УВОДЗІНЫ
Чаму Вялікія і Малыя Тычыны? Так да нас у
лістах з далёкага Алдана, з Якуціі звычайна зьвяртаўся Іван Сьцяпанавіч
Алашкін, наш дзядзька, старшы брат нашай маці, Кацярыны Сьцяпанаўны Тычыны
(дзявочае прозьвішча Алашкіна), удзельнік штурму Зімняга і, як не так даўно
выявілася, выпускнік кадэцкага корпуса: “Прывітаньне Вялікім Тычынам і Тычынам
маленькім!”
Насамрэч гэта назва вёскі, дакладней, двух
невялікіх паселішч-засьценкаў на ўзьбярэжжы Салігорскага вадасховішча. Пад
такой назвай вёска пазначана на карце Случчыны маштабам "у 1 сантымэтры 2
кілямэтры” за 6 вёрст на поўдзень ад Салігорска. Цяпер ад яе засталася толькі
назва: былая ўрадлівая глеба, "”беларускі чарназём”, на дзесяткі вёрст
ператварылася ў саланчакі з чырванаватым злавесным адценьнем ды воддаль, як
сьцені мітычных веліканаў, высяцца экзатычна-нязвыклыя трыкутнікі тэрыконаў.
Паміж паселішчамі значок - ромбік у квадраце - могілкі нашых продкаў. На захад,
непадалёк ад шашы Слуцк – Старобін - Мікашэвічы, пазнака вышыні 157 мэтраў над
узроўнем мора.
Вялікае перасяленьне роду Тычынаў, жыхароў
гэтай вёскі, пачалося, як можна меркаваць, у час вайны 1648-1651 гадоў, якая
ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Хмяльніччына ў Беларусі”. Калі мець на ўвазе той
факт, што ў тычынаўскім родзе была дробная шляхта (“вялікія і малыя Тычыны”),
ушчэмленая ў тыя часы ў пэўнай ступені ў сваіх правах, то льга зрабіць выснову,
што найбольш рашучыя і вольналюбівыя з яе шэрагаў далучыліся да паўстанцкага
руху казацка-сялянскіх атрадаў і гарадзкіх нізоў навакольных мястэчкаў. Гетман
Януш Радзівіл паведамляў, што “ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, наўрад ці
ёсьць такі павет, якога нельга прылічыць да ліку мяцежных”.
Зьвесткі аб перамогах Багдана Хмяльніцкага
пад Жоўтымі Водамі і Корсунем у маі 1648 года натхнілі беларусаў, асабліва ў
паўднёвых раёнах Беларусі, левабярэжжа Прыпяці. Унівэрсалы Хмяльніцкага з
заклікамі да насельнікаў гэтых мясьцін узбройвацца і выступаць супраць магнатаў
і багатай шляхты дзейнічалі, бо пасылаліся цераз “пильных и справных” казакоў,
выхадцаў з беларускага поўдня, “а з людьми тамошними добре знаючихся, и
посланим своем осторожне и латво справитися могущих”. Многія далучаліся да
паўстанцаў.
Аб’ектам нападу быў сярод іншых гарадоў і
Слуцк, добра ўмацаваны горад-крэпасьць, які, дарэчы, казацка-сялянскім атрадам
так і не ўдалося ўзяць на працягу ўсёй вайны. Януша Радзівіла непакоіў рост
паўстанцкага войска “з прычыны вялікага папаўненьня нашымі хлопамі”. Сяляне са
свайго асяродзьдзя “спосабам казацкім” выбіралі палкоўнікаў і сотнікаў.
Юрый Яўгенавіч Тычына, інжынэр з Харкава, у
лісьце ад 24. 07. 1987 года аўтару гэтай прадмовы, пасьля таго як зьдзейсьніў,
паводле яго слоў, першы этап дасьледаваньня радаводу ўкраінскіх Тычын, і
найперш Паўла Рыгоравіча Тычыны, геніяльнага паэта, вырашыў зьвярнуцца да мяне
(прозьвішча адшукаў у кнізе “Справочник Союза советских писателей”). У пачатку
ліста патлумачыўшы: «...я решился написать Вам, поскольку не так уж
распространена наша фамилия и не исключена возможность, что мы с Вами состоим в
каком-то родстве».
Пошукі Ю. Я.Тычыны пацьвердзілі сямейную
легенду пра казацкі род украінскага клясыка, пляменьнікам якому даводзіўся і
сам Юрый Яўгенавіч (яго бацька Яўген Рыгоравіч - малодшы брат Паўла Рыгоравіча
Тычыны). Род Тычын ідзе ад палкавога старшыны Ігната Тычыны (“Правда, есть там
и другие Тычины, но именно Игнат - это, так сказать, наша праветвь”).
У верасьні таго ж года, атрымаўшы мой ліст
у адказ, Ю. Я. Тычына даслаў часопіс “Київ” (1987, № 1. С. 136-140) з артыкулам
“Родовід поета: легенди і реальність”. У артыкуле падрабязна апісваюцца пошукі
радаводу Тычын, і найперш таго яго адгалінаваньня, якое дало сьвету паэта Паўла
Рыгоравіча Тычыну (“вялікага Тычыну”). У артыкуле згадваецца, што ў рэестры
войска Багдана Хмяльніцкага за 1649 год сярод указаных там 37745 прозьвішчаў
знайшлося трое Тычын: Ігнат - рэестравы палкавой сотні Кіеўскага палка, Іван і
Сямён - рэестравыя Аўруцкай сотні Кіеўскага палка.
У штодзёньнікавых запісах самога Паўла
Тычыны ёсьць радкі, якія сьведчаць пра цікавасьць паэта да свайго радаводу:
“ІЦе як був малим, у нас у хаті на стіні висіла лубочна картина “Переяславська
рада”. I батько, було, показуе пучкою на запорожця, шо з лівого боку на якомусь
пню, чи що, сидів: - Оце полковник Тичина. - Можливо, що це була романтика, хоч
правда, у так званих “Полуботківських міліонах” було й наше прізвище...”.
Ілюстрацыя гэтай карціны, помніцца,
знаходзілася таксама ў школьным падручніку па гісторыі. І я, будучы шкаляром і
яшчэ нічога не ведаючы пра “сямейную легенду”, зьвяртаў увагу менавіта на таго
казака на пяньку.
Што да кнігі пра “Палуботкаўскія мільёны”,
то Юрый Тычына ўказвае, што маецца на ўвазе справа пра казакоў, якая зьвязана з
легендарнымі скарбамі гетмана Палуботкі.
У штодзёньнікавых запісах П. Р. Тычыны
пазначана: “Сімійна пам’ять сягае до якогось диякона Михайла... Брати мої спеціально
розшукували його в архіві пісківської церкви (родная вёска паэта - Пяскі на
Чарнігаўшчыне. - М.Т.). А можливо, що Тичина Михайло дияконував у Сосниці. Далі
йдуть брати Хома й Тимофій (дяк), од останнього вродився батько... Михайло
Тичина (прадід) - Тимофій Тичина (дід) - Григорій Тичина (батько)”.
Росшукі ў архівах, зварот да сямейнай
легенды вывелі Юрыя Тычыну да імёнаў Стэфан, Гаўрыла, Рыгор, Хведар, Ігнат.
Радаводнае дрэва “вялікага Тычыны” такім чынам атрымала свой стройны і
завершаны выгляд.
Адгалінаваньне радаводнага дрэва “Міхайла –
Хама” не знайшло свайго працягу. У радаводнай кнізе Рыздва-Багародзіцкай
царквы, якую згадвае Ю. Я. Тычына, ёсьць важны запіс:
“1803 года генваря 20.
Села Ядловки (знаходзіцца блізка ад вёскі
Пяскі, адкуль паходзіць бацька Паўла Рыгоравіча. - М. Т.) войсковой товарищъ
Стефанъ Тычина умѣрь и погребенъ протоіереемъ
Иоанномъ Пушкинскимъ. Лѣтъ 46”.
А далей ішоў такі запіс: “1821 г. октября
5. От діякона Михайла Тычины и жены его Ксеніи родился сынъ Фома...”.
Захоплены сваім адкрыцьцем Ю. Я. Тычына
ўзьнёсла заключае: “Так це ж він, той Хома, брат діда, про якого пише Павло
Григорович! I нарешті запис, який е останньою з’еднуючою ланкою у цьому
фрагменті “родового ланцюга”:
“1825 г. февраль 21.
У діакона Ядловской церкви Михаила Тічині и
жені его Ксеніи сынъ Тимофей...”.
“Родавы ланцуг” ад “беларускіх Тычын”, які
сканчваецца імёнамі маіх братоў і сястры і працягваецца шматлікімі імёнамі
нашых дзяцей і ўнукаў, узыходзіць і сутыкаецца, як рэйкі чыгункі, якую вядуць
будаўнікі з двух бакоў, ад нашага бацькі Аляксандра, яго старшай сястры Ганны і
брата Антона, і малодшых сясцёр - Вольгі, Соф’і, Зіны, Любы, да дзеда Мітрафана
і прадзеда Хамы. Магчыма, таго самага Хамы, пра якога згадвае П. Р. Тычына ў
сваім штодзёньніку і пра якога піша ў сваіх досьледах Ю. Я. Тычына. І які,
мусіць, невыпадкова, стаўшы шляхціцам, абраў сваім прозьвішчам падвоенае
“Тычына-Сыч”. Прынамсі, так мясцовыя людзі ўспрынялі ўкраінскае “Січ”, якое стала
мянушкай. (Я пад псэўданімам “Міхась Сыч” друкаваў некаторыя свае артыкулы.)
Мянушка “Сыч”, паводле слоў майго дзядзькі Антона Мітрафанавіча Тычыны,
зьявілася як дадатак да прозьвішча пасьля таго, як прадзед Хама “купіў
шляхецкае званьне, а грошы сабраў, прадаючы мёд з 50 калодаў, якія меў”.
Аднак, удакладняе Ю. Я. Тычына, у працэсе
пошукаў было выяўлена шмат іншых адгалінаваньняў гэтага генэалягічнага дрэва,
“кстати, находившегося очень близко к Белоруссии”. Цікавая ў сувязі з гэтым
просьба, калі я палічу патрэбным адказаць, “сделать это по-белорусски”.
Я адказаў па-беларуску. Што мой радавод
мяне вельмі цікавіць. Што не прымаю выказваньне Аляксандра Твардоўскага,
зразумелага ва ўмовах савецкай арыентацыі на “простага чалавека”: “Мои предки
родословной дальше деда не вели”. Што сам таксама “далей дзеда” Мітрафана мала
ведаю: “...прадзед Сьцяпан, меў 50 калод пчол у лесе, купіў сабе
дваранства...”.
Выявілася, памыліўся: бацькі ўжо не было,
каб мяне паправіць, яго старшай сястры Ганны таксама не стала, а дзядзька
Антон, цётка Зіна і цётка Люба, нічога не ведаючы пра архівы, мяне адразу паправілі:
“прадзеда звалі - Хама!”. І яшчэ раз пацьвердзілі гісторыю пра калоды пчол і
куплю шляхецкага званьня. Цётка Люба, апошняя з роду “вялікіх” Тычын, у часы
перабудовы зьвярнулася з пісьмовай заявай у камісію па рэабілітацыі
рэпрэсаваных у сталінскія часы жыхароў Беларусі аб грашовай кампэнсацыі
страчанай падчас раскулачваньня Мітрафана Хаміча Тычыны гаспадаркі і маёмасьці
(у прыкладзеным асобна сьпісе незаконна рэквізаванага, які сам па сабе ўражвае,
пералічвалася ўсё, што запомнілася тады 9-гадовай дзяўчынцы, малодшай у сям’і,
і што запомнілася ёй з аповядаў старэйшых сваякоў). У адказ Любоў Мітрафанаўна
Тычына атрымала стандартную адпіску, у якой была названа яўна зьдзеклівая лічба
грашовай кампэнсацыі: маўляў, скажыце “дзякуй”, што самі засталіся цэлыя. А
Сьцяпан сапраўды быў у нашым радаводзе - гэта бацька нашай маці.
Фатальная памылка! У радаводным дрэве, якое
прыслаў мне інжынэр Ю. Я. Тычына, побач з “Цімафеем Міхайлавічам Тычынам (1925
р. нар.)”, дваюрадным дзедам Паўла Рыгоравіча Тычыны, названы “Хома Михайлович
Тичина (1821 р. нар.)”. Калі пра Цімафея Тычыну сказана, што ён “пономар з
Марківці, згодом дяк”, то пра Хаму Тычыну, акрамя года нараджэньня і ягонай
жонкі Ксені, нічога няма ў украінскіх архівах.
Пакуль што нічога не знайшлося і ў
беларускіх архівах.
“Сямейная легенда”, якую я чуў неаднаразова
ад бабулі Фросі, Еўфрасіньні Іосіфаўны (дзявочае прозьвішча Кунцэвіч), ад цётак
Ані (Ганны Мітрафанаўны Адамовіч, дзявочае прозьвішча Тычына), Зіны і Любы, ад
дзядзькі Антона, паўтарала амаль слова ў слова адну і тую ж згадку аб
штогадовых паездках дзеда Мітрафана ў Кіеў у тамашні банк: яго дзядзька,
заможны і бязьдзетны (імя, на жаль, не запомнілі сваякі), нібыта пакінуў у
спадчыну каштоўныя аблігацыі, якія пагашаліся раз у год. У сувязі з гэтым
заўсёды прыгадвалася імя Паўла Рыгоравіча Тычыны, рэдкага таленту паэта і
вядомага дзяржаўнага дзеяча, пра што мы, беларускія Тычыны, чулі, і не мы адны.
Бабуля Фрося, пачуўшы ад мяне, вучня 9-га
кляса, пра паэта Паўло Тычыну, жыцьцё і творчасьць якога мы вывучалі па
падручніку “Літаратура народаў СССР”, паведаміла, што бачыла яго, калі
знакаміты пісьменьнік прыяжджаў у Забалаць на Любаншчыне: “Малады, высокі такі,
прыгожы. Усё хадзіў па вёсцы з сшыткам і запісваў беларускія песьні”.
Пазьней я даведаўся, што ў маі 1928 года П.
Р. Тычына сапраўды пабываў у Беларусі разам з украінскай пісьменьніцкай
дэлегацыяй. Езьдзіў з калегамі па Беларусі. Пра тое, ці прыяжджаў на
легендарную радзіму ўсіх Тычын на Случчыне, зьвестак не ўдалося адшукаць. Жыў
бы дзед Мітрафан, то было б у каго спытаць. Але ён памер у 1942 годзе, за
паўгода да майго нараджэньня.
У лісьце Ю. Я. Тычыну я зрабіў яшчэ адну
памылку: згадку бабулі Фросі аднёс да дарэвалюцыйных часоў, калі Павел
Рыгоравіч Тычына нават у Санкт-Пецярбург не змог паехаць, каб паступаць ва
ўнівэрсытэт: не было грошай.
Адзіны сьведка тых падзей, Мітрафан Хаміч
Тычына, праз паўтары гады пасьля магчымай сустрэчы з Паўлам Тычынам, зімой 1930
года быў раскулачаны і высланы з сям’ёй у Якуцію, дзе памёр улетку 1942 года.
Наша маці казала: “з голаду”, у той жа час дадавала, што ў яго “засталася
поўная тумбачка сухароў”, і зьдзіўлялася: “няўжо ўнукам пакідаў?!” Вельмі можа
быць. Падобных гісторый, калі старыя людзі прымалі рашэньне памерці, бо жыць ў
цяжар іншым і пасьля ўсяго перажытага, пасьля краху самога сэнсу ранейшага
існаваньня, не бачылі патрэбы, я шмат чуў і не раз.
П. Р. Тычына, магчыма, штосьці чуў пра лёс
беларускіх Тычын, але нічым памагчы не мог: пасьля мітычнай справы “Саюза
вызваленьня Украіны” сам жыў пад дамоклявым мячом падазрэньняў і магчымага
арышту. З яго жыцьцяпісу вядома, што яго малодшы брат 28-гадовы рэгент
новабасяньскага хору Яўген быў арыштаваны органамі ДПУ вясною 1923 года па
справе абвінавачваньня групы грамадзян сяла Браніцы Казялецкага павету ў
збройным выступе супраць мясцовай улады. Журналіст Дзмітро Галаўко, зямляк
Паўла Тычыны, удакладняе: “Невідомо, що сталося б из ним, якби не заступництво
Павла Григоровича. В архівах зберігся його автограф: “Даю цю розписку
Чернігівському ДПУ в тім, що брат мій Євген Григорович Тичина з місця свого
постійного місцезнаходження нікуді не виїде до закінчення над ним справи - без
дозволу відповідних органів влади. Громадянин УРСР Павло Тичина, редактор
“Червоного шляху”. Гэта рабіць было рызыкоўна на тыя часы.
Пры вобыску ў брата былі знойдзены два
чарнавікі востра палітычных вершаў Паўла Тычыны “До кого говорить?” і
“Розкривши Гомера”. Ходу тым чарнавікам не далі (кажуць, што Г. Пятроўскі
дапамог), але з таго часу за паэтам “повилася чорна вірьовочка”... Дзмітро
Галаўко згадвае “старога бальшавіка” з прозьвішчам Жэраб, які, дзе б ні
выступаў, заўсёды шкадаваў: “Ех, не отрубіл я голову етому патлачу, когда возле
Софії он чітал націоналістіческіɛ стіхі...”
Д. Галаўко дадае да сказанага: “Той Жэраб
быў з мураўёўцаў”. Тычына помніў, як у часы УНР бальшавіцкія загоны ў Кіеве
расстрэльвалі кожнага, хто асьмельваўся загаварыць па-украінску альбо з’явіцца
ў вышыванцы.
На гэтым фоне згадка П. Р. Тычыны пра Хаму,
свайго дваюраднага дзеда, у штодзёньніку шмат значыць.
Юрый Тычына ў лісьце ад 08. 11. 1987 года
пісаў: “Очень заинтересовал меня рассказ Вашей бабули. Тут я могу сказать, что,
действительно, Павло Григорьевнч записывал народные песни - эти материалы
теперь изданы. Правда, там не значатся белорусские вёскі, а только украинские и
русские географические названия, но дело в том, что это только малая часть -
остальные материалы пропали. И что “Высокі такі. Прыгожы” - тоже правда”.
Так, дзякуючы, з аднаго боку, росшукам
дапытлівага Юрыя Тычыны, а з другога – “сямейнай легендзе”, злучаецца гэты
ланцуг беларускіх “малых Тычын” з даўгім ланцугом украінскіх “вялікіх Тычын”.
Калі перасяленьне Ігната, Івана і Сямёна
Тычын на Украіну яшчэ можна патлумачыць палітычнымі прычынамі, то цяжэй
зразумець лёгіку паводзін Хамы Тычыны, які нейкім чынам апынуўся ў сярэдзіне
XIX стагодзьдзя ў вёсцы Засмужжа, суседняй з бацькавай Забалацьцю цяперашняга
Любанскага раёна, ранейшай Случчыны, непадалёк, за вёрст 20, ад Вялікіх і Малых
Тычын.
Што яго пацягнула на радзіму продкаў? І ці
наогул мае ён нейкае дачыненьне да названага ў дзёньніку Хамы? Зрэшты, ці адзін
Хама ёсьць сярод Тычын? Пошукі ў беларускіх архівах пакуль што безвыніковыя:
сярод многіх Тычын, названых у розных дакумэнтах, яго імя не траплялася.
Адзінае пацьвярджэньне - легенда. Ды яшчэ хіба мудрыя і спагадлівыя радкі з
аўтографа Юрыя Тычыны, напісаныя на добрай беларускай мове на вокладцы часопіса
“Київ”, дзе апублікаваны яго артыкул “Родовід поета: легенди і
реальність”: “Магчыма, мы з Вамі сапраўды з аднаго карэньчыка”.
І – асобна -
асьцярожная выснова Ю. Я. Тычыны: “А вот относительно двоюродных братьев
Григория Тычины (отца П. Г.) никаких данных у меня нет - метрические книги того
времени не сохранились, так что ни подтвердить, ни опровергнуть Ваши семейные
паданьні не могу”.
Няма дадзеных, акрамя сямейнай легенды, і ў
мяне. Аднак я заўсёды верыў і цяпер веру сваім бабулі, бацьку, радні. Не было ў
іх пільнай патрэбы ўзьвялічваць сябе за нейчы кошт, але пачуцьцё “роднай крыві”
не было чужым. Добра помню, што бацька, згадваючы Паўло Тычыну, з пачуцьцём
гонару дадаваў: “Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны!” Тое, што паэт, яго абыходзіла.
Помню, як сьцішана і самотна паведаміў: “Перадавалі - памёр Паўло Тычына”.
Юрый Яўгенавіч мае рацыю, бо гісторыя -
вельмі плыткая зьява, у мройлівай яе атмасфэры цяжка адназначна выявіць, што
адносіцца да “сямейнай легенды”, а што можна назваць “рэальнасьцю”.
Ю. Я. Тычына быў так уражаны маім
апавяданьнем пра бабулю Фросю і пра нашу “сямейную легенду”, што раптоўна для
самога сябе выйшаў на цікавыя развагі: “В статье о родоводной П. Г. Тычины...
Вы смогли прочесть об Иване и Семене Тычинах, реестровых казаках (в 1647 г.)
Овруцкой сотни. А ведь это рядом с белорусскими землями и эти казаки могли быть
из близлежащих сел, приписались к этой сотне. А Ваше сообщение о том, что
“Тычын на Салігоршчыне шмат”, заставило меня задуматься и над такой версией: а
не был ли полковой старшина войска Б. Хмельницкого Игнат Тычина сам выходцем из
белорусских краев? Как и полковник (белоцерковский) Михаил Громыка, которого я
нашел в реестре 1649 года и который, я думаю, все же белорус, хотя потом в УСЭ
я прочел, что он выходец из мелкой украинской шляхты. Так что, возможно, мы
таки с Вами — от одного “карэньчыка” (очень уж нравится мне это слово - хорошо
звучит)”.
У адным толькі ёсьць абсалютная
ўпэўненасьць, што ўсе мы, беларусы, украінцы, рускія, усходнія, заходнія і
паўднёвыя славяне, эўрапейцы, людзі плянэты Зямля сапраўды з аднаго карэньчыка,
“ад Адама”.
А сямейныя легенды, паданьні і міты
сьведчаць аб нашай адвечнай празе духоўнай блізкасьці і роднаснасьці, і ў рэшце
рэшт робяць нас людзьмі.
Паўло Тычынаўскае “Чуття ɛдиної родини”
(“родина” з украінскай мовы – “сям’я”), якое жыве ў кожным з нас, куды мацней
за нас.
РАДАВОД
Сямейная легенда заўсёды вабіла дзіцячы
розум і ўяўленьне. Хаця паэт Аляксандр Твардоўскі - нагадваю - даўно за ўсіх
сказаў, што ў масе сваёй “продкі радаводнай далей дзеда не вялі”. Не было ў
гэтым пільнай патрэбы.
Тым больш што могілкі родных і блізкіх
раскіданы па ўсім сьвеце: Вялікія і Малыя Тычыны, Засмужжа, Рачэнь, Забалаць на
Любаньшчыне, Прокіна Валагодзкай губэрні, Алдан у Якуціі, Сярэднеўральск
Сьвярдлоўскай вобласьці, Масква, Ярцава Смаленскай вобласьці, Днепрапятроўск,
Мікашэвічы, Варкута, Глуша, Старыя Дарогі, Бабруйск, Хоцімск, Завалочыцы, Паўночныя
могілкі...
Алесь Адамовіч, калі памёр наш бацька,
Аляксандр Мітрафанавіч Тычына, ціха, без асобай надзеі на водгук, прапанаваў
пахаваць яго ў Глушы побач з бацькавай маці, нашай бабуляй Ефрасіньняй
Іосіфаўнай Тычынай, побліз магілы Міхаіла Іосіфавіча Адамовіча, Ганны
Мітрафанаўны Адамовіч, і стварыць такім чынам прэцэдэнт, а ў выніку зьявіцца
нешта накшталт сямейнага склепа.
Сказаў мне. Але ні я, ні мае чацьвёра
братоў, ні наша самая малодшая ў сям’і - сястра не думалі пра тое, што будзе
потым. У нас быў адзін клопат: а як маці наша перажыве тое, што адбылося? Я,
зірнуўшы на натоўп сваякоў і аднавяскоўцаў, так і адказаў Сашу-Алесю, і ён
моўчкі пагадзіўся.
Жыцьцё бацькі за апошнія 37 гадоў было
цалкам зьвязана з пасёлкам Завалочыцы, з яе людзьмі. Для нас яны таксама сталі
малой радзімай. Сваякоў у вёсцы больш не было, пераведвалі штораз, бываючы
дома, бацькаву магілу.
Па дарозе заяжджалі і ў Глушу, дзе магіл
прыбавілася і знайшлі вечны супакой Жэня і Саша Адамовічы, а зусім нядаўна і
Жэнева Марыя.
Саша ў апошні свой прыезд у Мінск на
праваслаўныя каляды 1994 года папрасіў нашага малодшага брата Мікалая, тады
капітана пажарнай службы, каб звазіў у Глушу, пабачыць родныя магілы.
Атрымалася, што ў апошні раз. Ля магілы старшага брата Жэні (у прысутнасьці
ягонай удавы Марыі, якая таксама паехала адведаць Глушу) сказаў, каб яго
пахавалі побач.
Пра гэта ён напісаў яшчэ раней у
аўтабіяграфічнай аповесьці “Vіхі”. Як ведаў. А як было не ведаць, не прадчуваць
пасьля другога абшырнага інфаркту, калі непазьбежнага можна было чакаць кожную
хвіліну. Заехаў і ў Завалочыцы. Пагрэўся ў натопленай хаце - маці любіла цяпло.
З ахвотай паеў баршчу, прыгатаванага ў печы. Сядзеў на канапцы, выцягнуўшы -
пасьля аўтамашыны - ногі, адпачываў, атрымліваючы асалоду.
Пакінуў аўтограф у часопісе “Полымя”, дзе
была надрукавана яго аповесьць у маім перакладзе, размашыста, у сваёй звыклай
манеры, да ўсяго ручка не пісала: “У дом, адкуль род Тычынаў прадоўжыўся,
засяліў Менск і не спыніцца на гэтым. У хату цёткі Каці з пажаданьнем здароўя”
(13. 1. 94 г.).
Брату, азірнуўшы бацькаву сядзібу, сказаў,
спытаўшы: “Гэта ўсё ваша? Не пакідайце бацькаўшчыну. Аформіце соткі. Зямля
хутка набудзе сваю сапраўдную цану”. Адкуль гэта - коласаўскае: “Зямля -
аснова усёй айчыны? Вядома ж, ад дзеда-земляроба, гаспадара - Мітрафана Хаміча
Тычыны.
Маці любіла пляменьніка, была шчасьлівая,
што пераведаў, гаваркая, вясёлая. Саша нават зазначыў, што яна добра выглядае
на свае 80 гадоў. Наогул усё ўжо добра ведаў і прадчуваў. Потым і маці
“падсялілася” да бацькі.
Паняцьце “сялянскі род”, “сямейная
легенда”, уласны радавод цікавіў нас,
Тычынаў-Кунцэвічаў-Адамовічаў-Жарыкавых-Шустаў-Патапавых, каго больш, каго
менш. Прынамсі, маю цікаўнасьць да гісторыі роду, як я цяпер разумею, сьвядома
“падаграваў” Саша. Сам ён жыў іншымі плянамі і маштабамі.
Наогул многія “пабочныя” задачы ён проста і
весела перадаручаў каму-небудзь, у каго бачыў павышаны інтарэс. Праўда, да
праблемы “крыві і глебы”, пасьля літаратурных спрэчак з рускімі “неаславянафіламі”
і беларускімі “самабытнікамі”, адносіўся насьцярожана. Ён ведаў, як лёгка гэта
можа засланіць нешта больш важнае, вырашальнае ў чалавечых стасунках, а
менавіта - духоўнае сваяцтва, франтавое-партызанскае братэрства.
Ягоная маці, наша цётка Аня, пасьля вайны
сьпісалася з раскіданымі па сьвеце, ад Урала да Якуціі, сваякамі, заклікаючы
вяртацца ў Беларусь, абяцаючы ўсялякія перавагі жыцьця на бацькоўскай зямлі.
Саша на гэтую “зьбіральніцкую” дзейнасьць маці пазіраў паблажліва, выдатна разумеючы
ролю “малых спраў” у ачалавечваньні сьвету. Часам ахвотна памагаў у пошуках.
Але лёгка саступаў мне, бачачы павышаную цікаўнасьць да пытаньня, “адкуль ёсьць
і пайшла зямля”.
Бяда беларусаў у тым, што яны, не бачачы
магчымасьці рэалізаваць сябе на бацькаўшчыне, лёгка паддаваліся на ўгаворы
вярбоўшчыкаў і зьяжджалі ў белы сьвет як у капеечку, надзіва шпарка
распарушваючыся ў чужым асяродку, як соль у вадзе. Дзякуй Богу, солі на
Салігоршчыне хапае і дасюль, каб насычаць сваім талентам і прыроднымі здольнасьцямі
зьбяднелую пароду іншых народаў і культур. Ставала і варожых вятроў, якія сілай
гналі беларускі люд, хвалю за хваляй, у Карэлію і Данбас, на Урал і ў Сыбір,
Аргентыну і Штаты... На мае ўстрывожаныя пытаньні пра станаўленьне
нацыянальнага характару беларусаў пісьменьнік і вучоны Уладзімер Андрэевіч
Калесьнік, куратар нашай групы філфакаўцаў у Берасьцейскім пэдінстытуце, строга
ўдакладніў: “Адбываецца не станаўленьне, а - рассыпаньне беларускага характару,
шпаркае растварэньне яго ў чужой стыхіі”. У часы глябалізацыі гэты працэс
набірае жахлівыя тэмпы.
Мяне з лёгкай рукі брацейніка Алеся
непрыкметна бралі ў абарот словаахвочыя, калі гаворка заходзіла пра дзеда
Мітрафана і прадзеда Хаму, цётка Аня і дзядзька Антон. Усіх матчыных братоў і
сясьцёр Саша шматразова падштурхоўваў напісаць успаміны: пасьля запісаў
успамінаў людзей з беларускіх “вогненых” вёсак упэўнены быў, што кожнаму
чалавеку ёсьць што ўспомніць і расказаць людзям. Час не толькі раскідваць, але
і зьбіраць каменьні.
У гэтым Алесь Адамовіч быў цалкам салідарны
з Львом Талстым, які аднойчы выказаўся, што ў хуткай будучыні літаратурная
выдумка і фантазія саступяць месца дакумэнтальным расказам бывалых людзей пра
сябе.
Цётка Аня напісала пра сваё жыцьцё ў час
вайны, як помніла, у храналягічным парадку, у Музэй Вялікай Айчыннай вайны
(гэты матэрыял з маёй прадмовай апублікаваны ў часопісе “Нёман”, 1999, № 10).
Цётка Зіна шмат гадоў перапісвалася са
сваёй сяброўкай дзяцінства Нінай, дачкой сьвятара ў Забалаці, якая пасьля таго,
як закрылі царкву, пераехала і жыла ў Маскве, згадваючы даўнейшае, і ёй,
напэўна, найлягчэй было настроіцца на літаратурную дзейнасьць (яе ўспаміны
таксама апублікаваны ў часопісе “Нёман”, 1998, № 6, пад загалоўкам “Дзе золата
рыюць у гарах”). Яна яшчэ пасьпела асобнік часопіса даслаць сяброўцы,
літаральна за месяц да яе скону. І сама цётка Зіна неўзабаве пайшла ўсьлед за
ёю.
Цётка Люба сваіх успамінаў не пісала, але
надзвычай ахвотна - пры сустрэчы і па тэлефону - кансультуе нас. У свае 89 год
мае сьветлы розум, ясную памяць, заўсёды жартуе - іронія як сродак глядзець на
сьвет і яго праблемы з вышыні перажытага і наогул вечнага ўласьцівая ўсім
Тычынам: бабулі Ефрасіньні, цётцы Ані, дзядзьку Антону, цётцы Любе, маім
братам. Пытае: “А ці ведаеш ты, Міша, колькі мне ўжо год? Неўзабаве споўніцца
90!” Ствараецца ўражаньне, што яна і сама здзіўлена, што так доўга жыве.
Дзядзька Антон, які пражыў 83 гады, амаль
да апошняга дня працаваў намесьнікам загадчыка Хоцімскага райана і проста не
меў часу на пісаньне. І ён, і цётка Люба, апошняя, хто з таго пакаленьня
“вялікіх і малых” Тычын засталася, затое любілі вусныя апавяданьні пра сваіх
бацькоў і пра Забалаць. Абодва яны, несумненна, адносяцца да “вялікіх” Тычын,
рослых, на галаву вышэй за ўсіх астатніх, пародзістых. Адзіны, хто ў гэтым
сэнсе мае права называцца “вялікім”, дакладней высокім і рослым, гэта сын ц.
Любы, Валодзя Патапаў.
Ад дз. Антона я даведаўся - як зазірнуў за
край мінулага часу - пра нашага прадзеда Хаму. Пра тое, што ён быў
гаспадарлівы, меў 50 дзесяцін зямлі ў Засмужжы, 50 пчаліных вульляў і калодаў,
прадаваў на рынку мёд і на заробленыя грошы купіў шляхецкае званьне. Паперы аб
гэтым сьвята захоўваў і зьберагаў ажно да часу раскулачваньня наш дзед
Мітрафан.
Ц. Аня, ц. Зіна, ц. Люба, дз. Антон амаль
аднымі і тымі ж словамі распавядалі пра тое, як ён, памыўшы пасьля працы рукі,
вечарамі засьцілаў чыстым абрусам стол, даставаў з куфра скручаныя ў трубку
прыгожыя паперы з гербавымі пячацямі і ўважліва іх вывучаў. Сваім дзецям не
пасьпеў перадаць гэтую сваю пашану да продкаў у час, пазьней усё само сабой
прарасло ў іх душах і выявілася ў амаль хваравітых - усё пра адно і тое ж -
згадках.
Засталася вэрсія пра тое, што дзед Мітрафан
закапаў паперы недзе пад дубам, непадалёк ад сядзібы, якая знаходзілася ў тым
баку вёскі Забалаць, дзе месьцілася драўляная царква. а каля яе вясковыя
могілкі.
Мы з братам Мікалаем, калі заяжджалі ўлетку
1994 года ў вёску Забалаць, агледзелі здалёк месца магчымага знаходжаньня
дзедавай сядзібы, якое нагадвала пустку, паўвысахлыя дрэвы і чырванаватыя капры
адыходаў з салігорскіх шахтаў воддаль, адчулі недаравальную запозьненасьць і
безнадзейнасьць нашых пошукаў. Брат яшчэ шкадаваў, што ў свой час, калі быў
жывы бацька і неяк яго вазіў на “козьліку” на радзіму, але не запомніў
нешматслоўных і стрыманых, як звычайна, бацькавых згадак пра вясковае маленства
і юнацтва. Запомніў толькі хатку, дзе дажываў век Сьцяпан Андрэевіч Яновіч,
бацькаў брацейнік.
Больш ахвотна згадваў вясёлую прыгоду, як
здагналі на “варшаўцы” белую “Волгу”, якую набыў, вярнуўшыся з Алжыра, дзе
працаваў тры гады, Валодзя Пракаповіч, зяць нашага дз. Пеці Шуста і ц. Соні,
малодшай бацькавай сястры, кандыдат хімічных навук. Здагнаўшы ўключылі пажарную
сырэну, якая Валодзю здалася міліцэйскай, ён прыбавіў хуткасьці, адарваўся, а,
прыехаўшы ў Старыя Дарогі, на сядзібу дз. Пеці, схаваў машыну і папрасіў
цесьця, каб сказаў, калі спытаюць, што хворы. Потым разам сьмяяліся і
жартавалі, згадваючы падрабязнасьці жарту пажарнікаў, фатаграфаваліся на
памяць.
Сямейнікі весела згадвалі, як бабуля Яўгенія, старшая сястра нашай
бабулі Ефрасіньні, вярнуўшыся з высылкі на Урал і пасяліўшыся ў горадзе Ярцава
за Смаленскам (на бацькаўшчыне не дазволілі ўлады), езьдзіла ў Забалаць і
шукала ў полі месца схованкі, бо там быў, акрамя каштоўных папер, закапаны
вузельчык з золатам, і як мясцовы жыхар абарваў яе росшукі рэзкім вокрыкам:
“Едзь, цётка, адгэтуль, пакуль жывая! Каб мы цябе тут больш не бачылі!”
Наш бацька восеньню 1947 года, адразу
пасьля вяртаньня з Якуціі, таксама езьдзіў у Забалаць да брацейніка Сьцяпана
Яновіча, які застаўся, бадай, адзіны з роду, хто пазьбег раскулачваньня,
лічыўся бедным.
Я памятаю ягоны прыезд да нас у госьці -
нашы Завалочыцы за вёрст 40 ад Забалаці, - мы тады толькі засяліліся ў
прасторную новую хату. Дзядзька Сьцяпан сядзеў з жонкай на тапчане, і ў мяне ад
мімалётнага позірку падлетка, які некуды сьпяшаўся і на сваяка паглядзеў з
такім выглядам, што яшчэ пабачымся, павітаўся і паляцеў хутчэй да сяброў,
засталося ўражаньне яго нейкай прыгнечанасьці і зьбянтэжанасьці. Потым зразумеў
прычыны, калі з братам Мікалаем езьдзілі па Случчыне і Любаньшчыне, суседзі
паказалі ягоную тыпова вясковую хатку і папярэдзілі, што гаспадыня яшчэ жывая,
але не адчыніць, бо ў яе кепска з галавой, а сын жыве ў райцэнтры, раз-пораз
пераведвае маці.
Уяўляю, што давялося перажыць нашаму сваяку
за 20 гадоў пасьля раскулачваньня дзеда Мітрафана і чаго нацярпецца.
Другі сын Сьцяпана Яновіча, урач ў
санаторыі “Крыніца”, што ў Ждановічах, быў у добрых адносінах з Адамовічамі, з
ц. Зінай, якая ці не штолета адпачывала там. Неяк падлечвалася ў яго і ц. Ліна,
Капіталіна Сямёнаўна, жонка нашага дз. Антона. Я з Верай Адамовіч, жонкай Сашы,
наведвалі яе аднойчы. Яна яшчэ хадзіла, апіраючыся на кавеньку, радая нашаму
прыезду.
Як адбывалася раскулачваньне, расказала ў
сваіх успамінах ц. Зіна. Ц. Аня і дз. Антон мелі свае сем’і і жылі асобна - ц.
Аня ў г. п. Глуша на Бабруйшчыне, дз. Антон - на Петрыкаўшчыне. Пра сваю маці
Ганну Мітрафанаўну Адамовіч пісьменьнік Алесь Адамовіч расказаў столькі і
гэтак, што пасьля яго можна толькі паўтарацца. Пасьля публікацыі раманаў “Вайна
пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой” ён прызнаваўся: “Калі мне што і ўдалося ў
раманах, дык гэта таму, што раней гэту кнігу маці напісала ўласным жыцьцём”.
Ёсьць у раманах і пра дзеда Мітрафана, і пра нашага бацьку, і пра дзядзьку
Антона.
Вусныя і пісьмовыя ўспаміны нашай ц. Ані,
апублікаваныя ў часопісе “Нёман”, цалкам пацьвярджаюць словы Алеся.
Дз. Антон, Антон Мітрафанавіч Тычына, другі,
пасьля ц. Ані, па ліку ў шматдзетнай сям’і. Пасьля раскулачваньня бацькі,
Мітрафана Хаміча Тычыны, яго выклікалі ў кампэтэнтныя, як гэта называюць
бюракратычнай мовай, органы і ва ўльтыматыўнай форме запатрабавалі публічна
адмовіцца ад ўласнага бацькі-кулака. У адваротным выпадку абяцалі выслаць на
Хоцімшчыну, у “мядзьведжы кут”, адкуль ён “ужо ніколі не выберацца”. Сваё
абяцаньне яны спраўдзілі. Больш таго, у 1934 годзе, калі адбылася “другая
хваля” арыштаў у Беларусі прытоеных нацдэмаў (беларускіх нацыянал-дэмакратаў),
арыштавалі.
Пра гэта дз. Антон распавёў
прыціхла-аглавушаным пляменьнікам, мне і маім братам, за тры месяцы да свайго
скону 10 студзеня 1989 года. Раней я чуў пра ягоны арышт ад ц. Ані - з яе
заўсёдным строгім папярэджаньнем: “Толькі нікому не расказвай!” Дзядзька гэтым
разам быў нязвыкла адкрыты і шчыры: сказаў, што сядзеў у ягодаўскія часы, што
дапытвалі, катавалі - на працягу некалькіх сутак не давалі спаць, зьмяняючы
адзін аднаго, кармілі селядцом і садзілі ў цёплую камэру, не даючы вады, паволі
круцілі ў нейкай цыстэрне, якую таксама падагравалі, падсылалі лішне гаваркіх і
цікаўных віжоў. Праз год нечакана вызвалілі: стала вядома, што брыгаду
сьледчых, якія дапытвалі дзядзьку і яго сяброў па бядзе, арыштавалі,
абвінаваціўшы ў шпіянажы, і расстралялі.
Дзядзька быў, як заўсёды, гасьцінны і
шчодры. Сам з ц. Лінай, сваёй жонкай, піў сухое віно, мы - гарэлку. Закусваў з
дапамогай то жонкі, то нашага брата Валодзі, якія падкладвалі яму ежу на
сподачку, падавалі ў руку чарку. Апошнія гады ў яго селі вочы, зьявілася
катаракта.
Больш за ўсё ён шкадаваў, што не можа сам
чытаць, - чытала жонка. Ц. Ліна таксама была нядужая: адмовіліся служыць ногі -
некалі ў вайну ішла з сястрой пешкі ў свае Бярозкі, наперадзе разьлеглася
вялізная, як возера, лужына, сястра яе прайшла беражком, а цётка пайшла
напрасткі, першы лядок праламаўся, у мокрых бурках дабралася дахаты. Пазьней
даўняе адгукнулася -перасоўвалася ад ложка да печы, апіраючыся на сьпінку
стула.
Так і бачу абодвух - у папярэднія свае
прыезды - у кожнага кніга ў руках, чытаюць, лежачы ў ложку, да гадзін двух за
поўнач. Дзядзька, бываючы раз на год у Менску па сваіх службовых справах,
падбіваў мяне наведаць брата Валодзю, які пасьля дэмабілізацыі з войска
працаваў раённым мастаком у Хоцімску. Дзядзька перажываў, каб ён не скіс у
правінцыі і каб рыхтаваўся да паступленьня ў Палітэхнічны інстытут, на
архітэктурна-будаўнічы факультэт.
Брат, дарэчы, не марнаваў часу і пакрысе
рыхтаваўся да паступленьня. У тон іранічнаму дзядзьку расказваў пра свае
посьпехі ў якасьці мастака: у цэнтральнай актавай зале РДК, на сцэне вісеў яго
саматужны партрэт У. І. Леніна, на якім правадыр пралетарыяту дужа нагадваў ці
кітайца, ці японца.
Дзядзька быў вялікі кніжнік - купляў
навінкі, як-ніяк свой чалавек у раённай кнігарні, ды такія рэдкія, што менчукі
маглі толькі зайздросьціць: “всемирка” у дзьвесьце тамоў, “ЖЗЛ”, шыкоўныя
альбомы па мастацтву, прывезеныя з Масквы, куды ён амаль штогод езьдзіў,
выкарыстоўваючы любую нагоду, каб пабачыць сьвет і пабыць у сваёй любімай
Трацьцякоўцы. Многія з кніг купляў сабе і Сашу Адамовічу. І гасьцей, паказваючы
раённы цэнтар, абавязкова вёў у кнігарню. Сталічная інтэлігенцыя хутка
выхоплівала з цесна застаўленых кніжных паліц дэфіцытныя выданьні, кшталту Ж.
П. Сартра “Словы”, прымаўляючы шэкспіраўскае: “Словы... словы... словы...”
Дзядзька ведаў пра афтальмоляга С. Фёдарава
і яго клініку, пытаў Алеся Адамовіча, як можна патрапіць без чаргі да яго, але
адказ быў няпэўны: ці вытрымае ў дзядзькі ў яго ўзросьце - усё-ткі за 80 -
сэрца?.. Цяжка было бачыць гэтага здалёк прыкметнага, высокага і прысутуленага,
чалавека, які - заўсёды здавалася мне - усё ведаў на сьвеце, такім нямоглым і
бездапаможным.
Нашы старшыя браты Жэня і Саша правяць
агароджу, мы з малодшымі братамі, Валодзем і Міколам, сячэм дровы, а дзядзька,
седзячы на калодцы пасярод гаспадарчага двара, то паджартоўвае, то апавядае
нейкія мудрыя байкі.
Ён быў вельмі назіральны, што зусім не
дзіва, маючы такую вялікую за жыцьцё пэдагагічную практыку. Помню, ўбачыў неяк,
будучы ў бальніцы, дзе лячыў штовясны рожу, якая сама прыходзіла і сама раптам
зьнікала, хворага з павязкай на паўтвара, які пільна вывучаў кожнага
сустрэчнага, вызначыў: “Падглядваючы!” Я глянуў - сапраўды: “Нядрэмнае вока!”
Мы як прадчувалі, што гэта наша апошняя
сустрэча з дзядзькам, які быў для нас такім жа маральным аўтарытэтам, як наш
бацька, як ц. Аня, лёгка адгукнуліся на яго запрашэньне прыехаць у госьці,
перададзенае нашым братам Валодзем. Брат тры гады вучыўся ў Бярозкаўскай
сярэдняй школе Хоцімскага раёна на Магілёўшчыне, скончыў яе, прайшоўшы, кажучы
словамі Алеся Адамовіча, “суровую агранку” дзядзькавага працоўнага выхаваньня,
і наведваў Бярозкі, а затым Хоцімск, куды дзядзька перабраўся ў свой дом (“Мая
труна!” - скрушна іранізаваў ён), увесь час, пакуль быў жывы дз. Антон.
Тую ж “агранку” перад вайной праходзілі сам
Алесь і яго старшы брат Яўген, а ў 50-я гады наш старшы брат Яўген (у нашай
радні была завядзёнка даваць дзецям імёны, якія ўжо былі ва ўжытку ў блізкіх:
былі два Яўгены і два Сашы, мяне назвалі ў гонар дз. Мішы, Міхаіла Іосіфавіча
Адамовіча, былі дзьве Галі і тры Іны, тры Валодзі). Не трапілі ў лік “вучняў”
дзядзькі і не зьведалі на сабе, што ўяўляе сабой народны абрад “дзядзькаваньня”
Мікола і я.
Браты, узрушаныя магчымасьцю пабыць разам
некалькі дзён, без асаблівай напругі перанесьлі 10-гадзіннае сядзеньне ў
аўтобусе да Хоцімска, дзе апошнія 24 гады пасьля сыходу на пэнсію жыў і
працаваў дзядзька на пасадзе намесьніка загадчыка райана. Канчаткова пакінуў
свой пост за некалькі месяцаў да скону. Меў высокі, можна сказаць, абсалютны
аўтарытэт у раёне, у сыстэме народнай асьветы рэспублікі. Яго, заслужанага
настаўніка БССР, узнагароджанага ордэнамі Леніна, Знакам пашаны, Айчыннай вайны
II ступені, шасьцю мэдалямі, нездарма некалькі разоў запар пасылалі ў Маскву ад
БССР для ўдзелу ў Выстаўцы дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР.
Сваякі згадвалі шчасьлівы зьбег
акалічнасьцей, калі ў тую ж Маскву на выстаўку быў пасланы і наш бацька,
малодшы брат дз. Антона. Абодва пра гэта нічога не ведалі. А жылі ў адной
гасьцініцы “Алтай”. Неяк бацька спускаўся па лесьвіцы і, зірнуўшы ў цырульню,
убачыў знаёмы профіль старшага брата. Няма патрэбы тлумачыць, што сустрэча была
як нечаканай, так і радаснай.
Сустрэчы братоў былі заўсёды афарбаваны
асаблівым узьнёслым настроем: мы, малодшае пакаленьне, адно з зайздрасьцю
сузіралі іхнія радасныя ўсьмешкі, чулі жарты і адчувалі сябе няпрошанымі
гасьцямі на чужым сьвяце, самі стваралі хіба толькі фон. Жарты - у бацькі цёпла-іранічныя,
у дзядзькі - іранічна-інтэлігенцкія - былі на адпаведным узроўні. На пытаньні
пра жыцьцё-быцьцё, якія ўвогуле задаюцца не для таго, каб усур’ёз і доўга на іх
адказваць, бацька, напрыклад, адказваў як бы з пэўнай зайздрасьцю: “Ты -
шчасьлівы, бо ты - багаты!” Дзядзька, зірнуўшы на тычынаўскую гурму дзяцей, у
тон бацьку пярэчыў: “Гэта ты багаты - вунь колькі ў цябе дзяцей!”
У дзядзькі сваіх дзяцей не было, затое ў
яго гадамі жылі і вучыліся ў школе ў Бярозках, дзе ён быў на працягу 23 гадоў, з
1945-га па 1968-ы, дырэктарам, ягоныя пляменьнікі і пляменьніцы.
Пра адну з такіх цудоўных сустрэч, якія
дазвалялі лічыць сябе, сваю сям’ю, шчасьлівымі, - усе мужчыны Тычынаўскага
сямейства ваявалі, хто на фронце, хто ў партызанах, і ўсе выжылі, вярнуліся
дамоў, - пісаў у фінале рамана “Сыны ідуць у бой” Алесь Адамовіч.
Я, аднак, ведаў, што не магла такая вялікая
бяда, як вайна, абыйсьці і нашу сям’ю стараной: са слоў, згадак маці ведаю, што
загінуў яе старшы брат Феакціст, наш дзядзька.
Праўда, старшы брат Жэня запомніў усё
інакш. Казаў, што дз. Феакціст жыў у асобным пакойчыку, бо хварэў на сухоты, і
памёр ад гэтага.
Наогул, мы з братамі і сястрой, а ўжо і з
уласнымі дзецьмі, многае помнім па-свойму. Многае з таго, што я згадваю, яны
таксама папраўляюць.
Мая дачка Каця, паглядзеўшы дакумэнтальны
фільм “Посвята Павлові Тичині”, зроблены да 120-годдзя з дня нараджэньня паэта
і ласкава падораны мне і брату Мікалаю унучатай пляменьніцай клясыка Таццянай
Сасноўскай, дзе выкарыстаны фрагмэнты запісаў і можна пабачыць і пачуць самога
Паўла Тычыну, вынесла ўражаньне, што ён з аблічча тыповы ўкраінец. Параўнала з
украінцам Мікалаем Байбарацкім, нашым аднавяскоўцам, бацькі якога паходзяць з
той жа Чарнігаўшчыны, што і Павел Рыгоравіч Тычына.
Я мусіў згадзіцца з тым, што ўкраінцы -
адзін з іх тыпажу - вонкава прыкметна адрозьніваюцца ад беларусаў-бульбашоў:
больш тонкія абрысы твару... Маючы магчымасьць параўнаць вонкавае падабенства
Тычыны з яго маці Марыяй Васільеўнай на партрэце, магу толькі пацьвердзіць, што
ён і кропелькі пабраў ад маці: пяшчотны авал твару, дугі броў як намаляваныя,
глыбокі позірк вачэй, у якІх адчуваецца матчына любоў, лірычнае ўспрыманьне
сьвету, скруха ад разуменьня цяжкай долі яе дзяцей і самой ненькі-Украіны:
Матері
забуть не можу.
Скрізь, на що я тут не гляну –
Чи на ліс, чи на поляну, -
бачу
її душу гожу,
чую вимову кохану.
Голос чуть, де поле й трави:
Я тебе любила,
сину!
Тож прилинь хоч на часину:
душать ось мене удави,
гнуть к землі, як колосину.
I я кидаюсь на голос,
але там - нема нікого! –
крім як сонця золотого...
Та ще гнеться, гнеться колос
Від зерна свого важкого.
І кричу я: Україно!
Потім стану й нрыслухаюсь.
Чути... здалеку: - Тримаюсь!
Хмарко! Ластівко! Калино! –
I в той бік я повертаюсь.
А ведаючы дзядзьку Антона і цётку Любу -
тыповых пародзістых Тычын, і ростам, і абліччам, і позіркам, - і параўноўваючы
іх з Паўлам Рыгоравічам, схіляюся да таго, што ў іх шмат агульнага:
высакародзтва, шляхетнасьць, тонкая іронія, прыроджаная дабрыня...
Дык вось партызаны атрада імя Кірава з
надыходам Чырвонай Арміі выйшлі з акружэньня, адпачывалі. Але ц. Аня была ў
роспачы: што яна скажа мужу, калі ён вернецца з войска, дзе служыў
падпалкоўнікам мэдыцынскай службы ўсю вайну, пачынаючы з фінскай? Ёй
паведамілі, што яе старшы сын Жэня загінуў - нямецкі танк наехаў (“Нічога не
зробіш, усім цяжка, я быў, вось як каля вас, калі танк на Жэню наехаў”) - і што
Сашы ўжо няма жывога.
Нічога не помніла, помніла толькі, як соль
ела сталовай лыжкай, і як чырвонаармейцы і гаспадыня хаты, дзе адпачывалі
партызаны, з жахам глядзелі на яе, бо не ведалі, што такое абяссолены за час
блякады арганізм.
Аднойчы ішла па ваду і ўбачыла знаёмую
постаць: высокі салдат у кароткім шынялі і ў абмотках. Брат! Антон! А ён
падышоў, спыніўся, шукае штосьці ў кішэнях: “Чакай, Аня, зараз, пісьмо ад
Жэні...”. А старшы сын піша, што быў паранены, не пісаў, бо не хацеў, каб
хавалі двойчы, пакуль вайна не скончылася, і што Саша за лініяй фронту (“Малечу
нават у армію не ўзялі”).
Дзядзька Антон, як і цётка Аня, былі
анёламі-захавальнікамі сям’і дзеда Мітрафана Тычыны пасьля яго сьмерці летам
1942 года ў Якуціі. Асабліва клапаціліся пра бацькаву шматдзетную сям’ю: пяцёра
хлопцаў, малая дачка! Усе малыя, адзін аднаго не панясе. Не лягчэй было і ц.
Зіне: дачка Жэля (Ангеліна) маленькая, муж загінуў на фронце. І ц. Любе таксама
было цяжка адной з малым сынам, Валодзем. Усе нагараваліся ў Якуціі, у вечнай
мерзлаце.
Ц. Оля пасьля раскулачваньня выйшла замуж і
з’ехала ў Маскву (наш старшы брат Жэня, працуючы на беларускай чыгунцы галоўным
бугальтарам, штогод езьдзіў са справаздачамі ў сталіцу Савецкага Саюза (усё
тады было завязана на Маскве), браў з сабой “белавескую”, якую надта любілі
масквічы, а падначоўваў у сваякоў Крайневых, “у цёткі Олі і дзядзькі Філіпа”.
Ц. Соня ў момант раскулачваньня
перахоўвалася ў сваякоў (яе забраў з лягера за калючым дротам у Слуцку, дзе
наша бабуля з малымі дзецьмі чакалі адпраўкі на край сьвету, дзядзька Сьцяпан
Яновіч), а потым жыла ў старшай сястры Ані ў Глушы, выйшла замуж за Пятра
Шуста, пазьней падпольшчыка, партызана, пра якога ў раманах Алеся Адамовіча
таксама шмат расказана, пасьля вайны ён да пэнсіі загадваў райспажыўсаюзам у
Старых Дарогах, потым быў дырэктарам крамы “Мэбля”, трэба сказаць,
прафэсіяналам у сфэры гандлю.
Дз. Антон, выдатны, паводле савецкай
намэнклятуры, “народны настаўнік”, быў адным, а, можа, і адзіным, з тых, хто
пад лёзунгамі Антона Макаранкі аб “працоўным выхаваньні” і Мікіты Хрушчова аб
“сувязі школы з жыцьцём” сьвядома пераносіў у школу нацыянальна-беларускія
традыцыі працоўнага выхаваньня, на якім трымалася сямейная атмасфэра ў хаце
Мітрафана Тычыны. У вялікай сям’і дзеда Мітрафана Хаміча рабілі на гаспадарцы
ўсе - ад малога да старога - пачыналі з гусей, парасят...
Саша Адамовіч згадваў неяк з гумарам тыповы
жыцьцяпіс беларускіх пісьменьнікаў, іх кар'еру: спачатку глядзеў курэй, потым
пасьвіў гусей, не пускаў у шкоду сьвіней, быў падпасічам і ганяў на пашу кароў,
скакаў на конях у начное... працаваў у сельсавеце... у райкаме камсамола...
паступіў у партыю... У Тычынаў усё было інакш і ўсур’ёз: галоўнае - праца! У
Бярозкаўскай - дзядзькавай - дзесяцігодцы быў свой сад, агарод, цяпліца,
парнікі, сталярная майстэрня, цудоўна абсталяваныя кабінэты фізыкі і хіміі.
Дапамагалі былыя выпускнікі - адзін з іх, авіятар, падарыў нават вялізны, як
стол, фотаапарат для аэрафотаздымкаў, з якім не ведалі, што рабіць, і
дэманстравалі людзям як вялікую экзотыку.
Рамонт школы рабілі самі навучэнцы.
Запрацаваныя грошы ішлі на дапамогу сіротам і бедным.
Школа ў Бярозках была паказальнай. Менавіта
да дзядзькі накіроўвалі мясцовыя ўлады заежджых журналістаў і вышэйшых
чыноўнікаў.
Дзядзька апавядаў, як аднойчы прыехаў
Жабіцкі, тады першы сакратар ЦК ЛКСМБ. Відаць, падрыхтаваўся “паставіць на
месца” вясковага настаўніка, які чамусьці лічыў сябе немаведама кім, калі гэта
так, дык навошта тады начальства?!. Накіроўваецца да ганка школы, сустракае яе
дырэктара і адразу “бярэ на пушку”: маўляў, чаму ніхто не сустракае высокае
начальства?!
Дзядзька прымерыўся да яго раскормленай
фізіяноміі і асадзіў: “Культурныя людзі, у тым ліку і начальнікі, спачатку
вітаюцца, тым больш з людзьмі старэйшымі за сябе, а потым пачынаюць рабіць
вымовы!” Жабіцкі ажно ўмлеў ад такой праматы і, ад’яжджаючы ў сталіцу,
паабяцаў, што не забудзе “такога цёплага прыёму”. Відаць, сапраўды не забыў бы,
бо неўзабаве ўзьнёсься на пасаду міністра ўнутраных спраў БССР, але пабыў на
гэтай пасадзе не доўга - за нешта нейкае і не вельмі прыгожае праштрафіўся.
Мясцовыя ўлады, паводле апавяданьня дз.
Антона, былі задаволеныя тым, як ён “адшыў” высокага госьця, бо ім той таксама
ўеўся за час візыту. Ад іх дзядзька і даведаўся пра тую рэакцыю няпрошанага
госьця.
Пра дзеда Мітрафана, “культурнага
гаспадара” (дзед выпісваў і купляў кніжкі і брашуры пра сельскую гаспадарку,
якія тады з лёгкай рукі Зьміцера Прышчэпава, магчыма, адзінага разумнага
наркама ў гэтай сфэры, выдаваліся і карысталіся попытам у дакалгаснай вёсцы),
пра яго вялікую сям’ю расказаў Алесь Адамовіч ў сваё мастацкай аўтабіяграфіі
“Vіхі”. У тым ліку, згадваў і пра “сямейную легенду”, як дзед раз на год
езьдзіў у Кіеў. Апранаў чорны гарнітур (пра гэта расказвала бабуля Ефрасіньня),
абуваў гамашы (бабуля чамусьці ўшчувала яго менавіта за гамашы - мужчынскія
чаравікі без шнуркоў, з гумавымі ўстаўкамі па баках, на тоўстай скураной
падэшве), браў з сабою паперы з гербамі і пячаткамі і выпраўляўся ў вялікую
дарогу.
Паводле паданьня, у Кіеве жыў дзядзька,
заможны і бязьдзетны, які пакінуў сваякам і нашчадкам, у тым ліку і з Беларусі,
у спадчыну каштоўныя аблігацыі, якія пагашаліся раз на год, і спадкаемцам трэба
было ехаць у банк.
Менавіта гэтыя і іншыя паперы любіў час ад
часу вывучаць вечарамі, вызваліўшыся ад гаспадарчага клопату, дзед Мітрафан.
Цікава, што той жа занятак у іншыя часы
паўтараў і наш бацька, дастаючы тузін аблігацый пасьляваеннага прымусовага
дзяржаўнага займу і зьвяраючы нумары з нумарамі выйгрышаў у газэце. Дарэчы, нам
аднойчы пашанцавала выйграць тысячу рублёў на тыя да рэформы 1961 года
(“хрушчоўскай”) грошы, за якія можна было купіць карову. Якраз грошы былі
вельмі патрэбныя: бацька будаваў дом. Былі нейкія зьберажэньні, прывезеныя з
Якуціі, дзе бацька працаваў на залатым прыіску, быў брыгадзірам, і досыць
удачлівым, калі быў двойчы прэміраваным, першы раз - вэлясыпэдам, другі -
радыёпрыёмнікам “Родина”, атрымліваў боны і купляў на іх з маці ў спэцмагазыне
дэфіцытныя рэчы.
Прынамсі, бацька прывёз два чорныя скураныя
паліто з мяккай сьветлай падкладкай (адно паліто памяняў на швейную машыну
“Зінгер” з дапамогай дзядзькі Пеці, старшыні Старадарожскага райспажыўсаюза,
якому вельмі падабаліся прыгожыя рэчы і заманулася мець гэта паліто),
амэрыканскую мехавую куртку з мноствам кішэняў і кішэнек, маці - чорнае
прыгожае паліто з пясцовым каўнярам, дзьве модныя сукенкі з фальбонамі, таксама
купленымі на боны, абрэзы тканіны, драўляны чорны скрыня, які дасюль служыць у
вясковай хаце, - гэта тое, што я запомніў. Старшыя браты і маці ўспаміналі
паясы з кішэнькамі, куды напіхалі пры ад’езьдзе на бацькаўшчыну скруткі
грашовых купюр. Ехалі на бацькаўшчыну - спачатку 700 вёрст на грузавіку, затым
ад станцыі Скаварадзіно да Масквы, з Масквы да Бабруйска - на чыгунцы - ажно
цэлы месяц. Набраліся страху. Аднойчы бацька на паўстанку пабег па кіпень і
ледзь не адстаў ад цягніка: такіх пасажыраў з сям’ёй і малымі, было шмат.
Нямала грошай ляснула падчас “сталінскай”
рэформы 1947 года: усё здарылася так раптоўна, што бацькі ў вясковых умовах
проста не пасьпелі знайсьці спосаб абысьці той мінімум, які дазваляўся аднаму
чалавеку для абмену. Я помню, як мы, дзеці, гуляліся з тымі вялікімі, як ліст
часопіса, сотнямі і пяцідзесяткамі. Былі выпадкі, што некаторыя аклейвалі
папяровымі, яшчэ царскімі, асыгнацыямі сьцены хат.
Прадалі карову. Двойчы прысылаў па тысячы
рублёў дзядзька Антон. Так і пабудаваліся. А выплаты па аблігацыях па
ініцыятыве Мікіты Хрушчова і рашэньню ўрада СССР адклалі на 20 год. Нейкія
выплаты сапраўды адбыліся пасьля, і бацька зноў дастаў з шафы скруткі
аблігацый.
У сувязі з расказамі пра кіеўскія паездкі
дзеда Мітрафана заўсёды прыгадвалася імя Паўла Рыгоравіча Тычыны, клясыка
ўкраінскай літаратуры, цудоўнага паэта “ад Бога”, надзеленага рэдкім паэтычным
і музычным дарам. У мае школьныя гады яго біяграфію “праходзілі” па “літаратуры
народаў СССР”, і мяне ды маіх братоў і сястру аднагодкі любілі даймаць вясёлымі
роспытамі пра наша сваяцтва. Раней, у сямігодцы, калі гэтага прадмета не было ў
школе, дражніліся, пачуўшы на ўроку батанікі пра “песьцікі і тычынкі”. А
ўвогуле дражнілі – “патыкалі” Тычкамі. Я - са злосьці - адказваў: “Так, сваяк!”
Алесь Адамовіч абараняў у 1961 годзе
доктарскую дысэртацыю ў Кіеве. Пятрусь Броўка, як я мяркую, менш з-за асабістых
інтарэсаў, а больш з “разагрэву” калялітаратурнай публікі, кшталту Алешкі,
Сабаленкі, Хадкевіча, Карпава, якія ў тыя часы прымяралі сабе мантыі клясыкаў і
былі сваімі людзьмі ў кіраўніцтве Саюза пісьменьнікаў, неасьцярожна недзе
выказаўся, што “абарону Адамовіча заваляць”. Адамовічу тады сымпатызаваў
выдатны украінскі крытык Леанід Навічэнка - надрукаваў на яго кнігу “Беларускі
раман” грунтоўную рэцэнзію ва ўсесаюзным літаратурным часопісе “Вопросы
литературы”. Адна з членаў Савета па абароне пажылая дама спытала, а хто
абараняецца. Паказалі Адамовіча - зьдзівілася: “Гэты хлопчык?!” Ён заўсёды
выглядаў маладзей сваіх год. Ды і паводзіў сябе несамавіта - гальштук упершыню
навязаў на шыю толькі тады, калі паехаў на сэсію ААН у Нью-Ёрк - вымагаў статус
дэлегата.
Пасьля пасьпяховай у вышэйшай ступені
абароны меў час і вырашыў пашукаць “сваяка” - Паўла Рыгоравіча Тычыну.
Пераправерыць сямейную легенду. Адшукаць яго было не цяжка. Разы тры, як ён сам
расказваў, абышоў дзяржаўную дачу з высокай агароджай. П. Р. Тычына ў той час
быў Старшынёю Вярхоўнага Савета УССР. Але так і не адважыўся напрасіцца ў
госьці. Ведаў, як прымаюць няпрошаных. Не хацеў апынуцца ў ролі “беднага
сваяка” - гэты выраз, дарэчы, часта ўжываў. Празьмернае далікацтва было ў яго
натуры. Але, праўду казаць, калі нешта датычылася справы, стукаўся і ў “высокія
дзьверы”. Вялікім было б, мусіць, расчараваньне, калі б “дваюрадны дзядзька” не
прызнаўся ў сваім сваяцтве з сям’ёй раскулачанага Мітрафана Тычыны. Калі
сямейная легенда не была беспадстаўнай, дык, напэўна ж, ведаў пра трагедыю
сваякоў з Беларусі. А такое, зрэшты, магло адбыцца ў тыя няпэўныя часіны!
Бацька наш менавіта ў канцы 50-х і пачатку
60-х гадоў двойчы спрабаваў паступіць у партыю. Як жа так! Адбыўся XX зьезд
КПСС. Многія былі нарэшце рэабілітаваныя. У суседняй вёсцы Сіманавічы,
напрыклад, жыў Сірэнка, кіроўца легкавіка самога Яжова. Яжова за ягоныя “яжовыя
рукавіцы” расстралялі, а кіроўцу пасадзілі ў канцлягер. Пасьля сьмерці Сталіна
выпусьцілі на волю, забараніўшы жыць у сталіцы і буйных гарадах. Апынуўся ў
Беларусі. Прыжаніўся, завёў сям’ю. Дачка і цяпер жыве ў Завалочыцах. Прыкметная
жанчына. Я яе бачыў. Дапамагае адзінокім і нямоглым старым і людзям пэнсійнага
ўзросту дажываць век: носіць прадукты з крамы, даглядае - ёсьць такая патрэбная
праца. А што яе бацька быў асобай і знаходзіўся на асобным уліку, было
навідавоку. Высокі, моцны, суровы - я сам аднойчы, падлеткам, чуў ягоныя згадкі
пра турэмны побыт. Як цяпер разумею, ён улічваў эфэкт сказанага на
недасьведчаную аўдыторыю і сказаў далёка не ўсё, што ведаў і што перажыў. Неяк,
пасьля рэабілітацыі, да яго прыяжджаў з Масквы брат, які, несумненна, займаў
высокі пост. Выглядаў жа вялікім начальнікам. Ім было пра што пагаварыць. Прынамсі,
наш бацька пра Сірэнку адгукаўся з павагай.
Бацька быў тады брыгадзірам паляводчай
брыгады, загадчыкам, як яго пасаду называлі ў вёсцы. Брыгада лічылася
перадавой. Пасьля таго як бацька засадзіў - дзеля экспэрымэнту - ўласныя соткі
каля дома кукурузай, яго пасылалі на Усесаюзную выстаўку народнай гаспадаркі ў
Маскву. Кукуруза вырасла вышынёй у 4 мэтры 20 сантымэтраў - старшы брат Сашка
фатаграфаваўся, седзячы вярхом на кані, і кукуруза была вышэй за яго. Ахапкі
кукурузы вазілі ў раён, потым на выстаўку. А, можа, галоўнае было ў іншым!
Сусед Іван Вашкевіч, сябра і кум, быў у
партыі, хадзіў на сходы, куды бацьку ўваход быў забаронены. І дырэктар саўгаса
Іванчук, як толькі хто-небудзь з дабразычліўцаў, нават калі ён з самога раёна,
пытаў, чаму не рэкамэндуюць Аляксандра Тычыну кандыдатам у члены партыі,
адказваў: “Ён жа з кулацкай сям’і!” Магчыма, нават не трымаў бы і брыгадзірам,
нягледзячы на ягоны талент гаспадарніка і працоўныя посьпехі, але быў зьвязаны
па руках.
Яго дачушка Наташка хварэла: дзеці гуляючы
ўдарылі каменем па хрыбце, і ў выніку пачаў расьці горб. Два гады ляжала
нерухома ў спэцыяльным ложку ў Вязьзі за Асіповічамі - у бальніцы для хворых на
касьцявы тубэркулёз. А загадчыкам гэтай лячэбніцы быў прафэсіянал сваёй справы
Яўген Міхайлавіч Адамовіч, пляменьнік нашага бацькі, які вельмі любіў “дзядзьку
Аляксандра”.
Праз гады да мяне ў Менск патрапіў старшы
сын Іванчука Алег, сябар дзяцінства, які расказаў, што бацька, нядоўга пабыўшы
дырэктарам у саўгасе, зьехаў з сям’ёй некуды ў Краснадарскі край, цяжка хварэў,
памёр, а Наташка - яна і папрасіла брата абавязкова наведаць каго-небудзь з
Тычынаў і сказаць “дзякуй” ад яе імя - нарадзіла траіх дзяцей і пра хваробу і
думаць забылася.
Наш бацька ўсё-ткі стаў членам партыі.
Хадзіў на сходы і плаціў членскія ўзносы. Маці на яго паведамленьне, што
прынялі ў партыю, сказала без асаблівых сэнтымэнтаў: “Сёньня ўступіў у партыю,
а заўтра - у гаўно!” Алесю Адамовічу, калі яму пераказалі словы нашай маці,
было асабліва весела: “Ай, ды цёця Каця!” У сваёй кнізе “Vіхі” ён прысьвяціў
“цёці Каці” цэлы абзац захопленых слоў і цёплых згадак. Але і бацьку я разумею:
ён прагнуў афіцыйнай рэабілітацыі! Занадта часта яго заганялі ў кут гэтым –
“сын кулака”.
Цётка Аня, маці Алеся Адамовіча, напрыклад,
расказвала “пад вялікім сакрэтам” пра Гродзенскага віцэ-губэрнатара Кунцэвіча,
які меў свой вялікі дом. Казала: “Вось бы паглядзець!” Я паглядзеў: спачатку на
фотаздымку ў энцыкляпэдыі, а затым і ў натуры. Не дом - палацы! Шкада, што не
наш! У рэвалюцыю Кунцэвіч вярнуўся ў вёску, захварэў на тыф і памёр. “Добра,
што так, бо мала нам не было б!” - рабіла выснову цётка Аня. “Віцэгубэрнатар”
даводзіўся пляменьнікам нашай бабулі Ефрасіньні Іосіфаўны. Па падпольшчыцкай
завядзёнцы ц. Аня тут жа брала з мяне слова, што нідзе нікому ніколі не скажу.
Я ахвотна даваў сваё “чэснае камсамольскае”. Але ў ясна-пранізьлівых вачах
цёткі быў недавер: “Паўтары!” Таямніца - небясьпечная па тым часе - уяўлялася
ёй амаль вайсковым “строга сакрэтна”. Не пахвалісься.
Пошукі “карэньчыкаў” тычынаўскага
радаводнага дрэва ішлі досыць вяла. Ну, было-сплыло! Падумаеш, аўтар верша (у
войску хлопцы-украінцы задзірліва яго дэклямавалі: “Трактар у полі
“дыр-дыр-дыр!” Мы змагаемся за мір!”). Наш Янка Купала такія творы “пад заказ” называў
“дрындушкамі”. Ведаў ім цану. Ведаў і Паўло Рыгоравіч.
Я не ведаў, пакуль не купіў яго “Выбраныя
творы” у перакладзе на беларускую мову. У юнацтве любіў “гучныя” словы:
Поўны сілы маладой,
Поўны я адвагі, гарту,
Гэй, жыцьцё, выходзь на бой, -
Будзем біцца не на жарты!
Гэй,
жыцьцё, устань, дрыжы!
Дай з цябе я пасьмяюся.
Хто сьмялейшы з нас, скажы:
Будзем
бачыць, як схаплюся.
Гора?.. боль?.. - як жарт міне.
Колькі сілы маладое!
Ці
ж мая рука ўздрыгне,
Што іду на бой без зброі?
Ой, скажыце мне, браты,
Любыя,
скажыце, сёстры,
Што гняце вас, маладых.
Позірк ваш чаму нявостры?
Там, дзе я трасу
ўвесь сьвет,
Дзе ў баі я ўсё сьмялею,
Там не ўцямлю вас як сьлед,
Вас ніяк не
разумею.
Поўны сілы маладой,
Поўны я адвагі, гарту.
Гэй, жыцьцё, выходзь на бой, -
Будзем біцца не на жарты!
(Пераклад Рыгора Няхая)
Пазьней, калі паэтэса Ірына Багдановіч, ведаючы
маю цягу да паэзіі Тычыны і таемную нязгоду з псэўданародным глумленьнем з яго
імя, да якой было прычыніўся і сёй-той з беларускіх літаратараў, адшкадавала
мне ягоныя “Творы” у арыгінале, у цяжкую хвіліну падбадзёрваў сябе: “Гей!”
Молодий я,
молодий,
Повний сили та одваги.
Гей, життя, виходь на бій, -
Пожартуем для
розваги!
Гей життя, ставай, тремти!
Дай я з тебе посміюся.
Хто сміліший: я чи ти –
Подивлюся, подивлюся.
Адгукнуліся ў душы і радкі верша “О панна
Інно...” - цытую ў арыгінале, на якім званчэй чуецца музыка тычынаўскага генія:
О
панна Інно, ніжна Інно!
Я-сам. Вікно. Снігы...
Сестру я Вашу так любив -
Дитинно,
златоцінно,
Любив? - Давно. Цвіли луги...
О панна Інно, ніжна Інно,
Любові
усміх квітне раз - ще й тлінно.
Сніги, сніги, сніги...
Я Ваші очі пам’ятаю,
Як музику, як спів.
Зимовий вечір. Тиша. Ми.
Я Вам чужий - я знаю.
А хтось кричить: ти рідну стрів!
И раптом - небо... шепіт гаю...
О ні, то очі Ваші. - Я ридаю.
Сестра чи Ви? -
Любив...
Шмат значыла для мяне імя гераіні - Іна. Як
у нашай малодшанькай сястрычкі - чаканай бацькамі, іх і нашым суцяшэньнем.
Варта загарэцца думцы, як на агеньчык само
прыцягваецца тое, што так доўга шукаў. Прычым без асаблівых высілкаў з майго
боку.
З лекцый па беларускаму фальклёру
Калесьніка Уладзімера Андрэевіча, куратара нашай групы, усімі любімага і вельмі
шанаванага, пачуў пра слуцкіх казачнікаў: Рэдкага, Азёмшу, Куляша, Болбата,
Лебедзіка, Калесьніка, Матруну Бохмачыху... I вось яно, як званочак, гучнае -
Тычына з вёскі Пяшчанка (тыя ж Піскі ў Чарнігаўшчыне Паўла Рыгоравіча). Як жа
не купіць А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданьні беларускага Палесься”!
З усіх казак палешукоў - у Тычыны не казкі,
а вершы, ладныя, складныя, з дакладнай, і не толькі дзеяслоўнай, рыфмоўкай,
запісаных у празаічны радок:
“Быў адзін цыган да якісь шалапаваты, не
ўмеў ён красьці, бо баяўса прапасьці, не ўмеў коней лечыць, а хацеў так сабе
жыць. Нічого ён не дбаў, толькі на скрыпачцы йграў. Была ў яго скрыпачка
маленькая да дарагенькая. Аткуль ён яе дастаў, дак і сам не знаў. Тая скрыпка
так іграе, так выразно вымаўляе, што здаецца душа з целам растаецца. Іграў
цыган у паноў, іграў у жыдоў, іграў на весельлі да на ігрышчах, дзе людзі
прасілі, дзе грошы плацілі. Што цыган захочэ, скрыпка плача ці рагочэ. От,
здаецца, скуль і голас той берэцца. Грае цыган, грае да нарэшце засьпевае. “Хвацько,
- кажуць, ён іграе, бо такую скрыпку мае, што гаворыць і сьпевае”. Дак ніхто не
знаў пра то, як цыган часамі граў над ставам за вербамі, як ён душу атвадзіў,
што без мілае нудзіў”.
Вось вам і адказ на пытаньне, адкуль у
Паўло Тычыны, нашчадка запарожцаў-січавікоў, гэты абсалютны слых і здатнасьць
да ігры на шмат якіх музычных інструмэнтах, да маляваньня словам і фарбай,
цікавасьць да народнага слова. А прарочы дар адкуль, каб так дакладна ўгадаць
свой пясьнярскі лёс?!
“От музыка смыкам цягне, аж даліна зьвяне,
пальцамі перабірае, аж на сэрцы грае. Лес прыціх, прыціхлі кветкі, засмуціліса
палеткі. Небо плачэ, слёзы круціць да ў кулак трубіць. От цыган суняўса да й з
ігрою папрашчаўса. Скрыпку ён патрос бы грушу да з грудзей і выняў душу. Чорт
грашмі яго абсыпаў, скрыпку ўзяў да чуць зарыпаў. Рад, што й так іграе. От
цыган у мех зьбірае грошы, мех кладзе на плечы, каб схавацца ад пусьцечы.
Прашкі! Ат ліхое сілы не схаваешса, мой мілы. Чорт тры дні смыком цягае,
скрыпка сьвішчэ, да не грае. “Не, хоць скрыпка добрэ грае, да душы яна не мае,
сэрца не шчыпае, - дагадаўса чорцік жвавы. - Я купіў не ля забавы”. Чорт схапіў
яе й даў маху, хутка поле й лес прайшоў, покі цыгана найшоў. “Бачыш, скрыпка без
душы. На ж іграй і мне служы”. От з тых час цыган іграе, толькі чорта пацяшае,
бо ў ігры нема душы, хоць на Бога ты брашы”.
На карце Слуцкага і Любанскага раёнаў -
якая радасьць! - адшукаў дзьве вёсачкі - Вялікія і Малыя Тычыны. Так яно і есьць
- у нашай пародзе сустракаюцца “высокія” (“вялікія”) Тычыны: як этымалёгія-тлумачэньне,
адкуль прозьвішча: у Якуба Коласа ў “Новай зямлі” – “Тычынай носа не дастанеш”.
Адсюль і тычынаўская наіўная прэтэнзія на
позірк “звысоку”, і тычынаўская - то пяшчотная, то зьедлівая - іронія.
У аповесьці “Засьценак Стычыны” Аркадзя
Чарнышэвіча, земляка з суседніх Чыжэвічаў, якому не раз даводзілася бываць у
Вялікіх і Малых Тычынах, і нават жыць нейкі час, грунтоўна намаляваны
псіха-фізіялягічныя партрэты засьцянковых Тычын-Стычын, фанабэрлівых, як на
думку празаіка, маўчуноў-шляхцюкоў (у рамане “Засьценак Малінаўка” тыпізацыя
сягнула ўжо сапраўдных карыкатурных вышынь сацрэалістычнага выкрыцьця і асуджэньня):
“Недалёка ад мястэчка, дзе я пачаў вучыцца
ў школе (гэта было ў 1922 годзе), знаходзілася невялікая вёска Стычыны. Не
ведаю чаму, але стычынцы называлі сваю вёску засьценкам. Можа, таму, што ўсе
яны былі з шляхты: розныя Стычынскія, Мысьліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з
радавітымі прозьвішчамі.
Засьценак стаяў у баку ад дарогі і віднеўся
здалёк. Правільней, віднеўся не сам засьценак, а вялікі бярозавы гай, што рос
каля яго.
Разьмясьціўся засьценак у прыгожай мясцовасьці.
Але выглядаў ён прыгнечана і сумна, як адзінокі жабрак. Вузкая крывая вуліца
ўпіралася ў невялікую раку, на абодвух берагах якой расьлі старыя пахілыя
вербы. За ракой зелянеў вялікі луг, які калісьці належаў пану Булгаку.
Прыгожа тут было вясной і летам, калі
квітнелі лясы, а лугі пакрываліся травой і духмянымі кветкамі. Тут пачыналася
сапраўднае Палесьсе. Векавечны бор стаяў за лугам, і здавалася, што ў дні
навальніц у Стычыны даносіцца яго глухі, маркотны шум.
А ў засьценку адвечная гразь, трухлявыя
касабокія хаткі, упрытык да іх крывыя ад старасьці хлеўчукі, адрынкі, зрэдку
гуменцы. У дварах непралазнае балота, гнойныя лужы і смурод ад сьвінушнікаў.
Малазямельле спрадвеку было бядой
стычынцаў. Дарэчы, зямлі хапала, толькі ляжала яна некранутымі аблогамі жоўтага
пяску, на якім нават сівец не хацеў расьці. Ні ральля, ні паша... Хапала і
балота, але і яно было нялюдзкае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх -
рудая каламутная вада, пакрытая тлустымі сінімі плямамі, нібы нехта выліў туды
газу ці дзёгаць.
Хлеб у стычынцаў быў толькі да каляд, -
гэта ў лепшыя гады, - а ў горшыя ўжо сярод піліпаўкі хоць бяры ды разам з
ваўкамі вый. Адно было “багацце” ў стычынцаў - рыба. Рэдка хто езьдзіў да іх у
госьці; негасьцінныя яны былі людзі, а калі і здаралася чалавеку заехаць да
якога-небудзь стычынскага сваяка, то яго сустракалі надзвычай “калючым” пытаньнем:
“Што, можа, рыбы прывезьлі?” У гэтыя словы стычынцы ўкладалі ўсю сваю
недарэчную мудрасьць. Яны лічылі, што ў іх хаваецца бездань разумнай іроніі,
процьма насьмешкі і зьнявагі. Бо, вядома, якая можа быць рыба ў палявой
Случчыне!
Палявік-случанін усьміхаўся, пачуўшы такое
пытаньне. Ён-то ведаў цану стычынскай рыбе! Самі яны ўжывалі толькі дробязь, а
лепшую прадавалі. Кожны дзень можна было ўбачыць стычынца, які ў зрэбных
нагавіцах, у суконнай сьвітцы, летам босы, а зімой у лапцях крочыў да мястэчка,
трымаючы ў руках кошык з рыбай. За выручаныя грошы куплялі хлеб. Улетку, калі ў
засеках не было ні зярняці збожжа, ні пылінкі мукі, выратоўвалі ракі. Вадзілася
іх шмат у безназоўнай стычынскай рэчцы. Вечарам стычынец запрагаў худую каняку
ў старую каламажку, клаў дзіравы палукашак і ехаў да ракі. Вяртаўся раніцай з
возам ракаў. У галодныя летнія дні яны замянялі хлеб і сала. Рэшта ішла на
продаж.
І вось, нягледзячы на такое гаротнае жыцьцё,
стычынцы мелі свой шляхецкі гонар, і трымалі яго на вышыні. Зьвярталіся адзін
да аднаго толькі на “вы” і часам ужывалі слова “пане”. “Ну як, пане Статкевіч,
ці многа сёньня выхапілі з ракі?” – “Дзе вы бачылі, пане Прылуцкі! Выводзіцца
рыба, апусьцела рака”. – “Так, так, пане Статкевіч, выводзіцца...”
Любімай прымаўкай кожнага стычынца было:
“Барані божа!” Яны ўсе ўжывалі яе калі трэба і калі не трэба. “Барані божа, каб
я да мужыка з паклонам пайшоў”. Мова стычынцаў адрозьнівалася ад мовы сялян з
акаляючых вёсак. Не таму, што яны ўжывалі нейкія іншыя словы, а таму, што
вымаўлялі іх інакш, працягла, у нос, мяняючы іншы раз націск: “Ого! Пакланіся,
дык хамула надзьмецца і нос задзярэ так, што і качаргой не дастанеш!”
І ўсё ж такі, нягледзячы на гонар, кланяцца
даводзілася. Поруч са Стычынамі кілямэтры за паўтара знаходзілася вялікая вёска
Лістападаўка. Засьцянковая зямля межавалася з вясковай. На гэтай аснове між засьценкам
і вёскай узьнікалі крывавыя бойкі. Варта было стычынцу ўбачыць, што
лістападаўскае жарабя перайшло мяжу, як ён ужо без духу імчаўся ў засьценак і
галасіў: “Хамаўё на нашы палеткі палезла-а!” Звычайна палеткам быў рэдкі хмызьнячок,
аднак гэта не мяняла справы. Стычынцы хто з кіем, хто з калом імчаліся на поле.
Здаралася, асабліва ў буднія дні, што на месцы злачынства, акрамя прыблуднай
жывёліны, нікога не было. Тады стычынцы, накрычаўшыся ўволю, разыходзіліся па
сваіх хатах.
Але крыўдней за ўсё было тое, што лістападаўцы
жылі лепш за стычынцаў. І зямля была аднолькавая, і балота тое ж самае, а
жывуць лепш! Справа была ў тым, што ў Лістападаўцы ў кожнай хаце - калі не
шавец, то на дудзе ігрэц: музыка, стэльмах ці бондар, кравец ці сталяр, каваль
або рымар. А каторы ніхто, то ён на зіму да чорта ў лазу прыйдзе, а заробак
знойдзе. А шляхціц-стычынец надзвычай высока трымаў свой гонар самастойнага
гаспадара. “Барані божа! Хіба я безьзямельнік ці парабак! Ого!” Паняволі
панясеш у кузьню плуг, калі ён у зямлю не лезе, або хамут, калі ён разьлезься
так, што лямец ля клешчаў не трымаецца, або цэбар, калі ў ім дно выгніла.
Жанкі, вядома, лаяліся: “Рукі, як граблі, сам затычкі не зробіш... Увапхнуў
грошы, як кату пад хвост”. Але хто ў Стычынах лічыўся з жанчынай або
прыслухоўваўся да яе слоў!
Яшчэ адну бяду мелі стычынцы: ніхто так не
верыў у бога і чорта, як яны. Царкву наведвалі кожную нядзелю, пільнаваліся
пастоў. А паспрабавалі б вы засьвістаць на іх вуліцы! На вас бы накінуўся ўвесь
засьценак. “Барані божа! Ідзі ў поле ці ў балота ды чарцей склікай! От хамула!”
Яны, бачыце, лічылі, што сьвістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасьць
не дазваляла гэтага. А чарцей стычынцам даводзілася бачыць на кожным кроку. То
ў адрыне сядзеў на таку, падпяразаны перавяслам, як сноп, то ў хаце ноччу вылез
з падпечка ды давай лявоніху скакаць, то ў сьвінушніку верхам на сьвіньні
сядзеў ды шчаціну з хрыбта скуб, а сьвіньня, вядома, вішчала, як недарэзаная.
Адным словам, хапала чарцей усюды...
У Мысьліцкага была рабая нявестка, якую ён
узяў з другога засьценка. Працавітая і маўклівая жанчына, яна не бачыла жыцьця
праз лапцюжнага і скупога стычынскага “пана” - свайго свёкра, а муж быў
няўдалы, дробненькі, запалоханы з маленства чалавечак. Аднойчы яна асталася
адна дома з малым дзіцем. Вечарам лягла спаць, а дзіця паклала не ў калыску, а
пры сабе. Ноччу, калі забалеў бок, яна, каб не турбаваць малое, сама пералегла
да сьцяны. Толькі пачала засынаць, калі чуе - нехта цягне яе дзіця. Зірнула, аж
гэта ён, нячыстая сіла, рагаты, а вочы, як вугалі, схапіў дзіця за ногі і
валачэ да сябе. Жанчына, вядома, не дае, а ён усё цягне. Тады яна злаўчылася - і
нагой яму ў зубы. Ён паляцеў на дол, ледзь устаў і кажа дзікім голасам: “От, зараза
рабая, усе зубы вытаўкла”. Сплюнуў і, крэкчучы, палез пад печ.
Дзівіліся стычынцы з чорта: “Глядзі ты, і
ён ведае, што ў Мысьліцкага нявестка рабая!” Аднак з таго часу пачалі яе
паважаць. І не толькі стычынцы, але і сам свёкар. Паспрабуй яе крануць, калі
яна з самім чортам управілася! Ніхто, аднак, не ведаў, што гэта была
своеасаблівая хітрасьць загнанай жанчыны, якая навечна адважылася даць сабе
мянушку, абы пазбавіцца ад яшчэ горшай зьнявагі: пабояў, голаду і няўдзячнасьці
за сваю працу...
Вось якія былі стычынцы. Яны так выхоўвалі
і дзяцей. Шляхецкі гонар! Бедны вясковец - не чалавек, сябраваць з ім нельга, а
парадніцца, барані божа! Без бога ні да парога, але і чорта баяцца трэба.
У пачатку дваццатых гадоў, калі ўсюды ў
Беларусі пачалі пакрысе сьцірацца саслоўныя ўмоўнасьці і парушылася вера ў
забабоны, у Стычынах, здавалася, усё было па-старому”.
У “Магілёўскай хроніцы” Т. Р. Сурты і Ю. Трубніцкага
знайшоўся яшчэ адзін Тычына, мешчанін, уладальнік камяніцы ў старым Магілёве.
На яе як на своеасаблівы арыенцір указваюць аўтары, калі апавядаюць пра
італьянца Марыяну, які кватараваў у суседнім доме. Гэты мастак-маляр вядомы
тым, што намаляваў карціну бітвы пад Ляхавічамі, якая адбылася ў 1660 годзе.
Але намаляваў так, што яму папікалі: “Марыян, якія тут у цябе прамыя, хітрыя
ляхаўскія вочы, нашых ты хужэй выпісаў, а сваіх ляхаў лепш, а каб сам быў у
гэтай бітве, даведаўся б, як было на самай справе”.
Аднойчы меў цэлую гадзіну гутаркі з пісьменьнікам
Станіславам Шушкевічам - стаялі ля акна на другім паверсе Палаца прафсаюзаў,
Беларускага Парфэнона, дзе адбываўся чарговы зьезд Саюза пісьменьнікаў БССР, а
мы, члены падліковай камісіі, мелі час для перапынку. Насупраць знаходзіцца Дом
афіцэраў, і міжволі гутарка пайшла пра даваенны Мінск, пра 20-я гады. Узгадалі
суполку “Узвышша”, і С. Шушкевіч спытаў, ці не сваяк я мастака Анатоля Тычыны,
які ў 20-я гады афармляў шмат кніжак “узвышаўцаў”. Я ў адказ пераказаў словы
Алеся Адамовіча, які з гэтым пытаньнем зьвяртаўся некалі да мастака, і абодва
не адшукалі ў сваёй біяграфіі якіх-небудзь сьлядоў і знакаў магчымага сваяцтва.
“Голас крыві” маўчаў.
Чытач газэты “Народная воля” на яе
старонках даўно сустракае дасьціпныя допісы і цікавыя інфармацыі майго цёзкі са
Случчыны, нястомнага журналіста і літаратара Міхася Тычыны. Ёсьць падставы лічыць,
што ў нашых радаводах шмат агульнага. Таксама са Случчыны: нарадзіўся ў засьценку
Боркі, побач з Ліпнікамі, адкуль, дарэчы, родам выдатная пісьменьніца Алена
Васілевіч. Неяк ён напісаў нарыс пра Аляксандру Масквіну-Жаўрыд, стрыечную
сястру маці Алеся Адамовіча, як асобна адзначае аўтар. Жанчына гэта з цікавым
лёсам. Яе сям’ю выслалі ў часы раскулачваньня на Поўнач, а яна, 12-гадовая
дзяўчынка-падлетак, не вытрывала і зьбегла на Бацькаўшчыну. Хапіла розуму і
адчуваньня бясьпекі, каб спачатку наведаць, балазе, па дарозе, сям’ю нашай
цёткі Ані. Два тыдні ў яе перахоўвалася. Потым жыла ў іншых людзей. І гэтак
выратавалася. Я неяк бачыў яе ў Адамовічаў.
Згаданыя факты нават тэорыя імавернасьці не
можа прыняць як абсалютныя доказы агульнасьці нашай крыві і паходжаньня. Але ёсьць
яшчэ Яго Вялікасьць Выпадак. І - хто шукае, той знойдзе. Я шукаў.
Але і мяне таксама шукалі. На золку
“перабудовы”, калі, здаецца, зьнік страх перад перасьледамі, я атрымаў ліст з
Харкава ад інжынэра Юрыя Тычыны. Мой адрасат адшукаў маё прозьвішча ў даведніку
“савецкіх пісьменьнікаў” і вырашыў распытаць пра мой радавод. У адказ на мой
ліст, дзе я згадваў пра “сямейную легенду” і называў імя свайго дзеда Мітрафана
і прадзеда Хаму (мяне паправілі дзядзька і цёткі), ён даслаў часопіс “Київ” з уласным дасьледаваньнем “Радавод
паэта: легенды і рэальнасьць”, малюнкам радаводнага дрэва паэта Паўло Тычыны і
аўтографам. Аўтограф, дарэчы, напісаны па-беларуску, і там былі словы: “Магчыма,
мы з Вамі сапраўды з аднаго карэньчыка”.
Няма патрэбы апісваць, як я быў узрушаны,
заўважыўшы на вяршаліне радаводнага дрэва імя Хамы. Роднага брата Цімафея, які
даводзіўся Паўлу Рыгоравічу Тычыну дзедам. Такім чынам, наш дзед Мітрафан зьяўляецца
магчымым прэтэндэнтам на сваяцтва з бацькам паэта Рыгорам, якому прыходзіўся
стрыечным братам, адпаведна стрыечным дзядзькам самому паэту.
У дзёньніку Паўло Тычыны апантаны шукальнік
родных каранёў Юрый Тычына знайшоў запісы, якія сьведчылі, што паэт, яго браты
і сястра цікавіліся сваім генэалягічным дрэвам: “Михайло Тичина (прадід) -
Тимофій Тичина (дід) - Григорій Тичина (батько)”. I яго тлумачэньне: “Сімейна
пам’ять сягае до якогось диякона Михайла... Брати мої спеціяльно розшукували його в архіві пісківскої церкви. А можливо, що Тичина Михайло
дияконував у Сосниці. Далі йдуть брати Хома й Тимофій (дяк), од останнього
вродився батько”.
Імёны братоў Хамы і Цімафея П. Р. Тычына
згадвае, і гэта невыпадкова. У сапраўднага паэта, які ведае цану кожнаму слову,
а тым больш імёнам і назвам, выпадковасьцяў не бывае. Калі ж не згадаў імя
Мітрафана, свайго магчымага стрыечнага дзядзькі, дык на гэта таксама мог мець
важкія падставы. Напрыклад, ведаючы пра яго лёс, вырашыў не дражніць “гусей”,
якія сваім крыкам, як у старажытным Рыме, маглі і ўратаваць, і зьнішчыць.
Зрэшты, усё гэта толькі дасьціпныя развагі і гіпотэзы, своеасаблівыя
“маргіналіі” (“запісы на палях”).
Пошукі, як сьведчыць Юрый Тычына,
ускладняліся, бо роднае сяло паэта - Пяскі (Піски), як і шмат іншых сёл і вёсак
Чарнігаўшчыны, было спалена ў 1942 годзе. З усіх мэтрычных кніг першай палавіны
XIX стагодзьдзя ў Чарнігаве зьбераглося толькі дзьве і (бывае ж такое!) самой
Рыздва-Багародзіцкай царквы. І прозьвішча Тычына сустракаецца ў іх досыць
часта. Адзін з запісаў для нас дужа важкі:
“1803 года генваря 20. Села Ядловки
войсковой товарищ Стефанъ Тычина умѣръ погребенъ и протоіереемъ Иоанномъ Пушкискимъ. Лѣтъ 46”.
Атрымліваецца, што прапрадзед Паўла
Рыгоравіча нарадзіўся або 1756, або 1757 года.
А далей ішоў такі запіс:
“1821 г. октября 5. От діякона Михайла
Тычины и жены его Ксеніи родился сынъ Фома...”
Дык гэта ж той самы Хама, брат дзеда, пра
якога пісаў Павел Рыгоравіч! І нарэшце запіс, які зьяўляецца зьвяном у “радавым
ланцужку”: “1825-г. февраль 21.
У діакона Ядловской церкви Михаила Тічині и
жені его Ксеніи сынъ Тимофей...”.
Так стала вядома дата і месца нараджэньня
дзеда Паўла Рыгоравіча, Цімафея Міхайлавіча.
Што да прадзедаў-прапрадзедаў Паўло Тычыны,
то нічога не застаецца, як толькі паўтарыць схему пошукаў Юрыя Тычыны. Яму
ўдалося выйсьці ажно да пачатку XVII стагодзьдзя, да часоў Запарожскай Сечы.
Запіс у штодзёньніку П. Р. Тычыны пра
лубачную карціну “Переяславська рада”, якая вісела на сьцяне ў роднай хаце і
пра словы “І батько, було, показуе пучкою на запорожця, що з лівого боку на
якомусь пню, чи що, сидів: - Оце полковник Тичина. - Можливо, що це була
романтика, хоч правда, у так званих “Полуботківських міліонах” (маецца на ўвазе
страчаная кніга пра легендарныя скарбы гетмана Паўботкі. - М. Т.) було й наше
прізвише...”
Такім чынам, Павел Рыгоравіч не выключаў
мажлівасьці існаваньня рэальнай асновы сямейнай легенды пра казацкі род.
Я памятаю школьны падручнік па гісторыі,
дзе была зьмешчана ілюстрацыя згаданай карціны, і памятаю тую нехлямяжую постаць
казака Запарожскай Сечы на пні як сымбаль не толькі ваяра, але і задуменнага
назіральніка. Прынамсі, мог бы зьвязаць з гэтай карцінай вясковую мянушку прадзеда
Хамы - Сыч. Хутчэй за ўсё так на беларускі манер гучала - Січ. Падобна, што наш
прадзед распавядаў жыхарам Засмужжа пра памятную сямейную легенду, а лёгкія на
досьціп землякі адразу замацавалі за ім гэту мянушку. Так зьявіўся шляхецкі
дадатак да прозьвішча Тычына-Сыч. І дарэмна я потым шукаў рысы падабенства маіх
продкаў з сычамі. Сам пазьней выкарыстоўваў гэта ў друку як псэўданім.
Але вернемся да архіўных пошукаў і высноў
Юрыя Тычыны.
Пра Стэфана, бацьку Міхаіла, дзеда Рыгора і
прадзеда Паўла Рыгоравіча, з тых жа мэтрычных кніг вядома: казак. Меў ганаровае
званьне вайсковага таварыша, якое адпавядае званьню сотніка. Жыў у сяле Ядлівка
на Чарнігаўшчыне, побач з тычынаўскімі Пяскамі. Памёр 20 студзеня 1803 года і
“погребен протоиереем Иоанном Пушкинским”.
Далей ідзе Гаўрыла, 65 гадоў, казак з той
жа Ядліўкі. Пра яго запісана, што меў сына, вайсковага таварыша Сьцяпана-Стэфана,
36 гадоў, і ўнука Міхаіла, 4 гадоў (запіс ад 1794 года).
Пра Рыгора, бацьку Гаўрылы, вядома, што ён
казак з Ядліўкі. Нарадзіўся каля 1700 года, па бацьку - Хведаравіч. Жыў “на
ўласных сваіх і набытых ім шляхецкіх маёнтках” (пазьней падзеленых паміж
сынамі).
Хведар, 1660 года нараджэньня, быў “знатным
вайсковым таварышам”.
Імя ягонага бацькі Гната ўстаноўлена такім
чынам: яно згадваецца сярод пераліку блізкіх Хведара Хведаравіча Тычыны,
роднага брата Рыгора.
Нарэшце пра самога Гната Тычыну, прыблізна
1625 года нараджэньня, вядома з рэестру войска Багдана Хмяльніцкага, сярод 37
745 прозьвішчаў. Ён быў вайсковым старшыной у Канеўскім палку.
Імя Гната Тычыны, палкоўніка, двараніна,
згадваецца таксама ў ведамасьцях (дадатках) да картатэкі В. Л. Мадзалеўскага.
Вось куды, ажно да часоў самога гетмана
Багдана Хмяльніцкага, вядзе радаводная лінія Паўла Тычыны. Як у Эвангельлі ад
Мацьвея: Гнат спарадзіў Хведара, Хведар спарадзіў Рыгора, Рыгор...
З маім малодшым братам, палкоўнікам у
адстаўцы, жартавалі: чаму не даслужыўся да генэрала? Ды таму што Гнат Тычына -
вунь калі яшчэ! - акрэсьліў верхнюю плянку вайсковай кар’еры для будучых
сваякоў!
А брат у адказ: “А ты чаму ўсё яшчэ
загадчык?” – “Ды таму, што бацька быў загадчыкам! А папярок бацькі перціся
народная мудрасьць забараняе”.
Атрымліваецца цікавы сюжэт: 5 пакаленьняў
Тычын-вайскоўцаў - казакі, калі ваяўнічы запал астыў, зьявіліся 3 пакаленьні -
сьвятароў (дыякан Міхаіл, панамар Цімафей, дзяк Рыгор, нарэшце сам Паўло
Рыгоравіч скончыў Чарнігаўскую духоўную сэмінарыю). А з Паўла Тычыны пачаўся
ланцужок літаратараў. Ці не тая заканамернасьць, якую мелі на ўвазе і Талстой,
і Дастаеўскі, задумваючы раманы пра “вялікіх грэшнікаў”?! А менавіта два старшыя
грашаць, а трэці, малодшы, замольвае свае і чужыя грахі!..
У працэсе росшукаў Юрыя Тычыны пацьвердзіліся
і загадкавыя словы Паўла Тычыны: “Пушкіна, Шаўчэнку - я так блізка адчуваю, як
нікога...”. Магло б сысьці за рытуальную фразу, якую часта прамаўлялі і рускія,
і ўкраінскія, і беларускія літаратары, калі публічна спавядаліся ў вялікай
любові да клясыкаў іншых літаратур у імя “дружбы народаў”. Але Тарас Шаўчэнка,
як сьведчыць зроблены ў альбоме іярэем Іаанам Смірніцкім запіс, начаваў 19
студзеня 1844 года ў хаце аднаго з продкаў Паўла Тычыны - Гаўрылы Стэфанавіча,
сьвятара з вёскі Ічня, што знаходзіцца непадалёк ад вёскі Пяскі. Гэта
адбывалася падчас першага падарожжа паэта па Украіне, калі ён ехаў у Маскву і
Пецярбург. У выніку гэтай паездкі былі напісаны яго вядомыя вершы “Разрытая
магіла”, “Чыгрыне, Чыгрыне...”, “Сава”, а таксама паэма “Сон”.
Што да Аляксандра Пушкіна, то дачыненьні
Паўла Тычыны да яго творчасьці, заўсёды былі асаблівымі. Можна сказаць, нават
інтымнымі. Аб гэтым сьведчыць мноства згадак пра яго ў вершах, артыкулах,
выступленьнях.
Па вялікаму рахунку размова ідзе пра
ўспрыманьне гісторыі як нечага вельмі блізкага. Паводле пушкінскіх слоў,
“сямейным чынам”.
Дасюль застаецца нявысьветленым пытаньне,
што пацягнула Хаму Міхайлавіча на Беларусь і як ён апынуўся на Любаншчыне? А
гэта адбылося, прынамсі, недзе ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, калі лічыць, што
наш дзед Мітрафан Хаміч нарадзіўся прыблізна ў 1865 (1866?) годзе, калі яго
бацьку споўнілася 45 гадоў. Сам дзед Мітрафан таксама жаніўся позна - меў ужо
за 35 гадоў. Таксама прыкмета шляхецкай завядзёнкі: стваралі сям’ю тады, калі
станавіліся гаспадарамі. Бабуля Ефрасіньня ўспамінала, што ёй тады было ўсяго
17 гадоў, і яе муж здаваўся дужа сталым. Яна яго спачатку нават пабойвалася.
Калі зьвярнуцца да гістарычных падзей, то
сёе-тое можна патлумачыць зьменамі ў геапалітыцы. Пасьля 1793 года Міншчына, у
тым ліку і Случчына, былі далучаны да Расійскай імпэрыі. Беларусь уключылася ў
агульнарасійскую гаспадарчую сыстэму. Наладзілася сувязь з рускімі і
ўкраінскімі губэрнямі, з Чарнігаўшчынай. Напэўна, неяк адгукнуліся ў памяці і ў
сэрцы згадкі пра родны кут продкаў. Магчыма, Хаму Тычыну пацягнула на
Бацькаўшчыну.
У сьпіску дваранскім 1816 года, лістапада
месяца, Слуцкага павета Мінскай губэрні, памешчыка князя Антонія, у шляхецкіх
сказках сярод “чыншовое шляхты в околицах Тычинах” пералічваюцца імёны і прозьвішчы:
Тычына Міхайла, сын Мацвея, “ныне на лицо” (на вонкавы выгляд) 36 гадоў,
Марыяна, ягоная жонка, 40 гадоў; Ігнацій, нованароджаны сын Міхайлы, 2 гадкі;
дачка Зофія; яго брат Карп, 30 гадоў, Марыяна, яго жонка, 30 гадоў, Караліна,
яго дачка, 3 гадкі; Тычына Лукаш, сын Самуілаў, 50 гадоў; Пётр, яго брат, 45
гадоў; Анна, жонка Пятра, 30 гадоў; Уладзіслаў, сын Пятра, 1 гадок... Усё гэта
за 5 гадоў да нараджэньня Хамы, таму мае ўскоснае дачыненьне. Тым больш што
гутарка ідзе пра розныя суседнія паветы - Слуцкі і Любанскі.
У архіве г. Якуцка Якуцкай аўтаномнай акругі Расійскай Фэдэрацыі згадваецца
Мітрафан Хаміч Тычына. Але... 1893 года нараджэньня?! Які ў 11 гадоў стаў
бацькам старшай сваёй дачкі Ані... Што казаць пра высланых, так званых спэцперасяленцаў,
калі архіў аб працы 16-гадовай нашай маці, Алашкінай Кацярыны Сьцяпанаўны, на
лесараспрацоўках, як нам паведамілі, наогул “не сохранился”! Немцы там - я яшчэ
помню - былі, але палонныя.
Дык што наогул зьвязвае ўсіх прадстаўнікоў
тычынаўскага роду з Беларусьсю і Украінай? З тымі самымі Вялікімі і Малымі
Тычынамі? Чаму архівы абрываюцца на згадцы пра Гната Тычыну?
Магчыма,
гісторыя нешта патлумачыць. Беларускія летапісы, дзе пра гэты бурны час
сказана, што на Случчыне не было аніводнага спакойнага года. Калі, па сутнасьці,
зьдзяйсьнялася “вялікае перасяленьне народаў”. Калі і ўзьнікла Запарожская Сеч.
Якія стасункі меў дзед Мітрафан з раднёй,
бываючы ў Кіеве? Дзе вучыўся ў камэрцыйным інстытуце і ўжо выступаў з вершамі
Паўло Тычына?
Зрэшты, павінны ў гэтым сьвеце, дзе ўсё
пераблыталася, заставацца і нейкія неразгаданыя таямніцы. Хіба мала таго, што
на імгненьне адхінулася заслона Вялікага Часу, дазволіўшы падгледзець
даўнейшае, востра адчуць глыбіню геннай памяці і ўсяго таго, што называецца
“поклічам крыві”?!
Што да “радаводнага дрэва” і “сямейнай легенды”,
то сёньня, на мяжы тысячагодзьдзяў, анкетная графа пра “сацыяльнае паходжаньне”
і “шляхецкія сказкі”, здаецца, страціла ранейшую актуальнасьць.
Кожны з нас аднекуль “пайшоў”.
Пісьменьнік Алесь Адамовіч, прадстаўнік
яшчэ аднаго адгалінаваньня радаводнага дрэва Тычынаў (дзявочае прозьвішча яго маці
Ганны Мітрафанаўны - Тычына, наша родная цётка, старшая сястра нашага бацькі),
які і падштурхоўваў мяне да пошукаў разгадкі “сямейнай легенды”, выслухаў маё
сэнсацыйнае паведамленьне пра Юрыя Тычыну, ягоны артыкул, радаводнае дрэва,
надзіва спакойна, нават нейк стомлена і паблажліва. Адно паўтарыў яшчэ раз ужо
чутую ад яго ўласную спробу сустрэцца з Паўлам Тычынам, якая скончылася
няўдачай. Канстатаваў, што “сямейная легенда” ўсё ж мае падставы.
Прычыны? Усё натуральна. Усё вельмі проста.
Галіны “дрэва” з часам разыходзяцца ўсё далей і далей і ім цяжка сустрэцца,
перасячыся.
Р. S. У траўні 2007 года беларускія і ўкраінскія Тычыны сустрэліся,
абрадаваліся адно аднаму і паразумеліся. А ўсё дзякуючы тагачаснаму амбасадару
Украіны ў Беларусі Ігару Дзьмітравічу Ліхавому. З украінскага боку гэта Тацьцяна
Сасноўская, унучатая пляменьніца Паўла Рыгоравіча, дырэктар яго кватэры-музэя ў
Кіеве, заслужаная дзеяч культуры, яе муж Раман, дзеці - сын Канстанцін і дачка
Ірына, - украінскія Тычыны, “вялікія і малыя”.
У выніку гэтай сустрэчы і іншых сустрэч - у
Мінску, у Кіеве, у Пясках, у Пад’ельніках на Узьдзеншчыне - і ўзьнікла задума
гэтай кнігі.
Хіба гэтага мала, каб сказаць, што канцы і
пачаткі, вынікі і прычыны ў рэшце рэшт сыходзяцца і ствараюць замкнёнае кола?!.
РАЗЬДЗЕЛ I.
БЕЛАРУСКІЯ ТЫЧЫНЫ
ЖЫЦЬЦЯПІС
ТЫЧЫНЫ АЛЯКСАНДРА МІТРАФАНАВІЧА
I КАЦЯРЫНЫ СЬЦЯПАНАЎНЫ
15 сьнежня 1908 года. Дата нараджэньня Тычыны Аляксандра Мітрафанавіча.
Адзіны дакумэнт, які гэта пацьвярджае, - Пасьведчаньне аб заканчэньні Любанскай
сямігадовай школы Слуцкай акругі ад 16 чэрвеня 1927 г.
Дзень і месяц нараджэньня нашага бацькі ў
яго пашпарце, ваенным білеце, прафсаюзным білеце, працоўнай кніжцы
адсутнічаюць.
Дні нараджэньня дзяцей у сям’і помнілі і
звычайна адзначалі. Адзначаць імяніны дарослых - не было такой завядзёнкі.
Бацька бацькі, гэта значыць наш дзед, -
Мітрафан Хаміч. Нарадзіўся ў 1866 годзе - дату вылічылі паводле ўспамінаў
бабулі Ефрасіньні Іосіфаўны: “Аддалі замуж за майго Тычыну ў 17 год. Муж быў на
17 гадоў старэйшы. Шляхта жанілася позна. Тады, калі была ўжо самастойнай, мела
сваю гаспадарку. Звычайна пасьля 30-ці гадоў. Жаніліся на маладзенькіх
дзяўчатах на выданьні - старэйшыя былі амаль усе ўжо замужам”. Дадавала з уласьцівай
ёй - і можна сказаць усёй тычынаўскай пародзе, бацьку, дзядзьку, цёткам -
самаіроніяй: “Муж здаваўся старым, і я яго вельмі баялася”.
Бабулін год нараджэньня - 1883-ці - мы
добра ведалі: на цэмэнтавым надмагільным помнічку з жалезным крыжыкам наверсе
гэта дата была пазначана. Як і год скону - 1958-ы.
У часы “гарбачоўскай перабудовы”
патэлефанаваў дасьледчык архіваў, які пабываў у Якуцку, зьбіраў зьвесткі пра
сваіх бацькоў-спэцперасяленцаў і заадно перазьняў запісы пра
землякоў-беларусаў, і
прапанаваў за пэўную грашовую суму набыць зьвесткі пра нашага дзеда Тычыну
Мітрафана Хаміча. Я
папрасіў яго зачытаць гэтыя зьвесткі і, пачуўшы, што наш дзед нарадзіўся ў 1893
годзе, жахнуўся: атрымлівалася, што наш дзед у свае 11 год нарадзіў дачку Ганну,
нашу цётку, у 13 - сына Антона, нашага дзядзьку, і ў 15 - нашага бацьку.
Навідавоку была грубая фальсыфікацыя, патрэбная статыстыцы немаведама
дзеля чаго. Тым больш што са сталінскай статыстыкай мы мелі клопату і ў іншых
выпадках, напрыклад, калі афармлялі маці пэнсію. Я адмовіўся ад такіх зьвестак,
аб чым цяпер шкадую: усякія дакумэнтальныя факты вартыя ўвагі.
Памёр наш дзядуля Мітрафан улетку 1942
года. Бацька наш, вярнуўшыся з вайны ў канцы 1945 года, шукаў ягоную магілу і
не знайшоў - ні крыжоў, ні надмагільля, адно вечная мерзлата. Цётка Люба згадвала гэты эпізод са скрухай.
Маці бацькі, наша бабуля, - Ефрасіньня
Іосіфаўна (дзявочае прозьвішча Кунцэвіч). Нарадзілася ў 1883 годзе. Кунцэвічы
пасьля высылкі ў тым жа 1930 годзе, цётка Наташа і яе дачка Вольга жылі ў
Паўночнаўральску, а цётка Яўгенія і яе сын Аляксандр жылі ў Сьвярдлоўску. У
1956 годзе, пасьля XX зьезда КПСС, атрымалі права на вольнае пасяленьне, з
забаронай сяліцца ў сталіцах і Беларусі. Выбралі г. Ярцава, непадалёк ад
Смаленска, - каб быць бліжэй да родных краёў. Упершыню наведалі сваякоў вясной
1957 года.
Бабуля Фрося ўсе тыя дні правяла з старшай
сястрой Яўгеніяй (бабулі Наталлі ўжо не было ў жывых) у размовах. Нашы цёткі
казалі ўсьцешана: “Не маглі нагаварыцца”. Я помню, як, глянуўшы на іх,
захопленых успамінамі, стараўся прамінуць незаўважаным, каб і на момант не
перашкодзіць слаўным бабулькам. Помню і дзядзьку Аляксандра, пляменьніка нашай
бабулі, які шмат распавядаў пра сваё жыцьцё-быцьцё ў высылцы, хаця пра многае
ўжо было вядома з перапіскі з ц. Ганнай Адамовіч, якую яна вяла амаль ўвесь час
з вялікай раднёй. Але пра гэта я, у тыя гады падлетак (вучань 8-га кляса, меў
14 гадоў, на год менш, чым мае аднаклясьнікі, бо пайшоў у першы кляс, маючы 6
гадоў, - вельмі ж хацеў вучыцца), адно чуў, бо размовы адразу змаўкалі: тое
жахлівае, што дасталося на долю нашай радні, было не для дзіцячых вушэй! Цётка
ў такія моманты рабіла вялікія вочы, паказваючы на мяне.
Праз год, 22 чэрвеня 1958 года, наша бабуля
Фрося памерла. Хварэла 2 тыдні. Я ўжо паехаў на летнія вакацыі ў свае
Завалочыцы і адно чуў сьцішаныя размовы бацькі і маці пра яе хваробу: “запаленьне
лёгкіх”.
Два гады, што я кватараваў у ц. Любы,
бачыў, што бабуля амаль не выходзіла з хаты. Сядзела на ложку. Думала. Часам
што-небудзь рабіла на куханьцы, каля печы. Апошнія гады жыла ў ц. Любы,
малодшай сваёй дачкі. Я прыбягаў са школы, і мяне чакалі пульхныя і духмяныя
бліны - такіх я больш ні ў каго і ніколі не еў. Распытваў у ц. Любы пра рэцэпт
прыгатаваньня, але ў мяне нічога падобнага па смаку і той жа пульхнасьці не
атрымлівалася.
Аднойчы ў Глушы сьвяткавалі Дзень працы, і
з Завалочыц у кузаве грузавіка прыехала шмат вяскоўцаў. У тым ліку бацька і я.
Па дарозе да стадыёна, дзе адбываўся канцэрт, мы зайшлі да бабулі. Потым бацька
з сябрамі сядзеў пад густой хвояй - такіх, як у Глушы хвояў і лесу, прыгожых і
чыстых, я нідзе больш не бачыў - яны пілі, гаманілі, а я блукаў па знаёмых сьцежках,
якія добра вывучыў за тыя гадзіны, што зьбягаў з урокаў. Вяртаючыся, зноў
зайшлі з бацькам да бабулі, і нас чакаў стос бліноў на стале ў сьвятліцы,
пакрытым белым абрусам, - сьвяточная гадзіна сямейнай бяседы, папраўдзе, самога
шчасьця.
Пакуль змога, то бабуля глядзела малога
Вову - маці была на працы. Ну, а ц. Люба глядзела і Вову, і сваю маці, і мяне.
І ц. Аня ўвесь час клікала на дапамогу - ужо на выхадзе з шклозавода ў п. Глуша
паведамлялі, што званіла. Сама ўжо не мела моцы - балелі ногі, пераступіць
парог цяжка было. Але ж і цётцы Любе гэта нагрузка - прыбраць будаўнічы друз,
мех з апілкамі, нешта прынесьці, дроў, вады, нешта зрабіць - пасьля працы, калі
трэба было сьпяшацца дахаты, дзе бабуля, сын-школьнік чакалі, вячэру
прыгатаваць.
Я шчасьлівы, што два апошнія гады
бабулінага веку вучыўся ў сярэдняй школе ў Глушы, за 12 вёрст ад нашых
Завалочыц, і жыў на кватэры ў цёткі Любы. Мой раскладны жалезны ложак
знаходзіўся ў адным пакойчыку за дашчанай
перагародкай з бабуліным ложкам. Бабуля была не дужа гаваркая, але яе рэплікі
заўсёды былі поўныя іроніі, як і ў дзядзькі Антона. Успамінала загадкі,
прыказкі, скарагаворкі - некаторыя з іх я запісваў. Раней, казала, ведала шмат
казак, але многае забылася з часам дый не было цікаўнага слухача.
Цяпер разумею, што менавіта бабуля
разбудзіла ва мне беларускасьць, калі беларуская мова ўсе гады дзяцінства і
юнацтва здавалася такой натуральнай, што я нават не задумваўся, на якой мове
гавару. І адбылося гэта ў далёкай ад Беларусі і ад усяго беларускага Якуціі:
бацька ваяваў, а маці ў дзьве зьмены працавала адкатчыцай на шахце - зарабляла
на пражыцьцё 4-х хлебаедаў, старшыя - Жэньку 8 гадкоў, Сашку 6 - хадзілі ў
дзіцячы садок, і там хоць давалі есьці, і я быў з бабуляй дома. І гэтак пакуль
бацька не вярнуўся з вайны. Іншай мовы як беларуская бабуля Фрося не ведала.
Маці потым не раз казала: “Бабуля больш за ўсіх Мішу любіла!” І я яе люблю -
без яе не быў бы тым, кім ёсьць, беларусам. Помню, як яна радавалася прыезду
сястры Яўгеніі.
Шмат што з яе жыцьця і жыцьця маіх бацькоў
застаецца таямніцай. Аднак жа пра многае можна здагадвацца, многае ўяўляць. Не
магу сказаць, што я адразу загарэўся прагай адшукаць нашы радаводныя карані.
Стаўшы студэнтам, я зацікавіўся фальклёрам,
дыялектамі, і ў гэтым была вялікая заслуга Уладзіміра Андрэевіча Калесьніка,
нашага выкладчыка і куратара групы, з лекцый і кніг якога пачуў пра Аляксандра
Сержпутоўскага, зьбіральніка беларускага фальклёру, а таксама Фёдара
Міхайлавіча Янкоўскага, земляка, выдатнага мовазнаўцы і аўтара дыялектных
слоўнікаў Глушчыны. У лекцыі У. А. Калесьніка сярод імёнаў рэспандэнтаў А. Сержпутоўскага
пачуў і прозьвішча казачніка Тычыны. Набыў кніжку “Казкі і легенды Беларускага
Палесься” і з захапленьнем прачытаў казкі, запісаныя ад Тычыны, жыхара вёскі
Пешчанка, думаючы пры гэтым пра бабулю Фросю, нашага бацьку, дзядзьку, цётак, -
калі мне падабалася, то чаму не магло падабацца і ім.
Казкі казкамі, а жыцьцё жыцьцём. Ратуй Божа
зьведаць зьведанае блізкімі.
Яўгенія Іосіфаўна Кунцэвіч прыехала ў Глушу
з сям'ёй, каб разьвітацца назаўсёды са сваёй малодшай сястрой, нашай любай
бабуляй. Бог за год да таго ўсё ж такі даў ім шчасьце пабачыцца, усё
абгаварыць, душу выліць, пацешыцца.
З часам, калі зьявілася патрэба адзначаць
юбілеі бацькоў, мы, дзеці, пісьменныя, адукаваныя, хто скончыў інстытут, а хто
яшчэ вучыўся, мелі з гэтым клопату. У бацькі ж быў адзін галаўны боль, каб мы
“выйшлі ў людзі”. У яго разуменьні - каб вучыліся.
Калі я на 2-м курсе пасьля пераздачы
экзамэну па псыхалёгіі (як і мае сябры-паэты, не лічыў набор дэфініцый, паняцьцяў,
тэрмінаў, катэгорый, “першай” і “другой сыгнальных сыстэмаў”, і інш. псыхалёгіяй)
напісаў у лісьце дахаты, што давядзецца кідаць інстытут, бацька адпісаў
коратка: “Прыяжджай! Вілы ёсьць. Чакаюць”. І я ўжо кінуў свае дзіцячыя дурыкі.
Дарэчы, пра “інстытуты”. Усе мы, шасьцёра,
пяцёра братоў, “адзін аднаго не панясе”, і сястра, самая малодшая, доўгачаканая
бацькамі, якія мелі на гэта свой плян і задуму, атрымалі дыплёмы аб вышэйшай
адукацыі. прафэсіі розныя - бугальтар Яўген, інжынэр-мэханік Аляксандар, настаўнік
Міхаіл, архітэктар Уладзімер, інжынэр-тэхноляг Мікалай, бібліятэкар Іна. Есьць
нават два дактары навук, філялягічных - Міхаіл (пішу сябе так, як называлі
бацькі), тэхнічных - Мікалай. Цягнуліся да адукацыі, бо быў перад намі ўзор -
радня.
Ужо адзначылі 60-годдзе цёткі Ані, старшай
сястры бацькі (сабралася амаль уся наша вялікая радня, што зафіксавана на
калектыўным фотаздымку), праз два гады - дзядзькі Антона. Блізіўся - таксама
праз два гады - бацькаў юбілей, а калі яго адзначаць - ніхто з нас і нашых
сваякоў не ведаў. Казалі, як і наша маці: “Дзесьці ўзімку. Калі ўжо босыя не
хадзілі”. Я яшчэ раз перагледзеў сямейны архіў, бацька на маё вялікае адкрыцьцё
адно пасьміхнуўся: чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала! Не плакаў -
радаваўся.
1914 год. У копіі адноўленага запісу Пасьведчаньня аб нараджэньні,
выдадзенага, у адпаведнасьці з “нар/ужным/ від/ам/”, напісана, што наша маці
Алашкіна (дзявочае прозьвішча) Кацярына Сьцяпанаўна нарадзілася 5 студзеня 1919
года. Пасьля вайны многія так аднаўлялі зьвесткі аб сваім узросьце, некаторыя
падмалоджвалі сябе (мой аднагодак у мэтрыках памаладзеў ажно на 4 гады, потым
меў клопату з афармленьнем пэнсіі). Глускі ЗАГС Бабруйскай вобласьці 19 чэрвеня
1950 года, калі рабочым саўгасаў выдавалі пашпарты, у адпаведнасьці з гэтым запісам
выдаў адэкватны пашпарт.
Глуск і Глускі раён пасьля вайны некалькі
разоў перадаваўся ў розныя вобласьці, на памежжы якіх апынуўся: пасьля скасаваньня
Бабруйскай вобласьці мы пабывалі ў Гомельскай, Мінскай і нарэшце апынуліся ў
Магілёўскай. Простаму люду што з таго, а вось раённаму начальству мала было
радасьці з частымі пературбацыямі з пасадамі і пераездамі, але нічога, “звыклая
справа”, бо намэнклятура вечная, і кругазварот - з пасады на пасаду - тых, каму
аднойчы пашчасьціла трапіць у яе сьпісы, бясконцы.
Мы з аповедаў бацькоў ведалі, што яшчэ ў
Якуціі, дзе нашы бацькі апынуліся не па сваёй волі і сталі “спэцперасяленцамі”,
калі маці 15 лістапада 1946 года выпісвалі працоўную кніжку, наш бацька і
старшы брат маці Іван, “дзядзька Ваня”, будучы на вясёлым падпітку, рашылі
падмаладзіць маці на 5 год, бацька пазьней не раз, слухаючы кепікі-гульню маці,
жартам адгукаўся: “Ты ж у мяне маладая!” Было шмат клопатаў з пэнсіяй.
Вартая асобай увагі мова гэтага дакумэнта -
тагачасны варыянт сучаснай трасянкі, які пісаўся чалавекам невялікай граматы,
нашчадкам Пісулькіна, героя “Пінскай шляхты” В. Дуніна-Марцінкевіча. Што казаць
пра сельсавет, калі дырэктарам Завалочыцкай сямігодкі нейкі час быў настаўнік,
які сам меў толькі 4 клясы адукацыі. Побач: “Запись востановлена копия” –
“Пасведчане аб нараждени”; “нарадилася” – “утворен адповедный
запись”; “Копия с оргеналом верна” – “Звестки аб бацьках”; “Место нарождения
дицяци” – “Загадчык бюро записей грамацкага стана”. Неўміручая беларуская мова
хоць так - памылкамі і трасянкаю - нагадвала аб сабе.
Бацькі між тым вярталіся з Сіманавіцкага
сельсавета ў вясёлым настроі: маці нарэшце мела дакумэнт, што ў тых умовах
азначала шмат, амаль усё (славутае: “Няма дакумэнта - няма чалавека”). Нашы
бацькі нарэшце зарэгістравалі свой шлюб (27. VI - 50 г.) - гэта праз два гады
пасьля нараджэньня пятага сына, Мікалая. Гісторыя захавала імя загадчыка бюро
запісаў грамадзкага стану В. Барысіка - хвала яму і вечная памяць.
У Пасьведчаньні было самае галоўнае: дата
нараджэньня, месца нараджэньня (“село Прокино раён Череповицкий об. Вологоцкая
республика Р.С.Ф.С.Р”), нацыянальнасьць (“Руская”), імёны бацькоў (Сьцяпан Сьцяпанавіч
і Аляксандра Захараўна) - усё са слоў нашых бацькоў. Адказу на сваю заяву,
адрасаваную ў Белаазёрскі РайЗАГС (сяльцо Прокіна Георгіеўскай воласьці
Белаазёрскага раёна Валагодзкай вобласьці), з неабходным удакладненьнем: “нараджэньне
зарэгістравана ў Георгіеўскай царкве ў 1914 годзе”, бацькі не атрымалі.
У членскім білеце Прафэсійнага саюза рабочых
па здабычы золата і плаціны, выдадзеным 25 сьнежня 1942 года, старацель Тычына
Кацярына Сьцяпанаўна, год нараджэньня пазначаны - 1915-ы. Адзначана таксама,
што працоўны стаж нашай маці пачынаецца з 1 мая 1942 года: менавіта тады яна,
маці дваіх малых дзяцей (Яўген - 9 кастрычніка 1937 года, Аляксандр - 16 мая
1939 года) пайшла на працу на шахту Ленінскага прыіска Алданскага раёна Якуцкай
АССР. У працоўнай кніжцы старацеля, выдадзенай 14 лістапада 1946 года, год
нараджэньня пазначаны “1919”, адукацыя - пачатковая, прафэсія - адкатчыца.
Можна ўявіць сабе нашу маленькую, ростам з падлетка, але цягавітую і цярплівую
маці за тачкай, разьлічанай на дарослага мужчыну: сама маці не раз згадвала,
што такое быць адкатчыцай. Рук не хапала, каб ухапіць тачку за ручкі, брала
ніжэй. Самы вялікі страх, казала, быў, калі кола зьлятала з вузенькай дошкі і зьмесьціва
тачкі выкульвалася на дол. Па сутнасьці, наша маці апярэджвала апісаньне гэтай
цяжкай працы, прачытанае мной значна пазьней ў “Калымскіх апавяданьнях” Варлама
Шаламава.
1919 год. У гэтым годзе памерла наша бабуля, Алашкіна Аляксандра
Захараўна. Памерла ад “гішпанкі”. (Лічаць, што ад гэтай страшнай хваробы, разнавіднасьці
віруса грыпу, тады памерла звыш мільёна чалавек у Эўропе). Наша маці, Кацярына
Сьцяпанаўна, была малодшай у сям’і. Старшы брат Васіль - селянін, затым
Феакціст - селянін, Аляксандр - шахцёр, Іван - бугальтар, сястра Марыя -
сялянка.
Маці ўспамінала - дзіцячая памяць
учэпістая, а нешта, думаю, чула ад старшай сястры Марыі, калі яна прыяжджала ў
госьці, - раку Андагу і раку Іштаму. Вёска Прокіна знаходзілася на шляху з
Белаазёрска ў Чарапавец. Навокал азёры і балоты. Неяк маці ішла ў суседнюю
вёску да цёткі, але не цераз мост, а напрасткі, цераз кладкі, якія не даходзілі
да берага. Туды ішла - было нічога, а назад - стала страшна.
Вёска Прокіна, па сутнасьці, хутар. Хата
Алашкіных непадалёк, насупраць. Мая дачушка Каця ў Інтэрнэце адшукала гэту
вёску, сфатаграфаваную з спадарожніка. Пабачыла дарогу, возера. Як бы, мусіць,
парадавалася наша маці, калі б дажыла да Інтэрнэта: ёй так хацелася пабыць у
сваім Прокіна, дзе прайшло яе маленства і пачыналася юнацтва!
Пра сваю маці ведае ад брата Івана і сястры
Марыі. Паводле іх слоў, маці хварэла на тыф. Ачуньвала і пасьля хваробы
вырашыла паспаць пад полагам - лета і на Валагодчыне сьпякотнае. Грудзі
залажыла, і ноччу гной, мабыць, задушыў. Ніхто не здагадаўся павярнуць на бок.
Ды і не чулі. Сама наша маці запомніла, аднак, што хварэла на “іспанку”. 1919
год - год памятны.
Бацьку добра памятае - русы. Маці - чорная,
валасы, што смоль. Як і наша мама. Валасы па пояс, густыя - расчэсвала, ажно
трэск стаяў. Пра бацьку казала, што памёр ад зьнясіленьня. Ужо ў Якуціі. У 30-м
годзе.
Нашай маці было 5 гадкоў, калі яна
асірацела. Апекавалася ёю Параска, жонка старшага брата Івана, залоўка, якую
маці часта згадвала з удзячнасьцю за тое, што шмат чаму навучыла (вышываньню,
вязаньню, кройцы і шыцьцю, кухарскай справе). Маці няма ўжо 13 год, а ў хаце ў
нас служаць сваю добрую службу кругі-палавічкі, вязаныя з рызьзя, якое звычайна
ў іншых гаспадынь не знаходзіць ужытку. Захаваліся навалачкі і прасьціны,
падшытыя вышыўкамі.
У брата Мікалая і ягонай Людмілы на
радзівілаўскіх маштабаў стале ў цэнтры красуецца вялікае кола-вышыванка з
тонкім і дасканалым малюнкам - сястра Іна адшкадавала на ўлазіны. Вось твор
нашай маці, які лепш, чым што сьведчыць пра яе магчымасьці і
ўмельства-майстэрства!
Маці скончыла лікбез, умела - яе словы — “слібізаваць”
напісанае, але з пэўнымі намаганьнямі. Магла і расчытаць друкаванае, калі трэба
было. Але вялікага жаданьня да чытаньня не мела. Не да таго было. Нас, вялікіх
грамацеяў, ніколі не дакарала тым, што “сьлепім вочы” або “марнуем дарагі час”.
Можа таму нашы дзеці Каця, Юля, Зося,
слухаючы бабуліны гісторыі, спыталі аднойчы: “Бабуля, а які ты скончыла
інстытут?” Бабуля, наша маці, між тым прайшла ў сярэдзіне 20-х гадоў лікбез, 4
клясы, а яе “жыцьцёвыя ўнівэрсытэты” былі такія, што не дай Божа нікому
добраму.
1923 год. Бацька скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы Забалаць.
1927 год. У бацькавых пажоўклых паперах знайшлося Пасьведчаньне аб
сканчэньні сямігодкі, якое ад шматразовага складваньня-раскладваньня распалася
на 8 квадрацікаў, але расчытаць яго можна было.
Дакумэнт выдадзены 16 чэрвеня 1927 года,
калі яшчэ працягвалася беларусізацыя і ў пашане была тарашкевіца. Уверсе, у
правым кутку значылася: “Пралетары ўсіх краёў, злучайцеся!” Далей - пасярэдзіне
— герб СССР, пакуль яшчэ толькі з 7 стужкамі: столькі саюзных рэспублік уваходзіла
ў яго склад, надпіс: “Народны камісарыят асьветы Б.С.С.Р.” І буйнымі літарамі: “ПАСЬВЕДЧАНЬНЕ”.
У тэксьце адзначалася: “На падставе ўвагі да 41 арт. Статуту Адзінае Працоўнае
Школы даецца гэтае пасьведчаньне грамадзяніну Тычыне Алесю Метрыфанаву, які
радзіўся 15 сьнежня ў 1908 годзе ў тым, што Тычына паступіў ў Любаньскую
Сямёхгадовую Працоўную школу Слуцкай акругі Любаньскага раёну ў 1923 годзе і
скончыў яе ў 1927 годзе...”
У вышэй згаданым Пасьведчаньні аб заканчэньні
Любаньскай сямігодкі адзначаецца: “...пры гэтым, выхоўваючыся ў школе, прайшоў
курс ведаў па ніжэйадзначаных прадметах:
1. Беларуская мова і літаратура
2. Расейская мова і літаратура
3. (прочырк) мова і літаратура
4. Прыродазнаўства (мінералёгія, геалёгія,
батаніка, заалёгія, анатомія і фызыялёгія, [нрзб] з гігіэнай і хіміяй)
5. Геаграфія (геаграфія Беларусі, агульная
і параўнаўчая)
6. Фізыка (элементарны курс)
7. Матэматыка (арытмэтыка, альгебра,
геамэтрыя, асновы трыганамэтрыі)
8. Грамадзянскія навукі (гісторыя Беларусі,
агульная гісторыя, гісторыя рэвалюцыйнага руху)
9. Мастацтва (графіка, музыка, сьпевы)
10. Нямецкая мова
11. Фізычнае выхаваньне
12. Ручная праца”.
Вышэй “паказанае адпаведнымі подпісамі і
пячаткай сьведчыцца”. За датай выдачы Пасьведчаньня “16 чэрвеня 1927 г.”
подпісы Старшыні Школьнае Рады, Загадчыка Школы А. Пракаповіча, членаў Школьнае
Рады М. Пчэльнікавай, М. Сухана. Далей неразборлівыя 4 подпісы, а таксама
подпіс Сакратара Рады. На круглай пячатцы значыцца назва “Любаньская Сямёхгадовая
школа Слуцкае вакругі”, “Беларуская сац. савецкая рэспубліка”, “Прал. усіх
краёў, злучайцеся”, у цэнтры серп і молат.
Значна пазьней я і мае браты, вучні
Завалочыцкай сямігодкі, не раз зьвярталіся да бацькі па дапамогу, часьцей за
ўсё прасілі рашыць задачу па арытмэтыцы і альгебры. Звычайна заняты на працы
бацька, забягаў дахаты пасьнедаць альбо палундаваць, прысядаў на край табурэткі
і хутка-хутка, нам здавалася, імгненна рашаў нашы задачкі. Адказы заўсёды
сыходзіліся з адказамі ў канцы падручніка. Але спосаб рашэньня так і заставаўся
для нас таямніцай - на тлумачэньне ў нашага таты не было часу: ён рабіў,
паказваў прыклад, а выхоўваць не любіў - адно толькі зірне, і мы ўжо ўсё без
слоў і натацый цямілі самі.
Сямігадовая (“няпоўная сярэдняя”) адукацыя
і здатнасьць да падлікаў і разьлікаў бацьку не раз пазьней выручала:
пісьменных, а тым больш здольных да навукі, было і да вайны, і ў час вайны, і
нават пасьля вайны не дужа багата.
Праўда, у шматлікіх успамінах пра высылкі і
арышты я часта сустракаў думку пра тое, што адукаваных у лягерах не любілі.
Відаць, як калі і як каго.
1929 год. Бацька скарыстаў магчымасьць
вучыцца далей, а галоўнае атрымаць спэцыяльнасьць. Пасьля пераліку прадметаў у
Пасьведчаньні асобна пазначалася: “Асобам, скончыўшым сямёхгадовую Працоўную
Школу даецца права на паступленьне ва ўсе тэхнікумы і прафшколы БССР бяз
вопыту”. Паводле неаднаразовых згадак яго маці, а нашай бабулі Ефрасіньні
Іосіфаўны, сясьцёр і брата, бацька вучыўся ў Любаньскім камэрцыйным вучылішчы,
дзе рыхтавалі бугальтараў, рахункаводаў, канцылярыстаў і г. д.
У недалёкую ад вёскі Любань, 7 вёрст,
расказвала ц. Люба, хадзіў пешшу штодня. Дзядуля Мітрафан, строгі і
патрабавальны, даручыў яму глядзець каня і кароў, і наш бацька заўсёды, вяртаючыся
з заняткаў, перш чым ісьці ў хату, ішоў у хлеў да тых, за каго быў у адказе.
Бацькава слова для яго было закон. Гэтым правілам пазьней кіраваліся і мы,
нашчадкі дзеда Мітрафана.
Вясной 1929 года ў Забалаці арганізоўвалі
калгас, бацьку, а нашага дзядулю Мітрафана Хаміча раскулачылі, на яго заяву аб
прыёме ў калгас адмовілі. Дзядуля пайшоў шукаць праўду ў Любань, узяў з сабою
заяву аб тым, што ўся ягоная гаспадарка ў калгасе і што ён гатовы працаваць у
калгасе ўсёй сям’ёй, і зьнік. Ішлі дні, тыдзень прайшоў, і наш бацька як старшы
ў сям’і (сястра Аня жыла сваёй сям’ёй асобна, у пасёлку Глуша Бабруйскага
раёна, а брат Антон з жонкай настаўнічаў на Палесьсі, у Петрыкаўскім раёне)
выправіўся на пошукі і таксама зьнік. Улетку 1929 года сям’ю, бабулю з дзецьмі
(Олю, 18 год, Соню, 14 год, Зіну, 12 год, Любу, 7 год), гвалтам вывезьлі пад
канвоем у Слуцк. Ц. Люба ўдакладаняла: “Спачатку ў Любань”. Узяць з сабой ужо
не было чаго, хлеб, сала - усё расьцягнулі! Маці ўзяла мех сухароў.
Сьцяпан Яновіч - брацейнік бацькі, жыў
асобна, на хутары, - пачуў пра тое, што здарылася, паехаў у Слуцк. Забраў “на
парукі” Соню (потым яе забрала да сябе сястра Аня), Олю (яе забраў да сябе ў
Бярозкі Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласьці брат Антон, які там настаўнічаў,
а туды быў высланы з Петрыкаўскага раёна, на Палесьсі, пасьля таго, як не
згадзіўся з патрабаваньнем публічна адмовіцца ад бацькоў-кулакоў). У Слуцку
бабуля з меншымі - Зінай і Любай, разам з сотнямі такіх жа самых няшчасных на
працягу двух летніх месяцаў, пад сьпякотным сонцам, пад дажджом, галодныя,
хворыя, бездапаможныя чакалі ў поўнай невядомасьці свайго лёсу. Ужо на станцыі,
падчас адпраўкі ўбачылі сваіх родных, нашых дзеда і бацьку, зарослых, брудных,
вашывых, страшэнна схуднелых. Везьлі сям’ю ў жахлівым сьціску - у “цялячых”
вагонах - у невядомасьць.
Больш за месяц (ц. Люба - успаміны сястры
Зіны шмат у чым аспрэчвала - удакладняла: цэлых 2 месяцы!) цягнулася гэта
падарожжа ў нікуды. Бацькі, бабуля, цёткі потым шмат разоў згадвалі станцыі
Невер і Скаварадзіно, дзе іх высадзілі. Мужчын неўзабаве сабралі і павялі пад
канвоем у невядомасьць. Як пазьней выявілася, на лесанарыхтоўкі. Жанчын, старых
і дзяцей везьлі на “палутарках” да прыіска Незаметнага (пазней горада Алдана),
амаль 700 вёрст (ц. Люба запомніла: 500! Ніхто не вёз - ішлі этапам пешшу.
Вельмі хацелася есьці: сухароў няма, адно крошкі! Ахова - у яе ўсё ёсьць!
Сала...).
1930 год. Зьвесткі пра далейшае, асабліва пра 30-я гады, досыць
туманныя. Ц. Аня і дз. Антон не раз падкрэсьлівалі: “Хапіла вашаму бацьку на
ўсё жыцьцё!” Сам жа бацька пазьбягаў усякіх размоў, у тым ліку і ацэнак, пра
перажытае. Быў ляканічным: “Можа, і добра, што выслалі. Тут, у Беларусі, наўрад
ці выжылі б”.
12 верасьня 1947 года, калі бацька атрымаў
магчымасьць вярнуцца на бацькаўшчыну і ахвотна яе выкарыстаў (апошні запіс
удакладняе прычыну: “Уволен по семейным обстоятельствам”, - як звычайна, улада
абыходзілася эўфэмізмамі, за якімі хавалася суровая рэчаіснасьць), яму выдалі
Працоўную кніжку старацеля (на рускай і якуцкай мовах).
З Загада народнага камісара каляровай
мэталюргіі № 608 ад 30 верасьня 1940 года можна даведацца, што працоўныя кніжкі
для старацеляў, якія працуюць у складзе арцелей, і для старацелей-адзіночак,
якія “знаходзіліся ў дагавораных адносінах” з прадпрыемствамі дадзенага
наркамата, былі ўведзены з 1 лістапада 1940 года. Месца працы: прыіск Ленінскі
трэста “Якутзолата”.
У запісе ад 1930, V, 20 значыцца: “Принят
шахта № 6 откатчиком”. Насамрэч першыя месяцы і наш бацька, і наш дзед
працавалі на лесанарыхтоўках, але гэта праца, цяжкая, проста катаржная, пра што
вядома з пазьнейшых успамінаў нашай маці і з уражлівых апісаньняў пісьменьніка
Варлама Шаламава, не ўлічвалася. Дзед і бацька, вярнуўшыся, як згадвала ц.
Зіна, у рабочы пасёлак, былі страшэнна худымі, змардаванымі і стомленымі,
пазнаць іх было немагчыма. У бабулі і яе малалетніх дачушак Зіны і Любы не было
нічога, акрамя кіпеня-варголаў, каб пачаставаць. Але бясконца рады былі
сустрэчы.
Праца адкатчыка была не менш цяжкай, проста
зьнясільваючай, але за яе ўжо выдавалі пайку, і сям’я “спэцперасяленцаў”, якая
нарэшце сабралася, пакрысе ачуньвала ад перажытай страшнай катастрофы. Словы
“кайло”, “лапата”, “латок”, “тачка”, “драга”, “прыіск”, “боны” - словы з
бацькоўскага лексыкону. На “боны” куплялі ў спэцкраме самае неабходнае.
1930 год. У гэтым годзе раскулачылі бацьку нашай маці, дзеда Сьцяпана,
Сьцяпана Сьцяпанавіча Алашкіна, бо меў млын-вятрак. Які млын - звычайны дашчаны
будан з крыламі, як у вялікай птушкі!
Вывезьлі з Валагодчыны ў Якуцію так хутка,
што сям’я паехала ў чым была, не маючы хлеба на дарогу. Сваякі, - маці са
скрухай згадвала гэтую акалічнасьць, - старшая сястра Марыя, якая ўжо была
замужам і мела сваю сям’ю, ці пашкадавалі, ці пабаяліся даць харчоў. Браты
Васіль і Феакціст засталіся ў вёсцы Прокіна. Феакціст загінуў падчас вайны на
фронце. (Брат Жэня запомніў, што ён насамрэч хварэў на сухоты. Жыў асобна ў тым
жа Верхне-Сталінску. І памёр ад сухотаў.) Пра іншых я мала што ведаю. Як
высланыя “спэцперасяленцы” даехалі да Забайкальля, маці не ўспамінала.
Наш дзядуля Алашкін Сьцяпан Сьцяпанавіч у
дарозе з чыгуначнай станцыі Скаварадзіно ў Алдан памёр. Хворы, галодны... Браты
маці, старшы Іван і малодшы Санька (так казалі), прасілі, каб спынілі
палутарку, на якой іх везьлі ў Алдан, і дазволілі пахаваць бацьку. У адказ
канваіры за рукі за ногі выкінулі цела бацькі з машыны ў глыбокі сьнег. Яшчэ
адзін варыянт гісторыі дзеда.
У свае 16 гадкоў, маці працавала на
лесанарыхтоўках у тайзе, сама маленькая, шчуплая, як падлетак. Гэты пэрыяд яе “працоўнай
дзейнасьці” не знайшоў адлюстраваньня ў мясцовых архівах, аб чым мы даведаліся,
калі прыйшоў час афармляць маці пэнсію па старасьці і зьбіраць адпаведныя
паперы. Не дапамаглі і сьведчаньні сябровак маці, якія яшчэ заставаліся жывыя і
якіх прасіў быць сьведкамі дзядзька Іван.
1932 год. З 1 чэрвеня гэтага года бацька быў пераведзены на шахту №
8 і стаў забойшчыкам. Для нас, дзяцей пасьляваенных гадоў, радкі з песьні: “И в
забой отправился парень молодой...” - былі пра нашага бацьку.
1935 год. 13 лістапада гэтага года бацьку чарговы раз перавялі ў
іншае месца працы - на гэты раз забойшчыкам на шахту № 1.
Недзе ў гэты час ён пазнаёміўся з нашай
мамай - Кацярынай Сьцяпанаўнай Алашкінай. Таксама “спэцперасяленкай”, а прасьцей
– “раскулачанай”: яе бацьку Сьцяпана Сьцяпанавіча з сям’ёй (сыны Іван з жонкай
Параскай, Феакціст, Санька і малодшанькая, 16 гадкоў, Кацярына) выслалі ў Сыбір
з далёкай Валагодчыны (тады Ленінградзкай вобласьці: маці ганарылася – “Я –
ленінградзкая”).
1936 год. У гэтым годзе бацька і маці пажаніліся: тым, хто сыстэматычна
перавыконваў норму. як сьведчаць успаміны іншых “спэцперасяленцаў” дазвалялася
ствараць сям’ю. Дакумэнты “асабістай справы”, якія, як паведамілі мясцовыя
якуцкія ўлады тады, калі маці зьвярнулася да іх, каб атрымаць даведку пра
працоўны стаж, “не захаваліся”. I гэта ў далёкай Якуціі, дзе не было вайны! А
менавіта яны служылі юрыдычнай асновай для рэгістрацыі шлюбу. Афіцыйна бацькі
расьпісаліся толькі ў 1950 годзе, ужо ў Беларусі, маючы пецярых дзяцей, усе
хлопцы.
Увогуле, маці мала расказвала нам пра гэты
час. Помню толькі яе гарэзліва-маладую выснову: “Папабегаў мой Тычына за мной!”
Сваім нявесткам яна больш і падрабязьней расказвала, але яны хавалі жаночыя
тайны.
1937 год. 3 верасьня г. г. бацьку перавялі ў шахту № 9 забойшчыкам.
9 кастрычніка нарадзіўся першынец - Яўген.
Жэнем назвалі па сямейнай завядзёнцы - даваць нованароджанаму дзіцяці імя, якое
ўжо было ў блізкіх родзічаў. Так называўся старшы сын дз. Мішы і ц. Ані Адамовічаў.
Пра часы сталінскіх рэпрэсій маці пазьней
успамінала: “Лета ў Якуціі кароткае, але сьпякотнае. Мужчыны звычайна начавалі
на паветры, на прызьбе. Сьвякруха неяк адгаварыла майго Тычыну: “Начуй дома!” I
менавіта ў гэту ноч па пасёлку езьдзіў грузавік і хапалі людзей. Не зьвярталі
ўвагі - хто і што”.
1939 год. 16 мая г.г. нарадзіўся другі сын - Аляксандар. Імя, як у
бацькі і як у Сашы Адамовіча. Маці бацьку называла - Шура, а сына - Саша.
Бацькавы сёстры называлі свайго брата нязьменна паважліва - Аляксандр.
Бацька недзе ў гэты час адчуў, што трэба
вучыцца. Тое, што засталося ў памяці, забылася. Пайшоў у вячэрнюю школу,
падбіўшы за кампанію і свайго лепшага сябра Волкава, пра якога пазьней маці
часта ўспамінала. Вучыла вячэрнікаў яго малодшая сястра Зінаіда. Бацька неяк з
усьмешкай згадваў, як яна за тое, што бацька падказаў сябру, з якім змовіліся
пайсьці выпіць і марнаваліся ў чаканьні, калі скончацца ўрокі, узняла шум.
Бацька хутка паўтарыў усё, што давала вячэрняя школка, успомніў, што ведаў, і
гэта хутка спатрэбілася.
1940 год. 2 чэрвеня г.г. бацьку перавялі забойшчыкам у шахту № 2:
непадалёк ад г. Незаметнага (Алдана) адкрылі новыя радовішчы, якія былі
названыя па стандарту - Верхне-Сталінск, Сярэдне-Сталінск і Ніжне-Сталінск. Мы
жылі ў Верхне-Сталінску, дзе было пабудавана некалькі баракаў.
Дарэчы, у Сярэдне-Сталінску жыў Міхась
Гарадзецкі, выхадзец з вёскі Вялікае Забалацьце Магілёўскага раёна, сям’я якога
таксама была выслана ў “Паўночны край” зімой 1930-га года. Ён апісаў драматычную
гісторыю сваёй сям'і ў нарысе “Спецперасяленцы”, надрукаваным у часопісе
“Полымя” (1991, № 5). Міхасю Мікалаевічу Гарадзецкаму было гадкоў 6, калі сям’ю
раскулачылі і выслалі, і ён гадаваўся і сталеў у тых умовах “вечнай мерзлаты”,
таму шмат што ў адрозьненьне ад мяне запомніў і вельмі дакладна апісаў у сваіх
успамінах. Розьніца ў 10 гадоў шмат значыла: у майго цёзкі - гэта 30-я гады, у
мяне і маіх братоў - 40-я. Многае - ажно да падрабязнасьцей - нашы бацькі і
бабуля, а сёе-тое і старшыя браты - Жэня і Саша, пераказвалі амаль тымі ж
словамі.
19 чэрвеня бацьку перавялі ў старацелі -
раней быў добрым гаспадаром (сёстры Аня, Зіна, Люба ўспаміналі, што, прыяжджаючы,
дакладней, прыходзячы пешшу з камэрцыйнага вучылішча ў Любані ў сваю родную
вёску Забалаць, якая знаходзілася непадалёк, усяго за 4 вярсты ад мястэчка,
спачатку ішоў у хлеў, каб агледзець каня, карову і ўсю гаспадарку, і толькі
потым у хату), то, натуральна, стаў добрым, працавітым і кемлівым
золаташукальнікам.
Недзе ў гэты час (Алесь Адамовіч пісаў ва
ўспамінах – “перад вайной”) бацька за добрасумленную і старанную працу, як
ударнік, які сыстэматычна перавыконваў норму па здабычы золата, у якасьці
ўзнагароды атрымаў адпачынак і дазвол зьезьдзіць на радзіму. Вельмі хацеў зьезьдзіць
у Забалаць, але яго адгаварылі дзядзька Міша і цётка Аня (дзядзька Міша знарок
езьдзіў, каб паглядзець), што будзе вельмі расчараваны: усё паглумлена, ад
ранейшай заможнай гаспадаркі і дагледжанай бацькоўскай хаты нічога не
засталося. Акрамя ўсяго, гэта было небясьпечна, бо землякі не даравалі б яму
тое, што жыве лепш і зарабляе больш, чым яны ў сваім калгасе, які дыхаў на
ладан. Прывёз у падарунак Адамовічам суконныя адрэзы і пушыстыя каўняры,
купленыя за боны ў спэцкраме, а ў адказ павёз беларускія харчы, па якіх так
сумавалі блізкія. Наша любая бабуля Фрося, паводле ўспамінаў, марыла аб адным,
“каб паесьці капусты з алеем”. Я ў такім разе заўсёды ўзгадваю яе.
Дзед Мітрафан на бабуліны прыхамаці глядзеў
строгімі вачыма гаспадара і мужчыны і задавальняўся тым, што было. Сумаваў па
спрадвечнай сялянскай працы, думаў цяжкую думу пра загубленую гаспадарку, пра
зглумлены лёс сям’і, тычынаўскага і кунцэвічаўскага роду... Маці казала, што
апошні час, перад сконам, стаў скупы і маўклівы: “Тумбачку замыкаў. Пасьля сьмерці
знайшлі ў ёй поўна сухароў”. Ведаючы тычынаўскую пароду, думаю, што дзед не быў
жміндай і не пра сябе думаў, хутчэй за ўсё стаў абыякавым да таго, што з ім
асабіста адбываецца, магчыма, нават прысьпешваў свой скон.
У беларускіх вёсках такое не навіна, калі
старыя людзі ў прадчуваньні блізкага скону не толькі рыхтавалі сабе труну альбо
жалобнае адзеньне, але сьвядома адмаўляліся ад ежы і пітва. Дзед маёй
жонкі-нябожчыцы Алы, Карп Кабаковіч мог пражыць і ўсе сто гадоў, але пасьля
таго, як немцы расстралялі сына Канстанціна, бацьку Алы (маці была ў гэты час
якраз цяжарная ёю) і майго цесьця, абсалютна страціў усякае жаданьне жыць і
наогул цікавасьць да жыцьця. Такога жыцьця! Наша маці таксама паказвала нашай
сястры Іне схаваны ў шафе клунак з адзежай: “Гэта мне на сьмерць”. А мы жывем
так, бы неўміручыя.
1942 год. Улетку гэтага года дзядуля Мітрафан Хаміч Тычына сканаў.
Яму было 76 гадоў - узрост, у якім памерла пазьней б. Фрося, ц. Аня, наш
бацька, ц. Соня. Быў пахаваны на Верхнесталінскіх могілках, у “вечнай мерзлаце”,
пра якую ніяк не скажаш спаконвечнае: “Няхай зямля яму будзе пухам!”
Цётка Люба тады вучылася ў пасёлку
Незаметным, жыла ў інтэрнаце. Тэлефоннай сувязі не было, паклікаць не маглі,
таму на пахаваньне свайго бацькі не змагла прыехаць. Прыехала потым. Адшукала
магілу. Непадалёк ад будкі вартаўніка. Калі езьдзіла на магілу маці, звычайна
сазвоньваліся з старшай сястрой Соняй, сустракаліся ў Глушы і ішлі пешшу тры
кілямэтры. Заўсёды клала на магілку дзьве кветкі - бацьку і маці. Калі
яечка-фарбаванку, то заўсёды дзяліла на дваіх. Фізычнае цела - гэта прах, а
душа лунае ў небе. Думаю, расказвала ц. Люба, што яны сустрэліся недзе там.
Бацька, казала, вельмі перажываў тое, што
здарылася. Вораг народа - і ўвесь сказ. Ніякай абароны, ніякіх скідак. Нічога.
Дзеці безабаронныя перад уладай. Не глядзелі ні на кога. Хлеба на дзень давалі
400 грам - што такое 400 грам для дарослага мужчыны. Сама ц. Люба з маці
хадзілі ў лес, зьбіралі грыбы. Не было ні сала, ні тлушчу. Чысьцілі і клалі на пліту
- высахнуць: смачна! Вось так і жылі!
11 верасьня бацька атрымаў позву ў войска і
быў прызваны ў РККА. У ваенным білеце пра гады, праведзеныя ў высылцы,
запісана: “18 верасьня 1930 года прызваны Любанскім РВК Бабруйскай вобласьці на
вайсковую службу. Прызнаны годным да страявой службы і залічаны ў пазавайсковае
навучаньне”. Можна ўявіць, як пакутавалі работнікі Глускага ваенкамата, выдаючы
гэты дакумэнт ужо пасьля вайны і пасьля вяртаньня нашага бацькі на Радзіму, над
тым, што напісаць у адпаведныя графы: дзе быў чалавек усе гэтыя гады? Па бацьку
ведаю, што пасьмейваўся ў душы з гэтых дасужых фантазій чыноўнікаў і з
выкрунтасаў лёсу: не першыня выходзіць з безвыходнага становішча.
Іншыя зьвесткі можна лічыць дакладнымі: “Запас
першай катэгорыі. Састаў: сяржант. Нумар ваенна-уліковай спэцыяльнасьці: 128.
Найменьне ваенна-уліковай спэцыяльнасьці: абслугоўваючы гаспадарчай службы.
Найменьне кваліфікацыі пасады: камандзір аддзяленьня. Цывільная спэцыяльнасьць:
шахцёр, забойшчык. Беспартыйны. Нацыянальнасьць: беларус. Родная мова:
беларуская. (Бацька заўсёды з асаблівым акцэнтам вылучаў гэтыя словы, калі
гаворка ішла аб кімсьці працавітым ды вынаходлівым, мастаком на ўсе рукі:
“Беларус!” А мова яго была такая: лексыка мяшаная, беларуска-руская, а вымова
інтанацыйна густа замешана на беларускасьці. Маю гутарковую беларускую мову
прымаў спакойна: настаўнік! Брат Сашка, дэмабілізаваўшыся з войска, сказаў:
“Інцярэсная эта белмова!”) “Сацыяльнае становішча: рабочы. Пісьменнасьць і
адукацыя: сем клясаў няпоўнай сярэдняй школы ў 1927 годзе. Месца нараджэньня:
Бабруйская вобласьць, Любанскі раён, Юшкаўскі сельсавет, вёска Забалаць. Рост:
168. Акружнасьць галавы: 55. Памер процівагаза: 65. Памер абутку: 43”.
Сам бацька пра сваю армейскую пасаду казаў:
старшына. Служыў у 4-м запасным стралковым палку з верасьня 1942 года па
кастрычнік 1942 года. Затым - у 573-м стралковым палку быў арудзійным нумарам.
У пачатку 50-х гадоў бацька часта і амаль
слова ў слова распавядаў мужчынам, якія тады амаль штодня гасьцявалі ў нас (як
не зайсьці з бутэлькай самагонкі да загадчыка, брыгадзіра паляводчай брыгады
саўгаса “Завалочыцы”, што на Глушчыне!), пра “сваю вайну” - як водгук на іх
апавяданьні пра “сваю”. Расказвалі чамусьці больш за ўсё пра “ваеннае шчасьце”,
калі шанцавала.
Пра тое, як цыганка нагадала, што заб’юць,
калі пойдзе заўтра ў бой. А як не пойдзеш?! Добра, камандзір чуў - не падняў на
сьмех, успрыняў усур’ёз. Пашкадаваў - як-ніяк бацька траіх малых дзяцей.
Адправіў бацьку ў тыл - знайшоў нагоду. А страты ў часьці ў тым баі былі
вялікія. Як праверка гаданьня - прыдумала цыганка ці ўсё ж такі праўда, і што
нешта ў сьвеце ёсьць.
Пра тое, як прысьніў з нашай мамай ці не
адначасова адзін і той жа сон: што будзе цяжка паранены, але застанецца жывы.
Даведаўся пра гэты выпадак ужо вярнуўшыся з вайны дамоў. Даведаўся і пра тое,
што з мужчын, якіх дэмабілізавалі з прыіска, пагрузілі на дзьве палутаркі,
вярнулася з фронту толькі сямёра. Усе астатнія загінулі. Пра гэта расказвала
маці.
Пра тое, як камандзір адпраўляў аднаго,
потым другога пасыльнага з пакетам у штаб, і як іх тут жа браў на мушку нямецкі
снайпэр і забіваў. Загадаў сесьці на каня і бацьку - ён паскакаў рысьсю, а на
самым небясьпечным месцы, прагале паміж прысадамі, рвануў у галёп, чуў адно, як
прасьвісьцела куля каля скроні, а далей ужо - шукай ветру ў полі! Заданьне
выканаў!
Пра тое, як пасьля акружэньня пад Харкавам,
адступалі. Ішлі па ўкраінскім стэпе. Нідзе ані дрэўца, ані кусьціка, каб
схавацца ад самалётаў. Адзіны паратунак - балкі, інакш - пагоркі, упадзінкі,
пясчаныя норы. Знайшоўся адзін талковы лейтэнант - на сваю адказнасьць аддаў
загад ісьці малымі групкамі, па два, па тры. Іначай усіх пакладуць. Бацькавы
словы - амаль народны эпас: “Праўда, пайшлі-пайшлі і, праўда, выйшлі да сваіх”.
Я, калі гляджу кінафільм Сяргея Бандарчука “Яны змагаліся за Радзіму”, дзе
добра паказана тая мясцовасьць, заўсёды бачу сярод балак бацьку, яго паход на
ўсход.
Было шмат падрабязнасьцей, і ўспаміны зьмяняліся
ўспамінамі, а над усім вісела не выказанае, бязмоўнае: жывыя будзем - не
памром! Словы, якія ў вуснах нашага бацькі гучалі часта ў застольлі як тост:
“Будзем жывы!..”
У дзіцячай памяці засталіся назвы мясьцін,
дзе бацька выходзіў з акружэньня: Дон - Данец - Славянск - Кантэміраўск...
Дзіва,
але бясконцыя гаворкі “пра вайну” раптоўна скончыліся! Як хто маючы ўладу і
безумоўны аўтарытэт аддаў загад. За адну ноч зьніклі немаведама куды інваліды -
бязногія, бязрукія! Аднаго я добра помню, як ён штодня каціў на самаробнай
калясцы на падшыпніках, абапіраючыся рукамі, з суседняй вёсачкі Цямша да ларка
ў нашым пасёлку Завалочыцы. Не па сабе было бачыць яго абрубленыя вышэй каленяў
кульці. Я, тады шасці-сямігадовы хлапчук, высіўся над ім, як велікан. Было
вельмі шкада чалавека. І было вельмі шкада ўсіх вэтэранаў вайны, нягледзячы на
іхнія гераічныя оды вайне.
1943 год. 3 кастрычніка 1942 года па люты 1943 года бацька
знаходзіўся ў эвакашпіталі № 1273 на лячэньні. Цяжка паранены ў правую кісьць.
Сярэдні палец зросься, але ямінка на трэцяй фаланзе была вельмі прыкметная. З
23 лютага 1943 года па жнівень 1943 года знаходзіўся ў асобнай роце абслугоўваньня.
10 лютага г.г. нарадзіўся трэці сын -
Міхаіл. Названы ў гонар дзядзькі Мішы - Міхаіла Іосіфавіча Адамовіча,
падпалкоўніка мэдыцынскай службы, пазьней - загадчыка Глушанскай бальніцы,
славутага на ўсю вялікую акругу - ад Бабруйска і да Старых Дарог, ад Асіповічаў
і да Глуска.
У Пасьведчаньні аб нараджэньні (на рускай і
якуцкай мовах) месца нараджэньня пазначана: пасёлак Верхне-Сталінск Алданскага
раёна Якуцкай АССР. Аднакласьнікі ў школе пасьмейваліся: “Якут - і там і тут”.
І ў маіх братоў, з якіх чацьвёра - якуты, любімыя жарты - пра Якуцію і пра
гаршчочак золата, якое бацька недзе, маўляў, прыкапаў на чорны дзень, а нам
чамусьці не паведаміў пра багатую спадчыну ды пра месца яе знаходжаньня.
У пашпарце, які я атрымаў, вярнуўшыся ў
1966 годзе з вайсковай службы, быў зьдзіўлены, заўважыўшы зьмены (я гэта ці не
я?!): месца нараджэньня - пасёлак Ленінскі. У пашпарце, атрыманым ужо ў
незалежнай Рэспубліцы Беларусь, усё вярнулася да ранейшага: пасёлак
Верхне-Сталінск.
Калегі жартуюць: не пішы ў анкеце, бо не
пусьцяць за мяжу! Пішу, як ёсьць. Не было б Сталіна - не было б раскулачваньня,
а значыць - не было б і мяне! І ўсіх нас! Як бы нашы бацькі - беларус са
Случчыны і руская з Валагодчыны - адшукалі адно аднаго?! І гісторыя была б
іншай. Жыве Яго Вялікасьць Выпадак! Так, парадокс! Так, абсурд! Не гісторыя, а
суцэльная куламеса. Сёе-тое з якуцкіх малюнкаў як ні дзіўна, бо мне было ўсяго
толькі 4 з паловай гадочкі, калі выехалі на Радзіму, усё ж такі помню.
Выразна, як цяпер, помню, і не раз у
маленстве ўспамінаў, быццам я выходжу з нейкай паўцемры, густой, мройлівай,
пераходжу велізарнае бялюткае ад нейкага касьмічнага сьвятла ўзгорыстае поле і
апынаюся ў сёньняшнім сьвеце. Адкуль я выйшаў? Што за сабою пакінуў? Каб хто
сказаў ці патлумачыў! Адно зразумела - усё не так сабе. Чамусьці гэты малюнак
часта ўспамінаўся тады, калі мы вярнуліся ў Беларусь. Вельмі ж рэзка ўсё
ўбачанае адрозьнівалася ад таго, што засталося ў раньнім маленстве!
Помню высачэнныя сосны, хвоі, кедры, піхты
на нашым баку ракі Алдан, высечку сярод лесу, дзе стаялі нашы баракі. А рака,
шырокая, паўнаводная, унізе. А за ёю, на другім баку, на крутым адхоне берага
такі ж самы лес. Бацька заўсёды з падкрэсьленым піетэтам, з асаблівай павагай
прамаўляў: “Тайга”.
Помню, як зваліўся з драўлянага мосьціка ў
хуткаплынны ручай. Як мяне памчала быстрая плынь, а па беразе беглі дзеці і
крычалі - клікалі на дапамогу. Маці таксама згадвала гэты выпадак. Нехта з
дарослых выхапіў з вады.
Помню, як хварэў. Сядзеў на высокім
бацькавым ложку, а ад дзьвярэй да мяне наблізіўся кітаец Дзін-Гулін, сябра
нашага бацькі, сыпануў перада мной дзьве прыгаршчы кедравых арэшкаў. Бацька
неяк на падпітку падбіў свайго сябра стаць маім хросным: я і мае старшыя браты
расьлі нехрысьцямі - папа не было і блізка на ўсю вялікую прастору - ад Калымы
да Байкала. Калі Кітай пакрысе падамне пад сябе Эўраазію, мне, кітаёзу, баяцца
няма чаго.
Помню, як зімой, калі крыху памякчэлі
якуцкія маразы, выйшаў з барака на падворак і ўбачыў, як з горкі сьпяшаюць у
клюбох замеці мае браты - Жэнька і Сашка, нясуць малако. Па малако - казалі,
мне, малому, але малако бралі на ўсіх, - хадзілі ў суседні пасёлак да якутаў,
якія даілі аленяў.
Малако, успаміналі бабуля, маці, цёткі, адпівалі браты, асабліва аматар малака
і сьмятаны Сашка. Жэнька як самы старшы і самы строгі ўгамоньваў брата, той
рабіў выгляд, што слухаецца. Скардзіцца на яго немагчыма было: артыст!
Помню рабочы клюб. Клюб новы. Сьветлая
падлога. Пах сасновага дрэва. Паўнютка людзей. Я сяджу ў маці на каленях. На
белай прасьціне квадрат сьвятла, і на экране зьяўляецца вялізны, на ўвесь
экран, твар кінаактора. Гледачы ў захапленьні, а я, малеча, задаволіўся тым,
што запомніў кадар невядомага мне кінафільма, і тым, што такіх фільмаў пабачу
за жыцьцё шмат.
Помню разьвітальны вечар. Застольле. Я
споўз з бацькавых каленяў пад стол, слухаў бязладную шматгалосіцу і вывучаў
ногі і абутак гасьцей, гадаючы, хто гэта. Запомнілася, што на ад’езд калолі
кабана: разьвітваліся назаўсёды, хоць і казалі тосты пра “хуткую сустрэчу”, а
дарога дадому была далёкая!
Са слоў маці, ведаю, што тады, калі мне быў
усяго год, моцна прастудзіўся: у бараку, як ні тапілі, было досыць сьцюдзёна.
Маці аднойчы ўзрушана паклікала бабулю Фросю: “Міша памірае!” Спынялася сэрца,
удваіх, маці і бабуля, ледзь адратавалі, разварушылі, разагрэлі, завялі матор -
сэрца зноў пачало рытмічна працаваць. За жыцьцё я помню каля дзесятка гэтых
раптоўных заміраньняў сэрца, калі правальваўся ў чорную глыбіню, і мяне нехта
ратаваў, але ўсё неяк само сабой абыходзілася, і я ачуньваў, глядзеў навакол
шырока расплюшчанымі вачыма, насьмешліва дзівячыся, што гэта ўсё адбываецца
менавіта са мной і што я мог памерці, але не памёр. Жыву!
1945 год. З жніўня 1943 года па кастрычнік 1945 года бацька быў
залічаны на нестраявую службу. Лячыўся. Служыў у ваенізаванай ахове садоў ва
Узбэкістане. Дэмабілізаваны на аснове Указа Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР
ад 25. 09. 1945 - 10.10.1945 года. Узнагароджаны мэдалём “За баявыя заслугі”, а
9 мая 1945 года мэдалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне
1941-1945 годоў”. Брат Мікалай кажа: “І мэдалём “За адвагу”.
Пра службу ў ваенізаванай ахове садоў у Узбэкістане
некалькі разоў з усімі магчымымі падрабязнасьцямі распавядала цётка Люба,
апошняя з жывых старэйшых, “вялікіх”, Тычынаў. Я хутчэй шукаў паперу, хапаўся
за асадку і пісаў-пісаў, прыціскаючы да вуха тэлефонную трубку, не зважаючы на
час, слухаючы такі характэрны ўсім старэйшым Тычынам нізкі аксамітны барытон,
ад якога, як дзяліўся сваімі ўражаньнямі пляменьнік Валодзька, сын нашай сястры
Іны, робіцца так спакойна на душы, хочацца бясконца слухаць і спаць, спаць,
спаць - і сьніць салодкія сны...
Ц.
Люба распавядала пра сваё жыцьцё-быцьцё, досыць часта перапыняючы апавяданне
цяжкім уздыханьнем: “Ой, Госпадзі!..”
Камандзіроўка ў Сярэднюю Азію - адзін з
лепшых момантаў яе ўспамінаў. Было страшна. Але што ж, калі выпала такая
нагода! Як не паехаць!
Не ручаюся за даслоўны пераказ, але сутнасьць
была наступная.
Ц. Люба скончыла ў Якуцку тэхнічнае вучылішча.
Жыла і працавала ў Паўночнаўральску, у баксытным рудніку, прамысловасьць
ваеннага значэньня, - інжынэрам-электрыкам, канструктарам-праектыроўшчыкам. На
шахце праца для здаровага мужчыны, а не для жанчыны. Баксытам надавалася ў
вайну асаблівая ўвага - іх дабаўлялі ў мэталь, атрымлівалі алюміній. Авіяцыі
вельмі патрэбны. Працавалі на Перамогу. А жыла ў інтэрнаце.
Паслалі ў Чыкмэнт, каб студэнтаў, якія там
вучыліся, накіравалі на Урал. Не хапала спэцыялістаў. Паехала. Ехаць было
страшна. Ды і далёка.
У купэ - яўрэй-гандляр. У Сярове перасадка.
Ніжні Тагіл. Сьвярдлоўск. Цягнікі хадзілі марудна. На станцыях рыбу прадавалі,
а хлеб - па картачках.
Прыехала. Пайшла да дырэктара інстытута. А
студэнты на канікулах. Павінны былі толькі праз 10 дзён вярнуцца. Што рабіць?
Чакаць у гасьцініцы?
Сказала пра брата. Што недалёка ад Ташкента
служыць у ваенізаванай ахове ў саўгасе-садзе. А Ташкент ад Чыкмента за 80
кілямэтраў! Грузавік кожны дзень ходзіць. А ад Ташкента - некалькі кілямэтраў
язды.
Ехала на арбе. Пляцоўка ззаду. А ўзбэк едзе
сабе, песьні сьпявае. Вакол сады-сады. Сетка з дроту. І не кажа, дзе сыходзіць.
Вось побач. Страшнавата. Хто ведае, што ў яго ў думках. Не выцерпела - сама
сышла. Маленькая хатка. Аляксандра не было - быў старшым, правяраў пасты.
Прыйшоў - радасьці той было! Вінаграду нанёс - толькі выбірай! Пэрсікі, яблыкі.
Побач другі саўгас-бахча - кавуны, дыні. Раніцай прыносіць бярэма вінаградных
гронак – “дамскія пальчыкі”. Смачныя! Ой, Госпадзі!
У хатцы - тытунь пад стольлю. Пад матрацам.
Градку пасадзіў. (Градка тытуню пазьней расла насупраць парога дома ў
Завалочыцах - вырошчваў, пакуль паліў самакруткі. Незадоўга да пэнсіі моцна
хварэў - кінуў курыць. На вёсцы казалі: у навакольлі толькі два самыя заядлыя
курыльшчыкі: стогадовы дзед Лагут і... Тычына! Адну самакрутку яшчэ не скурыў,
акурак у кутку рота прыліп, а ён ужо другую папяросу з газэціны круціць. Пасьля
хваробы як адняло. Нават піць кінуў. Але не надоўга - потым пакрысе ўцягнуўся.
Знаў меру.)
Скардзіўся - галава балела. Паранены быў -
кантузія. Боты парваліся - дала яму грошай. Зьбіраўся сям’ю забраць -
падабалася. Людзі харошыя. Але галаўны боль вельмі моцны быў. Урачы сказалі –
клімат трэба мяняць. Нагрузіў у дарогу ўсяго - вінаград, пэрсікі, яблыкі... Ой,
Госпадзі! Праводзіў на станцыю. На вакзале - беларусы, яўрэі. Дамоў едуць.
Білет не даюць. Як трапіла - камандзіроўка не дзейнічае. Пайшлі да камэнданта
станцыі. Расказалі пра ўсё, як яно ёсьць. Зразумеў. Дапамог.
Назад вярталася праз Алма-Ату з грузам на
ўсіх на сваёй рабоце. Новасыбірск. Дзён дзесяць дабіралася.
Гады жыцьця на Урале ц. Люба згадвала з
асаблівай цеплынёй. Працавала пры ўпраўленьні шахты канструктарам. Былі карткі
- добра! Тайга ў Паўночнаўральску, як у Якуціі. Грыбы, кедравыя арэхі, буякі.
Буякоў - паляна! Горная рэчка. Дзікі сьвет - гляджу часам па тэлевізару -
шкадую, што паехала. Да ўсяго, і гэта самае важнае, у Паўночнаўральску жыла
цётка Наташа, старшая сястра нашай бабулі: з ёю перапісвалася цётка Аня.
Аня (Адамовіч, сястра) ўсіх нас зьбірала з
усяго сьвету. Саша (Адамовіч) даведку ў Інстытуце на вучобу ўзяў. Прыехала ў
Глушу да Адамовічаў - усе ў валёнках, целагрэйках. А тут - грашовая рэформа! Ні
работы, ні кватэры!..
Нейкі час жыла ў Завалочыцах. Пакуль сястра
Аня знайшла працу ў гуце ў Глушы. Стала начальнікам цэха. Бацька з павагай
рэкамэндаваў аднавяскоўцам: “Малодшая сястра, Люба. На шклозаводзе працуе. Начальнік
цэха!” Нарадзіла сына Валодзю, які нам, Мітрафанавічам, як родны брат. Ой,
Госпадзі!
Бацька ў канцы 1945 года дэмабілізаваўся і
вярнуўся ў Якуцію. Марыў толькі пра адно, каб хутчэй вярнуцца на Радзіму, у
Беларусь.
19 сьнежня 1945 года прыняты старацелем
участка ў Верхне-Сталінску. Неўзабаве стаў брыгадзірам. Сябраваў усё з тым жа
Дзін-Гулінам, які добра знаўся з прафэсіяй золаташукальніка. Як адчуваў, дзе
шукаць. Наогул сябрамі лёгка абзаводзіўся - уражаньне такое, што вакол яго ўсе
сябры.
Бацьку двойчы ўзнагароджвалі прэміямі: першы раз падарылі вэлясыпэд,
другі раз - ужо калі ад’яжджаў - радыёпрыёмнік “Родина”.
А як усё адбывалася? Ужо быў звольніўся,
але паклікалі на працу, у шахту: рэзка ўпала здабыча золата! Пайшоў з кітайскім
сябрам Дзін-Гулінам паглядзець, у чым справа. Выявілася, што новы брыгадзір,
які замясьціў яго, збочыў ад залатаноснай пароды ўбок ад каменьня, туды, дзе
мякенькі пясочак. Вярнуліся назад да залатаноснай жылы, і здабыча адразу
вырасла.
Бацька любіў расказваць пра гэты выпадак -
як сама ўдача яго павяла! А я ўспрымаў чутае як выдатную мэтафару жыцьцёвых
паводзін: не бойся цяжкасьцей! ідзі па камяністай дарозе - яна хутчэй выведзе
да ўдачы!
Май цярпеньне! Сваім малым, Каці і Зосі,
калі прасілі цукерак, а я быў чым-небудзь заняты, так і казаў: “Май цярпеньне!”
Палічылі, што так называюцца цукеркі: “Тата, дай нам – “Майцярпеньне”!
1946 год. 1 жніўня г.г. нарадзіўся чацьвёрты сын - Уладзімір. Маці
расказвала, а брат пазьней любіў згадваць: “Хацелі назваць Ільлёю, бо
нарадзіўся на Ільлю”. Імёнаў не хапала ў радні - Уладзімерам пазьней, праз 3
гады, назвала свайго сына ц. Люба, яшчэ пазней - свайго сына сястра Іна.
1947 год. 20 жніўня г.г. начкам трэста “Якутзолата” бацьку
прэміраваў радыёпрыёмнікам “за перавыкананьне пляна за чэрвень, ліпень,
жнівень”.
Прэміраваць яго было за што: “Кулакі - самы
працавіты народ!” Чуў, як не раз з гонарам прамаўляў бацька. Часам замест
“кулакі” - гучала: “Беларусы!” На стале ў нашай кватэры амаль кожны вечар
ляжала горка залатога пяску - бацька казаў, што 4, а то і ўсе 7 кіляграмаў.
Эх, калі б тое бацькава золата ды ў добрыя
рукі, дык жа ў Беларусі было б таго залатога запасу не менш, як ў якой-небудзь
Швэйцарыі!
10 верасьня г.г. бацька звольніўся з працы
і пераехаў з сям’ёй на родную зямлю. У Беларусь! Такія самыя нябогі, як і мы,
казалі, што іх нехта нават зьбіраў на сходы і ўрачыста аб’яўляў: “У каго ёсьць
радня на радзіме, каго цягне дадому - можаце ехаць. Вы свабодныя”. Бацька на
гэты конт нічога не казаў і шматзначна адмоўчваўся. Наогул ён пра многае нічога
не казаў. Вучаны!
Ехалі доўга. Напакутаваліся, бо з малымі
дзецьмі. Не раз успаміналі, як, слухаючы дарослыя размовы і нараканьні на свой лёс,
я раптам зацягнуў Лазара: “Ой ты, доля, мая доля! Доля горкая мая!” І такі
рогат, бадай што хваравіта-ненармальны, напаў на дарослых, што разьвесяліліся,
акрыялі духам. Месяц, што дабіраліся да Масквы, затым да Бабруйска, да Глушы,
дзе жылі тады дз. Міша і ц. Аня Адамовічы, усё ўспаміналі той вясёлы выпадак у
дарозе, што пераламаў панылы настрой: “Мішка! прасьпявай песьню!”
Цяпер ведаю: тады ва мне прачнуўся матчын
“сыбірскі аптымізм” і бацькава: “жывыя будзем - не памром!”
На станцыі Скаварадзіно, дзе ішла Сыбірская
магістраль, бегла самая працяглая ў сьвеце чыгунка з Усходу на Захад, нас
абшуквалі, усё дабро - а везьлі шмат чаго, у ларку-золатаскупцы за боны
накуплялі адзежы, тканіны і Бог ведае яшчэ чаго! - перабралі. Шукалі золата.
Казалі, што некаторых нават нанач пакідалі, каб пераправерыць: раптам
наглытаўся залатых каменьчыкаў! Братам маці зрабіла пояс з кішэнямі, куды
схавалі заробленыя грошы, - сторублёўка была з добры аркуш паперы. Маці
ўспамінала, што частку багажу паслалі поштай. Пасылка прыйшла ўсьлед -
парвалася, дык паштальёны ўзялі тканіну з паклажы і зашылі дзюрку. І ўсё было
на месцы! Нічога не ўзялі!
Дарога доўгая. Ці мала што! Ведаю гэта з
расказаў старэйшых. І браты ўжо нешта цямілі і помнілі. Любяць весела
расказваць. (Ад вялікага багацьця мала што пасьпелі ўратаваць: грашовая рэформа
1947 года была нечаканай, і на новыя купюры мянялі толькі пэўную суму. Прасіць
некага было небясьпечна: бацькам не хацелася яшчэ раз апынуцца там, дзе яны ўжо
былі. Я помню тыя вялізныя купюры, у якія мы, дзеці, гулялі на беразе сажалкі.)
Помню, і вельмі добра, момант, калі нас
раптам пабудзіў бацька: “Уставайце! Байкал!” Кінуліся да акон. Сапраўды, з
аднаго боку крута ўздымаліся ўверх горы, а з другога - зіхцела сіняя прастора
вольнай воднай стыхіі. Відовішча - мала сказаць, уражлівае - проста фантастычнае!
Помню, як на нейкім паўстанку дарослыя
пабеглі набіраць у чайнікі кіпеню. Людзей шмат. Хто першы - той лепшы. А цягнік
гудзе на ўсю моц - адпраўляецца. Чакаць не будзе. Мы з жахам глядзім, як бацька
бяжыць, здаганяе наш вагон, які набірае хуткасьць. Здагнаў! Вясёлы. Доўга
аддыхваўся.
Дарэчы, цётка Зіна ў сваіх мэмуарах згадвае іншы выпадак, калі бацька
адстаў-такі. Праўда, праваднік суцешыў: на наступнай станцыі здагоняць - за
намі ідзе скоры цягнік!
Помню, як бацька ў Маскве пасадзіў нас на
таксі і абвёз вакол Крамля, потым мы недзе сядзелі на паветры і ўпершыню ў жыцьці
смакавалі эскімо.
Помню, як у кватэры Адамовічаў мы завалілі
ўсю жыльлёвую плошчу, колькі яе было, пакой і куханьку (другую палову хаты
займала аптэка, дзе загадчыцай была ц. Аня), як дз. Міша паставіў мяне, разьдзетага
дагала, на канапу, пакрытую халоднай карычневай цыратай і рабіў мэдыцынскі
агляд.
Прыехалі мы страшэнна каросьлівыя, брудныя
- дарога цягам месяц далася ў знакі. За месяц, што жылі ў сваякоў, дзядзька не
раз нас гэтак аглядаў.
Помню, што ён быў неяк нападпітку і,
аглядваючы мяне, казаў маці, - па сутнасьці, ультыматум аб’явіў: “Глядзі, Каця!
Калі навучыш сваіх дзяцей піць, то бачыш - трохстволка на сьцяне! - і іх
застрэлю, і цябе!” Я гэта ўспрымаў усур’ёз, хаця і сумняваўся, як гэта мяне,
такога харошага, мілага, вясёлага, можна застрэліць, вайна ж ужо скончылася, а
маці весялілася: пасьля таго, што зьведала амаль за дваццаць год, ужо нічога і
нікога не баялася.
І дзядзьку Мішу, Міхаіла Іосіфавіча, добра
ведала. Хвалілася, што ён любіў з ёю танцаваць. І сама яна па натуры вясёлая
была. Маладая была – усяго толькі 34 гады. З густымі да пояса чорнымі валасамі,
ад якіх іскры ляцелі і трэск стаяў, калі расчэсвалася. Рухавая, порсткая,
маленькая, лёгкая на жарты. Сама не раз казала - хвалілася, не баючыся, што
нехта ўрачэ: “Мяне ўсе любілі. Звалі - Кацюшка! Кацюшка, станцуй! Кацюшка, пасьпявай!”
Дарэчы, яе натура перадалася маёй Кацечцы -
і кропелькі падабрала! Зоська - тая ўся ў маму ўдалася, пайшла па яе лініі.
Праўдзівей, і бацькавага і матчынага і адной і другой хапіла. Ну, хаця б тое,
што абедзьве - філялягіні!
У працоўнай кніжцы бацькі запісана: “1 сьнежня
1947 года. Саўгас Завалочыцы. Залічаны ўчотчыкам”. Жылі ў пасёлку Завалочыцы, у
цэнтральнай сядзібе саўгаса, у прасторным доме каля сажалкі, каля самай
заставы, пад якой бег заўсёды гаманкі ручай і вяліся мянькі. У канцы гародчыка
- яшчэ адзін ручай, але з другога боку. Тут яны і зьліваліся ў адно, каб разам
папоўніць водны запас Пцічы. Бацька, які ўжо асвойтаўся на новым месцы,
тлумачыў, што пасёлак - былы панскі маёнтак. Што пан - сам генэрал Жылінскі
(насамрэч палкоўнік Генштаба), які яшчэ да рэвалюцыі праводзіў у сваім маёнтку
мэліярацыю. Спачатку як экспэрымэнт. Што дом, у якім мы жывём, насамрэч дом для
парабкаў. Але які дом! Высокія столі, вялікія вокны! А дрэва, з якога зроблены:
стукні абухам - зьвініць! На 8 кватэр, у кожнай вялікі пакой, і кухня з печчу.
На адзін калідор дзьве кватэры. Нічога сабе жылі “парабкі”!
У Піліпаўку бацька запрог каня, пасадзіў на
сані маці, хроснага бацьку, кіроўцу грузавіка Кісялёва і хросную маці
Івашкевічыху, чатырох сыноў і павёз хрысьціць у Гарадок. Царква - дзіва, больш
за сто гадоў ёй, драўляная! - стаяла сабе, цалюткая, аж дасюль стаіць, у 2014
годзе справіць дзьвесьце гадоў. Тады была зачыненая. Поп з пападзьдзёй хрысьцілі
нас, малых, у сваёй хатцы. Сядзелі радком на шырокай лаве - большы, меншы,
меншы... Пападзьдзя ляжала на палацях і палохала мяне: “А гэтага хлопчыка я
забяру!”
Запомнілася язда на санях.
1948 год. 3 студзеня новага года бацька быў пераведзены на пасаду
брыгадзіра-палявода, стаў, як называлі ў Завалочыцах, загадчыкам...
Да нас часта, асабліва цёмнымі вечарамі,
нібы выпадкова, заходзілі госьці, бацькавы новыя сябры. Помню, як на кухні за
сталом сядзеў лясьнік Кунцэвіч - вяртаўся з абходу. Двухстволка стаяла ў кутку.
І мы, малыя, увесь час пазіралі на яе з цікаўнасьцю. Дзядзька Кунцэвіч вельмі
ахвотна распавядаў пра ваўкоў і дзікоў, пра аленяў і казуль... Бацька ўжо
ведаў, што наша бабуля і лясьнік былі, на жаль, усяго толькі цёзкамі па прозьвішчу.
Пра Язафата Кунцэвіча, зразумела, ні мы, ні яны ў тыя часы нічога не ведалі і
не чулі. Мы, малыя, вельмі любілі Косьціка Кунцэвіча, сына лесьніка, - ён умеў
баяць усялякія прыгодніцкія гісторыі, даваць надзвычай трапныя характарыстыкі
аднавяскоўцам. Жаніўся пазьней на маёй аднаклясьніцы. Сябры сьмяяліся: “А ты
што?!” Сапраўды, мне было толькі 12 год, а ў маім 5-м клясе сядзелі пераросткі.
Толя Шаблоўскі, дужы хлапчына з Паляны, браў мяне на рукі і падымаў ажно да
саменькае столі нашага кляса. Дзе ён цяпер? Дзе іншыя? Моцныя, дужыя,
прыгожыя!..
Помню, як аднойчы адвячоркам у нас сядзела
шумная кампанія мужчын: дзядзька Міша, дырэктар Завалочыцкага сьпіртзавода Пётр
Піліпенка, наш дзядзька Пеця Шуст, муж цёткі Соні, які працаваў старшынёй
райспажыўсаюза ў Старых Дарогах. Цётка Соня гутарыла з нашай мамай на кухні.
Нас больш уразіў падарунак, які зрабілі
Шусты - прозьвішча дзядзькі Пеці: цётка Соня, як толькі зайшлі ў хату, адразу
навязала нам, хлапцам, дзявочыя хустачкі ў гарошак. Мае старшыя браты адразу іх
скінулі, а мы з Валодзем радаваліся і хваліліся. Усьцешаныя жанчыны вылучалі
мяне: “Вось бы добрая дзяўчынка была!” Па сутнасьці, сыпалі соль на раны нашым
бацькам: марылі пра дзяўчынку, а нараджаліся хлопцы - ажно пяцёра. Як на вайну.
Мужчыны раптам так моцна расшумеліся, што,
здалося, сварацца. Вельмі ж ўсе яны розныя былі! І вайну бачылі - кожны
абапіраючыся на сваё разуменьне і свой перажыты вопыт. І добра падпілі.
Дырэктар мясцовага бровара з выпадку сустрэчы прынёс трохлітровы слоік сьпірту-сырцу,
які выклікаў агульнае захапленьне. Ён жа яго і разьбіў - гэтак размахаўся
рукамі. Гору мужчын і гаспадароў не было мяжы: самагонка, а тым больш сьпірт,
цаніліся як валюта. Наколькі разумею, бо тады мне было 5 гадкоў, завадатарамі
жорсткай спрэчкі былі дзядзька Міша і дырэктар сьпіртзавода. Я быў на баку
дзядзькі Мішы.
Помню выпадак, як малодшы брат Валодзька,
яму было крыху больш за два гадкі, скаціўся з ганка, і, хаця ганак быў
невысокі, хапіла, каб параніўся. Брыво так і засталося са знакам. Любіў усім
расказваць пра той выпадак.
Помню, як у нас гасьцяваў Жэня Адамовіч і
як шчыравала каля стала маці: заслала белым абрусам, паставіла сподачкі,
нарэзала памідораў, якія толькі зьявіліся ў гародчыку пад акном, паставіла
бутэльку гарэлкі. Мне ўся гэта ўрачыстая працэдура вельмі спадабалася, і я
марыў, што і мяне нехта некалі будзе гэтак жа прымаць. Таму і запомніў тое гасьцяваньне.
А Жэню і Сашу Адамовічаў, сваіх брацейнікаў, мы любілі. Папраўдзе, як сваіх
старшых братоў.
Помню, як мы любілі забягаць да суседзяў,
праз сенцы. Казік Шэмпель - прозвішча меў, як і ў дырэктара саўгаса, сябра сям’і
Адамовічаў, але ці быў ягоным сваяком - хто яго ведае! Езьдзіў на калёсным, з вострымі
шыпамі, трактары - тады адзіным у гаспадарцы. Хварэў на тубэркулёз. Мала пажыў.
Дочкі - Зіна, Каця. Мянушку “Зінка” адразу атрымаў наш брат Сашка. Мяне клікалі
– “Кацька”: “Мішка, пацалуй Кацьку!” Я ахвотна бег цалаваць малую, гадкоў 2-3,
саплівую Кацьку. Дарослым пацеха, а малым гора. Ні бяды!
“Ні бяды!” - любімая прымаўка жыхароў
Завалочыц: “Завалаклі нас, гэтыя Завалочыцы!” А тое, што назва паходзіць ад
слова “валока”, не ведалі. Пасёлак знаходзіўся за адну валоку ад Запольля, дзьве
ад Дварца, чатыры ад Гарадка, былога Старога Глуска, які раскінуўся на
ўзгорыстым беразе Пцічы і меў, да ўсяго іншага, царкву.
Народны слоўнік шпарка, на вачах, расьцярушваўся.
На маёй памяці той момант, як я ўпершыню пачуў ад сваіх жа аднагодкаў слова
“каяцца”. Гучала то, як скарга, то як пагроза: “Пачакай-пачакай! Потым будзеш
каяцца!” Я не адразу ўсьвядоміў яго сапраўдны сэнс.
Помню, як маці (цяпер разумею, якая яна
была маладая і прыгожая) узяла мяне, пяцігадовага, у нашу вясковую лазьню, у
“жаночы дзень”. Мы сядзелі ў парылцы на палацях, а да мяне падсела вясковая
прыгажуня Рая (сам я гэта зразумеў пазьней, калі бачыў яе з нашым суседам Васем
Шведам і ўсе толькі і казалі, што пра іх вялікае каханьне, і калі на ўсе вочы
захоплена глядзеў на тое, як яна танцавала, і жадаў ёй перамогі ў аб’яўленым
конкурсе). Зірнуўшы на маці, весела пажартавала: “Вось зараз адарву тваю
цацку!” Ва мне спрацаваў адвечны мужчынскі страх кастрацыі, пра які пісаў
Зігмунд Фрэйд, і я адсунуўся далей ад гэтай небясьпечнай гарэзы. Яна належным
чынам ацаніла мой спалох і раптам спытала: “А ты, калі падрасьцеш, возьмеш мяне
замуж?” Жанчынам было весела, а я пасьля больш ніколі не хадзіў з маці ў
“жаночы дзень” у лазьню.
Помню, як гулялі з суседзкімі дзецьмі ў
канцы гародчыка, каля ручая, які бег-цурчэў ажно з-пад Высокай Дарогі. Залазілі
па чарзе ў неглыбокія ямкі для слупоў агароджы. Нехта з большых прапанаваў: “А
двума нагамі не зможаш?” Як гэта я не змагу! Сяк-так уціснуў дзьве нагі, а
вылезьці не магу. Ручкамі ўпіраюся ў траву - ні з месца, як сам мокры пясок
усмактаў. Толькі праз гадзіну вярнуўся з працы бацька і выцягнуў мяне з тае
ямкі. Але стаяць я не змог - асеў на траву. Бацька ўхапіў мяне на рукі і занёс
у хату. Маці, старая Лісіцкая расьціралі замлелыя ногі, але я так і застаўся
абязножаны.
На другі дзень бацька занёс мяне да старой
Кароткай - самі стары і старая Кароткія, Быхаўчэнкі, іх сваякі, былі з Украіны.
Наогул у пасёлку атабарыўся цэлы інтэрнацыянал: беларусы, украінцы, палякі,
рускія, латышы, цыганы, армяне, яўрэі, швэды... Старая Кароткая, якая насамрэч
была не столькі кароткая, колькі таўсматая і прысадзістая, а галоўнае -
лічылася варажбіткаю. Дзіва, але яна адно павадзіла над маімі нагамі правай
рукою, прашаптала нейкую замову, у якой было больш музыкі, чым слоў, загадала:
“Бяжы!” Бацька прытрымаў, калі я асьцярожна стаў на ногі каля ложка, ступіў
крок і раптам паімчаў у падскок. Добра помню, як лёгка я ляцеў, бы жарэбчык,
што застаяўся ў канюшні. Забыў і на варажбітку, і на бацьку, які неўзабаве
прыйшоў дахаты, аб’явіўшы з парога: “Памагла!”
Страхаў хапала. Неяк ранкам пачуўся глухі
стук у сьцяну. І раз і другі. Бацька пастукаў кулаком у адказ: маўляў, чую! А
маці патлумачыў: “Валодзя Невяроўскі стукае! У Глуск, у ваенкамат, выклікаюць”.
Маці ўстрывожана глянула на бацьку. Ён супакоіў: “Не мяне аднаго. Можа, на
зборы, а можа, так”.
А ў нас, малых, адна думка - дзіцячы
спалох: “Вайна?!” Па сутнасьці, і старшыя, і мы, меншыя, жылі ўвесь час з гэтай
думкай аб самым страшным. І гэта пытаньне: “Вайна?!” - узьнікала ў самых
нечаканых варунках. Нават калі нараджаліся дзеці. Калі хлопчыкі, ды яшчэ адзін
за адным, як у нас, то так і казалі: “Няўжо на вайну?!” Нібы сама прырода
прадчувала нешта.
12 лістапада, глыбокай восеньню, нарадзіўся
ў нас яшчэ адзін брат. Дзе чацьвёра, там і пятаму знойдзецца месца. Бацьку не
прывыкаць: сам рос у шматдзетнай сям’і - пяцёра сясьцёр і два браты. Затое маці
клопату!
Назвалі Мікалаем, хаця да сьвята
Міколы-зімовага і было яшчэ далекавата. Сьвятога Міколу ў нашай сям’і вельмі
шанавалі. Яго імя, бадай, адно з першых, якое я запомніў, бо часта чуў з вуснаў
бацькоў і сваякоў. Дзядзька Міша, у бальніцы якога ў Глушы нараджала маці,
падняў малога, паляпаў па попцы і пахваліў: “Харошы хлопчык!” Гэта быў не
проста камплімэнт, але і ацэнка аўтарытэтнага на ўсю акругу ўрача. Чуў пра гэта
пазьней ад самога брата, а яму, у сваю чаргу, распавядала наша мама.
Падрабязнасьці нашага дзяцінства часта згадваліся і згадваюцца братамі.
28 лістапада здарылася бяда - памёр наш
любімы дзядзька Міша, Міхаіл Іосіфавіч Адамовіч, гонар нашай вялікай сям’і.
Вяртаўся з выкліку да парадзіхі, здаецца вёрст за дзесяць ад Глушы. Саўгасная
машына сапсавалася. Вяртаўся, як звычайна любіў, пешака. Была моцная завіруха.
Узмок у сваім цяжкім тычынаўскім, сьвёкра Мітрафана, кажусе, прадзьмула,
прастудзіўся. Вярнуўся дамоў з высокай тэмпэратурай. Страціў мову, анямелі
рука, нага. Інсульт.
Пра тое, што мы ўсе адчувалі, не раз пісаў
у сваіх успамінах Саша, Алесь Адамовіч. Помню, што было ў той дзень вельмі
цёмна і змрочна. Шматлюдна на падворку, у сенцах. Бацьку са мной, сваякоў,
прапусьцілі. У зале аптэкі адбыліся памінкі. Гарэлі сьвечкі - электрыка ў
пасёлку Глуша і пазьней, калі я ўжо вучыўся ў Глушанскай дзесяцігодцы (у нашых
Завалочыцах была ўсяго сямігодка), працавала кепска: пасёлак рос, а
слабасільнае заводзкае дынама працавала з перабоямі. Не помню, ці быў хто з
маіх братоў. Не помню маці - засталася дома глядзець малога Кольку, але,
паводле яе пазьнейшых згадак, вельмі перажывала - яна неяк вельмі натуральна
ўвайшла ў вялікі род Тычынаў-Адамовічаў-Шустаў: надта раптоўнай была сьмерць
дзядзькі Мішы.
Помню, што было шмат людзей, што бацька
сядзеў у самым куце стала і трымаў мяне на каленях. Ён глыбока перажываў, як
адчуваў, што бяда не адступаецца, не адступіцца ніяк ад нашага роду. Не так за
сябе, як за старшую сястру Аню. За пляменьнікаў Жэню і Сашу - не пасьпелі як сьлед
нацешыцца, нарадавацца. Жыцьцё нібыта помсьціла за тое, што ўсе Тычыны, дзе хто
быў, каго раскідала па прасторы Эўразіі злая віхура, нарэшце сабраліся разам.
Я ажно да выпускнога 10-га кляса на пытаньне:
“Кім хочаш быць?” - адказваў нязьменна і цьвёрда: “Доктарам! Як дзядзька Міша”.
Цётка Аня нязьменна папраўляла мяне: “Трэба казаць - урачом! Доктарам - кажуць
толькі непісьменныя людзі”. Але была задаволена мною, маім выбарам.
1949 год. У нашай кватэры мы жылі першы час не адны: у куце каля
печы жыла сям’я Дробавых - маці з сынам Сенькам, аднагодкам нашага брата Сашкі.
Мы як мы, малыя, неяк ужываліся, бацька прападаў на працы, а вось маці было няпроста
– сям’я, гаспадарка, агарод, соткі пад бульбу недзе ў полі, каля печы дваім
гаспадыням было непамысна.
Маці хутка абзавялася сяброўкамі, асабліва
падружыла з старой Лісіцкай – яна жыла праз сенцы насупраць, разам з Шэмпелямі,
браты круціліся каля яе сына Колі. Як жылося? Помню выпадак, як Толя Пасюк, які
сябраваў з Колем, папрасіў у таго шкарпэткі – зьбіраўся пайсьці на танцы ў
суседнія Сіманавічы. Мне гэта здалося выдатным паказчыкам таго, “як жылося”. А
вось так!..
З бальніцы, казалі дарослыя, прывезьлі
суседзкага хлапчука, малодшага брата сясьцёр Невяроўскіх. Гадкоў 9 - 10. На што
хварэў, я не ведаю. Помню толькі, як ён ішоў да сажалкі ад ганка шматкватэрнага
дома “літарай П”, дзе яны жылі. Яму купілі касьцюмчык. У ім ён ішоў, худзенькі,
зьбялелы, як бы ўжо нетутэйшы. У ім яго і паклалі ў труну. Першая сьмерць, калі
я падумаў, што яна не выбірае, каго забіраць на той сьвет. Было вельмі шкада
яго. Правёў яго да моста, не ісьці ж мне, 6-гадоваму ажно туды, куды
накіроўвалася нешматлюдная працэсія, пайшоў да сяброў. За гульнямі і забавамі
першае ўражаньне расплылося і паступова забылася. Не, не забылася! Я яго помню.
Ён жыве ў маёй памяці. Я яго як бы абагнаў і пайшоў далей. Але мне вельмі шкада
хлопца. Згадваў яго амаль штораз, калі бачыў яго сястру Тамару, калі ехала на
ровары на працу ў аўтобуснай касе, дзе была білецёрам. Раней, калі я вучыўся ў
5 клясе, яна працавала ў школе бібліятэкарам - у клясе знаходзілася шафа з
кнігамі. Я ўзяў том Якуба Коласа з вершаванымі апавяданьнямі. Заўважыла, што
гляджу на “Ціхі Дон”: “Табе яшчэ рана чытаць такія кнігі”. Няма ўжо і Тамары.
Неўзабаве мы перабраліся праз ручай у
чатырохкватэрны дом, дзе ўжо былі гаспадарамі ў сваёй кватэры. Няхай сабе і
цеснаватай - два вузкія жалезныя ложкі, як-ніяк пяцёра дзяцей. У куце, пад
абразам Божай маці з немаўляткам (і як яго правезла ажно ў Сыбір наша бабуля, і
не адзін, а два: адзін падаравала нашым бацькам пасьля таго, як яны пабраліся,
а другі - нашай цётцы Любе), стаяў шырокі ложак для бацькоў. Побач - калыска.
Каля дашчанай перагародкі печ з палацямі, адкуль мы любілі скакаць проста на
ложак.
Мы, малыя, сябравалі з суседам, дзядзькам
Косьцікам. Ён, як патлумачыла маці, хварэў на жаўтуху. Часам выходзіў на ганак.
Быў ласкавы з намі. Гэта зьдзіўляла - такая ўвага з боку дарослага. А ён ужо
ведаў свой час і, па сутнасьці, разьвітваўся з жыцьцём. Неўзабаве маці сказала,
каб ішлі і разьвіталіся з дзядзькам Косьцем. У пакоі за сьцяной на табурэтках
стаяла труна. У ёй нязвыкла жоўты з твару ляжаў нябожчык, падобны на дзядзьку
Косьцю. Я абышоў труну, як бы пераконваўся: ён ці не ён? Сам сабе падумаў: не
ён! Я яго іншым помню.
Бацька задумаў будавацца. Вечарамі сядзеў з
маці на кухні вакол газавай лямпы пад шклом, якая заўсёды нас, дзяцей, вабіла і
якую бацька чамусьці ўрачыста называў “дзесяцілінейка”: рахавалі, рабілі
падлікі, лічылі грошы.
Усё вырашалі дружна, разам. Голас бацькі,
вядома, быў рашаючым. Хто-хто, а мы гэта добра адчувалі і ведалі! На маёй
памяці бацька толькі Сашку разы тры лупцаваў рэмнем. Было за што - на ім,
казалі, шкура гарэла, і ён увесь час прыдумляў нейкія авантуры, прасторы яму ў
хаце неставала, рваўся на волю вясковых вуліц і вулачак. І мне нейк раз ледзь
не папала: дражніў малодшага брата Валодзьку, а той паскардзіўся бацьку, -
бацька, як бура, ўляцеў у хату (адрываюць ад занятку, паршыўцы!), замахнуўся,
але глянуў на мяне, як я, згарнуўся ў жаху ў камячок, і абышоўся пагрозай:
“Глядзі ў мяне!” З бацькам было так, што і пагрозаў не трэба, а досыць грознага
позірку.
Летам я пайшоў на рэчку. Перайшоў дашчаны
масток. Загараў у пясочку пасярод добра патаптанай травы, Абгарэў. Вярнуўся
дамоў - маці абгледзела мяне, малога, жахнулася, абмазала сьпіну і рукі сьмятанай
і паклала на падушку. Мяне кідала то ў жар, то ў холад. Як без памяці я лічыў -
далічыў да 600, хоць зьбіраўся дабрацца да тысячы. Аблез, вядома, і страціў
надоўга цікавасьць і да загару, і да рэчкі. Бегаў па бярвеньнях плыта, які
прыстаў каля нашай лесапільні, - тады па нашай рэчцы яшчэ ганялі плыты. Маці не
было часу: і гаспадарка, і на поле бегала - на нашы соткі, з пасаджанай
бульбай, і адну сотку давалі пад проса. У хаце нейкі час мяне глядзела
12-гадовая дзяўчынка ці то з Калюгі, ці то з Сельцаў. Яна, бедная, не ведала,
чым заняць рукі, і відаць было, што сумавала па сваёй вёсцы, па хаце, па
сябрах. Я ёй быў зусім нецікавы. Малеча!
Як на тое, то, можна сказаць, шанцавала. У
бацькі сабраўся жмут аблігацый - на многіх лічба “сто рублёў”. Трэба ж такое,
выпаў выйгрыш - тысяча рублёў! Прадалі таксама за тысячу, ці амаль тысячу,
рублёў цялушку, якую бацька гадаваў з думкай пра будучую вялікую будоўлю.
Дзядзька Антон, дырэктар дзесяцігодкі ў Бярозках Хоцімскага раёна, двойчы
прысылаў яшчэ па тысячы: у саміх з цёткай Лінай дзяцей не было, а грошы
свабодныя меў, і бацьку, абсыпанага дзецьмі, шкадаваў, і яго запаветную мару
пра свой родны кут разумеў. Бацька часам жартам казаў - без каліва зайздрасьці:
“Ты – багаты”. Дзядзька на гэта весела адказваў: “Гэта ты - багаты! Вунь, -
паказваў на дзяцей, - тваё багацьце!”. Так што, неяк выбраліся з безграшоўя.
Зрэшты, мы, малыя, і блізка не ўяўлялі, як
жылі людзі. І гэта ў саўгасе, дзе хоць нешта, у параўнаньні з калгасьнікамі,
плацілі. Бацька штодня вывешваў на дошцы аб’яў, побач з аб’явамі пра чарговы
кінафільм, які прывёз на паказ наш ўсеагульны любімец Гілька Песін, сьпіс прозьвішчаў
саўгасных рабочых і суму заробленага за дзень. Гэта былі капейкі - рублёў мы не
бачылі. Цікавіліся звычайна тады, калі бацька яшчэ з раніцы дома аб’яўляў: “Міхаіл,
сёньня пойдзеш вартаваць кукурузу! (Ага, гэта значыць ганяць варон, каб не
дзяўблі толькі што пасеянае зерне!) Валодзя, павязеш ваду на луг!” Коля
незадаволена пытаў: “А я?” – “А ты сёньня пакуль што маці памагай каля хаты
ўпраўляцца!” Наогул жа, як выжывалі нават нашы суседзі, аднавяскоўцы, прыблізна
ведалі. Але, праўду сказаць, не вельмі цікавіліся. Тое жыцьцё праходзіла
стараной. І бацькі не казалі нічога.
Помню, як езьдзілі з бацькам на двуколцы -
капыты жарабца, часьцей за ўсё гэта быў Орлік, грозна мільгалі і кідаліся
камякамі гразі перад вачыма - у вёску Яўсевічы за рэчкай, дзе жыў лясьнік Сак.
Я сядзеў каля бацькі на лаве ў хаце, а бацька дамаўляўся аб тым, дзе і калі
можна будзе пілаваць страявы лес.
Лес называўся то Ваўчыны, бо там у самай
глухамані знаходзіўся хутар пад назвай Ваўчкі, то Заброддзе, бо туды можна было
перабрацца толькі ў брод, то Сакаў Лес, па імені лесьніка. Пазьней, калі мы
падрасьлі, лес стаў Пеўневым: лясьнік быў з вёскі Запольле, што за нашымі
Завалочыцамі знаходзіліся ўніз па рацэ, - ён дужа нагадваў сапраўднага пеўня,
крыклікавага, чырванатварага, насатага, асабліва калі злаваў і калі дзеці
дражніліся. Колькі сябе помню, толькі і займаліся, што шукалі, каго пацьвяліць.
А ўжо ўзімку, памятна сьнежную, мы імчалі
на параконках-санках з прычапнымі падсанкамі праз луг, а за намі ляцела такая ж
параконка. З гіканьнем, галасістымі “Но, воўчая скура!”, сьмехам - работа
чакалася вясёлая. Старшыя браты і іх сябрукі сядзелі на падсанках, якія
шпурляла на паваротах і гурбах, яны часам падалі ў сьнег, пасьпявалі выскачыць
ледзь не з-пад ног коней, што ляцелі рысьсю ўсьлед за намі. У лесе было тлумна
і шумна: зьвінелі пілы, гучалі крыкі: “Сьцеражыся!” - надалі выносістыя сосны,
а мы, дзятва, па загаду старэйшых, цягалі гольле далей ад высечкі, скідвалі ў
лаўжы.
1950 год. Ужо ў пачатку лета зьявіліся будаўнікі - брыгада з трох
лесарубаў з недалёкай вёскі Бабіроў. Мы іх пабойваліся - маўклівыя, пахмурныя,
працавітыя. Перамаўляліся сьціха між сабой, але выгляду не падавалі. І ўсё ж
нельга не паглядзець, як ідзе работа, як расьце зруб нашай хаты-пяцісьценкі.
Альбо не пагутацца на бярвеньнях, рызыкуючы зваліцца.
Дрэвам быў завалены край дарогі, якая
неўзабаве павінна была стаць жывой вуліцай і ішла з асфальткі, самой Варшаўкі,
да цэнтра саўгаса.
Месца сядзібы бацька выбраў ці не найлепшае
- усё ж крыху вышэйшае, як у суседзяў, як-ніяк непадалёк былі Кіі - поле, якое
да таго было балотам, генэрал Жылінскі, казаў бацька, зрабіў дрэнаж, і ён яшчэ
дзейнічаў.
Нарэшце адбыўся ўрачысты момант - вакол
трэскі, кара, а каля кутняга ад уваходу дубовага пня стоўпіліся гаспадары,
будаўнікі, цікаўныя суседзі. Бацька падзывае мяне і сыпле мне ў далоньку жменю
капеек, жоўтых і белых. Кажа, каб высыпаў грошы ў падрыхтаваную для кутняга
слупа ямку. Я яшчэ вагаўся, ці не жартуюць мужчыны, але бацька аўтарытэтна пацьвярджае:
“Сып! У цябе лёгкая рука! На шчасьце!” Яго неспадзяваная для мяне шматслоўнасьць
пераканала, што ў гэты момант сапраўды здарылася нешта вельмі важнае.
Зруб паставілі за лета. А далей ужо
мясцовыя цесьлі клалі падлогу, ставілі дубовыя вушакі, больш было клопату са
сталяркай - тут працавітасьці мала, патрэбна майстэрства. Сталярку ў асноўным
рабіў Васіль Курс - ён дняваў і начаваў у сваёй сталярні, непадалёк ад саўгаснай
кузьні. Бог яму даў доўгі век, яму за 90, а ён і не шманае: моцны, хударлявы,
што дрэва. Ён нам нават стол з разнымі ножкамі змайстраваў, - можна сказаць,
пераўзышоў самога сябе.
Бацька плянаваў, каб сьвятліца была сьвятліцай
і ўваход, дзьверы былі высокія і шырокія, на дзьве палавіны. А цесьля - не буду
называць яго прозьвішча, адно скажу, што быў ён з такіх самых, як і мы, “спэцперасяленцаў”,
- падкараціў вушакі на свой розум, каб было, “як ва ўсіх”. Бацька вярнуўся з
працы тады, калі было ўжо позна, і гору яго не было мяжы. Сам ва ўсім любіў
абдуманасьць і дасканаласьць, то і ад іншых чакаў таго ж самага. Тым не менш
пазьней даручыў таму самаму цесьлю рабіць невялікую вэранду перад уваходнымі дзьвярамі
ў нашу хату. Можа, каб адбыў свой грэх. Абодва “культурныя гаспадары”, а мысьлілі
па-рознаму.
У бацькі быў прыродны дар - яму давяралі.
Сяброў хапала - сапраўдных, каму каля бацькі проста добра пачувалася, і хітрых,
сяброў датуль, пакуль бацька быў на пасадзе. Ездавы Патаповіч прадаў бацьку хлеў
- спадчыну колішняй заможнай гаспадаркі ў суседніх Яўсевічах, адкуль Патаповічы
перабраліся ў пасёлак. Вова Патаповіч - мой закадычны сябра. Сядзелі за адной
партай у 4-м і 5-м клясе, ажно пакуль ён - пасьля сьмерці бацькі - не зьехаў у
Казахстан. “На цаліну”, як тады казалі. Скончыў там школу ФЗН. А хлеў, крыху
падноўлены, вытрываў усе нягоды часу і прастаяў ажно сто гадоў.
У першы кляс - у школу я пайшоў рана, у шэсьць
гадоў, гэтак рваўся вучыцца, - я яшчэ хадзіў са старой кватэры. Вучыла нас пісаць,
сьлібізаваць па складах Марыля Аляксандраўна Леванкова, выдатная настаўніца,
якая навучыла грамаце за 50 гадоў працы ў нашай школе сотні першаклясьнікаў і
якую мы надзялілі без злосьці мянушкай “Восіха” (“Вось гэта, дзеткі, літара
“А”! Вось гэта літара “Б”!”). Вучыла яна і маіх братоў і пазьней сястру. Але не
было дня, каб я і мае браты, не хадзілі да новай хаты: надта цікава было
назіраць за працай лесарубаў, цесьляў, сталяроў, печніка, гантара.
Тым больш што вакол таксама кіпела работа:
ставілі свае дамы нашы суседзі - Вашкевічы і Жлобічы. За ўзор узялі адну пляніроўку,
як у нас, але ўжо крыху з большым замахам: былі прастарнейшыя пакоі, на адно ці
два бервяны вышэйшыя зрубы. Дасюль помню, як пахла сьвежая абчэсаная сасна,
вільготны зялёны мох у пазах паміж бярвеньнямі, вапна.
Помню, як бацька на словы маці: “Куды
сёння?” - адказаў: “На Высокую Дарогу”, - і мы з братамі глядзелі яму ўсьлед,
як ён пераходзіў напрасткі тады ці не з вайны яшчэ спушчаную сажалку, зарослую
вербалозам, пасярэдзіне якой бег ручай з так званага Кар’ера, і як выйшаў на шлях,
які вёў да той самай паўмітычнай і вельмі прыцягальнай Высокай Дарогі.
Ах, як бы я хацеў зноў вярнуцца да таго
імгненьня, калі глядзеў, як бацька шпарка крочыў на поле, дзе кіпела жніво -
гула малатарня, было шмат народу!.. Усё толькі пачыналася, бацькі былі маладыя,
чарнавалосыя, дрэвы высокія... Жыцьцё, здавалася, няма канца-краю. Усе былі
жывыя і здаровыя.
А дзіцячыя крыўды... Усё забывалася,
станавілася прадметам кпінаў адно з аднаго. Перападала і мне. У пачатку 2-га
кляса я нечага быў страціў цікавасьць да вучобы і цэлыя 2 тыдні рабіў выгляд,
што іду ў школу, а сам, амаль як Катоўскі, “агародамі, агародамі”, вяртаўся на
нашу сядзібу і хаваўся ў хляве, у склепе, гуляў сам з сабою ды пільна сачыў за
дзьвярамі і вокнамі кватэры. Бацька на працы, маці то шые, то мые, то абед
гатуе.
Дзіва, што пасьпявала і песьні сьпяваць -
прасіла маладзейшых суседак, каб перапісалі тую ці іншую песьню. Запомніліся яе
сьпевы “По диким степям Забайкалья, где золото роют горой...” (хіба ж не пра
нас!), “Кацюшу” (я ўпэўнены быў - пра нашу маму!), “Каким ты был, таким ты и
остался...” (ну, гэта ўжо, несумненна, пра нашага бацьку, які па маладосьці
гадоў “падгульваў”, прынамсі, я неяк, бадзяючыся з дзецьмі па вёсцы, заўважыў
яго на вуліцы Сабачай, калі ён гутарыў з адной вядомай усім нам самотнай
маладзіцай, бацька адразу мяне прыкмеціў і зразумеў, што дамоў хоць не ідзі -
будзе размова!)
Пазьней маці весела згадвала, і ў прысутнасьці
бацькі (“Вось пагавары ў мяне!”), як дражнілася: “Мой Тычына таксама
падгульваў!” Насамрэч усё было і не проста, і драматычна. Я помню бацькоўскія
разборкі за закрытымі дзьвярамі, якія адбываліся на павышаных нотах. Маці
дакарала, а бацька апраўдваўся. А мы, калі падаросьлелі, весела пераглядваліся:
дзе наш магчымы зводны брат?
А тады мы, малыя (я, Валодзька, Колька), -
большыя (Жэнька і Сашка) недзе гулялі (Інкі яшчэ не было) - сядзелі на печы,
забіўшыся ў куток, і дрыжалі. Былі, вядома, на баку маці, баяліся за яе.
Бацька некуды сыходзіў (“Куды-куды?!
Сабакам сена касіць!”), а маці, укленчыўшы перад іконай Божай Маці, плакала,
прасіла і маліла Яе заступніцтва. Малітва дапамагала. Прынамсі, я гэта на ўсё
жыцьцё запомніў.
Бацькава “халасьцяцтва” хутка абарвала ц.
Аня, да якой дайшлі чуткі. Як старшая сястра яна мела права на павучаньні,
больш падобныя на строгі вайсковы загад: “Аляксандар! Не забывай - у цябе
пяцёра малых дзяцей!”.
Ага, дык што было далей з той школай? Праз
пэўны час маці напаткала нашу настаўніцу Галіну Іванаўну Паўлаву: “А што гэта
ваш Міша ў школу не ходзіць? Захварэў, ці што?!” Я ўцёк ад маці за панскі дом.
Мяне адшукаў старшы брат Жэня і за руку прывёў дахаты. Па дарозе я адламаў
калючы пруток ружы, ішоў паперадзе брата, выканаўцы матчынай волі, і памахваў
сабе тым пруточкам, і вось гэтым прутком, скінуўшы мне штанцы, мяне маці досыць
злосна і зацята адсьцябала. Відаць, за ўсе свае крыўды на жыцьцё.
Бацька - у нас, братоў, часам вырывалася
сярдзітае: “Кулак” (Ото, дурні! Нашчадкі Паўліка Марозава!) - не даваў
вылежвацца, і сам рабіў, душу ўкладваў, як песьню сьпяваў. Часаў са звонам
сякерай жэрдкі на агароджу. Драў шчапу на “дранку”, каб потым - крыж-накрыж -
абабіць сьцены ўнутры хаты і зрабіць тынкоўку. Даваў і нам паспрабаваць
ададраць гэблікам шчапу.
Сядзеў з Горбелем з Сіманавіч (нам той
часта казаў: “Запомніце! мяне завуць - Горбель Даніла Тарасавіч!” - як у сёньняшні
дзень зазіраў, за край часу) і дамаўляўся пад чарку пра работу. А дзядзька быў
майстар залатыя рукі: і хату адтынкаваў, і печ з стаяком-грубкай зрабіў - гадоў
дваццаць не было патрэбы перакладваць наноў. Падчас пярэрвы дзядзька Горбель -
Даніла Тарасавіч! - чытаў газэту, войкаў ды ахкаў, чытаючы весткі з вайны ў
Карэі.
Бацька, забегшы з поля ці сенажаці, з
касавіцы ці жніва, перакусіўшы, хапаўся за сякерку і часаў-габляваў то дошкі,
то жэрдкі на агароджу. Усе кутнія слупы - а іх было некалькі дзесяткаў -
гаспадарчы двор, сад, агарод, палісаднічак, падворак - былі дубовыя, моцныя,
разьлічаныя на доўгі век. Перажылі і бацьку, і маці, пападалі ўжо ў нашым веку,
калі мы дасяглі бацькавых гадоў. Мы, дзятва, на спрэчку, спрабавалі па досыць
шырокіх жэрдках агароджы абысьці ўсю сялібу. Не ставала цярпеньня прайсьці і
чвэрць. Бацькавы законныя 30 сотак здаваліся бясконцымі.
Калі сусед у канцы нашай сялібы - там
шпарка забудоўвалася новая вуліца - дамогся, каб мы і суседзі на нашай вуліцы
Садовай, пацясьніліся (ім, маўляў, няма дзе разьвярнуцца) бацька ўрэшце
пагадзіўся. Ведаў, што 30 сотак лічыліся толькі на паперы. “Зямлі ў Беларусі
ўсім хопіць!”
Бацька з тою ж заўзятасьцю, што і ў
Забалаці, і ў шахтах, і на фронце, будаваў свой зямны рай. Быў, праўду сказаць,
шчасьлівы з малога, якому добра ведаў сапраўдную цану. Выйшаўшы на пэнсію
казаў: “Цяпер можна і пажыць!”
Колька, калі быў малым, любіў сядзець на
прыступках сьвірна. Усё бачна, што робіцца перад вачыма ў канюшні воддаль і што
адбываецца збоку - каля канторы, таксама добра відаць. Любіў з бацькам хадзіць
на нарады, калі бацька раздаваў кожнаму заданьне на ўвесь працоўны дзень і
людзі цярпліва чакалі, калі ён зьвернецца да цябе. У ездавых былі коні, за якіх
яны адказвалі, - ведалі, што без працы не застануцца, а таму спакойна, як бы
нават з пагардай пазіралі на іншых. Але рабочыя разыходзіліся, хто куды, а
малы, замарыўшыся на сонцы, засынаў. Нехта ідучы ці едучы міма нашай сялібы,
абавязкова гукаў: “Ваш Коля там, ля сьвірану, заснуў!” Бацька ўсьміхаўся і ішоў
да сьвірану, каб прынесьці соннага малога дахаты: сваё заданьне, якое заключалася
ў тым, каб прысутнічаць на нарадзе, малы добрасумленна выканаў.
1953 год. Пачатак сакавіка. Сьнег яшчэ ляжыць, а мы, вучні 4-га кляса,
у адкрытыя вокны нашай школы чуем жаласныя прамовы членаў ЦК і савецкага ўрада
і прыглушаны голас Левітана: памёр Сталін! Любімая наша настаўніца Галіна
Іванаўна Паўлава плакала - недзе за год да таго прынесла ў кляс 12 карычневых
тамоў, паклала стопкай на падаконьнік і ўрачыста агледзела наш тады 3-і кляс.
Чытаць мы ўмелі: Сталін! Ясная справа, уразіла! Дагэтуль помню! І мы ўсьлед за
ёю плакалі. Некаторыя наўзрыд. Уражаньне было гнятучае - бальшавікі ўмелі
хаваць сваіх правадыроў з размахам. Гэта называлася: “Бальшавіцкі маштаб”!
Здавалася, што пачнецца вайна - сама менш.
А неўзабаве Саша Адамовіч, які толькі што
абараніў кандыдацкую дысэртацыю і выкладаў на філфаку БДУ (бацька з адчуваньнем
важнасьці падзеі хваліўся: “Атрымлівае зарплату 1500 рублёў!”), у адну з нашых
частых паездак у Глушу падарыў мне стос часопісаў “Огонёк”, дзе мы з хлопцамі
разглядвалі фотаздымкі жалобнай падзеі на Краснай плошчы ў Маскве.
Памятаю фотаздымкі тых, каго Восіп
Мандэльштам недакладна назваў “сбродом тонкошеих вождей”, бо насамрэч шыі ў іх
былі бычыныя і рвалі каўняры, і разумею іронію крытыка Рыгора Бярозкіна, які,
паводле запісаў Янкі Брыля, згадваў, маючы на ўвазе менавіта гэтыя здымкі,
словы сьвятара, сядзельца сталінскага ГУЛАГу: “Нет благообразия в лицех”.
Ад часопісаў пасьля маёй з сябрукамі экзэкуцыі
нажніцамі хутка нічога не засталося. Крыху даўжэй захоўваліся каляровыя
ілюстрацыі карцін мастакоў. Я помню, што не ўцерпеў, каб не падражніць малую
сястрычку Іну, паказваючы ілюстрацыю доўгавалосай сьвятой Іннесы.
Куды мацней перажывалася сьмерць дзядзькі
Патаповіча, з якім бацька сябраваў. Незадоўга да ягонага скону, калі былі ў
Глушы, заходзілі і ў бальніцу праведаць. Тужліва разьвітваліся ў брамцы на
выхадзе з бальнічнага двара. Брамка, як у іншасьвет. Дзядзька быў страшэнна
схуднелы і жоўты, як кітаец. Бацька, калі ўжо ехалі дахаты, сказаў: “У яго
жаўтуха”. Шкада было яго сына Вову, майго аднаклясніка-пераростка, з якім
сядзеў за адной партай у 4 клясе.
Помню хаўтуры. Не першыя, але памятныя. Мы,
дзеці, бегалі паўз доўгую калёну на абочыне асфальткі, якая цягнулася паволі да
Яўсевіцкіх могілак, дзе былі пахаваны родзічы дз. Патаповіча. Дзе была пахавана
і ягоная жонка, ад якой ён пайшоў “у прымы”. Казалі: “Сабакам сена касіць”.
Людзі згадвалі яе апошнюю волю, каб ніякім чынам іх не хавалі побач.
Бачыў на свае вочы, як далакопы,
уціскваючыся паміж магіламі ў густа заселеных Яўсевіцкіх кладах, дасталі і
паважліва паклалі на горку мокрага пяску чалавечы чэрап з аскаленай пашчай і
вялізнымі пустымі вачніцамі. Пазьней пазнаваў гэтую жахлівую карціну, чытаючы
Шэкспіра: “Бедны Йорык!”
Помню першае знаёмства з народнымі абрадамі,
калі пачаў разумець, што “можна” і “чаго нельга”. Спрабаваў перабегчы паперадзе
калёны, крыжаносца і духавога аркестра, каб зрэзаць шлях на павароце да вёскі
Яўсевічы, а жанчыны рэзка абарвалі мой парыў: “Нельга, дзеткі, перабягаць
дарогу нябожчыку!”
Арышт і расстрэл Берыі, пра што вяскоўцы
моўчкі слухалі паведамленьне з дынаміка на даху панскага дома, саўгаснай
канторы, прынялі. як кажуць бюракраты, “да ведама”. Ніхто не пашкадаваў. Ніхто
не задумаўся: “Прычым тут англійскі шпіён!” Выслухалі і забылі ў думках пра свае
клопаты. Больш радаваліся таму, што падаткаў паменшала і запалкі на капейку
патанелі.
Дзеці гулялі, блазнавалі, старшыя
хуліганілі, лазілі па садах ды паблажліва пазіралі на нас, малечу, калі мы дружна
беглі ў краму на горцы, “з калёнамі”, і за яйкі куплялі гандоны, якія па
наіўнасьці прынялі за паветраныя шары. Дарослыя мужчыны па-змоўніцку
пераглядваліся і паказвалі на дзятву. А жарты былі такія – “мужчынскія”: “Дзеці!”
– “У гэтых дзяцей ужо свае дзеці!” Не здагадваліся, што дзякаваць за такую раскошу
трэба самога Берыю, які паклапаціўся пабудаваць адпаведнага профілю фабрыку
(“Як на Захадзе”).
Але шпіёнаманія яшчэ доўга не сьціхала. То
недзе ў Кіях лавілі нейкага вандроўніка, які невядома чаго блукаў у такім
непрыдатным для пагулянак месцы. Вестка тут жа аббегла пасёлак. І малыя раней
за ўсіх былі на месцы: на вузкай драўлянай лесьвічцы, якая вяла на другі паверх
школы-садка, дзе на гарышчы жыла сям’я Вейсаў. Бабуля смажыла і прадавала насеньне
сланечніку і зарабляла гэтак сабе і сям’і на пражыцьцё, а нам на радасьць, бо
што гэта за кіно без семак, калі проста сядзець і сачыць за падзеямі, якія
разгортваюцца на экране. Бабка між тым вяла ціхую вайну з прыбіральшчыцай клюба.
Загнаны ў самы куток, сядзеў спалоханы дзядзька, якога нехта з пільных змагароў
з “ворагамі народа” высачыў, можа, нават і натоўк добра і прывёў у пасёлак, а
сам, перадаручыўшы ахвяру дзецям, пабег званіць у раён, у аддзел міліцыі.
То расказвалі, дадаючы новыя дэталі і
жахлівыя падрабязнасьці, як у кустах на другім баку Пцічы заўважылі падазроных
мужчын, якія фатаграфавалі спачатку драўляны мост праз раку, а потым сьпіртзавод,
у нашых вачах, несумненна, вайсковыя аб’екты. І як нашы адважныя актывісты
(называлі прозьвішчы) нечакана наляцелі на іх, скруцілі рукі за сьпіну і зьвязалі.
Потым прыехалі ці то з Глуска, ці то з самога Бабруйска чэкісты, каб забраць
здабычу.
Бацька, а тым больш маці, наўрад ці верылі
ў “шпіёнаў” і варожыя намеры “прагнілага Захаду”. Недаверліва слухалі чуткі аб
тым, што калярадзкі жук быў пасеяны з амэрыканскіх высотных самалётаў. У такім
выпадку бацька звычайна гаварыў з прыкметным раздражненьнем: “Кажуць, кажуць...
Ці мала што яшчэ людзі кажуць!” Затое верылі мы, малыя. У нас на сшытках была
рэкляма, якая заклікала, колькі ёсьць змогі, нястомна ваяваць з калярадзкімі
жукамі, якіх нам шчодра скідвалі амэрыканцы. Як не паверыць, калі большай шкоды
для бульбашоў не магло быць, як скінуць жука з Калярады.
Затое ўсе мы, цэлым сялом, шчыра радаваліся
нечаканаму паратунку ад усіх бед - дусту. Зьбегліся ў Малады сад, каб
паглядзець на яго цудадзейнае змаганьне з чарвякамі-пладажоркамі. Проста з
брандспойта апырсквалі адну з няшчасных яблынь, а мы стаялі акурат пад ветрам у
белым воблаку і беглі глядзець, ці засталіся на лісьцях яблыні вусені і пладажоркі.
У нашага запасьлівага бацькі дуст
захоўваўся і тады, калі на ўвесь сьвет аб’явілі яго не цудоўным ратункам, а
сапраўднай бомбай пад экалёгію.
Ворагаў саўгаса любіў выкрываць дзядзька
Лазар Пасюк. Мы штодня хадзілі вечарам па гусей, якіх трэба было спачатку
выгнаць з рэчкі, шпурляючы каменьчыкі, якія траплялі звычайна не туды, куды
меркавалася, і гусі адплывалі на той бок ракі. Было і так, што гусей ужо
прыгнаў у саўгасны сьвіран Пасюк, які лічыўся аб’ездчыкам і старанна выконваў
свае абавязкі. Мы ішлі да бацькі са скаргамі, і бацька, сьмеючыся ў вусы, ішоў
выручаць бедных гусей.
Але сьмешнага было мала, бо аб’ездчык,
здаралася, лавіў каго-небудзь з мясцовых кабет, якія валаклі прыцемкам ношку
саўгаснага сена карове, прымушаў вываліць тое сена долу і паліў яго, пад плач і
праклёны.
Брат Колька расказваў, як бачыў яго, калі
ён ішоў нашым дваром на вуліцу, і як ціснуўся да агароджы, баючыся спужаць
курэй. Дзеці адразу ўяўлялі гэту сцэну і “ўнутраны маналёг” дзядзькі Пасюка: “Ратуй
Божа! Гэта ж куры самога загадчыка!” Зрэшты, я помню дзядзьку, як ён аднойчы
зайшоў да нас, вяртаючыся з кіно, і доўга стаяў у парозе, пераказваючы зьмест
французскага фільма “Чырвонае і чорнае”. Слухаць яго мне і маці - я залёг на
палаці, а маці стаяла, абапіраючыся на сьценку перагародкі - было цікава.
Гусі гусямі, куры курамі, але ў нас былі
качкі. Маці з імі напакутавалася - пражэрлівыя, ходзяць, дзе хочуць, штовечар
блукаем каля рэчкі ў пошуках.
Вывелася чарада качанят, і я іх пасьвіў на
выгане, акурат насупраць нашай хаты, - там яшчэ ніхто не забудаваўся, месца ёсьць,
праўда, нізкаватае, у паводку залівае, і дзёран амаль векавечны. Затое нам,
дзецям, выгада - ёсьць дзе пагуляць, паганяць мячык. А крыху далей, каля ручая,
на ўзгорачку, добра было капаць зямлянкі і праводзіць у іх лета. Многія шмат
што аддалі б, каб быць у нашай кампаніі. Але мы не ўсіх прымалі ў сваю каманду.
Я адлежваўся на траўцы, назіраючы за качкай
і качанятамі. Адно з іх, самае цікаўнае, адбілася ад чарады, і я ўзяў яго ў
далоні. Як не ўзяць - такое пушысьценькае, цёплае, жывое. Адпусьціў - і яно
патэпала, сьмешна куляючыся збоку набок, да сваіх. Раптам азірнулася і -
вярнулася да мяне. Я зноў патрымаў яго ў далонях, забаўляючыся. Адпусьціў, а
яно адбеглася і зноў мяне шукае. Я схаваўся за купіну, толькі галаву, так, каб
не было відаць вачэй. Яно бегла на мой позірк. Яно было ўжо прыручана, і мы
былі зьвязаны з ім.
Міма ішоў бацька - скарачаў шлях на луг,
дзе пачалася касавіца. Зрабіў мне заўвагу: “Дарэмна ты яго прыручаеш - прывяжацца
і загіне”.
Так яно і было: качанятка адбілася ад
чарады. І сама качка адганяла яго ад іншых, такіх жа жоўценькіх і пушысьценькіх
качанят, але - нармальных.
Не ведаю, як і калі, але праз дзень ці два
маці паведаміла, што качанятка змарнела, страціла цікавасьць да ўсяго, да сваёй
качынай пароды і травы.
Менавіта тады я спасьціг вялікую праўду
слоў Антуана дэ Сент-Экзюпэры, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Але
гэтыя словы я пачуў і прачытаў значна пазьней, калі перажыў пэрыяд лёгкага
захапленьня сябрамі і сяброўкамі, якое як хутка і бурна пачыналася, так хутка і
раптам сканчвалася.
Але і гады, і пазьней, ажно да сёньня зьдзіўляюся
і захапляюся такімі глыбокімі ведамі бацькі жывой істоты, яе прыроды, натуры,
лёсу.
1954 год. Дні ішлі за днямі, і ўсё забывалася. Бацька любіў езьдзіць
у Глушу ў госьці. Запрагаў каня, мы дружна загружаліся ў павозку з пахучым
сенам, і весела, пад фырканьне і ёканьне селязёнкі Петушка, Орліка, Шчукі ці Зьмея
(усіх саўгасных коней добра ведалі па імёнах, як і тых ездавых, хто за іх
адказваў), трэсьліся па асфальтцы 12 вёрст. І ратуй Божа калі бацька
каго-небудзь не браў з сабой! Гору не было краю і сьлёзы ў тры ручаі.
Самога яго часам выклікалі ў Глуск, у
раённы цэнтар - на нараду ці нейкія курсы, а ён, ведаючы, што гэта такое, рабіў
выгляд, што, вядома, паедзе, а калі прыходзіў тэрмін, нібыта сапраўды ехаў, але
сябе супакойваў, мовячы пад нос: “Ат! паеду ў Глушу - скажу не дачуў: Глуск,
Глуша - адна глухамань!” І з вясёлым выклікам пазіраў на нас: ні бяды!
Потым гэтымі ж словамі тлумачыў свой
апартунізм (“Ат! Глуск... Глуша... пачынаюцца аднолькава... хто яго па тэлефоне
разьбярэ...”) сястры - наша цётка Аня лепш, чым хто, такія рэчы разумела, як і
братаву абыякавасьць да пустапарожняй грамадзкай дзейнасьці. Ставіла на стол
закусь, сярод якой нас заўсёды ўражваў сподачак з скрылікамі сухой кілбасы
(“Гарадзкая!” - адназначна ацэньвалі госьці, нават спрабавалі, не чуючы смаку),
але і дарослыя, і дзеці налягалі на знаёмае і смачнае: бульбу, блінцы, шкваркі,
агуркі, капусту.
І мы, дзеці, і дарослыя, цанілі найперш
небывалую гасьціннасьць цёткі Ані, уменьне ствараць сьвяточную атмасфэру,
разгаварыць самага маўклівага. Ставіла перад бацькам дамашняе віно. Яго рэакцыя
была заўсёды адна і тая ж - раздражнёна-гумарыстычная: “Што ты мне гэты свой
кампот ставіш?!”
Па дарозе заяжджалі і да цёткі Зіны, і да
цёткі Любы - пасьля гасьцяваньня ў хаце іх старшай сястры гэты рытуал быў
цікавы тым, што мы ўгадвалі ў нашых цётак агульныя рысы ўсіх Тычын: найперш
шляхетнае высакародзтва, уменьне дараваць чалавечыя слабасьці, гумар і іронію.
Апошняе - іронія - была непараўнальнай у нашай любай бабулі Фросі. З гэтым з ёю
мог параўнацца толькі дзядзька Антон, калі, вядома, наяжджаў у Глушу са свайго,
як ён казаў, “мядзьведжага кутка” (так яго некалі палохалі раённыя начальнікі,
калі ён не схацеў публічна адмовіцца ад бацькоў-кулакоў: “Паедзеш у мядзьведжы
вугал! У Хоцімск! У самую глухамань!”). Між тым дзядзька ўмудраўся штолета зьезьдзіць
у Маскву - адно дзеля таго, каб наведаць сваю ўлюбёную Трацьцякоўку: у яго дома
мелася багатая на ілюстраваныя альбомы бібліятэка.
1955 год. Хацелі мы ці не хацелі, але зьнешні сьвет усё мацней
прыцягваў да сябе. Хата - гэта хата, і сям’я – сям’я. Яны былі заўсёды, куды
можна было ў любы час вярнуцца, каб прыйсьці ў сябе. Мы яшчэ не адчувалі, якое
яно ўсё кволае, зьменлівае - жыцьцё. Рваліся - у дзяцінстве “на саўхоз”, у
юнацтве – “у горад”. Жылі калектыўнымі адчуваньнямі і загараліся падзеямі
агульнавясковага маштабу. А гэтых падзей і зьяў было столькі, што каб і не
хацеў, то вымушаны быў бы або ўдзельнічаць у іх, або перажываць за іншых
удзельнікаў.
Штогод у пасёлку здараліся пажары - падзея,
якая падымала на ногі ўсіх, старых і малых. Загарэўся стог саломы каля
саменькага гумна - палянскія дзеці (засьценак Паляна за вярсту ад нас),
вяртаючыся са школы, падпалілі. Цікава было, як гарыць. Дзіва, але вельмі хутка
на пажар зьбегліся ўсе, хто мог. Мужчыны сядзелі на вільчыку гумна і палівалі
сябе і страху, якая лёгка магла загарэцца. Іншыя падавалі ім вёдры з вадой,
якія несьлі з блізкага калодзежа. Стог згарэў, пажарышча залілі вадой, шкаляроў
пакаралі, бацькам паківалі пальцам. А наш бацька, які і не такое за жыцьцё
бачыў, наперажываўся. Хаця гумно належала не брыгадзіру, а кладаўшчыку, дом
якога стаяў побач.
Узьнікала вядомае не толькі вопытным
французам пытаньне: каму гэта выгадна? Або: шукай жанчыну! Сьпісалі на дзіцячыя
забавы.
Штогод гарэла малочная - так называлі
ўстанову, дзе праводзілі першасную апрацоўку малака ад саўгаснага статка. У
выніку ад досыць прасторнага збудаваньня засталася чвэрць, якую ўдалося адстаяць
ад агню. Астатняе займала цэмэнтная падлога, на якой у добрае надвор’е сушылі
казеін. Дзеці, ідучы міма на рэчку, рабілі набегі: хапалі жменьку буйнай, як
соль, малочнай крупы-казеіну і беглі штомоцы ўсьлед за сваімі сябрукамі.
Былі цуды гераізму. Расказвалі, як на
гарышча малаказавода палез Грузін - гэтай мянушкай узнагародзілі Сашу
(Аляксандра) Аляксанава, вядомага на ўсю акругу каўказца, пра адвагу якога
хадзілі легенды. Ён і хадзіў заўсёды ў вайсковай форме, меў афіцэрскую
партупею, любіў гойсаць на кані - быў аб’ездчыкам, і характар меў адпаведны -
баявы. Перад тым, як узабрацца па лесьвіцы на гарышча, Аляксанаў акунуўся ў
Пціч, ля якой знаходзілася малачарня, узяў вядро з вадой і зьнік у нетрах
гарышча. Зрабіў некалькі заходаў да ачага пажарышча, і агонь урэшце ўдалося
ўтаймаваць.
Насельнікі суседняга шматкватэрнага дома
тым часам ратавалі свой хатні скарб. Акурат першай ад небясьпечага месца была
кватэра нашага хроснага бацькі Івана Івашкевіча, і мы, хоць і захопленыя
драматычным відовішчам змаганьня з агнём, заўважалі, як выносілі з яго памяшканьня
дабро і як вясковыя цёткі цікавалі за гэтым дзействам: што выносілі і ці
багатыя былі нашы суседзі?
Пытаньне “каму гэта выгадна?” вісела ў
паветры і абгаворвалася і тады, і пазьней, і цяпер, калі ад былога вясёлага, як
нам, малым, здавалася, сяла засталіся адзінкі жыхароў, без якіх мы ўявіць не
можам наш маленькі сьвет.
Часта гарэла лазьня, ажно пакуль не
перасялілася ў цагляны будынак былой электрастанцыі, дзе спачатку размашыста
круцілася вялізнае кола махавіка паравой машыны, а пазьней стаяў у прыбудоўцы
магутны рухавік, вакол якога рабіў кругі з вялізнымі ключамі і іншымі
інструмэнтамі, як чараўнік, мэханік Высеўка, і гналі электрыку найперш у саўгасную
абору, канюшню, кантору, клюб, а потым і ўсім астатнім спажыўцам сьвятла.
Звычайна з недагляду, і выгады ніхто не меў: ні блізкія, ні далёкія суседзі.
Пасьля кіно беглі гурмой паглядзець пажар у
доме каля канторы: загарэлася сажа ў коміне, і ўсе чакалі, што комін не
вытрымае і выбухне. Жыхары дома з чатырох кватэр сьпешна выносілі на падворак
майно.
Такія падзеі, як пажары, ядналі на нейкі
час усіх нас. Узрушэньне панавала і ў нашай вялікай сямейцы. Апошняе слова
заўсёды было за бацькам - яго аўтарытэт у такіх справах для нас быў бясспрэчны.
Як пазьней, калі ўжо вялікім спэцыялістам па тушэньню пажараў стаў брат
Мікалай: ажно 400 экспэртыз і заключэньняў спэцыяліста за ўвесь час - гэта як?!.
Бацька любіў, калі ён прыяжджаў у форме - спачатку старлея, потым капітана. Да
часу, калі брат стаў маёрам, падпалкоўнікам і палкоўнікам бацька не дажыў.
Думаю, бацька ведаў больш, чым казаў
уголас. У яго заўсёды было вельмі моцнае адчуваньне парога, які нельга
пераступаць, тым больш ускладваць ношу віны альбо адказнасьці на блізкіх
людзей, якія існавалі ў атмасфэры мітаў і жывіліся ілюзіямі. Прыйдзе час, то
самі пра ўсё даведаюцца.
Аўралы здараліся і вясной, у паводку. Тое,
што прыяжджалі сапёры і штодня чуліся выбухі толу закладзенага пад лёд, які
напіраў на палі драўлянага моста, здавалася звычайна справай. А вось ночы, калі
лёдастаў раптам пачынаў крышыць драўляную заставу на сажалцы і ўсе разумелі,
што нешта трэба рабіць тэрмінова, выклікалі вялікую трывогу. Бацька падымаў на
ногі сваю паляводчую брыгаду, мужчынскую яе частку. Узровень вады хутка
падымаўся, паводка затаплівала не толькі хаты, якія стаялі блізка каля вады,
але дабіралася і да парога нашага суседа Івашкевіча. У сваю хату нашы суседзі
лазілі цераз плот - кладкі за варотамі ўжо проста плавалі па паверхні вады.
У такую хвіліну і я, пяціклясьнік, рашыў
памагчы. Узяў рыдлёўку і пачаў калупаць камяні ў бруку, які злучаў пасёлак з
Варшаўкай, каб даць вадзе, што падступіла да яе, выхад. Акурат з дому ішоў
бацька, забегшы на хвіліну перакусіць, бо ад ранку быў галодны, разам з
мужчынамі ратуючы заставу. Пабачыў, што я задумаў, і не зазлаваў, не мацюкнуўся
(мацюкоў ён, нягледзячы на ўсё, што перажыў за свой век, ніколі, нават тады,
калі іншы нізашто не ўцерпеў бы, не ўжываў), адно здзіўлена спытаў: “А што гэта
ты надумаў?!” Я адразу сьцяміў, - усё-ткі ведаў свайго бацьку! - што раблю
нешта не тое.
Затое з удзячнасьцю згадваў не такія частыя
ў маім жыцьці моманты, калі адчуваў, што бацька адабрае мае паводзіны.
Пасьля таго, як мы з братам Валодзем -
значна пазьней, стаўшы ўжо сапраўды падмогай бацьку, - памянялі падгнілыя лагі
і перасьцялілі падлогу ў хаце, на падворку, пад вокнамі ляжала гара старых
дошак-фарбаванак. Я не меў іншага занятку і проста ўзяў лапку, малаток і
пласкагубцы, каб выцягваць з іх цьвікі, а дошкі скласьці акуратна за глухой сьцяной
хаты. Занятак мой быў ня хітры і славы мне не прыносіў, хіба толькі пацьвельваньне
братоў. Але, захоплены сваім шчыраваньнем, усё ж пачуў стук брамкі і хутка
пабачыў бацьку, які, як і ў сваім маленстве, перш чым зайсьці ў хату, сьпяшаў у
хлеў, каб праверыць, ці ўсё ў гаспадарцы ў парадку. Глянуў на мяне, але нічога
не сказаў. Калі б я нешта не тое рабіў, то абавязкова сказаў бы. І я зразумеў,
што бацька ўхваляе мяне. У гаспадарцы ніколі не ведаеш, што раптам спатрэбіцца.
1956 год. У клюбе, які знаходзіўся на другім паверсе панскага дома,
чыталі перад мясцовым партактывам сакрэтны даклад Мікіты Хрушчова на XX з’ездзе.
Я стаяў на пустым праходзе і слухаў жахлівыя і пры гэтым надзіва побытавыя
расповяды генсека пра сталінскія часы, калі раптам з месца ўстаў мой цёзка
Міхаіл Аляксандравіч, дырэктар нашай сямігодкі, і сказаў, што ў зале
знаходзяцца школьнікі і што такая інфармацыя не для іх вушэй. Насамрэч з школьнікаў
быў толькі я адзін - мае сябры адно пачулі, што адбудзецца сход, ды яшчэ
“партыйны”, сышлі хто куды. Я яшчэ пастаяў у кінабудцы ў калідоры, разам з
дзядзькам Косьцікам (“Вушатым” - у яго сапраўды былі вялізныя вушы-лякатары,
акурат каб слухаць). У акенца для кінапраектара ўсё было добра чуваць. Але я
ўжо страціў цікавасьць да аднастайнага набору фактаў страшных злачынстваў
былога куміра савецкага люду.
Дома пераказаў, што чуў, маці. У хаце была
і наша суседка Ніна Шведава (“Нямая” - яна моцна шапялявіла, і яе шматслоўную
гаворку цяжка было з першага разу разабраць, а папляткарыць яна дужа любіла -
за дзень усю вёску аббяжыць, усе навіны разьнясе і сама вернецца перапоўненая
чуткамі).
І маці, і суседка бурна абмяркоўвалі
пачутае, і я зразумеў, што яны вераць мне, але не вераць у словы Мікіты. Я ў
якасьці важкага аргумэнта прынёс са століка ў спальні бярэма нейкіх палітычных
брашур з дакладамі Сталіна, якіх колькі хочаш было ў клюбе (“Напісана пяром -
не высечаш тапаром!”), і аб’явіў: “А як жа быць з усім гэтым?!” Жанчыны на мяне
нуль увагі.
З двара ў хату ўвайшоў бацька - чуў пра
сход, але, будучы беспартыйным, не напрошваўся туды, куды не клікалі. На
гарачыя звароты - рытарычныя пытаньні жанчын - раздражнёна, відаць, даняло,
адказаў: “Ат, гаварат, што курдаят!” Сэнс яго выказваньня я адчуў: бацька яўна
не прымаў рэзкага павароту курса новай улады, а вось што азначае “курдаят” -
ніяк не мог расшыфраваць. Вельмі ж закавырыстая была гэтая расейская прымаўка.
Пракручваў яе і так і гэтак, праясьненьне найшло толькі тады, калі я ўжо быў
студэнтам: “Ах, ды гэта ж звычайнае: “говорят, что кур доят”. Маўляў, ці мала
што кажуць!
Жылі далей звычайнымі радасьцямі. Неяк
маці, паклікаўшы сваю сяброўку Жаўрычыху з суседняй Цямшы, зьбіралася круціць
на мясарубцы кілбасы. Спачатку спрабавалі напаўняць старанна вымытыя кішкі
фаршам, прычапіўшы іх да прыстаўленай да мясарубкі трубкі. Але фарш упарта не
хацеў лезьці ў тыя кішкі і падаў у падстаўленую місу, скідваючы заадно і кішку.
Як ні біліся жанчыны, а кілбасы не атрымліваліся. А спытаць не было ў каго. Ды
і гонар гаспадыні мог пацярпець. Я са сваімі парадамі таксама не дапамагаў,
адно перашкаджаў. Колькі ж радасьці і захапленьня было ў вачах нашай мамы і яе
сяброўкі, калі раптам яны здагадаліся надзець усю доўгую кішку цалкам на трубку
і калі ўсё адразу пайшло на лад - фарш паступова запаўняў кішку!
Усё лёгка і проста! I гэта яны самі сваім
жаночым розумам адкрылі! Мяне надоўга ўразіла не столькі само адкрыцьцё, колькі
гэта радасьць жанчын.
Я скончыў сямігодку і зьбіраўся везьці
дакумэнты ў Глушу, дзе была дзесяцігодка. На пачатку жніўня працаваў
вартаўніком буртоў з бульбай.
Бацьку з намі, сынамі, было ў гэтым сэнсе
проста, калі якая нявыкрутка, неспадзяванка. Зрэшты, ён заўсёды быў
падрыхтаваны да неспадзяванак і хутка знаходзіў выхад са становішча. Так я стаў
вартаўніком. Удзень - я, ноччу - стары Кароткі. Сярод узгорыстага поля, бліжэй
да канавы, абсаджанай дзічкамі, знаходзіўся саламяны будан, дзе можна было чакаць
наведвальнікаў ды хавацца ад сьпёкі і дажджу. На дзяжурства прыходзіў раніцай.
Ішоў не сьпяшаючыся - свайго напарніка
часам сустракаў па дарозе. Мы віталіся, і гэта азначала - вахту здаў, вахту
прыняў! Адзін з двух буртоў быў раскрыты, а нанач зьлёгку прыкіданы саломай.
Неўзабаве зьяўляліся жанчыны, асобна гуртом падыходзілі мае аднаклясьніцы -
была магчымасьць падзарабіць капейчыну. Інтарэсы ў іх не тое, што ў мяне:
удзень перабіралі бульбу, а вечарам беглі на танцы. Я на танцы таксама хадзіў,
але трымаўся хлапечага гурта, далёкага ад заляцаньняў і скокаў. Большасьць, як
і я, проста не ўмелі танцаваць. Гулялі хто ў што - у шашкі-шахматы, у даміно,
“у дурня”. Часам пазіралі на танцораў. Наогул, нам абы цікава было, абы пасьмяяцца.
Раз на дзень, самае большае два, да буртоў
пад’язджала запрэжаная коньмі фурманка. Саўгасныя ездавыя накідвалі віламі з
шышачкамі на восьцях, каб не глуміць, бульбу і везьлі яе на корм на абору.
Зрэдку з імі прыяжджалі тыя, каму патрэбна была бульба, бо сваёй не было. Аддавалі
мне квіток, дзе значылася выпісаных у саўгаснай канторы кіляграм 70 бульбы, і
ішлі перабіраць да бурта. Сёй-той спрабаваў зайсьці з другога канца, і тут ужо
я ўспамінаў пра свае абавязкі. Няма чаго глуміць дабро! Выбірайце, дзе і ўсе
людзі! Як-ніяк бацькаў сын! Гаспадар!
Аднойчы пад’ехаў на сваім кані дзядзька з
суседніх Сіманавіч, пра якога, я ведаў, людзі казалі: “Аднаасобнік!” У суседзяў
быў калгас імя Варашылава, і дзядзька ні дня не працаваў у ім. Вынаходлівы быў,
як чорт. За доўгія гады аднаасобніцтва налаўчыўся выжываць. Як і ўсе, аддаў мне
свой квіток, усё на тыя ж 70 кіло, прыцаніўся да мяне, чаго я варты, і пайшоў
да купкі жанчын, стаў туды, дзе менш было люду. Напоўніў адборнай бульбай
кубінскі мех і папрасіў мяне дапамагчы ўкінуць на падводу. Бульбы мне было не
шкада, бо за зіму шмат было памерзлай, асклізлай, але колькі важыў той мех я не
ўяўляў. Адно ведаў: “Як падняць”. Вагаў жа ніякіх не было і ўсё рабілася на
вока. Як мне патлумачыў вечарам бацька, “аднаасобнік” - гэта слова прагучала з
яго вуснаў - узяў больш, чым выпісаў, “пудоў з сем, не менш”. Бацькаў вэрдыкт
быў – “Не быў бы ён аднаасобнікам!”. Што ён укладваў у гэтыя словы, я мог
толькі здагадвацца. Наўрад ці нешта адабральнае. Усе ж мы - калектывісты.
Рух па Шляху - так называлі тады пясчаную
дарогу ў Гарадок - быў не шматлюдны, і ўсё з майго ўзгорыстага поля адразу
заўважалася. Ішла-брыла нясьпешна, калыхаючыся з боку ў бок, невялікая працэсія
- хавалі дзяўчынку-немаўлятку, дачушку дзядзькі Медзьвядка, які працаваў на нашым
бровары бардаўшчыком. Да латка, з якога бегла брага ў падстаўленыя бітоны тых,
хто яе выпісаў у канторы завода, дабрацца было цяжка. Ніякай чаргі і ніякага ў
многіх сумленьня. Звычайна ехалі з каляскай ці санкамі хто-небудзь з нас,
братоў, разам з нашай мамай. Глядзелі на ўсе вочы на зьдзічэлых ад жаданьня
хутчэй атрымаць сваё вяскоўцаў і чакалі, калі нас заўважыць Медзьвядок. Ён
заўважаў і, пакрыкваючы на самых заўзятых, загадваў прапусьціць Тычыніху.
Лаяўся апошнімі словамі і чым больш крычаў, тым менш было парадку. Пазьней,
калі я стаў студэнтам і мы чакалі аўтобус “Бабруйск – Брэст” (пісалі слова
“Брэст” вялікімі літарамі на чамадане і на асфальце - берасьцейцы потым
здзіўлена глядзелі на нас) з яго дачкой, таксама студэнткай Брэсцкага пэдінстытута,
стала зразумела, што дзядзька Медзьвядок - чалавек з гумарам, а яго жарты часта
былі небясьпечна-эратычныя, ён нас, хлопца і дзяўчыну, як бы падштурхоўваў адно
да аднаго, называючы мяне “зяцёк”, “зяцёк” жа, як агню, баяўся дзяўчат. А я
помніў, не мог забыць, тую жалобную працэсію, калі хавалі яго малодшанькую
нябогу, якая хварэла на мэнінгіт і хутка згасла. Тады я шмат думаў пра той мэнінгіт
і пра малую. Колькі страхаў на бедны люд у гэтым сьвеце!
Неўзабаве патрэба ў вартаўніках скончылася,
і я сярод сьпякотнага дня брыў сабе, вольны і расслаблены, дамоў, хаваючыся ў
ценю Маладога саду і вербаў на Сабачай вуліцы. Каля мосту праз ручай, які цурчэў,
перамываючы пясочак на дне, перад тым, як растварыцца ў сажалцы, пабачыў сябра
Вову Верцялецкага. Ён хадзіў басанож па тупкім пясчаным дне і нешта ці некага
выглядаў. Мяне адразу аглавушыў: “Памёр Якуб Колас”.
Хіба такое можа быць?! Хіба такія людзі
паміраюць?! Незадоўга да таго я ўзяў у школьнай бібліятэцы, якая тады зьмяшчалася
ў адной шафе, том Якуба Коласа, у якім былі яго вершаваныя апавяданьні і аповесьці.
Я як я, але і мае сябры, якіх я не падазраваў у вялікай зацікаўленасьці
літаратурай, а тым больш паэзіяй, былі ў захапленьні, калі чыталі, лежачы на
палацях у нашай хаце, па чарзе паэму “Зяць”, “Сьвяты Ян”, і наогул усё ад
пачатку да канца, і рагаталі ўпокат. Столькі гумару, чыста беларускага,
вясковага, блізкага нам, было ў такіх лёгкіх і гаваркіх радках, якія так проста
клаліся на душу!
Аркадзя Аляшкевіч, вечны двоечнік і лайдак,
але выдатны сябрук, неўзабаве зьдзівіў: мы сядзелі на гурбах пяску ад сьвежа
выкапанай траншэі пад вадаправод - у нашым пасёлку паставілі вадакачку - і
захоплена слухалі, як ён амаль без запінкі чытаў, складваў на хаду доўгую паэму
ў коласаўскай манеры без пачатку і канца. Што на яго найшло?! Як найшло, так і
зьнікла. Як мы ні прасілі потым Аркадзя ўголас пачытаць што-небудзь, ён
аднекваўся.
Паэтычны бог пакінуў сябрука. Затое я
падхапіў яго пачын і разам з малодшымі на год-два сябрамі арганізаваў суполку
“Паэты”, у якую мы прымалі не ўсіх. Спрабавалі нешта вершаваць, але ўсё было
штучным і прыдуманым. Я прыдумляў двухрадкоўі - абы сьмешна было. Абыходзіліся
тым, што дзялілі “лахэрдзікі” - намі прыдуманая назва смакаты, якую прыносіў
Шурык Гурын, добрая душа, вершаў не складаў, але яму падабалася кампанія.
Вова Верцялецкі, якога любілі ўсе без
выключэньня, чакалі штолета яго прыезду з Баранавіч да свайго дзеда
Байбарацкага, слухалі яго віртуозную ігру на акардэоне, які, як нам здавалася,
не іграў, а сьпяваў жывым чалавечым голасам, голасам самога таленавітага,
надзвычай чульлівага і хваравекаватага, як нам казалі дарослыя, падлетка, ведаў
пра маё захапленьне творамі Коласа.
Цікава, што і бацька, як толькі зачынілася
за мной брамка ў двор, сустрэў мяне той жа навіной і тымі ж словамі: “Памёр
Якуб Колас”. Ён таксама ведаў маю цягу да кніг. Маці ж часам наракала, што сьляплюся,
псую вочы.
У гэта лета я пачаў курыць. Курыў цэлы
месяц, ужо не тоячыся - крочыў з сябрамі пасярод вуліцы каля саўгаснай канторы
і ў адкрытую паліў, сам поўніўся пыхай і самазадавальненьнем. Як жа, дарослы!
За два курыныя яйкі - узяў у кладоўцы, з гэтым праблемы не было, - купіў у
краме пачак “Прымы”. Жэня-магазыншчык, Яўген Шыла, вельмі прыкметная ў пасёлку
асоба, адно зацікаўлена паглядзеў у вочы, але купля-продаж - ягоная прафэсія.
Ды і не першыня мець справу з падлеткамі, якія ўяўляюць сябе дарослымі. З
сябрам Шурам Жураўскім паспрачаліся, хто больш цыгарэт выкурыць, інакш кажучы,
хто з нас больш дарослы. У сквэрыку “газоне” перад канторай выкурылі па
паўпачкі “Прымы” і пападалі адурнелыя ад курава. У мяне перад вачыма
апакаліптычны малюнак: зямля, як вялізная талерка, паварочваецца і вось-вось
выкіне мяне ў касьмічную пустэчу. У самы крытычны міг замаруджвае свой рух і
паволі вяртаецца да першапачатковай гарызанталі - зялёнай траўкі ў “газоне”.
Нехта, Вялікі, Магутны, Усявед, трымаў гэту талерку са мной перад вачыма і,
азіраючы бліжэйшую будучыню, меркаваў, што са мной рабіць і ці адпавядаю я ягонай
задуме і першапачатковаму пляну. Яго я ўяўляў, як Гулівэра, які ўважліва
вывучае ліліпутаў на нейкім шырачэзным падносе перад сабой.
Мы на ватных нагах разбрыдаемся кожны ў
свой бок, абодва пераможаныя і зьняможаныя. Дома маці адно зірнула і сказала:
“Кажуць, што ты ўжо курыш?!” Ці пытаньне, ці сьцьвярджэньне, але для мяне, сына
сваіх бацькоў, гэтага было дастаткова, каб стала сорамна. З той пары і дасюль я
ні разу не адчуў жаданьня закурыць: ні смаку ў гэтым не бачу, ні цікавасьці
выглядаць мужным і бывалым, адным словам, мужчынам! Ведаю я гэтых уяўных
“мужчын” і гэтую лёгка даступную нібыта “мужнасьць”.
1957 год. Менавіта ў тыя гады мы адчулі рэальныя вынікі зьмен - з
далёкага, далей не бывае, Алдана, з Якуціі да нас завіталі маміны сваякі:
дзядзька Іван, цётка Параска, дзеці.
Праз
гады я на карце паказваў немцам, дзе нарадзіўся, яны круглымі вачыма
азіралі-мералі прастору паміж Эўропай і Амэрыкай: “О, Меіn Gоtt!”
Нешта дарылі. Мне, як заўсёды, кніжку.
“Свет во тьме” - пра хлопчыка, які рана асьлеп. За 10 год да таго думаць не
думалі, што калі-небудзь яшчэ пабачацца. Паліна, бойкая руская школьніца,
неўзабаве прыехала на сталае жыхарства. Беларусь спадабалася. Усё захаплялася:
“Ой, какая простокваша!”. Так яна называла тое, што мы ведалі, як “кісьляк”.
Малочных вырабаў у маці стаяла на кухонным стале столькі, што брат Сашка здымаў
лыжкамі з гладышоў тоўсты пласт сьмятаны і сыты быў да позьняга вечара. Вялікі
аматар!
Але да мяккага клімату - недалёка Балтыка,
а пад нагамі, лічы, бераг Герадотава мора, - цяжка прывыкалі.
Маці больш цешылася сустрэчай з Параскай,
якую абагаўляла. Бацька паўсюль вадзіў і ўсё паказваў швагру. Нам, дзецям,
добра было з дзецьмі. Асабліва нам палюбіўся брацейнік Міша, пра якога дарослыя
ў адзін голас казалі, што я на яго падобны, як дзьве кроплі вады, і сяструха
Тамара, меншанькая ў сям’і, уцеха дз. Івана і ц. Параскі.
Дзядзька Ваня і цётка Параска прыяжджалі
яшчэ раз, але мяне не было – я вучыўся ў Брэсьце. Расказваў брат Мікалай. Ён
тады – “Мітрафанавіч”! - замяняў цасьцяком бацьку ў садзе-агародзе і паказваў
лепшыя яблыні дзядзьку. “Маленькі такі! Як наша мама!” але жвавы, цікаўны,
вясёлы, лёгкі на язык. Ледзь не штодня акуратна складваў у салому яблыкі і
пасылаў у Якуцію. “От, радасьці будзе! Прыеду - і пасылкі акурат дойдуць”.
Паліна езьдзіла да дзядзькі Антона,
дырэктара 10-годкі, падвучыцца. Атрымала атэстат сталасьці. Дзядзька, згадваючы
паўгода яе вучобы, адно ківаў галавой. Пэўна, далася ў знакі. Але ў падрабязнасьці
не ўдаваўся.
Тым часам Паліна, з яе вясёлай сыбірскай
натурай і адчайдушнасьцю, хутка выбілася з калектыву беларусаў-маўчуноў “у
людзі”. Тады гэта азначала зрабіць камсамольскую кар’еру - стала інструктарам
Ленінскага райкама камсамола сталіцы Беларусі. Выйшла замуж за Мішу Рабіновіча,
і я адно толькі помню з яе расказаў, калі наяжджала ў Завалочыцы, што “уся
культура ідзе ад яўрэяў”. Да яўрэяў я ніколі нічога не меў, тым больш што
нічога не ведаў пра лёс Ісуса Хрыста - у хаце, у кутку сьвятліцы, вісеў прыгожы
абразок Багамаці з дзіцем, які бацькам - напамінаю - падарыла бабуля Фрося на
дзень вясельля.
Другі такі ж самы абразок захоўваецца ў
цёткі Любы - бабуля пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну да скону жыла пры сваёй
малодшанькай дачцэ Любе. Мяне заўсёды цікавіла пытаньне, як яна ўмудрылася
захаваць абразы ў тых жорсткіх крутаваротах раскулачваньня, высылкі на катаргу.
У ц. Любы дасюль захоўваецца неверагодна
доўгі, як мне здавалася, ільняны вышываны ручнік і доўгая, да падлогі, ільняная
начная кашуля.
Таямніца засталася без адказу. З сёньняшнім
розумам я магу толькі ўяўляць, як яно ўсё было. На свае вочы бачыў, калі
кватараваў у 8 і 9 клясах у ц. Любы і жыў у адным пакойчыку з бабуляй, як Марыя
Адольфаўна, сяброўка цёткі Ані (пра яе і яе мужа Івана Архіпавіча, “Івана ды
Мар’ю”, пісаў Алесь Адамовіч), прыносіла на Вялікдзень сьвянцоную пасху і
абавязкова бутэльку сьвянцонай вады. Мяне больш захапляў яе хімічны састаў:
вада не псуецца.
Паліна між тым адарыла нас, усё яшчэ
дзяцей, тоўстай кнігай “Казкі братоў Грым”, якую мы і нашы сябры чыталі кожны
паасобку і калектыўна, ажно пакуль тая кніга не ператварылася ў нешта дужа
пухлае і малачытэльнае.
Сашка спатоліўся казкамі і патаемна чытаў
Бакачча “Дэкамерон”. Прапаноўваў і нам чытаць, дзёрзка назіраючы за нашай
рэакцыяй. А якая магла быць рэакцыя, калі ў яго шуфлядзе “пад замком” ляжаў
пухлы стос у асноўным расійскага фальклёру “не для дзяцей”. Сашку адразу пасьля
школы “забрылі” ў войска. Трапіў ажно ў Мурманск. Служыў “за Палярным кругам”.
Там жа, непадалёк, у Петразаводску служыў і самы старшы наш брат Жэня.
Нейк я атрымаў на пошце ліст ад Сашкі:
прыслаў 10 рублёў і прасіў купіць і пераслаць яму ў часьць фотаапарат “Зьмена”.
Што я і зрабіў. У выніку ў хаце зьявілася гара бляклых здымкаў. Сашка паўсюль
бачыўся ў позе Максыма Перапяліцы, тады дужа папулярнага героя кінафільма, “парушальніка
армейскай дысцыпліны”. Значна пазьней я меў магчымасьць пабачыцца з аўтарам
рамана і кінасцэнарыя Іванам Стаднюком, якому і пераказаў нашы дзіцячыя
захапленьні. У лісьце была і яшчэ адна просьба, каб я даслаў пасылкай той “збор
народнага фальклёру”, які мы чыталі патаемна ад дарослых дзе-небудзь на гарышчы
і асвойтваліся з адпаведнай лексыкай. Я з лёгкай душой, сьвята верачы ў “тайну
перапіскі”, выслаў брату ўсё да апошняга лістка. Наша “сямейная каштоўнасьць” і
наша “ваенная тайна” зьніклі ў нетрах “сакрэтнага аддзела”. Праўда, сёе-тое з
прачытанага засталося ў учэпістай да ўсяго забароненага памяці брата, і ён пры
нагодзе альбо калі прасілі згадваў, вяселячы просты люд.
1958 год. Неяк у палавіне чэрвеня, калі я блукаў непрыкаяны па
падворку, - школа скончылася, асаблівага занятку не было - бацька сказаў, і ў
яго голасе я пачуў неспакой: “Бабуля наша - цётка Аня пераказала – захварэла”.
Як жа так, я ж толькі што бачыў яе перад
ад’ездам з Глушы! Нічога не паказвала на тое, што яна раптам занядужае. Тое,
што пачуў, калі і чакаў пачуць, дык толькі пазьней, чым далей, тым лепш.
Бліжэй яе, пасьля бацькоў, нікога не было.
На заўтра бацька раптам прапанаваў: “Хочаш
у Глушу?” Ён яшчэ пытае! Хто з нас, Тычынавых хлопцаў, і калі не хацеў зьезьдзіць
у Глушу? Ды яшчэ на кані! Ды з бацькам! Такога ніколі не бывала.
Што бабуля адчувала сябе не дужа здаровай,
я ведаў. Два гады жыў на кватэры цёткі Любы, у адным пакойчыку з бабуляй
Фросяй. Бегаў з ранку ў школу, потым рабіў урокі, часам даваў круга па
местачковаму пляцу, заходзіў у кніжны і падоўгу вывучаў назвы, прыгадваючы,
колькі маю рублёў у кішэні. Прыносіў вады ў вядры з калёнкі ў канцы вулачкі,
бярэма дроў, калі прасіла цётка, нават распальваў кірагаз, калі мы з бабуляй
заставаліся адны і трэба было нешта падагрэць, вядома, пад яе наглядам. Сама
бабуля або сядзела на ложку і бясконца глядзела ў акно, або на зэдліку каля
пліты. Далей ганку рэдка выходзіла, трымаючыся рукамі за штыкетнік, стаяла
колькі ёсьць змогі каля кутняга слупа агароджы. На Каляды пазычалі ў суседзяў
каляску на гумовых колах і весела везьлі нашу бабульку ў госьці да старшай у
родзе Тычын цёткі Ані, якая строга напамінала нам, не ведаючы, што тое ж самае
і тымі ж словамі наказвала нам цётка Люба: “Асьцярожней! Не растрасіце маму!”
Пра жыцьцё-быцьцё не было ў нас гаворак.
Нешта чуў тады, калі дарослыя перамаўляліся, не дужа надаючы ўсяму значэньня.
Божа! Колькі пытаньняў, якія пякуць мне душу цяпер, засталося без адказу?!. Але
былі і слаўныя часіны, калі бабуля, пабачыўшы, што ўнук адарваўся ад
захопленага чытаньня “Айвенга” ці “Янкі пры двары караля Артура”, раптам
пачынала прыгадваць і задаваць мне загадкі, тлумачыць словы. Напрыклад, што
такое тое самае “каяцца”! Растлумачыла мне слова “Спасибо”
– “Спаси Бог!” Ах, вось што яно азначае! Госпаду Богу трэба
дзякаваць за ўсё добрае. А “дрэннае”? І за дрэннае!
Бацька любіў язду на кані - гэта было добра
знаёмае з дзяцінства. Не тое, што цябе нехта вязе на “палутарцы” ці на
трафэйных “фордзе” альбо “студэбекеры”. Яму запрагалі заўсёды самых гарачых
саўгасных жарабцоў. Звычайна Орліка. Таго самага, які на месцы не мог устаяць,
- пёрся нахрапам да суседняй кабылкі або аднойчы так стукнуў па ручцы вазка,
што прабіў падковаю бацькава скураное амэрыканскае паліто. Праўда, брат Мікалай
запомніў усё інакш, нешта і я такое прыгадваю. Бацька прапаліў крысо скуранкі
цыгарэтай, нападпітку не заўважыўшы. Як маці потым ні лапіла паліто, ранейшы
шык прапаў. Паліто апынулася на гарышчы, пакуль яго не дагледзеў Сашка. Тады
акурат пачалася мода на скураныя вырабы. Урэшце паліто стала курткай. Валодзька
таксама пытаў, дзе паліто. Але позна спахапіўся: у скуранцы ўжо фарсіў старшы
брат.
Менш чым за гадзіну мы былі ўжо ў Глушы.
Але радасьць сустрэчы адразу азмрочылася - цётка Аня не дала апамятацца:
- Гэта ж, Аляксандар, наша мама моцна
захварэла! Заўважыла і мяне:
- Бабуля наша, Міша, занядужала. І да
бацькі:
- Запаленьне лёгкіх. У яе ўзросьце...
Бацька, які быў расьсеўся каля стала, зьбіраючыся
парастарэкваць з сястрой аб жыцьці-быцьці, неспакойна назіраў за рухамі сястры,
якая прыбірала посуд, і слухаў, спадзеючыся на лепшае. А якое можа быць лепшае!
- Навіны няважныя, Аляксандар.
Пераключылася на мяне - я, прытуліўшыся
горна галавой да вушака, застыў у парозе:
- А ты, Міша, бачу, кніг накупіў (бацька не
мог не зазірнуць у гаспадарчы магазын, каб паглядзець, што новага зьявілася, а
я тым часам забег у кніжную крамку). Гэта табе бацька купіў? Правільна,
Аляксандар, на гэта грошай не шкадуй. Цяпер нявучанаму няма чаго рабіць - сьвет
зьмяніўся. А ты, Міша, ідзі паглядзі Сашавы кнігі ў шафе, пакуль мы тут зьбяромся.
- І ўсьлед - не была б гэта цётка Аня: - Толькі тыя, што на ніжняй паліцы, не
чапай, гэта нябожчыка дзядзькі Мішы кнігі па мэдыцыне.
Ведала б цётка Аня, што я ўжо даўно абсьледаваў
зьмесьціва кніжнай шафы. І дзядзькавы мэдыцынскія энцыкляпэдыі гартаў. А ў іх
чорна-белыя і каляровыя ілюстрацыі мноства чалавечых хваробаў і стрэляных ран,
вывернутыя вантробы і аголеныя без чэрапа мазгі, перабітыя палавыя органы і Бог
ведае што яшчэ можна зрабіць з чалавечым целам. Гэтыя карціны мне больш чым што
сказалі пра сьвет, у якім мы жывём і ў якім мне жыць.
Я не дужа ахвотна (і гэта я, кніжнік з
кніжнікаў!) пасунуўся ў суседні пакой. Заўважыў, што цётка адразу прычыніла дзьверы
за мной.
Слоў не мог разабраць - адно чуў
устрывожаны шэпт цёткі і разгублены бацькаў голас. І адчай хапаў мяне за сэрца
- я ці не ўпершыню адчуў, што яно ў мяне ёсьць і што яно шчыміць.
Дзеля прыліку расчыніў шафу, пагартаў,
поўнячыся неспакоем, якуюсьці старадаўнюю, прыгожа аздобленую кнігу на
англійскай мове. Адчуваў, як сьпее ў галаве новая, страшная сваёй спусташальнай
сілай, думка: “Што з таго, што я шмат прачытаў і яшчэ больш прачытаю! Што з той
кніжнай мудрасьці, калі пра самае-самае галоўнае ніхто нічога не ведае! Няма,
няма на сьвеце кнігі, у якой ёсьць адказ на пытаньне, што такое жыцьцё і дзеля
чаго яно нам дадзена!..”
Пра Біблію тады я, вядома, нічога не чуў і
не ведаў.
Цётка нечакана паклікала мяне:
- Ідзём да бабулі!
Бабуля Фрося, Ефрасіньня Іосіфаўна, ляжала
ў знаёмым мне да дробязей пакойчыку на вузкім жалезным ложку. Зусім нямоглая, з
пажоўклым тварам, завостраным носам, нейкая доўгая і прамая, яна глядзела на
нас і вочы яе вільгатнелі. На падаконьніку стаялі бутэлечкі з лекамі, ляжалі
парашкі, тэрмомэтар, грэлка. У куточку ў мутнай бутэльцы стаяла “сьвянцоная
вада”. Верыла ці не верыла бабуля ў Бога, ці верыла не верыла, але абразы з
Божай Маці змагла давезьці праз усю Сыбір. Ды і хата ў Забалаці стаяла
насупраць царквы! І з мясцовым сьвятаром былі заўсёды ў добрай згодзе.
У нагах у бабулі сядзела засмучаная цётка
Люба, ціха апавядала пра бабуліны справы. Што быў урач і што казаў. Усё было на
ёй, малодшай у сям’і.
Бабуля, такая заўсёды жартаўлівая, і тут
спрабавала неяк прыўзьняць заняпалы настрой блізкіх, якім яна, бачна было,
рада:
- Стары мой, мусіць, зусім зазлаваў на
мяне... Там... дзе ўсе мы будзем... Чакаў-чакаў ды ўсе чаканкі паеў... А я ўсё
жыву... І тое сказаць - ніхто сьвету не перажыве...
Я адзначыў, што мяне яна заўважыла і,
здалося, нейк асабліва пільна ўгледзелася. Маці казала, што мяне з усіх унукаў
вылучала. Можа, таму што рос пры ёй. А час які быў? Бацька на фронце. Маці на
шахце адкатчыцай. Старшыя - Жэнька і Сашка - у дзіцячым садку...
З Глушы выехалі прыцемкам. У баку ад
хваёвага лесу, за ўзгорыстым полем, у самым яго канцы, я ведаў, пад цемнаватай
купкай сосен былі мясцовыя клады. Там знаходзілася магіла дзядзькі Мішы.
Ехалі моўчкі. Чулася толькі раз-пораз
бацькава “Но!” Хоць конь сам добра ведаў, што дарога вядзе дадому.
22 чэрвеня бабуля памерла. Я ўжо не першы
раз бачыў нябожчыка - і старых, і маладых. Каб хто сказаў, што гэта не яна ў
труне, то я хутчэй бы за ўсё далучыўся да гэтай неверагоднай думкі. Белая хусьцінка
хавала амаль увесь твар. Знаёмае - бабуліна - было толькі ў заплюшчаны павеках:
у шчыліне між імі, здавалася мне, цеплілася яе апошняя ўсьмешка,
зычліва-іранічная, як звычайна.
Дзяцей - сказала ц. Аня і настояў Саша
Адамовіч - адразу гуртом пасадзілі ў кузаў палутаркі, на лаўкі, і мы з Жэнем і
Сашам Адамовічамі паехалі ў Бабруйск у пахавальнае бюро па труну. Па дарозе за
Глушай высадзілі Марыю Адольфаўну, якая хутка зьнікла за выносістымі
цёмна-зялёнымі хваінамі, звыкла пайшла вузенькай сьцяжынкай у лес. Як
патлумачылі старшыя - да папа, які жыў ў лясной вёсцы, заснаванай стараверамі,
па-мясцоваму, кацапамі.
Саша вельмі трывожыўся, што выгляд
нябожчыцы можа моцна паўплываць на наш недасьпелы дзіцячы розум, таму паездка ў
горад зьменіць наш змрачнаваты і цяжкі настрой. Тут ён угадаў: асфальтка,
хуткасьць, лёгкі ветрык, адкрытая прастора хутка ператварылі нас, хто меншы,
хто большы, у дзяцей.
Сам Саша, натура ўражлівая, пасьля
раптоўнай сьмерці яго бацькі, Міхаіла Іосіфавіча Адамовіча, калі ўсё так добра
складвалася (з вайны ўсе блізкія прыйшлі жывыя, вярнуліся з далёкіх краёў на
бацькаўшчыну), паўгода ляжаў у бальніцы, не адразу акрыяў ад перажытага шоку.
Менавіта таму, калі не памыляюся, міжволі пераносіў свае ўяўленьні на нашу
дзіцячую псыхіку. Меў рацыю, я, хоць не адразу, бо такая натура, вельмі
ўнурыўся ў тое, што адбылося, як мяне хто молатам па ілбе аглушыў. Але тое
адчуў пазьней.
Браты Адамовічы пабеглі ў гэта таямнічае
бюро, надзіва хутка дамовіліся - засталося толькі пачакаць, калі падпішуць
белай фарбай чорную істужку. Саша скамандаваў нам стаць у чаргу да каляскі з
марозівам, і кожнаму з нас - Жэньку, Сашку, Мішку, Валодзьку, Кольку, Іне
Тычынам, Вову Патапаву, Наташы, Галі і Іне Адамовічам - прадаўшчыца выдала па
эскімо на палачцы.
Як мала трэба дзятве, каб зноў адчуць радасьць
і слодыч жыцьця! Адкуль Саша ведаў, што мы такія хуткія на зьмены і лёгкія на
ўдзячнасьць?..
Па дарозе падабралі Марыю Адольфаўну і
бацюшку. Бацюшку, шануючы яго сан, пасадзілі ў кабіну. Марыя Адольфаўна, уся ў
чорным, цяжка ўзабралася з дапамогай братоў Адамовічаў да нас у кузаў.
Я, падлетак, з павагай глядзеў на яе,
міжволі цэнячы яе веру ў Бога, мала зразумелага мне тады, і яе захады. Думаю,
наша бедная бабуля была задаволеная: рытуал захаваны! і Бог яе не забыў!
На другі дзень пасьля пахаваньня бабулі
маці паклікала мяне схадзіць па траву карове. Я ўзяў касу, маці - лясёнку. Калі
адчыняў брамку ў канцы сядзібы, то раптам сур’ёзна занепакоілася: “Не бяры да
галавы так. Бабуля сваё пажыла. А нам яшчэ жыць ды жыць. Калі Бог дасьць”.
Дзіва, але матчыны простыя словы, магчыма,
пяшчота і неспакой у яе голасе, не ведаю, што яшчэ, напамін пра Бога, але
падзейнічала. Я, як умеў, падкошваў сакавітую траву, якая сама пайшла ў рост.
Памагаў маці зьбіраць скошаную ў высокі пракос траву - знарок касіў кругам, каб
ўсё было пад рукамі. Разам увязвалі лясёнку. Маці дапамагла ўскінуць яе мне на
плечы. Быў удзячны ёй за ўсё. І за тое, што гэта яна мяне вучыла касіць: брала
ззаду за плечы і паказвала, як трымаць касу, як замахвацца, весьці-несьці яе да
канца пракоса... Бацька на гэта маё ўмельства пазіраў скоса і скептычна.
Здаецца, менавіта тады я адчуў, што разьвітаўся
з дзяцінствам. У сьвеце ёсьць сьмерць, не кабета з касой, а кашчавая
страхалюдзіна, бязьлітасная, жорсткая, і з гэтым трэба жыць. час ад часу
згадваць лаціну: mеmеntо mоrі.
1959 год. Браты, старшы на два гады за бацьку дз. Антон і наш
бацька, любілі расказваць пра сваю нечаканую цудоўную сустрэчу ў Маскве.
Дзядзька паехаў у сталіцу у сваю чарговую
вандроўку за свае грошы, а магчыма і ў якасьці дэлегата чарговага зьезду ці
нарады настаўнікаў: яго ідэя “працоўнага навучаньня” акурат трапіла ў час на
вочы паслужлівага начальства, якое лавіла-ўгадвала думкі тагачаснага
наватара-перабудоўшчыка Мікіты Хрушчова, дзядзьку ўзнагародзілі ардэнам Леніна
і ўшанавалі званьнем заслужанага настаўніка. Насамрэч ён проста ўзнаўляў
працоўныя і маральныя ўрокі свайго бацькі Мітрафана Хаміча Тычыны, у сям’і
якога працавалі ўсе. Дзядзька пабудаваў дзесяцігодку ў Бярозках, стварыў
выдатныя кабінэты фізыкі і хіміі, школьную цясьлярню, пасадзіў з настаўнікамі і
навучэнцамі сад. Усе прыбыткі ішлі на школу і дзецям-сіротам.
Бацька, па сутнасьці, паўтараў той жа шлях.
Але ўжо як брыгадзір-палявод. У сям’і таксама, як і ў дзеда, працавалі ўсе з
дзяцінства.
Скажу пра сябе. Летам, 1955 года, скончыўшы
5 кляс, я 3 дні акучваў бульбу, “вадзіў каня”. На жаль, араты, стары Вількс,
мне не падказаў, што каня не трэба цягнуць за сабой, а трэба ісьці (“весьці”)
поруч па суседняй баразьне, і ў выніку ўсе мае пяты былі адтаптаны конскімі
капытамі, добра што непадкаваных. Сорамна было перад конікам Лагутом (так
вяскоўцы ўвекавечылі яшчэ пры жыцьці старога Лагута-Лагутава, які пражыў сто
год, і нам таго жадаў): чаго я маячу ў яго перад вачыма? На наступнае лета я
ўжо цэлы месяц сам “абганяў бульбу”, ідучы за плужком і едучы вярхом на кані з
канюшні на поле і з поля ў канюшню, часта ўдваіх з маім павадыром. Не раўня
маім гультаяватым аднагодкам, якія загаралі на рэчцы.
Яшчэ праз год я ўжо “ганяў варон” з поля,
на якім высадзілі модную тады “царыцу палёў”, кукурузу, альбо зноў жа “абганяў
бульбу”. Быў пазьней вартаўніком бульбасховішча (трох капцоў) у полі, праўда,
днём (ноччу мяне падмяняў стары Кароткі), памагаў сваім аднаклясьніцам
перабіраць бульбу, а, калі ішоў дождж, хаваўся ў саламяным будане разам з імі,
млеючы ад блізкасьці салодкай спакусы жаночага цела і ўцякаючы як мага далей ад
магчымых правакацый старшых па ўзросту і больш рызыкоўных дзяўчат, выдаваў
часам тым, хто выпісаў у канторы, бульбу “на вока” (бацька патлумачыў, што 100
кіляграмаў зьмяшчаецца якраз у “кубінскі мяшок”, які быў у модзе ў вяскоўцаў - у
гэтых вялізазных мяхах прывозілі на наш бровар кубінскі трысьняговы цукар), быў
памочнікам камбайнэра, пра што напісаў у аповесьці “Дажынкі”, экспэдытарам
(суправаджаў грузавікі з зернем - ад камбайна да зернясушылкі). Мой кар’ерны
рост, як бачна, навідавоку.
Былі аднаразовыя даручэньні бацькі, як
заўсёды нечаканыя і непрацяглыя. Запомнілася, як бацька наказаў мне ехаць з
экспэдытарам Івашкевічам у Бабруйск, дзе на станцыі разгружалі пульман з цэмэнтам,
і я павінен быў сачыць за разгрузкай, а ў канцы зачыніць парожні вагон. Мяне
падабраў зноў жа дзядзька Іван Івашкевіч, зазірнуў у вагон, пабачыў там-сям
кучкі цэмэнту, паківаў галавою на такую бесгаспадарчасьць, глянуў на мяне, як
мне падалося з дакорам. Не буду ж я яму тлумачыць, што нідзе не знайшоў побач
ні шуфля, ні веніка, ні якога пакарабачанага вядра, каб навесьці пасьля
грузчыкаў парадак.
Другі раз бацька, пабачыўшы мяне дома,
накіраваў дагледзець на нейкі час камбайн, які застаўся на Галіцы пасьля жніва,
бо патрэбен быў трактар, каб зацягнуць яго на стаянку. Камбайн быў старога
ўзору, не самаходны, толькі гэтым і цікавы. Я хутка ўсё агледзеў і залёг побач
ў капу саломы ў чаканьні. Побач быў ручаёк, які пачынаўся ў блізкім Палянскі
лесе і бег далей да недалёкай Пцічы. У падлеску каля ручайка нічога цікавага не
было: алешнік, вербы, рабіна... Па другі канец поля віднелася лесапаласа,
роўненькая, як пад лінейку, пасаджаная яшчэ перад вайной, калі ў Украіне
змагаліся з сухавеямі, аберагала ад ветру суседнюю вёску Запольле. Грыбная мясьцінка,
і добра хадзіць між роўнымі радамі ўжо досыць высокіх сосен і шукаць баравікі і
асовікі-чырвонагаловікі. Але якія грыбы ў такую сухмень! Я марнаваў час.
Нечакана з Завалочыц зьявілася працэсія, якая пакрысе набліжалася, пасьля
маўчаньня загучала духавая музыка. Хто памёр? Каго хаваюць? Выйшаў на Шлях.
Хавалі Міхневіча з Паляны, дзе ён быў загадчыкам, як і наш бацька. Тры брыгады
ў саўгасе - Завалочыцы, Дварэц і Паляна - і тры брыгадзіры. Архіпенка з Дварца
ўжо памёр. Ён запомніўся сваёй брытай (нам здавалася абсалютна лысай) галавой.
Мы нават аднаму са сваіх сяброў надалі мянушку “Архіпенка”.
Неяк перад Новым годам мы ехалі з бацькам
цёмначы з Глушы, бацька вяртаўся падвясёлены з гасьцей у сваіх сясьцёр і
прыдумаў павярнуць на Глускую шашу, заехаць у Гарадок, потым у Дварэц, Запольле,
і такім чынам вярнуцца дамоў. Гэтай дарогай не раз пазьней карысталіся і мы,
але ўжо не на конях, а на братавым “Мэрсэдэсе”, які брат неўзабаве замяніў на
“Таёту” кляса “Лексус”, каб яшчэ лішні раз паглядзець на родныя мясьціны.
Бацька павярнуў на Дварэц, і нечаканыя, няпрошаныя госьці наведалі ягонага
калегу. Ім было пра што пагаманіць, тым больш што і гарэлка свайго гатунку
знайшлася, а мне, каб не сумаваў, паставілі місу квашаных антонавак.
Пра Міхневіча я чуў, што хварэе. Часам
бацька згадваў яго прозьвішча з той ці іншай нагоды. Здавалася, што заведзены ў
саўгасе парадак будзе век. Ажно не! За грузавіком з адкінутымі бартамі з труной
брылі, цягнучы крок, прыгаломшаныя падзеяй родныя нябожчыка. Мы міжволі
пераглянуліся з ягоным сынам-падлеткам Сьцёпам Міхневічам. Ён адразу ўсё ўбачыў
і ацаніў, чаго я тут раптам аб’явіўся. I ён, і я - дзеці загадчыкаў, але якая
прорва стварылася між намі! Як мне было шкада майго асірацелага школьнага
таварыша! Бадай што, такога сумнага пахаваньня я не помню.
На жаль, усё гэта не ўвайшло ў мой працоўны
стаж. Тады б выявілася, што мой стаж налічвае час трохі не ад самага нараджэньня.
Наш самы старшы брат Жэня любіў вартаваць
саўгасны сад. Садоў, яшчэ “панскіх”, было ў нашым пасёлку і ў навакольных
вёсках шмат: і Стары, і Малады, і Заполяцкі, і Палянскі, і ў Дварцы, і ў
Сіманавічах. Мы, дзятва, іх выдатна ведалі. Дзівіліся з прыдумак саўгаснага
садавода і агародніка, заўзятара-пчаляра Аляксандра Іванавіча Байбарацкага, з
сынам якога Колем і ўнукамі Вовам, выдатным акардэаністам, і Сашкам - “Сахарам”,
сябравалі.
Сам з Украіны, дарэчы, з тычынаўскай
Чарнігаўшчыны, ён спрабаваў высьпеліць за кароткае беларускае лета, якое
згарала, як порах, экзатычныя кавуны і дыні, а яны дасьпявалі потым на страсе
вэранды. А летам вывозіў пчол у Воўчы лес - ад назвы былога хутара Ваўчкі, ад
якога засталася сярод лесу паляна, відаць, няўлічаная ні ў якіх плянах зямля,
дзе садзілі, таксама няўлічаную грэчку, - тое, што трэба пчолам. У сваёй справе
ён быў прафэсіяналам, ці, як у вёсцы называлі, спэцыялістам (наш бацька вымаўляў:
“спеціяліст”, - і наогул, як і Байбарацкі, любіў бываць па вечарах у “Пакоі
спэцыялістаў”, дзе адбываліся нарады і дзе можна было пабалакаць пра ўсё).
Малодшы сын Аляксандра Іванавіча Коля да пэнсіі
працаваў у Менску, выпрабоўваў новыя маркі аўтамабіляў на палігоне. А раней у
войску вадзіў вялізазны, колы ў чалавечы рост, цягач, бываючы часам з ім у
нашай вёсцы, - як для нас, юнакоў і падлеткаў, дык цэлая падзея. Больш бывалыя
і вопытныя сьцьвярджалі, што на гэтых цягачах перавозілі ракеты. Вярнуўся ў
бацькаву хату з жонкай і разам з дзецьмі - майстравітым радыётэхнікам і
краязнаўцам Сашкам і дачушкай Ленай - паўтарае бацькавы экспэрымэнты. Шмат што
яму ўдаецца - клімат у Беларусі прыкметна пацяплеў, і многія экзатычныя расьліны
прыжываюцца. Ягоная сядзіба - яго і жонкі Тоні намаганьнямі - маленькі рай,
узорная гаспадарка, дзе ўсё прыстасавана для жыцьця і адпачынку.
Саша, Валодзя, Коля любілі быць вадавозамі:
налівалі ў 2 бітоны ваду, памятаючы, што касцы на сенажаці аддаюць перавагу
вадзе з “панскага калодзежа” пасярод пасёлка, таго, над якім доўгі час трывала
нешта падобнае на капліцу-цэркаўку, і што ў кожны бітон добра было кінуць
кавалак лёду, папрасіўшы яго з падачы бацькі-загадчыка ў мясцовай малочнай
станцыі (лёд нарыхтоўвалі з зімы, пілуючы мэтровай таўшчыні ільдзіны на сажалцы
і складзіруючы ў сьцірту, пакрыўшы апілкамі-пілавіньнем з блізкага тартака, і
лёду хапала на ўсё лета). З імі, калі быў вольны, любіў бываць на лузе і я:
браўся раскідваць важкія пласты травы, каб хутчэй сохла на сонцы, ахвотна
хапаўся за насілы, на якіх жанчыны і падлеткі выносілі траву з мокрых нізінак
на сухое, спрабаваў пад кіраўніцтвам мужчын і па сваёй ахвоце касіць.
Помню, як у дзень зарплаты бацька пасылаў
каго-небудзь з нас у кантору заняць чаргу. Сашка звычайна хутка перавальваў
гэты цяжкі абавязак на мяне, бо не тая натура, каб цярпліва чакаць, калі
касірка Іда (так называлі прыгажуню Іраіду ў вёсцы) пачне выдаваць грошы, а ў
мяне таго цярпеньня хапала на дзесяцярых. Тым больш што – “Бацька сказаў!”
Неўзабаве, калі чарга была на падыходзе, зьяўляўся і бацька - весела-узрушана
забіраў сваю зарплату брыгадзіра і нашы “капейкі”, якіх у суме набіралася
больш, чым ягоны месячны аклад. Адвячоркам бацькі сядзелі пры электрыцы ці
часта пры лямпе-газоўцы за сталом, пералічвалі грошы і рахавалі, якія сямейныя
патрэбы на іх можна будзе перакрыць. Сканчвалася тым, што аднойчы ехалі ў
Бабруйск, вярталіся позна і прывозілі пары чатыры чорных-чорных кірзавікоў -
адзін аднаго меншы, у якіх мы адразу ж выходзілі на вёску, каб адразу ж зьняць
і бегаць басанож амаль да сьнегу. З купленага корту маці на сваім “Зінгеры”
страчыла штанцы, кашулі, нават кухвайкі - крамнога мы не мелі, бадай, што да
самага ўзросту кавалераў. Тое самае адносілася і да бацькі - былы лоск і шык
амэрыканска-якуцкага шукальніка даўно мінуўся.
Дык вось наш бацька, які цярпець не мог
балбатні Мікіты, а яшчэ больш ягонай безгаспадарчасьці, раптам загарэўся ідэяй
паспрабаваць, насуперак усім і ўсяму, выгадаваць на непрыстасаваных беларускіх
пясочках кукурузу. Ахвяраваў дзеля гэтага прысядзібнымі соткамі. Гэта быў сапраўдны
цуд! На саўгасным полі “каралева палёў” - мы яе абганялі на “плянэтцы” (плужку
з трох маленькіх падплужнікаў) - выглядала змарнелай сіроткай на фоне зялёнага
буяньня бульбы і буракоў, бручкі і турнэпсу, канюшыны і азімага жыта. А ў нашым
добра ўгноеным агародзе неверагодна хутка вырас лес шырокалістай і доўгалістай
экзатычнай кукурузы - вышынёй у 4 мэтры 20 сантымэтраў. Людзі, ідучы міма,
міжволі замаруджвалі крок, каб пільна агледзець гэтае дзіва і выказаць бацьку,
калі бачылі яго, сваё захапленьне, а машыны, якія ляцелі не зважаючы на знакі
хуткасьці і павароткі, прытарможвалі.
Узьнікла небясьпека, што кукуруза заглушыць
наш сад, і бацька тэрмінова зрабіў прасекі. На гэтых прасеках брат Сашка, як
адважны кавалерыст, фатаграфаваўся верхам на кані, а высока над ім ківаліся
мяцёлкі амэрыканскай госьці. Мы, меншыя, гулялі ў хованкі альбо блукалі, як у
лябірынце.
Самыя доўгія экзэмпляры кукурузных сьцяблін
высеклі з пачаткамі і павезьлі ў раён, потым у вобласьць, потым на Усесаюзную
сельскагаспадарчую выстаўку. Нехта з начальства - ад раённага да
рэспубліканскага - атрымаў узнагароды. А наш бацька паехаў дэлегатам на тую
самую выстаўку ў Маскву.
Расказваў ужо сам бацька пра сваю нечаканую
шчасьлівую сустрэчу са старшым братам Антонам: “Жыў, як і ўсе дэлегаты
выстаўкі, у гасьцініцы “Алтай”. Спускаюся па лесьвіцы, на першым паверсе
цырульня, гляджу, ажно бачу: Антон! У крэсьле сядзіць - голіцца! І ён мяне ў
люстэрку ўбачыў! Потым сядзелі з ім у рэстаране... Па Маскве пахадзілі
разам...”.
Як усё адбывалася, нам не трэба было
тлумачыць. Самі бачылі, як радаваліся браты кожны раз сустракаючыся. Поўнае паразуменьне,
абсалютная згода! Дзядзька, хоць і не так часта, як хацелася, але, бываючы ў
Глушы, заяжджаў і да нас, у Завалочыцы. Застольле, гутаркі-размовы аб усім на сьвеце.
Потым мужчыны, будучы ўжо на лёгкім падпітку, разагрэтыя, ішлі разам “на
саўхоз”. Як жа кідалася нам у вочы, што ім удваіх вельмі добра ісьці поруч па
тупкай сьцежцы наўзбоч брукаванкі! Бацька, амаль на галаву ніжэйшы за брата, і
высокі з пахілымі плячамі дзядзька Антон, сказаў бы, як Пат і Паташон, але тады
мы гэтых актораў не ведалі, затое добра ведалі і дужа шанавалі Тарапуньку і
Штэпсэля, а таму нам было весела і, як цяпер разумею, зайздросна. Бацька не
хаваючыся ганарыўся сваім братам: “Заслужаны настаўнік Беларусі!”
Кукуруза - вось адкрыцьцё! - выцягнула з
участка ўсе сокі, і бацька знайшоў выхад, як аднавіць і абагаціць ранейшую
ўрадлівую глебу. Ён прывёз дзьве ці тры трактарныя пляцоўкі тарфакрошкі і
раскідаў яе тонкім пластам па ўсім агародзе. Ураджайнасьць сапраўды аднавілася
і нават павысілася, але - вось бяда! - раней бездакорныя, без каліва пустазельля,
соткі зарасьлі такой густой травой, палыном, чарнобылам, што мы ўсе - ад малога
да старога - змагліся ў безнадзейнай барацьбе, рвучы траву і полючы грады.
Аднойчы бацька мне загадаў нарваць пустазельля сьвіньням, і я абышоў з кашом
усе нашы 30 сотак і з грахом напалам выканаў заданьне. Роўненькія і чысьценькія
разоры радавалі вока стройнымі кусьцікамі бульбоўніку, буракоў, капусты,
морквы, памідораў, агуркоў, пакрытых лёгкімі парасончыкамі кропу. Тады і
зразумеў я, што такое “культурная гаспадарка”. Гэта праца, праца і праца.
У Глушу бацьку аднойчы давялося ехаць і па
справе. Віноўнікам быў я. У старшых клясах я зразумеў, што мне не цікавыя
фізыка, альгебра, геамэтрыя, а тым больш трыганамэтрыя. Нават астраномія, якую
я прагнуў спасьцігнуць, бо любіў вывучаць зорнае неба, мяне страшэнна
расчаравала, калі пачуў на першых уроках, як яе выкладалі. Увогуле ў “Камінтэрнаўскай
палітэхнічнай сярэдняй школе з працоўным выхаваньнем” у Глушы, куды пасьля
сканчэньня нашай 7-годкі адзін за адным пераходзілі - Саша, я, Коля (Жэня і
Валодзя давучваліся ў дзядзькавых Бярозках, Іна скончыла ўжо Завалочыцкую
10-годку, якую - жартавалі браты – “адкрылі спэцыяльна для Іны”), былі добра
падрыхтаваныя настаўнікі, таленавітыя выхавальнікі.
Цётка Аня мяне адразу папярэдзіла: “Усе выкладчыкі
з вышэйшай адукацыяй!” Настаўніца рускай літаратуры Соф’я Кацнельсон скончыла
нават Маскоўскі ўнівэрсытэт на Ленінскіх гарах. З залатым мэдалём. Дасюль
памятаю яе пераказ “Пярэстай стужкі” Артура Конан-Дойля: мы ішлі пешака праз
густы хваёвы лес у Рымоўцы, на сельгаспрацу, пераступаючы праз моцныя карані на
паверхні моцна ўтаптанай вузкай дарогі, і стараліся быць бліжэй да
апавядальніцы, каб чуць яе кожнае слова. Яе цёзка па прозьвішчу Барыс Іванавіч
Кацнельсон выкладаў беларускую літаратуру: яго лічылі дзіваком, бо ў рускамоўнай Глушы ён
паўсюль гаварыў па-беларуску. Любіў наведваць мясцовы базарчык пад навесам, дзе
кабеты з суседніх Багушоўкі, Багуслаўкі, Рымоўцаў, Дойнічава, Забудзек
прадавалі няхітрыя тавары, малако, смятану, масла, бульбу, моркву, бурачкі,
цыбулю, часнок, і падоўгу гутарыў з людзьмі. Яго добра ведалі. Яго дом на
высокім каменным фундаменце і з шырокімі разнымі аканіцамі стаяў пры дарозе ў
школу, і мы часта бачылі нашага настаўніка, як ён хвацка калоў дровы, гучна
хакаў з кожным ударам і густа-густа чырванеў ад натугі. Відно было, што ён
любіў гэту працу.
Настаўніка фізыкі мы не любілі: ён быў
майстрам спорту па шахматах, увесь час прападаў на алімпіядах, а свой прадмет
выкладаў так, быццам мы студэнты фізмата. (Мушу ўдакладніць, што ў майго
малодшага брата Мікалая іншыя ўспаміны пра “фізыка”, больш паважлівыя.) Аднойчы
ён выклікаў мяне да дошкі, я адразу адмовіўся адказваць, бо не вывучыў заданьня.
Атрымаў заслужаную “двойку”. За гэты час пасьпеў схаваць дзёньнік у апошняй
парце за намі, дзе ніхто не сядзеў, і бадзёра аб’явіў, што дзёньнік перадаў
ужо, а дзе ён падзеўся, не ведаю. Настаўнік не паленаваўся, падышоў да нашай
парты, агледзеў нашы кірзавыя сумкі, маю і суседа, глянуў на вучняў, якіх у нас
быў поўны камплект, ажно 42 асобы, выйшаў да стала і ўрачыста аб’явіў: “Вон з
класа!” І дадаў усьлед: “I каб без бацькі ў школу не прыходзіў!”
Я тры дні не паказваўся - блукаў у прыгожым
засьнежаным Глушанскім лесе з яго прыгожымі выносістымі хваінамі, уяўляючы, як
добра пад імі хавацца, пакуль не зразумеў, што бацьку ўсё ж давядзецца сказаць
праўду.
Неўзабаве мяне паклікалі ў настаўніцкую, па
дарозе ў калідоры я ўбачыў дзядзьку Адама Драздоўскага, нашага саўгаснага
конюха, які па-сяброўску падміргнуў мне: “Што папаўся, хлопча!” У пустой
настаўніцкай сядзелі і мірна гутарылі дырэктар школы Іван Якаўлевіч Лепешаў і
бацька: яны даўно адно аднаго ведалі і паважалі. Я ведаў, што дырэктар страшэнна
не любіць настаўніка фізыкі, які натраўліваў на яго ўсякія праверкі і кантролі
з райана, а таму быў спакойны. Размова была кароткаю: “Ідзі ў кляс - скажы, што
я дазволіў!” Думаю, што і бацька быў задаволены паездкай, гутаркай пра сельскую
гаспадарку з дырэктарам, дый заадно сясьцёр пераведаў.
1960 год. Дзеці Мітрафана Тычыны жылі дружна. Гарнуліся адно да
аднаго. Старшыя, ц. Аня і дз. Антон, памагалі нашай шматдзетнай сям’і. Бацька,
у сваю чаргу, выпісваў ц. Ані сена ў саўгасе, і мы, пасталелыя, самі грузілі
яго на параконку і везьлі ў Глушу. Праўда, і сама ц. Аня ўмела гаварыць з
людзьмі, і так, што яе сябры і проста знаёмыя лічылі за вялікую ласку памагчы
адзінокай і ўсімі паважанай жанчыне. Сена часам прывозілі на грузавіку ажно з
Жалаў, якія знаходзіліся на памежжы Глушчыны і Любаньшчыны. Там досыць працяглы
час дырэктарам саўгаса быў Шэмпель, добры сябра дз. Мішы Адамовіча: была ў
савецкія часы такая завядзёнка - час ад часу зьмяняць месца працы нізавой
намэнклятуры. Пасьля вайны Шэмпель дырэктарстваваў у нашых Завалочыцах. Нам,
дарэчы, падабалася назва нашага саўгаса “Завалочыцы” - без усякага там “імя
Леніна ці Варашылава”. Бацька любіў згадваць саўгас “Дзесяцігодзьдзя БССР”, бо
той шырока славіўся сваімі працоўнымі посьпехамі, а галоўнае быў па шляху ў яго
родную Забалаць. Я з асаблівым энтузіязмам расказваў бацьку пра тое, што мы вучым
у школе паэму Янкі Купалы “Над ракой Арэсай”. Бацька выслухаў, зірнуў на
пачатак паэмы, а потым я неяк прыкмеціў, што ён яе нават чытаў. Напэўна шукаў
рэаліі знаёмых мясьцін. І я шукаў. Не знайшоў.
Неяк мы вельмі позна вярталіся з бацькам
дамоў. Ажно дзьве параконкі. Садзілі нашым цёткам бульбу - стары Вількс і Саша
Аляксанаў. Адзін - латыш, суровы, строгі (помню, як ён загартоўваў свайго ўнука
Ваньку, нашага суседа і сябра, загадваў класьціся ў парылцы на верхнюю полку і
бязьлітасна хвастаў бярозавым венікам, не зважаючы на стогны і скаргі
падлетка), другі - армянін, якога ў вёсцы, у згодзе з часам і партыйнымі ўстаноўкамі,
ведалі пад мянушкай “Грузін”, тэмпэрамэнтны і ганарысты каўказец, адважны коньнік-кавалерыст.
Яны былі ў Глушы нарасхват. Бо што ў іх пасёлку? Козы - жыдоўскія каровы. Ды
саміх кароў - у цёткі Ані і можа яшчэ ў каго. Карацей, нашы мужчыны былі ў
вялікай цане. Вярталіся ў прыўзьнятым настроі, і, зразумела, на добрым
падпітку. Раптам наладзілі на пустыннай Варшаўцы конныя спаборніцтвы.
Выявілася, што і самі коні былі не супраць, каб паганяцца адна пара за другой.
Як-ніяк, вярталіся дадому, у сваю родную, утульную стайню!
Недзе каля Пагулянак (бацька тлумачыў, што
назва пайшла з часу, калі будаўнікі Варшаўкі сышліся з двух бакоў акурат на
горцы і наладзілі шумны баль сярод лесу) заўважылі наперадзе нейкія цені. Гэта
ішлі нам насустрач нашы малыя браты - Валодзя і Міколка, а з імі за кампанію -
два Колі, Вашкевічаў і Жлобічаў, а яшчэ Ванька Кірыловіч, унук Вількса. Было
ўжо цёмна, і гэта было ў лесе, непадалёк ад былога хутара Ваўчкі, ад якога і
ішла назва ўрочышча -Воўчы лес. Нацярпеліся малыя страху, чакаючы нас. У адзін
голас расказвалі, як перабег дарогу заяц і як напалохаў іх, бо здалося, што
воўк. Затое ж і радасьці было, калі пачулі фырканьне коней, грукат фурманак і
вясёлыя галасы. Дарослыя, якія зрабілі сваю справу, абрадаваныя сустрэчай
малыя, для якіх праехацца на конях - цэлае сьвята!
Ц. Любе, калі я, 8-клясьнік, а потым і
9-клясьнік, кватараваў у яе, прывозіў сам бацька ці пазьней я з братамі колатыя
дровы: хто яшчэ ёй паколе?! Хаця сам бачыў, што, калі трэба было, то калола і
дровы. Ц. Зіне прывозілі неяк выпісаны на Торфбалоце торф. Запомнілася, як яна
асьцерагала дачку Жэлю (Анжаліку), каб не насіла цяжкое. Так я раптам заўважыў,
што стрыечная сястра цяжарная, і запомніў на ўсё жыцьцё ўрок, што цяжарную
жанчыну трэба берагчы. Калі білі япрука, то дзяліліся і сьвежыной. З мяне мае
аднаклясьніцы, на год старшыя, Галя Кісялёва і Таіса Драбышэўская весела кпілі,
калі ехалі першы раз “у чужыя людзі”: яны – “на кватэру”, я – “да сваякоў”.
Конь па дарозе спалохаўся грузавіка і вывернуў нас з усім начыньнем у канаву:
дзяўчаты везьлі пасьцельныя прыналежнасьці, падушкі, харчы, апратку, падручнікі,
а я - што маці магла сабраць “на скорую руку”! буханку хлеба, які размок у
канаве і літровы буталь малака: “Як маленькі!” (Маці, як цяпер разумею,
сумнявалася, ці буду я піць малако ад казы, бо ў ц. Любы былі козы. Чаму ж,
піў, і дасюль помню яго смак! Часам даваў козам траву - ц. Люба, ідучы на
працу, прасіла.) Мовы заляцаньняў і ўменьня пастаяць за сябе я тады зусім не
ведаў. І наогул доўга блазнаваў і заставаўся “дзіцем”. Што значыць рана пайшоў
у школу!
Дык вось наш бацька, які дняваў і начаваў
на саўгасных палях, якога бачылі то тут то там, так і казалі: “Толькі што быў
тут!” Які - і мы, ягоныя дзеці, жартавалі - і ноччу сьніў “саўгасныя сны”, і “даваў
заданьне” рабочым, як на нарадзе: “...падпахіваць сёньня не будзем...” Якога
бачылі, як ён мерае ўчастак “казой”, альбо стагі тонкім шнурам з гіркай на
канцы, альбо запаўняе слупкамі лічбаў старонкі свайго блякнота, зробленага з
разрэзанага напалам агульнага сшытка, які вечна расьпіраў кішэні ягонага
кортавага пінжака (перакладчыца на рускую мову маіх “Дажынак” павесяліла мяне ў
свой час, адшукаўшы “адпаведнік”: “в молескиновом пиджаке” - амаль што “ў
смокінгу”)... Дык вось наш бацька быў добрым паляводам, а стаў добрым садаводам
(Байбарацкі пайшоў на пэнсію). Адна справа - быць загадчыкам паляводчай
брыгады, калі начальнікам у цябе Шэмпель, разумны і мудры чалавек. Пасьля яго і
наступнік, дырэктар саўгаса Дзяўго, мог лічыцца някепскім.
Аднойчы бацька расказваў, як на вячэрняй
нарадзе ў “пакоі спэцыялістаў” Дзяўго, выслухаўшы даклад пра тое, як дзеці ўлезьлі
ў саўгасны сад (прозьвішчы гэтых зламысьнікаў былі пералічаныя, а сярод іх і
мае старшыя браты, Жэнька і Сашка), раптам спытаў: “А мой таксама быў?!” –
“Быў!” – “Ну, то чаго трагедыю строіць?!” Асабліва яго разьвесяліў расказ пра
тое, як вартаўнік зьнянацку засьпеў малых зладзейчукоў, і тыя паразьбягаліся
хто куды, і як вартаўнік бегаў вакол высачэннай ігрушыны, на якую мог узабрацца
толькі такі цыркач, як наш Сашка, і лаяўся: “Злазь! Каму я кажу?!” Сашка адно
пасьмейваўся ды цаляў зьверху ў вартаўніка ігрушамі. Потым выбраў зручны
момант, скочыў з дрэва з другога боку, і лаві вецер у полі, калі ён разам з
сябрамі ўжо далёка за агароджай, на волі ў шырокім Палянскім раздольлі. Такіх,
як наш брат у вёсцы называлі “адчаюга”, за што і лаялі, і любілі.
Другая справа - Іванчук, трэці па ліку
дырэктар. Вельмі далёкі ад сельскай гаспадаркі чалавек. Але “з мухамі ў носе”.
І не было б нашаму бацьку жыцьця ў саўгасе, і партызанскія сувязі ц. Ані не
дапамаглі б - бацькава кар’ера вісела на валаску. Іванчук, якога вясковыя жартаўнікі
ўзнагародзілі мянушкай “Аракціўны” (ад слова “рэактыўны” - за 10 вёрст ад нас,
у Паставічах, пабудавалі ваенны аэрадром, і рэактыўныя самалёты ледзь не
штогадзіну ўзрывалі выбухамі паветра - знаўцы тлумачылі: “Пераадольвае гукавы
бар’ер”): хадзіў ён хутка, заклаўшы рукі за сьпіну - сапраўдны “рэактыўны
самалёт”. На бацьку ж узьеўся, даведаўшыся, што ён з кулацкай сям’і, што быў
золаташукальнікам, што ў яго імянітыя заступнікі... І зайздросьнікаў хапала.
Іншаму ўяўлялася, што камандаваць лягчэй
лёгкага. І чаму ён, а не я?! Бацька гадамі не ведаў, што такое законны
адпачынак. Проста не ведаў такога паняцьця. Любіў гаспадарку, свой родны кут,
сваю сядзібу. Да Завалочыц душою прыкіпеў. А для нас, і тых, хто нарадзіўся ў
далёкай Якуціі, і тых, для каго гэта - Радзіма, і наогул лепшы ў сьвеце куток
зямлі! Зямны рай! Парадыз!
А Іванчук доўга не затрымаўся ў фатэлі
дырэктара. Дзядзька Шыла, бацька нашага сябра Колі (“Цыгана”), аднойчы на
падпітку ганяў Іванчука вакол канторы з нажом. Дагнаць не дагнаў, але за
хуліганства атрымаў год. Але ж і дырэктару гэта не прайшло дарма. Да яго сталі
прыглядацца, і ўрэшце – “ратацыя кадраў” - перавялі немаведама куды. Нам шкада
было толькі раставацца з сябрамі, крыху маладзейшымі за мяне, Алегам, Вовам,
Толем. Шкада было і іх малодшай сястрычкі Наташы.
Гісторыю з каўбойскай пагоняй з нажом у
руках ахвотна смакавалі рабочыя саўгаса. Што да дзядзькі Шылы, якога прымалі як
героя, то ён праз год вярнуўся, як бы нічога і не было. Калі я быў нейкі час
вагаўшчыком, хтосьці з шафёраў прапанаваў мне: “Абед! Чаго ты тут будзеш
марнавацца? Паехалі на поле, дзе людзі!” На ўскрайку Палянскага лесу, насупраць
кукурузнага поля (кукурузу грузілі і везьлі на вагі кіроўцы), сышліся “на
перакур” рабочыя. Акурат дз. Шыла расказваў ва ўсіх жывапісных падрабязнасьцях
пра турэмны побыт. Я, тагачасны 8-клясьнік, паслухаўшы, як у пасьлясталінскай
турме добра кормяць (“Зэкі, калі не падабаецца харч, выліваюць з талерак у
бочку - у куце стаяла!”), выгукнуў: “О, дык у турме добра!” Дзядзька глянуў на
мяне з усьмешкай і сказаў: “Туды, мілы хлопча, дарога шырокая, а адтуль і муха
не выляціць!”
Неяк бацька ўсё ж такі ўзяў напрадвесьні,
калі асаблівай працы у вёсцы не было, чарговы адпачынак. Зьбіраўся зьезьдзіць
да брата ў госьці на пару тыдняў. Іванчук паставіў ч.в.а. Косьціка Хаванскага,
добрага самога па сабе дзядзьку, але страшэннага шалапая, які на тую гаспадарку
глядзеў як на вялікае дзіва. Сваякі, - адзін з іх, Коля Песін (“Цыпа”), сябра
нашага Міколкі, іранізаваў: “Гэтая Хаваншчына!”, відаць, маючы на ўвазе пачутую
выпадкова па радыё назву опэры, - скінуліся і купілі магчымаму будучаму
брыгадзіру новы кажух. Сам жа Косьцік-“Вушаты” штораніцы прыбягаў да бацькі, і
той яму паіменна называў, каго на якую працу паслаць, каб і справа рабілася, і
людзі мелі магчымасьць зарабіць. Па сутнасьці, рабіў тое, што і ўсе гады,
пачынаючы са студзеня 1948-га. Косьцік бег адразу “на нарад”, каб
прадэманстраваць сваё ўмельства і спрыт. Рабочыя адно пасьмейваліся з ягонай
надзьмутасьці і пыхі.
Іванчук, прынамсі, зразумеў, што, відаць,
без Тычыны (“Мітрафанавіча”) пакуль што ніяк не абыдзесься. Да таго ж, бацьку
падтрымлівала аграном Роза Ізраілеўна Грын, якая добра ведала
сельскагаспадарчую навуку, але, што мела дачыненьне да штодзённай практыкі,
цалкам давяралася жыцьцёваму вопыту і гаспадарчаму чуцьцю “кулацкага сына”.
Даводзілася не раз бачыць, з якой павагай яна ставілася да нашага бацькі,
раілася з ім, дзе што і калі сеяць-садзіць.
Думаю, што ведала і пра тое, што бацька, як
і ўся наша радня, ніколі нічога не меў супраць яўрэяў, бачачы ў іх найперш
людзей, добрых і злых, разумных і не вельмі, зычлівых і хцівых, інакш кажучы,
усякіх. Ведала, што ў ц. Ані шмат сяброў-яўрэяў. Пра дэвіз яе: “З яўрэямі трэба
дружыць!” - магла здагадвацца. Прынамсі, калі ў аптэцы, якой кіравала ц. Аня,
справы ішлі добра, то ў гэтым была заслуга загадчыцы, якая адразу ехала ў
Бабруйск да сваіх сяброў-яўрэяў і патрэбныя лекі, як кажуць. “даставала”.
Не было шчасьця, ды няшчасьце дапамагло.
Дзеці гуляючы, нехта з іх, шпурнуў камень у сьпіну двухгадовай Наташцы Іванчуковай.
Пачаў расьці горб. Разьвіваўся касьцяны тубэркулёз. Дзіцятка адвезьлі ў
косьцятубэркулезны дыспансэр у Вязьзе Асіповіцкага раёна, дзе загадчыкам быў
выдатны ўрач, знаўца сваёй справы, вялікі практык Яўген Адамовіч, пляменьнік
бацькі, наш брацейнік. Дзяўчынка ляжала ў гіпсе доўгія два гады і выйшла
здаровенькая, стройненькая, за час ляжаньня выцягнулася ў харошанькую
дзяўчынку. Усе гэтыя гады Іванчук добра ставіўся да бацькі. Нават некалькі
разоў даваў “газік”, каб бацькі з дзецьмі змаглі пабываць у Вязьзі, на высокім
і крутым беразе Беразіны, дзе дамаўляліся зьбірацца сваякі, “Тычыны”. Праўда,
штораз ехалі іншыя, а мяне пакідалі глядзець гаспадарку. Мае браты ўмелі
ўгаварыць бацькоў, яны проста залазілі ў кузаў, а мяне бацькі, у сваю чаргу,
суцяшалі абяцанкамі.
Калі ўжо жыў у Мінску, раптам у госьці,
праз два дзесяцігодзьдзі, зайшоў Алег Іванчук, сябра дзяцінства (бо што нам
дарослыя непаразуменьні!). Выяўляецца, што быў у нашых Завалочыцах, і самому
хацелася пабачыць мясьціны, дзе прайшло дзяцінства, і сястра вельмі прасіла
перадаць Тычынам падзяку. Бацькі іхняга ўжо не было жывога - цяжка хварэў
апошнія гады, кар’ера не склалася, як прадстаўнік намэнклятуры трапіў ажно ў
Краснадарскі край. А ў Наташы – сям’я, трое дзетак, і яна з удзячнасьцю ўзгадвае
і Адамовічаў, і Тычын. Алег заходзіў да бацькі, казаў: “Пасядзелі, пагаварылі,
выпілі”. Бацька даў мой адрас. Казаў: “Абавязкова зайдзі да Мішы!” Таксама
пасядзелі. Пагаварылі. Выпілі. Успомніць было што.
Бацька заўсёды перажываў, калі ў жыцьці краіны
нешта ішло не так, сачыў за навінамі, пасьмейваўся са страсьці ўлады да зьменаў
і экспэрымэнтаў. Падзялілі абкамы на прамысловы і сельскагаспадарчы, адмянілі
травасеяньне, прыдумалі непатрэбную пасаду ўпраўляючага ў брыгадах, акрамя
брыгадзіра і ўчотчыка, -“прышый кабыле хвост”. Высеўчыха, сама па сабе
някепская жанчына, дастаткова кемлівая, не знаходзіла сабе занятку і не вельмі
разумела сваіх абавязкаў упраўляючай, адлежвалася дзе-небудзь у цяньку на
ўзбочыне канавы, курыла або кусала травінку і назірала за паводзінамі
загадчыка, які часам зьвяртаўся да яе, нібыта за парадай, і далей рабіў сваю
справу. Вялікага жаданьня змагацца з дурнотаю ў яго і блізка не было, - пустое!
марная трата энэргіі! У бацькі на такія рэчы было выдатнае чуцьцё.
У саўгасе існавала правіла, гэткая
“маўклівая згода”, што другі ўкос, “атава”, даставаўся рабочым, і так у нейкай
меры вырашалася праблема з сенам карове, а ў сяго-таго былі бычок альбо
цялятка, замена карове ці на продаж. У нашага бацькі - які б ён пасьля гэтага
быў гаспадар! - сенавал задоўга да жніўня, калі падрастала трава, запаўняўся
паступова. Штодня, набраўшы ў бітоны вады касцам і споўніўшы належным чынам
ролю вадавоза (“таму што без вады і ні туды і ні сюды”), мае браты кідалі ў
вазок-аднаконку ахапку-другую толькі што скошанай травы карове і прывозілі
дадому. Частку клалі ў кармушку, і трэба было бачыць, як сьпяшалася наша
Маруська да яе, вярнуўшыся з вытаптанай і выскубанай да кораня пашы на Беляку
ці ў Трасьцянцы, прасоўваючы ў брамку спачатку адзін рог, а ўжо потым другі, -
такі размах у яе быў магутных рагоў. А другую частку, ускінуўшы на вілы,
шпурлялі на вышкі, дзе густая трава шпарка надсыхала і запаўняла водарам вышкі.
Непераўзыдзеным нарыхтоўшчыкам сена быў мой малодшы брат Валодзька: ён абсалютна
не зважаў на зайздросныя позіркі бацькавых падначаленых і пад адабральныя
позіркі і нават з дапамогай такіх жа, як бацька дбайных і гаспадарлівых,
дзядзькоў напаўняў невялікі вазок густымі пластамі кашаніны: “Мякчэй ехаць
будзе, бо вельмі трасе на брукаванцы”.
Адно лета, незадоўга перад бясслаўным
канцом хрушчоўскай эры, па вёсцы, ад хаты да хаты, хадзіла “камісія”,
правяраючы колькасьць кароў, сьвіней, авечак, гусей-індыкоў-качак-курэй, ці
адпавядае яна спушчанаму з самага верху мінімуму, бо савецкая краіна шпарка
падбіралася да камунізму. Вяскоўцы загадзя былі апавешчаны аб заплянаваным візыце
няпрошаных гасьцей і ахвотна, весела перадавалі каманду разгарачаных ад сьпёкі
і пасьля шчодрага прыёму “камісараў” ад хаты да хаты, ад сядзібы да сядзібы.
Бацька паблажліва назіраў за тым, як завіхаюцца члены камісіі, бо і сам быў яе
членам, і як ім было сорамна, хаця і здаля, назіркам, ацэньваць сялянскае
дабро, добра знаёмае кожнаму з іх. Але традыцыю сьвята захоўваў: гуляць, дык
гуляць! З набыткам, які і блізка нельга было параўнаць з нажытым некалі дзедам
Мітрафанам, не таіўся. Калі што якое, дык заўсёды была адгаворка: сям’я
вялікая!
Пасьля Іванчука дырэктарам саўгаса стаў
Блахін (на жаль, імя і імя па бацьку не ведаў і не ведаю). Ад бацькі чуў, што
яго пакаралі паніжэньнем на пасадзе за тое, што быў шчырым прыхільнікам “сяміпольля”
і “травасеяньня”. Са старшыні Крупскага райвыканкама “спусьціўся” на пасаду
дырэктара. Дэмакратычны не толькі поглядамі, але і лагоднай натурай, разумны,
можна сказаць, нават мудры. Ці лепш - умудроны жыцьцём і вопытам. Я ахвотна
падзяліўся гэтай інфармацыяй са сваім студэнцкім сябрам Мішам Ціхановічам,
якога называлі ў нашым асяродзьдзі паважліва “Харламавічам” і які сам быў родам
з таго ж Крупскага раёна. Выявілася, што ён шмат добрага чуў пра Бляхіна як
кіраўніка і чалавека. У мяне, да ўсяго былі надзвычай добрыя адносіны з жонкай
Бляхіна, загадчыцай саўгаснай бібліятэкі, дзе я быў адным з самых актыўных
чытачоў. Яна штораз распытвала мяне пра мае студэнцкія посьпехі і давярала
самому выбіраць на паліцах кнігі. Наогул сям’я была інтэлігентная. Пасьля двух
гадоў дырэктарства Бляхіна зноў паклікалі ў Крупкі на ранейшую пасаду: надышла
эпоха Касыгінскіх эканамічных рэформаў.
1963 год. Найбольшую славу і папулярнасьць у ролі вадавоза займеў
мой малодшы брат Мікалай. Доўгі час у вёсцы расказвалі пра выпадак на лузе,
калі вось-вось павінна была пачацца навальніца. Чорная хмара шпарка насоўвалася
з захаду, людзі, мужчыны і жанчыны, якія яшчэ не навучыліся быць абыякавымі да
таго, што гіне дабро, сваё ці чужое, стараліся хутчэй згрэбсьці сена ў копы, а
копы скідаць у стагі. І толькі стары Кавалеўскі (“Туляга”), замест таго, каб рабіць
тое, што ўсе робяць, тупаў туды-сюды і гучна ўголас бедаваў, і гэтыя ягоныя
кленічы артыстычна перадаваў-падрабляў наш сябра дзяцінства Шурык Жураўскі: “І
што рабіць? І каб хто сказаў! І сонца заходзіць, і хмары находзяць, і дождж
пойдзе, і сена намочыць, і дзе той Тычына, няма і няма!!!”
Сапраўды Мітрафанавіч, як называлі часьцей
за ўсё на вёсцы бацьку, - такая была завядзёнка ў нас, каб называць адзін
аднаго толькі па бацьку: “Аляксандравіч, Міхайлаўна, Іванаўна!”, - недзе
затрымліваўся. А без яго каманды на палявых работах нічога не рабілася. Пакуль
некага не натхніла здагадка: “Дык вось жа ён, Мітрафанавіч!” І паказаў на
падлетка Міколку. “Давай - бяры лейцы ў рукі! Загадвай, што рабіць!” Мужчыны,
узрушаныя агульным энтузіязмам, вясёлыя, удалыя, ахвотна падхапілі жарт. З таго
і пачалося: мянушка “Мітрафанавіч”, пачаўшыся з нашага малодшага брата, як
прыклеілася да ўсіх нас, - усе ў момант ператварыліся ў “Мітрафанавічаў”.
Начальніцкі імпэт і аўтарытэт брата Мікалая
быў такі высокі, што бацька - ён ужо тады перакваліфікаваўся ў саўгасныя
садаводы і агароднікі (А. І. Байбарацкі акурат у гэты час сышоў на заслужаную
пэнсію) - неўзабаве даверыў яму вязку ключоў ад гаспадарчых пабудоў у Старым
садзе.
Помню, як гэтая пагудка пра
“Мітрафанавічаў” дайшла і да Глушы, дзе сваякі акурат адзначалі 60-годдзе з дня
нараджэньня ц. Ані. Як ў коле цётак, дзядзькі, бацькі вясёлай хваляй кацілася
гэта калектыўная мянушка: “Мітрафанавічы!” Яна датычылася ўжо ўсіх
Тычынаў-Адамовічаў-Шустаў-Патапавых. Як іскрыліся вясёлым сьмехам вочы Сашы
Адамовіча! Як цешыўся з гэтае нагоды Адамовіч Жэня! Як усьміхалася ц. Люба! Усе
яны - Мітрафанавічы. Шчасьлівыя гады нашага маленства!
Іронія і самаіронія былі адметнай рысай
тычынаўскага характару. Часам “вясёлая”. Часам “горкая”. Часам “цёплая”,
“спачувальная”, “мяккая”. У кожнага з Мітрафанавічаў была свая мерка. Несумненным
і агульнапрызнаным лідэрам мудрай іроніі была наша бабуля Ефрасіньня. Яна, калі
і высьмейвала нейкія хібы чалавечай натуры, то заўсёды дабрадушна і зычліва,
выдатна разумеючы яе прыродную хібнасьць, у якой няма каго вінаваціць. Іронія
дапамагала і ёй, і яе роду адольваць, здавалася, неадольныя супярэчнасьці
нашага існаваньня, узьняцца над жахлівай рэальнасьцю часу, у які выпала жыць
нашаму пакаленьню і якую цяжка прыняць ісьціннай, застаецца хіба толькі
шкадаваць аб тым, што так усё атрымалася, ды сьмяяцца скрозь сьлёзы
Ц. Аня разумела тонкі гумар, але хутка
пераходзіла да чыста практычных высноў і не марнавала без патрэбы час. Дз.
Антон у высокай ступені валодаў інтэлектуальнай іроніяй, за якой заўсёды таіўся
скрыты сэнс і стоеная насьмешка. Ён як бы казаў сваёй усьмешкай: вы, наіўныя,
лічыце, што ўсё ведаеце і ўсё разумееце, я ж са сваёй вышыні, вышыні свайго
ўзросту, начытанасьці, эрудыцыі, вопыту, ведаю, што нічога не ведаю, па
вялікаму рахунку, а не па зямных мерках. Наш бацька аддаваў належнае жартам і
досьціпам, але сьмех у яго быў не гучным, а хутчэй сьцішаным, стрыманым.
Весялуноў і байдуноў ён любіў і, наколькі помню, не асуджаў. Ахвотна пераказваў
жарты і анэкдатычныя здарэньні, пра якія чуў альбо быў сьведкам, зьдзіўляўся з
дурной натуры таго-сяго з сучасьнікаў і ў гэтыя моманты як бы ўздымаўся над
сваім звычайна практычным падыходам да ўсяго, што адбываецца. Нашы старэйшыны
востра заўважалі слабасьці і хібнасьці сыстэмы, у якой выпала жыць, і любілі
пасьмяяцца з шматлікіх парадоксаў савецкай рэчаіснасьці.
Ц. Олю я мала ведаў, бо яна досыць рэдка
наяжджала ў прывінцыйную Беларусь са сваёй сталічнай і недасяжнай Масквы.
Вонкава падобная на сваіх сясьцёр, яна, здаецца, была па-сталічнаму ўпэўненай,
што здолела ў параўнаньні з імі лепш уладкавацца ў гэтым жыцьці. Алесь
Адамовіч, які пасьля партызанкі і пераходу лініі фронту апынуўся ў глыбокім
тыле, ажно на Алтаі, дзе тады жыла цётка Оля, востра адчуў гэта жаданьне
падкрэсьліць сваю перавагу над беднымі сваякамі і назаўсёды страціў цікавасьць да
маскоўскай радні, пра што пісаў з доляй гумару ў сваіх аўтабіяграфічных
нататках, прынамсі, не езьдзіў да цёткі ў госьці, ды і часу не меў. Наш старшы
брат Жэнька не раз падначоўваў у ц. Олі і дз. Піліпа, калі ў канцы года езьдзіў
у камандзіроўку ў Маскву са справаздачай свайго чыгуначнага ведамства,
нахвальваў іх вучоных сыноў (адзін з іх быў доктарам тэхнічных навук), пасьмейваўся,
як дз. Піліп штораз даставаў з буфэта адну і тую ж бутэльку з недапітым мінулы
год каньяком.
Ц. Соня ціха і нейк па-дзіцячы ўспрымала
жарты, як бы баючыся памыліцца, адно твар яе адразу сьвятлеў, а на ілбе зьяўляліся
тонкія маршчынкі. Яна была заклапочана тым, як лепш прыняць гасьцей, чым
пакарміць ды не забыць, што ёй яшчэ трэба пасьпець аббегчы свой акушэрскі ўчастак,
за які яна адказвала як мэдсястра. У гэтым - у адносінах да гумару - шмат
агульнага з бацькам і ц. Соняй было ў нашага Жэні. Ён, пераняўшы агульны вясёлы
настрой, і сам час ад часу дасьціпна жартаваў. Расказваючы недзе чутыя анэкдоты,
звычайна, як мы ўсе тое ведалі, абрываў расказ на самым канцы, прымаўляючы: “Ну,
а далей вельмі сьмешна!” Сам пры гэтым весела сьмяяўся, а мы ўсе, хаця добра
ведалі свайго брата, зьдзіўляліся і пераглядваліся. Што такое анэкдот, які цябе
заінтрыгаваў, а фіналу так і не дачакаўся?!
Наша мама любіла здаровы гумар, нават калі
ён быў непрыхавана грубаваты, самае галоўнае, каб быў вясёлы і вынаходлівы,
рагатала ад душы: “Ой, маманькі мае!” У гэтым да яе найбольш блізкі быў Сашка:
на ўсе выпадкі жыцьця ў яго заўсёды былі гатовыя адказы, хаця і вядомыя нам і
не раз чутыя намі жарты і выказваньні. якія аднак безагаворачна выклікалі
агульнае вясёлае ажыўленьне, нават калі бывалі на небясьпечнай мяжы асуджэньня
і абразы. Што ты з яго возьмеш - ён такі, які ёсьць! Усе ведалі, што Сашка вялікі
аматар “краснага слаўца” і што яго не кармі, але дай выказацца. Ц. Аня неяк
згадвала, як выгаворвала яму за пропускі заняткаў і за нізкія адзнакі, а ён – “сядзіць
перада мной на жэрдцы, боўтае нагамі і на ўсе зубы весела шчэрыцца”.
Ц. Зіна, як і казаў Алесь Адамовіч, была
праз меру засяроджана на самой сабе, сваіх настроях і хваробах, каб напоўніцу
прымаць гумар іншых. Але пры ўсім гэтым яна шырока і ахвотна ўсьміхалася,
чакаючы ад суразмоўцаў увагі.
Ц. Люба, з уласьцівым ёй цьвярозым позіркам
на рэчы, ад якога часам хацелася схавацца далей, бо яна, як, дарэчы, і Алесь,
бачыла ўсё і ўсіх навылёт, і адно што выхаваньне і разуменьне людзей
стрымлівала яе ад рэзкіх ацэнак, - яе горкая іронія была найбліжэй да іроніі
дз. Антона. Яны і вонкава вылучаліся сярод Тычын - і высокім ростам, і зьнешнім
выглядам, і манерай паводзін.
Калі казаць пра мяне, то я, па-мойму,
славіўся сваёй празьмернай задумёнасьцю і засяроджанасьцю на нечым у сабе, празьмернай
сьціпласьцю і ціхманасьцю, але часам на мяне таксама “находзіла”, і я пачынаў з
задавальненьнем весяліць народ. У войску хлопцы адразу заўважылі гэту маю
манеру выказвацца ў самы непадыходзячы момант, калі нашы вайсковыя камандзіры,
малыя і вялікія, не ведалі, як рэагаваць, сьмяяцца ці абурацца і ўжыць ўладу.
Гэтак жа неспадзявана мае жарты бравага салдата Швэйка неяк зьніклі, і мае
саслужыўцы здзіўлена пыталі: “Што гэта нашага Тычыны даўно не чутно?!” Нешта
падобнае адбывалася і ў вёсках Вішнёўка і Малінаўка, што непадалёк ад
Валяр’янаў і Шчыткавіч, дзе мы, маладыя супрацоўнікі і асьпіранты гуманітарных
інстытутаў Акадэміі навук, каля месяца капалі бульбу. Я заўважыў за сабой такую
заканамернасьць, што, калі ўсе гаруюць і скардзяцца, (а чаму і не смуткаваць
сасланым “на хімію” маладзёнам, якіх адарвалі ад навукі і адправілі на
працоўнае перавыхаваньне!), дык мяне чамусьці пачынае разьбіраць вясёлы
настрой, уласьцівы выхадцу з Сыбіры. Я жартаваў, расказваў небясьпечныя па зьместу
анэкдоты і кароткія гісторыі (Бяжыць заяц, а насустрач яму мядзьведзь: “Ты што,
трусішка зайчык шэранькі, мяне не баісься?! Я - Таптыгін!” – “А я -Касыгін!”),
і заслужыў таго, што на разьвітальным застольлі мяне дружна вылучылі быць
тамадой. З Косьцем Цьвіркам мы вечарамі прыдумалі гульню “ў дурня”, дзе за
пройгрыш трэба было штораз выпіваць шклянку малака, якое нам не шкадуючы
выдаваў калгас. Нам з Косьцем шанцавала, а вось мілейшаму і дабрэйшаму Міхасю
Шушкевічу, аўтару тэксту знакамітай песьні “Летняя ночка купальская”, якой тады
бліскуча заявілі аб сабе “Песьняры” (тады яшчэ “Лявоны”), не шанцавала: пасьля
тузіна пройгрышаў ён прасіўся і маліўся, каб яму дазволілі піць хаця б
паўшклянкі. Потым дзяўчаты, якія жылі па суседзтву, перабіваючы адна адну,
расказвалі, як бедны хлопец бегаў усю ноч з хаты на двор. Стаўшы тамадой, я
раптам адразу зьвяў, пачаў гарадзіць банальнасьці і ахвотна перадаў лейцы
лёгкаму на пад’ём, гаварліваму і хуткаму на слова Алесю Мажэйку, вядомаму тым,
што ў школьныя гады перапісваўся з самой Надзеяй Канстанцінаўнай Крупскай. Адна
справа - імправізацыя, а другая - вопыт вядзеньня вясёлых пасядзелак, калі
трэба быць на ўзроўні вучонага сходу.
Да ўсяго, на ўскрайку стала знаходзіўся наш
калега Зянон Пазьняк, які, як і мы, шчырыя беларусы, быў у захапленьні ад стосу
дранікаў на талерцы, і іх не меншала, бо нашы мілыя дзяўчаты Лія Салавей, Галя
Барташэвіч, Томачка, якую я потым праводзіў да яе кватэры, закаханая па самыя
вушы ў мясцовага хлопца Толю нядаўняя школьніца Ліля, падносілі блінцы,
гарачанькія і смачненькія, увесь час, і мы, прынамсі, не баяліся, што дранікаў
раптам не хопіць на ўсіх. Гэта было задоўга, за гадоў пятнаццаць, да фэнамэнальнага
ўзьлёту Зянона на самым стрыжні дзевятага вала Беларускага Абнаўленьня. Я і
тады чуў і ведаў пра яго, запомніў жа, што ён трымаўся даволі адчужана ад
нашага лёгкадумнага і размаітага шанхая. На бульбяным полі ён знаходзіўся каля
вызначаных яму, як і ўсім, сваіх баразёнак, у час падхопліваў напоўненыя
бульбай вёдры ў дзяўчат, якія лёгка і шпарка падбіралі ўсьлед за бульбакапалкай
клубні і былі пад яго камандай, і адносіў іх у будучыя бурты. Дзяўчаты
скардзіліся, што ён ніяк не выяўляў адзнак свайго захапленьня ці замілаваньня
кім-небудзь з іх, не зьніжаўся да мілых банальнасьцей і пошлых камплімэнтаў,
паглыблены ў свае думы пра жыцьцё-быцьцё і пра няшчасны лёс беларускай
інтэлігенцыі, вымушанай выконваць, пачынаючы са школьных гадоў, бязглуздыя
распараджэньні ўладнай бюракратыі. А яшчэ ён у час нашых сумесных абедаў-вячэр,
калі даводзілася часам чакаць, звычайна грэўся каля стаяка-грубкі і амаль не
ўмешваўся ў нашы легкадумныя хіханькі-хаханькі.
Але вярнуся да сваіх братоў. Малодшы за
мяне на тры гады Валодзька іранізаваў і паджартоўваў амаль увесь час і, як
можна было зразумець, арыентаваўся на іронію дз. Антона. Гумар у яго часта быў
трапны, у час і да месца. Што ж, кампанейскі хлапчына! Самы малодшы, маладзей
за мяне на пяць гадоў, Коля таксама любіў “выступаць”, прычым у якой ролі ён
выступае, не адразу можна было сьцяміць, адно ведалі, што любіць парадыраваць
дурняў, бараноў, тых, хто і блізка не разумее гумару: то дырэктара саўгаса, то
кагосьці з настаўнікаў, суседзяў, калег па вучобе і службе. Менавіта яму хутка
і лёгка ўдавалася адшукаць агульную мову з нашай маці, у якой адразу ўздымаўся
вясёлы настрой, і яна з ахвотай падтрымлівала распачатую гульню. Сястрычка
Інка, наша ўцеха, звычайна была сур’ёзнай, і строгасьць на яе твары
парадаксальна суседнічала з усьмешкай, усьмешка, бадай што, не сыходзіла з яе
аблічча і іскрылася ў позірку. Прынамсі, была бачна, што гумар яна добра
разумее і ў большасьці выпадкаў зусім не супраць падтрымаць агульны настрой.
Дык вось, бацька быў запатрабаваны -
раз-пораз яго прасілі кагосьці падмяніць, пад’ехаць у Мінск у якасьці экспэдытара,
прадаць ураджай агуркоў або цыбулі. Езьдзіў звычайна з Пецем Шылавым, нашым
суседам, вопытным шафёрам, які любіў аўтамабіль, як жанчыну, - даглядаў, мыў,
фарбаваў. Яго цаніла начальства, шанавалі калегі. Найбольш размоў было пра
запчасткі. Дык вось, у дзядзькі Пеці запчасткі былі заўсёды! Ён быў запасьлівы.
І наогул думаў не толькі пра той дзень, калі атрымліваў нарад кудысьці ехаць.
Сам не раз згадваў, што найлепш было ехаць у сталіцу з Мітрафанавічам: ён
ладзіў з людзьмі.
У гэтым годзе бацька выйшаў на пэнсію:
атрымаў яе ў свае 55 гадоў (праца на шахце і ўдзел у вайне прыроўніваліся - тры
гады за год). Вядома, перажываў страту свайго сацыяльнага статусу, але не дужа -
загадзя маральна рыхтаваўся да яго зьмены. Больш гараваў, сутыкнуўшыся са
здрадай сваіх так званых сябрукоў, калі адразу стала ясна, хто ёсьць хто. Затое
ілюзій пазбавіўся.
Бацьку, як “ударніка працы” (самому яму
падабалася азначэньне: “стаханавец!” і “спэцыяліст!”) узнагародзілі “Пачотнай граматай
Вярхоўнага савета БССР” (так было напісана) за атрыманы ўраджай азімага жыта па
22 цэнтнэры з гектара на плошчы 32 гектары і - наўздагон - паездкай на курорт у
Палянгу. Мы яго праводзілі ў Бабруйск.
Бацька аб’езьдзіў паўсьвету, але, як мне
здавалася, не гарэў вялікім жаданьнем пабываць “на халяву” на моры. Горш за ўсё
было тое, што не было за што рукі зацяць. Купацца ён не купаўся. Нават і ў
нашай Пцічы. Так хіба пасядзець на беразе - скласьці кампанію з сямейнымі ўжо і
самастойнымі сынамі, паназіраць за маладымі парасткамі тычынаўскага роду.
Многія з тых, хто, мусіць, гадамі сьпеліў у
душы зайздрасьць, раптам пабачылі, што “Мітрафанавіч жыве сабе, і анігадкі!”
Дзеці сталі ці станавіліся на ногі, часта прыяжджалі, прывозілі дзеду ўнучак і
ўнука. І гаспадарка не хірэла, а мацавалася. Бацьку варта было адно сказаць
хлопцам: “Трэба тое і тое - плёнка на парнікі! Загатовіць сямейнай талакой
дровы! Прывесьці з сотак сена!” - і ўсё вырашалася само сабою. Жэня Адамовіч
“дастаў” і прывёз “дзядзьку Аляксандру” дэфіцытную мёдагонку: бацька
неспадзявана для ўсіх, а, можа, і для самога сябе, стаў пчалаводам. У агародзе
- ад хаты і да катуха - паставіў 12 вульляў. Спаборнічаў у гэтым з суседкай,
якая таксама завяла пчол. Бацька пры нагодзе купляў адпаведную літаратуру,
выпісваў па пошце патрэбныя ў пчалярскай гаспадарцы прэпараты і хутка стаў
прафэсіяналам.
А мы, дзеці, апынуліся паміж двух агнёў.
Улетку з апаскай прашмыгвалі па двары, часам уздымаючы галас: “Тата! Мама! Рой
выляцеў! На ранэтку сеў!” Бацьку пчолы, відаць, любілі і не джалілі так бязьлітасна,
як нас. Скінуўшы маску і паставіўшы на месца дымар, весела тлумачыў: “Пчолы не
любяць п’янага”. І да пчол нападпітку не падыходзіў. У пчолах разьбіраўся, як
запраўскі пчаляр. А мы тым часам пабудавалі насупраць сядзібы, па той бок вуліцы-дарогі,
на беразе копанкі “партызанскі будан” і па-дзіцячы цешыліся забавамі. Весела
згадвалі выпадак, як наш сусед Міша Жлобіч рашыў парадаваць сябрукоў і прынёс у
слоіку толькі што выкачаны з сотаў мёд. Адразу наляцелі хмарай, як нямецкія
месершмідты, пчолы, а мы кінуліся хто куды, пакусаныя, уджаленыя.
Але пачалася “эпоха хімізацыі”, пасевы пасыпалі
атрутай і мінэральнымі ўгнаеньнямі з “кукурузьніка”, і невядома, каму больш
даставалася, жыхарам пасёлка ці саўгаснаму полю. Да ўсяго, дырэктар мясцовай
школы, таксама апантаны пчаляр, выпісаў аднекуль “каўказскіх” пчол, якія бязьлітасна
цясьнілі мясцовых, пакуль не зьвялі канчаткова, але і самі не вытрымалі
“хімізацыі”.
Чаго-чаго, а свойскага мёду Тычыны на тыя
часы пасмакавалі як сьлед! Аднак лепш не апісваць лішне падрабязна, як гэта
адбывалася ў тыя блаславёныя часы, каб не раздражняць беларускі люд райскімі
малюнкамі. Дзіва, але сам выдатны пчаляр мёд амаль не ўжываў, адно замілавана
назіраў за тым, як ласаваліся іншыя, і настойліва раіў абавязкова пасмакаваць
яго з агурком.
Разам з маці яны штозімку рыхтаваліся да
вясны. Высявалі ў скрынкі насеньне агуркоў і памідораў, ставілі на падваконьнікі,
на сонца і па некалькі разоў на дзень дружна правяралі ўсходы. Месца ўжо не
хапала, і бацька сьпешна скалаціў крываногі стол ў дадатак. Тут ужо на падхваце
былі нашы малодшыя - брат Коля і сястра Іна. Новае захапленьне бацькоў яны
шанавалі. Недзе напрадвесьні надыходзіў час, калі падрослыя парасткі
“пікіравалі”.
Варта дадаць, што бацьку і тут шанцавала.
Ён з маці весела абмяркоўвалі візыты кума Івана Івашкевіча - канкурэнта. Але
бацькі больш рабілі для сябе і для дзяцей, у меншай ступені на продаж. Для
дзядзькі Івана на першым пляне быў разьлік падзарабіць: сям’я вялікая, дзець
растуць. Але ж і ў нас сямейка была немалая: пяцёра хлопцаў і адна дзяўчынка.
Бацька задарма даваў парасткі ўсім, хто прасіў. Лёгкая рука, і – “колькі таго
жыцьця!”
Тады я не вельмі разумеў, як цяжка
даводзілася нашым бацькам, каб у наладжанай гаспадарцы ўсё ішло належным
парадкам. Сена карове не хапала, сьвіньням таксама патрэбен корм, а курам
зерне. Бацька штодня выпраўляўся некуды на ровары, браў з сабой касу і прывозіў
праз нейкі час мяшок з травой. Ехаў, як і ўсё у сваім жыцьці спраўляў, спакойна,
стала, але было відаць, што такія паездкі даваліся яму цяжкавата. Я дапамагаў зьняць
важкі - трава вільготная, густая - мех і ўсьцягваў яго па драбінах на вышкі ў
хляве, раскідваў тонкім пластам па сену. У бацькі быў выдатных вокамер - ён
адразу заўважаў тое, што спатрэбіцца ў гаспадарцы і што не заўважалі іншыя. Ён
першы сьцяміў выгаду з прыдарожнай канавы, якая ішла ад самай Высокай дарогі,
цягнулася за сьцяной з альхі, лазьняку і ахоўвалася ад загазаванай шашы,
павысякаў кусты на яе адкосах, выкарчаваў пянькі, падраўняў дзе трэба, і здымаў
укос за ўкосам. Толькі тады гэта ацанілі іншыя, калі ўжо канава была
акультурана. Ледзь не сутычка адбылася ў бацькі з маім аднагодкам Юзікам, тым
самым, які падмаладзіў сябе ажно на 4 гады, а потым не мог дачакацца, калі
дадуць пэнсію: “А чаму Тычына? А хто такі Тычына?..” Шукаў Юзік спагады ў
суседзяў, якія на гэта проста адмоўчваліся: “Хто такі Мітрафанавіч мы добра
ведаем, а хто ты такі? І дзе ты раней быў?..” Пакуль мог, бацька стараўся.
Выкладваўся, вядома. Як яму было вазіць на калясцы, якой абзавёўся і ён, і яго
суседзі, бітоны з брагай (“бардой”) ажно з саўгаснага бровара? Няхай сабе ўжо
была пракладзена ад Варшаўкі і да сьпіртзавода асфальтка і колы каляскі на
гумавым хаду лёгка круціліся, але быць замест цяглавага каня альбо штурхаць
гружаную двума поўненькімі бітонамі калымагу было няпроста. Бацька памоўкваў,
але сам, відаць, не раз згадваў тыя тачкі з рудой, якія і ён, і наша мама ў
свой час каталі па вузенькай дошцы з шахты. Я, згледзеўшы бацьку за гэтым
заняткам, выбягаў насустрач альбо ішоў усьлед за ім, каб перастрэць дзе-небудзь
пасярод дарогі і дапамагчы, а таму добра ведаў, што гэта за праца. Ну, а тое,
што я настаўнік ці пазьней асьпірант, навуковец, які столькі год вучыўся не для
таго, каб выконваць чорную работу, я не перажываў. Ведаў, што людзі ўсё
разумеюць і ацэняць маё жаданьне памагчы старому.
Бацька, будучы яшчэ загадчыкам, сьвядома
рыхтаваў сабе замену - узяў знарок рахункаводам Грыньку, Грышу Быхаўчэнку.
Сталага і сур'ёзнага юнака. Лепшага сябра нашага брата Сашы. Ён часта бываў у
нас у хаце. Да нашага бацькі адносіўся нязьменна з падкрэсьленай пашанай. Бацька
наогул добра ставіўся да сям’і Быхаўчэнкаў-Кароткіх, а Грыньку-Грыца яшчэ і
шкадаваў.
Грынька са сваім сябрам Вовам Шведавым неяк
знайшлі ў дупле старой вярбы, якая стаяла на беразе сажалкі, непадалёк ад хаты,
дзе жылі Быхаўчэнкі, і міма якой я штодня ішоў у школку, міну. Чаму менавіта ў
той час, а не раней? Можа, яе хто знарок падклаў, ведаючы неадольную цягу
хлапчукоў да зброі? Пачалі разьбіраць міну на падворку хаты, калі яна
выбухнула. Грыньку адарвала кісьць правай рукі, пакалечыла правае вока і
прыкметна пасекла дробнымі асколкамі твар. Вову Шведавага таксама моцна
абпаліла і пасекла асколкамі аблічча. Мы наогул жылі ў вёсцы ад здарэньня да
здарэньня, якія ўвесь час, як прыродная стыхія, наляталі на нас, і тады мы адчувалі
сябе адной вялікай сям’ёй. Перажывалі, шкадавалі, дапамагалі...
Недзе праз месяц ці больш Грынька вярнуўся
са шпіталя. Упершыню пасьля доўгай адлучкі выйшаў на пасёлак. Можна сказаць, на
майдан, дзе шмат чаго адбывалася ў канцы 40-60-х гадоў. Калі вёска была вёскай,
звонкагалосай, гарластай, шумнай, песеннай, музычнай. У квадраце паміж панскім
домам-канторай саўгаса, двума даўгімі дамамі, дзе жыло амаль усё насельніцтва
Завалочыц, школай, сажалкай, магазынам з калёнамі на невысокім узгорку, мясьціўся
газон, створаны чарадой высозных ясакараў, шчыльным колам канадзкіх клёнаў,
густой агароджай шыпшыны, акацый, падзелены крыж-накрыж двума алеямі, а пасярэдзіне
была клюмба з кветкамі. На адным сэгмэнце была танцавальная пляцоўка, на другім
гулялі ў мяч, на двух забаўляліся ў розныя гульні. Як мы, вялікія і малыя, рады
былі бачыць яго жывым. А ён падрос, выцягнуўся, пастражэў. З нязьменнай
зычлівай усьмешкай вітаў ўсіх ад дарослых да малечы. Быў у касьцюме, што мы
адразу адзначылі.
У маці, акрамя абавязковых і прывычных
гаспадарчых абавязкаў, былі і свае захапленьні - пайшла мода на саленьні і
варэньні. Самым вялікім дэфіцытам былі 3-літровыя слоікі, нешта з посуду
перападала ад ц. Ані, якая мела такую магчымасьць, бо многія лекі ў яе аптэку
дастаўлялі менавіта ў такіх слоіках. Дэфіцытам былі і накрыўкі, але тут ужо
стараліся маладыя нявесткі Вера і Зіна, - браты стваралі свае сем’і. Хадзілі ў
лес, балазе, у нас лясная старана - ад нас да самай амаль Глушы і да Асіповіч
лес і лес. Зьбіралі чарніцы, буякі, брусьніцы.
Запомнілася, як мы, стомленыя, самі сябе
апраўдвалі: “Не мужчынскі гэта занятак!” - вярталіся з лесу. Жэнька звычайна
любіў зьбіраць буякі - у нас іх называлі: “дурніцы”. Знаходзіў месца, дзе яны
звычайна вадзіліся, а зьбіраць іх можна нават стоячы, не наўколенцы, як
чарніцы. За якую гадзіну набіраў чайнік і бадзёра аб’яўляў маці, што ўжо сабраў
і можа ісьці дамоў. Маці ад такога адкрытага нахабства губляла дар мовы і сваю
звыклую рашучасьць, але моўчкі пагаджалася з нашым старшанькім. Саша, я і не
помню наогул, каб ён хадзіў у лес па ягады. Хіба што ў грыбы, калі, вядома,
была кампанія. Альбо ў ляшчыну. Звычайна выходзіў паўсонны з хаты, калі мы
дабіраліся дамоў, змораныя, і падалі ад стомы. Садзіўся на табурэт, паставіўшы
перад сабой вядро з ягадамі і жменямі закідваў у рот, пакуль не насычаўся
дасхочу. Можна сабе ўявіць, як мы, меншыя, назіралі за гэтым нахабствам, з якім
Жэнева нахабства не параўнаць - здавалася мілымі жартамі.
Дык вось, я ехаў на ровары - падвозіў вядро
з ягадамі, на багажніку, здаецца, сястру, тады ёй было гадкоў 10, а на зьмену -
і маці на раме. Давёз да моста праз Пціч, а далей маці вырашыла ісьці
напрасткі, праз выган. Саскочыла і на дол, а ісьці не адразу змагла:
пераседзела на раме ногі - замлелі. На гэта, як звычайна, рэагавала самаіроніяй:
“Старасьць не радасьць!” Хоць самой тады было нешта каля 50 год. За ёю -
сястра. А я ехаў крута, ва ўсю моц ціснучы на пэдалі, каб паказаць, хто хутчэй
дабярэцца да нашай брамы. Імчаў, як вецер, ажно кашуля за сьпіною надзімалася,
як ветразь “в тумане моря голубом”.
1964 год. У чэрвені гэтага года, калі я здаваў выпускныя дзяржаўныя
іспыты і рыхтаваўся да экзамэну па беларускай мове, у студэнцкі інтэрнат зайшоў
бацька: “Прыехалі на экскурсію ў Брэсцкую крэпасьць! Заўтра паедзем у
Белавескую пушчу”. Да іншых хлопцаў і дзяўчат бацькі наведваліся часьцяком - абсалютная
большасьць студэнтаў былі з Брэсцкай вобласьці.
Я ж - ажно з Магілёўшчыны: аўтобус жа “Бабруйск
- Брэст” штодня пралятаў міма нашага пасёлка! А ў Мінск, хоць удвая карацей
шлях, але дабірацца трэба было з перасадкамі. І цётка Аня - яе роля ў лёсе
маладога пакаленьня Тычын была выключная - перадала наказ Сашы Адамовіча, як
загад: “Няхай паступае ў Брэсцкі пэдінстытут! Будзе добрым настаўнікам. Як
дзядзька Антон. Там, у Брэсьце, працуе Калесьнік Уладзімір Андрэевіч. Я гутарыў
з ім наконт Мішавага паступленьня”. Настаўнікам, не настаўнікам, але прайшоў
добрую школу літаратурнага выхаваньня.
Помню, з якім азартам перабіраў кніжку за
кніжкай паэтычныя зборнічкі канца 50-х і пачатку 60-х гадоў. Як мала я ведаў!
Колькі незнаёмых імёнаў! Больш за ўсё шкадаваў, што не знайшоў сярод іх кніжку
Рыгора Барадуліна “Маладзік над стэпам”, пра якую тады столькі пісалі, гаварылі.
І ў правінцыйным Брэсьце таксама. Затое набыў “Выбранае” Паўло Тычыны ў перакладзе
на беларускую мову! І Ясеніна - бегам беглі ў кнігарню.
Бацька не мог не выкарыстаць нагоду
пабываць у знакамітай Брэсцкай крэпасьці, у Белавежы, а заадно і ў сына-студэнта.
З бацькам прайшліся да гасьцініцы “Буг”,
дзе засялялася вясёлая кагорта землякоў. А пакуль там ішло афармленьне дакумэнтаў,
усе сядзелі кругам ў кузаве “ЗіЛа”, засьцеленым саломай, і пілі гарэлку. Весела
загалдзелі, пабачыўшы свайго завалочыцкага хлопца, прымусілі выпіць чарку. Мае
адгаворкі, што заўтра экзамэн, не прымаліся: “Дык тое заўтра!”
Мы з бацькам па шляху ў мой інтэрнат
(бацька адмовіўся ад свайго месца ў гасьцініцы: “Я ў сына пераначую!”) зайшлі на
кватэру Рубіна Фёдара Яўстаф’евіча, выкладчыка фізыкі ў нашым пэдінстытуце, а -
галоўнае - бацькавага земляка з Забалаці. У бацькі быў ягоны адрас, які дала
яму цётка Аня: яна вышуквала паўсюль не толькі радню, але і сваё зямляцтва.
Прынамсі, я не раз меў магчымасьць пераканацца ў тым, якое шырокае кола сяброў
і знаёмых, дый проста патрэбных людзей, у цёткі Ані. Дзьверы адчыніла жонка
Рубіна.
Нам не пашанцавала: зямляк быў у
камандзіроўцы. Перадалі прывітаньне і пайшлі сваёй дарогай, шкадуючы, што не
пабачыліся. Па дарозе заходзілі на невялічкі рынак каля ГУМа, я распавядаў пра
старое Бярэсьце. Бацьку паклаў на свой ложак - з суседзямі па пакоі нейк
паразумеліся. Сам пайшоў шукаць вольнае месца ў іншых пакоях. Раным-рана
праводзіў бацьку, а сам пабег на іспыт, - балазе, гэта было побач, нейкі
квартал. На іспыце кепска кеміў, пра што мяне пыталі: гарэлку я не любіў,
вопыту ў гэтай справе не меў аніякога, да ўсяго, іспыты ішлі адзін за адным
чарадой, давала аб сабе знаць і студэнцкая нішчымніца. Асабліва сорамна было -
не змог зрабіць марфалягічны разбор слова “Саюз”: корань “узы” мне быў чужы,
дармо, што пісаў на 2-м курсе працу пра стараславянізмы ў “Барысе Гадунове” А. С.
Пушкіна. Мяне яўна пашкадавалі, і выкладчык, і старшыня камісіі, паставіўшы
“добра”.
З Рубіным я ўсё ж сустрэўся і меў досыць
працяглую гутарку ля акна на калідоры галоўнага корпуса. Ён якраз чытаў мае
вершы ў насьценнай інстытуцкай газэце. Расказваў пра Забалаць, пра перапіску з
цёткай Аняй.
Вось бы мне тады сёньняшні розум: колькі
можна было б распытаць, дазнацца! Відаць, самае жахлівае ў нашым зямным існаваньні
- гэта страчаныя магчымасьці і незваротнасьць часу, а таксама ўсьведамленьне
гэтага.
Праз месяц, “на Барыса і Глеба”, Тычыны
мелі нагоду сустрэцца ўсе разам на 60-гадовым юбілеі цёткі Ані, галавы нашага
роду, у стольным пасёлку Глуша. Было шумна і тлумна. Што гэта такое - быць
разам, радавацца адно аднаму, самой магчымасьці сустрэчы, - я адчуваў па тым,
як успрымалі нашу “родыну” госьці, сябры нашай сям”і. Лёс адшкадаваў нам яшчэ
некалькі такіх жа радасных і незабыўных сустрэч, калі Тычыны зьбіраліся амаль
усе разам.
1965 год. Я служыў у войску. На прызыўной мэдкамісіі, перад якой
стаяў голы, у трусах, мяне раптам спытаў, як я потым даведаўся, прадстаўнік
Пінскага райвыканкама, ці маю я нейкае дачыненьне да Тычыны Антона
Мітрафанавіча. Потым спытаў пра Адамовіч Ганну Мітрафанаўну. Ваенкам пасьля
ўсяго літасьціва дазволіў мне выбраць род войска, дзе я хацеў бы служыць: танкавыя
ці радыётэхнічныя? Выбраў “радыётэхнічныя”: каб 2 гады службы не марнаваць,
думаў падвучыць радыётэхніку. Сапраўды падвучыўся, але найперш – “тэорыі”:
тэрмін службы хлопцам з вышэйшай адукацыяй раптам скарацілі да 1 года! Цётка
Аня адразу вылічыла, хто са знаёмых мог жыць і працаваць у Пінску, напісала
ліст.
А я тым часам яшчэ раз пераканаўся ў
трываласьці тычынаўскага роду, што дапамагала нам усім выжываць ў самых
неспрыяльных акалічнасьцях. Значна пазьней чуў, як нямецкі амбасадар у Беларусі
прызнаўся: “Што мне падабаецца ў вас, беларусаў, дык гэта тое, што ўсе вы адзін
аднаго ведаеце!” Сапраўды, ведаем - пажарнікі пажарнікаў, настаўнікі настаўнікаў,
урачы ўрачоў, вучоныя вучоных - вузкае кола прафэсіяналаў!
Дзіўны ў мяне тады склаўся маршрут. Са
сваіх Завалочыц, якія знаходзіліся за 40 вёрст ад Бабруйска, я паехаў у Пінск
(на Піншчыне працаваў настаўнікам) па позьве ў ваенкамат, адтуль нас адправілі
камандай у Брэст, дзе мяне сустрэў і праводзіў мой студэнцкі сябра, паэт,
музыка, майстар спорту па шахматах Васіль Жуковіч, нас завезьлі ў Мінск. Я між
тым рыхтаваў сябе да працяглай вандроўкі на поўнач, дзе служылі мае старшыя браты,
у Архангельск ці Мурманск. І толькі тады даведаўся ад старшыны, што мы будзем
служыць у Бабруйскай крэпасьці. Аб’ехаў круга Паўбеларусі, каб апынуцца побліз
родных Завалочыц. Бацька ўлетку і ўвосень вазіў ў якасьці саўгаснага садавода
яблыкі ў горад, каб здаваць на мармэлядны завод, але не меў часу заехаць да
салдата тэрміновай службы. Замест яго ў госьці заяжджаў старшы брат Жэня з
маладой жонкай Зінай, малодшы брат Коля з суседам Колем Івашкевічам, заходзіў
брацейнік Валодзя Патапаў, які ўжо пераехаў з маці ў Бабруйск, з намерам, каб
мяне выпусьцілі на волю на пару гадзін. Дарэчы, двойчы наша часьць выяжджала на
вайсковыя вучэньні ў Гарадзішча (за 7 вёрст ад Завалочыц) і ў Барбарова за
Глускам, але родную вёску я пабачыў толькі праз год. У маленькае задняе акенца
ў будцы нашага радыёлякатара П-15 я прагна ўзіраўся ў знаёмыя краявіды і мясьціны:
Глуша, Карчма, Гарадок, мост праз рэчку Пціч, царква.
1966 год. Летам 1966-га года, калі адзначалі 60-гадовы дзядзькаў
юбілей, гасьцямі ў Бярозках на Хоцімшчыне былі наш бацька, дз. Пеця з ц. Соняй,
ц. Люба, браты Адамовічы, кінарэжысёр Віктар Тураў, мастак Яўген Ганкін,
кіроўца Жэня, якія аб’яжджалі Беларусь у пошуках месца дзеяньня кінафільма
“Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”, дзядзькавы калегі-настаўнікі.
З Бярозак мы з Сашам Адамовічам разам заехалі
і ў нашы Завалочыцы, пілі “глускую” самагонку. Бацька і я паказвалі вёску -
былы маёнтак генэрала Жылінскага, таго самага, які меліяраваў Палесьсе. Але
пачаў меліярацыю з нашай вёскі. Генэрал дасканала вывучыў ляндшафт, улічыў усе
нізінкі і лагчынкі, праклаў канаўкі, канавы, падраўняў рэчышча ручая, зрабіў
сажалку з мастком пасярод і астраўком у цэнтры, абсадзіў вербамі, а ў полі
дзічкамі, самае вялікае поле перад Палянскім панскім садам упрыгожыў гаёчкам,
дзе расьлі бярозы, ігрушыны, асіны, вольхі, калоўся ажыньнік, трапляліся грыбы,
можна было спужаць зайца, які сядзеў, як пянёк, дзе-небудзь у кустах, дзе ў
сьпёку добра было адпачыць, слухаючы лёгкі пошум вяршалін. Некаму ўся гэта
прыгажосьць замінала: маўляў, камбайнам давядзецца разварочвацца! Сьпілавалі,
высеклі, рэшту згрэблі бульдозэрам і спалілі. “Мы наш, мы новый мир построим!”
За панскім двухпавярховым цагляным домам у
антычным стылі, з вялікімі вокнамі, мармуровай лесьвіцай, дубовым паркетам,
шырокім бальконам і калёнамі раскінуўся Стары сад, абсаджаны ліпамі, а пасярод
высіўся ланцужок хвояў і ішоў шлях да вёскі Запольле і да маёнтка Дварэц, затым
Гарадок, які ў свой час называлі Старым Глускам (цяперашні раённы цэнтар
пераняў яго назву, а заадно і славу: археолягі дасюль там шукаюць даўніну,
казалі, падземны ход з Глуска ў Вільню!). Шлях разьезьдзілі коламі, зглумілі,
ганяючы кароў, палац ператварыўся ў кантору, дзе нешта плянуюць і лічаць.
Ад нешырокай, як праехаць палутарцы, шашы,
“Варшаўкі”, ішла брукаваная дарога, якая пазьней, пасьля вайны, стала вуліцай,
і першымі забудаваліся нашы бацькі, пераняўшы адзін у аднаго з суседзямі
грунтоўныя дамы, якія хатамі не выпадала называць, справа быў “гараж” - фундамэнтальнае
збудаваньне з цаглянымі кутамі і некалькімі такімі ж цаглянымі слупамі
пасярэдзіне, куды шчыльненька ўкладваліся роўна абпілаванае бярвеньне, у сьценах
- невялікія простакутнікі-вокны. У часы нашага маленства там стаялі трафэйныя
“студэбэкер” і “форд”, а таксама нямецкі трактар, які мы называлі “бульдо”.
Раней, напэўна, там была панская стайня, з крытымі станкамі і з адкрытымі
памяшканьнямі для вазоў, вазкоў, двуколак, плугоў, сеялак-веялак, грабалак. За
запыленым акном, перад якім была гара жалезнага пілавіньня, маячыла постаць
вечна заклапочанага дзядзькі Клепусевіча за такарным станком, я верашчаў і
скрыгатаў, як зашчэмлены ў варотах дурны парсюк. Каля высокага, як грузавой
машыне праехаць, знаходзілася кантора, дзе ў прыадчыненыя дзьверы можна было
бачыць заклапочанага сваімі справамі аўтамэханіка, нашага суседа Валерыя
Піліпенку, заўсёды, колькі помню, зычлівага, дабрадушнага, спакойнага,
аднолькава ветлівага і да дарослага, і да такіх, як мы, пацаноў.
Паміж панскім домам і сажалкай быў газон з
клюмбай пасярэдзіне, чатырма алеямі з таполяў, абсаджаны па кругу клёнамі. З
аднаго і з другога боку газона высіліся бялесыя ясакары - па іх мы, едучы з
Глушы, пазнавалі сваю вёску. Бацька ўрачыста прамаўляў: “Горад!” Бакавыя вуліцы
ўздоўж сажалкі займалі гаспадарчыя пабудовы - вялікія, на два ганкі і чатыры
кватэры, з высокімі, каля чатырох мэтраў, столямі і шырокімі вокнамі, дамы для
рабочых, адзін дом з высокімі ганкамі літарай “П”, на невысокім ўзгорку на
беразе сажалкі дамок з драўлянымі калёнамі вакол, дзе можна было дзецям бегаць
па крузе, там месьціўся магазын, дзе вёў рэй дзядзька Жэня Шыла, непадалёк - калодзеж
з жураўлём, пабудаваны ў стылі шатра, дзе была надзвычай смачная крынічная
вада, - касцы штораз напаміналі вадавозам, маім братам, каб ваду бралі
абавязковы з гэтага глыбокага, дна ў прыцемку не відно, калодзежа і прасілі ў
вясковай малочнай кавалак лёду, каб аж зубы ламала ад халадку. Хапіла каля
сажалкі месца і цэлай сядзібе за высокім дашчаным плотам - там жыла сваім
досыць закрытым жыцьцём (я там разы два ці тры ўсяго пабываў) сям’я старога
Рыбака і Вільксаў. А праз дарогу, каля ўпадзеньня ручая ў сажалку, пабудаваў
свой дом на дзьве палавіны Байбарацкі.
Праз мост-заставу, якая трымала ваду ў
сажалцы, ішла вуліца паміж двума такімі ж вялікімі дамамі для рабочых, стаяў на
высокім фундамэнце сьвіран з калёнамі і лесьвіцай на другі паверх, дзе
знаходзіліся зернясховішчы, дарога зварочвала бліжэй да ракі Пціч, на высокім
беразе якой высіўся бровар, а на ім цэглай выкладзены год пабудовы 1888 і склад
- год 1889.
Склад для сьпірту жыхары пасёлка весела
называлі - Царква. “Пайшоў у Царкву маліцца”, - інакш кажучы, узяў грэлку за
пазуху, каб папрасіць у кладаўшчыка Пенязя, а наш бацька дык і ў самога
цехнарука Квачана, літры тры сьпірытусу “дзецям на лекі”, а сабе – “на здароўе”.
Неяк склад загарэўся ад маланкі - ударыла ў грамаадвод, які не пасьпелі
зазямліць, і адскочыла на жалезны канёк даху. Ратаваць “царкву” зьбеглася ўсё
мужчынскае насельніцтва. Расказвалі, як Марат Клепусевіч (“Пуся”), памочнік
кінамэханіка Гількі Песіна, самай папулярнай асобы цэлай акругі і нязьменнага
героя розных прыгод, бясстрашна забягаў унутр палаючага склада з поўненькім
вядром вады і выбягаў адразу на вуліцу з такім жа поўным вядром сьпірту.
Дзякуй Богу, наша вёска не падышла для
здымкаў кінафільма! Як жартаваў Алесь Адамовіч, а яго падтрымаў Віктар Тураў: “Сустракаюць
кіншчыкаў радасна, а ў канцы праводзяць камянямі ўсьлед!”
Апісваю так падрабязна, бо ўсё гэта
хараство зруйнавана часам, а яшчэ ў большай ступені нашымі мясцовымі начальнікамі,
якія ніколі не цанілі таго, што дасталося ў спадчыну ад продкаў, і жылі адным днём.
Адсюль наша завалочыцкае: “Як жывём!” – “Ні бяды!” Бяда ў беларусаў не дарогі,
а дурні.
Працэс руйнаваньня працягваецца. Райскі
куточак роднай зямлі, дзе ўсё красавала і ўсяго ўсім хапала, ператварыўся ў
племгас, дзе на першым пляне былі каровы, цяляты і сьвіньні. “Трэба накарміць
народ!” “Маскву!” “Піцер!” Стары сад начальства падзяліла сабе на “соткі”,
іншыя сады ператварыліся ў выган для буйнай рагатай жывёлы, сад у Запольлі
высеклі, каб людзі не рвалі нічые антонаўкі, якія тут жа здавалі іх у нарыхтоўчы
ларок і беглі - мужчыны па “чарніла”, жанчыны - па харчы, замест старых
выкшталцоных збудаваньняў наставілі бэтонных каробак, газон перад панскім
домам-канторай сьпілавалі, рэчка Пціч зарасла лазой і чаротам, а ў ім водзяцца
адно камары і гнус...
Ужо ў самыя апошні час некаму з мясцовых
дураломаў прыйшло ў галаву сьпілаваць векавыя прысады на нашай вуліцы Садовай -
назва амаль як у песьні. Расьлі яшчэ даваенныя ліпы і таполі, а пазьней за
плотам людзі пасадзілі хто што на свой густ. У нас паміж бярозай і таполяй
вырасла выносістая дзічка - такіх высокіх і стройных я, бадай што, нідзе больш
не бачыў. Карацей, без ігруш мы не былі. Сусед Генка паміж гэтымі дрэвамі, у
самым цяньку, укапаў лаўку, на якой любілі сядзець маці з суседкамі, а часам і
здарожаныя прахожыя. Вечарамі лаўку займалі закаханыя парачкі, любошчы якіх і
іх разьвіцьцё воля-няволя былі перад вачамі, а ў рэшце сёй-той і стварыў сям’ю.
Гадоў 30 таму назад была прайшла чутка, што агароды можна пашыраць ледзь не
ўпрытык з шашой, і гаспадары не замарудзілі пакарыстацца гэтым, насадзіўшы
дзесяткі яблынь, груш, вішань, сьліў, чаромхаў. Пустадомкі (глускае слова, якое
ўвёў ва ўжытак наш зямляк Фёдар Янкоўскі) знайшлі нагоду, каб папомсьціцца за
сваволю простага люду: акурат вялі лінію электраперадач, і пад тым выглядам,
што старыя дрэвы могуць падчас буры-віхуры парваць праводку, сьпілавалі ўсё,
што можна, - і старыя, і маладыя. Засталіся шырозныя пні, на якіх можна сьмела
спаць скурчыўшыся, і ад самай Варшаўкі да сажалкі зазеўрала жахлівая голая
прастора. У сьпёку людзі хуткім крокам перабягаюць вуліцу, дзе ні спыніцца, ні
адпачыць вачам, палюбаваўшыся зяленівам і пацешыўшыся цянёчкам.
Якое шчасьце, што бацька не засьпеў гэтага
заняпаду! А пачалося яно тады, яшчэ на змрочным сьвітанку часоў “вялікага
пералому”, як назвала падзеі калектывізацыі ўлада, калі лайдакі, лежні,
абібокі, пустадомкі, натхнёныя на подзьвігі чынадраламі і верхаглядамі,
вырашылі: “Узяць і падзяліць!” За паўгода дом Мітрафана Тычыны ў Забалаці
ператварыўся ў хлеў.
Наша турыстычная экскурсія-знаёмства з
Завалочыцамі, папраўдзе, была разьвітаньнем з нашым былым дзіцячым раем 50-70-х
гадоў.
1967 год. Я жыў і працаваў на беларуска-украінскай мяжы, у вёсцы
Хойна, што на самым поўдні Піншчыны, у сярэдняй школе. Зьбіраўся паступаць у асьпірантуру.
Пра тое, што бацька моцна хварэў, даведаўся пазьней. Менавіта тады ён кінуў
назаўсёды курыць. Нейкі час нават не ўжываў гарэлку.
Што ён перажыў, я адчуў толькі на Новы год,
калі ў якасьці ўжо асьпіранта акадэмічнага Інстытута літаратуры наведаў
бацькоў, сястру (браты Жэня, Саша і Валодзя вучыліся ў Мінску, Коля служыў у
войску). Разам са мной у новую Завалочыцкую школу, якая знаходзілася на
супрацьлеглым баку пасёлка, на навагодні агеньчык вырашыў пайсьці бацька. Па
дарозе ён разы тры спыняўся сярод вуліцы і, прысеўшы на левае калена, досыць
доўга трываў боль: ногі слабелі, млелі, адмаўляліся ісьці. А яму не было яшчэ і
60-ці! Сыбір, шахты, фронт, Сярэдняя Азія, тое, што мераў столькі гадоў
вясковыя палявыя прасторы, калі трэба было быць адразу і тут і там, - усё
нагадала пра сябе.
На вечары крыху акрыяў духам. Расказваў, як
вяскоўцы пыталі, чаго гэта Мішка (мяне там і цяпер так завуць) раптам кінуў
хлебнае месца і пайшоў у навуку, дзе стыпэндыя была амаль у два разы меншая,
чым зарплата настаўніка. У мяне ж сёй-той здзіўлена пытаў, а колькі я буду
зарабляць, скончыўшы асьпірантуру і абараніўшы дысэртацыю. Расчараваньню не
было межаў, а я са сваёй незразумелай самаахвярнасьцю выглядаў апошнім дурнем.
Цікава, што і дзядзька Антон, які ўжо бачыў ва мне будучую зьмену сабе як
настаўніку, не вельмі прыхільна ацаніў мой раптоўны рывок у нязьведаную сфэру.
Бацька дома паказваў фотаздымкі карэспандэнта
газэты “Правда”, якога мясцовае начальства пасяліла нанач у нашу хату, расьпісаўшы
яму, хто наш бацька ды што. Шкадаваў, што я не засьпеў таго карэспандэнта.
Саўгас “Завалочыцы” адзначаў свой 50-гадовы юбілей!
Менавіта бацька паведаміў, што памёр Павел
Рыгоравіч Тычына. Навіны тэлебачаньня ён глядзеў, выпісваў і газэту: дзеля
тэлепраграмы, але і чытаў. Я міжволі ўхапіўся за чытаньне-гартаньне кніжкі
ягоных выбраных твораў, перакладзеных на беларускую мову. У вершы “Беларусі”,
надта афіцыйным, савецкім, пафасным, спыніў увагу на радках, шукаючы адказ на
свае пытаньні:
Цябе нягоды лютыя не сьцерлі
і не сатруць. Вось паглядзі кругом:
народаў дружба крылы распасьцерла,
мы з ёю і дужэем і расьцём.
Нам гэта дружба шчасьця дні саткала.
Яна, нібы бярозу з гор рака,
жывіла Багушэвіча, Купалу,
Шаўчэнку, Украінку і Франка.
Цяпер яна яшчэ ярчэй палае.
Ты асяні нас, дружба, асяні!
Вітаю вас, браты мае, вітаю,
адной матулі дочкі і сыны.
Апошнія два радкі выклікалі ў маёй душы
асаблівы рэзананс: не такі той украінскі Тычына быў наіўны, каб раскідацца
такімі прызнаньнямі!
1968 год. Летам бацька вырашыў памяняць лагі пад падлогай, а заадно
і самую падлогу, якая гойдалася пад нагамі. Мы з Валодзем падхоплівалі
габляваныя дошкі, якія бацька падаваў нам у расчыненае акно, падганялі іх адну
да другой, не адразу заўважаючы хібы і наогул сьпяшаючыся. Шкадавалі, бо старыя
дошкі былі шырокія, ляжалі роўненька-роўна - майстры нікуды не сьпяшаліся і
падганялі іх шчыгульна, падкладваючы, дзе трэба, трэсачкі. Падыходзіў і зазіраў
у акно сусед Івашкевіч і не вельмі адабральна ацэньваў нашу далёкую ад прафэсіяналізму
і, па сутнасьці, халтурную працу.
Потым я сядзеў і па сваёй ахвоце, а не па бацькаваму
загаду ці прымусу, выцягваў “лапкай” ці “пасаціжэ” цвікі (тады з лёгкай рукі
брата Сашы, шафёра і аўтамэханіка, гэта назва замяніла слова “пласкагубцы”).
Заўважыў, як бацька, праходзячы па двары, паглядзеў на маё стараньне. Нічога не
сказаў, але я ведаў: ухваляе! Бацька любіў парадак і лад у гаспадарцы і
страшэнна не любіў лайдакоў. І старыя цьвікі спатрэбяцца, і старыя дошкі. А я,
ведаючы гэта, ужо штодня стараўся знайсьці нейкі занятак у гаспадарцы. Потым
гэтымі дошкамі я абшываў сьцены вэранды, якую сканструяваў бацька разам са
сваім сябрам і цесьляй Шардыкам і паставіў слупы і паклаў кроквы ля глухой сьцяны
хаты.
На лета ў вёску, як на дачу, прыяжджалі
ўнучкі - Жэня і Саша абзавяліся сем’ямі. Рэшта тых жа самых дошак пайшла на
падлогу вэранды.
У жніўні я раптам выявіў, што я - адзіны
мужчына прызыўнога ўзросту, якога не забралі на зборы. У клюбе, поўным моладзі,
гэта асабліва кідалася ў вочы. У мяне, як у асьпіранта, якраз былі канікулы.
Сталічны ваенкамат далёка. Я адразу ўспомніў вялікі рух і пярэпалах у Гародні,
куды я ў пачатку ліпеня паехаў, каб наведаць брата Мікалая, які пасьля заканчэньня
танкавага вучылішча ў Печах пад Барысавам служыў у Фолюшы пад Гародняй. У КПП
мне патлумачылі: “Спазьніўся! Вайсковая часьць выехала на вучэньні!”
З Гародні я паехаў у Бярэсьце, дзе служыў у
гэты час і брат Валодзя. У яго вайсковай часьці было надзіва спакойна. Брат
паводзіў сябе ў казарме па-гаспадарску: як-ніяк, старшы сяржант! Правёў мяне ў
“ленінскі пакой”, дзе паказаў свае пляншэты з выведзенымі прыгожым шрыфтам лёзунгамі.
Выпісаў у штабе сабе звальненьне, і мы гулялі па Брэсцкай крэпасьці, якую я ў
свой час дасканала вывучыў, будучы студэнтам. Потым у горадзе зайшлі ў госьці
да майго сябра, паэта Васіля Жуковіча. Быў пачастунак. Нават чарка знайшлася.
У вёсцы тым часам скуплялі соль, запалкі,
муку, макароны... На маё зьдзіўленьне маці адказала: “Не ведаеце вы (чамусьці
“вы”!), што такое вайна!” Бацька не пярэчыў і не замінаў, хоць і верыў у душы,
што да вайны на гэты раз не дойдзе. Занадта зьмяніўся навакольны сьвет, каб ісьці
на яўнае самагубства! Але трывога не сьціхала датуль, пакуль не атрымалі ад
Мікалая весткі, і наогул пакуль ён не дэмабілізаваўся, што адбылося толькі праз
год. Няспынны рух і гул на Варшаўцы пакрысе аціх. Пачалі вяртацца са збораў
стараслужачыя (“партызаны”), чые паслугі па ўціхамірваньню братоў-чэхаў не
спатрэбіліся.
Я слухаў “замежныя галасы”, ловячы хоць які
намёк на магчымыя будучыя падзеі і поўнячыся, чым далей, тым больш, трывогаю за
сьвет. З перадач запомнілася фраза: “Чэхаславакія - ключ да ўсёй Эўропы”.
Лета памятнае яшчэ паездкай у лес па дровы.
Бацька выкарыстаў момант, што я быў у адпачынку, папрасіў памагчы сваіх
закадычных сяброў Карлу Вількса і Алёшу Бязрукага (гэта яго мянушка. бо кісьць
правай рукі страціў, разьбіраючы ў юнацтве міну, але лепшага і самага шчырага
працаўніка, які спраўляўся з любым заданьнем і нікому не даваў падставы на
шкадаваньне).
Запрэглі ў дзьве аднаконкі незнаёмых мне
коней. Коней майго дзяцінства, імёны якіх, нораў, павадкі мы выдатна ведалі,
цэлую чараду (я з жахам назіраў гэта зладзейства з двара цёткі Ані ў Глушы),
пагналі нашы саўгасныя канюхі (адзін з іх на славутым прыгажуне Петушку) у
Бабруйск на мясакамбінат. Як потым тлумачылі, па загаду зьверху, які нібыта
ішоў ад Мікіты Хрушчова: маўляў, настала эпоха мэханізацыі сельскай гаспадаркі,
а коні зашмат ядуць сена, аўса і камбікармоў, не даючы нічога, акрамя “конскіх
каштанаў”.
Стаяла сонечная пагода. Мы ехалі не сьпяшаючыся
ў Яўсевічы, дзе я не так і часта бываў, часам рабіў налёты на ровары на вядомыя
ягадныя мясьціны ў лесе каля Паршчахі. Усё навокал мяне вабіла сваім мілым
палескім хараством і кідкай звычайнасьцю. Мужчыны гучна вітался з сустрэчнымі
яўсюкамі, якія цікаўна азіралі нязвыклую каманду. У Рудні, якая амаль зьлілася
з вёскай, спыніліся каля калодзежа з жураўлём, які, тлумачылі мужчыны, славіўся
сваёй крынічнай вадой. Калодзеж сапраўды быў вельмі глыбокі. Вада ламала зубы
сваёй сьцюдзёнасьцю. Коням таксама паднесьлі вядро з вадой.
На паўдарозе да Паршчахі завярнулі ўсьлед
за сонцам і апынуліся ў балоцістай мясьцінцы, якая той год вельмі высахла.
Навокал стаялі рэдкія бярозкі і ляжала плазам мноства сьпілаваных бэнзапілой
бяроз. Гэта была так званая санітарная вырубка. Бацька выпісаў у Сіманавіцкім
лясьніцтве дроў. Больш за ўсё любіў бярозу. Асабліва пасьля таго, як кум
Івашкевіч аднойчы параіў выпісаць торфу. Маўляў, добра і хутка грэе хату.
Бацька хутка зразумеў, што яшчэ адну зіму такога паленьня, і печ з
стаяком-грубкай давядзецца перакладаць. А бяроза давала і жару, і гарэла без
трэску. (Брат Мікалай, які паўжыцьця знаецца як прафэсіянал з дрэвам,
удакладняе, што лепш за ўсё грэе і гарыць вольха, прынамсі, не так пагражае
печы і цэгле, як іншыя.)
Бацька, як у сябе на брыгаднай нарадзе,
патлумачыў заданьне, і мы разышліся, каб абсякаць гольле, а потым пілаваць на
зручныя для воза бярвеньні. Усё рабілася хутка і бездакорна. Мужчыны шчыравалі
і рабілі як на сябе. Я стараўся таксама не хібіць, і бацькавы сябры ацанілі маё
стараньне. Лішне не цьвяліліся, адно перакідваючыся час ад часу жартамі і
падахвочваючы адзін аднаго. Зрабілі перапынак. Бацька дастаў бутэльку
“цукровай” (“сахарухі”), якую дзеля такога выпадку асабіста выгнаў ў нашай
стопцы-варыўні (як гэта рабілася, асобная гаворка), накладзеныя маці харчы, да
якіх бацька дадаў яшчэ два вялізныя так званыя мясістыя памідоры, якія яму
добра ўдаваліся на адведзеным за хлявом спэцагародчыку (куды з адпаведным
інструктажам папярэдне пасылаў мяне).
Памідоры і агуркі так добра радзілі, што
рэшту маці вырашыла - бацька адмоўчваўся на яе разьлікі на вялікія грошы -
прадаваць. Лёгка заахвоціўся пабыць у ролі прадаўца брат Жэня - набіраў 2 кашы
адборных памідораў і агуркоў і ехаў гандляваць на невялікі рынак у Старыя
Дарогі. Прадаваў хутка - заняўшы месца сярод такіх жа цётак і дзядзькоў, пытаў
у падсуседзяў, якая сёньня цана тавару, скідваў на капеек 50, на рубель і лёгка
аддаваў, не зважаючы на сярдзітыя позіркі канкурэнтаў, ахвочым на дармаўшчыну,
якія тут жа акружалі, на думку суседзяў, дурня, як цяпер сказалі б, “лоха”. А
брат, вярнуўшыся з вясёлага падарожжа, весела і жыва апавядаў пра свае прыгоды.
Маці ж была задаволена тым, што не ўсё ж з дому, але часам здараецца, што нешта
трапляе і ў дом. Бацька паглядаў на гэта дробнае завіханьне паблажліва.
Цукроўка тая, як спірт-сырэц з мясцовага
бровара (мужчыны як знаўцы адразу ўдакладнялі: “Недзе за 70 градусаў”), блытала
думкі і зьбівала з ног. Старшыя да яе прывычныя, бацьку пасьля “гаручага”,
здаецца, дапамагала кружка вады з бутля, які мы захапілі з сабой (ён не
прызнаваў усялякіх там кампотаў і гарбатаў, адно зрэдку піў малако, і тое
толькі ад сваёй каровы). А я, “гнілая інтэлігенцыя”, добра-такі адурэў.
Размахаўся пасьля перапынку сякерай так, што на мяне падазрона пазіралі і
дзядзька Карла, і Алёша Бязрукі.
Але ўсё, што было далей, апраўдала ўсе мае
магчымыя нараканьні. Мы вярталіся іншым шляхам - Алёша павярнуў свайго каня ў
рэчачку, прыток Пцічы, якая ў сьпёку ператварылася ў ручай. Затое пясчанае дно
яе было тупкім, як асфальт пад катком, прыемным, ласкавым. Да ўсяго босыя ногі
пяшчотна абмывала прахалода. А далей усё было, як звычайна.
Я пасядзеў за сталом за кампанію нядоўга,
потым аб’явіў, што пайду на рэчку. Мяне без лішніх угавораў адпусьцілі - у
мужчын завязалася свая сяброўская гутарка, у якой я быў не памочнік.
Пакуль я змываў стому на “мужчынскай” -
участку ракі, абранага і праверанага мужчынамі, у адрозьненьне ад “жаноча-дзіцячага”
пясочку, на беразе ўжо сядзела купка вясковых падлеткаў. Радасна віталі мой
выхад з купелі. Зьдзекаваліся з майго загару: “У якім склепе, Мішка, загараў?”
А я іх купіў сваімі гісторыямі пра войска, якое запомнілася мне як яркае, сьляпучае,
бы сонца, падарожжа ў іншасьвет, калі здавалася, што я мог кожны дзень па
гадзінах успомніць з усімі падрабязнасьцямі, настолькі ўсё было цікавае. Я ўжо
парадкам стаміўся, дый “сахаруха” нагадвала пра сябе, а хлопцы ажно стагналі: “Ну,
Мішка! Раскажы яшчэ што-небудзь! Ну, раскажы!”
15 сьнежня мы з братамі (Валодзя ўжо
дэмабілізаваўся) прыехалі ў Завалочыцы, каб адзначыць 60-гадовы юбілей нашага
бацькі.
Селі за стол у нашай сьвятліцы, ужо зьбіраліся
выпіць за бацьку, як Вера, братавая, Сашава жонка, паведаміла, што памёр
дзядзька Санька, малодшы брат маці. Скончыў жыцьцё самагубствам - застрэліўся з
паляўнічага ружжа: жонка загуляла! пасынак не даваў айчыму жыцьця!..
Мы ўсталі. Памаўчалі. Бацька пазмрачнеў,
але, глянуўшы на нашу маму, якая сядзела, як скамянелая, узяў сябе ў рукі (“А
вочы мокрыя ад сьлёз”): “Памянём пакойнага! Вечная памяць!” Маці - сыбірскі
характар! - доўга мацавалася. Потым ціха сышла ў спальню за перагародкай, дзе
дала волю сьлязам: брата яна вельмі любіла і шкадавала. Мы адно пераглянуліся.
Счакаўшы крыху, жанчыны пайшлі суцяшаць маці, разважваць яе размовамі...
/Міхась
Тычына. Вялікія і Малыя Тычыны. Легенды
і рэальнасць. Мінск. 2011. С. 3-99./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz