Іван Ласкоў
ДАГІСТАРЫЧНЫЯ БЛУКАНЬНІ: ЛІТВА І ЖАМОЙЦЬ
Частка першая
*
Аўтар
гісторыка-мовазнаўчага нарыса пра Літву і Жамойць Іван Ласкоў ідзе да сваіх
парадаксальных і сьмелых - як зазвычай - высноў доўгім. марудлівым шляхам. Але,
пачынаючы чытаць работу, няварта лічыць шматлікія агаворкі, багатае цытаваньне
залішнімі рэчамі: чытача чакае ў выніку азнаямленьне з нязвыклай канцэпцыяй паходжаньня
нашых продкаў... Канешне, як і кожная канцэпцыя, довады І. Ласкова небясспрэчныя;
трэба думаць. гісторыкам, лінгвістам будзе што закінуць аўтару-эсэісту. Ды рэдакцыя,
публікуючы нарыс, і разьлічвае на па магчымасьці шырокае абмеркаваньне праблемы.
якую ставіць І. Ласкоў.
* * *
Першабытны паляўнічы быў вандроўнікам.
Яго цягнула ўдалеч жаданая неруш, поўная няпуджанай дзічыны.
Звычка ісьці і ісьці за
гарызонт засталася і пасьля таго, як чалавек надумаўся кідаць у зямлю зерня. Бо
напачатку палеткі яго, “угноеныя” толькі падсечным попелам, выдыхаліся вельмі
хутка; ужо праз пяць-шэсьць год яны нічога на радзілі, і іх усё адно трэба было
мяняць, зноў біць у пушчы ляда.
Так цягнулася датуль, пакуль
паляўнічы, што стаў адначасова земляробам, не абзавёўся яшчэ і быдлам, якое
давала не толькі маса і малако, але і гной. Цяпер уробленая глеба магла карміць
вечна. Кідаць палеткі стала пакутліва, і чалавек застаўся б пры іх. Але не ўсё
вырашалі ягоныя жаданьні.
Земляробства ў найбольш разьвітых
краінах прывяло да рабаўладаньня. Рабаўладальнік апрацоўваў зямлю не сваімі
рукамі. Галоўнай мэтай дзяржавы стала здабыча рабоў. У дрымучых лясах за межамі
цывілізаваных краін легіёны ўзброеных мужчын палявалі не на ваўка і аленя — на
чалавека, каб, пазбавіўшы яго волі, прадаць на нявольніцкім рынку.
У сваю чаргу, і варвараў вабілі
багацьці цывілізаваных. Невядома адкуль, з паўночных нетраў або ўсходніх стэпаў,
накочваліся ваяўнічыя хвалі, то атрымліваючы ад легіёнаў у зубы, то пранікаючы
ў самае сэрца Рыма і Бізантыі.
Час так званага вялікага
перасяленьня народаў — пачатак новай, нашай эры.
Барбары “пісалі” мячамі ды
коп’ямі. Пёрамі карысталіся талькі цывілізаваныя. А пісалі яны, зразумела, найперш
пра тых, хто іх турбаваў болей, тыя ж вандалы ды гуны. А плямёны, што
ціха-мірна палявалі ды аралі пад бокам імпэрый, не прыцягвалі ўвагі храністаў.
І на скрыжалі яны не трапілі. А ў іх жа, кожнага, была свая гісторыя. Як яны
называліся, з якіх прычым здымаліся з месца і шукалі шчасьця або ратунку, дзе
жылі ў тое ці іншае стагодзьдзе — мы не ведаем. Анічога...
На трава, на лісьці, на пяску
сьлед нагі або капыта, каляіна мажары часьцей за ўсё трымаецца адно да першага
дажджу. Як жа нам узнавіць шляхі дагістарычных вандровак?..
На шчасьце, ёсьць матэрыял, які
захоўваецца сьляды чалавечых блуканьняў тысячагодзьдзі. Гэты матэрыял - мова.
Ды вось бяда: тых сьлядоў
мала хто шукае. А калі яны і самі кідаюцца ў вочы, часьцяком ва ўпор не бачаць.
І тады сапраўдная гісторыя падмяняецца прыдуманай, падманнай...
Яшчэ ў 1615 годзе нейкі Міхал
Ліцьвін “прывёў каля ста падобных слоў лацінскай і літоўскай моваў” /Языки
народов СССР, т. 1. М., 1966 – у далейшым ЯН СССР, арт. «Литовский язык», с.
502/. А хто гаварыў на лацінскай мове? Грамадзяне Рыма.
Яшчэ. Тэрыторыя, на якой
разьмяшчалася ўчарашняя Югаславія, у рымскія часы звалася Ілірыкам /История Венгрии, т. 1. М., 1971 — у
далейшым ИВ, с.
36/. Тут жылі плямёны з ілірыйскай мовай. Не была яна пісьмовай, і засталося ад
яе вельмі мала: імёны ілірыйцаў, тапонімы ілірыка, жменька слоў. Але і тое, што
захавалася, сьведчыць: “Ілірыйская мова... паказвае сувязі з паўночнымі
індаэўрапейскімі мовамі — балцкімі, германскімі, славянскімі” /Лингвистический
энциклопедический словарь. М., 1990 — у далейшым ЛЭС, с. 172/. Як бачым, у
пераліку паўночных індаэўрапейскіх моў балцкія стаяць на першым месцы, г. зн.
яны бліжэйшыя да ілірыйскай, чым германскія і славянскія, хаця славяне жывуць у
самім былым Ілірыку, а германцы /аўстрыйцы/ з ім мяжуюць.
Тэрыторыю на ўсход ад Ілірыка
у рымскія часы займалі дакафракійскія плямёны. Ад мовы іх засталося прыблізна
гэтулькі, як ад ілірыйскай. Але і тыя рэшткі выяўляюць “цесную сувязь” а
балтыйскімі мовамі”, адкрытую расейскім лінгвістам У. Тапаровым /ЛЭС, с. 561/.
І гэта не ўсё. Як піша У.
Тапароў, “шэраг тапанімічных ізаглос яднае балтыйскі арэал з Паноніяй,
Балканамі і Адрыятычным узьбярэжжам” /ЛЭС, с. 64/, г. зн. у Прыбалтыцы маюцца
такія ж геаграфічныя назвы, як на Балканах, у Адрыятыцы і Паноніі — той частцы
Вэнгрыі, што ляжыць на захад ад Дуная /гл. Советский энциклопедический словарь/.
У 15 томе другога выданьня
БСЭ ёсьць “Этническая карта Европы»”. На ёй пазначана, дзе жылі народы, вядомыя антычным аўтарам –
рымлянам і грэкам. Хто ж тады, паводле іх, жыў у Прыбалтыцы? Толькі тры групы
плямёнаў: карэоты, осіі і галінды. Пра літву, жамойць /жмудзь/, лаггалаў,
земгалаў, прусаў старажытныя аўтары не чулі.
На якія ж думкі павінна
наводзіць усё гэта аб’ектыўнага дасьледчыка? Што ў антычныя часы літвы,
жамойці, латгалаў, земгалаў, прусаў у Прыбалтыцы но было, што продкі носьбітаў
балтыйскіх моў жылі недзе паблізу ад
Рымскай імпэрыі, а можа, і ў ёй самой, дзе суседзілі з ілірыйцамі і
фракійцамі, а можа, былі часткай тых або другіх, бо ілірыйскую і фракійскую
мовы мы ведаем занадта слаба. каб катэгарычна гэта адмаўляць. Ды на балтаў
погляд пануе іншы. Вось што пішуць у Летуве, і прыблізна тое ж пішацца ўсюды:
“Прарадзіма балтаў — хутчэй за ўсё, міжрэчча Віслы і Дняпра. Продкі балтоў —
прабалты сфармаваліся напрыканцы 3-га тысячагодзьдзя да н. э. у выніку
асыміляцыі індаэўрапейскіх груп носьбітаў культуры шнуравой керамікі, што
шырока распаўсюдзіліся ў Сярэдняй і Паўночнай Эўропе, а мясцовымі плямёнамі,
таксама эўрапэоідамі /Литва. Краткая
энциклопедия. Вильнюс, 1989 — у далейшым Литва, с. 135/.
Вось так. Усе ў Эўропе
рухаліся кудысьці: кельты, германцы, славяне. Толькі балты як селі ў сваім
“мядзьведжым кутку» 4-5 тысяч год назад, так і сядзелі. А як жа балта-лацінскія,
балта-ілірыйскія ды балта-фракійскія моўныя сувязі? Пытаньне гатае не
абмяркоўваецца. Маўляў, ёсьць такія сувязі – ну і добра. А зьдзіўляцца ім не
трэба, бо тлумачацца яны агульнасьцю паходжаньня ўсіх індаэўрапейскіх моў.
Маўляў, не лацінскія гэта словы ў летувіскай, а агульная індаэўрапейская
спадчына, што дасталася аж ад індаэўрапейскай пра-мовы. І ў разьдзеле “Лексика” артыкула “Литовский
язык” /ЯН СССР, т. І, сс. 520-523/ пра лацінскія запазычаньні ў летувіскай мове
не гаворыцца анічога. “Найстаражытнейшыя запазычаньні ў летувіскую мову,
відавочна, прыйшлі з фіна-угорскіх моваў, але яны вельмі мала дасьледаваныя”
/с. 520/.
На жаль, не маю працы Міхала Ліцьвіна, як і
выданьняў па этымалёгіі летувіскай мовы /на расейскай мове не выдаваліся – аўтары
іх немцы, палякі, летувісы/. Таму прыходзіцца абапірацца на ўласныя назіраньні.
/На жаль, летувіскі альфабэт, створаны на базе лацінскага, карыстаецца масай
надрадкоўных і падрадкоўных знакаў, якія цяжка набраць, таму прыходзіцца
перадаваць летувіскія словы нашай кірыліцай, а ніжэй, як пабачыць чытач, гэта
будзе зроблена і ў дачыненьні да латыскіх і румынскіх слоў/. Дапусьцім, што
лацінскае calva “чэрап” і летувіскае galva “галава” сапраўды ідуць
ад той невядомай пра-мовы, тым болей, што і
па-нашаму галава. Але вось пары: лацінскае senis “стары” - летувіскае сянас
“стары”; лацінскае virus “мужчына” –
летувіскае вірас “мужчына”; лацінскае dentіs “зуб” – летувіскае дантіс “зуб”;
лацінскае jocor “насьміхацца” – летувіскае юокціс “насьміхацца”. Чаму для тых
сама значэньняў мы карыстаемся зусім іншымі словамі? Наша ж мова таксама
індаэўрапейская. А вось яшчэ: па-лацінску “барана” - осса, па-летувіску - акечёс.
Ці была ў часы індаэўрапейскай пра-мовы /калі тая пра-мова ўвогуле была/
барана? Па-лацінску “кола” - rota -
па-летувіску ратас. Ці было у праіндаэўрапейскія часы кола? Індзейцы ж да
прыходу эўрапейцаў да кола так і не дадумаліся...
І ў румынскай мове маюцца паралелі з балтыйскімі, на што, здаецца, яшчэ
не зьвярталася ўвагі /гл. ЛЭС: Балтийские языки, Литовский язык, Латышский
язык; Румынский язык/. Ва ўяўленьні шматлікіх людзей, нават філёлягаў,
румынская мова – нейкая сумесь лацінскіх ды славянскіх слоў. Гэта правільна
толькі часткова. Вельмі значны пласт румынскай мовы складаюць рэшткі тых, якімі
карысталіся продкі румынаў да прыходу рымлянаў – дакі, фракійцы, а можа, і
нейкія іншыя. Зразумела, што найболей цікавыя для нас - супадзеньні з
балтыйскімі тых румынскіх слоў, што зьяўляюцца з паходжаньня мясцовымі, а не
лацінскімі і славянскімі. Напрыклад, па-пруску арэ, па-летувіску і па-латыску упэ – “рака”, а па-румынску апэ -
“вада”. Па-летувіску і па-латыску дайна – “народная песьня”, па-румынску
“народная песьня” – дойна. Па-летувіску шяўрэ - “поўнач”, па-румынску сяра -
“вечар”. Па-румынску варф - “вяршыня, верх, верхушка, кончык”, па-летувіску і
па-латыску варпа - “колас”, па-летувіску
варпас - “звон” /прадмет/. Па-латыску рупйс - “грубы”, па-румынску рупэ
- “раўсьці, ламаць, біць”. Па-латыску
дусмас - “гнеў”, па-румынску душмані - “ненавідзець”. Па-румынску рэця -
“сетка”, па-латыску рэціс - “сіта, рэшата”. Па-латыску і па-летувіску балтас -
“белы”, па-румынску бэлцэтурэ - “белая пляма ў
жывёлы”.
Асабліва ўражвае падабенства словаў дайна і дойна, якія звычайна не
перакладаюцца. Мабыць, за ім - нейкая блізкасьць фальклёру, духоўнага сьвету
старажытных румынаў і балтаў.
Раз ужо гаворка зайшла пра
дайны і дойны, то дадам, што і у вэнграў маецца падобнае: дал – “песьня”. І
сьпявак у іх – далнок, а ў летувісаў – дайнінінкас. Хто-небудзь скажа:
выпадковае супадзеньне! Або вэнгры запазычылі ў румынаў, вэнгры ж з румынамі
суседзяць. Але ж сама сабой напрошваецца думка, што дайна – ад дал.
Тут, баюся, чытач увогуле
пацепне плячамі: вэнгерска-летувіская паралель? Ды адкуль ёй узяцца? Адкуль –
пра гэта пасьля. А пакуль пераканаемся, што гэта сапраўды паралель, бо яна
далёка не адна.
Пачынаем. Першым пойдзе слова летувіскае /згодна з парадкам летувіскага
альфабэта/, другім, пасьля працяжніка, - вэнгерскае /таксама кірыліцай, што
зробіш/: баксноті “басьці” - бёк “басьці”; беца “атрута” – пац “атрута”;
чяршкэті “бразгаць” – чёрёг, чёргэт “бразгаць”; чяптувас “заціскачка” - чіптэто
“заціскачка”; чяўпас “кран” - чап “кран”; чіпті “пішчаць” – чіпаг “пішчаць”;
чюожті “сьлізгацець” - чусік “сьлізгацець”; дярямас “які трэба” – дэрэк “добры,
слаўны”; добті “біць” – добол “біць у барабан”; дурті “калоць” – дарабол
“калоць”; гобшас “сквапны, карысьлівы” – капсі “сквапны, карысьлівы”; гумбас
“клубень”, гумулас “камяк” – гумо “клубень”, гёмб “шар”, гомбоц “клёцка”; кабэ
“дужка” - капоч “дужка”; кабус “учэпісты” – капаскодо “учэпісты” /-кoдo,
падобна, суфікс/; кампінас “дуга” - кампо “крук”; карас “вайна” - харц “бой”;
каркті “храпець” – хоркол “храпець”; каупас “куча” - купац “куча”; каутіс
“біцца” - чата “бой”; кялті “будзіць” - кэлт “будзіць”; кярас “куст” – чэр’е
“куст”; кіцэнті “трухаць” - коцог “трухаць”; кілпос “пастка” - кэлэпцэ
“пастка”; косэті “кашляць” - кёсёг “кашляць”; кранксті “перхаць” - краког
“перхаць”; куркті “квакаць” - куруттёл “квакаць”; лайптас “прыступка” - лэпчо
“прыступка”; лянкэ “лагчына” - ланкаш “спадзісты”; лемянэ “камізэлька” -
мэллэнь “камізэлька”; лінгуоті “калыхацца” - ленг “калыхацца”; маумас “жупел” -
мумаш “жупел”; мауроті “гырчыць” - морог “гырчаць”; мажас “малы” - моржа
“крошка”; мазготі “мыць” - мош “мыць”, мошогат “мыць посуд”; мостас “жэст” -
моздулат “жэст”; мосуоті “махаць” - мозог “варушыцца, рухацца”; пайкас “дурны”
- пайкос “гарэзьлівы, шалапутны”; пашюрэ “хлеў” - фэсэр “хлеў”; піртіс “лазьня”
- фурдэш “лазьня”; пулкас “зграя” - фалка “зграя”; пепутіс “ціпун” - піп
“ціпун”; рабэті “грукатаць” - робай “гром”; райдэ “літара” - раіп “пісаць” -
райз “малюнак”; райтас “коньнік” - райт “старт”, райта! “пайшоў!”, рянгті
“рыхтаваць, наладжваць” - рэндэз “наладжваць”; рікауті “гыркаць” - ріккаіт “гыркаць”;
рікэ “капа”
– ракаш “капа валасоў”; родікліс “дышаль” - руд “жардзіна”; руя “зграя” - рай
“зграя”; сайтас “прывязка” – сій “прывязка”; сяклус “мелкі” – шэкэль “мелкі”; сэкмэ
“удача” - шікэр “удача”; сяўрас “цесны”, вузкі” - сорош “цесны”; сіргті
“хварэць” - суркол “хвалявацца”; сюлас “нітка” - сал “нітка”; шокті “скакаць;
рынуцца” - сёкэс “уцёкі”, сёкдэчэл “скакаць”; шірвас,
шірмас “сівы” - сюркэ “сівы”; шутас, шутра “гарачыня” - шют “грэць,
пражыць”; тяшмуо “вымя” - тёдь “вымя”, тэхэн “карова”, тэй “малако”; тряшні
“угнойваць” - традьяр “угнойваць”; турэті “трымаць” - тарт “трымаць”; вада
“зачэпка, прычына” - вад “абвінавачваньне”; вага “баразна” - ваг “рэзаць”;
валгіс “яда” – філаш “яда”; вета “мясцовасьць” - відэк “мясцовасьць”; вогті
“красьці” - фог “браць, узяць”; урвас “нара” - юрэг “нара”; жабоклэс “цуглі” -
забла “цуглі”; жалтіс “гад” /зьмяя/ - галат “гад” /зьмяя/; жётіс “зеў” /у
кроснах/ - сад “зеў” /у кроснах/.
Той чытач, які мала знаёмы з
этымалягічнымі працамі, можа зазначыць, што не ўсе з прыведзеных паралеляў
супадаюць у дастатковай ступені, каб лічыць словы залежнымі адно ад аднаго. Але
трэба разумець, што ў кожнай мове свая гукавая сыстэма, з-за чаго далёка не
кожнае запазычанае слова ў мове-прыймальніцы застаецца ў тым сама выглядзе, што
і ў мове, якая давала. Напрыклад, у нас даўней не было гуку “ф”, які і сёньня
зьмяшчаецца толькі ў запазычаных словах. Таму ў тых выпадках, калі з чужой мовы бралася слова з “ф”,
гук гэты ператвараўся ў “хв” /Хведар/, “кв” /квасоля/, “п” /Пёкла/. У
летувіскай мове таксама няма спрадвечнага “ф”, таму, запазычваючы з вэнгерскай мовы
такія словы, як фалка “зграя”, фэсэр “хлеў”, фог “браць”, фалаш “яда”, продкі
летувісаў вымушаныя былі мяняць яго на нейкі іншы – зразумела, дастаткова
блізкі, у выніку чаго атрымлівалася пулкас, пашюрэ, вогті, валгіс. Няма ў
летувіскай мове і спрадвечнага “х”, таму пры запазычваньні вэнгерскіх харц
“бой”, хоркол “храпець” гэты гук непазьбежна павінен быў замяніцца на блізкі
“к”, дзякуючы чаму атрымалася карас “вайна”, каркті “храпець”. але калі гукавых
перашкод быццам бы і няма. слова пры запазычаньні ўсё ж мяняецца: “а”
пераходзіць у “о” і наадварот, звонкія зычныя ў глухія, шыпячыя ў сьвісьцячыя і
да т. п. Таму, здавалася б, не вельмі падобныя гобшас і капсі /”сквапны,
карысьлівы”/ у сапраўднасьці – поўны адэкваты.
Потым: прыведзеныя мной пары шукаліся ў літаратурных, апрацаваных і
ўнармаваных словах, якіх у старажытнасьці яшчэ не было. Тады людзі карысталіся
дыялектнымі гаворкамі, якія адрозьніваліся паміж сабой і вакалізмам, і
кансанантызмам /г. зн. галоснымі гукамі/. І тое, што нам здаецца
несупадзеньнем, можа быць адлюстраваньнем старажытных дыялектаў, як вэнгерскіх,
так і летувіскіх.
Вядома, не выключана, што нейкія з адзначаных паралеляў утварыліся
выпадкова, і этымолягі іх не прызнаюць. Але калі нават забракаваць і палову, то
ўсё адно застанецца дастаткова шмат каранёў, запазычаных або з вэнгерскай у
летувіскую, або з летувіскай у вэнгерскую мову. А трэба ж мець на ўвазе, што
шукаў супадзеньні чалавек, які не ведае ні той, ні другой. Калі б на маім месцы
быў дасьледчык, што валодае хаця б адной з іх, - думаю, плён быў бы значна
большы.
Ды яшчэ мушу сказаць, што ўключыў у пералік не ўсе напатканыя мной пары,
сумняваючыся з розных прычын. Адна з іх тая, што падобныя словы маюцца ў іншых
мовах. Але: па-вэнгерску kard “шабля, меч” - і па-летувіску kаrdas “шабля,
меч”. І ў польскай маецца kord “кароткі меч, палаш”. Ды улічваючы, што значэньня
“шабля” польскае kord не мае, можна дапусьціць, што вэнгерска-летувіская
паралель абышлася без польскага
ўдзелу. Па-вэнгерску varsa /варша/, па-летувіску
varża /варжа/, па-польску wiersza
/верша/ - усе тры словы азначаюць “венцер”, але летувіскае і венгерскае па
гучаньні, падобна, бліжэйшыя. Па-вэнгерску fenyö – “сасна, піхта”, тыя ж сама
значэньні мае летувіскае kеnіs;
па-нямецку kien - “сасновы”, але
гэты корань не мае дачыненьня да піхты, якая абазначаецца тут адным словам не з
сасною, а з елкай /Tanne/.
Маюцца ў вэнгерскай і летувіскай мовах таксама словы, якія ў адной з іх
даўжэйшыя на адну пачатковую літару: “рослы” – па-летувіску augus, па-вэнгерску magas; “ягада” - па-вэнгерску Dogyo, па-летувіску uoga; “кошт” - па-летувіску verte, па-вэнгерску
ertek; “сьляза” – па-летувіску aśara,
па-вэнгерску siras . Ці ёсьць
сувязь паміж гэтымі словамі, хай высьвятляюць этымолягі.
Летувіская і вэнгерская мова належаць да розных сем’яў: першая лічыцца індаэўрапейскай,
другая - фіна-ўгорскай. Прычым найбліжэйшыя родзічы вэнграў па мове - ханты і
мансі, жыхары Заходняй Сыбіры. На сваю сёньняшнюю зямлю, у Вэнгрыю, яны прыйшлі
толькі ў 896 годзе; перад тым стагодзьдзе качавалі ў Прычарнаморскіх стэпах, а
яшчэ раней - у данскіх. Летувісы, як сьцьвярджаецца, ніколі не пакідалі
Прыбалтыку. Растлумачыць адзначаныя супадзеньні паходжаньнем моваў з адной
крыніцы нельга - і кантактаў паміж носьбітамі іх нібыта не было. Чым жа тады
тлумачацца тыя супадзеньні?
Зробім невялікае адступленьне. Яшчэ трыццаць пяць год назад расейскі
лінгвіст Б. Сярэбраньнікаў надрукаваў у Летуве сьціслы, але вельмі цікавы
матэрыялам артыкул, у якім прывёў больш за тры дзесяткі знойдзеных ім
супадзеньняў летувіскіх і латыскіх слоў з мардоўскімі, марыйскімі, удмурцкімі,
комі і нават мансійскімі. Да якой жа высновы прыйшоў дасьледчык? Вось да якой:
“Калі прыведзеныя паралелі ў нейкай ступені адлюстроўваюць ісьціну, то сапраўды
можна дапусьціць наяўнасьць у лясной палосе Волга-Клязьмінскага міжрэчча да
зьяўленьня ў гэтых мясьцінах славян нейкай індаэўрапейскай мовы, вельмі блізкай
да сучасных балтыйскіх моў” /Б. А. Серебренников. О некоторых следах исчезнувшего индоевропейского языка
в центре Европейской части СССР, близкого к балтийским языкам. - Труды Академии
наук Литовской ССР, серия А, 1. 1957,
с. 71. Карыстаюся выпадкам шчыра падзякаваць праф. Віленскага ўнівэрсытэта сп.
З. Зінкявічюсу, дзякуючы ласцы якога ўдалося пазнаёміцца з гэтай працай/. Такім
чынам, Б. Сярэбраньнікаў выказаў думку, што непасрэднага кантакту паміж
продкамі сучасных балтыйскіх народаў і пералічаных фіна-ўгорскіх не было, а
агледжаныя ім словы трапілі ў фіна-ўгорскія мовы з нейкай балтыйскай мовы: - не
летувіскай і не латыскай - што нібыта існавала ў “лясной палосе
Волга-Клязьмінскага міжрэчча”.
Калі так, то паміж Волгай ды Клязьмай павінны былі б застацца
тапанімічныя сьляды таямнічага балтыйскага народа. Але Б. Сярэбраньнікаў
тапаніміку абранага ім рэгіёна не аналізуе і аніводнага балцкага тапоніма з гэтага
міжрэчча не прыводзіць. Так што застаецца абсалютна незразумелым, з чаго ён
ўзяў, што прыдуманы ім народ жыў менавіта тут. А, напрыклад, У. Тапароў, хаця і
нацягвае “балцкую коўдру” аж на Маскву, тапаніміку на ўсход ад Масквы лічыць
суцэльнай фіна-ўгорскай /В. Н. Топоров, Древняя Москва в балтийской перспективе.
– Балто-славянские исследования. - 1981. М.,
1982, с. 3/.
Прыпісваючы ўсе балта-фіна-ўгорскія паралелі існаваньню гэтага народа,
што не пакінуў аніякіх сьлядоў ні ў гісторыі, ні ў тапаніміцы, Б. Сярэбраньнікаў
такім чынам сьцьвярджае, што літаральна ўсе запазычаньні на
балцка-фіна-ўгорскім сумежжы мелі толькі адзін кірунак: з балцкіх моў у
фіна-ўгорскія. Але зноў жа, аніякага філялягічнага аналізу, каб давесьці гэта,
не робіць.
У падобным стаўленьні да балтыйскіх
і фіна-ўгорскіх моў Б. Сярэбраньнікаў
не адзінокі. Не толькі
расейскія, латыскія, летувіскія, нашы беларускія - нават і комі, эстонскія, суомі /фінскія/ лінгвісты
лічаць абсалютна бясспрэчным нейкі прыярытэт,
перавагу балтыйскіх моў над фіна-ўгорскімі і калі агледжваюць балта-фіна-ўгорскую
паралель, дык адразу абвяшчаюць слова балцкім, а потым ужо варожаць, якім шляхам
яно магло трапіць у фіна-ўгорскія мовы, іншым разам вельмі далёкія геаграфічна.
Так можа стацца і з летувіска-вэнгерскімі паралелямі: глядзіш, і
знойдзецца хто-небудзь - прыдумае балцкі народ ды і ўладкуе дзе-небудзь паблізу
Вэнгрыі, чым усё і растлумачыць. Дык вось: хачу папярэдзіць такія спробы.
Летувіска-вэнгерскіх паралеляў занадта шмат, каб яны маглі ўтварыцца дзякуючы
мове-пасрэдніку. Гэта - раз. Па-другое - нават і самы павярхоўны аналіз
паказвае: напрамак летувіска-вэнгерскіх запазычаньняў – яўна абодвабаковы.
Вышэй на прыкладзе словаў, якія ў вэнгерскай мове пачынаюцца з “f”, а ў
летувіскай з “р” і “v”, ужо было паказана, што напрамак запазычаньня - з
вэнгерскай у летувіскую. Калі ж у летувіскай мове маюцца вэнгерскія словы, прычым
не адно і не два, а шмат, дык відавочна, што з вэнграмі кантактаваў не нейкі
іншы балцкі народ, а продкі саміх летувісаў...
(Працяг будзе)
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 18. 7 мая 1993. С. 14-15./
*
Іван Ласкоў
ДАГІСТАРЫЧНЫЯ БЛУКАНЬНІ: ЛІТВА І ЖАМОЙЦЬ
Частка другая
/Заканчэньне. Пачатак у N 18/
Вядома, што да сёньняшняга дня летувісы падзяляюцца на жямайчяй і
аўкштайчяй, што ў літаральным перакладзе азначае “жыхары ніжняй мясцовасьці” і
“жыхары верхняй мясцовасьці”. Узьнікненьне гэтых, не геаграфічных /як “менчукі,
“віцябляне”/, а этнаграфічных груп, як сьцьвярджаецца ў шматлікіх выданьнях,
было выклікана нібыта розьніцай у рэльефе: маўляў, Жамайція /у летапісах Жамоиць/
- нізіна, а Аўштайція - узвышша. Але калі бліжэй пазнаёміцца з геаграфіяй
Летувы, то высьвятляецца, што яе найвышэйшыя пункты не перабольшваюць 300
мэтраў над узроўнем мора, у той жа час найвышэйшыя пункты Сярэдне-летувіскай
нізіны дасягаюць 90 мэтраў /Литва, с. 12/, так што для звычайнага чалавека - не
географа - мясцовыя “верх” і “ніз” нічым асаблівым не адрозьніваюцца, - дык што
ўжо казаць пра тое, каб такія “верх” і “ніз” спрычыніліся да ўтварэньня этнаграфічных
асаблівасьцяў. Да таго ж, на
поўначы Жамайціі маецца Жамайцкае ўзвышша, якое па вышыні не саступае Аўкштайцкаму, а межы Аўкштайціі ў
мінулым мяняліся /Литвa, с. 127/. Уся
гэтая незразумельшчына можа быць вытлумачана толькі тым, што этнаграфічныя
групы жамайтаў і аўкштайтаў сфармаваліся недзе ў іншым месцы і ў сучасную
Летуву прыйшлі ў “гатовым выглядзе”, і не яны называюцца па тутэйшых
мясцовасьцях, а наадварот, мясцовасьці сталі называцца па гэтых этнаграфічных групах.
А паколькі аўкштайты, у адрозьненьне ад жамайтаў, былі групай невялікай і
мянялі сваё месцазнаходжаньне, то мяняла свае межы і Аўкштайція...
Латышы таксама склаліся з двух плямёнаў - земгалаў і латгалаў. Гэтыя
назвы таксама не атрымалі належнага тлумачэньня. Элемэнт – гал-
узводзіцца да латыскага галс “канец”, у сувязі з чым слова “земгалы”
адшыфроўваюць як “ніжні канец”, бо па-латыску земс, як па-летувіску жямас,
“нізкі”. Але чаму людзі назвалі
сябе “ніжнім канцом”? І калі земгалы – “ніжні канец”, то які “канец” лат-галы? На гэта адказу не даецца. “Сучасная ж
назва краіны Латвія /так яна гучыць і па-латыску/ і саманазва латышоў латветіс
зьвязваюцца з назвай ракі Латэ /гл. Р. Агеева. Страны и народы: происхождение
названий. М., 1990, сс. 52-53/.
Мабыць дасьледчыкам не прыходзіць на памяць, што ў расейскай мове, як і
беларускай, польскай слова край
/а гэта тое сама, што канец/ адначасова азначае і “краіна”. Гэта невыпадкова,
таму што кожная краіна абмяжоўвацца нейкім краем. Дык чаму не магло ў
старажытнасьці і латыскае галс адначасова з “канец, край” азначаць “краіна”?
Латгалы, земгалы - гэта словы не латыскія: расейскія, нашы. А латышы
кажуць: латгалетіс, Латгалія ж для іх - Латгалэ: г. зн. латгал – “жыхар
Латгаліі”; не “Латгалія” ўтворана ад “латгал”, а, наадварот, “латгал” ад
“Латгалія. І правільней будзе для
нас казаць не латгалы, а латгальцы, земгалы, а земгальцы. Такім чынам,
аналізаваць трэба ў першую чаргу не этнонімы латгал, земгал, а назвы краёў –
Лат-галэ, Зем-галэ, у якім элементам –гал- уваходзіць “край”. Якія ж гэта краі?
Зем-галэ, ясна, “ніжняя краіна”;
лягічна падумаць, што Лат-галэ – “верхняя”! Толькі вось у латыскай мове слова
лат у значэньні “верхні” няма. Але па-эстонску латв – “верхушка”. А эстонцы -
цесныя суседзі латышоў. І прызнаецца, што латыская мова зазнала моцны ўплыў
эстонскай
Што ж атрымліваецца? Летувісы - ніжнія-верхнія, латышы -
верхнія-ніжнія... Адкуль гэта? Тым болей, што ў адносінах да Латвіі казаць пра
верх-ніз увогуле бяссэнсава. Тым не меней, усходні латышскі дыялект называюць верхне-латыскім
/ЯН СССР, с. 497/.
Накіруемся зноў у Вэнгрыю. Магутны Дунай, што цячэ праз яе строга з
поўначы на поўдзень, падзяляе гэтую краіну на дзьве часткі: усходнюю - Альфёльд
ды заходнюю – Дунантул, што літаральна азначае “за Дунаем”. Але гэтая назва
ўзьнікла толькі пасьля прыходу вэнграў, а з антычных часоў Дунантул зваўся Паноніяй
ад племені панонаў, што здаўна жылі тут. Племя гэтае па мове, лічыцца, было
ілірыйскім. На пачатку нашай эры ў Панонію прыйшлі рымляне і далучылі яе да
свае правінцыі, што называлася Ілірык. Ілірык з-за гэтага стаў занадта
грувасткім, і ў 24 годзе н. э. быў падзелены для зручнасьці кіраваньня на дзьве
часткі Верхні Ілірык - Далмацыю і Ніжні Ілірык
– Панонію. Але гэтым не скончылася. Пры імпэратары Траяне, у 107 годзе ўжо
Панонія была падзелена на Верхнюю і Ніжнюю. Мяжа між імі ішла з поўначы на
поўдзень ад Дунаю да Савы паўз возера Балатан. Падзел Паноніі на Верхнюю і
Ніжнюю захоўваўся вельмі доўга. Так, іх можна ўбачыць на карце “Моравское
княжество”, зьмешчанай у 27 томе БСЭ другога выданьня на с. 274, а Мараўскае
княства існавала у IX стагодзьдзі /яго разбурылі вэнгры/. У параўнаньні з
рымскімі часамі тут толькі тая розьніца, што мяжа паміж Верхняй Паноніяй і
Ніжняй ідзе па рацэ Раба /Раб/.
Адміністратыўны падзел Паноніі на Верхнюю і Ніжнюю, такім чынам, існаваў
не менш за 800 гад і быў для жыхароў яе чымсьці настолькі звычным, што замяняў
этнічныя імёны, якіх тут перабыло за тыя стагодзьдзі вельмі шмат /мы яшчэ гэта
пабачым/: адны жыхары былі “верхнія”, другія – “ніжнія”, незалежна ад моваў і
гаворак. Вось чаму і летувісы, і латышы, што, ужо ясна, прыйшлі адсюль у
Прыбалтыку, аказваюцца “верхнімі” і “ніжнімі”.
Я ўжо казаў, спасылаючыся на ЛЭС, што ў Паноніі маюцца тапонімы, якія
адшыфроўваюцца з дапамогай балтыйскіх моў. На жаль, у ЛЭС не прыводзіцца
аніякіх прыкладаў, а падрабязных картаў Вэнгрыі адшукаць не ўдалося. Але вось
некалькі фактаў. “История Венгрии” /т. 1/ паведамляе: возера Балатан, што да
прыходу вэнграў называлася славянамі Блатна /“Балотнае”/, у рымскія часы насіла
імя Пельса /с. 39/, а па-летувіску пялкэ – “балота”! Там жа , на с. 72,
сказана, што адна з рэкаў Паноніі ў 454 годзе называлася Неда - рака з падобнай
назвай /Ніда/ цячэ ў Прыбалтыцы, па зямлі старажытных прусаў. У Балатан з
паўднёвага захаду ўпадае рака Зала - па-латыску zale “трава”; з Балатана ў Дунай цячэ Шыо, а па-летувіску шуо -
“сабака”. /“Сабачыя” рэкі ў тапаніміцы вядомыя: напрыклад, вялікую раку ў
Якуціі Індзігірку ў ХVII стагодзьдзі расейскія
землепраходцы называлі Сабачай/.
А ў той час, як у Паноніі трапляюцца балтыйскія гідронімы, далёка не ўсе
аказваюцца балтыйскімі гідронімы Латвіі, Летувы. Так, не вырашаецца з
балтыйскага матэрыялу назва Нёман /гл. М. Фасмер. Этимологический словарь
русского языка, т. ІІІ; В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь
Белоруссии, 1974/. А ў Комі рэспубліцы маюцца рэкі Немын і Нем /гл. Географические
названия Коми АССР. Словарь-справочник. Сыктывкар, 1990/. Дый не толькі Нёман
мае “пару” за межамі Прыбалтыкі.
Наша Вілія ў Летуве вядомая як Няріс. Рака Нэрис маецца і ў Комі /гл. Географические названия Коми АССР/.
Прычым, калі з летувіскай мовы Няріс, па сутнасьці, не раскрываецца, то па-комі
нэрис – “узвышша, пагорак” /гл. Краткий этимологический словарь Коми языка. М.,
1970, Норис/.
У комі мове, як і ў іншых фіна-ўгорскіх, назоўнік у сваёй уласнай форме, без
дадатковых суфіксаў і канчаткаў можа выконваць ролю прыметніка. Адсюль ясна,
што назва ракі Нэрис - не “Пагорак”, а “Пагорачная”, “З пагоркамі”. А ў Летуве
Няріс якраз і ідзе паміж пагоркамі: “прарываючыся праз адгор’е Ашмянскага
ўзвышша, робіць вялікую луку” /Литва, с. 440/. У басэйне Акі маецца рака Нериста
/Г. П. Смолицкая. Гидронимия басейна
Оки. М., 1976, с. 137/. Па Беларусі і Летуве цячэ Мяркіс; у басэйне р.
Масквы ёсьць рака Мерка, у Карэліі возера Мерк-ярве. Летувіскай рацэ Нявежіс
адпавядае Невежа ў Тульскай вобласьці; у Летуве рака Шушве - у Тамбоўскай
вобласьці Шушляй /ляй, лей па-мардоўску – “рака”/; у Летуве Дубіса - у Тульскай
вобласьці Дубича; у Летуве Юра /гэтая рака ўпадае ў Нёман і ейная назва не можа
быць супастаўленай з летувіскім jura “мора”/ - ва Уладзімірскай вобласьці рака Юpa,
і возера Юра, у Тамбоўскай - рака Юр; у Летуве Мінія - ва Уладзімерскай
вобласьці Мининка, Минька; у Летуве
Муша - у Тамбоўскай вобласьці Мушка і г. д. Шэраг рэк у Прыбалтыцы канчаецца на
-ва: Аунува, Ашва, Бябірва ды інш. А як вядома, гэта - гідранімічны зыход пермскі, бо ў
комі-зыранскай і комі-пярмяцкай мовах – ва “рака”. У летувіскай жа мове, як і
латыскай, - ва такога значэньня не мае, не зьяўляецца -ва у гэтых мовах і
канчаткам прыметніка, як у карэльскай. А вось сьведчаньне чалавека, які ад
нараджэньня жыве ў Летуве і родная мова якога - летувіская, жыхара Вільні
Вацлаваса Валанцеюса: “Подавляющее большинство названий литовских рек ничего для нас не означают.
В таком случае они не литовского происхождения” /з прыватнага ліста, В. Валанцеюс сам напісаў да мяне,
пазнаёміўшыся з адной маёй публікацыяй/. І далей прыводзіць такія прыкмечаныя
ім факты: у Цьвярской вобласьці - возера Селігер, у Летуве - рака Сілігіp; у
той жа час: у Югаславіі Драва - у Летуве Саусдравас; у Летуве Kупa - у
Югаславіі Купа; у Летуве Алса - у Чэхаславаччыне Ольша; па-летувіску “рака” upė - у Чэхаславаччыне рака Упа /дадам ад сябе, што ў
Летуве таксама ёсьць рака Упэ, а шэраг рачных назваў канчаецца на -упэ, -yпіc/.
Такім чынам, на карысьць паходжаньня летувісаў /і, зразумела, балтаў
увогуле/ з Дунайскага басэйна, а канкрэтна - з Паноніі гавораць: наяўнасьць
звычайных /а не тэрміналягічных або рэлігійных/ лацінскіх слоў у летувіскай
мове; наяўнасьць у летувіскай мове ілірыйскіх і фракійскіх сьлядоў; наяўнасьць летувіска ды латышска-румынскіх паралеляў;
наяўнасьць балтыйскай гідраніміі ў Паноніі, Югаславіі ды Чэхаславаччыне, у той
жа час невырашальнасьць з летувіскай мовы пераважнай масы найзначнейшых
гідронімаў Летувы; саманазвы летувісаў і латышоў як “верхніх” і “ніжніх”, што
не магла скласьціся ў раўніннай Прыбалтыцы; і, нарэшце, самае галоўнае - вялікі
пласт летувіска-вэнгерскіх моўных паралеляў.
А што могуць супрацьпаставіць усяму гэтаму прыхільнікі
погляду, што балты склаліся як этнасы ды не выходзячы пяць тысяч гадоў жылі ў
Прыбалтыцы? Ды нічога. Гэты погляд нічым не
даведзены. Ён - аксіёма, якая быццам бы і не патрабуе аргумэнтаў. Усё, што
гэтай аксіёме не адпавядае, “не
заўважаецца”, або вытлумачваецца самым недарэчным чынам. Так, вышэй ужо гаварылася, што антычныя аўтары не
згадваюць у Прыбалтыцы ні літву, ні жамойць, ні земгалаў з латгаламі, ні
прусаў, затое пасяляюць у ёй іншыя плямёны:
карэотаў, осіяў, галіндаў - гэта
значыць, нельга сказаць, што нічога пра гэты край не ведалі. Ужо форма ocіі
нагадвае “эстонцы”; яшчэ бліжэйшае да апошняга эсціі або айсціі, як называлі
жыхароў Прыбалтыкі ў пасьляантычны час. Але паколькі эсціі лякалізаваліся
старажытнымі аўтарамі ў Летуве, то абвяшчаюцца яны... балтамі: “Старажытная назва балтыйскіх плямёнаў - эсціі
або айсціі /Aesti/, паходжаньне яе не ўстаноўлена”. А як жа быць з тым, што сёньня
эсціі /эстонцы/ - зусім не балтыйскае племя, а народ фіна-ўгорскай групы? На
гэта дасьледчык этнонімаў піша: “У далейшым гэтае імя перайшло на прыбалтыйскіх
фінаў – эстонцаў” /Р. Агеева. Страны и народы.., с. 49/. Чаму перайшло? Чаму
эстонцы ўзялі чужое імя?..
Гідранімія Летувы, Латвіі ды Усходняй Прусіі такімі дасьледчыкамі, як А.
М. Трубачоў, У. М. Taпapoў ды іх школа, без усякага аналізу абвешчаная скрозь балтыйскай,
хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не вырашаецца. І знайшоўшы
дзе-небудзь такія ж, як у Прыбалтыцы, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут
жылі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы - на
той падставе, мабыць, што назва Уфа нагадвае летувіска-латыскае упэ “рака” /гл.
Р. А. Агеева. Проблемы
межрегионального исследования топонимии балтийского происхождения на
восточно-славянской территории. – Балто-славянские
исследования – 1980. М.,
1981, с. 144/. Недарэчнасьць такога
пашырэньня балцкага арэалу паказваецца хаця б тым, што даўней рака Ўфа называлася Ўфалей, а лей –
па-мардоўску “рака”.
Такія ж падвышаныя,
перабольшаныя ацэнкі даюцца і балтыйскім мовам. Яны “паўней захоўваюць
старажытную індаэўрапейскую моўную сыстэму, чым іншыя сучасныя групы
індаэўрапейскіх моў. Існуе пункт гледжаньня, згодна з якім балтыйскія мовы
ўяўляюць з сябе рэштку старажытнай індаэўрапейскай гаворкі, што захавалася
пасьля вылучэньня з гэтай сям’і іншых індаэўрапейскіх моваў” /В. Н. Топоров.
Балтийские языки. - ЛЭС, с. 64/. Асабліва ж расхвальваецца летувіская мова:
“Летувіская мова - самая архаічная з усіх жывых індаэўрапейскіх моваў; яна лепш
захавала гукавую сыстэму індаэўрапейскай пра-мовы /а хто тую пра-мову чуў? – І.
Л./, шмат марфалягічных асаблівасьцяў” /Литва, с. 384/. Калі для латышскай мовы
яшчэ прызнаецца пэўная колькасьць фіна-ўгорскіх запазычаньняў, то ў летувіскай
іх нібыта лічаныя адзінкі. Ці не таму, што “яны пакуль што вельмі мала
вывучаныя” /ЯН СССР, с. 520/?
Тэзіс аб выключнай архаічнасьці
балтыйскіх моваў палягае, па сутнасьці, на нічым не даведзеным уяўленьні, што
балты як група этнасаў склаліся ў Прыбалтыцы і спрадвечна месьціліся тут.
Маўляў, жылі сабе ў закутку, пазбаўленыя моўных уплываў, а тым часам у мовах іх
агледжваюцца паралелі з самымі рознымі індаэўрапейскімі мовамі: і з лацінай, і
з санскрытам, і з іранскімі, ілірыйскімі, кельцкімі, германскімі... Маўляў,
адкуль бы яны ўзяліся, калі б балтыйскія мовы не былі рэшткай старажытнай
індаэўрапейскай гаворкі?
Адкуль?.. А вось адкуль. Паглядзіце на фізычную карту Эўропы. Даліна
Дуная на ёй – як даўгая зялёная стужка паміж жоўта-карычневымі стужкамі гор.
Гэта яна вяла ў сэрца Эўропы чалавечыя орды,
служачы ім натуральнай дарогай, па ёй бясконцыя
стагодзьдзі рухаліся яны і з усходу на захад, і з захаду на ўсход. І заўсёды на
гэтым шляху аказвалася Панонія, хто б і куды не ішоў.
Яшчэ ў IV стагодзьдзі да нашай эры тут зьявіліся кельты.
Панавалі яны аж да 88 года да
н. э., калі ім учынілі разгром рымляне. Але ілірыйцы Паноніі нядоўга заставаліся вольнымі. Па хуткім часе сваю
ўладу тут усталяваў Рым - на 400 гад. Уздоўж Дуная рымляне стварылі ланцуг
умацаваньняў і крэпасьцяў. А па другім беразе Дуная сноўдалі самыя розныя барбары:
фракійцы, дакі, потым германцы /маркаманы, готы, гепіды ды інш./ Прарываючы лімес
/умацаваную мяжу імпэрыі/, барбары ўчынялі набегі аж на Італію, - што ўжо
казаць пра Панонію! У трэцім стагодзьдзі ў Альфёльд прыйшлі іранамоўныя аланы, бараны,
герулы, уругунды, у сярэдзіне IV стагодзьдзя – сарматы. У 401 годзе на Альфёльд
заявіліся гуны, каб панаваць 50 гад. Гунаў зьмянілі германцы, тых - авары /558 г./. Авары прывялі з
сабою славян, што складалі важную частку іх узброеных сіл. Гэта дзякуючы
славянам Аварскі каганат трымаўся аж да 796 года, пакуль не быў зруйнаваны
франкамі /германцы/. У Паноніі ўтвараецца славянскае Блаценскае, або Панонскае
княства - да прыходу вэнграў.
Людзі з іншых краін, часьцяком вельмі далёкіх, прыходзілі сюды не толькі
як заваёўнікі і не заўжды па
сваёй волі. Асабліва гэта тычыцца рымскіх часоў. Неабдымная імпэрыя
прасьціралася ад Атлянтычнага акіяну да Пэрсіі – па ўсім бязьмежжы гэтым
бясконца перакочваліся чалавечыя масы: кудысьці ішлі салдаты, насустрач ім
гналі рабоў, цягнуліся караваны з таварам… З канца ІІ стагодзьдзя ў Паноніі ў
вялікай колькасьці зьяўляюцца ўраджэнцы Усходу: Сірыі, Бітыніі, Іудзеі, Эгіпта,
Кападокіі. Насельніцтва Паноніі робіцца чымсьці накшталт вавілонскага ў часы
“стоўпатварэньня”. Аб гэтым сьведчыць тагачаснае рэлігійнае жыцьцё: “Было
шырока распаўсюджанае шанаваньне дзяржаўных багоў Рыма... шанаваліся грэцкія
багі - Геракл, Нэмэзыда, Асклепій; эгіпэцкія - Ізіда і Серапіс, кельцкая багіня
Эпона і інш. Шматлікіх прыхільнікаў, асабліва сярод вайскоўцаў і рабоў, меў
Мітра - іранскае боства сьвятла. /.../ Мітра доўга заставаўся адным з найболей
нязломных сапернікаў хрысьціянства. Шырокае распаўсюджаньне, асабліва ў
вайсковым асяродзьдзі, атрымаў культ Юпітэра Даліхена - боства сірыйскага
паходжаньня. Шанаваўся таксама “Дунайскі коньнік” - боства, што ўзьнікла на
Дунаі ўжо ў пэрыяд імпэрыі” /ИВ, с.
50/.
Што ж рабілася ў такіх умовах з карэнным насельніцтвам, з ягонай мовай?
Зразумела, што калі б гэтая мова захоўвалася некранутай, то гэта азначала б
пастаянную канфрантацыю з прыбышамі, імкненьне да стварэньня і падтрыманьня
ўласнай дзяржавы, як гэта было, да прыкладу, з армянамі. Нічога падобнага ў
Паноніі мы не назіраем. Заваёўнікі мянялі адзін аднаго, а мясцовае насельніцтва
кожны раз падпарадкоўвалася ім без аніякага супраціву. Анічога не ведае
гісторыя і пра ягоныя паўстаньні. Значыць, жыхарства Паноніі кожны раз
зрасталася з новымі прыбышамі, засвойвала іх звычаі і мову /гэта меней тычыцца
такіх качэўнікаў, як гуны і авары, што жылі галоўным чынам у стэпах Альфёльда/.
Дык у выніку і іх уласная мова з кожным новым нашэсьцем насычалася новым
матэрыялам. Тым і можна тлумачыць наяўнасьць у балтыйскіх мовах лацінскіх,
кельцкіх, германскіх, іранскіх, індыйскіх і іншых слоў. Апошнім з нашэсьцяў да
прыходу вэнграў было славянскае - адсюль і безьліч славянізмаў у балтыйскіх
мовах, якія падаюцца лінгвістамі як вынік “агульнага паходжаньня” балтыйскіх і
славянскіх моў.
Быццам бы бачыўшы перадгісторыю летувісаў, мінуластагодні дасьледчык
пісаў: “Паводле назіраньняў... летувісы недаверлівыя, пры першым знаёмстве
несумоўныя... з асьцярожнасьці, якою яны ў найвышэйшай ступені вызначаюцца.
Рыса гэтая выпрацавалася ў летувісах гістарычна: вельмі ўжо часта даводзілася
ім пераходзіць з аднаго падпарадкаваньня ў другое, дык яны перасталі нават разумець,
каму падначальвацца, каго слухаць, і да ўсіх сталі ставіцца падазрона. /.../
“Флегма” летувісаў... увайшла ў прымаўку; аніякі іншы народ не пакараецца
зьменьлівасьцям жыцьця з такім непарушным спакоем. /.../ Яшчэ ў 2-й палове XVI
ст. летувісы, засуджаныя на сьмерць, вешалі сябе ўласнымі рукамі” /Энциклопедический
словарь Брокгауза и Эфрона, т. ХVII /34/, с. 828/. І гэты народ,
сьцьвярджаецца, заваяваў Беларусь і Ўкраіну, сотні гад панаваў у бяскрайняй
дзяржаве!
Чаму ж пры такой
звычцы падпарадкоўвацца будучыя “балты” урэшце пакінулі сваю адвечную радзіму,
падаліся на не вельмі ўтульную поўнач?
Аварскі каганат быў фактычна дафэадальнай дзяржавай. Гэта значыць, авары
бралі даніну - і не болей. Земляробствам яны не займаліся, праца прыгонных
сялян ім не была патрэбнай. Калі ж каганат быў разбураны, на месца яго прыйшлі
фэадалы, славянскія і франкскія. Пачалося запрыгоньваньне мясцовых жыхароў.
Адначасова ішла хрысьціянізацыя, якая ў Паноніі перапынялася шмат разоў
нашэсьцямі паганаў. Пачалася вострая барацьба паміж Канстантынопалем і Рымам за
душы яшчэ нехрышчоных /як вядома, у ёй узялі актыўны ўдзел веранастаўнікі
славян Кірыла ды Мяфодзь/. Вось у гэты час, падобна, і пакідаюць Панонію паганы
земгальцы. На сваім новым месцы, у Прыбалтыцы, яны адлюстроўваюцца ў пісьмовых
крыніцах пад 870 годам /Литва, с. 261/.
Продкі ж летувісаў яўна затрымаліся ў Паноніі, прычым надоўга, іначай не
склаўся б адчувальны летувіска-вэнгерскі лексычны пласт /у латыскай мове
мадзьярызмы, здаецца, толькі тыя, што трапілі праз летувіскую/. Характэрнае
такое супадзеньне: па-венгерску “прыгонны” - йоббадь, па-летувіску – бауджявос/.
Вэнгерскае слова ўтворанае ад бадяд – “стамляць” з папярэднім йог “права” /пры
змычцы г+б утваралася бб/: прыгонны – гэта той, якога стамляюць па праву.
Летувісы ўзялі з йоббадь толькі другую частку і ўтварылі сваё бауджявос. Такім
чынам, у той час, калі вэнгры ўводзілі прыгон /напачатку, зразумела, не для
вэнграў/, продкі летувісаў былі яшчэ ў Паноніі.
Адначасова з прыгонам венгерская дзяржава, што вельмі хутка асвойталася
ў Эўропе, стала насаджаць і хрысьціянства. Вось тут паганскае жыхарства і не
вытрымала. У 1046 годзе грымнула магутнае антырэлігійнае паўстаньне. Паўстанцы
зьнішчылі ледзь не ўсіх сьвятароў і манахаў” /ИВ, с. 118/. Паўстаньне было задушана.
Зрэшты, продкі летувісаў, можа, пакінулі Панонію яшчэ раней, на пачатку
рэлігійнага ціску. Мы ж ведаем,
як жамойць супрацішлялася хросту. Нават крыжакі, што спэцыяльна заявіліся ў
Прыбалтыку, каб “хрысьціць паганаў”, за доўгі час панаваньня над жамойцю
далучыць яе да царквы не змаглі. Жамойты прынялі хрост толькі пасьля
Грунвальда, калі Ордэн вымушаны быў саступіць
іх Вітаўту – у 1413 годзе, мабыць апошнімі ў Эўропе.
Пераход “балтаў” у Прыбалтыку ва ўжо пісьмовую для Эўропы эпоху застаўся
незаўважаным храністамі, і гэта павінна сьведчыць, што перасяленцаў было зусім няшмат.
Але яны прыйшлі не на пустое месца. Тут здаўна жылі іншыя плямёны. Прыбыўшы
ўступілі з імі у трывалы кантакт, зьмяшаліся з імі і асымілявалі, дзякуючы чаму
носьбітаў “балцкіх” моў стала значна больш. Пераходу мясцовага, прыбалтыйскага
насельніцтва на мову прыбышоў паспрыяла дзейнасьць лютэранскіх місіянэраў, з
дапамогай якіх узьнікла летувіская, а адначасова і латыская пісьмовасьць, быў
наладжаны выпуск рэлігійнай літаратуры для летувісаў і латышоў на іх мовах. Але
яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі захаваліся рэшткі нейкіх ранейшых дыялектаў, якія для
нашчадкаў панонцаў былі незразумелымі, з-за чаго няраз успыхвала палеміка. М.
Біржышка, гісторык летувіскай літаратуры, пісаў: “Прачынаецца і паэзія /у
сярэдзіне ХІХ ст. – І. Л./, прычым вылучаюцца ўраджэнцы ўсходняй Летувы, якія
выйшлі з народа і пісалі на сваёй усходнелітоўскай гаворцы, што выклікала нават
пратэсты з боку пэўных жамойцкіх пурыстаў” /Энциклопедический словарь бр.
Гранат, т. 27. 1913, стлб. 251./.
З боку
жамойцкіх пурыстаў! Чаму менавіта жамойцкіх? Ды таму, што сёньняшнія летувіская
мова, з яе выразным вэнгерскім сьледам ідзе ад мовы летапіснай жамойці, а не ад
летапіснай літвы.
Што
вядома нам з гісторыі летувіскай мовы? Першая кніга на ёй /рэлігійная/ была
выдадзеная ў 1547 годзе. Выйшла ж яна ў Кёнігсбергу, і прызначалася для самых
заходніх жамойтаў, бо трапілі ў склад Усходняй Прусіі ў выніку падзелаў. Менавіта
гэтай кнігай і быў закладзены падмурак летувіскай літаратурнай мовы, якую з
выданьнем 1547 года зьвязвае прамая традыцыя, што амаль не мела адхіленьняў.
Характэрны такі факт: “У 1605 годзе друкарня акадэміі /у Вільні. - І. Л./ другі
раз выдае пераклад на летувіскую мову “Катэхізіса Ледэсмы”. /.../ Але гэта ўжо
пераклад не Даўкшы, а іншай асобы, якая не ўказала свайго прозьвішча. У
прадмове, напісанай па-летувіску, ананімны аўтар тлумачыць прычыны, якія
прымусілі яго зрабіць новы пераклад. Ён гаворыць, што пераклад Даўкшы зроблены
па-жамойцку і для пэўных летувісаў - не жамойтау” - незразумелы, таму і
прыйшлося рабіць яго зноў. З далейшага, аднак, відаць, што ананімны перакладчык
карыстаўся перакладам Даўкшы, перапрацаваўшы яго ў шэрагу месцаў” /А. Анушкин.
На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970, с. 48. Падкрэсьлена мной/.
Ці была
мова летапіснай літвы хаця б падобнай да жамойцкай, не тое каб такой жа ?
Цьвёрда можна адказаць: не. Бо летувіскія дасьледчыкі не могуць зразумець імёны
літоўскіх князёў. Задача гэтая імі тлумачыцца: “З цягам гэта сыстэма
двухасноўных асабовых імёнаў ішла сувязь з агульнымі словамі. Асабовыя імёны
пачалі утварацца з мэханічна складзеных кампанэнтаў, таму сэнс двухасноўных
імёнаў і цяжка вытлумачальным” /Литва, с. 121/.
“Цяжка
вытлумачаным” – не тыя словы: правільней было б сказаць “зусім
невытлумачальным”. І не дзіва: носьбіты княскіх імёнаў паходзілі з зусім іншага
месца, чым жамойты. Ніхто ў старажытнасьці не пазьбег блуканьняў, гэта тычыцца
і літвы. І літва не вечна жыла на Літаве. І прыйшла сюды, каб спрычыніцца да
ўтварэньня вялізарнай дзяржавы, з Дуная. Але не з Паноніі, як продкі летувісаў.
“Нямецкі
гісторык XVIII ст. Л. А.
Гебгардзі... – паведамляе М. І. Ермаловіч, - прыводзіў пісьмовыя дакумэнты, з
якіх відаць, што яшчэ ў XIІ ст. н. э. на левым беразе Дуная і ўздоўж ракі Ольты
існавала мясцовасьць Літва. Тут жа знаходзім і раку Літаву”. /М. Ермаловіч.
Старажытная Беларусь. Мн., 1990, с. 87/.
Выпадкова гэта супадзеньне? Ёсьць у Маларыцкім раёне возера Олтуш. Пра
гэтую назву В. Жучкевіч піша: “Назва-этнонім: олтушы - жыхары гістарычнай
вобласьці Закарпацьця Алтэніі” /В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии, Олтуш/. Менавіта Алтэніяй завецца і сёньня
румынская вобласьць у міжрэччы Олта /так называецца сёньня Ольта/ і Дуная.
Насупроць Олта, з баўгарскага боку ў Дунай упадае Віт. А ў Калінкавіцкім
і Хойніцкім раёнах цячэ левы доплыў Прыпяці Віць. Дунайскай Літаве адпавядае
рака Літкава, што ў Кобрынскім раёне. У Чырвонае возера, што ў Жыткавіцкім
раёне, упадае рачулка Цесна. Гэта вельмі блізка да Тэзлуй - назвы ракі, што
ўпадае ў Олт.
Гідронімы Олтуш, Віць, Літкава, Цесна быццам бы паказваюць шлях, якім
літва ішла ў Беларусь /цікава, што вярхоўі Нёмна, дзе М. Ермаловіч разьмяшчае
летапісную літву, знаходзяцца строга на поўнач ад басэйна Олта - па 25-м
мэрыдыяне/. На гэтых азёрах і рэчках частка яе заставалася на жыхарства,
асноўная ж маса рухалася далей, аб сьведчаць такія назвы, як Дунай – рэчка ў
Іўеўскім раёне, Волта і Авута – рэкі ў Мёрскім: Волта – Олт з прыстаўным “в”,
як у слове “вока” /В. Жучкевіч: “Волта, варыянтОлта. Назва паўтарае імя ракі
Олт... у Румыніі”. Гл. ягоны “Краткий топонимический...”, Волта/, Авута –
супадае са старажытнай назвай Олта Алута /ИВ, с. 57/.
Aж да сёньня не высьветлена паходжаньне назвы Балтыйскага мора. “Корань balt - у назве Балтыйскага мора
тлумачылі па-рознаму: і як “балота”, і як “белы” /летув. baltas/, і як “пояс”. Імя Балтыйскага
мора тлумачылі як балтыйскую, ілірыйскую або вэнэтска-ілірыйскую назву” /Р.
Агеева. Страны и народы: происхождение названий, с. 49/. Мабыць, усім, хто
спрачаўся вакол гэтага імя, ці невядома, ці не прыгадвалася такое геаграфічнае
паняцьце: “Балта - пойма Дуная ў межах Ніжнядунайскай нізіны... з лябірынтам
рукавоў, шматлікімі азёрамі і ліманамі. /.../ Шырыня - да 27 км. Пакрытая
лясамі з вярбы і вольхі, зарасьнікамі трысьця і чаротам, шмат непраходных
балотаў. /.../ У Малдаўскай ССР і Румыніі “балта” стала агульным пры азначэньні
забалочаных поймаў і плаўняў любых рэк” /БСЭ, выд. 2-е, т. 5, с. 153/. Менавіта
такімі “балтамі” і ўяўляюцца летувіскія берагі Балтыйскага мора каля Куршскай
затокі з дэльтай Нёмна /гл. Литва, Куршский залив/.
Олтуш, Олта /Волта/, Авута, Дунай, Літкава, Віць, Балтыйскае мора...
Нехта ж прынёс гэтыя назвы з Румыніі ў Беларусь! Хто? Улічваючы, што
мясцовасьць каля ўпадзеньня Олта ў Дунай звалася Літвой, іншых кандыдатаў на
гэтую ролю, апрача летапіснай літвы, быць не можа.
Што ж выходзіць? Што жамойць – з Паноніі, аб чым сьведчаць
летувіска-вэнгерскія паралелі, а літва – з нізоўяў Олта. А падзяляе гэтыя
рэгіёны. калі рухацца па Дунаі, недзе 700 кілямэтраў – як ад паўднёвай мяжы
Беларусі да паўночнай.
Зразумела, што умовы для складваньня этнасаў і моў у гэтых рэгіёнах былі
розныя. Напрыклад, ніхто не лічыць, што на поўдні Румыніі жылі ілірыйскія
плямёны. Тут адчуваўся значны грэцкі ўплыў. Тут нашмат раней, чым у Паноніі,
зьявіліся славяне /а можа, і ўвогуле ўтварыліся тут. Пісаў жа аўтар “Аповесьці
мінулых гадоў”: “Съли суть словъне по Дунаеви”, адкуль і “разидошася
по земли”. На пачатку нашай эры на Ніжнім Дунаі жылі геты, якія лічацца
продкамі славян/. Сюды пры сваім руху на захад не заходзілі вэнгры, яны адолелі
Карпаты ва Украіне /ИВ, с. 95/. Такім чынам, у
мове літвы вэнгерскага сьледу не магло быць. І сапраўды. Як даведзена М.
І. Ермаловічам, летапісная літва разьмяшчалася ў верхнім Панямоньні. Цяпер гэта
– сарцавінная беларуская тэрыторыя, радзіма Коласа, калыска беларускай
літаратурнай мовы. І калі б у мове літвы была вэнгерская лексыка, то хоць
частка яе перайшла б у беларускую. Але, па назіраньнях, у нашай мове практычна
няма вэнгерскіх слоў, якіх не было б і ў польскай, г. зн. яны /такія, як шэраг/
хутчэй за ўсё прыйшлі да нас праз палякаў.
Ужо прыходзілася вышэй казаць, што балтазнаўства грунтуецца на нічым не
абгрунтаваных дапушчэньнях. Сярод такіх пастулятаў немалое месца займае і
сьцьвярджэньне, быццам літва і жамойць — дзьве часткі аднаго народа, з агульнай
мовай.
Пераканаўча абвяргае гэтую “ісьціну” П. Урбан у сваёй вялікай працы “Да
пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў”. /Полацак. Гл. NN 1-6 за 1992 г./. Не буду пераказваць усе ягоныя доказы –
той, хто жадае, часопіс знойдзе. Сам жа я хацеў бы зьвярнуць увагу толькі на
некалькі важных рэчаў.
У
шматлікіх гістарычных крыніцах літва і жамойць ніколі не падмяняюць адна адну:
калі гаворыцца “літва”, гэта не азначае адначасова “жамойць”, калі гаворыцца
“жамойць” - не азначае адначасова “літва”. Гэтыя два словы раўнапраўныя, сэнс
“жамойць” у “літва” не ўваходзіць. Узяць хаця б поўную назву нашага
сярэднявечнага гаспадарства: Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Ці
ж аднае яна літву і жамойць? Наадварот, падзяляе! Літва — адно, жамойць —
другое. І так ва ўсіх крыніцах. Выдатны знаўца беларускіх летапісаў зьдзіўлена
зазначае: “Летапісы... упарта падзяляюць Літву на ўласна Літву і Жамойць” /Н. Н.
Улащик. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985, с.
58/. Але што значыць «на ўласна Літву»? Што, жамойць — таксама Літва? Але ж ці
не лухтой выглядала б: Беларусь і Магілёўшчына!
З гісторыі добра відаць, што жамойць не надта прагла аб’яднаньня з
Літвой, а калі ўрэшце пасьля Грунвальда была далучана да ВКЛ, дык ужо ў 1418
годзе ўзьняла паўстаньне супраць Вітаўта /Литва, с. 257/. І гэта ніяк нельга
назваць выпадковасьцю. Мае рацыю П. Урбан, калі піша, што Вітаўт абыходзіўся з
жамойцю, як з “разьменнай манэтай”, гандлюючы ёю дзеля сваіх палітычных
разьлікаў /Полацак, 1992, N 4. с. 23/.
Сапраўды, Вітаўт саступаў жамойць Ордэну ў 1384, 1389 гадах /БелСЭ, т. 3, с.
105/. У 1398 годзе ім было падпісана Салінскае пагадненьне, згодна з якім
Жамойць засталася за Ордэнам /Литва, с. 257/. Што пры гэтым ён не сіле
саступаў, а менавіта вёў гандаль Жамойцю, сьведчыць той факт, што пры Ворскле
/1399/ супраць татараў у войску Вітаўта біліся крыжакі /Литва, с. 152/, чым
яўна плацілі за Жамойць. Ды каб толькі гэта! Польскі дасьледчык з Вільні Ян
Цехановіч, камэнтуючы мой артыкул “Племя пяці родаў” /ЛіМ, 1989, 18 жніўня/,
дзе сярод іншага выказана думка, што літва і жамойць - розныя плямёны, піша:
“Калі літва і жамойць былі рознымі плямёнамі, адразу робіцца зразумелай
нечалавечая жорсткасьць літоўскага князя Вітаўта, які разам з нямецкімі наездцамі
літаральна заліў Жмудзь крывёю падчас некалькіх набегаў пад канец ХIV
стагодзьдзя. Да аднапляменьнікаў гэты палітык хутчэй не паставіўся б так
бязьлітасна, як тое апісваюць тагачасныя нямецкія, польскія ды рускія хронікі”.
Вядома таксама, што жамойць імкнулася да стварэньня ўласнай дзяржавы.
Пэўны час тая і была - у XIII стагодзьдзі, пад назвай Вялікае Жамойцкае Княства
/Н. Улащик. Введение.., с. 156/. А ў складзе ВКЛ жамойты карысталася
аўтаноміяй: пачынаючы з 1411 года, існавала Жамойцкае староства. Стараста меў
правы ваяводы. Яго абірала жамойцкая шляхта, а вялікі князь толькі зацьвярджаў.
З пачатку 1440-х гадоў Жамойцкае староства называлася яшчэ і Жамойцкім княствам
/Литва, с. 257/. Зразумела, што калі б жамойць і літва былі адным народам, то на
такое вылучэньне жамойці не было б прычын.
Што ж
датычыць мовы жамойтаў, то гаспадарства ставілася да яе, мякка кажучы,
абыякава. Першая кніга на ёй, як ужо было сказана, выйшла за мяжой – ва
Ўсходняй Прусіі. Толькі ў 1595 годзе, г. зн. праз 48 /!/ гадоў пасьля
гэтага, была выдадзена першая жамойцкая кніга ў ВКЛ. І ў далейшым да 1625 года
тут выпусьцілі толькі 4 кнігі па-жамойцку,
у той час як на беларускай, польскай і лацінскай мовах – дзесяткі і сотні.
Нават на нямецкай мове ад 1605 да 1625 года зьявілася ў Вільні 6 кніг /А.
Анушкин. На заре книгопечатания.., с. 13/. Пры гэтым трэба адзначыць, што ўсе жамойцкія
кнігі былі рэлігійнымі, выдавала іх царква, а сьвецкія ўлады не мелі да гэтага
дачыненьня. Такі быў “клопат” “летувіскага” гаспадарства аб разьвіцьці “сваёй”
мовы? А між іншым, XVI стагодзьдзе ў Эўропе — час фармаваньня дзяржаўных моў:
так, французская была абвешчана афіцыйна дзяржаўнай у 1539 годзе. У ВКЛ жа ў якасьці
афіцыйных ужываліся беларуская і лацінская, потым і польская мовы, толькі не жамойцкая
/сёньняшняя летувіская/. Як бачым, Вялікае Княства Літоўскае ставілася да
жамойці як да народа не ўладнага, а падуладнага. Для дасьведчанага
гісторыка гэта павінна быць абсалютна ясна. Таму не можа не зьдзіўляць, што
такі знаўца айчыннай гісторыі, як Г. Сагановіч, называе летапісную літву
“летувісамі”, зазначаючы пры гэтым: “Аўтар лічыць магчымым дапасаваньне
сучаснага саманазову жыхароў Рэспублікі Летува да іх старадаўніх продкаў”. Не
была, не магла быць летапісная літва продкамі сучасных летувісаў!
Чаму ж жамойты сталі “літоўцамі”, летувісамі?
Думаецца, што вырашальную ролю ў гэтым адыграла саманазва “жямайчяй” з
яе празрыстым сэнсам. Раз ёсьць “ніжнія” ды яшчэ ёсьць быццам і “верхнія” /аўкштайчяй/,
значыць, павінен быць і нейкі этнонім, які яднае тых і другіх. А пасьля
зьнікненьня летапіснай літвы, растварэньня яе ў беларусах такі этнонім
“вызваліўся”, застаўся без носьбіта-гаспадара. Вось і ўзьнікла думка, што ён
адносіцца да жамойці.
“Літвой”, дарэчы, жамойты спачатку сталі за межамі ВКЛ, ва Ўсходняй
Прусіі. У ВКЛ літоўцамі, ліцьвінамі зваліся якраз беларусы, жамойць жа
заставалася жамойцю, як у вачах беларусаў і палякаў, так і саміх жамойтаў. Іх
“літоўцамі” сталі зваць першымі немцы, што выдавалі на жамойцкай мове вялікую
колькасьць лютэранскай літаратуры. дый не толькі. Яны яшчэ дачыніліся і да
вывучэньня жамойцкай мовы, этнаграфіі жамойтаў – ужываючы пры гэтым у адносінах
да іх тэрмін “літоўцы”. Навуковая нямецкая літаратура карысталася вялікім
аўтарытэтам у Расеі: тут жа шмат служыла вучоных немцаў. Вось і прыйшло ад немцаў
у расейскую навуку сьцьвярджэньне, што жамойць – гэта тое ж, што і літва,
“ніжнія літоўцы”.
Самі ж жамойты ўчэпіста трымаліся за сваю гістарычную назву аж да XX
стагодзьдзя. Але пачалося жамойцкае адраджэньне, лідэрам якога здалося вельмі
прывабным стаць “літоўцамі”, нашчадкамі магутнай дзяржавы: гэта ж так падымала
самасьвядомасьць занядбанага, вечна прыгнечанага народа!
Так узьнікла і сасьпела тэрміналягічная блытаніна, з-за якой і сёньня не
адважваемся на поўны голас назваць Вялікае княства Літоўскае, створанае нашымі
продкамі літвой, нашым, беларускім гаспадарствам.
І я
асабіста думаю, што каб нарэшце расьсекчы клубок гэтай блытаніны, мы павінны
сёньняшніх летувісаў у сваёй літаратуры, друку зваць жамойтамі, а краіну іх -
Жамойцю, чым была б узноўленая гістарычная справядлівасьць.
Якім жа было паходжаньне сапраўднай літвы, якой магла быць ейная мова,
чаму літва апынулася там, дзе бліснула і зьнікла, — пра ўсё гэта пагаворым
іншым разам.
/Літаратура
і Мастацтва. Мінск. № 19. 14 мая 1993. С. 14-15./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у
Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым
рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва
(1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”;
у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году
ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае
аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў
звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса
“Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за
штатам) ды заг. аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства.
Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП
СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе
Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz