27 красавіка — 40-годдзе Савецкай Якуціі
У КРАІ АЛМАЗАЎ
На поўнач ад транссыбірскай чыгуначнай
магістралі, да самых берагоў Ледавітага акіяна, раскінулася Якуція — маляўнічая
краіна з мноствам гаваркіх і магутных рэк, спакойна велічных азёр, з бяскрайнім
ізумрудным морам лясоў, доўгімі градамі гор. Казачна багатыя яе прасторы і
нетры.
На палях, надзейна схаваных ад халодных
паўночных вятроў зялёным заслонам тайгі, вырошчваюцца пшаніца і кукуруза,
бульба і гародніна. На сакавітых лугах пасьвяцца статкі кароў і коней. У лясах
поўна собаля, вавёркі, гарнастая. У тундры — беласьнежная палярная лісічка — пясец.
У нетрах Якуціі выяўлены амаль усе элемэнты
пэрыядычнай сыстэмы Мэндзялеева, у самых рэдкіх, “высакародных” спалучэньнях.
Золата і горны крышталь, сьлюда і вугаль, волава і соль, рэдкія і найрадчайшыя
мэталі — вось далёка не поўны пералік скарбаў, схаваных у падземных “складах”.
І, нарэшце, гэта — край алмазаў.
Якуція — самая паўночная і самая вялікая аўтаномная
рэспубліка Савецкага Саюза. Па тэрыторыі яна ў некалькі разоў пераўзыходзіць
Англію, Італію, Францыю.
Жыве ў Якуціі таленавіты і працавіты народ.
У канцы красавіка ў яго — вялікае і радаснае сьвята: 40-годдзе з дня ўстанаўленьня
Савецкай улады. Кожны жыхар Якуціі прыйдзе да сьвята са сваім працоўным
падарункам. Такая традыцыя. Само сабой зразумела, будзе і весялосьць — фэстываль,
масавыя гуляньні. Пакажуць новыя работы калектывы народнага і прафэсіянальнага
тэатраў.
Думаючы аб вялікай радасьці сваіх землякоў,
выкліканай надыходзячым сьвятам, я ўспамінаю нядаўнюю гутарку з пісьменьнікам
Мікалаем Мардвінавым. Гаварылі аб якуцкай
старадаўнасьці. І ён кінуў фразу: “Мы памятаем мінулае і таму так любім
сучаснае”.
...Дзікі, закінуты край, куды царызм ссылаў
прагрэсіўных людзей, “турма без кратаў”, як называлі тады Якуцію.
Каляніяльна-аграрны прыдатак імпэрыі, без якіх-небудзь пэрспэктыў у разьвіцьці
прадукцыйных сіл; жабрацкі, непісьменны, абкрадзены матэрыяльна і духоўна
народ. Вядомы якуцкі літаратар і грамадзкі дзеяч Аляксей Кулакоўскі пісаў у
свой час, што ў Якуціі было “больш сьляпых, чым пісьменных”. У рускага пісьменьніка
В. Г. Караленкі ёсьць невялікае апавяданьне “Сон Макара”, напісанае ў якуцкай
ссылцы, па якуцкіх матывах.
Абяздолены, уніжаны і зьняважаны Макар —
гаспадар зямлі — марыў аб залатой гары шчасьця. Аб гэтым жа, аб шчасьлівай
чалавечай долі, марыў і якуцкі народ. Але мары, як няўлоўныя зданёвыя сполахі
паўночнага зьзяньня, расьсейваліся ў начы.
Так было, пакуль не зазьзяла сонца Кастрычніка.
Якуція ў братняй сям’і працоўных СССР атрымала сваю дзяржаўную аўтаномію. Народ
уздыхнуў поўнымі грудзьмі, расправіў плечы, пераўтварыў край, пераўтварыў сабе.
У рэспубліцы цяпер магутная
горназдабываючая прамысловасьць. Раскрылі свае кладовыя адгор’і Станавога
хрыбта — магутныя сухапутныя караблі-волаты — драгі здабываюць тут золата. З
гранітных тоўшчаў здабываецца сьлюда, пакарыўся людзям сілы Джуг-Джур і аддае
цяпер золата і вугаль. Не ўтойвае больш сваіх скарбаў залатаносная Індзігірка.
Багата ідзе на прадпрыемствы краіны волава са схілаў Верхаянскіх гор.
Але гэта, так сказаць, старыя, склаўшыяся
галіны прамысловасьці, калі старасьцю дазволена лічыць узрост 15-20 год. А вось
галіна маладая, якой заслужана ганарыцца рэспубліка...
...Сонечнай лютаўскай раніцай марозную
цішыню над Вілюем разарваў рокат самалёта. Паветраны рамізьнік пакружыўся над
нейкай наземнай прыкметай і па стужцы прытоку зьвярнуў на поўдзень. Аблюбаваў
пятачок не засьнежанай касе ў тайзе, прызямліўся. З фюзэляжа паляцелі цюкі,
скрынкі, клункі. Затым выйшла пяцёра мужчын, апранутых нібы палярнікі-зімоўшчыкі.
К ночы на беразе невялікага, замёрзшага да дна ручая яны разьбілі ўмяшчальную
палатку. На заўтра побач вырасла другая.
Гэта былі першыя піянэры асваеньня
алмазнага краю. Сярод іх знаходзіліся кіраўнік толькі што створанага тады
трэста “Якуцкалмаз” Віктар Ціханаў і галоўны інжынэр Леанід Жалебін. Адну
палатку яны занялі пад жыльлё, у другой разьмясьціўся трэст.
26 лютага 1957 года Віктар Ціханаў падпісаў
у палатцы загад № 1 аб уступленьні на пасаду кіраўніка трэста. Мне пашанцавала
быць там неўзабаве пасьля таго, як Ціханаў падпісаў свой першы загад. Быў я ў
гэтых месцах і зусім нядаўна, праз пяць год пасьля “дэсанта” кіраўнікоў алмазнага
трэста. На беразе ручая ўзьняўся горад Мірны — алмазная сталіца. У ім цяпер 20
тысяч жыхароў. Зладжаныя стрэлы вуліц, правільныя прамавугольнікі кварталаў. У
вочы кідаецца гара блакітнавата-шэрай зямлі. Тут кімбэрлітавая трубка “Мір” —
захавальніца каштоўнага мінэралу. Ёй кланяюцца хобаты магутных экскаватараў, яе
старанна прасуюць бульдозэры. Чарада 10—25-тонных самазвалаў бясконцым патокам
рухаецца ад трубкі на абагачальныя фабрыкі. Там з кімбэрліту атрымліваюць алмазы.
У бліжэйшы час працэсы здабычы мінэралу
будуць максымальна аўтаматызаваны і мэханізаваны: дапаможа танная
электраэнэргія ўзводзімай на рацэ Вілюй гідраэлектрастанцыі.
Але, можа, так бурна разьвіваецца толькі
маладая алмазная прамысловасьць? Не. і залатыя прыіскі Алдана, і алавяныя
прадпрыемствы Верхаяньня, і вугальныя шахты Джэбарыкі-хая, і сьлюдзяныя руднікі
Тамоту нарадзіліся, расьлі і станавіліся сталымі энэргічна, з размахам. За гады
Савецкай улады буйная прамысловасьць Якуціі вырасла ў 53 разы.
У нізоўях Вілюя адкрыты велізарныя запасы
гаручага газу. Ён выклікае да жыцьця новую галіну прамысловасьці —
газаперапрацоўчую. Адгор’і Стенавога хрыбту аказаліся на рэдкасьць багатымі
жалезнай рудой, каксуючымся каменным вугалем і ўсім неабходным для
мэталюргічнай вытворчасьці.
Велізарны скачок зрабіў якуцкі народ у сваім інтэлектуальным разьвіцьці.
Не меўшы пісьменнасьці, ён цяпер мае філіял Акадэміі навук СССР, унівэрсытэт,
навукова-дасьледчыя ўстановы. Якуцкія вучоныя вырашаюць важнейшыя праблемы
фізыкі, хіміі, біялёгіі і грамадзкай навукі. Сын патомнага
жывёлавода-паляўнічага Арыян Кудзьмін — кандыдат фізыка-матэматычных навук.
У Якуціі значны атрад пісьменьнікаў.
мастакоў, артыстаў, журналістаў. Даброты культуры праніклі ў самыя аддаленыя
куткі тайгі і тундры.
Генадзь Луконін,
Агенцтва друку Навіны.
/Віцебскі рабочы.
Віцебск. № 82. 25 красавіка 1962. С. 4./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz