы? Толькі паранілі?

    — Дзе там жывы! — усхліпнуў Петрык. — Халодны ўжо. Я быў, не адыходзіў. Ды дух наваліўся і выштурхнуў.

    — Але, духі паднялі галаву. Цяпер яны аджылі. Цяпер ня толькі камітэт, але і іншых лавіць будуць.

    — А як жа ж я... — закныхаў Петрык, — бяз таткі буду?

    — Нічога, — суцяшаў Мікешка. — Ты хлопец ужо вялікі. Вось увесну выбярэмся ў жылыя месцы. Паплывем у Кузьняцоўку. Ну яе да чорту, тайгу гэтую самую.

    Гутарку перарваў віск, які напоўніў усю казарму.

    — Вой-ооой! Бацька ты наш! Дзетухны вы мае мілыя! Забілі ворагі лютыя вашага татку-кармільца! — галасіла Марыя Людзіна, прыбегшы з месца расстрэлу. Дзеці пачалі раўці.

    Сьледам за Марыляй прыбегла Аксіньня, жонка забойшчыка Дарогіна. Пераступіўшы парог, яна агледзела непрытомным поглядам казарму, убачыла сьціхлых мужыкоў і закрычала:

    — Сядзіце?.. Жывыя?.. Схаваліся?.. Ах вы, праклятыя!.. Уцалелі?.. А дзе ж мой Парфен... Парфе-ен?

    I Аксіньня павалілася на падлогу і пачала кідацца з нечалавечым крыкам.

    У казарму прыбягалі, ці ўваходзілі ціхенька другія жанчыны, якія знайшлі каля ледніка сваіх мужоў, сыноў, братоў.

    Ціхая, прысьмірэлая казарма абярнулася ў нейкае пекла.

    У гэтым пекле Петрык ужо ня ўсхліпваў, а роў ва ўсё горла, нібы адчуваючы ад гэтага палягчэньне.

    — Кінь, Петрык! — супакойваў яго Мікешка. — Выцьцём гору не паможаш. Ты ж мужык. Цяпер ты апора сям’і. Вернесься —гаспадарыць трэба.

    Петрык крыху супакоіўся і заснуў.

    Раніцою зноў пабег да ледніка. Кучы трупаў ужо ня было. Каго разабралі свае, каго паклалі ў сяк-так скалочаныя труны.

    Петрык доўга хадзіў між трупамі, але бацьку не пазнаў. Усе яны падобны адзін на аднаго, з суровымі тварамі, са сплюшчанымі вачыма.

    — Эй, хлопча, няма чаго тут шпацыраваць! Тут табе не прашпэкт! — закрычаў на Петрыка стражнік, што вартаваў ляднік.

    — Татку шукаю, учора тут быў. Радзівон... Кузьняцоў Радзівон, з Ільлінскай, — адказаў Петрык.

    — Дзе тут іх разьбярэш? Ідзі ў кантору, там скажуць.

    Петрык павалокся у кантору.

    — Радзівона... Кузьняцова... Татку... з Ільлінскай, — запытаўся ён у канторы.

    — Што? Радзівон Кузьняцоў? Ёсьць. Нумар 209.

    — Дык як жа ж? — тупаўся ля парогу Петрык.

    — Што — як жа ж? —  Сказалі табе — 209. Пасьля заўтрага прыходзь на пахаваньне і ўсё тут.

    Петрык выйшаў з канторы, патупаўся вакол яе, паглядзеў у бок ледніка і пайшоў да сябе ў казарму.

                                                                              * * *

    Вось і дзень пахаваньня. Сабраліся з усіх капальняў. Удовы. сіроты, сябры, таварышы.

    Лямант, сьлёзы.

    Прыйшоў і Петрык. Праціскаўся да трунаў. Знайшоў № 209. У скрыні ляжаў нехта з цёмным тварам, са сплюшчанымі глыбокімі вачыма. Барада нібы таткава. І кашуля яго. Але не — мусіць, ня татка. Петрык схіліўся разьвітацца — пацалаваць татку. Вусны дакрануліся да нечага шарпатага, жорсткага, халоднага, бы лёд.

    “Не падобны, — разважаў Петрык, — а можа і татка. Я ж яго да гэтага часу аніводнага разу мёртвым ня бачыў».

    Вось труны паставілі на калёсы, некаторыя ўзялі на рукі. Вялікая жудасная чарада рушыла да агульных брацкіх магіл.

    Паставілі труны ў магілы. Папы мармыталі нейкія незразумелыя словы. Навакол раўлі, галасілі. Заплакаў і Петрык.

    А калі выцер зачырванелыя вочы, на магілах ужо ўздымаліся стромкія даўгія купіны камяністай зямлі.

    “Вось і няма таткі, — думаў Петрык, — ехалі да восені папрацаваць, а тут і назаўсёды давялося застацца... У вёску трэба... Там лепей... Завошта загубілі? Што ён зрабіў? Па закону ж, з ярлыком, як і усе, ішоў... Трэба скардзіцца начальству. Трэба праўду шукаць... А то ж куды я дзенуся? Мамцы трэба напісаць...”.

    Крывавая расправа з забастоўшчыкамі ня спыніла ўсё ж такі самой забастоўкі. Рабочыя, яшчэ мацней зьяднаныя крывёю расстраляных таварышаў, трымаліся свайго і не паддаваліся. Забастоўка мацнела і пашыралася, дасягнуўшы самых далёкіх куткоў тайгі.

    Прыслужнікі капіталу пачалі зводзіць рабочых дробязямі царскіх законаў. Міравы судзьдзя пачаў прысуджаць забастоўшчыкаў да высяленьня з казармаў, пазбаўленьня харчоў.

    З Іркуцку і Піцеру панаяжджалі ўсялякія камісіі, нават сэнатар па царскаму загаду прыкаціў. А рабочыя ўсё трымаліся за сваё, не здаваліся і на работу не ішлі.

    Баставаў і Петрык.

    — Як усе, так і я! — казаў ён.

    І хадзіў шукаць праўды за бацьку.

    Дайшоў Петрык да адваката камісіі.

    — Ты што, хлопчык? — зьвярнуўся да яго голены, як артысты, пан у пэнсэ.

    — А я вось наконт таткі.

    — У чым справа?

    — Ды, бачыш, расстралялі яго.

    — Як прозьвішча?

    — Таткі?

    — Але, але!

    — Кузьняцоў... Радзівон Кузьняцоў... з Ільлінскай забойшчык.

    Пан пакорпаўся ў нейкіх паперах.

    — Ёсьць такі, пад № 209.

    — Во, во! 209, і пахавалі так, — узрадаваўся Петрык.

    — Ну? — запытаўся зноў пан.

    — Дык вось я наконт яго. Як жа ж, значыцца, быць мне цяпер?

    — А вось мы напішам заяву, накіруем да спагнаньня...

    — Куды? — пераспытаў Петрык, нічога не разумеючы.

    — У Іркуцк.

    — Дык я ж у Кузьняцоўку хочу.

    — Ты і паедзеш у сваю Кузьняцоўку.

    Адвакат запісаў Петрыка, дзе ён жыве, і сказаў, што яму напішуць.

    — Нічога ня выйдзе! — упэўнена махнуў рукой Петрык, выходзячы ад адваката. — Усіх ленцы купілі. Тыя ж паны. Што ім да нас? Усё пішуць ды пералічваюць.

    Дабраўся Петрык і да самога «царскага міністра Манухіна”.

    — Нічога, нічога, хлопчык... усё ўладзім! Дарма твой татка на кулі ішоў.

    — Ён па закону, — адказаў Петрык.

    — Па закону баставаць нельга! — сурова адказаў Манухін, — а ён баставаў.

    — Усе баставалі.

    — Ну, і нядобра. Трэ’ было прасіць. А то вось і дабаставаліся.

    Петрык бліснуў вачыма.

    І хоць Манухін абяцаў усё зрабіць і за татку заплаціць і нават пагладзіў Петрыка па галаве, але Петрык застаўся незадаволены і царскім паслом.

    “Заплацяць... — злосна думаў Петрык. — Нібы я таткай гандляваў. Калі ты ад цара. дык пакарай, хто вінаваты. А то і жыве ў ленцаў і іхнюю руку цягне... Усе адной пароды”...

                                                        XIІ. ПЕТРЫК — ПАЛІТЫК

    “Дзе ж праўда? Расстралялі, нібы так і трэба”, — усё думаў Петрык, седзячы на могілках пад агульным чорным крыжам.

    Сярод крыжоў паказаўся чалавек.

    Петрык уздрыгануўся і хацеў быў уцячы, думаючы. што гэта стражнік.

    Не, гэта ня стражнік. Відаць, рабочы.

    — Што, малады таварыш, да каго прыйшоў? — зьвярнуўся да Петрыка чалавек.

    — Татка тут закапаны, — адказаў Петрык.

    — Так... Ну, што ж...

    — А ў цябе тут хто? — спытаўся ў свой чарод Петрык.

    — У мяне? А ў мяне таварышы. Усе... Усе, хто тут закапаны, — мае таварышы. І татка твой і ўсе.

    — Ці ты яго ведаў? — узрадаваўся Петрык.

    — Як ня ведаць? Усе працавалі тут, капалі золата ленцам. Усе разам і баставалі.

    — Але... а вось расстралялі ня ўсіх, — прамовіў Петрык.

    — Э браток, усіх не расстраляеш! Нас шмат. Уся тайга, уся Расія... увесь сьвет...

    — А навошта Расія? — зьдзівіўся Петрык.

    — А як жа ж? Там жа ж таксама рабочыя... Хто, калі не рабочыя адклікнуліся на гэтае зьверства? Хіба ня чуў? — зьдзівіўся незнаёмы.

    — Не! — прызнаўся Петрык.

    — Як жа ж ты, хлопчык, сваю рабочую справу ня ведаеш? Як толькі дайшла вестка аб расстрэле да Расіі, дык ва ўсіх гарадох рабочыя забаставалі. Ого! Ды яшчэ як забаставалі! Усе, як адзін!

    — Ды што ты?

    Праўду кажу, хлопец! Уздрыганулася рабочая Расія і страсянула царскую Расію. Не чапай, закрычалі, нашых таварышаў! Ого! Значная справа была ў Расіі з прычыны расстрэлу. Кроў гэтых ахвяр рэвалюцыйным полымем разьнёсься па ўсёй краіне.

    Вочы ў Петрыка блішчалі.

    — Ну, і што ж?

    — Ну, і перапалохаліся прыслужнікі цара і капіталу. Паляцелі сюды тэлеграмы, камісіі, сам царскі пасол прыляцеў. З перапуду, калі ўстрасянуўся наш брат рабочы.

    — З перапуду?

    — А ты што ж — думаеш, што з прыхільнасьці ды літасьці да нас прыехалі? Шкадаваў воўк казу... Замазваць прыехалі.

    — Во-во! І я так думаў! — ажывіўся Петрык. — І Манухін і аблакаты – цяганіна адна.

    — Правільна, юны таварыш!

    — А ты... — зьвярнуўся Петрык да чалавека, — можа таго... палітык?

    — Але, палітык. А што?

    — Нічога! — усьміхнуўся Петрык. — На карбазе я бачыў іх... на Лене... у ланцугох тады везьлі.

 

 

    — Во-во! — усьміхнуўся той. — Такі самы і ёсьць. Ну, бывай здароў, таварыш! — дадаў ён і пайшоў з могілак.

    “Вось яна дзе, праўда наша! — радасна разважаў Петрык, ідучы з могілак, — Рабочыя сталі за нас. Не аблакаты, ня царскія міністры, а рабочыя. Бач ты! А мы думалі — адны. Во яна дзе, праўда! Эх, каб хутчэй да дому! У Кузьняцоўку. Мамцы расказаць”.

    Так і не зламалі рабочых ленцы і іхныя паслугачы. Вымушаны былі на параходах і віцінах вывозіць і забастоўшчыкаў і сем’і расстраляных рабочых з капальняў у жылыя месцы: Віцім, Кірэнск, Жыгалава...

    Разам з забастоўшчыкамі выехаў і Петрык.

    Вось і знаёмае з леташняга году сяло Віцім. Віціны забастоўшчыкамі падвялі да самага берагу. Кінулі сходні.

    Яшчэ з віціны ўбачыў Петрык свайго леташняга сябра Паўлу. Ён стаяў ля карбаза, што быў на беразе.

    Петрык пабег з віціны і кінуўся да Паўла.

    — Паўла! Здароў!

    — Э... здаецца, Петрык? Глянь які хлопец вырас! — радасна паздароўкаўся Паўла.

    — Ведаеш, Паўла? —сур’ёзна сказаў Петрык. — Я цяпер — палітык.

    — Што так? —зьдзівіўся Паўла.

    — Ды, бачыш, рабочага толькі рабочы падтрымае. Усе рабочыя! Разумееш? Калі нас ленцы расстрэльваюць — адкуль дапамога? Уся Расія баставала. Во! А аблакаты, міністры і сам цар — гэта за ленцаў.

    — Ой, Петрык, што ты гэтакае гаворыш? Глядзі, хлопча, каб табе ня ўкляпацца! — спалохана зашаптаў Паўла, адводзячы юнага сябра далей ад натоўпу.

    — Паўла! Праўда гэта! Вось што. Памятаеш, ты мне карбаз з катаржнікамі паказваў. Ну, дык вось цяпер і я—палітык!

 




 

    Гаўрыіл Георгіевіч Сушкін - нар. 23 сакавіка 1881 г. у губэрнскім месьце Саратаў Расейскай імпэрыі. Удзельнік рэвалюцыйнага руху. У ссылцы пражываў у розных раёнах Іркуцкай губэрні ды Віцімска-Алёкмінскай горнай акрузе.

    Пасьля 1917 г. чалец кіраваньня і загадчык выдавецтвам Усесаюзнага таварыства паліткатаржанікаў і ссыльнапасяленцаў, кіраўнік вытворчага навучаньня ў школе садоўнікаў-дэкаратараў. Пражываў у Маскве: вул. Пакроўка, д. 37, кв. 13. Некаторыя свае літаратурные творы падпісваў псэўданімам С. Кін.

    Арыштаваны 3 сакавіка 1938 г. і асуджаны Тройкай пры УНКУС па Маскоўскай вобл. 29 траўня 1938 г., за прыналежнасьць да контррэвалюцыйнай нелегальнай меншавіцкай арганізацыі да ВМП. Расстраляны 10 чэрвеня 1938 г. на палігоне Бутава. Рэабілітаваны 16 красавіка 1956 г.

    Літаратура:

*    Сушкин Гавриил Григорьевич. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов О-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1929. С. 546.
*    Сушкин Гавр. Григ. // Кантор Р. М.  Именной и систематический указатель к историко-революционному вестнику «Каторга и ссылка» за 1926-1928 г.г. Москва. [1930.] 1931. С. 174.

*    Сушкин Гавриил Григорьевич. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов О-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 623.

*    Кин С. = Гавр. Григ. Сушкин. // Масанов И. Ф.  Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей в 4 т. Т. 2. Алфавитный указатель псевдонимов. Псевдонимы русского алфавита. К-П. Москва. 1957. С. 60-61.

*    Сушкин Гавриил Григорьевич. // Масанов И. Ф.  Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей в 4 т. Т. 4. Новые дополнения к алфавитному указателю псевдонимов. Алфавитный указатель авторов. Москва. 1960. С. 461.

*    Сушкин Гавриил Григорьевич (1881- ок. 1937). // Петряев Е. Д.  Псевдонимы литераторов сибиряков. Материалы к «Истории русской литературы Сибири». Новосибирск. 1973. С. 66.

    Гунэся Храпка,

    Койданава

 
















Brak komentarzy:

Prześlij komentarz