Н. С. Гапановіч
У БАМЛАГУ
Месцазнаходжаньне
Бамлаг - гэта скарочаная назва лягеру НКВД па будаўніцтву Байкала-Амурскай магістралі (БАМ).
Разьмешчаны ён на Далёкім Усходзе і займае прастору ад Никольска-Усурыйскага да Чыты.
Суровы і бязьлітасны да людзей клімат Далёкага Усходу. Пяцідзесяціградусныя марозы з лютай сьцюжай і завеямі - тут амаль штодзённае зьявішча. Зямля прамерзла у глыбкі болей чым на метр і не адтае цалкам нават за час кароткага лета. У траўні месяцы калі у нас вясна у поўным росквіце, зямля тут яшчэ мёрзлая, ідзе мокры сьнег і золь прабірае да касьцей.
У такіх вось умовах - у раёне вечнай мерзлаты і пяцідзесяціградусных марозаў – вар’ят Сталін, па ўказцы жыдоў, задумаў пабудаваць чыгунку БАМ. Будаўніцтва гэтае павінна было ажыцьцявіцца, паводле, вар’яцкага пляну Сталіна, у найкарацейшы тэрмін рукамі мільёнаў нявольнікаў. (У 1934 г. у Бамлагу іх было каля 4 мільёнаў). Тут патрэбна было пабудаваць другія шляхі. Гэта значыла, што патрэбна было пабудаваць нанова усю Далёка-Усходнюю чыгунку.
Будаўніцтва гэтай дарогі, як і іншыя “сталінскія пабудовы”, было аддадзена ў рукі катаў з НКВД. Ня дзіўна, што тут яшчэ у большай меры, чым дзе у Савецкім Саюзе, у асаблівай пашане былі блат, мат і туфта (абман).
Першае знаёмства
2 траўня 1936 году, разам з іншымі зьняволенымі я быў прывезены ў Бамлаг адбываць тэрмін пакараньня. Многія з нас яшчэ былі не знаёмыя з лягерным жыцьцём.
Зрабіўшы нам санапрацоўку, нас накіравалі на фалянгі (вучасткі). Разьмясьціўшыся ў бараках, начальства абяцала нам, што да 19-ай гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі усе прыбыўшыя будуць вызваленыя пры умове, калі яны будуць аддана, паўдарнаму працаваць.
Многія з нас хацелі верыць абяцанаму і жадалі заслужыць абяцаную волю. Але бальшавікі аднэй рукой абяцаюць, а другой робяць так, каб зьняволеныя не маглі атрымаць абяцанага. Гэта мы хутка ўбачылі і зразумелі, што бальшавіцкая абяцанка – “цацанка, а дурному радасьць” як кажа прыказка, што многім з нас не ўбачыць жаданае волі, як сваіх вушэй. Гэта мы зразумелі тады, калі усім нам было абвешчана, што заўтра ж мы павінны выйсьці на працу.
Многія з нас выйсьці на працу не маглі, бо былі амаль голыя і босыя.
Само сабой зразумела, што назаўтра на работу мала хто пайшоў. А на трэці дзень – ахвотнікаў да працы аказалася яшчэ менш. Такім чынам, у нас зьявіліся “адмаўленцы” г. зн. тыя, хто адмаўляўся выходзіць на працу.
За ня выхад на працу пачаліся рэпрэсіі. Перш-па-перш быў зьменьшаны паёк, і мы пачалі галадаць. Недаяданьне хутка дало сябе адчуць і многія сталі “дахадзягамі”, г. зн. людзьмі, якія паволі паміралі (даходзілі) ад голаду.
Сыстэма перавыхаваньня
У Бамлагу існавала шматступеньчатая сыстэма перавыхаваньня зьняволеных.
Усіх зьняволеных спачатку накіроўвалі на безканвойныя фалянгі, дзе зьняволеныя знаходзіліся не пад наглядам канвою. Калі зьняволены апраўдваў давер, г. зн. рабіўся падлізьнікам і даваў начальству хабары, ён і надалей заставаўся ў безканвойной фаланзе.
На такой фаланзе знаходзіліся і мы, новапрывезеныя, пакуль не сталі “адмаўленцамі” і “дахадзягамі”.
Калі ж зьняволены не апраўдваў “даверу”, або рабіўся “адмаўленцам” ці “дахадзягай”, ён здаваўся падазроным і фалянгавае начальства імкнулася збыць такога зьняволенага пад канвой. Гэта была другая ступень перавыхаваньня.
Пад канвоем было ужо значна горш. На працу выходзілі заўсёды пад канвоем. Зьняволены ня меў права свабоднага выхаду з баракаў. Але усё ж такі, карыстаючыся блатам, і тут можна было мець сякія-такія “прывілеі” адлучыцца на пасёлак да вольных, каб дастаць чаго-небудзь з ежы або збыць крадзенае.
Наступнаю, трэцяю ступеньню у гэтай “сыстэме” зьяўляецца РУР (раён узмоцненага рэжыму). Зьняволеныя РУРу выконвалі самыя цяжкія працы. Забесьпячэньне харчаваньнем было горшае, чым на папярэдніх ступенях таму што ніхто са зьняволеных ня мог выканаць норму выпрацоўкі. На працу выходзілі пад узмоцненым канвоем.
65-70 прац. зьняволеных РУРу - гэта г. зв. “контрыкі” (асуджаныя за контррэвалюцыйную дзейнасьць). Астатнія - або тыя, што спрабавалі ўцякаць, або тыя, што не выконвалі нормаў выпрацоўкі.
Чацьвёртая ступень - ізалятар. Гэта як бы турма у турме. Пазнаёміцца з ізалятарам давялося і мне, аб чым раскажу крыху далей.
І апошняя, пятая ступень, у гэтай сыстэме - штрафны ізалятар. Штрафны ізалятар у Бамлагу знаходзіцца 150 км на поўнач ад станцыі Тахтамыгда. У штрафны ізалятар накіроўваюцца непапраўныя рэцыдывістыя, асуджаныя у лягерах, вэнэрыкі і пазбаўленыя розуму.
Умовы жыцьця у штрафным ізалятары страшныя. Людзі кінутыя на працяглую, павольную і жахлівую сьмерць.
Вэнэрыкі з адпаўшымі насамі ці губамі, з гнойнымі ранамі на тварах блукаюць па лягеру і паволі гінуць пад дзеяньнем страшэннай і разбуральнай хваробы - сыфілісу.
Пазбаўленыя розум - у сьміральных рубашках, схудалыя ад голаду, з гнілымі ад цынгі дзяснамі, дажываюць свае апошнія дні.
Калі падыходзіць да штрафнога ізалятара сэрца разрываюць стогны, плач, праклёны.
Выбрацца адсюль маглі толькі шчасьліўцы.
(Працяг будзе.)
/Газэта Случчыны. [Sluzker Zeitung. Hazeta Cłuččyny.] Слуцак. № 3 (45). 16 студзеня 1944. С. 3./
*
Н. С. Гапановіч
У Бамлагу
(Канец.)
Барацьба за хлеб
Я ўжо гаварыў, што патрапіўшы у Бамлаг, многія сталі “адмаўленцамі” і “дахадзягамі”.
Пасля двухтыднёвага прыбыцьця на бязканвойной фаланзе, усіх “адмаўленцаў” і “дахадзягаў” перавялі у падканвойную фалянгу.
Мяне прызначылі брыгадзірам брыгады. Я быў накшталт камандзіра, але ніхто не хацеў мяне слухаць. Некалькі чалавек разам са мной выходзілі на работу, але выканаць норму ніхто ня мог і людзі марна трацілі сілу, рабіліся “дахадзягамі”.
Бачачы мізэрны выгляд людзей я, як брыгадзір, павінен быў штосьці прыдумваць, каб ратаваць іх ад галоднай сьмерці.
У асяродзьдзі зьняволеных хадзіў своеасаблівы лёзунг: “Барацьба за хлеб - барацьба за жыцьцё”.
Выходзячы з гэтага лёзунгу, я аднойчы у пэрыяд душэўнага адчаю, рашыўся на рыск. Атрымаўшы ад дзесятніка рабочы лісток, я запоўніў яго. У графе “найменьне работ” я запісаў: “кантоўка нар, тралёўка пайка”, што азначала, ляжалі, а паёк зьелі. У графе “працэнт выкананьня” запісаў “100 проц.”
Карыстаючыся блатам, я сам занёс працоўны лісток у КПЧ (кантрольна-плянавую частку). Перагаварыўшы са статыстыкамі, і падсунуўшы лісток у кучку, я вярнуўся да брыгады. На другі дзень мая брыгада атрымала поўны паёк.
Так пачалася амаль штодзённая барацьба за хлеб. Але змаганьне весьці мне прыходзілася на два франты. Раніцаю патрэбна было амаль сілаю выштурхоўваць з лягеру сябраў брыгады, каб яны хоць бы выйшлі з лягеру, а увечары патрэбна было старацца абмануць прараба, КПЧ, УПЧ (улікова плянавую частку), бухгальтэрыю.
У ізалятары
Амаль месяц цягнулася гэтая небясьпечная гульня. Але аднойчы прыйшоў ёй канец.
Ноччу дзяжурны вохровец (вохр - ваенізаваная ахова) абудзіў мяне і сказаў, што мяне выклікае начальнік.
У канторы начальніка доўга сьмяяліся з мае выдумкі, але за тое, што я сьвядома злоўжываў сваёй пасадаю і “няправільна” выдаткаваў хлеб, мяне пакаралі адным месяцам ізалятара.
Прыйшлося прыкінуцца дурным і прымаць гэтую кару, як падзяку.
Сабраўшы свой мізэрны скарб і шлёпаючы з канваірам па гразі, пайшоў я у ізалятар.
Ізалятар пабудаваны з бярвеньня, столь у тры накаты, падлога цэмэнтавая. У ізалятары было 26 камар рознай велічыні. Я папаў у камару №11.
Людзі, якія сустрэлі мяне зьдзіўлялі сваім жахлівым выглядам. Гэта былі жывыя нябожчыкі.
У камары было 19 зьняволеных. Усюды поўзалі клапы. Невялікае вакно пад самай стольлю амаль не давала сьвятла.
Каб выратавацца ад клапоў, спаць даводзілася ў мяшкох, у матрацах. Гэта рабілася так: у мяне ёсьць матрац, а у другага няма, і у трэцяга няма, а спаць трэба усім. І вось мы устанаўлівалі строгую чаргу. Я лезу у матрац і сплю, а два мае суседы сядзяць каля мяне і не даюць клапам магчымасьці улезьці у матрац. Калі я высплюся, у матрац залазіць другі, а пасьля трэці.
Кармілі тут нас “пасталінску”: 300 гр. хлеба, 1 літр вару, 10 грамаў солі, 0,5 літра баланды, вось наш сутачны паёк. Ад гэткіх харчоў людзі так “адтлусьцелі”, што нават гэткага пайка не маглі зьесьці.
Новае няшчасьце
Было гэта ліпені 1936 году.
У камару ўвайшоў начальнік, паморшчыўся і скамандаваў:
- Выходзьце!
Ледзь перастаўляючы ногі, зьняволеныя з камароў пачалі выходзіць на двор.
Сьвежае паветра, цёплыя і ласкавыя праменьні сонца радасна сустрэлі і ап’янілі нас. Людзі стаялі і захісталіся і сабралі апошнія сілы, каб устаяць на нагах. Сонечныя праменьні сьляпілі вочы і кожны стараўся як мага больш захапіць сьвежага паветра на поўныя грудзі.
Калі усе выйшлі начальнік скамандаваў:
- Цішэй! - і пачаў гаварыць:
- Ёсьць тэрміновая работа. Усе зьняволеныя павінны выйсьці на работу. Хто жадае ісьці на работу - адыйдзеце управа. Капцёр выдасьць дадатковы хлеб, на кухні атрымаеце абед.
\ (Працяг на 4-ай бачыне)
Усе кінуліся управа з аднэй думкаю: “Што б там ня было, а трэба хоць сёньня трохі падмацавацца”.
Аднак 27 чалавек з 550 засталося стаяць на месцы.
- А вы? - грозна зірнуў на нас начальнік.
- Ня можам, грамадзянін начальнік!
- А-а, сабатуеце, зрываеце!
Я вам пакажу, контра! - пырскаючыся сьлінаю, крычэў начальнік.
Калі “жадаючыя” пайшлі, “адмаўленцаў” выстраілі у рад і пасадзілі на куртачкі. Прыбылі дадаткова 6 чалавек вартавых. Ніхто ня меў права устаць.
Удзень, калі грэла сонца, можна было сядзець, хоць і млелі ногі. Але калі сонца пачало садзіцца і цень ад плоту лягла на зямлю, халодныя струменьні паветра паплылі на зямлю з сьнежных вяршыняў Яблынявага хрыбту, усіх ахапіла дрыгота, заляскалі зубы. Чым цямней станавілася вакол, тым рабілася халадней, і мацней стукалі зубы.
Чым цямней рабілася навокал, тым рабілася халадней, і часьцей заляскалі зубы.
Неба усеялася зоркамі, сьведкамі самых страшэнных справаў сярэднявечча... “Любыя зоркі”, - у думках прасілі мы, - “будзьце сьведкамі жудасных спраў «самага геніяльнага чалавека у сьвеце», самога жорсткага ката Сталіна. Будзьце праўдзівыя, раскажыце будучым пакаленьням тое, што вы бачылі і Бамлагу, на Калыме, на Беламорбудзе, Пячоры, у Карэліі і на Ніўбудзе”.
Ніхто не падымаўся. Холад і голад рабілі сваю справу. Людзі трацілі прытомнасьць, валіліся на зямлю і так ляжалі.
Калі ужо ніхто болей ня мог сядзець, і усе, страціўшы прытомнасьць, паваліліся на зямлю, вартавыя пачалі страляць, каб выклікаць па трывозе начальства.
На гук выстралаў зьбегліся начальнікі, прыбегла сан-частка. 27 чалавек, як нябожчыкаў, звалілі на 4 вазы і павезьлі у лязарэт.
Калі я адкрыў вочы, каля мяне стаяў лекар, такі ж самы зьняволены як і я. Белы халат асьляпіў мяне. Я зноў зачыніў вочы...
І цяпер, калі дзякуючы Богу і нямецкай зброі, якая вызваліла нашу краіну з-пад бальшавіцка-жыдоўскага тэрору, я смог вярнуцца на сваю радзіму, я з цёплай удзячнасьцю успамінаю лягерных лекараў, якія цэлымі суткамі сядзелі над намі, стараючыся выратаваць нашэ жыцьцё.
І Госпаду Богу пажадана было захаваць жыцьцё нам, былым нявольнікам. Але здароўе падарвалася, а паправіць ня было дзе.
Калі мы ачунялі, дык ці то праз памылку, ці то праз чыёсьці жаданьне, мы ўсе, 27 чалавек пасьля выхаду з лязарэту былі накіраваныя на адну з безканвойных фалянгаў, на гаспадарчыя работы.
Госпаду Богу пажадана было прывесьці мяне на радзіму, каб я мог расказаць аб тых пакутах, якія пераносяць людзі пад крывавым ботам “любімага бацькі народаў” - ката Сталіна.
/Газэта Случчыны. [Sluzker Zeitung. Hazeta Cłuččyny.] Слуцак. № 4 (46). 23 студзеня 1944. С. 3-4./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz