Брестский курьер
КАСА ПАД УВАГАЙ АБ’ЕКТЫВУ
Ёсьць некалькі рэгіянальных фэстываляў, пра
якія ў журналісцкім асяродзьдзі не толькі ведаюць, але і абмяркоўваюць. Ну
кшталту: “Паедзеш? Была? Ну як там сёлета?”. Фэстываль “Спораўскія сенакосы”
хутка даганяе па пазнавальнасьці брэнд “Мотальскія прысмакі”, а ўлічваючы, што
там нашмат менш, як цяпер кажуць, трэшу, то будучыню “балотнаму фэстывалю”
трэба маляваць самую сьветлую.
Нягледзячы на ранейшую
настойлівую рэкляму з першых вуснаў, я ўпершыню накіравалася на “Спораўскія
сенакосы” толькі сёлета. Усякія сумненьні, ехаць ці не, адпалі пасьля абвесткі,
што на фэстывалі будуць выступаць гурты KRIWI і “Палац” – ну дзе яшчэ па сёньняшніх
часах іх можна пабачыць? Такім чынам, раніцай 23 жніўня я апранула гумовыя
чобаты і рушыла ў вёску Высокае Бярозаўскага раёна.
Сенакос
Гвозд праграмы, які
сабраў найбольш народу, у тым ліку мясцовага. Тут было два тыпы спаборніцтваў –
спачатку каманднае (па два чалавекі), пасьля асабісты залік сярод лепшых
касцоў. У сувязі з тым, што “Спораўскія сенакосы” сёлета былі аб’яўленыя заадно
і чэмпіянатам Эўропы па кашэньні нізінных балот, то сярод большасьці беларускіх
каманд знайшлося і пару замежных: адна з Польшчы і адна з Якуціі. Слабае прадстаўніцтва замежных краін дырэктар заказьніка Вадзім Пратасевіч патлумачыў тым,
што патэнцыяльныя ўдзельнікі проста не пасьпелі вырабіць беларускія візы.
Украінская каманда не прыехала без тлумачэньня прычын.
Пераможцы ў конкурсе
па кашэньні атрымалі такія прыстойныя прызы – трымэры, бэнзапілы, дрэлі і таму
падобнае, што я, каб умела касіць, то абавязкова спакусілася б на ўдзел. І не
думайце, што не жаночая гэта справа. Сярод 30 каманд касяроў была адна і
жаночая.
Спаборніцтва па
сенакашэньні было прыдумана кіраўніцтвам заказьніка “Спораўскі”, канешне, не
для таго, каб нарыхтаваць сена на зіму. Фэстываль мае на мэце прыцягненьня 1)
турыстаў і 2) грамадзкай увагі да праблемы захаваньня балот. У прыватнасьці,
пасьля мэліярацыі Спораўскія балоты пачалі зарастаць хмызьняком, нагадваць
пералескі, і гэта, па словах Вадзіма Пратасевіча, вялікая праблема. Ручное
сенакашэньне раз на год яе не вырашае, таму на грантавыя грошы заказьнік
прыдбаў камбайн-балатаход, які, упрыгожаны транспаратам “Спораўскія сенакосы”,
стаяў ля “футбольнага” поля.
Гамароя Паплаўчанка,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz