Іван Ласкоў
З
МАЎКЛІВЫХ ПРАДОНЬНЯЎ
Этымалёгія... Мабыць, самая
рамантычная а усіх сухаватых філялягічных навук. У якія прадоньні дазваляе яна
зазірнуць! Памятаю, як зьдзівіў нас, студэнтаў, выкладчык Літаратурнага інстытута,
калі сказаў, што дошка і чан — аднакарэнныя словы. З якой цікавасьцю сачылі за
доказам, што разгортваўся на дошцы пад ягонай рукой: старадаўняе дъска — дъшчанъ — тшчан — чан... Гэта здавалася чараўніцтвам,
а заадно і нейкім рэнтгенам, што прасьвечваў мінулае мовы.
Прайшло пасьля таго гадоў з
дзесяць, і ў рукі мне трапіў першы выпуск “Этымалагічнага слоўніка беларускай
мовы”. Але надзея на сустрэчу з рамантыкай імгненна зьнікла, як сон, варта было
разгарнуць кнігу. Выпуск адно адзначаў, адкуль узятае тое ці іншае слова: абабэнчыць — польскае, абаетны
— летувіскае, абазурыцца — расейскае... І дзе
толькі навыкопвалі іх складальнікі, думалася мне тады. Што гэта за словы
беларускай мовы, калі я, беларус, іх не ўспрымаю і не разумею?..
Кніга адправілася на паліцу,
і вельмі надоўга. Якая карысьць была ад яе, з такім вось сьмецьцем, тым болей
што зьмяшчала словы толькі на “А” ды “В”? Ішлі гады, і побач з выпускам першым
ставіліся другі, трэці, чацьвёрты... Іх я таксама не чытаў, а зьбіраў на
ўсялякі выпадак: раптам прыдадуцца.
Так цягнулася да таго часу,
пакуль нечакана я не ўлез у нашу этнічную гісторыю, пачаўшы свой рызыкоўны шлях
артыкулам “Племя пяці родаў” (“ЛіМ”, 18 жніўня 1989 года). Напаткаўшы аднойчы ў
комі-пярмяцкім слоўніку баг — “цьвіль” і згадаўшы наша багна, я
падумаў: цікава, а як тлумачыць паходжаньне багны навука этымалёгія? Тут
і пакінуў настоенае месца на некалькі хвілін выпуск першы ЭСБМ. Аказалася:
этымалёгія багны “застаецца адкрытай”. Значыць, можна сьцьвярджаць, што
гэта — пермскае слова. Вось удача!
Але спэцыяльна шукаць
пермскія карані ў нашай мове я не стаў. Захапіўся прозьвішчамі, сабранымі ў
кнізе М. Бірылы “Беларуская антрапанімія”. Сярод іх мноства з паходжаньня
пермскіх. У гэтым можна пераканацца, прачытаўшы мой артыкул “Нашчадкі таямнічае
літвы” ў восьмым нумары “Полымя” за 1991 год. Там я паказваю прозьвішчы, якія
маюць словы-адпаведнікі ў комі-пярмяцкай мове. А яшчэ болей нашых прозьвішчаў з
паходжаньня ўдмурцкіх. Удмурцкі матэрыял у артыкул не ўвайшоў, яго чарга
наперадзе...
Эпоха ўтварэньня прозьвішчаў,
як піша М. Бірыла, — гэта XVII - XVIII стагодзьдзі. Значыць, якіх-небудзь
200-300 год назад у Беларусі яшчэ гучалі пермскія гаворкі! Няўжо за такі
гістарычна кароткі тэрмін мова зьнікае без сьледу? Не можа быць, падумаў я...
Засталася ж багна. Дый, прозьвішчы вывучаючы, ці раз адзначаў я ў
беларускай мове пермскія словы: гамузам, кер, калантарыць
(яны адзначаныя ў “Нашчадках...”). А што, калі як сьлед узяцца за гэта?
Можна паспрабаваць, ды ці
прынясе гэта плён. Ці дастаткова ўзброены я для гэтага? Самая простая лёгіка
рэканструюе працэс паглынаньня мовы такім чынам. Кожная мова мае ядро і пэрыфэрыю.
Ядро складаюць найболей ужывальныя словы. Натуральна, што яно пры запазычваньні
мовы бярэцца цалкам. Адначасова цалкам зьнікае ядро той мовы, якая паглынаецца.
Тыя ж словы, якія ў перанятай мове ўжываюцца рэдка, пераходзяць да новых
носьбітаў не ўсе. Замест іх ужываюцца рэшткі мовы, якая гіне. З цягам часу,
аднак, паступова зьнікаюць і гэтыя рэшткі, бо ў асяродзьдзі новых каранёў
старыя робяцца незразумелымі, чужароднымі. Яны выціскаюцца або пэрыфэрыяй
успрынятай мовы, або наватворамі, прычым наватворы ўтвараюцца на навамоўных
каранях.
Такім чынам, чым болей часу
прайшло ад замены мовы, тым меней застаецца рэліктаў зьнікшай, тым меней шанцаў
іх адшукаць. І шукаць іх трэба не ў агульнай мове народа, а ў вузкіх дыялектах,
дзе яны могуць захоўвацца хоць бы для азначэньня мясцовых рэалій.
Разважаючы такім чынам, я
стаў гартаць дыялектныя слоўнікі, купленыя ў розныя гады. Асабліва старанна
праглядваў, зразумела, “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны” I. Бялькевіча,
дзе адлюстравалася лексыка, можна сказаць, маіх мясьцін. Не абышоў увагай і
слоўнік І. Насовіча, выдадзены ўпершыню ў 1870 годзе, зыходзячы з меркаваньня,
што 120-150 год назад рэлікты сустракаліся часьцей. І сапраўды, раз-пораз сталі
трапляцца словы, падобныя да пермскіх формаю ды зьместам. Але, навучаны горкім
вопытам, я не сьпяшаўся кожны раз такімі іх абвяшчаць. У “Племі пяці родаў” я падзяліў
на часткі слова дойлід і выказаў дапушчэньне, што яно пермскае, а праз
нейкі час даведаўся, што па-летувіску яно азначае “цясьляр”. Стары конь на
адной калдобіне два разы не спатыкнецца. Перш чым рабіць заключэньні аб
паходжаньні слова, трэба высьветліць, што пішуць пра яго этымолягі. Тут мой
погляд і ўпаў ізноў на паліцу з выпускамі ЭСБМ. Але ці тлумачыцца ў ім
дыялектная лексыка? Ці знайду я ў ім, дапусьцім, журжу (цацка), занатаваную
шчыравітым Бялькевічам? І зноў удача: ёсьць у ЭСБМ журжа! Праўда,
тлумачыцца не з пермскага, але не гэта галоўнае. Важна, што ЭСБМ зьмяшчае такія
словы і дае ім нейкае тлумачэньне.
І я стаў чытаць ЭСБМ. Чытаць,
не прапускаючы ніводнага падазронага слова. І як трапіцца такое, асабліва калі
камэнтатары дадаюць: “няясна”, адразу ў слоўнікі: комі-зыранскі, комі-пярмяцкі,
удмурцкі.
Вынікі гэтай працы я пакажу
трохі ніжэй, а цяпер скажу некалькі слоў пра “Этымалагічны слоўнік беларускай
мовы”. Можа, ад гэтага будзе карысьць, бо выданьне яшчэ не скончана (сёньня
этымолягі дайшлі толькі да літары “Н”) і ў наступных выпусках можна яшчэ
выправіць тыповыя памылкі Вось галоўнае ўражаньне ад яго: этымалёгія, якая
пануе ў ім, паўзучая. Аўтары нібыта выпрацавалі для сябе нейкую герархію моваў,
і якраз ёю, а не чыста лінгвістычнымі фактарамі вызначаюць напрамак
запазычаньня. Беларуская мова — так у іх выходзіць — стаіць на самым нізе гэтай
герархіі. Як толькі этымолягі знаходзяць беларускаму слову аналяг у польскай,
расейскай, летувіскай, не кажучы ўжо пра нямецкую, так яно і абвяшчаецца
бяздумна запазычаным. Паходжаньне ж саміх “запазычаных” у іх “уласнай” мове пры
гэтым высьвятляецца вельмі рэдка. І калі чытаеш ЭСБМ, складваецца ўражаньне,
што беларусы толькі бралі чужыя словы, суседзі ж ад іх не бралі зусім. А гэта ж
няпраўда. І палякі, і летувісы не раз пісалі пра ўплыў беларускай мовы. Расейцы
наш уплыў ігнаруюць. Ды тут і павінны былі скаваць сваё слова беларускія
этымолягі А яны наяўнасьць беларуска-расейскіх лексэманых пар тлумачаць або
агульным паходжаньнем, або запазычаньнем у нашу мову.
Вось яшчэ рыса ЭСБМ. Калі
беларускае слова аказваецца з паходжаньня не суседзкім — лацінскім, грэцкім,
нямецкім і г. д., — шлях яго ў нашу мову этымолягамі вызначаецца абавязкова
праз мовы суседзяў: палякаў ды расейцаў. Нібыта ў Беларусі ніколі не было
адукаваных людзей, якія ведалі тыя далёкія мовы. Нібыта не гучала лаціна ў
беларускіх касьцёлах цэлыя стагодзьдзі, не было ў Беларусі навучальных устаноў,
што працавалі на ёй. Нібыта не ішла да нас грэцкая мова разам з праваслаўем.
Сёньня Беларусь з Германіяй
не мяжуе. Але ж так было не заўсёды. Фактычна германскімі правінцыямі былі
Ўсходняя Прусія і Лівонія, з якімі наша дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае —
мела агульную мяжу на працягу стагоддзяў. Крыніцай нямецкіх слоў у Беларусі
таксама быў ідыш. Але складальнікі ЭСБМ кожнае слова, запазычанае з нямецкай,
праводзяць праз польскую, хоць магло быць і наадварот, маглі нямецкія словы
трапляць у польскую праз беларускую мову. І беларускія словы трапляць у
нямецкую маглі. Такога ў ЭСБМ не знойдзеш.
Сучасныя этнічныя ды
дзяржаўныя межы для складальнікаў ЭСБМ існавалі быццам спаконвечна, а так званы
“лінгвагеаграфічны фактар” у шмат якіх выпадках робіцца вырашальным — у
супрацьвагу фактарам лінгвістычным. Характэрны прыклад. Есьць у нас слова наша
— “кіслае малако”. Этымоляг агледзеў, што яно падобнае як па форме, так і
сэмантыцы да расейскага няша — “іл, рэдкая гразь”. Адчуваецца, што калі
б гэтае няша было ўласна расейскім, то для этымоляга не было б ніякіх
перашкод абвясьціць, што беларускае наша ідзе ад яго. Але дасьледчыкам
расейскай этымалёгіі немцам М. Фасмерам адзначана, што няша — ад комі няша
(“пена, гушча, асадак, іл”). І наш аўтар (у дадзеным выпадку Г. Цыхун) піша,
што сувязь наша з няша “здаецца праблематычнай, перш за ўсё па
лінгвагеаграфічных меркаваньнях”, а вытлумачыць наша “кіслае малако”
гатовы праз займеньнік наш.
Такім чынам, Г. Цыхун не
дапускае і думкі, што ў беларускую мову маглі трапіць пермскія словы. Ды ці
толькі пермскія? Складальнікі ЭСБМ не зьвяртаюцца ўвогуле да фіна-угорскіх
моваў, нават такіх геаграфічна блізкіх, як эстонская, мардоўскія. Вось і
прыходзіцца часта замест тлумачэньня пісаць: “няясна” або адважвацца на такую
этымалёгію, што застаецца толькі разьвесьці рукі.
Але хай не падумае чытач, што
я адмаўляю ўсялякія вартасьці слоўніка. Як бы там ні было, у ім сабрана шмат
лексыкі і разнастайных падыходаў да яе. Для далейшых дасьледаваньняў нашай ловы
ён дае вялікі фактычны матэрыял. Прынамсі, маім пошукам ЭСБМ дапамог вельмі. У
сямі выпушчаных тамах удалося агледзець каля 200 слоў, якія можна лічыць з
паходжаньня пермскімі.
Для часопіснага артыкула гэта
вельмі шмат. Трэба ж не толькі назваць слова ды яго крыніцу, але і паказаць,
што пісалі пра яго этымалёгію раней, а іншы раз і паспрачацца. Таму давялося
спыніцца толькі на частцы знаходак.
Авыць — “вокліч для
адгону парасят”. ЭСБМ: “няясна”.
Па-комі-зыранску выть
— “колькасьць ежы, патрэбная для насычэньня”. “А” — беларускае, пратэтычнае.
Сэнс воклічу празрысты: “наеліся, ідзіце прэч!”.
Агіба — “дрыгва”.
ЭСБМ: “магчыма, ад gybati “прыгінацца”.
Па-комі-зыранску гыбад
— “дрыгва”. Агіба і гыбад — аднакарэнныя словы. Ад кораня гыб-
і гібель, дзе і суфікс пермскі (-ыль).
Адвоны — “пахілы”.
ЭСБМ тлумачыць праз адхон, а адхон — праз хінуць, якое ў
выдадзеных тамах не разгледжана.
Па-комі-зыранску вон —
“полаг”. У расейскай мове ад полог утворана пологий, што блізка
да пахілы.
Атразьні — “гатунак
ботаў”. ЭСБМ: “няясна”. Шкада, што не адзначана, якія гэта боты. Калі яны з
завязкамі, то слова можа быць пермскага паходжаньня: па-комі-зыранску разьны
— “разьвязаць, расшпільваць”. Ат- на пачатку атразьні —
беларуская прыстаўка.
Аціца — “падзёнка”
(матылёк). ЭСБМ: “гл. яціца”. Том з яціца яшчэ не выдадзены.
Матылёк называецца
“падзёнкай” таму, што, згодна з народным меркаваньнем, жыве адзін дзень
(іншая назва яго — аўсянік). У комі-зыранскай і комі-пярмяцкай мовах отик —
“адзін”.
Ацупак — “абрубак
палена”. ЭСБМ: “ад гукапераймальнага цуп або цоп, што перадаюць
рэзкае падзеньне або раптоўны ўдар”.
Па-комі-эыранску тшупны
(тш — цьвёрдае ч) — “секчы, сьсекчы”.
Ацягі — “мяккія адходы
пры апрацоўцы ільну”. ЭСБМ: “ад цягаць”.
Па-комі-зыранску тэг —
“ломкі”. “Краткий этимологический словарь коми языка” (М., 1970. У
далейшым — КЭСКЯ) дадае: “пра лён, лучыну”.
Ашушкацца — “надзець
на сябе многа адзежын”. ЭСБМ: ад шушкацца — “цёпла апранацца, укрывацца”,
але паходжаньне слова шушкацца не аналізуе.
Па-комі-зыранску шуш —
“ануча”.
Бадыль — “сьцябло
расьліны”. ЭСБМ: “ад badati “калоць”.
Па-ўдмурцку боды —
“сьцябліна”, суфікс -ыль пермскі.
Бандыш — “калун, сякера”.
ЭСБМ выводзіць гэтае слова з нямецкага Віndaxt, што ў фанэтычным сэнсе непераканаўча.
Па-комі-зыранску бан —
“лязо”, тыш — “абух”. Для пермскіх моваў такое словаскладаньне
характэрнае. Параўнайце: па-ўдмурцку ым — “рот”, ныр — “нос”, ымныр
— “твар”. Як твар — рот-нос, так і сякера — лязо-абух.
Батура — “балака, пустамеля”.
ЭСБМ: “няяснае слова”.
Яснасьць уносіць
комі-пярмяцкае батора — “той, хто гаворыць хутка і манатонна”.
Буглёўнік, бугдёк
— “месца. дзе багата дробных, адшліфаваных вадой каменьчыкаў”. ЭСБМ: “няяснае
слова”.
Па-комі-зыранску бугыль
— рэліктавае слова з сэнсам “нешта круглае”. Цяпер яно ўжываецца ў
словазлучэньнях, напрыклад: син бугыль — “вочны яблык”, дзе син
— “вока”. Дробныя, адшліфаваныя вадой круглыя каменьчыкі.
Водва — “выток ракі”.
ЭСБМ: “магчыма, ад вод- (гл. вада) і суф. -ва ў зборным
значэньні Але параўн. гідронім Водва (дакладна балцкага паходжаньня —
літ. Vaduva/Vаdvа) і актыўнасьць гэтага гідранімічнага тыпу (на -ва) у Верхнім
Падняпроўі (гл. Топоров, Трубачев, Лингв. анализ, 154)”.
Як бачым, аўтары ЭСБМ хацелі
б вытлумачыць слова водва праз сваё, беларускае вада, ды замінае
тое, што маецца рака Водва, а расейскія дасьледчыкі У. Тапароў і А. Трубачоў
сьцьвярджаюць, што назва Водва дакладна балтыйская. Але фактычна адзіны
аргумэнт Тапарова і Трубачова — тое, што на тэрыторыі Летувы маецца падобная — Вадува.
Аднак такога слова ў летувіскай мове няма. Няма ў ёй і суфікса або слова -ва.
з дапамогай якога маглі б утварыцца рачныя назвы. Тым часам зыход -ва —
характэрная прыкмета пермскіх гідронімаў, бо ў комі мовах ва — “вада,
рака”.
Не вытрымлівае разгляду і
дапушчэньне аўтараў ЭСБМ, што зборны суфікс можа спалучацца з такім коранем, як
вод-, бо ўжо само слова вада зборнае.
Па-комі-пярмяцку воть
— “кропля”. Водва (“выток”) — “кропля-рака”. Наяўнасьць гэтага слова ў
беларускай мове ясна паказвае, што беларускія гідронімы на -ва (Ізва,
Мытва, Пульва, Лахва і інш.) — не балтыйскага, як пішуць
Тапароў і Трубачоў, а пермскага паходжаньня.
Вушка — “восілка ў
вядры ці інш.”, «прывязка, якою прымацоўваецца цапільна”. ЭСБМ: “Памяншальнае
ад вуха ў адносінах да прадметаў, зьнешні выгляд якіх нагадвае вуха”.
Вушы нагадваюць парныя
трымачкі цэбра, з-за чаго такая пасудзіна па-расейску завецца ушат.
Восілка ж вонкава да вуха нічым не падобная, не гаворачы ўжо пра прывязку
цапільна.
Па-комі-зыранску вуг —
“дужка”.
Вылва — “вадзяны
грэбень, падняты ветрам, хваля”. ЭСБМ: “мяркуючы па месцы націску, запазычаньне
з польск. wеsnа, wеsmа. Але канчатковае -ва тлумачыць цяжка”.
Агульнапермскае выл —
“паверхня, верхні”, у комі мовах ва — “вада”. Вылва — “верхняя вада”.
Гелда — “неўрадлівая
шаравата-белая глеба; зямля, якую цяжка апрацоўваць”. ЭСБМ: “ці не з польскага gіеldа “натоўп,
цісканіна, таўкатня (“утаптанае месца”, “неўрадлівая глеба”)?”
Утаптанае месца не абавязкова
неўрадлівае, калі глеба добрая, то хай сабе натоўп і ўчыніць на ёй “цісканіну,
таўкатню”, яна ад гэтага “шаравата-белай” не зробіцца.
Па-комі-зыранску кельыд —
“бледны, светлы”. У комі мове дзейнічаў закон азванчэньня зычных на пачатку
слова (гл. А. С. Кривощекова-Гантман.
Географические названия Верхнего Прикамья. Пермь, 1983, Гайва).
Такое азванчэньне ўласьцівае і пэўным беларускім гаворкам, што, магчыма,
пермская спадчына (гізнуць — “кіснуць”. Гл. ЭСБМ). Адсюль кельыд
(у Беларусі магло гучаць як гельыд.) Гелда (першапачаткова гельыда)
— назоўнік ад прыметніка гельыд.
Гегкуць — “памерці”,
“забіць”. ЭСБМ: “здаецца, гукапераймальнага паходжаньня”.
Па-комі-зыранску гегдыны
— “дубець”, “калець”, што блізка да “памерці” (скалець).
Гізка — “снасьць для
лоўлі ракаў”. ЭСБМ: “запазычаньне з літ. gіžуs — “станок для
віцьця вяровак”.
Па-комі-зыранску гез —
“вяроўка”, па-ўдмурцку гиӟ, гиӟы — “вузел, пятля” (удмурцкае ӟ — наша мяккае
дз). Такім чынам, летувіскае, комі-зыранскае і ўдмурцкае словы сэмантычна і
фармальна падобныя.
У гісторыі не адзначана, каб
летувісы калі-небудзь кантактавалі з комі і ўдмуртамі. Значыць, лексэма гіз
існавала ў пермскіх гаворках Беларусі, а магчыма, і Летувы. З іх гэты корань і
перайшоў у беларускую ды летувіскую мовы. Беларускае гізка ад
летувіскага “гіжіс” утварыцца не магло, яно паходзіць непасрэдна ад пермскага
кораня.
Гірос — “дрэнная
страва, варыва”. ЭСБМ: “няясна. Відавочна, запазычанае”.
Па-ўдмурцку гырезь —
“сыры, недавараны” (напр., пра бульбу). -Езь у гэтым слове — суфікс. Ва
ўдмурцкай мове маецца і суфікс -ос, “образующий от глаголов существительные со значением результата, продукта
действия”
(Удмуртско-русский словарь. М., 1983, с. 572). Гірос
— гырос.
Гіцаль — “сабакар”, у
старабеларускай мове “памочнік ката”; у іншым значэньні — “пятля, прышытая да
адзеньня, каб вешаць”. ЭСБМ: “запазычаньне з польск. hусеl, а гэта з
ням. дыял. hіtzеl”. Аўтары ЭСБМ нязгодныя з тым, што беларускае слова магло быць
запазычана непасрэдна з нямецкай мовы. У той жа час яны адзначаюць, што
значэньне “пятля-вешалка” разьвілося толькі ў беларускай мове.
Нямецкае hіtzеl — дыялектнае.
А дыялектная лексыка часьцей бывае запазычанай, чым агульнанародная. Ці ад
нямецкага кораня ідзе hіtzеl? На гэта ЭСБМ не дае адказу.
Яшчэ адна важная
заканамернасьць, на якую ЭСБМ не зьвяртае ўвагі: запазычанае слова не павінна
мець болей значэньняў, чым у мове-крыніцы. Польскае ж hусеl, як і
нямецкае hіtzеl, не мае значэньня “пятля”. Гэта паказвае, што беларусам, у
адрозьненьне ад палякаў ды немцаў, быў вядомы сэнс кораня слова гіцаль.
Што яднае такія розныя
значэньні, як “сабакар”, “памочнік ката”; “пятля-вешалка”? Безумоўна, “пятля”.
Бо адзін са спосабаў сьмяротнай кары — шыбеніца. А што рабіў памочнік ката на
шыбеніцы? Мабыць, надзяваў на шыю асуджанаму пятлю. І галоўным струмантам
сабакара для адлову сабак была пятля, прымацаваная да доўгага кія.
Па-ўдмурцку “пятля” — кыӵ (ӵ
адпавядае беларускаму, цьвёрдаму ч). Гэтае слова азначае адначасова і “сіло,
пастка”, г. зн. прыстасаваньне для адлову паляўнічай здабычы, што блізка да
прылады сабакара. Пераход кыӵ у гіц- не павінен выклікаць
спрэчкі, бо мы ўжо сустракаліся з азванчэньнем к на пачатку слова
(кіснуць — гізнуць). Канчатак слова гіцаль таксама пермскі
(трансфармаваны суфікс -ыль). Пераход ч у ц — звычайная
з’ява, асабліва на поўначы Расеі, дзе сутыкаюцца расейскія і пермскія гаворкі.
Уласьцівым “цоканьне” было, як бачым, і нейкім беларускім гаворкам, у чым мы
яшчэ пераканаемся на прыкладзе слова цацка.
Несумненна, што пермскія
гаворкі да нейкага часу існавалі і на тэрыторыі Польшчы. Аб гэтым гаворыць
шэраг гідронімаў (Вісла ад комі вис “пратока” і інш.), асобныя
польскія пярмізмы (tаśmа “стужка” ад комі тасма “рэмень”). Але ў дадзеным выпадку
цэнтрам распаўсюджваньня слова гіцаль трэба прызнаць Беларусь з-за
наяўнасьці значэньня “пятля-вешалка”. Самі палякі лічаць hусеl запазычаным, бо пішуць яго
праз “h”
(ва ўласна польскіх словах гук “h” перадаецца літаразлучэньнем сh). Нямецкае ж hіtzеl, магчыма,
запазычана непасрэдна з беларускай мовы, бо нямецкае “h” па гучаньні супадае з
беларускім “г”, а польскаму “h” у нямецкай мове па гучаньні адпавядае “сh”.
Вельмі падобна, што ад “кыч”
“пятля” ідзе і гічка ў значэньнях “ніжняя шырокая частка збанка”,
“стужка, тасьма” (якою перавязваюць верх меха), кічка ў значэньні
“жаночы галаўны ўбор”. Агульнае для ўсіх гэтых значэньняў — “нешта круглае, блізкае
да пятлі”.
Горд — “чырвоная
каліна”. ЭСБМ: “лічыцца няясным словам”.
У комі мовах гöрд, ва
ўдмурцкай горд — “чырвоны”. Ягады каліны — чырвоныя.
Губа — “трут,
трутнік”. ЭСБМ: “таго ж паходжаньня, што і губа (гл.)”. Ну што ж, глянем. Губа.
ЭСБМ: “Трубачоў лічыць, што значэньні “грыб” і “губа” зьвязаны па паходжаньню,
і “губа” выводзіцца з “грыба” (...) Фасмер лічыць, што ёсьць два розныя словы
(“губа” і “грыб”), але не выключае магчымасьці аднолькавага іх паходжаньня”.
Сапраўды, нейкая сувязь паміж
“губа” і “грыб” існуе, бо ў беларускіх гаворках грыбы азначае і губы.
Так, дарэчы, гаварылі ў маіх Беразяках (Краснапольскі раён). Грыбы ў
значэньні “губы” зафіксаваныя Бялькевічам (гл. ягоны “Краёвы слоўнік Усходняй
Магілеўшчыны”).
Ва ўдмурцкай мове губи — “грыб”. Трутнік —
таксама грыб (дрэўны), адсюль і яго назва губа. Перанос грыбы — губы
можна тлумачыць падабенствам губы — губи. Такі перанос
(жартаўлівы) мог адбыцца там, дзе адначасова існавалі беларускія і пермскія
гаворкі. Але нельга выключаць і паходжаньня слова губы ад губи ў саміх пермскіх
гаворках, бо трутавыя наросты на дрэвах нагадваюць губы.
Гумно. ЭСБМ:
“праславянскае gumьnо. Найбольш верагоднай лічыцца этымалёгія Пагодзіна: gumьnо зьяўляецца
старым складаным словам: gu- (зьвязана этымалягічна з govedо) і mьn- (апошняе,
напр., у дзеяслове metі “мяць”). Першапачатковае значэньне “месца, дзе жывёла топча збожжа”.
Прапаную болей простае: ад
комі гум — “сьцябліна”, са славянскім суфіксам -но (як у акно).
Вядома, што гумно ў першую чаргу было не токам, дзе вымалочвалася зерне,
а сховішчам збожжа і саломы.
Гурт. ЭСБМ:
“запазычаньне з польск. hurt с.-в.-ням. hurt.
Як і ў выпадку з гіцаль,
этымолягі прапануюць шлях слова Германія — Польшча — Беларусь. Але прыгледзімся
да значэньняў. У польскага першае значэньне — “аптовы гандаль”, другое —
“чарада жывёлы”. У нас жа першае — “натоўп”, “група людзей”, што не мае да
аптовага гандлю дачыненьня. (Другое значэньне — таксама “статак”). Ва ўдмурцкай
мове гурт — “вёска”. Гэта слова пермскае, бо ў комі мовах “вёска” — горт.
У пермскіх мовах назоўнік ужываецца і як прыметнік: гурт адначасова і “вёска”,
і “вясковы”. Адсюль статак жывёлы, які належыць усёй вёсцы, таксама гурт
(“вясковы”).
“Натоўп, група людзей» —
значэньне, найбліжэйшае да “вёска”. Значыць, шлях слова гурт пачаўся ў
Беларусі. Аб тым жа сьведчыць і польскае напісаньне гэтага слова праз “h”. Калі б hurt прыйшло ў
польскую непасрэдна з пермскіх гаворак, то гучала і пісалася б gurt, бо ў пермскіх
мовах “г” узрыўное, як і ў польскай. У беларускай яно стала фрыкатыўным, а
фрыкатыўнае “г” у польскую мову пераходзіць як “h” (х).
Тое, што першае значэньне
польскага hurt — “аптовы гандаль”,
ясна паказвае, што слова было запазычана ў выніку гандлёвых зносін. Быдла
прадавалася гуртам, адсюль і “аптовы гандаль”. У нямецкую hurt таксама трапіла, трэба
думаць, непасрэдна з беларускай.
Жагва — “грыб, губа,
трут”. ЭСБМ разглядае некалькі вэрсій: славянскую ад жег — “паліць”,
летувіскую ад degtі “паліць”. Згадваецца і расейскае чага “нарост на бярозе”, якое
Фасмер выводзіць ад комі тшак “грыб”. Але ў заключэньне аўтары ЭСБМ
пішуць “няясна”. Мабыць, іх бянтэжыць зыход -ва (як і ў водва),
які ў вэрсіях не тлумачыцца. Тым часам ва ў комі мовах не толькі “вада,
рака”, але і “сок”, а тшак — не толькі “грыб”, але і “нарост на дрэве”. Жагва
— беларускае слова бясспрэчна пермскага паходжаньня.
Журжа — “дзіцячая
цацка: косьць з парасячай або авечай нагі, у якой пракручваецца дзірка, у
дзірку зацягваецца нітка. Нітку накручваюць і расьцягваюць; расьцягваючыся,
нітка раскручваецца і прыводзіць у рух костачку. Костачка круціцца і вурчыць,
“журжыць”. ЭСБМ: “няясна”.
Па-ўдмурцку жур —
падрабленьне гуку прадмета, які круціцца, напрыклад, ваўчка. Журжа — ад жур-жур.
Задарга — “край”. ЭСБМ
тлумачыць даволі шматслоўна, але сэнс тлумачэньня зразумець цяжка. Таму, не
пераказваючы, проста паведамлю, што ў комі мовах дор — “край”. Могуць
спытаць: а навошта было да “край” прыстаўляць за-, каб выйшаў зноў
“край”? Але ж за краем — таксама край. Маем жа слова «закраек».
Іжокіла — “калючая
трава”. ЭСБМ: “няясна”.
У комі-зыранскай мове, як
сьведчыць “Краткий коми-русский, русско-коми ботанический словарь” А. Ракіна
(Сыктыўкар, 1989), нямала апісальных назваў расьлін, прычым у гэтых словах-апісаньнях
скарыстоўваюцца назвы жывёл: або згодна з ужываньнем расьліны нейкай жывёлай,
або — часьцей — паводле вонкавага падабенства. Так, у шэраг фляронімаў
уваходзіць ыж — “авечка”. “авечы”: ыжнёнь — “бружмель блакітны”, ыжпелькор
“трыпутнік”. Нёнь “саскі”, пель — “вуха”, кор — “ліст”.
Такім чынам, “бружмель блакітны” — “авечыя саскі”, “трыпутнік” — “ліст, падобны
да авечага вуха”. Калі прыняць, што першая частка іжокіла — ыж
“авечы”, то другою можа быць агульнапермскае кыл- — “язык”. Фляронімы з
“языком” у комі-зыранскай мове таксама сустракаюцца: наша “шчаўе конскае” — мöскыв
турун (мöс — “карова”, кыв — комі-зыранская форма
агульнапермскага кыл-, турун — “трава”).
Інцык — “тайнік,
патаемнік”. ЭСБМ: “няясна”.
У комі мовах ин —
“месца”. -Цык — беларускі суфікс -чык (з пераходам ч у ц,
як у гіцаль).
Каландыш — “целяпень,
непаваротлівы чалавек”. ЭСБМ спрабуе зьвесьці гэтае слова з каланда —
“невялікая колькасьць чаго-небудзь” і з карантыш — “чалавек невысокага
росту”, але, па сутнасьці, этымалёгіі не дае.
Па-комі-зыранску карандыс
— “кадушка”. Што ж да каланда, то па-комі-пярмяцку колан —
“неабходны”, “важны”, “карысны”.
Канькаць. ЭСБМ
выводзіць ад каня (птушка), лічачы апошняе гукапераймальным — “паводле
своеасаблівага манатоннага піску”. Адсюль і дзеяслоў канькаць —
«выпрошваць са сьлязьмі, дакучліва прасіць, паўтараць адно і тое ж”. Але гукі
птушкі каня зусім непадобныя да слова каня. Яе дакучлівы крык
нагадвае “піць”: “Каня вечнае піць не заводзіць” (Янка Купала. Гл. Тлумачальны
слоўнік беларускай мовы, КАНЯ).
Па-комі-зыранску і
комі-пярмяцку кань – “кот”. Лягічна дапусьціць, што канькаць
утворанае якраз ад кань, бо каму не вядома, як назольна і адчайна мяўкае
кот, калі просіць есьці: канькае, аж канае. Падобна, што і каня
названая ў гонар катá (кань) з-за свае манатоннае просьбы “піць”.
Перанос назваў наземных жывёл на птушак звычайная зьява ў пермскіх мовах,
адкуль яна перайшла і ў славянскія. Так, мы завём птушку бугаём.
Па-ўдмурцку гэтая птушка иньтака, што азначае “нябесны баран”. Другая
назва бакаса ў нас баран. Па-комі-зыранску бакас — енмеж, “божы
баран”.
Капці — “лапці з
вяровак”, капыл — “кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць
абутак”. Паміж гэтымі словамі яўна маецца карнявая і сэмантычная сувязь, але
падыходзяць да іх аўтары ЭСБМ па-рознаму. Першае ў выкладзе іх аказваецца
напрыканцы даўгога ланцуга запазычаньняў: старабеларускае капти — ад
польскага kарсіе, польскае — ад славацкага kарсе “буркі”, славацкае — ад венгерскага kарса “ануча”, “лямцаваны абутак”. Але венгерскае не мае апірышча ў сваёй
мове, і “яно можа быць славізмам (ст.-рус. копытьца) або запазычаньнем з
тур. qapsaq “матэрыял для абкручваньня ног”, kapsamak “абхопліваць,
абдымаць” (канец цытаты). Наконт капыл пераказваецца вэрсія, што яно
генэтычна зьвязанае з баўгарскім копеле “незаконнанароджаны”, са
складаным разважаньнем, як “незаконнанароджаны” мог ператварыцца ў “кавалак
дрэва ў форме ступні”. Аўтары ЭСБМ з гэтай вэрсіяй не згодныя і задаюцца
пытаньнем: “Ці не зьвязана капыл... з праславянскім kоруtо?”
Такім чынам, у аснове абодвух
слоў, згодна з ЭСБМ, можа ляжаць “капыт”, але капці зрабілі з яго
вэнгры, а капыл — мы самі або расейцы ці ўкраінцы, у якіх таксама ёсьць копыл,
копил, толькі ў значэньні “дэталь саней” (такі капыл маем і мы).
Але ж капці — абутак не для жывёлы, капыл да капыта не
падобны. Само слова капыт этымолягі ўзводзяць да капаць (ЭСБМ).
Ні капылом для лапцей, ні капылом для саней не капаюць.
Агульнапермскае каб —
“калодка”, прычым у “Коми-пермяцко-русском словаре” (М., 1985) падкрэсьлена: “чаще для лаптей”. Такім чынам,
пермскае каб і наша капыл цалкам супадаюць па значэньні, а зыход
слова капыл не што іншае, як пермскі суфікс -ыль. Па-ўдмурцку
“калодка для абутку” не толькі каб, але і калып, што, безумоўна, капыл
з перастаўленымі п і л (параўн. беларускае далонь —
расейскае ладонь).
Ад каб і капці
— абутак, які робіцца на калодцы (каб). У беларускіх гаворках маецца і форма кабці
(ЭСБМ). З дапамогай калодак (шаблонаў) вырабляюцца і розныя дэталі саней, так
што і санны капыл — ад каб.
У польскай мове kарсіе маюцца, а капыла няма, сэнс кораня кап- у беларускай
мове шырэйшы. Гэта ясна паказвае, што не беларускае капці запазычанае з
польскай, а польскае kарсіе запазычанае з беларускай мовы. Акурат з
беларускай, а не славацкай, дзе kарсе азначае “буркі”, бо
да беларускага польскае слова па значэньні бліжэйшае.
Што ж да венгерскага kарса “ануча”, то для анучы калодка не патрабуецца. Але крыніца гэтага слова
таксама пермская. Удмурцкае каб у першым значэньні “калодка”, а ў другім
— “рагожа”. Такі матэрыял для анучы якраз. Наяўнасьці ўдмурцкага кораня ў
венгерскай мове не трэба зьдзіўляцца, бо ў даўніну вэнгры былі цеснымі
суседзямі ўдмуртаў. Праявілася ў вэнгерскай мове і каб у першым
значэньні, бо ў ёй “калодка” — kарtаfа, дзе fа — “дрэва”, і падобна, што kарtа — утворанае ад каб
з дапамогай вэнгерскага суфікса. Адсюль і вэнгерскае kарса — “лямцаваны абутак”.
Ківенька — “нагавор,
плётка, зачэпка для сваркі”. ЭСБМ: “да ківаць у значэньні “нагаворваць”
(“паказваць пальцамі”)”.
У комі мовах кыв —
“язык”, больш верагодны сродак “нагаворваць”.
Кізель — “палатняны
халат”. ЭСБМ: “няясна. Магчыма, запазычана з цюрскіх моў. Параўн. тур. käsі “раскроеная матэрыя”.
Па-ўдмурцку кизьы —
“бавоўнавая тканіна”. У зыходзе слова кізель — пермскі суфікс -ыль.
Кізі, кізікі ў
выразе “распусьціць кізі, кізікі” — “расплакацца”. ЭСБМ: «магчыма, ад кіснуць”.
Агульнапермскае кизер
— “вадкі”.
Кіклік — “безрукаўка”.
ЭСБМ: “параўн. польск. kіkа “чалавек без рукі” (да прасл. kukа)”. У тым жа пятым
томе ЭСБМ разглядаюцца чатыры словы кука, але нідзе пры гэтым
праславянская рэканструкцыя не даецца (гл. с. 149). Найбольш славянскіх
паралеляў даецца да кука “фіга”: расейскае кука — “кулак”,
баўгарскае кука — “крук”, а таксама летувіскае кука “дубінка”, латышскае
куокс “палка”. Як гэта можа быць зьвязана з кіклік “безрукаўка”, няясна.
У пермскіх мовах ки — “рука”. Нашаму без-
у іх адпавядае адмоўны суфікс, які ставіцца пасьля слова: у комі мовах
“бязрукі” — китöм, ва ўдмурцкай — китэм. Такім чынам, беларускае кіклік
і польскае kіkа ўтвораныя ад пермскага ки паводле
пермскай мадэлі, калі адмоўе ідзе пасьля асновы слова, прычым у кіклік
яшчэ і пермскі ўтваральны суфікс -лык (параўн., па-ўдмурцку вын —
“малодшы брат”, вынлык — “братэрства”; мускыт — “вільготны”, мускытлык
“вільготнасьць”). Бянтэжыць толькі ў кіклік і кіка суфікс -к-,
бо ў пермскіх мовах адмоўны суфікс зьмяшчае -т-, а -к- у ім не бывае. Але можна
дапусьціць, што -т- перайшло ў -к- пад уплывам нейкіх прычын ужо ў славянскіх
мовах, або гэтыя словы — спадчына нейкага асаблівага дыялекту.
Кілчак — “хвароба
языка ў жывёлы». ЭСБМ: “да кіла”.
Агульнапермскія кыл —
“язык” і тшак (чытаецца “чак”) — грыб. Апрача таго, тшак —
“хваравіты нарост на целе жывёлы” (КЭСКЯ).
Кокашы — “ногі”. ЭСБМ
зьвязвае гэтае слова з кукішкі, а кукішкі — з кукіш.
У комі мовах кок —
“нага, ногі”.
Котец (так у ЭСБМ.
Трэба было б коцец) — “возера”. Слова маецца ва ўкраінскай (“загарадка з
чароту для лоўлі рыбы”), расейскай, баўгарскай, македонскай, сэрбахарвацкай
(“штучны вадаём, садок”) мовах. ЭСБМ: “да каціць”. Этымалёгія,
прапанаваная Тапаровым. Як ён зводзіць канцы з канцамі, ЭСБМ не паказвае.
Па-комі-зыранску кöта
— “мокры, вільготны”.
Куга — “крык груднога
дзіцяці”. ЭСБМ: “гукапераймальнае”. Але, па-мойму, у крыку немаўляці гукаў “к”
і “г” не чуецца.
У комі мовах кага —
“дзіця”. У расейскіх гаворках Пермскай губэрні Даль зафіксаваў кага
“дзіця”, але сюды яно прыйшло з комі моваў (КЭСКЯ).
Кудра — “невялікі вадаём”,
“кустарнік” (чаму не кустоўе, хмызьняк?) У значэньні “невялікі вадаём” слова
маецца таксама ва ўкраінскай і польскай мовах. ТСБМ: “запазычаньне з балт.,
параўн. літ. кудра “ставок або балота, якое парасло кустарнікам”.
Па-ўдмурцку куд-
“балота”, -ра — таксама ўдмурцкі суфікс. Такім чынам, беларускае і
летувіскае кудра запазычаныя паралельна з пермскіх гаворак Беларусі і
Летувы. Украінскае і польскае, з вузейшымі значэньнямі, запазычаныя з
беларускай мовы.
Кудэлык — “скрыначка”.
ЭСБМ адсылае да пудэлка. Том з гэтым словам яшчэ не выдадзены.
Відавочна, пудэлка будзе вытлумачанае ад польскага рudеlkо “скрыначка”. Але па-ўдмурцку куд — “скрынка” (гнутая з лубу), -лык
— таксама ўдмурцкі суфікс. Такім чынам, кудэлык — з пермскіх гаворак
Беларусі, а польскае, скажонае, пуде>ко, пуд>о або ад беларускага,
або з пермскіх гаворак Польшчы.
Кужань — “карзіна
(кош) з бяросты”. ЭСБМ: “няясна, як зьвязана з кузаў у тым жа
значэньні”.
Па-ўдмурцку кужня —
“корзина, корзинка”.
Кука — “стары танец,
падобны да карагода”. ЭСБМ праводзіць паралель з грэцкім куклос
“карагод”, але сам жа выказвае сумлеў: “Якімі былі шляхі пранікненьня?”
Па-ўдмурцку кук —
“нага”.
Кука — “вялікі
драўляны малаток”. ЭСБМ: “параўн. літ. куокас, лат. куокс
“драўляны малаток для глушэньня рыбы”.
У малатка для глушэньня рыбы
даўгі трымак, да якога зусім падыходзіць вобразнае “нага”. Таму і гэтае кука
можна выводзіць ад удмурцкага кук “нага” (куко — “з нагой”).
Па-ўдмурцку кукчо — “матыка” (таксама прылада з даўгім трымаком).
Пермскае паходжаньне маюць як беларускае, так і летувіскае ды латышскае словы.
Кумільганам — “хутка”,
“невялікімі скачкамі”; кумільгам — “хутка” (ЭСБМ); кумільгаю —
“хутка, як слова сказаць” (Бялькевіч). ЭСБМ: “кантамінацыя кулём і мільгаць”.
У комі-язьвінскім дыялекце
комі-зыранскай мовы кумилкган — “вертясь, кувыркаясь”. У іншым дыялекце кумыльгаё—«вихрем кружиться». У літаратурнай мове гумыльга
— “водоворот”.
У гэтых словах -иль/-ыль,
-ган, -гаё — суфіксы, а корань кум-/гум-,
несумненна, азначае “водоворот” (вір). Ад гэтага кораня і беларускія кума
— “вір”, кумін, куміна вада — “вір”, куміна — “вір
каля берага, дзе вада заварочвае ў напрамку, супрацьлеглым цячэньню” (ин
у комі мовах — “месца”; такім чынам, кумін, куміна — “месца
віру”), ЭСБМ не ведае, як іх тлумачыць: “няясна. Гіпатэтычна можна дапусьціць,
што першасным значэньнем куміна было “балота”. Тады да кумкаць, кумаць
(польск. kumać) “выдаваць гукі кум-кум
(пра жаб)”.
Кунтуш. ЭСБМ: “ст.
бел. кунтушъ... запазычана з польск. kuntusz”.
Здавалася б, што яшчэ можа
быць: слова яўна небеларускае, а калі яно маецца ў польскай мове, то польскае.
Але БелСЭ прымушае задумацца: “КУНТУШ, верхняе мужчынскае адзеньне, што
апраналі на жупан. Адзеньне ўсходняга паходжаньня. Кунтуш прыйшоў з Вэнгрыі ў
Польшчу, потым, у XVI ст., у Беларусь”. Такім чынам, першакрыніцай слова кунтуш
робіцца ўжо вэнгерская мова.
Але двухтомны
расейска-вэнгерскі слоўнік, выдадзены ў Будапэшце ў 1986 годзе, пераклаўшы кунтуш
на венгерскую (тут яно пішацца köntös), дадае:
“польскае і ўкраінскае”. Такім чынам, вэнгры ад яго адмаўляюцца. Чыё ж яно?
У 1733 годзе расейскі
гісторык, немец з паходжаньня Г. Мілер ехаў праз Удмуртыю ў Сыбір. “Г. Мілеру
належыць першая цэласная карціна побыту ўдмуртаў. Ён апісаў іх жытло, вопратку.
Асаблівую ўвагу аўтара прывабіла верхняя вопратка з падманнымі рукавамі, “якая
зьнізу даверху прарэзаная, а рукавы паводле польскага звычаю з плячэй вісячыя,
ў якія рук не ўдзяваюць” (История этнографии удмуртов. Ижевск, 1984, с. 11). Як
называлася гэтая апранаха, Мілер не паведамляе. “Кунтуша” сучасны слоўнік
удмурцкай мовы не дае. Але з яго дапамогай кунтуш можна адшыфраваць: кун
— “цар, царскі”. тус — “аблічча”. Сапраўды, кунтуш быў вопраткай
вышэйшай знаці.
Такім чынам, слова кунтуш
— пермскага паходжаньня. На тэрыторыі Беларусі неславянскія гаворкі захоўваліся
даўжэй, чым у Польшчы. Таму верагоднасьць таго; што кунтуш было ўтворана
ў Беларусі, большая.
Купра — “горб, карак,
бядро, клюб у каровы, пупок у птушкі”. ЭСБМ: “параўн. літ. kuрrа “горб”.
(...) Балтызм».
Па-ўдмурцку купырес —
“сагнуты, гарбаты”. Улічваючы, што значэньне беларускага слова шырэйшае, чым
летувіскага, купра спачатку трапіла ў беларускую мову, а ўжо адсюль ў
летувіскую.
Куптыры — “трава
(балотная)”. ЭСБМ: “да каптур”?
Па-ўдмурцку куд —
“балота”, турын — “трава”. Ад кудтурын у беларускай гаворцы
цалкам магло атрымацца куптыры. Але можна дакладней. Па-марыйску
“балота” — куп. Як паказвае гідранімія, на тэрыторыі Беларусі марыйскія
гаворкі існавалі, таму магло адбывацца пранікненьне марыйскай лексыкі ў
пермскія гаворкі Ад марыйскага куп — наша “купіна” — “кучка
зацьвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам”,
якое аўтары ЭСБМ узводзяць да слоў са значэньнем “выспачка” (украінскае, расейскае
купина і інш). Але купіна можа быць зьвязана і з удмурцкім купырес
“гарбаты”.
Кыш — “выкрык, якім
адганяюць курэй, птушак”. Выкрык маецца ва ўкраінскай, расейскай, баўгарскай
мовах. Але “наяўнасьць баўг. адпаведніка не сьведчыць аб праславянскім
характары выкрыку”. Болей пра этымалёгію яго ЭСБМ нічога не піша.
Па-комі-зыранску кыш—
“шкарлупіка”.
Ліска — “іголка
сасны”, “кастрыца”. ЭСБМ адсылае да леска (лыска) “зарасьнік ляснога арэха”, а
тое тлумачыць праз лес. Але, як вядома, на ляшчыне шыпулькі не растуць.
Агульнапермскае лыс —
“шыпулькі”.
Лыч — “націна”. Слова
маецца ў паўночных расейскіх гаворках. ЭСБМ: “роднаснае да лыка”.
Па-комі-пярмяцку лыч —
“націна”. Аналягічнае расейскае запазычана з комі-пярмяцкіх гаворак.
Ломень — “пастка”.
ЭСБМ прапануе тры вэрсіі: ад лом “ламачча”, летувіскага lаmintі “жэрці” і
ст.-грэцкага ламіа “пашча, прорва”.
У комі мовах вом —
“рот, пашча” (у расейскай мове слова пасть азначае і “пастка”),
Чаргаваньне л-в на пачатку слова мае месца як у комі-пярмяцкіх гаворках,
так і беларускіх (вымя — лымя, вапна — лапна. Гл.
ЭСБМ). Суфікс -ень таксама можа быць пермскім (у комі мовах маецца -ань).
Мікра —
“дробнарыбіца”. ЭСБМ: “з новагрэчаскага “малы, дробны”.
На мой погляд, такое
паходжаньне для дыялектнага слова занадта “адукаванае”, бо мікра- у нас
уваходзіць спрэс у навуковыя тэрміны: мікроб, мікраскоп, мікрабіялёгія і г. д.
Таму мікра “дробнарыбіца” лепш параўнаць з комі-зыранскім мык —
“ялец” (сапраўды дробная рыбка). -Ра — пермскі (удмурцкі) суфікс.
Мічалка — “адна з
дзявочых вясельных пасад; яе займала сястра маладога: сядзела побач з братам
маладой і трымала васковыя сьвечкі”. ЭСБМ: “няясна”.
У комі мовах мич —
“прыгажосьць”, мича — “прыгожы”.
Муглаты — “бязрогі”.
ЭСБМ: “у выніку кантамінацыі ўкр. муга “бугай” і мылаты”.
Па-ўдмурцку мутло —
“бязрогі”.
Мугніць — “мармытаць”.
ЭСБМ: “у выніку кантамінацыі лексэм гугніць і літ. muktі “мычэць”.
Па-ўдмурцку мугылляны
— “мямліць”.
Мынца — “манэтны
двор”; старабеларускае мынца, минца, минница — “манэта, манэтная справа,
манэтны двор”; ст.-бел. мынцаръ, минцаръ, минцеръ “загадчык манэтнага двара”.
ЭСБМ усе гэтыя словы лічыць запазычанымі з польскай мовы, а аналягічныя
польскія з нямецкіх Münсе і Міnіzа “манэта”. У сваю чаргу і нямецкія словы, сьцьвярджае ЭСБМ,—
трансфармаванае лацінскае монета. Аднак выклікае зьдзіўленьне, што аўтары ЭСБМ
і манэту “прыводзяць” у беларускую мову праз польскую, хоць шляхі гэтага слова
ў Беларусь маглі быць самыя розныя.
У пераход з лацінскага moneta да
нямецкіх Münсе, Міnіzа паверыць цяжка, бо на такія зьмены няма фанэтычных прычын. Таму
ўзьнікае думка, што запазычаньні ішлі ў іншым кірунку.
Па-комі-пярмяцку мын —
“плата”. Ад гэтага пермскага кораня і былі ўтвораныя словы мынца, мініца,
мынцар. Дзе ўтвораныя? Відавочна, у Вялікім Княстве Літоўскім, бо ў
Польшчы ў сярэднявеччы ўжо не было плямёнаў, якія можна было б западозрыць у
пермскасьці. З ВКЛ мынца магла пайсьці адначасова як у польскую, так і нямецкую
мову.
Нарт — “упарты
чалавек, які хоча ўсё рабіць па-свойму”, “назола, упарты”; нарт і нард
— “упартае, сярдзітае дзіця або жывёла”; сюды ж нарціцца — “упарціцца”.
ЭСБМ прыводзіць тры вэрсіі. Фасмер тлумачыць нарт як складанае слова
“на-рътъ”, тыпу “на ражон”, лічачы, што рэканструяванае ім на-рътъ
азначае “вастрыё, шпень”. Насовіч пісаў, што нард — ад нарад, у
сэнсе “нарадзіцца”, і азначае яно “вырадак”. Але найбольш падабаецца аўтарам
ЭСБМ балтыйская вэрсія, якую прапанаваў Вяржбоўскі і падтрымала Лаўчутэ: ад
летувіскага nаrtus — “наравісты, упарты”.
Высьвятленьне этымалёгіі
нарта дазваляе “злавіць” яшчэ адзін пярмізм у летувіскай мове. Па-комі-зыранску
нарт — “бязьлітасны, які даводзіць да змардаванасьці, прыгнятае”;
“упарты, наравісты, непаслухмяны”. Улічваючы, што летувіскае naturs —
прыметнік, а беларускае нарт назоўнік, не варта сьцьвярджаць, што
беларускае пайшло ад летувіскага або наадварот: абодва словы ўзятыя непасрэдна
з пермскіх гаворак, дзе, як вядома, назоўнік — адначасова прыметнік.
Як было сказана вышэй,
выданьне “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” пакуль што дайшло толькі да
літары “Н”.
Цяпер разгледзім словы, якіх
яшчэ не было ў ЭСБМ, але, напэўна, будуць.
Пол — “палаткі”. У
комі мовах пöв (пбл-) — “дошка”. Палаткі, вядома, робяцца з дошак. Ад
пермскага пöл- і расейскае пол — “падлога”, наша паліца,
расейскае полка і інш.
Пошасьць. У
комі-зыранскай мове ў тым самым значэньні — пöшöс. Хаця ў расейскай мове
таксама маецца пошесть, комі-зыранскае пöшöс не запазычанае. Яно
ўтворанае ад пöш— “сухі вецер”. Такім чынам, расейскае поветрие —
калька з пермскага пöшöс. Корань слова пошесть для расейцаў
незразумелы, таму адначасова з пошесть ужываецца “болей правільнае” пошерсть.
Прынамсі, Даль галоўным у гэтай пары лічыць пошерсть (т. 3, с. 373).
Беларускае пошасць —
агульнанароднае, расейскае пошесть Даль зафіксаваў толькі на захадзе
Расеі і на Пскоўшчыне, г. зн. фактычна ў беларускамоўным арэале.
Рызьзё. Гэтае слова
падобнае па форме да рыза. Але ўжо вельмі вялікая розьніца паміж “старое,
падранае адзеньне”, “лахманы” і “адзеньне, якое надзявае сьвяшчэньнік пры
набажэнстве” (ТСБМ). Зьвязаць, зразумела, можна (этымолягі зьвязваюць і не
такое)) але ці варта? Па-комі-зыранску рыз — “нітка, якая аддзялілася па
зрэзе тканіны”, рыж — “слабы, сатлелы, які рвецца (пра тканіну, скуру)”.
Нават не ведаеш, якой паралелі аддаць перавагу: абедзьве — выдатныя.
Цацка. Слова маецца
таксама ў польскай мове. Па-ўдмурцку і комі-зыранску “цацка” — чача.
Беларускае цаца адрозьніваецца толькі заменай ч на ц. Гэты
выпадак не адзінкавы, прыгадаем гіцаль, інчык (параўн. таксама расейскія
чудо, чётный — беларускія цуд, цотны).
Чунь — “пяньковы,
вяровачны лапаць”; “гумавы ці скураны абутак у выглядзе галёшаў”. У комі мовах чунь
— палец. Вядома, што лапці закрываюць толькі пальцы, а верх ступні застаецца
адкрытым; чуні — “пальцавы абутак”. “Большой польско-русский словарь” такога слова не
падае.
Шалёўка.
Па-комі-зыранску шольны — “раскалоцца”; даўней шалёўкі
атрымлівалі, безумоўна, расколваньнем дрэва. Суфікс -ёў пермскі (öв).
Шкода.
Па-комі-зыранску тшыкöдны — «псаваць, сурочваць».
Пераход ад тшыкöдны да шкода беспраблемны, пры выпадзеньні -ы
пасьля ш. -Ны — канчатак інфінітыва.
Слова шкода маецца ў польскай
і расейскай мовах. Чатырохтомны “Словарь русского языка” абвяшчае яго польскім.
Але на гэта няма падстаў. Куст беларускіх слоў ад шкода багацейшы, таму
трэба лічыць, што яно было ўтворанае ад пермскага кораня ў беларускіх гаворках.
Пераважная большасьць
паказаных тут слоў маецца або толькі ў Беларусі, або ў Беларусі і ў сумежных,
найбліжэйшых рэгіёнах. Нямала і такіх, якіх у тым самым выглядзе няма і ў
пермскіх мовах: водва, вылва, іжокіла, кілчак, кіклік,
куптыры і інш. У той жа час яны несумненна пермскія з паходжаньня.
Нарэшце, нярэдкія словы, што ўтвораныя ад пермскіх каранёў, але па беларускіх
узорах, з беларускімі суфіксамі ды прыстаўкамі: атразьні, буглёўнік,
інцык, канькань, ківенька, мужлаваць і да т. п.
Утваральнікі гэтых словаў гаварылі ўжо па-беларуску, але яшчэ памяталі і сваю
ранейшую мову.
Беларускія пярмізмы эндэмікі,
мяркуючы па спасылках ЭСБМ, бытуюць або бытавалі ў самых розных мясьцінах, ад
усходу да захаду, ад Віцебшчыны да Палесься. Гэта, мабыць, гаворыць за тое, што
пермскія гаворкі не былі лякалізаваныя ў нейкім адным раёне. На жаль, ЭСБМ не
дае дастаткова матэрыялу, каб вызначыць пермскія асяродкі дакладна. Гэта тэма
далейшых дасьледаваньняў.
Некалькі беларускіх слоў
пермскага паходжаньня — гізка, комбіца, кука (молат), кудра,
купра, нарт і інш.— маюць дакладныя адпаведнікі ў летувіскай
мове. Раней усе яны лічыліся балтызмамі. Цяпер жа можна сказаць, што яны маюць
з балтыйскімі агульную крыніцу. Верагоднасьць таго, што абедзьве мовы
запазычылі іх з пермшчыны самастойна, вельмі вялікая. Гэта сьведчыць, што
пэўная частка пярмянаў геаграфічна разьмяшчалася паміж мовамі беларускай і
летувіскай, у прыватнасьці, на тэрыторыі летапіснай літвы.
Я ў гэтым артыкуле спыніўся
на пярмізмах. Але ў нас маюцца словы і з іншых фіна-угорскіх моваў. Па-эрзянску
циркун — “конік” (насякомае). Гэта вельмі падобна да нашага цвыркун.
Нашы начоўкі могуць мець паходжаньне ад макшанскага начка —
“мокры”. Слова лопат “дошчачка з дзірачкай, у якой трымаецца верхні
канец млёна”, ЭСБМ выводзіць ад летувіскага lараs — “ліст”. Але
трэба ведаць, што само летувіскае слова запазычанае з макшанскай, дзе лопа
— так-сама “ліст”. -Т у мардоўскай мове паказчык множнага ліку. Таму
беларускае лопат куды бліжэйшае да макшанскага слова.
Шмат цікавага, мабыць, чакае
нас пры параўнаньні беларускіх і эстонскіх слоўнікаў. Прывяду без камэнтарыяў
тое, што мне ўдалося адзначыць. Адрына — “будынак для сена, саломы,
хлеў”. Па-эстонску оdra — “ячмень”; аксны — “восьці”. Па-эстонску оkаs — “шып”; ахэлік
— “кухталь”. Па-эстонску оhеlіk — “повад, вяроўка”; вагаваць — “баранаваць”.
Па-эстонску vаgu — “баразна”; вайда — “сварка”.
Па-эстонску vaidlus — “спрэчка”; вахта — “хвалі на рацэ”. Па-эстонску vaht — “пена”; дулець
— “гарэць без полымя”. Па-эстонску tulі — “агонь”; адсюль, магчыма, і тлець; калека
— “мянтуз”. Па-эстонску kаlа — “рыба”; кодла — “дом, сядзіба”. Па-эстонску kоdu — «дом»; кубатар
— “касец”. Па-эстонску kubu —«капа»; літаежлівы — “пераборлівы ў
ежы”. Па-эстонску lõtv (чытаецца лытв) — “вялы, слабы”; лыбіцца — “усьміхацца”.
Па-эстонску lоbus (чытаецца лыбус) — «весялосць», адкуль і расейскае улыбка; лында
— “вузкая палоска зямлі”. Па-эстонску lіnt — “стужка”, адкуль і расейскае лента; лынкаць
— “швэндацца”. Па-эстонску lоnkіmа — “швэндацца”; майка — “будан на барцы”.
Па-эстонску mаjа — “дом”; макулёндачка — “шэрая чырванагрудая птушачка”.
Па-эстонску mаа — “зямля”, kullа — “залаты, залатая”, lіnd — “птушка”, з чаго атрымліваецца “земляная
залатая птушка”; малмыгаваты — “няветлівы, негаваркі”. Па-эстонску mаlm — “чыгун”
(мэталь); утульны, прытулак. Па-эстонску tuliі — “агонь”. Пры
аналізе ўсіх пералічаных беларускіх словаў у ЭСБМ эстонскія адпаведнікі не
згадваюцца.
Некалькі названых эстонскіх
паралеляў супадаюць па форме і значэньні з летувіскімі. Але на той падставе,
што сёньня эстонцы жывуць трохі далей ад Беларусі, чым летувісы, не абавязкова
сьцьвярджаць, што мы атрымалі тыя словы з летувіскай мовы. Як паказваюць вагаваць,
калека (мянтуз), кубатар, літаежлівы, лыбіцца, макулёндачка,
малмыгаваты, утвораныя ад эстонскіх каранёў непасрэдна ў беларускай мове,
эстонскія гаворкі меліся і ў самой Беларусі. Можа, нас чакаюць яшчэ і большыя
нечаканасьці. Для мяне засталіся недаступнымі карэльскія, вепскія, іжорскія,
водскія слоўнікі... Хто ведае, што яны хаваюць?
Прадоньні мовы не глухія.
Варта толькі як сьлед зьвярнуцца да іх, і яны адгукнуцца.
/Полымя.
№ 8. Мінск. 1993. С. 239-252./
ДАВЕДКА
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у
Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым
рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва
(1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”;
у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году
ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае
аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў
звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса
“Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за
штатам) ды заг. аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства.
Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП
СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе
Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz