sobota, 26 marca 2016

ЎЎЎ 3. Мінадора Пілігрымка. Паўстанец 1863 году Яська Чэрскі ды Якуцкая вобласьць. Ч. 3. В. А. Ярмоленка. За даляглядам Айкумены. Койданава. "Кальвіна". 2016.







                                                                      ПРАДМОВА
    Айкумена... З часоў старажытных грэкаў гэтае слова азначала асвоеную частку нашае плянэты. Межы яе ўвесь час пашыраліся з новымі геаграфічнымі адкрыцьцямі. А імёны першапраходцаў заставаліся ў гісторыі чалавецтва.
    Сярод сусьветнага сузор’я прыродазнаўцаў-вандроўнікаў ярка гарыць зорка Чэрскага. Само гэтае імя ўжо даўно ўспрымаецца як нейкі сымбаль. Менавіта такі настрой нараджаецца кожны раз, калі раптам чуеш заварожвальныя словы: Тыбэт, Алтай, Сыбір... Уласна з Сыбір’ю і зьвязана імя Чэрскага.
    “Краінай Чэрскага” называюць цяпер вялізную прастору паміж Калымой і Індыгіркай, “Хрыбтом Чэрскага” — вялізную горную краіну ў Якуціі і Магаданскім краі, на тысячы вёрстаў па пракладзеным ім маршруце ідзе сёньня Транссыбірская магістраль.
    Яшчэ пры жыцьці заслужыў ён сапраўдную сусьветную Славу, але яна так і не кранула яго — прайшла міма, нібы лёгкі воблак над сыбірскай тайгой. Рэдка, вельмі рэдка чалавечы гераізм спалучаецца са здольнасьцю ўсё сваё жыцьцё, дзень пры дні, ахвяраваць навуцы. Жыцьцё Чэрскага, поўнае глыбокага драматызму, — бесьперапынны і непрыкметны вычын. І кожнае яго вандраваньне вартае таго, каб быць увасобленым у творах прыгожага пісьменства.
    Такія кнігі ўжо напісаныя. Гэта вядомая аповесьць для юнацтва Г. Рэўзіна [* Ревзин Г. Подвиг жизни Ивана Черского. М., 1952. 108 с.] і кніга А. Алдан-Сямёнава [* Алдан-Семенов А. Черский. М., 1962. 202 с. (Жизнь замечательных людей).] ў сэрыі “Жыцьцё славутых людзей”. Аднак спадчына Чэрскага як вялікага вандроўніка і вучонага, патрабуе сучаснай навуковай ацэнкі, што і абумовіла зьяўленьне гэтай кнігі.
    Крыніцамі для яе напісаньня паслужылі апублікаваныя навуковыя працы І. Чэрскага і яго архіўныя матэрыялы (дзёньнікі, перапіска) [* Черский И. Д. Неопубликованные статьи, письма и дневники. Иркутск. 1966. 370 с.], асобныя артыкулы сучасных дасьледнікаў жыцьця і дзейнасьці сусьветна вядомага прыродазнаўца славутага сына зямлі беларускай.
                                                                   НА РОСТАНЯХ
    Шляхоцкае паўстаньне * Арышт і ваенна-палявы суд * Канфіскацыя маёнтка * Штрафны рэкрут * Па Сыбірскім тракце * Знаёмства, якое вызначыла лёс
    У студзсні 1863 года заходнія ўскраіны Расійскай імпэрыі ахапіла полымя паўстаньня, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пасьля заканчэньня ў 1860 годзе юрыдычнага факультэта Пецярбурскага унівэрсытэта ён вярнуўся на радзіму і стварыў у Горадні нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, а ў лясах каля Беластоку — друкарню для выпуску дэмакратычнай газэты “Мужыцкая праўда”. Узначаліўшы нацыянальна-вызвольнае паўстаньне, кіраваў “Чырвоным урадам” паўстанцаў з цэнтрам у Вільні.
    Была абвешчаная адмена паншчыны і перадача сялянам панскіх земляў. З юначым імпэтам Чэрскі далучыўся да паўстанцкага руху, пабачыўшы ў гэтым абавязак служэньня Радзіме — Беларусі дзеля сьвятой і высакароднай ідэі нацыянальнага Адраджэньня.
    Пад свае сьцягі Кастусь Каліноўскі сабраў пяцьдзесят тысяч паўстанцаў, супроць якіх Аляксандр II накіраваў сто шэсьцьдзесят тысяч добра ўзброеных салдатаў. Да вясны 1864 года апошнія агмені супраціву былі зьліквідаваныя. Пасьля нядоўгага, але цяжкога блуканьня з абозамі ў гарадзенскіх лясах Іван Чэрскі, змучаны і хворы, трапіў у палон.
    Жахлівая памяць пра злачынствы генэрал-губэрнатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва-вешальніка надоўга захавалася на беларускай зямлі. Тры тысячы паўстанцаў былі пакараныя палявымі судамі (Каліноўскі павешаны ў Вільні). Каралі не толькі тых, каго захапілі са зброяй ў руках, але і тых, хто “спачуваў мяцяжу”. Зносіліся цэлыя вёскі, жыхароў якіх гуртам гналі ў Сыбір. У атачэньні жандараў з шаблямі нагола тысячы людзей ў арыштанцкіх халатах з хатулямі за плячыма ішлі на ўсход, у невядомую далеч. Каго чакала забайкальская катарга, каго — вечная ссылка ў глухую тайгу. Але былі сярод іх і тыя, з кім улады абышліся “літасьціва”, — гэта “зялёныя” хлопцы ў форме рэкрутаў. Яны ішлі (дакладней ехалі ў кібітках) на бестэрміновую царскую службу у сыбірскія батальёны, і сярод іх быў Іван Чэрскі.
    З рэкруцкай бесказыркай на паголенай галаве, блытаючыся ў крысах шыняля, выйшаў з брамы віцебскай турмы 19-гадовы юнак. Апошняе, пабачанае ім у Віцебску, — непрытомная маці на руках у сястры Міхаліны ды два ланцугі салдатаў паабапал вуліцы.
    Бясконцы пыльны шлях назаўжды зводзіў Івана з роднай Віцебшчыны. Што чакае яго наперадзе. Яшчэ год таму будучыня здавалася бязвоблачная...
    Ён нарадзіўся 3 (15) траўня 1845 года ў заможнай шляхоцкай сям’і з Дрысенскага павета Віцебскай губэрні, атрымаў цудоўную арыстакратычную адукацыю (маці і старэйшая сястра самым сур’ёзным чынам рыхтавалі яго да сьвецкага жыцьця). Рана, у дзесяцігадовым узросьце, згубіўшы бацьку, ён як сын заможнага абшарніка [* Бацька Івана Чэрскага - Дзяменцій Чэрскі купіў маёнтак Свольня ў 1840 годзе; фальварак (з вёскамі Нікіперава. Абухава. Ніўе, Плігаўка, Сьцяпукі, Шаркі) складалі панскі дом, бровар, малачарня, млын ды іншыя пабудовы с зямлёю на 645 дзесяцін (больш за 700 гектараў) (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 2635, вопіс 1, № 557.).] быў накіраваны ў Вільню для працягу адукацыі у Шляхоцкім інстытуце. Здатны да навукі, прыязны, вясёлы і элегантны ў абыходжаньні, ён хутка заняў належнае месца сярод навучэнцаў. Бліскучы дваранскі стыпэндыят Віленскага інстытута ў трыкутцы з залатым галуном і шпагаю з прыгожым эфэсам на баку, ён цудоўна граў на фартэпіяна і не меў сабе роўных у бальных танцах! Усебаковая адоранасьць юнака уражвала ўсіх, хто яго ведаў...
    Але навошта цяпер ягонае ўменьне маляваць пэйзажы, навошта цудоўныя веды францускай, нямецкай, ангельскай, лацінскай і польскай моваў. Ад гэтага часу ён бестэрміновы штрафны рэкрут, пазбаўлены дваранскага тытулу. Але больш за ўсё Іван хваляваўся за маці і сястру: як яны будуць жыць цяпер, пасьля канфіскацыі маёнтка?
    Доўгі шлях забіраў сілы, але гонар і сіла волі дапамагалі пераносіць цяжкасьці. Паўз яго праплывалі невядомыя дагэтуль гарады: Разань, Казань, Екацярынбург... і вось нарэшце першы перасыльны прыпынак у Табольску — Галоўным Прыказе па разьмеркаваньні ссыльных. Невялікая губэрнская турма не магла прыняць усіх арыштантаў, якіх набралася блізу дваццаці тысяч чалавек. Ноч - дзьве праводзілі яны на нарах — і зноў у дарогу. Тых, хто быў асуджаны на катаргу, закоўвалі ў кайданы і разам са штрафнымі рэкрутамі пешшу гналі партыямі па прызначаным этапе. Чэрскаму быў наканаваны самы далёкі пункт — Амурскі лінейны батальён у Благавешчанску. Шэсьць тысяч вёрстаў пехатою у кепскай адзежыне і надгаладзь? Не, з ягоным слабым здароўем гэтага ўжо не вытрываць. У справу пайшлі прыхаваныя “на чорны дзень” пяць залатых манэт. Благавешчанск быў заменены на Омск, Заходнесыбірскі лінейны батальён. Ад Табольска да Омска — вёрстаў пяцьсот. Ідучы па тракце, Чэрскі пачаў спасьцігаць важную для сябе ісьціну: народная Расія для ссыльных не была варожай, на ўсім шляху сялянкі сустракалі іх з хлебам і малаком.
    На паўдарозе да Омска, ужо на Ішыме, партыя на сто чалавек спынілася на дзённы адпачынак. Тут Чэрскі бліжэй пазнаёміўся з адным сваім земляком. Прыгожы 30-гадовы здаравяк любіў пажартаваць, а ў дарозе почасту выбягаў з шэрагу, каб падабраць з зямлі нейкія каменьчыкі. Гэта быў прафэсійны геоляг Аляксандр Чаканоўскі — сын небагатага беларускага шляхціца, выхаванец Дэрпцкага унівэрсытэта [* Чаканоўскі Аляксандр (1832-1876) - дасьледнік Усходняй Сыбіры. Даў першыя дакладныя зьвесткі па геалёгіі басэйнаў Ніжняй Тунгускі, Алянёка і ніжняга цячэньня Лены. Імем Чаканоўскага названы краж паміж рэкамі Ленай і Алянёкам.]. Яшчэ да арышту яго запрасілі на працу ў Індыю — гэта мара для сапраўднага геоляга. “Вось і трапіў я ў Азію, ды толькі па Сыбірскім тракце!” — з горыччу зазначыў Чаканоўскі.
    Збліжэньне з гэтым чалавекам сталася для Чэрскага лёсавызначальным, назаўжды акрэсьліла яго прызначэньне як “геалягічнага географа”. Чэрскі ўсё сваё жыцьцё паўтараў: “Чаканоўскі перадаў мне любоў да навукі, ад яго пераняў я прагу спазнаньня прыроды, ён адкрыў мне мэту усяго майго далейшага жыцьця”.
                                                 ПА СЬЛЯДАХ ДАСТАЕЎСКАГА
    Першыя крокі ў геалёгіі * Шчасьлівае знаёмства з акадэмікам * Першыя навуковыя посьпехі * Перавод на становішча ссыльнага * Ці вольнае “вольнае жыцьцё”?
    Вільня, тагачасная неафіцыйная сталіца Беларусі, рыхтавала яму бліскучую кар’еру на дыпляматычнай ніве: пры валоданьні пяцьцю замежнымі мовамі гэта здавалася няцяжкім. Але заміж дыпляматычных кабінэтаў апынуўся ён у камэры Табольскай турмы, а затым у Омскай казарме. Яна і замяніла яму сьцены унівэрсытэта. Ад гэтага часу ён будзе змушаны пакорліва выносіць увесь цяжар сваёй рэкруцкай службы. Гэта адзіны спосаб атрымаць хоць якую магчымасьць для самаадукацыі ў геалёгіі і геаграфіі, што зрабіліся ўжо ягоным захапленьнем.
    У цэнтры Омска — старадаўняя крэпасьць. У куце яе — катаржная казарма; закратаваныя дзьверы, нары за імі — гэта Мёртвы дом, пакінуты Фёдарам Дастаеўскім за дзесяць гадоў да таго. Дастаеўскі пісаў: “Тут быў свой асаблівы сьвет, ні да чаго не падобны; тут былі свае асаблівыя законы, свае касьцюмы, свае норавы і звычаі, і зажыва — мёртвы дом, жыцьцё як нідзе, і людзі асаблівыя. Здаралася, паглядзіш праз шчыліны плота на сьвет Божы: ці не пабачыш хоць чаго-небудзь? — і толькі і ўбачыш, што краёчак неба ды высокі земляны вал, зарослы пустазельлем, а ўзад і ўперад па вале пахаджаюць вартавыя”.
    Цяпер па крапасным вале ўзад і ўперад хадзіў вартавы Іван Чэрскі. Ён вартаваў зьняволеных, але і сам, пазбаўлены волі, адбываў тут цяжкое пакараньне. “Я павінны вытрываць!” — гэта стала для Чэрскага мэтай, і ў хуткім часе ён ужо быў “узорным салдатам”. Батальённы камандзір, даведаўшыся, што Чэрскі выхаваны ў шляхоцкім інстытуце і добра гаворыць па-француску, стаў прыцягваць яго да працы ў канцылярыі са звальненьнямі ў горад. У афіцэрскім сходзе, побач з буфэтам і більярднай знаходзілася невялікая бібліятэка. У ёй былі кнігі пераважна па ваенных навуках і ... прыродазнаўстве; апроч таго, ў Омску ён сустрэў свайго зсмляка з энцыкляпэдычнымі ведамі В. Квяткоўскага, палымянага бібліяфіла, які забясьпечваў яго кнігамі. Чэрскі самастойна і даволі хутка засвоіў праграму прыродазнаўчых навук — ад антрапалёгіі да астраноміі.
    Вялізнае ўражаньне на Чэрскага зрабілі кнігі Дарвіна “Пра паходжаньне відаў” і “Падарожжа на караблі "Бігль" вакол свсту”. Аднак ягоная цікавасьць засяродзілася на геалёгіі. Вызначальную ролю ў гэтым адыграла займальная кніга пецярбурскага прафэсара С. Кутаргі [* Кутарга Сцяпан (1805-1861), беларус, — выхаванец Дэрпцкага унівэрсытэта, прафэсар Пецярбурскага унівэрсытэта (1853-1861). ляўрэат Дзямідаўскай прэміі; заснавальнік і першы кіраўнік Расійскага Мінэралягічнага таварыства (1842-1861).] “Натуральная гісторыя зямной кары”. Ён праштудзіраваў “Асновы геалёгіі Ч. Ляеля, “Курс геалёгіі” І. Леваноўскага і капітальны “Дапаможнік да геагнозыі” Д. Сакалова з цудоўным атлясам. І ўсё ж некалькі, хай нават першаклясных кніг могуць толькі абудзіць цікавасьць да геалёгіі і даць агульнае ўяўленьне пра яе, але не могуць замяніць спэцыяльнай адукацыі. Геалёгія — навука не толькі шматгранная, але і досьледная, дастасоўная.
    У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: якім чынам Іван Чэрскі фармаваўся як навуковец? Бо праз дзесяць гадоў ён ужо стаў першаклясным геолягам, здольным разьвязваць найскладанейшыя праблемы гістарычнай геалёгіі, у тым ліку практычна ўсе дыскусійныя задачы ў вызначэньні геалягічнага ўзросту пародаў і тэрыторый. Больш таго, ён стаў першапраходцам новых шляхоў у навуцы пра Зямлю.
    І. Чэрскі быў самавукам менавіта ў той галіне ведаў, дзе самаадукацыя даецца найбольш цяжка. Гэта запатрабавала ад яго не толькі незвычайнай настойлівасьці, але і калясальнай напругі думкі, памяці, уяўленьня. Шчасьлівая выпадковасьць зьвяла Чэрскага з вядомым омскім географам Р. Патаніным [* Патанін Рыгор Мікалаевіч (1855-1920) — дасьледнік Цэнтральнай Азіі, ганаровы сябар Рускага Геаграфічнага таварыства. З 1876 года узначальваў экспэдыцыі ў Манголію, Туву, Паўночны Кітай, Тыбэт. У яго гонар названыя адзін з хрыбтоў Цань-Шаня і ледавік у Мангольскім Алтаі; у экспэдыцыях брала ўдзел яго жонка А. В. Патаніна.]. Пад яго наглядам Чэрскі вывучаў навакольле горада, склаў геалягічныя карты і профілі Іртыша, па падручніках вызначаў ракавіны малюскаў з берагавых адхонаў. Застаецца толькі зьдзіўляцца, якім чынам, не прайшоўшы унівэрсытэцкага курса і не маючы магчымасьці карыстацца ні спэцыяльнай бібліятэкай, ні геалягічным кабінэтам, наш суайчыньнік змог у такой ступені авалодаць прадметам, што заняў годнае месца сярод сваіх калегаў. Давалася гэта ўсе нялёгка. Уначы Чэрскі пакутаваў ад бяссоньня, ныла сэрца. Аднак таленавітым і настойлівым (і звычайна гнаным) Фартуна ў патрэбны момант зазірае ў твар.
    Улетку 1868 года з мэтаю дасьледваньня Барабінскага стэпу ў Омск з Пецярбурга прыехаў славуты акадэмік А. Мідэндорф [* Мідэндорф Аляксандр Фёдаравіч (1815-1894) — прыродазнавец і падарожнік, акадэмік. Асабліва каштоўныя яго дасьледаваньні распаўсюджаньня вечнай мерзлаты ў Сыбіры. Сабраў багатыя матэрыялы па фаўне Сыбіры, этнаграфіі нізавін Енісея, а таксама Таймыра, Якуціі, узьбярэжжа Ахоцкага мора. Вывучаў Барабінскі стэп і Ферганскую даліну. У яго гонар названыя мыс на поўначы Новай Зямлі і заліў на Таймыры.]. Адбылася “гістарычная” сустрэча маладога дасьледніка і прызнанага навукоўца. Агледзеўшы калекцыю ракавін прэснаводных малюскаў, сабраную Чэрскім у навакольлі Омска, Мідэндорф пагадзіўся з ягонымі довадамі пра колішняе існаваньне на Омскай раўніне вялікага прэснаводнага, а не салёнага басэйна. Гэта быў першы, прычым значны посьпех маладога навукоўца, які запачаткаваў перагляд меркаваньняў пра злучэньне Паўночнага Ледавітага акіяна ў геалягічнай мінуўшчыне з марамі Аральскім, Касьпійскім, Чорным і Міжземным, упершыню выказаных славутым Гумбальтам [* Гумбальт Аляксандр (1769-1859) — выдатны нямецкі прыродазнавец і падарожнік; у 1829 годзе наведаў Урал, Алтай і Касьпійскае мора. Паставіўшы сабе за мэту вывучэньне прыроды як цэлага, у працы “Космас” паспрабаваў стварыць фізычную карціну сьвету.].
    На жаль, менавіта гэтым летам 1868 года здароўе Чэрскага рэзка пагоршылася. Ён пакутаваў ад цяжкога пашкоджаньня нэрвовай сыстэмы з разладам крывязвароту; пакутаваў ад спазмаў сэрца. Яго належала прызнаць непрыдатным да вайсковай службы, і ў адзін з веснавых дзён 1869 года Іван Чэрскі назаўжды пакінуў казарму. Яго перавялі на становішча ссыльнага пры строгай забароне выезду з Омска без спэцыяльнага дазволу генэрал-губэрнатара. Ён стаў “вольным” з мінімальнай казённай бондай — 2 рублі ў месяц. Гэтага хапала толькі на тое, каб зьняць закутак ва ўбогай хаціне на ўскраіне горада. На жыцьцё зарабляў урокамі францускай мовы, бальных танцаў і ігры на фартэпіяна ў купецкіх дамах. А ад позьняга вечара і да сьвітанку ішло другое, сапраўднае жыцьцё Чэрскага: ён настойліва пашыраў свае веды, карыстаючыся паслугамі гарадзкой бібліятэкі. Ягоны лекар дазволіў дапытліваму юнаку прысутнічаць у гарадзкой бальніцы пры анатамаваньні трупаў. І судова-мэдычныя ўскрыцьці ператварыліся ва ўрокі анатоміі, фактычна Чэрскі стаў памочнікам лекара-празектара. Гэтыя заняткі пазьней дазволілі яму дасягнуць выдатных посьпехаў у астэалёгіі — навуцы аб костках выкапнёвых жывёлаў.
    Бесьперапынныя раскопкі на абалоне Іртыша аднойчы ўвянчаліся яшчэ адным адкрыцьцём. Чэрскі знайшоў у пласьце чацьвярцічнага ўзросту шыйны вужлак каня — нагляднага “сучасьніка” мамантаў. У выніку пацярпела крах тэорыя пра перасяленьне гэтай жывёлы з Эўропы ў Заходнюю Сыбір. У хуткім часе малады навуковец зьвярнуўся да пецярбурскіх уладаў з просьбай аб пераезьдзе ў Казань, каб здаць экзамэны для паступленьня ва унівэрсытэт. Напрыканцы 1860-х гадоў ва ўнівэрсытэцкіх цэнтрах Расіі забурліў падпольны рэвалюцыйны рух, і вобраз ссыльнага ў студэнцкай форме для царскага чынавенства быў малапрывабным. Яму адмовілі.
                                                               ЗАГАДКА БАЙКАЛА
    Горад золатапрамыслоўцаў * Роўны сярод роўных * Усходні Саян * Сустрэча з Пржавальскім * Байкальскія экспэдыцыі * Жонка — верны сябар і памочнік * Пажар у Іркуцку
    Увосень 1871 года на стараньне акадэміка Мідэндорфа 26-гадовы Іван Чэрскі пераяжджае ў Іркуцк — “сталіцу ўсяе Сыбіры”, цэнтар золатапрамыслоўцаў і ссыльных навукоўцаў, каб працаваць у Рускім Геаграфічным таварыстве. Ён даўно марыў пра гэты горад, дзе знаходзіўся адзіны (на велізарнай прасторы ад Урала да Ціхага акіяна) агмень ведаў і асьветы, навукі і культуры — Сыбірскі аддзел Геаграфічнага Таварыства. Асобную групу дасьледнікаў складалі выгнанцы 1863 года — Б. Дыбоўскі, А. Чаканоўскі, Э. Гадлеўскі, М. Віткоўскі ды іншыя.
    Рускае Геаграфічнае таварыства, створанае ў Пецярбурзе ў 1845 годзе, шмат увагі аддавала Сыбіры і яе Іркуцкаму цэнтру. Вялізарныя прасторы Сыбіры патрабавалі маштабных навуковых дасьледаваньняў, і ўжо ў 1851 годзе на адной з цэнтральных вуліц Іркуцка ў прасторным асабняку з кедравых бярвёнаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Сыбірскага аддзела Рускага Геаграфічнага таварыства. За некалькі дзесяцігодзьдзяў да гэтай падзеі для вывучэньня Сыбіры шмат зрабілі ссыльныя дзекабрысты.
    Да часу прыбыцьця Чэрскага ў Іркуцк тут ужо асталяваўся яго таварыш па этапе А. Чаканоўскі, геалягічныя працы якога прыцягнулі ўвагу рускіх і замежных навукоўцаў.
    У Іркуцку Чэрскі спачатку спыніўся на кватэры Чаканоўскага, было разьвязана пытаньне і з працаўладкаваньнем — ён заняў у Сыбірскім аддзеле адразу тры пасады: пісара, бібліятэкара і кансэрватара музэя. Дваццаць пяць рублёў на месяц здаліся цэлым багацьцем пасьля двух рублёў у Омску. Зьнік штодзённы клопат пра хлеб надзённы. Нарэшце можна ўладкаваць жыцьцё, як таго хацелася: 16 гадзін працы (і толькі на ўлюбёнай ніве), астатняе на сон, сталаваньне і адпачынак. Перш-наперш варта было спарадкаваць свае разрозьненыя веды ў галіне прыродазнаўчых навук. Выявілася, што Чаканоўскі цудоўны настаўнік. Ён падрабязна тлумачыў вынікі сваіх дасьледаваньняў па геалягічных картах і ўзорах пародаў. Чэрскі праводзіў у службовых кабінэтах усе нядзелі і сьвяты, сапраўдны працаўнік навукі не мог і не хацеў траціць ні хвіліны.
    Хутка ён прыдбаў і ўласнае жытло — наняў пакой у Знаменскім прадмесьці ва ўдавы іркуцкага прасола, побач з Благавешчанскім манастыром. Гаспадыня (мажная сыбірская казачка) і дзьве яе дачкі (дванаццацігадовая Маўра і дзесяцігадовая Вольга) атулілі Чэрскага “цяплом і ўвагай”, абеды рыхтавалі на ягоны густ.
    У травеньскім нумары часопіса “Весткі Сыбірскага аддзела Геаграфічнага таварыства” за 1872 год быў надрукаваны “Нарыс геагнастычнай будовы г.Омска”. Гэта была псршая друкаваная праца Чэрскага, пасьля якой амаль ніводны нумар “Вестак” не выходзіў без яго артыкула або нарыса. І усе без вынятку публікацыі былі вынікам вялікай палявой і камэральнай працы, незалежна ад прадмета і галіны дасьледаваньняў. Першым часам, не маючы ўласнага экспэдыцыйнага матэрыялу, ён заняўся глыбокім вывучэньнем і сыстэматызацыяй калекцый музэя з выкарыстаньнем омскага досьведу ў галіне астэалёгіі. У “Вестках” ён пісаў пра зубную сыстэму собаля, ласкі, гарнастая, пра міжцемянную костку вавёркі, пра выкапнёвыя рэшткі першабытнага быка, паўночнай антылёпы-сайгі.
    Увесну 1873 года Іркуцк пакінуў Чаканоўскі, які ўзначаліў экспэдыцыю Акадэміі навук на Ніжнюю Тунгуску і Алянёк. Для працягу экспэдыцыйнай працы на тэрыторыі Іркуцкай губэрні ён рэкамэндаваў свайго гадаванца. І Геаграфічнае таварыства даручае Чэрскаму дэталёвыя геалягічныя дасьледаваньні раёнаў Усходняга Саяна, якія мяжуюць з Кітаем. Збыліся самыя запаветныя мары — гэта была першая самастойная і вельмі адказная экспэдыцыя 28-гадовага дасьледніка. Ён не ведаў стомы: нягледзячы на хворае сэрца, вечарамі пасьля цяжкіх пераходаў доўга важдаўся з узорамі пародаў і палявымі дзёньнікамі, уставаў раней за ўсіх на досьвітку. Упершыню горныя раёны абсьледаваліся гэтак карпатліва. Увосень Чэрскі падаў у таварыства найпадрабязьнейшую геалягічную карту гэтага рэгіёна.
    Восеньню таго ж года Іркуцк наведаў М. Пржавальскі [* Пржавальскі (Перавальскі) Мікалай (1839-1888), беларус, — славуты географ і падарожнік, ганаровы сябар Пецярбурскай Акадэміі навук і Рускага Геаграфічнага таварыства, генэрал-маёр. Яго імем названы горны хрыбет у Кітайскім Тыбэце.], які вяртаўся ў Пецярбург са сваёй першай экспэдыцыі па Цэнтральнай Азіі (Тыбэце і Манголіі). У Іркуцкім дваранскім сходзе ён выступіў з лекцыямі, якія мелі незвычайны посьпех. Асоба Пржавальскага, земляка і калегі, зрабіла на Чэрскага непазбыўнае ўражаньне.
    Другі экспэдыцыйны год Чэрскага стаўся нібыта працягам леташняй экспэдыцыі. Ён дасьледаваў хрыбет Хамар-Дабан Тункінскіх Альпаў, што мела вялікае значэньне для правільнага разуменьня геалягічнай будовы і рэльефу тэрыторыі на паўднёвы захад ад Байкала. Апроч таго, пэўныя меркаваньні прывялі Чэрскага да высновы, што вядомая на той час Ніжняўдзінская пячора павінна быць сапраўднай палеанталягічнай пахавальняй. Дабраўшыся з двума рабочымі да Ніжняўдзінска (цяпер Улан-Удэ), ён амаль два месяцы раскопваў у пячоры магутныя наносы і знайшоў вялікую колькасьць костак сысуноў чацьвярцічнага пэрыяду. Яны належалі больш чым дваццаці розным відам і сярод іх — невядомым датуль відам мядзьведзя, сабакі, паўночнага аленя. Свае адкрыцьці Чэрскі апісаў у “Вестках” Сыбірскага аддзела Геаграфічнага таварыства. Цяпер навуковая дзейнасьць нашага суайчыньніка была ацэненая і ў вучоным сьвеце Пецярбурга, пры канцы 1874 года “Вучоныя запіскі” Акадэміі навук прынялі да друку яго палеанталягічную працу па апісаньні чэрапа выкапнёвага насарога. У гэтай галіне ў яго ў Іркуцку быў аўтарытэтны кансультант — вучоны-заоляг і палеантоляг Б. Дыбоўскі [* Дыбоўскі Бенядзікт (1833-1930), беларус — выдатны заоляг, высланы ў Іркуцк за ўдзел у паўстаньні 1863 года. Скончыў Менскую гімназію і Дэрпцкі унівэрсытэт; упершыню апісаў фаўну Байкала (залаты мэдаль Рускага Геаграфічнага таварыства).], прафэсар Варшаўскага унівэрсытэта.
    Чатырохгадовая праца Чэрскага ў Іркуцку дазволіла даць поўную карціну геалёгіі паўднёва-заходняй часткі Байкальскага амфітэатра, якая не толькі дапаўняла, але шмат у чым і выпраўляла вынікі папярэдніх дасьледаваньняў Чаканоўскага. Малады навуковец быў узнагароджаны мэдалямі Рускага Геаграфічнага таварыства за дасьледаваньні ў Іркуцкай губэрні (сярэбранай па геаграфіі і малой залатой па геалёгіі). Ён трывала заняў адно з першых месцаў сярод прыродазнаўцаў Расіі.
    Байкал... Найглыбейшае возера сьвету, найвялікшая ўпадзіна на плянэце сярод сушы (да 1637 м). Якія сілы ўтварылі гэты ўнікальны аб’ект прыроды? Што гэта — да неймавернай ступені ўвагнутая складка зямной кары ці глыбачэнны тэктанічны правал, абваколены горнымі хрыбтамі? А крыштальна празрыстая байкальская вада? Аўтарытэтныя спэцыялісты ў галіне прыродазнаўства спрабавалі разгадаць таямніцы Байкала і, як тады здавалася, беспасьпяхова. Неабходныя былі дэталёвыя геоляга-геаграфічныя дасьледаваньні, з поўным ахопам усіх праблемаў.
    У апошняй чвэрці XIX стагодзьдзя, бадай, ніводны геоляг Расіі не быў так падрыхтаваны да высьвятленьня праблемаў Байкала, як Чэрскі. І Сыбірскі аддзел Геаграфічнага таварыства паставіў перад ім гэтую задачу.
    Іван Чэрскі цудоўна разумеў, што для абгрунтаванага разьвязаньня гэтай задачы неабходна шырокая экспэдыцыйная праграма, разьлічаная на некалькі летніх сэзонаў. Давядзецца правесьці грандыёзную работу:
    • абсьледаваць усё ўзьбярэжжа возера (болей за 1 500 вёрстаў), пакідаючы засечкі ва ўсіх прыдатных месцах для фіксацыі тагачаснага роўню вады;
    • зрабіць экскурсіі ад берага ўглыб гор з вызначэньнем па баромэтры вышыняў прыбайкальскіх хрыбтоў (не менш за 1 500 вёрстаў дадатковых маршрутаў);
    • сабраць матэрыялы для складаньня некалькіх профіляў папярочнага сечыва возера і яго берагоў;
    • сабраць калекцыю горных пародаў, мінэралаў і выкапнёвых парэшткаў вакол Байкала, зьвяртаючы пры гэтым асаблівую ўвагу на праявы марскіх і вульканічных сілаў, мэтамарфічных працэсаў;
    • абсьледаваць усе выяўленыя пячоры з мэтай знаходжаньня (шляхам раскопак) парэшткаў выкапнёвых жывёлаў;
    • сабраць неабходныя матэрыялы, якія б дазволілі выявіць час і шляхі паходжаньня далін у горных хрыбтах;
    • адшукаць і адзначыць сьляды, пакінутыя на горных масівах ледавіковым пэрыядам;
    • выявіць межы ранейшага пашырэньня роўню вады ў Байкале і магчымую былую сувязь возера са старажытнымі рачнымі сыстэмамі;
    • вывучыць зьмены, якія адбыліся ў найноўшы час (правалы дна, абвалы берагоў, дынаміка роўню вады);
    • і, нарэшце, скласьці падрабязную геалягічную карту берагоў і астравоў Байкала з прылеглай да яго мясцовасьцю (з адлюстраваньнем карысных выкапняў, мінэральных і гарачых крыніц, пячор, асноўных горна-геамэтрычных парамэтраў горных масіваў).
    Ніколі яшчэ дагэтуль ні ў адным кутку зямлі ні перад кім з прыродазнаўцаў не стаялі задачы такога маштабу! На плечы Чэрскага клалася пачынаньне найвялікшай адказнасьці і значнай цяжкасьці.
    На пачатку траўня 1877 года ён выехаў у сяло Култук, дзе наняў двух рабочых з двума коньмі; частку неабходных прыпасаў адаслаў на караблі ў вёску Баргузін. Шматгадовая экспэдыцыя пачалася. Чэрскі раз-пораз спускаўся з дарогі да возера, паглыбляўся ў адгор’і Хамар-Дабана то пешшу, то на кані (у заплечніку — мяшэчкі для ўзораў і рэактывы, геалягічны малаток, тэрмомэтар, люпа, баромэтар, прадметы першай неабходнасьці; у рабочых-буратаў, якія суправаджалі яго, стрэльбы і мяхі з харчам). Начавалі ў палатках, раскладалі агонь, смажылі падстрэленую дзічыну, варылі гарбату, юшку з вомуляў.
    Канцавы пункт маршруту першага экспэдыцыйнага года — вусьце Баргузіна з абсьледаваньнем берага ўздоўж паўвострава Сьвяты Нос (у раёне сяла Пасольскага маршрут збочваў у даліну ракі Селенгі). Экспэдыцыйны год Чэрскі скончыў паездкай на параходзе з Баргузіна да вусьця Верхняй Ангары, каб агледзець паўночна-ўсходні бераг Байкала перад яго вывучэньнем у наступным годзе.
    У Іркуцк Чэрскі вярнуўся на пачатку верасьня і неўзабаве ўзяў шлюб са старэйшай дачкой кватэрнай гаспадыні. Маўра была зграбнай 17-гадовай дзяўчынай з не надта прыгожым, але надзіва пяшчотным тварам. Яе блакітныя вочы былі цудоўныя — вялікія, строгія, разумныя. Не маючы належнай адукацыі, яна ўсёй душою цягнулася да культуры, выяўляючы ва ўсім выдатныя здольнасьці. На свайго сужэнца, які быў старэйшы за яе на 15 гадоў, яна глядзела з захапленьнем, як на настаўніка. Настаўнік быў малады і паглядны, разумны і таленавіты. Ён даў ёй веды і радасьць творчасьці, адкрыў таямніцы Сусьвету і сілу навукі, перадаў ёй жарсьць спазнаньня і любоў да прыгажосьці прыроды. І вучаніца любіла яго з усёй палкасьцю юнацтва. З гэтай дзяўчыны праваслаўнай веры, якая ледзь умела чытаць і пісаць, Чэрскі неўзабаве змог “стварыць” натуралістку з надзвычайнымі здольнасьцямі да назіраньня і ўменьнем рабіць навуковыя высновы [* Таленавітая жанчына хутка засвоіла агульныя зьвесткі па геалёгіі з любімай кнігі Чэрскага “Натуральная гісторыя зямной кары”, прывезенай з Омска. Яна палала жаданьнем далучыцца да працы мужа і хутка сталася для яго незаменным памочнікам.]. «Мая жонка сапраўдны самародак і да таго ж у кожным глухім закутку створыць утульнасьць», — казаў Чэрскі. З жаніцьбай дадалося матэрыяльных цяжкасьцяў, але клапатлівае Геаграфічнае таварыства дамаглося выдачы Чэрскаму шасьцідзесяці рублёў штомесяц (у кошт якой хаця працы службовай ці літаратурнай), што сталася для яго найвышэйшай ступеньню дабрабыту.
    Узімку Іван Чэрскі напружана працаваў са справаздачаю пра летнюю экспэдыцыю. Вынікі неўзабаве былі надрукаваныя ў “Вестках” Геаграфічнага таварыства і прыцягнулі ўвагу рускіх і замежных геолягаў.
    Пры канцы 1877 года праявіліся наступствы доўгага знаходжаньня на Байкале, балюча нылі суставы — раматус, які спакваля разбураў сэрца! Доктар вызначыў рэжым і строга забараніў працаваць у вільготных мясьцінах. Чэрскі на ўсе гэтыя забароны махнуў рукою. З ім цяпер была надзейная і энэргічная Маўра Паўлаўна — яна не толькі зможа паклапаціцца пра яго харчаваньне і выгоды на стаянках, але і дапаможа яму ў працы.
    Пачыналася другая, больш складаная аб’ёмам працы байкальская экспэдыцыя. На пачатку чэрвеня 1878 года экспэдыцыя Чэрскага выехала параходам з Култука ў Баргузін. Маршрут — на поўнач, уздоўж усходняга берага Байкала ад вусьця Баргузіна да вусьця Верхняй Ангары ў паўночным куце Байкала. Чэрскі быў задаволены — матэрыялы гэтай экспэдыцыі дазвалялі зрабіць агульныя высновы аб прыродзе Байкала; для канчатковых высноваў трэба было дадаткова вывучыць заходняе ўзьбярэжжа, а гэта яшчэ два гады працы.
    У трэцяй байкальскай экспэдыцыі (паўночна-заходні ўчастак Байкала ад вусьця Верхняй Ангары да вострава Альхон) Маўра Паўлаўна не ўдзельнічала — яна чакала дзіцяці. Накіроўваючыся ў экспэдыцыю 1879 года, Чэрскі не ведаў, што бачыць роднае котлішча апошні раз [* У чэрвені 1879 года ў Іркуцку здарылася вялікая бяда — горад на тры чвэрці згарэў. Загінуў і будынак Аддзела Геаграфічнага таварыства з яго музэем і бібліятэкай, каштоўнымі экспанатамі і ўнікальнымі рукапісамі. Згарэла і жытло Чэрскіх. Ад нэрвовага зрушэньня ў Маўры Паўлаўны адбыліся заўчасныя роды (хлопчыка назвалі Аляксандрам).].
    Працягласьць дасьледаваньняў берагавой лініі ў 1879 годзе перавышала 600 вёрстаў. Больш за тое — гэтым разам, падняўшыся ў горы, Чэрскі дасьледаваў вышнявіну ракі Лены ад Байкала да Якуцкага тракту. Па вяртаньні ў Іркуцк стан здароўя Чэрскага рэзка пагоршыўся. Ён пачаў скардзіцца на хуткую стамляльнасьць. Не адчуваў у сабе моцы, каб узнавіць бібліятэку музэя (на ягоную просьбу кансэрватарам стаў М. Віткоўскі).
    Тым не менш у 1880 годзе Іван Чэрскі накіраваўся ў чацьвертую, апошнюю байкальскую экспэдыцыю. Байкальскія экспэдыцыі прынесьлі яму шырокую вядомасьць. Яго геалягічная карта Байкала (маштаб 10 вёрстаў у цалі) была паказаная на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Вэнэцыі [* Карта Байкала захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў і рэдкай кнігі бібліятэкі Расійскай Акадэміі навук у Пецярбурзе, у зборы рукапісных картаў над № 276 на дадатковым вопісе.]. Аднак Чэрскі па-ранейшаму заставаўся ссыльным, прывязаным да Іркуцка. Будучы ужо славутым навукоўцам, ён па сутнасьці заставаўся бяспраўным, і ў кожны момант (пры пэўным зьбегу абставін) ён з сям’ёй мог апынуцца на вуліцы. Не толькі экспэдыцыі, але і ўсялякі іншы ягоны выезд патрабавалі спэцыяльнага дазволу генэрал-губэрнатара. Усе геолягі і географы сьвету, цікавячыся Байкалам, не маглі ўжо абыходзіцца без карты Чэрскага, а ён, нібыта злачынец, штодзённа хадзіў адзначацца ў паліцэйскі пастарунак.
    Да таго ж, пакуль ён вандраваў па Байкале, з Сыбірскага аддзела сышлі яго сябры і заступнікі. Іх месца занялі мясцовыя зайздросьнікі ды няздатныя рамесьнікі ад навукі. У Аддзеле пляліся інтрыгі: “Хто такі гэты Чэрскі? — Недавучка, вораг імпэрыі, разбуральнік асноў. Трыста рублёў за нейкую карту, яго "працы" друкуюцца ва ўсіх нумарах "Вестак"?!” Дробныя душы падобныя да пацукоў — яны падгрызаюць талент паволі і непрыкметна. Усё гэта літаральна дапякала Чэрскага, ягонае здароўе слабела, ён чэзнуў проста на вачах сэрца працавала блага, горшаў зрок. Звычайна стрыманы і бездакорна ветлівы, ён пачаў раздражняцца. Пільна патрабаваўся адпачынак, але хіба ён мог думаць пра гэта?
    У 1881 годзе Чэрскі ажыцьцяўляе яшчэ адну вялікую экспэдыцыю — па басэйне ракі Селенгі (да горада Кяхты). Хвароба і абставіны не маглі яго зламаць, але свае дасьледаваньні ён праводзіў ужо з чоўна — вачыма і нагамі стаў Мікалай Віткоўскі, беларус з сялянаў, які таксама апынуўся у Сыбіры за ўдзел у паўстаньні 1863 года [* Звычайны арганіст з Віцебскай глыбінкі, М. Віткоўскі стаў пазьней буйным археолягам і зрабіў у Сыбіры адкрыцьці вялікай значнасьці.]. Гэтая экспэдыцыя пацьвердзіла агульнанавуковыя высновы Чэрскага пра паходжаньне Байкала.
    Аднак імклівае пагоршаньне здароўя давяло Чэрскага да стану, блізкага да душэўнага разладу. “Дрэнныя ўмовы жыцьця, цяжкасьці пройдзенай вайсковай службы, цяжкія ўмовы вандраваньняў, бесьперапынная і крайне напружаная разумовая праца выклікалі ў арганізьме Чэрскага, дагэтуль моцным і вытрымлівым, цяжкія захворваньні. Ён не мог узьняцца з месца ці нават паварушыцца ў фатэлі. Пераадольваючы боль, поўзаў на карачках, прыкладаў пад час работы лёд да галавы, але заняткаў не перапыняў” [* Dybowski B. Jan Czerski // Tydzień: Dodatek literacki “Kurjera Lwowskiego”. 1899. № 8 — 11.]. Лекар рашуча запатрабаваў спыніць хаця б на паўгода разумовую работу. Так Чэрскі становіцца прыказчыкам у гандлёвай краме, якую трымаў яго зямляк. Ён паставіўся да гэтага з надзвычайнай вытрымкай, спадзеючыся неўзабаве паправіцца. Аднак урэшце для хворага навукоўца знайшлося больш прыдатнае месца. Рускае Геаграфічнае таварыства абсталявала ў 1882 годзе некалькі палярных мэтэаралягічных станцый у вусьцях Лены, Енісея і адну ў больш паўднёвай паласе (60° паўночнай шырыні). У чэрвені 1882 года Чэрскі выехаў з жонкай і трохгадовым сынам па Якуцкім тракце ў Верхаленск, а адтуль па Лене і Ніжняй Тунгусцы — у сяло Праабражэнскае. У артыкуле, дзе апісвалася гэтае падарожжа, апрача геалягічных і геаграфічных назіраньняў Чэрскі падае этнаграфічныя і археалягічныя зьвесткі, а таксама апісаньне жывёльнага сьвету.
    Улетку 1883 года Чэрскі вярнуўся ў Іркуцк, застаючыся адлучаным ад сваёй справы — па-за навуковай дзейнасьцю.
                                                               ПАЎНОЧНАЯ ПАЛЬМІРА
    Доўгачаканая свабода * Ад Іркуцка да Урала * Расійская сталіца * У промнях славы * Як найлепшы знаўца Сыбіры * Вестка пра маманта * Зборы на Калыму
    У пошуках працы Чэрскі пераконваў золатапрамыслоўцаў у неабходнасьці геалягічнага вывучэньня капальняў. Ён прапаноўваў свае паслугі на вельмі сьціплых умовах, літаральна за мізэрнае харчаваньне. Але пры ўсёй сваёй прыроднай сьціпласьці ён і тут не пазьбегнуў зайздрасьці, інтрыгаў і несправядлівасьці: сутыкнуўся з асяродзьдзем спрытнюгаў і інтрыганаў, якія ставілі перашкоды ягоным жаданьням і імкненьням. Незычліўцы паспрабавалі разладзіць і гэтае пачынаньне.
    Але вось пані Фартуна зноў згадала пра свайго выгнаньніка. Увесну 1885 года Акадэмія навук прапанавала Чэрскаму правесьці шырокамаштабнае геоляга-геаграфічнае абсьледаваньне Сыбірскага паштовага тракту ад Іркуцка да Екацярынбурга. Ізноў менавіта яму даручаецца грандыёзная праца. Але цяпер гэта і справа дзяржаўнай значнасьці: паводле экспэдыцыйна-картаграфічных матэрыялаў Чэрскага меркавалася праектаваньне і будаўніцтва Транссыбірскай чыгуначнай магістралі [* Будаўніцтва гэтай магістралі (1891-1905) мела вялікае значэньне для эканамічнага разьвіцьця Сыбіры і ўсёй Расіі.].
    Па заканчэньні экспэдыцыі Чэрскі мусіў зьявіцца ў Пецярбург з дакладам і... каб застацца ў сталіцы для выкананьня заданьняў Акадэміі навук і Геаграфічнага таварыства. Гэта азначала, што таварыства, нарэшце, дамаглося канчатковага “дараваньня” выгнанцу 1863 года (сам Сямёнаў - Цян-Шанскі прасіў цара зьлітавацца з вядомага навукоўца-падарожніка) [* Да Чэрскага была дастасаваная амністыя паводле маніфэста 15 траўня 1883 года. Яму было дадзена права свабоднага абраньня месца жыхарства без якіх-небудзь абмежаваньняў і права “ўступаць ў дзяржаўную і грамадзкую на выбар службу”. У справе Камітэта кіраваньня Імпэратарскай Акадэміі навук “Аб залічэньні І. Д. Чэрскага да Міністэрства народнай адукацыі” (Архіў Акадэміі навук Расіі, фонд 4, вопіс 4, № 638) у адной з афіцыйных папераў паведамляецца, што Чэрскаму паводле маніфэста былі вернутыя дваранскія правы; 23 чэрвеня 1887 года дваранскі дэпутацкі сход аформіў гэтае аднаўленьне ў правах.]. Нарэшце і ён, сьледам за Дыбоўскім і Чаканоўскім, — на свабодзе! Канец дваццацідвухгадовай высылцы...
    Юнаком перайшоў Іван Чэрскі цераз Урал, пакінуўшы дома роднае беларускае неба, блізкіх людзей. І цяпер яму зноў трэба перайсьці Уральскія горы ў зваротным кірунку. Думка пра вяртаньне на Віцебшчыну прыемна сьціскала хворае напрацаванае сэрца. Што чакае яго там? Горача любімая сястра Міхаліна даўно памерла, пакінуўшы дзяцей; з лістоў ён ведае іх толькі па імёнах. Старая маці яшчэ жыве. Можа, хоць цяпер ён здолее паклапаціцца пра яе? А пакуль ізноў у шлях, у родную экспэдыцыйную стыхію...
    Улетку 1885 года Чэрскія пакідаюць сталіцу “залатых міражоў” — Іркуцк, іх шлях — на захад, бліжэй да Беларусі. Аднак хвароба і слабасьць нс дазваляюць Чэрскаму рабіць пешыя экскурсіі ў гарыстых мясьцінах, асабліва на крутых схілах, яго “нагамі і вачыма” была Маўра Паўлаўна. Але і тут няўрымсьлівы дасьледнік умудрыўся зрабіць тры маршруты ў бок ад асноўнага: на Ангары — да Падунскага парога, у Краснаярску — па Енісеі і ад Агінска да Мінусінска. І гэта не было прыхамацьцю цікаўнага навукоўца, гэта было абумоўлена неабходнасьцю агляду натуральных агаленьняў у карэнных пародах. Менавіта такія матэрыялы дазволілі яму абгрунтаваць схему геалягічнай мінуўшчыны і скласьці аб’ектыўную геалягічную карту на вялізнай прасторы на захад ад Байкала, а далучыўшы гэтыя матэрыялы да сваіх папярэдніх схемаў па Забайкальлі і Ўсходнім Саяне, — даць цэласную карціну геалягічнага разьвіцьця ўсяго Паўднёва-Сыбірскага рэгіёну, усёй Саяна-Байкала-Хубсугульскай сістэмы горных зводаў і рыфтаў Эўразіі.
    Раней, пад час шматгадовых іркуцкіх экспэдыцый ён высьветліў, што раён Байкала, складзены найстаражытнейшымі пародамі, абмываўся з поўначы і паўднёвага захаду сылюрыйскім акіянам [* Сылюр (345-310 мільёнаў гадоў таму) — трэці пэрыяд палеазойскай эры ў гісторыі Зямлі, наступны за ардавіцкім і папярэдні дэвонскаму (310-275 мільёнаў гадоў таму).], з ападкаў якога пры гораўтваральных працэсах узьніклі ўскраінныя горы — Саяны, Ябланавы, Станавы і Верхаянскі хрыбты. Пазьней, як высьветліў Чэрскі, надышоў час вялікага пашырэньня дэвонскага мора. Пасьля таго як сышлі воды гэтага мора, поўдзень Сыбіры больш не апускаўся ніжэй за ровень сусьветнага акіяна, а гораўтваральныя сілы тут вычарпаліся. Таму ападкі дэвонскага мора ў Сыбіры ляжаць роўна, не скамечаныя ў складкі. Гэтым і тлумачыцца “пляскаты” рэльеф велізарнай прасторы ад Байкала да Уральскіх гор. Пры гэтым нутраныя сілы Зямлі адлюстраваліся тут у выглядзе магутных расколін і скідаў зямной кары. Яны і абумовілі прыступкавае паніжэньне мясцовасьці ад высокага Байкальскага пласкагор’я да Урала. І Чэрскі ўпершыню фіксуе распад рэльефу паўднёвай Сыбіры на гэтыя тэрасы-прыступкі: вышэйшая (сярэдняя вышыня 1750 футаў) — ад прыбайкальскіх гор да ракі Бірусы, сярэдняя (1100 футаў) — ад Бірусы да ракі Чулым і ніжэйшая (750 футаў) — ад Чулыму да Обі; за Об’ю — ужо Заходне-Сыбірская нізіна (да 200 футаў) [* 1 фут раўняецца 12 цалям, або 30,48 сантымэтрам.].
    Гэтую сваю простую, але надзвычай пераканаўчую схсму Чэрскі дапаўняе схемай размеркаваньня прэсных водаў: “Амаль уздоўж падножжа ўскраінных гор Сярэдняй Азіі, на верхняй і сяррэдняй, а верагодна, і на ніжэйшай тэрасе, разьмяшчаліся тры велізарныя юрскія возеры [* Юра — сярэдні пэрыяд мэзазойскай эры ў гісторыі Зямлі (150-110 мільёнаў гадоў таму).]: іркуцкае, енісейскае і томскае. З іх верхняе, г.зн. іркуцкае, злучалася з Байкалам”. Гаворачы пра высокае Сярэднесыбірскае пласкагор’е (паміж Ленай, Байкалам і Ангарой-Енісеем), Чэрскі зазначае: гэта ацалелы ўчастак найстаражытнейшай паверхні зямной кары, які цягнецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і глыбока ўвагнуты з паўночна-заходняга краю.
    Упершыню была намаляваная суладная палеа-геаграфічная карціна геалягічнай мінуўшчыны Сыбіры паміж Ябланавым і Уральскім хрыбтамі. Натуральна, да сёньняшняга дня шмат што ў гэтай карціне выпраўлена і нават зьменена наступнымі пошукамі, уключаючы аэрафотамэтады. Але для свайго часу яна была прагрэсіўнай і ўяўляла значны крок наперад па шляху пазнаньня чалавецтвам сваёй плянэты. Рускае Геаграфічнае таварыства высока ацаніла гэтыя выдатныя дасьледаваньні, узнагародзіўшы Чэрскага залатым мэдалём імя Ф. Літке [* Літке Фёдар Паўлавіч (1797-1882) — рускі мараплавец і географ, адмірал, прэзыдэнт (з 1804 года) Пецярбурскай Акадэміі навук, адзін з заснавальнікаў Рускага Геаграфічнага таварыства; яго імем названы шэраг аб’ектаў на Новай Зямлі.].
    Завяршыўшы работу на трасе будучай Транссыбірскай магістралі, Чэрскія накіроўваюцца з Екацярынбурга ў Санкт-Пецярбург.
    Знакамітыя вучоныя Пецярбурга з захапленьнем сустрэлі Чэрскага на берагах Нявы. Яму адразу ж прапанавалі работу ў найбагацейшым зоалягічным музэі Акадэміі навук. Чэрскі быў нечувана рады — яго інтарэсы ў галіне палеанталёгіі і заалёгіі заўжды спадарожнічалі геалягічным інтарэсам. А з улікам стану здароўя (хвароба сэрца сталася хранічнаю) кабінэтная праца заоляга стала яшчэ прывабнейшай. Адусюль ён атрымліваў прапановы выступіць з дакладам, адрэдагаваць кнігу, напісаць артыкул. “Найлепшы знаўца Сыбіры” — рэпутацыя, якая адразу ж замацавалася за Чэрскім у вучоных колах расійскай сталіцы.
    Чэрскі з сям’ёю пасяліўся на 14-й лініі Васілеўскага вострава, каля Смаленскіх могілак. Нарэшце ў яго быў асобны пакой для працы. І ён адразу ж пачаў наведваць сталічныя бібліятэкі — унівэрсытэцкую, акадэмічную, публічную, але з асаблівым хваляваньнем упершыню пераступіў парог бібліятэкі Горнага інстытута. Тут ён літаральна паглынаў кнігу за кнігай, пра якія гадамі марыў ў Іркуцку. Строгі штодзённы расклад, некалі ўсталяваны ў Іркуцку (16-гадзінны рабочы дзень), быў узноўлены: музэй, бібліятэка і пісьмовы стол у сябе дома.
    Атмасфэра навуковага сьвету Пецярбурга, што ацаніў яго заслугі, падзейнічала на Чэрскага гаюча. У яго навуковай дзейнасьці адзначаецца павышаная актыўнасьць. Тут ён нібыта між іншага выдаў цудоўную каляровую геалягічную карту Байкала.
    Зьнікла боязь за сваю будучыню. Іван Чэрскі стаў сябрам шмат якіх навуковых супольніцтваў: Расійскага Геаграфічнага таварыства, Пецярбурскага Мінэралягічнага таварыства, Пецярбурскага таварыства прыродазнаўцаў, Маскоўскага таварыства дасьледнікаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалягічнага таварыства. У траўні 1886 года выступіў на паседжаньні Пецярбурскага таварыства прыродазнаўцаў з дакладам, у якім падвёў вынікі сваіх шматгадовых дасьледаваньняў у Сыбіры, дапоўніўшы іх дадзенымі іншых дасьледнікаў па суседніх рэгіёнах Азіі.
    Істотна новым у гэтым дакладзе было паведамленьне пра кірунак горных ланцугоў, якія ляжаць на поўдзень і паўднёвы захад ад велізарнага Сярэднесыбірскага пласкагор’я. Чэрскі патлумачыў, што горныя ланцугі на працягу 2,5 тысяч вёрстаў на захад ад Байкала цягнуцца паралельна ўвагнутасьці паўночна-заходняга схілу старажытнага мацерыка (іншымі словамі, яны ўтварыліся з пластоў, некалі прыціснутых гораўтваральнай сілай да цьвёрдай пліты гэтага мацерыка); далей на паўднёвы захад, у раёне Заходняга Саяну, лінія горных складак мяняе свой кірунак, каб яшчэ раз зьмяніць яго ў горных ланцугах Алтая. Адзін (першы) выгін Чэрскі назваў байкальскім, другі — саянскім і трэці — алтайскім, але для ўсіх трох горных ланцугоў характэрны дугападобны выгін. Такім чынам, для нагрувашчаньня горных хрыбтоў, якое раней здавалася беспарадкавым, хаатычным, Чэрскі абгрунтаваў выразную тэктанічную схему.
    Гэты выступ Чэрскага быў ацэнены сучасьнікамі вельмі высока. Праз пяць гадоў, калі аўстрыйскі геоляг Э. Зюс [* Зюс Эдуард (1831-1914) — прафэсар Венскага унівэрсытэта і прэзыдэнт Венскай Акадэміі навук; галоўная праца — трохтомная манаграфія “Аблічча Зямлі” (1883-1909).] зьвярнуўся да тады яшчэ маладога горнага інжынэра У. Обручава [* Обручаў Уладзімір Афанасевіч (1863-1936) — савецкі геоляг і географ, акадэмік; аўтар капітальных працаў па геалёгіі Сыбіры, шэрагу падручнікаў і навукова-папулярных кніг.] з просьбаю паведаміць яму найноўшыя зьвесткі пра геалёгію Азіі, той накіраваў яму часопісны артыкул Чэрскага паводле гэтага даклада. У далейшым дасьледаваньні Чэрскага леглі ў аснову ўяўленьняў многіх знакамітых навукоўцаў пра геалягічную будову Сыбіры.
    Неўзабаве Геаграфічнае таварыства пастанавіла выдаць пераклад тамоў нямецкага географа К. Рытэра [* Рытэр Карл (1779-1839) — прафэсар Бэрлінскага унівэрсытэта, выдаў за 1832-1859 гады 18 тамоў, прысьвечаных дэталёваму апісаньню Азіі.], якія тычыліся Азіяцкай Расіі і сумежных з ёю Кітая, Турана і Ірана. Праца гэтая хутка траціла сваё значэньне, станавілася шмат у чым састарэлай, і кіраўнік Рускага Геаграфічнага таварыства П. Сямёнаў - Цян-Шанскі паставіў за мэту дапоўніць пераклад найноўшымі зьвесткамі рускіх навукоўцаў. Гэтую работу ён усклаў на Чэрскага як “найлепшага знаўцу Сыбіры”. Дадатку да “Азіі” К. Рытэра Чэрскі аддаў пяць гадоў штодзённай працы. Крытычны разгляд усёй літаратуры звычайна служыць Чэрскаму ўступам да выкладу ўласных назіраньняў, дзе ён дае падрабязнае апісаньне рэльефу, геалягічнай будовы, расьліннага і жывёльнага сьвету, закранае пытаньні археалёгіі і этнаграфіі. І ўсё гэта чаргуецца з яскравымі замалёўкамі, якія сьведчаць пра немалыя літаратурныя здольнасьці.
    Фактычна Іван Чэрскі цалкам перарабіў і шмат у чым перакрэсьліў капітальную працу К. Рытэра. Ён абагульніў вынікі ўсіх экспэдыцый у выглядзе двухтомнай геаграфічнай зводкі (1200 старонак) да састарэлага “Землязнаўства Сыбіры” нямецкага навукоўца. У параўнаньні з вульгарным геаграфізмам Рытэра погляды нашага земляка на фізычна-геаграфічныя ўмовы Сыбіры былі глыбока прагрэсіўныя і пераканаўчыя. Яго дапаўненьні сталіся самастойнай навуковай працай і засланілі старонкі Рытэра не толькі найноўшымі зьвесткамі пра Азіяцкую Расію і маляўнічымі апісаньнямі геалягічнай будовы Байкала, але і сілай навуковых абагульненьняў. Гэта найкаштоўнейшая частка спадчыны Чэрскага — помнік яго навуковай дзейнасьці. У прадмове да гэтай працы Сямёнаў - Цян-Шанскі так ацаніў яе: “Капітальная праца Чэрскага ўяўляе тым больш цікавасьці, што ён вычэрпвае ўсё, зробленае ім самім... I ўвесь гэты каштоўны матэрыял згінуў бы без карысьці для геаграфічнай навукі ў неапрацаваных рукапісных занатоўках таленавітага дасьледніка, калі б мы не запрасілі яго да актыўнага ўдзелу ў гэтым выданьні”.
    Яшчэ адна значная падзея ў пецярбурскім жыцьці Чэрскага зьвязана з выданьнем яго кнігі “Апісаньне калекцыі пасьлятраццёвых сысуноў, сабраных Новасыбірскай экспэдыцыяй ў 1885-1886 гг. (аб’ёмам больш за 700 старонак, апублікаваная ў 1891 годзе). Гэтая калекцыя была сабраная вядомымі дасьледнікамі Поўначы А. Бунге і Э. Толем на заданьне Акадэміі навук (у нізавіне ракі Яны і на Новасыбірскіх астравах Ледавітага акіяна). Чэрскаму было прапанавана вызначыць і апісаць гэтыя знаходкі (2518 костак 25 відаў жывёл). Канешне, можна было абмежавацца рамкамі спэцыяльнага остэалягічнага апісаньня, але вучоны паставіў сабе шырэйшую задачу: падвесьці вынікі ўласным больш чым дваццацігадовым палеанталягічным дасьледаваньням у сувязі з унікальнасьцю Новасыбірскай калекцыі. Яна палягала ў тым, што ў зоне суровага арктычнага клімату былі знойдзеныя косткі такіх цеплалюбівых жывёлаў, як тыгар, марал, сайга, дзікі конь. Як адзначыў Чэрскі, перад наяўнасьцю такіх адкрыцьцяў “нават клясычнае пытаньне пра вымерлых гіганцкіх таўстаскурых — маманта і насарога — згубіла значную долю былой сваёй вабнасьці”.
    У дачыненьні да выкапнёвых парэшткаў маманта і насарога на Крайняй Поўначы Чэрскі робіць найважнейшую выснову: мясьціны, занятыя цяпер голай тундрай, раней былі пакрытыя лесам; толькі лес мог даць прытулак і корм гэтым гіганцкім сысунам. Жывёлы, косткі якіх знойдзеныя Новасыбірскай экспэдыцыяй, маглі жыць толькі ў травяністых стэпах — гэта ўжо сапраўдная кліматычная загадка. Дасьледнік у сувязі з гэтым выказаў меркаваньне, што берагавая палоса Ледавітага акіяна яшчэ у паслятрацьцёвым часе вызначалася мяккім кліматам — была пакрытая стэпамі і лясамі мернага кліматычнага пояса. Толькі так і не іначай можна вытлумачыць прысутнасьць антылёпы-сайгі, марала, дзікага каня і тыгра на поўнач ад 73-й паралелі.
    Аднак навуковец не абмежаваўся такой бессумнеўнай высновай. Ён паказвае прычыны, якія выклікалі такое моцнае зьмяненьне клімату. Дзеля гэтага, улічваючы Новасыбірскую калекцыю, ён супастаўляе жывёльны сьвет Сыбіры мінулага часу з геалягічнымі дадзенымі. І высьвятляе, што берагавая лінія Ледавітага акіяна ў раёне вусьця Енісея была іншая — мора ўразалася ў мацярык глыбокім залівам да 67-й паралелі, што і выклікала зьмякчэньне кантынэнтальнага клімату; памякчальны ўплыў рабіла з поўдня і шырокае Арала-Касьпійскае мора, што існавала тады.
    Закранаючы вялікую кліматычную катастрофу, якая напаткала паўночнае паўшар’е ў паслятрэцясным часе, Чэрскі адзначыў: агульнае рэзкае пахаладаньне спрычынілася да ўтварэньня гіганцкіх лёдавых покрываў у Эўропе і Паўночнай Амэрыцы, але ў Паўночнай Азіі такога магутнага зьледзяненьня не было і не магло быць (клімат Сыбіры ў гэтым пэрыядзе не даваў вільгаці, дастатковай для ўтварэньня суцэльнага лёдавага покрыва). Гэтую думку падзяляў і яго сучасьнік — славуты кліматоляг А. Ваейкаў [* Ваейкаў Аляксандр Іванавіч (1842-1916) — прафэсар Пецярбурскага унівэрсытэта; галоўная праца — “Кліматы зямнога шара, у асаблівасьці Расіі” (1884).].
    Сыбір, паводле Чэрскага, адчувала заўсёднае паніжэньне сярэдніх тэмпэратураў, што “пашырала на поўдзень вядомую цяпер мерзлату глебы” і адцясьняла сысуноў на поўдзень, а некаторых з іх — маманта і насарога — прымушала прыстасоўвацца (доўгая поўсьць і тоўсты слой падскурнага тлушчу былі выкліканыя неабходнасьцю аховы ад арктычнага холаду). Ужо ў савецкім часе акадэмік У. Обручаў даказаў наяўнасьць у Сыбіры сьлядоў былога зьледзяненьня, але значна слабейшага, чым у Эўропе, што, аднак, не супярэчыць агульным высновам Чэрскага.
    Нават калі б Чэрскі не пакінуў іншых працаў, гэтай было б дастаткова, каб захаваць памяць пра яго сярод нашчадкаў. Вядомыя пецярбурскія прафэсары называлі яе клясычнай і рэкамэндавалі перакласьці на заходнеэўрапейскія мовы, каб зрабіць даступнай для ўсіх навукоўцаў. Як адзначаў акадэмік Ф. Плеске, “тэорыя Чэрскага заўсёды будзе асновай нашых ведаў пра вымерлых сысуноў Сыбіры”. Разам з тым Чэрскі і не адмаўляў адназначна зьледзяненьня (слабага) у Паўночнай Азіі. Увесну 1891 года, напярэдадні свайго ад’езду ў Калымскую экспэдыцыю, ён абмяркоўваў гэтую праблему ў Іркуцку з маладым тады яшчэ горным інжынэрам У. Обручавым.
    Обручаў паведаміў Чэрскаму, што год таму ў Алёкма-Віцімскай горнай краіне ён бачыў выразныя сьляды зьледзяненьня, што пацьвярджала назіраньні П. Крапоткіна [* Крапоткін Пётр Аляксеевіч (1842-1921) — князь, адзін з тэарэтыкаў анархізму, выдатны рускі географ і падарожнік; галоўная праца ў геалёгіі — “Дасьледаваньні аб ледавіковым пэрыядзе”. Яго імем названы хрыбет у Патомскім узгор’і і горад у Краснадарскім краі.], зробленыя 25 гадоў таму ў далінах тых жа залатых капальняў. Выслухаўшы гэтае паведамленьне, Чэрскі зазначыў: “Ну вось, цяпер я еду на далёкую поўнач, перасяку Верхаянскі хрыбет на шляху да Індыгіркі і наступны за ім, цераз які трэба перайсьці перад Калымой, і калі ў Сыбіры магло быць зьледзяненьне — я павінны буду ўбачыць яго выразныя сьляды і паверу ў яго” [* Обручев В. А. Избранные труды. М., 1964. Т. 6. С. 156.].
    Акадэмія навук ставілася да гэтай праблемы з вялікай цікавасьцю, тым болей што з Сыбіры сыстэматычна паведамлялі пра знаходкі выкапнёвых мамантаў. Аднак адкрытыя і добра захаваныя ў вечнай мерзлаце тушы мамантаў або зьнішчаліся зьвярамі, або згнівалі ад судакрананьня з паветрам, або іх зносіла плыньню рэк. Неабходна было неяк па-іншаму разьвязваць задачу вывучэньня гэтых чацьвертасных сысуноў.
    Нечакана ў Пецярбург прыйшла незвычайная навіна — паляўнічыя-юкагіры далёкага Калымскага краю знайшлі цалкам захаваны труп маманта — з біўнямі, мясам, скурай, поўсьцю. Вечная мерзлата захавала яго як у вялізнай кансэрвавай бляшанцы. Акадэмія пастанавіла неадкладна паслаць экспэдыцыю і стварыла навуковую камісію, якая запрасіла Чэрскага выказаць сваю думку. Яна палягала ў мэтазгоднасьці пасяленьня на працяглы тэрмін у паўднёвай частцы прыпалярнай Сыбіры вучонага геоляга-палеантоляга. Па выдатках гэта было б танней за спэцыяльныя экспэдыцыі, якія рыхтаваліся ад выпадку да выпадку, павысілася б і магчымасць посьпеху. Найлепшым раёнам для гэтых мэтаў была прызнаная ўсходняя мяжа сыбірскіх рэк — Яны, Індыгіркі, Калымы (сыстэма гэтых рэк абароненая гарамі з паўднёвага і заходняга бакоў, якія перашкаджалі пераносу выкапнёвых парэшткаў з больш паўднёвых мясьцін) [* Тут, ля падножжа вялікіх зрываў рыхлых чацвертасных адкладаў, у рэчышчах рэк даволі часта трапляюцца косткі буйных сысуноў: маманта, насарога, бізона, паўночнага аленя, каня, лася. Калі прайсьці па беразе ўздоўж такога зрыву. то на працягу вярсты можна набраць цэлы мех костак. Але трупы маманта трапляюцца вельмі рэдка і пакуль толькі два такія экспанаты трапілі ў музэі.].
    Праект Чэрскага зрабіў патрэбнае ўражаньне, аднак калі паўстала пытаньне пра кандыдатуру на такое нялёгкае мерапрыемства (жыць працяглы час у глушы суровага Прыпаляр’я), Чэрскі заявіў і пра сваю гатоўнасьць адправіцца ў такую экспэдыцыю. Прапаноўваць хвораму чалавеку трохгадовае падарожжа за Палярны круг?! Гэта здавалася непрыстойным, бо паездка на Калыму не пагулянка ў Царскае Сяло. Але на ўсе пярэчаньні ў сувязі з яго хваробай Чэрскі настойліва сьцьвярджаў, што яго стан тлумачыцца толькі нэрвовай дысфункцыяй, праца на сьвежым паветры будзе толькі на карысьць.
    Сьмяротна хворы прыродазнавец зьдзіўляў сучасьнікаў сваім юначым імпэтам, самаахвярнай любоўю да навукі і непахіснай рашучасьцю ў дасягненьні мэты. Урэшце Акадэмія навук пагадзілася камандзіраваць Чэрскага на тры гады ў раён рэк Калымы, Індыгіркі і Яны. Маўра Паўлаўна адразу ж заявіла, што яна едзе з мужам, а бліжэй да ад’езду пастанавілі ўзяць з сабой і адзінаццацігадовага сына.
    Іван Чэрскі быў задаволены вынікамі сваёй навуковай дзейнасьці ў Пецярбурзе. У сямейным жыцьці таксама ўсталявалася пэўная стабільнасьць. Сын Аляксандр ужо вучыўся ў гімназіі, бацька выхоўваў яго ў спартанскай строгасьці. Два гады пражыла ў Пецярбурзе маці вучонага (памерла яна ў 1889 годзе на руках сына).
    Улетку 1890 года Чэрскія наведалі Беларусь: пагасьцілі ў зяця — мужа нябожчыцы сястры Міхаліны (вёска Парузы каля Віцебска). З Пецярбурга да Віцебска ехалі цягніком праз Полацак і паўстанак Свольня — былы сямейны маёнтак.
    Цяпер, перад ад’ездам на Калыму, згадвалася гэтая паездка ў родныя мясьціны. Наўрад давядзецца яшчэ пабачыць Беларусь. Але Чэрскі не адчуваў безвыходнай скрухі. Лепей за каго іншага ведаючы стан свайго здароўя і прадчуваючы скоры канец, ён аднаго разу сказаў: “Жыцьцё маё пражытае не дарма!”.
    1 лютага 1891 года Чэрскія выехалі з Пецярбурга ў далёкую экспэдыцыю.
                                                             ПРАЗ УСЕ ХРЫБТЫ
    Белая пляма на карце * У Якуцку * Да вытокаў Калымы * Верхнекалымскі “камфорт” * Яшчэ адно адкрыцьцё * Трагічны скон вучонага * Вандраваньне Маўры Чэрскай
    Сёньня, у век авіялайнэраў і надзейнай радыёсувязі, рашэньне Чэрскага пайсьці ў шматгадовую экспэдыцыю на суровы паўночны ўсход Сыбіры з жонкай і малалетнім сынам успрымаецца як акт грамадзянскай мужнасьці. Цяжка нават уявіць сабе, які пустэльны быў гэты край пры канцы XIX стагодзьдзя — крыху болей як 10 тысяч чалавек на плошчы 1,5 мільёна квадратных кілямэтраў (амаль у восем разоў большай за тэрыторыю Беларусі); сотні кілямэтраў ад “жытла” да “жытла”. Зіма доўгая, лютая — з самай нізкай тэмпэратурай на плянэце; ужо ў жніўні пачынаюцца маразы і вялікія сьнегапады.
    Нялёгка паддаваўся гэты край землепраходцам. Піянэрам Калымы стаў казак Міхайла Стадухін: у 1641 годзе выйшаў ён да вышнявіны Індыгіркі, збудаваў коч, спусьціўся да Ледавітага акіяна і ўздоўж краю лёду прайшоў да вусьця Калымы. Яго жыцьцё было кароткім, але гучным, як выбух — ён сканаў ад юкагірскай баявой стралы, упрыгожанай пяром ружовай чайкі. Так прасторная “Калымская зямліца” была далучаная да Расіі. Рэдкія падарожнікі, якія вывучалі гэты край (марскі капітан Сарычаў, 1793; мічман Мацюшкін і доктар Кібер, 1823; тапограф Афанасьеў і астраном Нейман, 1870), разьвязвалі прыватныя пытаньні — плынь рэк, магчымасьці гандлю. Так і атрымалася, што на час падарожжа Чэрскіх у Калымскі край, гэты вялізарны рэгіён заставаўся белай плямай на геаграфічнай карце Расіі.
    У экспэдыцыю, апрача сям’і Чэрскіх, былі ўключаны казак Сцяпан Растаргуеў, які ведаў якуцкую мову (яму ўжо даводзілася быць на Камчатцы, Чукотцы), і 18-гадовы Генрых, пляменьнік вучонага (ён, аднак, на пачатку падарожжа пакінуў экспэдыцыю). Абнадзейваў кемлівы праваднік Растаргуеў, поўны спакойнай мужнасьці і сілы, які і стаў верным памочнікам Чэрскага.
    Трэба было прайсьці дзьвюхтысячакілямэтровы шлях у прыпалярных шырынях. Каб пасьпець з Якуцка ў Верхне-Калымск (першы апорны пункт) па “летняй сьцяжыне” да вялікіх маразоў, Чэрскі наважыўся пазбавіцца ад асноўнага грузу: экспэдыцыйнае абсталяваньне і запасы харчаваньня былі адпраўленыя па больш надзейнай паўночнай дарозе, праз Верхаянск; з сабой ўзялі толькі самае неабходнае. Разьнесеная Растаргуевым слава пра Чэрскага, апярэджваючы экспэдыцыю, перадавалася з юрты ў юрту. У дарогу выступілі 14 чэрвеня 1891 года; было спакавана восемдзесят пудоў разнастайных грузаў, уючныя скрыні былі абцягнутыя скурай. Літаральна ўсе жыхары Якуцка выйшлі на бераг Лены паглядзець, як грузяць на карбасы [* Карбас ленскі, або сыбірскі, — пласкадоннае грузавое судна з завостранай насавой часткай і вэртыкальнымі бартамі, якое выкарыстоўвалася ў XVIII-XIX стагоддзях для дастаўкі грузаў сплавам на нізавіны сыбірскіх рэк. Даўжыня 10-15 мэтраў, шырыня 6-8 мэтраў, поўная вышыня борта 1,5-2,5 мэтры пры асадцы 1,2 мэтра. Кіраваўся доўгімі стырнавымі вёсламі, па заканчэньні рэйса расьпілоўваўся на дровы.] экспэдыцыйных коней, як у чаўне адплывае “вялікі рускі шаман”. Чэрскі валодаў рэдкім дарам выклікаць да сябе прыхільнасьць усіх, але асабліва яго любілі сыбірскія сяляне і мясцовыя жыхары (кожны з іх пайшоў бы за яго ў агонь і ваду).
    Сьветлыя ночы прыпалярнага лета дазвалялі плыць пасьля заходу сонца, а на працягу дня падарожнікі адпачывалі (коней уючылі на правым беразе). Па адзнаках пройдзеных адлегласьцяў і паказаньнях компаса Чэрскі штодня накрэсьліваў свой маршрут; двойчы на дзень вызначалася тэмпэратура паветра, а па баромэтры — вышыня мясцовасьці. Для яго не было нічога выпадковага: канкрэтныя, здавалася б малазаўважныя, дэталі дапамагалі разгледзець значнае, выклікалі цэлы спэктар асацыяцый. Навуковец падбіраў цікавыя разнавіднасьці моху, ракітніку. Паставіўшы палаткі, рыхтавалі ежу, адпачывалі і — зноў у дарогу.
    Асабліва цяжкім падарожжа станавілася, калі ўваходзілі ў забалочаныя лясы. “Чалавек, якому не даводзілася быць на такіх балотах, не можа ацаніць сілу той маральнай і фізычнай стомы, якая выклікаецца бесьперапынным напружаным станам пад час язды па такіх мясьцінах. Ліхаманкавая пасьпешлівасьць авалодвае і канём, які адчувае, як гразнуць яго ногі: з цяжкасьцю вызваляючы іх з дрыготкай багны, жывёліна тузаецца і кідаецца ў самых нязграбных рухах, прычым з-пад ног яе вырываюцца вялікія кавалкі мохавага покрыва і ўзьлятаюць далёка наперад і ўбок. Спадзеючыся знайсьці ля каранёў дрэваў трывалейшую глебу, яна імчыцца проста на дрэва, балюча выцінаючы калена ці плячо ездака, у асаблівасьці таму, што галамень дрэва, якое расьце на дрыготкім тарфянішчы, не заўсёды трымае цяжар каня, які ўзьбіўся на яго карані, і адразу ж нахіляецца ў яго бок. Згінаюцца ездакі, адхіляючы галіны і сукі ад вачэй; бьюцца уюкі аб дрэвы; зьнясіленыя коні падаюць, губляючы ўюкі або ездакоў. Разносяцца гучныя крыкі “тох-то, тох-то” (стой-стой) або “хот-хот” (ну-ну!). Часоваю разьвязкаю такой гнятлівай мітусьні звычайна бывае надта жаласная карціна — некалькі коней ляжаць у розных, нярэдка вельмі дзіўных позах і чакаюць дапамогі людзей. І так праз кожныя 5-10 хвілін” [* Черский И. Д. Путешествие от Якутска до Верхне-Колымска. СПб., 1892.].
    Мяркуючы па дзёньніках Чэрскага, ужо на пачатковым этапе экспэдыцыі падарожжа было не з лёгкіх. Аднак нічога не магло парушыць бадзёрага настрою навукоўца. Яго вабіла да сябе таямнічая Калыма, нікім яшчэ не дасьледаваныя горы. Якія чароўныя зямныя ляндшафты і якія яны разнастайныя! Але з чым зьвязаная гэтая разнастайнасьць і якую ролю ў ёй адыгрываюць геалягічная будова фундамэнта ляндшафту, яго паверхня, цеплавы і водны рэжым, глебы, расьлінны і жывёльны сьвет? Чэрскі ўпершыню быў ў прыпалярных шырынях, але дапытлівы позірк прыродазнаўца бачыў своеасаблівую халодную прыгажосьць гэтай паўночнай пустэльні. “Трэба быць адчайным паэтам, каб на тысячах вёрстаў цешыцца веліччу пустэльнага і нудою свайго маўчаньня”, — так пісаў у сваіх дарожных нататках вядомы рускі пісьменьнік І. Ганчароў, які вяртаўся з кругасьветнага падарожжа ў 1854 годзе па Ахоцкай сьцежцы — на поўдзень ад тых мясьцін, па якіх рушыла экспэдыцыя Чэрскага [* Гончаров И. А. Фрегат “Паллада”. М., 1949.]. Як па-рознаму могуць бачыць людзі адну і тую ж зямлю! Для Чэрскага паэзія прыроды — гэта бліскавіца, што асьвятляе дарогу...
    Нарэшце экспэдыцыя перабралася цераз шырокі Алдан (правы прыток Лены), левым берагам падышлі да вусьця Хандыгі. Падымаючыся па Хандызе да яе вытокаў, экспэдыцыя паглыбілася ў перадгор’і Верхаянскага хрыбта. Чэрскі зрабіў спробу ўзьняцца на адну з вяршыняў, але сэрца адразу ж запратэставала. Заўзятага выведніка гор і падарожніка, які некалі не ведаў стомы, хвароба назаўжды пазбаўляла самага істотнага і прывабнага боку ягонай прафэсіі. Было чаго адчаяцца. Супакойвала тое, што ў сядле сядзіць ён яшчэ трывала, упэўнена працуе геалягічным малатком і галоўнае — першы адкрывае для навукі гэтыя горы. У яго моцная воля, і яму хопіць сілы выканаць грандыёзны трохгадовы плян. Маўры Паўлаўне цяпер назіраць, а яму — абагульняць.
    Спуск з Верхаянскага хрыбта вельмі пахілы, і неўзабаве экспэдыцыя выйшла ў шырокую даліну Індыгіркі. Увайшлі ў якуцкае паселішча Аймякон, якое было добра вядомае рускім землепраходцам. Адсюль ішлі яны да берагоў Ахоцкага мора, у бясконцыя тундры Чукоткі і да Ледавітага акіяна. Тут гандлявалі маскоўскія і табольскія купцы: за тысячы вёрстаў прыяжджалі яны сюды мяняць блакітных пясцоў, серабрыстых лісаў і біўні маманта на порах, муку і гарэлку. Тут беглыя катаржнікі і таежныя шукальнікі прыгод зьбіваліся ў ватагу для пошукаў залатога пяску ў індыгірскіх ды калымскіх далінах. Тут за час кароткай стаянкі збывалі запаленых коней і куплялі новых.
    Наперадзе была другая, яшчэ больш цяжкая палова дарогі цераз крутыя горныя хрыбты. Напрасткі да Верхне-Калымска блізу 600 вёрстаў, але па далінах і перавалах яшчэ даўжэй. Індыгірка набрыняла ад дажджоў, што затрымала экспэдыцыю. Варты жалю чалавек з яго мітусьнёй і дробнымі звадкамі перад несьмяротнай веліччу Прыроды! З цяжкасьцю падняліся ўздоўж ракі, прайшоўшы каля сотні вёрстаў, затым ля прытока Хатынаг пад простым кутом павярнулі на паўночны ўсход, да Верхне-Калымска.
    На вышыні дзьвюх тысяч мэтраў перайшлі яшчэ цераз адзін хрыбет у даліну паўнаводнай Нэры, новага прытока Індыгіркі. Экспэдыцыю пачалі даймаць багністыя тарфяныя балоты, асабліва пакутавалі коні. Аднойчы у сярэдзіне жніўня прачнуліся пад сьнегам: коні былі падобныя да скульптур, высечаных з мармуру, а сонныя падарожнікі — да паваленых статуй. Халодны паўночны вецер працінаў наскрозь. Але экспэдыцыя ўздымалася ўжо на трэці, апошні на яе шляху, горны хрыбет (на сучасных картах — Момскі), за якім пачынаўся дзьвюхсотвёрставы спуск да прытока Калымы — Зыранкі. Непралазныя балоты вакол Зыранкі — завяршальныя “акорды” гэтага найцяжэйшага падарожжа.
    І вось, нарэшце, паказаліся сем драўляных дамкоў з пляскатымі стрэхамі і некалькі казённых сьвірнаў. Над імі — счарнелая ад цьвілі драўляная званіца. Насельніцтва — 55 хрысьціянскіх душ. Гэта і ёсьць “крэпасьць” Всрхне-Калымск на рэчцы Ясашнай, іх першая зімоўка.
    Экспэдыцыі далі самы “зграбны” дамок. Праз сьлюдзяныя вакенцы праходзіла бляклае сьвятло ў тры малюсенькія пакойчыкі, палову кухні займала варыстая печ — рэдкасьць на Калыме. Пасьля шматдзённых начлегаў на зямлі Чэрскія не маглі нацешыцца груба зьбітай падлогай пад нагамі. Усё гэта па тутэйшых мерках уяўляла з сябе неверагодны камфорт.
    З нецярпеньнем абсталёўваў дасьледнік сваё працоўнае месца. Некалькі экспэдыцыйных скрыняў ды зьнятыя з завесаў дзьверы — чым не пісьмовы стол? Павесіўшы па сьценах карты, расставіўшы падсьвечнікі і пісьмовае начыньне, ён ўзяўся за работу. Парадкаваў свае дарожныя дзёньнікі, апісваў калекцыі раздумваў над геаграфічным становішчам горных хрыбтоў.
    Чэрскі валодаў неабходнай для кожнага падарожніка асаблівасьцю характару: ён адразу ж забываўся пра ўсе цяжкасьці і непрыемнасьці дарогі і бачыў толькі самыя сьветлыя, самыя прыемныя моманты. Гэты стан душы дапамагаў яму трываць і цяжкасьці падарожжа, і невылечную сваю хваробу. Дапамагаў выжыць у дваццацідвухгадовай высылцы, вынесьці абразы і прыніжэньні, голад і холад бяспраўнага існаваньня. Любоў да жыцьця, да людзей і навукі гарэла ў ягоным сэрцы ціхім нязгасным агнём.
    Экспэдыцыя прывезла з сабой на зімоўку выдатную батанічную калекцыю, а таксама дзесяткі скурак птушак. Але не гэта галоўнае, геалягічныя вынікі перасягнулі ўсе надзеі, якія можна было ўскладаць на доўгі маршрут праз горную мясцовасьць. Чэрскі быў задаволены дзьвюма абставінамі — скалістасьцю горных схілаў і шматразовымі знаходкамі выкапнёвых парэшткаў, што дазваляла вызначыць геалягічны ўзрост пластоў.
    Ён сабраў усе назіраньні разам, і атрымалася поўная геалягічная карціна на велізарнай прасторы (у асноўных рысах дакладная і дагэтуль). Чэрскі знайшоў сылюрыйскія адклады ў Верхаянскім хрыбце і на Зыранцы, паміж імі — трыясавыя [* Трыяс — першы пэрыяд мэзазойскай эры ў гісторыі Зямлі (150-185 мільёнаў гадоў таму).] пароды; яму ж належыць і першая згадка (амаль адкрыцьцё) пра выкапнёвыя вуглі Зыранскага басэйна.
    Асабліва каштоўны погляд Чэрскага на геаграфію горных фармаваньняў паміж Верхаянскім хрыбтом і Калымой. У блытаніне рознаскіраваных горных ланцугоў, толькі што пройдзеных ягонай экспэдыцыяй, ўдалося выявіць панавальную заканамернасьць: “Дзякуючы рэзка выяўленаму дыферэнцаваньню індыгірска-калымскай часткі гор, у ланцугах, якія складаюць яе, вельмі рэльефна выяўляецца паўночна-заходні або паўночна - паўночна-заходні кірунак, а значыць, амаль папярочны да плыні названых дзьвюх галоўных рэк” [* Черскый И. Д. Путешествие от Якутска до Верхне-Колымска. СПб., 1892.].
    Гэтыя меркаваньні былі цалкам пацьверджаныя ў XX стагодзьдзі больш аснашчанымі экспэдыцыямі С. Обручава [* Обручаў Сяргей Уладзіміравіч (1891-1965) — геоляг, сябар-карэспандэнт АН СССР (1953); сын акадэміка У. Обручава, дасьледнік паўночна-ўсходняй Азіі.].
    Калі сустракаюцца два якуты, яны заміж прывітаньня кажуць адзін адному: “Расказвай!” У гэтым звароце — непераадольнае чалавечае жаданьне выйсьці з кола ўласных думак і клопатаў, даведацца што-небудзь пра іншых, пра іх жыцьцё і намеры. Мастацтва апавядаць высока цанілася ў бязьлюдным Прыпаляр’і, і ўмелы апавядальнік заўсёды быў жаданым госьцем у якуцкай юрце.
    Такім шляхам спрадвеку разносіліся ў гэтых краях самыя разнастайныя навіны. “Якуцкай поштай” данеслася да Верхне-Калымска вестка пра знаходку трупа гіганцкага маманта ў нізавіне Яны. Вестка ўсхвалявала Чэрскага, бо гэта адна з галоўных мэтаў яго экспэдыцыі. Ён нецярпліва чакаў заканчэньня зімоўкі, а пакуль дзень пры дні праводзіў з экспэдыцыйнай справаздачай. Калі ж надаралася, што ў Верхне-Калымску зьяўляліся навакольныя якуты, эвены або адулы, навуковец карыстаўся выпадкам і як сапраўдны этнограф распытваў пра іхны побыт, запісваў песьні і казкі.
    Але як цяжка перанесьці першую зіму на Поўначы, калі ноч — чорны акіян, які расьсякае палярнае зьзяньне, а дзень — суцэльны бялявы прыцемак, пранізаны сухім марозам...
    Аднаго разу, у студзені 1892 года, Чэрскі пачаў скардзіцца на сціснутае дыханьне, не даваў спакою глухі кашаль. Далей пайшлі дні, падобныя да благога сну. Красавік, першыя прыкметы хуткай “вясны”. Сонца набірае вышыню, а ён ніяк не можа паправіцца ад страшэннага кашлю, у макроце кроў... Сэрца б’ецца скачкамі, хворы задыхаецца ад прыступаў астмы, ускладненай сухотамі. Але зьдзіўляе, як шмат ён працаваў у гэтыя дні, нібыта жадаючы ўпартай працай адцягнуць наканаваньне: праводзіў за пісьмовым сталом восем - дзесяць гадзін запар пры цяжкой задышцы і ацёклых нагах.
    Сьмяротна хворыя людзі часам да апошняга ўздыху спадзяюцца на цуд, але бывае і так — з няўмольнай яснасьцю бачаць яны набліжэньне свайго канца. Напрыканцы красавіка Іван Чэрскі ўжо не сумняваўся ў блізкім сваім сконе. Ён зрабіў у жыцьці ўсё, што мог, жыў дзеля навукі, цяпер можна б і памерці, але як памерці зараз, на пачатку вялікай даверанай яму справы?! Працаваць да апошняга дыханьня! Чэрскі цьвёрда пастанаўляе: адплыць з Верхне-Калымска, як толькі сыдзе лёд.
    Якуты падаравалі яму вышытыя чырвоным і сінім бісэрам рукавіцы са скуры маладога аленя і цёплыя шкарпэткі з гагачага пуху, каб “пелі ногі і не плакалі рукі”. 25 траўня вучоны загадаў рыхтаваць карбас да адплыцьця і, ужо не могучы пісаць, прадыктаваў сваё спэцыяльнае распараджэньне:
    Я, Чэрскі Іван Дзяменцевіч, сын ліцьвіна, нарадзіўся 3 траўня 1845 года ў маёнтку Сволна Дрызенскага павета Віцебскай губэрні...”
    Не, так нельга, навошта гэтая пампэзнасьць? Пецярбург ведае, уся Расія ведае, хто такі Чэрскі. Трэба па сутнасьці. Ён просіць перакрэсьліць гэтыя словы і (адкінуўшы ўсё асабістае) дыктуе тэкст, поўны годнасьці, непахіснасьці перад абліччам сьмерці і высокай адказнасьці за даручаную справу:
    Экспэдыцыя Імпэратарскай Акадэміі навук для дасьледаваньня рэк Калымы, Індыгіркі і Яны ўжо поўнасьцю падрыхтавалася адплыць да Ніжне-Калымска, і неабходныя для гэтага выдаткі ўжо зроблены. Між тым, сур’ёзная хвароба, якая напаткала мяне перад ад’ездам, прымушае сумнявацца, што я дажыву нават да прызначанага часу адбыцьця. Паколькі экспэдыцыя, апрача геалягічных заданьняў, мае яшчэ зоалягічныя і батанічныя, якімі загадвае мая жонка, Маўра Паўлаўна Чэрская, то, каб пазьбегнуць поўнай марнасьці выдаткаваных ужо на лета 1892 года сродкаў, я раблю наступную пастанову, якая, у імя карысьці для навукі і задачаў экспэдыцыі, павінна быць прынятая да ўвагі і мясцовымі ўладамі:
    У выпадку маёй сьмерці, дзе б яна мяне ні засьпела, экспэдыцыя пад кіраўніцтвам жонкі маёй, Маўры Паўлаўны Чэрскай, мусіць усё-ткі гэтым летам даплыць да Ніжне-Калымска, маючы на ўвазе, галоўным чынам, зоалягічныя і батанічныя мэты, а таксама тыя з геалягічных пытаньняў, якія даступныя маёй жонцы. Інакш, г. зн. калі экспэдыцыя 1892 года не адбудзецца ў выпадку маёй сьмерці, Акадэмія панясе буйныя грашовыя выдаткі і страты ў навуковых выніках, а на мяне, дакладней на маё імя, дагэтуль яшчэ нічым не заплямленае, кладзецца ўвесь цяжар няўдачы. Толькі пасьля вяртаньня экспэдыцыі назад у Сярэдне-Калымск яна мусіць лічыцца завершанай. Толькі тады павінна адбыцца здача экспэдыцыйнай сумы (г. зн. яе рэштак) і экспэдыцыйнай маёмасьці.
    Пасьля ўсяго сказанага вышэй хацеў бы спадзявацца, што мясцовыя ўлады за ўвесь час дзеяньня экспэдыцыі будуць спрыяць яе мэтам гэтаксама, як гэта рабілася імі і пры маім жыцьці.
    Верхне-Калымск
    Траўня дваццаць пятага дня
    1892
             Начальнік экспэдыцыі
             І. Д. Чэрскі” [* Да распараджэньня прыкладзена імянная пячатка І. Чэрскага.].
    Гэта быў апошні ліст ў Акадэмію. 31 траўня па высокай паводцы карбасы паплылі ўніз па Калыме на поўнач, да акіяна. Рака ішла збольшага адным шырокім рэчышчам, плынь станавілася усё павольнейшая. Часта сустракаліся плёсы, па якіх добра ісьці са спадарожным ветрам, але пры сустрэчным ўжо нельга было рухацца наперад супроць вялікіх набежных хваляў.
    Да Сярэдне-Калымска, куды прыбылі 10 чэрвеня, Чэрскі вёў назіраньні з перада карбаса, не могучы ўзьняцца на ногі, дзёньнікі і нататкі дыктаваў. 14 чэрвеня карбасы адплылі далей на поўнач, за Палярны круг. Адсюль характар Калымы ўжо не мяняецца. Гэта шырокая, магутная рака ў нізкіх берагах, пакрытых лясамі і балотамі. Час ад часу рака набліжаецца да заходняй ускраіны Юкагірскага пласкагор’я і падмывае доўгія кручы. Ніжэй пачынаюць зьяўляцца вялікія абрывы чацьвертасных адкладаў, сярод якіх часам выглядаюць глыбы лёду. Апошняя з правага берага — скала Канзабой. З ёю зьвязаная такая легенда: калісьці тут па лёдзе ракі Калымы бегалі лесавік і яго жонка; лесавіха правалілася праз лёд, і вадзянік злавіў яе за ногі. Мужык стаў цягнуць за галаву, а вадзянік — за ногі, і галава адарвалася. Мужык пакрыўдзіўся і закінуў галаву на бераг, дзе яна і ляжыць зараз у выглядзе вялікага каменя. Калыма паварочвае вакол яго на ўсход і неўзабаве злучаецца з самым вялікім сваім прытокам — Амалонам. Паблізу скалы Канзабой ў адасобленай заімцы Горніцы і правёў сваю апошнюю ноч Чэрскі. Легенда Канзабоя — ці не яна нарачыла яму гэтую ноч?
    Надышоў трагічны дзень 25 чэрвеня 1892 года. А дванаццатай гадзіне дня пачаўся прыступ моцнай задышкі — ён ужо не мог гаварыць, з горла пайшла кроў... А дзесятай гадзіне вечара побач з пратокай Прорва Іван Чэрскі сканаў.
    З прычыны буры, якая перашкаджала плаваньню (Калыма тут ужо шырокая — да 1,5 вярсты, а плынь вельмі павольная), Маўра Чэрская прастаяла ля вусьця Прорвы тры ночы; цела нябожчыка паклалі ў адзін з карбасаў і накрылі брызэнтам ад дажджу і сьнегу. На чацьвёртыя суткі бура сьціхла, і карбасы рушылі далей да Амалона (30 вёрстаў ад Прорвы), пакінуўшы на месцы скону вучонага вялікі драўляны крыж.
    28 чэрвеня спусьціліся да заімкі Калымскай [* Цяпер гэта сяло Калымскае.]. Тут намерыліся зрабіць пахаваньне. Растаргуеў з тоўстага дрэва выдзеўбаў труну. Тры дні доўжылася бура, і ўвесь гэты час маркотныя падарожнікі капалі магілу для начальніка экспэдыцыі — У вечнай мерзлаце зямлю давялося сячы сякерай.
    Пахаваньне адбылося 1 ліпеня. На магіле паставілі крыж і агароджу. У 1929 годзе гідраграфічная экспэдыцыя ўсталявала на магіле Чэрскага слуп з надпісам на меднай дошцы; пазьней, у 1943 годзе, на магіле паставілі каменны помнік.
    Пахаваўшы мужа, Маўра Паўлаўна павяла экспэдыцыю далей, да канцавога пункта “Ніжне-Калымск”. Па дарозе рабіла назіраньні, вяла дзёньнік, зрабіла ўсё, што было ў ейных сілах. Верная запавету, яна знайшла ў сабе волю пераадолець асабістае гора — выканала ўсё, што завяшчаў сябар жыцьця і ўлюбёны настаўнік [* Маўра Чэрская дажыла да 1940 года і памерла ў 80-гадовым узросьце ў Растове-на-Доне. Сын Чэрскага, Аляксандр, карыстаючыся стыпэндыяй Акадэміі навук, скончыў Пецярбурскі унівэрсытэт; быў падарожнікам па Далёкім Усходзе. Жыцьцё яго трагічна абарвалася ў 1921 годзе паблізу берагоў Камчаткі.].
    Экспэдыцыя накіравалася ў зваротны шлях з Сярэдне-Калымска ў кастрычніку па першай зімовай дарозе на нартах з сабачай запрэжкай. Наперадзе Верхаянскі хрыбет, закінуты ў сьнежнай прасторы Якуцк і Байкал, наперадзе тысячы вёрстаў праз усю Сыбір, праз пермскія, вяцкія, валагодзкія лясы, наперадзе — Пецярбург. Вестка пра сьмерць Чэрскага была перасланая з Іркуцка па тэлеграфе ў сталіцу Расіі. Заўчасны скон гэтага найвялікшага навукоўца і падарожніка глыбокім смуткам адгукнуўся ў душы яго сяброў, калегаў, паплечнікаў, усіх, хто ведаў яго асабіста ці па ягоных бліскучых адкрыцьцях.
    Жыцьцё і навуковая дзейнасьць таленавітага геоляга і географа, падарожніка Чэрскага — гэта бесьперапыннае ахвяраваньне сабою дзеля навукі. “Вечная памяць табе, дарагі таварыш, высакародны змагар, працаўнік! Там — недзе ў халоднай тундры — замятае сьнегам цяпер тваю магілу, сьціплую магілу горкага жыцьця, поўнага самаадданасьці. Добры, зычлівы, журботны вобраз твой тым не менш паўстае перад намі, нагадваючы працоўнае жыцьцё, напоўненае глыбокай самаахвярнай адданасьцю навуцы, далёкае ад усялякай пыхлівасьці і марнай абывацельскай мітусьні...” [* Памяти И. Д. Черского // Русские ведомости. 1892. № 248.].
                                                ЯК НАЙЛЕПШЫ ЗНАЎЦА СЫБІРЫ
    Чым вабіць Сыбір * Заснавальнік геамарфалёгіі * Катастрофы ці павольныя зьмены * Шматлікія гіпотэзы * І заоляг, і палеантоляг, і этнограф, і мэтэароляг * Сусьветнае прызнаньне
    Суровыя прасторы Сыбіры сталі плённай нівай для цэлага сузор’я прыродазнаўцаў-падарожнікаў, сярод якіх Іван Чэрскі займае адно з першых месцаў. Ён і яго папярэднікі былі тымі, хто з рамантычнай жарсьцю апантаных здолелі за кароткі тэрмін паказаць зьдзіўленаму сьвету маляўнічую карціну невядомых земляў і народаў, закінутых недзс ў глыбінях неабсяжнай Сыбіры.
    Гэты дзівосны край стаў магутным магнэсам для душы, сэрца і розуму нашага вялікага суайчыньніка. У яго не было імкненьня пакінуць Сыбір і вярнуцца на радзіму, бо ён, на жаль, не бачыў там дастасаваньня сваім творчым сілам [* На той час у Беларусі ўжо не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай ці навуковай установы.]. Паводле ўспамінаў сямейнікаў, і Пецярбург здаваўся яму “душным”, ён заўжды імкнуўся ў невядомыя краі Сыбіры. Менавіта Сыбір сталася для Чэрскага той плятформай, адштурхаючыся ад якой ён разьвіваў галоўныя кірункі сваёй навуковай дзейнасьці.
    Сёньня, праз стагодзьдзе, не так проста ацаніць ролю Чэрскага ў навуковым жыцьці таго часу: у геалёгіі вельмі хутка старэюць самыя сьмелыя і шырокія высновы. У гэтым дачыненьні наш зямляк зьяўляецца шчасьлівым выключэньнем: ён прыродазнавец нястомны і назіральнік востры, а таму ў высновах сваіх удачліва дакладны. Ды толькі ў пецярбурскі пэрыяд свайго жыцьця ён пасьля асноўнай работы ў фундамэнтальных бібліятэках Горнага інстытута і унівэрсытэта наважваецца даць схемы, якія ахопліваюць вялікія прасторы Азіі, яе араграфію [* Араграфія — апісаньне формаў рэльефу зямной паверхні (канфігурацыя, велічыня і г. д.], фаўну; асноўны зьмест яго работ — фактычны матэрыял назіраньняў.
    Галоўная праца Чэрскага — комплекснае вывучэньне ўзьбярэжжа Байкала — эпоха ў дасьледаваньні Прыбайкальля. Упершыню геоляг вывучыў увесь Байкал і змог даць стройную канцэпцыю структуры Прыбайкальля. За чатыры гады ён зрабіў практычна немагчымую для аднаго чалавека работу па складаньні 10-верставой геоляга-геамарфалягічнай карты Байкала [* Геамарфалёгія — навука аб рэльефе зямной паверхні; пачала складацца ў другой палове XX стагодзьдзя.], якая выкарыстоўвалася на практыцы аж да 40-х гадоў XX стагодзьдзя; гэтая вялізная работа, дагэтуль да канца не абноўленая, не страціла свайго значэньня і цяпер.
    Сутнасьць працы Чэрскага як навукоўца-геоляга абумоўленая строгай яго прыхільнасьцю да прынцыпаў актуалізму [* Актуалізм (ад лац. асtualis — наяўны, сапраўдны) параўнаўча-гістарычны мэтад у геалёгіі, асноўны мэтад спазнаньня гісторыі разьвіцьця Зямлі. Зыходзіць з прынцыпу: “Сучаснасьць — гэта ключ да разуменьня мінулага”. У XIX стагодзьдзі пасьля перамогі эвалюцыйнай тэорыі Ч. Ляеля і Ч. Дарвіна стаў асноўным у геалёгіі.]. Ён далучыўся да навуковай дзейнасьці ў эпоху, калі для палеантолягаў Дарвін быў бясспрэчным аўтарытэтам, калі ў Расіі “Асновы геалёгіі” Ляеля былі настольнай кнігай (і гэта была першая кніга, па якой Чэрскі пачаў вывучаць геалёгію ў Омскай ссылцы). Эвалюцыя арганізмаў, паступовае разьвіцьцё рэльефу, актуалізм у геалёгіі сталіся асноўнымі прынцыпамі навуковых працаў Чэрскага, пасьлядоўнае ажыцьцяўленьне якіх было, як вядома, зьвязанае з барацьбою супраць тэорый катастрафізму, гіпотэз аб правалах, перабольшаньня актыўнай ролі плязмы ў духу Леапольда фон Буха [* Бух Леапольд (1774-1853) — нямецкі геоляг, прыхільнік тэорыі катастрофаў.] , што ў сваю чаргу ускладняла выяўленьне асаблівасьцяў і якасных адрозьненьняў кожнага з геалягічных пэрыядаў у складаным паступальным працэсе гісторыі Зямлі. З улікам гэтага і належыць сёньня ацаніць уклад нашага суайчыньніка ў сусьветную геоляга-геаграфічную навуку.
    Іван Чэрскі адхіліў гіпотэзу аб правальным паходжаньні Байкала, якую прымала да яго бальшыня дасьледнікаў: “Удзел правалаў або зрухаў патрабуе, зразумела, такіх жа доказаў, як і адсутнасьць іх; на недаказаны ж правал я гляджу як на самы лёгкі і хуткі спосаб вытлумачэньня нават самых складаных зьяваў, — спосаб, які мас гістарычнае значэньне, згодна з тым законам разьвіцьця нашых пазнаньняў, паводле якога “крыштальныя сфэры” павінны былі папярэднічаць паняцьцю пра сусьветнае прыцягненьне, а папярэднія біялягічныя погляды — тэорыі паступовага разьвіцьця арганізмаў” [* О результатах исследования озера Байкала: Краткий объяснительный текст к “Геологической карте береговой полосы озера Байкала, составленной на основании исследований в 1877-1880 гг. И. Д. Черским и изданной Русским Географическим и С.-Петербургским Минералогическим обществами, под редакцией М. В. Мушкетова // Записки Российского Географического общества по общей географии. 1886. Т.15, № 3, С. 1-48.]. Чэрскі прапанаваў сваю гіпотэзу аб паступовым разьвіцьці Байкала шляхам сьцісканьня сынклінальных [* Сынкліналь — складка горных пародаў, у ядры якой знаходзяцца больш маладыя пласты, чым на паглыбленых крылах.] складак сылюру; сьцісканьне суправаджалася размывам, які паступова злучыў у адно цэлае ранейшыя тры сынклінальныя мульды [* Мульда (складка) — хвалепадобны выгін пластоў горных парод.] з асобнымі азёрамі (апусканьне дна Байкала на велізарную глыбіню тлумачыцца менавіта сьцісканьнем сынкліналі). Іншымі словамі, складкаватыя дысьлякацыі [* Дысьлякацыя — парушэньне формаў заляганьня горных парод, выкліканае тэктанічным рухам у выніку глыбінных працэсаў.] і павольную работу рачной эрозіі наш вучоны супрацьпаставіў правалам-катастрофам; Тункінская і Торская ўпадзіны, якія працягваюць зону дэпрэсіі Байкала на захад, — нс тэктанічныя скідныя даліны паміж узьнятымі на поўдзень і на поўнач ад іх хрыбтамі, а даліны размыву. Неўзабаве пасьля сьмерці Чэрскага гіпотэза аб разломах з утварэньнем Байкала і заходніх упадзін была зноў адроджаная і цяпер зьяўляецца найбольш распаўсюджанай.
    Свае араграфічныя дасьледаваньні ў Прыбайкальлі І. Чэрскі асьвятліў у дадатках да “Азіі” К. Рытэра. У справаздачы пра геалягічныя дасьледаваньні уздоўж Сыбірскага паштовага тракту (будучай Транссыбірскай магістралі) ён ізноў зьвяртаецца да пабудовы араграфічнай схемы Сыбіры [* Геологическое исследование Сибирского почтового тракта от озера Байкала до восточного склона хребта Уральского, а также путей, ведущих к Падунскому порогу на р. Ангаре и в г. Минусинск // Записки Академии наук. 1888. Т. 59, приложение № 2. С. 1-145, геологическая карта и профиль.]. У выніку ім упершыню была створаная стройная палеагеаграфічная карціна для Паўднёвай Сыбіры паміж Ябланавым і Уральскім хрыбтамі. Зводка араграфічных і тэктанічных ідэяў Чэрскага ахоплівае ўсю ўсходнюю частку Расіі, якая дзеліцца на чатыры асноўныя абсягі:
    1. Пляскатае ўзвышша Ўсходняй Сыбіры і паўночна-заходняе пляскатае ўзвышша.
    2. Высокае пласкагор’е ў межах Саяна, Байкальскіх і Алёкмінскіх гор з паўночнага захаду, Ябланавага хрыбта і Хангая — з паўднёвага ўсходу і паўднёвага захаду.
    3. Ніжэйшае пласкагор’с Шамо і Гобі з ускраінным хрыбтом Хінганам.
    4. Паўднёва-ўсходняе пляскатае ўзвышша ў сыстэме ракі Сунгары з ускраінным прыбярэжным хрыбтом Сіхатэ-Алінь.
    Пабудовы, якія існавалі раней, не мелі належнага геалягічнага абгрунтаваньня, што не дазваляла даць вытлумачэньне генэзісу вылучаных пласкагор’яў.
    Паводле Чэрскага, высокае пласкагор’е — найстаражытнейшы мацярык, які не пакрываўся вадой ад пэрыядаў палеазоя (500-175 мільёнаў гадоў таму). Складкі паўночна-заходняй ўскраіны высокага пласкагор’я, складзеныя сьвітамі [* Сьвіта — комплекс горных пародаў з вызначанымі асаблівасьцямі.] палеазоя, утвараюць тры дугі, зьвернутыя ўвагнутым бокам да поўначы, — Байкальскую, Саянскую і Алтайскую.
    Яшчэ ў 1882 годзе наш суайчыньнік адзначыў, што высокая нагорная частка Усходняй Сыбіры, якая заставалася сушай ад палеазойскага часу, можа быць названая “старажытнай глыбай”. І менавіта ён зьяўляецца заснавальнікам плённай гіпотэзы пра старажытнае цемя Азіі, распрацаванай затым У. Обручавым і Э. Зюсам і пакладзенай ў аснову ўяўленьняў пра тэктоніку Азіі. У XX стагодзьдзі вельмі павольна і паступова яна саступіла сваё месца новай гіпотэзе. Вострая палеміка паміж прыхільнікамі дзьвюх гіпотэз працягваецца дагэтуль. І ў гэтай спрэчцы мы галоўным чынам абавязаны першай тэктанічнай і геамарфалягічнай схеме Ўсходняй Сыбіры Чэрскага, якая злучыла ў адзінае і стройнае цэлае паасобныя факты, што не паддаваліся раней вытлумачэньню. Гэтая схема была распрацаваная дзякуючы шматгадовым геоляга-геамарфалягічным дасьледаваньням Прыбайкальля. Чэрскі справядліва лічыцца заснавальнікам расійскай геамарфалёгіі — навукі аб рэльефе зямной паверхні.
    Калымская экспэдыцыя, пачатая з мэтай вывучэньня пасьлятрэцясных сысуноў, без сумневу, таксама дала б буйныя вынікі ў гэтай галіне, калі б не трагічны фінал. Але і рэльеф Калымскага краю таіў вялікія неспадзяванкі. Тут Чэрскі знайшоў тры альпійскія ланцугі паўночна-заходняга і паўночна - паўночна-заходняга кірунку. Ён назваў іх Індыгіра-Калымскім хрыбтом, які перасякаюць Калыма і Індыгірка па папярочных далінах. Гэтае адкрыцьцё — найбуйнейшае з геаграфічных адкрыцьцяў Чэрскага. Толькі заўчасная сьмерць перашкодзіла яму дасканала вывучыць араграфію Калымскага краю. Праз 35 гадоў гэта зрабіў С. Обручаў, і вялікі хрыбет (паралельны Верхаянскаму хрыбту), ланцугі якога першым адкрыў Чэрскі, назвалі яго імем.
    Іван Чэрскі даказаў, што многія формы рэльефу, якія Крапоткін прымаў за ледавіковыя, — вынік фізычнага выпятрэньня і рачной эрозіі; нават марэнныя з выгляду адклады могуць мець не ледавіковае паходжаньне. Ён папярэджваў, што аднаўленьне межаў былых ледавіковых покрываў пры адсутнасьці дакладных дадзеных “непазьбежна спрычыніцца да буйных памылак” [* Черский И. Д. К вопросу о следах древних ледников в Восточной Сибири (сыстема Лены, Байкала, Иркута, Китоя и Белой) // Известия Восточно-Сибирского отдела Русского Географического общества. 1882. Т. 12, № 4-5. С. 28-62.]. Абапіраючыся на аўтарытэт Ваейкава, які высьветліў кантынэнтальны характар клімату постпліяцэну [* Постпліяцэн — пачатак чацьвертаскай сыстэмы ў гісторыі Зямлі (да 1 мільёна гадоў таму).] Сыбіры, Чэрскі прыйшоў да высновы пра немагчымасьць вялікага пашырэньня ледавікоў у высокім пласкагор’і Сыбіры; ён дапускаў іх толькі ў Алёкмінска-Віцімскіх гарах, а таксама на захад і на поўнач ад Байкала. Як цяпер выявілася, ён недаацэньваў ролю старажытнага зьледзяненьня, але ў дачыненьні да мацерыковага зьледзяненьня ўсёй Сыбіры ў цэлым на падставе сваіх зоагеаграфічных высноваў быў бліжэй да ісьціны, чым Крапоткін і пазьнейшыя географы, якія спрабавалі “апусьціць” мяжу Тунгускага мацерыковага ледавіковага покрыва да шырыні 57-58°.
    У больш шырокім пляне астэалёгія, апрача геалёгіі і геамарфалёгіі, была ўлюбёнай справай Чэрскага, да якой ён далучыўся яшчэ ў Омску. Тут ён выступаў на роўні сусьветнай навукі, ягоныя высновы для таго часу мелі першаступеннае значэньне, а апісаньні фактычнага матэрыялу па сваёй дакладнасьці дагэтуль застаюцца неперасягнутымі. Асабліва вялікае значэньне ён надаваў высьвятленьню ў субпалярнай зоне пунктаў з рэшткамі цеплалюбівых паслятрэцясных сысуноў, куды яны не маглі быць прынесеныя рэкамі далёка з поўдня. Менавіта таму Індыгіра-Калымскі басэйн, атулены высокімі хрыбтамі, уяўляўся навукоўцу тым абсягам, дзе праблема міграцыі фаўны і яе эвалюцыі магла быць разьвязаная найбольш пасьпяхова. Ён унёс велізарны ўклад у палеанталягічную навуку і займае ганаровае месца ў гісторыі рускай навукі як палеантоляг-эвалюцыяніст.
    Характэрна, што ад сваіх заняткаў выкапнёвай фаўнай Іван Чэрскі пераходзіў і да сучаснай.
    Напрыклад, ён склаў апісаньне фаўны Індыгіра-Калымскага краю, Ніжняй Тунгускі, Бураціі, калекцый сучасных сысуноў Іркуцкага музэя (ён займаўся і складаным пытаньнем паходжаньня фаўны Байкала). Пры гэтым ён выяўляў яскравыя літаратурныя здольнасьці. Вось адзін з прыкладаў (з падарожжа па Мінусінскім краі), варты пяра таленавітага бэлетрыста: “Стэп тут так шчодра заселены сусьлікамі, што ў кожны момант можна бачыць сотні іх, што сядзяць каля сваіх ямак, выпрастаўшыся і прыпадабняючыся да калкоў, увагнаных у зямлю. Сабака, пушчаны на іх, кідаецца і скача, гэтак хутка мяняючы кірунак, што пачынае потым амаль кружляць, па меры таго, як выбраны ў якасьці ахвяры сусьлік зьнікае, а ўбаку зьяўляюцца дзесяткі іншых, якія гэтак жа імкліва хаваюцца ў норкі. Арыгінальнае відовішча гэтае канчаецца для сабакі абсалютнай зьнямогай ад гойсаньня, і ён заўжды спыняецца або кладзецца, унурыўшы пагляд і апатычна ўзіраючыся ў траву”.
    Іван Чэрскі поўным правам лічыцца адным з буйнейшых рускіх заолягаў XIX стагодзьдзя — гэта засьведчана ганаровым месцам, адведзеным яму ў “Матэрыялах для гісторыі навуковай і дастасоўнай дзейнасьці ў Расіі па заалёгіі”, выдадзеных у 1889 годзе, дзе пададзены і сьпіс працаў Чэрскага — 21 назоў.
    Ён быў першым геолягам, які цікавіўся таксаама і дагістарычным чалавекам Усходняй Сыбіры; адна з яркіх старонак яго шматграннай навуковай дзейнасьці — адкрыцьцё і дасьледаваньне палеалітычнай стаянкі на тэрыторыі Знаменскага прадмесьця Іркуцка. Па часе адкрыцьця гэта быў першы правільна асьветлены археалягічны помнік палеаліту на тэрыторыі Расіі [* Черский И. Д. Несколько слов о вырытых в Иркутске изделиях каменного периода // Известия Сибирского отдела Русского Географического общества. 1872. Т. 3, № 3. С.167-172.]. І першым, хто зьвярнуў увагу на працы Чэрскага ў археалёгіі, быў вядомы рускі археоляг А.Увараў — заснавальнік Маскоўскага археалягічнага таварыства; у сваёй капітальнай зводцы па каменным веку Расіі працам Чэрскага па археалёгіі ён аддаў належную ўвагу [* Уваров А. С. Археология России. Т. 1: Каменный период. М., 1881.]. Зазначым, што ў трактоўцы заканамернасьцяў разьвіцьця матэрыяльнай культуры наш суайчыньнік вельмі блізкі да сучаснага іх разуменьня.
    Заслугі Чэрскага перад мэтэаралёгіяй палягаюць у тым, што пры кожнай зручнай нагодзе ён імкнуўся весьці мэтэаралягічныя назіраньні і умела выкарыстоўваў іх у сваёй навуковай працы, што дазваляла яму, абапіраючыся на асновы кліматалёгіі, пацьвердзіць свае высновы ў галіне фізычнай геаграфіі. Пад час сваёй апошняй экспэдыцыі ў Калымскі край на падставе мэтэаназіраньняў Чэрскі зрабіў важную выснову пра магчымасьць укараненьня земляробства ў вышнявінах рэк Калымы, Індыгіркі і Яны. Ён пісаў: “Суровыя маразы не выключаюць магчымасьці займацца земляробствам у гэтым краі, і з часам яно будзе адыгрываць не апошнюю ролю ў яго эканоміцы” [* Черский И. Д. Сведения об экспедиции Академии наук для исследования рр. Колымы, Индигирки и Яны // Записки Академии наук. 1803, Т. 71. № 8. С. 1-32.]. Прагнозы гэтыя ў другой палове XX стагодзьдзя зьдзейсьніліся.
    Як чалавск з шырокімі інтарэсамі, Чэрскі зьвяртаўся і да этнаграфіі, і да лінгвістыкі, у ягоных артыкулах часта сустракаюцца побытавыя замалёўкі з жыцьця мясцовых жыхароў і дасьціпныя заўвагі пра паходжаньне геаграфічных назоваў. Дзёньнікі апошняга падарожжа Чэрскага на Паўночны ўсход Сыбіры [* Архіў Расійскай Акадэміі навук у Пецярбурзе, фонд IV, вопіс 17, № 12.] сьведчаць аб тым, што ён глыбока і дасканала дасьледаваў многія пытаньні этнаграфіі і фальклору жыхароў калымскага краю: народанасельніцтва і дэмаграфію; характэрныя рысы плямёнаў і населеных пунктаў; асаблівасьці мовы, дыялектаў, жытла, хатняга начыньня, вопраткі, харчаваньня; прылады працы, спосабы перамяшчэньня; рэлігію, этыку, мараль, веды, сьветапогляд і шаманства. Яго цікавіла выхаваньне дзяцей і народная мэдыцына; ён запісваў паданьні, казкі і песьні. Тэксты апошніх Чэрскі, валодаючы нотнай граматай, звычайна занатоўваў разам з мэлёдыяй. Пазьней сабраныя ім найкаштоўнейшыя зьвесткі пра ўсе асаблівасьці побыту мясцовага насельніцтва былі высока ацэненыя спэцыялістамі. Аднак заўчасная сьмерць вучонага, на жаль, не дазволіла зьдзейсьніцца яго шырокім творчым плянам у гэтай галіне дасьледаваньняў.
    Вострага розуму і здольнасьцяў яго хапіла б на тузін навукоўцаў. Усё гэта разам з яго выдатнымі працамі ў галіне геамарфалёгіі дазваляе лічыць Івана Чэрскага вялікім вучоным.
    Наватарства Чэрскага — у комплексным дасьледаваньні праблем з шырокіх фізычна-геаграфічных пазыцый ва ўсеагульнай сувязі і ўзаемазалежнасьці прыродных зьяваў. Шмат якія працы яго, і зараз не страціўшы навуковай каштоўнасьці, здабылі неўтаймоўнаму і самаахвярнаму дасьледніку рэпутацыю геоляга, географа і падарожніка сусьветнага маштабу.
                                                           ЯГО ІМЕМ НАЗЫВАЮЦЦА
    Лёс Івана Чэрскага не ардынарны, але і не выключны. Па такім шляху прайшлі многія вальнадумцы, аднак толькі адзінкі не былі зламаныя.
    Што ж падтрымлівала нашага героя на далёкіх дарогах неабсяжнай Сыбіры? Ён сам адказаў на гэтае пытаньне ўсім сваім вычынам: мужнасьць, працавітасьць і аптымізм, а перадусім — цьвёрдасьць духу пры ўсьвядомленых адказнасьці і абавязку. Сапраўднае жыцьцё для Чэрскага — у набыцьці неацэннага досьведу ва ўсемагутнай прыроды і мудрага мора людзкога, куды ён сьмела ўваходзіў з нязьменным і апантаным жаданьнем адшукаць душэўнае ўзаемаразуменьне.
    І ўзнагародай яму за бесьперапынную пакутлівую працу стала прызнаньне сусьветнай навуковай грамадзкасьці. Удзячныя нашчадкі па заслугах увекавечылі яго памяць — яго імем называюцца:
    — Хрыбет Чэрскага — горная краіна ў Якуціі і Магаданскім краі ад вышнявіны ракі Калымы да нізавіны ракі Яны, працягласьцю 1500 кілямэтраў (па плошчы большая за Каўказ і вышэйшая за ўсе горы Паўночнай Сыбіры, гара Перамога — 3147 мэтраў); складаецца галоўным чынам з мэтамарфічных парод з магутнымі інтрузіямі гранітаў; да адзнакі 700 мэтраў — лістоўнічная тайга, вышэй — горная камяністая тундра. Назоў дадзены ў 1927 годзе Усесаюзным Геаграфічным таварыствам з ініцыятывы С. Обручава.
    — Хрыбет Чэрскага — хрыбет у Забайкальлі (Чыцінская вобласьць), працягласьцю 800 кілямэтраў (да 2119 мэтраў вышынёй); складзены гранітамі, схілы пакрытыя лістоўнічнымі лясамі. Назоў дадзены ў 1899 годзе Рускім Геаграфічным таварыствам з ініцыятывы А. Герасімава.
    — Вяршыня Чэрскага — найвышэйшая вяршыня Байкальскага хрыбта (2673 мэтры) на паўночна-заходнім беразе Байкала, адлегласьць да вяршыні ад берага Байкала — 15 кілямэтраў. Назоў дадзены ў 1953 годзе Усесаюзным Геаграфічным таварыствам з ініцыятывы У. Ламакіна.
    — Даліна Чэрскага — старажытная мэзазойская даліна паміж Усходнім Саянам і Енісейскім кражам. Назоў дадзены ў 1937 годзе з ініцыятывы К. Радугіна.
    — Вулькан Чэрскага — ва Усходнім Саяне (раён Тункінскай упадзіны), з адноснай вышынёй 120 мэтраў і кратэрам блізу 90 мэтраў, за 7 кілямэтраў на ўсход ад курорта “Аршан”; ля падножжа вулькана б’е крыніца, якая не замярзае ўзімку.
    — Ледавікі Чэрскага — два ледавікі на Байкальскім хрыбце (прысхілавы на перавале “Сонечны” і далінны ля падножжа вяршыні Чэрскага).
    — “Камень” Чэрскага — гара (назіральная пляцоўка) на Байкальскім узьбярэжжы паблізу вытоку Ангары.
    — Гара Чэрскага — на хрыбце Хамар-Дабан (2040 мэтраў).
    — Стаянка імя Чэрскага — стаянка першабытнага чалавека пад Іркуцкам. Назоў дадзены ў 1953 годзе з ініцыятывы І. Арабоўскага і Л. Іваньева.
    — Пасёлак Чэрскі (былы Ніжне-Калымск) — у ніжнім цячэньні ракі Калымы, за 200 кілямэтраў ад узьбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна.
    — Вуліцы Чэрскага ў Маскве, Іркуцку, Пскове.
    — Выкапні жывёльнага сьвету: Оsteolepis Тscherskii (рыба), Leperditia Сzerskii (ракападобнае), Роlурtісhіtes Тscherskiі (рыба).
    На радзіме выдатнага прыродазнаўца і падарожніка ў вёсцы Валынцы Віцебскай вобласьці ў 1978 годзе створаны музэй Івана Чэрскага.
    Навуковая спадчына Чэрскага назаўжды ўвайшла ў сусьветную скарбніцу геаграфічных адкрыцьцяў, ён напісаў адну з найбольш яркіх старонак у гісторыі сусьветнай навукі як выдатны геоляг і географ. Яго бліскучыя дасьледаваньні ў розных галінах прыродазнаўства і неспатольная жарсьць вандроўніка выклікалі незабыўнае ўражаньне і захапленьне ў такіх гігантаў сусьветнай навукі, як П. П. Сямёнаў - Цян-Шанскі, М. М. Пржавальскі, М. М. Міклуха-Маклай.
    Іван Чэрскі вялікі і як вандроўнік, і як “геалягічны географ”, і як грамадзянін-патрыёт. Славуты сын беларускага народа, чалавек трагічнага лёсу, ён амаль усё сьвядомае жыцьцё пражыў на чужыне, але заўсёды памятаў пра сваю Бацькаўшчыну.


















    Валеры Аляксандравіч Ярмоленка - нар. 31 кастрычніка 1940 г. у с. Сяміазёрнае Кустанайскай вобласьці Казахскай ССР (СССР). Скончыў маркшэйдэрскі (1962) і інжынэрна-эканамічны (1965) факультэты Ленінградзкага горнага інстытута. Ад 1969 г. у Інстытуце геалягічных навук МГ СССР (Мінск), кандыдат тэхнічных навук (1973), ад 1974 г. у Беларускім філіяле Ўсесаюзнага НДІ галюргіі, ад 1976 г. у БТІ, з 1990 г. у БДУ, доктар геаграфічных навук (1994), акадэмік Пятроўскай Акадэміі навук і мастацтваў (1996), прадстаўнік Беларусі ў INHIGEO (Лісабон, Партугалія) - сусьветнай камісіі па гісторыі навукі. Узнагароджаны ордэнам “Дружбы народаў”. Аўтар больш 250 навуковых прац і шэрагу навукова-папулярных нарысаў, дзе міжвольна напрыдумляў усякіх зьвестак пра знаходжаньне нібыта “беларусаў” у Якутыі.
    Сабіра Юнэска,
    Койданава




 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz