niedziela, 12 lipca 2015

ЎЎЎ 6. Тальля Куранахская. Беларускія "кулакі" ў Алданскім раёне ЯАССР. Ч. 6. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Міхась Гарадзецкі
                                                             СПЭЦПЕРАСЯЛЕНЦЫ
    Нямала сялянскіх лёсаў паламала так званая “суцэльная калектывізацыя”, што праводзілася па ўсёй нашай краіне ў пачатку 30-х гадоў. Мільёны больш заможных сялян, прадпрымальных і старанлівых гаспадароў, былі раскулачаны, часьцей без сьледства і суда высланы на Поўнач і ў Сыбір. Такі лёс напаткаў і сям’ю журналіста Міхася Гарадзецкага, аўтара гэтага нарыса.
    За свае 65 год шмат чаго давялося пабачыць, перажыць. Як і ў кожнага чалавека, было ўсялякае: хапіла і нястачы, не абыходзілі і радасьці. Чаго было больш, чаго менш — я гэтага не лічыў. Не хачу і скардзіцца, што жыцьцё склалася няўдала. Кожнаму сваё наканавана, і ад яго нікуды не схаваесься. Мой жа лёс, як і лёс маіх старэйшых братоў і сясьцёр, шмат у чым прадвызначыла падзея, што адбылася 60 год таму. У біяграфію краіны яна ўвайшла пад назвай “калектывізацыя”. У розныя пэрыяды нашай гісторыі яе характарызавалі па-рознаму.
    Але варта нагадаць, што тады ў селяніна было толькі два шляхі: уступленьне ў калгас або выгнаньне з родных мясьцін. Трэцяга не існавала. Нашай сям’і выпаў другі шлях. Яе галава, мой бацька, Мікалай Андрэевіч Гарадзецкі, селянін з вёскі Вялікае Забалацьце Магілёўскага раёна, у самы пік калектывізацыі за катэгарычную адмову ўступіць у калгас быў арыштаваны, пасаджаны ў турму, асуджаны “тройкай” да раскулачваньня і высланы ў “Паўночны край”.
    Мільёны сялянскіх сем’яў напаткаў такі трагічны лёс. Яны былі бязьлітасна сарваны з роднай зямлі, пазбаўлены звычнага вясковага ўкладу жыцьця, з усімі яго цяжкасьцямі і радасьцямі, вывезены ў месцы, куды, як кажуць, і “Макар цялят не ганяў”. Не ўсім удалося выстаяць, выжыць, адолець тыя непасільныя выпрабаваньні.
    А тыя, хто не зламаўся, хто перанёс галечу і маральную зьнявагу, хто цярпліва і мужна нёс свой крыж, яшчэ раз пацьвердзілі спрадвечную ісьціну: чалавек можа адолець усе беды, цяжкасьці, калі здолее зьберагчы свае найлепшыя вартасьці, калі ўсьвядоміць, дзеля чаго і ў імя чаго жыве на гэтым сьвеце.
                                                      Колькі мужыку зямлі трэба
    У той час, калі “кулачылі” бацьку, было мне крыху больш за чатыры гады. Што тады я разумеў?
    Радаслоўная нашай сям’і — звычайная, сялянская. Спрадвеку жылі продкі на зямлі, аралі, сеялі, гадавалі дзяцей. Бацька быў у сям’і адзіным сынам. Таму, калі яго старэйшыя сёстры выйшлі замуж, ён застаўся ў бацькоўскай хаце. Разам з усімі працаваў у полі, на сенажаці. Жыў клопатамі пра кавалак хлеба. Надышоў час — ажаніўся. З’явіліся дзеці. Каб сям’я жыла больш-менш па-чалавечы, давялося шукаць пабочнага заробку: зімой разам з іншымі вяскоўцамі нарыхтоўваў і вывозіў будаўнічы лес у Магілёў. Потым і цясьлярствам авалодаў. Хадзіў з такімі ж мужыкамі па вёсках, каму хату паставяць, каму гумно.
    У імпэрыялістычную вайну забралі бацьку ў салдаты. Апынуўся аж у Прыбалтыцы. Давялося і ў акопах пасядзець. Дамоў вярнуўся пасьля рэвалюцыі.
    Неўзабаве ў вёсцы зямлю перадзялілі. Прычым па новых савецкіх законах. Прынцып быў адзіны, пэўна, найбольш справядлівы: зямлю разьмяркоўваць па едаках. На кожнага — па дзесяціне. А ў сям’і ўжо тады было 10 чалавек. Вось табе 10 дзесяцін, дадайце яшчэ сенажаць, пашу. Неўзабаве яшчэ двое дзяцей нарадзілася. І на іх зямлі прырэзалі.
    Пэўна, хапала тых надзелаў. Каб усё апрацаваць, дагледзець як сьлед, трэба было шчыраваць да сёмага поту. І тым не менш бацька імкнуўся прыараць то якую аблогу, то няўдобіцу. І не ад прагнасьці, а ад сялянскай павагі да зямлі. Не павінна яна пуставаць. Ды і жыцьцё прымушала ўвесь час умацоўваць гаспадарку. Бо спрадвеку існавала ў сялян традыцыя: выдае вясковец замуж дачку, у пасаг павінен даць карову ці цялуху-двухгодку, ды пару авечак, ды столькі падсьвінкаў. Сын жэніцца — зямлі выдзелі яму пару дзесяцін, каня ці жарабя. Так маладыя і пачынаюць будаваць сумеснае жыцьцё не на голым месцы. А яшчэ лічылася за сьвяты бацькоўскі абавязак хаціну дапамагчы паставіць. Падлічыце, колькі ж бацьку трэба было ўсяго мець, каб паставіць дзяцей сваіх на ногі — было ж у яго 4 дачкі і 4 сыны.
    У Вялікім Забалацьці Мікалай Гарадзецкі лічыўся гаспадаром спраўным. Яшчэ б! Сам з жонкай працаваў ад цямна да цямна, і дзяцей прывучылі рабіць з маленства. Гультайства было не ў пашане. Жылі па тых мерках няблага. Ежы хапала: хоць сялянскі стол не вельмі багаты на разнасолы. Лішкі ж вывозіліся на рынак у Магілёў. А прыезд бацькі з горада — сапраўднае сьвята ў сям’і. Дзецям — абаранкі ці цукеркі, дочкам — у дадатак то каралі, то квяцістыя хустачкі, свайму бацьку абавязкова чацьвярцінку. На большае, пэўна, ніхто і не разьлічваў.
    А з панядзелка — зноў за працу. Усім хапала работы: хто ехаў у поле, хто ішоў у кароўнік ці на луг. Менавіта працай памнажалася гаспадарка. У адзін год веялку прыдбалі, на наступны — саламарэзку. Іншы раз і крэдыт у банку прыхоплівалі. То на малатарню, то на пародзістую жывёліну.
    Па расказах старэйшых, бацька ахвотна ўдзельнічаў у розных выставах-кірмашах. Было што паказаць. Нярэдка і ўзнагароды атрымліваў. На кірмашы ў Княжыцах дэманстраваў набытага напярэдадні быка англійскай пароды. Атрымаў узнагароду — грамату і ліхтар “Кажан”. А дзесьці ў канцы 20-х гадоў нашай гаспадарцы надалі званьне “Узорная”.
                                                                      Арышт
    І вось калектывізацыя. Сустрэў яе бацька, як і многія сяляне, без энтузіязму. З чыста сялянскай разважлівасьцю прыкідваў, як яно будзе ў калгасе: у яго вунь якая нажыта гаспадарка, а ў іншага, як кажуць. ні кала, ні двара. А тады ж, у 20-я гады, калі дзялілі зямлю, пачыналі ўсе на роўных. Дык як жа абагульняцца?
    На сялянскіх сходах не адседжваўся, сваімі думкамі з вяскоўцамі дзяліўся:
    — Давайце зробім так: я прывяду ў калгас каня і іншыя павінны прывесьці па каню. Я карову ў грамадзкае стойла пастаўлю, астатнія няхай таксама па карове ў калгас здадуць. Каб нікому крыўдна не было. А інакш — няма маёй згоды на калгас. І не будзе!
    У суседзяў бацька ў аўтарытэтах хадзіў. Заўсёды прыслухоўваліся да яго думкі. Ведалі: абы-чаго не скажа. І не зробіць абы-што. Вось і ўчапіліся мужыкі за яго.
    — Пойдзе Мікалай Гарадзецкі ў калгас, — гаварылі яны на сходках, — і мы таксама.
    Так што, выходзіла, з-за аднаго чалавека зрывалася ў вёсцы Вялікае Забалацьце калектывізацыя. Дайшло гэта і да Магілёва. Там доўга не разважалі. 19 лютага 1930 года прыслалі ўзброеных людзей. Разам з мясцовымі актывістамі яны наведаліся ў хату. Без усялякіх тлумачэньняў бацьку арыштавалі, пасадзілі на падводу і некуды павезьлі. Нас жа з хаты выгналі, дазволілі толькі апрануцца. Неўзабаве міма прагналі нашу жывёлу. Так і сядзелі мы на марозе пасярод вясковай вуліцы да вечара. Ніхто да нас не падыходзіў, відаць, вяскоўцы былі вельмі запалоханы. Ужо калі пачало цямнець, да маці зьвярнуўся сусед Пракоп Мацьвяёнак:
    — Пойдзем да мяне ў хату, інакш памерзьнеце ўсе.
    — А як жа вы самі? І ў цябе сям’я, ды яшчэ мы...
    — Як-небудзь пераб’емся.
    Нашай сям’і Пракоп адвёў першую палавіну пяцісьценкі. Сяк-так разьмясьціліся. Гаспадар выдзеліў крыху мукі, сала. Маці згатавала кулеш. Павячэралі.
    У Мацьвяёнка пражылі некалькі дзён. У рэшце рэшт мясцовыя ўлады зьлітаваліся, даручылі аднаму з тутэйшых актывістаў выдаваць нам на тыдзень з нашых жа ўласных назапашваньняў два вядры бульбы, па вядры мукі і квашанай капусты, кавалак сала.
    Напрадвесьні ўлады дазволілі вярнуцца ў сваю хату. Далі адну з нашых кароў. Праўда, назваць яе так наўрад ці можна. Ад былой укормленай жывёліны засталіся скура ды косьці. Паплакала крыху маці, але што зробіш. Усёй сям’ёй даглядалі лысуху, і тая пачала даваць па паўлітра малака. Не вельмі многа на такую сям’ю, але ж і тое радасьць.
    — Нічога, трэба пратрымацца да  вясны, — суцяшаў усіх дзед Андрэй. — Можа, яшчэ і зямлі крыху дадуць. Сам за плугам пайду.
    На жаль, спадзяваньням старога зьдзейсьніцца не давялося. Дзесьці ў канцы красавіка да дому пад’ехалі дзьве падводы. Нам загадалі грузіцца. Укінулі ў іх сёе-тое з рэчаў — вопратку, дзяружкі, некалькі пар лапцяў, узялі ўсю выпечку хлеба, скрыню сала. Узьлезьлі на калёсы самі — маці і нас пяцёра. Самаму старэйшаму брату Уладзіміру крыху больш за дваццаць. Дзьве сястры — Маланьня і Ліза — былі замужам, іх не кранулі. Яшчэ адна сястра, Марыя, выкарыстала зручны момант і ўцякла ў суседнюю вёску. Яе не шукалі, відаць, не было часу. Не ўзялі і дзеда Андрэя — куды ўжо везьці сямідзесяцігадовага?
    У той жа дзень прыбылі ў Магілёў на чыгуначную станцыю. Нас падвялі да пастаўленага ў тупіку таварняка. На вокнах кожнага вагона — краты. Састаў ачэплены ўзброеным канвоем. Пагрузілі ў вагон. У ім — двухпавярховыя нары. Паколькі мы былі першымі, уладкаваліся на верхніх.
    На наступны дзень пад канвоем прывялі з турмы бацьку. Як стала вядома ўжо цяпер, згодна з дакумэнтамі аб рэабілітацыі, яго судзіла “тройка”. Яна і вынесла прысуд: “За контррэвалюцыйную агітацыю і прапаганду згодна з артыкулам 72 Крымінальнага кодэксу БССР выслаць у Паўночныя раёны другой катэгорыі”.
    На станцыі прастаялі некалькі дзён, пакуль камплектавалі састаў. Падвозілі сем’і “кулакоў” з Чавускага, Мсьціслаўскага, Шклоўскага раёнаў. Урэшце вагоны запоўнілі людзьмі да адказу. Канвойныя зачынілі дзьверы. Кляцнулі знадворныя запоры. Састаў крануўся з месца. Усё часьцей застукалі колы на стыках рэек. Пачаўся наш нялёгкі шлях у невядомае.
                                                              Дарога ў нікуды
    Зразумела, пра наш маршрут і яго канчатковы прыпынак ніхто з пасажыраў не ведаў. Праўда, калі праехалі Шклоў, Оршу, Невель, стала зразумела, што рухаецца эшалён на поўнач. Некаторыя выказвалі думку, што хутчэй за ўсё нас чакаюць Салаўкі. Але ў Вялікіх Луках састаў спыніўся і некалькі дзён прастаяў нерухома. Потым нечакана памчаўся ў другім напрамку. Пераехалі Волгу і — далей на Усход.
    Дзень і ноч імчаў наш эшалён. Калі раз, калі два ў суткі на буйных чыгуначных станцыях, дзе цягнік спыняўся для зьмены паравознай брыгады, дазвалялася гарачае харчаваньне. З кожнага вагона па чарзе выдзяляліся некалькі чалавек з вёдрамі. Пад аховай канваіраў яны накіроўваліся на катлапункт. Там атрымлівалі баланду, хлеб, кіпень. У вагоне ўсё гэта дзялілася па-брацку паміж едакамі.
    Безумоўна, ежы не хапала. Цяжка даводзілася таму, хто не прыхапіў з дому аніякіх  прыпасаў. Не вытрымлівалі такой дарогі слабыя, хворыя, старыя, дзеці. Памерлых на прыпынках выносілі з вагонаў, пакідалі на пэроне.
    Зразумела, ніякае прыбіральні ў вагоне не было. Яе замяняла звычайнае ацынкаванае вядро. Да яго хадзілі і маладыя, і старыя. Ад чужых вачэй сваяка закрываў радном хто-небудзь з сям’і.
    Больш за месяц працягвалася наша падарожжа. І вось нарэшце цягнік спыніўся на станцыі Вялікі Невер, што ў Амурскай вобласьці. Бразнулі завалы, дзьверы расчыніліся. Пачулася каманда канвойнага:
    — Выходзіць сем’ямі, з рэчамі.
    Выстраілі ўсіх у калёну, праверылі наяўнасьць па сьпісе. Потым пад аховай адвялі за пасёлак Ларынскі да невялікага ляска, дзе быў абсталяваны палатачны гарадок. Тут і знайшлі мы свой прытулак на нейкі час. Бо, як высьветлілася крыху пазьней, падарожжа наша яшчэ не скончылася. Праз некалькі дзён усіх мужчын, старэйшых за 14 гадоў, сабралі асобна, акружылі канвоем і кудысьці павялі. Разам з усімі пайшлі бацька, браты Уладзімір і Васіль. На руках бездапаможнай маці засталося нас трое, адзін за аднаго меншыя.
    — Божухна, за што ж такія мукі? — уздыхала са сьлязамі на вачах маці.
    Праўда, і мы пад Ларынскім доўга не затрымаліся. У канцы жніўня да лягера падагналі калёну аўтамашын. Напхалі кузавы людзьмі і ўперад. Куды? Ніхто зноў пра гэта не ведаў. Праз колькі дзён дабраліся да пасёлка Чульман. Тут нас з машын высадзілі, на пароме пераправілі праз раку Тымптон. На беразе зноў пагрузілі, але ўжо на падводы — і далей.
    Нарэшце, калі пераадолелі 650 кілямэтраў шляху, дабраліся да прыіска Незаўважнага (пазьней ён стаў горадам Алданам). Тут ля невялікай рачулкі Арта-Сала была турма, некалькі баракаў, абнесеных калючым дротам. У адным з іх знайшлі мы бацьку з братамі, што дабіраліся сюды з Вялікага Невера пехатой. Месца ў бараку ім не хапіла, і яны ўладкаваліся на гарышчы. Сюды пасялілі і нас з маці.
    Але і тут затрымаліся нядоўга. Ужо калі лёг сьнег і ўдарылі славутыя якуцкія маразы, нас адправілі на прыіск Джэканду.
    На Джэкандзе жылі кітайцы, якія і пабудавалі тут некалькі невялікіх хацінак — фанз. Кітайцаў “ушчыльнілі”, частку наогул кудысьці павыганялі. Іх хацінкі дасталіся нам, спэцперасяленцам. У асноўным у фанзу засялялі па некалькі сем’яў. Нам жа ўдалося ўладкавацца ў асобнай невялічкай хаціне. Ужо назаўтра браты Уладзімір і Васіль былі накіраваны на работу ў шахту, дзе здабывалі золата. Бацьку адправілі на лесанарыхтоўкі.
    Жылі мы тут цярпіма. Браты крыху зараблялі, а праз нейкі час, паколькі яны працавалі ў старацельскай арцелі, ім пачалі плаціць бонамі — так называліся грошы, якія выдаваліся замест здадзенага золата. На гэтыя грошы ў спэцыяльным магазыне — залатаскупцы можна было прыдбаць самае патрэбнае. Жылі бедна. задавальняліся самым неабходным. Тым не менш тут, у Джэкандзе, упершыню ў жыцьці пакаштаваў я сапраўднага белага хлеба з крупчаткі і цукру. Тут убачыў незвычайны цуд — электрычную лямпачку.
    На Джэкандзе прабавіліся больш года. А потым зноў пераезд. У той час пачаліся распрацоўкі новых радовішчаў золата непадалёк ад Алдана. Тут хутка ўзьвялі тры дзесяткі баракаў, куды і перакінулі спэцперасяленцаў з Джэканды. Новы прыіск атрымаў даволі сымбалічную па тым часе назву — Сярэдне-Сталінск. За два кілямэтры, па адзін і другі бок ад яго, былі яшчэ два Сталінскі: Ніжні і Верхні. Раней тут жылі выключна вольныя старацелі. З адкрыцьцём новых дзяржаўных шахт і на гэтых двух прыісках пабудавалі некалькі баракаў для спэцперасяленцаў.
                                                           Золатаздабытчыкі
    Пасялілі нас у Сярэдне-Сталінску. Братоў адразу ж накіравалі працаваць на дзяржаўную шахту. Старэйшага Валодзю — забойшчыкам, ён кайлом і лапатай у забоі нарыхтоўваў залатаносную пароду. Васіля назначылі адкатчыкам, ён на аднаколавай тачцы падвозіў пароду да ствала шахты, дзе яна пры дапамозе калаўрота ўзьнімалася на паверхню для прамыўкі. Некаторы час працаваў у шахце і бацька. Але яму было пад пяцьдзесят, таму яго перавялі ў падсобныя рабочыя.
    Думаецца, што нам, як і іншым спэцперасяленцам, вельмі пашанцавала, што трапілі не на Салаўкі ці ў іншыя больш гіблыя месцы Эўрапейскай Поўначы, не на лесапавал. У тыя гады краіне, якая ўставала на ногі, вельмі патрэбны быў каштоўны мэталь для набыцьця тэхнікі, абсталяваньня для заводаў, фабрык, электрастанцый. А для здабычы золата неабходна танная рабочая сіла. Ёю і станавіліся спэцперасяленцы, бо ахвотнікаў на такую работу з ліку вольных было не вельмі многа. І хоць невысока цанілася жыцьцё “кулака”, улады вымушаны былі, магчыма, нават супраць свайго жаданьня, берагчы людзей. Бо дастаўка рабочай сілы ў Якуцію была справай складанай і дарагой. Тым больш, што па дарозе здараліся і вялікія людзкія страты. Як гэта было з адным з эшалёнаў, якому давялося дабірацца да Алдана зімой. У пасёлку Бушуйка перасяленцаў затрымала мяцеліца. Яна лютавала некалькі дзён. Усялякі рух па Амура-Якуцкай магістралі спыніўся. Пазбаўленыя ежы, цёплага адзеньня, элемэнтарнай мэдыцынскай дапамогі, нават дроў, — іх нельга было даставіць з тайгі з-за сьнежных заносаў, людзі мерлі як мухі. Нездарма ж назвалі спэцперасяленцы Бушуйку душагубкай.
    У Сярэдне-Сталінску ў кожнай палавіне барака — памер яго прыблізна дзесяць на пяць мэтраў — разьмясьцілі па некалькі сем’яў. Мы жылі разам з Паветкінымі, Кузьменкамі і Пацэвічамі. Усіх больш за 20 чалавек. Наша сям’я займала агульныя на семярых нары каля адной са сьцен. Пасярод барака — жалезная печка. Яна і абагравала, і замяняла пліту для прыгатаваньня ежы, а нанач ператваралася ў сушылку. У печцы палілі круглыя суткі, тым не менш у моцныя маразы вада ў вёдрах бралася лёдам.
    Ля аднаго з акон стаялі самаробны стол і некалькі лавак. На стале па чарзе елі. Тут жа вучні рыхтавалі ўрокі.
    Часта па вечарах, асабліва ўзімку, крыху адпачыўшы, зьбіралася моладзь у адным з баракаў. Загадзя прыносілі дроў, рассаджваліся зручней і пачыналі сьпяваць. За сьценамі барака пад пяцьдзесят марозу, гудзе ў печцы полымя, а ўсё навокал запаўняе песьня, часьцей сумна-кранальная. Разыходзіліся позна.
    А потым адкрылі ў Сярэдне-Сталінску клюб. Па зьнешнім выглядзе ён мала чым адрозьніваўся ад баракаў, хіба толькі шыльдай. Тым не менш тут, у ссылцы, і дзеці, і дарослыя ўпершыню ўбачылі кіно. Былі мы ад яго ў зьдзіўленьні і захапленьні. Пазьней пры клюбе стварылі самадзейнасьць.
    Была на прыіску і яшчэ адна славутасьць. Гэта спэцкамэндатура. Спачатку кожную пяцідзёнку сюды прыходзілі адзначацца ўсе дарослыя. За няяўку маглі арыштаваць. Пазьней гэтую павіннасьць усклалі на галаву сям’і. Па панядзелках бацька з’яўляўся ў камэндатуру і дакладваў, што ўсе на месцы. А куды можна было дзецца? Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі 650 кілямэтраў, паспрабуй дабярыся. Наогул, за спэцперасяленцамі сачылі даволі ўважліва. Аднойчы маці пайшла на рынак у Алдан, дзе якуты ўзімку гандлявалі марожаным мясам, рыбай, малаком. Яна крыху закупіла ежы. Але дадому не данесла: на зваротным шляху затрымаў камэндант. Ён загадаў пасадзіць маці за “самаволку” на трое сутак у каталажку. Давялося нам вельмі пахвалявацца, бо даведаліся пра ўсё гэта толькі праз суткі.
    У далейшым даводзілася абыходзіцца тым, чым гандляваў адзіны харчовы магазын. Было нялёгка. Хаця спэцперасяленцы здабывалі золата, плацілі ім не бонамі, а звычайнымі грашыма. На суседнім жа Ніжне-Сталінску працавала залатаскупка, якая гандлявала толькі за здадзенае золата і толькі на боны. Але ж іх у нас не было. Праўда, боны можна было купіць з рук у вольных старацеляў. Па афіцыйным курсе рубель залатых грошай каштаваў больш як 10 рублёў саўзнакамі. Прасілі ж звычайна і 20, і 30 рублёў, а ў вайну і да 70. Даводзілася плаціць.
    Значна паменшала тавараў ва ўсіх магазынах на прыісках у гады, калі ў краіне лютаваў голад. Літаральна ўсё, у тым ліку соль і запалкі, прадавалася па картках. Але валютны цэх краіны, як тады называлі Якуцію, павінен быў працаваць, і нормы на прадукты былі не такімі ўжо мізэрнымі. Рабочы першай катэгорыі атрымліваў 800 грамаў хлеба, другой — 600, утрыманец — 400 грамаў. Каб да гэтага хлеба ды яшчэ б які прыварак! А яго не было. На ўсё жыцьцё запомніўся мне халадзец, які зварыла маці з рыбнай лускі. Але сяк-так перабіваліся. Летам дапамагала тайга: зьбіралі грыбы, ягады, дзікую цыбулю, рэвень. Добра яшчэ, што голад працягваўся два гады. Адмянілі карткі — і зноў ажылі людзі.
    А дзесьці ў сярэдзіне 30-х гадоў на Ніжне-Сталінску адкрылі Дом ударніка. Адным з яго першых пасяленцаў стаў і брат Уладзімір. У доме былі бытавыя зручнасьці. У пакоі жылі па чатыры-шэсьць чалавек, кожнаму жыхару — пэрсанальны мэталічны ложак. Працавала бібліятэка, чырвоны куток. Харчаваліся ўдарнікі ў сталоўцы, аплочвалі палавіну кошту ежы.
    Але ўсімі гэтымі дабротамі брат карыстаўся нядоўга. За ўдарную работу яму скарацілі тэрмін высылкі. Валодзя атрымаў “вольную”, а за ёй і пашпарт. Ён не затрымаўся ні на адзін дзень, у 1935 годзе адправіўся дамоў, у Беларусь.
    Хутка ў раёне Сярэдне-Сталінска залатаносныя шахты выпрацавалі свае рэсурсы і закрыліся. Брат Васіль зьмяніў прафэсію. Ён скончыў у Алдане горную школу, стаў токарам у мэханічным цэху на Ніжне-Сталінску. Папрацаваўшы гады тры, таксама вярнуўся на родную зямлю.
    Пасьля ад’езду абодвух братоў матэрыяльнае становішча сям’і рэзка пагоршылася. Бацька працаваў на нарыхтоўцы лесу, а то і проста дроў для мясцовых арганізацый. Заробак быў мізэрны. Брат Ваня, сястра Надзя і я вучыліся ў школе, а маці займалася гаспадаркай. Пражыць на адны бацькавы грошы было немагчыма. Давялося шукаць дадатковыя крыніцы даходу. Першым заняўся гэтым брат Ваня. Варта адзначыць, што яго з дзяцінства вызначалі практычнасьць, прадпрымальніцтва. Без перабольшваньня можна сказаць, што гэта яму належыць першынства сярод спэцперасяленцаў у асваеньні агародніцтва. А прыклад паказалі кітайцы. У цяжкіх якуцкіх умовах яны навучыліся вырошчваць хуткасьпелую гародніну. Пакаштавалі мы яе неўзабаве, як пераехалі на Сярэдне-Сталінск. Бывала, крочыць па дарозе (яна ж з’яўлялася і адзінай вуліцай на прыіску) такі кітаец-агароднік, на плячы каромысел з двума кошыкамі, запоўнены рознай зелянінай, і на ўсю заклікае пакупнікоў:
    — Лу-у-ка-а! Рэ-дзі-і-сі-ка! Рэ-э-пі-ка!
    І вось адной вясной Ваня ўзяўся за работу. З дапамогай бацькі раскарчаваў каля хаты невялікі лапік зямлі, выбраў каменьне. Атрымалася некалькі градак. Карыстаючыся парадамі маці, засеяў цыбуляй, радыскай, турнэпсам, рэпай. Досьлед удаўся, ураджай сабралі неблагі. Агарод павялічыўся. Пазьней, калі перайшлі ў барак № 32, дзе атрымалі асобны пакой на пяцёх, ачысьцілі ад хмызьняку і каменьня вялікую плошчу каля ручая. Акрамя цыбулі, турнэпсу, бручкі пачалі вырошчваць і хуткасьпелую бульбу.
                                                      Трыццаць сёмы і іншыя гады
    Вядомыя падзеі 37—38-х гадоў цяпер называюць разгулам тэрору. Тады ж гэта была барацьба з “ворагамі народа”. Не абмінула гэтая кампанія і ніводнага залатога прыіска, якія былі раскінуты па самых глухіх кутках Якуцкай тайгі.
    Не ведаю, што наконт “ворагаў народа” думалі дарослыя. Мы ж, падлеткі, сьвята верылі, што яны існуюць і хочуць нашкодзіць і народу, і краіне, нанесьці шкоду нашаму “шчасьліваму” жыцьцю. А што яно менавіта такое, мы былі цьвёрда ўпэўнены. Таму што іншага ніколі не бачылі, аб іншым жыцьці не мелі ніякага ўяўленьня. Нас штодзённа, з дапамогай газэт, радыё настойліва пераконвалі: лепшага жыцьця, чым наша, не было, няма і быць не можа.
    Не, не абмінула і нас, дзятву, усеагульная шпіёнаманія, заклікі да пільнасьці. У суровыя зімовыя месяцы мы, аднагодкі, часьцяком зьбіраліся ў клюбе. Пасьля сэансу кіно юнакі і дзяўчаты, каб вызваліць месца для танцаў, лаўкі складвалі да задняй сьцяны глядзельнай залі. За гэтай барыкадай з лавак мы і ўладкоўваліся. Тут вялі душэўныя гутаркі, спрачаліся, паціху далучаліся да махоркі, марылі пра подзвігі, пра тое, як зловім сапраўднага шпіёна, шкодніка, выкрыем “ворага народа” і як потым нас за гэта будуць услаўляць.
    Злавіць сапраўднага шпіёна нам, зразумела, не ўдалося. А вось мясцовыя нкусаўцы не драмалі. Цэлую брыгаду “шкоднікаў” выкрылі. Што зьдзіўляла: узначальваў яе славуты Старадубцаў, забойшчык з вольных. У клюбе на Ніжне-Сталінску адбыўся адкрыты працэс над гэтай групай “ворагаў народа”. На сцэне за вялікім сталом, накрытым чырвоным абрусам — судзьдзі, каля сцэны ў акружэньні канвою некалькі шахцёраў. Як жа шкодзілі яны? Аказваецца, своечасова забой не мацавалі, наўмысна ствараючы гэтым умовы для абвалаў (кумпалаў). Забой засыпала пустой пародай, для вывазкі якой патрабавалася некалькі гадзін, а то і цэлая зьмена. Работа ішла ўхаластую, здабыча золата зьніжалася. Ну чым не шкодніцтва?
    Суд працягваўся два дні. І мы, хлапчукі з Сярэдне-Сталінска, бегалі глядзець на гэтых “ворагаў”, што так удала замаскаваліся. Між тым прозьвішча Старадубцава было добра вядомае і сярод вольных, і сярод спэцперасяленцаў: хадзіў ён заўсёды ў перадавіках і тым не менш атрымаў былы брыгадзір дзесяць гадоў лягераў.
    Многа пазьней, калі ў вайну самому давялося працаваць падручным забойшчыка, зразумеў я, што аніякай віны шахцёраў у тых завалах не было. Давялося мне працаваць у той час са славутым старацелем Кузьняцовым. Ужо нашто спрактыкаваны забойшчык, а і ў яго “кумпаліла”. Міргнуць не пасьпееш, як забой заваліць пустой пародай. Лічы, паўзьмены прапала.
    І на прыісках, і ў горадзе Алдане выкрылі ў той час нямала розных “ворагаў народа” і “шпіёнаў”. У іх ліку аказаўся і наш выкладчык англійскай мовы. Быў ён рыжы, хударлявы, слабавольны. Любіў выпіць. На яго ўроках мы рабілі што хацелі. Дык вось, быў ён англійскім шпіёнам. Мы тады ніяк не маглі зразумець, якія ж сакрэты мог выдаць англійскай разьведцы гэты і без таго пакрыўджаны лёсам чалавек?
    Спэцперасяленцаў у той час чапалі рэдка. Помніцца толькі адзін выпадак. Стомлены, мокры і не ў настроі вярнуўся ў барак з тайгі, дзе нарыхтоўваў лес для ўмацоўкі шахт, стары Весялоўскі. Перакусіўшы, прылёг адпачыць, а тут радыё на ўсю моц гаворыць. Вось і сказаў ён жонцы: выключы ты радыё, хопіць яму балбатаць! Словы гэтыя пачуў сусед-кравец (на цяжкія работы яго не ганялі, бо была пашкоджана рука) і данёс уладам. Казалі людзі, што быў ён у мясцовых органах няштатным інфарматарам. Так гэта або не — не ведаю, але праз пару дзён Весялоўскі зьнік. Пэўна, адправілі старога яшчэ далей на Поўнач.
                                                                     Самародак
    У 1938 годзе брат Іван скончыў Ніжне-Сталінскую сярэднюю школу. Атрымаў атэстат выдатніка. Вырашыў паступіць у інстытут. Але ў які? У прэстыжныя, у тым ліку і машына-будаўнічыя ВНУ, кулацкіх дзяцей не прымалі. Праўда, былі выпадкі, калі выпускнікі спрабавалі ўтаіць сваё сацыяльнае паходжаньне. Але такіх хутка выкрывалі і выганялі з інстытутаў.
    Да таго ж выпускнікам чамусьці не выдавалі пашпартоў. А без гэтага дакумэнта можна было ўладкавацца на вучобу толькі ў Якуцкі пэдінстытут. Што брат і зрабіў. Аднак правучыўся ён там крыху больш як год. Як толькі атрымаў пашпарт, без дазволу і без згоды кіраўніцтва інстытута кінуў вучобу, з Якуцка з’ехаў. Накіраваўся ён на Радзіму, у Беларусь.
    Матэрыяльнае становішча нашай сям’і пасьля ад’езду Івана зноў пагоршылася. Давялося сур’ёзна брацца за справу і мне. Вырашыў займацца ўлетку здабычай золата. У напарнікі згадзіўся пайсьці аднаклясьнік Міша Касьянаў. Зрабілі невялікую бутару, падабралі зручнае месца — і работа пачалася. Здаецца, нядрэнна: намывалі да 3-4 грамаў залатога пяску.
    З 1940 года на прыісках пачалі ствараць брыгады па перамыўцы адвалаў, якія засталіся пасьля выпрацоўкі як дзяржаўных, так і старацельскіх шахт. Арганізавалі такую брыгаду і мы, юнакі, Звычайна на два такія калектывы Лензолатакіраўніцтва выдзяляла адзін камплект прамывачнага абсталяваньня: вялікую бутару, рыдлёўкі, кайлы, тачкі і інш. Працаваць можна было колькі хочаш, хоць па 12 гадзін у суткі. Нашым напарнікам замацавалі жаночую брыгаду. Мы аддалі ім дзённую зьмену, самі ж пайшлі ў начную. У брыгадзе было 7 чалавек, у асноўным аднагодкі, вучні 8-9-х клясаў: Максім Кудраўцаў, Іван Колацьеў, Міхаіл Касьянаў, Іван Паветкін, Міхаіл Рабухін, Барыс Сітнянскі і я.
    У такім складзе працавалі два сэзоны. Звычайна зьбіраліся на зьмену гадзін у 7-8 вечара. Разьмяркоўвалі абавязкі, іх выконвалі па чарзе: сёньня — ты навальшчык пароды, заўтра — адкатчык, пасьлязаўтра — працуеш на бутары. Калі цямнела, распальвалі вогнішча. Каля яго вячэралі, адпачывалі. Дзесьці гадзін у пяць раніцы, зусім абясьсіленыя, работу спынялі. Зараблялі нядрэнна. Забясьпечвалі сябе ўсім неабходным на час вучобы.
    Вельмі пашэнціла нам на другі год работы, у ноч з 17 на 18 чэрвеня 1941 года. Як звычайна, гадзін у пяць спынілі працу. Барыс Сітнянскі перакрыў ваду і чамусьці затрымаўся ля бутары, а потым нечакана пачаў падскокваць, танцаваць урэшце закрычаў:
    — Самародак! Самародак!
    Спачатку яму не паверылі. Але ж ён не сунімаўся. Тады вырашылі пайсьці і паглядзець, а калі падмануў — намяць бакі. Але Барыс не схлусіў: сапраўды, у яго на далоні блішчэў даволі буйны кавалак чыстага золата. Заважыў ён пры здачы аж 560 грамаў. Радасьці не было канца. Да таго ж і пяску залатога намылі ў тую ноч рэкордную колькасьць — амаль 25 грамаў. Такая ўдача патрапіла нам упершыню. За адну змену мы зарабілі па 100 рублёў бонамі. У пераводзе на звычайныя грошы гэта складала пад 2,5 тысячы рублёў.
                                                              Ідзе вайна народная...
    Безумоўна, тады мы яшчэ не ўяўлялі сабе, колькі гора і бяды прынясе нам вайна. Меркавалі, дзень-другі — і пакоцяцца фашысты на Захад. Мы нават шкадавалі, што вайна хутка скончыцца і нам не ўдасца прыняць удзел у баях з ворагам.
    У першыя ж дні вайны па прыісках прайшлі мітынгі з заклікам: “Усё для фронту, усё для перамогі”. Нямала і вольных, і спэцперасяленцаў пайшло на фронт добраахвотнікамі, на іх месцы станавіліся жонкі, старыя бацькі. Патрыятычная хваля захапіла і нас, падлеткаў. Пасьля таго самародка мы вырашылі больш на прамыўцы золата не працаваць, а пахадзіць у тайгу па грыбы, па кедравыя шышкі. Але ад гэтай задумы прыйшлося адмовіцца. Не маглі ж мы ў такі цяжкі для айчыны час прахалоджвацца. Таму, асабліва не разважаючы, зноў заняліся здабычай золата. Працавалі ўвесь верасень. Займаліся ў школе ў другую зьмену, а да пачатку ўрокаў мылі золата.
    Вясной, ледзь прайшла паводка, зноў сабраліся ў старацельскую брыгаду. Працавалі нават у дні здачы экзамэнаў за дзесяты кляс.
    Пасьля здачы экзамэнаў выпусьнікоў, каму споўнілася 18 год, прызвалі ў армію. Мне ж было толькі 16 з паловай, і таму застаўся дома. Частку лета працаваў у золатаздабыўной брыгадзе, потым у геолягаразьведачнай партыі шурфаўшчыкам.
    Дзесьці ў пачатку зімы ўсіх юнакоў майго ўзросту, у тым ліку і некалькіх дзесяціклясьнікаў, пачалі ўзмоцнена навучаць асновам ваеннай справы. У рабочыя дні займаліся па дзьве гадзіны, у выхадныя — па шэсьць. Шустры лейтэнант з намі асабліва не цацкаўся. Адпрацоўвалі элемэнты страявой падрыхтоўкі, прыёмы штыкавога бою, бегалі ў атаку. Займаліся старанна, былі ўпэўнены, што ўсё гэта нам неўзабаве спатрэбіцца.
    Дзесьці ў сярэдзіне кастрычніка вярнуўся з вайны брат Іван.
    У баях за Таганрог быў ён цяжка паранены. Перанёс апэрацыю, звыш года лячыўся ў шпіталях. Стаў інвалідам. У Сярэдне-Сталінску гэта быў першы пасланец з вайны ў афіцэрскім званьні. Брат уладкаваўся ў Ніжне-Сталінскую сярэднюю школу ваенруком. З яго прыездам зьвязана яшчэ адна падзея ў маім жыцьці. У самы разгар бітвы за Сталінград я ўступіў у камсамол. Па тым часе гэта быў высокапатрыятычны ўчынак: ён падкрэсьліваў адданасьць чалавека Радзіме, яго веру ў безумоўную перамогу над фашыстамі.
    У сярэдзіне сьнежня ўсіх дапрызыўнікаў з Ніжне-Сталінска (сюды мы пераехалі ў двухпакаёвую кватэру, якую атрымаў Іван) позьнім вечарам узьнялі па трывозе. На зборны пункт загадалі з’явіцца з лыжамі. Калі ўсе сабраліся, а было нас чалавек пятнаццаць, нам аб’явілі, што будзем рабіць 20-кілямэтровы марш на Якакутбуд. Глыбокай ноччу дабраліся да месца прызначэньня. Тут разьмясьціліся ў будынку былога мэханічнага цэха — так называлася невялікая мэталаапрацоўчая майстэрня гэтага прыіска. Работнік райваенкамата, які суправаджаў нас, растлумачыў, што па законах ваеннага часу мы лічымся мабілізаванымі ў падразьдзяленьне працоўнай арміі і будзем нарыхтоўваць для мясцовай электрастанцыі дровы на паліва. Любая адлучка з месца будзе расцэньвацца як дэзэрцірства.
    Умовы тут былі невыносныя. Пасьля сьнеданьня гадзін у восем накіроўвалі на падводах у тайгу. Поўзаючы па пояс у сьнезе, уручную пілавалі дрэвы, абсякалі і падцягвалі хлысты да дарогі. Тут дрэвы грузілі на санкі-валакушы і дастаўлялі на электрастанцыю. Двое з нашай каманды рэзалі дрэвы на мэтровыя паленцы і калолі іх. Працавалі напружана, запасу паліва для электрастанцыі не было. А спыніцца яна не магла: забясьпечвала электрычнасьцю не толькі прыіскі, але і золатаздабыўныя шахты.
    Вельмі бедным было і харчаваньне. Адна салёная нішчымная капуста. Ратаваліся тым, што па чарзе наведваліся да бацькоў. Хаця і ў іх разжыцца чым-небудзь не часта ўдавалася: дзейнічала карткавая сыстэма.
    Толькі ў пачатку красавіка нас зьмяніла чарговая група дапрызыўнікаў. Зьнясіленыя, абарваныя, вярнуліся мы дамоў. Праз некалькі дзён сабраліся ў камітэце камсамола. Тут і дамовіліся, хто куды пойдзе працаваць. Накіраваньні атрымалі ў асноўным на здабычу золата. Я трапіў у брыгаду золаташукальніка Кузьняцова. Быў гэта даволі магутнага складу мужчына, з вялікай густой барадой.
    Наша брыгада была сфармавана з жанчын, старых ды падлеткаў. Мы капалі шурф будучай шахты. Было не лёгка, бо паверхня зямлі яшчэ не адтала, а на глыбіні мэтра наогул пачыналася вечная мерзлата. Глебу крыху адагравалі з дапамогай вогнішчаў.
    Але і тут працаваць доўга не давялося. У канцы мая атрымаў з райваенкамата позву: з’явіцца на прызыўны пункт. Было мне тады 17 з паловай. У камандзе, якая складалася з выпускнікоў мясцовых школ, быў я самым маладзейшым. І тым не менш усе мы лічылі сябе зусім дарослымі, гатовымі са зброяй у руках стаць на абарону Радзімы.
    З Алдана да чыгункі дабіраліся двое сутак на грузавой аўтамашыне. Ехалі весела, хаця на душы не-не ды і ўзьнікала трывога. Што чакае нас наперадзе? Думалі, падвучаць ваеннай справе — і на фронт. Унутрана мы былі ўжо гатовыя да гэтага. Вайна ёсьць вайна.
    Выгрузіліся за 60 кілямэтраў ад Іркуцка на невялікай станцыі Мальта. Тут разьмяшчалася запасная стралковая брыгада. Гэта своеасаблівае вучэбнае падразьдзяленьне ваеннага часу, дзе па паскоранай праграме рыхтаваліся маршавыя роты для фронту. Але брыгаду гэтую літаральна перад нашым прыездам расфарміравалі, і ваенны гарадок, які складаўся з зямлянак, пуставаў. І ўсё ж нас пакінулі тут. Пазьней стала вядома, што на месцы брыгады будзе фарміравацца кадравая дывізія. Наша каманда стала касцяком батарэі палкавой артылерыі. Адбыўшы двухтыднёвы карантын, я апрануў форму радавога Чырвонай Арміі. З гэтага часу я перастаў быць спэцперасяленцам, ператварыўся ў грамадзяніна Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Менавіта так урачыста назваў я сам сябе, прымаючы Ваенную прысягу.
    Болей за іншых з сям’і затрымаліся ў спэцперасяленцах бацькі. Яны здолелі выехаць з Якуціі пасьля вайны, прабыўшы на высылцы 17 год. Прыехалі ў Магілёў, спыніліся ў дачкі Марыі. Неўзабаве змайстраваў бацька на ўскрайку горада невялічкую пяцісьценку. Тут ён з маці і сустрэлі свой апошні дзень.
                                                     Некалькі думак у заключэньне
    Апошнім часам многа пішуць пра славутую “сталінскую эпоху”, пра рэпрэсіі, беззаконьне. Пішуць не толькі тыя, хто быў сьведкам, каму давялося шмат перанесьці, прайсьці праз ссылку, пабываць за калючым дротам лягераў. Бяруцца часьцяком за пяро і тыя, хто ведае пра трагічныя падзеі са слоў, у лепшым выпадку з дакумэнтаў, прычым не заўсёды сумленна вывучаючы іх. Бачацца мне дзьве пазыцыі ў падыходзе да гэтай трагічнай тэмы. Публікацыі аўтараў з ліку відавочцаў і ахвяр сталінскіх рэпрэсій — вызначаюцца стрыманасьцю, разважлівасьцю, добразычлівасьцю, імкненьнем убачыць не толькі дрэннае, а і станоўчае ў працы і дзеяньнях мільёнаў і мільёнаў рабочых, інтэлігенцыі, чыімі клопатамі жыла і мацнела краіна. Іншыя ж аўтары сякуць з пляча ў аналізе фактаў, занадта катэгарычныя, бачаць у нашай гісторыі толькі чорнае, часам зьмешваючы ў адно катаў і іх ахвяраў. Маўляў, вы ж самі ўсё пераносілі маўкліва, выкладаліся на працы, чым садзейнічалі ўмацаваньню той сыстэмы.
    Нельга не згадзіцца, былі жорсткія рэпрэсіі, было шмат незваротных ахвяраў і страт. І гэтага нельга забываць. Узяць хоць бы калектывізацыю. Справа не толькі ў тым, што ў выніку яе правядзеньня была падарвана аснова сельскай гаспадаркі. Трагедыя яшчэ і ў тым, што амаль ніхто з высланых кулакоў, з іх дзяцей і ўнукаў да зямлі не вярнуўся, аратым не стаў. А гэта ж мільёны добрых працаўнікоў. Вось адна з прычын абязьлюджваньня вёскі.
    І яшчэ. Не ўсё тады было толькі чорным. Нельга бязьлітасна закрэсьліць тое, што зрабілі старэйшыя пакаленьні. Не, зусім не дарэмна жылі і працавалі мы, хоць і спрабуюць ахрысьціць нас “страчаным пакаленьнем”. Ніколі з гэтым не згаджуся. Нягледзячы на ўсе нягоды, людзі захавалі ў сваёй душы веру ў самыя высакародныя, самыя чалавечныя ідэалы. Ад іх не маглі мы ні ў якім выпадку адмовіцца. Нават у самыя цяжкія часы — у пэрыяд голаду ў пачатку 30-х гадоў і выпрабаваньняў Вялікай Айчыннай вайны, здаецца (даруйце, калі памылюся), мы былі больш добрымі, міласэрнымі і чулымі.
    Ды і на каго крыўдаваць? На сваю Радзіму? А хіба ж яна вінаватая ў бедах, якія зваліліся на людзей? І хіба ж можна ставіць знак роўнасьці паміж Радзімай і жменяй катаў на высокіх дзяржаўных і партыйных пасадах? Ні ў якім разе.
    Зноў жа пра помсту. Каму помсьціць? Свайму народу, разам з якім адольваліся жыцьцёвыя выпрабаваньні, з якім разам працаваў, змагаўся, сьпяваў, радаваўся жыцьцю і сонцу. Які і сёньня зноў напаткала вялікая бяда. І каб адолець яе, патрэбна згода і сумесныя намаганьні. Тым больш, што асноўным прызначэньнем чалавека спрадвеку было не разбурэньне, а стваральная праца. На тым і стаім!
    /Полымя. № 4. Мінск. 1992. С. 135-147./

                                                                З УСПАМІНАЎ
                                                    Марыі Якаўлеўны Локцевай,
                                                          жыхаркі в. Гарадзішча
    Бацька мой быў раскулачаны вясной 1929 ці 1930 г. і высланы ў Якуцію на залатыя прыіскі ў раён р. Алдан. Да высылкі меў надзел зямлі і жыў на хутары, былі у нас і хата-пяцісьценка, гаспадарчыя будынкі, конь, дзьве каровы, авечкі, куры, сьвіньні. Хутка усё гэта было канфіскавана і забрана ў калгас.
    Разам з бацькамі выслалі маму, Сапунову (Афанасенка) Аляксандру Архіпаўну, 1895 г. н., і трое дзяцей, Пятра, 1920, Ніну, 1924, і Васіля, 1926 г. н.
    Мяне ўзяў да сябе дзядзя Афанасенка Аляксандр Архіпавіч, які жыў у в. Амельчанкі разам са сваім бацькам. У сувязі з тым, што мяне не прынялі ў школу як дачку ворага народу, прыйшлося перайсьці не прозьвішча мамы Афанасенка. Праз 2 гады дзядзя мой паехаў у Ленінград, а я засталася жыць з дзядулям, які памёр ў 1944 г. Бацьку засудзілі да 10 год, калі тэрмін высылкі скончыўся, далі яшчэ 6 гадоў і аднаго, без сям’і, пераслалі ў другое месца. Мама памерла у 1942 г. ад запаленьня лёгкіх, так пісаў брат Пётр. Сястра Ніна і брат Васіль памерлі адразу, як прыехалі ў Якуцію. Брат Пётр пасьля сьмерці мамы быў у доме інвалідаў. Пасьля вайны напісаў пісьмо, што вельмі хворы, а хутка і ад яго перасталі ісьці весткі.
    /Сапуноў Якаў Варфаламеевіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна. Мінск. 1994. С. 94./

                                                        З УСПАМІНАЎ ДАЧКІ,
                                                Марыі Цімафееўны Мацюшонак
    Вясной 1930 г., калі бацька з раніцы рыхтаваў інвэнтар да выезду ў поле, да нас зайшлі два чалавекі і павялі бацьку з двара. Мы яго больш ня бачылі. У калгас забралі ўсё нажытае за апошнія гады коней, кароў, сьвіней, авечак, а таксама пабудовы. Нас выгналі з хаты і зачынілі яе на замок.
    Бацька адбываў тэрмін у Якуціі – у Алданскай акрузе, працаваў на лесанарыхтоўках, потым здабываў золата. Відаць цяжкая непасільная праца падарвала яго сілы. Мы так і не даведаліся, чаму ён памёр і дзе пахаваны.
    /Мацюшонак Цімафей Васільевіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Клічаўскага раёна. Мінск. 1995. С. 138./


                                                          АРКАДЗЬ  ЗАБЛОЦКІ
    З 1950 г. жыве ў Блужы Аркадзь Канстанцінавіч Заблоцкі. 32 гады ён выкладаў у Блужскай школе англійскую мову, 10 гадоў быў дырэктарам. Жыцьцё яго - сьведчаньне трывучасьці беларускага духу, які, пабыўшы ў пекле сталінскай ссылкі, у нечалавечых умовах не толькі выжыў фізычна (што ўжо нямала!), але здолеў вывучыцца, стварыць добрую сям’ю i жыць без злосьці на той сьвет, які так жорстка абышоўся з ім і яго роднымі.
    Нарадзіўся Аркадзь Заблоцкі ў 1922 г. у в. Савалуцк (цяпер Любанскі р-н) у сям’і земляробаў. Бацькі жылі на хутары, мелі 3 валокі зямлі. Гэта была сям’я сялян-сераднякоў.
    У 1930 г. вялікую сям’ю Заблоцкіх (5 сыноў, 2 дачкі) раскулачылi і выслалі ў Якуцію, у Алданскі р-н. За першы страшны год ссылкі памерлі бацька i маленькая сястрычка. На фатаграфіі 1934 г. сям’я ўжо без іх.
 
                                                    Сям’я Заблоцкіх у ссылцы ў Якуціі,
                                                    г. Алдан, прыіск Верхнесталінскі,
                                                        Аркадзь другі зьлева, 1934 г.

    Здаецца, усё гора сьвету сьвеціцца ў вачах маці - Міхаліны Мацьвееўны. У 1940 г. Аркадзь закончыў 10 клясаў, атрымаў дазвол i паехаў вучыцца ў Томск, там закончыў на выдатна 1-гадовыя настаўніцкія курсы, факультэт англійскай мовы. Пасьля заканчэньня яго накіравалі ў Аляксандраўскую СШ Юргінскага р-на. Гэта быў 1941 г., пачалася вайна. У 19 гадоў юнак прасіўся на фронт, але не ўзялі – “неблагонадёжный, сын кулака, врага народа”. У кастрычніку 1942 г. у армію сталі браць усіх (Сталінград!). Аркадзь трапіў на Курскую дугу. Быў паранены. Шпіталь у г. Стары Аскол, потым апэрацыя ў г. Гур’еве, выдалілі асколак - рана зажыла. Па сканчэньні вайны выйшаў загад, каб усіх настаўнікаў тэрмінова накіравалі ў школы.
    У кастрычніку 1945 г. Аркадзь дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Алдан, да маці. Яна жыла там са старэйшай дачкой Ефрасіньняй. Усіх сыноў “ворагаў народа” Заблоцкіх Савецкая улада забрала на вайну, прыдаліся ў цяжкі час. Трое Заблоцкіх - Аляксандар, 1912 г. н., Іван, 1914 г., Мікалай, 1925 г., - з фронту не вярнуліся, “выкупілі віну крывёю”. Толькі якую віну? Міхаліна Мацьвееўна з горыччу, бывала, казала, што вось як выганялі з дома дзетак, марылі голадам, пяклі холадам у той Сыбіры, то дзеці яе савецкай уладзе былі непатрэбныя, а калі вайна ўдарыла, дык спатрэбіліся і “кулакі”.
    Аркадзя накіравалі на працу ў СШ № 23 г. Алдана. Тут ён сустрэў Аню Краснапольскую, таксама з сям’і раскулачаных. Сям’я Краснапольскіх была выслана з Ельскага раёна Беларусі. “Як гэта вы знайшлі ў Якуціі беларуску?” - зьдзіўляемся мы. “Больш паловы жыхароў Якуціі тады былі беларусы”, - адказвае Аркадзь Канстанцінавіч. Няма слоў. Во дзе расьцярушаныя нашы сілы. А высылалі ў тую Сыбір лепшых ва ўсе часы - i пры царах, і пры Сталіне - самых разумных, працавітых, адукаваных, бо такія найбольш небясьпечныя для ўлад. Можа, таму мы сёння такія рахманыя, няздольныя нават на паляпшэньне свайго жыцьця?
    Хутка Аркадзь з Ганнаю ажаніліся. Гэта было каханьне і шчасьце на ўсё жыцьцё. Мы бачым у пакоі Аркадзя Канстанцінавіча на самым відным месцы партрэт вельмі прыгожай маладой жанчыны.
    У 1950 г. дактары загадалі жонцы памяняць клімат з-за сардэчнай недастатковасьці. Яны вярнуліся ў Беларусь. У гэтым жа годзе Заблоцкага Пухавіцкае РАНА накіроўвае ў Блужу настаўнікам англійскай мовы. Аркадзь Канстанцінавіч успамінае, што тады школа працавала ў некалькіх прыстасаваных будынках (адзін з ix - дзе цяпер лясьніцтва). У 50-я гг. тут яшчэ стаяў дом пана Булгака, жылі там нейкія людзі. Ніхто не рамантаваў маёнтак, таму ён паціху разбураўся, а потым быў зьнесены. Сёньня ад сядзібы Булгакаў засталіся толькі паграбы i ліпавыя прысады.
    Электрычнасьці ў 50-я гг. яшчэ не было, вучыліся пры газавых лямпах. Настаўнік Тышкевіч устанавіў у школе самаробны рухавік і падключыў да школы электрычнасьць. Гэта было дзіва. У 1956 г. Блужская школа стала 10-годкай, у 1970 г. была пабудавана мураваная тыпавая школа. Жонка Аркадзя Канстанцінавіча працавала бібліятэкарам, потым загадчыцай СДК. Выгадавалі трох харошых дзяцей, шмат унукаў. Такой сям’ёю, такой працай можна ганарыцца. Нягледзячы на ўсе перашкоды, жыцьцё ўдалося.
    Мы пытаем, ці прыйшлося калі, ужо жывучы ў Беларусі, адчуць на сабе напамін пра ссылку? Канешне, і не раз. Напрыклад, калі бралі на працу ў Пухавіцкі раён, то чыноўнік рана ў паперцы знайшоў запіс i энэргічна даводзіў, што бярэ на работу сына раскулачанага, гэта значыць, ворага народа, і таму той мусіць ведаць сваё месца. Нікому, акрамя родных, Аркадзь Канстанцінавіч, відаць, не расказваў пра гэты факт біяграфіі, бо вучні ягоныя 60-70-х гг. нічога пра блуканьні па пакутах свайго настаўніка не ведалі. Вельмі зьдзіўляліся, пачуўшы гэта ад нас. Няма ўжо побач з Аркадзем Канстанцінавічам дарагой жонкі, трагічна загінуў у катастрофе сын - ці не занадта шмат выпрабаваньняў для аднаго чалавека? Сьвецяцца розумам і дабрынёй вочы чалавека. Сьвецяцца вокны ў дагледжаным цагляным дамку, што недалёка ад школы. Дай Вам Божа, настаўнік, моцы, дужасьці, здароўя i надалей. Вы патрэбныя нам, вашым дзецям і вучням.
    Людміла Жышкевіч, Наталля Ільініч
    Матэрыял цалкам узяты са школьнай газэты “Талька” № 2, што выйшла ў 2002 г., да 90-годзьдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газэта была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы “Павятовай газеты” і цэнтра “Супольнасць”.

    Алесь Адамовіч
                                                                              VІХІ
                                                                       (Фрагмэнты)


    У Забалаць. на радзіму мамы. у вёску, дзе нарадзіўся Жэня, мы ня езьдзілі. Ні разу - пасьля таго, як сям’ю Мітрафана Тычыны (маміна дзявочае прозьвішча) раскулачылі. Выслалі ў Сыбір. разам са старымі, - Аляксандра, майго цёзку, Зіну і Любу. А дзьвюх сясьцёр - як з агню выхапілі - забралі да сябе дзядзька Антон і наша мама. Мама выгадавала з намі за кампанію Соню і замуж аддала, дзядзька Антон павёз з сабой у самую-самую глыбінку Беларусі Волю (і таксама потым “аддаў замуж”). Нагадваць пра сябе у Забалаці лішні раз ня варта было, я так разумею. Большыя ўлады, вядома, ведалі што жонка глушанскага доктара штомесяца адпраўляла “на Алдан” пасылкі: сала, цыбулю, часнык, крупы Гэта ж рабіў і дзядзька Антон - са сваёй, тады зусім глухой. Хацімшчыны, куды яго, можна сказаць, таксама саслалі пасьля таго. як настаўнік Тычына Антон Мітрафанавіч адмовіўся парваць з “бацькамі-кулакамі”. Да нас таксама дабіраліся: перад вайной бацьку “раілі” разьвесьціся з “кулачкай”, клапатліва-пагрозьліва настойвалі Непасрэдная небясьпека бачылася там, у забалацкіх “актывістах”, якія, як і у іншых многіх месцах, не пасаромеліся забраць і дзіцячыя валёнкі, і “лішнюю коўдрачку” - разуць распрануць выгнаньнікаў. Так што на многія гады паміж высланымі і пакінутымі пры калгасных пасадах (а то бязь іх) “актывістамі” захоўвалася невідочная сувязь, падсочваньне раўніва злараднае: каму ўрэшце горш? Вядома, тым, каго замарозілі, голадам замарылі ў далёкай ссылцы, было безумоўна горш. Але здаралася, што абрабаваныя і даведзеныя да галечы ці хоць бы нехта з такіх сем’яў апынаўся ў становішчы, прынамсі, ня горшым за калгаснае. Раўніва сачылі адно за адным зводдаль. А пісаць людзей навучылі. Так што ад грэху далей. Я помню, як далёкія нашы сваякі з калісьці багатага Засмужжа, па-калгаснаму зьбяднелага да таго часу, зьяўляючыся ў нас у доме, стараліся абудзіць у нашай маці застарэлую крыўду на землякоў. Але, па-мойму. гэта не атрымлівалася Ці мама так умела трымаць сябе ў руках? Апроч таго - каму зайздросьціць? Тым, хто застаўся ў калгасе? Барані Бог, прачуюць, што брат Аляксандр прыяжджаў (гэта перад вайной было) з чамаданам, поўным падарункаў, - шарсьцяных адрэзаў, скураных падноскаў навёз, аб якіх тут даўно забыліся. Пашчасьціла і ў Сыбіры Тычынам: ня выкінулі ў тайгу на сьнег, не замарылі на лесапавале, завезьлі ажно на Алданскія залатыя капальні. Немаведама як, але выжылі, а падрос Аляксандр і стаў рабіць “на золаце”. І ўсё гэта потым купляць на цуд-грошы, нейкія “боны”. Пакуль не забралі на фронт. Доўга ляжаў у шпіталі ў Алма-Аце, а вярнуліся ў Беларусь (дзядзька Аляксандр з кучай дзетак уласных і вясёлай “сыбірачкай” Кацяй, што ўсім палюбілася) - раптам ператварыўся ў такога ж удачлівага, “прыроднага” палявода ў саўгасе, якім і золаташукальнікам быў, але гэта потым, пасьля...
    Мне, калі я дэпутатам быў, прыходзілі лісты ад дзяцей і ўнукаў раскулачаных і тых, хто сам быў “кулаком-перасяленцам” у пяці-сямігадовым узросьце. Апісаўшы ўсе нягоды, пералічыўшы памерлых ад барачнага жыцьця брацікаў і сястрычак, амаль абавязкова з пратэстам паведамлялі, што ў іх гаспадарка была, калі не зусім бядняцкая, дык серадняцкая, вось столькі кароў. коней, авечак. збудаваньняў. Маўляў, несправядліва раскулачылі, замарылі голадам, катаргай. Тым самым як бы згаджаліся, што тых, у каго было больш за пералічанае, тых можна было, а вось нас - незаконна. І патрабавалі рэабілітацыі, аднаўленьня справядлівасьці дзеля сябе, сваіх, у каго на карову, на авечку было менш.
    Баюся і сам прадэманстраваць вось такое перавернутае мысьленьне і таму ня стану даведвацца знарок, удакладняць, колькі ж было дзесяцін зямлі, ці лесу, ці балота ў Мітрафана Тычыны: дзесяць або пяцьдзесят? Ведаю толькі, хаця ў доме ў нас пра гэта ніколі не казалася і толькі пазьней дзядзька Антон пасьпеў мне сёе-тое пераказаць, - рабілі ў ся’і Тычыны ўсе, пачынаючы з шасьцігадовага ўзросту (гусі, парасяты былі іх клопатам).
    Не пашанцавала Вользе, амаль не вучылася нават у школе, затое Аню, Антона Мітрафан Тычына аддаў вучыцца ў слуцкую гімназію, разумеў. што такое адукацыя. Але рабілі і гімназісты, наяжджаючы дамоў, і стараліся нават больш за астатніх дзяцей. Таксама разумелі, на якую ахвяру пайшла сям’я. Міжволі ўзгадваю пачутую нядаўна легенду пра Багіню - заснавальніцу працавітай Даніі. Ёй сказана было: колькі за ноч узарэш столькі і будзе зямлі ў твайго народу. Дык яна братоў і нават дзетак сваіх перакінула ў быкоў - народ дацкі ёй і дасюль удзячны.
    Паводле беларускага паняцьця, дасавецкага, “кулак” - гэта той, хто сьпіць на кулаку. Упаў, дзе стаяў, запрацаваўшыся да бясьпамяці, і не на падушку галаву, а на цьвёрды кулак - каб лішне не заспаць. Дзядзька Антон успамінаў, як абрабаваны “цьвёрдымі заданьнямі” бацька скардзіўся не на тое, што забралі і скаціну, і інвэнтар. і зерне, а што: “рукі - сорам на вуліцу выйсьці, як вітацца з чалавекам?” Мазалі-капыты сталі сыходзіць з далоняў, Мітрафан Тычына саромеўся такіх рук.
    “Савецкая ўлада” падзяліць і супрацьпаставіць імкнулася ўсіх, і ўнутры сям’і таксама, яднаючы толькі ў адным памкненьні, стараньні: дагадзіць гэтай уладзе. нават калі загадаюць адрачыся ад бацькоў або дзяцей, неадкладна здрадзіць тым, на каго пакажуць. Ці не з прыроднага пачуцьця ўпартасьці і супраціўленьня гэтаму, зусім інстынктыўна, але з тым большай нязьменнасьцю Тычына дачка, наша мама, усё жыцьцё сваё была зьбіральніцай і хавальніцай роду Тычынаў-Адамовічаў, мацуючай сілай. У нас у доме жылі, і па шмат гадоў, усе, каму не было дзе жыць... У вайну сабрала пад сваю страху больш як дзесяць чалавек, і ўсіх трэба было зьберагчы, карміць. Так і павялося - і пасьля вайны. Сваякі, самыя далёкія, ведалі, у каго дзень нараджэньня, калі, хто памёр, а хто вясельле павінен спраўляць, каго прысарамаціць, каму якія патрэбныя лекі, даведкі, - ад цеткі Ані. Я ўжо ўздрыгваў, калі яна, радасна ажыўляючыся. пытала, вычытаўшы ці пачуўшы на радыё, тэлебачаньні прозьвішча Адамовіч, Тычына: яны, Саша, ня маюць ніякіх адносін?.. Ніякіх да нас, абсалютна аніякіх, мама! Мала, дык я яшчэ атрымліваю ад яе заданьне (такім вінаватым голасам, але ведаю, не супакоіцца, спаць ня будзе, пакуль не здабуду, не памагу, не пазваню, не павіншую) - радні, як у... ня ведаю нават, у каго! Пакінула яна нас, і ўсе потым сталі гаварыць - скардзіцца: нейк радзей сустракаемся, бачымся. гаворым адно з адным. Анічога ня ведаем, што ў каго і з кім што...
    Калі ў кожнага чалавека ёсьць Анёл-Захавальнік, тады і род кожны павінен яго мець, мае. А інакш як растлумачыш такія розныя лёсы асобных сем’яў, якіх вайна з аднолькавай сілай круціла-матала: у адной жывой душачкі не засталося (глушанскага Мішы Каваленкі род, 12 чалавек), другая, вось як наша, - чалавек 15 былі на фронце або ў партызанах, перакалечыла вайна, але ніводзін не загінуў? Ні адзін. Які ж павінен быць Анёл-Захавальнік, каб вось так! Аднак, бадай, яны ня могуць быць лепшыя ці горшыя, анёлы. Тады, можа, адгадка ў тым: у нашага быў памочнік. Калі гэта так, дык усе, хто яшчэ жывы, засталіся з нашых, ці ня “цётку Аню” назавуць?
    Пасьля вайны яна амаль усіх, каго Сталін і каго Гітлер раскідалі па сьвеце, наклікала, сабрала, вярнула ў свае краі. Толькі моцны беларускі селянін Мітрафан Тычына застаўся ляжаць у настыглай сыбірскай зямлі...
    Сярод заклапочаных жанчын і наша Соня, якая даўно жыве з намі, маміна малодшая сястра. Ня ведала ні яна, ні ўсе мы, што вось сюды, у гэты дом, вернецца з мужам, у першыя дні вайны, так жахліва страціўшы дзяўчынку на пераправе цераз Бярэзіну, і адсюль вось гэты Арцём Ляшчун, якому яна надкладвае смачныя кавалкі, ратуючы яе мужа-камуніста ад даносу Пагоцкіх, на тых жа санях і на тым жа кані, што стаіць пад вакном. шпарка памчыць да школы. да лесу, што бачны з вакон.
    Калі я іх потым бачыў, а бывала. што зь нейкае сьвяточнае або сумнае нагоды ледзьве ня усіх пецярых адразу - маму і яе сясьцёр, - міжволі параўноўваў. Да чаго ж падобныя і да чаго ж розныя. Дзядзька Антон і дзядзька Аляксандр, іх браты, што стаялі як бы наводшыбе, яшчэ лепш намагалі зразумець Тычынаўскі агульны корань.
    Калі за пункт адліку браць маму, г. зн. характар выключна дзейсны і нават уладны, астатнія выстраяцца так: жорсткая (калі не жарсткаватая) Оля, што так і засталася непісьменнай сялянкай-гараджанкай, затым, бадай, разумна-іранічная Люба. якая адправіла ад сябе ажно двух мужоў, калі зразумела ім цану (першы, здавалася, і нарадзіўся з рукамі ў кішэнях, такі быў гультай. але зь неверагоднымі прэтэньзіямі, а другі партапантаны, ён нават ва ўласную прыбіральню зрабіў адвод ад тэлефона, хоць ніхто яго, вядома, там не шукаў па тэрміновых дзяржаўных справах).
    Затым – Зіна, выключна, нават нейк не па-тычынаўску, цалкам замкнёная на самой сабе, ну, і нарэшце - Соня. да старасьці худзенькая, як дзяўчынка, і ласкавая, як дззіця. Калі яна павышала голас на мужа - Пецю, ён глядзеў на яе з надбадзёрвальным зьдзіўленьнем: ну, хоць на мяне ўзьняла голас, і за тое хвала Богу!..
    Ну а калі пачаць адлік з Соні. увесь ланцужок выстраіцца ў адваротным напрамку. То калі брат Аляксандр стане норуч з Соняй, яны вельмі падобныя характарамі, дык Антон будзе там у ланцужку, дзе і наша мама. Яны, Аня і Антон, заўсёды былі ў сямействе Тычын - ня столькі ўзростам, колькі аўтарытэтам - старэйшыя. І калі яны ўдваіх разыходзіліся ў меркаваньнях, у ацэнках (што здаралася дужа рэдка), дык апошняе слова звычайна заставалася за Аняй (нашай мамай).
    Як жа ёй, што ўсё жыцьцё трымала на сабе, адказвала ня толькі за адну сваю сям’ю хоць ніхто, вядома, ёй гэтага не даручаў, было балюча выявіць: напаткала старасьць! Гэта ня быў звычайны жаночы жах перад старасьцю. Прырода адарыла яе хараством, сьвежасьцю твару, яснасьцю вачэй, без усякіх жаночых стараньняў і хітрыкаў захавалася і пасьля 60-ці. (“Ды ў вас, Ганна Мітрафанаўна, твар сьвяжэй, чым у нявестак вашых”, - здаралася, скажа хто-небудзь досыць нетактоўна, у прысутнасьці ўсіх.) Дасюль болем аддаецца ўва мне памяць пра тое, як яна раптам заплакала. Нешта спатрэбілася дастаць з гарышча нашага глушанскага дому. (Бацька пасьля вайны пачаў яго будаваць, ды так і не пажыў у ім, завяршылі мамін дом мы, калі пачалі ўжо з братам зарабляць. Да гэтага часу дзевяць пруткоў-бярозак, зь якіх усё пачалося, вымахалі вышэй за прыроджаныя сосны.) Дык вось мама, не, каб сыну даручыць злазіць на гарышча і, што трэба, дастаць, сама захацела ўзьлезьці туды. Што раней ня раз, вядома, рабіла. Я памог ёй пералезьці праз нязручна шырокі застрэшак, але, калі трэба было спускацца, яна ніяк не магла дацягнуцца да лесьвічнай перакладзіны. Як я ні стараўся памагаць. стоячы ніжэй. Хоць ты ёй на тым гарышчы заставайся назаўсёды! І тут яна заплакала - з такой дзіцячай крыўдай на сваю бездапаможнасьць. На раптам спасьціглую старасьць. Плакала і злавала на мяне, што я гэта бачу. Падымалася па лесьвіцы - была адна, а спускалася - другая, старая.
    /Міхась Тычына.  Вялікія і Малыя Тычыны. Легенды і рэальнасць. Мінск. 2011. С. 228-230./





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz