Іван Ласкоў
ЖАМОЙЦКІ ТУПІК
“Аніводнае імя так званых
літоўскіх князёў не раскрываецца з літоўскай мовы” — з гэтых слоў М.
Ермаловіча, прачытаных у газэце “Студэнцкая думка”, і пачалося маё дасьледаваньне
сваяцтва летапіснай літвы, што мела на мэце доказ яе этнічнай самабытнасьці, нязвязанасьці
з сучасным летувіскім народам /жамойцю/.
За чатыры гады ў “ЛіМе” ды
“Полымі” мной надрукавана некалькі вялікіх артыкулаў, якія падыходзяць да акрэсьленай
праблемы з розных бакоў і, здавалася б, даводзяць. прычым аргументавана, што літва
не была балцкім племем. Але складваецца ўражаньне, што гэтыя артыкулы — прамовы
ў пустэчу. Ніхто з навукоўцаў іх нібыта не чуе. Зазірнеш у любую найноўшую
працу па гісторыі Беларусі — толькі і бачыш: балты, балты, балты... А маю
гіпотэзу ніхто не толькі не ўлічвае, але нават і не згадвае, быццам яна зусім
не існуе.
Здагадацца. чаму адбываецца
так, можна. Сьцьвярджэньне, што літоўскія імёны не раскрываюцца з летувіскай
/жамойцкай/ мовы, у друку Беларусі яшчэ нікім не даводзілася. М. Ермаловіч яго
толькі выказаў, абапіраючыся на чужую працу з мінулага стагодзьдзя. Я ж успрыняў
яго як штось даведзенае, І гэтую тэму з аргумэнтамі ў руках не закранаў. А тым
часам, сёньня на слова ніхто не верыць. І шмат людзей, якія прывыклі думаць, што
летапісная літва — продкі летувісаў, перакананыя, што нераскрывальнасьць
літоўскіх імёнаў з летувіскай мовы — выдумка псэўдадасьледчыкаў. якія імкнуцца
да шумнай, але таннай славы.
Давайце ж нарэшце пагаворым
пра гэта, пабачым на ўласныя вочы тое, што павінна ўжо было б зрабіцца ў
беларускай гістарыяграфіі аксіёмай.
На неадпаведнасьць літоўскіх
імёнаў летувіскай мове зьвярнулі ўвагу яшчэ болей чым сто гадоў назад. Быў такі
вядомы філёляг, знаўца лаціны ды грэцкай мовы — Уладыслаў Норбертавіч Юргевіч
/1818-1898/. Жыў у Адэсе, дзе выкладаў, здаецца, у гімназіі, адначасова займаючыся
навуковымі дасьледаваньнямі ў галіне філялёгіі. Ён і выдаў у 1884 годзе ў
Маскве брашуру “Опыт объяснения имен князей
литовских” /шчыра дзякую Міколу Іванавічу Ермаловічу за фотакопію
гэтай працы, дасланую мне ў Якуцк/. Вось што
ён пісаў напрыканцы: “Представив мой
опыт имен литовско-русских /У.
Юргевіч лічыць, што літоўскія імёны ў сапраўднасьці скажоныя хрысьціянскія. —
І. Л./, я не могу не поместить
здесь курьезного объяснения их, сделанного двумя литовцами Даниллом и Доугдарисом,
напечатанного в Петербургской польской газете “Tygodnik Peterburski” за 1650 г.
17 июля.
Ягелло или Ягайло, по мнению Данилова /так у
тэксьце. — І. Л./ означает первое если
боль, второе если жаль. По мнению
Доугдариса это имя означает дельного
всадника от литовского глагола ять
/ехать/ и галеть /мочь/.
Кейстут, у Даниллы изменяющийся, у Доугдариса распаляющий,
разогревающий, потому что кейсто значит согревать.
Кориат должно быть, как думает Данилло,
правильно Кориант «повестил на» или Курайт «куда идти», по Доугдарису воин и составлено из коре «война», ять «ехать».
Гедимин, как объясняет Доугдарис, значит
превосходный певец /.../ То же имя, по Данилле, состоит из геди «стыд» и мин «топчет,
попирает». Видно, этот князь был бесстыдным от рождения!
Свидрыгайло у Даниллы значит сердца жаль; у Доугдариса состоит из вить «гнать», рыть «уничтожать, истреблять» и галеть «мочь», следовательно, значит догнав, могущий уничтожить.
Скиргайло у первого отнимает боль, у второго могущий делить. Скирть «делить» и галеть
«мочь».
Войшелг, Вайшилг у первого долгое пребывание, у второго Войсен, Войтовт, Вейтас значит волостной староста /Wojt/.
Витовт у первого погоняющий, у второго могуший
догнать. То же значение он находит и в имени Витень. В подобном роде у них и объяснение и других слов”.
Як бачым, У. Юргевіч
заўважыў, што, па-першае, у летувісаў няма згоды ў адшыфроўцы імёнаў — быццам
бы летувіскіх; па-другое, адшыфроўкі атрымліваюцца дзівацкімі.
Прайшло 140 год з дня
публікацыі распрацовак Даўгдарыса і Даніллы. І вось у аднатомнай энцыкляпэдыі
“Литва”, у
артыкуле “АНТРОПОНИМЫ” чытаем:
“Сначала двухосновные личные имена /маюцца на ўвазе княскія імёны.
— І. Л./ имели благородный ономастический смысл: имена отражали человеческие
качества, которые высоко ценились в народе /напр., «Гинтаутас» — «защищающий
народ»/. Наиболее распространенные основы деепричастных личных имен: таут-/«таута» — народ/, кант- /«кантрус» — терпеливый/, мин- /«минтис» — мысль/, вил- /«вильтис»
— надежда/, гайл- /«гайлетис» —
жалеть/. С
течением времени система двухосновных личных имен утратила связь с
нарицательными словами. Личные имена начали образовываться из механически слагаемых
компонентов, поэтому смысл многих двухосновных имен стал трудно объяснимым” /выдзелена мной. — І. Л./.
У энцыкляпэдыі гэтыя артыкулы
не падпісаныя. Але ў заключэньні тома сказана, што ў яго складаньні бралі ўдзел
А. Ванагас, З. Зінкявічус і іншыя найбуйнейшыя мовазнаўцы Летувы. Выйшла «Литва»
ў 1989 годзе. Значыць, прыведзеную з яе характарыстыку можна лічыць апошнім
словам летувіскага мовазнаўства ў тлумачэньні княскіх імёнаў. І вось гэтае
апошняе слова прызнае, што “смысл
многих двухосновных имен стал трудно объяснимым”, г. зн.
адшыфраваць іх не могуць.
Пры гэтым аўтар артыкула “Антропонимы”
/так і будзем яго называць ніжэй/ адважваецца на вельмі рызыкоўны пасаж. Ён
заяўляе, што спачатку двухасноўныя літоўскія імёны даваліся з “высакародным
анамастычным сэнсам”, цалкам зразумелым, а потым сталі кампанавацца мэханічна,
з-за чаго сэнс разбурыўся. Такім чынам, найболей зразумелыя — гэта, на ягоную
думку, найболей старажытныя імёны. З гэтым наўрад ці згодзіцца хоць адзін
аб’ектыўны філёляг. Наадварот, найменей зразумелыя антрапонімы, этнонімы,
тапонімы — гэта якраз найстаражытнейшыя, з
забытым сэнсам асноў. Не думаю, што аўтар артыкула ў “Литве” гэтага не разумее. Дык
для чаго спатрэбіўся такі тэзіс? Ды каб хоць неяк растлумачыць той дзіўны факт,
што летувіская навука не можа адшыфраваць імёны, дадзеныя ў “летувіскай” мове.
Важна падкрэсьліць: аўтар “Антропонимов” зусім
не гаворыць, што сэнс нейкіх асноў страчаны. Ён упэўнена перакладае іх адну за
адной: товт /у яго “таут”/ —
“народ”, мин — “думка”, вил —
“надзея”, гайл — “шкадаваць”...
Словы таута, мінтіс, вільтіс, гайлетіс маюцца і сёньня. Усе яны
шырока ўжывальныя. Калі яны ў летувіскай мове былі і ў часы ўтварэньня
двухасноўных імёнаў, то тым болей і тады сэнс іх асноў быў зразумелы. Значыць,
людзі з цалкам зразумелых каранёў сьвядома ляпілі бязглузьдзіцу, каб называць
ёю сваіх дзяцей?
І з чаго аўтар “Антропонимов”
узяў, што Гінтаутас /у летапісах Гинтовт/ — найстаражытнейшае літоўскае
імя? Чым ён можа тое пацьвердзіць? Упершыню яно згаданае, здаецца, пад 1401
годам /гл. П. Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў.
Мюнхэн - Нью-Ерк, 1972, с. 51/. Дык няўжо яно старэйшае за такія, як Миндовг, Войшелк, Товтивил, Довмонт, вядомыя з летапісаў XIII
стагодзьдзя?
Цяпер паглядзім, ці ўсё ў
парадку ў аўтара “Антропонимов” з перакладам. Аснову мин ён узводзіць да мінтіс — “думка”. Але ў
мінтіс корань — мінт /мінтіті — “думаць”/. Зразумела, што
гэты корань уваходзіў бы ў імёны ў выглядзе минт, а не мин. Гэта ясна паказвае аснова шматлікіх
літоўскіх імёнаў монт, што захоўвае
“т” не толькі напрыканцы імя /Скирмонт,
Жигмимонт/, але і ўсярэдзіне /Монтвил, Монтигирд/, адрозьніваючыся ад мінт-
адным галосным гукам. Гэтаксама ў розных пазыцыях захоўваецца канцавое “т” і
асновы товт /Витовт, Товтивил/. Ды яшчэ
ў летувіскай мове маецца слова мінті
— “таптаць”. Ці ж няясна, што ў такіх умовах усячэньне мінт- да мін- прывяло б
да зьмены сэнсу?
Значыць, калі зыходзіць з
летувіскага моўнага матэрыялу, мін-
куды больш правільна ўзводзіць да мінті
«таптаць», як і рабіў Данілла, раскрытыкаваны У. Юргевічам. Але з “таптаць” не
атрымліваецца “высакароднага анамастычнага сэнсу”, імя Гедимин з ягонай дапамогай адшыфроўваецца як “топча сорам”. І аўтар
“Антропонимов” прыцягвае нерэальнае ў дадзеным выпадку мінтіс. Толькі “сорам-думка” ці нашмат высакародней, чым
“сорам-таптаць”?
А аснова вил,
сьцьвярджае аўтар “Антропонимов” — гэта корань слова вільтіс
/“надзея”/. Сапраўды, у вільтіс
корань віл-. Але гэтае слова
паходзіць ад вільтіс “спадзявацца”,
тое ж, у сваю чаргу, ад вільті —
“падманваць у надзеях”, “расчароўваць”. Незразумела? Рэч у тым, што вільтіс “спадзявацца” дзеяслоў
зваротны, на што паказвае канчатак -тіс,
які адпавядае нашаму - цца, расейскаму
-ться. А вільті — з тым жа коранем дзеяслоў прамы. Зваротны дзеяслоў —
фактычна складанае слова, у якое ўключаецца займеньнік “сябе”. Такім чынам,
летувіскае вільтіс “спадзявацца”,
калі яго супаставіць з вільті
“расчароўваць”, “падманваць у надзеях”, азначае фактычна “расчароўваць сябе”,
“падманваць у надзеях сябе”. Зразумела, што асобна ўзяты дзеяслоўны корань, без
канчатка, які надае зваротнасьць, успрымацца ў зваротным сэнсе не можа /мыць
аніяк не можа даць сэнсу “мыцца”/. Адсюль ясна, што корань віл-, уваходзячы ў імёны без -тіс,
не можа азначаць тут “надзею”, і калі б ён быў сапраўды летувіскім, то за ім
стаяла б “расчароўваць”, “падманваць у надзеях”, што не толькі не надае
“высакароднага анамастычнага сэнсу”, а і ўвогуле не стасуецца да імя, бо не
могуць жа бацькі жадаць свайму дзіцяці, каб яно, падросшы, “расчароўвала”,
“падманвала ў надзеях”. Возьмем імя Товтивил
/летувісы пішуць Таутвіла/. Згодна
са схемаю аўтара “Антропонимов” /народ + надзея/, яно адшыфроўваецца прыгожа /“Народная надзея”/.
Аб’ектыўна ж — “Народнае расчараваньне”, “Народны падман у надзеях”.
Зрэшты, нават і з тымі значэньнямі
асноў, якія называе аўтар “Амтропонимов”, далёка не заўсёды выходзіць гладка.
Вось, напрыклад, імя Мингайло /літоўскія імёны ў гэтым артыкуле мной падаюцца згодна з
летапіснымі напісаньнямі/. Мин, паводле аўтара, “думка”, гайло —
“шкадаваць”. А як жа гэта зразумець? “Думка шкадуе” або “Думку шкадуе”?
А вось яшчэ імя з элемэнтам гайло: Скиргайло. Па-летувіску скірті
“рэзаць” або “дзяліць”. Значыць, зьмест імя Скиргайло — “рэзаць-шкадаваць” або “дзяліць-шкадаваць”. Абракадабра!
Дый увогуле ясна, што такая
аснова, як “шкадаваць”, можа прыдацца толькі для вельмі абмежаванай колькасьці
імёнаў, у выглядзе выпадковага выключэньня, бо шкадаваньне каго або чаго можа быць
зафіксавана ў імені? Бацькі? Маці? Свайго племя? Але ці бачыў старажытны
чалавек нейкую карысьць у бязьдзейным шкадаваньні? Думаецца, што ў імённых
формулах на месцы “шкадаваць” ён хутчэй ужыў бы “берагчы”, “абараняць”. Тым
часам, з гайло імёнаў — цэлыя прыгаршчы: Мингайло, Яргайло,
Сенгайло, Наргайло, Пунигайло, Кешгайло, /Кезгайло/, Монтигайло /Мунтигайло/, Дангайло, Вежгайло, Довгайло, Виликайло, Нигайло, Стригайло, Коригайло, Ягайло, Швинтригайло /Свидригайло/, Скиргайло,
Сунигайла, Свугайла /з кніг У.
Юргевіча, М. Улашчыка “Введение в изучение белорусско-литовского летописания” ды П. Урбана/. І калі падысьці да
першай асновы іх з летувіскім слоўнікам, атрымліваецца часам такая лухта, што
немагчыма стрымаць усьмешку: Мингайло
— “таптаць-шкадаваць”, Наргайло —
“гагара-шкадаваць” або “член-шкадаваць”, Вежгайло — “везьці-шкадаваць” або
“рак-шкадаваць”, Ягайло —
“ехаць-шкадаваць” /першая частка гэтага імя звычайна выводзіцца з йоті “ехаць”/ і да т. п. А да цэлага
шэрагу імёнаў увогуле не знаходзіцца блізкіх па форме апэлятываў.
Аўтар “Антропонимов” прыводзіць
з перакладам усяго пяць “найболей распаўсюджаных” асноў княскіх імёнаў: товт /у яго таут-/, кант-, мин-, вил- ды гайл-. Пры гэтым
ён моцна хітруе. На першае месца ставіць таут-
з “высакародным сэнсам”, а гайл- на
пятае. У сапраўднасьці ж з прыведзенай пяцёркі найболей пашыраная — якраз гайло, бо імёны з ёю перабольшваюць
імёны з товт ледзь не ўтрая /з товт вядомыя Витовт, Бутовт, Монтовт, Товтивил, Товтигерд, Гинтовт, Гаштовт/. У лік “найболей распаўсюджаных” трапіла ў аўтара і аснова
кант-, якая ў кнізе М. Улашчыка
сустракаецца толькі, здаецца, аднойчы ў варыянце Выконт імя Викинт /Н. Н. Улащик. Введение в изучение
белорусско-литовского летописания. М., 1985, Імённы паказальнік/. А вось аснову монт /з варыянтам мунт/ не згадвае зусім, хаця імёнаў зёю яшчэ болей, чым з гайло. Гэта па колькасьці ўвогуле
рэкардсмэн сярод асноў літоўскіх імёнаў: Акгимонт, Амонт
/Ямонт/, Видимонт, Гермонт, Довмонт, Жигимонт, Норимонт /Наримунт/, Ольгимонт, Писимонт, Скилмонт, Скирмонт /Скирмунт/, Рымонт, Монтвил, Монтигайло /Мунтигайло/, Монтигирд, Монтовт /паводле кніг М. Улашчыка, У. Юргееіча ды “Белоруссия и Литва”. СПб, 1890/; Валімунт,
Крымунт, Кімунт, Мінімунд, Сугімунд, Момтрам /П.
Урбан. У сьвятле гістарычных фактаў/. Чаму ж аўтар “Антропонимов” гэтую
аснову прапусьціў? Ды таму, што не можа ёй даць прыстойнага тлумачэньня. У
летувіскіх варыянтах імёнаў замест монт
пішуць мантас: Скірмантас, Жігімантас, Нарімантас і г. д. А адзінае летувіскае
слова, якое супадае гучаньнем з гэтым мантас,
зьяўляецца манта — “маёмасьць”,
“манаткі”, “рэчы”. І ў імені Скірмантас,
дзе першую частку можна супаставіць з летувіскім скірті “дзяліць”, канцы з канцамі нібыта зводзяцца: “дзяліць-маёмасьць”
— гэта, зразумела, не Владимир
/“владеть миром”/, не Всеволод
/“всем владеть”/, але штось блізкае да іх. А вось Гермонт, дзе першую аснову могуць вытлумачыць праз гярас “добры”: “добрая маёмасьць” — ці
ж можа такое імя быць дадзена чалавеку, дзіцяці? Жігіс — “паход”; значыць, Жігімантас
— “паходная маёмасьць”? А ўзяць Момтигайло:
“маёмасць-шкадаваць”. Вядома, маёмасьць трэба шкадаваць. Але няўжо княскаму
сыну маглі даць імя як пажаданьне “шкадаваць маёмасьць”? Монтвил — “маёмасьць + ашукваць надзеі”, Мінімунд — “таптаць-маёмасьць”... А ёсьць і такія імёны з монт/мунт, да якіх апэлятываў зусім не падбярэш. Дый няўжо незразумела,
што не магла вярхушка фэадальнага грамадзтва /а двухасноўныя імёны належалі
якраз ёй/ надаваць такое значэньне маёмасьці, каб па-купецку, па-ліхвярску
ўвесь час думаць адно пра яе?
Хто-небудзь скажа: навошта гэты
бой з ценем, калі аўтар “Антропонимов” нават не згадвае монт,
для чаго даводзіць, што гэтая аснова не вырашаецца з манта? Рэч у тым, што спробы тлумачыць монт праз манта ўжо
былі: на “скірті + манта» разьбіваў імя Скирмонт ковенскі дасьледчык В. Рымша /гл. Балто-славянские исследования-1980. М., 1981, с. 201/.
Аднак нестасоўнасьць асновы манта
да вялікай колькасьці іншых занадта відавочная, каб яе не заўважалі. Таму яшчэ
ў 1971 годзе два летувіскія лінгвісты, Б. Савукінас ды К. Кузавініс, прапанавалі
іншую вэрсію паходжаньня монт быццам
бы ў старажытнасьці існавала слова мантус
/“кемлівы”/, утворанае з дапамогай пратэтычнага /прыстаўнога/ “т” ад маніті “думаць, меркаваць” /гл. Балто-славянские исследования-1980, с. 201/. З такой прапановай згодны не адзін В. Рымша /гл. яшчэ Системы личных имен у народов мира. М., 1989, с. 75/. Амэрыканскі
дасьледчык расейскіх прозьвішчаў, сярод якіх сустракаюцца і з монт /Бальмонт, Зимонт, Висмонт, з паходжаньня яны лічацца
летувіскімі/, піша: “Эти фамилии
соотносятся со славянскими именами на –мысл”
/Б. Унбегаун. Русские фамилии. М., 1989, с. 278/. А вось
аўтар “Антропонимов”
не стаў карыстацца ёю, і я здагадваюся, чаму. У аснове мин, узводзячы яе да мінтіс,
ён дапускае страту канцавога “т”, а К. Кузавініс з Б. Савукінасам, наадварот, сьцьвярджаюць,
што ў монт — дадатковае “т”, і калі
б ён гэтую гіпотэзу падтрымаў, выйшла б зусім непрыгожа: у адным выпадку “т”
адкідваем, у другім прышпільваем — дзе нам выгадна.
Выкажу яшчэ такое сумненьне:
калі мантус /“кемлівы”/ у свой час
было такое папулярнае, што з ім утварылася болей за 20 імёнаў, то чаму яно зьнікла?
Ясна ж, што ў першую чаргу паміраюць словы, якія маюць малы ўжытак.
А калі мантус і сапраўды існавала, то што гэта дае для адшыфроўкі двухчленных
літоўскіх імёнаў? Вернемся да Скирмонт. З манта
/“маёмасьць”/ яно яшчэ сяк-так вырашалася: “дзяліць-маёмасьць”. Калі ж дапусьціць,
што тут мантус, атрымліваецца
“дзяліць-кемлівы”! Што ж гэта за пажаданьне нашчадку: “умей дзяліць”? Няўжо
такое ўменьне важнае для шчасьця чалавека?
Або Монтигайло: “кемлівы-шкадаваць”. Няўжо для таго, каб шкадаваць,
патрабуецца кемлівасьць?
Мінімунд, калі ісьці за аўтарам “Антропонимов”, які сьцьвярджае,
што мін — “думка” /мінтіс/, адшыфруецца як
“думка-кемлівасць” — непатрэбная таўталёгія. А калі разглядваць мін як корань дзеяслова мінті — “таптаць” /чаго вымагае
летувіская мова/, то Мінімунд —
“таптаць-кемлівы”. Нішто сабе кемлівасьць: таптаць!
Монтвіл, калі згадзіцца, што вил
— гэта вільтіс /“надзея”/,
складзецца з “кемлівы-надзея”. Як гэта зразумець?
Падобныя недарэчнасьці ўзьнікаюць
амаль што кожны раз, калі спрабуеш адшыфраваць праз мантус шматлікія імёны з монт.
І гэта зразумела. “Кемлівы”, “разумны” і да т. п. не могуць утвараць шмат лягічных
спалучэньняў з іншымі словамі. Прытым паколькі яно само па сабе зьяўляецца азначэньнем,
то азначэньня для сябе, г. зн. другой асновы, не патрабуе. Тлумачальныя словы
да “кемлівы” могуць быць: “вельмі”, “хутка” — то яшчэ? /“Мала кемлівы” — такога
імя-пажаданьня я не ўяўляю/.
Тлумачэньне монт праз прыдуманае мантус не ўлічвае яшчэ той акалічнасьці,
што частка імёнаў на монт мае
варыянт з мунт. Чаму адно мантус дало ў славянскі х летапісах два
напісаньні? Амэрыканец сьцьвярджае, што Скирмунт — “восточно-литовская форма” /Б. Унбегаун. Русские фамилии, с. 278/. Аднак В.
Рымша, двойчы аналізуючы Скірмантас /Балто-славянские
исследования-1980, с. 201; Системы личных имен у народов мира, с. 75/, варыянта Скірмунт зусім не згадвае, з чаго можна заключыць, што ў
летувіскай мове няма дыялекту, у якім мантус
магло б перайсьці ў мунтус.
Цяпер пяройдзем да такой важнай
падрабязнасьці. Як летувіскія, так і шматлікія нелетувіскія дасьледчыкі
чамусьці перакананыя, што зыходныя формы імёнаў Миндовг, Войшелк, Скирмонт, Ольгерд ды г. д. — летувіскія Міндаугас,
Вайшвілкас, Скірмантас, Альгірдас,
г. зн. летувісы пішуць іх правільна, а нашы продкі, што складалі летапісы,
скажалі. Летувіскія напісаньні ўжо фактычна выціскаюць летапісныя з гістарычнай
літаратуры, энцыкляпэдычных выданьняў на расейскай мове. Дык давайце разьбяромся
ў гэтым.
Аніякіх летапісаў на
летувіскай мове не існуе і не існавала, бо летувіская мова займела пісьмовасьць
толькі ў 1547 годзе, дый пасьля гэтага гадоў 150 на ёй выдавалася толькі
рэлігійная ды мовазнаўчая літаратура. Такім чынам,
пры жыцьці Міндоўга, Войшалка ды іншых літоўскіх князёў
імёны іх на летувіскай мове не фіксаваліся, і сучасныя летувіскія напісаньні
гэтых імёнаў — толькі рэканструкцыя на падставе славянскіх, г. зн. дапушчэньні,
як яны маглі гучаць па-летувіску, а не аўтэнтычныя, дакумэнтальна зафіксаваныя
формы. Паглядзім жа, ці ў правільным кірунку ішла тая рэканструкцыя, ці
няма ў ёй нацяжак.
Монт, сьцьвярджаюць літуаністы, атрымалася з мантас. Выходзіць, у летапісцаў-славянаў з “а” пры напісаньні
княскіх імёнаў атрымлівалася націскное, добра чутнае “о”. Чаму, з якой прычыны?
Ці нашы продкі былі глухія? Ці, можа, у славянскіх мовах ёсьць такі закон —
запазычанае “а” перарабляць у “о”? Няма такога закона. А вось у летувіскай мове
запазычанае націскное “о” часта перарабляецца ў “а”: у нас Казлоўскі — у іх Казлаускас,
у нас Каліноўскі — у іх Калінаускас і г. д. Нарімантас у беларускім маўленьні
нізавошта не стаў бы Нарымонтам, бо беларуская мова ў дадатак яшчэ і
“акае”, схільная замяняць “о” на “а”, а не наадварот. Летувіс жа не можа
сказаць Нарімóнтас, бо гэта было б парушэньнем фанэтычнай
нормы. Значыць, першаснымі формамі ўсіх падобных імёнаў былі формы з монт — чужыя для летувіскай мовы, і гэта
пацьвярджаецца тым фактам, што не толькі ў летапісах — і ў разнастайных іншых
дакумэнтах, якія выходзілі з канцылярыі вялікіх літоўскіх князёў /напрыклад, Жыгімонта/ монт як мант і тым болей
мантас аніколі
не пісалася.
Тое сама тычыцца і асновы товт, якую летувісы перадаюць як таутас. Не пісалі б летапісцы Витовт,
калі б яго сапраўднае імя было Вітаутас.
Ці хаця б пісалі то так, то гэтак: то Витовт, то Витавт, а то і Витаутас. Але формаў Витавт ды Витаутас мы не сустракаем. Затое маюцца
іншыя варыянты, міма якіх аб’ектыўны дасьледчык не мае права прайсьці: імя Витовт у летапісах нярэдка пішацца як Витолт, а ў палякаў ён увогуле Вітольд. Ці магло Витолт, Вітольд
утварыцца з Вітаутас? Безумоўна, не.
Разважаючы над імем Витовт, прыходзіш да высновы, што ягонай першаснай формаю
было Витолт або Вітольд, а шырока прынятае Витовт
зьяўляецца вынікам беларусізацыі: вядома ж, што ў беларускіх гаворках у такой
пазыцыі “л” пераходзіць у нескладовае “у”, блізкае да губна-губнога “в”: па-расейску
волк, колтун — па-нашаму воўк, каўтун. А па-летувіску Витовт, узятае з летапісаў, можа вымаўляцца толькі як Вітаутас. Значыць, падсумуем: і Витовт — чужое для летувісаў імя. Таму,
дарэчы, і не складваюцца дзьве часткі ў такіх імёнах, як Товтивил /па-летувіску Таутвіла/,
Гаштовт /немагчыма падабраць першую
аснову/. Ды і там, дзе быццам бы складваюцца, фактычна атрымліваецца
“нескладуха”. Які сэнс укладзены ў адшыфроўку: Гинтаутас — “обороняющий народ” /Литва, с. 121/? Чалавек, які абараняе
народ, або народ, які кагосьці абараняе? У першым выпадку гэта імя з
“высакародным анамастычным сэнсам”, а ў другім — аніякае не імя, бо не маглі ж
чалавеку даць імя “народ”. А тым часам, у балцкіх мовах азначэньне заўсёды
стаіць перад азначаемым словам, і ў аніякім разе не наадварот. Параўнайце наша
“дружба народаў” з летувіскім tautu draugyste — поўным адэкватам нашага выразу /гл. Русско-литовский словарь в 4-х
тт. Вильнюс, 1983, т. 2/. Летувіская формула нашу быццам
бы пераварочвае: “дружба народаў” — “народаў дружба”. Такім чынам, калі
летувіскае імя двухчленнае, то галоўнай асновай у ім павінна быць абавязкова другая,
першая ж — азначэньне. І калі б
імёны Витовт, Гинтовт былі летувіскімі, то вядучай асновай іх была б таута “народ”. Але ж ні пры якіх
азначэньнях слова “народ” не можа быць імем чалавека. Значыць, гэтыя імёны для
летувісаў — чужыя.
Вось яшчэ адна выключна
важная асаблівасьць. У летапісах — Миндовг, Ольгерд,
Витовт. А летувісы тыя сама імёны /як і шмат іншых/ пішуць з “с” напрыканцы: МіндаугАС, АльгірдАС, ВітаутАС.
Такая ў летувіскай мовы рыса: калі слова канчаецца не на галосны гук, то абавязкова
— на “с”. Гэта — архаічны канчатак, які лічыцца сьведчаньнем вялікай
старажытнасьці і некранутасьці летувіскай мовы, а ў сапраўднасьці, магчыма,
зьяўляецца запазычаньнем з лаціны. Але гаворка не пра гэта. Ужываючы
пералічаныя ды іншыя імёны з гэтым “с” і ў напісаньні па-расейску, у чым можа
пераканацца кожны, хто возьме ў рукі хаця б энцыкляпэдыю “Литва”, летувісы,
такім чынам, сьцьвярджаюць, што канчатак “с” быў уласьцівы літоўскім імёнам ад
самога пачатку, а летапісцы, адкідваючы тое “с”, іх скажалі. Але навошта гэта
рабілася? Ці ёсьць у нашай мове закон, згодна з якім напрыканцы слова не можа
стаяць “с”? Няма такога закона, і “с” у зыходзе слова — беларускага,
расейскага, украінскага — бывае нярэдка: волас,
голас, колас, ліс, квас... Маюцца ў нас і імёны на “с”: Панас, Улас, Пратас, Тарас, Барыс. Вось гук “й” напрыканцы слова беларуская мова не церпіць,
дык і атрымалася з Афанасий — Панас,
з Власий — Улас. А “с”, як бачым,
пасьля гэтай “апэрацыі” якраз агаліўся, аказаўся напрыканцы, і паспрабуй адсячы
яго!
Не, наша мова супроць
канцавога “с” анічога не мае. І ў выніку ў летапісах нямала неславянскіх
імёнаў, якія канчаюцца на “с”. Так, у кнізе М. Улашчыка “Введение в изучение белорусско-литовского летописания”, што пераказвае летапісы, можна сустрэць /гл.
Імённы паказальнік/: Немонос,
Вилюс, Гедрус, Гравзиссус /Грависюс/, Игровкис, Кгровжс, Доспрунгус, Ейкшис, Ликшис, Эвксюс, Кернус, Кунос ды іншыя.
А для імёнаў з монт і товт ды шэрагу іншых, як Ольгерд, Кейстут, Гедимин, Миндовг, Войшелк — гэта далёка не ўсе! — М. Улашчык не дае аніводнага
варыянта з канцавым “с”. Гэта можа азначаць толькі адно: што першасныя іх
варыянты канцавога “с” і не мелі.
Значэнне гэтай, здавалася б,
дробязі ўспрымаеш адно тады, калі згадваеш, што канцавое “с” уласьцівае ўсім вядомым
балцкім мовам: летувіскай, латышскай, прускай, “яцьвяжскай” /мова племені, што жыло на Нараве, слоўнічак яе быў
знойдзены брэсцкім студэнтам В. Зіновым. Гл. пра гэта: Балто-славянские нсследовання-1983,
арт. 3. Зінкявічюса
“Польско-ятвяжский словарик?”/. Адсутнасьць абавязковага канцавога “с” у літоўскіх імёнах гаворыць за
тое, што мова летапіснай літвы не была балцкай.
Яшчэ цікавая дэталь.
Паглядзіце на такія пары варыянтаў: Скирмонт — СкирИмонт, Монтвил — МонтИвил.
Што такое “и” ў СкирИмонт перад монт, у МонтИвил
перад вил? Правільна: злучальны галосны гук. Злучальны “и”, і аніякі іншы
уласнасьць шмат якіх літоўскіх імёнаў: АкгИмонт,
ВидИмонт, ОльгИмонт, КорИбут, КорИгайло, МонтИгайло, МонтИгирд, ТовтИвил, ЭрдИвил ды інш. Таму і там, дзе яго няма /Ольгерд ды інш./ цалкам можна дапусьціць, што быў, бо гук “і” ў славянскіх
мовах даволі няўстойлівы: пасьля галоснага пераходзіць у “й” /вайна/, а пасьля
зычнага перад галосным — у нуль гуку /мгновение
— мгновенье/. З другога боку, у
славянскіх складаных імёнах таксама сустракаецца злучальны “і” /Мстислав, Ростислав/, таму можна было б падумаць, што злучальны “і” ўнесены ў
літоўскія імёны славянамі-летапісцамі, а ўвогуле яго не існавала. Але ў
славянскіх двухчленных імёнах у якасьці злучальнага галоснага выступае не
толькі “і”: Ярослав, Осмомысл — “о”, Изяслав — “я”, Всеслав — “е”. У літоўскіх жа імёнах злучальны галосны — толькі
«і», а«о» сустракаецца выключна рэдка і прытым у варыянтах /Минодовг, Жидомонт/, якія і можна якраз растлумачыць славянскасьцю летапісцаў.
Такім чынам, літоўскія імёны мелі злучальны гук, і гукам гэтым быў “і”.
А вось у летувіскіх складаных
словах злучальнага гуку няма. Як паказваюць назіраньні над слоўнікам, большасьць
летувіскіх складаных слоў уяўляе сабою мэханічна складзеныя асновы, хай бы
нават першая канчалася на зычны гук, а другая пачыналася з зычнага: юрлігэ — “марская хвароба” /юра — “мора”, ліга — “хвароба”/; дуонкубліс
— “дзяжа” /дуона — “хлеб”, кубілас — “чан”/; жямгріндас — “непрыкметная дарога пад вадой” /жямас — “нізкі”, грінда
— “гаць з бярвеньняў”/; жямдірбіс —
“земляроб” /жямэ — “зямля”, дірбті — “працаваць”/. Зрэдку між
асновамі ўзьнікае галосны гук, але гэта той самы гук канчатку, што ідзе пасьля
яе ў слове: мажашнякіс —
“малагаваркі” /мажас — “малы”, шняка — “размова”/. Можна з упэўненасьцю
сказаць, што злучальнага “і” ў летувіскай мове няма. Такім чынам, злучальны “і”
літоўскіх імёнаў таксама гаворыць за тое, што яны — не летувіскія.
Падвядзём рахунак. Гайло не можа быць летувіскім коранем,
бо гайлетіс /“шкадаваць”/ не ў стане
спалучацца з вялікай колькасьцю іншых асноў, а імёнаў з гайло да двух дзесяткаў. Па той самай прычыне не адпавядаюць аснове
монт летувіскія манта /“маёмасьць”/ і “рэканструяванае” мантус /“кемлівы”/, бо вядомых імёнаў з монт нават болей за два дзесяткі. У дадатак гіпотэза аб паходжаньні
монт ад гэтых слоў не пацьвярджаецца
фанэтычна /недаказальны пераход “а” ў націскное “о”/ і дыялектна /наяўнасьць,
апрача монт, варыянта мунт/. Нічога іншага да монт летувіская мова прапанаваць не можа,
таму і монт — аснова не летувіская.
Не адпавядае аснове товт летувіскае таута “народ”, бо праз яго, па-першае,
немагчыма вытлумачыць наяўнасьць варыянтаў толт,
тольд, па-другое, слова “народ” ані
ў якіх спалучэньнях не можа быць імем асобнага чалавека. Такім чынам, і товт — аснова не летувіская.
Тым часам, імёны з асновамі монт, гайло, товт складаюць ці
не 70-80 працэнтаў усіх літоўскіх двухчленных імёнаў. А ў іх, апрача монт, гайло, товт, уваходзяць
такія, як кор, вид, вил, мин, герд, скир, дов, гин /Коригайло, Видимонт, Товтивил, Мингайло, Монтигирд, Скирмонт, Довмонт, Гинтовт ды інш./. Значыць, і гэтыя
словы — не летувіскія. А з імі, у сваю чаргу, спалучаюцца яшчэ некалькі рэдкіх
асноў: бут, ат, ерд, гил /Корибут, Кориат, Ердивил, Гилигил/. І як бачым, нелетувіскімі зьяўляюцца каля 15 асноў літоўскіх
імёнаў. За іх межамі з вядомых княскіх імёнаў аказваюцца толькі Войшелк, Витень, Кейстут. Аднак
гэта зусім і не азначае, што хаця б яны — летувіскія, бо аніводнае з іх не
раскрываецца з дапамогай летувішчыны без нацяжкі. Войшелк летувісы пішуць Вайшвілкас,
лічачы першаснай выпадковую летапісную форму Войшвилок. Вайшвілкас
можна падзяліць адзіна на вайшус /“гасьцінны”/
+ вілкас /воўк/: сэнс дастаткова
цьмяны! Але каб ён і быў прымальны, усё роўна ў летапісах Войшвилок пішацца ўсяго разы са два, а Войшелк — шматразова. Витень ла-летувіску ВітянІс, такога слова ў
летувіскай мове няма. Кейстут
па-летувіску — Кястутіс, кясті — “цярпець”; але ж форма Кястутіс не ўлічвае, што ў асноўнай
летапіснай форме Кейстут пасьля “е”
стаіць “й”, якога летапісцы без дай прычыны ўставіць не маглі. Зрэшты, асобныя
імёны ў літвы маглі быць і летувіскімі. Літва жыла побач з продкамі летувісаў,
дык чаму не магла запазычваць у іх імёнаў, як запазычвала ў славянаў /Воін — брат Гедыміна/. Мабыць, у сваю чаргу і жамойць запазычвала літоўскія
імёны, з-за чаго і сёньня сустракаем у летувісаў прозьвішчы тыпу Рімантас.
Але аснову княскага іменьніка
складалі самабытныя двухчленныя антрапонімы, са злучальным “і”, якога няма ў
летувіскай мове, безабавязковага “с” напрыканцы слова, што робіць іх увогуле не
балцкімі, з нейкай сваёй, не летувіскай сэмантыкай. А філёлягі дагэтуль
топчуцца ў летувіскім, жамойцкім тупіку, імкнучыся праз яго дайсьці да ісьціны.
/Літаратура
і Мастацтва. Мінск. № 37. 17 верасня 1993. С. 14-15./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у
Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым
рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва
(1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”;
у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году
ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае
аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў
звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса
“Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за
штатам) ды заг. аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства.
Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП
СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе
Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz