Іван Ласкоў (Якуцк)
ДА
ПЫТАНЬНЯ АБ ЭТНАГЕНЭЗЕ БЕЛАРУСАЎ
Доўгі час у історыяграфіі
панаваў погляд, быццам беларускі этнас склаўся выключна са славянскіх плямёнаў.
Так пісалася ў шматлікіх абагульняючых працах, энцыкляпэдыях, падручніках.
Апанэнты ж, галоўным чынам з беларускай эміграцыі, адстойвалі думку, што да
славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі балты і што менавіта
славянска-балцкі сынтэз даў беларускі этнас. Сёньня падыход гэты зрабіўся
пануючым. Але і ён зьяўляецца няпоўным, бо не ўлічвае ў народаскладаньні
беларусаў ролю угра-фінскіх плямёнаў.
Тры гады назад у артыкуле
“Племя пяці родаў” [Літаратура і мастацтва. 1989. 18
жніўня.] мы выказалі гіпотэзу, што племя літва, якое дало князёў і назву
Вялікаму Княству Літоўскаму, было не балцкім, а фіна-угорскім (пермскім)
племем, г. зн. роднасным па мове такім сучасным народам, як комі-зыраны,
комі-пермякі і удмурты. У гэтым артыкуле быў заклік да прафэсійных навукоўцаў
шукаць і вывучаць фіна-угорскія сьляды ў Беларусі. На жаль, ніхто з прафэсіяналаў
па гэты заклік не адгукнуўся.
Геаграфічна комі і удмурты
знаходзяцца так далёка, што думка аб колішніх пермскіх плямёнах у Беларусі
здаецца фантастычнай. Вядомыя расейскія лінгвісты нават пісалі: “При исследовании Верхнего Поднепровья практически
бесполезным оказывается привлечение данных пермской... гидронимии” [Топоров В.
Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. М.
1962. С. 27.].
Аднак такое сьцьвярджэньне
патрабуе аб’ектыўнай праверкі. Супаставім, напрыклад, гідронімы Верхняга
Падняпроўя з памянёнай кнігі і адпаведныя назвы з даведніка “Географические
названия Коми АССР” [Географические
названия Коми АССР. Сыктывкар. 1990.]: Велейка — Велью;
Веть — Ветью; Вожочка — Вожаёель; Залазна — Залазная, Залазаёль; Картель — Картаёль;
Коста — Косты; Луния — Лунвож (17 рэк); Надва — Надыб; Неманка — Немын; Немед,
Немеда, Немедзь — Нямед; Нямецка — Нем; Ореса — Арес; Поня — Понтъю; Расна — Растью;
Упинька — Упа і многія іншыя. Фіналі ў гідронімах комі маюць наступныя значэньні:
-ю
— “рэчка”, -ва
— “рэчка”, -вож
— “доплыў”, -ёль
— «рэчка», -ты
— «возера».
Пад Верхнім Падняпроўем У.
Тапароў і А. Трубачоў разумеюць верхнюю частку басэйна Дняпра, уключаючы
Прыпяць і Дзясну з усімі даплывамі. Як вядома, амаль уся гэтая тэрыторыя —
этнічна беларуская. Але Верхнім Падняпроўем Беларусь не вычэрпваецца. Гэта яшчэ
і частка басэйнаў Дзьвіны, Нёмана, Буга. Назвы рэк у Комі рэспубліцы, Пермскай
і Сьвярдлоўскай абласьцях маюць свае адпаведнікі і ў верхняй частцы басэйна
Нёмана і памежнай часткі Дняпроўскага басэйна, г. зн. там, дзе М. І. Ермаловіч
лякалізаваў летапісную Літву: Нёман — Немын; Вілія — Віль: Вильва; Шчара (у
мінулым Шара) — Шарью; Валожынка — Лолог; Волка — Воль, Вольва; Волма — Вялікая
Вольма, Малая Вольма, Вольма-Шар; Гадзея — Гадья; Зальвянка (Зэльва) — Зельва
(вёска); Ізва — Изьва, Изъёль, Изъяю; Сасва — Сосьва, Сосья; Сула — Сула;
Сэрвач — Серва; Тур’я — Турья; Уса — Уса, Вялікая Уса, Малая Уса; Шаць — Шадью.
Назвы пераважнай большасьці гідронімаў у
Комі рэспубліцы і ў Пермскай вобласьці без цяжкасьцей этымалягізуюцца на моўнай
глебе комі [Параўн.: Туркин Л. Н. Топонимический
словарь Коми АССР. Сыктывкар. 1986; Кривощекова-Гантман Л. С. Географические названия Верхнего
Прикамья. Пермь. 1983.]. Нешматлікая ж рэштка назваў іншага
фіна-угорскага або самадыйскага паходжаньня.
У Беларусі нямала і такіх
гідронімаў, якія не маюць паралеляў на сучасных пермскіх тэрыторыях, але
раскрываюцца з дапамогай пермскіх моў: Бася — комі [Тэрмінам
“комі” для эканоміі месца азначаюцца словы, агульныя для комі-зыранскай і
комі-пярмяцкай моў.] бас “аздоба”; Мядзел — комі-зыранск. модзол “ельнік
з імшыстай глебай”; Шура — удмурцк. шур “рака” і-інш.
Яшчэ больш сымптаматычнай зьяўляецца
марфалягічная будова гідронімаў фіна-угорскага паходжаньня ў Беларусі. Рэч у
тым, што ў пермскіх, як і ў іншых фіна-угорскіх мовах, назоўнік у асноўнай
форме адначасова зьяўляецца і прыметнікам; із — камень і каменны; зэр — дождж і дажджавы. Таму
рэчка, да прыкладу, можа называцца із або зэр і мець значэньне “каменная” і “дажджавая”
адпаведна, г. зн. із і зэр у дадзеным выпадку паказваюць прыкмету, а
не характарызуюць раку як “камень” або “дождж”. Да такога назоўніка-прыметніка
далучаюцца гідранімічныя элемэнты: -ва — “рэчка”, -ю — “рэчка”, -ёль —
“рэчка”, -вож
— “доплыў”, -чер
— “доплыў”, -ор
— “рэчышча”, -адз
(чытаецца адзь) — “даліна”, -ты — “возера” і інш.
Найбольш распаўсюджаны на
пермскай тэрыторыі назвы з элемэнтам -ва. Шмат такіх гідронімаў і ў Беларусі: Дзіва, Дзітва, Езва, Зэльва (Зальвянка), Ізва, Лахазва, Лахва, Лонва, Маргва, Маства, Надва, Наква, Нарва, Пульва, Сасва, Талва, Тонва і
інш. Усе пералічаныя адшыфроўваюцца або з пермскага, або з іншага фіна-угорскага
матэрыялу: Дзіва
— комі-зыранск. ди
“астравок”; Дзітва
— комі-пермяцк. дзит
— “сініца”; Езва — комі-пермяцк. езь “язь”; Зэльва — комі зэр — “дождж”, дзель — “ягня”; Ізва — агульна-пермск. из
“камень”; Лахва
— комі-пярмяцк. ляга
“дрыгвяністая мясцовасьць”; Лонва — комі лонь — “ціхі, спакойны”; Маргва
— ад макшанск, морга
“сук” (у мовах комі вож “сук” і “доплыў”); Маства — эст. must “чорны”; Мытва
— комі-пярмяцк. мыт
“панос”, удмурцк. мыт “цёмны”; Надва — венг. nad “трысьнёг, чарот”,
параўн. таксама ненецк. надо — “яр”; Наква
— комі-зыранск няк
— “сасок, грудзі” (А. С. Крывашчокава-Гаптман назву ракі Нёнь у Пермскай вобласьці тлумачыць таксама праз нень — “сасок, грудзі”; мабыць, сэнс назвы ў тым, што рака малаводная. але са смачнай
вадой); Нарва — комі нар “нары” (ложак з дошак або жэрдак) у сэнсе
“сонная” (характэрна, што другая назва Нарвы — Няцеч); Пульва — удмурцк. пул.
“дошка” (пад Магілёвам ёсьць рэчка Даска); Сасва — комі сос “рукаў”, сос “брудны, паганы”; Талва
(калі аснова не перакладзеная — “талы”) — комі тэль “густыя зарасьці сасоньнікаў”;
Тонва
— комі тон “учорашні” (у сэнсе — якая занепадзе), комі дон “чысты”. Цікавая будова
гідроніма Лахазва,
дзе спалучаюцца два пермскія моўныя фарманты — -ва і -адз, асновай жа можа быць комі-зыранск.
лёк
“глухі непраходны лес на балоце”: Лёк-адз-ва — Лахазва.
Фармант -адз сустракаецца і ў іншых
гідронімах у Беларусі: Беседзь, Ізледзь, Іпуць, Ловаць, Моўчадзь, Навуць. Покаць.
У большасьці з іх этымалёгія даволі празрыстая: Беседзь — комі нось
“гарачы”; Іпуць
— комі-зыранск. ыб
“узвышша” (параўн. таксама назву іншай беларускай рэчкі — Іпа); Ловаць — комі лов —
“вольха”; Покаць
— комі пок
“ікра”. Аснову Нав-
можна супаставіць з комі-зыранск. навег “лой”, дзе -ег — суфікс. У назьве Ізледзь,
відаць, аснова не ізл- а -із, што ўзыходзіць да агульнапермск. из
“камень”, гук (л) устаўны, каб не зьлівалася аснова з гідранімічным тэрмінам
(параўн. назву рэчкі ў Комі рэспубліцы — не Изёль, а Изъёль). Толькі для асновы
Моўч-
у гідроніме Моўчадзь
няма ў пермскіх мовах адпаведнікаў, але яна ўжо, мабыць, перакладзеная, бо фіналь
гідроніма застаўся пермскім, гэта падкрэсьліваецца і наяўнасьцю ў Верхнім Падняпроўі
назвы рэчкі Молча
(па-комі “маўчаць” — ланьтны, аснова гэтага дзеяслова, відавочна,
дала гідронім Лань).
Гідранімічны элемэнт ю-
“рэчка” у расейскіх гаворках пераходзіць у я,
параўн. Косью — Косья, Лемью — Лемья. Зразумела, што тое самае павінна было
адбыцца і ў гаворках беларускіх. І сапраўды, мы маем такія гідронімы, як Вілія,
Гадзея, Гаўя, Ілья, Лідзея, Мярэя, Тачыя. Тур’я. Тут трансфармаванай пермскай
фіналі папярэднічае пермскі апэлятыў: Вілія — комі виль — “новы”; Гадзея
— комі кад
— “дрыгва”; Гаўя
— комі гов.
— “галавень” (рыба); Ілья — комі ыли — “далёкі”; Лідзея — комі видз
— “луг”; Мярэя
— удмурцк. мер
“глина”; Тачыя
— комі-пярмяцк. тач-тач
(гукаперайманьне трэску); Тур’я — комі тури — “журавель”. У расейскіх
гаворках ю
можа зьмяняцца на й: Вежаю — Вежай, Сусаю — Сусай. І ў Беларусі
сустракаюцца такія назвы рэчак, напрыклад: Мрай — комі омра
— “дзягіль”; Камай
— удмурцк. кама
— “бабёр”.
Цікава, што ў Беларусі з
канчаткамі -я,
-й
сустракаюцца і азёрныя назвы: Арлея, Галбея, Карцэя, Псуя, Лучай, Танай. З пункту
гледжаньня беларускай граматыкі гэта няправільныя формы, бо яны не спалучаюцца
з назоўнікамі ніякага роду возера (канчатак -я маюць назоўнікі жаночага роду),
што сьведчыць пра іх іншамоўнае паходжаньне. Вышэй пералічаныя азёры, згодна з
“Энцыклапедыяй прыроды Беларусі», праточныя, вада ў іх цячэ марудна, што
набліжае іх да рэчак. Таму і у назвах азёраў на месцы -я мог быць фармант -ю.
Тым больш, што і асновы такіх назваў вынікаюць з пермскага або іншага
фіна-угорскага матэрыялу: Арлея — комі-зыранск.
оров
“прамывіна”; Галбея
— комі-зыранск. колип
— “тонкі лёд”; Карцэя
— комі-пермяцк. карч
— “гародніна”; Псуя
— комі пось
— “гарачы” (макшанск. пси з тым жа значэньнем); Лучай — комі-зыранск. лоч —
“сіло на ляснога зьвера”; Танай — комі тон — “учорашні”, дон —
“чысты” (у назьве рэчкі Тонва).
Нельга не зьвярнуць увагі і
на такі своеасаблівы элемэнт азёрных назваў, як — ты: Вісяты, Войты, Чарты,
Астравіты і інш. Гэта зноў жа “няправільныя” гідронімы, бо назва возера стаіць у
множным ліку. Усё становіцца на свае месцы, калі прыгадаць, што возера па-пермску
-ты.
Назвы тыпу Вісяты, Войты маюць і выразна пермскія асновы: Вісяты — комі вис —
“пратока”; Войты
— комі-зыранск. вой
— “поўнач” (напрамак сьвету); Чарты — комі чер — “доплыў”. А ў назьве Астравіты
аснова перакладзена: відаць, пермскую аснову — ди (рэчка Дзіва) замянілі на “востраў”, а прывычнае -ты пакінулі.
Як ужо было сказана, фармант
-ты
для назвы возера нелягічны з-за ўяўнага множнага ліку. Таму ў беларускіх
гаворках ён натуральна трансфармуецца ў -та: Асвята, Набіста, Падавута, Сясіста, Цёста.
Апрача возера Астравіты ёсьць яшчэ два пад назваю Астравіта. Возера Швакшты
завецца яшчэ і Швакшта.
Такім чынам, гідронімы
угра-фінскага паходжаньня сустракаюцца ў Беларусі даволі часта. А вось балцкі
элемэнт упэ
“рэчка” — толькі двойчы: у Ваўкавыскім раёне (Няпута) і ў Пастаўскім
(Лынтупка). Але і тут можна выдзяліць частку -туп, тады атрымаеш такую структуру:
Ня-тупа, Лын-тупка. У гэтым выпадку можна знайсьці адпаведнік і ў пермскіх
мовах — комі-зыранск. тупу — “дуб”.
Рэканструкцыі беларускіх
гідронімаў на балтыйскай моўнай глебе пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца сумнеўнымі.
Так, Арэса
ўзводзіцца да летувіскага аres “кулік”. А ў Комі рэспубліцы ёсьць рэчка Арес (па-комі арос -
рака з восеньскім разводзьдзем).
Аб колішнім існаваньні ў
Беларусі пермскіх гаворак сьведчыць і наша мова. Прывядзем частку заўважаных намі
беларуска-пермскіх моўных паралеляў (беларускія словы ўзяты з “Этымалагічнага
слоўніка беларускай мовы”: агіба — “дрыгва” — комі-зыранск, гыбад
— “дрыгва”; аціца
— “падзёнка (матылёк, што жыве адзін дзень) — комі отик — “адзін”; ацупак
— “абрубак палена” — комі-зыранск. пшупны (чытаецца чупны) — “секчы, сьсекчы”; ацягі
— “мяккія адходы пры апрацоўцы ільну” — комі-зыранск. тэг — “ломкі” (пра лён); ашушкацца
— “надзець на сябе шмат адзежын” — комі-зыранск. шуш — “ануча”; бадыль
— “сьцябло расьліны” — удм. боды — “сьцябліна”; батура — “балака, пустамеля” —
комі-пярмяцк. ботора
— “той, хто гаворыць хутка і манатонна”; буглёўнік, буглёк — “месца, дзе багата дробных,
адшліфаваных вадой каменьчыкаў” — комі-перм. бугыль — “нешта круглае, дробнае”;
вогер
— “сьветлы пераліў хваль на рацэ” — комі-зыранск. огыр — “вугаль, які гаворыць,
жар”; водва — “выток ракі” — комі-пярмяцк. воть — “кропля”; вушка — “восіла ў вядры” — комі-зыранск.
вуг
— “дужка”; вылва
— “вадзяны грэбень, падняты ветрам, хваля” — агульнапермск. выл —
“паверхня” («вада, рака»); гелда — “неўрадлівая шэравата-белая глеба” —
комі-зыранск. кельыд
— “бледны, сьветлы”; гегнуць — “памерці” — комі-зыранск. гегдыны
— “дубець, калець”, гірос — «дрэнная страва, варыва» — удм. гырезь
— “сыры, недавараны”; горд — “каліна” — агульнапермск. горд
— “чырвоны”; губа
— “трут, трутнік” — удм. губи — “грыб”; каландыш — “целяпень,
непаваротлівы чалавек” — комі-зыранск. карандыс — “кадушка”; капці — “лапці з вяровак”, капыл
— “кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак” — агульнапермск. каб —
“калодка” (часьцей для лапцяў) — удм. капыл (бел. магло ўзьнікнуць у выніку мэтатэзы п і л); ківенька
— “нагавор” — комі кив — “язык”; кілчак — “хвароба языка ў жывёлы”
— агульнапермск. кыл (кыв) — “язык”; тшак (чытаецца чак) — “хваравіты нараст на целе
жывёлы”; кокашы
— “ногі” — комі кок
— “нага”; котец
— “возера” — комі-зыранск. кота — “мокры, вільготны”; куга — “крык груднога дзіцяці» —
комі кага
— “дзіця”; кудэлык
— “скрыначка” — удм. куд — “скрынка” (-лык удмурцкі суфікс); кужань
— “кошык з бяросты” — удм. кужня — “кошык”; кулёма — “старэча” —
комі-пермяцк. кулом
— “сьмерць”; кумільганам,
кумільгам,
кумільгаю
— “хутка”, “хутка, як слова сказаць” — комі-зыранск. кумильган — “круцячыся, перакручваючыся”,
кумыльгаё — “віхурай кружыцца”; ліска — “шыпулькі сасны” — комі лыс —
“шыпулькі”; лыч
— націньне” — комі-пярмяцк. лыч — “націньне”; ломень — “пастка” — комі вом —
“рот, пашча”; ляха
— “нізіна”; — комі-пярмяцк. ляга — “дрыгвяністая мясьціна”; муглаты
— “бязрогі” — удм. мугло — “бязрогі”; мугніць — “мармытаць” — удм. мугылляны
— “мямліць”; насэнтарыць
— “напакаваць, накласьці надта шмат” — удм. сэндра — “палаткі” (калі на воз
пакласьці столькі, колькі зьмяшчаецца на палатках, то сапраўды будзе надта шмат).
У гэтым сьпісе наўмысна сабраныя
галоўным чынам дыялектныя, а часам і вузкадыялектныя словы, якія не маюць
адпаведнікаў у расейскай мове, каб нельга было падумаць, што яны прыйшлі да нас
з Уралу праз Расею. Больш за тое, сярод паказаных пермскіх паралеляў ёсьць і
такія, што ў пермскіх мовах не існуюць як словы. Такіх слоў, як водва,
вылва,
кілчак
у комі-зыранскай, комі-пярмяцкай і удмурцкай мовах няма. І ў той жа час яны несумненна
пермскія. Адсюль зразумела, што яны маглі трапіць у беларускую мову толькі з пермскіх
гаворак Беларусі, дзе былі ўтвораныя ад агульна-пермскіх каранёў.
Шмат пермскіх слоў
сустракаецца і ў летувіскай мове: andai — “нядаўна” — комі-зыранск. онтай
— “нядаўна”; baras —
“участак” — комі-зыранск. бор — “участак”; gardas — “загон”, “стойла” — комі карта — “хлеў”; іеdа — “сіла” — удм. егит —
“малады”.
Асобныя пермскія карані існуюць
як у беларускай, так і ў летувіскай мовах, прычым да пермскага значэньня
аказваецца бліжэйшым то беларускае запазычаньне, то летувіскае: комі-зыранск. гез
«вяроўка» — летув. діцюу “станок для віцьця вяровак” — бел. гізка
“прылада для лоўлі ракаў” (робіцца вяроўка); удм. куд “балота” — летув. бвжмгк “ставок
або балота, якое парасло кустоўем — бел. кудра «невялікі вадаём», «кустоўе»; удм. купырес
«гарбаты» — бел. купра «горб, карак, бядро» — летув. курра “горб”. Беларускія словы з
гэтых трыяд этымолягі лічаць балтызмамі. Мабыць, насьпеў час перагляду
беларуска-балцкіх моўных дачыненьняў з улікам фіна-угорскага фактару, у прыватнасьці,
пермскага.
У выніку дасьледаваньня 10-11
тысяч беларускіх прозьвішчных асноў М. Бірылам зроблена выснова, што 33 % іх —
“цёмнага” паходжаньня” [Бірыла М. Беларуская
антрапанімія. Мн., 1969. Ч. ІІ. С. 14.]. Не падлягае сумненьню, што
вельмі значная частка гэтых “цёмных” антрапонімаў — фіна-угорскія. Дасьледаваньне,
зробленае аўтарам гэтых радкоў, паказала, што не меней за 200 з іх
адшыфроўваюцца з дапамогай комі-пярмяцкай мовы. Пры гэтым разгледжаны шэраг
рэгулярных пермскіх суфіксаў [Ласкоў I. Нашчадкі
таямнічае літвы. // Полымя. 1991. № 8.]. Яшчэ болей (прыблізна 500-600)
прозьвішчных асноў адшыфроўваецца з дапамогай удмурцкай мовы вынікі яшчэ не
падрыхтаваны да друку). Па назіраньнях, нямала прозьвішчных асноў раскрываецца
і пры дапамозе мардоўскай ды эстонскай моваў. Адзначана больш за два дзесяткі
беларускіх слоў эстонскага паходжаньня.
З усяго сказанага вынікае,
што этнагенэз беларусаў значна больш складаны, чым уяўлялася раней. Фіна-уграмі
былі не толькі летапісная літва, а, падобна, і іншыя плямёны, больш дробныя і
таму асіміляваныя раней. Аб гэтым сьведчыць шырокая распаўсюджанасьць у
Беларусі фіна-угорскіх гідронімаў: Дзьвіна і Нёман, Буг і Прыпяць, Сож і
Бярэзіна, безьліч іншых — усе гэтыя назвы пры аб’ектыўным падыходзе аказваюцца
фіна-угорскімі. А для таго, каб назвы рэк захаваліся, трэба было, каб людзі, якія
іх далі, засталіся жыць на тых самых берагах, пра што комі краязнаўца А. Цэмбер
пісаў яшчэ ў дваццатыя гады.
Вядома, што эпоха прозьвішчаскладаньня
— гэта XVI-XVII стст. І раз мы маем столькі прозьвішчаў фіна-угорскага паходжаньня,
то, значыць, фіна-угорскія гаворкі ў Беларусі дажылі аж да гэтых часоў. Значыць
этнастварэньне беларускага народа з разнародных складнікаў (славяне, фіна-угры,
балты) завяршылася ўжо тады, калі беларусы паступова страчвалі сваю дзяржаўнасьць
у складзе Рэчы Паспалітай, а потым Расеі. А страта дзяржаўнасьці магла адбіцца
негатыўна на моўнай і духоўнай кансалідацыі этнасу. Адсюль і нізкая
нацыянальная сьвядомасьць беларусаў.
/ Беларусіка
- Аlbaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці
беларусаў. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Маладзечне
19-20 жніўня 1992 г. Мінск. 1992. С. 78-84./
ДАВЕДКА
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у
Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым
рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва
(1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”;
у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году
ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае
аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў
звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса
“Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за
штатам) ды заг. аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства.
Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП
СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе
Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz