środa, 4 maja 2016

ЎЎЎ Мікалай Воўкаў. Талент - надзея кожнай нацыі. Ды ёсьць праблема... З падарожжа ў Якутыю. Койданава. "Кальвіна". 2016.



    Званок з Масквы быў, як заўсёды, нечаканы. Дырэктар школы Міжнароднай дабрачыннай праграмы “Новыя імёны” Віктар Маеўскі, павітаўшыся так, быццам мы рассталіся не пару гадоў таму, сказаў, што пры канцы ліпеня вялікая група прафэсараў Маскоўскай кансэрваторыі  і Расійскай акадэміі музыкі вылятае ў Якуцк. Там арганізавана летняя творчая школа “Новыя імёны”, дзе на працягу двух тыдняў вядомыя музыканты і пэдагогі правядуць майстарклясы, выступяць з лекцыямі, возьмуць удзел у канцэртах і г. д. Сярод запрошаных — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафэсар Тацьцяна Гайдамовіч; народныя артысты Расіі, прафэсары Іван Мазгавенка, Уладзімер Тонха, Ігар Фралоў, Аляксандар Бандуранскі і іншыя. Дык ці не змагу і я паўдзельнічаць у рабоце школы і правесьці майстарклясы для выканаўцаў на медных духавых інструмэнтах?
    У Якуціі мне бываць не даводзілася. Аўтары міжнароднай праграмы і склад. спэцыялістаў гаварылі, па крайняй меры, пра сур’езнасьць намераў. З другога боку, па шчырасьці, амаль 15-гадзінны пералёт туды і назад на самалётах былога “Аэрафлёту” не надаваў пачуцьця асаблівага аптымізму. У выніку непрацяглага роздуму над сытуацыяй ўсё-такі “перамагла дружба”, і я згадзіўся. Аднак буду да канца шчырым: увесь астатні час шукаў прыстойную нагоду адмовіцца. Сказаў, напрыклад, што хачу ўзяць з сабою вучня. Арганізатары пагадзіліся. Жэня Лятэ пачаў рыхтавацца.
    І вось мы ў Якуцку, а правільней — пад Якуцкам, у Вышэйшай школе музыкі Рэспублікі Саха (Якуція). Школа XXI стагодзьдзя! І зрабілася ніякавата за ўсе свае ваганьні-сумненьні. Толькі дзеля таго, каб убачыць гэты цуд, варта сюды прылятаць.
    Школа была створана спэцыяльным указам прэзыдэнта РС(Я) М. Нікалаева і ўключана ў сетку прэзыдэнцкіх школ рэспублікі. Разьмясьцілася яна за 16 кілямэтраў ад Якуцка ў жывапісным кутку прыроды па Пакроўскім тракце, у прыгожым пасёлку, пабудаваным канадзкай фірмай “Фергюсон, Сімек, Кларк”. У “канадзкай вёсцы” 43 аб’екты са сваёй інфраструктурай (школа, мэдпункт, сталоўка, бібліятэка, адміністратыўны корпус). 37 двухпавярховых 3-4 пакаёвых катэджаў, у якіх жывуць навучэнцы і студэнты. Малыя жывуць з выхавацелямі, якія абавязаны быць не толькі дзяжурнымі, але і мацяркамі. Усе выхавацелі маюць вышэйшую пэдагагічную адукацыю, многія а іх музычную. Школа ахоплівае ўсе ступені музычнай адукацыі, ад пачатковай да вышэйшай, а гадуецца ў ёй каля 140 талентаў.
    Вось дзе прадмет для роздуму!
    Матэрыяльная база школы — пра такую можна толькі марыць! Выдатныя ўласныя пэдагагічныя кадры. Дастаткова сказаць, што на Міжнародным конкурсе імя Я. Мравінскага, які нядаўна прайшоў у Пецярбурзе, клярнэтысты Якуціі занялі І і ІІ месцы. Сыстэматычнае запрашэньня буйных спэцыялістаў з Масквы, Новасыбірска,Токіё, Парыжа, Мюнхэна і г. д. Натуральна, узьнікае пытаньне наконт кошту спэцыяліста...
    У 1992 годзе быў створаны Нацыянальны фонд адраджэньня “Барбарыы” пры прэзыдэнце Рэспублікі Саха (Якуція). Дэвіз першай тэлеперадачы фонду “Я і ХХІ стагодзьдзе” абвяшчаў: “Талент — надзея кожнай нацыі, яе сапраўднае багацьце”. Як кажуць — без камэнтарыяў.
    Заняткі ў летняй школе строга рэглямэнтаваны. Кожны з запрошаных спэцыялістаў займаўся з навучэнцамі і студэнтамі шэсьць, а многія і больш гадзін у дзень. Акрамя таго — штодзённыя канцэрты, сустрэчы з прафэсурай Маскоўскай кансэрваторыі, Расійскай акадэміі музыкі, вядомымі музыкантамі, пэдагогамі.
    Мне таксама была дадзена магчымасьць выступіць перад шырокай аўдыторыяй. У Якуціі з вялікай цікавасьцю назіраюць за тым, што адбываецца ў Беларусі. І, канечна ж, адчуваецца сур’ёзная работа расійскіх сродкаў “масавай дэзінфармацыі”. Думаю, што давяральнасьці ў стасунках памог той факт, што я не толькі рускі па нацыянальнасьці, а і расіянін па масцы нараджэньня. І калі я расказваў пра тое, што сыстэму музычна-мастацкай адукацыі Беларусі за апошнія тры-чатыры гады ўдалося не толькі захаваць, але значна ўмацаваць і разьвіваць далей, мяне цяжка было западозрыць у жаданьні абараніць гонар уласнага мундзіра. Да таго ж, з вялікай канцэртнай праграмай, і пасьпяхова, выступіў Жэня Лятэ. Акрамя таго, ён узяў удзел ва ўсіх канцэртах летняй школы. У выніку быў удастоены стыпэндыі Нацыянальнага фонду “Саха Азіі”.
    Прэзыдэнт Рэспублікі Саха (Якуція) М. Нікалаеў не толькі пастаянна цікавіўся работай летняй школы, але і знайшоў магчымасьць прысутнічаць на заключным канцэрце, падзякаваць, ўзнагародзіць і сагрэць увагай усіх пэдагогаў і арганізатараў летняй школы. на закрыцьці гэтай творчай акцыі прысутнічала прэзыдэнт Міжнароднага дабрачыннага фонду “Новыя імёны” Івета Воранава.
    На гэтым можна было б і паставіць кропку. Даў сякую такую інфармацыю, падзяліўся ўражаньнямі. Ды застаецца нешта не выказанае Што? Адразу нават цяжка сфармуляваць...
    Натуральна, калі бачыш штосьці дзіўнае, міжволі пачынаеш параўноўваць з тым, што ведаеш, маеш. Параўнаўшы і атрымаўшы адмоўны для сябя вынік, пачынаеш думаць, а чаму ў нас не лепш. Гэта нават не зайздрасьць. Гэта нейкая шчымлівая незадаволенасьць. Ну, не стаім мы на месцы, і, як гаварыў я ў Якуціі, сыстэма музычнай адукацыі вытрымала, і ляўрэатамі размаітых конкурсаў мы ўжо можам трымаць справаздачу на пяць гадоў наперад, і Фонд падтрымкі творчай моладзі пры Прэзыдэнце РБ у нас таксама ёсьць, і сродкі для яго прэзыдэнт выдаткоўвае значныя... Вось, здаецца, ужо “горача”. Адразу ўспамінаюцца шматлікія масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашы цяжкія крызысныя гады, мерапрыемствы, якія вымагаюць велізарных сродкаў і на якія не знаходзілася грошай у самыя застойныя часы.
    Так, сродкі сёньня знаходзяцца. Пытаньне ў тым, як іх скарыстоўваць.
    У цяжкіх умовах тым больш павінна быць Праграма, накіраваная на... Ці толькі на падтрымку таленавітай моладзі? Ну, добра. Падтрымалі матэрыяльна, далі дадатковую стыпэндыю, дапамаглі набыць добры інструмэнт, накіраваны на стажыроўку за мяжу ў прэстыжную навучальную ўстанову. А што далай? А далей... Ужо ясна: далей яны там і застаюцца. Чаму? Прычына зразумелая: невымерная розьніца ва ўзроўнях жыцьця, і апэляваць да патрыятызму — чын досыць няўдзячны. Тлумачэньне-апраўданьне таксама прадказальнае: эканамічнае становішча ў краіна не дазваляе нам і г. д. Не будучы фінансістам, маючы пэўны вопыт і назіраючы за ўсім, што адбываецца, упэўнены, што дазваляе. Дазваляе заўсёды і ўсюды. Неабходна разуменьне, менавіта разуменьне, а не прызнаньне праблемы, а таксама жаданьне і воля да яе вырашэньня.
    Вядома, высакародна — падтрымаць таленавітых дзяцей. Але гэтая акцыя ператвараецца па сутнасьці з дзяржаўнай у папулісцкую, калі кола не замкнуць. Што такое талент? Гэта патэнцыяльныя магчымасьці і праца. Але можна ўпарта працаваць і капаць тунэль у зваротным кірунку. Для таго, каб гэтага не адбылося і шлях да посьпеху аказаўся больш простым і кароткім, побач павінен быць таленавіты настаўнік. У Якуціі мы ўсе зьвярнулі ўвагу на дзівосныя здольнасьці ўдзельнікаў летняй школы, іх імгненную рэакцыю на заўвагі і пажаданьні пэдагогаў. Ды ў той жа час многія з нас падкрэсьлівалі, што таленавітых дзяцей шмат ва ўсіх шыротах і ва ўсіх народаў. Посьпех якуцкай школы на сёньняшнім этапе вызначаецца наяўнасьцю ўласных выдатных пэдагогаў і падтрыманьнем сталых кантактаў з лепшымі пэдагогамі-музыкантамі сьвету.
    Рэальнасьць такая,што на сёньняшні дзень таленавітай моладзі ва ўсіх галінах невымерна больш, чым таленавітых настаўнікаў, а без дастойнага настаўніка талент так і можа застацца рэччу ў сабе. Ні для каго ж не сакрэт, што. многія вядомыя прафэсары-музыканты атрымалі сваю вядомасьць і папулярнасьць перш за ўсё як выканаўцы, але так і не зрабіліся сапраўднымі настаўнікамі.
    Выканаўца і пэдагог — розныя прафэсіі. Думка гэта не мая, але пацьвярджае актуальнасьць праблемы. А прафэсар у перакладзе з лацінскай — гэта пастаўшчык, выкладчык. Вядома, не перашкаджаць вучню самастойна разьвівацца — гэта таксама не апошняя якасьць для многіх прафэсараў, але быць настаўнікам — гэта штосьці іншае. Для гэтага мала эрудыцыя і выканальніцкага досьведу. Неабходны талент пэдагога. Вынікам дзейнасьці такога пэдагога зьяўляюцца высокапрафэсійныя, канкурэнтаздольныя спэцыялісты.
    Адыходзячы, магчыма, ад тэмы гаворкі, хацеў бы выказаць сваю думку. Калі пэдагог рыхтуе спэцыяліста пачынаючы з азоў і да саліста прафэсійнага аркестра ці саліста-інструмэнтаіста, ён варты вучонага званьня прафэсара. Ганаровыя званьні, вучоныя ступені, навуковыя працы — гэта пажаданы дадатак да практычнага выніку. Іначай мы ніколі не разарвем ланцуг несправядлівасьці, калі адны рыхтуюць спэцыялістаў, а другія робяцца прафэсарамі, бо “падыхозяць” пад інструкцыі ВАК. Вядома, выпадкі, калі супадае ўсё, таксама бываюць, але не так часта. Трэба сказаць, што і тэндэнцыя атрыманьня прафэсурыпраз абарону дысэртацыі ў творчых ВНУ таксама насьцярожвае. Ужо сёньня можна сказаць, што хутка зьявіцца значная колькасьць дактароў навук, якія хутка ператворацца ў прафэсароў, але далёка не ўсе з іх зробяцца настаўнікамі, пастаўшчыкамі. На мой погляд, пэдагагічны талент і канчатковы вынік яго рэалізацыі — вось што павінна адкрываць дарогу у прафэсуру ў вышэйшай навучальнай ўстанове.
    Дык як жа замкнуць круг? Гэта для ўсіх ясна. Калі цяжка, памагчы выжыць, несумненна, трэба ўсім. Але захаваць генэтычны фонд мокна, падтрымаўшы талент — выяўлены, або які ўжо зарэкамэндаваў сябе, раскрыты і сьцьверджаны. Вылучаць моладзь — гэта зрабіць жэст, не больш. Моладзь жа бачыць далейшым свой лёс у асобе сваіх старэйшых калег — няхай будуць гэта выканаўцы ці настаўнікі. Таму яна ўрэшце альбо перапрафілюецца, альбо шукае месца, дзе лепш. Можна пераступіць праз сябе і пагадзіцца з тым, што ў сілавых структурах зарплата шараговага вайскоўца большая за прафэсарскую, што адукацыя і культура фінансуюцца па мінімуме. Ды сытуацыя, думаю, у многім нам навязаная збоку. Так, нам усім хацелася б адчуваць сябе абароненымі. Але тут важна, каб абаронца разумеў, што зарплату, вышэйшую за прафэсарскую, яму плацяць не добры дзядзька і не абстрактная дзяржава, а кожны працоўны краіны.
    І тым не менш, павінны быць стымулы, павінна быць сьвятло ў канцы тунэля, а калі іх няма, то трэба наладзіць. У Савецкім Саюзе зарплата ў культуры і адукацыі таксама не была асабліва высокая. Але прафэсар ВНУ не атрымліваў менш, скажам, за міністра дадзенай галіны. Былі вызначаны творчыя калектывы (Вялікі тэатар СССР, Марыінскі, Кіеўскі опэрны, Дзяржаўны сымфанічны аркестар і г. д.), дзе зарплата была больш чым у два разы вышэйшай адносна іншых прафэсійных калектываў. Не думаю, што гэта было вялікай фінансавай нагрузкай для дзяржавы, але  затое які матэрыяльны стымул для творчых работнікаў! Неабходны падыход, пры якім таленавіты і рэзультатыўны спэцыяліст атрымае адпаведную матэрыяльную падтрымку. Ці можна ў сучасных умовах вырашыць гэту праблему? Думаю, што можна. Ці лёгка? Вядома цяжка. Лягчэй разьмеркаваць фонд зарплаты і ўсемагчымыя “дапамогі” ўсім, а па сутнасьці, адпаведна з існуючымі нормамі, пароўну. Тактычна “беспраблемнай” для кіраўнікоў усіх рангаў, але стратэгічна набалелай праблема застаецца.
    Прыгадалася мне стаўленьне П. Машэрава да таленту.Трэба сказаць, што ніводнай прэм’еры ў нашым Вялікім тэатры ён практычна не прапускаў, і ў прыватнай гаворцы. мог пацікавіцца: а як разьвіваецца той ці іншы. малады таленавіты спэцыяліст, хто падае асаблівыя спадзяваньні? Калі думкі супадалі, мог прапанаваць: а давайце паспрабуем зрабіць з яго народнага СССР. Падвучым, паможам, падтрымаем, паправім... І атрымлівалася ж!


    Хачу вярнуцца да летняй творчай школы. Бо гэта не новае вынаходніцтва. Такія існуюць не толькі ў Суздалі, Якуціі, ва Украіне ды іншых рэгіёнах былога СССР. Яны даўно існуюць ва ўсім сьвеце. Акрамя нас. Чаму? Зразумела ж, што праблема не ў матэрыяльных рэсурсах, яны ёсьць і ў Беларусі...
    Хацеў бы сказаць удзячнасьць усім тым, хто прадаставіў магчымасьць мне і майму вучню пабываць у Якуціі. Шмат уражаньняў! I ёсьць пра што задумацца.
    Мікалай Воўкаў,
    прафэсар Беларускай акадэміі музыкі
    На здымках:
    Якуція, Вышэйшая школа музыкі; прафэсар М. Воўкаў (справа) і ляўрэат міжнародных конкурсаў Я. Лятэ з навучэнцамі якуцкай школы.
     /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 16 кастрычніка 1998. С. 11./

                                                                     ДАВЕДКА


    Мікалай Міхайлавіч Воўкаў (Волков) - нар. у 1943 г. Выкладаў у 1964-1967 гг. у Музычнай вучэльні пры Маскоўскай кансэрваторыі. У 1967-1970 гг. - саліст аркестра Вялікага тэатра БССР. Ад 1968 г. прафэсар Беларускай кансэрваторыі, ад 1986 г. загадчык катэдрай духавых і ўдарных інструмэнтаў. У 1972-1977 гг. займаў кіраўнічыя пасады ў Міністэрстве культуры БССР, у 1977-1979 гг. - дырэктар Вялікага тэатра БССР.


    Яўген Лятэ (Ляттэ) -  навучаньне музыцы пачаў у 1987 г. ў ДМШ № 11 г. Мінска. Ад 1993 г. вучыўся ў Рэспубліканскім ліцэі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў клясе прафэсара М. Воўкава, затым у БДАМ у клясе прафэсара М. Воўкава. У 2008 г. паступіў у кляс салістаў (Solistenklasse) Вышэйшай школы музыкі ў Штутгарце (Нямеччына).
    Сахая Курыкан-Дуда,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz