Уладзімер Кляменцевіч Катульскі (Котульский, Катульский) - нар. 3 (15) ліпеня 1879 г. у павятовым месьце Беласток Гарадзенскай губэрні Расійскай імпэрыі. Ягоны бацька, Кляменьці Казіміравіч, служыў начальнікам чыгуначнай станцыі, ды там жа тэлеграфісткай працавала ягоная маці.
Меў сястру Надзею Кляменцеўну, якая нар. у 1870 г. В 1916 г. граф Ільля Львовіч, сын графа Льва Талстога, пакінуў Расію ды зьехаў у ЗША. Там ён паўторна ажаніўся ў 1920 г. на тэасоўцы Надзеі Кляменцеўне Паршыной, у дзявоцтве Катульскай.
У 1880 г. сям’я Катульскіх пераехала ў Адэсу, дзе бацька пачаў служыць начальнікам чыгуначнай станцыі Адэса-Порт.
У Адэсе нарадзілася ягоная сястра Алена Кліменцеўна Катульская (1888-1966) — расійская ды савецкая опэрная і камэрная сьпявачка, Ляўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1950), Народная артыстка СССР (1965), прафэсар Маскоўскай кансэрваторыі.
У 1903 г. Уладзімер Катульскі скончыў Санкт-Пецярбурскі горны інстытут і быў пакліканы ў войска. Служыў у артылерыйскай брыгадзе ў Адэсе кананірам ды бамбардзірам. У 1904 г. скончыў курс вучэбнай брыгаднай каманды малодшым фэервэркерам, вытрымаў іспыты на чын прапаршчыка запасу.
У 1904 г. Катульскі атрымаў запрашэньне прыняць удзел у геалягічных працах у раёне Ніжняга Тагілу. Таксама ён чытаў курсы крышталяграфіі ды мінэралёгіі ў ніжнетагільскім Горным вучылішчы.
Перад пачаткам расійскай войны з японцамі ў 1905 г. Катульскі ізноў быў пакліканы на вайсковую службу ды ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях на Далёкім Усходзе. Пасьля дэмабілізацыі ў 1906 г. ён заняў пост загадчыка горнымі працамі на Алавэрдзкай рудні ў Эрыванскай губэрні.
Ад 1907 г. на працягу сямі гадоў Катульскі працаваў памагатым начальніка Ленскай геалягічнай партыі Горнага Дэпартамэнту па абсьледаваньні залатаноснасьці Сыбіры. “Спачатку ў Алёкмінска-Віцімскай (1907)”, “затым у Баргузінскай (1908/13) залатаносных тайгах”.
У 1914 г. Горны Дэпартамэнт камандзіраваў Катульскага дзеля стажыроўцы ў лідэраў францускай ды швэйцарскіх геалягічных школаў – А. Лякруа ды Л. Дзюпарка, пасьля чаго ён пачынае выкладчыцкую дзейнасьць у Горным інстытуце (мінэралёгія і пэтраграфія). У 1915 г. Катульскі абраны старшым геолягам Геалягічнага камітэту (ад 1921 г. — віцэ-дырэктар) і прызначаны старшынём мэталёвай сэкцыі камітэту.
Улетку 1916 г., калі “геалягічная” частка Кабінэту яго Імпэратарскай вялікасьці была зьліквідаваная, Катульскі пераяжджае на Алтай. Улетку 1918 г. ён выбіраецца віцэ-дырэктарам часавага Геалягічнага камітэту, які дзейнічаў у Сыбіры пры Ўрадзе Калчаку.
12 траўня 1920 г. у Томске (па іншых зьвестках ў Петраградзе) у сям’і Катульскіх (ад 1 (14) 1904 г. ён знаходзіўся ў шлюбе з Аляксандрай Мікітаўнай, у дзявоцтве Ількевіч) нарадзіўся сын Аляксандар, будучы савецкі паэт ды геоляг, які 24 верасьня 1941 г. памёр ад параненьняў ў шпіталі 111 АМСБ 10 сд. Быў пахаваны на могілках станцыі Пецяргоф.
У 1920 г. Катульскі ў складзе часавага Геалягічнага камітэту вяртаецца ў Петраград. У 1924 г. яго дзеля вывучэньня замежных дасягненьняў у галіне геафізыкі камандзіруюць у Швэцыю. Пасьля рэарганізацыі Геалягічнага Камітэту ў 1929 г. ў Галоўнае геалягічнае кіраваньне пры Прэзыдыюме Вышэйшай Рады Народнай Гаспадаркі і стварэньні на базе навуковых аддзелаў геалягавыведных інстытутаў па галінах горнай прамысловасьці, Катульскі зрабіўся дырэктарам Геалягавыведнага інстытуту каляровых мэталяў (1929-1930 гг.), які ўваходзіў у склад Геалкаму. Займаўся вывучэньнем радовішчаў Руднага Алтаю і Цэнтральнага Казахстану. Удзельнік экспэдыцыяў у Сыбір, Сярэднюю Азію, Урал і Каўказ.
У 1930 г. Катульскі абраны загадчыкам катэдрай карысных выкапняў Ленінградзкага горнага інстытуту. 28 кастрычніка 1930 г. ён быў арыштаваны АДПУ па абвінавачваньні “у заніжэньні запасаў мэталю і ў тармажэньні асваеньня радовішчаў” ды быў прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Неўзабаве ён быў вызвалены дзякуючы клопатам ягонай сястры Алены Катульскай. У 1931 г. Уладзімер Катульскі адкрыў радовішча сульфідаў на Кольскай паўвысьпе, за што атрымаў Ордэн Леніна.
19 студзеня 1932 г. Катульскі ізноў быў арыштаваны па арт. 58-7, 58-11 КК РСФСР ды асуджаны на 10 гадоў ППЛ. Быў прыцягнуты да працы ў Адмысловым геалягічным бюро: начальнік Адмысловага геалягічнага бюро ў Мурманску (1932-1933 гг.), кансультант трэсту “Апатыт” (Хібінагорск), кансультант трэсту “Поўначнікель” (Манчэгорск, 1934-1941 гг). Удзельнічаў у працы XVII МГК (Масква, 1937 г.) пад аховай “сакратара”-канваіра ў цывільным. Неўзабаве пасьля гэтага быў вызвалены з дазволам пражываць у “мінусавай” зоне (акрамя буйных гарадоў).
10 жніўня 1941 г. Уладзімер Катульскі прыбыў у Нарыльск, дзе быў прызначаны старшым геолягам геалягічнага аддзелу Нарыльскага горнапрамысловага камбіната (1941-1944 гг.). За працу па Манчэгорскаму і Нарыльскаму радовішчам быў узнагароджаны ў 1943 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцягу. Судзімасьць жа была зьнятая 1 студзеня 1944 г.
Ад 1945 г. Катульскі працуе ў Інстытуце геалёгіі рудных радовішчаў, пэтраграфіі, мінэралёгіі і геахіміі АН СССР. Яму ў 1945 г. была прысуджаная ступень доктара геоляга-мінэралягічных навук (без абароны дысэртацыі).
12 траўня 1949 г. Катульскі быў арыштаваны па г. зв. “краснаярскай справе”, утрымоўваўся ў Ляфортаўскай турме, абвінавачваўся ў злачынствах, прадугледжаных арт. 58, п. 1-а, 7, 10, 11. Асуджаны Асобай Нарадай пры МДБ СССР 28 кастрычніка 1950 г. да 25 гадоў лягераў.
24 лютага 1951 г. на этапе з Краснаярску ў Нарыльляг загінуў (забіты крымінальнікам). Па “краснаярскай справе” быў рэабілітаваны 31 сакавіка 1954 г., цалкам жа 31 траўня 1989 г.
Імем Уладзімера Катульскага названы мінэрал катульскіт, вуліца ў Манчагорску ды праезд у Нарыльску дзе траўні 1977 г. у рамках праграмы “Памяць пра бяспраўе” была ўсталявана мэмарыяльная дошка (праезд Катульскага, дом 2).
Працы:
Маршрутные исследования в Ленском горном округе // Геологические исследования в золотоносных областях Сибири. Ленский золотоносный район. Вып. 5. С.-Петербург. 1910. С. 29-56.
Геологические исследования в Баргузинском округе в 1909 г. // Геологические исследования в золотоносных областях Сибири. Ленский золотоносный район. Вып. 7. С.-Петербург. 1910. С. 71-115.
Маршрутные исследования в Олекминском горном округе в бассейнах правых притоков р. Б. Патома и левых притоках р. Хомолго в 1908 г. [Геологические исследования в золотоносных областях Сибири: Ленский золотоносный район; Вып. 6.] С.-Петербург. 1910. 100 с.
Маршрутные исследования в Баргузинском округе в 1910 г.: Предвар. отчет // Геологические исследования в золотоносных областях Сибири. Ленский золотоносный район. Вып. 8. С.-Петербург. 1912. С. 33-57.
Геологические исследования в северо-западной части Баргузинского округа в 1911 г. // Геологические исследования в золотоносных областях Сибири. Ленский золотоносный район. Вып. 9. С.-Петербург. 1913. С. 23-62.
Маршрутные исследования в Баргузинском округе в 1913 г.: Предварительный отчет // Геологические исследования в золотоносных областях Сибири. Ленский золотоносный район. Вып. 11. С.-Петербург. 1915. С. 49-70.
Геологические исследования в Витимканском золотоносном районе в 1909 г. Описание обнажений. [Труды ВГРО. Вып. 197.] Москва-Ленинград. 1932. 158 с.
Літаратура:
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz