ТУМАН
(восеньскае здарэньне)
Перайшоўшы вуліцу, Сігізмунд Пятровіч побач
з домам, да якога кіраваўся, убачыў грузавік з незразумела доўгім надпісам па
борце. Падышоў бліжэй, паправіў акуляры і прачытаў:
ВАДЗІЦЕЛЬ!
БУДЗЬ АБАЧЛІВЫ ВА ЎМОВАХ ТУМАНУ,
АСАБЛІВА КАЛІ ТУМАН У ГАЛАВЕ
Сігізмунд Пятровіч зарагатаў. Дзьве дзяўчынкі,
што беглі міма, аж спыніліся: да таго было гэта дзіўна — стаіць дзядзька,
салідны гэтакі, глядзіць па грузавік і рагоча. А справа была зусім і не ў дасьціпнасьці
невядомага аўтара з ДАІ: цэлы дзень сядзеў Сігізмунд Пятровіч на паседжаньні,
выступаў нават. Там не да сьмеху было, а яго здаровы арганізм патрабаваў
гумару.
“Туман... Туман у галаве”, — сьмяяўся ўжо ў
думках Сігізмунд Пятровіч, уваходзячы ў пад’езд. Ліфцёр высунуўся са свайго
акенца, але нічога не сказаў — відавочна, памятаў: Сігізмунд Пятровіч пазаўчора
ўжо заходзіў сюды. Тады яны з былым генэральным вельмі добра пагаварылі,
паўспаміналі сумесную работу — і Сігізмунд Пятровіч шчыра не разумеў, чаму зноў
запрошаны сюды.
Дзьверы адчыніў сам Султан, як часьцяком за
сьпінай звалі яго. Тая ж лысіна шырынёй у поўню, тыя ж вусы — што шчоткі
нагуталіненыя. Толькі твар пакрыўджаны быў — гэта Сігізмунду Пятровічу адразу
кінулася ў вочы.
Былы генэральны дырэктар аб’яднаньня адразу
павёў у свой кабінэт, на другі паверх кватэры. На стале не стаяла ні шклянкі,
ні паўшклянкі — тут Сігізмунд Пятровіч пераканаўся, што сапраўды адбылося нешта
непрыемнае. Непрыемнае для яго, Сігізмунда, бо з-за сваіх непрыемнасьцей Султан
ніколі не забываўся пачаставаць.
Сьцены кабінэта былі завешаныя дыванамі —
на тое і Султан. На падлозе спружыніў палас. Сігізмунд Пятровіч уявіў, як
Султан, калі застаецца адзін, нават без жонкі-хахлушкі і сына, злазіць з крэсла
на гэты палас і, падкурчыўшы ногі, мазгуе над дзяржаўнымі справамі, і міжволі
ўсьміхнуўся.
— Што зубамі блішчыш? — узлаваўся раптам
былы генэральны. — Плакаць трэба, а ты сьмяесься!
— Чаму плакаць, Саслан Хасанавіч? —
уздрыгнуў Сігізмунд Пятровіч. Адбылося нешта, адбылося.
— Сыгнал на цябе! А па-бытавому кажучы, данос.
— Куды? — ціха спытаў Сігізмунд Пятровіч.
— Не нам, не нам! Не спадзявайся. Каб нам,
размова б іншая была. Вышэй сыгнал.
— Ананімны? — надзея на лепшае Сігізмунда
Пятровіча не пакідала ўсё ж.
— Падпісана як мае быць... Прозьвішча,
месца работы. Не, Галаўня. Не ананімка.
— Хто ён, сыгнальшчык? На якім участку працуе?
І аб чым сыгнал? — не даючыся адчаю, прамовіў Сігізмунд Пятровіч.
— Можа, табе яшчэ і копію сыгналу? —
буркнуў былы генэральны. Вусы-шчоткі яго таргануліся ўверх.
— Не пашкодзіла б, кажучы шчыра.
— Валяюцца яны табе на вуліцы, копіі тыя? Ну
добра. Трымай.
Саслан Хасанавіч рэзка рвануў шуфляду і
выкінуў адтуль на стол пяток машынапісных старонак, зьбітых дроцікам. Сігізмунд
Пятровіч нэрвова накінуўся па іх, чытаючы, як кажуць, “па дыяганалі”. Але хаця
і не кожнае слова трапляла ў вочы, супроць тых, што траплялі, ён нічога не мог
сказаць.
— Але ж гэта паклёп! — адарваўся нарэшце ён
ад лісткоў. — Вось напрыклад: “Распусьнічае з сакратаркай”. Хто гэта можа давесьці?
Або яшчэ: “Збудаваў дачу за кошт камбіната...” Яна ж не мая!
— Каб толькі гэта, ніхто б цябе і не чапаў.
Прыпіскі, дарагі, прыпіскі! На гэта — які дасі адказ?
— Прыпіскі? Што можа ведаць пра іх работнік
з іншай арганізацыі? Глядзіце, дзе гэты сыгналізатар працуе: “Прыстань”. Што за
Радаснаў? Першы раз прозьвішча чую.
— Лягічна. Ды вось бяда: Радаснаў гэты
нібыта прыклаў да сыгналу копіі дакумэнтвў. Якіх — не ведаю, але часткова
падпісаных табой... Адкуль узяў? Ты што, тайгу імі засяваеш?
Сігізмунд Пятровіч бездапаможна разьвёў
рукі: што азначала тое — ён і варажыць не мог.
— Прыпіскі...— больш спакойна сказаў былы
генэральны. — Хто іх не прыпісвае! На тое і плян, каб яны былі. Але ж трэба
нацягваць з розумам, цьвёрда ведаючы, што праз месяц-другі ўжо не будуць
прыпіскамі. Ды не спадзявацца на глухамань, у якой сядзіш. Пошта працуе
спраўна.
— Саслан Хасанавіч, ці ж я болей за
іншых?.. Ці ж не ведаеце нашых умоў?..
— Ведаю, і не адзін я. Цэнім цябе, таму і
не аддаём тыграм. Выступленьне тваё сёньняшняе не скасавалі. Добра ты, брат,
гаварыў. І пра брыгадны падрад, і пра АСК. і НЧП... Далі выступіць табе, каб
камісія паслухала, зразумела. што ты — і гаспадарнік, і інжынэр. Самакрытычны —
тут у цябе таксама добра выйшла. Дарэчы.
У Сігізмунда Пятровіча перахапіла дыханьнс:
— Камісія тут ужо?
— Тут.
— Колькі іх?
— Якая розьніца табе? Прымяраесься, з якой
сілай супроць выступаць? Тры чалавекі, як звычайна. Пакуль што працуюць тут,
тваіх канцоў шукаюць.
— У Рудны калі?
— Самае большае — праз тры дні. Можа,
здолею яшчэ затрымаць па дзень... Ёсьць ідэя. Ну, а астатняе ад цябе залежыць.
Маеш галаўню на плячах — адаб’есься, а не — прабач. Чапляцца за цябе не будзем.
Саслан Хасанавіч гаварыў без акцэнту, па
тэлефоне і не здагадаесься, што не Іван Іванавіч. Памыляўся рэдка. Сігізмунд Пятровіч
папраўляць не стаў: лічыць, што галаўня — галава,— ну і хай лічыць.
— Ну! Не вешай носа. Ты ж Галаўня! Ці ж
дарма я цябе на камбінат прызначыў? На генэральнага цягнуў? Тут дарогу нам
перабеглі, але аб тым, што цягнуў, дзе-нідзе памятаюць яшчэ... Так што прашу:
хоць ты і Галаўня, — паправіўся былы генэральны, — будзь галавой!
— Што канкрэтна рабіць?
— Што ў такіх выпадках робяць? Напускаюць
туману. Можна і крайнія сродкі...
Султан прыжмурыў вока, ад чаго адно яго
брыво скіравалася проста ў Сігізмунда Пятровіча:
— На Каўказе байка такая ходзіць. Прыляцела
з той сталіцы каўказскай у гэту каманда футбольная, на матч. А за ёй па машынах
балельшчыкі — тысяч пяць ці дзесяць. Не схацелі ў сталіцы гэтай на стадыён іх
пускаць, не далі білетаў. як ні прасілі тыя. Дык, ты думаеш, чым адплацілі? Як
прыйшоў дзень паўторны матч гуляць, ужо ў той сталіцы, узялі ды ўчынілі абвал
на дарозе горнай, што сталіцы злучала, і на матчы былі толькі свае. Усёк?
— Шчыра — не,— прызнаўся Сігізмунд
Пятровіч.
— Вось жа нездагадлівы які. Як не хочаш
чужых у сваю сталіцу пускаць, можна і абвал учыніць!
І Саслан Хасанавіч устаў, даючы зразумець,
што болей нічога не скажа. Да парога праводзячы, так шырока крочыў — бы
выганяў.
...Мала, мусіць, кіраўнікоў, на якіх у
вышэйшыя інстанцыі ўвогуле б не прыходзілі скаргі і так званыя сыгналы.
Пастаянна прыходзіцца мець справу з вялікім мноствам людзей; ясна, што не
кожнага задаволіш. Ад першых сыгналаў звычайна “адбіцца” лёгка: па-першае, сам
напачатку сябе паводзіш строга, і даносы бываюць ілжывымі, па-другое,
начальства, якое толькі што цябе пасадзіла. табе давярае яшчэ. Апраўдаўся раз,
другі, трэці... І паступова пачынае здавацца, што ў сыгналах гэтых нічога
страшнага няма. А тым часам даводзіцца і раз, і другі, і трэці схітраваць, не
выканаць распараджэньня зьверху, парушыць інструкцыю, прыхапіць сабе... І вось
зьяўляецца сапраўды сыгнал: і зьмястоўны. і доказны, і востры... Як экзамэн па
сталасьць. Не здасі яго — будзеш сам, на пэнсіі седзячы, пісаць сыгналы. а калі
да пэнсіі не дажыў яшчэ — скардзіцца на жыцьцё ў піўной.
Апошнім часам паявіўся яшчэ варыянт: за
прыпіскі сталі саджаць. Не на пасады, а ў астрог. Іншым разам нават надоўга.
Сігізмунд Пятровіч пра гэта ведаў. Ведаў ён і залатое правіла прыпісчыка: не
зможаш праз месяц здаць аб’ект — не надпісвай акт прыёмкі. Месяц — таму, што за
месяц сыгнал не пасьпявае вярнуцца туды, адкуль пайшоў. Ведаў яго Сігізмунд
Пятровіч, але што ж было рабіць? Аб’яднаньне патрабавала безумоўнага выкананьня
плянаў: і на рудзе, і па капітальным будаўніцтве, і на эканоміі літаральна
ўсяго — чаго і не завозіла нават. На карэкціроўку плянаў згаджалася неахвотна і
рэдка. Пасьля таго як Султан перасеў у іншае крэсла, аб’яднаньне заліхаманіла.
Ды гэтым не адбаярысься, вось што пагана.
Сігізмунд Пятровіч увайшоў у нумар, кінуў
радаснаўскі данос на стол: не здымаючы плашча, чмякнуўся ў крэсла. Машынальна
пстрыкнуў выключальнікам, але тут жа патушыў настольную лямпу: сьвятло чамусьці
замінала. Галава, набрыняўшы крывёй, гарэла.
Не! Так нельга. Нельга апускацца! Саслан
Хасанавіч ясна даў зразумець. што дапаможа. Яму і нявыгадна, каб Галаўня
загрымеў. Значыць, можна яшчэ змагацца. Тым болей што вось ён — данос. Куды
страшней, калі такім б’юць без папярэджаньня, як па цемені з-за вугалу.
І якую б ні выклікаў дакумэнт гэты агіду і
злосьць, трэба вывучыць яго і падумаць, што можна выправіць яшчэ, а што — не. З
дачай, напрыклад, ужо ясна. Трэба тэрмінова занесьці яе, абавязкова заднім
чыслом на рахунак камбіната і ператварыць у прафілякторый. Засяліць за гэтыя
тры дні... Такім чынам, дача Радаснаву радасьці не прынясе, дача засьведчыць
супроць Радаснава.
Наконт сакратаркі. Сігізмунд Пятровіч
задумаўся. Што можна зрабіць тут? Вядома, дапытваць яго ніхто не будзе, не для
таго камісія едзе. Але камісія абавязкова прыйдзе ў кабінэт. І ўбачыўшы Ніну —
апранутую з галавы да ног у японскае, надушаную французскімі духамі, з
італьянскай сумкай і швэдзкімі вейкамі — хто не падумае, што такая сакратарка
фліртуе з дырэктарам? Трэба сплавіць яе на тыдні два ў прафілякторый той жа ці
куды захоча, а замест яе пасадзіць у “прымыльніку” Пархвенаўну, якую тры гады
назад праводзіў на пэнсію, каб узяць пад бок Ніну.
А можа, і Радаснава шурануць куды далей на
той час, пакуль будзе капаць камісія? Па-першае, гэты Радаснаў. здаецца, ведае
занадта шмат, можа, нават і болей, чым даносіць. Па-другое, пакуль сыгнал яго
хадзіў наверх, на камбінаце не ўсё было ціп-топ, відушчы Радаснаў атрымаў новыя
факты. Па-трэцяе, Радаснаў будзе актыўна дэмаскаваць усё, што Сігізмунд
Пятровіч паспрабуе замаскаваць. Не, небясьпечна цярпець гэтага Радаснава ў
Рудным... Як жа яго шурануць?
Усё ў Рудным належала Сігізмунду Пятровічу:
і камбінат, і пасёлкі ўсе з жыльлёвым фондам, клюбамі, школамі, дзіцячымі
садамі; дарогі, тэхніка, кадры... Толькі дзьве кропкі былі чужыя: аэрапорт і
прыстань. Па самалюбстве гэта не біла, бо і тое, і другое было дохлае,
немачнае: аэрадром прымаў толькі АН-2, ды і то не заўсёды, а прыстань працавала
ўсяго два-тры мссяцы на год. Была яна канцавым пунктам даўгой воднай дарогі,
што вяла ў Рудны з Вялікай зямлі: спачатку па Лене, потым па прытоку яе і ўжо
пасьля гэтага па Крывой, на якой і стаяў Рудны. Менавіта Крывая гэты шлях і
псавала, бо давала дастаткова вады толькі на пачатку лета, і большасьць грузаў
з Руднага і ў Рудны ішла пасьля таго, як яна замярзала, па аўтазімніку.
Прыстань у Рудным мела ўласнага начальніка,
але кіравалася здалёк, за трыста з гакам вёрст, гарадзкім портам. Быў на
прыстані кран, невялікі склад, дэбаркадэр для “Ракет”, што хадзілі сюды ў
добрую ваду. Касы на дэбаркадэры не было — ракетчыкі абілечвалі пасажыраў, калі
прыходзілі, самі. Дзесьці на адной з гэтых пляцовак — кран, дэбаркадэр і склад
— і “ўпіраўся” сыгналізатар Радаснаў. Як жа да яго дабрацца? Праз каго?
Начальнік прыстані выключаўся, бо з ім Сігізмунд Пятровіч вечна быў у адносінах
несяброўскіх і, магчыма, дарма крытыкаваў за недаўвоз і недавываз, бо сапраўды
вінавата часткова была Крывая.
Раз прыстань кіруецца адсюль — значыць,
можна ўзяцца за Радаснава яшчэ тут. Усё астатняе можна зрабіць толькі ў Рудным.
Сігізмунд Пятровіч пазваніў у аэрапорт, каб
папярэдзіць, што заўтра ляціць першым рэйсам, яго заўсёды чакаў білет, пакуль
быў у горадзе, — і тут яго аблавушылі:
— Заўтра, магчыма, ніводнага борта не
будзе.
— Чаму? — прамычаў Сігізмунд Пятровіч.
— Па метэаўмовах Руднага.
— Што там такое?!
— Дажджы. Аэрадром разьмяк. Сёньня таксама
да вас не хадзілі.
Восеньскія дажджы! Яны ў Рудным нудныя, як
хвароба. Хмары, быццам прывязаныя, круцяцца вакол сопкі, што ўзвышаецца каля
аэрадрома. То яны тут, і, значыць, лье, то хаваюцца за гарою, але варта зямлі
крыху падсохнуць, як зноў выпаўзаюць з засады. І ўсё пачынаецца спачатку. Эх,
каб праектанты выбралі адкрыты спосаб здабычы! Тады ад сопкі гэтай ужо і
званьня б не засталося...
Можа здарыцца так, што, чакаючы самалёта,
ён праседзіць тут усю сваю фору, тры ці чатыры дні, а калі камісія навострыць
лыжы да Руднага, аэрадром якраз пачне прымаць. І што тады?
Ён заказаў размову з Рудным. Хоць заказ і
быў тэрміновы, не давалі доўга. Сігізмунд Пятровіч пасьпеў тройчы з канца ў
канец прачытаць радаснаўскі “твор” і сёе-тое прыдумаць.
Па-першае, трэба неадкладна спыніць справу
аб прэміяваньні за трэці квартал і падрыхтоўчыя дакумэнты зьнішчыць. Гэта —
вельмі важны доказ, бо зусім сьвежы. Тое, што зроблена ў трэцім квартале,
выдаць за зробленае ў другім, тады — прэмія за другі будзе цалкам законнай.
Наконт праходкі. У двух месцах новыя штольні ўпрытык падышлі да старых,
засталося па дзесяць - пятнаццаць мэтраў. Перамычкі трэба прабіць. а ўваходы ў
старыя штольні заваліць. Тады новыя штольні разам са старымі перакрыюць нават
рапарты па праходцы. А дзе ўзяць руды, якой не хапае ў параўнаньні са
справаздачамі? Трэба бульдозэрамі і самалётамі паваліць усё, што можна, на той
запасны курганок побач з прыстаньню: тады любы, нават самы прыдзірлівы
маркшэйдэрскі замер накажа гэтулькі, што... Не перабаршчыць бы. У будаўніцтве
трэба кінуць усё на новую школу і перасяліць пацанву, бо навучальны год ужо
амаль што месяц як пачаўся. Рэштка аб’ектаў пачакае. Трэцім кварталам іх
увядзеньне ў строй не значыцца, а што і ў чацьвёртым не здолеем іх падняць,
сёньня камісія не давядзе...
Многа, многа можна зрабіць — быў бы толькі
час! Каб не тры-чатыры дні, а хаця б тыдзень! Ды дзе яго, тыдзень, узяць, калі,
глядзіш, і трох дзён не дасьць праклятае надвор’е?
Каб у Рудны трапіць заўтра, можна было б і
павялічыць фору. З аэрапортам у Сігізмунда Пятровіча зусім іншыя адносіны, чым
з прыстаньню. Зразумела, без дай прычыны, проста так закрыць аэрапорт не
дазволена і начальніку аэрапорта, але ў раёне аэрадрома і нават пад ім самім
камбінат на чацьвёрты квартал плянаваў узрыўныя работы. Узгадніўшы з
аэрапортам, можна іх перасунуць бліжай, а каму хочаш такую пасьпешлівасьць
вытлумачыць тым, што без гэтых работ немагчыма закрыць квартальны плян па
рудзе. Такім чынам, можна будзе адцягнуць прылёт камісіі яшчэ на тры-чатыры
дні...
Сігізмунд Пятровіч неяк і не думаў пра тое,
што гэтыя тры-чатыры дні вылету ў Рудны будуць чакаць не толькі трое членаў
камісіі, але і многія дзесяткі зусім іншых людзей, у тым ліку рабочых яго
камбіната, што вяртаюцца з адпачынкаў. І калі камісію затрымка ў горадзе наўрад
ці засмуціць — што непрыемнага сядзець ва ўтульнай ведамаснай гасьцініцы.
ведаючы, што за кожны дзень затрымкі набягаюць лішнія камандзіровачныя, то
зусім іначай будуць пачуваць сябе пасажыры ў перапоўненым аэрапорце, дзе толькі
ўстань — адразу страціш месца і будзеш гадзінамі пільнаваць, пакуль устане
нехта яшчэ... А ў кагосьці абавязкова дзеці, нават зусім маленькія: так ужо
павялося, што ў дарогу ахвотней бяром малых, чым школьнікаў — да пяці год
Аэрафлёт возіць бясплатна...
Паўтараем. пра гэта Сігізмунд Пятровіч неяк
не думаў. Ён думаў толькі пра тое, як шмат можна насьпець, калі трапіць у Рудны
заўтра (напусьціць туману — усьміхнуўся ён). і як шмат страціць, калі
затрымацца хаця б на дзень. Нарэшце далі Рудны.
— Алё... Алё! Слухаю! — прарэзаўся хрыплы
ад адлегласьці, ледзь пазнавальны голас Сьмятаніна — намесьніка Галаўні на
вытворчасьці.
— Сорафім Сямёнавіч! Ты? — спытаў Сігізмунд
Пят-ровіч, баючыся намыліцца.
— Я... я! — пацьвердзіў Сьмятанін. — Іменна
я.
— “Іменна” было ўлюбёным слоўкам
Сьмятаніна. і Сігізмунд Пятровіч супакоіўся: трапіў, куды хацеў.
— Што там робіцца ў нас? Чаму аэрадром не
прымае?
— Дажджы. Іменна дажджы...
— Як мяркуеш, заўтра будзе нагода?
— Не будзе. Іменна... Не высахне.
Адпачывайце...
— Якое там “адпачывайце”! Квартал
канчаецца, а ты — “адпачывайце”! Як там школа?
— Школа? — зьдзівіўся Сьмятанін. — Вы
пытаеце — школа?
— Іменна! — перадражніў Сігізмунд Пятровіч,
але тут жа ўспомніў, што будаўніцтвам у яго займаецца іншы намесьнік. — Добра!
Гутарка не аб школе. Як там катэр мой? Ці ў парадку? У Рудным ён ці, можа,
катаецца хто?
— Іменна ў Рудным, хто ж катацца будзе на
катэры вашым?
— Ведаю я вас... Хто ў ягады, хто на
зайцоў...— з палёгкай прамовіў Сігізмунд Пятровіч. — Дык ты, Серафім Сямёнавіч,
вось што: каб заўтра катэр быў тут. І, пажадана, у першай палове дня.
— Сігізмунд Пятровіч! Вы што ж, на катэры
хочаце ў Рудны? Не даедзеце! Восеньню! У такое надвор’е!
Ехаць у лодцы, хай і вялікай, але, па
сутнасьці, адкрытай, не меней як дванаццаць гадзін такою парой было вар’яцтвам.
але Сігізмунд Пятровіч не бачыў іншага выйсьця.
— Мне яшчэ не семдзесят, а трыццаць
дзевяць!
— Казалі, “Ракета” сёньня была! Сам я не
бачыў. але казалі! Можа, і заўтра пойдзе? Вады ж наліло! Вы спытайцеся там...
— “Ракета”? — Сігізмунд Пятровіч адчуў, што
кроў ад галавы пайшла уніз: грудзям і плячам стала цяплей, а галава пасьвяжэла.
— Добра! Праверу. Але калі з “Ракетай” не выйдзе, я табе яшчэ пазваню. Не сьпі!
Свой загад не спаць Сігізмунд Пятровіч
аддаў жартам: думаў, час дзіцячы, а зірнуў на гадзіньнік — абамлеў: палова
адзінаццатай. Да каго ж стукацца цяпер наконт “Ракеты”? Ад каго даведацца, ідзе
яна або не, ёсьць або не білеты і як няма — у каго шукаць дапамогі? Ён
ліхаманкава пачаў гартаць запісную кніжку.
*
Славамір Радаснаў прачнуўся ад холаду.
Напачатку ён доўга не мог зразумець, дзе і
на чым сьпіць. Ногі ўпіраліся ў гладкую перашкоду, карак муляла нейкая парэнча.
Ён памацаў пад сабой — там была ці то канапа, ці то тры крэслы, ссунутыя адно
да аднаго. Ляжаць было нязручна, кожнай костачцы балела.
“Дзе гэта я? — насьцеражыўся Радаснаў. — Ці
не ў міліцыю трапіў?”
Гэта было зусім верагодна, бо ў роце ледзь
варочаўся язык. У той жа час лежбішча яго здалося Радаснаву знаёмым.
Ён расплюшчыў вочы, сеў. Вакол панавала
цемра. Выставіў рукі ўперад — адчуў пад імі сьпінку крэсла. Левай рукой павёў
улева, правай управа — і там аказаліся сьпінкі.
“Ці не ў кіно гэта я? Але якім чынарам?” —
атручаны мозг не хацеў працаваць.
Асьцярожна пасунуў даўгую руку ўправа —
крэслы скончыліся. Улева — наткнуўся на шкло. Мокрае і сьцюдзёнае, да таго
сьцюдзёнае, што скаланула. Ён адхапіў руку, паспрабаваў зашпіліць пінжак —
нічога не выйшла з таго, і Радаснаў не адразу скеміў чаму. А прычына была
простай: не было на Радаснавым пінжака.
“Ах ты, д’ябал! — вылаяўся ён.— Знач,
прапіў адзежыну. Трэба ж”.
Пінжак было шкада яшчэ і таму, што ў ім
былі цыгарэты. А можа, пераклаў? Радаснаў палез у кішэню штаноў, але знайшоў
там толькі раздаўлены пачак запалак. Гэта ўзрадавала яго, бо цяпер ён нарэшце
мог разабрацца, куды закінуў лёс. Чыркнуў, узьняў аганёк... Стомлена, нібыта
мяхі цягаў, адкінуўся ў крэсьле і выцягнуў ногі.
Лёс закінуў яго гэтым разам у салён
“Ракеты”. Таму і здалося знаёмым пракрустава пасьцель з трох крэслаў. Ці ж мала
даводзілася вось так начаваць, саступаючы рубку прастуджанай правадніцы?
Усялякае было за пяць год работы на пасудзіне, каб ёй...
Але чаму так цёмна? Ноч ноччу, але ж у
салёне з абодвух бакоў суцэльныя вокны. Павінна ж хоць кропля сьвятла
прабівацца! Асабліва ў порце, дзе па начах не ліхтары — пражэктары б’юць агнём
і ў ваду, і ў неба. Ці мо не ў порце?
Устаць і запаліць сьвятло ў салёне
“Ракеты”, як у кватэры, немагчыма: усе выключальнікі ў рубцы, наверсе. А лезьці
ў рубку... Палезеш не ў час, можаш і на фізіі атрымаць. Не ўжо, хай на іх ліха,
на выключальнікі тыя. Ляжы, Радаснаў, пакуль не гоняць. Ляжы ды думай.
І Радаснаў прыступіў да справы, якой
заўсёды займаўся ў першыя гадзіны пахмельля: пілаваньнем уласнай душы на
дробныя часткі.
Якога глупства ён нарабіў учора! Якога
глупства!..
Даўно заўважыў Радаснаў: калі Ніна робіцца
з ім яшчэ больш абыякавай і грубай — значыць, паехаў некуды яе начальнік.
Пакуль Галаўня тут — вярнуўшыся з упраўленьня, можа і пажартаваць, і
ўсьміхнуцца, і нават зрэдку — калі цьвярозы — цмокнуць. А не ў гуморы днём і
ўночы сьпінай — значыць, начальнік у камандзіроўцы.
Дарэмна ўчорашняй ноччу спрабаваў Радаснаў
хаця б руку ёй на плячо пакласьці. Халат апранула, так і спала — гэтага
Радаснаў цярпець не мог, якая прыемнасьць голаму спаць з адзетым? За
сьнеданьнем і ляпнуў са зла:
— Глядзі — час прыйдзе: адбудзе твой
Галаўня — і не вернецца.
— Гэта чаму? — як на дурня, зірнула.
— Бо не пусьцяць болей.
— Ну і што? — з выклікам кінула. — На
вышэйшых пасадах таксама не абыходзяцца без сакратарак.
— Там, дзе будзе ён хутка, кабінэтаў не
даюць. Жанчына — стварэньне дзіўнае: то яна не можа прайсьці па простым і
лягічным ланцугу фактаў, то, пераскокваючы праз мноства зьвеньняў, адразу
выходзіць на галоўнае:
— Няўжо?!
Кінулася да шафы, дзе сярод ліфчыкаў і
купальнікаў хавала грошы — даўно агледзеў Радаснаў гэтае сховішча, выхапіла
бліскучую сумку, раскрыла:
— Так я і думала. Дзе паперкі?
І не прагаварыўся быццам — а зразумела.
Радаснаў прыкінуўся:
— Якія паперкі? Калі пра грошы, то хто
ўчора табе зарплату аддаў?
Іншым разам пагардліва б кінула: “I гэта ты
называеш зарплатай?”, але іронія (нават злая) і гнеў не сумяшчаюцца:
— Тут жа аддай! Аддай, іначай я...
Валасы яе рассыпаліся па плячах, верхні
гузік на халаце ад рэзкага руху адляцеў — аж бліснула з-пад шоўку
незагарэла-белым. Такой разьюшанай Радаснаў сваю каханую яшчэ не бачыў і,
наважыўшыся выкарыстаць гэта, зрабіў другую памылку за раніцу:
— Скажы, навошта хавала, тады аддам.
— Значыць, узяў? Узяў? Ты капаесься ў маёй
бялізьне? Мярзотнік! Аддай без размоў, бо вазьму сілай!
Гэта было праўдай — яна магла адолець яго,
і не толькі таму, што сьпіўся — і даўней, яшчэ “Ракету” ганяючы, нічога не мог
зрабіць з ёю, калі яна, выскаліўшыся, кідалася ў бойку — не мог адшукаць на яе
жаночым целе месца, куды можна было б ударыць: там твар, там грудзі, там... Ён
сьціскаўся ў камяк — як кажуць гімнасты, групаваўся і лавіў нежартоўныя яе
ўдары на локці, калені, сьпіну... Яна лічыла яго баязьліўцам: можа, было і так.
Радаснаў не стаў чакаць, пакуль на яго
накінуцца, схапіў пінжак — і за дзьверы. Пашыбаваў на прыстань з цьвёрдым
намерам напіцца. Там было з кім, адна бяда — но было за што, бо надоечы, як
апошні дурань, аддаў зарплату да капейкі.
Выручыў Карась — знайшоў пакупца па машыну
вугалю. Хуценька накідалі кузаў, а хвілін праз дваццаць якраз адчынілася крама.
Машыны той хапіла аж да абеду. На абед Радаснаў дадому хадзіў рэдка — які сэнс,
калі жонка сама на рабоце абедае? Не зьбіраўся і гэтым разам. Лёг на траўку
падрамаць. Тут Франт папярэдзіў:
— Твая плыве. Не па цябе?
Ясна было, па яго. Зацягне абедаць — як у
пастку, а там... Не даюць спакою паперкі. Адцягваючы расправу на вечар, а можа,
і на заўтра, бо начаваць дома неабавязкова, Радаснаў скаціўся на дэбаркадэр —
маленькі, для “Ракет” — і схаваўся за бортам пад лаўку.
А тым часам жонка ўжо даплыла. Манэўра
Радаснава яна не заўважыла і, відавочна, разгубілася — няўпэўнена гэтак
спытала:
— Градусаў дзе?
— Абедаць пайшоў, — не міргнуўшы вокам,
адказаў Карась. Умее не міргаць, быццам павекаў няма, як у рыбы. У яго не
атрымлівалася тое толькі пасьля чацьвёртай пляшкі. Таму і Карась.
Не паверыла. Загрукала абцасамі на сходнях,
да дэбаркадэра. Тут і здарылася тое, пра што ў такіх выпадках кажуць: “Бог
паслаў”: да прычала надышла “Ракета” — ніхто яе не чакаў, з ліпеня не хадзіла.
Па-хвацку прычаліла. І не пасьпела яшчэ прывязацца, як Радаснаў пераваліўся
праз два барты — дэбаркадэра і “Ракеты”, нырнуў у гальюн для экіпажа і
зачыніўся там.
Сьветлавы дзень пад канец верасьня кароткі
— затрымлівацца “Ракета” не стала, мінут пятнаццаць пастаяла і назад. Тут
толькі выйшаў Радаснаў на карму, пагразіў кулаком палавіне, што стаяла на
дэбаркадэры — аж у ладкі пляснула, убачыўшы, як яе абвялі вакол пальца. Потым
Радаснаў уладкаваўся там жа, пасярод чамаданаў і рукзакоў, і нарэшце праваліўся
ў жаданы сон. Далейшае ён намятаў дрэнна. Зразумела, за шэсьць гадзін дарогі з
яго мазгоў пасьпела выдзьмуць усё, што выпіў у Рудным, але як толькі апынуўся ў
порце, адразу знайшлося яшчэ. За два гады яго ніхто не забыў, ледзь не кожны
лічыў няшчаснай ахвярай выпадку. Тут яго памяталі як Радаснава. Градусавым ён
стаў у Рудным, ніхто не ўяўляў нават, якім жыцьцём ён цяпер жыве. І хоць не
было ў кішэні ані капейкі, так набраўся Радаснаў, бы пасеяў рублёў з паўста.
А скончылася гэта тым — як праз туман,
прыгадаў Радаснаў, — што ў чарговую кампанію, дзе ён быў пупом размовы,
заявіўся Ахрэмавіч. Ад чаркі адмовіўся — “заўтра ў ў рэйс”. Настойваць ніхто не
стаў, бо добра ведалі: Ахрэмавіча не ўгаворыш. Пасядзеў. паслухаў, а потым узяў
Радаснава за руку, як хлапчука, і павёў на сваю “Ракету”. Там пасадзіў у салёне
за столік і замест гарэлкі пачаставаў Радаснава моцным, густа-чырвоным чаем.
Спытаў мякка:
— Што ж ты, Слаўка, так і не выплываеш?
Зазірнуў Радаснаў у сінія добрыя вочы свайго першага капітана, і тут яго
прарвала. Заплакаў ды як пайшоў скардзіцца па жыцьцё... Што гаварыў Ахрэмавіч,
суцяшаў ці не, а можа, і лаяў — нічога памяць не захавала. Відаць, маўчаў, бо
апошнія словы капітана Радаснаў запамятаў усё ж:
— Заўтра я ў Рудны іду. Адпачывай.
Значыць, ён на “пяцёрцы”, той самай
“Ракеце”, на якой пачынаў. Капітанам-дублёрам. Знаёмячыся з дзяўчатамі,
“дублёра” апускаў. Рэкамэндаваўся капітанам. А склалася так, што капітанам і не
стаў, нат да мэханіка не дарос... І пачаў, і скончыў дублёрам. І хто быў таму
віною, як не яна, Ніна?
Зразумела, была і свая віна... Радаснаў
адносіўся да таго рэдкага тыпу людзей, якіх злосьць на сябе пячэ ўсё жыцьцё.
Вось і цяпер схапіла за глотку бязьлітаснай лапай.
Колькі глупстваў за адзін дзень!
Прагаварыўся наконт паперак. Каб яна сама агледзела, што іх няма, можна было б
яшчэ адмаўляцца. А так — выдаў сябе з галавой. Уцёк з Руднага... Навошта? Ці не
ведаў, што ўсё роўна вернесься? Толькі Ніну давёў да шалу. Напіўся, як... У
галаве Радаснава прамільгнула слова “сьвіньня”, але ён адагнаў “сьвіньню” і
скончыў думку: “як алкаш”.
І яшчэ. Ці не выбалбатаў Ахрэмавічу сваю
самую страшную тайну — чаму не выйшла ў яго сямейнага жыцьця ды і жыцьця
ўвогуле? Гэта было тое, пра што Радаснаў увесь час баяўся прабалбатацца. Кожны
раз з пахмельля ўспамінаў: прабалбатаўся ці не? Учора, здалося яму, тое нарэшце
адбылося.
Радаснаў сьцяў кулак, садануў сябе пад
рэбры. Ён не ведаў, як цяпер трымаць сябе перад Ахрэмавічам і ўвогуле перад
усім сьветам. Адна надзея была, што далей капітана гэта не пойдзе. Можа, узяць
ды папрасіць, каб не расказваў нікому? Але ж тут можна нарвацца зусім на іншы
вынік. Можа, слухаў-слухаў чалавек ды прапусьціў міма вушэй, думаючы пра сваё,
а ты просьбай сваёй прымусіш успомніць і запамятаць, і жонцы хаця б сказаць:
“Ведаеш, што мне Слаўка сказаў?” А ад жонкі, хай сабе і капітанскай, ужо ў такі
сьвет памчыцца...
Стукнуўшыся патыліцай аб парэнчу, Радаснаў
упаў на сваё астылае лежбішча і паспрабаваў ні пра што не думаць. “Ракета”
паціху гайдалася, але пляску хваль не было чуваць — значыць, яна з боку ракі
была закрыта іншымі суднамі, зьвязана з імі. Таму і не прабівалася ў салён
слабое начное сьвятло.
Гэтым разам Радаснаў пралежаў не болей пяці
мінут. Выпітая надоечы гарэлка ўжо не грэла, а кашуля ад холаду не ратавала.
Радаснаў запусьціў руку пад сябе, каб садраць з крэслаў бязевыя чахлы і
накрыцца імі. Рука памацала нейкую болей шчыльную тканіну. Радаснаў выцягнуў
яе... Гэта быў ягоны пінжак! З цыгарэтамі — вось удача!
Ён хістаючыся ўстаў, паспрабаваў апрануцца,
але закалелыя рукі не траплялі ў рукавы. Накінуў на плечы. Прытрымліваючы
крысо, выцягнуў з кішэні цыгарэту, сунуў у зубы. Хапаючыся за сьпінкі крэслаў,
рушыў да выхаду. Цемра поўніла салён, як чорная вада. Толькі праз самы верх
левых вокнаў — цяпер яны былі ад Радаснава справа — сачылася кволае сьвятло
самай раньняй раніцы.
Спатыкнуўшыся тры ці чатыры разы невядома
на чым, выцяўшы клюб аб высокі столік, Радаснаў выцягнуў рукі, нашнырыў клямку.
галавой уперад скочыў з салёна. Каб не ўпасьці, учапіўся ў парэнчу. выставіў
твар з-за фальшборта — там, здавалася яму, болей паветра, хаця карма на “Ракеце”
і адкрытая. Перад самым носам ён убачыў фарбаванае ў чырвоны колер жалеза. З
левага борта “Ракеты” была не іншая “Ракета”, а баржа-“ракетніца”, з якой
скарасныя судны атрымлівалі сьціснутае паветра і электраэнэргію, дзе ў
капцёрках хавалася ўсялякае дабро.
Парэнча была мокрай — Радаснаў набраў з-над
яе ў далоні кропляў і асьвяжыў шчокі. На баржы лужын не было — значыць. уночы
дождж не ішоў. Адкуль жа кроплі на парэнчы? Радаснаў прыгадаў даўняе павучаньне
Ахрэмавіча: “Калі ў яснае надвор’е на мэтале раса асядае — чакай туману”.
З таго канца баржы, дзе яна ўразалася ў
бераг, пачуўся грукат жалезных крокаў і галасы. Відавочна, ішлі ракетчыкі
рыхтаваць да рэйса судны. Радаснаў рантам адчуў сябе на “Ракеце” чалавекам
староньнім, ледзь не злодзеем, што забраўся ў чужую кватэру. Хто б ні ўбачыў
яго тут, акрамя Ахрэмавіча, мог спытаць: “А вы што робіце тут?”, і ён не
знайшоў бы, што адказаць. Ён адступіў управа, бліжэй да дзьвярэй у салён — тут
фальшборт, падымаючыся ўгору, злучаўся з верхняй палубай, можна было схавацца
за лістам дзюралю. Гэтага, дарэчы, і не патрабавалася, бо заўважыць яго на
карме з баржы можна было толькі перагнуўшыся, а пераходзячы праз “Ракету”
верхам па суседнюю, увогуле не бачыш, што робіцца ўнізе.
Двое мужчын падышлі да трапа. Што гэта
мужчыны і што іх два, Радаснаў, хоць і не бачыў іх, зразумеў па кроках і
галасах. Адзін лупянуў у трап нагой — трап затрымцеў, перавальваючыся з боку на
бок.
— Не, браток, — сказаў, відавочна, той, што
“выпрабоўваў” трап, — і не прасі. Не палезу я на верхатуру гэтую. Пасьля адной
пляшкі і то не рызыкнуў бы, а мы з табою сёньня за ноч — колькі, га?
І сыта зарагатаў. Другі маўчаў. “Верхатура,
— падумаў Радаснаў. — Паўтара мэтра. Не адзін я сёньня з пахмельля, выходзіць”.
— Ды і навошта? — працягваў той жа голас. —
Я табе болей не патрэбны. Вось твая “Ракета”. Бачыш нумар — пяць? Гэта, браток,
сапраўдная выдатніца. Капітан — ардэнаносец, такіх на пасажырскім флёце
нягуста. Так што заходзь, ладкуйся, а прыйдзе капітан — скажы: “Я, Капітон Ахрэмавіч,
ад Ягора Фаміча. Мне трэба тэрмінова быць у Рудным”. І ўсё.
— А можа, лепш усё-такі ўзяць білет? —
спытаў другі. — Я ж усё роўна ў камандзіроўцы, не свае грошы плачу.
— Не можам, даражэнькі, не можам.
Пяцьдзесят восем білетаў на гэты рэйс ужо прададзены. Болей не дазволена.
Разумееш? Нельга.
— Чаму нельга?
— А здарыся што-небудзь, праверкі
пойдуць... Хто адказваць будзе? Ягор Фаміч.
— Што можа здарыцца?
— Што б ні здарылася, самы першы пункт
праверкі — колькі было адпраўлена пасажыраў... Фірштэй? Так што, браток, нічога
не зробіш: хочаш ехаць — едзь зайцом.
— Але ж колькі я бачыў, што “Ракеты” бітком
набіваюць!
— Гэта — па дарозе. Там можна, бо адказваць
у выпадку чаго капітан будзе. Самі пасажыраў бяруць, абілечваюць самі... А
вакзальная каса на ліміце. Ну, як ты такі сумленны, возьмеш білет па дарозе,
быццам не тут сеў, а на Стагах.
— Як жа я дам справаздачу з такім білетам?
— Вось я і кажу. Ну, браток! Шчасьлівага
плаваньня.
— Пачакай! Мяне хоць з капітанам пазнаёміш?
Ану, як гэтакі прынцыповы, што і не возьме? Я ж прападу!
— Возьме. Толькі запамятай: яго Капітонам
Ахрэмавічам завуць, а мяне — Ягорам Фамічом... Ха, ха, ха! Не забудзесься. як
мяне завуць?
— Ведаеш, для мяне так важна сёньня быць у
Рудным... Я ж казаў, квартальны плян гарыць... Дачакаемся капітана, загадай...
— Твайму квартальнаму наш квартальны
дапаможа. Каб не наш квартальны, думаеш, пагналі б “Ракету” на Крывую вашу?
То-та ж. А падысьці да капітана і загадаць: вазьмі безьбілетніка — мне няёмка.
Ды не хвалюйся, возьме! Нават і не перапытае!
— Чаму?
— Бо на пэнсію не хоча. Узрост пэнсіённы, а
ў яго дачка малая. У школе вучыцца яшчэ... У сёмым, ці што. Праўда, ёсьць яшчэ
адна — гадоў на дзесяць старэйшая, ды тая зьявілася па сьвет, так сказаць, у
выніку жончынай здрады. Чужая. А свая — малая. Ну, ахвота дзеду на ногі
падняць, не беспасажніцай выдаць...
“І ў Ахрэмавіча свая тайна... — падумаў
Радаснаў. — І вось яе зусім староньнія абсмоктваюць. Карыстаюцца нават ёю... Ці
не таму маўчаў учора, калі я сваю выкладаў?”
Яму стала крыху лягчэй — не адзін такі
няшчасны.
— А наконт таго... Як яго, Радаснаў? —
данеслася да Радаснава. — Наконт Радаснава не турбуйся. Сёньня ж адправім
радыёграму, і заўтра ён будзе тут. На дыване... Заўтра “Ракету” яшчэ пашлём.
Ну, з богам!
Ашаломлены Радаснаў выглянуў са свайго
сховішча, каб паглядзець, кім названа яго рэдкае прозьвішча — несумненна, яго
ўласнае, бо чалавека праводзілі ў Рудны. дзе іншых Радаснавых не было. Каля
трапа ён убачыў толькі дзьве пары ног, абутых у дарагія туфлі. Вышэй калена
постаці губляліся ў паўзмроку. Мужчыны пацалаваліся, цмокаючы гучна, са смакам
— так звычайна цалуюцца нецьвярозыя, потым адна нара туфляў разьвярнулася і
загрукала па жалезе да берага. Другая ў нерашучасьці патапталася, потым
замерла.
Значыць, сёньня пойдзе радыёграма, каб яго,
Радаснава, адправілі сюды. “На дыван”... За што? За якую правіну? Радаснаў,
зразумела. ведаў, што ён не анёл, але яго палохала незразумеласьць сытуацыі.
Каб невядомаму партоваму начальніку скардзіўся начальнік Рудненскай прыстані,
то гэта было б зразумела. Ды чалавек гэты. ясна было, не меў адносін но толькі
да прыстані. але і ўвогуле да рачнікоў, бо баяўся, што яго не возьме “Ракета”.
Хто ж гэта? Каму магутнаму не дагадзіў Славамір Радаснаў?
Радаснаў хітраваў перад сабой, ён цудоўна
ведаў, каму ў Рудным мог стаць упоперак дарогі. Але ён угаворваў сябе: “Не
бойся... Гэта памылка. Яны зусім пра іншага гаварылі. Ну каму ты патрэбен? Такі
слабы і нікчэмны! Табе пачулася, Радаснаў. Проста пачулася. Вось узыдзе на
борт. і ты ўпэўнісься, што бачыць не бачыў яго ніколі”.
Чалавек чыркнуў запалкай. Тая зламалася.
Відавочна, яна была апошняй, бо на баржу побач з туфлямі ўпаў пачак.
Патэнцыяльны безьбілетнік падхапіў партфэль,
што стаяў ля яго ног (у партфэлі бразнула), і ступіў на трап. І Радаснаў пайшоў
яму насустрач, каб разьвеяць страх (“Не! Бачыць не бачыў яго ніколі”!).
Невядомы ўзышоў на “Ракету”, пастаяў
хвілінку, потым пачаў спускацца на карму. Тут і сустрэў яго Славамір.
— Добрай раніцы! — быццам запабягаючы,
сказаў незнаёмы. — А я думаў, тут нікога няма. Вы капітан?
— Не,— адказаў Радаснаў, сьціскаючыся. — Я
чалавек выпадковы.
— А-а...— халодна працягнуў незнаёмы. — То,
можа, дасьцё прыкурыць?
— Можна, — Радаснаў дастаў са штаноў
раздаўлены пачак, чыркнуў і паднёс запалку. Агеньчык выхапіў з цемры чорныя
акуляры і квадратнае падбародзьдзе. Надзея не спраўдзілася — перад Радаснавым
стаяў Галаўня.
*
Чалавек, што паднёс запалку, адвярнуўся
раптам і, закрываючы твар локцем, подбегам кінуўся да салёна. Толькі і пасьпеў
заўважыць Сігізмунд Пятровіч што мазутную пляму па шэрым пінжаку. Бразнулі
дзьверцы. Сігізмунд Пятровіч зацягнуўся і з неўразуменьнем зірнуў усьлед.
Чаго гэта ён? Можа, злодзей? Вось было б
цікава к прыходу капітана злавіць злодзея па ягонай “Ракеце”. Паслуга за
паслугу. Калі ласка, Капітон Ахрэмавіч, трымайце грабежніка, а за гэта адвязіце
мяне ў Рудны без білета... Каб не забыць, ён некалькі разоў паўтарыў імя
капітана: “Капітон Ахрэмавіч... Капітон Ахрэмавіч...” Напаўтараўся да таго, што
пачаў траціць сэнс таго, што паўтараў. Раззлаваўся — што за лухта? “Капітон —
як капітан, а на бацьку — як Варашылава. Як Варашылава...” Упэўнены, што цяпер
не забудзе, кінуў гэта і пераключыўся на чалавека з запалкамі.
Што ён тут робіць, гэты староньні? Таксама
чакае капітана? Ці, можа, звычайны біч [Так
называюць на Сыбіры людзей, што нідзе не працуюць і маральна заняпалі] —
знайшоў начлежку? Наўрад. Біч хутчэй засьне на беразе, над плотам: і цяплей, і
ніхто не аблае...
Сігізмунд Пятровіч як сьлед злодзея, ці
біча, ці хто ён там быў, не разгледзеў: цёмна яшчэ было, ды і чорныя акуляры...
Так прывык да іх, што здымаў, толькі спаць кладучыся, а ў цемры ж яны не
дапамагалі — наадварот. Ніна, як першы раз здымала іх, сказала: “Не хачу, каб
бачыў мяне ў чорным колеры...” Перабольшвала, вядома, не толькі ў тым сэнсе,
што аб ёй ніколі не думаў блага, але і ў прамым: акуляры насіў не густа-чорныя,
а дымчатыя, бо ў болей цёмных не змог бы працаваць.
Каб у дзяцінстве яму сказалі. што
калі-небудзь будзе насіць акуляры, пасьмяяўся б з пагардай, а можа б, і сунуў
пад рэбры такому прароку (зразумела, не даросламу). Рос атлетам, на галаву
вышэйшым за ўсіх хлапчукоў у клясе. Пра хваробы і казаць няма чаго: не
сьвярбелі нават нідзе. Гэта і вызначыла яго лёс: паступіў у горны, а вучыўся не
геалёгіі-мэталюргіі — скакаць з шастом.
Так атрымлівалася здорава, што і інстытут
скончыў — усё скакаў. Ужо газэты пра яго пісалі, на Алімпійскія гульні зьбіраўся.
Ды даскакаўся: зламаўся аднойчы шэст і так няўдала кінуў яго з пяцімэтровай
вышыні — міма скрынкі той, што мяккім напхана. Думаў — увогуле бачыць не будзе,
але — залячылі, сятчатку на месца паставілі, толькі сказалі: болей не скачы.
З таго часу, чатырнаццаць год ужо, і насіў
акуляры. Ад пачатку выбраў чорныя: больш імпазантна. Не сьляпы нібыта, а
наадварот, занадта відушчы: любога сьвятла для яго замнога... Што з дыёптрамі
шкельцы — хто адразу вызначыць тое, хіба акуліст.
Сігізмунд Пятровіч заўсёды з
задавальненьнем успамінаў “скачковы пэрыяд” свайго жыцьця: кормяць цябе,
апранаюць, возяць... У дванаццаці краінах пабыў. Адно дрэнна — рэжым. Трэнэр
нават жаніцца забараніў. Потым, сказаў, сваё набярэш. А такая была дзяўчына...
Чакаць не стала, пакуль “дэмабілізуюць”, знайшла футбаліста. У тых рэжым
мякчэйшы...
Сігізмунд Пятровіч правёў далоняй па твары.
Бач, куды занесла ад “злодзея” — аж да першага каханьня! Старэем, ці што?
Відаць, бяссонная ноч на сьлязу настроіла. Далоў сэнтымэнталізм. дзень
дзеяньняў пачынаецца...
У Сігізмунда Пятровіча. як у чалавека
справы, днём дзеяньняў быў кожны дзень.
Ён сеў па лаву, што паўкругам ішла па
карме. Захінуў плашч — хутка ж рачны холад прабраў праз тоўсты сьвітэр. Ад няма
чаго рабіць стаў разглядаць куток “Ракеты”, у якім апынуўся. Проста ад яго
даўгіх ног ішлі прыступкі наверх, на палубу; зьлева выгінаўся праход у салён, а
справа — такі ж да другіх дзьверцаў. Раптам гэтыя дзьверцы адчыніліся, і з іх
выйшаў ускудлачаны хлопец у цяльняшцы, наўзьверх якой была накінута ватоўка.
Гэта быў ужо, напэўна, не госьць і не выпадковы чалавек, ён каравуліў судна.
Сігізмунд Пятровіч насьцярожыўся, чакаючы пытаньняў і рыхтуючы адзін адказ на
ўсе — “чакаю капітана”, але кудлаты папрасіў пасунуцца, зьняў лаву, дастаў
з-пад яе нейкае рызьзё, паклаў лаву назад і зьнік за дзьверцамі пад лесьвіцай.
Мабыць, то быў ход у машыну, бо там, дзе схаваўся хлопец, забразгала жалеза.
Сігізмунд Пятровіч не раз езьдзіў на “Ракетах”, але туды, дзе гаспадарыць
толькі каманда, яму не даводзілася трапляць.
На лесьвіцы паказаўся сярэдняга росту
пажылы мужчына ў цёплым бушлацс з нашыўкамі па рукавах і форменнай фуражцы. У
яго і бровы былі сівыя, а яны ж сівеюць, здаецца, у апошнюю чаргу — пасьля
барады і галавы. Сігізмунд Пятровіч вокамгненна зразумеў, што гэта і ёсьць
капітан, унутрана падабраўся і ступіў насустрач:
— Добры дзень!
— Добры дзень,— капітан схіліў галаву, бо
стаяў ці не на чацьвёртай яшчэ прыступцы і ад гэтага быў вышэйшы за былога
скакуна.
— Я да вас. Капітан...
Сігізмунд Пятровіч сказаў “капітан” замест
“Капітон”, але не гэта яшчэ было бядой. Ён з жахам раптам адчуў, што забыў імя
капітана па бацьку. “У яго, як у Варашылава... — ліхаманкава ўспамінаў ён. — Як
жа Варашылава? Клімэнт... Клімэнт...» Капітан цярпліва глядзеў на яго.
Сігізмунд Пятровіч не вытрываў такой пакуты для мозгу і здаўся:
— Я ад Ягора Фаміча.
— А ён мне пра вас не казаў, — без
недаверу, проста інфармуючы, прамовіў капітан.
— Ён мяне паслаў гадзіну назад! Вы яго калі
бачылі: учора?
— Не,— усё тым жа спакойным тонам сказаў
капітан. — Я яго бачыў толькі што — па раскамандзіроўцы.
— Можа, ён не заўважыў вас?
— Парукаліся,— усьміхнуўся капітан.
Адчай і злосьць здушылі Сігізмунду
Пятровічу горла. Пракляты перастрахоўшчык! Такую падножку падставіць... Што
рабіць? Бегчы да яго? Можа, ужо і ў порце няма. Такія ўмеюць зьнікаць амаль без
сьледу...
— А вам чаго, уласна кажучы? — капітан
зірнуў на гадзіньнік.
Сігізмунд Пятровіч зразумеў, што цяпер
спадзявацца можна толькі на ласку гэтага чалавека.
— Я начальнік камбіната ў Рудным!
Разумееце? У мяне плян гарыць! Я павінен быць абавязкова ў Рудным сёньня! А
самалёты не лятаюць! І на “Ракету” білетаў няма!
Ён сказаў усё гэта так, нібы сьпяшаўся да
маці, якая памірала.
— Калі самалёты не лятаюць, у нас
абавязкова кругаверць,— зазначыў капітан.— А дакумэнт у вас ёсьць?
— Дакумэнт? Які?
— Што вы — начальнік камбіната.
Сігізмунд Пятровіч дрыжачай рукой дастаў
пасьведчаньне і разгарнуў яго.
— Добра. Ідзіце ў рубку. Пасьля, як
захочаце, зможаце і ў салён перайсьці. А пакуль што — у рубку.
— Капітон Ахрэмавіч...— раптам успомніў
Сігізмунд Пятровіч. — Дзякуй да неба! Верце: у даўгу не застануся!
— Дзякаваць будзеце, як дабярэмся да вашага
Руднага, — заклапочана прагаварыў капітан і рвануў тыя самыя дзьверы, за якімі
арудаваў кудлаты. — Ідзіце, ідзіце ў рубку!
Сігізмунд Пятровіч хуценька пашыбаваў
наверх. Дзьверцы рубкі не паддаваліся, пакуль не здагадаўся павярнуць клямку. У
рубцы было чыста, прыбрана. Тапчан у задняй частцы яе адгароджвала каляровая
фіранка. Яна надавала рубцы ўтульнасьці, хаця і рабіла яе яшчэ больш цеснай.
“Так я вам і пайду адсюль у салён, —
падумаў Сігізмунд Пятровіч. — Там жа будзе людцоў як у бочцы селядцоў. Ды яшчэ
пазнае хто-небудзь — не адвяжасься».
Ён расшпіліў плашч, але праз хвіліну
ўпэўніўся, што у рубцы не шмат цяплей, чым на карме, і захутаўся зноў.
Цемра за шклом памалу разыходзілася.
Сігізмунд Пятровіч праз лабавое шкло і свае акуляры ўжо выразна бачыў бераг і
трэскі на ім.
Нахіліўшыся, у рубку скочыў капітан; не
здымаючы бушлата і фуражкі, адсунуў крэсла ад штурвала і ўзяўся за рычагі. Пад
нагамі ўздрыгнула і загуло. Баржа зьлева і судны справа паплылі ўперад — гэта
“Ракета” пайшла заднім ходам, пакідаючы калідор свабоднай вады.
Хвіліна, другая, і ўсё тое, што было побач,
стала так далёка, што Сігізмунду Пятровічу падалося, быццам ніякага калідора
няма. Тады “Ракета” плаўна павярнула направа, да пірса. Там стаяў шчыльны
натоўп. Убачыўшы “Ракету”, ён зарухаўся, але дарэмна: прайшла міма.
— А чаму вы настойвалі, каб я напачатку
абавязкова сядзеў у рубцы? — прыгадаў ён.
— Гіру браць будзем,— неахвотна сказаў
капітан.
— Гіру? Якую?
— На ногі сабе. Каб хутчэй бегчы.
Сігізмунд Пятровіч паціснуў плячамі. Ён
стаяў адзаду, але капітан убачыў ягоны рух — у люстэрку.
— У вас плян?
— Плян.
— Ну і ў нас плян. І ў “Ракеты» маёй, і ў
пасажырскага ўпраўленьня. Наша задача — болей пасажыраў перавезьці, болей
грошай сабраць. Але яшчэ і ў порта плян. У асноўным тона-кілямэтры.
Капітан замаўчаў, насупіўся: наперадзе
зьмяілася гіганцкая пуга земснарада. Суднам у затоне яна пакінула зусім вузкую
шчыліну. Праз шчыліну гэтую ісьці трэба было вельмі абачліва, але Сігізмунд
Пятровіч таго не разумеў.
— Ну і...? — прысьпешыў ён, адцягваючы
ўвагу капітана.
— Тоны — усё адно тоны, тоны бульбы гэта ці
каменьня. Гравійны ўчастак па дарозе да Руднага ведаеце?
— Ведаю.
— Грэйфэр там учора ўтапілі. А плян партовы
гарыць. Вось і павязём мы з вамі новы.
— Грэйфэр? паморшчыў лоб Сігізмунд
Пятровіч.— Гэта грузазахватнае прыстасаваньне для кранаў? Замест экскаватарнага
каўша?
— Яно.
— Куды ж яго на “Ракету”? У салён не ўлезе,
на карме не зьмесьціцца...
— Толькі сюды, — тыцнуў Капітон Ахрэмавіч
пальцам уперад і ледзь прыкметна ўздыхнуў.
— А ўсё ж такі, — прызнаўся Сігізмунд
Пятровіч, — не бачу сувязі паміж грэйфэрам і тым, што я павінен сядзець
абавязкова ў рубцы.
— ТБ, — растлумачыў капітан. — Тэхніка
бясьпекі. Грэйфэр важыць пад дзьве тоны. Ану, як сарвецца? Абшыўку палубную —
два мілімэтры дзюралю — бы паперу папяросную, прарве.
Пакуль цягнулася гэтая размова, “Ракста”
пасьпела разьвярнуцца і прывязацца да пірса. Капітан уваткнуў справа ад панэлі
нейкую ручку, крутануў — разьлёгся страшны, з узьвывам гудок. На пірсе
ўздрыгнула і пайшла вакол сябе кабіна крана, і над палубай завіс памост са
зьбітых дошак. Побач з рубкай загрукалі крокі. Двое мужчын, у адным з якіх
Сігізмунд Пятровіч пазнаў кудлатага матарыста, пералезьлі парэнчу і пабеглі па
палубе. Ад слупка, што тырчаў ля пярэдняга краю палубы, да рубкі цягнулася
антэна. Матарыст зьняў яе са слупка і, намотваючы колцамі на руку, аднёс да
рубкі. Потым абодва з двух бакоў учапіліся ў насьціл:
— Майна! Віра! Майна!
Дошкі амаль без гуку леглі на палубу.
Крапавы трос паплыў уверх, выгінаючыся, як вуж.
— Не разумееце, для чаго насьціл? Каб
нагрузку разьмеркаваць на большую плошчу, — растлумачыў капітан, злавіўшы
позірк Сігізмунда Пятровіча.— Іначай палубе не вытрымаць. Праваліцца можа!
Трос вярнуўся з вялізнай жалезнай грушай.
Апускаючыся, яна пачала раскрывацца зьнізу, нібы разяўляла жалезныя сківіцы.
Мужчыны падскочылі да іх, гайданулі. Сківіцы разышліся да канца і леглі на
дошкі. “Ракета” аж прысела. Капітан крэкнуў, нібы не судна, а сам ён прыпяў на
карак штосьці пудоў пад восем.
— Застаецца прывязаць? — спытаў Сігізмунд
Пятровіч.
— А да чаго прывяжаш? — з горыччу прамовіў
капітан. — Прыйдзецца руляваць адпаведна — без паваротаў крутых, без рыўкоў.
Крый божа на поўным хаду на купіну наскочыць... Вада ж перадзімовая, малая. На
тым тыдні дзьве “Ракеты” селі. А яшчэ бяда — засланяе. І так на “Ракеце” агляд
слабы, а гэтая балда...
Ён да ўпору выкруціў крэсла ўверх і,
прысунуўшы да панелі, узьлез на яго. Зьняў фуражку, кінуў яе панэль пад лабавое
шкло. Валасы ў яго аказаліся зусім сівыя, мяккія і густыя. Яны хваляй ішлі ад
высокага лба да патыліцы.
Матарыст павесіў антэну на слупок, потым
міма рубкі прайшоў на карму. Другі ж мужчына, без шапкі і ў пінжаку з мазутнай
плямай на сьпіне, зладзеявата азірнуўся на рубку, а потым пералез праз грэйфэр
і зьнік за ім — відаць, спусьціўся з палубы на нос.
— Хто гэта ў вас? Той, што праз грэйфэр
палез. Я яго бачыў з гадзіну назад. І ён сказаў, што на “Ракеце” староньні. А
цяпер гляджу — працуе, — не стрымаў цікаўнасьці Сігізмунд Пятровіч. — Ды яшчэ
здаецца, што дзесьці мне ён і раней сустракаўся.
Капітан асьцярожна падаў рычаг да сябе —
“Ракета” мякка адышлася ад пірса і, набіраючы паволі хуткасьць, рушыла ўздоўж
яго назад, да вакзала.
— Вы пра каго? Пра таго, што зьлева за
грэйфэр трымаўся? Маглі сустракацца, маглі. Ён у Рудным вашым на прыстані
робіць.
— А вы адкуль яго ведаеце?
— Каму ж і ведаць Слаўку Радаснава, як не
мне? Я яго “Ракету” ганяць вучыў. Стажыраваўся сьпярша, пасьля дублёрам маім
быў. Навігацыі дзьве. Потым на іншую “Ракету” перавялі.
Усё сказанае за прозьвішчам “Радаснаў”
Сігізмунд Пятровіч чуў, як у сьне. У ягоных вушах гуло адно: “Радаснаў...
Радаснаў... Радаснаў...”
А капітан, панізіўшы голас, працягваў:
— Навучыў баранку круціць, а розуму не
навучыў, на жаль. А ў яго нешта з жонкай выйшла... Разьвёўся. Бабе што —
махнула хвастом ды зьехала некуды. Слаўка адзін застаўся. Ну, пашукаў бы іншую,
дык жа знайшоў палюбоўніцу — пляшку... Ну і пакахаўся з ёю да таго, што
пазалетась у першы дзень навігацыі “Ракету” ў пірс увагнаў. Тут яго...
Радаснаў... Радаснаў тут”, — біла ў скроні
начальніку камбіната.
Капітап рэзка абарваў пра Радаснава:
— Глядзіце, што па прычале робіцца. Уведалі
ўжо! Не ўмеюць дзеўкі нашы язык за зубамі трымаць.
— Якія дзеўкі? — спытаў Сігізмунд Пятровіч.
“Радаснаў... Радаснаў...” — не сьціхала ў падсьвядомасьці.
— Касіркі, дыспэтчаркі, даведка... Ну, што
цяпер? Лепш бы рэйс зусім скасавалі, чым так. Ну, што рабіць?
Капітан яўна расхваляваўся, аж пачырванеў
твар, што нры яго сівізно было асабліва нрыкметна.
— А што
такое? — паспрабаваў, як насланьнё, скінуць з сябе нядобрае прозьвішча
Сігізмунд Пятровіч.
— Я ж казаў — дзьве тоны грэйфэр важыць.
Каб яго давезьці, загадана на такую ж вагу пасажыраў на борт не пускаць.
Палову. Каго выбіраць я павінен? Каго на “Ракету”, каго з “Ракеты” піхаць? —
злосна скончыў, стоячы ўжо на прыступцы, спружынна вымкнуў з рубкі і бразнуў
дзьверцамі капітан.
А Сігізмунд Пятровіч, заняты сваім, і
прапусьціў момант, калі “Ракета” падышла да прычала. Ён уважлівей зірнуў туды.
На прычале вульканам клекатаў натоўп. Найбольш шчыльны ён быў там, куды
падаецца трап з “Ракеты” — ля невысокага ўзвышэньня на мэталічных стойках.
Чалавек пяць, у тым ліку і жанчына, цясьніліся на самой пляцоўцы, рызыкуючы
зваліцца з яе ў палоску вады паміж прычалам і “Ракетай”. Нехта спрабаваў
праціснуцца да гэтага жаданага пункта, валочачы за сабой чамаданы... Усе
размахвалі над галовамі блакітнымі паперкамі — ракетнымі білетамі.
Сігізмунд Пятровіч нарэшце зразумеў, што
адбылося. Адбылося сутыкненьне інтарэсаў дзьвюх партовых служб — пасажырскай і
грузавой. Грузавой тэрмінова трэба было даставіць грэйфэр, але сваіх “Ракет”
грузавая не мае, вось яна праз кіраўніцтва порта і захапіла чужую. Пасажырская,
у сваю чаргу, таксама недавыконвае плян, для яе і палова “Ракеты” — хлеб. Так і
вынесьлі “салямонавае” рашэньне: пасажыраў узяць хаця б столькі, колькі дазваляе
двухтонны грэйфэр. Капітан сказаў — палову. Значыць, палова тых, што хвалююцца
на прычале, у Рудны сёньня не трапіць, нягледзячы на білеты.
Сігізмунд Пятровіч уявіў сябе ў гэтым
тлумным натоўпе. Зразумела, ён мацнейшы за многіх і мог бы прабіцца, каб гэта
быў рэйс не на Рудны. На вачах у людзей, што, магчыма, ведаюць цябе,
расьпіхваць локцямі і гарлапаніць з перакошаным тварам чалавек яго рангу не мае
права. Значыць, так і застаўся б на прычале, маючы білет? А тыя, каго ў Рудны
гоніць сёньня і не такая пільная патрэба, паехалі б, дзякуючы нахабству і
спрыту? Не, гэта ж проста агіднасьць! Прыдумаць гэткае! Лепш бы, праўда ўжо,
рэйс зусім скасавалі! Хоць справядлівасьць бы захавалі...
Потым Сігізмунд Пятровіч паставіў сябе на
месца пасажырскай і грузавой служб, іх агульнага партовага начальства. Плян
ёсьць плян, справа дзяржаўная, плян вышэйшы за інтарэсы прыватных асоб. Ну,
паштурхаюць адзін аднаго, палаюцца на пасадцы, затое палова ўсё ж будзе сёньня
ў Рудным. Заўтра, можа, пасажыраў меней будзе, і ўсіх забярэ адна “Ракета”: і
сёньняшніх, і заўтрашніх. А калі скасаваць рэйс зусім, тады абавязкова
хто-небудзь застанецца і заўтра... Сігізмунду Пятровічу не пагражала застацца.
Ён адвярнуўся ад прычала і паглыбіўся ў свае думкі. Тое, што Радаснаў тут, на “Ракеце”,
трэба неяк скарыстаць. Трэба прыгледзецца да гэтага тыпа, прыгадаць, дзе
сустракаўся з ім і чым яму насаліў. Без дай прычыны ніхто даносы пісаць не
стане. Трэба хаця б здагадацца, чым дыхае, чаго хоча. Можа, хто з падначаленых
Сігізмунда Пятровіча стаіць за ім?! Зразумела, гэта няпроста, хутчэй за ўсё з
таго нічога і не выйдзе. Але трэба быць гатовым, не разгубіцца, калі выпадак
зноў зьвядзе, як гадзіну... Не, ужо дзьве гадзіны назад. Да Руднага трыста —
дзе там трыста! — трыста шэсьцьдзесят кілямэтраў, здаецца. І для “Ракеты” не
так мала. Можна будзе сысьці ўніз, прадэфіліраваць па “Ракеце”...
Вострыць лыжы Радаснаў гэты ў Рудны і не
ведае, што ўжо ляціць туды радыёграма, якая даўгой касматай лапай верне яго
сюды, у порт... Хаця чорт яго ведае... Сігізмунд Пятровіч засумняваўся ў
абавязковасьці Ягора Фаміча. Такія абяцаюць усё, што папросіш, пакуль п’юць
твой каньяк. Варта працьверазіцца, як усе іх абяцаньні ператвараюцца ў
абяцанкі. “Абяцанкі — цацанкі, а дурню радасьць”, — прыгадалася прымаўка, чутая
ў маленстве.
Знадворку несьліся бязладныя крыкі,
мужчынскія і жаночыя, лаянка па высокіх нотах. Усё гэта Сігізмунда Пятровіча но
тычылася і цікавасьці не ўяўляла. Ён думаў сваё.
Раптам увесь гэты шум пацішэў, адсунуўся
быццам. Сігізмунд Пятровіч выглянуў з рубкі — аказалася. “Ракета” ўжо
адшвартавалася і адышлася па некалькі мэтраў ад прычала. Тыя, хто застаўся на
ім. уздымалі да неба блакітныя паперкі.
Увайшоў капітан, сярдзіта пляснуўшы
дзьверцамі, сеў. Матор завыў гучней. Замільгалі партовыя краны, потым пірс
скончыўся. Цяпер “Ракета” ішла па вузкай і пакручастай стужцы, з абодвух бакоў
якой цягнуліся шырачэзныя палі доннага пяску.
— Так мала вады?
— Восень! — пахмурна адгукнуўся капітан. —
Зусім затон абсох. Каб землясосамі не паглыблялі, і не выйсьці б з порта.
— Але ж гэта Лена! Не Крывая!
— А што Лена? І яна па вечнай мерзлаце
цячэ. Крыніцамі не жывіцца. Што прытокі даюць, тое і гоніць. Як па талерцы.
Сігізмунд Пятровіч падзівіўся: Крывая. што
цякла з поўначы, дзе ўжо павінны перамярзаць ручаі, узьдзьмулася — нават
“Ракеты” зноў пайшлі, а Лена перасыхае.
“Ракета” рухалася нязвыкла марудна, што
Сігізмунд Пятровіч для сябе вытлумачыў мелкаводзьдзем. Але капітан, нібы
падслухаўшы ягоныя думкі, сказаў:
— Пракляты грэйфэр. На крылы як сьлед
падняць не магу.
— Пасажыраў занадта набілася?
— Ды не, не пусьцілі. У тым бяда, што дзьве
тоны грэйфэра — не дзьве тоны пасажыраў.
— Ці не ўсё адно?
— Дзьве тоны пасажыраў палову салёна
займаюць. Нагрузка — раўнамерная. А дзьве тоны грэйфэра — у адным пункце.
Дыфэрэнт...
Уласна кажучы. як тэхнічна адукаваны
чалавек Сігізмунд Пятровіч і сам мог здагадацца аб гэтым. Судна. дзе ўсё працуе
на хуткасьць — і абцякальная форма, і тонкая абшыўка — мінімальная ўласная
вага. вядома ж, не прыстасавана для перавозкі такіх “негабарытаў”. Як толькі
парушаецца вонкавы выгляд судна ці перавышаецца вага — адразу падае хуткасьць.
— Матор грэецца, — сказаў капітан. —Яшчэ і
з затона не выйшлі, а ўжо...
Ён пстрыкнуў па шкале нейкага прыбора.
Зьлева па борце паказаўся цагляны комін
воданапорнай станцыі — тут, як памятаў Сігізмунд Пятровіч, і быў канец затона,
станцыя брала ваду ўжо з Лены. Некалі ён карыстаўся “Ракетамі” два-тры разы за
лета — “Ракета” была зручнейшая тым, што прывозіла ў цэнтральны пасёлак, дзе
разьмяшчалася ўпраўленьне камбіната і дзе сам Сігізмунд Пятровіч жыў. Але з
таго часу, як ён стаў начальнікам камбіната, трывала “перасеў” на самалёт, хоць
аэрапорт і знаходзіўся за трыццаць кілямэтраў ад дома: “Ракета” ішла шэсьць-сем
гадзін, і за гэты час да яго раз-пораз надыходзіў то адзін, то другі. то трэці
— атрымліваўся нейкі няплянавы прыём. Просьбы, скаргі... У самалёце хадзіць не
дазваляецца. А што далёка аэрапорт — такой бяды: не пешкі ж хадзіць. Яшчэ і
лепей: пакуль даедзеш, пасьпееш даведацца ад шафёра пра ўсе навіны Руднага і,
калі трэба, прадумаць меры.
“А з рубкі зусім іншы агляд, чым з салёна,
— падумаў Сігізмунд Пятровіч. — Па-першае, вышэй сядзіш, па-другое, глядзі куды
хочаш—хоць уперад, хоць назад”. Ён павярнуўся ўправа — там за далёкім лесам
карэннага берага ўставала дымна-чырвонае сонца. У сваіх чорных акулярах
Сігізмунд Пятровіч мог глядзець на яго зусім спакойна.
Капітан падняў з напэлі ручку мэгафона:
— Валодзя, зайдзі.
Праз хвіліну ў рубку скочыў матарыст,
запытальна падняў твар. Прычасаны гладка, з праборам, ён здаўся цяпер
Сігізмунду Пятровічу зусім іншым, чым раней.
— Швартавацца будзем,— сказаў капітан.
— Ясна. Да чаго?
— Да берага.
— На рэйдзе ж суднаў хапае.
— На вадзе стаяць — пасажыраў прастуджваць.
Прывяжы да куста і сходні скінь. Можа, хто выйдзе ногі разьмяць. Доўга стаяць
будзем.
Матарыст пайшоў. “Ракета” збавіла хуткасьць
і павярнула да жоўтых восеньскіх кустоў.
— Што здарылася? — пацікавіўся Сігізмунд
Пятровіч. — Чаму стаяць?
— Туман наперадзе. Хіба не бачыце?
Сігізмунд Пятровіч прыжмурыў вочы і болей
уважліва зірнуў на раку. Пад вадой слалася быццам смуга, дзе-нідзе стаялі белыя
слупы і пагоркі. Але відаць было даволі далёка.
— Я не сказаў бы, што гэта туман, — з
усьмешкай прамовіў ён. — Хутчэй туманчык.
— Скарасное судна і ў такім ісьці не можа,—
суха кінуў капітан.
— А чаму вы сказалі — доўга? Сонца ж
устала. Значыць, хутка пацяплее. І туман зьнікне зусім.
— Што
сонца? Восеньскае яно.
— А як доўга?
— Хто ж яго ведае? Мо да дзесятай, мо і
болей. Сігізмунд Пятровіч зірнуў на свой электронны. 6-52 — сьвяцілася па
цыфэрбляце.
“Нішто сабе... Колькі чакаць... — падумаў
ён. — А можа, гэта і на дабро? Падумаеш, прыеду на тры гадзіны пазьней. Затое
Радаснаў... Радаснаў жа тут... Трэба сысьці і прыгледзецца да гэтага
прайдзісьвета”.
Жоўтае і чырвонае — восеньскае кустоўе —
насунулася неяк імгненна, потым паехала ўверх і зьнікла. “Ракета” тыцнулася ў
шэры пясок. Зьверху з абрыву зьвісалі пераблытаныя карані. Матарыст падняўся па
палубу з носа, выпрастаўся і наматаў на іх канат.
“Трэба сысьці. Трэба...” — вяла думаў
Сігізмунд Пятровіч, але замест гэтага адваліўся назад, плячамі па тумбу, на
якой стаяла рацыя.
— Вы, я бачу, но выспаліся? — данёсься
голас капітана. — Дык кладзіцеся, сьпіце. У нас у рубцы ёсьць дзе паспаць.
“Сапраўды не шкодзіць гадзінку паляжаць”.
Сігізмунд Пятровіч устаў з прыступкі, на якой сядзеў ля ўвахода ў рубку, і
зрабіў два няпэўныя крокі да тапчана за фіранкай. Тапчан быў акуратна засланы
зялёнай коўдрай, мелася і падушка. Сігізмунд Пятровіч лёг на коўдру, выпрастаў
ногі — яны ўперліся ў сьценку.
— Накрыйцеся! Халаднавата! — параіў
капітан, але Сігізмунд Пятровіч ужо не разумеў пачутага. Ён праваліўся ў сон,
дзе мітусілася ўсё, што бачыў учора і сёньня: Радаснаў з абліччам Саслана
Хасанавіча гаварыў яму словамі Ягора Фаміча, што абавязкова пашле радыёграму,
каб яго, Сігізмунда Пятровіча, выклікалі ў порт “па дыван”... Што гэта менавіта
Радаснаў, Сігізмунд Пятровіч і не падумаў бы, ды чалавек з абліччам былога
генэральнага павярнуўся сьпінай — там на шэрым пінжаку аказалася чорная
мазутная пляма, і Сігізмунда Пятровіча апанаваў жах ад падступства даносчыка,
што так спрытна мяняе твар. Ад жаху і прачнуўся. Сеў на тапчане. “Ракета”
па-ранейшаму стаяла, праз лабавое шкло і бакавыя шыбы добра быў відзён шэры
пясок абрыву. Сігізмунд Пятровіч павярнуўся і зірнуў у задняе шкло...
Там ён не ўбачыў нічога. Было такое
ўражаньне, што шыба стала матавай, як у вагонных клязэтах. Сігізмунд Пятровіч
мог бы паклясьціся, што яшчэ зусім нядаўна яно было празрыстым. Ды і навошта
матавае шкло ў рубцы? Капітан жа павінен бачыць і тое, што застаецца ззаду. А
іншым разам “Ракета” ідзе і заднім ходам... Што ж тады за дзіва? Што? Сігізмунд
Пятровіч мезенцамі пад шкельцамі акуляраў працёр вочы і нарэшце прачнуўся
па-сапраўднаму. Тут жа ўспомніў усё, што было перад тым, як ён зваліўся.
На гадзіньніку паблісквала: 8-56.
Выходзіць, прайшло дзьве гадзіны, а туман не толькі не разьвеяўся — згусьціўся.
Сігізмунд Пятровіч заўсёды адчуваў сябе ніякавата, калі самалёт уваходзіў у
аблокі. Палахлівае ўяўленьне малявала то сустрэчны самалёт, які не разгледзіць,
не разьмінецца; уцёс, што ўжо стаіўся, чакае паперадзе; зямлю, што набліжаецца
і набліжаецца, а пілёты таго не заўважаюць... Небясьпека, якую ўяўляеш, заўсёды
страшнейшая за рэальную. Рэальная ўжо сама сабою падказвае, як змагацца, а хіба
ж можна змагацца з тым, чаго не бачыш? Мінуты ў аблоках цягнуліся, бы
гадзіны... Штосьці падобнае перажываў Сігізмунд Пятровіч і цяпер. Але тут
выратаваньне было: Сігізмунд Пятровіч хуценька перавёў позірк на лабавое шкло,
на пясок за ім. Адразу стала лягчэй.
9-02... Ужо дзесятая. Ці разьвеецца да
дзесяці туман? Капітан кудысьці зьнік, спытаць няма каго. Сігізмунд Пятровіч
дастаў цыгарэты і ўспомніў, што не мае запалак. Ён уважліва агледзеў рубку — ці
не валяюцца дзе, але не знайшоў ні запалак, ні курыва, ні папяльнічкі. Відаць,
у рубцы не курылі.
Яшчэ хацелася і есьці, але ў Сігізмунда
Пятровіча не было нічога. Ехаць “Ракетай” ён вырашыў позна, калі буфэты ў
гасьцініцы зачыніліся. У рэстаране ж ён узяў толькі каньяку — хоць і так шмат,
што некалькі пляшак не дапілі, але аднаго каньяку, бо з рэстарана браць яду
неяк непрывычна. Ягор Фаміч, у кватэры якога Сігізмунд Пятровіч правёў палову
начы (жонка таго паехала некуды), не здагадаўся прапанаваць хаця б бутэрброд, а
прасіць начальнік камбіната пасаромеўся. Уся надзея была на буфэт “Ракеты” —
Сігізмунд Пятровіч памятаў, што на “Ракеце”, здараецца, што-небудзь ды бывае:
булачкі, коржыкі, цукеркі, таматны ці яблычны сок. “Трэба пасьпяшацца, пакуль
усё не зьелі-выпілі”, — усьміхнуўся ён, выбраўся з рубкі і рушыў уніз.
На карме стаяла і сядзела некалькі чалавек.
Радаснава сярод іх Сігізмунд Пятровіч як быццам не заўважыў і пайшоў у салён.
Там было холадна і вільготна, як у склепе. За двума столікамі, што стаялі між
крэсламі на пачатку салёна, пяцёра ці шасьцёра пасажыраў сілкаваліся ўзятым з
сабой. За буфэтнай стойкай нікога не было; не было і знаку, што тут што-небудзь
“давалі”: стойка была чыста працёртая, без крошак і сьлядоў мокрых шклянак.
Заставалася спадзявацца, што буфэт будзе ўсё ж працаваць, і высьветліць, калі
пачне, каб не спазьніцца. Калі яшчэ даедзеш дадому! Здаровы арганізм былога
скакуна, прывычны да рэгулярных прыёмаў ежы, уладна патрабаваў свайго.
Зьлева ад стойкі зелянелі зачыненыя
дзьверцы. “Ці не пастукаць ды спытацца? — надумаў Сігізмунд Пятровіч. — Можа,
там хто ёсьць. Няёмка? Што ж тут няёмкага? Проста спытаюся, і ўсё”. Ён стукнуў
у дзьверцы, тыя пайшлі ўбок, як у вагонным купэ; выглянуў матарыст.
— Вы не скажаце, — Сігізмунд Пятровіч
пастараўся надаць свайму запытаньню жартаўлівы тон, — калі расчыніць свае
гасьцінныя дзьверы ваш рэстаран? Дужа хочацца шкляначку кавы.
— А, гэта вы? — пачуўся з-за плячэй
матарыста голас капітана. — Заходзьце! Н думаў, вы яшчэ сьпіцё.
Сігізмунд Пятровіч праціснуўся — матарыст
тут жа штурхнуў дзьверцы назад. У памяшканьні, падобным на пэнал, ледзь
мясьціўся ложак і фанэрны столік каля яго. Капітан сядзеў на ложку, матарыст —
на табурэтцы, з якой не ўстаючы мог адчыніць і зачыніць дзьверцы.
— “Рэстарана” сёньня не будзе, — сказаў
капітан. — Сядайце во з намі, чайку паганяйце.
Сігізмунд Пятровіч павагаўся — неяк няёмка
здалося яму ехаць дарма, спаць па чужой пасьцелі ды яшчэ і есьці чужую яду. Але
здаровы арганізм патрабаваў.
— Не адмоўлюся, — сказаў ён і апусьціўся на
ложак — болей не было куды. Капітан пасунуўся ў кут.
— Валодзя, налі таварышу, — прамовіў
капітан. Матарыст падняў чайнік і пачаў асьцярожна цадзіць у шклянку цёмную
вадкасьць. Відавочна, тут абыходзіліся без імбрычыка, чай сыпалі ў вялікі
чайнік, калі закіпаў, — па-студэнцку.
На стале ляжаў буйна нарэзаны хлеб, талерка
з вывернутай тушонкай. Сігізмунд Пятровіч падчапіў відэльцам кавалак, разьмяў
на хлебе, адкусіў і запіў. Чай аказаўся ўжо крыху астылым.
— Па-халасьцяцку харчуемся, —
пасьмейваючыся, сказаў капітан. — Надзьку нашу, правадніцу, адпусьцілі сёньня —
маці сустракае. А то б яна згатавала. Гэтую ж тушонку самую накруціць з
локшынай — зусім іншая справа.
— Дык і буфэта з-за Надзькі няма?
Гандляваць няма каму? — выказаў здагадку Сігізмунд Пятровіч.
— Ды не, тут іншае. Не далі буфэта ўчора.
УРЗ увогуле ўвосень буфэт без ахвоты дае. Нагрузім увечары, а назаўтра,
глядзіш, раз — і касуецца рэйс. Значыць, назад яго выгружай, а ўсё печанае
счарсьцьвела, хто яго па беразе купіць...
— А чаму касуецца?
— Ці мала прычын? То шторм, то рака якая
зьмялее, то, як сёньня, туман...
— З-за туману касуюць?
— Вядома. Вось дай божа разьвеецца да
паловы адзінаццатай. А не — буду прасіць дыспэтчара, каб скасавалі.
— Чаму?
— Бо назад да начы не пасьпеем вярнуцца.
Дзе начаваць? У Рудным вашым? А як вада за ноч сыдзе? Тады “Ракета”, лічы, і
зазімуе ў Рудным.
— А мы вас па кватэры паставім... Да
прыемных удавіц...— пажартаваў Сігізмунд Пятровіч.
— І са сваімі — хоць удавіцца,— у тон яму
адгукнуўся капітан. — Хіба ж не так, Уладзімір?
— Я сваю на ўдаву не мяняю, — рашуча
адпрэчыў матарыст.
— З маладосьці і дурасьці. Пачакай,
вернесься з рэйса калі-небудзь, як Слаўка.
— Які Слаўка? Радаснаў? — здагадаўся
Валодзька.
— Ён.
Сігізмунд Пятровіч перастаў жаваць, каб не
прапусьціць ніводнага слова пра Радаснава, але капітан пазяхнуў:
— Так і жывём. То ляцім, то сьпім. Эх, і
паспаў бы я зараз, каб крыху цяплей было!
— А чаму, дарэчы, так холадна на “Ракеце”?
— павёў плячамі Сігізмунд Пятровіч.
— Бо кацельні няма. “Ракета” грэе на хаду
толькі.
— Як гэта?
— Тут наладжана так, што паветра сустрэчнае
ў машыну ідзе, а нагрэўшыся ад кажуха — у салён. А калі “Ракета” стаіць,
мэханіка гэта не дзейнічае, хай бы і машына працавала.
— Вось як! А чай — на чым гатавалі?
— Чайнік, як бачыце, электрычны. Але дынама
таксама — як машына працуе. Калі стаіць “Ракета” — акумулятары палім.
Непажадана. Валодзя! Налі таварышу яшчэ.
— Дзякую,— Сігізмунд Пятровіч не любіў
цеплаватага чаю, а прасіць, каб падагрэлі, пасьля апошніх слоў капітана не
выпадала. — Я ўжо пайду. Дзякую.
— Ну што ж, — не стаў затрымліваць капітан.
— Падымайцеся ў рубку ды адпачывайце. Гадзіну яшчэ прастаім, не меней.
“9-35”, — адзначыў Сігізмунд Пятровіч.
выйшаўшы не ў салён, а на карму праз тыя дзьверцы, у якіх упершыню, да рэйса
яшчэ, убачыў матарыста. У вузкім праходзе між фальшбортам і машынным
аддзяленьнем стаяў чалавек у чорным плашчы. Пачуўшы плясканьне дзьверцаў, ён
павярнуў да Сігізмунда Пятровіча рэзкі твар з запалымі вачамі.
— Вы з каманды ці пасажыр? — спытаў ён
глухім голасам.
— Пасажыр.
— З капітанам не размаўлялі?
— Размаўляў.
— Ну што... Скора яны там? Чаму стаім?
— Вы ж бачыце, — паблажліва выцягнуў руку
за борт Сігізмунд Пятровіч. Дадатковая інфармацыя, якою ён валодаў, нібыта
давала яму права на гэтакі тон.
— Бачу... Бачу...— з болем сказаў чалавек.
— Бачу, ды бачыць не хочацца. Хутчэй бы!
— Усё роўна сёньня будзем. Якая розьніца? —
паспрабаваў супакоіць Сігізмунд Пятровіч сам сябе.
— Розьніца ёсьць... На пахаваньне еду. Каб
не спазьніцца. “Дык вось чаму ў яго і твар такі, і голас”, — надумаў Сігізмунд
Пятровіч.
— Каго хаваеце? — памаўчаўшы, спытаў ён.
— Брата. На шахце загінуў.
— Калі?! — ледзь не ўскрыкнуў Сігізмунд
Пятровіч.
— Тэлеграму пазаўчора атрымаў.
— І што ж... Ён адзін загінуў ці яшчэ?
— Не ведаю, — паціснуў плячамі чалавек у
чорным.
— Як прозьвішча вашага брата?
— Таран. Колька Таран.
— Мікалай Таран... Я яго ведаю. Ведаў, —
паправіўся Сігізмунд Пятровіч.— Мацуйцеся,— дадаў ён, паціснуў руку незнаёмцу і
подбегам кінуўся да лесьвіцы, што вяла наверх. Спатыкнуўся — вылаяўся:
— Што за д’ябал?
Паглядзеў — усьміхнуўся. Палажыўшы галаву ў
шапцы-вушанцы на вялізны мех, на лаве мірна пасопваў дзядок. Адну нагу
надкурчыў пад сябе, другую выцягнуў упоперак праходу — на ёй і спатыкнуўся
Сігізмунд Пятровіч. Старога гэтым ён не абудзіў.
— Вось каму сьпяшацца няма куды, —
прамармытаў начальнік камбіната.
Падняўся наверх. Абапіраючыся на парэнчу,
паблізу рубкі, цесна прыціснуўшыся адно да аднаго, стаялі хлопец і дзяўчына.
Пачуўшы цяжкія крокі Сігізмунда Пятровіча, азірнуліся: хлопец — даўгі,
цемнабровы — ганарыста, дзяўчына — хударлявая, з чорнымі вузкімі вочкамі — і
цікаўнасьцю.
“І гэтым усё роўна дзе цалавацца”, —
падумаў Сігізмунд Пятровіч, увайшоў у рубку і сеў на прыступку сьпінай да
туману.
А Сьмятанін ані словам пра гібель Тарана!
Што ж там здарылася, хто вінаваты? Хто б ні быў, адказвае і начальнік
камбіната. Хоць цябе і не было ў Рудным... Як жа трэба быць там неадкладна!
Кожная гадзіна дарагая!
9-50. А туман не радзее... Ці, можа, хоць
крыху? Сігізмунд Пятровіч прыўзьняўся, зірнуў управа, улева, назад. Мэтраў
дваццаць берагавой лініі, на якую лянівая хваля выкідвала пену і трэскі — вось
і ўсё, што ўбачыў. Астатні сьвет хаваўся ў тумане.
Калі праз сорак... Не, ужо праз дваццаць
дзевяць мінут гэтая навалач не разьвеецца, капітан будзе прасіць дазволу не
весьці “Ракету” ў Рудны.
Сігізмунд Пятровіч сьціснуў кулак. У тым
хрупнула штосьці. Разьняў пальцы — на далоні ляжала зламаная расчоска, невядома
калі і невядома навошта ўзятая з кішэні. Курганком хваёвых голак жаўцелі зубцы.
*
Пра Радаснава Сігізмунд Пятровіч часова
забыў.
А Радаснаў між тым займаўся сваёй улюбёнай
справай — паліў вогнішча. Гэта не было хваравітай маніяй: агонь ён любіў з
дзяцінства за прыгажосьць. Ён любіў сядзець ля вогнішча і думаць. Калі да яго
агню падыходзіў нехта такі, каго не мог адагнаць, ён пакідаў вогнішча і на
іншым месцы распальваў новае.
Гэтым разам Радаснаў распаліў агонь не
столькі для душы, як для цела. На “Ракеце” ў сваім пазношаным пінжачку ён
сагрэцца не мог. Не дапамог і капітанскі чай, які Радаснаў піў да Сігізмунда
Пятровіча, яшчэ гарачым. І тады ён скочыў з носа, узадраўся на стромкі сыпучы
бераг, назьбіраў сучча і дастаў запалкі.
Усьлед за ім ніхто не пайшоў, нікога не
пацягнуў і пах дыму. Той, хто не спаў, упарта верыў, што туман вось-вось
разыдзецца, і баяўся сыходзіць з “Ракеты”, каб не адстаць. Радаснаў жа, былы
ракетчык, добра ведаў, што Ахрэмавіч павядзе судна толькі пасьля таго, як
туману не стане зусім. Гэта закон скараснога плаваньня, і такі сур’ёзны,
цьвярозы суднавадзіцель яго не пераступіць.
Дым напачатку ўплятаўся ў космы туману,
потым прабіў цяплом сваім у сівым каўпаку бясконцы калодзеж у неба; калі агонь
слабеў і дым танчэў, у канцы калодзежа таго, як на дне сапраўднага, сьвяціўся
кавалачак сіні. Але палонка гэта тут жа цьмянела, зацягвалася, як вока бяльмом.
Тады Радаснаў уставаў і падкідваў ламачча, балазе сухіх кустоў вакол было
нямала.
Тут Радаснаву дыхалася спакойна. Хто-хто, а
Галаўня з “Ракеты” не зьлезе. У рубцы цяплей, чым нават ля вогнішча. Кубатура
такая: сам надыхаеш — і грэйся.
Зразумела, пахмельны страх даўно прайшоў, і
цяпер Радаснаў не кінуўся б прэч, паявіся Галаўня нават з сякерай. І ўсё ж
вельмі не хацелася сустракацца яму з чалавекам, на якога паслаў данос.
Нагаворшчыкам Радаснаў ніколі не быў, нават
малы: у дзіцячым доме гэта лічылася самым страшным грахом. Нагаворшчыкаў не
прымалі ў аніводную гульню, а што ўжо казаць пра набегі на суседзкія сады!..
Геройствам было маўчаць пра правінкі таварышаў, калі дырэктар, сяміпудовая
цётка, без літасьці круціла вушы. І не мела значэньня, што, можа, правінка тая
была сапраўднай віной; украў, напрыклад, з сумкі выхавацелькі кашалёк... Тое
моцна сядзела ў Радаснавым: агіда да даносчыкаў. Вось чаму, калі пад моцным
градусам ён адправіў тыя паперкі (ліст свой, праўда, пісаў цьвярозы, але не мог
паслаць, пакуль не напіўся), на другі дзень якая агіда да сябе яго ахапіла!
Быццам і праўда Галаўня яблык нарваў у сталяра Гіндэнбурга, а ён, Слаўка,
пайшоў навушнічаць Зосьцы (так між сабой выхаванцы звалі дырэктара. Зою
Сямёнаўну). А яшчэ агарнуў страх. Страх перад сваім магутным сапернікам. Бо хто
быў Радаснаў перад Галаўнём?! Галаўня, здавалася яму, мог зрабіць з ім што
захоча. Адна надзея была: на найвышэйшую справядлівасьць, да якой і зьвярнуўся
ён сваім лістом.
Раніцой, пачуўшы, што па просьбе Галаўні
яго выклічуць на “дыван”, Радаснаў аслупянеў ад жаху. Ён імгненна вырашыў, што
яго песенька сьпета. Што з ім будзе на тым “дыване” — ён канкрэтна ўявіць і не
спрабаваў, “дыван” здаваўся Радаснаву чымсьці накшталт шыбеніцы ці плахі. А
яшчэ забаяўся Радаснаў, што, пазнаўшы яго, Галаўня тут жа адправіць на той
страшэнны “дыван”...
Доўга б, можа, мучыўся тым страхам, ды
Ахрэмавіч работу даў: спачатку — грэйфэр, потым — пасадку. Ну, грэйфэр —
дробязь, падтрымаў, гайдануў — і ўсё. Не сам жа на палубу падымаеш. Пасадка
далася ў знакі. Ахрэмавіч дамагаўся, каб на “Ракету” першымі ішлі жанчыны з
дзецьмі, дэпутаты, героі, пэнсіянэры і г. д. — як уведзена ў звычай. Ды, на
жаль, усе катэгорыі гэтыя не мацнейшыя за тых, хто не валодае іх правам.
Пасадку вялі ўтрох: Валодзька, Радаснаў і сам Ахрэмавіч. А ўсё ж такі спраўдзіць
задуму капітанскую так і не ўдалося: засталіся на прычале і жанчыны з малымі, і
старыя, а можа, і дэпутаты... Затое здаравушчых мужыкоў (біцэпсы — во! Трыцэпсы
— во!) не засталося. На “Ракету” ж можна трапіць не толькі трапам: уся яна,
безабаронная, прывязана бокам да прычала. Вось і палезьлі: на нос, пад
трапам... Убачыўшы гэта, Ахрэмавіч даў загад убраць трап і неадкладна аддаць
канцы.
Валодзька пасьля палічыў: аказалася, на
“Ракету” трапіла трыццаць два пасажыры. З іх жанчын з малымі дзецьмі тры,
пэнсіянэраў (з выгляду) — тры, жанчын сярэдняга веку — адна, дзяўчына (з
выгляду) — адна. Наконт дэпутатаў і герояў было невядома. Рэштка ўяўляла сабой
людзей, здольных кагалам падняць “Ракету” (“Што ж, — без усьмешкі пажартаваў
Ахрэмавіч, — здымуць з мелі, калі што...”).
І Галаўня для Радаснава за ўсім гэтым
пабляк, адышоў, як пачварны сон. Але вядома, што асабліва страшныя сны
застаюцца ў памяці надоўга і раз-пораз нагадваюць пра сябе. Так было і з гэтым.
Зусім адкараскацца ад Галаўні Радаснаў не мог.
Праўда, цяпер ён думаў пра Галаўню і
ранішнюю сустрэчу іначай. Ён зразумеў раптам, што ў ягоных руках паявіўся хаця
і мізэрны, але казыр: ён даведаўся выпадкова, што Галаўня дамагаецца, каб яго
выклікалі сюды, у порт. Што за гэтым стаіць?
Самае большае, чым пагражае Радаснаву такі
выклік — звальненьне з прыстані. Але калі Галаўні патрэбна менавіта гэта, то ён
бы дзейнічаў прасьцей: папрасіў партовае начальства, каб звольнілі, і ўсё. Тое
дало б загад, а начальнік прыстані ў Рудным вярнуў працоўную кніжку.
Не, не гэтага трэба Галаўні! Галаўня хоча.
каб нейкі час Радаснава но было ў Рудным. Звальненьнем гэтага не даб’есься:
пойдзе Радаснаў іншы заробак шукаць тут жа, у Рудным, бо ён чалавек сямейны, у
яго жонка... Жонка! Вось у чым справа.
Галаўня хоча адаслаць яго з Руднага, каб
пагарцаваць з Нінай. Гэта ж ясна як божы дзень.
Як здорава, што падслухаў! Не ведаў бы — і
паехаў спакойна ў горад, нат парадаваўся яшчэ выпадку сустрэцца з былымі
сябрукамі, адпачыць ад пагрузкі-выгрузкі, ад сварак з Нінай. Ах жа, гад! Вось
яна, удача...
Радаспаў устаў, пашураваў вогнішча,
павярнуўся да яго азяблай сьпінай. На разгарачаны твар легла хляраформная маска
туману. Лоб і скроні пакрыліся расой. Радаснаў гэтага не заўважаў.
Таму ўдача, што хоць і не сумняваўся
Радаснаў у штодзённай здрадзе жонкі, на месцы здрады яе не засьпяваў. А ён жа і
ў сыгнале напісаў, што Галаўня аддаецца распусьце з сакратаркай... Напісаў, не
маючы прамых доказаў. Ану, як спытаюць: чым давядзеш? Ану, як скажуць: не дакажаш
гэтага — і ў рэштку не паверым? Цяпер жа доказ сам плыў у рукі. Трэба зрабіць
выгляд, што едзеш у горад, схавацца, а потым... Потым — усё проста.
Эх ты, Радаснаў, Радаснаў! Як заблыталася
тваё жыцьцё! Для чаго Галаўню зваліць хочаш? Каб ад саперніка пазбавіцца. А як?
Злавіўшы жонку з ім у пасьцелі. Як жа ты потым будзеш з ёю жыць?
“Буду... — думаў Радаснаў. — Буду... Абы
гэта апошні раз. Абы зразумела, што ўсе Галаўні — плесьня. Што кахаю яе адзін
я, а для Галаўні яна — папяльнічка”.
Такім чынам, спакойна даехаць. Спакойна
прыйсьці на прыстань. Спакойна выслухаць распараджэньне... Усё рабіць спакойна.
Вось толькі пытаньне: ці пусьціць Радаснава
ў Рудны туман?
Калі да адзінаццатай туман не падымецца,
капітан мае поўнае права павярнуць назад, бо рэйс з аднадзённага робіцца
двухдзённым, а да гэтага экіпаж не падрыхтаваны. Напрыклад, капітан пайшоў у
рэйс адзін, без мэханіка ці дублёра. А заўтра, можа, Крывая закрыецца зноў —
ужо да канца навігацыі. Тады Галаўня паляціць самалётам, а Радаснаў, што зьбег
з Руднага без капейкі ў кішэні і без усякіх дакумэнтаў (без пашпарта на самалёт
не трапіш, хай бы і напазычаў грошай), будзе да Руднага дабірацца спадарожнымі
суднамі-грузавікамі тыдзень. Так і будзе біты слабенькі Слаўкаў казыр...
Радаснаў задраў галаву, павярнуў твар туды
і сюды, шукаючы сонца. Гадзіньніка ў яго не было ўжо гады са два, і ён
налаўчыўся мераць свой час сонцам. Але туман быў непранікальны.
Радаснаў сеў да агню грудзьмі. Пясок вакол
вогнішча паспеў падсохнуць, ён нават зьлёгку зарыпеў, калі Радаснаў стукнуўся ў
яго кашчавым задам. Радаснаў выцягнуўся па ўвесь рост і лёг галавой на палена.
Нічога нязвычнага для яго ў такім становішчы не было, і ён заснуў.
Усхапіўся ад гуду машыны і гудка — гэта
Ахрэмавіч склікаў пасажыраў, а можа, і аднаго яго клікаў... Сонца стаяла па
поўдні — Радаснаў прыкінуў: гадзіна. Пра тое, каб “Ракета” цяпер пайшла ў
Рудны, і гутаркі не магло быць.
Ён саскочыў з абрыву, набраўшы пяску ў
бацінкі, загрукаў па дошках — Валодзька тут жа ўсьцягнуў сходні, потым палез
наверх адвязваць “Ракету”. Радаснаў штурхануў нізкія дзьверцы і з носа на трох
прыступках спусьціўся ў салён, сеў ля акна ў першым, пустым радзе. З горкай
абыякавасьцю паглядзеў, як пайшоў ад “Ракеты”, стаў імкліва ніжэць востраў, і заплюшчыў
вочы. Дзесяць мінут да порта, а там... Што “там”, Радаснаву было яшчэ няясна.
Але раптам ён адчуў усім целам — “Ракета”
зрабіла не левы, а правы паварот. Дызэль дадаў абаротаў — дзьверцы на нос
адчыніліся самі сабой. хаця Радаснаў, здаецца, іх як сьлед прыпляснуў. У салён
урэзалася восеньскае паветра.
Радаснаў зірнуў у акно — сапраўды востраў,
каля якога перачакалі туман, плыў назад зьлева. “Ракета” ішла ў Рудны! Ён
глыбока ўздыхнуў і лёг скроньню на шыбу. Тая дробна дрыжала: уся “Ракета” зьлёгку
вібруе, калі працуе такі магутны для яе кволага цела дванаццаціцыліндравы
дызэль — рухавік тарпэдных катэраў.
Вось калі можна было без пакут заснуць, але
цяпер Радаснаву не спалася. Ён з асалодай слухаў, як гудзе матор, дрыжыць
корпус, плешча над корпусам вада. Усе гэтыя гукі былі яму добра знаёмыя і ў той
жа час не зусім тыя. Радаснаў розьніцу аднёс на недасканаласьць уласнай памяці.
Падышоў Валодзька, схіліўся:
— Капітан заве ў рубку.
— Навошта? — спалохаўся Радаснаў.
— Не ведаю. Ад нуды, мусіць. Пабалакаць
няма з кім.
— А той? — Радаснаў прыставіў да вачэй
злучаныя ў колцы пальцы — як акуляры.
— Хіба ж нагаворыш з ім?
— Дык ён там?
— Зразумела, там. Куды яго яшчэ?
— Не... Не пайду.
— Чаго баісься? Што без гальштука? Ён жа не
твой начальнік.
— Ён у Рудным у нас над усімі начальнік.
— Плюнь! Капітана пакрыўдзіш.
Матарыст пайшоў далей, а Радаснаў устаў
перад нялёгкім выбарам. З аднаго боку, крыўдзіць Ахрэмавіча не выпадала, з
другога... “А зрэшты, чаго я яго баюся? — раззлаваўся раптам Радаснаў. — Хай ён
мяне баіцца. Хто ў каго жонку ўкраў?” Добра, што ён знайшоў гэтыя словы —
палову грузу зьнялі з душы. Радаснаў устаў і адправіўся ў рубку. Ён ішоў і
паўтараў усе меней рашуча: “Хай ён мяне баіцца. Хто ў каго жонку ўкраў?” Узышоў
наверх. Тут сустрэчны вецер ірваў назад валасы, высякаў сьлёзы з вачэй. У
дадатак парэнчы ішлі да рубкі не суцэльна: у пэўным месцы, каб ісьці далей,
леер трэба было выпусьціць з рукі. Некалі Радаснаў рабіў гэта не задумваючыся,
цяпер жа яму здалося, што варта расчапіць пальцы — і паляціш за борт.
— Давай, давай! Чаго стаіш? — данёсься
ззаду голас матарыста. Вецер крэмзаў яго па шматкі, Радаснаву чулася: “...вай,
...вай. Чаго ...іш?” “Добра, — падумаў Радаснаў, — адпушчу. Буду падаць —
Валодзька затрымае”. Як над безданьню, зрабіў ён, хістаючыся, крок у вузкі
калідорчык між леерам і рубкай. Далей ужо было проста.
— Ну, нарэшце! — такімі словамі сустрэў яго
Ахрэмавіч. — Я думаў, ты ў статуя ператварыцца рашыў.
— Што за судна ў цябе? — зьлёгку ляскаючы
зубамі, пакуль не сагрэўся, высунуў сустрэчную прэтэнзію Радаснаў. — Чаму лееры
не ў парадку?
— Забыўся, — з папрокам сказаў Ахрэмавіч.—
Такі парадак на першых “Ракетах”, на “тройцы” ды на “пяцёрцы” маёй. Скразьняком
лееры на рэштцы. Там хоць скачы за рубкай.
Радаснаў сеў па прыступку справа ад
капітана: можна сказаць, схаваўся за яго — з-за Ахрэмавіча лыпнуў сваімі
вялізнымі, як вочы ў васьмінога, акулярамі Галаўня.
— Расьсеўся? Не, браце, ты мне не для пасядзелак
патрэбны, —сказаў Ахрэмавіч. —Уставай ды сэкундамер бяры. Хуткасьць вызначаць
будзем.
— Вызначаць? А што яе вызначаць? Панэль жа
перад вачамі.
— Эх ты! На ўсё забыўся, на ўсё! Ты што, у
кабіне самазвала?
Тут Радаснаў з сорамам успомніў, што
сьпідомэтра ж на “Ракеце” няма, бо няма колаў. Панэль дае толькі адзін
паказчык, па якім можна прыблізна меркаваць аб хуткасьці, — колькасьць абаротаў
каленвала ў мінуту. Але ж вал можа круціцца, а “Ракета” стаяць. А цячэньне? А
вецер?
— Бяры бінокль. Слупы блізка.
— Я іх і без бінокля добра бачыў, —
пахваліўся Радаснаў.
— Што за слупы? — пачулася з-за Ахрэмавіча.
Галаўня.
— Спэцслужбы, — вытлумачыў капітан. — Будзе
хутка ўчастак берага адносна прамы. Там слупамі кілямэтар адзначаны.
— Ну
і што?
— Засячом час, за які яго пройдзем...
— Не разумею.
— Што ж разумець тут? Дзелім адлегласьць на
час, атрымліваем хуткасьць. Задачка для шостага кляса,— з выклікам узвысіў
голас Радаснаў.
— Вось як, — сумеўся Галаўня. Як чалавек з
вышэйшай тэхнічнай адукацыяй ён абавязан быў рашаць такія задачы маланкава, і
Радаснаў адчуў задавальненьне ад таго, што не ва ўсім Галаўня перавышае яго.
“Чаго яго баяцца? Хай ён мяне баіцца...” Цяпер гэтыя словы ў яго мазгах
прагучалі не так спалохана, як першы раз. Радаснаў заціснуў у далоні сэкундамер
і ўпіўся вачамі ў бераг.
— Бліжэй трымайся,— параіў ён.— Дакладней
засячом.
— Нельга бліжэй, — азваўся Ахрэмавіч. —
Мелізна. Вазьмі бінокль.
Але Радаснаў упарта паматаў галавой. Ён
добра памятаў той кілямэтар, дзе стаялі слупы. Там, на лузе, ён упершыню сышоў
з “Ракеты” з Нінай. Яна прасіла звазіць туды, дзе багата шчаўя, бо, кажуць, са
шчаўя атрымліваецца выдатнае варэньне... Гэта былі першыя дні іх сямейнага
жыцьця, калі верылася, што ў жыцьці будзе адно варэньне, хай сабе і са шчаўя...
Вось ён, першы: паласаты, крыху пахілены слуп. Радаснаў уключыў сэкундамер, а
сам, як даўней, пачаў раўнамерна адлічваць: “Раз — і два — і тры — чатыры...”
— Глядзіце, першы слуп, — паказаў Ахрэмавіч
Галаўні.
— Дзе? — ускінуўся той.
— Ды вунь жа! Нядрэнна відзён, — паказаў
капітан ужо назад.
— А! — усклікнуў Галаўня, але так фальшыва,
што Радаснаў зразумеў: не бачыць. І ў гэтым ён аказаўся вышэйшы за Галаўню.
Луг быў пусты: даўно засохла шчаўе, даўно
скасілі тут і сабралі іншыя травы, скідалі ў стагі. Ужо і бярозкі за лугам
абляцелі — і гэта бачыў Радаснаў сваім “ракетным” зрокам.
Пяцьдзесят пяць, пяцьдзесят шэсьць... Дзе ж
другі слуп? Пры хуткасьці шэсьцьдзесят кілямэтраў у гадзіну ён павінен ужо быць
тут. Шэсьцьдзесят пяць, шэсьцьдзесят шэсьць... Слабавата, Ахрэмавіч,
слабавата... Семдзесят пяць. семдзесят шэсьць... Няўжо прапусьціў, не заўважыў?
Восемдзесят пяць... Ці, можа, слуп зваліўся? Восемдзесят дзевяць... Ага, вось
ён! Дзевяноста.
Відаць, занадта хутка лічыў, падумаў
Радаснаў, падносячы сэкундамер да вачэй. Але і стрэлка паказвала паўтары
мінуты.
— Што гэта, Ахрэмавіч? Не цягне шарабан? —
сказаў Радаснаў, падаючы сэкундамер. Капітан зірнуў на цыфэрблят і шпурнуў
храномэтар па панэль.
— Сорак кэмэ ў гадзіну, — працягваў
Радаснаў. — Сам жа грузіў балду! Што зьдзекуесься?
— Але ж пасажыраў палова!
— Значыць; зусім не трэба было браць.
Нейкі час у рубцы маўчалі. Відавочна,
Ахрэмавіч прымаў рашэньне. Радаснаў запытальна глядзеў на яго: ён разумеў, што
на сарака кілямэтрах далёка не заедзеш, а ехаць трэба далёка.
— Уключы “Лінду”, — сказаў Ахрэмавіч.— Не
магу ад руля адарвацца — грэйфэр агляд закрывае.
“Баіцца”, — зразумеў Радаснаў. Рацыя
дальняй сувязі стаяла, як звычайна, за рулявым крэслам. Каб яе ўключыць, трэба,
як мінімум. павярнуцца. Радаснаў шчоўкнуў тумблерам, зьняў трубку і падаў.
Капітан узяў левай рукой, прыціснуў трубку да вуха плячом і зноў перанёс руку
па штурвал.
— Я — “Ракета-пяць”, я — “Ракета-пяць”, —
цьвёрда сказаў Ахрэмавіч. — Выклікаю “Жарай”.
“Жарай? Чаму Жарай, а не порт?” — падумаў
Радаснаў. Жараем зваўся пасёлак кілямэтраў за трыццаць ад порта. Не адразу
скеміў, што гэта — новыя пазыўныя порта.
— Выклікаю “Жарай”, выклікаю “Жарай”, — з
прывычнай настойлівасьцю паўтараў Ахрэмавіч, не беручы трубку ў руку.
— “Жарай” слухае, “Жарай” слухае, — праз
трэск і цокат прарваўся жаночы голас.
— Я “Ракета-пяць”, іду рэйсам да Руднага,
іду рэйсам да Руднага. На борце трыццаць два пасажыры. Знаходжуся на трыццаць
пятым кілямэтры, на трыццаць пятым. Як чуеце? Прыём.
— Чую вас, “Ракета-пяць”. На трыццаць
пятым. Да сувязі.
— Чакайце! “Жарай”, “Жарай”! Прашу дазволу
вярнуцца ў порт. Як зразумелі? Прыём.
“Так я і думаў...” — пастрой у Радаснава
зусім упаў. Заварушыўся ўстрывожана і Галаўня: відаць, і яму не дужа спадабаўся
такі паварот лёсу. Але яго становішча, думаў Радаснаў, куды лепшае. Радаснаў
сьцяў зубы і адвярнуўся, каб капітан у люстэрку не бачыў яго твару.
Порт памаўчаў. Потым азваўся — цяпер ужо
голасам мужчынскім:
— “Ракета-пяць”, “Ракета-пяць”, адкажыце
“Жараю”.
— Я тут, — хрыпла прамовіў капітан.
— Што, Ахрэмавіч, старасьць не радасьць? —
зьедліва спытала рацыя, і Радаснаў уздрыгнуў: гэта быў той жа самы голас. што
абяцаў Галаўні выклікаць Радаснава на “дыван”.
— Пры чым тут мой узрост! — у Ахрэмавіча
запунсавела шыя, падкрэсьліўшы бель валасоў.
— Я не пра твой узрост, Ахрэмавіч, я пра
“Ракету” тваю.
— І “Ракета” ні пры чым! Грэйфэр гэта,
грэйфер!
— Грэйфэр, Капітон Ахрэмавіч, павінен быць
дастаўлены. Я табе пра гэта ўжо казаў. Дастаўлены сёньня. Гэта не маё
ўказаньні.
— Сёньня? Сьмеяцеся вы там, ці што? Выйшаў
я па туману ў трынаццаць, хуткасьць сорак, і сёньня дастаўлю?
— Сам вінаваты. Мог бы і раней выйсьці.
Пачаў туман расьсейвацца — і ідзі. Туман туману розьніца.
— Скарасное судна не можа ісьці ў тумане!
Нават пры трох балах бачнасьці. А да трынаццаці быў нуль.
— Спрачацца мы, Капітон Ахрэмавіч, будзем.
як з рэйса вернемся. А цяпер ісьці трэба. Грэйфэр павінен быць дастаўлены,
паўтараю. Адзінае, што табе дазваляецца і настойліва рэкамэндуецца — высадзіць
пасажыраў на Стагах. Мы іх да вечара спадарожнай “Ракетай” вывезем. Аддзел
пасажырскіх перавозак ідзе на ахвяру. Чаго не зробіш для інтарэсаў порта. Як
зразумеў? Прыём!
— Дазваляецца і рэкамэндуецца высадзіць
пасажыраў па Стагах, — аселым голасам сказаў Ахрэмавіч.
— Дзейнічай, родны! Да сувязі.
Рацыя замаўчала. Ахрэмавіч моўчкі падаў
Радаснаву трубку — Радаснаў паклаў яе, выключыў “Лінду” і вярнуўся на сваю
прыступку справа ад капітана.
— Значыць, далей гравійнага не пойдзеце?
Грэйфэр скінеце і назад? — усклікнуў Галаўня.
— Паражнём назад такую дарогу не выпадае.
Сам не пайду па пасажыраў у Рудны — порт прымусіць.
— Ага. Тады варта было б высадзіць на
Стагах. Разумна.
— Паспрабуем,— пахмурна сказаў Ахрэмавіч.
“Крыўдная для Ахрэмавіча размова, — думаў Радаснаў. — На старасьць намякнулі ды
яшчэ: мог бы раней пайсьці... Маўляў, не арэш. І вярнуцца не дазволілі... А
пасажыраў высадзіць — не скрынку сьмецьця выкінуць за борт”.
А ўчора за шклянкай Радаснаў чуў размовы,
што Ахрэмавіча вылучаюць на другі ордэн. Мо для таго і вылучаюць, каб больш
ціхмяны быў? Маўляў, не будзеш слухацца — ордэна не ўбачыш... Радаснаў
прыгадаў, што казаў Ягор Фаміч Галаўні: на пэнсію не хоча — дачка малая...
Падпарадкуецца любому распараджэньню, абы далі працаваць.
Значыць, высадзіць Ахрэмавіч пасажыраў.
Добра было б. Тады можна яшчэ сягоньня трапіць у Рудны. Хаця — наўрад. Адзінае,
што можна пасьпець — выгрузіць грэйфэр. На гравійным бы і заначавалі. Там у
хлопцаў па плыўкране каюты з абагрэвам...
— Валодзя, — сказаў у рупар капітан, —
швартоўка. Падрыхтавацца да швартоўкі на Стагах.
Наперадзе справа паказаўся аблуплены
дэбаркадэр. Луг за ім быў такі ж пусты, як і там, дзе ракетчыкі слупамі
адзначылі некалі кілямэтар. Ніводнай душы, нават шкіпэра не было і на
дэбаркадэры.
Падышла “Ракета” цяжка — гэта Радаснаў
добра адчуў, да яго вярталася адчуваньне судна. Тут цячэньне было адбойнае. Але
і з грэйфэрам Ахрэмавіч не прамахнуўся, прычаліў з першага заходу. Валодзька
прывязаў нос, потым найшоў на карму — Радаснаў падумаў: дарма не сышоў, удвух
бы прынайтовілі хутчэй.
— Таварышы пасажыры,— паднёс Ахрамавіч да
вуснаў рупар, — просьба накінуць судна. Рэйс касуецца. Вас забярэ іншая
“Ракета” і адвязе ў порт. Просьба перайсьці на дэбаркадэр.
Да рубкі падняліся двое мужчын, пастукалі ў
дзьверцы. Адзін быў у чорным плашчы, другі — у паліто. Радаснаў устаў і
адступіў, каб даць ім увайсьці.
— Чаму касуецца рэйс? — раздражнёна спытаў
у плашчы.
— “Ракета” зламалася? — выказаў здагадку
другі.
— “Ракета” пойдзе далей. Маю распараджэньне
даставіць грэйфэр.
— Дык навошта высаджваць?
— Но цягле судна. Грузу занадта.
— Значыць, кавалак жалеза для вас даражэйшы
за людзей? — злосна кінуў у плашчы.— Я вось на пахаваньне еду... Сэрца няма ў
вас, ці што?
— Не я гэта прыдумаў — кавалак жалеза
везьці. Я на судне толькі начальнік.
— Не сыдзем... Нізавошта! Яшчэ на
дэбаркадэры гэтым калець... Вязіце лепш назад!
— Зразумейце, у мяне заданьне даставіць
грэйфэр. Калі я зараз пайду ў порт, то сёньня гэта зрабіць не пасьпею.
— Як хочаце! Ніхто не сыдзе.
— Калі вы не сыдзеце, то “Ракета” сёньня не
дабярэцца і да гравійнага ўчастка. Начаваць пад кустамі будзем. На стаянцы
“Ракета” не грэе, толькі па хаду. Прадуктаў не маем. Перадайце гэта рэштцы.
Падумайце як сьлед. Даю на гэта пяць мінут.
— I думаць няма чаго! Без прычын касуюць
рэйс ды яшчэ высаджваюць у чыстым полі... Што, як забудуць пра нас, не прышлюць
“Ракету”? Не-е, і не спадзявайцеся! — сказаў мужчына ў плашчы. Абодва рашуча
пайшлі з рубкі.
— Усё правільна!.. Няма чым крыць! — сказаў
Ахрэмавіч, адкідаючыся ў крэсьле.
— І чаму ты грэйфэр узяў? — вырвалася ў
Радаснава. Тут жа ўспомніў словы Ягора Фаміча і прыкусіў язык.
— Не ўзяў бы я — на маладзейшага каго
навесілі б. А каб гэткае на карку цягнуць, трэба вопыт мець,— спакойна адказаў
капітан.
Прайшло некалькі мінут. На дэбаркадэр
спусьціўся толькі адзін. Як ні дзіўна, гэта быў адзін з тых двух, што заходзілі
ў рубку — мужчына ў паліто. Ён паставіў чамадан, закурыў і разьвітальна памахаў
рукой:
— Едзьце! Болей ніхто не сыдзе.
— А вы што ж? — спытаў Радаснаў.
— Баюся пад кустамі начаваць. Тэмпэратура.
— Валодзя, паехалі, — буркнуў у рупар
капітан. Плынь падхапіла “Ракету”, зьлёгку разьвярнула. Капітан пацягнуў да
сябе рычаг абаротаў:
— Нібыта хутчэй пабегла. Якая тонкая рэч —
“Ракета”! Адзін усяго сышоў, а адчувае.
— А што: сам кіляграмаў восемдзесят ды
чамадан дзесяць-пятнаццаць, — сказаў Радаснаў.
— Трэба было праявіць цьвёрдасьць, калі
так. Дамагчыся і высадзіць усіх, — павучальна прамовіў Галаўня.
— А каб я праявіў цьвёрдасьць ды высадзіў
разам з імі і вас? Вы ж таксама штосьці важыце, — адпрэчыў Ахрэмавіч. Радаснаў
нахіліўся ўперад, каб зірнуць па твар Галаўні. Начальнік камбіната пакрыўджана
падціснуў губы. Што, зьеў?” — зларадна падумаў Радаснаў, які і сам ледзь не
ляпнуў нешта падобнае таму, што выдаў Галаўня.
— Уключы “Лінду”.
Радаснаў шчоўкнуў тумблерам, працягнуў
трубку.
— Я “Ракета-пяць”. Выклікаю “Жарай”...
— Слухаем вас, “Ракета-пяць”. Уважліва
слухаем, — начуўся голас Ягора Фаміча. Відаць, чакаў, чым скончыцца справа з
высадкай.
— На Стагах сышоў адзін. На борце трыццаць
адзін. Прашу зьняць пасажыра са Стагоў. Хутчэй: чалавек хворы.
— Ясьненька, Капітон Ахрэмавіч, ясьненька.
Што ж ты такую мяккацеласьць паказаў? Цяпер на гравійным сёньня не будзеш.
—
Калі вечар бясхмарны будзе, паспрабую.
— Ну што ж. Спадзяёмся на твой вопыт. Да
сувязі, даражэнькі!
“Якія яны аднолькавыя — той Ягор і гэты
Галаўня... — падумаў Радаснаў. — Адзін — “цьвёрдасьць праявіць”, другі —
“мяккацеласьць паказаў”... А пра людзей ні той, ні другі — ні слова”.
Ён зручней прыладзіўся на прыступцы і стаў
думаць пра тое, што невядомая сіла заўсёды здаецца страшнейшай, чым ёсьць на
самой справе. Вось і той жа Галаўня здалёк выглядаў, як непрыступны асьнежаны
пік, што ў любы момант можа абрынуць на неасьцярожнага грымотнае каменьне. А
аказаўся побач — і просьценькую задачку не разумее, і бачыць дрэнна, і нічога
не можа сказаць супроць справядлівых слоў... “Бо чалавек, на якой бы пасадзе ён
ні сядзеў, усё роўна чалавек, яму гэтак жа хочацца есьці і спаць, як апошняму
бічу, — думаў Радаснаў, — і дзеля гэтага ён адзін раз аддасьць бязглузды загад,
а другі раз — і папросіць. І выходзіць, людзі па сваёй сутнасьці роўныя, толькі
жыцьцё склалася так, што адзін камандуе парадам, а другі ідзе ў агульным страі.
Значыць, раз ты чалавек сумленны і крыўды не прыносіў нікому, апроч сябе, ты і
не павінен баяцца нікога”.
— Што гэта? Чаму берагі белыя? — пачуўся
голас Галаўні.
Радаснаў схамянуўся.
— Сьнег, — адгукнуўся Ахрэмавіч.
—
Сьнег? А ў горадзе не было.
— Быў і ў горадзе, толькі там ён растае
хутка: машыны, ацяпленьне... А ля вады як ляжа, так і ляжыць.
“Так, адзін камандуе парадам, а рэштка ідзе
ў агульным страі. Але хто сказаў, што той, хто камандуе, лепш за ўсіх і
кожнага, хто ідзе перад ім? Хто вызначыў гэта. на якіх шалях узважваў? Хутчэй
за ўсё ў камандуючыя тыя выходзяць дзякуючы высокаму росту, зычнаму голасу,
нябачным для вока сувязям. Але ж усё гэта вонкавасьць, выпадковасьць,
хітрасьць. І можа, у агульным страі ідзе той, хто мог бы камандаваць парадам
лепш. А такі чалавек у агульным страі ідзе горш, чым тыя, хто камандаваць
парадам не здатны.
Добра, парад парадам, а ў жыцьці ўсе
роўныя, і калі камандуючы крадзе ў радавога жонку, то лапкі ўгору задзіраць
нельга — ні ў мужы, ні ў палюбоўнікі зьверху не прызначаюць, тут усё ад цябе
самога залежыць, і сам змагайся. Змагайся — і перамагай”.
— Славамір, ты сьпіш, ці што? — данесьліся
да Радаснава словы капітана. — Я цябе не для гэтага ў рубку паклікаў. Дапамагай.
— Што рабіць?
— Сачы за буямі. Больш са сьнегам
зьліваюцца. Дый грэйфэр бачыць не дае.
Радаснаў устаў — сапраўды, прасторы, што
заўсёды адкрываецца перад “Ракетай”, не ўбачыў: замінаў недарэчны груз.
Разьмешчаны на палубе сымэтрычна, ён асабліва павінен быў давацца ў знакі таму,
хто сядзеў у рулявым крэсьле — капітану. Да краёў палубы жалезныя сківіцы не
дасягалі. Радаснаў стаў на прыступку і адхіліў галаву направа, колькі дазваляла
рубка.
— Бінокль вазьмі.
— Не трэба.
Радаснаў но любіў бінокляў: хаця і
набліжаюць, затое звужаюць поле зроку, цяжэй шукаць такую дробязь, як буй.
Мелі. што выйшлі ўжо з-пад нізкай
восеньскай вады, усе былі пакрытыя сьнегам. Сам Радаснаў не адразу заўважаў
белыя буі, калі яны аказваліся па фоне такіх малочных палос.
— Прама па курсе на востраве створы, —
далажыў ён.
— Створы я, галубок, на памяць ведаю. Ты за
буямі сачы. Іх нядаўна перастаўлялі, — спрасьціў задачу Ахрэмавіч.
— Пад ельнікам белы.
— Пад ельнікам? — ускінуўся Ахрэмавіч. —
Тры гады не было.
— На ўхвосьці чырвоны.
— Добра, добра...
“Ракета” наблізілася да вострава са
створамі, зрабіла плаўны паварот і пайшла да левага берага. Хутка справа
мільгануў чырвоны буй.
— Сачы ж, сачы, — сказаў Ахрэмавіч. — Шчыра
кажучы, утрая лягчэй з такою падмогаю.
Радаснаў, скурчыўшыся, сеў на жалезную
шафку. у якой на кожнай “Ракеце” трымалі зьменнае адзеньне. Сядзець было
нязручна, затое ён добра бачыў, што робіцца наперадзе.
— ТО з-за вострава выходзіць, — паведаміў
ён.
— Адмашка?
— Правая.
— Добра, — сказаў Ахрэмавіч, паціскаючы
выключальнік. Лямпачка справа ад рубкі міргнула тры разы і згасла. Хутка з
глухім шумам з правага борта прайшоў вялізны ТО — танкер кляса “азёрны”.
— Далібог, недарма цябе ўзяў, — прамовіў,
усьміхаючыся. Ахрэмавіч.
— А чаму без мэханіка? Без дублёра?
— Мэханік мой у адпачынку. А дублёр учора
руку зламаў...
— Мог увогуле адмовіцца ад рэйса. Далёкі
рэйс.
— На гадзіну-другую Валодзька падмяніць
можа. А адмовіцца ўвогуле... Нехта ж павінен ісьці. На ўсіх “Ракетах” экіпажы
няпоўныя.
— А адпачынак улетку — ці ж бывае?
— Дамогся. Кажа, дванаццаць летаў но
адпачываў.
— І ты згадзіўся?
— Ну а што ж? Сапраўды, дванаццаць летаў...
— Ты, Ахрэмавіч, проста Хрыстос.
— Ты яшчэ крытыкаваць будзеш... Можа, лепш
за штурвал сядзеш? Як даўней Га?
— Калі дазволіш,— ледзь вымавіў Радаснаў,
не верачы вушам.
— А чаму не? Я ж побач. Дый адпачну.
Ахрэмавіч дачакаўся болей прамога ўчастка
ракі і зьлез з крэсла. Радаснаў памкнуўся быў туды, але Ахрэмавіч стрымаў яго:
— Э, не. Не ў гэтым ляпсардаку. Не
зьневажай судна. Вазьмі з шафкі мой кіцель.
Сам ён даўно ўжо быў у адной
кашулі-форменцы. Радаснаў пераапрануўся. Бліснула золата нашывак на рукавах.
Узьбіраючыся на крэсла, ён выпадкова закрануў локцем Галаўню. Той ускінуў
галаву, пазірнуў спадылба — гэты пагрозьлівы, здалося Радаснаву, позірк ён
сустрэў адкрытым і бясстрашным. Што яму быў цяпер Галаўня, калі ён сядаў на
месца, пра якое ўжо і не марыў!
Ахрэмавіч узяў бінокль, сеў на шафку.
Радаснаў паклаў рукі на вялізны, з добрае кола, штурвал — такія толькі на самых
першых выпусках “Ракет”, гэта ён добра памятаў. Ён заціснуў штурвал у руках,
але не сьпяшаўся працаваць імі: з кілямэтар прыблізна рака не вярнула ні
ўправа, ні ўлева.
— Чырвоны наперадзе,— папярэдзіў Ахрэмавіч.
— Вазьмі ўлева.
Так, рака была прамою, роўнай, як
шырачэзная шаша, але рака — не мёртвы бэтон: кожны дзень у ёй мяняецца штосьці.
Перакочваюцца па дне горы пяску, заглыбляюцца ямы, падымаюцца з-пад вады
астравы. Для таго і ставіць буі служба абстаноўкі.
Радаснаў асьцярожна павярнуў руль — той
застаўся на месцы. Заклінавала? Але калі? Ахрэмавіч жа толькі што руляваў!
Халодны пот усеяў лоб Радаснава.
— Што ж не вернеш? — нецярпліва сказаў
капітан. — Буй зьнясеш!
Радаснаў напружыў сілы — штурвал скрануўся,
пайшоў улева, і ў той жа момант улева пайшла “Ракета”. Справа, мэтраў за
дваццаць, пранёсься чырвоны буй.
— Трымай прама, на створы, — падказаў
капітан.
—
Чаму руль у цябе так туга круціцца? — спытаў Радаснаў.
— Колькі год, як з маёй “Ракеты” пайшоў?
— Бадай што шэсьць.
— Вось і забыўся. Да гідраўлікі прывык на
іншых “Ракетах”. А на маёй — ланцуговая перадача.
— Ну вядома ж! — успомніў Радаснаў. — Яшчэ
начамі ладзілі яе. Як паслабне, падцягвалі...
— Во-во! — пацьвердзіў Ахрэмавіч. — На маёй
“Ракеце” без модных выдумак. Пяро руля, як лейцамі, вернеш. Мускулатуру гадуеш.
Глядзі, белы над самым берагам...
— Бачу! Сам бачу! — усклікнуў Радаснаў. Яго
ахапіла натхненьне. Ён сапраўды ўхітраўся праз грэйфэр бачыць і буі, і створы,
і нават амаль незаўважныя, плоскія бакены з драўляных рэек. А кінуўшы раз
позірк налева, убачыў, што Галаўня ўстаў са свае прыступкі, адышоўся у глыбіню
рубкі. Пачуцьцё перамогі напоўніла сэрца.
— Добра вядзеш! — пахваліў Ахрэмавіч.— А
ўжо колькі прайшло, як з флёту выперлі?
— Два гады. Чатыры месяцы, — крыху
нахмурыўся Радаснаў.
— Значыць, тэрмін дыскваліфікацыі мінуў?
— Навечна мяне, Ахрэмавіч.
—
Глупства! За гэты час ужо начальства партовае два разы зьмянілася. Вяртайся!
Што за шчасьце там па падхопе быць, з бічамі гарэлку жлукціць? Ты ж
суднавадзіцель, і неблагі! Створы, трымай на створы...
— Бачу, Ахрэмавіч, бачу!
— У матарысты пойдзеш пакуль. Я магу ўзяць.
У мяне адзін Валодзька. Быў яшчэ Аляксей, ды ў рачное найшоў.
— Навігацыя ж канчаецца, Ахрэмавіч.
— Зіму сьлесарам перакантуесься, у
інтэрнаце ложак дадуць... Ну, што там цябе ў Рудным трымае?
Радаснаў зірнуў у люстэрка — Галаўня ўжо
лёг, глядзеў у столь праз свае чорныя шкельцы, а можа, і драмаў.
— Жонка,— прызнаўся Радаснаў. У гэты
чароўны міг ён мог гаварыць пра што хочаш.
— Якая жонка яна табе, калі з іншымі
сьпіць?
— Адкуль ведаеш?
— Ты ж учора сам мне расказваў.
“Значыць, прабалбатаўся”, — падумаў
Радаснаў, але цяпер гэта не выклікала ў ім ранішняга жаху.
— Сам я, відаць, вінаваты.
— Чым жа ты вінаваты? Што не раджае? Ну,
дык хай бы радзіла ад іншага. Ты ж не супроць?
— Я і сам не ведаю, супроць я або не, —
уздыхнуў Радаснаў. — Толькі здаецца мне, што я ва ўсім няшчасьці маім вінаваты.
Ну, можа, і не я, а прырода. Раз я такі — не будзе са мною жыць ніводная
жанчына. Таму і ад гэтае не іду. Ці ж не ўсё адно?
— Эх, Слаўка, Слаўка! Навошта ўсіх жанчын
на адзін капыл мераць? Ну добра, не можа быць у цябе дзяцей. Дык вазьмі жанчыну
з дзіцем, ці мала іх, кінутых, такіх...
— Кахаю я яе, і ўсё тут,— з цяжкасьцю
выманіў Радаснаў.
— Справа твая, — суха сказаў капітан. —
Толькі як жонка здраджвае, за што кахаць? СП [СП —
сухагруз палубны] наперадзе, дай адмашку справа.
— Бачу, — Радаснаў, праўда, бачыў усё, ён
гаварыў з Ахрэмавічам, як машынальна, бо такія размовы неаднойчы вёў з самім
сабой.
— А з чаго ты ўзяў, што ў цябе не можа быць
дзяцей? — спытаў Ахрэмавіч.— Ты што — правяраўся?
— Не.
— А чаму?
— Сорам.
— Пад платамі валяцца не сорам, а ў
бальніцу — сорам?
— Сорам,— паўтарыў Радаснаў, адвярнуўшыся.
— Уперад глядзі, уперад! Дык з чаго ўзяў?
— Дзяцей жа няма.
— Але з жанчынай гэта часьцей бывае.
— У тым і справа, што...
— Што ты, як дзяўчынка! Хочаш сказаць, яна
правяралася?
— З курорта аднойчы цяжарная прыехала.
Цяпер ужо замаўчаў Ахрэмавіч.
— Гм... — сказаў нарэшце ён. — І дзе ж яно,
тое дзіця?
— Там, дзе большасьць такіх, — пасьміхнуўся
змрочна Радаснаў. — У абартарыі.
— Пагнаў яе, ці што?
— Ды не. Наадварот, угаворваў, каб не
рабіла таго, бо дзіця ўсё адно патрэбна... “Шкадаваць яго, — кажа, — ты не
будзеш. Навошта няшчаснае дзіця?” І пайшла.
— Значыць, ты яе туды не праводзіў, перадач
не насіў?
— Якія там перадачы! Разводзіцца думаў.
Сварка была з кулакамі і біцьцём талерак...
— Цяжарную біў?
— Што ты! Яна біла.
— Лодка ўперадзе! Курс перасякае! — раптам
ускрыкнуў Ахрэмавіч. — Рэвэрс на нуль! Задняга не давай — грэйфэр!
Радаснаў і сам разумеў, што экстраннае
тармажэньне з пераводам рэвэрса на задні ход даваць нельга. Грэйфэр, пракляты
грэйфэр у такім выпадку непазьбежна б зваліўся з палубы, ламаючы і “Ракету”, і
лодку, калі тая трапіць пад нос. Хай ужо лепш перакуліць маторку, раскідае тых,
хто ў ёй сядзіць і так па-дурному кіруе ёю, чым аварыя самой “Ракеты”. Рэвэрс
цьвёрда стаў у нэйтральнае становішча, цяпер каленчаты вал круціўся без вінта,
але “Ракета” па інэрцыі ўсё адно ішла наперад.
Лодка наблізілася. У ёй было тры чалавекі.
Двое на носе спалі, трэці кіраваў маторкай амаль з заплюшчанымі вачамі. Зрабіць
яшчэ што-небудзь было немагчыма. Маторка зьнікла пад носам “Ракеты”. Радаснаў
сьцяўся, чакаючы ўдару. Але праз некалькі пакутлівых імгненьняў лодка выйшла
з-за носа і пайшла сваёй дарогай. Ахрэмавіч штурхнуў дзьверцы. выскачыў з рубкі
і паслаў усьлед не надта цэнзурную тыраду.
— Гэта ж трэба ў такім стане па вадзе
швэндацца! — узрушана прамовіў ён, вярнуўшыся на шафку.
— Каб ім на тым сьвеце ў палітуры плаваць,—
страсянуў галавой Радаснаў.
— А ты малайчына. Не разгубіўся. Усё зрабіў
як трэба.
— Ты ж падказаў.
— Падказкі мала! Перацягнуў бы рэвэрс ці за
рычаг абаротаў схапіўся... Ці мала яшчэ якое глупства ў такую мінуту зробіш.
Тут бы нам і хана.
— Думаеш, затанулі б?
— Раскурочыла б грэйфэрам нос — чым
заткнеш? Ды наніка на борце... Глядзіш, і выкінуцца б на бераг не пасьпелі.
Добра. Дай сяду. Адпачывай.
Радаснаў вярнуўся па шафку. Цяпер над ракой
паявілася нейкая смуга, і ён таксама ўзяў бінокль. З паўгадзіны маўчалі,
перажываючы здарэньне. Галаўня, відавочна, спаў, бо не спытаўся нават, што
адбылося.
— Слаўка.— раптам сказаў Ахрэмавіч,— а калі
гэта было? Калі твая... туды хадзіла?
Відавочна, ён хацеў ужыць нядобрае слова,
але стрымаўся.
— А што табе? — спытаў Радаснаў.
— Прыгадаў сёе-тое. Калі?
— Ды ўжо ладнага. Летам.
— Гэтым летам?
— Не. Тры гады прайшло.
— Ты ў рэйсе быў?
— Не. Дома.
— Ну і што?
— А што? Пайшла пад вечар, дні праз два
вярнулася. Я тыя дні гарэлку еў.
— А не ў ліпені тое было? Не дзесятага
часам?
— Ці ж я памятаю. Можа, і дзесятага.
— Ведаеш, дзесятага ў маёй дзень нараджэньня.
І вось прыходзіць твая да нас на дачу. Я тады бюлетэніў дзён дзесяць, таксама
на дачы сядзеў.
— І што?
— А тое, што ні ў той дзень, ні ў наступны
твая нікуды ад нас не хадзіла. Сьвяткавала з маёй той д’яблаў дзень
нараджэньня. Разумееш? Чаго мне, кажа, дадому ісьці, мой Градусаў паплыў...
— Вось як! — ашаломлена сказаў Радаснаў.
Ён напачатку не ўсё зразумеў. Да яго дайшло
толькі тое, што Ніна яго падманула: сказала, пойдзе ў бальніцу, а сама два дні
спраўляла дзень нараджэньня жонкі Ахрэмавіча — кабеты, шмат маладзейшай за
мужа. Але навошта? Чаго яна хацела?
— Выходзіць, падманула? Але навошта? —
паўтарыў ён уголас.
— Бо яна, мабыць, бясплодная, а не ты. А
хацела ўбіць у галаву табе, што наадварот.
— Але ж прыйшлося сказаць, што здрадзіла. Я
ж яе кінуць мог!
— І кінуў?
— Тады — не.
— Значыць, лепш цябе разумее, чым ты сябе.
Яна як разважала: мужчына звычайна кідае жанчыну, як дзяцей няма. А калі будзеш
лічыць непаўнацэнным сябе, а не яе, не кінеш. Так жа і выйшла. Разьвёўся — зноў
ажаніўся... Паўтараю табе: кідай яе і ідзі ў матарысты!
— Ахрэмавіч, а чаму ты адразу мне не
сказаў? Пра той дзень нараджэньня?
— А што там было казаць? Ну, пабыла твая
жонка, з маёй пабалявала... Я што ж, ведаў тады, для чаго гэта? Начаваць дадому
не хадзіла нібыта таму, што заседжваліся позна... Дый тады прыхварэў я, дый з
табою мы ўжо на розных “Ракетах” рабілі, можа, тыдні праз тры з табою ўбачыўся
— вось і забыўся... Ну, глядзі буі! Цямнее.
*
Калі Радаснаў увайшоў у рубку і Сігізмунд
Пятровіч зірнуў у яго апухлы, няголены твар, ён ледзь не ўскрыкнуў: такім
знаёмым яму гэты твар падаўся. Але потым Радаснаў стаў неяк мяняцца,
перайначвацца, са звычайнага біча ператварацца ў маладога хлопца з сухімі
рысамі і відушчымі вачамі. А калі Радаснаў напяў капітанскі кіцель і,
узьбіраючыся на крэсла, неасьцярожна штурхнуў яго, Сігізмунд Пятровіч цалкам
упэўніўся, што гэтага чалавека не сустракаў ніколі.
Між двума суднавадзіцелямі ішла свая,
малазразумелая гутарка, у якой Сігізмунд Пятровіч адчуў сябе лішнім. На раку
глядзець таксама надакучыла — уся яна, аж да прытока, у які ўпадала Крывая, тут
была аднастайнай, цякла між нізкіх лазовых астравоў, якія нічым не
адрозьніваліся адзін ад аднаго. Ён і зваліўся зноў на тапчан. Цяпер ў рубцы было
цёпла, душнавата нават, бо яшчэ і сонца пякло праз шкляны каўпак. І Сігізмунд
Пятровіч, прыгрэўшыся, стаў драмаць, хаця ў яго інтарэсах было сачыць і сачыць
за Радаснавым, каб зразумець, што ж усё-такі гэта за чалавек і чым ён
небясьпечны.
Тут гаворка перайшла на сямейнае жыцьцё
Радаснава, яго адносіны з жонкай. Гэта ўжо былі не створы і буі, усё было
зразумела. Сігізмунд Пятровіч нейкі час нават спачуваў Радаснаву як мужчына
мужчыне. Ён толькі зьдзіўляўся, што такая размова ідзе пры зусім чужым чалавеку.
Ён не ведаў таго, што ў вадзіцеляў “Ракеты” за штурвалам асобнае адчуваньне
месца і часу: тое, што ад іх пачуеш тут, ён ніколі не скажа ні дома, ні ў
рэстаране за шклянкай гарэлкі. Аднастайна гудзе матор, і ракетчыку здаецца, што
ён гаворыць і не з субяседнікам, а з самім сабой, і сказанага, акрамя сябе,
ніхто не чуе.
Усё, што Радаснаў гаварыў пра сваю жонку,
што гаварыў пра яе ж капітан, скарыстаць супроць Радаснава Сігізмунд Пятровіч
ніяк нс мог. І ён працягваў драмаць. Але нечакана ўсплыло новае слова, мянушка:
Градусаў. Так называла, сказаў капітан, Радаснава ягоная жонка. I тут Сігізмунд
Пятровіч зразумеў усё, бо так называла свайго мужа-п’яніцу і Ніна, яго
сакратарка і палюбоўніца. Яна столькі разоў гаварыла “Градусаў”, не замяняючы
мянушкі нічым іншым, — Сігізмунд Пятровіч нават у галаву не браў, што гэта
мянушка, ды яшчэ дзіваваўся, як іншы раз пасуе прозьвішча да чалавека.
Такім чынам, Радаснаў аказаўся Градусавым,
які, па словах Ніны, займаўся на прыстані чым пападзе, піў, як сьвіньня, і
часамі не начаваў дома. Сігізмунд Пятровіч, вядома ж, не мог не бачыць яго
мімаходзь у Рудным, але ніколі не думаў пра яго не толькі як пра ворага, але і
саперніка. Што мог зрабіць такі адпеты яму, Галаўні? Ён адзіна мог адпомсьціць
жонцы, але Сігізмунду Пятровічу здавалася. што чые б пі былі адносіны з Нінай
наўрад ці цікавяць чалавека, які скаціўся на крайнюю ступень падзеньня, на тую,
калі за шчасьце лічаць не каханьне жанчыны, а шклянку “мармытухі”. І вось —
выходзіць, ён памыляўся: данос прадыктавала рэўнасьць. Радаснаў не спыніўся
нават перад тым, каб выліць вядро памыяў на ўласную жонку — “распусьнічае з
сакратаркай”... Але дзе, чорт пабірай, мог здабыць нікчэмны чалавечак гэты
нейкія дакумэнты?!
Ды і ці такі нікчэмны ён на самой справе,
як пра гэта нудзіла Ніна? Вось жа сядзеў за штурвалам, у капітанскім кіцелі:
чалавек як чалавек, пільны, з нядрэннай рэакцыяй — капітан хваліў... Не. не ўсё
так проста, як можа здацца, і з гэтым Радаснавым ці Градусавым трэба яшчэ
разьбірацца. Хто ведае, што яшчэ трымае за пазухай гэты тып?
Як жа цяпер паводзіць сябе з гэтым
Радаснавым, ведаючы, хто ён такі, і ведаючы, што той, безумоўна, таксама ведае,
хто такі ён, Галаўня? Не заўважаць? Ці, наадварот, ісьці на знаёмства?
Зразумела, робячы выгляд, што ён табе не знаёмы. Што карысьнейшае, га?
Дзіўная сытуацыя ўсё ж: вось яны едуць
побач, два мужы адной жанчыны, едуць абодва без білета... І ніхто не ведае, што
між імі — бездань і ў бездань тую кожны гатовы другога сьпіхнуць.
А і Ніна — добрая цаца... Каб паслухаў
гэтага Радаснава раней, дык яшчэ б і падумаў, ці варта з ёю. Толькі і чуеш:
“Засьцерагайся, малю... Я ж ад Градусава не магу мець, адразу выйдзе, што
здрада”. І — глупства тое — засьцерагаўся...
Аднаму маніць, другому... А сэнс? Які сэнс
ілгаць такім вось чынам? Відаць, меў рацыю капітан, калі казаў, што не хоча,
каб ведалі пра яе непаўнацэннасьць. Хоць муж, хоць палюбоўнік — усё адно.
Нібыта, даведаўшыся, што ў яе не можа быць дзяцей, Сігізмунд Пятровіч стаў бы
адносіцца да яе горш. Наадварот — спакайней стала б на душы. Хаця — чорт яго
ведае? Гэта трэба яшчэ абмазгаваць... У бясплодзьдзя ж бываюць розныя, у тым
ліку і даволі пікантныя, прычыны.
Сігізмунд Пятровіч падумаў раптам, што
ляжыць занадта доўга, Радаснаў можа падумаць, што ён не сьпіць, а толькі
прытвараецца, падслухоўвае. Ён устаў і, пазяхаючы, апусьціўся на ўжо асвойтаную
прыступку:
— Вось гэта я ўгрэўся! Вечарэе?
— Туман,— каротка адказаў капітан.
— Туман?! Зноў?
— Выходзіць, зноў.
— Хіба ж туман бывае днём?
— Ужо не дзень.
Сігізмунд Пятровіч зірнуў на гадзіньнік.
— Яшчэ і пятай няма! Чатыры сорак шэсьць.
Ці ж бывае туман такою парой?
— Увосень усё бывае. Паветра цёплага
нацягнула з поўдня, а тут, як бачыце, сьнег.
— Што ж рабіць будзем?
— Начаваць, — паціснуў плячамі капітан. —
Месца выбіраю.
— А колькі праехалі мы?
— Да гравійнага сто пяцьдзесят яшчэ.
— Значыць, да Руднага больш за палову?
— Больш.
— Значыць, можам і заўтра не дабрацца?
— Ну што вы! Туман — не кожны дзень.
Раніцай гадзіне а пятай адчалім, да абеду ў Рудны дабяжым. Валодзя! Рыхтуемся
да швартоўкі, — апошнія словы капітан сказаў у рупар. — Памажы яму, Слаўка.
Радаснаў з яўным шкадаваньнем памяняў
кіцель па “ляпсардак” і выйшаў з рубкі.
—
Вунь да таго вострава і прыстанем, — паказаў уперад капітан. — Яго паводкай
перамывае, а рыбакоў ніколі не бывае. Значыць, дроў дастаткова.
— Дроў? А навошта дровы? — зьдзівіўся
Сігізмунд Пятровіч.
— Я ж казаў раніцай: “Ракета” на стаянцы не
грэе. У салёне — як на лёдзе... А нам з вамі і рубку прыйдзецца саступіць: тры
жанчыны з малымі на борце.
— Але ж і ў рубцы не Сочы! Ранкам, пакуль
“Ракета” стаяла...
— Рэфлектар ад акумулятараў уключу. Но на
ўвесь час, вяядома, бо згараць. Гора, што есьці ў нас няма чаго. Сваё пасажыры
даўно зьелі, на начавую ж ніхто не разьлічваў. А ў нас з Валодзікам — дзьве
буханкі ды тушонкі бляшанкі тры. Прыйдзецца пацярпець.
— Цярпець дык цярпець, — сказаў Сігізмунд
Пятровіч, а самому ад аднае размовы гэтай так захацелася есьці, што аж у роце
кісла стала.
“Ракета” нячутна стукнулася ў востраў.
Капітан выскачыў з рубкі. Выйшаў і Сігізмунд Пятровіч. Раз у рубцы не
прыйдзецца начаваць, ён па ўсякі выпадак узяў партфэль. На гэты раз “Ракета”
прычаліла не носам, а бортам, як да прычала. Прывязалі і носам, і кармой яе да
кустоў, што, упаўшы з берага, паласкалі вецьце ў стылай вадзе. Востраў аказаўся
даволі нізкі, трап на бераг Валодзька і Радаснаў перакінулі да кустоў зьверху,
як у порце. Радаснаў увогуле здаваўся на сваім месцы: круціўся і завіхаўся
болей, як матарыст.
Да трапа нерашуча пачалі падымацца
пасажыры. Сігізмунд Пятровіч засьпяшаўся з “Ракеты”: туалета ў рубцы няма, а ён
за ўвесь шлях не выходзіў. Ён шпарка пайшоў у кусты па мяккім, крыху кранутым
шэранью пяску. І, хаця за ім ніхто не ішоў, забраўся даволі далёка. Зрабіўшы
тое, для чаго сьпяшаўся, павярнуў назад і тут агледзеў, што не разумее, куды
ісьці. Вакол стаяла белаватая імжа з чорнымі плямамі кустоўя. Ён прыслухаўся.
Але і гукаў не далятала: рухавік “Ракеты” выключылі, а чалавечыя галасы
паглынаў туман. Сігізмунд Пятровіч занепакоіўся. Тут непадалёк мільганула
нейчая постаць; кінуўся да яе — гэта быў мужчына ў чорным плашчы.
— А, і вы тут? — сказаў той. — Што за
трасца? Нідзе няма дроў.
— А капітан гаварыў, што дровы павінны
быць, — паспакайнеў Сігізмунд Пятровіч. Страшная рэч — пачуцьцё адзіноты ў лесе
ці на рацэ.
— Яны нагавораць вам. Завезьлі чортведама
куды. Будзем цяпер кукаваць без кавалка хлеба ды яшчэ і без вогнішча.
І хаця Сігізмунд Пятровіч сам чуў, як
капітан папярэджваў гэтага чалавека, што начаваць прыйдзецца па дарозе,
настойваў, каб пасажыры сышлі на Стагах, нечакана падтакнуў:
— З-за туману, талдычуць. Ці ж гэта туман?
І раніцай можна было ісьці, і цяпер. Да цямна яшчэ гадзіны паўтары, а ўжо
сталі...
Мужчына ў чорным плашчы падышоў да куста,
абраў сухастоіну, вывернуў з агульнага камля, потым яшчэ адну, узваліў на плячо
і павалок, схіляючы твар да зямлі. Сігізмунд Пятровіч здагадаўся: ідзе назад на
сваіх жа сьлядах. А сам ён да таго не дадумаўся!.. Хутка пачуўся гоман,
бліснула палуба “Ракеты”. Гоман ішоў не ад судна, збоку. Там ужо палала
вогнішча, вакол стаялі і хадзілі людзі. Над агнём вісела вядро з вадой.
Чалавек у чорным кінуў сваю ношу ў вялікую
кучу гальля, здзіўлена спытаў:
— Адкуль столькі?
— А там, ніжэй,— паказаў рукой матарыст. —
Паводкай нанесла. Там і бярвеньні такія — будзь здароў! Упяцёх не падымеш.
Сапраўды, з таго боку, куды ён паказваў,
мужчыны несьлі не толькі ламачча, але і сапраўдныя бёрны, нават чэсаныя брусы.
“Колькі ж дабра валяецца на такіх астравах, — падумаў Сігізмунд Пятровіч. — А
на капальнях будаваць няма з чаго”. Вакол вогнішча адразу ўтварылася нешта
накшталт амфітэатра з бярвеньня.
Сігізмунд Пятровіч, не падыходзячы
ўшчыльную да агню, стаў разглядаць сваіх выпадковых суначлежнікаў на гэтую
тумановую ноч. Мужчыны ўсе былі здаровыя — відаць, закон натуральнага адбору
зрабіў свае пры пасадцы. Жаночую постаць Сігізмунд Пятровіч угледзеў толькі
адну — гэта была тая самая дзяўчына, якую днём ён бачыў каля рубкі; Сігізмунд
Пятровіч мог бы паклясьціся, што цяпер яна была ўжо не з тым ганарыстым
хлопцам, а з іншым, трохі ніжэйшым і ў акулярах. Цесна прыціснуўшыся адно да
аднаго, яны не лезьлі на асьветленае месца.
Некалькі мужчын пад кіраўніцтвам капітана
майстравалі “стол”. Для гэтага ў пясок забілі два рады тоўстых калякоў, потым
на іх паклалі дошкі, відавочна, знойдзеныя тут жа, на востраве. На дошкі
капітан паслаў газэту, яшчэ адну, паклаў дзьве буханкі хлеба і пачаў рэзаць іх
вялікім складным нажом. Матарыст дадаў да гэтага некалькі бляшанак тушонкі і
пачкаў пячэньня.
— Хто што мае — на стол! — бадзёра выгукнуў
матарыст.
Да “стала” пацягнуліся, нешта кладучы;
хтосьці папбег на “Ракету”, — мабыць, за прыпасам. У Сігізмунда Пятровіча
нічога ядомага не было, і ён адышоўся ў цень. Адтуль ён з зайздрасьцю пазіраў,
як хапаюць хлеб, мажуць на яго тушонку, як разьбіраюць нешматлікае іншае з
газэтнага “абруса”...
— А як жа жанчыны ў рубцы? — рантам спытаў нехта.
— У іх ёсьць, — сказаў капітан. — Жанчыны —
прадбачлівыя.
— І чаму ў мяне не жаночы розум, — жаласна
сказаў хтосьці трэці.
— Дзяцей вязуць. Вось і ўвесь іх розум, —
буркнуў чацьвёрты.
— Ну, паелі. Ці не час праз вогнішча
скакаць? — паіранізаваў пяты.
— Раю сілы эканоміць. Калі ахвота рухацца,
лепш дровы цягайце, — сказаў капітан. — Ну, хто чай будзе? Конавак у нас
чатыры, так што прыйдзецца на чарзе.
Конаўкі схапілі тыя, хто стаяў бліжэй.
Сігізмунд Пятровіч зразумеў, што яму не дастанецца і вару, калі будзе вось так
стаяць сіратой. Што ж рабіць? Замітусіцца, улезьці ў натоўп, дзе, магчыма, яго
ведае кожны чацьвёрты? Не, толькі не гэта! Лепш ужо пацярпець. Вады ў Лене
хопіць, будуць яшчэ гатаваць. Горш з ядой: яе на дошках зусім не засталося. А
Сігізмунд Пятровіч памятаў, што і экіпаж нічога не мае. Значыць, ні выпрасіць,
ні нават купіць не ўдасца.
18-05... Дзень канчаўся, змарнаваны,
дарэмна патрачаны. А колькі можна было пасьпець за гэты дзень! Колькі ўпушчана!
Як прыкра, што ён нічога не намякнуў Сьмятаніну: той і сам, без яго, мог бы
ўладзіць нешта. Гэта ж і ў яго інтарэсах... Пабаяўся, што падслухае
тэлефаністка, пагалоску пусьціць і намёкі тыя стануць вядомыя таемнаму
Радаснаву. Дзе ён, дарэчы? Сігізмунд Пятровіч уважліва перамацаў вокам усіх,
хто “баляваў” вакол вогнішча. Радаснава не было. Па дровы пайшоў? Ці па
“Ракеце”?
Матарыст прынёс вялікі чайнік, выліў у яго
рэштку вару з вядра і пайшоў да рубкі — напэўна, панёс чай для жанчын. Ён рабіў
гэта, як заўважыў Сігізмунд Пятровіч, ужо другі раз. “Ну і каровы ж там
сабраліся, — злосна падумаў Сігізмунд Пятровіч, — наладзілі вадапой”. Капітан
таксама пайшоў на “Ракету” — з пустым вядром. Праз хвіліну вярнуўся з поўным —
засіліў з таго борта, што быў зьвернуты да ракі. Вядро падвесілі над вогнішчам.
Сігізмунд Пятровіч ведаў, што без покрыўкі грэцца яно будзе доўга.
Паступова згушчалася цемра: за імжой туману
садзілася сонца. Вось яно, відавочна, зьнікла зусім, бо прапала і тое цьмянае
сьвячэньне, што быццам бы прабівалася яшчэ. Па плячах Сігізмунда Пятровіча
пабеглі дрыжыкі. Дзіўная справа! І не было яго відаць, а грэла ўсё-такі сонца.
Як жа перацярпець без яго палову сутак?..
Над вядром закурэла пара. Але ці хопіць яму
і з гэтага вядра? Як холадна! Сігізмунд Пятровіч паставіў партфэль, каб пацерці
скалелыя рукі. У партфэлі бразнула. Сігізмунд Пятровіч вылаяўся ў думках: як жа
ён мог забыцца, што ад начнога балю з Ягорам у яго засталося тры пляшкі
каньяку! Чым ён горшы за вар, згатаваны ў падазроным — з-пад саляркі, можа.
вядры?
Заставалася вырашыць, дзе глынуць таго
каньяку: не ля вогнішча ж, на вачах у людзей. Ісьці ў кусты? А раптам зноў
заблытаесься? Цёмна ўжо. Рубка занятая. У салёне таксама. несумненна,
хто-небудзь ды ёсьць. А ў той каютцы, дзе Сігізмунд Пятровіч сьнедаў з
капітанам і матарыстам? Ён рушыў на “Ракету”. Праходзячы міма рубкі, убачыў
праз запацелае шкло быццам бы сонца, што заходзіць — вялікае, круглае і
чырвонае. Гэта, відаць, сьвяціўся рэфлектар. Сігізмунд Пятровіч сышоў на карму
і пасунуўся да каюткі на тым борце, якім хадзіў экіпаж, крануў дзьверцы — яны
аказаліся замкнутымі. “Што ж, праверым з другога боку”. Сігізмунд Пятровіч
накіраваўся ўздоўж фальшборта да салёна. І зноў, як раніцай. спатыкнуўся
насуперак лесьвіцы. То сядзеў, выцягнуўшы ногі, той жа стары з мехам.
— Што гэта вы, — не ўцярпеў Сігізмунд
Пятровіч, — так і не ўстаяце? Халодна ж тут!
— Э-э, мілок! — азваўся лагодна дзед. — Ці
ж гэта холад? Холад — гэта калі смэрчкі ў носе замярзаюць.
— Ну, усё-такі... Пайшлі б да вогнішча,
пагрэліся...
— На мне, мілок, штаны ватовыя і кажух. А
пакуль сагрэесься вогнішчам тым, тавар і паплыў. Людцоў жа ўсялякіх шастае.
— Які тавар? — узьняў бровы Сігізмунд
Пятровіч.
— А вось, — паляпаў па меху дзядок.
— Што ў вас там?
— А семкі, мілок. Сланечныя. Пражаныя,
мілок.
— Вы куды ж гэта іх: у Рудны?
— У Рудны, мілок.
Сігізмунд Пятровіч хацеў быў сказаць, што ў
Рудным прыватны гандаль забаронены (забарону тую ён вынес сам), але замест
гэтага ў яго вырвалася:
— І
па якой цане?
— А паўрубель, мілок. Шкляначка паўрубель.
— Давай дзьве, — адрывіста кінуў Сігізмунд
Пятровіч, дастаючы партманэ. Дзядок порстка разьвязаў мех; там паўзьверх семак
аказалася і гранёная шклянка, грамаў на сто пяцьдзесят.
— Ну і посуд у цябе, — не вытрымаў
Сігізмунд Пятровіч. — Каб такімі пілі, ніводнага алькаголіка па ўсёй краіне не
было б.
— Прамысловасьць гэткія выпускае. Да яе
прэтэнзіі прад’яўляйце, — не сумеўся дзед. — Вам куды: у кішэню ці партфэль?
— У кішэню, вядома.
“Буду я яшчэ перад табою партфэль
адкрываць”.
Дзьве шкляначкі ледзьве закрылі дно шырокай
кішэні плашча. “Ці не ўзяць яшчэ? — падумаў Сігізмунд Пятровіч. — Не. Паспытаем
спачатку. Можа, у яго тухлыя ці гарэлыя. Нездарма ж у горадзе нс застаўся”.
— І адкуль жа семкі?
— З Кубані, мілок. Лепшыя семкі —
кубанскія, нашы!
— Далёка носіць вас!
— Праграму харчовую трэба ж выконваць.
— Што? — аслупянеў Сігізмунд Пятровіч. —
Харчовую праграму?
— Дапамагаем чым можам.
Сігізмунд Пятровіч кінуў сьмяшок і пайшоў
на бераг. Нешта сёньня яму нс шанцавала: закурыць захацелася — запалак не
знайшоў, выпіць вырашыў — месца няма... Добра, што і тое, і другое ён увогуле
рабіў ад выпадку да выпадку. Але чаму б не закурыць, калі не трэба пазычаць
запалку? Сігізмунд Пятровіч падышоў да вогнішча. выхапіў хлудзік з агеньчыкам
на канцы, з прагнасьцю ўцягнуў дым. Ля вогнішча было ўжо не так багата людзей:
разбрыліся. Быў і чай у вядры, і пустыя конаўкі, але Сігізмунд Пятровіч
падумаў: ці варта піць з іх пасьля таго, як імі карысталася гэтулькі невядомых
людзей.
Крыху ўбаку ад вогнішча пад кіраўніцтвам
капітана мужчыны ладзілі нешта накшталт памоста: клалі бярвеньні, на бярвеньні
дошкі, на дошкі слалі лазовае вецьце. Пэўна, гэта рабілася для таго, каб,
захацеўшы паляжаць, класьціся не на голую зямлю.
— Хіба не сьмешна? — пачуў Сігізмунд
Пятровіч. Азірнуўся: побач стаяў чалавек у чорным. Цяпер, у цемры, ён здаваўся
ўжо выхаднем з пекла. — Гэта ж усё адно што супроць тыгра з аўтаручкай.
— Сьмешна, — згадзіўся Сігізмунд Пятровіч,
хоць і павінен быў разумець, што ў тым становішчы, у якое яны трапілі, любая
праца прыносіць хоць нейкі плён, а нічога не робячы, можна і загінуць.
Чалавек у чорным ехаў здалёк і несумненна
не ведаў, хто такі Галаўня. З ім можна было гаварыць, нічога не баючыся, як з
выпадковым спадарожнікам у цягніку: выкладай душу, выварочвай — на наступным
прыпынку ён выйдзе, усё пачутае панясе з сабой, і яно ніколі не дасягне
непажаданых вушэй.
Сігізмунд Пятровіч выплюнуў недакурак у
вогнішча, сунуў руку ў кішэню, выцягнуў жменю семак:
— Частуйцеся.
— Нічогія семкі, — пахваліў мужчына ў
плашчы. — Асабліва на пусты жывот. У горадзе бралі?
— Ды не,— засьмяяўся Сігізмунд Пятровіч. —
На карме стары цэлы мех вязе.
— Вось як? — усклікнуў субяседнік і шпаркім
крокам пайшоў на “Ракету”. “Не, усё ж такі трэба чагосьці выпіць, — падумаў,
уздрыгваючы, Сігізмунд Пятровіч. — Або чаю, або каньяку. Аднаго з двух...” Ён
зірнуў на “стол”, ледзь асьветлены полымем вогнішча. “А хто, уласна кажучы, не
дае мне памыць конаўку? Рака ж побач”. Ён узяў посуд і пайшоў уздоўж берага,
шукаючы месца, дзе ён ніжэйшы. Урэшце знайшоў — тут паміж кустоў цягнулася
шырокая паласа чыстага, без травы, пяску. Відаць, у болей высокую ваду тут была
пратока, на тым баку яе пачынаўся фактычна іншы востраў. Сігізмунд Пятровіч
некалькі мінут засяроджана чысьціў конаўку пяском, потым колькі разоў
апаласнуў. І вада, і прыводны, вільготны пясок былі ледзяныя — Сігізмунд
Пятровіч яшчэ не скончыў мыць, а яго ўжо калаціла. Ён устаў, азірнуўся —
вогнішча амаль што не было бачна, так далёка забрыў. Пакуль да чаю таго
дойдзеш... Сігізмунд Пятровіч раскрыў партфэль, адкаркаваў пляшку, лінуў і,
захліпаючыся, праглынуў пякучую вадкасьць. У галаве зашумела, горла здушыла —
Сігізмунд Пятровіч, сьпяшаючыся, засіліў вады і ледзь не ўпаў у яе чарнату.
Адхіснуўся, разьліўшы на ногі, запіў каньяк. У жываце пацяплела. Сеў на
бервяно, каб аддыхацца. І палез па адзінае, чым мог закусіць — семкі.
Тыя праўда аказаліся добра пражанымі,
духмянымі. Сігізмунд Пятровіч успомніў, што недзе чуў, быццам семкі адбіваюць
пах сьпіртнога. “Так што ад іх двайная карысьць: і закусь, і маскіроўка”, —
падумаў ён і пашкадаваў, што купіў так мала.
“А хто мне не дае ўзяць яшчэ? Будзе хоць чым
забавіцца”. Ён старанна апаласнуў конаўку, каб не пахла, але тут узьнікла
думка, што посуд можа яшчэ прыдасца, і сунуў яго ў партфэль. “Там было некалькі
конавак, і што адна прапала, ніхто не заўважыць”.
Ён пайшоў назад, да вогнішча, і раптам яму
здалося, што цяпер яно зьзяе яскравей. “Няўжо каньяк абвастрае зрок?” —
усьміхнуўся ён. Зірнуў вакол — замест невыразных сілуэтаў убачыў кусты
вербалозу. Тут яго апякло: туман парадзеў! Цемра цемрай. а нават ён у сваіх
чорных акулярах бачыў зубцы елак на тым беразе ракі! Ён таропка закрочыў да
“Ракеты”, нібыта яна зараз адправіцца далей. У твар ударыла дымам вогнішча,
хаця да яго заставалася яшчэ крокаў сто. Дык вось яно што! Вецер. Бр-р...
Невядома яшчэ, што лепш: туман ці ён.
Каля вогнішча завіхаліся капітан, матарыст
ды яшчэ два-тры чалавекі. Што яны там рабілі — Сігізмунд Пятровіч і глядзець не
стаў. Ён засьпяшаўся на “Ракету”, да дзеда з яго таварам. Але тут яго чакаў
сюрпрыз: ужо на трапе, перакінутым з “Ракеты” на бераг, стаялі людзі, і тое, як
яны стаялі, не дазваляла сумнявацца, што гэта — чарга.
— Па што стаім? — надаючы жартаўлівасьць
голасу, спытаў Сігізмунд Пятровіч, не надта верачы ў сваю здагадку.
— Ды стары адзін семкамі гандлюе,— азваўся
апошні.
— І колькі бярэ?
— Рубель шклянка.
“Стары прайдзісьвет, — прыйшоў у
захапленьне Сігізмунд Пятровіч. — Зарыентаваўся. А я маху даў. Трэба было
адразу ў яго на пяцёрку браць: і таньней было б, і другі раз стаяць не давялося
б”.
— Дык вы апошні? Ці, як кажуць, крайні?
— Не апошні і не крайні. За мною яшчэ
жанчына.
— А дзе ж яна? — Сігізмунда Пятровіча
ахапіла прыкрасьць. — Што за звычка ў людзей! Займаеш чаргу, дык стой.
— Яна і стаіць. Недзе ўперадзе. А тут
таксама заняла.
— Як гэта? — узбурыўся Сігізмунд Пятровіч.
— Двойчы стаіць у адной чарзе? Што за нахабства!
— А так цяпер шмат хто робіць у гарадах. Ці
вы ў чэргах не стаіцё? Абмяжоўваюць продаж у адны рукі, людзі і стасуюцца.
— Дык тут жа, спадзяюся, ніхто не
абмяжоўвае?
— Памыляецеся, шаноўны. Чарга як чарга.
Старому ўжо ясна сказана, што калі будзе прадаваць у адны рукі болей як па пяць
шклянак, мех яго канфіскуем, а самога за борт.
Размаўляючы такім чынам, яны паціху
рухаліся па трапе. За Сігізмундам Пятровічам станавіліся людзі, якія падымаліся
насустрач ім з кармы. Рантам між Сігізмундам Пятровічам і тым мужчынам, з якім
ён размаўляў, улезла мажная жанчына:
— Я тут стаю.
— А дзе ж вы былі? — зьедліва спытаў
Сігізмунд Пятровіч.
— Гэта мая справа. Не ваша.
— Не, мая. Вы хочаце ў адной чарзе двойчы
ўзяць раней, чым я. Гэта... Гэта непрыгожа! — ледзь не ўжыў ён болей рэзкае
слова.
— Непрыгожа ўвогуле браць без чаргі, з
чорнага хода ці з асобных магазынаў, як гэта робяць падобныя вам... А я
сумленна заняла чаргу і вазьму, калі яна падыдзе.
“Яна ведае мяне... І нешта ведае пра
мяне... Але хто яна такая?” — падумаў Сігізмунд Пятровіч і змоўчаў. Далей
спрачацца чалавеку з яго рэнамэ не выпадала.
— І ўлічыце, — сказала жанчына, — што за
мной стаіць яшчэ мая сяброўка... Паспрабуйце скажыце потым, што я не
папераджала.
Яна павярнулася да Сігізмунда Пятровіча
магутнымі грудзьмі, паглядзела цьвёрда ў твар. Сігізмунд Пятровіч адвёў вочы.
“Хутчэй бы стары ўпраўляўся...” Зьнізу паднялася яшчэ адна жанчына, стала побач
з “апанэнткай” Сігізмунда Пятровіча. “Відаць, тая самая сяброўка”. Але
зьявілася і трэцяя. Калі чарга прасунулася на аднаго чалавека ўперад, яна
перасьцерагальна працягнула перад Сігізмундам Пятровічам руку. Сігізмунд
Пятровіч сьцяў губы і пастараўся ні пра што не думаць.
Калі ён сышоў нарэшце па апошнюю прыступку,
паперадзе пачуўся шум: аказалася, стары набавіў цану.
— Ты глядзі, дзед: не надта багацей! Тут
табе не рынак, а лес і рака! Сёй-той і з астрога дадому едзе! — унушаў гандляру
мужчына, за якім напачатку стаяў Сігізмунд Пятровіч.
— Дык няўжо ж вы мяне, хлопчыкі, не
абароніце? Я ж вас усіх кармлю! — з папрокам сказаў дзед.
— Корміш... Дзе гэта бачана: за такенькую
шкляначку семак паўтара рублі трэсьці?
— А мілок жа ты мой! То ж дарожная нацэнка...
І ў рэстаранах вагонных болей бяруць, чым у гарадзкіх. А мне дадому вяртацца —
ці бліжні шлях? Ці танны?
“Вось гэта дэмагог”, — яшчэ раз прыйшоў у
захапленьне Сігізмунд Пятровіч. Сам ён праз некалькі хвілін працягнуў старому
дзесятку:
— Без рэшты.
— Не, мілок, не... Па пяць шкляначак даём,
значыць — сем з паўрублём... — і дзядок, усыпаўшы ў кішэню семкі, сунуў туды ж
рублі і дробязь. Сігізмунд Пятровіч апусьціў руку ў кішэню, намацаў — там
аказаліся тры паперкі, а павінна было іх быць дзьве; ён дастаў і ў паўзмроку
разгледзеў дзьве траячкі і рубель.
— А вы не памыліліся? — спытаў ён.
— Цс-с...— шапнуў стары. — Для першага
пакупца — па першай цане. На шчасьце...
Сігізмунд Пятровіч не столькі ўзрадаваўся,
як зьдзівіўся: запамятаў, значыць, дзед і разгледзеў у цемры! Ён падаўся ў
салён пасядзець, але там было як у лядоўні. Міма чаргі, што цягнулася па
лесьвіцы і трапе да берага, выйшаў да вогнішча. Тое палала, як раней. Некалькі
чалавек валаклі аднекуль дровы. Сігізмунд Пятровіч паставіў партфэль, працягнуў
да агню абедзьве рукі, потым імі, гарачымі, расьцёр грудзі, расхінуўшы плашч і
пінжак. Побач спыніўся чалавек і зрабіў тое ж самае. Гэта быў капітан.
— Вось цягаем, — растлумачыў ён, нібыта
Сігізмунд Пятровіч пра гэта яго спытаў. — Хочам некалькі вогнішчаў распаліць.
Тады на гэтай “пасьцелі”, — ён паказаў на насланы лазьняк, — можна будзе і
драмануць. А ноч сьцюдзёная выдалася, д’ябал...
— Каля агню быццам бы можна цярпець, —
сказаў Сігізмунд Пятровіч.
— Ноч пачалася толькі, зямля не астыла.
Вось пачакайце, што пасьля поўначы будзе... Дровы патрэбны, дровы.
— Пайду і я пашукаю, — сказаў Сігізмунд
Пятровіч.
— Іх шукаць і не трэба, толькі цягай. Там,
— паказаў напрамак капітан, — цэлы плыт ляжыць. Ды па кустах навокал ламачча. Я
ж казаў, рыбакоў улетку не бачыў.
— Пайду, — рашуча прамовіў Сігізмунд
Пятровіч, падхапіў партфэль і рушыў туды, куды паказваў капітан. Але,
адышоўшыся ў цемру, ён надумаў, што гэта ж недарэчна: насіць дровы з партфэлем.
Трэба партфэль схаваць, а тады ўжо за дровы прымацца. Але дзе схаваць? Цёмна.
Можаш так схаваць, што і не знойдзеш. На “Ракеце” пакінуць? Ану, як возьмуцца
за яго чужыя рукі... Ну іх да д’ябла, дровы. Нацягаюць і без яго, мужыкі
здаровыя. Сігізмунд Пятровіч зрабіў круг па кустах і пайшоў зусім у іншым
кірунку.
Ён выбраўся на пясчаную прагаліну — гэта
была сухая пратока, можа, тая самая, дзе ён нядаўна мыў конаўку і піў каньяк, а
можа, і іншая. Сігізмунд Пятровіч зірнуў уздоўж яе — уздрыгнуў: за далёкімі
кустамі нешта палала. Не, не вогнішча, а як вялізны гарадзкі пажар, вышынсй да
неба. Што гэта? Што? Мо сапраўды, паблізу вёска і там гарыць хата або некалькі
адразу? Гара агню расла і расла, прыкоўваючы зрок, аж покуль не ператварылася ў
вялізную чырвоную поўню. Падымаючыся вышэй, яна ясьнела, нібы астывала. На
зямлю лінула зыркае сьвятло, ад кустоў даўжэзнымі палосамі леглі цені.
“Значыць, месячная ноч”, — падумаў
Сігізмунд Пятровіч. Ён сеў на аўтамабільную пакрышку — чаго толькі не валяецца
на астравах, пераклаў у партманэ грошы, што вярнуў дзядок, і ўзяўся за семкі.
Так хацелася есьці, што напачатку Сігізмунд Пятровіч жаваў іх проста з
шалупіньнем і ледзь не падавіўся. Пасьля гэтага ён стаў не сьпяшаючыся абіраць
пальцамі кожную семку. З такой тэхналёгіяй іх можна было расьцягнуць да раніцы.
Дарэчы, а ці далёка яшчэ да раніцы?
Сігізмунд Пятровіч зірнуў на цыфэрблят, але нічога не ўбачыў. Уключыў
падсьветку — маленечкую лямпачку пад цыфэрблятам. 20-11... Охо-хо!
Гэтай ноччу ўжо можна было пачаць адгрузку
руды на прыстанскі бугор. Што ўночы — лепей: меней лішніх вачэй. Гэтай ноччу
можна было б... А ён сядзіць па пакрышцы, трасецца ад холаду і абірае семкі.
“Трэба глынуць яшчэ”, — падумаў Сігізмунд
Пятровіч. Але тут ён пачуў галасы: хлапечы і дзявочы. Гаварылі нібыта на іншай
мове, бо Сігізмунд Пятровіч не разумеў ні слова. “А аб чым, па сутнасьці,
могуць гаварыць хлопец з дзяўчынай у такі час і ў такім месцы? — усьміхнуўся
ён. — Ці не даць зразумець, што яны не адны?»
Пара прайшла міма, крокаў за пяць. На гэты
раз дзяўчына была з першым, густабровым, да якога прыціскалася каля рубкі. Тут
з боку “Ракеты” пачуліся яшчэ шпаркія крокі — пад імі аж вішчаў пясок. Хлопец у
акулярах, да якога красунька прыціскалася ля вогнішча, дагнаў пару, ударыў па
плячы хлопца і нешта гнеўна сказаў. Той у адказ сунуў яму кулаком па сківіцы.
Акулярык у даўгу не застаўся — падскочыў і хлабыснуў саперніка нагою ў жывот.
Праціўнік пераламаўся, упаў. Акулярык зноў махнуў нагой, але гэтым разам не так
пасьпяхова: ляжачы схапіў за шчыкалку і тузануў. Хлопцы сашчапіліся і
пакаціліся па зямлі. Крыкі, хрыпеньне, выцьцё, руская лаянка перабіваліся
глухімі ўдарамі.
“Вось яна, псршабытная барацьба за самку, —
падумаў Сігізмунд Пятровіч. — З прыёмамі самба і каратэ. Хутка на ЭВМ з-за гэтага
баб’я дуэлі пачнуцца”.
Раптам побач ён пачуў сьмех: гэта пырскала,
заціскаючы рот, тая, з-за якой ішла бітва. “Вось так заўсёды, — падумаў
Сігізмунд Пятровіч, — мы ламаем адзін аднаму хрыбціны, пішам даносы ці
выкурваем з паселішчаў... а яны сьмяюцца... Мярзотніцы, сьмяюцца... сьмешна
ім”.
— Што ж ты? — з агідай сказаў ён, устаючы.
— Давяла да крыві, а сама ржэш?
Дзяўчына спалохана страпянулася — вельмі
ўжо нечакана вырас перад ёю вялізны, плячысты мужчына, а потым раптоўна схапіла
яго за руку і пацягнула ў кустоўе. Месячныя палосы замільгалі ў вачах
Сігізмунда Пятровіча, аж покуль зусім не зьніклі — у такі гушчар завалакла.
— Гэта дурні. Навошта яны мне? — сказала,
гледзячы яму ў вочы зьнізу ўверх і трымаючы за плашч.
— Хто ж табе патрэбен? — хрыпла спытаў
Сігізмунд Пятровіч, схіляючыся да яе твару.
— Сама не ведаю, каго шукаю... Шукаю — у
тумане. Яна падалася да яго, даткнулася вострымі грудзьмі недзе ніжэй за рэбры.
Сігізмунд Пятровіч абхапіў яе вольнай рукой, адчуў над далоняй тугое плячо.
— А я даўно ўжо не шукаю, — вырвалася ў
яго. — Можа, дарма.
— Гэта таму, што ў цябе жонка і
палюбоўніца. А яны абедзьве дрэнь.
— Адкуль ведаеш? — пахаладзеў Сігізмунд
Пятровіч.
— У кожнага такога, як ты, жонка і
палюбоўніца. Ты іх кідай абедзьвюх. Шукай!
“Не ведае, — падумаў Сігізмунд Пятровіч. —
Гэта яе тэорыя. Няўжо туман паслаў мне крыху сэксу — як кампэнсацыю за рэштку?”
— А калі скажу, што ўжо знайшоў, — прамовіў
ён, мацней прыціскаючы да сябе — так, што яе маладыя грудзі ўжо і не адчуваліся
грудзьмі, — калі скажу, што знайшоў — што скажаш?
— Тады, — прашаптала яна, хілячы галаву на
яго плашч, — рабі са мной, што хочаш, і вазьмі ў сакратаркі...
“Ведае!” Сігізмунд Пятровіч адхіснуўся,
вырваўся, аж дзяўчына ўпала на калена, і рынуўся ў кустоўе. Не выбіраючы шляху,
ён бег і бег, пакуль не засопся. Спыніўся, схаваўся за куст — ніхто за ім,
здаецца, не гнаўся. Тады ён выхапіў з партфэля пачатую пляшку і зрабіў добры
глыток.
Ён і сам не зразумеў адразу, чаму так
спалохаўся. Каб здарылася такое нават учора, наўрад ці адпіхнуў бы ён кралю, ва
ўсякім разе б не ўцёк. Але сёньня... Сёньня над ім, як дамоклаў меч, вісеў
данос Радаснава. Вісела камісія. Трэба было пазбаўляцца старых грахоў, а не
зьбіраць новыя.
Адным са старых грахоў, вось такім жа,
якому ён ледзь не паддаўся толькі што, была сувязь з Нінай. Пачалася яна даўно,
прыблізна гэтак жа, — толькі што не ў кустоўі, а на гарадзкой вуліцы. Тады ў
горад ён наяжджаў даволі часта, і амаль кожны раз выходзіла так, што мужа Ніны
— яна казала, рачніка — не было дома. Хутка здарылася так, што з мужам — той
стаў форменным алькаголікам — яна разьвялася і пераехала ў Рудны. А Градусаў
узяў ды прыехаў таксама. Стаў сватацца ізноў... Сігізмунд Пятровіч нараіў Ніне
не адштурхваць яго: муж-алькаголік быў нядрэнным прыкрыцьцем, а прыкрыцца
Сігізмунду Пятровічу было проста неабходна, бо жонка, старэйшая за яго на восем
год, раўнавала і нядоўга цярпела б на пасадзе сакратаркі незамужнюю жанчыну.
Ну, а сам Сігізмунд Пятровіч да алькаголіка не раўнаваў. Яму здавалася, што
такі муж ні на што мужава не здатны.
Разьвёўшыся, Нінаа вярнула сабе дзявочае
прозьвішча; зноў выйшаўшы замуж, яго захавала — і Сігізмунд Пятровіч лічыў, што
ў яе мужа сапраўды прозьвішча Градусаў. А той аказаўся Радаснавым, здольным на
шмат што. Данос яго выкліканы рэўнасьцю, не магло быць сумненьняў. І, такім
чынам, гэты данос — не што іншае, як адплата Сігізмунду Пятровічу за адзін з
яго грахоў.
Не тое каб ён надта кахаў Ніну. Проста яму
пры яго жонцы патрабавалася іншая жанчына. Ніна была, як ён лічыў, эгаістычная,
капрызная, вымагала ўвагі. Але ў той жа час мела адну важную якасьць: была
выдатнай кансьпіратаркай, так што за ўсе гады іх сувязі жонка ніводнага разу не
папракнула Сігізмунда Пятровіча Ніпай.
Кансьпіратарка... Чаму ж тады Радаснаў
прама напісаў у сваім даносе: “распусьнічае з сакратаркай”? Што гэта: плён яго
падазрэньняў ці Радаснаў мае нейкія доказы? Ці, можа, Ніна і не хавала ад мужа?
Наўрад... І яшчэ загадка прыроды: адкуль Радаснаў узяў дакумэнты, падпісаныя
дырэктарам камбіната?
Холад скалануў Сігізмунда Пятровіча. Трэба
было вяртацца да вогнішча. Але дзе яно? Сігізмунд Пятровіч агледзеўся. Нідзе не
было відно нават намёку па агонь. Толькі ў небе зьзяла тлусташчокая, сытая
поўня. Цяпер яна паднялася ўжо даволі высока, але як з яе дапамогай вызначыць,
куды ісьці? Сігізмунд Пятровіч наморшчыў лоб, прыгадваючы ўсе свае веды па
арыентаваньні — мурашнікі, вецьце, мох на дрэвах... Нішто з усяго гэтага тут но
магло дапамагчы.
А зоркі? Напрыклад, Палярная? Сігізмунд
Пятровіч задраў твар, ды што карысьці: у чорных акулярах зорак не ўбачыш. Зьняў
— цяпер і поўня пацьмянела...
“Трэба абраць любы кірунак, — нарэшце
вырашыў ён. — Ісьці і не зьбівацца з прамой. Тады я абавязкова выйду да вады. Я
ж на востраве... А там усё стане ясна”.
Ён павярнуўся сьпінай да поўні, каб не
сьляпіла вочы, і пабрыў. Напрамак яму паказваў яго ўласны цень. Два разы
пералазіў праз лаўжы, тры разы правальваўся ў ямы — і ўсё гэта таму, што баяўся
страціць напрамак. І вось уперадзе бліснуў агонь.
Як удала! Нат і не думаў, што выйдзе проста
да “Ракеты”. Баяўся, што ў цемры прыйдзецца яшчэ блукаць сюд-туд па беразе,
рызыкуючы зваліцца ў ваду... Вось яно, вогнішча! Там чакае вядро з варам.
Капітан пра яго, здаецца, увесь час не забывас... Але, відаць, далекавата яшчэ,
бо раз’ятрэлае вогнішча, разьлічанае, каб грэць трыццаць чалавек, пакуль што
выглядае зусім маленькім.
Разважаючы так, Сігізмунд Пятровіч крочыў і
крочыў, памахваючы партфэлем, і раптам... Раптам ён убачыў, што вогнішча — вось
яно, за тры крокі, а як было невялічкае, так і засталося, і “Ракеты” не было, і
вядра на агні, і людзі вакол не тоўпіліся, не гаманілі... Замест натоўпу з
трыццаці чалавек каля вогнішча ляжаў усяго адзін і спакойна пазіраў на
Сігізмунда Пятровіча. Гэта быў Радаснаў.
Сам лёс пасылаў Сігізмунду Пятровічу шанц
знайсьці адказы на тыя пытаньні, што яго мучылі. Для гэтага былі ўсе ўмовы:
патрэбны чалавек, адсутнасьць чужых вушэй, каньяк у партфэлі і бясконцая
бяссонная ноч. Цяпер галоўнае было распачаць гаворку: тактыку яе павінна было
падказаць натхненьне.
*
А Радаснаў зашыўся ў астраўныя нетры не
толькі па заўсёднай звычцы сваёй адбівацца ад агульнага вогнішча — сёньня яму
было аб чым падумаць, паразважаць сам-насам. Але гэтым ён заняўся не адразу.
Для пачатку трэба было паклапаціцца аб тым, як дажыць да раніцы без даху і
цёплай адзежы.
Ён абраў месца сярод кустоўя, непадалёк ад
бязьладнай гаці, што нагрувасіціла з прынесеных галін, ствалоў і бярвеньняў
паводка. Курганок быў сыпкі — да вільгаці пад ім было з паўмэтра. Радаснаў
хуценька рукамі разгроб катлаван, прыблізна з сябе даўжынёй і не шмат большы за
сябе ўшыркі, распаліў у ім гарачае вогнішча, дачакаўся, пакуль нагарэла жару,
потым разьвёў новае цяпло крокі за два ад першага, а тое разам з галавешкамі
засыпаў пяском — цяпер ён ужо дзейнічаў нагамі. Пасьля ўсяго гэтага лёг,
накрыўшыся пінжаком. Што кашуля і штаны забрудзяцца, яго не непакоіла, бо чысты
пясок, абсыпаўшыся, не пакідае сьлядоў. Зрэшты, ці прывыкаць было Радаснаву
спаць, не зважаючы, паслана пад ім што-небудзь або не! Галоўнае — не калаціла
б. Напачатку пясок здаўся ледзяным, але вось з-пад яго пайшло цяпло, ды яшчэ
якое! Вядома, што факіры спакойна ходзяць басанож па вугольлі, не прысыпаючы
нічым. Радаснаў факірам не быў і закруціўся на сваім ложы, як на патэльні карп,
якога толькі што прынесьлі з крамы жывой рыбы. Але і дужа сагрэўшыся, як у
лазьневай парылцы, ён круціцца круціўся, але не ўставаў, бо добра разумеў: не
толькі лежбішча грэе яго, але і ён засланяе сваю “печ”. Варта пакінуць яе, як
мінут праз пятнаццаць пясок астыне, выхаладзіцца, і “печ” майстраваць
прыйдзецца нанова. Таму Радаснаў ускокваў толькі для таго, каб борзда
падкарміць вогнішча, і зноў таропка клаўся на пясок. Пры гэтым ён прыціскаўся
то адным бокам, то другім, то пераварочваўся па жывот. Пакрысе ён сагрэўся
ўвесь, лёг на сьпіну, закурыў і стаў думаць.
Мала, відаць, маракоў ды рачнікоў, што не
раўнавалі б жанок, на сто працэнтаў верылі ім. Ды і не дзіва. Вось ідзеш ты з
Асятрова ў Ціксі, чатыры тысячы кілямэтраў — вернесься месяца праз паўтара.
Ідзеш у мужчынскай кампаніі, дзе размовы пра жанчын, пра іх нявернасьць,
усяяднасьць — звычайная рэч. Нехта з халасьцякоў дзеліцца ўспамінамі аб лёгкіх
перамогах (убачыў, кіўнуў, і пайшлі). Ты стаіш уночы на мосьціку, адзін, сочыш
за агеньчыкамі буёў і думаеш: а ці адна яна вось зараз, у гэтую ноч? Перабіраеш
усіх гасьцей, якіх сам жа вадзіў дадому за доўгую зіму, прыгадваеш, хто з іх на
беразе цяпер... І недзе пад раніцу, перад тым як здаць вахту, даеш сабе слова
знайсьці нарэшце работу ў порце...
Гэты вірус недаверу асабліва небясьпечны
для тых, хто сам аддана кахае. Таму раўніўцы бываюць і сярод тых рачнікоў, што,
можна сказаць, круцяцца вакол порта. Да такіх адносіўся і Радаснаў.
Ён не адразу стаў такі... Напачатку яму і ў
галаву не прыходзіла, што Ніна, яго слаўны “рыжык”, можа здрадзіць. З апаскай
чакаў таго моманту, калі стане бацькам — баяўся, што возьме дзіця на рукі і
ўпусьціць. Але ішлі гады, дзіцяці не было, і паступова жонка стала аддаляцца,
рабіцца ўсё больш чужой. Стала папракаць, з падазрэньнем выпытваць, ці не
хварэў ён на якую непрыстойную хваробу. Потым, вярнуўшыся з адпачынку,
аб’явіла, што цяжарная. І дадала: “Не сумнявайся, ты тут ні пры чым”. Вось калі
пачаліся пакуты Радаснава. Ён гатовы быў забіць яе і ў той жа час не мог проста
кінуць. А яна патрабавала: “Кідай!” І ўсяляк намякала, што не адданая. Неяк бы
незнарок ураніла з сумачкі тое, чым карыстаецца па просьбе партнёркі мужчына.
Гэта быў ясны знак, бо Радаснаву, на яе сьцьверджаньні, тое не патрабавалася...
Тады і ляснуў Радаснаў дзьвярыма, а праз месяц разьвёўся.
У кватэры, аднак, Ніна не засталася —
паехала некуды. Радаснаў нават не стаў высьвятляць — куды. Цьвёрда вырашыў, што
болей не ажэніцца з ніводнай, і жыў адзін. Тут і падпільнавала яго сяброўка
адзіноты — гарэлка. У халасьцяцкую кватэру ішлі жанацікі, што не маглі
сербануць дома з-за жонак. Было іх нямала такіх, і выходзіла, што яны пілі раз
на тыдзень, а Радаснаў — кожны дзень. Усю зіму. А ў першы дзень навігацыі і за
штурвалам. Умазаў у пірс “Ракету”...
З камсаставу Радаснава выгналі, як кажуць,
з воўчым білетам — з забаронай працаваць на ўсіх тыпах суднаў. Пацярпеў і
Багамолаў, капітан Радаснава тагачасны, хоць і не меў да аварыі адносін, нават
не быў на судне. За дрэнную выхаваўчую работу сярод экіпажа Яўгена Паўлавіча
“саслалі” начальнікам прыстані ў Рудны. І хоць дужа сярдзіты быў Багамолаў на
Радаснава. а сустрэў аднойчы ў горадзе, ужо зусім прапашчага — пашкадаваў, узяў
да сябе. Трэба ж так: у Рудным аказалася і Ніна. Першы раз, калі ён, высачыўшы,
дзе жыве, п’янаваты заявіўся ў інтэрнат, яна выгнала Радаснана. Так было і
другі раз, і трэці... А потым нечакана зьмяніла гнеў па літасьць: сама прыйшла
вечарам у порт, выцягнула з кампаніі і прывяла да сябе. З таго часу яны сталі
жыць разам, спачатку ў інтэрнацкім пакоі, а потым Ніна атрымала кватэру...
Падзея гэтая шмат каго зьдзівіла. Кватэр у Рудным не хапала і для сямей з
дзецьмі, яшчэ туліліся людзі ў так званых балках і засыпушках, яшчэ для
сэзонных рабочых стаўляліся палаткі... Дайшлі і да Радаснава размовы пра тое,
што невыпадкова Ніна-сакратарка атрымала кватэру ад шэфа. Радаснаў жа,
шчасьлівы хаця б ужо тым, што зноў з ёю, напачатку і не думаў ні пра што такое,
тым болей што цяпер Ніна не давала ніякіх падстаў падазраваць. Абыходзілася,
праўда, з ім жорстка: сама, было, купляла гарэлкі, а калі ён, напіўшыся.
спрабаваў да яе падкаціцца, выганяла на вуліцу. Але ніколі болей не было
размоў, што яна кіне ці ён павінен вымятацца.
Пачуўшы намёкі — зрэшты, глухія — наконт
шэфа, Радаснаў вырашыў прасачыць. Перш за ўсё яму захацелася глянуць, што там
за шэф. Але гэта аказалася няпроста: ва ўпраўленьні камбіната ля парога
пастаянна сядзелі мардавароты ў напаўваенных мундзірах і прапускалі толькі па
ўзгадненьні з тым аддзелам, куды ішоў наведвальнік. “Я да жонкі”,— спрабаваў
даводзіць Радаснаў. Мардаварот падымаў трубку, паведамляў Ніне, што прыйшоў
муж. Потым перадаваў трубку Радаснаву. Напачатку Радаснаў яшчэ выдумляў
прычыну, навошта заявіўся, але заўжды нарываўся на такое, што пасьля, як толькі
ахоўнік з ухмылкай працягваў трубку, кідаўся прэч. Але аднойчы ўсё ж яму
ўдалося пабачыць шэфа. Выйшла гэта так: увайшоўшы ва ўпраўленьне. Радаснаў
ледзь не сутыкнуўся з высокім, плячыстым дзядзькам у чорных акулярах. Сьледам
за ім каціўся пузаты чалавечак, працягваючы нейкую паперку. Дзядзька ў акулярах
адмахнуўся, выйшаў на ганак. Радаснаў, адцёршы пузатага, сунуўся за ім...
Акулярык сеў у чорную “Волгу”, шафёр даў газ, і машына зьнікла. “Хто гэта?” —
спытаў Радаснаў пузатага. Той з неўразуменьнем зірнуў па яго, а потым
красамоўна пакруціў пальцам ля скроні: ну і дурань жа, маўляў, калі не ведаеш!
І тут Радаснава апякло. Ён зразумеў, што
бачыў гэтага важнага дзядзьку. Надта ўжо калярытны — такога раз убачыш і
запамятаеш навек. А Радаснаў не раз бачыў яго — у горадзе, ля сваёй кватэры,
вяртаючыся дадому. Тады ён нават спрабаваў здагадацца, што за сусед у яго і ў
якім доме ён жыве: нумар 15 або 17. Так для Радаснава ўсё стала ясна...
Яму стала ясна, што Ніна зьнюхалася з шэфам
яшчэ ў горадзе, мо і зацяжарала ад яго, а потым дамовілася, што пераедзе да яго
ў Рудны, каб прасьцей было сустракацца. Але Радаснаў у Рудны не паедзе —
навошта? Значыць, вырашылі яны, трэба разьвесьціся, толькі і ўсяго. Але
разьвесьціся без прычыны цяжка, Радаснаў кахае, ад яго не адкараскаесься,
значыць, трэба яго давесьці, каб сам падаў на развод. Так і было зроблена. Ды
калі Ніна перабралася ў Рудны, паўстала праблема, пра якую не думалі: Галаўня ж
жанаты, ад жонкі трэба неяк хаваць. Вось тут і спатрэбіўся Радаснаў як
прыкрыцьце. Вось для чаго яна выцягнула яго тады з кампаніі і павяла да сябе,
быццам пашкадавала. І зноў жа з’явілася і прычына даць кватэру: каб Галаўня
выдзеліў яе адзінокай сакратарцы, гэта было б ужо занадта...
Так разважаў Радаснаў і, як мы ведаем, быў
недалёкі ад ісьціны. Цяпер жонку ён і кахаў, і ненавідзеў адначасова, а
Галаўню, не перакінуўшыся з ім ніводным словам, лічыў мярзотнікам. падонкам і
апошняй сволаччу.
Пра Ніну такімі ж словамі думаць ён не мог,
бо лічыў ва ўсім, што адбылося між імі, вінаватым і сябе, дакладней, прыроду,
што не дала яму магчымасьці мець дзяцей. Сям’я без дзіцяці — не зусім сям’я,
разважаў ён. Тут на лёс наракаць трэба, а не на жонку, бо большага шчасьця,
магчыма б, не меў з аніякай іншай жанчынай.
Тое, што сёньня расказаў Ахрэмавіч,
напачатку аглушыла яго, потым падняло і акрыліла. І вось цяпер, пускаючы ў
чорнае неба белыя колцы дыму, ён зноў і зноў вылічваў, ці супадалі дні, у якія
Ніна нібыта хадзіла ў бальніцу, з днём нараджэньня капітанскай жонкі. Гэта было
не так проста, бо прайшло ўжо тры гады. Ён прыгадваў і прыгадваў
пасьлядоўнасьць рэйсаў, прафіляктык і адгулаў той навігацыі, і то
атрымлівалася: так, супадалі, то — не. Але тут у яго ўзьнікла думка, што калі б
Ніна хадзіла на той дзень нараджэньня проста так, то абавязкова сказала б яму.
Бо чаго ж было б хаваць? А ён цьвёрда памятаў — не гаварыла. Значыць, праўда?
Значыць, яна бязьдзетная, а ён, Радаснаў, ні пры чым.
І вось дзіва: не злосьць на жонку, што так
подла абышлася з ім, а жаль да яе ахапіў Радаснава. Бедная! Як пакутуе, мабыць,
і з-за немачы сваёй, і з-за таго, што жыве падманам... Нічога. Не можа быць.
каб на яго сыгнал не зьвярнулі ўвагі. Галаўню зьнімуць, а можа, і пасадзяць.
Вось калі можна будзе па шчырасьці пагаварыць, усё дараваць адно аднаму і
пачаць жыцьцё спачатку. Можна хлопчыка ўзяць з дзіцячага дома. Гэта будзе
высакародна: даць дзіцяці дзяцінства. бацькоўскае выхаваньне. У дзіцячым доме
не цукар, тое Радаснаў намятаў добра...
Раптам ён пачуў крокі. Яны былі цяжкія і
няўпэўненыя. Чалавек спатыкаўся і нягучна лаяўся. Радаснаў, не ўстаючы,
падкінуў у агонь галін. Падвялае лазовае лісьце спачатку скурчылася, потым
успыхнула. Чалавек, сапучы, праламаўся скрозь куст. Радаснаў з невыказным
зьдзіўленьнем зірнуў на яго — за вогнішчам з партфэлем у руцэ, у ссунутым на
вуха капелюшы, з падрапаным тварам стаяў ягоны сапернік.
— Дазвольце прысесьці,— пагойдаўшыся на
стомленых нагах, сказаў ён.
— Сядайце, — напружана адказаў Радаснаў.
Галаўня апусьціўся на пясок, працягнуў да агню дрыжачыя далоні:
— Які злавесны холад. Агідны. А вы і пінжак
зьнялі?
— Я рачнік, — паблажліва ўсьміхнуўся
Радаснаў, не выдаючы сакрэту сваёй “печы”.
— Я думаў, вы з экіпажам.
— Без мяне абыдуцца,— пазяхнуў Радаснаў. Ён
усяляк паказваў, што зусім не адчувае холаду.
Начальнік камбіната дастаў цыгарэты,
раскрыў рот — відавочна, прасіць запалак, схамянуўся, дастаў з агню дубец і
прыкурыў.
— Ніяк не магу прывыкнуць да мясцовага
клімату. Гэты студзеньскі мароз... Як прыгадаеш — дрыжыкі бягуць. Пехатою амаль
не хаджу, а раматус падхапіў.
Ён дрыгнуў нагой — выразна пачуўся пошчак
суставаў.
— Можа, каб болей хадзілі, дык і не прыстаў
бы, — сказаў Радаснаў.
— Вам проста гаварыць. Вы ж, відаць,
мясцовы кадар? Сыбірак? Ці, можа, якуцянін нават?
— Чаму якуцянін? З Магілёва. Вочы Галаўні
бліснулі:
— З Магілёва? А якога? Падольскага ці
абласнога?
— Што там яшчэ за падольскі! Я гэткага і не
ведаю.
— Значыць, в нашага! І я з Магілёва. Можа,
і ў школе адной вучыліся? Вы ў якой?
— У дваццаць шостай,— не адразу прыгадаў
Радаснаў нумар школы.
— І я ў дваццаць шостай! Толькі, відаць,
крыху раней. Вам колькі год?
— Трыццаць два.
— Значыць, раней. А дзе вы жылі? На якой
вуліцы?
— Я з дзіцячага дома.
— Нумар дзевяць? Памятаю. У нашым клясе
таксама хлопцы з яго былі... Праўда, дзесяць яны не канчалі.
— Правільна. Сем клясаў скончыў — у
рамяслуху. Са мной тое ж было.
— Вадзіка Лепяшынскага ведаеце? З вашага
дзетдома.
— Не.
— А Мішу Хадановіча? “Чапляй” дражнілі.
— Не.
— Ну, зразумела. Яны ж, відаць, з дзетдома
паехалі, калі вы яшчэ і ў школу не хадзілі.
— А вы, значыць,— успомніў Радаснаў, — і
ёсьць той самы Галаўня, што ў школе па дошцы выпускнікоў вісеў? Лёгкаатлет?
— Я, я! Няўжо вісеў?
— А як жа. Мы яшчэ перажывалі, калі вас не
ўзялі на алімпіяду. Чаму?
— Было там... Але, чорт пабірай, як яно
бывае часамі! Ну ці ж мог я падумаць калі, што сустрэну аднашкольца ў такім
месцы, можна сказаць, на краі сьвету? Каб не туман, не начлег астраўны гэты,
можа б, ніколі і не сустрэліся! А колькі яшчэ па сьвеце блукае людзей, не
ведаючы, што вось яно: працягні руку — і даткнесься земляка!
Радаснаў і сам быў ашаломлены, і каб Галаўня
быў толькі тым Галаўнём, са школьнай Дошкі гонару, а не сапернікам, якога
ненавідзеў, кінуўся б цалавацца.
— Значыць, як я зразумеў, вы мяне ведаеце.
А вы хто? Я чуў, у рубцы вас Слаўкам звалі. Вячаслаў? Сьвятаслаў?
— Славамір.
— Сігізмунд, — паказаў на сябе Галаўня. — А
прозьвішча ваша?
— Ра... — пачаў быў Радаснаў, ды асекся:
успомніў раптам падслуханую размову пра сябе між Галаўнём і Ягорам Фамічом.
“Раз не ведае, што я Радаснаў, хай не ведае пакуль. Паглядзім, што з таго
выйдзе”. — Градусаў я. Градусаў! — з націскам паўтарыў ён.
— Выдатнае прозьвішча, — засьмяяўся
Галаўня. — Так і цягне на гэта самае... Тым болей што і сустрэча такая... Такую
сустрэчу варта адзначыць!
— Чым жа? Вадою з Лены? — паіранізаваў
Радаснаў. — Дык і па яе ісьці трэба.
— А для чаго, па-вашаму, у такіх людзей, як
я, партфэлі? Увогуле ў адукаваных людзей?
— Шчыра — не ведаю. Я сябе адукаваным не
лічу. Рамеснае ды рачное скончыў.
— Ну дык ведайце, што ў партфэлі
адукаванага чалавека можна знайсьці ўсё, акрамя кніг. Кнігі — дома ды ў
бібліятэцы. А ў дарозе — пара бялізны і пляшка каньяку.
— Цікава, — суха сказаў Радаснаў. Такія
жарты яму падабаліся тады, калі яны ішлі над звон шклянак. “На сухую” ж яны
здаваліся зьдзекам.
— Я не жартую! — сказаў Галаўня.— Я хаджу
па востраве, калачуся ад халадэчы і шукаю, з кім выпіць. Я адзін не п’ю.
І дастаў з партфэля пляшку. За вогнішчам
яна здалася чорнай, быццам з мазутай. Радаснаў з недаверам утаропіўся ў яе. Ён
адчуў раптам, што і яго косьці пачынаюць стынуць: ён жа цяпер, размаўляючы,
прыўзьняўся на локці, да пяску не прыціскаўся, і той халаднеў.
Не чакаючы, што скажа Радаснаў, Галаўня
адкаркаваў пляшку, лінуў у конаўку, асушыў, дыхнуў у вогнішча — аж гайданулася
полымя, потым наліў яшчэ:
— Прабачце, што выпіў першы. Надта замерз,
— і працягнуў конаўку.
“А што саромецца? — падумаў Радаснаў. — Ён
ужо піў — пляшка няпоўная была. І цяпер выпіў. Так што п’янейшы, чым ён, не
буду. Сагрэцца трэба”.
Ён устаў і над агнём узяў конаўку. Галаўня,
п’ючы, трымаў яе правай рукой, Радаснаў узяў у левую — такім чынам ён выпіў з
другога краю конаўкі, якога не краналіся губы Галаўні.
Такога каньяку Радаснаў не каштаваў ніколі
— ён пахнуў адначасова і звычайным каньяком, і суніцамі, і шакалядам. Страўнік
Радаснава прывычна прыняў порцыю сьпіртнога і разаслаў яе па ўсіх кутках цела.
— Нічогае пойла,— пахваліў Радаснаў.
— Яшчэ б! Сорак рублёў пляшка.
— Я такога ў продажы не бачыў.
— У рэстаране ўчора здабыў. А пажаваць не
ўзяў, да абеду разьлічваў дома быць... Вось прыходзіцца семкамі закусваць.
Галаўня са сьмехам працягнуў жменю семак.
Радаснаў не адмовіўся і ад гэтага частунку.
“А свойскі хлопец, — з іроніяй надумаў он.
— Цікава, чым бы ён частаваў, каб ведаў, які частунак я яму падсунуў?”
— І семкі слаўныя.
— На жаль, хлеб і мяса імі не заменіш. Ну і
паслаў жа нам лёс паездку! Так трэба як найхутчэй у Рудны, а тут яшчэ
галадай...
— А навошта як найхутчэй? Камандзіровачныя
ж ідуць, — пакпіў Радаснаў.
— А на тое, зямляк, што квартал канчаецца.
— Ну і што?
— Гэтага без паўлітры не зразумееш. Глынём?
— Можна, — згадзіўся Радаснаў. Яму
здавалася, што ад першай порцыі з-за холаду ў галаве нічога ўжо не засталося.
Гэтым разам, наліўшы, Галаўня даў першаму яму. Радаснаў зноў заціснуў вушка
конаўкі левай рукой. Левай прыняў з ягонай рукі і Галаўня, зноў наліў — ужо
сабе і, сьпяшаючыся выпіць, не стаў перакладаць з рукі ў руку — выпіў з левай,
гэта значыць, “пацалаваў” беражок конаўкі, які браў у губы Радаснаў.
“Сапраўды свойскі мужык... — падумаў
Радаснаў. — Не грэбуе. Магілёўскія ўсе такія. Шкада, што між намі гэтулькі
брыдоты”.
— Ну дык вось, зямляк... Не запярэчыш, калі
на “ты” зьвярнуся? — Радаснаў матлянуў галавой: маўляў, не запярэчу. — Канец
квартала на такім прадпрыемстве, як маё, крызісны пэрыяд. Трэба за тыдзень
зрабіць тое, што павінны былі зрабіць за месяц, а можа, і болей. Ведаеш, як
называецца тое?
— Ведаю. Штурмаўшчына.
— Правільна. Але і штурмаўшчына прыносіць
плён толькі тады, калі па месцы кіраўнік, гэта значыць я. Бо намесьнікаў у мяне
процьма, але кожны з іх адказвае толькі за свой участак і цэлага не ведае. Да
таго ж, і правы іх абмежаваныя.
— Ну, дык даў бы болей, — разьвесяліўся
Радаснаў.
— Ім толькі дай! Па цагліне расьцягнуць
усё, ад шахт да прыбіральняў... Ну, ды гэта жарты, а папраўдзе, дык іх правы
абмяжоўваю не я. Такі, браце, парадак! У аддзяленьні банка прызнаецца адзіна
мой подпіс. Значыць, калі спатрэбіцца тэрмінова ўзяць грошы на аплату
звышурочных ці, яшчэ горш, перавесьці на рахунак іншай арганізацыі, справа
будзе стаяць, пакуль не прыеду я. Такім чынам, не тое што дзень — кожная лішняя
гадзіна маёй адсутнасьці памяншае шанцы камбіната выкапаць плян.
— Значыць, калі мы яшчэ тут дзень
праседзім, хана квартальнаму твайму?
— Хутчэй за ўсё — хана. Калі толькі па
лёгкую пароду не вырвемся і праходку ўдвая не павялічым.
— Ну, а як не нарвесься на той лёгкі хлеб?
— Тады? — Галаўня задумаўся, апусьціў
галаву. Потым ускінуў рэзка: — Давай яшчэ.
Пасьля трэцяга разу пляшка апусьцела.
Галаўня шыбнуў яе далёка ад сябе — чутно было, як яна, пузатая, каменем
стукнулася аб куст. Радаснаў падклаў у вогнішча дроў і ўжо не прылёг, а сеў на
сваю “печ”: грэў каньяк, грэў. Галаўня набраў поўны рот семак. Нейкі час ён
засяроджана працаваў сківіцамі, а потым фукнуў у вогнішча чорны веер
шалупіньня.
— Тады, зямляк, нам нічога не застанецца,
акрамя прыпісак. Адрапартуем, што выканалі, а выканаем дні праз тры, а можа, і
праз тыдзень.
— Вось як! — падзівіўся такой шчырасьці
Радаснаў.
— Так, даражэнькі, і толькі так.
— А інтарэсы дзяржавы?
— А інтарэсы людзей? Хіба яны — не
дзяржаўныя?
— Вось цяпер я ўжо нічога не разумею, —
прызнаўся Радаснаў.
— Што ж тут разумець! На прадпрыемстве
працуюць дзьве тысячы чалавек. Амаль усе яны ў Рудны ехалі з цёплых краёў, з
утульных кватэр. Ехалі не па туман, а па нармальны савецкі рубель. Калі я ім
гэтага рубля не дам...
— Не давай. Раз дрэнна працуюць — не давай.
Можа, лепш працаваць будуць.
— А чорта лысага ты не хацеў? Я ім раз не
дам — прамаўчаць, другі не дам — папярэдзяць, трэці раз не дам — паедуць з
усімі манаткамі прэч. Мерзнуць на пяцідзесяціградусным марозе, жыць у катухах —
і не атрымліваць хаця б рубля? Хто згодзіцца на гэта? Плян — гэта не толькі
горы руды. Гэта — зарплата і прэміі. Плян трэба выконваць любой цаной.
— Так...— сказаў Радаснаў. Ён быў ужо крыху
падпіты — у такім стане думка яго працавала болей плённа. — Значыць, па-твойму,
твае людзі і пры дрэннай працы заслугоўваюць вялікіх грошай?
— Не ўсе. Але большасьць заслугоўвае. Гэта
героі! Не яны дрэнна працуюць, а ўвесь камбінат. Калі ў іх ёсьць фронт работ,
яны паказваюць узоры працы.
— Дык, можа, уся бяда ў табе? Можа, ты,
былы лёгкаатлет, нешта недавучыў, недазразумеў і цяпер кіруеш зусім не так, як
трэба? Га, зямляк?
Радаснаў чакаў, што пасьля гэтых слоў
Галаўня падскочыць або нават кінецца на яго, але той толькі махнуў рукой:
— Я і сам сабе такое пытаньне задаваў...
Ніхто па маім месцы, таварыш Слаўка, не зробіць нічога лепшага.
— Чаму?
— Бо Рудны з самага пачатку быў асуджаны на
прыпіскі. Уласна кажучы, з прыпісак і пачаўся... Ужо геолягі завысілі і
магутнасьць руднага цела, і зьмястоўнасьць мэталю ў рудзе. Хапнулі прэмію, і не
так сабе прэмію. Дзе яны цяпер, хітруны тыя? Паспрабуй знайдзі! А знойдзеш —
яны табе давядуць, што здабываеш мала толькі па ўласнай віне.
Галаўня памаўчаў.
— Потым — транспартная схема... Трэба было
завоз грузаў на Лене плянаваць, але нехта на карце вылічыў, што ад Ахоцкага
мора будзе бліжэй. А там — ні дарог, ні сьцежак... Дастаўка — зімнікам. Летам
камбінат першыя гады нічога не атрымліваў. Пакуль разабраліся...
— Але ж гэта было даўно,— сказаў Радаснаў.
— За гэты час можна было ўсё паправіць: і запасы вызначыць болей дакладна, і
дастаўку наладзіць... Плян, нарэшце, скарэктаваць у адпаведнасьці з усім
гэтым...
— Рудны на Поўначы адзін такі? — абарваў
Галаўня.— У аб’яднаньні такіх камбінатаў... І на ўсіх — такія ж праблемы. А ў
аб’яднаньня таксама плян.
— Значыць, тваё начальства ведае, што ты
прыпісваеш? — са зьдзіўленьнем прамовіў Радаснаў.
— Ведае. Але маўчыць. Бо і само есьці хоча.
Калі Рудны перастане выконваць плян, скараціцца фінансаваньне самога
аб’яднаньня.
— А начальства твайго начальства... Яно пра
гэта ведае?
— Пра тое, браце. я не ведаю сам. Тое ўжо
не мой узровень.
— Няўжо ж на вас такіх зусім шчупака няма?
— Чаму няма? Ёсьць. Газэтчыкі, па-першае.
Але з імі прасьцей: не ўсюды пускаем. Маем права.
— А па-другое?
— Камітэт народнага кантролю. Супроць гэтых
ратунку няма. Але пры выпадку аб’яднаньне абароніць.
“Вось яно як!” — роспачна падумаў Радаснаў.
Куды ж ён палез, нічога не ведаючы, ні з кім не раячыся, у якія нетры! Навошта
падпісваў ліст уласным прозьвішчам, месца работы ўказаў! Цяпер яму ў Рудным не
жыць. Значыць, не жыць з Нінай. А ён спадзяваўся...
Галаўня працягваў:
— Ты вось можаш спытаць. а чаму аб’яднаньне
абараняць будзе замест таго, каб болей з мяне патрабаваць. Аб’яднаньне ведае,
што мы не можам працаваць лепей. Нас раз-пораз, і вельмі балюча, падводзяць
пастаўшчыкі, транспартнікі — вы вось, напрыклад, рачнікі. У аб’яднаньня сёньня
такая мэта: дабіцца, каб цану на мэталь павысілі. На сусьветным рынку ён утрая
даражэйшы, чым нам Дзяржплян дае. Каб да нормы цану давесьці, тады б і
аб’яднаньне ўсё прыбытковым стала, а не выдатковым, як цяпер... Тады б мы ўсё
змаглі дастаць і купіць, хаця б за мяжой... Хочаш не хочаш, Дзяржпляну
прыйшлося б даць нам куды болей валюты... Зразумеў?
— Зразумеў.— сказаў Радаснаў. калоцячыся
ўсім целам.
— Ага, — задаволена засьмяяўся Галаўня. —
Бачу, і ты падмерз нарэшце.
— Трэба дроў сабраць, — падняўся Радаснаў.
— Пачакай, — спыніў Галаўня. — Сьпярша
другую адкаркуем.
Зразумела. не ўсё ў словах Сігізмунда
Пятровіча было праўдай, была там і напалову праўда, і самая сапраўдная
няпраўда. Няпраўдай, напрыклад, было тое, што аб’яднаньне будзе яго абараняць.
Так было б пры Саслане Хасанавічу, а новы генэральны Сігізмунда Пятровіча не
любіў, бо пасаду генэральнага мог заняць і Галаўня, уласна кажучы, і цяпер яшчэ
прэтэндаваў на гэта. Калі з ім выйдзе якая непрыемнасьць, генэральны будзе
толькі рады.
Сігізмунд Пятровіч бачыў, што сваёй мэты
напалову ўжо дасягнуў: нікчэмнасьць яго і дурасьць Радаснаву паказаў і здорава
напалохаў. “Толькі вось ці не занадта? — разважаў Сігізмунд Пятровіч. — Закрые
рот і болей нічога не скажа. А мне патрэбна ведаць, што за дакумэнты пасланыя
ім”. Ён рашыў зрабіць перадых і пайсьці іншым шляхам.
— Пітво ў нас арыстакратычнае, а закусь —
самая што ні на ёсьць кубанская, — пажартаваў ён, калі выпілі з другой пляшкі.
— Добра, што хоць гэткая ёсьць, — адказаў
Радаснаў.
— Які сабачы холад! І гэта канец верасьня.
А ў нас, пад Магілёвам, яшчэ грыбоў, глядзіш... Ты там даўно не быў?
— Ніколі не быў. Як паехаў у рамеснае, у
Казань, так і не вяртаўся болей.
— Чаму?
— А да каго ехаць? Дзетдом і той
ліквідавалі.
— А я наяжджаю... Маці яшчэ жывая. Праўда,
слабая ўжо... Таго і чакай, што тэлеграма прыйдзе. Добра, сястра з ёю...
Радаснаў, відаць, з далікатнасьці.
прамаўчаў. Трашчала вогнішча: апошнім разам Радаснаў прывалок з кустоў хваёвы
камель. Поўня прыкметна зьмяніла месца, цяпер твар Радаснава яна асьвятляла
толькі напалову, збоку. А Сігізмунду Пятровічу трэба было бачыць кожны выраз
радаснаўскага твару. Ён перасеў так, каб Радаснаў, павярнуўшыся да яго, зноў
падставіў твар пад промні месяца. Вогнішча болей іх ужо не надзяляла. Сігізмунд
Пятровіч зірнуў на гадзіньнік. 23-48. Час яшчэ быў.
— Ты б Магілёў не пазнаў, — сказаў
Сігізмунд Пятровіч. — Як яго называлі пасьля вайны? Вялікай вёскай. А цяпер...
Па пятнаццаць паверхаў дамы. І кветкі... Божа, колькі кветак!
— Хацеў жонку звазіць, — уздыхнуў Радаснаў,
— у гасьцініцы хаця б нажыць. Ды ў нас, рачнікоў, адпачынкаў улетку не бывае. А
ўзімку яна адпачынак браць не хацела...
— Што ты рачнік, тое я даўно зразумеў.
Бачыў, як руляваў. Дзе ж працуеш? У порце?
— Працую? У Рудным. На прыстані працую.
— На прыстані ў Рудным? Вось добра! —
узрадаваўся нібы Сігізмунд Пятровіч. — Ты не ведаеш, што там за Радаснаў, га?
На такі рызыкоўны віток гаворкі Сігізмунд
Пятровіч рашыўся раптам. Ён успомніў нечакана, што, калі ўзышоў па “Ракету”,
Радаснаў ужо быў там. Значыць, ён мог падслухаць яго размову з Ягорам. А ў
размове той Ягор абяцаў выклікаць Радаснава ў порт... Гэта трэба было неяк
вытлумачыць Радаснаву, вытлумачыць, зразумела, сабе на карысьць.
Радаснаў папярхнуўся: такога пытаньня ён,
зразумела, не чакаў. Сігізмунд Пятровіч пільна сачыў за ім. Відавочна, Радаснаў
вырашаў: прызнавацца, што Радаснаў — гэта ён, ці не сьпяшацца. Сігізмунд
Пятровіч мог галаву на адсячэньне даць, што Радаснаў выбера другое, бо так на
яго месцы зрабіў бы і сам: назваць сябе ніколі не позна, а вось што хоча ведаць
пра цябе твой праціўнік — назваўшы сябе, можна і не пачуць. Але Радаснаў выбраў
трэці варыянт: зрабіў выгляд, што не разабраў пытаньня:
— Якая там радасьць, на прыстані той.
“Не ўмее лгаць, — беспамылкова вызначыў
Сігізмунд Пятровіч. — Не, галубок, цяпер ты не выкруцісься ў мяне”.
— Я кажу, Радаснава не ведаеш часам?
Таксама на прыстані робіць.
Радаснаў яшчэ хвіліну падумаў.
— Як жа не ведаць. Прыстань наша — не порт,
кожнае рыла на ўліку.
— Што за такі?
— Так, алькаголік. Трымаюць, бо грузчыкаў
не хапае.
— Значыць, грузчык?
— Грузчык, стропальшчык, надмятайла,
пасыльны за пляшкай... Што загадаюць, тое і робіць.
— Ты з ім добра знаёмы?
— Выпіваем разам.
— А дома ты ў яго быў?
— Не раз.
— Як ён з жонкай? Ладзіць?
— Не надта. Жонка ў яго, ведаеш...
— Жонку я ведаю якраз. Яна сакратарка мая.
А вось яго — не. Што за мужык?
— А што табе да яго?
— Ды вось, зрабіў я, здаецца, адно
глупства. Жанчыне паверыў. А ў любой спрэчцы, калі хочаш быць судзьдзёй, трэба
выслухаць абодва бакі. Ці ж не так?
— I што за глупства? — роблена пазяхнуў
Радаснаў, а сам так і зыркнуў насьцярожанымі вачамі.
— Папрасіла мяне сакратарка, каб я на
Радаснава падзейнічаў. Маўляў, жыцьця не дае п’янкай і рэўнасьцю. Ну, я што
магу? Чалавек не ў мяне працуе. Але з другога боку, калі сакратарка пачне з
гузакамі ды сінякамі ва ўпраўленьне прыходзіць... У мяне, брат, і з-за мяжы
тузы бываюць.
— Ну, ну, — падаўся наперад Радаснаў.
— Мне б сустрэцца з Радаснавым, пагаварыць.
Але што ж я, на прыстань найду? Няёмка. Выклікаць да сябе? Можа і не прыйсьці.
Бо я ж для яго не начальнік! Багамолаву падказаць, каб за Радаснава ўзяўся? Дык
ён са мной не кантачыць. Увесь час, як два каты ў адным мяху, валтузімся: то ён
перада мной вінаваты, то я перад ім... Адным словам,— уздыхнуў Сігізмунд
Пятровіч, — пагаварыў я ўчора пра Радаснава ў порце. Так што праз дзень-другі
прыйдзецца Радаснаву перад начальствам порта адказ трымаць. Вось і думаю: ці
правільна я зрабіў? У сямейных сварках не адны мужы віною бываюць. Толькі
скардзяцца радзей.
На твары Радаснава паявілася з’едлівая
ўсьмешка:
— Не хвалюйся. Радаснаў у крыўдзе не будзе.
Праедзецца ў горад за казённы кошт, піва вып’е... А з жонкай яго і ААН не
памірыць.
— Лічыш, не пакрыўдзіцца?
— А адкуль ён ведаць будзе, што ты руку
прыклаў? Падумае — жонка наплявузгала, яе і спытае.
— Не, ты ўжо яму лепш скажы, што гэта мая
работа. Навошта жанчыне лішнія непрыемнасьці.
— Без яе ж усё роўна не абышлося. Не ў порт
наскардзілася, дык табе.
— Не, ты ўсё-такі скажы. Пры выпадку.
— У цябе там пойла крыху яшчэ засталося?
Сігізмунд Пятровіч страсянуў пляшку:
— Засталося, і не крыху.
У французскай бутэлькі быў выдатны корак —
уласна кажучы, і не корак, а каўпачок, што адкручваўся і потым завісаў па
мяккім медным друтку. Наліўшы, яго можна было зноў закруціць — каньяк не
выліваўся, хоць куляй.
Сігізмунд Пятровіч наліваў сам увесь час і
сабе, і Радаснаву. Ён мог бы і “махляваць” — у непразрыстую конаўку наліваць
Радаснаву болей. Але надта ўжо было холадна. каб абдзяляць сябе.
Радаснаў лыкнуў, дачакаўся, пакуль выпіў
сваю долю Сігізмунд Пятровіч, і з выклікам прасіпеў:
— Ён і так на цябе вялікі зуб адгадаваў,
гэты Радаснаў. Так што няварта.
— Зуб?! З якой прычыны?
Радаснаў сашчапіў пальцы, падпёр
падбародзьдзе і да пахабства прама зірнуў у вочы Сігізмунду Пятровічу:
— Ён упэўнены, што ты... абслугоўваеш яго
жонку. Замест яго.
— Ну... ну...— “зьдзівіўся” Сігізмунд
Пятровіч. — Вось гэта маеш! Чаму? На якой падставе? Якія доказы ў гэтага
алкаша?
— Не ведаю... Відаць, нешта мае, — нібыта
не пра сябе, сказаў Радаснаў.
— Нічога не гаварыў?
— Гаварыў — ды ці запамятаеш?
— А паспрабуй.
— Ну, напрыклад, казаў: кватэру ты асобную
жонцы яго даў, каб лацьвей з ёй сустракацца.
— Нішто сабе! Атрымаў кватэру— ды яшчэ не
рад?
— Дык кватэра, казаў, не ў вялікім доме, а
ў двухкватэрным. А другая кватэра — накшталт гасьцініцы і занятая дзён дзесяць
у месяц, калі высокае начальства прыяжджае.
— Так... Так... І што з таго вынікае?
— Радаснаў шызік: прыдумаў сабе. што жонка
яго ў той пустой кватэры з табой сустракаецца, калі сам ён п’яны валяецца. Яна
нібыта яго наўмысна гарэлкай напампоўвае, а потым туды ідзе.
— Але ж у гасьцініцы той гаспадыня ёсьць!
— Гаспадыня ў гасьцініцы на палове стаўкі.
Звычайна яна ў Мячце, за дваццаць кілямэтраў, дзе ў інтэрнаце камэнданціць.
— Здорава... Глядзі ты: п’е, а думае. Што
ж, яго справа. Трэба будзе назад іх, у інтэрнат перасяліць, — з пагрозай
прамовіў Сігізмунд Пятровіч. — А ў іх кватэру гаспадыню гасьцініцы з яе трыма
дзецьмі.
— Правільна. Няма чаго з раскошы шалець.
Вунь Пархвенаўна, твая сакратарка былая, так і жыве ў адным пакоі з дачкой ды
ўнукам. А гэтая чым лепш?
“Ах жа, гад, — падумаў Сігізмунд Пятровіч.
— Сапраўдны сьледчы. А Ніна казала, ні на што но здатны... Вось што рэўнасьць з
чалавекам робіць. Трэба запамятаць раз і назаўжды”.
— Ну, сказаць па шчырасьці, гэта не доказ.
Ці, скажам асьцярожней, доказ, але ўскосны і хісткі. Бо жыльлёвым фондам на
камбінаце займаюся не я. Па-другое: калі Радаснаву мроіцца, што жонка здраджвае
яму ў суседняй кватэры, то хто яму перашкаджаў хоць раз яе злавіць? Паспрабаваў
бы — можа б, і злавіў. Але не са мной, зразумела.
Сігізмунд Пятровіч зарагатаў. Радаснаў яму
падхіхікнуў:
— Я ж кажу — шызік.
— Кватэра... Дзе знайшлася — там і далі.
Кажа жанчына: замуж выйшла. Хутка дзіця будзе... Як не дасі? Ты вось, каб
жыльлё прасіць, у чаргу запішасься, будзеш той чаргі на прыём два тыдні, а то і
месяц чакаць... Так?
— Так,— згадзіўся Радаснаў.
— А на прыёме табе начальства скажа: пакуль
што, галубок, кватэр у нас няма. Зайдзі, галубок, у наступным паўгодзьдзі... Ты
і пайшоў на паўгода. Так?
— Так.
— А ёй, зразумей, не трэба ў чаргу
запісвацца, каб да мяне трапіць. Яна кожны дзень тут, на воку. І тут, —
Сігізмунд Пятровіч для лепшага перакананьня правёў далоняй па горле. — Кожны
дзень просіць, разумееш? Можа і не прасіць, а так паглядзець, што за стол
гатовы схавацца. Ці пачне ў дакумэнтах, што перапісвае, памылкі ляпаць: маўляў,
не выспалася, суседзі не давалі...
— Ну і баба, — нібы з захапленьнем прамовіў
Радаснаў. — Пархвенаўне б такі розум.
— У мяне Пархвонаўна нядоўга працавала: на
пэнсію пайшла — унук у яе паявіўся... Ну, што яшчэ ў Радаснава за пазухай?
— Яшчэ? — задумаўся Радаснаў. — Дай бог
памяць... А, вось: калі ён яшчэ ў горадзе жыў. нібыта цябе часьцяком каля дома
свайго сустракаў. Таму, маўляў, калі разьвёўся, жонка яго ў Рудны і паехала.
—
Чакай, чакай: я што ж, і з першай жонкай яго якшаўся? Во дае!
— Гэты шызоід другі раз з адною лярвай
ажаніўся. У горадзе разьвёўся, у Рудным зноў сышоўся.
— Зайздроснае пастаянства... Сапраўды, не ў
парадку штосьці ў яго: ці галава, ці...
Сігізмунд Пятровіч красамоўна сагнуў і
разагнуў у локці руку.
— Магчыма, — здушана сказаў Радаснаў.
— Дзе ён у горадзе жыў?
Радаснаў, быццам прыгадваючы, закаціў вочы:
— Алах яго ведае. Здаецца, каля лазьні.
— Ну, дык там жа паблізу аб’яднаньне паша
было, пакуль новае не збудавалі. На Матросава, дом 13. Ці ж дзіва тады, што я
міма лазьні хадзіў?
Гэта была праўда, аб’яднанне сапраўды
тулілася некалі ў двухпавярховым драўляным доме на вуліцы Матросава, той самай,
дзе жыў Радаснаў... На гэтай вуліцы менавіта Сігізмунд Пятровіч і натыркнуўся
на апэтытную жанчыну, што брала з калёнкі ваду. Супыніла Сігізмунда Пятровіча
не столькі яе хараство, колькі тое, што набірала яна ваду ў некалькі пасудзін
адразу: два чайнікі і малочны бітончык. Пасьля выявілася, што на яе трэцім
паверсе з раніцы няма вады, вядра таксама няма, вось і выкручваецца такім
спосабам... Сігізмунд Пятровіч дапамог паднесьці чайнікі, за што і быў
узнагароджаны тут жа: спачатку кубкам чаю, а потым і болей істотным. Радаснаў,
вядома, гэтага ведаць не мог, і напамін пра тое, што на Матросава стаяла
аб’яднаньне, зрабіў вялікае ўражаньне.
Ён адвярнуўся нават ад Сігізмунда Пятровіча
і пачаў варушыць агонь, хаця той і так гарэў добра.
— Што яшчэ, Славамір?
— Памятаю я, ці што, — буркнуў Радаснаў і
закашляўся ад дыму.
— Так, як Радаснаў, шмат хто думае: раз у
начальніка сакратарка не малпа, значыць, палюбоўніца. А ты ведаеш, колькі вачэй
за намі сочыць? І зьнізу, і зьверху? Раней за так званае “разлажэньне” з партыі
гналі, з пасад здымалі... А начальнік жа таксама чалавек, мужчына. Можа і жонку
зьнелюбіць, каханьне сустрэць... Ды толькі вер: мяне, Слаўка, не тычыцца тое —
у мяне жонка, сын.
— Жонка старая... Так Радаснаў гаварыў, —
паправіўся Радаснаў. — Гадоў на дзесяць старэйшая за цябе.
— Што ён ведае, Радаснаў твой! Узрост
жанчыны ад мужа залежыць. Калі не можаш даць тое, што ёй патрэбна, можаш і ў
трыццаць старой зрабіць. А я сваю кахаю і паважаю, бо ўсім абавязаны ёй.
Жыцьцём нават.
Радаснаў недаверліва ўзьняў позірк:
— Як гэта?
— Ты пытаўся вось, чаму я на алімпіяду не
трапіў. Гэта так было. На трэніроўцы шост зламаўся. Ну, і грымнуўся я... Не
буду ўсе свае болькі пералічваць, толькі скажу, што ледзь не год не бачыў
нічога. Страшна гэта было, думаў з сабой кончыць. Яна не дала, Марыя. Сагрэла і
супакоіла. Мэдсястрой тады ў інстытуце была. Зрок прафэсар вярнуў, ды каб не
яна, нічога б з таго не выйшла. Таму заўседы, куды б ні ехаў, яе здымак на
сэрцы нашу.
Сігізмунд Пятровіч выняў з кішэні пінжака
пашпарт і з-за цэляфану асьцярожна выцяг фотаздымак дзесяцігадовай даўнасьці,
які сапраўды заўсёды пасіў з сабой. Насіў хутчэй дзеля сына, які на гэтым
здымку меў пяць год: які мілы і сьмешны ён быў тады! Не тое што сёньняшні
пахмурны бамбіза... Радаснаў узяў здымак, навярнуў да агню.
“Глядзі, глядзі... — думаў Сігізмунд
Пятровіч. — Дзесяць год назад Марыя была не горшая за Ніну”.
Радаснаў вярнуў здымак і раптам узмахнуў
рукой.
— Ну. хопіць ваньку валяць! — ледзь не
плачучы, крыкнуў ён. — Я не Градусаў, Галаўня, не Градусаў! Зразумеў? Радаснаў
я! А Градусаў — гэта мянушка мая, Ніна прыдумала, а потым прыліпла. Я —
Радаснаў! А цяпер пагаворым як мужчына з мужчынам.
— Вось як? — быццам надзвычай і непрыемна
зьдзівіўшыся, сказаў Сігізмунд Пятровіч. — Што ж ты — мяне правяраў? Выведваў,
што я пра цябе ды жонку тваю думаю? Ну што ж. Здаецца, ты свайго дамогся. Але
гэта, прабач, не па-зямляцку неяк.
— О, ты хітры зьмей! Я чарвяк перад табой!
Ты на ўсё, што пачуеш, адказ знойдзеш. Але адкажы і яшчэ на адно пытаньне.
— Давай, — Сігізмунд Пятровіч унутрана
падабраўся.
— Вось ты расказваў, ад чаго прыпіскі ідуць
і для чаго яны патрэбны... Я і сам цяпер разумею, што без гэтага ты, можа,
сваіх рабочых у Рудным не ўтрымаў бы... Але ж гэта справа падсудная, я ў
газэтах чытаў... Няўжо не баісься?
— Я ўжо табе казаў... — пачаў быў Сігізмунд
Пятровіч.
— Што б ні казаў, ведаю я: баісься. Я табе
гэта давяду зараз. Вось атрымліваеш ты рапартычкі з падразьдзяленьняў сваіх:
шахт, лябараторый, будаўнічых аб’ектаў... Там сапраўдныя лічбы, непрыдуманыя,
бо ты ж іх праверыць можаш — ніхто табе не збрэша. А ты вымушаны брахаць, бо
лічбы — так сабе, на плян і прэмію не цягнуць. І тады ты... — Радаснаў
прыпыніўся, каб набраць паветра ў грудзі.
— Ну, ну, — сурова падагнаў Сігізмунд
Пятровіч.
— Ты ў рапартычках тых лічбы перапраўляеш
сваёй рукой і даеш сакратарцы на перадрук. Пры гэтым ты часам пішаш: “Лапачка,
каб ніхто не бачыў”. Ці нешта падобнае. Так? Каб не баяўся — навошта б тое
пісаў?
— Адкуль табе гэта вядома? — уразіўся
Сігізмунд Пятровіч.
— Адкуль? А вось адкуль. Уяві, што твая
лапачка, гэта значыць мая жонка, перадрукоўвае і выдае табе гэтулькі
экзэмпляраў, колькі табе трэба, а аркушык з тваімі папраўкамі акуратна складае
і нясе дадому, дзе хавае ў шафе з бялізнай... А цяпер адкажы, будзь ласкавы,
навошта яна гэта робіць?
Радаснаў, і куст за Радаснаным, і вогнішча
хіснуліся на імгненьне ў вачах Сігізмунда Пятровіча. Здарылася тое, чаго ад
лёсу ён не чакаў і чакаць не мог, бо Ніне верыў, як сабе. Ён даў ёй усё, што
толькі мог даць; здарыся так, што ён раптам стаў бы свабодны — без вялікіх
ваганьняў нат ажаніўся б з ёю.
— Відавочна, твая жонка шантажыстка, —
хрыпла прамовіў ён. — Толькі так я магу адказаць на тваё пытаньне.
— Гэта, шаноўны зямляк, толькі палова
адказу. Бо ва ўсякага шантажу ёсьць мэта. Якую ж мэту ставіла наша агульная
знаёмая? Кватэру ты даўно ёй даў, пасаду вышэйшую даць не можаш — адукацыя не
дазваляе, барахла японскага ды германскага ў яе і так хапае... Ну? Якая мэта
шантажу?
— Хацеў бы і сам я ведаць тое, — Сігізмунд
Пятровіч усё яшчэ не хацеў верыць.
— Я табе растлумачу. Яна баіцца, што ты яе
кінеш. Вось для чаго зьбірала яна паперкі. Пярэч, калі можаш.
— Трэба падумаць... Падумаць... — сказаў
Сігізмунд Пятровіч.
“Трэба прыдумаць... Прыдумаць, — сказаў ён
сабе. — Але што? Што прыдумаеш тут, у такой пастцы? Як паслабіць сілу гэтых
страшных паперак, якія дадаў Радаснаў да свайго сыгналу?”
— Давай глынём,— нарэшце прамовіў ён.
— Давай,— згадзіўся Радаснаў.
Яны выпілі па чарзе ў поўным маўчаньні.
“Папраўкі рабіў я, — ліхаманкава думаў
Сігізмунд Пятровіч. — Але ж гэта толькі лічбы, лічбы. Тысячамі людзей яны
пішуцца аднолькава, асабліва намі, людзьмі тэхнікі: чарцёжным шрыфтам. І не так
ужо часта дапісваў я “лапачка” ці “галубка”. Калі не будзе каму пацьвердзіць,
што выпраўляў я, паперкі страцяць палову сілы. Можна дамовіцца з тымі, хто мне
іх пасылаў, што папраўкі рабілі яны самі. Значыць, трэба выперці з Руднага
абодвух: і яго, і яе”.
— Дзе дакумэнты тыя цяпер? У шафе пад
бялізнай? — авалодаўшы сабой, сказаў ён.
— Я паслаў іх у тую інстанцыю, якой ты
болей за ўсё баісься: Камітэт народнага кантролю.
— Ты з глузду з’ехаў! — закрычаў Сігізмунд
Пятровіч так, быццам пра гэта даведаўся толькі што. — Навошта ты гэта зрабіў?
— Я, відаць, і праўда з’ехаў з гэтага
самага. Я спадзяваўся, што цябе зьнімуць і такім чынам я адарву яе ад цябе. Але
я памыліўся. Твае сувязі...
— Ты прынёс бы іх мне, і ў той жа дзень яе
не было б у маёй прыёмнай! І яна б зусім не ведала, што з-за цябе!
Відаць было, што Радаснава аблавушыла, чаму
ён не дадумаўся да такой простай рэчы — твар яго перасмыкнуўся, ён заціснуў
далоняй рот, нібы баяўся закрычаць.
— Ведаеш, што ты паднёс сам сабе і сваёй
жонцы?
— Што?
— Табе вядома, што наш мэталь мае абарончае
значэньне?
— Ён жа на правады ідзе!
— Не толькі.
— У такім выпадку жалеза — таксама абарончы
мэталь. З яго робяць гарматы, снарады, танкі...
— Дарма, думаеш, нат ва ўпраўленьні маім
прапускная сыстэма?
— Цяпер паўсюдна, куды ні сунься — варта.
Гэта вы, бугры, наведвальнікаў баіцёся.
— Зямляк, зямляк! Які ж ты наіўны...
Правільна, наш асноўны мэталь ідзе на правады. Але радовішча полімэталічнае! У
нас, апрача галоўнага, здабываюцца яшчэ такія штукі... — Сігізмунд Пятровіч
пералічыў некалькі мэталяў, што сапраўды зьмяшчаліся ў рудзе, але не
здабываліся з-за занадта малой канцэнтрацыі. — Па гэтых элемэнтах ты не
знойдзеш дадзеных у аніводным даведніку! Ясна цяпер, хто можа зацікавіцца
крадзяжом дакумэнтаў з майго кабінэта?
— Але ж на ніводным з іх не стаяла
“сакрэтна”!
— Ты трымаў у руках чарнавікі... Зразумела,
не ўсе страшныя. Твая ж, відаць, хапала ўсё падрад. І па праходцы, і па
будаўніцтве... Ды няма сумненьняў, што і тыя штукі, якія я называў, таксама там
прысутнічаюць. А гэта значыць, што адначасова з камісіяй КНК, а можа, і раней
за яе, прыбудуць людзі з зусім іншай установы. Калі ты паслаў?
— Месяц назад, — ледзь чутна адгукнуўся
Радаснаў.
—
Значыць, кожны дзень чакай гасьцей.
— Што ж рабіць?
— Бадай што адзіны ратунак і для цябе, і
для яе — як мага хутчэй матаць з Руднага. Як мага далей — у Магілёў,
Калінінград, да д’ябла на рогі. Грошы дам, транспарт уладжу, толькі ўцякайце!
*
Рэштку ночы пракурчыліся на “печах”. Радаснаў наладзіў не толькі
Галаўні, але і новую сабе: першая яго ўжо астыла. Галаўня спачатку не хацеў
класьціся на пясок — баяўся запэцкацца, але холад прымусіў. Болей амаль не
гаварылі. Пра што было гаварыць? Радаснаў доўга ляжаў на сьпіне з
незаплюшчанымі вачамі, сьлепа глядзеў у мутнае неба. Каб было магчыма, ён
ахвотна б застаўся на гэтым востраве ці вярнуўся ў горад сустрэчным суднам, каб
болей не паяўляцца ў Рудным, але там застаўся ягоны пашпарт. Потым заснуў,
нягледзячы на дубар: відаць, падзейнічалі стома і каньяк. Прачнуўся ад крыку
Галаўні:
— Радаснаў! Уставай! Праспалі!
— Колькі часу? — спытаў Радаснаў, сядаючы.
— Сем сорак восем! “Ракета”, відаць,
пайшла! Радаснаў працёр вочы. Павекі і шчокі былі мокрыя — няўжо ён плакаў у
сьне? І чаму так дрэнна бачна ўсё — як праз кісяю? Але тут жа зразумеў:
— Не дрэйф. Нікуды яна не пайшла. Туман.
— Зноў туман? — з адчаем усклікнуў Галаўня.
— Няўжо не даходзіць? Здымі акуляры. Яны
табе, мусіць, усё чорным робяць.
— І пры такім — нельга плаваць?!
— На вадзе ён гусьцейшы. Ну, пайшлі...
Галава не балела — пітво аказалася но злое,
высокага гатунку. Адно па ўсім целе пералівалася млявасьць. Вось, здаецца, ужо
цьвярдзеюць лыткі, выпростваецца сьпіна — але тут жа аднекуль, як ртуць, льецца
сюды і туды гэтая цяжкая вяласьць, і запавольваецца крок, згінаеш карак.
Галаўня нібыта быў сьвяжэйшы, але ён не
ведаў дарогі — зачэрпваючы туфлямі пясок, валокся адзаду. На востраве стаяла
мёртвая ціша: чайкі і пліскі ўжо пакінулі яго, зайцы, калі і былі, заваліліся
на дзённую ложку. Паказалася палуба “Ракеты”. На беразе, каля вогнішчаў, што
ўжо толькі курэлі, нікога не было. Мабыць, усе пасажыры ўзышлі па судна і цяпер
нецярпліва чакалі, калі яно кранецца далей.
Перайшлі на “Ракету” па трапе, запляваным
сланечнікавым шалупіньнем. На карме, на лаўцы, нібы не сыходзіў з месца, спаў
дзядок, накрыўшы грудзі і калені пустым мехам.
— Сьніць сабе і не баіцца, — хохекнуў
Галаўня, паказваючы Радаснаву па гандляра.
— А чаму яму баяцца?
— Ведаеш, колькі ў яго ў кішэні? Дакладной
кажучы, у кішэнях? Па паўтара рубля шклянку прадаваў...
— А! — зразумеў Радаснаў. Ён найшоў ад
“Ракеты”, калі стары яшчэ не распачынаў гандлю.— На аркестар пахавальны зарабляе...
Зазірнулі ў рубку праз шыбы. запацелыя
знутры. Разгледзелі ўсё ж, што жанчын няма. Увайшлі. Капітан у бушлаце і
фуражцы стаяў ля рацыі з трубкай у руцэ. На бразгат дзьверцаў азірнуўся —
Радаснава ўразіў яго счарнелы твар.
— У мулаты запісаўся, Ахрэмавіч?
— Усе такія. Халоднай вадой дым не адмыеш,—
адгукнуўся Ахрэмавіч.— А вы абодва — як не пры вогнішчы начавалі. Ці вас мо
дзеўкі грэлі?
— Была адна, — нажартаваў Галаўня. —
Ганяліся ноч за ёю. Тым і грэла...
— Зноў туман, — заклапочана сказаў
Ахрэмавіч. — І мусібыць, такі ж, як учора. А тут яшчэ з портам не магу
зьвязацца... “Жарай”, “Жарай”! Гаворыць “Ракета-пяць”... Выклікаю “Жарай”!
Адкажыце “Ракеце-пяць”! — манатонна забубніў ён у трубку.
І раптам рацыя загаварыла. учорашнім
мужчынскім голасам:
— Здароў, Ахрэмавіч! Дзе ты там? Назад
ідзеш?
— Стаю ў тумане на сто шасьцідзесятым. Стаю
ў тумане на сто шасьцідзесятым.
— Як цябе зразумець? Даўно стаіш?
— З учорашняга дня. З шаснаццаці сарака
пяці.
— Што ж ты робіш, Ахрэмавіч! Пад корань
сячэш. Ты абяцаў учора грэйфэр давезьці!
— Туман не даў. Туман.
— Ахрэмавіч, даражэнькі, увечары туману не
бывае!
— З дыспэтчарскай так заўсёды здаецца.
— І цяпер, кажаш, туман?
— Бачнасьць тры балы, з грэйфэрам ісьці
немагчыма.
— Я толькі што размаўляў з СОТам-тысяча-тры
[СОТ
— сухагруз азёрны тэнтавы (крыты)]! Чуеш, Ахрэмавіч? Яны ішлі на сто васьмідзесятым, і там ніякага
туману!
— Значыць, мясцовы туман.
— Колькі ж будзеш стаяць на сто шасьцідзесятым?
Гадзіну, дзьве?
— Пакуль не разыдзецца туман.
— Ахрэмавіч, ты ж так і сёньня на гравійны
можаш не трапіць!
— Магу не трапіць. Магу.
— Ахрэмавіч, усяго дваццаць кілямэтраў пры
трох балах бачнасьці... Гэта ж дробязь! З тваім вопытам... Ты разумееш мяне?
— Разумею, — жорстка сказаў Ахрэмавіч. —
Каб такога вопыту не меў, можа б, і рашыўся... Грэйфэр гняце мяне, разумееце?
Грэйфэр! Прапаную зьняць пасажыраў з маёй “Ракеты”. Сёньня ў Рудны якая найшла?
На якім яна кілямэтры цяпер? Колькі на ёй пасажыраў?
— Якая можа быць “Ракета” на Рудны, калі ты
не вярнуўся! Што ў мяне, “Ракет” — як сабак нярэзаных? Забыўся, колькі іх на
хаду?
— Тады прышліце “Беларуску” начальніка
порта. Трыццаць аднаго пасажыра яна возьме і ў Рудны даставіць. А я дастаўлю
грэйфэр.
— “Беларусь”, Ахрэмавіч, не мая
ўласнасьць... Кажу табе, ідзі ўперад! Дваццаць мінут, а можа, і меней — там
туману няма!
— Вы выдатна ведаеце, Ягор Фаміч. што наша
размова на магнітафон не запісваецца. Таму, калі што здарыцца, адказваць
будзеце не вы... Дык ці будзе “Беларуска”?
— Зьвяжыся мінут праз дзесяць.
Ахрэмавіч паклаў трубку ў гняздо, шчоўкнуў
тумблерам. Рукі яго дрыжалі. Радаснаў не стаў ні пра што пытацца — і так было
ясна. Ён зірнуў на Галаўню — той сядзеў на лежаку з напаўпрыплюшчанымі вачыма,
задраўшы голаў, бы вывучаў столь рубкі. Ахрэмавіч уключыў “Каму”. Гэтая рацыя —
яна мясьцілася на панэлі — давала магчымасьць зьвязвацца з суднамі на
адлегласьці ў дваццаць пяць кілямэтраў.
— Я “Ракета-пяць”, “Ракета-пяць”. Выклікаю
СОТ-тысяча-тры. СОТ-тысяча-тры, адкажыце “Ракеце-пяць”.
“Кама” на ўсіх суднах павінна быць
уключанай пастаянна, прыгадаў Радаснаў. Што Ахрэмавіч толькі цяпер уключыў яе,
азначала адно: акумулятары зьберагаў.
— Я СОТ-тысяча-тры,— пачуўся ясны, бы на
гарадзкім тэлефоне, голас.
— Дзе і куды ідзяце?
— Ідзём уверх, знаходзімся па сто
дзевяностым.
— Якая бачнасьць у вас?
— Бачнасьць чатыры балы, сярэдняя імгла.
Ніжэй было лепш, хутка лякатар урубім.
— Ясна, дзякую... Э-э, чакайце! З портам вы
адкуль размаўлялі?
— З двухсотага, здаецца... А што?
— Ды так, нічога... Дзякую! Шчасьлівай
дарогі!
— І вам шчасьліва. Вы дзе? Куды?
— На сто шасьцідзесятым. Павінны ісьці
ўніз. Стаім у тумане.
— Ну, да хуткай сустрэчы.
У рацыі шчоўкнула — на сухагрузе паклалі
трубку.
— Бачыш, як брэша, — сказаў Ахрэмавіч. Ясна
было, што пра Ягора Фаміча. — На сто дзевяностым імгла, а ён — на сто
васьмідзесятым чыста...
Радаснаву не трэба было нічога тлумачыць.
Туман здаваўся рэдкім, неістотным. Рака праглядалася, можа, на кілямэтар. Але
гэтага хапала б, каб у рацэ ставала вады, каб можна было ісьці напрасткі, не
асабліва зважаючы па буі. Ды яшчэ грэйфэр...
Ахрэмавіч зноў узяўся за “Лінду”, рацыю
дальняй сувязі:
— “Жарай”, “Жарай”, адкажыце
“Ракеце-пяць”...
— Ахрэмавіч, я цябе чую! — адказаў “Жарай”.
— “Беларусь” занятая. Так што выкручвайся сам. Грэйфэр павінен быць у Рудным.
Паспрабуй на малой хуткасьці!
— Вы прафан, Ягор Фаміч! — раптам
загарлапаніў Ахрэмавіч. — Вы не ведаеце, што па малой хуткасьці “Ракеце”
патрабуецца болей вады!
— Ну што ж... Я казаў учора: старасьць — не
радасьць. Рабіце вывады!
Рацыя змоўкла. Ахрэмавіч узабраўся па
рулявое крэсла, ногі ўпёр у выемку пад штурвалам. Адкінуў галаву на сьпінку,
заплюшчыў вочы.
— Пойдзем пакурым, — сказаў Радаснаву
Галаўня. Яны паціху выбраліся з рубкі, сышлі на карму. Стары па-ранейшаму спаў,
матарыст падмятаў праход ад шалупіньня. Галаўня дастаў цыгарэты, Радаснаў —
запалкі. Прыкурылі. Радаснаў наваліўся жыватом на фальшборт, зацягнуўся.
Галаўня таксама пыхнуў, плюнуў у ваду. Плявок ірванула плыньню ад “Ракеты”, а
потым, як ні дзіўна, закруціла на месцы, не адпускаючы далёка.
— Як мяркуеш, — ціха сказаў Галаўня,
азірнуўшыся на матарыста, — павядзе капітан “Ракету”?
— Не,— упэўнена адказаў Радаснаў.
— Але ж яму пагражае пэнсія. Ягор двойчы
ўжо намякаў.
— Не такі Ахрэмавіч чалавек, каб пагрозы
збаяцца.
— Але на пэнсію такі праводзяць.
— Пакуль здаровы, работу знойдзе. На
ціхаход які пойдзе... У іншым порце... Усюды з рукамі адарвуць.
— Значыць, нашы справы кепскія? А, зямляк?
— Кепскія.
— Можам і сёньня ў Рудны не трапіць? Га?
— Можам.
— Зноў на востраве без яды начаваць?
Радаснаў падумаў.
—
Ахрэмавіч можа і такую штуку выкінуць: возьме ды ў порт назад паверне.
Зразумела, за гэта яго не пагладзяць, затое шмат каго з пасажыраў выратуе ад
насмарку, а можа, і горшага.
— А нам з табой... Нам не насмарк пагражае.
Табе асабліва. Ты ж не забыўся? Кожная гадзіна на ўліку!
— Што ж мы можам зрабіць?
— Выратуем Ахрэмавіча ад пэнсіі.
Радаснаў паціснуў плячамі:
— Бескарысна... Яго не ўгаворыш. Я яго
ведаю, хадзіў з ім.
— Можна знайсьці і іншы спосаб.
— Купіць? Нс нрадасца.
— Ты
ж ракетчык. Руляваў учора. Капітан цябе нават хваліў.
Радаснаў таргануўся, як уджалены:
— Я? Ты лічыш, я?
— Ты.
— Ахрэмавіч з такім вопытам не рашаецца, а
я?..
— У яго не вопыт ужо, а старасьць. А ты
малады і відушчы. Выведзеш з туману, і канец на тым. Ахрэмавіч яшчэ і дзякуй
скажа.
— Не... Ён не згодзіцца. Бескарысна.
— Гэта мая справа. Ты падумай лепш: зможаш?
На малой хуткасьці.
— Ты ж чуў, як Ахрэмавіч гаварыў: на малой
яшчэ небясьпечней.
— Чаму? Не разумею.
—
Калі “Ракета” ідзе на вялікай хуткасьці, на крылах, яна можа прайсьці амаль над
любой мельлю, бо крылы ўтоплены ўсяго на сем—дванаццаць сантымэтраў. А калі
стаіць ці ідзе на корпусе, крылы нагружаюцца па два мэтры дваццаць.
— Вось яно як! І не думаў.
— Уласна кажучы, туман не такі вялікі. Каб
не грэйфэр, я б не сумняваўся нават. Грэйфэр агляд закрывае. Эх, каб вочы свае
на яго насадзіць!
— О! Гэта ж ідэя. Вочы можна пасадзіць і
чужыя...
— Што ты маеш па ўвазе?
— Цс-с...
Міма, мазнуўшы таго і другога рукавом,
прайшоў мужчына ў чорным плашчы. Палез у кішэні: плашча, пінжака, штаноў...
Уздыхнуў, павярнуўся да Галаўні — той стаяў бліжэй:
— Не знойдзецца закурыць? Ніводнай не
засталося. Галаўня дастаў цыгарэту,
працягнуў сваю — прыкурыць.
— Ну, як настрой, таварыш Таран?
— Адкуль вы ведаеце, што я Таран?
— Вы ж казалі, брат у вас Таран. Мікалай. У
мужчыны ў чорным задрыжала сківіца:
— Быў брат. Адзіны. Няўжо не пасьпею
разьвітацца?
— Ну-ну... Будзьце мужчынам, — паклаў
Галаўня руку яму на плячо.
— Сволачы! Гэта ж што такое... Узваліць на
пасажырскае судна такую фіговіну... Палову людзей у порце кінуць, палову на
востраве марозіць цэлую ноч... І ў выніку...
— Цішэй...
У праходзе паказаўся матарыст з вядром вады
і швабрай. Галаўня ўзяў Тарана пад локаць і павёў да другога борта. Радаснаў
выплюнуў недакурак і задумаўся. Тое, што прапаноўваў Галаўня, супярэчыла ўсім
настаўленьням па суднаваджэньні. Не толькі весьці “Ракету” — у рубцы і то не
мае права знаходзіцца староньні чалавек падчас рэйса. Што ж казаць пра тое, каб
сесьці за штурвал без згоды капітана! Гэта, можна сказаць, пірацтва, захоп
судна. Здарыся што — і той, хто сеў за штурвал, і той, хто яму ў гэтым
дапамагаў, панясуць крымінальную адказнасьць. Не міне суровая кара і таго, хто
штурвал саступіў, капітана.
А з другога боку, якая нежаданая была гэтая
новая затрымка! І Галаўня... Не слухацца яго цяпер, калі ён усё ведаў...
Паабяцаў дапамагчы вырвацца з Руднага... Пойдзеш насуперак — не дапаможа. Ды ў
дадатак так можна спазьніцца, што ўжо ніхто не ўратуе. Трыццаць кілямэтраў
нейкіх... Мінут сорак — сорак пяць. Сёньня “Ракета” павінна ісьці лягчэй:
патрачана частка паліва, зьедзена і выпіта ўсё, што пасажыры бралі ў дарогу.
Можа, дарма Ахрэмавіч баіцца?
Матарыст пашараваў швабрай праход, пайшоў
на другі борт. Адразу ж адтуль вярнуліся Галаўня і Таран. Спыняцца каля
Радаснава не сталі — пакрочылі ў салён. Радаснаў падняўся ў рубку.
Ахрэмавіч, здаецца, так і не ўставаў з
крэсла, — можа, драмаў. Радаснаў сеў па прыступку ля ўвахода, зірнуў уперад.
— Туман разыходзіцца? — уголас падумаў ён.
— Не, — сказаў Ахрэмавіч. — Гэта здаецца.
— А вунь той буй, пад стогам, раней не быў
бачны.
— Я яго з шостай гадзіны бачу.
— А я...
— Ты, мабыць, сёньня ўсю ноч вочы прамываў,
— пасьміхнуўся Ахрэмавіч. — Ну, што за начальнік? Піць з ім можна?
— Ды ведаеш, сутыкнуліся, і выявілася, што
мы з аднаго горада. Нат у адной школе вучыліся.
— Нездарма, выходзіць, ён табою аж з ранку
самага ўчора цікавіўся.
— Цікавіўся? Як?
— Хто такі, маўляў. Гэта яшчэ, дай
памяць... Калі вы з Валодзькам грэйфэр ладкавалі.
— І што ты яму сказаў?
— Што хадзілі некалі з табою...
— Прозьвішча маё называў?
— Называў, здаецца. А можа, і не. А што
табе?
— Не, Ахрэмавіч, — захваляваўся Радаснаў, —
ты дакладна ўспомні, называў ці не...
— Не хвалюйся, нічога благога я пра цябе не
казаў. А прозьвішча... Называў, вядома, і не раз. Памятаецца, Валодзьку сказаў
пры ім: “Радаснава пакліч”. Валодзька яшчэ: “Гэта што за Радаснаў?” Я: “Ну,
Слаўка, Слаўка!” А што?
— Нічога асаблівага, — буркнуў Радаснаў.
“Значыць, ён ад самага пачатку ведаў, што я не Градусаў нейкі... Значыць, ён
гуляў са мной, як кот з мышшу... Але навошта? Што патрэбна было яму?”
Далей думка ў пахмельнай галаве не ішла, як
ні намагаўся Радаснаў. Ён зразумеў толькі адно: Галаўня для чагосьці
прыкінуўся, што не ведае яго. А калі Радаснаў сказаў, што ён Радаснаў, якім жа
ўражаным прытварыўся Галаўня! А Радаснаву ён здаўся такім шчырым... Хай і
начальнік, а свойскі хлопец. Зямляк...
Да рубкі зьнізу пратэпаў хтось, ірвануў
дзьверцы. Зазірнуў пасажыр, якога раней Радаснаў як быццам не бачыў — зусім не
зьвяртаў на яго ўвагі.
— Капітан тут?
— Тут.
— Пасажыры просяць зайсьці ў салён.
— Зараз буду, — адказаў капітан. А калі
незнаёмы выйшаў, сказаў — нібыта падумаў: — Як жа ім растлумачыць, што
скарасное судна не можа ісьці ў тумане...
Радаснаў застаўся адзін. У галаве
мітусіліся абрыўкі думак, ён аніяк не мог зьвязаць іх у адно і адчуў, што
засыпае. Усё-такі ў рубцы было крыху цяплей, чым унізе, хаця награвальнік даўно
не гарэў: ад вады далей, кубатура меншая. “Трэба выпіць, — падумаў Радаснаў. —
Калі ёсьць яшчэ што”. Ён перагнуўся назад, узяў з падлогі партфэль Галаўні,
расчыніў, зазірнуў. Каньяку болей не было. У адным аддзяленьні ляжаў ручнік у
празрыстым мяшэчку, электрабрытва; другое было пустое зусім. Было яшчэ і
трэцяе, вузкае; там наўрад ці магла схавацца пляшка, але Радаснаў усё ж
запусьціў туды руку, каб праверыць, і памацаў паперы. Ад няма чаго рабіць
выцягнуў.
То было некалькі аркушыкаў, зьбітых
сшытачным друтком. Радаснаў зірнуў па першую старонку: “Паважаны. шаноўны
Камітэт!” Гэтыя словы здаліся знаёмымі. Ліхаманкава перагартаў старонкі. На
заключнай стаяла: “С. Радаснаў, прыстань у Рудным”... Гэта быў яго ўласны
сыгнал у КНК, перадрукаваны на машынцы.
Ён пасьпешліва вярнуў паперы ў партфэль,
партфэль — на ранейшае месца, сьціснуў да болю пад каленямі рукі. Выходзіць,
яго сыгнал не ўспрынялі як важны, наслалі на рэагаваньне самому Галаўні?
Выходзіць, усемагутны Галаўня мог бы, і не размаўляючы з Радаснавым, зрабіць з
ім, што хацеў, нават здаць туды, дзе не жартуюць з тымі, хто крадзе сакрэтныя
дакумэнты? Але ж не стаў сьпяшацца, парашыў спачатку выявіць. што за Радаснаў,
чаго ён варты, з якою мэтай данос настрачыў... Бо мужык свойскі, нармальны
мужык. І даведаўшыся, у чым справа, ні лаяцца не стаў, ні біцца, ні нават
пагражаць, хоць прэтэнзія, якую Радаснаў яму выставіў, і сьмешная: ці ж Галаўня
вінаваты, што Радаснаву здрадзіла жонка? Гэта яна вінавата, можа, і Радаснаў
сам, — толькі не Галаўня. З такім жа посьпехам можна вінаваціць і сабаку —
кажуць, ёсьць жанчыны. што прывучаюць сабак... Вось жа гадаўка Ніна! Яна не
толькі Радаснаву — і Галаўні маніла, і хто ведае, што прынесла б тое Галаўні,
каб паперкам, што яна выкрала, надалі большае значэньне...
Трэба хутчэй вярнуцца ў Рудны, схапіць
пашпарт і бегчы куды вочы глядзяць, у першую чаргу ад яе. А Галаўню трэба
слухацца, як роднага бацьку. Ён зямляк, аднашколец, даруе і ў крыўду не
дасьць...
Па абшыўцы загрукалі крокі, у рубку з двух
бакоў уваліліся Галаўня і Таран.
— А Ахрэмавіч? — запытальна падняў вочы
спачатку на аднаго, потым на другога Радаснаў.
— Адмовіўся наадрэз, — сказаў Таран, — як
ні крычалі і ледзь за грудзі не бралі.
— Тады яму было сказана, — жорстка кінуў
Галаўня, — што “Ракоту” з туману выведзе іншы.
— А ён што?
— Ды хто яго будзе слухаць! — махнуў рукой
Таран. — Яму б на печы сядзець, дровы калоць. унукаў гушкаць, а ён — за руль
“Ракеты”!
— Ну, а ўсё-такі... Што ён сказаў?
— Сказаў, што ленінградцы блякаду
перацярпелі, а мы, маўляў, не можам дзень пацярпець... Параўнаў! Так на блякаду
кожны можа ківаць: няма ў краме пасты зубной — у блякаду і мыла не было,
аўтобуса гадзіну чакаеш — у блякаду і ўвогуле пешкі хадзілі...
— Пра мяне... казаў што-небудзь?
— Лепей не паўтараць, — засьмяяўся Галаўня.
— Самае мяккае — гэта тое, што ты два гады за штурвалам не сядзеў. Дарэчы,
няпраўда гэта: ці ж не бачыў я на ўласныя вочы, як ты ўчора руляваў. Прыйшлося
старому нагадаць.
— Ён мае рацыю, — ціха прамовіў Радаснаў. —
Руляваньне я з ім учора паўтарыў. А абстаноўкі ж не ведаю. Бакены, піраміды,
створы... За два гады ці раз яны мянялі свае месцы.
— Нічога, усяго кілямэтраў трыццаць... А
потым сам павядзе. Шчэ дзякаваць будзе.
— Што вы з ім зрабілі? Дзе ён?
— Не бойся, не ўтапілі і па рэі не
павесілі. Проста трымаюць мужыкі, каб з салёна не выйшаў.
— Матарыст?
— З ім.
— Важна, каб ні той, ні другі не трапілі ў
машыну... Паліва перакрыюць, і ўсё.
— Не хвалюйся, прадугледжана.
Радаснаў апусьціў галаву. Ён усё яшчэ не
мог рашыцца. Галаўня фамільярна штурхнуў яго локцем:
— Сьмялей! Дзе наша не прападала? І бадзёра
зарагатаў.
Радаснаў устаў, выкруціў уверх да ўпору
рулявое крэсла. Завадную ручку паставіў па вэнтыль, крутануў — сьціснутае
паветра пайшло ў блёк цыліндраў. Дызэль забурчаў, як мядзьведзь у бярлогу,
загуў — “Ракета” ўздрыгнула, прывычна завібравала. Карма ахуталася жоўтым
дымам. Радаснаў прыслухаўся — матор працаваў, як гадзіньнік.
Узабраўся на крэсла. Паўзьверх грэйфэра
бачна было мала, але, у рэшце рэшт, буі не наперадзе — яны па баках фарватэру,
будуць бачныя, як і ўчора...
А піраміды? Створы? Іх жа трэба трымаць
менавіта ўпэрадзе, кіравацца на іх. Зразумела, цяпер, калі вада ўпала і берагі
нібыта вырасьлі, убачыць іх і праз грэйфэр нават было б няцяжка, каб не туман.
— На грэйфэры патрэбны вочы, — уголас
падумаў ён.
— У сэнсе? — спытаў Таран.
— Трэба, каб нехта стаяў там і паказваў
напрамак на створы.
— Я не змагу, — сказаў Таран. — Я не ведаю,
што такое створы. Я чалавек сухапутны.
— А чаму там? Можна ж стаяць і ўзбоч рубкі?
— спытаў Галаўня. — Вы ж учора абыходзіліся неяк?
— Бо туман. Перад носам “Ракеты” можа
зьявіцца што хочаш: бярвеньні, лодкі і падобнае... Недзе наперадзе СОТ, могуць
сустрэцца і іншыя судны.
— Іду на грэйфэр! — рашуча сказаў Галаўня,
адчыняючы дзьверцы.
— Стой! Дамовімся пра сыгналы. Піраміды і
створы ведаеш?
— Ведаю! Катэр уласны маю.
— Тады твая справа простая. Убачыш піраміду
ці створы — паказвай на іх рукой: на левым беразе — левай, на правым — правай.
Паказвай дакладна на іх. Калі ж убачыш нешта нечаканае, пра што я казаў: мелі,
бярвеньні, маламерныя судны — на такіх рацыі няма — тады энэргічна дай
зразумець, у які бок я павінен вярнуць.
— Усё ясна, таварыш капітан! — зухавата
выцягнуўся Галаўня, стукнуўшыся галавой аб столь.
— Стой перад грэйфэрам, бліжэй да рубкі, а не
за. На ўсякі выпадак.
— Ясна!
Галаўня перасягнуў парэнчу і жвава закрочыў
да грэйфэра. Дайшоў. Стаў пасярод — якраз там, дзе грэйфэр асабліва ўзвышаўся
над палубай. Паглядзеў удалеч, выцягнуў уперад левую руку. Там, куды ён
паказваў, сапраўды былі створы, Радаснаў бачыў іх і з крэсла.
“Ці разгледзіць ён усё як сьлед у сваіх
чорных акулярах? — наплыла непрыемная думка. — А я нашто? — абарваў Радаснаў
сябе.— Сам павінен глядзець... Галаўня — падстрахоўка”.
— Адвязаць? — спытаў Таран.
— Адвязвай, — рашыўся Радаснаў. — Спачатку
насавую здымай, потым кармавую. І — каманды слухай, буду рупарам аддаваць.
Могуць быць каманды.
— Зразумела.
— Што яшчэ? — наморшчыў Радаснаў лоб. —
Ага. Па прывальніку, як матарысты, не хадзі, яшчэ звалісься... З носа на карму
— праз салён.
— Зразумела.
— Пайшоў! — з адчаем тапельца крыкнуў
Радаснаў. Таран зьнік. Радаснаў навіс пад панэльлю, нанова вывучаючы яе. Задача
яго была складаная, але адначасова, зрэшты, і простая: правесьці без швартоўкі
трыццаць кілямэтраў. Паліва хапала, і масла, і рухавік быў дагледжаны чужымі
рукамі.
Адвязалі нос; моцная плынь падхапіла яго і
паставіла “Ракету” наўкос да берага. Галаўня ля грэйфэра крыху павярнуў левую
руку ўправа.
“Галаўня для падстрахоўкі...” — загадаў
сабе Радаснаў. Яго супакойвала тое, што створы, на якія паказваў яго
назіральнік, як маракі гавораць, бачкавы, ён бачыць і сам. Бачыць!
У куце панэлі ляжала белая анучка. Радаснаў
схапіў яе, дацягнуўся да лабавой шыбы і працёр. Створы за грэйфэрам паясьнелі.
Тут аддалі кармавую чалку — бераг хутка пайшоў ад “Ракеты”.
“Матор працуе, канцы аддадзены. Галаўня
паказвае ўперад. Адступаць позна...” — падумаў Радаснаў і пасунуў рэвэрс.
“Ракета” пайшла на малых абаротах. Радаснаў выправіў курс па створы і памалу,
як вучыў калісьці Ахрэмавіч, павёў да сябе рычаг газу, адлічваючы ў думках:
“Раз... два... тры...” На лік “тры” дадаў сотні дзьве абаротаў, зьверыў са
шкалой — правільна... “Ракета” ішла пакуль што на корпусе, хуткасьць была не
больш трыццаці. Радаснаў зірнуў улева, управа — усё ён бачыў як мае быць,
туман, здавалася, не замінаў. Тады ён ірвануў амаль да капца рычаг абаротаў.
Нос “Ракеты” пайшоў уверх — яна паднялася на крылы. І адразу далёкія створы
гайдануліся ўніз, пад грэйфэр. Радаснаў перавёў позірк па Галаўню — той стаяў
па-ранейшаму з выцягнутай левай рукой.
Як жа хутка імчыцца яна, “Ракета”, калі
штосьці перашкаджае бачыць! Вось мільгануў зьлева буй. А дзе правы? Пакуль
шукаў, наблізіўся бераг са створамі... Цяпер створаў зусім не было відно.
“Час”, — падумаў Радаснаў і плаўна навярнуў “Ракету” ўправа. Галаўня апусьціў
левую руку, але і правую не падняў: мабыць, створаў па правым беразе не ўбачыў.
Не ўбачыў іх і Радаснаў, як ні абмацваў вачамі: бачнасьць была з паўкілямэтра,
далей пачыналася імжа. Ён павёў “Ракету” ўздоўж левага, высокага: тут,
адчувалася, была глыбіня. Нарэшце Галаўня падпяў правую руку. Радаснаў памалу
падправіў кірунак так, што яго назіральнік зноў паказваў прама паперад.
“Галаўні лепш відаць, бо глядзіць ён не праз шкло. Трэба было лабавое працерці
і знадворку”,— падумаў Радаснаў.
А імжа на гарызонце гушчэла. Цяпер Радаснаў
ужо і не спрабаваў сам шукаць створы. Калі Галаўня апускаў абедзьве рукі і цёр
іх адна аб адну, імкнучыся сагрэць — Радаснаў уяўляў, як там, на палубе,
“цёпла” — ён гнаў судна прама ўперад. Лена рака вялікая, фарватэр шырокі,
трымайся створаў, сачы за рухамі Галаўні, і ўсё будзе ў парадку, — гаварыў ён
сабе, дакладней, сябе ўгаворваў.
Так, у цяжкой працы, мінула мінут
пятнаццаць. Радаснаў чамусьці спужаўся, што вось-вось павінен зьявіцца СОТ, а
ён заўважыць позна. Уключыў “Каму” і, не перастаючы сачыць за рухамі Галаўні,
фальцэтам закрычаў:
— СОТ-тысяча-тры, дзе знаходзіцеся, стаіцё
ці ідзіцё?
— Стаім па сто васьмідзесятым. Хто пытае?
— Чаму стаіцё?
— Лякатар барахліць.
— Ясна...
— Хто пытае?
— “Ракета-пяць”. Гаворыць “Ракета-пяць”.
Прашу адказу: ёсьць яшчэ судны ў раёне сто семдзесят — сто дзевяноста?
— Ёсьць, — адгукнуўся другі голас — ОТ
“Сінявін”.
— На якім кілямэтры?
— Чорт яго ведае. Можа, сто семдзесят пяты.
Ці сто васьмідзесяты. А што табе?
— Прашу сысьці з курса, прыбіцца да берага
і перачакаць, пакуль прайду!
— Ідзеш?! Няўжо?
— Прашу сысьці з фарватэру — за вынікі не
адказваю!
— Ды
куды я табе сыду? Псых!
— Прашу сысьці, паўтараю!
— Добра, супакойся, я і так стаю.
— Во псыхі ракетчыкі! — выказаўся СОТ. —
Ціхаходы з лякатарамі стаяць, а яны ганяюць...
— Выкралі, пэўна, вось і бягуць. Ад
міліцыі, — зарагатаў “Сінявін”. Узмакрэлы Радаснаў паклаў трубку.
Па хуткім часе мільгануў “Сінявін”. Ён
стаяў ля правага берага. Праз кілямэтры два каля левага, дальняга берага
паказаўся СОТ.
Самую шчыльную палосу туману, відавочна,
прайшлі. Гарызонт адбег, паясьнеў. Галаўня стаміўся стаяць, ці што.— сеў на
грэйфэр.
Можна было б ужо і самому шукаць створы,
але Радаснаў прывык падпарадкоўвацца жэстам Галаўні. Ад таго, што той сеў, рукі
яго горш бачыць не стала: Галаўня падымаў іх крыху ўверх.
Раптам ён павярнуў галаву і, як Радаснаву
здалося. адчайна затрос правай рукой. Рака наперадзе і праўда рабіла правы
паварот, але трохі далей.
Не раздумваючы, Радаснаў наваліўся на руль.
Ланцуг са скрыгатам пайшоў па абшыўцы, перадаючы па пяро руля аварыйны высілак.
Судна нахілілася пагражальна, пайшло направа па крутой дузе. У вочы Радаснаву
ўдарыла сонца. Сонца! Вось на што паказваў Галаўня, забыўшыся, што кожны рух
яго кіруе рухам “Ракеты”.
Абліўшыся потам. Радаснаў скінуў газ,
крутануў штурвал налева. Але было позна. “Ракета” спатыкнулася, як конь, што не
адолеў плота, абодвума крыламі, як конь чатырма нагамі, намёртва ўразаючыся ў
донны пясок. Вакол, бы ў гарах па парозе, завірліла, загрукатала вада. Пырскі
ўзьняліся да рубкі. Разам з насьцілам, у які ўпіўся сківіцамі, грэйфэр,
падмяўшы Галаўню, паехаў праз нос з “Ракеты”.
Руль у Радаснава вырвала з рук, а яго
самога панесла над панэльлю праз лабавое шкло на палубу. Там яго і знайшлі. Ён
ляжаў тварам уніз, недарэчна раскінуўшы ногі, і дзюраль вакол яго галавы быў заляпаны
крывёю.
*
Застаецца дадаць, што калі Капітон
Ахрэмавіч зразумеў усю бескарыснасьць сваіх угаворваньняў і ўпросаў, калі
“Ракета” пайшла, а яго і Валодзьку ад рубкі і машыны па-ранейшаму аддзяляў
разьюшаны, бязьлітасны натоўп, — ён махнуў рукой:
— Што ж вы стаіцё? Сядайце! Хоць
пакалечыць, ды жывыя будзеце. Сядайце ў крэслы! Упірайцеся ў пярэднія! Тут вам
не самалёт, прывязных рамянёў няма! Маткі, беражыце дзяцей!
І, каб яны не стаялі, штурхнуў Валодзьку ў
праход, сеў уперадзе ўсіх, каб бачылі, што ён скарыўся і вартаваць яго не
трэба. Пакрысе пасажыры разбрыліся па крэслах. толькі мужчына ў чорным плашчы
стаяў ля буфэтнай стойкі, пільна сочачы за экіпажам.
— Ахрэмавіч, — зашаптаў Валодзька, — я на
паўбак скочу, з носа на палубу, потым да рубкі...
— Бескарысна, — сказаў Капітон Ахрэмавіч.—
Не пасьпееш. Бачыш, двое дзьверцы ахоўваюць... Вывучылі “Ракету” за ноч.
— Што ж, Ахрэмавіч, так і сядзець?
— Так і сядзець. Пачнём валтузіцца — болей
загубім...
Ужо праз некалькі мінут у салёне стала
цёмна. Пасажыры пачалі пацягвацца, адкідвацца ў крэслах. Прывалокся дзядок з
кармы — відаць, прабраў яго нарэшце холад...
— Не сьпіце! — час ад часу крычаў Капітон
Ахрэмавіч. — Не сьпіце! Няма рамянёў на “Ракеце”!
Ён глядзеў у акно, за якім то шалёна нёсься
блізкі бераг, то слалася бязьмежная шыр, пакрытая імжой, і думаў: як жа
недарэчна канчаецца яго даўгое жыцьцё па ракетным флёце. Перабіраючы ў памяці
горкі ланцуг учорашніх і сёньняшніх падзей, ён спрабаваў зразумець, дзе галоўная
з тых памылак, якія ён дапусьціў.
Напачатку яму здалося: у тым, што ён узяў
па борт двух безьбілетнікаў — Радаснава і Галаўню, якія такім вось чынам і
“аддзячылі” яму за яго дабрыню. Потым прыйшоў да высновы, што дарэмна ўвогуле
ўзяў пасажыраў. З адным грэйфэрам ён безумоўна дабраўся б учора да гравійнага
ўчастка, а сёньня спакойна вярнуўся назад.
Але калі, азіраючыся назад, ён бачыў
стомленыя, змучаныя твары мужчын і жанчын, маладых і старых, дарослых і малых,
яго ахоплівала віна за тое, што ўзяў грэйфэр. Каб адмовіўся — а на гэтае ён меў
поўнае права — яго “дзяўчынка” (ён называў сваю “Ракету” дзяўчынкай, хаця па
суднавых мерках яна і была ўжо шаноўнага веку, бо сам быў куды старэйшы за яе),
яго дзяўчынка пасьпела б праскочыць увечары палосу мясцовага туману, і яснай
ноччу па знаёмай дарозе ён давёў бы яе да Руднага.
Пасадка на мель яго не засьпела зьнянацку:
ён увесь час чакаў, што здарыцца нешта. З пасажыраў сур’ёзна пацярпеў толькі
мужчына ў чорным плашчы, які так і стаяў да канца ля буфэтнай стойкі.
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz