sobota, 19 marca 2016

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Нашчадкі таямнічае літвы. Койданава. "Кальвіна". 2016.


    Іван Ласкоў
                                                    НАШЧАДКІ  ТАЯМНІЧАЕ  ЛІТВЫ
    Дайшла і да мяне ў Якуцку чутка, што купка мінскіх навукоўцаў, прачытаўшы ў «ЛіМе» (18 жніўня 1989 года) мой артыкул «Племя пяці родаў», дзе я выводжу імёны літоўскіх князёў з комі-пярмяцкай мовы, піша нататку, дзе маё ўласнае прозьвішча выводзіць з мовы... кітайскай.
    Жарт гэта або не жарт — мне невядома. Падобна, жарт. Што ж, я жарты люблю. Магу і з сябе пакпіць. Але да пытання аб паходжаньні і сваяцтве летапіснай літвы я ўсё-ткі прасіў бы нашых навукоўцаў паставіцца сур’ёзней.
    Хто мы? Крывічы, радзімічы, дрыгавічы? А мо таксама і яцьвягі, латыгола, лотва? Нарэшце, літва? Хто з вас можа сказаць, колькі прадстаўнікоў кожнай плыні ўвайшло ў наш народ? Колькі моваў пераварыла, перамалола тая, ад якой сёньня так гатовы мы адцурацца — ад вартаўніка да сакратара ЦК? Нічога пра гэта не ведаем мы, нічога.
    Мовазнаўца М. В. Бірыла на падставе вывучэньня сабраных ім беларускіх прозьвішчаў зрабіў такое заключэньне: “З пункту гледжаньня моўнай прыналежнасьці рэканструяваныя ўтвараючыя асновы (прозьвішчаў) характарызуюцца наступным чынам. Каля 55 працэнтаў іх знаходзіць тлумачэньне на базе лексыкі беларускай мовы, прыкладна б працэнтаў асноў — на базе лексыкі рускай мовы і каля 3 працэнтаў — на базе ўкраінскай. Цюрскага і літоўскага паходжаньня — прыкладна па 3 працэнты асноў. Каля 33 працэнтаў рэканструяваных асноў з’яўляюцца цёмнымі» (падкрэсьлена мною. — I. Л.).
    Трыццаць тры працэнты! Гэта ж трэцяя частка. Трыццаць тры працэнты нашых прозьвішчаў так і засталіся незразумелымі пасьля таго, як дасьледчык паспрабаваў адшукаць ім адпаведнікі не толькі ў рускай, украінскай, польскай, але і ў літоўскай, яўрэйскай і ледзь не ва ўсіх цюрскіх мовах.
    Адкуль жа яны ўзяліся, гэтыя таямнічыя трыццаць тры працэнты? Мне здаецца, крыніцу пэўнай часткі “цёмных” прозьвішчаў я знайшоў.
    Гэтую кнігу (М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі. Мн., 1969) я набыў у 1973 годзе, калі ўпершыню прыехаў у Мінск як жыхар Якуцка. Прыдбаў не толькі з цікаўнасьці, але і з практычных меркаваньняў. Кожны пісьменьнік ведае, як няпроста падабраць для сваіх герояў калярытныя, запамінальныя, непаўторныя прозьвішчы. А тут — больш за дзесяць тысяч, дый не прозьвішчаў, а прозьвішчных асноў, дый яшчэ паказана, як ад гэтых асноў можна ўтварыць самыя разнастайныя прозьвішчы: Бондар — гэта аснова прозьвішчаў Бондараў, Бандарэвіч, Бандарэнка, Бандаронак, Бандарэня, Бандарчук... Але, купіўшы, карыстаўся я гэтай кнігай рэдка, бо не кожны ж дзень пачынаеш новае апавяданьне.
    Неяк адзін якуцкі празаік, жадаючы вывесьці ў сваім рамане беларуса, папрасіў прыдумаць яму “тыпова беларускае прозьвішча”. Не ламаючы галавы, пазычыў яму працу М. Бірылы. На жаль, з 10 тысяч прозьвішчаў празаік абраў такое, што ўжо было ў мастацкай літаратуры — Лось (прыгадайце аповесьць А. Талстога “Аэліта”). Я гэта агледзеў, калі раман быў ужо надрукаваны...
    Так стаяла кніга амаль непатрэбная, але, як кажуць, і есьці не прасіла, таму я на яе з цягам часу забыўся. І калі разьвязваў імёны літоўскіх князёў, шкадуючы, што іх так мала, пра яе не згадваў. Напісаў артыкул, паслаў. Але літва мяне так завабіла, што і пасьля гэтага не мог я ад яе адкараскацца. Слоўнік комі-пярмяцкі ў чытальную залю не здаваў, тым болей што ён, мусібыць, апрача мяне, анікому ў Якуцку не патрэбны, усё адшукваў у розных крыніцах імёны князёў і бег у бібліятэку іх расшыфроўваць, марнуючы кароткае якуцкае лета.
    І вось, “разгрызаючы” імя Свялкеній, да другой ягонай часткі я адшукаў у комі-пярмяцкім слоўніку такія адпаведнікі: кеня — сойка; кень — пенка, плеўка. Зразумела, гэта само асабліва не запыніла б (што карысьці з другой часткі, калі не расшыфраваная першая), ды раптам з памяці вымкнула: Кенька — гэта ж прозьвішча таго маладога чалавека, крытыка, з якім некалькі год назад сустракаўся ў выдавецтве “Юнацтва”. Гэта ўжо не Свялкеній XIV-XV стагоддзяў, гэта мой сучасьнік, а ягонае прозьвішча раскрываецца з комі-пярмяцкай мовы!
    А ці ёсьць у нас яшчэ падобныя прозьвішчы? Я пачаў перабіраць у памяці знаёмых і незнаёмых літаратараў, прымерваючы, чые прозьвішчы найбольш незразумелыя. Згадаў Дуксу і тут жа знайшоў у слоўніку: дуксявны — пахнуць. Ны — канчатак дзеяслова, выходзіць, дуксяв — аснова гэтага дзеяслова...
    Але ж пісьменьнікаў і крытыкаў не дывізія. Раз, два — і скончыліся. Вось каб мне ёмкі сьпіс беларускіх прозьвішчаў! Глядзіш, адшукаў бы не толькі Кеньку і Дуксу.
    А ўвечары дома, падышоўшы да паліцы, убачыў на ёй новымі вачмі “Беларускую антрапанімію”. Гэта якраз і быў той самы ёмкі сьпіс, што мне патрэбны! Ды не просты сьпіс, а дасьледаваны. Пяцьсот старонак! І на кожнай прыблізна па дваццаць прозьвішчных асноў. З заўвагамі, адкуль узялася аснова! А калі дасьледчык сам таго не ведае, стаіць зорачка: аснова “цёмнага паходжаньня”.
    Ці тлумачыць М. Бірыла прозьвішчы Кенька і Дукса? Разгортваю кнігу. “ДУКСА літ. dùksas ’уздых’ (Фрэнк.)”. Так... З працы дасьледчыка Фрэнкеля, выдадзенай у 1962 годзе ў Гёцінгене, вынікае, што ДУКСА — паходжаньня літоўскага. А Кенька? КЕНЬКА — такой асновы ў М. Бірылы няма. Есьць “КЕНЯ” параўн. літ. kėnis ‘смалістае дрэва’, ’сасна, піхта’ (Фрэнк.), параўн. і кірг. кене ’клешч’”.
    Такім чынам, і Кенька, аказваецца, з літоўскай, ды яшчэ ёсьць кіргіскае кене. Але ж комі-пярмяцкае кеня бліжэйшае да нашага прозьвішча КЕНЯ, чым літоўскае kėnis!
    На жаль, такім прымерваньнем —“бліжэйшае” — мала што давядзеш, калі не прызнаны яшчэ сам факт колішняга існаваньня пермска-літоўскай (будзем яе называць таксама ліцьвінскай) мовы. Вось адшукаць бы такія беларускія прозьвішчы, што раскрываліся б толькі з комі-пярмяцкай і з аніякай іншай!
    За месяцы працы над імёнамі князёў у маіх сшытках назьбіралася некалькі сотняў комі-пярмяцкіх слоў. Па іх не трэба ўжо ісьці ў бібліятэку. І я, каб хоць неяк прагнаць нецярпеньне, вырашыў пачаць з гэтага скупога запасу.
    Арай па-комі-пярмяцку — багна. Ці ёсьць у нас такое прозьвішча? Есьць. Але: “АРАЙ. — Казахскае УІ (уласнае імя) Арай”.
    Кай па-комі-пярмяцку — птушка. “КАЙ рус. ’зарок, дагавор, абяцаньне’ (Даль), тур. ’бура, вецер’, тат. ’які, каторы’”.
    Кёз па-комі-пярмяцку — елка. «КЕЗ... параўн. рус. кезево ‘пуза, жывот’ (Даль), тат. кез ’дзёран’, кірг. ’аршын’. Магчыма, у выніку асваеньня ЛП (літоўскага прозьвішча) Кезіс”.
    Няўжо так будзе і далей, і на кожны комі-пярмяцкі адпаведнік знойдзецца тры-чатыры з іншых моваў? Шчыра кажучы, такі занятак — мала цікавы...
    Пурт па-комі-пярмяцку — нож. “ПУРТ рус. сіб. ‘павозачны кузаў, скрынка, лубянка’ (Даль), параўн. літ. рùrtuti ‘трэсці‘”.
    Далібог, нецікава...
    І раптам — пробліск такога, на якое ўжо не спадзяваўся:
    Кер па-комі-пярмяцку бервяно; керку — хата. “КЕР памянш. КЕРКА ўстар. бел. ’пень, калода’, ’куст’ з літ. keras ’куст’... рус. керь ’вёсачка, пасёлак’ (Даль), параўн. таксама тат. кер ‘бялізна’, ’бруд, гразь’, кірг. (масць каня) ’кары’, ’глухі‘”.
    Супадзеньні з КЕР адшуканы М. Бірылам і ў рускай, і ў літоўскай, і ў татарскай, і ў кіргіскай мовах, але не гэта галоўнае. Галоўнае — што беларускае “ўстарэлае” слова кер супадае з комі-пярмяцкім кер па значэньні! Па-комі-пярмяцку — бервяно, па-бела-руску — пень, калода.
    Крыху падумаўшы, разумееш, што і рускае керь, і літоўскае keras — яны таксама ад пермскага кер. Як па-комі-пярмяцку керку — жытло, збудаванае з кер (бярвеньня), так і керь — вёсачка, збудаваная з іх жа. Але ў рускай мове няма слова кер са значэньнем “бервяно” або “пень, калода”. Значыць, беларускае кер (пень, калода) запазычана з пермскай не праз рускую мову, а непасрэдна, з ліцьвінскага адгалінаваньня пермскай мовы.
    І літоўскае keras (куст) — запазычана з ліцьвінскай мовы, з невялікім сэмантычным зрухам. А можа, у ліцьвінскай мове кер азначала не толькі “бервяно”, але і “куст”, бо і ўстарэлае беларускае кер — ’пень, калода’, ’куст’.
    Узрушаны, з большай энэргіяй гартаю ўласныя запісы і кнігу М. Бірылы. І вось ужо трапляюцца супадзеньні прозьвішчаў з пермскімі словамі — без іншамоўных паралеляў: ЕН — ен (па-комі-пярмяцку “бог”), НОР — нор (па-комі-пярмяцку “скарга”), ШАНЬ — шань (па-комі-пярмяцку “прыгожы”). Да гэтых прозьвішчных асноў М. Бірыла аніякіх адпаведнікаў не дае.
    Што ж мне цяпер рабіць? Выхопліваць нейкія прозьвішчныя асновы наўздагад, шукаючы для пацьвярджэньня свае гіпотэзы ўзоры супадзеньняў, або ўзважыць на “пермскасьць” усе асновы, сабраныя М. Бірылам, 10-11 тысяч? Другое — вельмі прывабна. Мусібыць, набяру столькі супадзеньняў, што прымушу пагадзіцца з сабой усіх скептыкаў, ды яшчэ змагу падысьці да нейкіх высноў аб ступені ўплыву ліцьвінскай мовы на наш імёнаслоў, г. зн. хоць вельмі-вельмі прыблізна вызначыць, які працэнт з сёньняшніх беларусаў складаюць нашчадкі таямнічай літвы. Зразумела, беларуска-пермскіх прозьвішчаў не можа быць 33 працэнты, па колькасьці асноў “цьмянага паходжаньня”, бо апрача літвы ў наш народ увайшлі і іншыя плямёны. Як, напрыклад, яцьвягі, што ў нязначнай частцы захаваліся да нашых дзён (на II Вальным Сойме суполак у Вільні двое ўдзельнікаў запісаліся яцьвягамі).
    Але колькі часу адбярэ “праворваньне” ўсёй кнігі М. Бірылы? Месяц, два, тры? Ці ніякіх іншых спраў не маю?..
    Сумненьні мае і хістаньні спыніў агляд лістоў, выкліканых артыкулам “Племя пяці родаў”. “ЛіМ” яго надрукаваў 20 кастрычніка 1989 года. Аказалася, што артыкул абудзіў не толькі зацікаўленасьць, але і рашучае непрыняцьце. А асабліва закранула мяне пазыцыя самой газэты, якая нібыта пераканалася, што мой артыкул “шмат у чым спрэчны і суб’ектыўны”. Значыць, гіпотэзу трэба бараніць!
    Разумею, што сухі пералік не кожнага чытача захопіць, хтось на палове яго і артыкул убок адкладзе. Але я не буду белетрызаваць, расказваючы, як радасна ўздрыгваў пры нейкай знаходцы або, наадварот, засмучаўся, калі знаходка аказвалася не знаходкай. Бо на мяне самога гэты пералік робіць вялікае ўражаньне. І яшчэ: мне здаецца, ён павінен зацікавіць і чытачоў, асабліва тых, якія самі не разумеюць, адкуль пайшло іх прозьвішча. А няверы і скептыкі, мабыць, будуць прыдзірліва сачыць, ці сапраўднае супадзеньне паказваю я — мо падганяю.
    Вось яны перад вамі, супадзеньні беларускіх асноў з комі-пярмяцкімі словамі. Тых асноў, якія паралеляў у іншых мовах не маюць. А я буду іх (не кожны раз) каменціраваць.
    АСОМ — осьöм (адкрыцьцё, праясненьне). Літарай ö у комі-пярмяцкай мове паказваецца гук, блізкі да галоснага ў англійскім слове “гёр’с”. Такога гуку ў беларускай мове няма. Пры асыміляцыі ён мог пераходзіць і ў “о” (не пад націскам у “а”), і ў “ё”, “е” (у першым складзе перад націскам у “я”), і інш.
    АЛЬСА — ольсавны (слаць). Ны (ыны) — канчатак неазначальнай формы дзеяслова, ав — дзеяслоўны суфікс. “О”, як вядома, у беларускай мове не пад націскам пераходзіць у “а”. Такім чынам, АЛЬСА супадае з коранем дзеяслова ольсавныольс. У далейшым супадзеньні такога тыпу буду адсылаць да АЛЬСА.
    АЎЗА — овзыны (гарлаць). Гл. АЛЬСА.
    АШОМКА — ошöм (страта). “Ка” — беларускі памяншальны суфікс, аснова ж слова АШОМКА — пермская.
    БАГА — бага (з цвільлю). У комі-пярмяцкай мове суфікс “а” ператварае назоўнік у прыметнік. Баг па-комі-пярмяцку — цьвіль, адсюль бага — “з цьвільлю”, “цьвільны” (ольса — прыметнік ад ольс, овза — прыметнік ад овз).
    БАГЕЛЬ — багыль (ухабісты).
    БАКАШ — бокас (побач, збоку). У беларускіх прозьвішчах, што супадаюць з пермскімі словамі, даволі часты канчатак “ш”, якога ў комі-пярмяцкай мове няма. Думаецца, што гэта спэцыфіка ліцьвінскай мовы або, больш верагодна, аднаго з яе дыялектаў, бо не меней часты ў нашых прозьвішчах і канчатак “с”.
    БЕРАНС — бöраныс (за імі, адзаду іх). Аснова гэтая адзначана М. Бірылам у прозьвішчы Беранскевіч. Зразумела, у такім доўгім слове (Бöраныскевіч), не пад націскам “ы” немінуча павінна было зьнікнуць.
    БІРАН — быран (дзеепрыметнік ад бырны — вычэрпвацца).
    БІТУМ — битöм (неасветлены, без агню). Тут, як бачым, комі-пярмяцкаму “ö” ў беларускім прозьвішчы адпавядае “у”, што сустракаецца шматразова.
    БРОН — брон (гронка).
    БУЖАН — буждан (які абсыпаецца).
    ВАВУТА — лабута (растаптаны абутак). У шматлікіх пермскіх дыялектах на адным і тым жа месцы ўжываецца то “в”, то “л”, пра што я ўжо пісаў у “Племі пяці родаў”. Такім чынам, ВАВУТА — лавута. Гукі “б” і “в” блізкія (губна-губныя) і часта зьмешваюцца. Адсюль, лічу, ВАВУТА — лабута.
    ВАДЗЮТА — вадзöтны (распусьціць — напрыклад, воск). Ны — гл. АЛЬСА.
    ВІНЦІЗ — винитісь (які абвінавачвае). Несумненна, винитісь ад рускага слова “вина”, але такое слова было і ў старабеларускай мове, з якой яго маглі запазычыць ліцьвіны. (Літара “і” ў комі-пярмяцкім правапісе ўжываецца адначасова з “и”).
    ВІТОЛЯ — витуль (зуёк — птушка).
    ВУТТА — ута (з нізам). “В”, лічу, зьявілася ў прозьвішчы згодна з фанэтычным законам беларускай мовы (вулей, вокны і г. д.).
    ГАЛЕЗНІК — галесник (галечнік). Па-комі-пярмяцку “галька” — галя. Падобна, што гэтае слова было запазычана з пермскай мовы славянамі, хаця галесник — нібыта запазычанае “галечник».
    ГАЛЁТА — гольöтны (грукатаць). Ны — гл. АЛЬСА.
    ГАМЕЗАН — гамазöн (супольна, гуртам).
    ГАРАН — гöран (дзеепрыметнік ад гöрны — араць), горань — (жмуркі).
    ГАРСТ — гарсöтны (сукаць, скручваць нітку). Ны — гл. АЛЬСА.
    ГАРУДА — горöда (з вузлом). Зноў гуку “ö” адпавядае «у”.
    ГАРШУН — горшöн (сквапна). Зноў чаргаваньне “ö” — “у”.
    ГЕРС — герс-герс (падрабленьне крыку дзеркача).
    ГЕРУС — гöрісь (араты).
    ГЕСЬ — гöсь (госьць). Слова запазычана ў комі-пярмяцкую з рускай, магло быць запазычана і са старабеларускай ў ліцьвінскую.
    ГІМ — гым (гром).
    ГІМАН — гыман (дзеепрыметнік ад гымавны — грымець).
    ГІПАЦЬ — гыпотны (пляскаць, страляць).
    ГОГА — гöга (з пупом, пупавінай).
    ГОЙГЕЛЬ — гогыль (круг).
    ГУЛІДА — гулыт (гладкі, склізкі). Суфікс “а” ў комі-пярмяцкай мове ўтварае таксама прыслоўе ад прыметніка (гулыта — гладка, роўна).
    ДОМУЦЬ — домöт (тое, за што прывязваюць). “Ц” у дадзеным выпадку, лічу,— мяккі варыянт “т” (як і ў пары ГІПАЦЬ — гыпöтны).
    ДОРАС — дорас (на краі, з краю), дорöс (ускраек лесу).
    ЕМА — ема (з голкай. Ем — голка).
    ЖОГАТ — жöвгат (шашаль).
    ЖУГАР, ЖУГЕР — жугыль (сумны, журботны).
    ЖЫН — жын (трывала).
    ЖЭГА — жека (капрызны, датклівы).
    ЖЭДЗЬ — жöдзісь (той, хто мітусіцца). “Ісь” — словаўтваральны суфікс дзеепрыметніка.
    ЗІЛЬ — зілля (надакучлівы). Можна дапусьціць, што зілля — прыметнік, утвораны ад назоўніка зіль, што ўжо зьнік з комі-пярмяцкай мовы.
    ЗЫНЬ — зын (сапсаванае паветра).
    ЗЮЛЬ — зюль (мезенец).
    ІОЗА — йöз (людзі, народ), йöза (з людзьмі); йöзай (сьвёкар).
    ІОК — иöйк (рэха).
    КАБАЛАЙ — кабала (зварот да ляснога духу, напісаны на бяросьце). Кабалаöй — “кабала” ў форме прыналежнасьці да першай асобы, “мой кабала”.
    КАЖА — каж (падрабленьне хрумсту). Кажа — “з каж”.
    КАЛЬ — калльыны (балбатаць).
    КАМАДЗЕЙ — камиддзё (пузан, таўстун). Камиддзёöй«мой камиддзё».
    КАПРОН — копырöн (нахіліўшыся).
    КАРОН — корöм (запрошаны — дзеепрыметнік ад корны).
    КАЯТ — кайöтны (падняць угору).
    КЕЎДА — кöвдас (гразь). “Ас” — словаўтваральны суфікс.
    КЕЦ — кöдз (дробная галька, друз). Нагадаю, што пры аглушэньні (у тым ліку на канцы слова) беларускае “дз” пераходзіць у “ц”.
    КІСІС — киссись (дзеепрыметнік ад киссыны — ліцца, сыпацца).
    КІТУН — кытöн (дзе); китöм (бязрукі).
    КОКАН, КОКАНЬ — кокан (матыка). Думаю, няма падстаў тлумачыць гэтыя асновы словам «кокан» — па-мойму, параўнаўча новым у нашай мове.
    КОЛАШ — колас (трэба будзе); кöлас (зьвязка лыкаў для лапцей). Могуць сказаць: “Хітранькі! Мы ж і ўласнае слова “колас” (жыта, ячменю) маем, навошта нам комі-пярмяцкі “колас”!”
    Бачыце, я думаю, што наша ўласнае “колас” у КОЛАШ перайсьці не магло (бо з якой прычыны?). А вось у адным з ліцьвінскіх дыялектаў магло быць слова колаш, адпаведнае комі-пярмяцкаму колас.
    КОНТУР — кöнтар (цяцерка).
    КОРКУС — кöркöся (даўні, ранейшы).
    КОРП — корпа (касьцяк, шкілет).
    КУК’ЯН — кукань (цяля).
    КУЛАШ — кулас (браднік). Як бачым, зноў чаргаваньне “ш” — “с”.
    КУЛЫГА — кулига (невялікая паляна ў лесе).
    КУЛЯМА — кулöм (сьмерць; рыбал. сетка, паляўн. пастка).
    КУРАЦЬ — курасьны (падграбаць).
    КУРМАЗ — курмасьны (вышкробваць).
    КУРУС — куру (хованкі). Куру не цалкам супадае з КУРУС з-за канцавога “с”. Але яно магло ўзьнікнуць з паказчыка множнага ліку “эз” (куру ў множным ліку куруэз).
    КУРЫТА, КУРЫЦ — курыт (горкі).
    КУР’ЯН — куран (граблі).
    КУЦІМ — кутöм (назоўнік ад кутны — лавіць, браць на рукі).
    КЫТКА — кыткö (дзесьці).
    ЛАВЕР — вавьёр (бадзяга). Нагадаю, што ў дыялектах комі-пярмяцкай мовы в=л.
    ЛАГАЙКА — вагай (неахайны). «Ка» — суфікс беларускай мовы. В.=л.
    ЛАГОТА — лöгöтны (злаваць, сварыць).
    ЛАЖАН — важын (раней). В=л.
    ЛАКА — вак-вак (падрабленьне сьмеху). В=л.
    ЛАНТАС — лонтас (паліва).
    ЛАПЫТА — лапыта (разгаліста; нізка).
    ЛАСІМ — лöсьöм (чэсаны).
    ЛАЦ — ладзавны (разгарацца — пра дровы ў печы).
    ЛЕГУТ — лягöт (нізіна ў полі).
    ЛЕЎДАР — вевдöр (паверхня чаго-небудзь). В=л.
    ЛЕЎТ — вевт (покрыўка). В=л.
    ЛЕЦКА — ведз (дзесяціна зямлі); лöдз (валок сена). “Ка” — суфікс беларускай мовы; в=л.
    ЛІСАК — висук (асадак у распушчаным масьле). В=л.
    ЛОВА — лов (душа). Лова — з душой, душэўны.
    ЛОТ — вот (даніна). В=л.
    ЛЯБ — лябан (брахун). Як мог ужо заўважыць чытач, з дапамогай суфікса “ан” у комі-пярмяцкай мове ўтвараюцца дзеепрыметнікі (быран ад бырны і пад.). Дзеепрыметнікі часта субстантывуюцца, г. зн. пераходзяць значэньнем у назоўнікі. Відавочна, гэта самае ў дадзеным выпадку і маем: лябан — дзеепрыметнік ад дзеяслова лябны (якога цяпер няма), а ляб — ягоны корань.
    ЛЯСОТА — лöсьöтны (падрыхтавацца).
    МАЛАС — малас (у выразе ки маласöн — навобмацак; ки — рука, рукі).
    МАМУС — мамыс (мама — зварот).
    МАРС — марс-марс (гукападрабленьне — хруп-хруп).
    МАСЬ — масьтыны (здрабняць). “Т” — утваральны суфікс дзеясловаў.
    МІЖА — мыжа (кара, адплата).
    МІЧКО — мич (сонечнае надвор’е). “Ко” — беларускі прозьвішчаўтваральны суфікс.
    МОРЖ(А) — моржитны (хварэць).
    МУГА — муга (ляніва).
    МУЖЭЙКА — мижуй (маруда).
    МУША — муш (пчала — на паўночным дыялекце комі-пярмяцкай мовы). Муша— “пчаліны”, “з пчоламі”.
    МЫЦ — мыдз (стома).
    МЯДЗЮТА — медзöтны (наймаць).
    НАРОН — норöн (жаласна).
    НАРЫШКА — норыс (узгорак паміж дзьвюма лагчынамі). “Ка” — беларускі суфікс. Зноў чаргаваньне комі-пярмяцкага “с” — прозьвішчнага “ш”.
    НІВАН — нылань (маладзіца). В=л.
    ПАДЗЯРНЯ — падер (сьнегапад).
    ПАДАМОЦЬКА — падмöт (перашкода). Прозьвішча ўтворана па беларускім узоры ад пермскай асновы.
    ПАЛІЦЕНЬ — палитöм (абпалены). Прозьвішча ўтворана ад беларускай асновы (паліць) па комі-пярмяцкім узоры.
    ПАЛІША — палича (сьпіца ў коле).
    ПАНЕДА — понöт (уздоўж).
    ПАНІЗА — панісь (ткацкае: які намотвае аснову).
    ПАНТУС — пантасьны (сустрэцца).
    ПЕДЗЬ — педзны (замінаць).
    ПЕЧУР, ПЕШЧУР — петшöр (крапіва). Афрыката “тш” у комі-пярмяцкай мове вымаўляецца блізка да беларускага “ч” (літарай “ч” у комі-пярмяцкай мове абазначаецца мяккае “ч”, блізкае да рускага). Зноў чаргаваньне “у” прозьвішчаў і комі-пярмяцкага “б”.
    ПІКАС — пыкöсь (пухліна).
    ПІРУТА — пырöт (сьвярдзёлак).
    ПІС — пыс (вушка — напрыклад, голкі).
    ПОРШ — порсь (сьвіньня). Зноў чаргаваньне “ш”-“с”.
    ПЫЗА — пизь (мука). Пиззя — мучны, з мукой.
    ПЫНЬ — пинь (зуб).
    ПЫРС — пырся (звычайны).
    ПЭК — пöк (ікра).
    РАСІМ — росйöм (дзеепрыметнік ад росйыны — зьмятаць).
    САПУСЬ — сапйöсь (сонны).
    САСІМ — сосьöм (адмаўленьне, аднекваньне).
    СВЕКАТУН — свокоту (у ахвотку).
    СВЕНЯ — свöння (жылісты).   *'
    СЕБА — себны (хутка кляваць — пра птушак).
    СЕЗАН — сöдзан (дзеепрыметнік ад сöдзавны — мыць чыста).
    СЕЙ — сёй (гліна).
    СЕТА — сетны (даваць).
    СИРЫСЬ — сирöсь (у смале).
    СОЗА — содз (жменя). Содза — прыметнік ад содз.
    СОЯ — сёя (гліністы).
    СТУПАНЬ — ступань (супоня).
    СУРА — сур (піва). Сура — піўны.
    СУС — сюсь (разумны).
    СЯТ — сят (гукападрабленьне: тук, тук-тук).
    ТАНТУН — тон-тон (выяўленчае: тон-тон кын — абледзянелы, мерзлы).
    ТАРОТА — тарöтны (страляць з грукатам), торотны (грукаць).
    ТАС — тас (папярочка).
    ТОКА — ток (выклічнік — тук-тук). Тока — “з ток”.
    ТУЛУЗ — тулыс (вяшна).
    ТУС — тусь (зерне).
    ТУРБАЛ — турбыль (у выразе турбыль усьны — упасьці, кулдыкацца).
    ТУМАС — тымус (вантробы).
    ТЫШ — тыш (абух).
    УНС — унаісь (шмат разоў). Можа, хто са мной не згодзіцца, што гэта супадзеньне, але прозьвішча УНС не адзначана М. Бірылам, УНС выведзены ім з прозьвішча УНСОВІЧ. Першапачаткова гэтае прозьвішча магло быць і УНАІСОВІЧ.
    УРА — ура (з вавёркамі).
    УТЫРА — утор (нарэзка ў бочцы для ўстаўленьня дна).
    ЦЫЯН — тіян (вас — родны склон ад ті — вы). Можа здацца, што для прозьвішча склонавая форма займеньніка не адпавядае, але ва ўтварэньні прозьвішчаў свае заканамернасьці, якія мы ведаем не да канца.
    ЦЮКА — тюк (выяўленчае: раптам, нечакана). Тюка — прыметнік ад тюк.
    ЦЯБУТ — тяпöтны (капаць).
    ЧАПЛЫГА — чапликасьны (хістацца, нахіляцца). “Сь” — утваральны суфікс дзеяслова.
    ЧАРАТУН — чарöтöм (закрануты маланкай).
    ЧАРЛА — чарла (серп).
    ЧУБІС — чувіз (нечакана). Гукі “в” і “б” блізкія.
    ЧЫКУН — тшыкöм (сапсаваны). Тш=ч.
    ЧЫШ — чышьян (хустка). “Ян” — словаўтваральны суфікс, чышьян утворана ад чыш.
    ЧЭРАНДА — черань (павук).
    ШАРАМ — шöрам (пасярод).
    ШАРАЦ — шöрас (на сярэдзіну).
    ШОРАЦ — шöрöдз (да сярэдзіны).
    ШАТОН — шöтöм (насаджаны снапамі азярод).
    ШАЦ — шать (хлуд).
    ШАШОЛКА — шашовка (камякі гразі на прыполе).
    ШВАБ — швав (гуз на целе).
    ШВАРА — швар (выяўленчае: з трэскам, з невялікім хрумстам).
    ШМАК — шмак (круглы гуз).
    ШОЛА — шоль (вільготны).
    ШОТ — шöтны (насаджваць снапы на жэрдку азяродка).
    ШОЦЬ — шодзны (псаваць).
    ШОЧАК — шоч (рэдкі), шочика (рэдка).
    ШУНА — шуны (казаць).
    ШУР — шур (высыпка на целе).
    ШЫКАН — тшыкан (які псуецца).
    ШЫМША — шымка (прайдзісьвет).
    ШЭДЫ — шедны (трапляць, апынуцца).
    ШЭК — тшöк (густы, часты).
    ШЭЛЬ — жель (град).
    ШЭТ — шöтны (насаджваць снапы).
    ШЭШКА — шешкыны (шапяляць).
    ЯКІР — егыр (балацяны лес). “Г” у комі-пярмяцкай мове ўзрыўное, пры аглушэньні дае “к”.
    Маю надзею, што гэты доўгі сьпіс не стаміў чытача, асабліва прыдзірлівага. Зразумела, я мог бы прывесьці дзесятак-другі ўзораў, а потым сказаць: “Усяго мной адшукана такіх супадзеньняў больш за 180”. Але хто ў наш час верыць на слова?..
    Нехта можа сказаць, што супадзеньні мае не ўсе стопрацэнтныя, як, напрыклад, ГОЙГЕЛЬ — гогыль, НІВАН — нылань, што М. Бірыла прыцягвае больш дакладныя. Але яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што да тых асноў, якія тут прыведзены мною, М. Бірыла не дае аніякіх адпаведнікаў, хаця і шукаў іх у мностве розных моваў. Па-другое, мянушкі, што сталі прозьвішчамі, былі дадзеныя не на той мове, якой я карыстаюся, каб іх разгадаць — у блізкай, але не той самай. Па-трэцяе, мовы, на якой мянушкі былі дадзены, няма ўжо некалькі стагоддзяў, і прозьвішчы, утвораныя ад іх, існуюць у асяродзьдзі зусім іншай, з абсалютна іншым ладам. А гэта значыць, што яны павінны былі падганяцца пад гучаньне гэтай іншай мовы, пад яе фанэтыку і марфалёгію. Мы ж добра ведаем на шматлікіх прыкладах, як падганяюцца да нашай мовы чужыя словы, як скажаюцца нават узятыя з моваў-сясьцёр — такіх, як руская і польская. А тут жа зусім іншыя моўныя сем’і! Па-чацьвёртае, нейкая частка прозьвішчаў магла быць утвораная і ад пермскіх слоў, ужо запазычаных у беларускую мову — такія словы маглі скажацца яшчэ да таго, як з іх дапамогай даваліся мянушкі. І, нягледзячы на гэта, захавалася гэтулькі абсалютных падабенстваў, як БРОН — брон, ГЕРС — герс, ДОРАС — дорас, ЕМА — ема, ЖЫН — жын, ЗЮЛЬ — зюль, КІСІС — киссись, ЛАНТАС — лонтас, ЛАПЫТА — лапыта, МАЛАС — малас, НАРОН — норöн і інш. І яшчэ: хіба мала значаць нечаканыя расшыфроўкі такіх незвычайных, калярытных прозьвішчаў, як БІТУМ, КАПРОН, КОНТУР, МАРС, МОРЖА, СОЯ, ТУЛУЗ? Нягледзячы на іх уяўную лёгкачытальнасьць, дасьледчык пазначыў іх зорачкай незразумеласьці, цьмянасьці, хаця і можна было дапусьціць, што СОЯ ідзе ад бабовай культуры, МОРЖА — ад назвы марской жывёліны, ТУЛУЗ — ад назвы французскага горада, КОНТУР — мастакоўскі тэрмін і г. д. Але дасьледчык адчуваў, што ўсё гэтае занадта далёка ад той моўнай стыхіі, дзе ўзьніклі і жылі экстравагантныя прозьвішчы,— стыхіі беларускай вёскі. І вось, аказваецца, ніякай экзотыкі: БІТУМ — неасветлены, КАПРОН — нахіліўшыся, ТУЛУЗ — вясна, СОЯ — гліністы...
    Але прыгатуйся, чытач, да новых сьпісаў: беларуска-пермскія прозьвішчныя асновы вышэйзгаданымі не вычэрпваюцца.
    Пэўна, ніхто не будзе спрачацца, што найболей адметная частка кожнай мовы — яе граматыка. Словы вольна вандруюць па сьвеце, пераходзячы з мовы ў мову. Карыстаючыся тым або іншым, мы часта нават не здагадваемся, з якой далечыні яно прыйшло. Так, да асновы ПАРШУК М. Бірыла дае такі камэнтар: “рэг. ’mпарсюк’, літ. раɾ̃šiùkas ‘парася`”. Хто ў каго запазычыў гэтае “парася”, зразумець цяжка. Але вось навіна: у комі-пярмяцкай мове сьвіньня — порсь. Дык чаму б не дапусьціць, што і ў беларускую, і ў літоўскую “парася” прыйшло з трэцяй — ліцьвінскай? У сваю чаргу і ў пермскіх мовах порсь не сваё — як мяркуюць дасьледчыкі, запазычана з іранскіх моваў у той далёкі час, калі фіна-ўгорскія плямёны межавалі са скіфамі. Мы самі зьяўляемся сьведкамі таго, як нейкае слова разьлятаецца і падхопліваецца ўсім сьветам — рускія “спутник” і “перестройка” або англійскае “эскаляцыя”. Але любое запазычаньне ў новай мове ладкуецца не ў нязьменным выглядзе, а “абчасанае” граматычнымі правіламі мовы-прымальніцы. Такім чынам, менавіта граматыка надае мове галоўную непаўторнасьць. Запазычаньне чужых граматычных правілаў і формаў — гэта замах на падваліны і арматуру мовы, масавая замена іх — разбурэньне, агонія мовы, выцісканьне сваіх граматычных нормаў чужымі — злачынства супраць мовы. Такое злачынства мы штодзённа назіраем у нашым друку, які актыўна ўжывае, напрыклад, дзеепрыметнікавыя формы рускай мовы, нават зваротныя (!), найвышэйшую рускую ступень параўнаньня з суфіксам “ейш” (“буйнейшы”, “вастрэйшы” замест “найбуйнейшы”, “найвастрэйшы”). І гэта побач з тым, што адначасова ўжываецца і беларуская вышэйшая (параўнаўчая) ступень з суфіксам “ейш” (“буйнейшы” — “больш буйны”, “вастрэйшы” — “больш востры”), у выніку чаго часьцяком і не разумееш, што хацеў сказаць аўтар.
    Але вернемся да тэмы. Што вынікае з усіх гэтых разваг? Што агледзець сотні пермскіх слоў сярод беларускіх прозьвішчных асноў — гэта, вядома, вельмі добра, але было б яшчэ лепш, калі б удалося сярод іх агледзець і спэцыфічныя пермскія граматычныя формы. І магу без хістаньняў сказаць, што мне пашэнціла ў гэтым.
    А напачатку неяк не прыходзіла да галавы, што прозвішчная аснова — гэта не абавязкова назоўнік у назоўным склоне, што сярод іх могуць быць і прыметнікі, і дзеепрыметнікі, і дзеепрыслоўі, і прыслоўі, ды і ўвогуле любыя часьціны мовы. А між часьцін мовы і іх формаў ёсьць такія, што маюць стандартныя канчаткі, так званыя фарманты. У беларускай мове, напрыклад, стандартныя канчаткі маюць прыметнікі (зялёны, чырвоны, сонны), дзеепрыметнікі (напісаны, зьедзены, кінуты, вышыты), дзеепрыслоўі (ідучы, п’ючы, робячы, дзелячы). Могуць быць стандартныя канчаткі і ў назоўнікаў (уласна кажучы, не канчаткі, а суфіксы на канцы слова): куток, збанок; пчаляр, муляр; настаўнік, кіраўнік і г. д.
    Дык вось, калі мне не прыходзіла да галавы, што заключны склад слова можа быць суфіксам, я імкнуўся ўсю прозьвішчную аснову раскласьці на кавалачкі, якія штось азначаюць. А дзякуючы таму, што ў комі-пярмяцкай мове шмат кароценькіх слоў, то раскласьці слова мне ўдавалася, толькі вось сэнс раскладзенага і сабранага аказваўся дзіўным.
    Напрыклад, спрабуючы “разгрызьці” асновы ДАМАН, ДОМАН, слова даман або доман я ў комі-пярмяцкім слоўніку не знайшоў, але адшукалася слова дом ажно з трыма значэньнямі: дом I прывязь; дом II аброць; дом III дом (запазычаньне з рускай). Знайшлося і ан — “сківіца”. Прозьвішчная аснова, здаецца, раскладаецца, але чаму так бязглузда? “Прывязаная сківіца”? “Аброць на сківіцы”? Дабіраюся да асновы ДЗЮГАН. Ізноў “у астатку” застаецца “сківіца» (ан): дзуг 1) сіло; 2) тое, што зблытана (ніткі, валасы); клубок. Як да гэтага прысуседзіць сківіцу?.. Яшчэ — ДУБАН. Дуб I — дуб; дуб II — кара асіны для дублення; дуб III — несалёны, прэсны. Дык што: дубовая сківіца? Несалёная? Вярнуўшыся да ан, знайшоў у слоўніку яшчэ ань — сьвякруха, дый сьвякруха не ратавала. Вырашыўшы, што з “ан” далёка не зайду, я амаль перастаў зьвяртаць увагу на асновы з такім канчаткам.
    Усё зьмянілася пасьля таго, як, разглядваючы аснову БІРАН, я ўбачыў у слоўніку: “быран” дзеепрыметнік ад бырны — вычарпацца”. Да мяне раптоўна дайшло, што “ан” на канцы слова не слова, а фармант. Паказчык дзеепрыметніка. Дзеепрыметніка, што ўтвараецца ад асновы дзеяслова з даданьнем гэтага “ан”. Тады я кінуўся чытаць граматычны нарыс, далучаны да слоўніка.
    Зразумела, што далёка не кожны дзеепрыметнік трапляе ў слоўнік. Такі гонар надаецца толькі тым дзеепрыметнікам, якія субстантывуюцца, г. зн. ужываюцца ў якасьці назоўніка або прыметніка. Напрыклад: гöран — саха (дзеепрыметнік ад гöрны — араць); куран — граблі (дзеепрыметнік ад курны — грэсьці). Большасьць жа дзеепрыметнікаў комі-пярмяцкі слоўнік, як і нашы, не адзначае. Але іх лёгка рэканструяваць.
    Вось, напрыклад, рэдкая прозьвішчная аснова АЛЬЦЫВАН. У комі-пярмяцкай мове маецца дзеяслоў ольсавны (слаць, паслаць ложак). Адсякаем канчатак ны і дадаем ан — атрымліваецца ольсаван. Да АЛЬЦЫВАН, па-мойму, гэта вельмі блізка.
    Але што рабіць з такімі асновамі, як вышэй прыведзеныя ДАМАН (ДОМАН), ДЗЮГАН, ДУБАН? Дзеясловаў домны, дзугны, дубны ў комі-пярмяцкім слоўніку няма, дом, дзуг, дуб — назоўнікі (адно са значэньняў слова дуб — прыметнік). Што ж такое ДОМАН, ДЗЮГАН, ДУБАН?
    Перачытваю граматычны нарыс у слоўніку. Знаходжу: “Ан, ян. Утвараюць назоўнікі ад дзеясловаў...” Зноў ад дзеясловаў! І болей нічога.
    I я пачынаю разумець, што паставіўся да такой сур’ёзнай працы несур’ёзна.
    Як разнастайна-стандартна могуць канчацца словы ў комі-пярмяцкай мове! Тут не толькі канчаткі дзеясловаў, дзеепрыметнікаў і г. д. Тут і такія стандартныя канчаткі, да якіх мы не прызвычаеныя.
    У комі-пярмяцкай мове практычна няма прыставак і прыназоўнікаў. Усе словаўтваральныя афіксы ставяцца ў канец слова; прыназоўнікі ставяцца пасьля назоўнікаў, з-за чаго называюцца пасьлялёгамі. Або такі прыклад. Мы кажам: “некалькі разоў”. А комі-пермякі, якія запазычылі з рускай слова “раз”, пра тое самае кажуць размöд, дзе нашаму “некалькі” адпавядае мöд, якое стаіць, як бачым, пасьля “раз”.
    А ці ж гэтае мöд не магло ўвайсьці ў прозьвішчную аснову? Напрыклад, у прозьвішчы БАГМЕТ, ШЭЛЕМЕТ. Зразумела, што калі “мет” на канцы іх адпавядае мöд, то БАГМЕТ і ШЭЛЕМЕТ з дапамогай слоўніка я ніколі не зразумею, калі не буду разумець, што такое МЕТ, хоць і змагу перакласьці баг (цьвіль) і жель (скабка).
    Такім чынам, каб упэўнена рабіць тое, на што адважыўся, я павінен ведаць усё, што комі-пермякі ставяць у канцы слова і нават пасьля слова.
    І не толькі комі-пермякі. Я ж шукаю прозьвішчы, дадзеныя не на ёй, а на роднаснай ёй, якая, вядома, мела канчаткі не толькі такія, як комі-пярмяцкія, але і іншыя роднасныя мовы.
    Возьмем, напрыклад, такія блізкія мовы, як беларуская, руская, украінская, польская. У рускай канчаткі прыметнікаў як мужчынскага, так і жаночага роду поўныя: старый, старая; у польскай і тыя, і другія кароткія: stary, stara; ва ўкраінскай поўны канчатак мужчынскага роду і кароткі — жаночага: старий, стара; у беларускай поўны канчатак жаночага роду і кароткі — мужчынскага: стары, старая. І калі б прыйшлося (крый божа!) рэканструяваць рускую мову, то з дапамогай украінскай мовы мы змаглі б зразумець толькі канчатак прыметнікаў мужчынскага роду, а з дапамогай беларускай — толькі жаночага. Польская ж тут увогуле нічога б не дала.
    Вось я і павінен, узнаўляючы ліцьвіншчыну, не абмяжоўвацца сродкамі комі-пярмяцкай мовы. Трэба ведаць граматыку і іншых пермскіх моваў: комі-зыранскай і ўдмурцкай.
    Але нішто сабе задачка!.. Без падручнікаў, без настаўніка, у мае гады?.. Зрэшты, свая ношка, як кажуць, не гняце.
    Тым болей, што я не здаў яшчэ ў бібліятэку кнігу “Языки народов СССР”, т. 3, дзе апісаны ўсе фіна-ўгорскія мовы краіны. Есьць тут артыкулы і пра комі-пярмяцкую, і комі-зыранскую, і ўдмурцкую. Ёсьць яшчэ пад рукой і руска-ўдмурцкі слоўнік з граматычным нарысам удмурцкай мовы. Дбайна выпісваю ў асобны сшытак афіксы ўсіх трох моваў.
    І вось, нарэшце: у нарысе пра комі-зыранскую мову чытаю — “Малапрадуктыўнымі зьяўляюцца суфіксы назоўнікаў са значэньнем ласкальнасьці ан, ук, иль”. У комі-зыранскай мове суфікс ан можа ўтвараць назоўнік ад назоўніка! За ДОМАН, ДЗЮГАН, ДУБАН стаяць “аброцечка”, “клубочак”, “дубочак” ці штось іншае, што вынікае з розных значэньняў слоў дом, дзуг, дуб, ужытых з адценьнем ласкальнасьці.
    А цяпер да прозьвішчных асноў з канчаткамі ан, ян, што прыведзеныя мной у папярэднім пераліку, бо ім знайшліся супадзеньні непасрэдна ў комі-пярмяцкім слоўніку, дазвольце далучыць новы сьпіс: тых слоў, адпаведнікі якім у слоўніку я знайшоў толькі часткова, г. зн. знайшоў дзеясловы або назоўнікі, ад якіх з дапамогай ан (ян) можна ўтварыць гэтыя асновы.
    Гэта: ВАРСЛАВАН (варсва — сукравіца), КАЖДАН (каждыны — драбіць), КАШКАН (кашкавда — малеча), КОМАН (ком — кухня), КУДЗЯН (кудз — мача), МІГЛАН (миглявны — мяць), НЁМАН (нём — баба для забіваньня паляў), РАЗГАН (разгыны — ударыць), РУЗАН (рузйыны — знасіць), РУКАН (рукйыны — страсянуць), САСАН (сосьыны — аднеквацца), СЕЗАН (сöдзавны — мыць чыста), ЦЕВАН (тöвны — настаць, пра зіму), ЦІВАН (тив — падрабленьне чывіканьня птушак), ЦЮКАН (тюкны — мачыць), ЧАГАН (чагйыны — засьмечваць габлюшкамі), ШУЛЬГАН (шульга — левы), ШУРАН (шур — высыпка на целе), ШЫЯН (шы I — гук, голас; шы II — дзіда).
    Дам маленькі камэнтар. У слове варсва (сукравіца), несумненна, канцавое ва — вада, сок, а ва=ла, пра што я казаў неаднаразова; ад варсва з дапамогай ан атрымаецца варсваан, у іншым дыялекце варслаан; “в” паміж дзьвюма “а” павінна было зьявіцца згодна з беларускай фанэтыкай. У слове кашкавда да і ав — суфіксы, корань жа слова — кашк (цяпер страчанае слова), ад яго і ўтворана КАШКАН; цалкам магчыма, што быў і дзеяслоў кашкны. У выпадку з шульга + ан, у адрозьненьне ад ВАРСЛАВАН, аа, падодона, зьлілося ў адно “а”.
    Другі прадуктыўны афікс дзеепрыметнікаў комі-пярмяцкай мовы — ись (ісь). Мы прывыклі лічыць, што канчатак іс — характэрная прыкмета літоўскай мовы. Але М. Бірыла не знайшоў літоўскіх паралеляў да такіх прозьвішчаў, як КІСІС, КЕНДЗІС, КОРДЗІС. КІСІС я ўжо тлумачыў у першым сьпісе (дзеепрыметнік ад дзеяслова киссыны), а да двух апошніх можна падысьці так. Гэта дзеепрыметнікі ад гіпатэтычных дзеясловаў кендны і кордны, карані якіх — кень (плеўка) і кöр (алень), а “д” — ліцьвінскі суфікс, з дапамогай якога дзеясловы ўтварыліся ад гэтых назоўнікаў (у комі-пярмяцкай мове для такога выпадку маецца суфікс “т”). З гэтага ж шэрагу, мабыць, і прозьвішча нашага вядомага пісьменьніка МАЛЬДЗІС, якога ў М. Бірылы няма (малö — вельмі).
    Дзеепрыметнік пöрись, што ўжо стаў прыметнікам (значэньне — “стары”), вызірае з прозьвішча ЧАПЕРЫС (першая частка прозьвішча ЧАП — “засечка на дрэве”). Іншы раз суфікс ись маскуецца тым, што ў беларускіх прозьвішчных асновах комі-пярмяцкі “с” чаргуецца з “ш”: КЕКІШ — кöкись (дзеепрыметнік ад кöкны — куваць); прозьвішча НІГІРЫШ — можна падзяліць на дзьве часткі: ни — ужо, гырысь — буйны, вялікі (таксама дзеепрыметнік, што стаў прыметнікам).
    Але, можа, хопіць пра дзеепрыметнікі, зьвернемся да прыметнікаў. Раз-пораз у кнізе М. Бірылы трапляюцца асновы з канчаткам -ла. Цалкам у комі-пярмяцкім слоўніку я знайшоў толькі адну — чарла (гл. першы сьпіс), а рэштка — хоць плач: склад, што стаіць перад ла, у слоўніку знаходжу як самастойнае слова, а ла — няма. Неяк “здагадаўся”, што ла — гэта ж ва, — вада, рака! Так і пачаў расшыфроўваць. Але чаму так шмат “вады”? Можа, гэта таксама афікс? Стаў шукаць — і знайшоў! Суфіксы ла і ала ўдмурцкай мовы — фарманты, што ўтвараюць прыметнік з назоўніка. І паглядзіце, як слаўна пайшло пасьля гэтага: ВОРЛА — лясны (вöр — лес), ЖОЛА — калінавы (жо — каліна), КАЛАЛА — будановы (кола — будан), КЕЗЛА — яловы (кöз —: елка), КІКЛА — падвойны (кык — два), КОБЛА — прасьнічны (коба — прасьніца), НОРАЛА — жаласны (нор — скарга, жальба), ТАРЛА — цецеруковы (тар — цецярук), УРЛА — вавёркавы (ур — вавёрка), ШАРЫКАЛА — ручайны (шорок — ручай), ШУДЛА — шчасьлівы (шуд — шчасьце). Зрэшты, поўнай упэўненасьці, што гэтыя словы-прозьвішчы на ліцьвінскай мове азначалі менавіта тое, што я сказаў, няма. Пермскія мовы ў сваім словаўтварэньні мудрагелістыя. Слова чарла, якое згодна лёгіцы павінна было б азначаць “які плача” (чар-чар — плачападрабленьне), на самай справе — “серп”. Дык дзе гарантыя, што, напрыклад, КАЛАЛА азначала “будановы”, хоць і ўтвораны ад кола — “будан”?
    Цяпер пра суфікс ыник, які надае памяншальна-ласкальнае адценьне. Добра, што хоць у аснове КАРТЫННІК ён захаваўся цалкам. Іначай яго было б і не пазнаць у асновах ШАЙНІК, МЫЗНІК, РЫСНІК, САРОТНІК, ПЕРАСЯТНІК, дзе пад уплывам беларускага нік (настаўнік, рамізьнік) і фанэтычных зрухаў з яго выпаў гук “ы”. Што тут не беларускі нік, сьведчыць поўная незразумеласьць прозьвішчаў. Калі ж зьвярнуцца да комі-пярмяцкага слоўніка, то лёгка знойдзеш іх карані: карта — хлеў, шой — труп, мыдз — стома, рись — тварог, сёр — цягліца, пöрись — стары (ва ўтварэньні асноў САРОТНІК і ПЕРАСЯТНІК яшчэ ўдзельнічае суфікс öт: САРОТНІК — сёр+öт+ыник, ПЕРАСЯТНІК — пöрись+öт+ыник).
    Шэраг прозьвішчных асноў канчаецца на ель, што вельмі падобна да комі-пярмяцкага суфікса иль, які таксама надае назоўніку адценьне ласкальнасьці: ГАКЕЛЬ, МУКЕЛЬ, ЦЕВЕЛЬ. Гаг па-комі-пярмяцку “насякомае”, муг — “лянівы”, тöв — “зіма”. Утвораныя з дапамогай “иль” ад гэтых слоў новыя словы гучалі б гагиль, мугиль, тöвиль, што вельмі блізка да ГАКЕЛЬ, МУКЕЛЬ, ЦЕВЕЛЬ.
    Канчатак ГУС (ГУЗ) у асновах ВІЛЬГУС, ГАЛЯГУЗ, ЛЯНГУЗ, ШОЛЬГУС падобны да суфікса ўдмурцкай мовы гес, з дапамогай якога ўтвараецца вышэйшая ступень прыметніка. Напрыклад, па-ўдмурцку выльгес (чуеце: выльгес — ВІЛЬГУС) — больш новы, навейшы. Галя па-комі-пярмяцку “галька”, лян —“гнілы”, шоль — “вільготны”, виль, як удмурцкае выль — “новы”. Як бачым, виль, лян, шоль — прыметнікі і могуць мець вышэйшую ступень. З галя выпадак больш складаны: хаця кожны назоўнік комі-пярмяцкай мовы і можа быць прыметнікам (калі стаіць перад іншым назоўнікам), але “болей галечны” — гэта гучыць неяк дзіўна. Можа, ГАЛЯГУЗ і не ўваходзіць у гэты шэраг, тым болей што гуж па-комі-пярмяцку — “шорханьне”, “шум”, і гэтая аснова можа быць расшыфравана як складанае слова: галя+гуж = галечнае шорханьне.
    Канчатак КОЦЬ (КУЦЬ) у такіх прозьвішчных асновах, як ШАКОЦЬ, РАКОЦЬ, МАКУЦЬ, ЛОЙКУЦ — здаецца, тое самае, што ў комі-пярмяцкай мове кодь —“як”, “падобна”. У адрозьненьне ад нашых “як”, “падобна”, “быццам”, кодь ставіцца пасьля слова, з якім робіцца параўнаньне: рак кодь — “як рак”, “падобны да рака”, рака кодь — “як варона”, тшак кодь — “як грыб”. Тут, мабыць, і хаваецца сакрэт утварэньня прозьвішчаў РАКОЦЬ і ШАКОЦЬ. Што КУЦ у ЛОЙКУЦ і КУЦЬ у МАКУЦЬ тое самае, што КОЦЬ, сьведчыць наяўнасьць адначасова з РАКОЦЬ прозьвішча РАКУЦЬ. Лойны па-комі-пярмяцку “мясіць”, ма — “мёд”. Такім чынам, МАКУЦЬ — “як мёд”, а ў ЛОЙКУЦ ідзе параўнаньне з назоўнікам, ад якога ўтвораны дзеяслоў лойны.
    У асновах БАКШЭЙ, ДУКШЭЙ чуецца суфікс комі-зыранскай мовы шой, што надае слову зьневажальнае адценьне; баг па-комі-пярмяцку “цьвіль”, дук — пах (дух). Канчатак усь у прозьвішчах КАЗУСЬ, КОЎЗУСЬ, ысь у СІРЫСЬ, відавочна, адпавядае суфіксу абедзьвюх комі моваў ось, з дапамогай якога ад назоўніка ўтвараецца прыметнік, які паказвае прыкметы па частковым уладаньні прадметам: сирöсь — «запэцканы смалой». Што такое каз — з комі-пярмяцкай мовы ўжо зразумець цяжка, гэтае слова захавалася толькі ў выразе каз кодь ён, што азначае «моцны, здаровы», пры чым ён — «моцны, здаровы», кодь — “як”, “падобны да”. Такім чынам, у старажытнай пермскай мове каз азначала нейкі ўзор моцы і здароўя. Ковсьыны па-комі-пярмяцку “патрабаваць”; з коранем гэтага дзеяслова ковсь супадае корань прозьвішча КОУЗУСЬ.
    У прозьвішчных асновах ВІТАР, ШАНТАР, ШЫНТАР можна ўбачыць суфікс комі-зыранскай мовы тор, што надае памяншальна-ласкальнае адценьне: мöстор — кароўка, питор — сынок. Ви па-комі-пярмяцку “масла”, шань — прыгожы, тшын — дым, адсюль ВІТАР — “масельца”, ШАНТАР — прыгожанькі, ШЫНТАР — дымок.
    Пэўныя афіксы сустракаюцца ў прозьвішчах зрэдку, затое лёгка пазнаюцца. Так, у ДАМАСКАН, ПАРАСКУН чуецца суфікс удмурцкіх прыслоўяў скын. Асновы гэтых слоў-прозьвішчаў таксама празрыстыя: порöсь — пошасьць, хвароба, домасьны “займацца зьвязваньнем чаго-небудзь”. Суфікс скын надае значэньне “падчас”, “на працягу”. Такім чынам, ДАМАСКАН — “пад час зьвязваньня”, ПАРАСКУН — “пад час пошасьці”. Цікавы выпадак, здаецца, уяўляе сабой прозьвішча БІЮМЕН. Тут чуцён комі-пярмяцкі суфікс дзеепрыслоўя öмöн. Тым часам öн (агонь) — назоўнік, а дзеепрыслоўі ж утвараюцца ад дзеясловаў. Але ёсьць дзеяслоў биасьны (запальваць). Адсюль першапачаткова прозьвішча выглядала як биаöмöн; у далейшым гукі “а” і “б” зьліліся ў адзін “ю”, дзякуючы чаму і атрымалася такое нязвычнае прозьвішча, як БІЮМЕН.
    Іншым разам канчатак прозьвішчнай асновы можна адшукаць у комі-пярмяцкім слоўніку як самастойнае слова: поль — вадыр, вадзяны пухір; пель — вуха. Але не трэба сьпяшацца, абвяшчаючы, што ў прозьвішчных асновах КАРПОЛЬ, СОЎПЕЛЬ, ШЭМПЕЛЬ зьмяшчаюцца часткі менавіта з такімі значэньнямі. Гэта могуць быць і пасьлялёгі: у прыватнасьці, пасьлялёг пöл ва ўдмурцкай мове ёсьць. Кар (КАР) па-комі-пярмяцку горад, сöв (СОЎ) — сажань, шöм (ШЭМ) — закваска, памыі. Што азначае пасьлялёг пöл, я не зусім разабраўся: сказана, што паказвае аднароднасьць.
    Зразумела, што ў ліцьвінскай мове, самастойнай, ды яшчэ такой далёкай геаграфічна ад комі краю, маглі быць і такія суфіксы ды пасьлялёгі, якіх у сучасных пермскіх мовах няма. Вось, напрыклад, шэраг прозьвішчных асноў: ГАНДЗЕЛЬ, ГУНДЗЕЛЬ, ГАЎДЗЕЛЬ, ТОМДЗЕЛЬ. Усе яны могуць быць расшыфраваны і як складаныя словы: гöн — шэрсьць, гов — бедны, гундыны — зваліць, абрынуць, том — малады; дзель, што яднае іх,— «ягня”. I, здаецца, расшыфроўкі будуць не без сэнсу: ГАНДЗЕЛЬ — ваўнянае ягня, ГАЎДЗЕЛЬ — беднае ягня, ГУНДЗЕЛЬ — зваленае ягня, ТОМДЗЕЛЬ — маладое ягня. Але няўжо ў ліцьвінаў была такая ўлюбёнасьць у ягнят? Можа, усё-такі, ДЗЕЛЬ — афікс або пасьлялёг? Каб адказаць на такое пытаньне, матэрыялу пакуль што недастаткова.
    І калі пайшла ўжо гутарка пра нашыя прозьвішчы як складаныя словы ліцьвінскай мовы, то пагаворым і пра такія. Той, хто чытаў “Племя пяці родаў”, мабыць, заўважыў, што літаральна ўсе імёны літоўскіх князёў, якія разгадваў, я падзяляў на дзьве, а то і болей частак. Мабыць, гэта і навяло нейкіх мінскіх навукоўцаў на думку падабрацца да майго прозьвішча з кітайскай мовай, у якой, вядома, скрозь кароценькія слоўкі. Але тое, што імёны літоўскіх князёў складаныя, першым заўважыў не я. Так, М. Бірыла падкрэсьлівае двухчленнасьць такіх прозьвішчаў (у старадаўнасьці імёнаў), як СКІРМАНТ, РАДЗІВІЛ і інш., прычым, здаецца, гэтая двухчленнасьць адкрыта не ім, бо ў артыкуле РАДЗІВІЛ ён спасылаецца на польскага дасьледчыка Атрэнбскага. Дый двухчленнасьць іх проста кідаецца ў вочы. Паглядзіце:СКІРМУНТ — НАРЫМОНТ — ЖЫГІМОНТ; ЕРДЗІВІЛ, РАДЗІВІЛ. Першы шэраг канчаецца на МОНТ (МУНТ), другі — на ВІЛ. І вось вам яшчэ адно імя: МОНТВІЛ, дзе гэтыя МОНТ і ВІЛ аб’яднаныя ў адно. Ці ж няясна, што гэта самастойныя словы? Калі ж не верыце мне і пасьля гэтага, дык вось вам яшчэ аргумэнт: сярод прозьвішчаў, сабраных М. Бірылам, маюцца і МОНТ, і ВІЛЬ. Дадам, што сярод сучасных прозьвішчаў сустракаецца і ВІЛЬМОНТ (літаратуразнаўца, біёграф Б. Пастарнака).
    Такім чынам, я меў поўнае права дзяліць на часткі любую прозьвішчную аснову, калі не знаходзіў як ў комі-пярмяцкім слоўніку поўным словам. І напачатку шырока карыстаўся гэтым. Але калі даўмеўся пазнаёміцца як сьлед з афіксамі пермскіх моваў, мноства такіх расшыфровак, асабліва нязграбных, дзівацкіх, было адкінута і засталіся толькі такія, дзе ў правільнасьці расшыфроўкі пераконвае сам знойдзены сэнс і непаўторнасьць асновы:
    АБАБУРКА. Абу — не, бур — дабро, добры.
    АКТАНАР. Октун — кручок з прынадай (рыбалоўнае), аргальян (дробная рыбка).
    АМРОМА. Омра — дзягіль (батан.), ма — мед.
    БІГОРА. Би — агонь, гора — які мае печ.
    БІТУС. Би — агонь, тусь — зерне.
    Калі “вогненнае зерне” падасца не вельмі пераканаўчым, паглядзіце яшчэ расшыфроўку:
    БІЧЭЛЬ. Би — агонь, челльо — зерне.
    Пайшлі далей.
    ВІЛЬКОТА. Виль — новы, кода — п’яна.
    ВІРБАЛ. Вир — кроў, бав видзны — выступаць.
    ВІЮК. Ви — масла, юг — бляск, зьзяньне.
    ГАСЮК. Гос — тлушч, сала; юг — бляск, зьзяньне.
    ГІРГЕЛЬ. Гыр — ступа, голь — які не мае ежы.
    ГОБАР. Гоб — грыб; ар — восень.
    ДАЙГАРОД. Дой — болька, горд — чырвоны. Пераробленае ў беларускім асяродзьдзі для “большай зразумеласьці”, т. зв. «народная этымалёгія.
    ДАРДАР. Паўтарэньне слова — у пермскіх мовах адзін са спосабаў наданьня прыметніку найвышэйшай ступені. Сэнс слова дар — «у вышэйшай ступені”. ДАРДАР — “самы-самы”.
    КАЛІМАС. Коли — шышка; масьтыны — здрабняць.
    КАМЫНЯ. Кам — скупы, багаты; мын — плата.
    КЕДЫШКА. Кöд — які; дыш — лянівы.
    КУЛЬБЕДА. Куль — чорт; беддя — з цапком, кіем.
    КУРКАЙ. Курк — падрабленьне ўзьлёту; кай — птушка.
    ЛІОЛЬ. Ли — мязга (верхні мяккі пласт дрэва пад карой); оль — бярозава-хвойны лес.
    ЛІТБАРД. Вит — пяць; берд — сьцяна (мера даўжыні ў хатнім ткацтве).
    МАЛЫЧ. Ма — мёд, лыч — бацьвіньне.
    МАРДВІЛА. Морда — венцер; виль — новы.
    МАТАРАС. Ма — мёд; торасьны — зьмяшчацца.
    МАШКЕЙ. Мош — пчала; кой — лічынка (заал.).
    МАЯЙКА. Ма — мёд; яй — мяса; “ка”— бел. суфікс.
    НАЙБАРТ. Ной — самаробнае сукно; берд — гл. ЛІТБАРД.
    НЕЛІНДЗЕР. Нöльöн — учатырох; дзерöтны — дражніць, даймаць.
    ПІВАН. Пи — пазуха; ван — шырока (разнасьцежаны).
    ПІУЛА. Пи — пазуха; уль — вільготны.
    ПІПІР. Пи — пазуха; пыр — пасьлялёг “скрозь”.
    ПОРГЕН. Порсь — сьвіньня; гöн — шэрсьць.
    ПЫНКУЛЬ. Пинь — зуб; куль — чорт.
    СІВЯРЗАН. Си — волас; вöрзьыны — скрануцца з месца, адсюль дзеепрыметнік вöрзьан.
    СКОРБЕЖ. Скöр — злы, бöж — хвост.
    СУРВІЛА. Сур — піва; виль — новы.
    СУСВІЛА. Сюсь — разумны; виль — новы.
    ТАРАБЕЖ. Тар — цецярук; бöж — хвост.
    ЦІКАЙ. Тив — падрабленьне ціўканьня птушак; кай — птушка. (З выпадзеньнем “ў”: ЦІЎКАЙ — ЦІКАЙ).
    ЧАКВА. Тшак — грыб; ва — вада, сок.
    ЧАКУР. Тшак — грыб; ур — вавёрка. (Вядома, што вавёркі харчуюцца грыбамі).
    ЧАПОНІС. Тшап — засечка; оніся — цяперашні, сёньняшні. (Гэтае ЧАПОНІС стаіць побач з ЧАПЕРЫС — як я паказаў трохі вышэй, “засечка” + “стары”).
    ЧАШЧАВЫ. Чаш — зусім; чав — зусім, скрозь.
    ЧУРВА. Чурйыны — біць струменем (пра крыніцу); ва — вада.
    ШАНТАР. Шань — прыгожы; тар — цецярук (але тут, як я паказваў вышэй, можа быць і суфікс тор).
    ШАРШАНЬ. Шор — ручай; шань — прыгожы.
    ШЫРАКАРД. Шыр — мыш (шыра — з мышамі); карта — хлеў.
    ЯГАДЗІК. Ягöд — ягада; дзик — кропля ў кроплю (падобны).
    Я ўжо на пачатку першага пераліку казаў, што сярод нашых прозьвішчных асноў сустракаюцца такія, што ўтвораны ад пермскіх слоў з дапамогай беларускіх афіксаў (АШОМКА). Гэта можна паказаць яшчэ на прыкладзе прозьвішча БІЕНЧЫК: тут би — агонь, ён — моцны, а “ЧЫК” — памяншальны суфікс беларускай мовы. Бываюць і выпадкі наадварот, калі аснова ўтворана несумненна ад беларускага слова, але з дапамогай пермскіх афіксаў. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Мова не магла зьнікнуць за адно імгненьне, працэс гэты хутчэй за ўсё павінен быў расьцягнуцца на стагодзьдзі. А што зьнікае ў мове ў апошнюю чаргу? Безумоўна, граматыка. Мова можа бясконца засьмечвацца чужымі словамі, але ўсё ж такі яна будзе заставацца сабой, пакуль сувязі паміж імі ажыцьцяўляюцца згодна з яе правіламі. Калі ж граматыка зьмяняецца, то хай бы лексычны корпус і застаўся ранейшы, мова перастае існаваць.
    Назіраючы прозьвішчныя асновы, можна рабіць асьцярожныя высновы, што тое або іншае слова ўвайшло ва ўжытак ліцьвінаў да зьнікненьня ліцьвінскай мовы. Да такіх слоў, відавочна, можна залічыць “любіць” і “радаваць”. Пра гэта сьведчаць асновы РАДАМАН, РАДЗЮН, РАДЗЮШ, РАДЗЯНКА, РАДУТА, ЛЮБАН, ЛЮБАР, ЛЮБАРТ, ЛЮБУТА. Гэтыя асновы падобна ўтвораныя з дапамогай афіксаў ліцьвінскай мовы ад гіпатэтычных дзеясловаў любны і радны, а таксама спалучэньнем з каранямі “люб” і “род” іншых слоў (РАДАМАН, ЛЮБАРТ). Што такое цалкам магчыма, сьведчыць шэраг прозьвішчных асноў — складаных словаў, адна палова якіх уяўляе сабой пермскае слова, другая — беларускае.
    Вось глядзіце, якое цікавае прозьвішча: САНДРОЗД. “Санбат” нагадвае. “Санітарны дрозд”? Зразумела, расшыфраваць так можна толькі жартам. А калі сур’ёзна? Слова “дрозд” у комі-пярмяцкай мове няма, гэтае слова наша. А санны па-комі-пярмяцку “кляваць”. САНДРОЗД — “дрозд, які клюе”. Каб чытач упэўніўся, што расшыфроўка дакладная, прывяду побач яшчэ адно прозьвішча: САНТАР. Тар па-комі-пярмяцку — цецярук, САНТАР — “цецярук, які клюе”. ШАНІБОР складаецца з шань (прыгожы) і бор. Па-комі-пярмяцку бор-бор азначае гукападрабленьне булькатаньня ручая. Але, можа, тут — беларускае “бор” (лес)? Катэгарычна сьцьвярджаць не буду. ШЫНГАР складаецца з ШЫН+ГАР. Тшын па-комі-пярмяцку “дым”; да гэтага добра дапасуецца адно са значэньняў комі-пярмяцкага слова гар — па-руску “гарь”, што і па-беларуску гучыць як “гар”.
    Але не толькі беларуская мова ўплывала на ліцьвінскую. Пакуль ліцьвінская жыла, і беларуская жывілася ёю. Спэцыяльных пошукаў у гэтым напрамку я не распачынаў, беларускія запазычаньні з ліцьвінскай я толькі адзначаў спадарожна. Вышэй ужо гаварылася пра слова кер, што супадае значэньнем (бервяно — пень, калода) у комі-пярмяцкай мове і беларускай. Далучу яшчэ колькі падобных выпадкаў.
    Своеасаблівае прозьвішча ГАМЕЗАН мае комі-пярмяцкі адпаведнік гамазöн, што азначае “супольна, гуртам, гурмой”. Але тое самае азначае і беларускае гамузам. Безумоўна, “гамузам” — гэта гамазöн, падагнанае пад беларускую граматыку (уявіце, як гучала б: мы пайшлі гамазён...). “Гамузом” сустракаецца і ў гутарковай мове рускіх. Але слоўнік Насовіча “гамузам” дае, а ў слоўніку Даля я яго не знайшоў. Мабыць, у Расію “гамузом” трапіла пазьней, ужо праз беларускую мову, а не з комі-пярмяцкай. Прытым прозьвішча ГАМЕЗАН супадае лепш не са словам “гамузам”, а з гамазöн, г. зн. яно было ўтворана хутчэй ад “гамазöн”, чым ад “гамузам”. М. Бірыла дае яшчэ і прозьвішча ГАМЕЗА. Адсюль можна зрабіць выснову, што ў ліцьвінскай мове быў назоўнік гамöз (у комі-пярмяцкай яму адпавядаў верагодна гамаз). Ад гамöз і ўтварыліся ГАМЕЗА (прыметнік з суфіксам “а”), і ГАМЕЗАН (назоўнік з суфіксам “ан”).
    Рэгіянальнае беларускае “ёчы” азначае “глузды, жыцьцёвая сіла” (гл. М. Бірыла, аснова ЕЧ). Па-комі-пярмяцку етш (нагадаю, тш=ч) — “сіла, моц”.
    Да прозвішча КАЛАНЦАР М. Бірыла дае такі камэнтар: “Ст. рус. калантарь ’безрукаўны панцыр’, параўн. таксама бел. рэг. калантарыць ’прасіць, выпрошваць’ (Нас.), укр. калантарити ’гучна гаварыць`”. А ў комі-пярмяцкай мове слова колантор — “тое, што трэба”. Гэтае слова не запазычанае, яно ўтворана ад колан — “патрэбны, неабходны” з дапамогай суфікса “тор”, пра які казалася вышэй. Прыгледзеўшыся, добра разумееш, што бліжэй за іншыя да гэтага “колантор” стаіць беларускае “калантарыць” — прасіць, выпрошваць. Для таго, каб штосьці выпрасіць, чалавек настойліва паўтараў: “колантор, колантор!” (“трэба, трэба, вельмі трэба”, прычым суфікс тор надаваў адценьне памяншальна-ласкальнае). Адсюль і “калантарыць” (казаць “колантор”) — выпрошваць.
    «МАЛЬГА, — піша М. Бірыла, — рус. 'драбяза, мелюзга', 'малькі рыбы' (Даль); параўн. бел. рэг. мальгва зборн. ’малькі рыбы’ (Нас.), 'дробязь, глупства’ (Бялькевіч)”. І па-комі-пярмяцку мольга — дробная рыба, маляўкі. Але выпадак цікавы не толькі гэтым. Слова “мольга” Даль выводзіць ад “малый”, але гэта без сумлеву нацяжка, мольга запазычана ў рускую, як і ў беларускую, з пермскіх. Пра гэта сьведчыць “ва”, што стаіць у канцы беларускага слова “мальгва”. “Ва” тут не вада і не рака, а стыхія жыцьця, род, пра што я ўжо казаў у “Племі пяці родаў”: мальгва — кажучы так, “мальговая ва”, і першапачатковы выгляд пермскага слова быў, я думаю, мольгава. У далейшым, у выніку разьвіцьця мовы, “ва” ў гэтым старажытным сэнсе стала незразумелым і лішнім, таму і было страчана не толькі ў комі-пярмяцкай мове, але і ў ліцьвінскай, пра што гаворыць прозьвішча МАЛЬГА, якое ўтварылася, такім чынам, пазьней, чым было запазычана ў беларускую мову з ліцьвінскай слова “мальгва”. У рускую ж, з комі мовы, яно было запазычана ўжо тады, як узяло сучасны выгляд.
    Падрабленне чывіканьня птушак у комі-пермякоў — тив-тив. І ў нас — “ціў-ціў”, ад чаго дзеяслоў “ціўкаць”. А ў рускіх такое сама падрабленьне гучыць іначай: “чив” — ад чаго “чивикать”, “чиликать”. На першы погляд розьніца не надта вялікая, але трэба памятаць, што гукападрабленьні галасоў жывёл, птушак блізкія ва ўсіх мовах (падрабляюцца ж тыя самыя галасы). Калі, напрыклад, куваньне зязюлі па-беларуску перадаецца як “ку-ку”, то па-якуцку — “ку-кук”. Таму і невялікая розьніца тут мае вялікае значэньне, і той факт, што ў беларускай і комі-пярмяцкай мовах ціў (тив), а ў рускай, чыя тэрыторыя ляжыць пасярод, «чив» — па-мойму, абмінаць нельга. Як і тое, што па-беларуску і комі-пярмяцку юшка (заслонка ў коміне), а па-руску — “вьюшка”, што “бумага” ў комі-пермякоў гучыць як гумага — так і ў нас казалі па вёсках.
    Паўтараю: усё гэта заўважана выпадкова, без мэтанакіраванага пошуку. Гэтаксама адзначаўся і нейкі ўплыў ліцьвінскай мовы на літоўскую. Я, на жаль, зусім незнаёмы з літоўскай мовай, не маю нават ніякага слоўніка, але зраблю такое рызыкоўнае дапушчэньне (не заб’юць жа калом мяне за яго): мне думаецца, што на літоўскую ліцьвінская магла зрабіць і большы ўплыў, чым на беларускую. Чаму? Таму, па-першае, што беларуская мела пісьменнасьць, была дзяржаўнай і таму цяжэй паддавалася ўплыву з боку мовы, якая пісьменнасьці не мела; літоўская ж і ліцьвінская ў гэтым сэнсе былі раўнапраўныя. Па-другое, ёсьць нешта падобнае ў частцы канчаткаў літоўскай і пермскіх моваў (як у літоўскай, так і ў пермскіх шмат слоў канчаецца на “с”). Пэўным словам, запазычаным з ліцьвінскай мовы, нават і не трэба было “габлявацца” ў літоўскай. Час пакажа, сур’ёзныя былі тыя фактары або не. А цяпер пакажу тое, што давялося заўважыць. Вышэй казалася, што пермскаму кер у літоўскай мове адпавядае keras. Яшчэ. Па-комі-пярмяцку мокась — накшталт лаянкі: “тфу, паскудства”. Па-літоўску mākasyti — хадзіць па гразі (гл. М. БІРЫЛА, МАКАС). Па-комі-пярмяцку петас — усходы (рунь), па-літоўску pèdas — сноп (М. БІРЫЛА, ПЕДАШ). Па-комі-пярмяцку кибас — грузіла (рыбалоўнае), па-літоўску kіbus — учэпісты (В. А. Жучкевіч. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Кибути). Грузілы на сетках чапляюцца за дно, так што kіbus цалкам магло пайсці ад кибас. А чаму не наадварот — кибас ад kіbus? Ды таму, што не маглі ж комі-пермякі запазычыць з літоўскай мовы.
    Да прозвішча ПОЗДЗЕР М. Бірыла дае такі камэнтарый: “рэг. кастрыца з польск. раździerz тое ж”. Але цікава, што па-комі-пярмяцку паздер — верхні пласт кары. Кастрыца, па сутнасьці, таксама “кара”, толькі не дрэва, а льну. І не выключана, што ў ліцьвінскай мове паздер магло азначаць “кастрыца” (як і мокасьны — хадзіць па гразі, петас — сноп, кибас — учэпісты). Такім чынам, уплыў ліцьвінскай мовы мог адбіцца і на польскай мове, што не павінна зьдзіўляць.
    Што ж мы маем? А вось што. Мы, як было паказана, маем сотні прозьвішчных асноў, верагодна ўтвораных ад пермскіх слоў, цэлы шэраг у гэтых асновах пермскіх граматычных фармантаў і нават некалькі беларускіх слоў, што па сваіх значэньнях супадаюць са словамі комі-пярмяцкай мовы. А мы ж добра ведаем, якія прасторы падзяляюць Беларусь і старадаўнюю Перм Вялікую, на тэрыторыі якой склаліся сучасныя пермскія мовы. І ў гісторыі не адзначана ніякага кантакту паміж Беларусьсю і Перм’ю тыпу запрашэньня на Беларусь татараў Гедымінам. Невыпадкова, што М. Бірыла нават і не спрабаваў шукаць да беларускіх прозьвішчаў пермскія паралелі.
    Ясна любому і кожнаму, што комі-пярмяцкая мова не магла зрабіць ніякага ўплыву ні на беларускае прозьвішчаўтварэньне, ні на беларускую мову. Гэты ўплыў зрабіла іншая мова — роднасная комі-пярмяцкай ліцьвінская мова.
    Як паказвае ўражальны беларуска-пермскі імёнаслоў, носьбіты гэтай мовы ўвайшлі ў склад беларускага народа. Разумець гэта вельмі важна для болей поўнага ўяўленьня пра нашу гісторыю.
    Вельмі важна гэта і для далейшага разьвіцьця галоўнай думкі артыкула, які зараз перад чытачом.
    Я дасюль неаднойчы зазначаў, што разглядаю толькі тыя супадзеньні беларускіх прозьвішчаў з пермскімі словамі, якім не знойдзена паралеляў у іншых мовах. Але ёсьць і такія, што маюць. І чаму мы павінны іх адкідваць?
    Возьмем такую прозьвішчную аснову, як ЧЫР. Паглядзіце, якія адпаведнікі дае М. Бірыла: бел. рэг. чыр — скула; рус. чир — тое самае; татарскае чир — хвароба; украінскае чир — “кашка з кукурузнай мукі”; ды яшчэ: параўн. дыял. татарскае чыр ’навар`”. Такім чынам, аснова мае апрача беларускага рускі, украінскі і два татарскія адпаведнікі. Але ці аднолькавая ім цана? Ясная рэч, што не. На першае месца мы павінны паставіць адпаведнік беларускі — верагоднасьць таго, што менавіта ад яго ўтворана аснова, найвялікшая. Так М. Бірыла і робіць. Іншыя адпаведнікі ён разьмяшчае ў такім парадку: рускі, татарскі, украінскі і пасьля ўсіх — зноў татарскі, дыялектны. Чаму татарскае літаратурнае пастаўлена ім перад украінскім, а татарскі дыялектны пасьля, здагадацца можна (слова татарскай літаратурнай мовы магло быць ва ўжытку беларускіх татараў, а верагоднасьць таго, што ў Беларусь трапіла татарскае дыялектнае, найменшая). Але не пра гэта гутарка. Куды ў шэрагу гэтым паставіць комі-пярмяцкія паралелі: чир I — “сякера” і чир II — “найдрабнейшая часьцінка”?
    Калі б такія паралелі былі адзінкавымі, г. зн. выпадковымі, і не было б сумлеву, што гэта менавіта комі-пярмяцкія паралелі, то мы павінны былі б паставіць іх на апошняе месца, пасьля дыялектнага татарскага, бо ведама, то татарская мова — хай і не зусім тая — у Беларусі ўсё ж гучала, а комі-пярмяцкая — не. Але калі слова чир трапіла ў нашыя прозьвішчы ад ліцьвінаў, што ўвайшлі ў склад беларускага народа, то гэта ўжо іншая справа.
    Такія адпаведнікі мы павінны разглядаць нароўні з беларускімі, бо чир — слова такіх жа нашых продкаў, як і крывічы, дрыгавічы, радзімічы, і ў шэрагах, падобных прыведзенаму, ставіць іх пасьля беларускіх, а калі беларускі адпаведнік няпэўны, то і наперадзе яго.
    Возьмем, напрыклад, прозьвішча ЧЫРВА. М. Бірыла не дае да яго адпаведнікаў, але і не ставіць зорачкі незразумеласьці: можна падумаць, што яно ўтворана ад нейкага беларускага, шырока вядомага слова. Якога ж? “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” дае: “ЧЫРВА гл. ЧЫРВЫ”, а ЧЫРВЫ тлумачацца — картачная масьць; Насовіч і Бялькевіч слова ЧЫРВА не даюць. Калі зьявіліся карты для гульні ў Беларусі, я не ведаю, але, здаецца, не такая ўжо гэта даўняя зьява. Падыдзем да прозьвішча ЧЫРВА з пункту гледжаньня комі-пярмяцкага слоўніка: чир II — “найменшая часьцінка чаго-небудзь, крупінка; шчопаць (солі), кропелька (вады): вавада. Такім чынам, з комі-пярмяцкай ЧЫРВА расшыфроўваецца ледзь не з матэматычнай дакладнасьцю (“кропелька вады”), і верагоднасьць таго, што гэтае прозьвішча ад “чир ва”, бадай што, большая, чым ад “чырва” — варыянта назвы картачнай масьці.
    М. Бірыла і сам не заўсёды давярае знойдзеным ім адпаведнікам і ставіць побач пытальнік. Буду дадаваць да яго няўпэўненых тлумачэньняў свае — комі-пярмяцкія адпаведнікі: ВАБЕЛЬ ад вабіць? — ваболь вадыр; КАЛЯСЕНЬ каляснік? — коласын пасярод; КІВА ад ківаць, ківацца? — кыва з языком (прыметнік); КУШ ад рускага кушать? — куш голы, лысы; МАЙСА ад Майсей? — майшасьны марудзіць, капацца; МАЛЬ малы? — малö вельмі; МУСЯК той, хто мусіць нешта рабіць? — мусук любы; МЯКОТА мякаць, мяккая частка чаго-небудзь? — мекот са мной; НАГУЛЬ які мае даўгія ногі? — ногыль густы; НЕБРА з не браць? — небура слаба, не моцна; ШРЭМ шрам? — шöром скібка; ШЫРА шырыня? — шыра з мышамі (прыметнік).
    Іншым разам да падобных тлумачэньняў М. Бірыла пытальніка не дадае, хаця, на мой погляд, і варта было: НЯРОН ад ’рон’ раняць — норöн жаласна; ПУЖАН пужаны — пöжан прызначаны для наседжваньня (пра яйкі).
    У шэрагу выпадкаў М. Бірыла робіць заўвагу: параўнай з тлумачэньнем таго ці іншага прозьвішча, з тым ці іншым словам. Гэта таксама знак няўпэўненасьці: ДЗЕБА параўн. рэг. дзёб дзюба — дзебавны хаваць; КІКАР параўн. ст. рус. кикати крычаць, бел. рэг. кікаць стрымліваючыся, паціху сьмяяцца, хіхікаць — кикар кісьць (рукі); КІКУН параўн. КІКАР — кыкöн удваіх; ШЫРАН параўн. ІІІЫРАЙ — шыран нажніцы. Бывае і так, што дасьледчык не дае да прозьвішчнай асновы ні тлумачэньня, ні зорачкі незразумеласьці — г. зн. аснова цалкам зразумелая. Але возьмем такую, як КОК. Вядома, ёсьць і кок — карабельны кухар, і кок — асаблівая прычоска, але ж абодва гэтыя словы замежныя і прыйшлі ў нашу мову не так даўно. Тым часам у комі-пярмяцкай мове маюцца словы кок — нага і кöк — зязюля. Яшчэ. НЕРАД (відавочна, згодна з М. Бірылам, “не рады”) — нерöд запаленьне залозы; ПІК (згодна з М. Б., “вяршыня”?)— пик становішча без выйсьця; ПОЗА (“пастава”?) — поза з гняздом; ТАЛЬ (зорачкі няма, але чым тлумачыць М. Б. гэтае прозьвішча, я зразумець не магу) — тальны таптаць; ЧЭБ (тут адсутнасьць зорачкі — магчыма, памылка друку) — чебер ганарысты.
    Пяройдзем да адпаведнікаў літоўскіх. М. Бірыла лічыць, што сярод прозьвішчных асноў, сабраных ім, літоўскага паходжаньня — каля трох працэнтаў. Але тут трэба зазначыць наступнае. Даволі часта ў якасьці адпаведніка ён дае не літоўскае слова, а літоўскае прозьвішча. Але ж дасьледчык і на беларускіх прозьвішчах мог пераканацца, што далёка не заўсёды яны фармуюцца на базе ўласнай мовы, сам налічыў уласна беларускіх толькі 55 працэнтаў. Гэтаксама і сярод літоўскіх прозьвішчаў могуць быць такія, што ўтвораныя ад, напрыклад, польскіх, латышскіх, нямецкіх, эстонскіх і іншых слоў, і калі, дапусьцім, да беларускага прозьвішча АНЗЕЛЬ знаходзіцца адпаведнік у выглядзе літоўскага прозьвішча АНЗЕЛІС, але адкуль паходзіць гэтае АНЗЕЛІС, невядома (літоўскія прозьвішчы М. Бірыла, мусіць, браў з прэсы), то не трэба сьпяшацца з абвяшчэньнем, што АНЗЕЛЬ утварылася “ў выніку асваеньня ЛП (літоўскага прозьвішча) АНЗЕЛІС”, бо слова анзель магло быць узята як беларусамі, так і літоўцамі з нейкай іншай мовы. Сапраўды, онзіль па-комі-пярмяцку “санлівасьць”. Паглядзіце, колькі іх, такіх выпадкаў (буду спачатку даваць беларускае прозьвішча, потым літоўскае, потым комі-пярмяцкае слова з перакладам): БАТОРА — Баторас // ботора той, хто гаворыць хутка і манатонна; БЕКІС — Бекіс // бöкöстны — забляяць; ВІЛЬ — Вілас, Віліс // виль новы; ГАБІС — Габіс // гöйисьны капацца, калупацца; ГЕРТ — Герта, Гертас // гöрд чырвоны; ГІНЬ — Гінюс // гын лямец; ГУДЗЬ — Гудіс // гудьыны калупаць, капаць; ДАС — Дасас, Дасюкас // дас дзесяць; ДОМАСЬ — Домасас // домасьны займацца зьвязваньнем; ЖУЛЬ — Жуліс // жульмыны тлець; ЗЭК — Зекас // зэгавны асядаць, умяцца; КАЛІШ — Калішюс // кольлись хто праводзіць; КАРЫЗНА — Карызна // корись хто просіць; КЕРУС — Керус // керöс // гара, узвышша; КОДЗІС — Кодіс // кодзись пакладач; КОНТУСЬ — Контусіс // кöнтусь каноплі; КОРС — Корса // корсьыны ладзіць заручыны; ЦІРА — Тірас // тир-тир выяўленч. “з шумам”; ЖАГУН — Жагуніс, Жёгунас // жагöн ціха, марудна.
    І калі нават паказаныя тут літоўскія прозьвішчы маюць уласна літоўскія адпаведнікі, то не трэба забывацца, што ліцьвіны — гэта нашы продкі, а літоўцы — толькі суседзі. Таму, высьвятляючы, напрыклад, паходжаньне прозьвішча КОНТУСЬ, мы на першае месца павінны паставіць пермскі адпаведнік кöнтусь, а літоўскае прозьвішча Контусіс — толькі за ім, дый тое, калі гэтае прозьвішча мае ўласна літоўскае паходжаньне. Калі ж для літоўцаў яно незразумелае, мы можам яго зусім не браць пад увагу, бо тады яно ліцьвінскага паходжаньня, як і наша КОНТУСЬ.
    Беларускіх прозьвішчных асноў цюркскага паходжаньня М. Бірыла налічвае таксама 3 працэнты, як і літоўскага. Тым часам і ў беларуска-цюрскія пары нярэдка “ўкліньваюцца” пермскія адпаведнікі. Якім аддаваць перавагу? Давайце паразважаем.
    Вядома, што татары былі запрошаныя ў Вялікае Княства пры Гедыміне. Ліцьвіны ж жылі побач з крывічамі і дрыгавічамі спрадвеку. Гэта — раз.
    Другое: ліцьвіны поўнасьцю зьмяшаліся з нашымі славянскімі продкамі, увайшлі ў склад беларускага народа са сваімі прозьвішчамі. Інакш было з татарамі. Мусульманская вера, якой яны прытрымліваліся, не давала шырокіх магчымасьцяў для шлюбаў з “нявернымі”. Ды яшчэ пасьля Люблінскай уніі ў Рэчы Паспалітай пачалася нагонка на татараў. “Свайго апагея яна (нагонка) дасягла ў 1609 годзе: манэты з арабскімі надпісамі, якімі любілі сябе аздабляць мусульманкі, далі зачэпку падазраваць іх у чарадзействе; нагонка не абмяжоўвалася паклёпамі і беспадстаўнымі абвінавачваньнямі; некалькі чалавек было спалена на вогнішчах, а ўсе наогул пасяленцы-татары былі абмежаваныя ў правах; нават за жанімства з хрысьціянкай мусульманіну пагражала пакараньне, хаця раней такія шлюбы былі звычайнай зьявай”. У сувязі з гэтым “масы татараў пачалі перасяляцца ў турэцкія межы, Дабруджу і Малую Азію. Гэтыя перасяленьні не спыняліся і ў наступны час”, аж да першай сусьветнай вайны (Известия общества обследования и изучения Азербайджана, 1926, № 2, с. 87 і далей). У кнізе М. Бірылы каля 11 тысяч прозьвішчных асноў, 3 працэнты ад якіх складаюць 330. Аўтар жа працытаванага артыкула “Літоўскія татары” Джэміль Александровіч (Насыфі) на с. 91 паведамляе: “У маім сьпісе маецца 130 прозьвішчаў (так званых “літоўскіх” татараў. — І. Л.)”.
    Не магла сур’ёзнага ўплыву зрабіць і татарская мова на беларускую, бо “літоўскія» татары самі яе з цягам часу страцілі і, як піша Д. Александровіч, “гавораць на мовах — беларускай, польскай, радзей літоўскай і ўкраінскай” (с. 77).
    Трэба яшчэ дадаць, што мова гэтых людзей невядомая. Яна нідзе не зафіксаваная. Цюрскія паралелі беларускім прозьвішчным асновам М. Бірыла шукаў у самых розных цюркскіх мовах, аж да алтайскай і уйгурскай. А ўсе яны таксама ж прайшлі праз нейкія моўныя ўплывы. Таму, здаецца мне, большая частка падобных паралеляў павінна быць выпадковай, асабліва там, дзе маецца адпаведнік іншы, болей пераканаўчы.
    Возьмем, напрыклад, прозьвішча МОНТ. Як я паказваў ужо вышэй, гэта адна з частак імёнаў літоўскіх князёў — ЖЫГІМОНТ, НАРЫМОНТ, МОНТВІЛ і інш. А М. Бірыла дае да МОНТ такую паралель: “Параўн. каз. УІ Мантай”.
    Прывяду яшчэ некалькі прыкладаў, калі ён дае паралель з цюрскім імем. Адначасова буду далучаць знойдзены мной пермскі адпаведнік: АКТУН каз. УІ Актан // октун рыбалоўны кручок; АРАЙ каз. УІ Арай // арай дрыгва; АЧЬІН чув. УІ Ачын // ашын заўтра.
    Складаны выпадак, калі з беларускай прозьвішчнай асновай адначасова супадае комі-пярмяцкае і рускае слова, ды яшчэ яны маюць блізкае значэньне. Вось, напрыклад, ёсьць прозьвішчная аснова ГАНУШ. М. Бірыла да яе не дае тлумачэньня і ставіць зорачку, г. зн. адпаведніка не знайшоў. Але ў Насовіча можна прачытаць: “ГАНУШ раст. анис”. Ёсьць і ў Даля: «ГАНУС вор. раст. анис; раст. анис-полевой, тмин, кмин, тимин, козловки; // раст. чернушка (от черненькнх семян), мацок”.
    Такім чынам, у Насовіча “гануш” азначае аніс, у Даля “ганус” — таксама аніс і яшчэ дзьве расьліны (як Насовіч, так і Даль даюць лацінскія назвы расьлін; Насовічава супадае з адной Далеўскай). Але сярод гэтых расьлін няма дзікай морквы. Тым часам комі-пярмяцкае слова гонюш азначае менавіта — “дзікая морква”. І гэтае гонюш вельмі падобнае да прозьвішчнай асновы ГАНУШ.
    Ці маюцца тут запазычаньні? Хто ў каго запазычваў? Ці тут выпадковыя супадзеньні? Каб разабрацца ў гэтым, трэба, мабыць, быць вялікім спэцыялістам. Бо ці вырашым іначай: беларускае “гануш” і рускае “ганус” — яны ад грэка-лацінскага “аніс” або ад пермскага “гонюш”? Мне адзіна здаецца, што пермскае “гонюш” — не запазычанае з рускай “ганус”. Яшчэ адно — больш важнае пытаньне: прозьвішчная аснова ГАНУШ — да беларускага “гануш” або пермскага “гонюш”? Фанетычна ГАНУШ бліжэйшае, бо ў ГАНУШ не “ю”, як у “гонюш”, а “у”, як у “гануш”. Затое ў “гануш” націск падае на першы склад, а ў прозьвішчы, утвораным ад ГАНУШ, на другі (Ганушчанка), як у “гонюш”. Праўда, у комі-мовах націск слаба акцэнтаваны, вялікага значэньня не мае.
    Спадзяюся, чытач, удалося мне давесьці табе, што маюць значэнне ўсякія супадзеньні беларускіх прозьвішчаў з пермскімі словамі — незалежна ад таго, ёсьць яшчэ да такіх пар нейкія паралелі або не. І цяпер я магу паведаміць, што супадзеньняў нашых прозьвішчных асноў з комі-пярмяцкім словам я адшукаў каля 400, а дадаткова рэканструяваў з дапамогай афіксаў і раскладаньня слова на часткі болей за 250. (Калі б я пісаў не артыкул, а кнігу, то мог бы дадаць іх у выглядзе табліцы.) І ўжо гэта ледзь не ўдвая перабольшвае колькасьць літоўскіх адпаведнікаў, названую М. Бірылам.
    Але нагадаю яшчэ раз (хай даруюць мне за назольнасьць), што комі-пярмяцкая — толькі адна з трох пермскіх моваў. У комі-зыранскай і ўдмурцкай таксама могуць адшукацца адпаведнікі прозьвішчам ліцьвінскага паходжаньня. Што гэта так, я пераканаўся. Напрыклад, удалося “раскусіць” такое экстравагантнае прозьвішча, як КРЭЗ. Старажытны багацей тут, мабыць, ні пры чым — крезь па-ўдмурцку “гусьлі”. Прозьвішчную аснову ГУНДАР М. Бірыла каменціруе так: “рэг. ’нягоднік, гультай’ (Нас.), з ням. Нund ’сабака'”. (У тлумачэнні слова “гундэр” М. Бірыла ідзе за Насовічам.) Не буду ўступаць у дыспут, ці магло слова “гундэр” на беларускай глебе ўтварыцца ад нямецкага Нund, хоць і не разумею, паводле якіх правілаў такое ўтварэньне магло адбыцца. Хачу толькі паведаміць, што ў комі-зыранскім фальклёры маецца пэрсанаж Гундыр — сымбаль жорсткасьці, вераломства, гвалту, несправядлівасьці (Коми народный эпос. М., 1987, с. 26). І чаму не дапусьціць, што “гундэр” — нягоднік, гультай — той самы Гундыр?
    Такім чынам, калі да расшыфроўкі прозьвішчаў прыцягнуць яшчэ і комі-зыранскі, удмурцкі слоўнікі, колькасьць цьмяных павінна дадаткова паменшыцца. Але і гэта не ўсё. Ліцьвінская мова была адной з фіна-ўгорскіх. Гэта значыць, што ў ёй маглі зьмяшчацца і словы з агульнага фіна-ўгорскага пласта, якія не захаваліся ў іншых пермскіх мовах.
    Так, прозвішча ДЗІНДЗІЛЬ М. Бірыла спрабуе растлумачыць: “Параўн. ДЗІНДА укр. бадзяга, валацуга». Тым часам у ліўскай мове маецца слова džińdzэl, якое азначае “сарока” (гл. Языки народов СССР, т. 3, арт. «Ливский язык»).
    Аснову КАЛЯ М. Бірыла тлумачыць праз сучаснае літоўскае прозьвішча Калюкас. Думаецца, да гэтай асновы куды бліжэй ліўскае слова kаlа, што азначае “рыба”. І ў эстонскай мове рыба — kаlа. Але гэта не толькі фінскае і нават не толькі фіна-ўгорскае слова. Бо і па-ненецку рыба “халя”, і нават — па-юкагірску. Такім чынам, гэтае слова — агульнаўральскае (ва ўральскую сям’ю ўваходзяць фіна-ўгорскія і самадыйскія (адна з іх — ненецкая) мовы, апошнім часам да іх сталі далучацца і дзьве юкагірскія). А ў комі-пярмяцкай “рыба” — чери, тут каля, халя, кал (рыба па-макшанску) не захавалася. Адкуль у нас прозьвішча КАЛЯ? З ліўскай, эстонскай ці ўсё ж з ліцьвінскай мовы?
    Гэты прыклад паказвае, што сярод нашых прозьвішчных асноў можна знайсьці, хай і адзінкавыя, вэнгерскія, мардоўскія, марыйскія, хантыйскія, мансійскія, энецкія, селькупскія, нганасанскія словы. І я ні мала не дзіўлюся, што так блізка гучаць Вілія і Вілюй — рака ў Якуціі, Няміга і Немюго — вёска непадалёк ад Якуцка (Вілюй — назва пермскага, Немюгю — самадыйскага паходжаньня).
    Гэта не жарт і не зачэпка для жартаў. Паглядзіце, маем прозьвішча СЕЙ, якому М. Бірыла не дае тлумачэньня. Яно блізкае да комі-пярмяцкага сёй — гліна. Але яшчэ бліжэйшае сей — па-ненецку “сэрца”. ЛЮБАСЕЙ — гэта што такое: “люба сее” або «любае сэрца”?
    І калі пайсьці такім шляхам, то, думаецца, з 33 працэнтаў цьмяных прозьвішчных асноў цьмянымі будуць заставацца ўсё меней і меней. Вось тады мы і зразумеем нарэшце, хто мы такія.
    Калі канчаткова зьнікла ліцьвінская мова?
    Да эпохі прозьвішчаўтварэньня, прынамсі, яна дажыла.
    Пасьля таго, як выйшла “Племя пяці родаў”, чытач А. А. Баркоўскі, чалавек дастаткова далёкі ад лінгвістыкі (скончыў рачное вучылішча і працуе на суднах), зьвярнуў маю ўвагу на такі цікавы факт. Беларускі шляхціц Каменскі-Длужык, што праяжджаў праз землі комі ў сярэдзіне ХVII стагодзьдзя, пакінуў сьведчаньне, што “мова зыранаў трохі падобная да жмудзкай”.
    Чаму ён напісаў “да жмудзкай”, а не “да літоўскай”? Мабыць, у часы Каменскага назва “літоўская” замацоўвалася ўжо як за дзяржаўнай за беларускай мовай, а ліцьвінская захавалася толькі астраўкамі на памежжы з Жамойцю.
    А да таго на працягу стагоддзяў ліцьвінская мова славянізавалася, уласныя словы замяняліся крывіцкімі, дрыгавіцкімі, радзіміцкімі, у пэўнай меры і польскімі. І яшчэ да эпохі прозьвішчаўтварэньня ліцьвіны давалі ліцьвінам мянушкі не ліцьвінскімі словамі, уласна ліцьвінская база ліцьвінскіх прозьвішчаў няўхільна памяншалася.
    Пра гэта сьведчыць, напрыклад, такі факт. Захавалася паданьне пра трох ліцьвінаў, пакараных сьмерцю ў 1347 годзе нібыта за здраду паганскім багам і прыняцьце хрышчэньня. Дык вось, імёны гэтых ліцьвінаў — Кумец, Няжыла і Круглец. М. I. Ермаловіч лічыць, што гэта былі паганіны-славяне. Але чаму б не верыць паданьню, што то былі ліцьвіны? Толькі трэба разумець, што гэта былі ліцьвіны са славянскімі імёнамі, дакладней, з ліцьвінскімі, але ўтворанымі ад запазычаных славянскіх слоў.
    Такім чынам, далёка не ўсе ліцьвіны атрымалі прозьвішчы, утвораныя з ліцьвінскай мовы. Калі ж ліцьвінская мова памерла, імёнаслоў такіх прозьвішчаў увогуле перастаў папаўняцца, а праз нейкі час паціху пачаў раставаць. Прозьвішчы ж перадаюцца ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. Памёр апошні мужчына роду — зьнікае і прозьвішча. За тры стагодзьдзі, што аддзяляюць нас ад XVII, такіх прозьвішчаў згасла, мусібыць, нямала. Але, як бачым, і сцалела іх таксама шмат.
    Гэта гаворыць пра тое, што літва — не нейкі “субстрат”, а адна з плыняў, што ўтварылі беларускую народнасьць і нацыю.
    Хто ж такія — нашчадкі літвы? Гэта не толькі людзі, якія носяць прозьвішчы, утвораныя ад ліцьвінскіх каранёў. Гэта ўсе мы — беларусы, з якімі зьлілася літва. Тым, магчыма, мы і адрозьніваемся ад суседзяў — рускіх, украінцаў, — што ў нашых жылах цячэ адчувальны струмень ліцьвінскай, пермскай крыві.
    За тысячу год ліцьвіны не толькі перайшлі на адну са славянскіх моваў. Дзякуючы шлюбным сувязям, эканамічным і розным іншым прычынам яны расьсяліліся па ўсёй Беларусі. Ніхто з нас, беларусаў, не можа гарантаваць, што сярод яго продкаў не было аніводнага ліцьвіна.
    Мая вёска, напрыклад, у няшчасным Краснапольскім раёне, што цяпер ліквідуецца. Як бачыце, дастаткова далёка ад верхняга Панямоньня, дзе М. I. Ермаловіч накрэсьліў межы летапіснай Літвы. Але вось дзіва...
    Жыў у нашых Беразяках дзед Іван. Лічылася, што яму не меней за сто год. Стары быў вельмі працавіты і да сьмерці займаўся тым, што карчаваў пні: на лугах, палях, на вуліцы... Карчаваньне занятак фізычна нялёгкі і марудны. Ніхто за гэта не браўся. А ён мэтадычна вылузваў з зямлі карані, што заміналі араць, касіць, хадзіць па вуліцы...
    Прозьвішча ягонага я не памятаю, а вось мянушка ў памяці захавалася: КІЗЯ. Мо таму і захавалася, што была абсалютна незразумелай.
    Кизя па-комі-пярмяцку — “зашпілены”, “з гузікамі”. Праўда, М. Бірыла да КІЗЯ дае татарскі адпаведнік: “кизу ўстар. “эпідэмія”, “дзяжурства”. Але, можа, кизу тут ні пры чым?
    Або яшчэ адна беразяцкая мянушка — ПІВАН. Што яна азначае, я паказваў ужо ў сьпісе асноў — складаных слоў...
    Кілямэтры за два ад Беразяк у лесе маецца месьцейка, якое завецца ПАДЗЕР. Ніхто не можа яго растлумачыць. А па-комі-пярмяцку падер — сьнегапад.
    Пэўна, у кожнай вёсцы ёсьць і такія прозьвішчы, і такія мянушкі, і назвы нейкіх куткоў. Вось сабраць бы іх, пакуль яны яшчэ не зьніклі!
    Таму і хацелася б зьвярнуцца да маладых навукоўцаў. Не бойцеся ісьці ў лес цьмяных прозьвішчных асноў. Не думайце, што той, хто тут пахадзіў да вас, пабраў усе баравікі, а вам засталіся адны сыраежкі. Пад лісьцем звычных фармулёвак, пад мохам акадэмічных забабонаў і вас чакае ўдача.
    /Полымя. № 8. Мінск. 1991. С. 204-228./

                                                                         ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). Ад 1977 г. старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Ад 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Па патрабаваньні “гнілой” якуцкай інтэлігенцыі быў звольнены з гэтай пасады. Ад 1993 г. супрацоўнік дзіцячага часопіса “Чуораанчык” – “Колокольчик”, адначасова працуючы выкладчыкам ЯДУ (па-за штатам) ды заг. аддзела сувязей з грамадзкасьцю аэрагеадэзічнага прадпрыемства. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР ад 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz