czwartek, 18 września 2014

ЎЎЎ 1. Хрысьціньня Клерык. Ксёндз Юзафат Жыскар ды Якуцкая вобласьць. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Юзафат Фрыдэрык Жыскар /Józefat Fryderyk Żyskar; у архіўных дакумэнтах НА РС(Я) Фридрих-Иозофат Жискард; псэўд. Х. Ahasfer/ - нарадзіўся ў 1868 г. Ягоным бацькам быў француз, католік, а маці – немка, пратэстантка. У Пецярбургскім кадэцкім корпусе, куды яго аддалі вучыцца, ён пачаў наведваць лекцыі па каталіцкай рэлігіі, якія так захапілі яго, што 18-гадовы юнак пасьля заканчэньня кадэцкага корпусу паступае ў Пецярбургскую духоўную сэмінарыю, якая належала да Магілёўскай арцыдыяцэзіі.
    У 1891 г. ён быў пасьвечаны ў сьвятары і пачаў служыць вікарным ксяндзом пры касьцёле сьвятой Кацярыны ў Пецярбурзе. Там ён стварае прытулак для ўбогіх дзяцей, якіх сам вучыць ды корміць. Але за актыўную дзейнасьць на карысьць каталіцкай веры сярод расейцаў кс. Жыскар па загадзе паліцыі высылаецца з Пецярбургу. З правінцыі ён здолеў выехаць за мяжу і дабрацца да Папы Лявона XIII, якому распавёў пра цяжкасьці служэньня каталіцкай веры ў Расійскай імпэрыі і раіў даручыць гэтую справу езуітам. З Ватыкана кс. Жыскар, усьцешаны разуменьнем ягонай дзейнасьці Сьвятым Пасадам, нелегальна вярнуўся ў Пецярбург, дзе стаў праводзіць патаемную катэхізацыю.
    У 1896 годзе, згодна з маніфэстам з нагоды каранацыі Мікалая II, які між іншым абвяшчаў амністыю і тым, “хто правінаваціўся перад пануючай верай”, кс. Жыскар быў амніставаны і накіраваны пробашчам у Дэрпт (сучасны г. Тарту ў Эстоніі). Там, нягледзячы на шматлікія службовыя абавязкі, ён знаходзіў час на патаемныя выезды на Міншчыну ды Падлясьсе дзеля рэлігійных паслугаў “недабіткам былых уніятаў”.
    Аднойчы ноччу, падчас аказаньня ў леснічоўцы рэлігійных паслугаў “упартым”, кс. Жыскара арыштаваў паліцыянт, але адданыя сьвятару вернікі вызвалілі яго ды схавалі.
    Пасьля гэтага ён патаемна прыехаў у Вільню, дзе ў кельлі былога бэрнардынскага кляштару абсталяваў каплічку, куды дзеля рэлігійных паслугаў пацягнуліся уніяты са ўсяго краю. У Вільні ён пасяліўся ў сваёй маці, якая жыла з дачкою, што была замужам за праваслаўным афіцэрам. Кс. Жыскар паведаміў ім пра тое, з якой мэтаю з’явіўся ў Вільні, і, нягледзячы на рознасьць у веравызнаньнях, атрымаў разуменьне і пэўную дапамогу. Аднак у хуткім часе кс. Жыскар быў ізноў высачаны паліцыяй, і яму давялося ўцякаць за мяжу.
    У Італіі, паблізу Рыма, ён заснаваў таварыствы сьвятых Юзафата ды Юзафатак, каб рыхтаваць місіянэраў для працы ў Расейскай імпэрыі сярод уніятаў. Але хутка гэтыя таварыствы з-за нястачы сродкаў перасталі існаваць. Сам жа кс. Жыскар у цывільнай вопратцы вярнуўся ў Расійскую імпэрыю і зноў распачаў місіянэрскую дзейнасьць сярод уніятаў. Але ў хуткім часе ён быў арыштаваны ў Дзьвінску і зьняволены ў Варшаўскай цытадэлі. Неўзабаве кс. Жыскар атрымаў чарговы прысуд: 5 гадоў выгнаньня ў аддаленыя губэрні Расійскай імпэрыі.
    Служыў ксяндзом у Валагодзкай, Кастрамской, а потым у Чарнігаўскай губэрнях, ад 1905 г. пробашч у Іркуцку адкуль неаднаразова наведваў Якуцкую вобласьць, якая ўваходзіла ў склад ягонай парафіі.
    У 1908 г. кс. Жыскар зьвярнуўся да якуцкага губэрнатара з просьбай даць зьвесткі пра састарэлых сасланых туды паўстанцаў 1863–1864 гг., “якія жадалі б паехаць на радзіму і там бязьбедна і ціхамірна правесьці апошнія гады свайго жыцьця”, і якім “ён адразу вышле грошы, неабходныя на дарогу”.
   Ўрэшце ўлады дазволілі яму выехаць на Каўказ. Там, у Сухум-Кале, ля Чорнага мора, ён напісаў кнігу ўспамінаў, прадмову да якой ён падрыхтаваў яшчэ ў Іркуцку.
    Потым кс. Жыскар ізноў служыць у Дэрпце. Таксама паспрыяў пілігрымцы да Чэнстаховы пілігрымаў з Пецярбургу, Міншчыны і Магілёўшчыны.

    З вялікім замілаваньнем піша кс. Жыскар пра жыхароў вёскі Фашчаўка (цяпер у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці), з якой у пілігрымку да Чэнстаховы выправілася 13 чалавек. “Люд вакол не гаворыць па-польску, а захаваў чыстую сваю беларускую мову. Вялікія намаганьні прыклалі езуіты, каб не страцілі яны сваёй беларускай мовы. Выдалі ім беларускі катэхізіс, прамаўлялі да народу казаньні ў ягонай мове, у касьцёле вялі беларускія сьпевы. І сёньня яшчэ кожны селянін дасканала ўмее сьпяваць беларускую песьню “Ах, мой Божа! Веру Табе”, і сапраўднае глыбока велічнае ўражаньне робіць, калі аграмадная сьціжма народу, што ідзе на фэст, як бы з адных грудзей засьпявае, а гэтая пекная мэлёдыя напаўняе і цьвінтар, і сьвятыню. Фашчаўка да таго захавала свой нацыянальны беларускі характар, што да сёньня яе жыхары апранаюцца ў беларускі строй. Спадніца з простай саматканкі, белая кашуля з вышыванкай, уласьцівы спосаб павязваньня хусткі на галаве - вось тыповы строй кабеты з Фашчаўкі, якія адрозьніваюцца амаль ад усіх сваіх суседак”.
    Цікавіўся кс. Жыскар і беларускай літаратурай, бо ў сваіх працах цытуе творы са зборніка Янкі Купалы “Жалейка” (Пецярбург, 1908 г.).


    У Дэрпце кс. Жыскар распачаў разам з кс. Д. Банчкоўскім з Луцка - Жытомірскай дыяцэзіі - працу над апісаньнем усіх касьцёлаў, якая павінна была ахапіць “польскія” касьцёлы нават Паўночнай Амэрыкі. Дарэчы выходзіла кніжка: Ks. D. Bonczkoŭski.  Karotkae wyjaśnieńnie abradau R.-Katalickaho kaścioła. Z polskaho pieratłumaczyŭ X. Wilnia. WydańnieBiełarusa” № 5. DrukarniaZnicz”. 1914. 64 s. Кс. Жыскар апрацаваў матэрыял пра магілёўскія, віцебскія і мінскія касьцёлы, і гэтыя зьвесткі выходзілі асобнымі сшыткамі. У іх, апрача цікавых фотаздымкаў касьцёлаў і каталіцкіх дзеячаў, было зьмешчана шмат этнаграфічных здымкаў беларускага народа, пададзены цікавы гісторыка-этнаграфічны матэрыял. Потым гэтыя сшыткі склалі агульны том. На жаль, далейшай працы ў гэтым кірунку перашкодзіла Першая ўсясьветная вайна.
    Калі ў лістападзе 1915 г. пры польскім Камітэце ў Маскве ўтварыўся Аддзел апекі над помнікамі мастацтва пад старшынствам М. Радзівіла, то ў яго кіраўнічы склад увайшоў кс. Жыскар, які вышукваў па чыгуначных пакгаўзах ды складах лому Галоўнай управы артылерыі вывезеныя з раёну ваенных дзеяньняў каталіцкія званы. А калі ў красавіку 1917 г. утварыўся Зьвяз польскіх арганізацый апекі над помнікамі польскага мастацтва і культуры (куды ўваходзіў і мінскі аддзел), кс. Жыскар зрабіўся намесьнікам ягонага старшыні. Паводле інструкцыі, у кола зацікаўленьняў зьвязу ўваходзілі “прадметы мастацтва, помнікі архітэктуры (зьбіраньне фотаздымкаў), антыкварныя музэйныя, бібліятэчныя, этнаграфічныя, рэлігійныя зборы, даўнія польскія строі, вайсковыя мундзіры, зброя і г. д.”
    Памёр кс. Жыскар у 1917 г. у Маскве на пасадзе вікарыя пры новым касьцёле “на Грузінах”.
    Творы:
    Ksiądz Fryderyk Józefat Żyskar.  Polacy w rozproszeniu. Tułacz tułaczom poświąca. Wspomnienia z piętnastu lat prac kapłańskich w Cesarstwie. Petersburg. 1909.
    Ks. Józefat Żyskar.  Obrazki z Syberyi. // Przegląd Katolicki. NrNr 3, 4, 5, 8, 17, 19 zа 1912 r.
    Wspomnienia z pielgryzmki z mohylewskiej archidiecezyi do Częstochowy w 1912 r. Zebrał z osobistych wrażeń i streścił z pism na prośbę pelgrzymów ks. Żyskar. Warszawa. 1912.
    ks. Żyskar J. F.  Kilka słów o szukaniu chleba na obszczyżnie. 1912.
    Nasze kościoły. Opis wszystkich kościołów i parafij znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. Tom I. Archidjecezja Mohylowska. Ułożyli i wydali ks. D. Bączkowski i ks. J. Źyskar. Warszawa-Peterburg. 1913.
    Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Pod redakcją ks. Józefаta Żyskara. Warszawa. 1913.
    X. Ahasfer.  Tunka. Opowiadanie o wsi Tunka, dzie było na wygnaniu przeszło 15-stu ksęży, oparte na wspomnieniach naocznych świadków i odnośnych dokumentach. Poznań. 1914.
    Ксёндз Язафат Жыскар.  Беларусь. // Наша вера. Мінск. № 3. 2006. С. 69-70.
    Юзефат Жискар.  Картинки из Сибири. Койданава. 2015.
    Літаратура:
*    Gamma.  Ks. F. J. Żyskar.  Polacy w rozproszeniu. // Tygodnik ilustrowany. Nr. 36. Warszawa. 1910. S. 736.
*    X. W. Cz.  Żyskar Fryderyk ks // “Podręczna encyklopedya kościelna. T. 43-44. Warszawa. 1916. S. 327.
    Czeczott W.  Ks. Fryderyk Józefat Żyskar. Warszawa. 1926.
*    Z dziejów pracy unijnej w Rosii (Urywek ze wspomnień J. E. Ks. Arcybiskupa Karewicza). // Kościół katolicki w Rosji. Materjały do jego historji i organizacji. Źeszyt 1. Warszawa, 1932. S. 50.
*    Zieliński S.  ks Żyskar Józefat Fryderyk. // Stanisław Zieliński.  Mały słownik pionierów polskich kolonjalnych i morskich. Podróżnicy, odkrywcy, zdobywcy, badacze, eksploratorzy, emigrańci, pamiętnikarze, działacze i pisarze migracyjni. Warszawa. 1933. S. 8, 647.
*    Najdus W.  Polacy w rewolucji 1917 roku. Warszawa. 1967. S. 41, 66, 69, 70.
*    Барковский А.  Якутия в составе Могилевской архидецэзии. Койданава-Амма. 1998. 16 с.
*    Казарян П. Л.  Численность и состав участников польского восстания 1863-1864 гг. в якутской ссылке. Якутск. 1999. С. 7.
*    Kijas А.  Żyskar Fryderyk Józefat. // Kijas А.  Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. Słownik biograficzny. Warszawa, Poznań. 2000. S. 404-405.
*    Баркоўскі А.  Беларусь ксяндза Жыскара. // Наша вера. № 3. Мінск.  2006. С. 67-68.
*    Баркоўскі А.  Ксёндз Жыскар – пілігрым і пакутнік. // Краязнаўчая газета. № 32. Жнівень. Мінск. 2007. С. 8.
*    Winnicki Z. J.  Ks. Fryderyk Józefat Żyskar – świadek wiary i polskości na ziemiach zabranych. // Знакамітыя мінчане. Матэрыялы Беларуска-Польскай навуковай канферэнцыі, Мінск, 9 лістапада 2005 г. Materiały Białorusko-Polskiej konferencji naukowej Mińsk, 9 listopada 2005 r. [Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка] Мінск-Вроцлаў. Wrocław – Mińsk. 2007. С. 95-124./
*    Баркоўскі А.  Якутия в составе Могилевской архидиоцезии. Койданава-Амма. 2012. 43 с.
Ксендз Юзафат Жыскар / Алесь Баркоўскі. - Самвыдат. - Койданава : Алесь Баркоўскі, 2014. - [1], 8 л.
    Хрысьціньня  Клерык,
    Койданава


    Юзафат Жыскар
                                                                              БЕЛАРУСЬ
    Краіна Беларусь, да апісаньня якой прыступаем, асабліва дарагая нашаму сэрцу, бо не адзіная сьляза ды боль гэтыя повязі ўтварылі.
    Нашым намерам маецца даць чытачам не вучонае дасьледаваньне, сухія бачынкі этнографа, а абразкі, якія дадуць нам сукупнасьць гэтых мясьцінаў.
    Часта краіну, якую апісваем, называем “Літвой”. Ды і вялікі наш вяшчун Міцкевіч, калі апісваў наваградзкія старонкі, ужываў гэтую самую назву:
                               “Litwo - mowi - ojczyzna moja...”
    Мінулі тыя часы. Людзкая злосьць моцна перамяніла наша жыцьцё, а неразумная зацятасьць абвастрыла адносіны. Ніць, якая злучала два братнія народы, была абарвана. Што калісьці злучала любоў, сёньня пашматаў пасеў нянавісьці, а дзьве сястры, ва ўласнай крыўдзе, знаходзяцца ў варожых адна да адной адносінах.
    Выраз “Літва” інакш сёньня гучыць у нашых вушах. Ён насоўвае нашаму ўяўленьню сумны стан гэтай разводкі, што, як паслухала паскудных нагавораў злога духа, традыцыйныя повязі парвала і шукае забароненых раскошаў, якія адзіна ёй нясмак ды роспач прынесьці могуць.
    Пісаць буду аб краі, пераважна населеным беларусамі, такім чынам няхай мне можна будзе яго называць Беларусьсю.
    Не знойдзеш тут, чытач, ані прысаку зьявішчаў той супольнай літоўскай “цывілізацыі”. Яшчэ, бо касьцёлы не зрабіліся месцамі нацыянальных адрахункаў, Бог любові пануе тут, а вернікі сьпяшаюцца да сваёй сьвятыні, не бойку весьці, а прысягі любові Богу складаць, палёгку і суцяшэньне ў сваіх пакутах знайсьці. Праўда, і тут зьявіліся адзінкі, якія прагнуць замуціць спакой, але занадта глыбокія карані запусьціла польская культура, каб тутэйшы народ даўся злапаць сябе на гэтую вудачку, да якой нянавісьць прынадаю мелася быць.
    Аграмадныя абшары займае беларускі народ, аточаны ад усходу велікарусамі, ад поўначы летувісамі і латышамі, ад захаду і поўдня палякамі і маларусамі. Усе яны не перастаюць уплываць на жыцьцё і мову беларуса, а з-за таго гэтак неаднолькава гучыць беларуская мова ў размаітых мясцовасьцях.
    На ўсходзе беларус болей ужывае русізмаў, а на захадзе — палянізмаў.
    Вялікую прастору заняў гэты сьціслы з выгляду, занядбаны народ, якому нават некаторыя пісьменьнікі не жадаюць дазволіць народам звацца. (1)
    Насяляюць беларусы Гарадзенскую, Менскую, Магілёўскую губэрні, часткі губэрняў Віленскай, Смаленскай, Віцебскай (за выключэньнем паветаў, населеных латышамі) ды некаторыя паветы Валынскай губэрні.
    Увесь гэты край не можа пахваліцца ані добраю глебаю, ані высокім узроўнем культуры. Нэндза ды ўбоства ёсьць тут, на жаль, ажно занадта частым госьцем. Нярэдка спатыкаем тут хаты без комінаў (курныя хаты), а постаць беларуса, убранага ў палатняную кашулю і лапці, звыклая зьява.
    Аграмадныя абшары пакрыты балотамі, куды чалавек рэдка пранікае. Што ж тут дзіўнага, што не аднойчы сустракаемся тут з крайняй грамадзкай ды нацыянальнай несьвядомасьцю. Адзін са сьвятароў, калі аб’яжджаў сваю занядбаную парафію, быў спытаны людзьмі, ці пануе яшчэ ў Варшаве кароль Станіслаў... (2)
    Бедная Беларусь, яна ніколі не адыгрывала самастойнай ролі ў гісторыі, амаль заўсёды была цацкай у руках не заўсёды сумленных суседзяў. Ніколі, таксама, не мела яна багатай літаратуры.
    Ці ёсьць беларуская мова самастойнай, ці толькі сапсаванай расейскай мовай? Пытаньне гэтае неаднойчы сустракаем на бачынах размаітых выданьняў. Як довад другараднасьці беларускай мовы прыводзілі нястачу літаратуры, нястачу пісьменьнікаў, якія на гэтай мове выказваюць свае думкі. Але ці было гэта колькі-небудзь істотным довадам? Бо запытаць належыць, а ці былі адпаведныя варункі для ўтварэньня асобнай літаратуры? Аднак жа бываюць размаітыя прычыны, якія ў магчымасьці стрымаць разьвіцьцё культуры, а менавіта гэтых у адносінах да беларусаў налічыць можна было б мноства.
    Аднак жа забаранілі друкаваньне беларускіх ды летувіскіх кніжак, але тыя апошнія выдалі за мяжою, гэткаю блізкаю, а Беларусь, якая ляжыць далёка ад памежжа, таго палягчэньня не мела. З-за гэтага слаба разьвівалася летувіская літаратура, а беларуская была асуджана на застой.
    У кожным разе гісторыя напамінае аб другарадных творах, друкаваных на беларускай мове. Напрыклад, Літоўскі статут, які доўгі час дзейнічаў на Літве, друкаваны быў на беларускай мове.
    Гэтая мова мела не малое значэньне, калі пэўны пэрыяд часу ўважанаю была за ўрадавую мову. На гэтай мове таксама вяліся ўрадавыя акты, даваліся прывілеі. На жаль, шмат з тых дакумэнтаў, якія сьцьвярджалі, што беларуская мова мела свае лепшыя часы, загінулі, аднак штосьці засталося. Таго “штосьці” найцалкам хапае, каб давесьці, што беларуская мова не зьяўляецца чымсьці, на што можна б было не зьвяртаць увагі. У руках народа сёньня яшчэ ёсьць беларускія катэхізісы, што надрукавалі ў Полацку езуіты, якія нямала прыклалі намаганьняў у кірунку беларускай мовы.
    1860 год быў для Беларусі фатальны. Забаронена друкаваньне беларускіх кніжак лацінскімі літарамі, а расійскага альфабэту тутэйшы народ не ведаў. Разьвіцьцё беларускай мовы было зроблена немагчымым ажно да апошніх гадоў, калі адносная вольнасьць зрабіла магчымым зьяўленьне беларускай кніжкі. Гэтую акалічнасьць вельмі шпарка скарысталі, бо штораз часьцей зьяўляліся на паліцах кнігарняў беларускія друкі.
    Беларуская мова вельмі падобная да польскай. Адной з рысаў яе ёсьць тое, што замест польскага rz ужывацца літара r, напрыклад, rzeka–reka, rzecz–recz i г. д. Аднак беларусы маюць шмат уласных словаў, для палякаў нават незразумелых. Каб пазнаёміць чытача з беларускай мовай, прывяду тут колькі радкоў з “Pana Tadeucza” Міцкевіча ў перакладзе п. Марцінкевіча:
“Litwa! — rodna ziamielka! Ty maúlaú, zdaroúje,
  Toj Ciebie ašancuje, kamu biezhałoúje.
  Chto żyú kaliś...” (3)
    Нямала мае беларускі народ і ўласных песьняў, у якіх дамінуе мэлёдыя тугі. Столькі сьлёз у іх адбіваецца, столькі скаргаў чуецца ў гэтых песьнях, што з таго зразумець можна, што несалодкае было жыцьцё ў беларуса. Прывяду тут адзін народны сьпеў “Cieraz moj dwor zialonińki...” ca зборніка “Biełaruskije pieśni z notami” пана Грыневіча.

1. Cieraz moj dwor zialonińki
    Ciaciera laciela:
    Nie oddaú miania tatulka.
    Za kaho chacieła.

2. Ja — j chacieła, ja — j żadała
    Za pisara — pana.
    Dy oddaú mianie tatulka
    Za mużyka pjana.

3. Nie zachacieú moj tatulka,
    Kab ja panawała;
    Dy zachacieú moj tatulka,
    Kab ja harawala.

4. Nie zachacieú, moj tatulka,
    kab hroszy liczyła:
    Dy zachacieú moj tatulka,
    kab nudu karmiła. (4)

    Калі прыглядаемся да беларускага люду, цяжка не заўважыць дзіўных ягоных адносінаў да роднай мовы. Заўсёдна ў хатнім жыцьці беларус ужывае ўласную мову, але толькі не ў касьцёле. Там ён і моліцца, і спавядаецца, і жадае казань слухаць на польскай мове. Польская культура гэтак прынялася сярод беларусаў, што было б для іх надзвычайным адказваньне ксяндза ў касьцёле па-беларуску. Выключэньне складаюць дзьве парафіі — Фашчаўка ды Ільля, дзе здавён ўведзеныя беларускія набажэнствы. Сваю мову беларус называе “простая” (размаўляць “па-простаму”), а польскую мову — “панскаю”, “ксяндзоўскаю” моваю. Адступленьне ад гэтага традыцыйнага разуменьня польскай мовы будзіць у беларусу антыпатыю. Асабліва з ксяндзом беларус жадае размаўляць па-польску, а прынамсі, каб ксёндз да яго прамаўляў па-польску, іначай абражаецца. Неаднойчы аўтару надаралася чуць: “Ja ż papunuczka (oúza) po polski razumieje”.
    Вось некалькі заўваг, кінутых мімаходзь, а цяпер, у кароткіх прамежках часу, буду намагацца знаёміць чытачоў з паасобнымі рысамі жыцьця жыхароў гэтых старонак. Касьцёл тут наймацней спаяны з краем і польскай культурай, а так як мы будзем знаёміць чытача з рэлігійным жыцьцём парафій, таму паляк памешчык і беларус селянін аднолькава будуць прадметам нашай працы.
    З вераю ў Бога і даверлівасьць у паблажлівасьць чытача прыступаем да гэтай працы, якая ўмацуе мацней повязі братэрства паміж палякамі і беларусамі. Няхай гэтыя бачыны большасьцю ўзбуджаюць любоў да свайго краю, няхай пранікаюць да кожнага палацу, кожнай хаты. (5)
    Заўвагі:
    (1) Пэўна кс. Жыскар быў знаёмы са зборнікам Янкі Купалы “Жалейка” (Пецярбург, 1908 г.), дзе ўпершыню зьявіўся верш “А хто там ідзе?”.
    (2) Маецца на ўвазе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (17.1.1732–12.2.1798).
    (3) “Pan Tadeusz, pa polsku napisaú Adam Mickiewicz. Na biełaruskuju hutarku pierawiarnuú Wincuk Marcinkiewicz. Wyd. 2-e, Pieciarburh, “Zahlanie sonca i ú nasza akonca”, drzkarnia Piantkoúskaha, 1907 (на вокл. 1908), 60 s. 4 300 ekz. 25 kap. Кніга выйшла другім томам падпісной сэрыі “Беларускія песьняры” у дарагім і танным пераплёце … Перадрук з першага выданьня [Pan Tadeusz, dwanatcać bylic napisaú Adam Mickiewicz. Pierawiarnuú na biełaruskuju hawoarku Winctnty Dunin-Marcinkiewicz. Wilno, drukarnia А. Syrkina, 1859, 116 s. 1000 ekz. - Першы пераклад выдатнай паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на беларускую мову. Кніга была зьнішчана па загаду царскага ўрада, а друкару Віленскі цэнзурны камітэт выплаціў 176 р. 60 к. за выдаткі па надрукаваньню. Цэнзурны дазвол быў дадзены незадоўга да абвяшчэньня забароны друкаваць беларускія кнігі лацінскімі літарамі”], з экзэмпляра, што захаваўся ў бібліятэцы Кракаўскага ўнівэрсытэту. выдаўцы другога выданьня пісалі ў сваёй прадмове: “Няхай жа ідзе гэтая кніга прамеж людзей, няхай пакажа, што і ў нашай мове можна выказаць вялікія думкі, даць прыгожыя і слаўныя вобразы”. [Кніга Беларусі. 1517-1917. Зводны каталог.  Мінск, 1986, с. 244.]
    (4) “Biełaruskije pieśni z notami. Sabraú i wydaú A. Hryniewič. T-1. Pieciarburh, drukarnia Piantkoúskaha, 1910, 30, [1] s. 2000 ekz. 30 k. [С. 18].
    (5) “Nasze kościoły. Archidjecezja mohylewska. Pod. red. ks. Jozafata Żyskara. W-wa, 1913, s. 30–32.
    Хрысьціньня  Клерык,
    Койданава



















































 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz