СУСТРЭЧЫ НА
ЗЯМЛІ “АЛАНХО”
Тундра адкрылася
нечакана: самалёт нібы нырнуў у малочную бездань і ў прагалінах калматых
аблокаў зашарэла зямля. А праз нейкі час мы ўжо ляцелі над незвычайным дываном,
над якім нехта разьбіў люстэрка, але не пасьпеў сабраць друзачкі. Гэта — азёры
Якуціі. Іх безьліч на гэтай зямлі. Лічаць, што на аднаго жыхара Якуціі прыпадае
па аднаму возеру і адной рацэ. Праўда, кажуць, рыбы ў некаторых няма, таму што
яны неглыбокія і прамярзаюць да дна. Затое ў глыбокіх яе процьма.
Шэрай стужкай зазьмяілася Лена, на якой,
нібы чародка качак, плылі цеплаходы і катэры; прамільгнуў порт з крывымі
дзюбамі кранаў, кварталы дамоў. “Вось мы і на зямлі “Аланхо”, —сказаў нехта з
пасажыраў, калі самалёт плаўна дакрануўся да бэтоннай паласы. Шчыра кажучы, я
не ведаў тады сэнс гэтага слова — “Алонхо”. Не ведаў таксама, што яно
зьяўляецца паэтычным сынонімам слова “Якуція”. “Аланхо” — якуцкі гераічны эпас,
помнік шматвяковай культуры. Аснову яго зьместу складаюць старажытныя сюжэты —
барацьба волатаў з пачварамі. І “Аланхо” сьцьвярджае мірнае шчасьлівае жыцьцё
са справядлівымі адносінамі паміж людзьмі. Вось такой была спрадвечная мара
якутаў.
Мы спусьціліся па трапу самалёта, і нас
ахутала цішыня, вельмі ўжо нейкая неўласьцівая для вялікага аэрапорта. Шэрае
неба, на якім застылі градкі аблокаў, нізка стаяла над зямлёй. Здавалася,
быццам толькі што зайшло сонца і ноч яшчэ не пасьпела заступіць на сваю варту.
“Добры вечар”, — прывіталіся мы з
гаспадарамі, мясцовымі журналістамі, якія прыйшлі сустрэць нас. «Добры, але не
вечар, — адказалі тыя. — Зараз ужо тры гадзіны раніцы. Вы, напэўна, думаеце,
што толькі ў Ленінградзе бываюць белыя ночы? Якуцк таксама — горад белых
начэй».
Апынуўшыся ў незнаёмым горадзе, тым больш у
паўночным, адразу хочацца ўбачыць нешта незвычайнае. Якуцк горад своеасаблівы.
Яго не зблытаеш ні з якім іншым. Але ж гэту індывідуальнасьць не адразу
заўважаеш. На вуліцах са шматпавярховымі дамамі сноўдаюць таксі, маляўнічыя
афішы запрашаюць у тэатры і на канцэрты эстрадных славутасьцей. Гасьцініца
“Лена”, дзе нас разьмясьцілі, адрозьніваецца ад іншых камфартабэльных гасьцініц
хіба што трайнымі рамамі ў вокнах, інтэр’ерам з якуцкім нацыянальным
арнамэнтам, ды пано з паўночнымі краявідамі.
Летась Якуцк адзначыў свой юбілей —
350-годдзе заснаваньня. На цэлую чараду гадоў гэты горад стаў своеасаблівым
пунктам, адкуль пачыналіся славутыя паходы. З Якуцка ўзяў кірунак на паўночны
ўсход Сямён Дзяжнёў, які адкрыў у 1848 годзе праліў, што разьдзяляе Азію і
Амэрыку. Адсюль выйшаў атрад Уладзімера Атласава — першаадкрывальніка Камчаткі.
Аб гарадах часьцей за ўсё пачынаюць
меркаваць па насельніцтву. У 1632 годзе ў Якуцку было 200 жыхароў. Цяпер амаль
у тысячу разоў больш.
Але ж горад — гэта не толькі кварталы
дамоў, вуліцы. Гэта ў першую чаргу людзі, іх справы, зьдзяйсьненьні. Вось толькі
некалькі фактаў і лічбаў. Сёньня Якуцк — прызнаны не толькі ў краіне, але і за
мяжой як навуковы цэнтар Паўночнага Ўсходу Савецкага Саюза, горад студэнтаў і
навучэнцаў. Тут знаходзіцца філіял Сыбірскага аддзяленьня АН СССР з інстытутамі
касмафізычных дасьледаваньняў, горнай справы, фізыка-тэхнічных праблем Поўначы,
біялёгіі, шэраг іншых навуковых цэнтраў.
Гэта вялікі культурны цэнтар. У горадзе тры
тэатры, Палац культуры і тэхнікі, музычная філярмонія, краязнаўчы музэй, музэй
заходнеэўрапейскага мастацтва з багатай калекцыяй карцін вядомых мастакоў
XVI-XIX стагодзьдзя.
У паданьнях аб славутых паходах волатаў
“Аланхо” ўслаўляюцца іх крылатыя коні. Манумэнт на плошчы Перамогі ў Якуцку
таксама ўпрыгожвае воін на імклівым, як птушка, кані. Гледзячы на гэты сымбаль,
думаеш аб тым, што старажытны і ў той жа час малады горад нечым падобны на
гарачага скакуна, што ляціць над залатымі гарамі, дзе нараджаецца сонца.
Якуція ўражвае кантрастамі і маштабамі,
тэмпамі разьвіцьця і лічбамі. Вось некаторыя з іх. Тут самы вялікі на нашай
плянэце пласт вечнай мерзлаты. У раёне Аймякона і Верхаянска — “полюс холаду”
Паўночнага паўшар’я (абсалютны мінімум тэмпэратуры паветра мінус 71 градус). І
ў той жа час у ліпені ў Якуціі тэмпэратура дасягае плюс 35-38 градусаў. За гады
Савецкай улады насельніцтва Якуціі павялічылася ў тры разы. І тым не менш
Якуція працягвае заставацца адным з самых маланаселеных раёнаў СССР. Сярэдняя
шчыльнасьць насельніцтва — 0,3 чалавека на адзін квадратны кілямэтар.
Сакратар Якуцкага абкама КПСС В. I. Фёдараў
расказаў такі выпадак. Калі ён быў у Польшчы, яго папрасілі падрабязьней
расказаць пра Якуцію. Ён пачаў з таго, што назваў плошчу сваёй рэспублікі — 3,1
мільёна квадратных кілямэтраў. Аднак гэта лічба чамусьці нікога асабліва не
ўразіла. Тады ён сказаў, што на тэрыторыі Якуціі можа разьмясьціцца сем Польшчаў.
Рэакцыя тут была зусім іншай. Слухачы адразу адчулі якуцкія маштабы.
Сапраўды, не заўсёды лічбы могуць даць
поўнае ўяўленьне. Не заменяць яны і сустрэчы са старажытнай краінай “Аланхо”,
яе магутнымі рэкамі і маляўнічымі азёрамі, горнымі хрыбтамі, бясконцай тайгой і
неабсяжнай тундрай. Шчодра надзяліла прырода гэты край самабытнай прыгажосьцю і
багацьцямі. На паўночным усходзе і поўдні яе адкрыты радовішчы золата, у паўночна-заходняй
частцы — алмазы. Нібы зьзяючую карону ўтвараюць яны вакол велізарных кладовак
вугалю і жалезнай руды.
...Раніцай наступнага дня нас запрасілі на
экскурсію ў Інстытут мерзлатазнаўства Сыбірскага аддзяленьня Акадэміі Навук
СССР — адну з першых навуковых устаноў у Якуцку і адзіную ў сваім родзе ў
Савецкім Саюзе. Дырэктар інстытута акадэмік П. I. Мельнікаў расказаў нам аб
дасягненьнях якуцкіх вучоных, аб праблемах, над якімі яны цяпер працуюць.
Якуцк з усіх бакоў абступае тайга, і
асноўным будаўнічым матэрыялам нядаўняга часу быў толькі лес.
Сёньня ў Якуцку шмат кварталаў пяці- і
дзевяціпавярховых дамоў. Яны сабраны з будаўнічых дэталей, якія вырабляе завод будіндустрыі.
І як ні дзіўна, на дапамогу людзям прыйшла тая ж вечная мерзлата. Усе каменныя збудаваньні,
у тым ліку і шматпавярховыя дамы, у горадзе стаяць на жалезабэтонных палях,
якія ўпіраюцца на глыбіні ў вечную мерзлату.
Спосаб будаўніцтва дамоў на палях
прапанавалі супрацоўнікі Інстытута мерзлатазнаўства. Сёньня па вопыту якуцян
узводзяць дамы ў многіх паўночных гарадах.
Заканчваючы размову, акадэмік Мельнікаў
сказаў:
— Вечную мерзлату ў нас яшчэ вобразна
называюць «паўночным сфінксам». Напэўна, гэта за яе загадкавасьць і
магутнасьць. Вось зараз мы вам і дадзім магчымасьць пазнаёміцца з гэтым
“сфінксам” бліжэй, адчуць яго подых.
...Мы апрануліся і спусьціліся на першы паверх.
У вэстыбюлі супрацоўнік інстытута адчыніў дзьверы, якія ў нашых жылых дамах
звычайна вядуць у падвал. Ледзь толькі мы ступілі на лесьвіцу, што вяла ўніз,
як у момант адчулі сябе ў халадзільніку Бэтонныя сьцены іскрыліся шэраньню, які
здаваўся проста неверагодным у такой блізкасьці з цёплым памяшканьнем. Мы прайшлі
ўсяго два лесьвічныя маршы і раптам апынуліся ў велізарнай пячоры. Тут ужо не
было бэтонных сьцен і скляпеньняў. Кавалкі зямлі (калі можна назваць зямлёй
паўструхнелыя расьліны, ракавінкі, карані...) нібы магнітам прыцягваліся адзін
да аднаго, хоць па ўсіх законах зямнога прыцягненьня яны павінны былі падаць.
Усе гэтыя пласты вечнасьці таксама іскрыліся ледзь прыкметнымі крышталікамі.
Голас нашага гіда паведаміў: “Вось на гэтым
месцы восем тысяч гадоў назад было рэчышча Лены”. У пячоры чамусьці адразу
стала ціха. Напэўна, кожны з нас даў волю сваёй фантазіі.
Не на кожнай карце знойдзеш рэчку Нерунгры,
што пятляе паміж таёжных сопак Паўднёвай Якуціі. Але менавіта тут, на яе
берагах, узьнік горад Нерунгры, які сёньня вядомы ўсей краіне. Ён зрабіўся
цэнтрам ствараемага Паўднёва-Якуцкага тэрытарыяльна-вытворчага комплексу (ТВК).
У сьвеце няма такога карыснага выкапня,
якога не было б тут. І, наадварот, ёсьць такія, якіх не знойдзеш больш нідзе
Вугаль, жалезная руда, медзь, волава, сьлюда — гэта толькі невялікая часьцінка
таго, што хаваюць у сабе нетры якуцкага поўдня.
Мы стаім на вяршыні гары, з якой магутныя
экскаватары і бульдозэры зрываюць завоблачную папаху, каб узяць з-пад яе
жаданае — сонечны камень. Ужо агаліўся чорны бок гары. Чорны бок — гэта вугаль.
Наўрад ці пакіне каго раўнадушным знаёмства
з Нерунгрынскім вугальным разрэзам. Тым, хто бачыў шахты толькі ў Данбасе і
іншых эўрапейскіх басэйнах краіны, цяжка ўявіць, што з вугалю можа быць цэлая
гара. А ў Нерунгры яна паўстае ўвачавідкі. Каля 16 квадратных кілямэтраў займае
пласт “Магутны”. Таўшчыня яго слою ад пяці да сямідзесяці мэтраў. Ужо здабыты і
адпраўлены першыя мільёны тон высокапрадуктыўнага паліва на многія цеплавыя
электрастанцыі Прымор’я і Амурскай вобласьці.
Але гэта энэргетычны вугаль. Да галоўнага ж
багацьця — радовішча вугалю, які каксуецца, — яшчэ трэба дабрацца. Падлічана: у
сярэднім ад сямі да васьмі кубамэтраў пароды трэба вывезьці ў адвал, каб
здабыць тону вугалю.
Асваеньне прыродных багацьцяў Якуціі — справа
нялёгкая Будаўнікі прыйшлі на землі, практычна на абжытыя чалавекам. Ды плюс
яшчэ суровыя кліматычныя ўмовы. Калі за мінулыя чатыры гады зьнята верхняй
пароды прыкладна 80 мільёнаў тон, то за два гады з больш нізкіх і цяжкіх
гарызонтаў трэба ўзяць за 200 мільёнаў тон. Гэта значыць, зьняць
трохсотмэтровую таўшчыню парод. Безумоўна, гэта абыходзіцца не танна.
У разрэзе сканцэнтравана ўнікальная і
вельмі пэрспэктыўная горна-транспартная тэхніка. Аднак, па-першае, яе не хапае,
па-другое, трэба яшчэ шмат папрацаваць, каб, як кажуць, давесьці яе да кандыцыі.
З вялікай надзеяй нерунгрынцы глядзяць на
беларускіх аўтамабілебудаўнікоў. Ужо сёлета ў разрэзе “Нерунгрынскі” павінны
былі працаваць 33 аўтамабілі маркі “БелАЗ-7521” грузападымальнасьцю 180 тон.
Аднак пакуль што там не было нават досьледнага ўзору. Сёньня ў разрэзе працуюць
120-тоныя вуглявозы “БелАЗ-7420”. Гэта ўвогуле выдатная машына, але пакуль што
яна ўтрымлівае шэраг канструктыўных недаробак, якасьць вырабу некаторых яе
вузлоў і дэталей не вытрымліваюць, як кажуць, ніякай крытыкі. А галоўнае —
машыны не вытрымліваюць той нагрузкі, якая кладзецца не іх плечы пры рабоце ў
вугальным разрэзе. У выніку частыя прастоі тэхнікі ў рамонце, парушэньне
рабочага рытму, невыкананьне вытворчых заданьняў.
За пэрыяд кантрольных выпрабаваньняў і
эксплуатацыі былі неаднойчы праведзены абсьледаваньні тэхнічнага стану
вуглявозаў з удзелам прадстаўнікоў Беларускага аўтазавода, заводаў-сумежнікаў,
адпаведных інстытутаў і г. д. Таму ўсе выяўленыя недахопы ў канструкцыі
аўтамабіля ні для каго не зьяўляюцца сакрэтам. На жаль, ліквідуюцца яны стваральнікамі БелАЗаў
вельмі марудна. Можна было прывесьці шэраг прыкладаў у пацьвярджэньне
сказанага, але, думаецца, дастаткова будзе аднаго. У дзень наведваньня намі разрэзу
“Нерунгрынскі” з 16 наяўных вуглявозаў на лініі было ўсяго тры. Астатнія былі
няспраўнымі.
БелАЗы зрабіліся сымбалям магутнасьці
аўтамабільнай тэхнікі. Яны нібы візытная картка нашай рэспублікі. І вельмі
адчуваеш сябе нязручна, калі сутыкаесься з такімі фактамі, як у Нерунгры.
“Прадоўжыць фарміраваньне Паўднёва-Якуцкага
тэрытарыяльна-вытворчага комплексу, завяршыць будаўніцтва вугальнага разрэзу,
абагачальнай фабрыкі і першай чаргі Нерунгрынскай ДРЭС” — запісана ў рашэньнях
XXVI зьезда КПСС. За гэтымі ёмістымі радкамі — велізарныя аб'ёмы будаўніцтва,
маштабы і тэмпы, якіх раней не ведала Якуція.
Горад Нерунгры — горад брацкай дружбы
народаў СССР. Яго будаўніцтва зрабілася агульнай справай для прадстаўнікоў
больш сямідзесяці нацый і народнасьцей нашай краіны. Вялікі ўклад у асваеньне
багацьцяў Паўднёвай Якуціі ўносіць і наша рэспубліка. Усьлед за ленінградцамі і
масквічамі прыехалі сюды маладыя добраахвотнікі з Беларусі. Кожнае лета тут
працуюць студэнцкія будаўнічыя атрады. Вось і ў мінулым годзе працавалі бойцы
студэнцкіх атрадаў “XIX зьезд ВЛКСМ” Беларускага інстытута народнай гаспадаркі,
“Волат” і “Граніт” — з політэхнічнага інстытута.
Адна з цэнтральных магістралей горада
Нерунгры названа вуліцай Дружбы народаў. Яна сымбалізуе непарушнае
інтэрнацыянальнае адзінства, сілу брацкай дапамогі ўсей краіны ў станаўленьні
новага эканамічнага рэгіёна.
І. Рыжкоў,
спэц. кар.
“Звязды”.
/Звязда. Мінск. № 55. 6
сакавіка 1983. С. 4./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz