ЗАМЕСТ УСТУПУ
Ехаў я аднойчы ў тралейбусе. Пасажыраў не
дужа многа было. На адным з прыпынкаў побач са мной села маладая жанчына. Яна
прапанавала хлапчуку, які разам з ёю ўвайшоў у тралейбус, сесьці ёй на калені.
Але той самавіта насупіўся і адмовіўся. Відаць, з мужчынскай гордасьці. Затое
ён ахвотна ўзяў з рук жанчыны праязны талёнчык і, падняўшыся на пальчыках,
прабіў на ім дзірачкі. Пасьля гэтага хлопчык зноў стаў каля мамы. Позірк яго
спыніўся на значку, што заўсёды паблісквае на лацкане майго пінжака. І ў будні
і ў сьвяты. Блакітныя вочы малога, поўныя зьдзіўленьня, утаропіліся ў мае.
— Дзядзечка! — пачуўся раптам нясьмелы
галасок.
— Што? — азваўся я.
Чаго ты чэпісься да незнаёмых? — тузанула мама яго за рукаў і
павярнулася да мяне. — Прабачце...
Але дзе падзелася хлопчыкава самавітасьць.
— Ці палярнік вы, дзядзечка?
Ён ужо стаяў побач са мной і асьцярожна
цягнуўся пальчыкам да значка. Хацеў, відаць, пакратаць.
Пажылы пасажыр, які сядзеў паперад нас,
азірнуўся на хлопчыкаў голас і недаверліва зірнуў на мяне. Потым усьміхнуўся
ветліва і прамовіў:
— Бач ты, малое, а ўсё разумее, усё
ведае...
— Так, палярнік. Былы, вядома, — прызнаўся
я. І тут хлопчыка як прарвала:
— А як вы зрабіліся палярнікам?.. А ці
страшна быць палярнікам...
Але тралейбус падышоў да прыпынку, дзе хлопчыку
трэба было выходзіць. Ён, вядома, і далей паехаў бы. Я не сумняваюся ў гэтым.
Ды мама, яшчэ раз папрасіўшы ў мяне прабачэньня, пацягнула малога за руку да
выхаду.
Так я і не пасьпеў адказаць яму. Таму вось
і надумаў напісаць гэтую кніжку. Можа, трапіць яна таму хлопчыку ў рукі. Можа,
і іншых зацікавіць...
ЯК Я СТАЎ ПАЛЯРНІКАМ
Буду падарожнікам...
Бацькі мае былі людзі небагатыя. Галоўны
клопат іх жыцьця быў пра тое, каб пракарміць сям’ю. Яны шмат працавалі і ў сябе
на гаспадарцы, і выяжджалі на заробкі. Бацька нават два разы ў Амэрыку езьдзіў.
Але вяртаўся адтуль амаль з тым, з чым паехаў.
Мы з братам і сястрой дапамагалі старэйшым
як маглі. Я не раз прасіўся ў бацькі, каб ён узяў мяне з сабой на пошукі
заробку. Аднак ён заўсёды адказваў адно і тое ж:
— Малы яшчэ. Вучыся лепей...
І я вучыўся.
Асабліва падабаліся мне ўрокі геаграфіі.
Наш настаўнік — Андрэй Цітавіч Долін — ведаў, здавалася, увесь сьвет. І слухаць
яго можна было бясконца. Акрамя заняткаў у школе, ён вадзіў нас яшчэ на экскурсіі
і ў паходы па ваколіцах нашага невялікага гарадка, у лясы, на паплавы, у палі.
Так мы спазнавалі прыгажосьць роднай прыроды.
Аднойчы Андрэй Цітавіч прынёс у кляс вялікі
скрутак. Разгарнуў яго і павесіў на клясную дошку. Гэта была карта нашай
Радзімы.
— Глядзіце, — сказаў ён, — якая вялікая наша краіна. Зараз, калі ў нас, у
Беларусі, зацьвілі сады, пяюць жаваранкі, лагодна грэе зямлю веснавое сонца,
недзе на Крайняй Поўначы, у Арктыцы, лютуюць маразы, і ўвесь акіян закуты ў
лёд. Сонца там сьвеціць толькі паўгода — з сакавіка па верасень. А потым хаваецца
за далягляд, і тады шэсьць месяцаў цягнецца палярная ноч. Чорнае неба толькі
часам асьвятляецца дзівосным каляровым палярным зьзяньнем...
— А ці жывуць там людзі? — пацікавіўся мой
сябар Кузьма.
— З даўніх часоў, — адказаў настаўнік, —
людзі ўсялякімі спосабамі прабіраліся да гэтых таямнічых мясьцін. Пешшу, на
сабаках, на дырыжаблях...
— Нам бы туды! — штурхнуў мяне локцем пад
бок няўрымсьлівы Кузьма.
На перапынку я цьвёрда сказаў Кузьме:
— Буду падарожнікам.
— І я! — узрадаваўся мой сябар.
Рызыкоўнае выпрабаваньне
З гэтага часу мы прагна накідваліся на
кнігі пра вялікіх падарожнікаў. Міклуха-Маклай і Георгій Сядоў сталі нашымі
ідэаламі.
— Здабыць бы нам компас, — летуценна
прамовіў аднойчы Кузьма. — З ім мы маглі б па нашым раёне падарожнічаць...
— А можа, і далей, — падхапіў я.
Нам пашанцавала. Компас мы выменялі на
дзесяць аркушаў паперы ў аднаго суседзкага хлопчыка. Невялікі компас,
вучнёўскі. Але стрэлка ў ім трымцела, як жывая. Яна дакладна паказвала кірунак
у дарозе.
Мы сталі падарожнікамі. Блукалі па лясах,
па вакольных палях. А ўяўлялі, што прадзіраемся праз дрымучы таежны гушчар ці
выпраўляемся ў кругасьветнае плаваньне.
— А зброя? — задумаўся неяк Кузьма. — Хіба
можна падарожнічаць без зброі?
Пачаліся пошукі. І вось на сьметніку каля
хаты майго дзядзькі нам трапіўся стары паржавелы наган. Відаць, яшчэ ў
грамадзянскую вайну нехта згубіў яго.
— Пайшлі ў лес, — прапанаваў Кузьма, —
паглядзім, чаго ён варты.
Шчоўк... шчоўк... Стрэлаў не чуваць. Мы вырашылі,
што наган няспраўны. Ён стаў нам за цацку. Любімую цацку. Мы не ведалі яшчэ,
якую небясьпеку тоіць у сабе зброя.
— Стой! Рукі ўгору! — настаўлялі мы адзін
на аднаго рэвальвэр. Круцілі барабан. Націскалі курок. І раптам — прагрымеў
стрэл. Я адчуў, як нешта балюча апякло мне левую руку. Нічога не разумеючы,
убачыў, што з-пад рукава зацурчэў чырвоны струменьчык. Паспрабаваў падняць руку
— яна не дзейнічала...
Гэтая падзея так уразіла нас з Кузьмой, што
мы нібы адразу пасталелі. Кончыліся нашы дзіцячыя гулі. А для мяне мара пра
падарожжы стала амаль недасягальнай. Дзе ўжо тут падарожнічаць, калі рука
прастрэлена.
Першае знаёмства з тэхнікай
Летам, на канікулах, я не губляў часу на
гульні. Памагаў бацькам. Працаваў у калгасе. Асабліва падабалася мець справу з
коньмі. Брыгадзір дазваляў мне даглядаць іх, запрагаць, распрагаць. А праз
нейкі час і з тэхнікай давялося пазнаёміцца.
У калгасе з’явіліся першыя прымітыўныя
машыны для жніва. Колькі там за дзень жыта сажнеш уручную? Не больш як сотку. А
тут запрагаеш у жатку пару коней і ўбіраеш за дзень аж некалькі гектараў. Я
паганяў коней, а хто-небудзь з дарослых кіраваў і мной і ўсёй гэтай няхітрай
тэхнікай.
— А што, як без дарослых паспрабаваць?
Аднаму? — гэтая думка не давала мне спакою.
Мама мая якраз пачала жаць жыта на нашым
прысядзібным участку. Шкада мне было яе. Вельмі. Гэтак намахаецца сярпом, што
пад канец дня і сьпіну ўжо разагнуць не можа. Памагчы б ёй... Але прасіць у
брыгадзіра конную жнейку не рашаўся. Тэхніка калгасная. Калі кожны захоча
пакарыстацца ёю на сваім палетку...
Пасьля абеду я хуценька пакарміў коней,
запрог іх у жнейку і асьцярожна падаўся на свой участак. За гадзіну ўсё жыта
было зжата. Мама са сьлязамі радасьці на вачах бегала вакол мяне і
прыгаворвала:
— Што за хлопец у мяне?! Ды мне
адной на месяц хапіла б работы!..
На калгаснае поле я вярнуўся своечасова. 3
запрэжанымі коньмі. Пра мой самавольны ўчынак брыгадзір даведаўся толькі праз
дзень. Ён пагразіў мне пальцам і сказаў:
— Далей будзеш працаваць самастойна, —
усьміхнуўся, потым зноў спахмурнеў і дадаў, нібы разважаючы сам з сабой: —
Вучыцца трэба. Напішам прашэньне ў Рэчыцкую сямігодку. Пасьля канікулаў туды
паедзеш... калі прымуць...
Адраджэньне
мары
На сямейным савеце мая старэйшая сястра
Анюта мела рашаючы голас.
— Мне вучыцца далей неабавязкова, — заявіла
яна аднаго разу, калі мы ўвечары сядзелі за сталом. — Я па дому памагаць буду.
А Васілёк хай у пяты кляс ідзе. Яму з хворай рукой працаваць нельга...
— А вучыцца хіба не цяжка яму будзе? —
занепакоілася маці.
— Гэта ж не Пархвен! — адказаў бацька і
дадаў па-англійску: — Адл...
Я ўжо ведаў, што азначае гэтае слова:
абібок. А сярэдні брат наш — Пархвен — сапраўды не вызначаўся стараньнем у
вучобе.
У той час на ўвесь наш Рэчыцкі раён была
ўсяго адна сямігадовая школа. Яна не магла прыняць усіх, хто хацеў вучыцца
далей.
Я пасьпяхова здаў экзамэны за чацьвёрты кляс.
Але такіх, як я, было шмат.
Не ведаю, што мне дапамагло. Магчыма, мэдыцынская
даведка пра хворую руку. Але ў пяты кляс я быў прыняты.
Вучыўся старанна. Можна нават сказаць —
натхнёна. Рука пачала ажываць. Гэта радавала мяне. Вярнуліся мары пра далёкія
падарожжы.
У пачатку чэрвеня 1928 года ў нашу ціхую
Рэчыцу прыйшло паведамленьне аб катастрофе ў ільдах Цэнтральнай Арктыкі
дырыжабля “Італія”. Я не прапускаў ні аднаго радка ў газэтах, ні аднаго слова
па радыё пра лес яго экіпажа. Мяне яшчэ больш пачаў вабіць невядомы сьвет
вечных ільдоў.
Тады і прыйшло канчатковае рашэньне: быць
мне палярнікам!
Першы крок да мэты
Бывай, Рэчыцкая сямігодка! Многаму ты
навучыла мяне. І я табе вельмі за гэта ўдзячны...
Новы навучальны год я сустрэў у
фабрычна-заводзкім вучылішчы чыгуначнай станцыі Магілёў. Што мяне завабіла
туды? Хутчэй за ўсё — рэйкі ды колы. Усё-ткі бліжэй да падарожжаў!
Тут я сустрэў такога ж летуценьніка і аматара
прыгод, як я сам, Сяргея. З ім, як некалі з Кузьмой, марылі мы пра наша
будучае. А Кузьма? Ён паехаў некуды вучыцца на настаўніка. Справа ў тым, што ў
яго нешта здарылася з нагой. Ён на ўсё жыцьцё застаўся кульгавым. І вырашыў за
лепшае — вучыць дзяцей геаграфіі. Можа, з іх вырастуць вялікія падарожнікі.
Мы разумелі, што палярніку патрэбна
выдатная фізычная падрыхтоўка. З надыходам зімы сталі на лыжы. Неўзабаве Сяргей
заняў на лыжным кросе першае месца, а я — другое. А яшчэ праз нейкі час мы
атрымалі значкі “Гатовы да працы і абароны”.
Адно турбавала нас больш за ўсё: прафэсія
чыгуначніка ў Арктыцы не спатрэбіцца. Што ж рабіць па сканчэньні вучылішча?
Аднойчы
Сяргей, узрушаны і радасны, прыбег у інтэрнат:
— Хутчэй! Пайшлі!
Не пасьпеўшы нічога спытаць у сябра, я
падаўся за ім.
Праз колькі часу мы апынуліся перад высокім
парканам. За ім віднеліся мачты з флюгерамі, будкі і іншыя збудаваньні.
— Мэтэастанцыя! — з выглядам знаўцы прамовіў
Сяргей і ўрачыста павёў мяне праз вароты на пляцоўку са збудаваньнямі. Ён, аказваецца,
пабываў ужо тут у знаёмых ці ў далёкіх родзічаў.
Я ледзь не скакаў ад радасьці.
Мэтэаралёгія! Гэта якраз тое, што трэба! Лепей і не прыдумаеш.
З таго часу мы сталі пастаяннымі
наведвальнікамі мэтэастанцыі. Чыталі літаратуру, вывучалі інструкцыі па
мэтэаралёгіі. Завялі нават дзёньнікі назіраньняў за надвор’ем.
— Я ўжо сам магу запісваць паказчыкі
прыбораў, — пахваліўся неяк Сяргей.
— Папрасі, каб і мне дазволілі! — не
ўтрымаўся я. Нам пачалі давяраць самастойныя назіраньні. Першы крок да
запаветнай мэты быў зроблены.
Палярнік
шмат павінен ведаць і ўсё ўмець
Не буду расказваць, якія цяжкасьці давялося
нам пераадолець, каб пасьля вучылішча паступіць на курсы мэтэаролягаў у Менску.
Калі мэта ясная — ніякія цяжкасьці не спыняць.
Нашу стараннасьць і дапытлівасьць хутка
заўважыў прафэсар Аляксей Іванавіч Кайгародаў. Ен выкладаў у нас на курсах
некалькі прадметаў. Не прайшло і года, як прафэсар выклікаў мяне да сябе ў
кабінэт.
— Вы будзеце адным з першых супрацоўнікаў
Менскай геафізычнай абсэрваторыі, — сказаў ён тонам, які не выносіць пярэчаньняў.
— Рыхтуйцеся стаць аэролягам.
А я і не думаў пярэчыць! Адно толькі турбавала
мяне — лёс майго сябра. І я спытаўся даволі нясьмела.
— А як жа Сяргей?
У прафэсара ў вачах мільганула добрая ўсьмешка:
— У яго з матэматыкай горш, чым у вас. Яму
можна прапанаваць назіраньні па мэтэаралёгіі. Але і вы не думайце, што ведаў,
атрыманых вамі на курсах, хапае для сапраўднай работы. Вось, — ён паказаў на
кніжныя паліцы, — усё гэта ў вашым распараджэньні...
Вольнага часу ў мяне цяпер зусім ужо не
заставалася. Калі іншыя ішлі ў кіно ці яшчэ куды, я садзіўся за кнігі. Што
чытаць раней, што пазьней, мне раіў Аляксей Іванавіч. Часта заставаўся са мной
і Сяргей. Толькі яму прафэсар даваў іншыя кнігі...
А ў хуткасьці з двара гідрамэтэаслужбы па
вуліцы Карла Маркса, 48, у Мінску быў запушчаны ў стратасфэру першы ў Беларусі
радыёзонд. Пра гэта паведамлялася нават у рэспубліканскай газэце.
Радасьці маёй не было межаў. Я ўжо ледзь не
лічыў сябе палярнікам. Аднойчы нават на зайздрасьць Сяргею акунуўся ў палонцы.
Вада была ледзяная, і я пасьля гэтага доўга кашляў. І Аляксей Іванавіч не
ўхваліў маёй сьмеласьці.
— Хіба гэта сьмеласьць? — прамовіў ён
сурова. — Блазенства. Свавольства. — Ён памякчэў, гаварыў далей павучальным
тонам. — Спэцыяльнасьцю сваёю вы валодаеце няблага. Але палярніку мала быць
добрым спэцыялістам. Ён шмат павінен ведаць і па сумежных спэцыяльнасьцях і
навуках. І ўмець усё павінен: і ежу прыгатаваць, і бялізну памыць, і абутак
адрамантаваць, і футра пашыць...
Я добра засвоіў парады прафэсара. Не толькі
гэтыя, але і многія іншыя. Потым яны спатрэбіліся мне. І не раз.
“Аэролягі патрэбны...”
У Менску заканчвалася будаўніцтва новай
абсэрваторыі. Разьмясьцілася яна на ўскраіне горада, за паркам Чалюскінцаў.
Назву сваю парк гэты атрымаў у гонар экіпажа ледакольнага парахода “Чалюскін”,
раздушанага арктычнымі льдамі. Маракі і ўдзельнікі экспэдыцыі, якія гераічна
паводзілі сябе ў лядовым палоне, былі выратаваны не менш гераічнымі савецкімі палярнымі
лётчыкамі.
Увесь народ сачыў за гэтымі падзеямі. Што
ўжо тут пра мяне гаварыць!
Праз нейкі час усе мы даведаліся пра
папанінскую крыгу. Яе несла ад полюса ў Грэнляндзкае мора. А на ёй дрэйфавалі
нашы мужныя палярнікі. Да папанінцаў узялі курс караблі, паляцелі самалёты.
Я сачыў за дрэйфам папанінскай крыгі,
ставячы сьцяжкі на геаграфічнай карце. Не толькі па шляху дрэйфу, але і па руху
выратавальных груп.
Аляксея Іванавіча ў гэты час перавялі ў
Маскву. Тут я ўжо не вытрымаў. Такія падзеі ў Арктыцы! Чаго чакаць? І я таксама
падаўся ў Маскву.
Сяргея затрымалі ў Менску нейкія сямейныя
абставіны.
— Прыеду пазьней, — сказаў ён мне пры разьвітаньні.
З дапамогай свайго любімага прафэсара я
дабіўся прыёму ў аддзеле гідрамэтэаслужбы Галоўнага Упраўленьня Паўночнага
марскога шляху.
— Аэролягі нам патрэбны, — сказаў начальнік
аддзела. — І характарыстыкі ў вас добрыя. А як наконт сілёнак?
Я выставіў наперад грудзі са значком ГПА і
паказаў мускулы правай рукі. Мне хацелася сказаць, што кожны дзень абціраюся
халоднай вадой, пра купаньне ў палонцы. Але мне не далі.
— Значкіст, — усьміхнуўся начальнік, — а з
выгляду...
Ён не дагаварыў і, яшчэ шырэй усьміхнуўшыся,
падняў далонь. Відаць, каб супакоіць мяне.
Мяне вадзілі з кабінэта ў кабінэт, пыталіся
пра ўсё на сьвеце, насілі некуды мае дакумэнты. Я вельмі хваляваўся. Але ўсё
скончылася добра.
— На гэтую зімоўку, — абвясьцілі мне
нарэшце, — людзі ўжо набраны. Пакінем вас у рэзэрве да наступнага года. Восеньню
пачнуцца курсы палярнікаў у Ленінградзе. Накіруем вас пакуль што туды...
Я надзяваю марскую форму
Ленінград уразіў мяне сваёй прыгажосьцю.
Але самае галоўнае — я пазнаёміўся там з сапраўднымі палярнікамі, якія былі ўжо
ў Арктыцы. Усе яны аказаліся, як на падбор, дружныя, добразычлівыя, уважлівыя
адзін да аднаго.
Неўпрыкметку праляцеў час. І — зноў
гутаркі, камісіі, экзамэны. Але справу палярніка-аэроляга я ведаў добра. Аднаго
толькі пабойваўся: мэдыцынскай камісіі. А раптам урачы заўважаць, што ў мяне з
левай рукой не ўсё ў парадку? Яна ж крыху танчэйшая за правую. З гэтай самай
прычыны хваляваўся я і тады, калі з мяне бралі мерку, каб пашыць марскую форму.
Кончылася ўсё тым, што я атрымаў пасьведчаньне
старшага аэроляга і дакумэнты аб накіраваньні ў бухту Ціксі. Час дазваляў мне паехаць у родную Рэчыцу. І я, ледзь не
падскокваючы ад радасьці, пабег на вакзал.
Цяжка расказаць, як уражаны былі ўсе мае
блізкія і знаёмыя, убачыўшы мяне ў марской форме з адной сярэдняй і адной
вузкай нашыўкамі на рукаве. Калі ж я ад’язджаў, шмат знаёмых і незнаёмых
прыйшлі праводзіць мяне ў далёкі шлях. А Кузьма — той наважыўся суправаджаць
мяне аж да Архангельска. Ледзь адгаварыў яго.
І вось на параходзе “Анадыр” я плыву з
Архангельска ў бухту Ціксі. Гэта там, дзе рака Лена
ўпадае ў мора Лапцевых.
А дзе ж тыя штормы?
Зьніклі за кармой скалістыя берагі
Кольскага паўвострава. Карабель “Анадыр” трымаў курс да палярных станцый з
новай зьменай на борце. Сярод тых, хто ўпершыню павінен быў на справе трымаць
экзамэн на палярніка, быў і я.
Вось яно — сапраўднае мора! Раней я меў
уяўленьне аб ім толькі па кнігах. А тут...
Бывалыя палярнікі адчувалі сябе на караблі,
як дома. Хто чытаў, хто гуляў у шахматы, хто адпачываў. Я ж, як і іншыя
навічкі, не сыходзіў з палубы. Мы гадзінамі дзівіліся на бязьмежны прастор
Карскага мора. Вакол як вокам ахапіць аднастайная карціна: вада і неба, вада і
неба. Рабілася нават страшнавата. Здавалася, што мы безнадзейна згубіліся ў
гэтай халоднай блакітнай пустыні.
Наш адзінокі карабель тым часам усё
аддаляўся і аддаляўся ад Вялікай зямлі, няўхільна трымаючы курс на Усход.
Бязмоўная цішыня парушалася толькі плёскатам хваляў за кармой ды рытмічным
гудам карабельных машын.
Зусім нязвыкла было без ночы. Сонца толькі
ненадоўга апускалася апоўначы за далягляд і амаль адразу ж зноў узьнімалася над
вадой. Калі хочаш, бяры кнігу ды чытай! Сьвятла і без лямпы хапае.
Нас у каюце было чацьвёра: я, гідроляг Саша
Біцэнка і яшчэ двое з Ленінграда.
Я бясконца дакучаў Сашу, які ў трэці раз
ужо ў Арктыцы:
— А дзе ж тыя штормы, крыгі, белыя мядзьведзі?
— Не сьпяшайся, — дабрадушна сьмяяўся Саша,
— усё будзе.
І амаль тут жа, як па-шчупаковаму вяленьню,
задзьмуў рэзкі вецер, узмацніліся, пабольшалі хвалі. Карабель пачаў ківацца то
з борту на борт, то з носа на карму.
На палубе заставаліся лічаныя людзі. Не
ўсім падабалася марская гайданка. Я з маленства любіў арэлі, і зараз мне было
нават цікава. Вось вялізны сьвінцовы вал павольна насоўваецца на судна, нібы нехаця
штурхае яго ў бок. Я ледзьве ўтрымаўся на нагах. Добра, што пасьпеў ухапіцца за
леер. Адзін борт карабля падняўся, другі — апусьціўся, і вада перакацілася
цераз палубу.
— Усе па каютах! — пачулася зычная каманда
боцмана. — Задраіць ілюмінатары!..
Я зайшоў у кают-кампанію. Так называецца на
караблі памяшканьне, дзе людзі харчуюцца. Мэбля тут прынайтавана — замацавана
наглуха. Талеркі надзейна ўсталяваны ў спэцыяльных гнёздах у шафе для посуду.
Адзін толькі чайнік на гэты раз качаўся, як непрыкаяны, з кута ў кут.
З кают-кампаніі зручна было назіраць за
штормам. Нашу аграмадзіну водазьмяшчэньнем у некалькі дзесяткаў тысяч тон
кідала на хвалях, як трэску.
— Права руля! — даносіліся да майго слыху
каманды. — Лева! Яшчэ лявей!
Сьнежкі ў жніўні
Карабель станавіўся ўпоперак хвалям,
ківаючыся то з носа на карму, то наадварот. Гайданка многіх выводзіць з
раўнавагі. Бледныя, зьнясіленыя ляжаць людзі на ложках. На мяне ж, на дзіва мне
самому, шторм ніяк не дзейнічаў. Я зноў і зноў дакучаў Сашу сваімі пытаньнямі:
— Дзе ж твая Арктыка?
Замест адказу Саша махнуў рукой наперад па
курсе карабля. Я паглядзеў і ўбачыў удалечыні на грабянях хваляў нешта белае.
Быццам незьлічоныя чароды лебедзяў апусьціліся там на ўзбунтаваную ваду. Я
зразумеў: гэта — крыгі. Белых лебедзяў рабілася ўсё больш і больш. А мора, нібы
ўзрадаванае сустрэчай з імі, пачало супакойвацца. Нарэшце хвалі зусім суняліся,
і людзі, як ажыўшыя, зноў пачалі выходзіць на палубу.
Раніцай нас пабудзіў моцны штуршок.
“Анадыр” урэзаўся ў лядовы масіў. Лёд быў не суцэльны — дробнабіты, але для
нашага карабля ён аказаўся даволі сур’ёзнай перашкодай. Марудна, хаця і
настойліва пасоўваліся мы наперад скрозь белае месіва.
Падышоўшы да пратокі Вількіцкага, мы
ўбачылі некалькі караблёў, якія ў лёдавым палоне чакалі лёдакола. Анадырцы, —
так мы цяпер называлі сябе, — спусьціліся на лёд. Саша шпурнуў у мяне сьнежку:
— Ну, як — падобна на Арктыку?
— Ага, сьнежкі ў жніўні — гэта, бадай што,
Арктыка, — згадзіўся я і ў сваю чаргу шпурнуў у яго камяком сьнегу.
Неўзабаве да нас падышоў ледакол “Ленін” і
мы ўсьлед за ім рушылі далей.
Першая
сустрэча з белым мядзьведзем
Недалёка ад вострава Прэабражэньня мы
пачулі раптам голас вахценнага матроса:
— Справа па борце — мядзьведзі!..
Я разам з іншымі з вялікай цікавасьцю
разглядаў вялізную мядзьведзіцу з мядзьведзяняткам. Яны былі зусім блізка.
Мядзьведзіца — ўся белая з жаўтаватым адценьнем. Толькі на мордзе чарнелі тры
бліскучыя кропкі: вочы і кончык носа. Мядзьведзянятка было яшчэ бялейшае за
маці. Маці настойліва, нават злосна падштурхвала малога, намагаючыся адвесьці яго
далей ад карабля. Але неслухмянае мядзьведзянятка настырна кіравалася да нас.
Нарэшце маці зусім узлавалася і дала гарэзьніку такога плескача, што той
адляцеў далёка ўбок. Сама ж мядзьведзіца, спалохаўшыся нечага, кінулася бегчы
ад карабля. »
Яна надзвычай спрытна адольвала водныя
праталіны паміж крыгамі, узьбіралася на наступную крыгу і хутка растала на фоне
лёду і сьнегу.
Мядзьведзянятка матросы падабралі і прынесьлі
на карабель. Яно было крыху большае за ката, але меншае за сярэдняга сабаку.
Каманда забаўлялася з ім, як з дзіцяткам. Яно ахвотна ласавалася згушчаным
малаком і іншымі ласункамі.
У Рэчыцу я паслаў тэлеграму: “Прайшлі
Прэабражэньне кропка сустрэў белага мядзьведзя”.
ПАЛЯРНАЯ СТАНЦЫЯ
Вось і бухта Ціксі
Памалу асвойтваўся я з Арктыкай. Але
нярэдка ўсё ж пазіраў з борта на поўдзень. Недзе там, далёка-далёка, засталася
родная Беларусь з яе палямі, лясамі і рэчкамі...
А вось і бухта Ціксі! Карабель стаў на якар кілямэтрах у дзесяці ад берага. Улева ад
порта, кілямэтрах у сямі ад яго, на самым беразе затокі, утворанай рэчкай Сога,
разьмясьцілася некалькі драўляных домікаў палярнай станцыі. Дамы самі па сабе
падобны на рэчыцкія. Але тут няма ні вуліц, ні зеляніны, ні хатніх жывёл. Паўколам
— горная града з засьнежаным хрыбтом. На беразе — роўная пляцоўка, выкладзеная
галькай.
Не пасьпеў як сьлед нацягнуцца якарны
ланцуг, як да карабля падышоў ужо катэр. На палубу падняўся невысокі
каржакаваты чалавек у ватоўцы, гэткіх жа штанах і ў ботах.
— Я начальнік палярнай станцыі, —
прадставіўся ён упэўненым голасам. — Завуць мяне Фёдар Паўлавіч. Прашу любіць і
шанаваць. Каму на палярную станцыю — падрыхтавацца да высадкі!
Тут начальнік станцыі дастаў сьпіс
прыбыўшых.
— Вось вы — старшы аэроляг, — невядома
чаму, зьвярнуўся ён да мяне першага. Можа, па нашыўках на рукаве шыняля
зразумеў, што я — старшы.
— Так! — Я падышоў да яго. Ен працягнуў мне
руку.
— А Біцэнка хто? Ці не вы? — ён глядзеў ужо
на Сашу. Той, ледзь хаваючы зьдзіўленьне, выцягнуўся па-вайсковаму і коратка
адказаў:
— Я!
— А
вам, — начальнік станцыі зьвяртаўся ўжо да нашага сыноптыка, — давядзецца
пачакаць на караблі. Жанчынам на станцыі няма дзе жыць пакуль што. Перавязу
старую зьмену на карабель, тады ўжо і для вас знойдзецца месца...
І вось мы з Сашам, два радысты і каюр са
сваёй невялікай гаспадаркай накіраваліся на катэры да берага.
Фёдар Паўлавіч па дарозе расказваў, што нам
належыць рабіць у бліжэйшы час:
— Крыху абвыкнецеся, прымеце маёмасьць, а
там — і за справу. Работа цікавая. Наша задача — даваць самалётам і караблям зьвесткі
аб надвор’і...
Мы слухалі і ўглядаліся ў нешматлікія
пабудовы на беразе. Там знаходзілася і новае наша жытло, пра якое мы не мелі
ніякага ўяўленьня.
Лядовае купаньне
Трошкі штарміла, і наш катэр ніяк не мог
падысьці ўшчыльную да берага, каб высадзіць людзей. А на беразе нас чакалі ўжо
чалавек дзесяць з хлебам і сольлю. Адзін з нас кінуў з катэра “выкідку”. Гэта
такая вяроўка з аплеценым грузам на адным канцы. Груз пляснуўся на бераг ля
самай вады. Там яго падхапілі і прымацавалі вяроўку да гумавай лодкі. Мы пачалі
цягнуць за другі канец “выкідкі”, і лодка хутка апынулася каля борта катэра. Мы
з Сашам саскочылі ў яе, рызыкуючы прамахнуцца і трапіць у ледзяную ваду. Тады з
берага — зноў жа за “выкідку” — нас пацягнулі да сябе.
Каля самага берага нашу гумавую лодку так
падкінула на хвалі, што я не ўтрымаўся і апынуўся ў вадзе. У парадным кіцелі! У
выдатнай марской фуражцы! Пад вясёлы рогат усіх прысутных я з дапамогай Сашы
выбраўся з халоднай “балеі”. Але фуражка... мая цудоўная, пашытая па заказу фуражка
засталася гойдацца на хвалях. Я кінуўся быў зноў у ваду, каб выратаваць яе. Але
мяне спыніў чалавек у гумавых ботах:
— Ідзіце сушыцца!
Зьбянтэжаны і злосны сам на сябе я пайшоў
разам з Сашам у бліжэйшы дом. Потым Саша назваў яго чамусьці “Калгасным домам”.
Пакуль я пераапранаўся ў сухое і грэўся,
пераправіліся на бераг і астатнія таварышы. Праўда, у іх усё абышлося без
ніякіх прыгод. Усе яны разам з сустракаючымі дружна накіраваліся ў другі дом.
Там знаходзілася сталоўка, ці, як яе па-марскому называлі “старажылы”,
кают-кампанія. Хутка і мы з Сашам далучыліся да іх.
Я ўжо не быў падобны на навічка, бо на мне,
як на сапраўдным палярніку, была ватоўка.
“Затое на работу блізка...”
Мы з Сашам селі за стол побач. На стале
было ўжо расстаўлена мноства розных страў. І мы накінуліся на іх, як пасьля
працяглай галадоўкі. А кухар усё частаваў і частаваў нас, прапануючы дабаўку.
Усё было надзвычай смачна. Не было толькі ніякіх урачыстых прывітаньняў. Усе
неабходныя словы былі сказаны яшчэ на беразе, калі я абсыхаў пасьля нечаканага
купаньня.
Пасьля абеду адразу пачалі знаёміцца са
сваімі рабочымі месцамі і жытлом.
— Пакуль пажывяце ў рабочых кабінэтах, —
сказаў, выходзячы са сталоўкі Фёдар Паўлавіч, — а потым, на зіму, будзеце
ўладкоўвацца па-сапраўднаму.
Кроках у дваццаці ад сталоўкі стаяў крыху
большы будынак. Тут знаходзілася радыёстанцыя. Калі мы прыйшлі туды, я даў радыёграму
ў сваю далёкую Рэчыцу: “Прыбыў на месца коска здаровы кропка”. Пра тое, як я
прыняў лядовую ванну, у радыёграме, безумоўна, не паведамлялася...
А вось і аэрамэтэастанцыя!..
Будыніну з пяці пакояў, у якіх яна разьмясьцілася,
тут называлі чамусьці Кукуй. Гэта, вядома, не Менская абсэрваторыя. Там кабінэты
былі абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. А тут... Для маёй аэралягічнай групы
неабходна было сама меней тры пакоі: для падрыхтоўкі прыбораў, для прыёму радыёсыгналаў
і для апрацоўкі матэрыялаў. Замест гэтага я атрымаў усяго адзін пакойчык.
— Тут і жыць будзеце, — давяршыў маё
расчараваньне Фёдар Паўлавіч.
— Як гэта так?! — паспрабаваў абурыцца я.
Але Саша па-сяброўску палажыў мне руку на плячо і супакоіў:
— Нічога! Затое на работу хадзіць блізка.
Новы начальнік
Неяк з порта пазванілі па тэлефоне:
— Сустракайце новага начальніка!
Праз гадзіну мы ўбачылі катэр. Усе, хто быў
вольны ад вахты, выйшлі на бераг. Некаторыя пераапрануліся ў сьвяточнае. “Вось
бы і яму, — падумаў я, — выкупацца гэтак жа, як мне!” Але мора на гэты раз было
спакойнае, і катэр падышоў да самага берага.
Новы начальнік у сьвежанькім шынялі, добра
напрасаваных штанах і бліскучых чаравіках стаяў на носе катэра і здалёк усьміхаўся
нам. Гэтай адкрытай і вясёлай усьмешкай ён, яшчэ не ступіўшы нават на бераг,
заваяваў ужо сымпатыі многіх з нас. Малады, высокі, зграбны, новы начальнік
спрытна скочыў на дошку, пакладзеную замест сходні, каб зьбегчы з борта на
бераг. Але тут... Дошка паехала па борце, і начальнік ледзь не паляцеў у ваду.
Толькі нейкім цудам удалося яму пазьбегнуць лядовага купаньня.
— Вось дык прыёмчык! — гукнуў ён густым
басам, апынуўшыся на сушы. — Усіх вы так прымаеце ці толькі мяне?
І ён гучна зарагатаў.
Фёдар Паўлавіч прадставіў яму кожнага з
палярнікаў, і мы разам пайшлі ў сталоўку. Новы начальнік усю дарогу маўчаў.
Толькі пільна аглядаў усё навокал. Перад самым уваходам у кают-кампанію
спыніўся і сказаў без усьмешкі:
— Работкі ўсім хопіць, каб падрыхтаваць
палярную станцыю да зімоўкі...
— А што? — насьцярожыўся былы начальнік.— У
нас поўны парадак! Прымайце станцыю, а мы, як кажуць, з богам на захад!
— Хіба вы ўплаў зьбіраецеся да карабля
дабірацца? — зноў заўсьміхаўся новы і тут жа спахмурнеў. — Як у катэр сядзеце?
Для гэтага ж цыркачом трэба быць! Ды хто вас прыме на карабель у такім
выглядзе? З галавы да ног гразьзю абрасьлі...
Такая грубая шчырасьць не спадабалася
бывалым палярнікам. Вядома, часткова новы меў рацыю. І бароды не бароды, а
вяхоцьце нейкае, і тэрыторыя станцыі захламленая, ды і на катэр не так лёгка
ўзысьці. Але людзі дружна пражылі на станцыі два гады і як сьлед выконвалі ўсё,
што належала выконваць. З нецярпеньнем чакалі яны карабля, лічылі дні, гадзіны,
якія засталіся да сустрэчы з Вялікай зямлёй, з роднымі і блізкімі...
— Бачылі мы такіх, — у тон Фёдару Паўлавічу
прабурчаў радыст Сеня. — Чужымі рукамі жар заграбаць кожны можа. А вось
папрацуйце з наша...
Новы начальнік не стаў спрачацца з людзьмі,
стомленымі двума гадамі зімоўкі. Ён зноў заўсьміхаўся сваёй прывабнай усьмешкай
і зьвярнуўся да Фёдара Паўлавіча:
— Ну, а паесьці што-небудзь знойдзецца?
Я ведаў, што Фёдар Паўлавіч загадзя загадаў
накрыць стол на дзьве асобы ў сябе ў кабінэце, дзе ён, дарэчы, і жыў. Але новы
адмовіўся ісьці туды:
— Сам я ў порце пасьпеў падсілкавацца.
Хацеў бы пабачыць, чым у вас палярнікаў кормяць...
Фёдар Паўлавіч крыху зьбянтэжыўся. У
агульнай сталоўцы ўсяго хапае, але ўсё-ткі не так, як у кабінэце.
У сталоўцы новы начальнік усеўся на
свабоднае месца і пачаў наліваць сабе баршчу з агульнай пасудзіны. Фёдар
Паўлавіч спахмурнеў і пайшоў абедаць да сябе ў кабінэт адзін.
А нам усім паводзіны нашага новага
начальніка спадабаліся.
“Што ні кажы...”
Віктар Уладзіміравіч Паўлоўскі аказаўся
чалавекам ахвочым да размоў. І гэта таксама спадабалася палярнікам.
— Як у Ленінградзе?
— Што ў Маскве?
Усё цікавіла старую зьмену. Віктар
Уладзіміравіч еў і ахвотна адказваў на пытаньні.
— А вось і пісьмы вам з Вялікай зямлі, —
сказаў ён, калі нехта прынёс яму вялікую скураную сумку. Палярнікі тут жа
накінуліся на яе, разьбіраючы доўгачаканую пошту.
А Віктар Уладзіміравіч пайшоў тым часам у
радыёрубку і падаў радысту паперку з такім тэкстам: “Масква Паўночморшлях Крэнкелю
кропка каб падрыхтаваць станцыю зімоўкі прашу вашага дазволу пакінуць старую зьмену
да апошняга парахода кропка Паўлоўскі”. Але радыст не асьмеліўся перадаваць
такі тэкст без узгадненьня са старым начальствам.
Радыёграма ў Маскву не пайшла. Пра што гаварылі
паміж сабой, закрыўшыся ў кабінэце, стары і новы начальнікі, ніхто з нас не
ведаў. Часам толькі з-за дзьвярэй даносіўся высокі голас Фёдара Паўлавіча:
— Я пакуль што тут начальнік!.. І будзьце
ласкавы...
У час вячэры яны разам прыйшлі ў сталоўку,
і Фёдар Паўлавіч упершыню сеў за агульны стол. Пачалося нешта накшталт сходу.
— Вядома, усе мы стаміліся, — гаварыў Фёдар
Паўлавіч зусім спакойна, — кожнаму дадому хочацца. І паедзем мы з чыстым сумленьнем,
бо зроблена намі нямала. Але на тыдзень затрымацца можна... тое-сёе да ладу
давесьці... пакуль надвор’е добрае...
Новы начальнік больш дакладна растлумачыў
абставіны, у якіх мы будзем працаваць, і якія надзеі ўскладаюцца на нас.
— Вось вугаль для параходаў, — казаў ён, —
возім мы сюды з Архангельска, а ён жа тут ляжыць, пад самым, як кажуць, носам.
А каляровыя мэталі? Час ужо асвойваць іх залежы! Яны Радзіме патрэбны. Наша
задача — забясьпечваць самалёты і караблі падрабязнымі зводкамі надвор’я і
лядовай абстаноўкі. Каб яны не вобмацкам ішлі і ляцелі, а сьмела і ўпэўнена...
Ён абвёў нас сур’ёзным паглядам, усьміхнуўся
і працягваў:
— Зусім нядаўна караблі каля гэтых берагоў
былі вялікай падзеяй і рэдкасьцю. А сёньня, дзякуючы такім, як мы, Паўночны марскі
шлях ператвараецца ў жыцьцёва важную транспартную магістраль. Для таго каб
вывучыць і пакарыць суровую Арктыку, створана сетка палярных станцый. Адна з іх
— наша, у Цэнтральным раёне Арктыкі. Нам падпарадкаваны ўсе палярныя станцыі,
разьмешчаныя на астравах і ўзьбярэжжы Цэнтральнага раёна Арктыкі.
Пад канец сваёй прамовы Віктар
Уладзіміравіч сказаў, прыцішыўшы свой магутны бас:
— Я
нікога не хачу прымушаць заставацца на тыдзень, каб памагчы нам. Я прашу тых,
хто сам пажадае. Спадзяюся, што такія знойдуцца. Трэба, каб ні на хвіліну не
спыняліся навуковыя назіраньні, каб бесьперапынна неслася радыёвахта, каб новая
зьмена магла на пачатку заняцца гаспадарчымі справамі. А зараз я прашу вас падрыхтавацца
да сустрэчы апошніх людзей новай зьмены. Яны прыбудуць заўтра. У тым ліку —
пяць дзяўчын, якія скончылі курсы мэтэаролягаў і радыстаў. А як мы сустрэнем
іх, дзе паселім?
Пасьля вячэры ўсе разышліся: хто ў лазьню,
хто па пакоях, пачалі мыцца, галіцца, прыводзіць сябе і памяшканьне ў парадак.
— Што ні кажы, а новы праўду кажа, —
гаварыў той самы Сеня, які спачатку не дужа прыхільна паставіўся да новага
начальства, — неяк абленаваліся мы трохі... А можа, стаміліся...
Назаўтра новая зьмена не прыбыла. Не
прыбыла яна і праз тыдзень.
Сіла спаборніцтва
— Ну і хітрун жа наш новы начальнік! — сьмяяўся
Сеня, працуючы на будоўлі прычала. — Пяць дзяўчат, казаў! А тут — зусім —
нікога. Падмануў нас, каб падбадзёрыць...
— Ды што ты? — не згаджаўся радыст.— А як
жа сьпісы новенькіх? А іх тэлеграмы з карабля на мацярык?
Гаспадарчыя работы ішлі поўным ходам.
Будаўніцтва
прычала не было яшчэ скончана, а катэр падыходзіў цяпер ужо да яго і надзейна
швартаваўся. Усе былі задаволены. Толькі Сеня неяк заўважыў:
— Усё гэта добра. Ніхто больш у халоднай
вадзе купацца не будзе, — ён глянуў на мяне і расьсьмяяўся. — Але пры першым жа
тарасеньні лёду ўсе нашы стараньні пойдуць на нішто. Трэба з трывалага бярвеньня
зрабіць калодзежы ў вадзе і запоўніць іх камянямі.
— А што? Твая, брат, праўда! — згадзіўся
Віктар Уладзімеравіч. — Але як даставіць сюды тоны камянёў?
— А вось давай, начальнік, спаборнічаць.
Арганізуй дзьве брыгады — адну з новай зьмены, другую са старой.
Так і зрабілі. Кожная брыгада атрымала па
пяць насілак. І каменьне пасыпалася ў калодзежы. Пад канец дня прычал быў
надзейна ўмацаваны. Цяпер яму не страшныя былі ні таросы, ні штормы.
Калі падвялі вынікі спаборніцтва,
аказалася, што Сенева брыгада апярэдзіла начальніцкую на тры насілкі.
Можа, новы начальнік знарок падстроіў гэта?
Не ведаю. Але з гэтага часу адносіны паміж ім і Сенем сталі самыя лепшыя.
Нідзе так не спазнаюцца людзі, як у працы.
Прывітаньне Вялікай зямлі..
Узмацаваўшы прычал, узяліся за перабудову
лазьні. Пашырылі саму лазьню, зрабілі прылазьнік, якога раней не было,
удасканалілі парылку. Пасьля аўральных работ адбылося ўрачыстае адкрыцьцё лазьні.
Мужчыны адзін перад адным стараліся паказаць сваю вытрымку.
— Паддай пары! — прасіў Віктар
Уладзіміравіч. Каля яго ў парылцы амаль нікога ўжо не было. Мала хто
вытрымліваў такую густую і гарачую пару. А Сеня пратрымаўся да апошняга. Потым
выскачыў голы на сьнег, пакуляўся ў ім і — зноў у парылку.
— І тут тваё ўзяло, — сказаў Віктар
Уладзіміравіч і дадаў: — Вось цяпер не сорамна прывозіць новую зьмену. Заўтра ж
прывязём!
На другі дзень катэр плаўна падышоў да
новага прычала. На бераг без усялякіх перашкод сышлі палярнікі новай зьмены.
Сярод іх і пяць дзяўчат.
— Глядзі ты! — адзначыў Сеня. — Не падмануў
новы начальнік.
Новенькіх чакаў у сталоўцы багата накрыты
стол.
— А марожанае? — спахапіўся раптам нехта.
— Не пасьпеем ужо, — запярэчыў кухар. Але
на выручку зноў прыйшоў Сеня. Па яго прапанове ў вядро са сьнегам вылілі
дзесятак бляшанак згушчонага малака, разьмяшалі і — зноў на мароз. Есьць
марожанае! Ды яшчэ не абы-якое — сапраўднае! Палярнае!
Раніцай наступнага дня некалькі палярнікаў
старой зьмены падалі заявы з просьбай пакінуць іх на станцыі яшчэ на год.
Віктар Уладзіміравіч быў задаволены. Сама сабой вырашылася справа з няхваткай
радыстаў для новай зьмены.
Застаўся і Сеня.
Калі да прычала падышоў катэр, каб узяць на
борт ад’яжджаючых на мацярык, усе выйшлі на провады. У многіх на вачах былі сьлёзы.
— Прывітаньне Вялікай зямлі!
— Да наступнай сустрэчы!
Катэр шнураваў па гладкай вадзе да карабля.
А мы доўга стаялі яшчэ на беразе. Я толькі зараз па-сапраўднаму адчуў, як
адарваны мы ад Вялікай зямлі.
Уладкоўваемся як дома
Цяпер мы больш сур’ёзна і грунтоўна, як
гаспадары, заняліся ўладкаваньнем свайго жыцьця на палярнай станцыі. Круглыя
суткі няспынна вяліся навуковыя назіраньні. Навічкі прагна лавілі кожную параду
старажылаў, прыслухоўваліся да кожнага іх слова.
На ўсё жыцьцё запомнілася мне з таго
далёкага часу пагаворка, якую любіў паўтараць адзін наш супрацоўнік з мясцовых
жыхароў якут Коля Жаркоў: “Рабіць усё трэба
хутка, але не сьпяшаючыся”. Так ён і рабіў. Любую работу выконваў хутка, хаця і
без сьпешкі.
Расказвалі, што Коля Жаркоў раней прыяжджаў
сюды некалькі разоў з Якуцкага ўзьбярэжжа на сабачай
запражцы. Яму спадабалася тут. І нарэшце ён вырашыў застацца на “палярцы”.
Невысокага росту, але шырокі ў плячах і
надзвычай дужы, Коля нагадваў мне часам мядзьведзя. І паходка такая ж —
правальваючыся. Кожны рух — мяккі, крыху нібыта замаруджаны. Здавалася нават,
што ў яго няма касьцей пад скурай. Такое ўражаньне ўзьнікла ў мяне і тады, калі
я назіраў мядзьведзяў. А характарам наш якут
быў надзвычай спакойны, ураўнаважаны і ў той жа час сьмелы і рашучы.
Неверагодная працаздольнасьць, прага да ведаў і прыстасаванасьць да ўмоў
палярнага клімату дазволілі яму хутка авалодаць некалькімі спэцыяльнасьцямі,
неабходнымі палярнікам. Але перавагу ён аддаваў мэтэаралёгіі.
У першыя ж дні я пераканаўся, што палярнік
шмат павінен ведаць акрамя сваёй спэцыяльнасьці. І шмат умець. Майстэрняў у нас
не было. Апаратуру рамантаваць і наладжваць даводзілася самім. А мыць бялізну?
А гатаваць ежу? Нават у печы паліць — не кожнаму давалася адразу.
Аднойчы, назіраючы, як я, увесь вымурзаны ў
сажу, поркаюся каля печы, Коля ўсьміхнуўся сваімі чорнымі, шырока пастаўленымі
вачыма:
— Буду пачынаць курсы, вучыць у печы паліць!..
Ён выграб з печы попел у таз, аднёс яго ў адведзенае для гэтага месца, потым
набраў у той самы таз дробненькага вугалю, змачыў яго вадой і пачаў лапаткай
засыпаць у печ на папярэдне падпаленую распалку з сухіх дроў.
— Цягу будзем рэгуляваць паддувалам, —
тлумачыў Коля, — калі вецер моцны — мала адчынім, а пры слабым ветры — да канца
зачынім.
Калі чыгунная дзьверка печы стала чырвоная,
Коля адышоў убок, упэўнены ў посьпеху.
Я часта хадзіў за ім сьледам, дзівіўся яго
майстэрству ў самых розных справах і сам вучыўся гэтаму.
Разам з Колем зьбіраў для распалкі плаўнік
— выкінутыя з караблёў і прыбітыя хваляй да берага розныя драўляныя рэчы. З
аднаго боку нам прыносіла іх мора. З другога — рака Лена. Часьцей трапляліся
скрынкі. А часам — і бёрны. Лепшы матэрыял ішоў на будаўніцтва новых памяшканьняў.
Дарэчы, з такога плаўніка была збудавана і наша лазьня. Каб вецер не выдзімаў
цяпла з памяшканьняў, шчыліны паміж бёрнамі абмуроўваліся. Матэрыял для гэтага
таксама быў пад рукамі: сьнег, змочаны вадой.
І што б мы ні рабілі, разам з намі быў
Віктар Уладзіміравіч. Як ён толькі пасьпяваў усюды! А хіба будзе хто сядзець
склаўшы рукі, калі начальнік сіл не шкадуе ў працы?
Сон — справа сур’ёзная
Доўгі час мы ніяк не маглі наладзіць нармальны
сон. Рэжым працы быў такі, што не пасьпееш адаспацца пасьля папярэдняй вахты, а
ўжо на новую час заступаць. Навуковыя назіраньні перапыняць нельга. І зводкі па
радыё на Вялікую зямлю павінны перадавацца своечасова, без хвіліны спазьненьня.
Мы змарнаваліся, хадзілі сонныя. У мяне пачала балець галава. А гэта вельмі
непрыемнае адчуваньне.
І зноў нас выручыў Коля Жаркоў.
— Спаць замнога шкодна, — казаў ён. — Трэба
спаць не больш як сем-восем гадзін у суткі...
— Але дзе ж ты возьмеш гэтыя гадзіны, —
запярэчыў я, — калі цябе праз тры-чатыры ўсё роўна пабудзяць?
— Як — дзе? — зьдзівіўся Коля. — Я вось у
00 раблю назіраньні, апрацоўваю і аддаю ў радыёрубку. А палове першай кладуся
спаць, а палове шостай зноў устаю, у шэсьць раблю назіраньні, сьнедаю і
апрацоўваю матэрыял. З дванаццаці да абеду — зноў назіраньні...
— Калі ж тут спаць?!
— А вось якраз пасьля абеду ў мяне і
застаецца тры гадзінкі для дадатковага сну. У васемнаццаць — вячэра. А пасьля
вячэры — гаспадарчыя работы і чытаньне кніг...
І я, і іншыя навічкі хутка засвоілі гэты
рэжым. Нават мой сябар Саша — бывалы палярнік!.. Сон быў моцны. І рабіць мы пасьпявалі
ўсё, што трэба.
Галаўных боляў у мяне як не было. Потым
ужо, на Вялікай зямлі, я доўга не мог адвучыцца спаць у два прыёмы.
Ёлка, ёлка — Зялёная іголка...
Увайшла ў свае правы палярная ноч. Неяк
нязвыкла было: раніцай цёмна, удзень цёмна, круглыя суткі — цёмна. Сонца зусім
не выглядвала з-за небакраю.
— Якая мне справа да сонца? — паціскаў
плячыма Коля Жаркоў. — Хіба не ўсё роўна, калі працаваць — удзень ці ўначы? А
спаць дык нават лепей: і пасьля абеду цёмна.
Мяне таксама не засмучала палярная ноч.
Працуй сабе ўволю ды сьпі...
Набліжаўся Новы год. Усе думалі, дзе б
здабыць елку. Якое навагодняе сьвята без ёлкі?! А лясоў жа тут няма. Толькі сьнег
ды лёд. Ды яшчэ абмерзлае каменьне.
— Як няма елкі?
— на круглым твары Колі Жаркова мільганула хітраватая ўсьмешка. — Будзе елка!
І як жа мы былі зьдзіўлены, калі
напярэдадні Новага года ўбачылі ў нашай кают-кампаніі... ёлку! Так, так, ёлку!
Вельмі падобную на сапраўдную.
Ёлка, ёлка, ёлка,
Зялёная іголка,
Адкуль жа ты, духмяная,
Мядзяная прыйшла? —
прадэкламаваў Саша. Потым я даведаўся ад
яго, што гэта ён памог Колю Жаркову змайстраваць яе са старога вясла і мноства
дроцікаў, пруткоў ад веніка, цацак з каляровай паперы і электралямпачак усіх
колераў.
Навагодняе сьвята ўдалося на славу.
Баяніст мімаволі
Радыстка Люба, наш камсамольскі важак,
даведалася, што я цікаўлюся музыкай, і даручыла мне падрыхтаваць да наступнага
сьвята струнны аркестар. А сьвята наперадзе было незвычайнае: сустрэча сонца.
Каму не хацелася як хутчэй убачыць яго пасьля доўгай палярнай ночы!
Я навучыў сваіх таварышаў граць на гітары,
балалайцы, мандаліне і іншых інструмэнтах.
Люба грала на піяніна. Яна была і
салісткай-сьпявачкай і акампаніятарам. Але Саша Біцэнка, таксама саліст-сьпявак,
згаджаўся выконваць народныя песьні толькі пад баян. Баян на “палярцы” быў. Што
тут рабіць? Давялося мне самому авалодваць гэтым інструмэнтам. Ох, і
папакутвалі мае таварышы ад не дужа прыемных гукаў, пакуль я таму-сяму
навучыўся! Але ніхто не скардзіўся. А як жа! Не для сябе, дзеля ўсіх стараецца
чалавек. Так я і стаў баяністам мімаволі.
Граў, вядома, не па нотах. На слых падбіраў
мэлёдыі. Дзе тут, на “палярцы”, ноты здабудзеш! Але ўжо нават на першых пробных
канцэртах нас з Сашам пачалі выклікаць “на біс”. А пазьней, на аглядзе, прысьвечаным
сустрэчы сонца, наш аркестар заняў першае месца ў
Якуціі. Праўда, мне і сёньня здаецца, што гэта нейкая фантастыка.
Аднойчы, у палярную ноч...
Нам даводзілася даволі часта выяжджаць на
кані або хадзіць пешкі ў марскі порт. Знаходзіўся ён недалёка, у якіх сямі
кілямэтрах ад нас.
Неяк пасьля сьнеданьня я надзеў кажушок і
патупаў у порт. Ніякай дарогі ці сьцяжынкі на лёдзе, вядома, не было. Ісьці
трэба было наўгад. Усе арыенціры, якія раней можна было разгледзець на беразе,
зьніклі. Расталі ў цемры палярнай ночы. І ніводнай жывой душы навокал! Адзіныя
спадарожнікі і памагатыя ў дарозе — зоркі на небе.
Але што гэта? Адышоўшы кілямэтры на тры ад
дому, я разгледзеў раптам нейкі прадмет, што рухаўся мне насустрач. Няўжо мядзьведзь?
Пра іх я наслухаўся ўжо на “палярцы” нямала. А стрэльбы, як на тое ліха, я з
сабой не прыхапіў. Валасы ў мяне пад шапкай заварушыліся. Я падаўся бліжэй да
берага. І гэтае нешта незразумелае таксама пасунулася ў той самы бок. Я ўзяў
тады марысьцей. І яно — тое самае! Тут я кінуўся бегчы што сілы назад. Яно не
пабегла за мной, адстала.
Праз якія паўгадзіны я быў зьдзіўлены і зьбянтэжаны,
убачыўшы чалавека, што набліжаўся з боку порта да нашай станцыі. Чалавека!
Незнаёмага, але чалавека. Вось жа сорам які. Добра, што ён не пазнаў мяне.
Тады я нікому не расказваў пра начное
здарэньне. Засьмяялі б! Палярнікі не любяць баязьліўцаў. А я сябе баязьліўцам
не лічыў. Уляцеў вось неяк у такую непрыемную прыгоду. Выпадкова. Вядома,
выпадкова!
Пурга
Маразы. Палярная ноч. Да ўсяго гэтага неяк
можна прывыкнуць. А вось пурга — іншая справа. Няма нічога страшней і небясьпечней
на Поўначы за пургу. Калі несьціханы моцны вецер узьнімае сьнежны пыл, які
пранікае ў кожную шчылінку. У пургу не ўбачыш нават чалавека, што ідзе з табою
побач, трымаючыся за руку. Пурга валіць чалавека з ног. І рухацца ў гэтай сьнежнай
крутаверці можна толькі на невялікія адлегласьці — на мэтэапляцоўку, у сталоўку
— з дапамогай леера, вяроўкі, працягнутай ад будынка да будынка.
Неяк прыехаў да нас вучоны з Ленінградзкага
Арктычнага інстытута. А тут якраз пурга разгулялася. Я ўзяў вучонага за руку і
павёў на абед у “кают-кампанію”. Ісьці было не так ужо і далёка — мэтраў сто.
Але раптам, адольваючы сумёт, вучоны выпусьціў маю руку і скаціўся ўніз. Ён
апынуўся з аднаго боку сьнежнай гурбы, я — з другога. Я адразу ж пераскочыў на
яго бок. Але знайсьці госьця мне не ўдалося.
Сабраліся ўсе супрацоўнікі палярнай
станцыі. Пачалі шукаць. І знайшлі неўзабаве. Знайшлі зусім у процілеглым канцы
пасёлка, каля лазьні. Ён так перапалохаўся, што ніяк не хацеў адрывацца ад
свайго сховішча.
— Я, — кажа, — не пайду адсюль, пакуль
пурга не скончыцца...
Але пурга магла цягнуцца і суткі, і двое, і
больш. Таму нам нічога не заставалася, як сілком адцягнуць яго ад лазьні і
прывесьці дахаты.
Я радаваўся, што ўсё скончылася добра. Бо
варта чалавеку ў пургу адысьці ад дому на некалькі мэтраў, і ён ужо можа не вярнуцца.
Будзе блукаць, як з завязанымі вачыма, стоміцца, сядзе адпачыць і засьне.
Колькі мы выпадкаў ведалі, калі сон гэты станавіўся вечным.
Няўдалыя адведзіны
Давялося і мне самому паспытаць па сабе,
што такое палярная пурга.
Было гэта ў пачатку мая. Надвор’е стаяла
цудоўнае. Слабенькі мароз — градусаў 5 ніжэй за нуль. Мы наважыліся з Сашам
Біцэнкам прагуляцца па замёрзлай і пакрытай сьнегам бухце на лыжах. Лыжнік мой
сябар быў добры. Я ледзь пасьпяваў за ім. Адышлі кілямэтраў гэтак на дзесяць.
Любуемся навакольлем. Хораша! Паветра чыстае, празрыстае. Нават востраў Мастах відаць. А да яго кілямэтраў сорак,
не меней. На гэтым востраве разьмясьцілася адна з палярных станцый нашага раёна.
Там працавалі тры чалавекі: мэтэароляг, радыст і кухар.
— А што, Саша, ці не наведаць нам
таварышаў? — прапанаваў я. — Сумна ім там адным!..
— Пайшлі! — згадзіўся Саша.
Лёгка беглі лыжы. Толькі сьнег парыпваў пад
намі.
І раптам — пазёмка, гэты вечны прадвесьнік
пургі. Паверхня бухты нібы дымком узялася. Сьцелецца дымок па сьнезе, па лёдзе,
а ветру як быццам і няма.
Спыніліся мы. Што рабіць? Да вострава
далёка яшчэ. І да свайго берага не бліжэй.
Нечакана неба завалакло аблокамі. Вецер
пачаў мацнець. Бачнасьць сапсавалася. Цяпер ужо не толькі вострава, але адзін
аднаго мы ледзь маглі разгледзець.
— Дадому! — крыкнуў Саша. — Пакуль не
позна!..
Я добра памятаў словы Колі Жаркова, што ў
пургу вецер можа быць не толькі лютым ворагам, але і сябрам. Як правіла,
напрамак ветру мяняецца не хутка. Гэта і дапамагае вызначыць кірунак, у якім
трэба ісьці. Калі мы павярнулі ў бок станцыі, вецер дзьмуў з левага боку і
крыху насустрач. І мы ішлі з Сашам так, каб напрамак ветру ў адносінах да нас
заставаўся тым жа.
Хацелася прысесьці, адпачыць. Але мы
падбадзёрвалі адзін аднаго і, выбіваючыся з апошніх сіл, крок за крокам
адваёўвалі ў пургі.
Раптам скрозь выцьцё ветру мы пачулі брэх
сабак. Збочылі ўправа — брэх заціх. Узялі ўлева — брэх пагучнеў. Ура! Мы
выратаваны. Гэта быў руднік. Адсюль мы ўжо ведалі, як ісьці па беразе да
станцыі.
І нарабілі ж мы ў той дзень перапалоху!
Калі стала вядома, што нас няма, уся станцыя ўзьнялася на ногі. Але дзе шукаць?
Запалілі пражэктары, уключылі магутную гукавую сырэну... Але што нам зараз да
гэтага?!. Мы, не распранаючыся, зваліліся на падлогу і заснулі. Моцна заснулі.
Не на гадзіну, не на дзьве — аж на цэлыя суткі!
Коля
Жаркоў хоча ў тэатар
Часам у марскі порт прыяжджалі сапраўдныя
артысты. Яны давалі два-тры канцэрты ў клюбе і вярталіся на Вялікую зямлю.
Здаралася гэта звычайна ў навігацыю, калі параходы маглі свабодна праходзіць у
гэтыя мясьціны.
Група артыстаў з Ленінграда некалькі дзён
ужо выступала ў порце. Надышла і наша чарга ісьці на канцэрт. Усе вольныя ад
дзяжурства былі дастаўлены з палярнай станцыі ў порт на катэры і своечасова
прыбылі ў клюб. Асабліва радаваўся Коля Жаркоў. Да гэтага яму не даводзілася
быць на канцэртах. Акрамя як на нашых, вядома.
Але артыстаў усё не было. Чакалі мы іх,
чакалі ды так і не дачакаліся. Нам паведамілі, што канцэртная група вылецела да
пас, але прызямліцца ў Ціксі самалёт не змог. Бухту завалакло туманам. Лётчык
зрабіў вымушаную пасадку ў некалькіх кілямэтрах ад Ціксі. Там і праседзелі
артысты трое сутак, пакуль туман не разьвеяўся. А мы засталіся без канцэрта.
— Вам што! — бедаваў Коля Жаркоў. — Вы ўжо
бывалі ў сапраўдным тэатры, а мне такога паглядзець не ўдалося...
Ён усё часьцей і часьцей заводзіў размовы
пра тэатар, пра Маскву, пра водпуск.
— У мяне за дзесяць гадоў вунь колькі
грошай накапілася. Навошта яны мне? Тут усё бясплатна. Трэба ехаць у Маскву, мал-мал
на сьвет паглядзець...
Неўзабаве на лёдзе бухты растаў сьнег.
Пачалі зьяўляцца сьнежніцы. Тыя, хто адзімаваў два-тры гады, пачалі зьбірацца
на мацярык. Атрымаў выклік і я. А як жа Коля? Мы пачалі зьбіраць і яго. У водпуск.
Самі дадому, а яго — у водпуск. Яго ж радзіма тут.
З нецярплівасьцю чакалі мы, калі адкрыецца
летняя навігацыя.
Зноў на Вялікай зямлі
І вось мы на вялікім параходзе. Ён ідзе на
захад, у Архангельск. Ва ўтульных каютах — некалькі тысяч пасажыраў. І сярод іх
— Коля Жаркоў. Марская хвароба, ад якой пакутавалі многія, Колю не брала. Але
яму не сядзелася ў каюце з невялікім круглым ілюмінатарам. Што можна ўбачыць праз
яго? Адно толькі — хвалі ды хвалі. Ён усё часьцей і часьцей выходзіў на палубу
і пільна ўглядаўся ўдалеч.
Ці хутка ўжо Вялікая зямля? — нецярпліва
пытаўся ён. І вось нарэшце Архангельск. Драўляныя тратуары. Доўгія вуліцы...
Яшчэ два дні цягніком, і мы — у Маскве!
Тут, у Маскве, у сярэдзіне верасьня было
яшчэ цёпла. А там, у Ціксі, пачыналіся ўжо маразы. У Архангельску таксама. І мы
ў Маскве зьдзіўлялі ўсіх футравым адзеньнем і вунтамі. Але не купляць жа на
некалькі дзён летнія гарнітуры. У кожнага з нас дома было ўсё, што трэба. Ды і
грошы ва ўсіх на ашчадкніжках. Дабрацца толькі. А вось Колю... Колю мы апранулі
ва ўсё новае, аддаўшы на гэта свае наяўным грошы. Нават капялюш яму купілі.
Так Коля Жаркоў пачаў сваё жыцьцё ў Маскве.
Не абышлося, вядома, без некаторых непаразуменьняў. Ён жа, жыхар Крайняй Поўначы,
упершыню трапіў у такі вялікі горад.
Коля Жаркоў у Маскве
Зайшоўшы паабедаць у адзін з шыкоўных
сталічных рэстаранаў, Коля ўбачыў жывых карпаў у вялікім акварыюме. Ён выклікаў
афіцыянтку, падвёў яе да акварыюма і паказаў пальцам на самую вялікую рыбіну:
— Вось гэтую!..
Доўга чакаў ён заказу. Нарэшце афіцыянтка
паставіла на стол перад ім смажанага карпа.
— Навошта рыбу сапсавала?! — абурыўся Коля.
— Я хачу сырую!
У Ціксі Коля быў услаўленым спэцыялістам па
прыгатаваньню струганіны. Ён браў замарожаную рыбу і стругаў на тоненькую
стружку. Да гэтай стружкі падаваўся выдатнейшая падліва. Усё гэта было
надзвычай смачна.
А тут давялося Колю задаволіцца тым, што ёсьць.
Тым больш што афіцыянтка — прыгожая, з раскошнымі залацістымі валасамі,
апранутая ў рускі нацыянальны ўбор — зрабіла на яго моцнае ўражаньне. Яна
нагадала яму, як ён сам расказваў пазьней, рускую прыгажуню, якую ён бачыў у
кніжцы казак.
— Заўтра зноў сюды прыйду, — сказаў ён сам
сабе і падаўся да выхаду. Яму і ў голаў не прыйшло, што ў рэстаране трэба
плаціць кожны раз асобна. Афіцыянтка дагнала яго ля самых дзьвярэй і зьбянтэжана
папрасіла расплаціцца.
— Якія грошы? — не разумеў Коля.— У мяне
грошы на ашчадкніжцы. Чаму не верыш? Я ж і заўтра прыйду. І яшчэ многа буду
прыходзіць. Адразу і заплачу за ўсё!
З гэтымі словамі ён для большай
пераканальнасьці працягнуў ёй ашчадкніжку.
— Я — Коля Жаркоў. Палярнік. Якут. А як цябе завуць?
— Ліза, — зусім ужо зьбянтэжана адказала
афіцыянтка. Але Колю яна паверыла і грошай за абед не ўзяла.
— Прыходзьце пасьлязаўтра, — сказала яна на
разьвітаньне, — я за гэтым жа столікам буду працаваць.
— Чаму пасьлязаўтра? — Колю было
незразумела гэта. — Чаму мы і дзень і ноч працуем, а тут толькі дзень ды яшчэ
праз дзень?..
Але што паробіш? І з гэтым прыйшлося зьмірыцца.
Пасьля рэстарана Коля пайшоў у гасьцініцу. Тут яму катэгарычна адрэзалі:
— Месцаў няма!
— Як — няма?! — аж узьвіўся наш спакойны і
ўраўнаважаны Коля. — Такі вялікі дом і няма! У нас маленькія дамы, а месца ўсім
хапае...
Але гэта не пераканала адміністратара. І
Коля падаўся шукаць па Маскве знаёмых. Адрасы ён запісаў сабе ў блякнот яшчэ
там, у Ціксі.
Пасьля
некалькіх наведваньняў таго самага рэстарана Коля папрасіў Лізу суправаджаць
яго ў блуканьнях па Маскве. Бо колькі, маўляў, часу марна траціцца. І Ліза
згадзілася. Ёй падабаўся гэты незвычайны наведвальнік, добры і бясьхітрасны.
Яна паказвала яму сталіцу. А ён так нахвальваў ёй сваю Крайнюю Поўнач, што ёй
захацелася пабачыць гэты край на ўласныя вочы.
Ад’яжджаў Коля ў Ціксі вясёлы і шчасьлівы.
Разам з ім ехала і Ліза.
НА ВОСТРАВЕ ЎРАНГЕЛЯ
Палярная хвароба
Мы праводзілі Колю з Лізай, а самі
засталіся ў Ленінградзе. Мне далі кватэру ў Доме палярніка і залічылі ў
Арктычны інстытут навуковым супрацоўнікам. Я перавёз з Рэчыцы маму. Яна
сумавала на мне, гэтак жа як і я па ёй. Часта заходзіў да мяне Саша Біцэнка.
Ленінград — яго родны горад. Ён жыў з маці на Петраградзкай старане. Працаваў,
як і я, у Арктычным інстытуце.
Мама прывезла мне вестку ад Сяргея. Ён не
ведаў, куды пісаць мне, і таму адправіў пісьмо на рэчыцкі адрас. Аказалася, што
ён не далучыўся да мяне таму, што быў прызваны ў Чырвоную Армію. Цяпер ужо —
камандзір. І вырашыў застацца ў арміі на ўсе жыцьцё. Ну, што ж, справа
пачэсная. Не менш пачэсная, чым асвойваць Поўнач.
З мамай я амаль не разлучаўся. Хадзіў з ёю
ў тэатар і нават на каток. Праўда, на канькі не станавілася. Толькі цярпліва
чакала, пакуль мы з Сашам каталіся.
Каб не губляць марна час, я пачаў займацца
на геафаку пэдагагічнага інстытута. Адначасова выкладаў у Арктычным вучылішчы —
рыхтаваў новае пакаленьне палярнікаў.
Так унепрыкметку прамінула зіма. Вясною
Саша і іншыя палярнікі пачалі зьбірацца на Поўнач, у розныя экспэдыцыі. Мне таксама
пачало ўжо надакучаць жыцьцё ў вялікім горадзе. І я не на жарты захварэў на
“палярную хваробу”. Мяне з неадольнай сілай вабіла зноў да сябе суровая, але
такая ўжо родная Арктыка.
Вельмі хацелася трапіць у адну экспэдыцыю з
Сашам Біцэнка. Але шляхі нашы на гэты раз разышліся. Мяне накіравалі ў інспэкцыю
палярных станцый Усходняга раёна Арктыкі, туды, дзе ў жорсткай барацьбе за
асваеньне Поўначы зьявіліся першыя Героі Савецкага Саюза.
Першыя Героі
Шлях з Архангельска ва Ўладзівасток ляжаў у
даўнейшыя часы праз далёкія паўднёвыя моры з прыпынкамі ў іншаземных портах.
Толькі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі па дэкрэце У. І. Леніна асваеньне Паўночнага
марскога шляху стала сур’ёзнай дзяржаўнай справай. Пачалося вывучэньне прыроды
Арктыкі, зьявіліся першыя палярныя станцыі і радыёстанцыі.
У 1932 годзе карабель “Сібіракоў” упершыню
прайшоў за адну навігацыю з захаду на ўсход уздоўж усяго паўночнага ўзьбярэжжа
Савецкага Саюза.
Годам пазьней па яго шляху накіраваўся
карабель “Чалюскін”. Кіраваў экспэдыцыяй вядомы савецкі вучоны, магілеўчанін О.
Ю. Шміт. У жніўні, калі “Чалюскін” амаль прайшоў ужо Берынгаў праліў, яго
заціснула льдамі і зноў аднесла ў Чукоцкае мора. Ледаколы не маглі прабіцца на
дапамогу “Чалюскіну”. Так, у лядовым палоне, карабель дрэйфаваў усю восень. У
пачатку наступнага года ціск ільдоў узмацніўся. Неўзабаве “Чалюскін” быў расьціснуты
льдамі. Але ўсе, хто знаходзіўся на караблі, пасьпелі высадзіцца на лёд. Іх
было больш ста чалавек. Загінуў толькі адзін. Яго зьнесла патокам вады пры
выгрузцы прадуктаў і абсталяваньня.
Упершыню ў гісторыі на крызе ў бязьмежнай
белай прасторы ўзьнік палатачны гарадок. Жыхары лядовага лягеру мужна змагаліся
са стыхіяй. У лягеры былі жанчыны і дзеці. Самай маленькай была дзяўчынка, якая
нарадзілася некалькі месяцаў назад у сям’і Васільлевых, калі “Чалюскін” знаходзіўся
ў Карскім моры. Таму і назвалі дзяўчынку Карынай.
Уся краіна пільна сачыла за падзеямі ў
лядовым лягеры. Вось тады адзін з паркаў Менску і пачаў называцца паркам “Чалюскінцаў”.
На дапамогу чалюскінцам прыйшла маладая
савецкая палярная авіяцыя. Рызыкуючы жыцьцём, адольваючы маразы, пургу і іншыя
перашкоды, нашы адважныя лётчыкі выратавалі чалюскінцаў і ўсіх да аднаго вывезьлі
на мацярык.
Неўзабаве быў апублікаваны ўказ аб увядзеньні
званьня Героя Савецкага Саюза. Першымі вышэйшую ўзнагароду Радзімы атрымалі
лётчыкі А. Ляпідзеўскі, С. Леванеўскі, М. Сьляпнёў, В. Молакаў, М. Каманін, М.
Вадап’янаў, I. Даронін. Гэта яны так пасьпяхова выканалі апэрацыю па выратаваньню
чалюскінцаў.
З таго часу прайшло дзесяць гадоў. І вось
давялося пабываць у гэтых мясьцінах і мне. Нашаму караблю таксама перашкаджалі
арктычныя льды. Такія ж магутныя. Яны не зьмяніліся. І карабель наш быў
ніколькі не мацнейшы за “Чалюскіна”. Але навуковыя супрацоўнікі палярных
станцый ужо ведалі лядовую абстаноўку, шляхі, па якіх дрэйфуе лёд. Яны навучыліся
папярэдне вызначаць найбольш удалы маршрут, па якім караблі маглі прайсьці з
найменшай небясьпекай.
Зайшоўшы на палярныя станцыі Ўсходняга
сэктару Арктыкі, мы пакінулі там новую зьмену і прынялі на борт старых зімоўшчыкаў.
Наш карабель узяў курс на востраў Урангеля.
Да Полюса — напралом
І раней, не маючы такой тэхнікі, як зараз,
людзі імкнуліся дасягнуць Паўночнага полюса. Імкнуліся да тае кропкі зямнога
шара, дзе няма звычайных напрамкаў: Поўначы, Усходу, Захаду, дзе, куды ні
павярніся, адзін на ўсе бакі напрамак — Поўдзень. Дзе паўгода сьвеціць, не
хаваючыся за далягляд, сонца. А потым схаваецца таксама на цэлых паўгода. Адных
вабілі туды слава і рэкорды, другіх — дапытлівасьць і навуковыя адкрыцьці.
Розныя былі і спосабы, пры дапамозе якіх спрабавалі нашы папярэднікі дасягнуць
Паўночнага полюса: пешшу, на сабаках, на караблях, дырыжаблях...
Англічанін Уільям Эдуард Пары яшчэ ў
пачатку мінулага стагодзьдзя спрабаваў прайсьці да полюса пешшу па лёдзе. Але
лёд Паўночнага Ледавітага акіяна не стаіць на месцы, а ўвесь час рухаецца —
дрэйфуе. Адважнага падарожніка аднесла дрэйфам убок. Яму не ўдалося дасягнуць
мэты.
У канцы мінулага стагодзьдзя швэд Саламон
Андрэ накіраваўся да Паўночнага полюса на паветраным шары “Арол”. Першыя тры
дні з ім падтрымлівалася сувязь з дапамогай галубоў. Потым сувязь спынілася. І
толькі праз трыццаць гадоў на востраве Белы былі знойдзены рэшткі Андрэ і яго
спадарожнікаў.
У канцы мінулага стагодзьдзя рускі марак і
вучоны адмірал Макараў выказаў ідэю: да полюса — напралом! Пабудаваны па яго
ініцыятыве лёдакол “Ярмак” дасягнуў толькі 83 градуса паўночнай шырыні. Далей
адольваць магутныя льды ён не змог.
Першым дасягнуў Паўночнага полюса ў 1909
годзе амэрыканец Роберт Піры. Дваццаць гадоў рыхтаваўся ён да гэтага.
Выпрабоўваў сыстэмы сабачых запрэжак, рыштунку, харчаваньня. Але на Паўночным
полюсе ён прабыў усяго трыццаць гадзін. На большае ў яго не хапіла б запасу
харчу. За гэты час ніякіх навуковых назіраньняў Піры не зрабіў. Нават глыбіню
акіяна не вымераў. Ды ён і не ставіў такіх мэт перад сабой. Адзіная прага
кіравала ім усе гэтыя гады — набыць сусьветную славу.
Няўдача Сядова
У
1912 годзе наш суайчыньнік Георгій Сядоў
рушыў да Паўночнага полюса на караблі “Сьвяты Фака”. Пасьля цяжкай і без
пасьпяховай барацьбы з ільдамі ён зразумеў, што на караблі мэты не дасягнеш.
Хворы Сядоў высадзіўся на лёд з двума матросамі і падаўся далей на трох сабачых
запрэжках. У дарозе яго зваліла цынга. Але ён не здаваўся і правяраў па компасе
правільнасьць разьлікаў.
20 лютага 1914 года Сядоў памёр. Яго
пахавалі на востраве Рудольфа. А яго спадарожнікі, зьнясіленыя і расчараваныя
няўдачай, вярнуліся на “Сьвятога Факу”. Ніякіх узнагарод яны не чакалі ад
царскага ўрада.
Калі карабель праходзіў паўз астравы Зямлі
Франца-Іосіфа, у бязьлюднай цішыні раптам пачуўся стрэл. Усе біноклі
накіраваліся ў бок берага.
— На
беразе чалавек!
Неўзабаве невядомы ў пашматаным кіцелі на
маленечкім чоўніку наблізіўся да борта карабля.
— Я — штурман “Сьвятой Ганны”...
Альбанаў... прашу дапамогі...
З расказу Альбанава маракі даведаліся пра
сумны лёс яшчэ аднаго карабля, які ішоў на Поўнач.
Ён выйшаў з Пецярбурга ў той самы год, што
і “Сьвяты Фака”. У Карскім моры ўмёрз у лёд і дрэйфаваў у паўночным напрамку.
Два гады экіпаж спрабаваў вырвацца з лядовага палону. Але льды не рассоўваліся.
На караблі пачаліся хваробы. А горш за ўсё, што капітан Брусілаў і штурман
Альбанаў пасварыліся паміж сабой. Альбанаў, пакінуўшы карабель, з групай
маракоў накіраваўся пешшу да Зямлі Франца-Іосіфа. З адзінаццаці ўдзельнікаў паходу
засталіся ў жывых толькі двое — Альбанаў і Конрад. Што сталася з тымі, хто
застаўся з капітанам, невядома. Яны ўсе да аднаго загінулі бясьсьледна.
Але дрэйф карабля “Сьвятая Ганна” і лядовы
паход штурмана Альбанава пакінулі сьлед у гісторыі пакарэньня Поўначы.
У 1928 годзе італьянец Умбэрта Нобіле
праляцеў над Паўночным полюсам на дырыжаблі. Вяртаючыся, дырыжабль пацярпеў
аварыю. Частка экіпажа загінула. Некаторых удзельнікаў палёту падабралі
савецкія лётчыкі і маракі.
Першая ў сьвеце
У 1937 годзе савецкія лётчыкі ўпэўнена, як
гаспадары, заснаваліся на Паўночным полюсе. Яны даставілі сюды першую ў сьвеце
дрэйфуючую станцыю “Паўночны полюс - 1”. Дзевяць месяцаў правялі на крызе
мужныя палярнікі І. Д. Папанін; Э. Т. Крэнкель, П. П. Шыршоў, Я. К. Фёдараў.
Яны зрабілі шмат навуковых назіраньняў па мэтэаралёгіі, акіяналёгіі, біялёгіі і
магніталёгіі. Яны ўпершыню вымералі глыбіню акіяна пад Паўночным полюсам.
Аказалася — каля чатырох кілямэтраў. Калі ж крыга выйшла ў Грэнляндзкае мора і
паменшылася да такіх памераў, што нават радыёантэну не было дзе разьмясьціць,
да папанінцаў падышоў лёдакольны параход і зьняў іх з крыгі.
Вайна перапыніла дасьледчыя работы на
Паўночным полюсе. Лётчыкі савецкай палярнай авіяцыі выконвалі заданьні ваеннага
значэньня.
Дасьледаваньні цэнтральнай часткі
Паўночнага Ледавітага акіяна ўзнавіліся толькі пасьля вайны. Пачалася
арганізацыя чарговай навуковай станцыі — “Паўночны полюс – 2”.
“ПАЎНОЧНЫ ПОЛЮС – 2”
Чортаў тузін
Некаторыя лічаць, што лік “трынаццаць” — не
шчасьлівы. І называюць яго чортавым тузінам. Есьць за мяжой караблі, на якіх
няма кают пад нумарам трынаццаць. Есьць вуліцы і нават гарады, дзе няма дамоў і
кватэр пад гэтым нумарам. Пасьля дванаццатага дома ці нумара ў гасьцініцы
адразу ідзе чатырнаццаты.
Я ў гэтыя забабоны не веру. Жыцьцё
пераканала мяне ў адваротным.
Мы, трынаццаць палярнікаў з трынаццатага
пакоя ленінградзкага Арктычнага інстытута вылецелі 13 сакавіка на Паўночны
полюс і пасьпяхова селі на льды Цэнтральнай Арктыкі. А роўна трынаццаць гадоў
назад экспэдыцыя пад кіраўніцтвам О. Ю. Шміта ў колькасьці трынаццаці чалавек
гэтак жа пасьпяхова высадзіла тут папанінцаў.
— Ну, як, Емяльянавіч, не баісься чортавага
тузіна? — з усьмешкай спытаўся ў мяне Міхаіл Міхайлавіч Сомаў, прызначаны
начальнікам станцыі “Паўночны полюс – 2”.
— Не! — рашуча адказаў я. — Не баюся.
Але ж 13 лютага 1934 года быў расьціснуты
льдамі “Чалюскін”. 13 жніўня трынаццаць гадоў назад загінуў лётчык
Леванеўскі...
Ды хіба маглі якія-небудзь цяжкасьці
пахіснуць жаданьне палярніка дасягнуць полюса? Гэта ж — галоўная мэта жыцьця!
І я лічыў сябе шчасьліўчыкам, калі апынуўся
ў ліку трынаццаці абраньнікаў.
Зноў у бухце Ціксі
Час падрыхтоўкі праляцеў хутка.
І вось трынаццатага сакавіка наш самалёт узьняўся
з ленінградзкага аэрапорта і ўзяў курс на Поўнач. Праз некалькі пасадак мы былі
ўжо ў Ціксі. Тут чакалі нас радысты — ужо знаёмы нам Косьця Курко і яго
памочнік Георгій Шчацінін.
Ціксі!
Колькі разоў хадзіў я пешшу са сваёй “паляркі” ў порт і назад? І не зьлічыш.
Пяць гадоў не быў я тут. Як жа не наведаць сваю палярную станцыю? І я рушыў
знаёмым шляхам — пешшу па лёдзе.
Сем кілямэтраў для здаровага, загартаванага
маладога чалавека — не адлегласьць. І вось мяне сустракае стары мой сябар якут
Коля Жаркоў. Ну, вядома, абдымкі, поціскі рук, як ды што...
Палярную станцыю не пазнаць. Новыя дамы,
новыя людзі. Коля, як гаспадар, водзіць мяне на “палярцы”. Але сустрэча была
занадта кароткая. Пачыналася пурга, і за мной паслалі машыну з аэрапорта, баючыся,
каб я не затрымаўся на “палярцы” надоўга.
У порце таксама сустракаліся знаёмыя па
ранейшых зімоўках і экспэдыцыях. Размовы звычайна былі кароткія.
— Ты куды? — пытаюся.
— У Маскву. А ты?
— А я — на Паўночны полюс!
— Ого! — і мой субяседнік з зайздрасьцю
пазіраў на мяне.
А ці памятаеш?..
Шмат гадоў прамінула з тых цудоўных і незабыўных
дзён. Але і да гэтага часу я, як з самымі блізкімі і роднымі людзьмі, сустракаюся
з сябрамі-палярнікамі. У нас, удзельнікаў экспэдыцыі на дрэйфуючай станцыі
“ПП-2”, стала традыцыяй праз кожныя пяць гадоў зьбірацца ў Ленінградзе ў дзень
высадкі на крыгу.
Я вярнуўся на радзіму, у Беларусь. Даўно
жыву ў Мінску. Але часта бываю ў Ленінградзе і ў Маскве ў гасьцях у сваіх
сяброў па дрэйфу.
Сёлета ў пяты раз прыяжджаў да мяне ў Мінск
Косьця Курко. Па тэлефоне ён паведаміў, што выедзе з Масквы на сваёй машыне ў
сем гадзін раніцы і будзе ў Мінску а дзевятнаццатай гадзіне. З нецярпеньнем
чакаю яго на сваёй дачы, пад Мінскам. Ён ведае, куды ехаць. І роўна ў
дзевятнаццаць у адкрытыя вароты павольна ўяжджае сьветлая “Волга” з маскоўскім
нумарам. І пачалося бясконцае: — А ці памятаеш?..
Памятаю. Усё памятаю! Да найменшых драбніц.
І нават сьляза наварочваецца, калі ўспомню нашы палаткі, пакінутыя на крызе. Як
адзінока выглядалі яны з борта самалёта ў бязьмежным лёдавым абшары...
Такое не забываецца. Не забываецца
перажытае. Не забываюцца тыя, хто дзяліў з табой усе радасьці і нягоды
палярнага жыцьця, хто прыходзіў на выручку ў цяжкія хвіліны. Не забываецца і не
забудзецца. Ніколі не забудзецца. Дзеля гэтага я і сабраў свае запіскі, свае
нататкі ў кніжку...
Буду вельмі рады, калі яна трапіць у рукі
таго хлопчыка, пра якога я казаў у самым пачатку.
Калі ж мая кніжка і табе, дарагі чытач,
спадабаецца, калі табе захочацца быць падобным да маіх сяброў-палярнікаў, я
буду зусім шчасьлівы.
ДАВЕДКА
Васіль Емяльянавіч Благадараў – савецкі
геафізык, вучоны-палярнік, гідрамэтеароляг, пісьменьнік. Нар. у в. Казанаўка ля
Рэчыцы на Гомельшчыне. Працаваў у Менскай геафізычнай лябараторыі, ў 1940–1945
гг. на мэтэастанцыі ў бухце Ціксі. Ад 1945 г. – навуковы супрацоўнік Арктычнага
і Антарктычнага Навукова-даследчага інстытута ў Ленінградзе. Удзельнік 8
арктычных экспэдыцый, удзельнік дрэйфу станцыі “Паўночны полюс – 2”.
Творы:
В Арктике. Минск,
1959. 232 с.
Ропак. Минск.
1962. 32 с.
В Арктике. 2- изд.
Минск, 1962. 220 с.
Там, дзе блукае
белы мядзведзь. Мінск. 80 с.
Зюзіяна Мастах,
Койданава.
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz