Як
паведамлялася ўжо, будаўнікоў Байкала-Амурскай магістралі — пасланцоў камсамола
Беларусі, якія ўзводзяць у Якуцкай АССР станцыю “Залацінка”. пабывала дэлегацыя
ЦК ЛКСМБ. Яна прыняла ўдзел у сьвяткаваньні першай гадавіны Беларускага
ўдарнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. У яе саставе быў і
наш карэспандэнт. Сёньня мы пачынам друкаваць яго нататкі аб гэтай паездцы.
ДАРОГА
У старажытнасьці, гаварылі:
Дарога — гэта жыцьцё”. Гэту мудрасьць мы ўспомнілі адразу, калі пасьля
прызямленьня ў Чульманскім аэрапорце пераселі з “ЯК-40” на “газік” і не першай
навізны аўтобус. Спачатку здавалася, што 140 кілямэтраў ад Чульмана да
Залацінкі, якая зьяўляецца “сталіцай” Першага беларускага ўдарнага атрада на БАМе,
мы пераадолеем даволі хутка. Бо у нас ужо быў пэўны “вопыт” — ззаду засталіся
звыш 7 тысяч кілямэтраў паветраных трас.
Быў імклівы старт скараснога “ТУ-134” у
мінскім аэрапорце, і праз 15 з лішнім гадзін пералёту было трывожнае чаканьне ў
Чыце — вылецім ці не вылецім? Сонца зрабіла нам мядзьведжую паслугу —
размарозіла пасадачную паласу ў Чульмане і магло прыпыніць наша падарожжа на
некалькі дзён, хоць былі мы за якую-небудзь тысячу з лішнім кілямэтраў ад
станцыі прызнчэньня.
За час пералёту ўсе члены дэлегацыі
пасьпелі перазнаёміцца, абмяняцца думкамі і прагнозамі наконт надвор’я, умоў
жыцьця на БАМе. Былі вывучаны словы і мэлёдыя новай песьні Ігара Лучанка
“Залацінка”, якую творчая група нашай дэлегацыі везла ў падарунак землякам-бамаўцам.
Адмільгалі пад крылом самалёта гарады і
пасёлкі, сыгнальныя агні пасадачных і ўзьлётных палос. Засталіся ззаду рэкі і
рачулкі, пакрытыя лёдам і за дзеючымі яшчэ зімнікамі. Абмеркаваны ўражаньні
Ігара Лучанка ад велізарнай трасы Байкала-Амурскай магістралі, якую ён меў шчасьлівую
магчымасьць агледзець у час нядаўняга пералёту з Токіё ў Маскву. Пераведзены на
6 гадзін наперад стрэлкі гадзіньнікаў — розьніца паміж маскоўскім і мясцовым
часам...
Усё гэта — ужо ў мінулым. А
за акном аўтобуса сьпявае сваю адвечную песьню тайга, якая з вышыні сучаснага
авіярэйса здалася нам нейкай надзвычай рэдкай. І хоць чорны змрок ахутаў
суровую якуцкую зямлю, усе пільна ўглядаюцца ў аўтобуснае акно — якая яна,
сыбірская тайга, зблізку? Прыйшлі на памяць знаёмыя радкі: “Неведомая, дикая, седая, медведицею белою —
Сибирь, за Камнем, за Уралом пропадая, звала, звала в невиданную ширь...”
Мы так прывыклі да слова “БАМ”,
што не задумваемся над яго гістарычным паходжаньнем і не сумняваемся, што яно
нарадзілася зараз, на нашых вачах. На самай жа справе гэта не так. Слову “БАМ»
ужо хутка сто гадоў. І бярэ яно пачатак з канца 80-х гадоў мінулага
стагодзьдзя, калі рускія інжынэры-разьведвальнікі зацікавіліся двума варыянтамі
будаўніцтва Транссыбірскай чыгункі. Адзін з гэтых праектаў называўся паўночным
і прадугледжваў пракладку чыгункі па найкарацейшаму шляху ад Усць-Кута да
Ціхага акіяна, па самых багатых карыснымі выкапнямі мясьцінах Сыбіры. Аднак
складанасьць рэльефу, суровасьць прыроды, шматлікія горы, недастатковая
тэхнічная аснашчанасьць перашкодзілі Расіі ажыцьцявіць гэту ідэю, і
Транссыбірская магістраль прайшла значна на поўдзень ад вызначанай трасы.
У пачатку дзевяцісотых гадоў “паўночны
варыянт” чыгункі прыцягнуў увагу амэрыканска-францускага сындыката. Як адзначае
адзін са старэйшых інжынэраў-разьведвальнікаў чыгунак нашай краіны А. А.
Пабожый, гэты сындыкат прапанаваў пракласьці трасу праз усю Ўсходнюю Сыбір і
Далёкі Ўсход, прабіць тунэль пад Берынгавым пралівам і злучыць расійскую
чыгунку з чыгункай ЗША. Нават назва гэтай 5300-кілямэтравай трасе была дадзена:
“Нью-Ёрк — Парыж”. Аднак умовы былі для Расіі надзвычай кабальныя. Паводле іх
патрабавалася аддаць замежным капіталістам значныя тэрыторыі рускіх зямель,
багатых карыснымі выкапнямі. Ад гэтай прапановы давялося адмовіцца.
Былі і іншыя варыянты
асваеньня Сыбіры, якіх на тых ці іншых прычынах не ўдалося ажыцьцявіць.
І толькі ў трыццатых гадах на
парадак дня зноў паўстала пытаньне ўзьвядзеньня Байкала-Амурскай чыгункі.
Пастановай Саўнаркаму СССР у 1932 годзе было вырашана пачаць будаўніцтва
магістралі. У тым жа годзе на ўчастку Тайшэт-Брацк - Усць-Кут пачаліся
разьведвальныя работы. Сярод першапраходцаў быў і Аляксандр Аляксеевіч Пабожый,
чалавек зайздроснага лёсу, які суровай зімой 1974 года проста ля паходнага
кастра адзначыў свой шасьцідзесяцігадовы юбілей, — ён і сёньня сярод
першапраходцаў трасы.
У 1933 годзе пачалося будаўніцтва
чыгуначнага адрэзка Бам - Тында. А з 1935 года меркавалася прыступіць да
пракладкі і самой Байкала-Амурскай магістралі на самых галоўных участках. Адзін
з такіх участкаў плянавалася пабудаваць ад Тайшэта да ракі Лена. Работа і пляны
былі грандыёзныя. Яны патрабавалі вялікага напружаньня сіл і энэргіі. І першыя будаўнікі з гонарам выконвалі адказнае даручэньне
партыі, стойка пераносілі ўсе нягоды, імкнуліся хутчэй адкрыць доступ да
сыбірскіх багацьцяў.
На 58-м кілямэтры чыгункі ад
станцыі Тайшэт да Лены будоўлю застала Вялікая Айчынная вайна. Давялося работы
спыніць, трасу разабраць, а рэйкі і іншыя канструкцыі з участка Вам - Тында
выкарыстаць пры абароне Сталінграда.
Вось як як пра гэта ўспамінае
А. А. Пабожый: “У 1943 годзе па заданьню Дзяржаўнага Камітэта Абароны наш
“Чыгункапраект” пракладваў Волскую ракаду — чыгунку ўздоўж правага берага Волгі
ад Сталінграда да Сьвіяска, працягласьцю 1100 кілямэтраў. Я ўзначаліў там
галоўную разьведвальную партыю. Дарога гэта была пабудавана за рэкордна кароткі
тэрмін і адыграла важную ролю ў разгроме гітлераўцаў пад Сталінградам. Час быў
цяжкі, не хапала мэталю, і таму для Волскай ракады давялося выкарыстаць рэйкі і
мэталяканструкцыі, якія былі зьняты з некаторых далёкаўсходніх ліній, у тым
ліку з дарогі Бам – Тында...”
Аднак ледзь завяршыліся баі
пад Сталінградам, якія прынесьлі перамогу савецкім воінам, як будаўнікоў зноў
накіравалі на сваё ранейшае месца. Была пастаўлена задача хуткімі тэмпамі пракласьці
трасу Камсамольск-на-Амуры — Савецкая Гавань, працягласьць якой звыш 400
кілямэтраў. 15 ліпеня 1945 года, значна раней заплянаванага тэрміну, першы
поезд узяў напрамак ад Амура да Ціхага акіяна.
Цяжкай была першая пасьляваенная
пяцігодка для Савецкай краіны. Але ўжо ў гэты час погляды зноў скіраваліся да
Байкала-Амурскай магістралі. І зноў, пераадольваючы нягоды, цяжкасьці і недахоп
спэцыялістаў, краіна пачала будаваць сыбірскую чыгунку. У 1951 годзе пачаўся
рэгулярны рух цягнікоў амаль на 700 кілямэтровым участку Тайшэт - Лена. Гэта
быў пачатак усходняга БАМа, пачатак дарогі-ключа да казачных багацьцяў
Сыбіры...
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
На
здымках: рэйкі БАМа. 140
кілямэтраў дзеючай чыгункі працуюць на БАМ.
На адной
з вуліц пасёлка Залацінка.
Уздоўж
дарогі разьмясьціліся пасёлкі разьведвальнікаў, тунэльшчыкаў. маставікоў...
Знаёмыя
назвы ў сыбірскай тайзе.
Фота
аўтара.
/Чырвоная
змена. Мінск. 4 мая 1976. С. 2./
Мы едзем па Амура-Якуцкай
магістралі. Аўтамабільнай. Гэта адзіная шаша, якая дае выхад Якуціі ў
цэнтральныя раёны нашай краіны. Штохвілінна сустракаюцца аўтамабілі. Магутныя
“КрАЗы” і “МАЗы”, “Магірусы” і іншыя, айчынных і замежных марак. Усе яны
нагружаны будаўнічымі матэрыяламі, прадуктамі, абстадяванбнем, бочкамі і
цыстэрнамі з палівам.
Сапраўды, дарога жыцьця. Цяжка
нават уявіць, як даводзілася б будаўнікам магістралі, калі б не было пры трасе
аўтамабільных дарог. І ў гэты першы вечар па якуцкай зямлі, і пасьля, праехаўшы
не адну сотню кілямэтраў, пабываўшы ў Тындзе, Нерунгры, на Паўднёва-Якуцкім
вугальным разрэзе, мы з удзячнасьцю думалі аб гэтых нешматлікіх і тым больш
жыцьцёва неабходных дарогах, разважалі аб нялёгкай шафёрскай долі.
За час паездкі мы
пазнаёміліся з многімі вадзіцелямі, змаглі хоць крыху зразумець іх байцоўскі
характар, глыбей усьвядоміць сэнс і значэньне сыбірскіх дарог. I ўвесь час нас
не падала думка аб тым, што гэтыя дарогі сямідзесятых нечым нагадваюць далёкія
прыфрантавыя. Такі ж няспынны рух. нягледзячы на непагадзь і сьнежныя заносы. У
кузавах машын — сапраўды “стратэгічны” груз, які не можа не быць дастаўлены да
месца прызначэньня — ён патрэбен, як прастора.
Уздоўж дарог працуюць сувязісты
— рамантуюць старыя і пракладваюць новыя лініі сувязі.
Часта побач з дарогай распрацоўваюцца
вялізныя кар’еры: магутныя японскія бульдозэры, якія не баяцца ні вечнай
мерзлаты, ні скал, крышаць горную пароду, а асілкі “КрАЗы” адвозяць яе на
адсыпку палатна будучай чыгункі.
“Прыфрантавы” малюнак
дапаўняюць шматлікія палаткі і вагончыкі, што густа разьмясьціліся паабапал
дарог. Гэта — перасоўныя гарадкі разьведвальных атрадаў, тунэльшчыкаў,
маставікоў і людзей іншых спэцыяльнасьцей, якімі надзвычай багаты БАМ.
І, як сапраўды франтавыя,
гэтыя дарогі бываюць каварныя і поўныя нечаканасьцей.
З самалётнай вышыні дарогі
здаюцца вузенькімі і тонкімі ніткамі, якія спавіваюць шматлікія хрыбты,
нагор’і, плято, пранізваюць тайгу, і, здаецца, што няма для іх ні высокіх пад’ёмаў,
ні крутых спускаў. На зямлі ж усё інакш. Больш зьвілістымі аказваюцца павароты,
значна цяжэйшымі перавалы. З дарожнымі капрызамі не заўсёды спраўляюцца нават
вопытныя вадзіцелі.
Шафёр нашага “газіка” Валерый
Аляксееў ужо нямала сыбірскіх кілямэтраў “накруціў” на колы машыны. Пасьпеў
спазнаць наравісты характар тутэйшых дарог. Вядома ж, цяжка нават параўнаць
сыбірскую магістраль з яе натуральнымі (глебава-шчэбневым) пакрыцьцём і
асфальтаваныя праспэкты Брэста. Да паездкі на БАМ Валерый працаваў вадзіцелем
аўтобуса ў прыгранічным горадзе, вазіў турыстаў. І рабога падабалася, і заробак
быў нядрэнны. Аднак, калі першыя добраахвотнікі атрымалі камсамольскія пуцёўкі
на магістраль веку, не захацеў быць убаку і Аляксееў. Разам з жонкай прыехаў у
далёкую Якуцію. Працаваў спачатку ў Тындзінскай мэханізаванай калёне, а зараз —
у Першым беларускім атрадзе на станцыі Залацінка. Валера шмат расказваў нам
розных здарэньняў, аднак, прызнацца, мы не заўсёды верылі ім. Праўда, да пэўнага
часу...
На трэці дзень нашага
бамаўскага жыцьця давялося выехаць у Тынду — сталіцу БАМа, як называюць гэты
горад. Разьмешчаны ён у Амурскай вобласьці. Пакідалі Залацінку яркім сонечным
днём. Па вуліцах беглі ручаі, а на вышэйшых месцах пачынала падсыхаць. Было 3-5
градусаў цяпла. Такое ж сонечнае надвор’е сустрэла нас і ў Тындзе.
Шчодрае сонца растапіла
раніцай наступнага дня сьнег, што выпаў ноччу, і зрабіла дарогу амаль
непраходнай з-за гразі. Наш “газік”, бы папяровы караблік, плыў па шматлікіх
лужынах у напрамку Залацінкі, сьмела пераадольваў гразевыя перашкоды. Гэта
траса нечым нагадала нам грузінскія дарогі — такая ж зьвілістая, крутая. Часта
з аднаго боку яе падпіраюць горы, а з другога — глыбокія абрывы. Пра небясьпечнасьць
крутых схілаў напамінае помнік вадзіцелю, у машыне якога сапсавалася рулявое
кіраваньне...
Валера ўмела манэўраваў
машынай, імкнучыся давесьці нас без прыгод. сьцішваў ход перад сустрэчнай
машынай — бясьпечней і ад пырскаў крыху зацішней. Аднак гэта мала выратоўвала,
і наш газік быў, што называецца, «з ног да галавы” заляпаны дарожным месівам.
“Дворнікі” ледзь пасьпявалі прачышчаць вузкія “шчыліны” на ветравым шкле
(глядзіце адзін са здымкаў). Мы зьдзіўляліся, моцна ўхапіўшыся за сьпінкі сядзеньняў,
як шафёру ўдаецца трымаць правільны курс, не зьехаць на абочыну.
Усе надзвычай узрадаваліся,
калі на пад’езьдзе да граніцы паміж Амурскай вобласьцю і Якуцкай АССР дарога
стала цьвёрдай — тут яшчэ трымаўся мароз. Аднак радасьць наша была заўчаснай.
Бо неўзабаве — ледзь толькі падняліся на Станавы хрыбет — сонца схавалася за сьвінцова-чорную
хмару. Узьняўся вецер. Па дарозе пабеглі белыя шлейфы пазёмкі. Хутка
разыгралася самая сапраўдная мяцеліца. Вось ён — рэзка кантынэнтальны клімат
Якуціі. Дарога стала сьлізкай, як шкло. Машына штохвілінна рызыкавала апынуцца
ка абочыне (дарэчы, не адзін вадзіцель не вытрымаў капрызаў дарогі, і каварны
галалёд зрабіў сваю справу — глядзі здымак).
Валера ж дасканала, нават, як
нам здавалася, віртуозна валодаў рулём, і машына паволі, але ўпэўнена адольвала
кілямэтар за кілямэтрам. Тут праяўлялася не толькі высокае прафэсіянальнае
майстэрства, але і нейкае асаблівае адчуваньне дарогі, уменьне прадбачыць яе
капрызы.
Залацінка сустрэла нас глыбокім
сьнегам і 15-градусным марозам.
Пасьля гэтага мы з яшчэ
большай павагай сталі адносіцца да прафэсіі шафёра...
* * *
Падскокваючы на выбоінах,
пятляючы па схілах сопак, наш аутакартэж упэўнена ехаў за блакітнай мігалкай
міліцэйскай машыны, якая «прабівала» нам шлях сярод аўтамабільнага патоку
Амура-Якуцкяй магістралі. За рулём “газіка” з надпісам “ДАІ” сядзеў Міхаіл Парэмскі.
“Беларус, мінчанін”, —
адрэкамэндаваўся ён нам пры сустрэчы. Працаваў да гэтага ў Мінскім абласным упраўленьні ўнутраных спраў. А ледзь
толькі прызыўным набатам прагучала “Даеш БАМ!”, Міша вырашыў: яго месца сярод
першапраходцаў. Падаў рапарт з просьбай накіраваць на сыбірскую трасу. І сёньня
ён зьяўляецца інспэктарам дарожнага нагляду ўпраўленьня “Бамбудпуць”, лічыць сябе вэтэранам будоўлі. А ў кішэні ляжыць
пасьведчаньне з нумарам, які ўваходзіць у першую дзесятку, - першапраходзец.
Нельга думаць, што на БАМе
усё ідэальна і няма і парушэньняў. Як і ў любой вялікай справе, тут бываюць
накладкі, здараюцца непрыемнасьці, сустракаюцца выпадковыя людзі. Бываюць яны і
сярод вадзіцеляў. Вось Міхаіл Парэмскі і сочыць за тым, каб не нарабілі яны
бяды. За дні нашага знаёмства мы пасьпелі пераканацца. што Міша неяк асабліва
тонка “адчувае” людзей, можа беспамылкова вызначыць характар чалавека, па
непрыкметных для нас рысах зразумець імкненьне і настрой субяседніка. Імгненная
рэакцыя, добразычлівасьць і спагада, якія вылучаюцца з патрабавальнасьцю.
вылучаюць гэтага трыццацігадовага сяржанта...
Калі прымільгаўся аднастайны
пэйзаж, а нашы машыны выехалі на вяршыню чарговай сопкі, ажывіліся раптам
пасажыры. З вышыні было добра відаць, як на схіле недалёкага ўзгорка морам
разьліліся электрычныя агні. Крыху нечакана і незвычайна было ўбачыць сярод
чорнай тайгі сапраўдны горад. Нават вуліцы можна было вызначыць па роўных
лініях ліхтароў. Быццам на далоні перад намі ляжаў пасёлак Залацінка...
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
На здымках: сыбірскія дарогі... Зьвілістыя і крутыя,
пятляюць яны па сопках і плято.
І такое
здараецца...
Камісар
Першага беларускага атрада імя М. Кедышкі Мікалай Бондараў. Яго машына толькі
што пераадолела складаны ўчастак веснавой дарогі.
Прыемная
і нечаканая сустрэча. Прадукцыя мінскіх прадпрыемстваў — БАМу.
Фота
аўтара.
/Чырвоная
змена. Мінск. 5 мая 1976. С. 3./
Мірыядамі агнёў сустрэла нас
вячэрняя, дакладней, ужо начная Залацінка. І хоць бы далёка за поўнач, не спаў
яшчэ пасёлак. Ярка сьвяціліся вокны мясцовай пякарні, якая разьмясьцілася побач
з новай, талькі што пабудаванай гасьцініцай (узьнікла і такая неабходнасьць, —
шмат прыежджых зьявілася на БАМе). Нават у нашых нумарах, у якіх яшчэ не
выветрыўся пах фарбы і смалісты дух новабудоўлі, смачна і апэтытна пахла
сьвежым хлебам. Давялося ісьці знаёміцца з мясцовымі хлебапёкамі.
Пекар трэцяга разраду чыцінка
Яўгенія Каралёва пазнаёміла са сваімі сяброўкамі. Уся начная зьмена, у якой
працуюць тры чалавекі, аказалася зямляцкай — з Чыты прыехалі ў Залацінку Люда
Салтыкова і Валянціна Каралёва. Яны ж аказаліся і заснавальнікамі гэтай пякарні
— працуюць тут з верасьня мінулага года, калі бамаўцы ўпершыню пакаштавалі хлеб
уласнай выпечкі.
А ён і сапраўды смачны.
Духмяныя боханы адзін за адным выскоквалі з печы, а спрытныя рукі Валі і Люды
вымалі іх з формаў. Нельга было ўтрымацца ад спакусы пакаштаваць гэты мяккі і
апэтытны бохан.
Сьвяціліся вокны ў гэты позьні
час і ў сталовай. Над электраплітой чаравалі майстры кулінарнай справы. “Хто
добра працуе, той любіць паесьці”, — жартуюць бамаўцы. Кухарам мясцовай
сталовай скардзіцца на апэтыт сваіх кліентаў не даводзіцца. Як, дарэчы, і
кліентам на кухараў. Яркае сьведчаньне гэтаму — традыцыйная “Кніга скаргаў і
прапаноў”, якую кнігай скаргаў ніяк не назавеш: што ні запас — то падзяка. За
культуру абслугоўваньня, за смачныя абеды, за ветлівасьць. Я хацеў запісаць
некаторыя з водгукаў, але адразу зразумеў марнасьць сваіх намераў — іх столькі
многа, што давялося б сьпісаць усю кніжку. Думаю, што кухары начной зьмены Валя
Міронава і Наташа Чарапанава не падвялі сваіх калег, і ранішнія кліенты
дастойна ацанілі іх кулінарнае майстэрства...
Чаканьне сустрэчы з
землякамі, людзьмі з Эўропы, як жартам называюць тут прыежджых з-за Урала,
прымусіла не спаць многіх бамаўцаў. І, нягледзячы на позьні час, у гасьцініцы
было людна.
Кіраўнік вакальна-інструмэнтальнага
ансамбля “Спадчына”, які створаны пры клюбе пасёлка, магіляўчанін Дзьмітрый
Бараноўскі расказваў пра сваіх хлопцаў-артыстаў, пра сур’ёзныя і складаныя
рэпэтыцыі пасьля напружанага працоўнага дня, пра радасьць сустрэч з гледачамі і
перамогу на першым конкурсе мастацкай самадзейнасьці БАМа...
Так пачалося наша знаёмства з
Залацінкай — сталіцай Першага ўдарнага беларускага атрада імя Героя Савецкага
Саюза Мікалая Кедышкі.
Кожны новы горад, бадай.
пачынаецца аднолькава — з першай палаткі ці вагончыка. Безумоўна, да гэтага тут
пабываюць ужо разьведвальнікі. Іх крок заўсёды першы.
Так пачынаўся
Камсамольск-на-Амуры, такая ж біяграфія ў Наваполацка і Салігорска. Паэт
Генадзь Бураўкін, чалец нашай дэлегацыі, адзначыў гэта падабенства новых
гарадоў, а роднаснасьць Залацінкі і Наваполацка ўбачыў яшчэ і ў тым, што
большасьць першапраходцаў у абодвух выпадках складалі беларусы...
Спрадвечная танга яшчэ драмала
ў глыбокім сьнезе, калі 14 сакавіка 1975 года 26 першых добраахвотнікаў з ліку
мясцовых жыхароў — першы дэсант — пачалі рыхтаваць базу для прыёму будаўнікоў з
Беларусі. Было гэта кілямэтраў за пяць ад эвенкійскага пасёлка Залацінка, у
якім жывуць аленяводы і паляўнічыя.
А 3 красавіка гэты
немнагалюдны пасёлак раптам ажыў, памаладзеў, напоўніўся радаснымі і ўзбуджанымі
галасамі. Дзень, якому, суджана ўвайсьці ў гісторыю. Гісторыю БАМа, біяграфіі
116 беларускіх хлопцаў і дзяўчат, летапіс старой Залацінкі.
Старшыня пасялковага Савета
Ганна Паўлаўна Герасімава паднесла першым бамаўцам на якуцкай зямлі хлеб-соль.
Цёплыя пажаданьні старшыні Алданскага райвыканкама Міхаіла Панцеляймонавіча
Кочнева сустрэлі на тэрыторыі будучай чыгуначнай станцыі Залацінка пасланцоў
камсамола Савецкай Беларусі, першы бамаўскі дэсант у Якуціі, на базе якога
сфарміраваны будаўніча-мантажны поезд № 578.
З таго часу і пачалася дружба
будаўнікоў магістралі з мясцовымі жыхарамі саўгаса “Залацінка” — эвенкамі.
эвенкі дапамагалі дэсантнікам усім, чым маглі. А тыя таксама не заставаліся ў
даўгу. Пачаліся сумесныя мерапрыемствы, сустрэчы, канцэрты. Надоўга запомніцца
будаўнікам правядзеньне Дня моладзі, вясёлае і маляўнічае сьвята — Дзень
аленявода з традыцыйнымі гонкамі аленяў...
Расказвае камісар атрада
Мікалай Бондараў:
— З
асаблівым настроем і ўздымам пачыналі мы свой пасёлак на БАМе. За час дарогі
рукі засумавалі па сапраўднай справе, таму кожны гатовы быў працаваць хоць
цэлымі суткамі. Не палохалі і першыя цяжкасьці. Для кожнага своеасаблівым
сьвятам стала 7 красавіка — першы працоўны дзень. Дружна разграбалі рыдлёўкамі
глыбокі сьнег, кастрамі разагравалі мёрзлую зямлю, дзяўблі яе ламамі —
рыхтавалі фундамэнты першых дамоў.
А калі
закончыўся першы працоўны дзень, сабраліся вечарам на свой першы камсамольскі
сход. Проста на рабочым месцы, пад лёгкім сьнегам, што падаў зьверху. Гаварылі
коратка, але ўсхвалявана, шчыра. Вырашылі аднагалосна: працаваць
па-карчагінску. А гэта значыць, мужна пераносіць цяжкасьці, не пішчаць. і не
пішчалі, калі не хапала інструмэнту, спэцвопраткі, жыльля, калі даймалі маразы.
Адразу ж
пачалося дзейснае сацыялістычнае спаборніцтва. За права забіць першы калочак на
новым аб’екце, пакласьці першую цагліну, быць першымі гледачамі першага фільма...
Колькі радасці было, калі
ўступіў у строй першы аб’ект — палатачны клюб. Такі падарунак сябрам зрабіла
брыгада Васіля Жураўскага, узьвёўшы клюб у нерабочы час.
Вось у гэтым, бадай, адрозьненьне
Залацінкі ад іншых новабудоўляў. Не хапала жыльля, цяжкасьці былі на кожным
кроку, а будаўнікі перш за ўсё ўзьвялі клюб. Каб было дзе сабрацца разам, каб
засьведчыць, што людзі пачалі абжываць вечную мерзлату — яна стала родным домам
для былых мінчан і гамяльчан, пасланцоў Мазыра і Брэста.
Першы аб’ект стаў
сьведчаньнем не толькі першай працоўнай перамогі, але і высокай сьвядомасьці
кожнага, пачаткам своеасаблівага маральнага клімату ў атрадзе. Думалі не пра
імгненную выгаду для сябе, а пра калектыўны інтарэс, пра агульную карысьць. Вось
так у гэтых глухіх мясьцінах, на вечнай мерзлаце, якая нават у гарачае лета
растае толькі на мэтар-паўтара, ператвараючыся пры гэтым у непраходную мар
(штосьці падобнае да нашага беларускага багністага балота), пачыналася цеплыня
сяброўства, пачыналася біяграфія працоўнай мужнасьці.
Зараз у пасёлку дзейнічае
новы стацыянарны клюб на 200 пасадачных месцаў. Тут штодзённа дэманструюцца
кінафільмы, прычым самыя новыя, праходзяць вечары танцаў, выступаюць
самадзейныя і прафэсійныя артысты. А са сьцяны клюба пазірае з партрэта на равесьнікаў
Герой Савецкага Саюза, ганаровы баец атрада Мікалай Кедышка.
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
На
здымках: тут пачынаецца
Залацінка, пасёлак беларускіх будаўнікоў БАМа.
Такія
домікі ні палях пабудаваны ў пасёлку, да сьцен якога падступае адвечная тайга, а
вуліцы пракладзены па вечнай мерзлаце.
Весела
жывуць у залацінскім дзіцячым садзіку “Зубраня” дзеці будаўнікоў БАМа.
На многіх
будынках галоўнай вуліцы пасёлка прымацаваны вось такія шыльдачкі.
Фота
аўтара.
/Чырвоная
змена. Мінск. 6 мая 1976. С. 2./
Сёньняшняя Залацінка ўжо набыла
контуры сапраўднага гарадзкога пасёлка. Галоўная вуліца — праспэкт імя Героя
Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Паабапал яго разьмясьціліся кантора БМП-578,
пошта, дом быту, ашчадная каса, паліклініка, шкода, гасьцініца, магазыны
прамтаварны, прадуктовы, кніжны, шмат іншых пабудоў.
У будаўніча-мантажным поезьдзе
578 налічваецца каля 600 чалавек. З іх амаль 400 — прыехалі з Беларусі. Звыш
300 чалавек зьяўляюцца камсамольцамі.
Расьце Залацінка, прыгажэе
добраўпарадкоўваецца. Па выніках усесаюзнага агляду-конкурсу яна прызнана
лепшым пасёлкам на цэнтральным участку БАМа.
— Сапраўды, залатое месца тут,
— захапляліся дзяўчаты з брыгады тынкоўшчыкаў-маляроў, якую ўзначальвае
віцябчанка Сьвятлана Аўсюк. — Асабліва летам. калі зеляніна навокал і цудоўныя
сыбірскія кветкі. А паветра якое! Настоенае на травах і смаловых пахах, чыстае,
бы бальзам. А чаму Залацінка называецца? Ды таму, што багацьці тут незьлічоныя.
Побач, за нейкія два кілямэтры адсюль, працякае рачулка. Летам тут штогод
працуюць золатаздабытчыкі...
А пасьля дзяўчаты сталі
экскурсаводамі — мы пайшлі знаёміцца з новабудоўлямі Залацінкі. Іх нямала зараз
у пасёлку: першая на ўсім БАМе крытая спартыўная заля, склад-халадзільнік,
прыбудова да школы (з будучага года яна будзе сярэдняй), жылыя дамы...
Дзяўчаты з такім захапленьнем расказвалі пра
свой пасёлак і яго людзей, пра багацьці і цудоўную прыроду мясцовага краю, што
здавалася: яны пражылі ў суровай сыбірскай тайзе не адзін дзесятак гадоў,
ведаюць да драбніц усе сакрэты і капрызы вечнай мерзлаты.
А на самай справе яшчэ і года
няма. як яны тут. Прыехалі хто адкуль, з рознымі спэцыяльнасьцямі.
Будаўнік Ларыса Асіпенка — з
Полацка, працавала ў Віцебскай ПМК.
Ніна Чорная — з Бабруйскай
швейнай фабрыкі.
Мантажніца Наташа Лапшава
прыехала з Брэста з электрамэханічнага завода. Гэтак жа, як і яе сяброўка Ганна
Шахрай.
А брыгадзір Сьвятлана Аўсюк
працавала ў віцебскай цырульні “Луньнік”.
Тут жа ўсе яны аб’ядналіся ў
брыгаду тынкоўшчыкаў-маляроў. Прайшлі навучаньне ў Тындзе, авалодалі спэцыяльнасьцю.
Экзамэн трымалі на аддзелцы таго самага інтэрната, у якім зараз самі жывуць.
11 чалавек, з рознымі
характарамі, рознымі спэцыяльнасьцямі, сталі адной сям’ёй. Клопаты — на ўсіх,
радасьці — таксама на ўсіх. І калі зьбяруцца вечарам разам у інтэрнаце, дзе
жывуць дзяўчаты, слухаюць любімыя песьні, зноў і зноў ставяць хрыплівую ад
частага карыстаньня пласьцінку з запісамі “Песьняроў”. А пасьля пойдуць
задушэўныя размовы пра пляны на будучае, спрэчкі пра любімых артыстаў і
прачытаныя кнігі. І зноў, у каторы ўжо раз, пачынаюць расказваць пра свае
родныя мясьціны.
Галя Расьлякова — пра свой горад па Волзе —
Горкі, Валя Нікіціна — пра вячэрнія агні Краснадара. А беларускія дзяўчаты —
пра новабудоўлі Віцебска, пра Наваполацк, Салігорск, пра чуйную пагранічную
цішыню Брэста.
І не таму заводзяць размовы пра
дом, што сумуюць па сьцяжынках дзяцінства (хоць, безумоўна, і гэта не апошняя
прычына). Проста кожная з дзяўчат хоча знаць пра сябровак усё, хоча паўней
уявіць нашу неабсяжную Радзіму...
Рознымі шляхамі ішлі яны да
сваёй мэты і мары.
Камсорг брыгады Наташа
Лапшава, напрыклад, адмовілася ад чыстай (заўсёды ў белым халаціку і шапачны)
работы, ад цёплай і ўтульнай бацькоўскай кватэры
— Не было дзе па-сапраўднаму
разгарнуцца, — крыху пакрыўджана і з выклікам гаворыць Наташа. — Цэлы дзень
сядзіш на канвэеры і зьбіраеш ляпы і тыя ж дэталі. Пасьля нават не ведаеш, дзе
яны і як працуюць. Патрэбная, вядома, работа. Але вынікі яе неяк не усьведамляліся,
былі нейкімі не матэрыялістычнымі. Тут жа іншая справа. Што зрабіў — адразу
бачна. І тое, як зрабіў — таксама заўважаць. Тут усё навідавоку А таму і
адказнасьць большая. Мы. акрамя ўсяго іншага, яшчэ і настрой ствараем...
— Ад таго, як пафарбуем
сьцены ці паклеім іх шпалерамі, залежыць настрой жыхароў, — далае Ніна Чорная.
- Дрэнна зробіш —нідзе не схаваесься. Тут кожны на вачах ва ўсіх. І ніхто не
хоча, каб у пасёлку зьняважліва гаварылі: “А, гэта Наташа ці Галя фарбавала”. А
задаволены жыхары —і мы з горда ўзьнятай галавой ходзім. Значыць, нездарма хлеб
ядзім, нездарма на край сьвету ехалі...
Такая ў іх філязофія.
Бамаўская філязофія. Магчыма, крыху максымалісцкая, але правільная. Бо будуюць
яны для сябе, а адзін з будаўнікоў зазначыў: “Калі не для сябе, дык для сябра,
калегі. А сяброў падводзіць нельга”. Таму і падыходзяць да сябе і да іншых з
высокай меркай патрабавальнасьці, не даруюць нават самага нязначнага парушэньня.
Калі хваляць чалавека, то заслужана, не баяцца добрых слоў сказаць. А калі ты
вінаваты ў нечым, то таксама атрымаеш, як кажуць, пад самую завязку.
Расказвалі такі выпадак. З
першага дня было вырашана берагчы прыроду. Без патрэбы не зьнішчаць ніводнага
дрэўца. Таму і растуць побач з самай сьцяной дома (нават зьдзіўляесься, як
працавалі тут будаўнікі) прыгажуні-сосны ды лістоўніцы. Здарылася неяк на адным
з аб’ектаў, што бульдазэрыст выкарчаваў дзьве “лішнія” лістоўніцы. За гэта яго
добра “прабралі” сябры, а кіраўніцтва на некалькі тыдняў адхіліла ад работы. І
гэта тут, дзе на сотні кілямэтраў навокал лес, дзе дрэў, як кажуць, хоць гаць
гаці!..
Па рознаму ўвайшла ў іх
біяграфіі Байкала-Амурская магістраль. Для Наташы Лапшавай — гэта даўно чаканая
магчымасьць выпрабаваць сябе. Бо, як прызнаецца Наташа, надакучыла быць за
бацькоўскай сьпіной, увесь час пад апекай: “Не рабі тое, не едзь далёка...”
Захацелася, нарэшце, праверыць сябе — а хто ж я такая? Ці змагу, як іншыя,
спраўляцца з цяжкасьцямі, ці пераадолею нягоды? Хацела на КамАЗ трапіць, але не
ўдалося. І на БАМ з першага заходу не трапіла. Толькі ў ліпені мінулага года
атрымала, нарэшце, пуцёўку. Дома, вядома, быў сапраўдны перапалох: як адпусьціць
адзіную дачку ў такую далячынь, у сьнег і мароз, у палаткі?..
А Наташа не спалохалася
цяжкасьцей. І не страціла яна нічога, а наадварот — набыла. Упэўненасьць у
сваіх сілах, жаданьне самой будаваць свой дом, сваё шчасьце, сваю будучыню.
І калі хто спытае, як назваць
тое галоўнае, што прывяло сюды Наташу і яе сябровак, што прымусіла іх зьмяніць
чыстую і спакойную работу цырульніка ці зборшчыка на неўладкаванасьць і
нялёгкую працу будаўнікоў, сьвяточныя сукенкі і элегантныя туфэлькі на
заляпаныя фарбай камбінэзоны і цяжкія кірзавыя боты, адказ будзе адзін —
рамантыка.
Так адказалі ўсе дзяўчаты з
брыгады Сьвятланы Аўсюк, з якімі я гутарыў. І ў гэта слова яны ўкладвалі не
нейкі абстрактны сэнс, а зусім канкрэтныя паняцьці. Так, рамантыка для іх —
гэта і сінія вятры, і дым кастра, і новыя мясьціны. Але рамантыка — гэта і
пераадоленьне цяжкасьцей (Ларыса Асіпенка), і загартоўка характару (Наташа
Лапшава), і імкненьне самой пабудаваць горад (Ніна Чорная), і сапраўдная
справа, якая патрабуе самастойнасьці і адказнасьці (Сьвета Аўсюк).
І няма месца тут бяздумна
ружоваму ўяўленьню аб рамантыцы, як аб нечым казачным і лёгкаспакусьлівым. Есьць
суровыя і нялёгкія будні, напоўненыя рамантыкай стваральнай дзейнасьці,
рамантыкай сапраўднай працы (аж да сёмага поту), ёсьць высокае праяўленьне
сапраўднай сьвядомасьці і маралі.
Яны ехалі сюды не на дзень і
не на два. Ехалі будаваць магістраль і будаваць сябе. Ехалі жыць у неабжытым
краі. Таму і не згаджаюцца на ціхае і спакойнае існаваньне. І на камсамольскіх
сходах брыгады гавораць горача, адкрыта і праўдзіва. Усе пытаньні вырашаюць
калектыўна, прыслухоўваюцца да думкі кожнага. А кожны не толькі выказвае нейкую
прапанову, але і гатовы сам яе ажыцьцявіць. Сьмела ідуць у камітэт камсамола:
прапануюць, вырашаюць, патрабуюць. Распадаецца танцавальны гурток — гатовы
падтрымаць яго жыцьцядзейнасьць. Патрэбна выйсьці на суботнік — будуць першымі.
І гэтак у кожнай справе. Бо
яны тут гаспадары. Гаспадары вялікай будоўлі і свайго лёсу, рамантыкі сямідзесятых
гадоў.
Гэта і пра іх гаварыў на
ўрачыстым сходзе, прысьвечаным гадавіне Беларускага атрада, другі сакратар
Якуцкага абкама ВЛКСМ Мікалай Грачоў:
— Калі вы ўпершыню ступілі на
суровую якуцкую зямлю, магчыма, нехта падумаў: а ці адолеем мы векавую тайгу і
вечную мерзлату? Сёньня ўжо можна сказаць: адолелі, справіліся з першыні
выпрабаваньнямі. На карце Якуціі зьявіўся новы сучасны пасёлак, а вашы справы
добра вядомы ўсёй нашай краіне...
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
На здымку: Ларыса Асіпенка.
Фота
аўтара.
/Чырвоная
змена. Мінск. 25 мая 1976. С. 2./
Самая папулярная і масавая
прафэсія ў Залацінцы — будаўнік. Гэта абумоўлена галоўнай задачай Першага
беларускага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі — пабудаваць на
трасе Малога БАМа станцыю Залацінка. Побач з чыгункай павінны вырасьці і
пяціпавярховыя панэльныя шматкватэрныя дамы. Узьвядзеньне іх пачнецца ў другім
паўгодзьдзі сёлетняга года.
Гэта — галоўная задача атрада.
Аднак ёсьць і іншыя, не менш адказныя. Сёньня байцы-кедышкаўцы заняты таксама
на ўзьвядзеньні станцыі ў Беркакіце — за 45 кілямэтраў ад Залацінкі,
пракладваюць трубы-водаадводы ў Лапрах, што за 80 кілямэтраў ад галоўнага
пасёлка, працуюць у прарабскім участку ў Тындзе — за 156 кілямэтраў ад Залацінкі.
Такая “геаграфія” атрада. безумоўна, выклікае пэўныя цяжкасьці ў арганізацыі
камсамольскай работы. Нялёгка камітэту камсамола БМП-578, які дагэтуль не мае
правоў ряйкама, без уласнай машыны.
Тым большы гонар
камсамольскім актывістам атрада, якія змаглі наладзіць сапраўды цікавае
грамадзкае жыцьцё, здолелі выхаваць на БАМе калектыў. Прытым такі, што многія
прадпрыемствы ці арганізацыі, якія маюць значна большы вытворчы “стаж”, могуць
толькі пазайздросьціць. А сабраліся ж людзі сюды з
розных куткоў краіны — звыш 15 нацыянальнасьцей жывуць у Залацінцы.
Штодзень БАМ прымас новае папаўненьне.
І вось гэты сапраўдны
інтэрнацыянальны атрад змог за кароткі тэрмін стаць калектывам, дзе не на
словах, а на справе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, дзе няма месца адасобленасьці
і праяўленьню індывідуалізму, а ў паняцьце “маё” ўкладваецца нейкі
своеасаблівы, я сказаў бы, грамадзкі сэнс. Мой пасёлак, мая работа, мая
чыгунка, мой абавязак...
Тыя, каму сёньня крыху больш
за дваццаць, хто ў наш век аксэлерацыі прывык да камфорту і добраўпарадкаванасьці,
прамянялі ўсё гэта на цесны пакойчык у інтэрнаце, дзе няма водаправода і
цэнтральнага ацяпленьня, прамянялі карцінныя галерэі і тэатральныя прэм’еры на
бестэлевізарную тайгу. Сапраўды, як падкрэсьлівае ў “Литературной газете”
Вольга Чайкоўская, БАМ паставіў своеасаблівы сацыяльны экспэрымэнт. Я дадам: і
пасьпяхова вырашае. Паказвае высокую духоўную сталасьць савецкай моладзі, яе
здаровыя маральныя і матэрыяльныя запатрабаваньні, гатоўнасьць да будзённага,
непрыкметнага, непаказнога і сапраўды самаадданага працоўнага гераізму. У гэтым
я яшчэ раз пераканаўся, наведаўшы ўчастак Сашы Ручкіна.
Гэтую мясьціну, дзе разьмясьцілася
менш чым дзесятак будаўнічых вагончыкаў, называюць Лапры. Тут працуюць дзьве
брыгады маставікоў — тых, хто пракладвае пад трасай чыгункі трубы-водаадводы.
Брыгада Леаніда Завалеева і вядомая далёка за межамі Якуціі брыгада Паўла
Глухатарэнкі.
— Вядомая сваімі выдатнымі
працоўнымі перамогамі, — зазначыў Саша Ручкін — Усяго на трасе БАМа сёньня
знаходзяцца пяць пераходных Чырвоных сьцягоў “Героі пяцігодак, вэтэраны працы —
лепшаму камсамольска-маладзёжнаму калектыву”. І два з іх у беларусаў. Адзін — у
брыгадзе Аляксандра Нікіценкі, якая працуе ў Шыманоўску, а другі сьцяг сакратар
ЦК ЛКСМБ Барыс Саўчанка ўручыў на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным гадавіне
атрада, брыгадзе Паўла Глухатарэнкі...
Я назіраў за работай
маставікоў, за тым, як яны “ваююць” з вечнай мерзлатой, і бачыў, як неахвотна
суровая прырода паддаецца людзям. І яшчэ зразумеў, што хлопцы з участка Лапры
не будуць прасіць у яе літасьці, яны сваёй настойлівасьцю прымушаюць тайгу
скарыць наравісты характар.
Будаўнікі расказалі: каб пракласьці
трубу-водаадвод, патрэбна праз таўшчыню вечнай мерзлаты дабрацца да скалы.
Няхай гэта таўшчыня будзе 2-х ці 10-мэтровай. Іначай нельга. У марознае надвор’е
водаадвод разам з чыгункай можа ўзьляцець у паветра: вада, якую выціскае з
зямлі мароз, разбурае працу рук чалавека і выштурхоўвае трубы разам з рэйкамі
на паверхню. Каб гэтага не здарылася, двухмэтровыя блёкі са спэцыяльнага
марозатрывалага бэтону сцэмэнтоўваюць са скалой і кладуць гіграскапічную
ізаляцыю — тры слаі спэцыяльнай шклотканіны, пакрытай бітумам.
Хлопцы працуюць на гэтых
апэрацыях так заўзята і спрытна, быццам усё жыцьцё яны толькі тое і рабілі, што
пракладвалі водаадводы. На самай жа справе ніхто з іх раней не займаўся гэтым.
Мікалай Глухатарэнкя,
напрыклад, прыехаў у Якуцію з Мазыра, дзе працавяў на будаўніцтве нафтаперапрацоўчага
завода.
— Глухатарэнкаў у нас ужо
цэлая дынастыя, — жартуе Саша Ручкін, — Брыгадзір Павел, яго родны брат
Мікалай, іх жонкі Тамара і Людміла, маленькі бамавец — сын Паўла Мікалай.
—З такой брыгадай мы хоць да
Ціхага акіяна, — жартуе майстар Андрэй Ільін.
Андрэй толькі ў мінулым годзе
закончыў Хабараўскі Інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту і папрасіў
накіраваньне на БАМ. Разам з жонкай Людмілай, якая зараз працуе
тынкоўшчыцай-маляром, прыехаў малады спэцыяліст у Залацінку.
— Беларускія хлопцы — гэта сапраўдныя
майстры, — гаворыць Андрэй — Шмат такіх у атрадзе. Адзін з многіх — Саша
Ручкін. Чалавек высокай адказнасьці і сьвядомасьці, камсорг участка.
Гэтыя рысы, як высьветлілася
пасьля ў размове, выхаваны ў Сашы з дзяцінства. Хлопец бачыў, як рупліва і
старанна працуюць бацькі, як адносяцца яны да справы. Часта ўспаміналі маці
Вольга Лук’янаўна і бацька Іван Андрэевіч цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны,
той час, калі суровы ваенны лёс закінуў Івана з Алма-Аты ў беларускія лясы.
Тут, на Гомельшчыне, пазнаёміўся партызан Іван з Вольгай. А неўзабаве і вясельле
згулялі. Пасьля вайны бацька Сашы працаваў у Ельску, затым вырашыў паехаць на
Сахалін: там патрэбны былі шахцёры. Калі Саша падрос, пацягнула яго ў родныя
мясьціны. Вярнуўся ў Ельск, стаў працаваць на заводзе жалезабэтонных вырабаў.
Ажаніўся.
На БАМ паехаў не раздумваючы:
гэта той магніт, які не толькі прыцягвае, але і фарміруе характары. Спачатку
адзін — у разьведку. А пасьля ўзяў адпачынак і прывёз у Залацінку жонку і
пяцігадовага сына. І гэтыя мясьціны сталі для іх роднымі.
— Мы, напрыклад, з жонкай цьвёрда
вырашылі: ехаць сьледам за бамаўскім цеплавозам. Пакуль не ўручым чыгуначнікам
ключы ад апошняга ўчастка БАМа, не пакіну гэты краі, — гаворыць Саша.
Так думаюць і іншыя бамаўцы.
Малы БАМ па пляну павінен закончыцца ў Беркакіце. А многія кедышкаўцы лічаць,
што і далей пойдуць рэйкі — да Чульмана, ці нават да Якуцка. Аптымістычныя
прагнозы. І нарадзіліся яны, мабыць, з лёгкай рукі такіх летуценьнікаў-будаўнікоў,
як камсорг Саша Ручкін, які, акрамя ўсіх іншых клопатаў, пасьпявае езьдзіць і
на экзамэнацыйныя сэсіі ў Кіеў. Ён — студэнт-завочнік будаўнічага тэхнікума.
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
/Чырвоная
змена. Мінск. 30 мая 1976. С. 2./
Пісьмы ў Залацінку прыходзяць часта. І не толькі ад родных і блізкіх. Часта ад зусім незнаёмых хлопчыкаў і дзяўчынак Пішуць усім клясам, піянэрскім атрадам, камсамольскай групай. Зваротныя адрасы самыя розныя: Малдавія, Грузія, Украіна, але найбольш лістоў з Беларусі. Паведамляюць пра свае справы, высылаюць кнігі і іншыя падарункі, просяць расказаць пра будоўлю стагодзьдзя, яе першапраходцаў.
На многія пісьмы камітэт
камсамола будаўніча-мантажнага поезда № 578 адказвае сам, многія перадае ў
Залацінскую васьмігадовую школу.
Гавораць, што любое паселішча
перастаюць называць часовым, калі там зьявілася школа. Сёлетнім верасьнем
Залацінская школа адзначыць сваю першую гадавіну і пачне весьці біяграфію, як
сярэдняя.
Успамінае завуч школы Лідзія Андрэеўна
Косціна:
— Я прыехала ў Залацінку ў
пачатку жніўня мінулага года На месцы будучай школы тварылася штосьці
неверагоднае, бо работы там ішлі, як мне сказалі, толькі трэці тыдзень. Я моцна
сумнявалася, што 1 верасьня тут прагучыць першы званок. Але яшчэ больш
зьдзівілася, калі брыгада будаўнікоў Фёдара Ваканава
1 верасьня ўручыла нам сымбалічны ключ ад новенькага школьнага будынка, ля
якога быў узьняты чырвоны сьцяг. Здавалася, сама прырода дзівілася такім
нябачным тэмпам — 1 верасьня выпаў першы сьнег.
“На шчасьце і на багацьце —
жартавалі тады будаўнікі. І словы іх спраўдзіліся. Шчасьліва і весела зажылі
першыя школьнікі-бамаўцы. Не памыліліся будаўнікі і наконт багацьця. Амаль
штодня “багацела” школа. Калі ў пачатку навучальнага года 195 хлопчыкаў і
дзяўчынак селі за парты, то ў другой чвэрці іх было ўжо 240, а да канцу трэцяй
— амаль 300. Убачыўшы такі бурны рост, будаўнікі вырашылі расшырыць школьны
будынак.
— Нялёгка было пачынаць, —
расказвае дырэктар школы Лідзія Паўлаўна Тапалёк. — Асабліва цяжка з мэтадычнай
літаратурай. Нават на гэтага часу мы адчуваем востры “голад” на яе. З іншымі
нагляднымі дапаможнікамі справы абстаяць значка лепш. І адно з першых адрозьненьняў
нашай школы — гэта пастаяннае папаўненьне клясаў. Калі першаклясьнікаў было
спачатку 32, то ўжо ў сярэдзіне года колькасьць іх падвоілася і давялося ствараць
два першыя клясы. Затое для інтэрнацыянальнага выхаваньня ў нас самыя
спрыяльныя ўмовы: у школе займаюцца прадстаўнікі каля 15 нацыянальнасьцей...
Разам з Л. П. Тапалёк мы
знаёміліся з клясамі, піянэрскім пакоем, лябараторыямі. І настаўнікі, і самі
вучні з захапленьнем і гордасьцю расказвалі пра школу, пра справы піянэраў,
камсамольцаў. Як высьветлілася, школьнікі, бадай, самы дасьведчаны народ і ў
справах Першага ўдарнага беларускага атрада: шмат ведаюць пра Героя Савецкага
Саюза Мікалая Кедышку, могуць расказаць хто, дзе і нават як працуе, што
ўзводзіць, ведаюць усе маркі і тэхнічныя даныя шматлікай айчыннай і замежнай
тэхнікі, што працуе на БАМе.
Гэта і не дзіўна. Бо самі
вучні, акрамя самаабслугоўваньня ў школе, дапамагалі дарослым ва ўзьвядзеньні
школьнай прыбудовы, на будаўніцтве жылых дамоў, лазьні. І зараз, у час летніх
канікулаў, многія школьнікі знаходзяцца ў лягеры працы і адпачынку, дапамагаюць
бацькам у добраўпарадкаваньні свайго пасёлка, які лічыцца лепшым на БАМе.
Жывуць вучні цікавым і разнастайным
жыцьцём. Традыцыйнымі сталі інтэрнацыянальныя сходы і піянэрскія зборы, у час
якіх прадстаўнікі розных рэспублік Савецкага Саюза расказваюць пра свае родныя
мясьціны. З аднолькавай увагай слухалі сябры-пяціклясьнікі Надзю Крываручка з
Анапы і Лілю Чыгір з Казахстана, Юру Бачылу з Мінска і Андрэя Лабузнова з
Магілёва.
Гэта, бадай, адзін з лепшых
піянэрскіх атрадаў школы. Ён заняў першае месца ў аглядзе-конкурсе строю і песьні,
шэфствуе над акцябратамі, піянэры зьяўляюцца самымі актыўнымі ўдзельнікамі
школьнага клюба інтэрнацыянальнай дружбы, чальцы якога вядуць перапіску не толькі
з многімі школамі нашай краіны, але і са
сваімі замежнымі равесьнікамі. Ды і па пасьпяховасьці пяты кляс адзін з лепшых
у школе. Моцна дружаць паміж сабой вучні, арганізуюць паходы ў сопкі. зьбіраюць
зьвесткі пра расьлінны і жывёльны сьвет тайгі. А ў сваіх сачыненьнях
расказваюць пра тых герояў, з якіх стараюцца рабіць жыцьцё. Большасьць гэтых
герояў жывуць побач, будуюць родную Залацінку, працуюць у Тындзе ці Беркакіце.
І яшчэ ў гэтых сачыненьнях ды іншых творчых конкурсах пераносяцца думкамі ў далёкую
і ўжо блізкую будучыню суровага сыбірскага краю.
І бачаць сябе будаўнікамі
чыгункі не толькі да Беркакіта, а і далей — да Чульмана і Якуцка, уяўляюць сябе
машыністамі магутных цеплавозаў, якія імчаць з каштоўнымі багацьцямі Якуціі ў
цэнтар нашай краіны, мараць аб прафэсіі
лётчыкаў, якія будуць пілятаваць легкакрылыя машыны ў адным з буйнейшых
аэрапортаў краіны — Чульмане...
Пакуль што гэта толькі мары.
Але мары рэальныя і зайздросныя. Бо пройдзе зусім мала часу, і многія з іх
зьдзейсьняцца. І не толькі тыя, што загадвалі ў думках ці сачыненьнях
сёньняшнія школьнікі Залацінкі. Зьдзейсьніцца і тое, аб чым яны сёньня яшчэ і
не мараць. Бо ў Малога БАМа вялікая будучыня. Ствараюць жа яе бацькі сёньняшніх
школьнікаў — першапраходцы. А, як вядома, за першапраходцамі ідуць тыя, хто
застаецца ў новых мясьцінах назаўсёды.
І хто ведае, магчыма, многія
з гэтых пяціклясьнікаў стануць праз некаторы час гаспадарамі чыгуначнай станцыі
Залацінка, якую пабудавалі іх бацькі — пасланцы камсамола Савецкай Беларусі —
на вялікай трасе Байкала-Амурскай магістралі. Такімі гаспадарамі якуцкіх багацьцяў
стануць многія з сёньняшніх школьнікаў, каму працягваць добрую славу
першабудаўнікоў-кедышкаўцаў, сваім чалавечым цяплом саграваць суровую і вечна
мёрзлую зямлю Якуціі. Бо настолькі вялікая гэта магістраль — БАМ, што для
кожнага жадаючага знойдзецца на ёй свая станцыя — станцыя сапраўднага
прызнаньня і шчасьця...
Мы разьвіталіся з
маставікамі. І ўжо ў юркім “газіку” я зноў і зноў успамінаў будаўнікоў Лапры,
думаў пра нялёгкі хлеб пакарыцеляў вечнай мерзлаты, пра якіх, бадай, можна
сказаць мічурынскімі словамі: яны не могуць чакаць міласьцей у прыроды, узяць
іх у яе — такая задача. На памяць прыйшоў выпадак, расказаны камісарам атрада
Мікалаем Бондаравым.
Мінулай восеньню, першым у
гісторыі атрада імя Мікалая Кедышкі, у сям’і Паўла Глухатарэнкі нарадзіўся сын.
1 верасьня 1975 года. Першынец. Гэта было сьвята ўсяго атрада. Кожны адчуў нейкую
асаблівую ўзьнёсласьць і радасьць: значыць, абжываецца вечная мерзлата. значыць
стала яна для многіх роднай.
Першае немаўлятка ў
беларускай Залацінцы, равесьнік БАМа.. На сямейным савеце Павел і Тамара
згадзіліся назваць сына Паўлікам. І было бы так, калі б не адна акалічнасьць.
Якраз у гэты час байцы Першага
беларускага атрада вырашылі ўключыць у свой састаў Героя Савецкага Саюза
Мікалая Кедышку, выконваючы за яго нормы выпрацоўкі, а заробленыя грошы
пералічваць у Фонд міру. Ідэю падтрымалі аднагалосна, напісалі пісьмо ў Мінск
маці героя Веры Паўлаўне. Яе ўсхваляванае і ўдзячнае пісьмо-адказ чыталі ўсім
атрадам. Шчырыя словы старэнькай маці запалі глыбока ў душу.
Павел і Тамара Глухатарэнкі
параіліся і прыйшлі да думкі памяняць імя сыну, назваць яго Мікалаем. У гонар
адважнага мінскага падпольшчыка.
І гадуецца зараз у Залацінцы
Коля Глухатарэнка, цёзка героя мінулай вайны. А калі падрасьце сын і разам з
першым словам “мама” вымавіць “БАМ”, бацька раскажа яму пра пачатак БАМа, пра
магістраль камсамольскай мужнасьці. І абавязкова — пра гісторыю яго імя, пра
таго, хто сэрцам сваім засланіў мір і спакой на зямлі, пра добрыя і ласкавыя
словы названай Колевай маці — Веры Паўлаўны Кедышка: Няхай з малых гадоў
усьведамляе юны Глухатарэнка высокую асабістую адказнасьць за свае ўчынкі, за
захаваньне міру, за лёс Радзімы.
Хай з глыбіні душы яго ўздымецца
вялікае пачуцьце гордасьці за сваіх першапраходцаў-бацькоў і іх сяброў-будаўнікоў,
за велічны помнік камсамольскай славы — Байкала-Амурскую магістраль, якая
назаўсёды будзе прапісана ў пашпарце Мікалая Паўлавіча Глухатарэнкі, як месца
яго нараджэньня.
А калі споўніцца яму і дваццаць
галоў, хай успомніць свайго аднагодку і цёзку Мікалая Кедышку, які ў далёкім і
суровым 1943-м аддаў сваё жыцьцё ў барацьбе супраць страшнага і ненавіснага
ворага чалавецтва — фашызму. Хай памяць пра гэта заўсёды жыве ў яго душы і
вучыць быць добрым да людзей і непрымірымым да зла.
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
/Чырвоная
змена. Мінск. 19 жніўня 1976. С. 2./
Мы сустрэліся на будаўнічай пляцоўцы. Брыгада Васіля Жураўскага вяла мантаж спартыўнай залі — першай на ўсім БАМе. І ён, брыгадзір, таксама быў заняты неадкладнымі вытворчымі справамі, хоць і пасьпяваў, калі спатрэбіцца, параіць, падказаць сваім таварышам. Ён жа адказваў не толькі за сябе. Іменна адказваў. Тут, сярод бамаўцаў, гэта слова, бадай, ужываецца найменш. Але сэнс узаемаадносін у калектыве, тыя няпісаныя правілы, па якіх жывуць кедышкаўцы, інакш і не вызначыш, чым словам “адказнасьць”.
І адказнасьць за слова ў
першую чаргу. Бо лягчэй за ўсё паабяцаць, моцна выгукнуць, каб пачулі іншыя. А
пасьля здараецца, што сілы хапае толькі на выгук, а не на рух. У байцоў атрада
імя Мікалая Кедышкі так не бывае. Паабяцалі тэрмінова справіцца з заданьнем
першага квартала — у дзень адкрыцьця XXV зьезда КПСС рапартавалі яго дэлегатам
аб завяршэньні квартальнай праграмы. Вырашылі працаваць па-гвардзейску — не
падводзяць. У шарэнгах бамаўцаў сёньня Герой Савецкага Саюза Мікалай Кедышка.
Заробленыя грошы пералічваюць
на будаўніцтва помніка герою. Акрамя таго, у атрадзе нарадзілася спаборніцтва
за права ўкладкі залатога — першага на тэрыторыі Якуцкай АССР — зьвяна чыгункі.
Узважылі неабходнасьць і значнасьць гэтага і вырашылі: быць яму 5 лістапада
1976 года. І не пазьней, хаця ўмовамі сацыялістычнага спаборніцтва сустрэча на
граніцы Амурскай вобласьці і Якуцкай АССР прадугледжвалася 25 сьнежня.
Камсамольская адказнасьць нарадзіла новы тэрмін — 5 лістапада.
А пакуль што праводзяцца
суботнікі ў фонд будаўніцтва поезда “Камсамолец Якуціі” і спаборніцтва за права
быць яго першымі пасажырамі. Далі слова сумесна з якуцкай моладзьдзю пабудаваць
поезд, і ніхто не сумняваецца, што так і будзе.
Гэта ўсё я ведаў яшчэ да
сустрэчы з Васілём Жураўскім. Яшчэ ведаў, што Васіль —чалавек слова. Магчыма,
найпершы з першых. Як расказвалі, і гэта аказалася не перабольшаньнем, ён
наогул гаворыць мала. Падумае спачатку, узважыць. А калі сказаў — як адрэзаў:
ад свайго не адступіць...
Павіталіся. Рука цьвёрдая і
шурпатая ад мазалёў.
На вуліцы мароз (мая шарыкавая
ручка “адмовілася” пісаць), а Васіль, як і іншыя хлопцы, без рукавіц. Хаця жалезныя
апоры і рэйкі, якія манціравала брыгада, не гарачы каравай, аднак хлопцы быццам
не заўважалі, што даймае красавіцкі мароз.
Васілю Жураўскаму 24 гады.
Вось ён — загарэлы, абветраны твар (куды тут раўняцца сочынскаму загару),
сярэдняга росту, шыракаплечы, крыху расставіўшы ногі, упэўнена стаіць на зямлі.
І не толькі ў прамым сэнсе.
Біяграфія яго звычайная, бадай,
для нашага пакаленьня. Маці — даярка на фэрме ў калгасе “Савецкая Беларусь”
Нараўлянскага раёна. Бацька — франтавік, таксама працуе на фэрме. Малодшыя брат
і сястра — будаўнікі, сярэдні брат — мэханізатар. Сам Васіль прайшоў школу
ўдарнай камсамольскай будоўлі на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Калі шчыра,
дык асаблівай актыўнасьцю не вызначаўся. Чаму? Цяжка вось так адразу высьветліць
прычыну. Мажліва не было таго адчуваньня высокай асабістай адказнасьці, без
якога немагчыма праяўленьне сапраўднай асобы. А можа драмала да пэўнага часу не
разбуджанае ні абставінамі, ні сябрамі пачуцьцё самавыяўленьня.
А тут раптам абставіны прымусілі
глянуць на самога сябе па-іншаму. Прыехалі на БАМ усе ў аднолькавым званьні —
“радавыя” вялікай будоўлі. Неўзабаве ж гэтая будоўля запатрабавала і сваіх
брыгадзіраў, і камсоргаў, і інжынэраў, і камісараў. Прытым спэцыялістаў высокай
пробы. І не толькі прафэсійнай, а нават хутчэй сацыяльнай. Гэта адчуў кожны з
першапраходцаў. Адчуў адразу, як толькі ступіў на вечную мерзлату некранутай
якуцкай тайгі. І зразумеў, што аб абліччы першабудаўнікоў якуцкай магістралі
патомкі — ды і сучасьнікі таксама — будуць меркаваць па справах і жыцьці
кожнага з іх — 116 першых беларускіх камсамольцаў-добраахвотнікаў.
Усьвядоміўшы гэта, кедышкаўцы
зразумелі і тое, што з першых крокаў нельга хібіць і хітрыць ні перад таварышамі,
ні тым больш перад сабой. Таму, магчыма, адразу і ўсплылі як штосьці
непатрэбнае нешматлікія аматары лёгкага прыгодніцтва і “доўгага” рубля.
Да такіх у Васіля адносіны
своеасаблівыя. Калі пераканаецца, што чалавек толькі дзеля грошай ехаў на край
сьвету, то ніякага шкадаваньня аб такім і ніякай паблажкі. Калі ж сэрцам адчуе,
што памыляецца юнак, што можа яшчэ выправіцца, сьмела бярэцца за нялёгкую
справу перавыхаваньня. Ёсьць у брыгадзе хлопец, якога выключылі з атрада.
Многіх ён падводзіў, і ніхто не хацеў верыць яго слову. Васіль паверыў, толькі
сказаў пры гэтым:
— Улічы, твая апошняя магчымасьць...
І справы пайшлі на лад. Не
давялося юнаку вяртацца дамоў з дрэннай рэпутацыяй, застаўся ў брыгадзе Васіля
Жураўскага. Застаўся надоўга, як засталіся і іншыя байцы атрада, якія цьвёрда
стаялі на зямлі і неяк асабліва выразна адчулі сваю моц, сілу і свае магчымасьці.
Заданьні, якія самі перад сабой ставілі, самі ж з зайздросным пастаянствам
перавыконвалі.
Калі расказвалі пра гэтыя
першыя дні, калі назіраў за работай брыгад Фёдара
Ваканава, Паўла Глухатарэнкі, Васіля Жураўскага, міжволі ўспомнілася
слова “штурм”. Не штурмаўшчына, не працэнты дзеля галачак у справаздачах і ўзнагарод,
а іменна прадуманы і абгрунтаваны штурм, здавалася, неверагодных норм выпрацовак.
Гэта нават не проста штурм, а нейкі своеасаблівы камсамольскі ўздым, адчуваньне
не да канца выкарыстаных магчымасьцей, імкненьне рабіць усё, што называецца, на
адным дыханьні.
Падумалася, што іменна гэтыя
фактары нарадзілі камсамольскае ўдарніцтва трыццатых гадоў, стаханаўскія
рэкорды. Менавіта гэтым парывам, рыўком жывуць і цяперашнія бамаўцы, для якіх,
здаецца, ніякія імі ж вызначаныя нормы не мяжа. Проста яны намячаюць для сябе
рубеж чарговага рыўка, да якога імкнуцца з апераджэньнем часу. І танк
пастаянна: зьмена стартаў і фінішаў аж да канчатковай перамогі — калі рэйкі
прарэжуць тайгу да самага Ціхага акіяна. Што рухае гэтымі рыўкамі? Галоўнае,
бадай, жаданьне праверыць сябе: на што ж я здатны.
Пра гэта і многае іншае, што хвалявала і
нас, і бамаўцаў, мы спрачаліся з Васілём Жураўскім, калі ўсё ж агульнымі
намаганьнямі ўдалося разгаварыць яго.
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
/Чырвоная
змена. Мінск. 17 жніўня 1976. С. 3./
А разгаварыўся Васіль, бадай, пасьля таго, як мы задалі пытаньне наконт мройлівай рамантыкі, якая прывяла сюды яго, стрыманага і нават крыху непаваротлівага хлопца. Бо трошкі раней даведаліся, што іменна яна была тым апошнім штуршком, які дапамог Васілю сарвацца з прывычнага месца.
— Было нешта такое, — быццам
апраўдваючыся, гаворыць Васіль.— Колькі размоў хадзіла ў нас на будоўлі пра
БАМ. І тайга там непралазная, і мядзьведзі на кожным кроку, і сонца нават не
прабіваецца праз лясны гушчар, і наогул вакол БАМа быў сапраўдны бум. Тут і
заела мяне. Напісаў заяву. Сам хацеў пераканацца ва ўсім. Дома не гаварыў
нічога амаль да самага ад’езду.
Калі ж, нарэшце, прызнаўся,
маці спачатку адгаворвала, пасьля плакала: “Куды ты на край саету? Хіба табе
дома чаго не хапае” А бацька ўвесь час маўчаў, дарослы, галава на плячах ёсьць,
думай. Хоць Васіль адчуваў: не адабрае ён намеру пакінуць родны дом.
У апошні момант расставаньня
паляпаў бацька па плячы сына і скупа прамовіў:
— Глядзі там... Будзь як
трэба. Не падводзь...
— Ня падводзь... Гэтыя словы
і сёньня ўспамінаю ў цяжкую хвіліну. Надыдзе складаны момант, уяўлю бацьку,
успомню яго словы і не магу адмовіцца ці пакрывіць душой.
А ці падводзіць? Вось скупыя
лічбы з “экрана спаборніцтва” брыгады толькі за 2 месяцы — люты і сакавік
гэтага года У лютым давалі слова выканаць плян на 153 працэнтаў, выканалі на
157, у сакавіку адпаведна 180 і 220 працэнтаў.
У чым прычына такіх посьпехаў?
Сам Васіль схільны лічыць, што на вытворчыя паказчыкі, дарэчы, як і не іншыя
моманты — маральны клімат у калектыве, выхаваўчае значэньне працы і г. д.
уплываюць перш за ўсё два фактары. Гэта — давер’е і калектыўная
патрабавальнасьць.
— Тут асабліва важка гучыць
камсамольскае слова, — гаворыць Васіль. — Не помню выпадку каб хто-небудзь не
прыйшоў на Камсамольскі сход ці быў абыякавы да прымаемых рашэньняў. Менавіта
зацікаўленасьць кожнага стварае агульны посьпех. І што яшчэ мне здаецца важным
— гэта тое, што тут не глядзяць на чыны і званьні. Помню, як праходзіла ў нас
грамадзка-палітычная атэстацыя удзельнікаў Ленінскага заліку. Я быў членам
агульнаатраднай камісіі. Моцна дасталося на арэхі некаторым брыгадзірам, камсоргам,
нават кіраўнікам поезда. Галоўнае, што вынес сам з сустрэч і гутарак з байцамі,
гэта ўвага і зацікаўленасьць да кожнага чалавека.
Пасьля атэстацыі Васіль яшчэ
больш уважліва стаў вывучаць членаў сваёй брыгады. Хаця і да гэтага ведаў
кожнага надзвычай добра. Бо і дні нараджэньня тут адзначаюць разам, і спрэчкі
вядуць агульныя, і калі вясельле — то сьвята ўсёй брыгады. Памятае Васіль той
дзень, калі сам быў адным з першых жаніхоў БАМа і як шчыра адзначылі гэту
падзею члены брыгады.
І ўсё ж атэстацыя шмат часу
навучыла Васіля іменна як кіраўніка камсамольска-маладзёжнага калектыву.
Зразумеў, што трэба імкнуцца да таго, каб кожны член брыгады мог быць яе
кіраўніком. І ужо сёньня Васіль можа сьмела даверыць свой пост камсоргу Івану
Аляхновічу. Ды яшчэ пара хлопцаў такіх ёсьць. У астатніх жа трэба выхоўваць
рысы кіраўніка. Іменна выхоўваць, бо рана ці позна, а давядзецца многім з
брыгады самім узначаліць самастойныя ўчасткі работы.
Восіль разумее гэта і лічыць,
што найлепшым памочнікам-выхавацелем зьяўляецца сацыялістычнае спаборніцтва.
— Гэта выдатная выхаваўчая
форма, — гаворыць Васіль. — Спаборніцтва быццам высьвечвае ўсе куткі чалавечай
душы. У хцівых — гэта пагоня за працэнтамі і рублямі, у сумленных — шырокае
поле выявіць свае здольнасьці. І мы ў брыгадзе абавязкова памятаем аб гэтым. Я
як брыгадзір стараюся кожнаму даць магчымасьць праявіць сябе. Заўважаю, хто на
што здатны, і ўлічваю пры вызначэньні заданьняў. А гэта ў канчатковым выніку —
эканомія часу, сілы, павышэньне прадукцыйнасьці. Тое, што якраз уласьціва
спаборніцтву.
Васіль верыць у выхаваўчую
сілу спаборніцтва і калектыву. Ён лічыць, што гэта велізарныя рычагі
ўзьдзеяньня на чалавека, якія, на жаль, не заўсёды эфэктыўна выкарыстоўваюцца.
“Не забараняць, а выхоўваць”.
Гэта прынцып брыгадзіра Васіля Жураўскага. Ён упэўнены, напрыклад, што калі
нават адменяць сухі закон на БАМе пабудуюць бар, то гэта нічога істотна не
зьменіць у паводзінах і звычках будаўнікоў. Проста чалавек павінен быць падрыхтаваным
да любой справы, выхаваным, валодаць культурай патрэбнасьцей, тады і забароны
ніякія не патрэбны.
Аб выхаваньні такога
характару і клапоціцца Васіль Жураўскі. Імкнецца як член Нерунгрынскага гаркама
ВЛКСМ, стараецца, як дэпутат гарадзкога Савета і член яго выканкама, змагаецца,
як старшыня апэратыўнага атрада будаўніча-мантажнага поезда. Вынікі? У
выхаваўчай рабоце яны не вымяраюцца працэнтамі і не ляжаць на відавоку. Аднак
Васіль перакананы — і не толькі ён адзін, — што яны ёсьць. І прытым значныя.
Пра гэта сьведчаць справы байцоў Першага ўдарнага беларускага атрада імя Героя
Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Сьведчыць і тое, што камісія па справах
моладзі Вярхоўнага Савета Якуцкай АССР і бюро Якуцкага абкама ВЛКСМ адобрылі
станоўчы вопыт работы адміністрацыі і камітэта камсамола БМП-578 па камуністычнаму
выхаваньню моладзі.
Васіль лічыць, што ў гэтых
посьпехах ёсьць значная заслуга і камсамольскіх арганізацый Беларусі, з якімі ў
бамаўцаў цесная дружба. і галоўнае не толькі ў матэрыяльнай дапамозе, якую
атрымліваюць байцы атрада ў выглядзе датэрмінова выкананых заказаў, а ў тых
таварыскіх адносінах, што ўстанавіліся літаральна з першага дня. Не забываюць
абкомы камсамола Беларусі сваіх пасланцоў на БАМе.
Трэба было бачыць, з якім
гонарам і нейкім асаблівым хваляваньнем атрымлівалі бамаўцы ганаровыя граматы і
каштоўныя падарункі, якімі абласныя камітэты ЛКСМБ узнагародзілі перадавікоў
спаборніцтва. А з якім нецярпеньнем чакалі і як шчыра прымалі выступленьне
творчай брыгады з Беларусі! Не забудзецца, як узбуджаныя і ўсхваляваныя
прыбягалі пасьля канцэртаў на сцэну, каб сказаць толькі адно слова: “Дзякуй!”.
І ў павільгатнелых вачах сьвяцілася такая невыказная радасьць і гордасьць, што
ні Ігар Лучанок, ні Таня Чанцова, ні іншыя члены дэлегацыі ЦК ЛКСМБ не могуць
адмовіць у просьбе выступіць яшчэ раз.
— І ў гэтай сяброўскай сувязі
— наша моц, — гаворыць Васіль. — Бо тое, што госьці з Беларусі прывезьлі нам
цеплыню роднага дома, памяць аб нас — усё гэта дало добры зарад бадзёрасьці на
доўгі час...
Потым мы сустракаліся з
Васілём у яго невялічкім інтэрнатаўскім пакойчыку. дзе ўсё практычна і з густам
абстаўлена. Тут успомнілі і пра артыкул кубінскага журналіста ў гаванскім
часопісе “Гранма”, у якім ён цёпла адазваўся аб Залацінцы і яе людзях.
“Вярнуўшыся з будаўніцтва тунэля ў Нагорным, — піша кубінскі журналіст, — я пры
дзённым сьвятле ўбачыў Залацінку. У наш першы прыезд яна была схавана змрокам.
а цяпер ляжала, як на далоні, на схіле сопкі. Сымпатычны пасёлак, выдатна
спраектаваны... Не выпадкова гэты пасёлак заняў першае месца конкурсе цэнтральнай
зоны БАМа... Я перакананы, савецкі чалавек не можа не марыць. Ён хоча бачыць
ажыцьцяўленьне сваёй мары. Гэта як прага, якая ніколі не зьнікае. Ёсьць нейкая
асаблівая сіла, якая прымушае савецкіх людзей брацца за ажыцьцяўленьне,
здавалася немагчымага. Але савецкі чалавек усё можа!”
Я падумаў, што гэтыя сховы і
пра Васіля Жураўскага, пра хлопцаў з яго брыгады.
Пасьля мы спрачаліся аб
кнігах, Васіль цікавіўся навінкамі беларускай літаратуры. Я заўважыў, што на
кніжнай паліцы побач стаіць падручнікі і спэцыяльныя кнігі па будаўніцтву і
мастацкія творы і грамадзка-палітычная літаратура. Падумалася, вось чаму Васіль
такі дасьведчаны не толькі ў будаўнічых справах, а і ў пытаньнях камсамольскай
работы, у тэорыі выхаваньня і наогул у тых праблемах, якія сьведчаць аб шырокай
эрудыцыі чалавека, ён вучыцца. І не толькі ў літаральным сэнсе гэтага слова.
Яго брыгадзірства і грамадзкія пасады, і сама будоўля — гэта вялікая школа.
Гэта сапраўдныя жыцьцёвыя ўнівэрсытэты, якія гартуюць і крышталізуюць характар
кандыдата ў члены КПСС, брыгадзіра Васіля Жураўскага.
А.
Бутэвіч,
спэц.
кар. “Чырвонай змены”.
Мінск -
Залацінка - Тында - Мінск.
На
здымку: брыгада будаўнікоў
Васіля Жураўскага, першы зьлева ў ніжнім радзе — брыгадзір.
Фота
аўтара
/Чырвоная змена.
Мінск. 18 жніўня 1976. С. 2./
Анатоль Іванавіч
Бутэвіч (Максім Валошка) - нар. 15 чэрвеня 1948 г. на хутары Язавец Нясьвіскага
раёна Мінская вобласьці БССР (СССР), у сялянскай сям’і.
У 1956 годзе разам з
бацькамі перасяліўся ў в. Баяры Нясьвіскага раёна Мінская вобласьці. Вучыўся ў
Вялікаліпскай васьмігадовай школе. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясьвіскага
раёна (1966). Скончыў аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага
факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (1971). Працаваў рэдактарам
Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971-1973), намесьнікам рэдактара газэты
“Чырвоная змена” (1975-1979), загадчыкам аддзела прапаганды і культурна-масавай
работы ЦК ЛКСМБ (1973-1975, - пабываў на Якуцкім участку БАМа - 1979-1980),
інструктарам сэктара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ (1980-1986,
1987-1990). Дырэктар рэспубліканскага выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1986-1987).
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990-1992), міністар інфармацыі
(1992-1994), міністар культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У
1996-1998 гг. — Генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998-2000
гг. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001-2009
гг. — саветнік старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвэстыцый. У
студзені-траўні 2009 г. — галоўны спэцыяліст упраўленьня мастацтваў
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мае дыпляматычны ранг Надзвычайнага
і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Кандыдат навук у галіне інфармацыйных
тэхналёгій. Жыве ў Мінску, мае траіх дзяцей.
Працуе ў сфэры
дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу.
Друкавацца пачаў у 1969 годзе. Ад 1972 г. чалец Саюза журналістаў, ад 1994 г.
чалец Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Пераклаў апавяданьне
эвенскага пісьменьніка Андрэя Крывашапкіна Апока. // Вясёлка. Мінск. №
4. 1984. С. 8.
Літаратура:
Смольская
В. У. Валошка Максім. // Беларускія
пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С.
553-554.
Барташэвіч
М. П. Валошка Максім. Бібліяграфія. //
Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С.
554-555.
Людка
Казючыц,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz