czwartek, 4 grudnia 2014

ЎЎЎ 3. Алюміньня Лайдачка. Валадзюн Правасуд ды Якутыя. Ч. 3. Бамаўцы. Койданава. "Кальвіна". 2014.


 



                                                                  ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
    Двойчы за апошні час мне пашчасьціла пабываць у Якутыі на трасе так званага Малога БАМа. Пасьля прыезду дамоў я зноў і зноў у думках вяртаюся туды. Зараз па гэтай трасе ідуць цягнікі, адлічваючы коламі 450 кілямэтраў калісьці непраходнай тайгі, агінаючы сопкі, ныраючы ў тунэль пад Станавы хрыбет. Яны вязуць вугаль, жалезную руду. Гудкі цеплавозаў абуджаюць тайгу, нібы салютуючы тым, хто ў найцяжэйшых умовах Поўначы пракладваў чыгунку.
    А тады, у красавіку 1975 года, за 150 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы БАМа горада Тынды, каля самай халоднай 60-й паралелі, там, дзе горная бурлівая рачулка Халаднікан упадае ў яшчэ больш бурлівую Іенгру, сярод тайгі высадзіўся першы дэсант — 128 юнакоў і дзяўчат. Яны ўвайшлі ў склад першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. На камяністых сопках, што ўзвышаюцца амаль на дзьве тысячы мэтраў над узроўнем мора, на вечнай мерзлаце, якая дасягае глыбіні тысячы пяцісот і больш мэтраў, ім, звыклым да ўмеранага клімату, трэба было пачынаць усё ўпершыню: будаваць жыльлё для сябе і для тых, хто прыйдзе ўсьлед за імі, пракладваць дарогі, рабіць прасеку для будучай чыгункі, якая павінна была зьвязаць Транссыбірскую магістраль з невычэрпнымі багацьцямі Паўднёвай Якутыі, пераносіць пяцідзесяціградусны мароз і амаль трыццаціградусную летнюю сьпёку, загартавацца, здружыцца, не адступіць, выстаяць і перамагчы.
    І яны перамаглі. А ў атрадзе ж было амаль трэць дзяўчат, і частка іх — учарашнія школьніцы-летуценьніцы, якія пра Поўнач мелі толькі кніжнае ўяўленьне. Пасьля яны сьціпла ўсьміхаліся, нібыта нічога такога і не было, не было і подзьвігу, а была звычайная будзённая работа, якую трэба было выканаць як мага хутчэй і як мага лепш, бо ад гэтага залежаў ужо і лёс тых, хто ішоў усьлед за імі. І трэба было яшчэ зрабіць тыя апошнія сто — дзьвесьце крокаў па глыбокім сьнезе, каб пасьля працы (а працавалі і па дванаццаць гадзін у суткі) вярнуцца ў вагончык. Ды не адразу паваліцца ў ложак, а, перамогшы стомленасьць, распаліць печ, абагрэць жытло, бо траскучы мароз не цырымоніцца з тымі, хто забываецца пра яго.
    Вось пра іх, сьціплых і працавітых беларускіх хлопцаў і дзяўчат, першапраходцаў БАМа, мне і хочацца расказаць у гэтай кнізе.
                                                                         КАМІСАР
    У пасёлку Залацінка я размаўляў з намесьнікам начальніка будаўніча-мантажнага поезда Феліксам Дворкіным, калі раптам пачуў:
    — Таварыш камісар...
    Я павярнуўся і паглядзеў у той бок, дзе ў акружэньні дзяўчат стаяў каржакаваты, з абветраным тварам, шыракаплечы хлопец і, размахваючы рукамі, нешта з запалам гаварыў. Бязладная гамонка паступова аціхла, уваходзіла ў сваё рэчышча, і цяпер чуўся ўжо толькі спакойны басок:
    — Вас колькі ў брыгадзе? — пытаўся ён і тут жа сам адказваў: — Дваццаць чатыры. Марыя ж адна. Разумееце: адна і дваццаць чатыры. Дык няўжо вы думаеце і мяне перацягнуць на свой бок... Каб стала дваццаць пяць і адна? Не, я вас не падтрымаю. Трэба разабрацца, як у вашай брыгадзе вядзецца выхаваўчая работа, і, магчыма, гэтае пытаньне вынесьці на абмеркаваньне...
    Мне падабаліся манера гутаркі, пытаньні і адказы, якія ставіў і даваў хлопец. Дворкін таксама слухаў і ўсьміхаўся.
    — Наш камісар,— ухвальна сказаў Дворкін. — Сваёй, як кажуць, гадоўлі. Васіль Жураўскі якраз з той кагорты, хто мае права насіць такое высокае званьне...
    Тым часам дзяўчаты дружна рушылі ў аўтобус. Васіль Жураўскі падышоў да нас. Ён, мабыць, быў усё яшчэ пад уражаньнем размовы і адразу ж загаварыў:
    — Зноў на Марыю скардзяцца, нібыта яна інтарэсамі брыгады не надта даражыць. Дзяўчына, лічыце, толькі ўчора прыехала, адразу пасьля школы. Ёй памагчы трэба. Як вы думаеце, Фелікс Рыгоравіч?
    — Так, як і вы, Васіль Рыгоравіч, — адказаў Дворкін. Гэтае “вы”, пэўна, зьявілася толькі ў прысутнасьці пабочнага чалавека, што адчувалі і самі субяседнікі, таму праз пэўны час гутарка набыла звычайную сяброўскую форму. Як высьветлілася, і Дворкін і Жураўскі землякі-гамяльчане...
    Пасьля яшчэ не раз мне даводзілася сустракацца і размаўляць з камсамольскім сакратаром будаўніча-мантажнага поезда № 578 Васілём Жураўскім. І кожны раз я захапляўся цэласнасьцю яго характару, цьвёрдасьцю і непахіснасьцю натуры, чуласьцю да таварышаў.
    У першым беларускім камсамольска-маладзёжным атрадзе спачатку было сто дваццаць восем чалавек, а калі Жураўскага выбіралі сакратаром — утрая больш. Усе сюды прыехалі добраахвотна, усе працавалі так, як і належыць першапраходцам. Чаму выбар выпаў на Васіля? Ён і сам не мог растлумачыць. Адно толькі сказаў:
    — Пасада гэта такая: з усіх бакоў відаць.
    Васіль Жураўскі нарадзіўся ў вёсцы Буда Галоўчыцкая, што на Нараўляншчыне. Пасьля школы-васьмігодкі скончыў Мазырскі палітэхнікум, дзе набыў спэцыяльнасьць тэхніка-будаўніка, служыў у Савецкай Арміі.
    Былому салдату хацелася туды, дзе цяжэй — на ўдарную будоўлю. На будаўніцтве Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода яму прапанавалі стаць арматуршчыкам.
    — Хлопча, не крыўдуй, — сказаў тады начальнік арматурнага цэха Канапелька. — Чалавек правяраецца ў працы...
    Будоўля захапіла хлопца сваёй маштабнасьцю. Толькі ў адным арматурным цэху было тры камсамольска-маладзёжныя брыгады — Паўла Глухатарэнкі, Васіля Стартанскага і Мікалая Кірыленкі. Баявыя хлопцы працавалі старанна, увішна, спаборнічалі між сабой, змагаючыся за тэмпы і якасьць. Жылі дружна і весела.
    Калі ў 1974 годзе ўся краіна загаварыла пра Байкала-Амурскую магістраль, пасылала туды сваіх сыноў і дачок асвойваць неабсяжныя прасторы Сыбіры, пракладваць праз тайгу чыгунку, Васіль Жураўскі душой ужо быў на БАМе. Зайшоў у Нараўлянскі райком камсамола. Пуцёвак на БАМ не аказалася...
    — Як толькі будуць, выдзелім, — запэўніў сакратар райкома Аляксандр Мальцаў.
    У 1975 годзе пачалося фарміраваньне камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.
    — Твая просьба, Васіль, задаволена, — парадаваў яго нарэшце Аляксандр Мальцаў.
    Пасьля былі зборы, провады, прачулыя словы сяброў... І быў мітынг у Мінску, на якім прысутнічалі маці і сястра Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.
    — Дзеці мае дарагія, сыны і дочкі! — гаварыла маці праслаўленага героя-падпольшчыка. — Паклікала вас краіна — трэба ехаць, трэба будаваць... Над вамі сёньня не сьвішчуць кулі, не лятаюць самалёты з чорнымі крыжамі на крылах. Сёньня ваш фронт там, у Сыбіры. Не бойцеся перашкод, сьмела ідзіце наперад... Працуйце і за майго Міколу.
    Калі ад’яжджалі з Мінска, была вясна. Тут жа ляжаў сьнег. Таямніча паблісквалі пад сонцам верхавіны сопак. Тайга была маўклівая. Яе трэба было разбудзіць, прымусіць расступіцца, каб выбраць месца і для новай чыгункі, і для пасёлкаў.
    Аўтобусы, мінаючы Тынду, перасеклі граніцу Амурскай вобласьці і пакацілі па якуцкай зямлі. Ззаду засталіся рэчка з нязвычнай для гэтых мясьцін назвай Цыганка, Станавы хрыбет. Каля невялічкай таежнай рачулкі, што паўдугой абгінала сопку, спыніліся.
    — Тут мы выходзім, — паказаўшы на сопкі, дзе стаяў дзесятак вагончыкаў, сказала Любоў Пятроўна Карык, якая сустракала моладзь на станцыі.— Цяпер жа паедзем у Старую Залацінку. Там будзе сустрэча...
    Запомнілася сустрэча Васілю Жураўскаму сваёй незвычайнасьцю. Здавалася, з усяго краю зьехаліся людзі на аленях. Па-брацку сустракалі пасланцоў хлебам-соллю на вышытым нацыянальным ручніку старшыня мясцовага пасялковага Савета Ганна Паўлаўна Герасімава і кіраўнік аддзяленьня аленегадоўчага саўгаса «Алданскі» Сямён Міхайлавіч Ліханаў. На плошчы каля сталоўкі адбыўся мітынг. З прывітальнымі прамовамі і пажаданьнямі высока несьці сьцяг камсамола Беларусі на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі выступілі старшыня Алданскага райвыканкама Міхаіл Панцеляймонавіч Кочнеў і першы сакратар райкама камсамола Мікалай Грачоў. Гаварылі прамовы ў адказ на сяброўскай вячэры, былі і нацыянальныя якуцкія стравы, прыгатаваныя з аленіны. Танцы і песьні не заціхалі да таго часу, пакуль не сталі ад’яжджаць у будучы пасёлак Залацінку.
    Залацінка... Яшчэ зусім нядаўна тут стаяла векавая тайга. І Васілю Жураўскаму іншы раз не верыцца, што за такі кароткі час усё зьмянілася. Праходзячы па вуліцах, ён нібы чытае біяграфію пасёлка, дзе ўсё так ці інакш напамінае пра тую зямлю, дзе нарадзіўся і вырас — пра родную Беларусь.
    Праспэкт імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Ён бярэ пачатак ад Амура-Якуцкай магістралі, перасякае ўвесь пасёлак і амаль упіраецца ў Халаднікан, горную рачулку. З гэтага праспэкта і брала свой пачатак Залацінка.
    ...Ужо на другі дзень раніцай атрад пастроіўся каля вагончыкаў.
    — На базе вашага камсамольска-маладзёжнага атрада ствараецца будаўніча-мантажны поезд нумар пяцьсот семдзесят восем, — зьвярнуўся да іх тагачасны начальнік поезда Уладзімір Пятровіч Талала. — Таму я хачу, каб кожны, хто прыехаў сюды, добра ўсьвядоміў і зразумеў галоўнае: каб будаваць чыгунку, трэба найперш стварыць неабходную базу. Такой базай і будзе пасёлак.
    Тады ж з атрада скамплектавалі брыгады будаўнікоў, лесарубаў, тынкоўшчыкаў. Кіраваў імі галоўны інжынэр поезда Георгій Міхайлавіч Ільяш. На той час на БАМе прафэсій не выбіралі, будучая магістраль сама дыктавала, каму якую прафэсію набыць. Так сталася, што і ў брыгадзе цесьляроў, якую ўзначаліў Васіль Жураўскі, былі і шафёры, і трактарысты, і муляры, і кранаўшчыкі — толькі цесьляроў амаль што не было. Хлопцы як на падбор: і бульдазэрыст Іван Валавод, і аўтакранаўшчык Аляксандр Жураўлёў, і Міхаіл Жалязоўскі, і Іван Аляхновіч, і Анатоль Варэль, і Раман Малецкі, і Іван Васільеў — усяго дваццаць тры беларусы.
    — Ну, Васіль, паспаборнічаем! — адразу ж прапанаваў брыгадзір другой брыгады цесьляроў Хведар Ваганаў.
    — За намі справа не стане,— на выклік сябра адказаў Жураўскі.
    Сёмага красавіка 1975 года пад адкрытым небам адбыўся першы камсамольскі сход. І на першым сваім пасяджэньні камсамольскі камітэт прыняў рашэньне: найперш збудаваць часоувую сталовую і клуб-палатку. І гэта даручылі брыгадзе Жураўскага. Удзень і ўночы — у дзьве зьмены — працавалі хлопцы. І ўжо праз шэсьць дзён палатачная сталоўка была гатова. У такім жа палатачным клюбе Зьміцер Бараноўскі расьцягваў мяхі баяна, і моладзь, нягледзячы на дзённую стому, трамбавала ботамі вечную якуцкую мерзлату.
    Кожны дзень “маланкі” паведамлялі: брыгада Хведара Ваганава выканала сутачнае заданьне на сто пяцьдзесят працэнтаў, брыгада Васіля Жураўскага — на сто пяцьдзесят пяць. Працэнты з кожным днём расьлі, і нарэшце дзьве нормы за зьмену стала звыклай зьявай для будаўнікоў: людзям, якія прыехалі і якія прыяжджалі, трэба было жыльлё. Будаўнікі стараліся.
    Пасьля былі ў пасёлку Дом культуры і іх першынец — клюб “Маладосьць”, школа-дзесяцігодка. Хутка забудоўваўся праспэкт Мікалая Кедышкі, ад якога пасьля ў розныя бакі разьбегліся вуліцы Мінская, Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская, імя Беларускіх партызан.
    З пасёлка ў зімовыя маразы і ў летнюю сьпёку адпраўляліся групы пошуку, геадэзісты, брыгады лесарубаў, каб праз тайгу на поўдзень да станцыі Нагорнай і на поўнач да станцыі Беркакіт вывучыць мясцовасьць, вызначыць напрамак і працерабіць прасекі пад будучую чыгуначную магістраль. Адсюль адпраўляліся дэсанты на разьезды Сіліп і Янкан, на месца будучага пасёлка Беркакіт і станцыі Пагрузачная.
    Рос пасёлак, большала жыхароў. Мужнелі. набіраліся вопыту, прывыкалі да тутэйшых умоў людзі. Мінчанін Аляксандр Дзідзенка, што быў у брыгадзе Жураўскага, сам узначаліў брыгаду лесарубаў. Міхаіл Жалязоўскі стаў майстрам на будаўніцтве. Пасьля вучобы на курсах у Тындзе стаў брыгадзірам слонімскі хлопец Іван Аляхновіч, які ў сваю чаргу вучыў новых бамаўцаў прафэсіі будаўніка. За кароткі час яны станавіліся майстрамі і самі навучалі навічкоў.
    У Залацінцы кожная вуліца і сьцяжынка ў навакольлі абуджаюць дарагія сэрцу ўспаміны. Папахадзіў тут Васіль Жураўскі кароткімі летнімі вечарамі. Сонца яшчэ не пасьпее схавацца на захадзе за бліжэйшую сопку, як на ўсходзе ўжо ясьнее неба. І раніца сваім крылом разганяе сутоньне ночы. Часта, залюбаваўшыся краявідамі, ён з Вольгай Сазонавай не заўважаў, як надыходзіла раніца, абуджаная птушыным сьпевам.
    — Пэўна, нідзе так хораша не сьпяваюць птушкі, як тут, — затаіўшы дыханьне, гаварыла Вольга. Васіль пагаджаўся з ёю.
    Яшчэ на першым пасяджэньні камітэта камсамола Васіль Жураўскі пазнаёміўся з Вольгай Сазонавай. Кожны не прамінаў выпадку, каб сустрэцца. Вольга, як і Васіль, прыехала на будаўніцтва БАМа з першым камсамольска-маладзёжным атрадам. Родам з вёскі Ляцягі, што ў Слаўгарадскім раёне. Дзяўчына закончыла васьмігодку, пасьля Магілёўскі палітэхнікум, атрымала спецыяльнасьць тэхніка-будаўніка, працавала майстрам у Касцюковіцкай перасоўна-мэханізаванай калёне.
    — Трэба было ажно за дзесяць тысяч кілямэтраў ад дому ехаць, каб тут пакахаць, — жартаваў Васіль.
    — У Беларусі маглі і разьмінуцца, — у тон яму адказвала Вольга.
    Вясельле спраўлялі ў новай сталовай. Іграў вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына”. Ключы ад кватэры ім уручылі ад таго дома, які яны самі ўзводзілі. Амаль усе з першага камсамольска-маладзёжнага атрада гулялі на іх вясельлі. І хоць на дварэ ўжо круціла раньняя завіруха, у сябрыне гэтага не заўважалася. Нават і не думалася, што надышла першая зіма на новым месцы, яшчэ як сьлед не абжытым і не ўпарадкаваным.
    Весяліліся ў нядзелю. У панядзелак, як і звычайна, усе выйшлі на работу. Зноў была праца, цяжкая, у нязвыклых умовах, пры сьвятле ліхтароў і вогнішчаў, бо зімовы якуцкі дзень кароткі.
    Брыгадзе Васіля Жураўскага ў першую зіму даручылі будаўніцтва склада прамысловых тавараў. Маразы дасягалі пяцідзесяці-шасьцідзесяці градусаў, і да мэталю нельга было дакрануцца. І ўсё ж маразы не сталі перашкодай. Нават ніхто не абмарозіўся.
                                                                                       * * *
    ...Зіма 1976 года, як першая зіма, прыйшла нечакана. У пачатку верасьня выпаў першы сьнег ды так і застаўся... Работа забірала амаль увесь час, пакідаючы лічаныя гадзіны на сон і адпачынак. У кастрычніку са сваім атрадам разьвітваўся камісар Мікалай Бондараў: яго пераводзілі на работу на Усходні ўчастак БАМа. Камсамольскай арганізацыі будаўніча-мантажнага поезда № 578, што цяпер налічвала каля двухсот членаў ВЛКСМ, трэба было выбіраць новага камісара.
    — Думаю, што лепшай кандыдатуры, як Васіль Жураўскі, на гэтую пасаду не трэба, — выступаючы на камсамольскім сходзе, казаў тады тагачасны сакратар партыйнай арганізацыі Віктар Паўлавіч Капелька.— Ад імя камуністаў поезда прапаную выбраць сакратаром камітэта камсамола Васіля Жураўскага.
    — Васіля! Васіля! — пачулася з усіх бакоў.
    — Я таксама падтрымліваю кандыдатуру Жураўскага, — узяў слова Мікалай Бондараў.— Думаю, што пераемнік у мяне надзейны, чырванець за яго не буду.
    Твар Васіля Жураўскага заліўся чырваньню. Не, не так проста было для яго рашыцца на гэты, як ён лічыў, дужа адказны крок, за якім пачыналася новая работа, і яшчэ большая адказнасьць. Тут была брыгада ў дваццаць чалавек, пэўны ўчастак работы — прывычнай, знаёмай і выверанай. Там жа, на новай пасадзе, маштабы адказнасьці значна пашыраліся. Арганізацыя налічвала дзевятнаццаць камсамольска-маладзёжных груп, параскіданых на чатырыста пяцьдзесят кілямэтраў на поўдзень аж да Транссыбірскай магістралі, на поўнач — да станцыі Беркакіт і далей да Нерунгрынскага вугальнага разрэзу.
    Так вось камсамольцы і моладзь абралі яго сваім важаком, сваім камісарам.
    Пабольшала адказнасьці, зьмяніліся і маштабы работы.
    — Нікуды не варта, камісар, і такое: другая зіма як мы тут, а ў нас нават прымітыўнага спартзалю няма,— усхвалявана гаварыла Валянціна Макеева. — Дзе ж моладзі спортам займацца?
    — Відаць, варта падумаць над тым, каб камсамольская арганізацыя ўзяла шэфства над будаўніцтвам другой чаргі дзіцячага камбіната, — унесла прапанову выхавальніца дзіцячага ясляў-сада Кацярына Булавіна. — Дарэчы, камісар, у цябе ж сын нарадзіўся, так што ў хуткім часе і яму спатрэбіцца месца...
    Праблемы, пытаньні... Іх многа, іх трэба вырашаць... Вядома, трэба і спартзал, і стадыён, і дзіцячы камбінат, і футбол, і хакей, і гімнастыка, і вечары адпачынку. Трэба — і гэта, бадай, галоўнае — выхоўваць людзей духоўна.
    І камсамол бярэ шэфства над спартыўнымі збудаваньнямі, над будаўніцтвам другой чаргі дзіцячага камбіната. Усё трэба было арганізаваць, на ўсё мабілізаваць моладзь.
    Чамусьці тады, калі ён быў брыгадзірам і толькі членам камітэта камсамола, да яго па асабістых справах мала хто зьвяртаўся. Цяпер жа з рознымі пытаньнямі прыходзілі ў камітэт камсамола, асабіста да камісара. Нясьмела пераступіў парог і Міхаіл Сідорчык, малады хлопец, што нядаўна прыехаў на БАМ. Пэўна, паклікала яго сюды рамантыка. Не думаў раней юнак, што яна будзе такой суровай, і разгубіўся. Ужо тры дні не выходзіў на работу, зьбіраўся назад, дадому. Прагул у камсамольска-маладзёжным атрадзе — надзвычайнае здарэньне. Кожны выпадак калектыўна абмяркоўвалі, і да вінаватага прымаліся строгія меры. У Міхаіла ж тройчы прагул.
    — За такі ўчынак з камсамола трэба выганяць, не толькі звальняць з работы, — гарачыліся некаторыя.
    — Каб і іншым гэта ўрокам стала...
    — Пакараць мы заўсёды пасьпеем. Тут, пэўна, якраз такі выпадак, калі пасьпешлівасьць, акрамя шкоды, ні яму, ні нам нічога не прынясе,— адказаў на гэта Васіль Жураўскі.
    — Зноў ты, камісар, дзіцячы сад разводзіш, — запярэчылі некаторыя.
    — Не разьбяромся, пакараем, пасьля ж самім сорамна будзе, — спакойна зазначыў камісар. — Перш чым рашэньне прыняць, трэба як мае быць усё ўзважыць...
    І вось сядзіць Міхаіл Сідорчык насупраць камісара, апусьціўшы галаву, баючыся проста паглядзець яму ў твар.
    — Што ж ты, Міша, землякоў падводзіш? — тым часам гаварыў камісар. — Не пасьпеў прыехаць, агледзецца і ўжо лыжы назад навастрыў.
    Юнак маўчаў, нізка схіліўшы галаву. Відаць было, што камісаравы словы кранаюць яго за жывое. Тым часам Жураўскі задае нечаканае пытаньне, якое нібы і да справы не тычыцца:
    — І многія ў вас хацелі паехаць на БАМ?
    — Многія,— ледзь чутна адказвае Міхаіл.
    — І ўсе паехалі?
    — Не, не ўсе...
    — Чаму?
    — Усім у райкоме камсамола пуцёвак не хапіла.
    — Выходзіць, Міша, ты не сваю, а чужую пуцёўку атрымаў, нават не атрымаў — украў!..
    — Як гэта ўкраў? — страпянуўся хлопец.
    — Вельмі проста: той бы, другі, працаваў, а ты...
    Доўга гаварыў камісар, стараўся падбіраць такія словы, якія дапамаглі б юнаку стаць на правільны шлях. Пад канец размовы хлопец неяк з палёгкаю ўздыхнуў і ўзрушана прамовіў:
    — Дзякую за ўсё, таварыш камісар. Век не забуду вашае навукі...
    Там, дзе патрэбны былі цьвёрдасьць і непахіснасьць, камісар не адступаў. Так было з першымі парушальнікамі дысцыпліны, так было і цяпер, калі Сяргея Барсукова і Вадзіма Доўгара за дрэнныя паводзіны выселілі з інтэрната.
    Цяжка было камісару. Часам валіўся з ног ад стомы. Не жартачкі — на чатырыста пяцьдзесят кілямэтраў працягнулася траса, дзе працавалі брыгады іх будаўніча-мантажнага поезда! За месяц патрэбна было пабываць у кожнай брыгадзе — і на станцыі Бам, і на станцыі Беркакіт. Усюды пагутарыць з моладзьдзю, наладзіць побыт, арганізаваць адпачынак, сабраць членскія ўзносы.
                                                                               * * *
    ...Здараюцца супадзеньні, якія пасьля запамінаюцца на ўсё жыцьцё. Для Жураўскага такім быў месяц красавік. У красавіку 1975 года Васіль з першым атрадам высадзіўся тут, на якуцкай зямлі. У 1976 годзе, таксама ў красавіку, яго прымалі кандыдатам ў члены КПСС.
    — Вельмі рады рэкамэндаваць цябе ў рады нашай ленінскай партыі, — гаварыў Фелікс Рыгоравіч Дворкін на партыйным сходзе.
    ...У Жураўскага ёсьць альбом з фатаграфіямі і ўзнагародамі. Вось ён з лепшымі членамі брыгады ў першым годзе дзесятай пяцігодкі сфатаграфаваны ў Крамлі. Камісар доўга расказваў мне пра паездку на зьезд ЛКСМБ разам з цесьляром-абліцоўшчыкам Уладзімерам Кабацурам, пра трэці якуцкі рэспубліканскі зьезд удзельнікаў паходу па месцах баявой і працоўнай славы, дзе яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета Якуцкай АССР.
    — Як жа вырашылася справа з Марыяй? — успомніўшы незнарок падслуханую каля канторы поезда размову камісара з дзяўчатамі, запытаўся я.
    — З Марыяй Аўдзеенка? — перапытаў Васіль Жураўскі.— У яе ўсё добра. Брыгада зразумела яе, яна — брыгаду. Цяпер — як адно цэлае...
    Васіль раптам задуменна прамовіў:
    — Хачу зноў на вытворчасьць, на пасаду камісара трэба маладзейшага.
    Васіль Жураўскі сапраўды пайшоў на вытворчасьць, зноў узначаліў камсамольска-маладзёжную брыгаду будаўнікоў, стаў ляўрэатам прэміі Ленінскага камсамола.
    Вось такі ён, хлопец з беларускай вёскі Буда-Галоўчыцкая — працаўнік, выхавальнік, кіраўнік вытворчасьці.
                                                                           РЫЗЫКА
    Заданьне было адказнае і тэрміновае: трэба было даставіць з Благавешчанска ў Залацінку абсталяваньне для дзіцячага садзіка. Быў канец верасьня 1975 года. На трасу прыйшла раньняя якуцкая зіма. Першы сьнег, хоць і не надта глыбокі, пакрыў зямлю. Ударылі першыя маразы. Яны з кожным днём мацнелі, але былі яшчэ не настолькі вялікія, каб адразу ж скаваць бурлівыя горныя рэкі і рэчкі.
    Гэта добра разумеў начальнік аўтакалёны Генадзь Ільіч Шарыкаў: калі б праз рэкі мароз перакінуў надзейныя масты, дык па прамой да Благавешчанска па тутэйшых адлегласьцях не вельмі далёка — нейкіх дзевяцьсот — тысяча кілямэтраў, а так дык усе дзьве тысячы будзе.
    — Ты бяры надзейных хлопцаў, Генадзь Ільіч, каб не падвялі, — гаварыў напярэдадні начальнік поезда Уладзімір Пятровіч Талала.
    Надзейныя хлопцы былі ў яго вагончыку — беларус Мікалай Півавар і армянін Юрка Маўсесян. Абодва прыехалі на БАМ па камсамольскіх пуцёўках, добра зарэкамэндавалі сябе за гэтыя першыя шэсьць месяцаў работы на будоўлі, выдатныя шафёры. “Але ці справяцца з такім адказным даручэньнем?” — гэтае пытаньне мо ў соты раз задаваў сабе начальнік аўтакалёны.
    — Вы, хлопцы, самі разумееце, што значыць для нашага таежнага пасёлка дзіцячы садзік,— сказаў Генадзь Ільіч.
    — Ды што ж тут не разумець, — адказаў на гэта Мікалай Півавар, — самі бачылі, колькі было радасьці, калі пасьпелі да першага верасьня пабудаваць школу.
    — Добра, што ўсё зразумела, — начальнік аўтакалёны падышоў да карты. — Цяпер глядзіце сюды. Вельмі заманьліва махануць па зімніку, скараціўшы дарогу больш чым у два разы... Толькі бачыце, вельмі многа на шляху рачулак і рэк і сярод іх — наравістая Зея. Мароз жа на іх яшчэ як сьлед не змацаваў масты. Таму прапаную туды ехаць кружным шляхам, назад вяртацца напрасткі, калі можна будзе.
    — Усё будзе так, як і дамовіліся, — выходзячы з вагончыка, запэўнілі шафёры.
    Яшчэ заранак як сьлед не высьвеціў з цемры аголеныя лістоўніцы, калі Мікалай Півавар і Юрка Маўсесян вывелі КрАЗы на дарогу. Дарога, хоць і ў выбоінах, была добра ўкатана, каляіна, нібы лёд, блішчала пад пражэктарамі фар, маторы працавалі без натугі, машыны каціліся лёгка, як па асфальце. Непадалёку ад Станавога хрыбта ўзышло сонца, выкацілася з-за сопкі. Магістраль усё вышэй і вышэй узьнімалася ўгару па аголеных камяністых схілах хрыбта, пакуль не дасягнула яго вільчыка. Адсюль на многія дзесяткі кілямэтраў праглядвалася прастора. Голы, без адзінага кусьціка, хрыбет ляжаў упоперак дарогі і цягнуўся з усходу на захад на тысячы кілямэтраў. Дзесьці непадалёку адсюль пад ім будзе прабіты тунэль, праз які праляжа чыгунка і пабягуць цягнікі. Цяпер ён выглядаў непрыступна і пагрозьліва. Як вокам акінуць, вакол былі параскіданы сопкі — нібы боханы хлеба, раскладзеныя на агромністым стале. І калі, магчыма, Юрку ўсё гэта было і не ў навіну, бо і ў Армэніі ёсьць свае горы, дык Мікалай кожны раз, бываючы ў рэйсах, не мог налюбавацца такою красою. І цяпер, калі машына ўзьехала на вяршыню хрыбта, ён сказаў:
    — Ух ты, якое хараство! Нашы слонімскія хлопцы падзівіліся б такому цуду!
    Слонім і яго хлопцы былі адсюль дзесьці за дзесяць тысяч кілямэтраў. Наперадзе ляжала доўгая, нялёгкая дарога, якую трэба адолець як найхутчэй. Таму ён мацней сьціснуў рукамі баранку і ўважліва сачыў за дарогай, бо з наступленьнем раніцы рух на ёй ажывіўся.
    Думаючы кожны пра сваё, хлопцы вялі свае машыны наперад. На начлег спыняліся ў пасёлках, што будаваліся на трасе, ці начавалі проста сярод тайгі. За дні, што прайшлі ў дарозе, падсыпала сьнегу, мароз узмацніўся. Можна было спадзявацца, што назад будуць вяртацца не вакольнаю дарогай, а зімнікам, скараціўшы ўдвая і шлях і час. Таму, калі ў Благавешчанску на мэблевай фабрыцы пагрузілі абсталяваньне для дзіцячага садзіка і аформілі неабходную дакумэнтацыю, адразу ж павярнулі на зімнік.
    Паказалася знакамітая рака Зея. Перад пераездам у нерашучасьці застыла з дзесятак машын. Каля іх сабраліся шафёры, раючыся аб чымсьці важным. Спыніліся і Мікалай з Юркам.
     — Чаму стаім? — запыталіся яны.
    — Таму стаім, што ніхто першы загінуць не хоча, — адказаў малады, як і яны самі, шафёр.
    — Адкуль такі пэсымізм? — запытаўся Юрка Маўсесян.
    — Аптымізм ці пэсымізм, а лезьці на ражон па такім лёдзе страшнавата, — сур’ёзна зазначыў пажылы вадзіцель. — Паражняком нядаўна адзін ехаў, дык і то лёд гэтак патрэскваў, што, здавалася, вось-вось праломіцца...
    — Але ж ён праскочыў, — падаў голас Мікалай Півавар.
    — Дык ён жа, кажу, паражняком быў.
    — У нас таксама груз не дужа цяжкі, гэта па габарытах ён многа месца займае, — зноў заўважыў Мікалай, пэўна, для таго, каб пераканаць у гэтым не так каго, як сябе самога.
    Шафёры паглядзелі на яго, як на дзівака. Прамаўчалі. Усе чамусьці спусьціліся на лёд і пачалі таптацца на каляінах, што роўнымі стужкамі былі перакінуты на супрацьлеглы бераг. Спусьціліся туды і Мікалай з Юркам. Лёд, здавалася, быў моцны, толькі там-сям віднеліся ледзь прыкметныя трэшчыны. І ўсё ж нельга было вызначыць: даўно яны зьявіліся ці зусім нядаўна, пасьля таго парожняга грузавіка. Патаптаўшыся, зноў вылезьлі на бераг.
    — Што будзем рабіць? — запытаўся Юрка.
    — Трэба падумаць, з людзьмі параіцца, — разважліва адказаў Мікалай.
    — Пакуль будзем думаць ды раіцца, там, у Залацінцы, нас лайдакамі палічаць: скажуць, што з-за нас дзеці без садзіка засталіся, — закіпяціўся Маўсесян. — Людзі на фабрыцы стараліся, каб мэблю для дзяцей зрабіць...
    — Ды не гарачыся так, Юрка, — усьміхнуўся Мікалай. — Я таксама думаю пра тое ж, што і ты. Вядома, назад вяртацца — і ў дзьве тысячы кілямэтраў не ўкладзесься. Тут нейкіх сем соцень засталося. Але і ехаць рызыкоўна. Аб гэтым і Генадзь Ільіч папярэджваў.
    — Але і не забараняў, — падхапіў Юрка. — Жыцьцё пражыць і ні разу не рызыкнуць, дык гэта ж адна сумота.
    — Пераканаў, — Мікалай з нейкай пяшчотай паглядзеў у вочы сябру: маўляў, цудоўны ты хлопец, хоць і сарвігалава. Нездарма ж наша мінчанка Вера Агафонава па табе ўздыхае, нават і ў гэтую дарогу, хоць быў раньні час, праводзіць прыбягала. Шчасьлівы ты чалавек, Юрка: такая дзяўчына цябе пакахала!
    Пэўна, тое ж самае падумаў пра свайго беларускага сябра і Маўсесян, бо тая ж пяшчота сьвяцілася і ў яго вачах. Не сказаўшы адзін аднаму ні слова, кожны з іх зразумеў, што дружба іх усё мацнее, што кожны на ўсё гатовы дзеля дружбака.
    Яны пайшлі да сваіх машын і пачалі вырульваць да ракі. Не даяжджаючы некалькі крокаў, спыніліся, праверылі, як замацаваны груз. Усё было ў поўным парадку.
    — Глядзіце, ці не хочуць гэтыя ветрагоны сёньня рыбак пакарміць? — пакпіў адзін з маладзейшых шафёраў. Яго тут жа асадзілі:
    — Хлопцы, лічы, у разьведку выпраўляюцца, каб і табе, малакасос, дарогу пракласьці.
    Тым часам паміж Мікалаем і Юркам разгарэлася спрэчка: каму ехаць першым. Кожны даводзіў, што гэта яго права, што ён лепш сарыентуецца, калі надарыцца якая небясьпека.
    — З тваёй гарачнасьцю толькі пажар тушыць, — не вытрымаў нарэшце Мікалай.
    — А з тваёй непаваротлівасьцю з палонкі выскокваць, — адказаў Юрка.
    Усё ж як не хацелася яму ўступаць першынство, перамог Мікалай сваімі довадамі і развагай. Падышоў пажылы шафёр, каб даць хлопцам некаторыя практычныя парады.
    — Ты вось што, сынок, — казаў ён, зьвяртаючыся да Піваварава, — увесь час едзь на другой хуткасьці і ні ў якім разе не збаўляй і не прыбаўляй абаротаў, каб машына кацілася плаўна, без рыўкоў. І яшчэ — едзь з адчыненай дзьверцай кабіны. Калі што — сігай убок і як мага далей, каб змог адкаціцца ад правалу.
    — Дзякуем за параду, бацька,— з удзячнасьцю адказалі хлопцы.
    Мікалай сеў у кабіну і завёў матор. ён працаваў роўна, без перабояў. Уключыўшы другую хуткасьць, Півавар плаўна скрануў машыну з месца і павёў яе наперад. Вось пярэднія колы ўзьехалі на лёд, пасьля і заднія. Лёд пагрозьліва патрэскваў, але хлопец, здавалася, не зьвяртаў на гэта ўвагі. На самой жа справе ўся яго істота ператварылася ў слых, зрок, увагу. Сьцяўшы зубы, сабраўшы ўсю сваю волю, на якую толькі быў здольны, гатовы ў кожны момант на самыя рашучыя дзеяньні, ён моцна сьціскаў руль, трымаў пастаянны газ і адчуваў, як паслухмяная машына коціцца наперад.
    Ад перанапружаньня на твары яго выступіў пот, чамусьці вільготнымі зрабіліся і рукі. Вочы яго, якія заліваў такі непрыемны, надакучлівы пот, былі скіраваны ў адну кропку — на той бераг, які так павольна прыбліжаўся да машыны, ён усёй істотай адчуваў, як пад коламі КрАЗа патрэскваў лёд.
    Ззаду, на беразе, шафёры з заміраньнем сэрца назіралі за гэтым паядынкам чалавека з прыродай. Многія з іх ужо ўзьбеглі на лёд, гатовыя ў любы час кінуцца на дапамогу свайму таварышу. Яшчэ мэтар, яшчэ... Толькі б вытрываць, толькі б не спасаваць. Вось ужо, здаецца, і сярэдзіну ракі праехаў. “Ну, дарагая, пакажы, на што ты здатная, вывозь”.
    І “дарагая” вывозіла, не пасавала, нягледзячы на пагрозьлівы трэск лёду. “Трашчу, ды не пушчу”,— успомнілася ў гэты час прымаўка, якую яны з сябрукамі любілі паўтараць у дзяцінстве, калі па першым лёдзе выбягалі на сваю Шчару. “Трашчу, ды не пушчу, трашчу, ды не пушчу»,— неадчэпна лезла ў галаву.
    Хоць і павольна, але бераг усё набліжаўся і набліжаўся. Здавалася, што не машына коціцца да яго, а бераг пасоўваецца да яе. Яшчэ адно, яшчэ адно намаганьне... Нарэшце Мікалай адчуў, як пярэднія колы зачапіліся за яго грунт. І толькі тады, калі і заднія колы ўзьехалі на бераг, ён прыбавіў абароты: матор, нібы з радасьці, гучна зароў і шпарка пацягнуў машыну наперад.
    Ад’ехаўшы мэтраў трыццаць ад берага, Мікалай заглушыў матор, узяў з сядзеньня чыстую анучу і доўга выціраў ёю ўзмакрэлы твар і рукі. Толькі цяпер ён адчуў, як стаміўся. Хацелася зараз жа легчы на сядзеньне, ды не было часу. Ён павольна вылез з кабіны і паглядзеў на другі бераг. Там стаялі яго сябры, таварышы па рабоце, яго аднадумцы, сярод якіх быў яго Юрка, і ў знак прывітаньня, віншаваньня і ўдзячнасьці махалі яму шапкамі. ён таксама памахаў ім: маўляў, дзякую, едзьце — шлях адкрыты.
    Сапраўды, праз пэўны час, перагнаўшы праз Зею астатнія машыны, калёна рушыла па зімніку наперад. Галаўную машыну вёў беларус Мікалай Півавар, усьлед за ім ехаў армянін Юрка Маўсесян. Абсталяваньне, якое знаходзілася ў кузавах іх машын, чакалі дзеці Залацінкі.
                                                                             ВЯСЕЛЬЛЕ
    Пасьля абеду вясельны картэж з двух аўтобусаў і грузавой машыны рушыў у дарогу. Машыны былі ўпрыгожаны гірляндамі з дзеразы, багуном. Стаяў чэрвень. Надвор’е нібы па заказу. На небе ні хмурынкі. Сонца грэла ласкава і цёпла. Тайга, што абступала разьезд, поўнілася звонкімі галасамі птушак.
    Вясельле было камсамольска-маладзёжнае. Яно пачалося на разьезьдзе Янкан, прадаўжалася амаль усе трыста кілямэтраў і завяршылася ў пасёлку Залацінка. Ігралі, сьпявалі, танцавалі, сьмяяліся, весяліліся, як маглі, у аўтобусах і ў кузаве аўтамашыны, на камяністым беразе таежнай рачулкі, пад шатамі піхт і вастраносых лістоўніц. Сорак гасьцей маладых — хлопца са Слонімшчыны Івана Аляхновіча і гамяльчанкі Зіны Куліткінай — спраўлялі яго.
    — Няхай ваша жыцьцё будзе такім сьветлым і бязвоблачным, як сёньняшні дзень, — абвясьціў тост галоўны сват, халасьцяк з Брэстчыны Раман Малецкі.
    — Нешта цябе, Рамане, на лірычны лад пацягнула. Глядзі, каб і ты не трапіў у нерат да дзяўчыны, як Іван,— пачуліся галасы.
    — Я і не супраць, калі 6 вы дапамаглі знайсьці такую Зіну, як у Івана, — не разгубіўся Раман.
    — І сам не зломак, спаць толькі паменш трэба.
    Так з жартамі, са сьмехам кацілася вясельле па Амурска-Якуцкай магістралі, гучна сыгналячы сустрэчным машынам. Тыя віталі маладых. Над дарогай, перакрываючы гул машын, неслася вясельная песьня.
    У Тындзе спыніліся на цэнтральнай плошчы. Неўзабаве мясцовыя жыхары абступілі машыны, і ўтварыўся круг. Іграў гармонік, зьвінела гітара...
    — Шырэй круг, маладыя ідуць! — пачуліся галасы.
    Расступіўся круг, прапускаючы ў цэнтар маладых Івана і Зіну. Хударлявы, падцягнуты, з ледзь прыкметнымі вусікамі, апрануты ў спэцыяльную рабочую сьпяцоўку, Іван нагадваў звычайнага працавітага хлопца. Гэтак жа выглядала і нявеста. І толькі вочы іх, сустрэўшыся, сьвяціліся пяшчотай. Пабраўшыся за рукі, паглядаючы адзін на аднаго, яны сарамліва прайшліся па крузе пад гукі вальса, запрашаючы ўсіх падтрымаць іх у танцы.
    — Так, браточкі, мы і да спаса не дабяромся да месца! — усклікнуў галоўны сват. — Нам жа раніцой у Залацінцы трэба быць.
    Вечар дагнаў іх на граніцы Амурскай вобласьці і Якуцкай АССР, якраз там, дзе ўстаноўлены абэліск у гонар тых, хто ўпершыню праклаў першыя сталёвыя рэйкі чыгункі на якуцкай зямлі.
    Як далёка тады было і да чыгункі, і да абэліска, і да вясельля, якое яны сёньня спраўлялі!
    Ды і ці думаў тады Іван Аляхновіч, што стрэне на гэтай зямлі, такой суровай і непрыветлівай, сваю суджаную, сваю адзіную. З першых дзён ён трапіў у брыгаду будаўнікоў Васіля Жураўскага. Сярод тайгі яны ўзводзілі дамы. Вечарам стома валіла з ног, бо працаваць даводзілася і па паўтары, па дзьве зьмены.
    Іван не скардзіўся на цяжкасьці. Праўда, часта пераносіўся ў думках у Мінск, на свой электратэхнічны завод, дзе пасьля дэмабілізацыі з арміі спачатку быў фрэзэроўшчыкам, пасьля майстрам цэха.
    Раўнадушна назіраць, як твае аднагодкі едуць у далёкую Сыбір, каб там будаваць чыгунку, Іван Аляхновіч не мог. І таму на стале сакратара камітэта камсамола завода Уладзімера Кірыльчыка ляжала заява з просьбай накіраваць і яго туды.
    І вось замест прывычнай работы яму ўручылі сякеру, пілу і лом, якраз тое, што неабходна будаўніку ў тутэйшых умовах. Рукі паступова прызвычаіліся да працы, сышлі мазалі. Працавалі, сустракалі новае папаўненьне, што прыяжджала на БАМ. У сярэдзіне мая з трэцім атрадам прыехала і Зіна Куліткіна. Танюткая, як чарацянка, яна ледзь валакла свой непамерна вялікі чамадан.
    — Дазвольце дапамагчы вам, — падышоў Іван Аляхновіч, беручы з яе рук чамадан, пасьля зірнуў ёй у твар і зьдзівіўся: — Хто ж такіх малеч ад матчынай спадніцы адрывае і ў далёкую дарогу пасылае?
    Ён не хацеў абразіць яе, ды было позна. Зіна пачырванела і рэзка запатрабавала:
    — Аддайце мой чамадан, такіх памочнікаў мне не трэба!
    — Вось вам і на, — разгубіўся Іван, — я ж пажартаваў.
    — Калі другі раз пацягне на жарты, дык падбірайце адпаведныя словы.
    — Прабачце, давайце лепш пазнаёмімся, — прапанаваў Іван.
    Яна, хоць і нехаця, падала яму руку. Прыехала Зіна з Гомеля, дзе пасьля дзесяцігодкі закончыла курсы муляраў, працавала на будоўлі.
    Так яны пазнаёміліся. І, бадай, з гэтага дня Іван адчуў, як прывабіла яго дзяўчына. Магчыма, што такую ж сымпатыю адчула і яна, бо неўзабаве прыбегла ў іх брыгаду і са смуткам паведаміла:
    — Мяне, Іван, адпраўляюць з Залацінкі.
    — Куды? — вырвалася ў яго.
    — У Тынду, — і растлумачыла: — Бачыш, тут пакуль муляры не патрэбны. Пасылаюць вучыцца на тынкоўшчыцу, кажуць, калі гэтую спэцыяльнасьць набуду, дык і тут работа знойдзецца.
    — Вядома, — пагадзіўся ён, — а ты ж, пэўна, не надоўга? —спахапіўся Іван.
    — Кажуць, што на два месяцы.
    Хлопец праводзіў Зіну ў Тынду. Дзяўчына паехала. ён лічыў і лічыў дні, калі яна, нарэшце, вернецца назад.
    І, вядома, працаваў ён, брыгадны камсорг, нароўні з усімі, ні ў чым не адставаў. Нічога, што даводзілася працаваць шмат.
    Зладжана працавалі людзі. І здавалася, што нішто не парушыць гэтай зладжанасьці, спакою ў калектыве, але адна акалічнасьць, на першы погляд нязначная, парушыла спакой, прымусіла задумацца многіх і загаварыць аб тым, як зьберагчы прыгажосьць тутэйшай мясцовасьці. Усё пачалося з таго, што два навічкі з брыгады сьпілавалі дзьве лістоўніцы. Сьпілавалі проста так: маўляў, у новым пасёлку павінна быць больш сьвятла і сонца. Магчыма, яно так і прайшло б, калі б не камсорг брыгады.
    — Як вы думаеце, хлопцы, для чаго ў нашай Беларусі каля хат людзі высаджваюць яблыні, бярозы, рабіну? — запытаўся ён.
    — Для красы перш за ўсё, — адказалі яму.
    — Вядома, — згадзіўся Іван Аляхновіч. — Хіба ж нам тут краса не патрэбна?
    — Вядома, патрэбна. Толькі ні яблыні, ні рабіну тут не пасадзіш — на каменьні не прыжывуцца, вымерзнуць.
    — Правільна. Чаму ж тады мы тую прыгажосьць, якую тут прырода вякамі стварала, нішчым?
    Але аднагалосься не было. І калі склікалі агульны камсамольскі сход будаўніча-мантажнага поезда, дык нехта нават выкрыкнуў:
    — Мора тайгі навокал. Навошта мы з-за дзьвюх лістоўніц размову завялі?
    — У Сахары, гавораць, таксама калісьці быў непраходны лес... Цяпер там пустыня,— з абурэньнем адказаў на гэта Іван Аляхновіч.
    — Дык то ж Сахара...
    — Нам Сахара не патрэбна. Не дзеля гэтага мы сюды прыехалі.
    Бурны быў сход. Праблема захаваньня прыроды ў той ці іншай меры закранула кожнага. Гаварылі, як лепей зрабіць, каб іх пасёлак вабіў вока не толькі пабудовамі, але і прысадамі. Дамовіліся, што ніводнае дрэва не сьпілуюць без дазволу спэцыяльна створанай камісіі. Мо таму такой прываблівай і прыгожай стала іх Залацінка, што яе спакой ахоўваюць лістоўніцы, клапатліва захаваныя будаўнікамі.
    Тым часам з Тынды вярнулася Зіна, яго каханьне. Дзяўчына адразу ж была залічана ў брыгаду тынкоўшчыкаў. І хоць абое стамляліся за дзень, Зіна з Іванам вечарамі блукалі па берагах рэчак Халаднікан і Іенгры, падоўгу праседжвалі каля падножжа сопкі Каханьня. Яе так назвалі за тое, што на вяршыні, калі глядзець здаля, выяўляліся два абліччы, што застылі ў вечных абдымках.
    Калі на трасе пачаў фарміравацца поезд дружбы маладых будаўнікоў БАМа для паездкі ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, туды з Залацінкі трапілі чатыры чалавекі: Вера Агафонава, Ніна Рачкоўская, Раіса Ластаўка і ён, Іван Аляхновіч. Зноў даводзіцца расставацца з Зінай.
    — Ты дужа не сумуй там, мяне часьцей успамінай, і ўсё будзе добра, — казала на разьвітаньне яна.
    Сумаваць і сапраўды не было калі. Новыя сустрэчы, новыя знаёмствы, новыя ўражаньні... Асабліва запомнілася цёплая сяброўская сустрэча з моладзьдзю Бэрліна. Пранікнёныя прамовы. Цёплы поціск сяброўскіх рук. Абмен сувэнірамі і адрасамі.
    Хадзіў Іван Аляхновіч па тых мясьцінах, дзе ў памятным сорак пятым годзе нашы савецкія воіны, яго аднагодкі, штурмавалі апошні пляцдарм гітлерызму. А вось і Патсдам, дзе быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. У Дрэздэнскай галерэі ён з цікавасьцю аглядаў мастацкія палотны, выратаваныя ад гібелі Савецкай Арміяй і вернутыя нямецкаму народу. Запомніліся сустрэчы і ў Франкфурце-на-Одэры з рабочымі аднаго завода, якія скандзіравалі: — Дружба! БАМ!
    Трынаццаць сутак знаходзіўся поезд дружбы ў ГДР. І вось цягнік, выстукваючы коламі свой спрадвечны матыў, вязе бамаўцаў на Радзіму. Івану здавалася, што рухаецца ён паволі, падоўгу стаіць на прыпынках. За акном віднеліся палі і лясы роднай Беларусі. Блізкія і знаёмыя з дзяцінства малюнкі хвалявалі, навейвалі ўспаміны, і ўсё ж сэрцам ён быў у Залацінцы, дзе яго чакалі Зіна, сябры.
    — Цяпер будзем разам, — казаў Іван, тулячы да сябе каханую.
    Не прайшло і месяца, як яго выклікаў тагачасны галоўны інжынэр поезда Георгій Міхайлавіч Ільяш.
    — Вырашылі цябе ў Тынду накіраваць на курсы брыгадзіраў.
    — Чаму мяне? — вырвалася ў Івана, які, відаць, спалохаўся, што расстанецца з Зінай.
    — Чалавек ты рабочы, майстрам цэха на заводзе працаваў, — тлумачыў галоўны інжынэр. — Мяркую, што і з кіраўніцтвам комплекснай будаўнічай брыгады справісься. Толькі падвучыцца трэба.
    Вядома, давер акрыляў Івана Аляхновіча. Але трохмесячная ростань засмучала і непакоіла. І зноў Зіна як магла супакойвала яго, абяцала чакаць, толькі б ён яе там не забыў, бо ў Тындзе прыгожых дзяўчат многа.
    — Яшчэ што выдумаеш, — пакрыўдзіўся ён. Дні, напоўненыя вучобай і практычнымі заняткамі, мільгалі, як верставыя слупы перад вокнамі цягніка. Толькі раз за тры месяцы і давялося заглянуць у Залацінку, пабачыцца з Зінаю. Калі ж вярнуўся дамоў пасьля вучобы, дзяўчыны ў пасёлку ўжо не застаў: брыгада Андрэя Казака была зьнята з наседжанага месца і перакінута дэсантам на будаўніцтва будучай станцыі Беркакіт.
    Зноў, здавалася, разышліся іх дарогі, і на гэты раз надоўга. Іван прыняў брыгаду. Апорай яму на новай пасадзе былі землякі: мінчанін Анатоль Вераль, брэстаўчанін Раман Малецкі, магіляўчанін Іван Васільеў. З імі ён абмяркоўваў усе неадкладныя задачы, што вырашала брыгада. Ведалі хлопцы і пра маркоту брыгадзіра.
    — Каханьне на адлегласьці не слабее, яшчэ больш мацнее, — супакойвалі яго сябры.
    Прасьцей было зьезьдзіць у Беркакіт, пабачыцца, пагаварыць з Зінай і ўсё вырашыць раз і назаўсёды. Але транспарт спэцыяльны туды не ходзіць. Дабірацца на спадарожных машынах — за суткі не ўправісься, а брыгадзе даручылі будаўніцтва паліклінікі — аб’ект адказны і тэрміновы. Так што і ў выхадныя працавалі хлопцы разам з брыгадзірам.
    Калі закончылі будаўніцтва паліклінікі, на долю брыгады выпала новае выпрабаваньне — яе больш чым на год накіравалі ў Тынду, каб там здаць у эксплуатацыю лініі электраперадач. Брыгаду высадзілі дэсантам на разьезьдзе Янкан, непадалёку ад Янканскага перавалу. Адлегласьць ад Зіны да Івана павялічылася з шасьцідзесяці да трохсот кілямэтраў. Аб тым, каб наведаць сваю каханую ў далёкім Беркакіце, цяпер нельга было і думаць.
    Навокал была неабжытая тайга. Высокія лістоўніцы і піхты падпіралі сваімі вершалінамі неба. Стаяў жнівень. Сопкі гарэлі чырваньню брусьніцаў. І на кожным кроку грыбы.
    — Сюды б нашых мінскіх грыбнікоў прывезьці, — з захапленьнем казаў Анатоль Вераль.
    — А ты насушы іх тут і пашлі ў падарунак мінчанам, — жартавалі хлопцы.
    — Насушыў бы, калі б за мяне хто ямкі пад апоры капаў.
    Жылі ў палатках, якія разьбілі непадалёку ад разьезда Янкан, дзе будавалі дамы новага таежнага пасёлка. Работа ім дасталася цяжкая і адказная — устаноўка апор пад будучую лінію электраперадач. Не простая гэта рэч — устанавіць на вечнай мерзлаце апору, вышыня якой каля чатырнаццаці мэтраў. Для яе трэба спачатку выкапаць яму ў пяць мэтраў глыбіні і амаль у паўтара мэтра шырыні. Калі грунт быў прамёрзлы, яго дзяўблі ламамі, раскладвалі вогнішча, каб адтаў. Зусім туга даводзілася, калі на шляху трапляўся камень-валун. Тады ў катле награвалі ваду і кіпнем аблівалі камень, каб ён патрэскаўся. Малацілі хлопцы кувалдамі па гэтым каменю, пакуль не разьбівалі яго на часткі.
    Дымілі кастры ўздоўж чыгуначнага палатна. Зьвінелі кувалды ад удараў па камянях. Сьлізгалі па мерзлаце ламы. Сантымэтар за сантымэтрам адступаў акамянелы грунт, паглыблялася яма. І пачыналася яшчэ горшае, што можна прыдумаць: наплывала наледзь, нібы з гумкі, сачылася ў яму вада, пагражаючы абваламі сьценак. Таму адразу ж устанаўлівалі засьцерагальныя шчыты для аховы сьценак ад абвалаў. І калі чуўся перастук колаў цягніка, навокал разносіўся загад брыгадзіра:
    — Усім пакінуць ямы!
    Усе без выключэньня выконвалі гэты загад, бо глеба магла спаўзьці і заваліць таго, хто знаходзіцца ў яме.
    Праца. Гадзіна за гадзінай. Дзень за днём. Месяц за месяцам. У летнюю сьпёку, калі гнюс сьляпіў вочы і не даваў дыхнуць, і ў пяцідзесяціградусны мароз, калі мэталь і той не вытрымліваў такога холаду і крышыўся, як лёд, хлопцы-беларусы вытрымлівалі, не адступалі. Апора за апорай падымалася ўздоўж чыгуначнага насыпу. У выкапаную яму ўстанаўлівалі так званыя жалезабэтонныя шклянкі, у якія манціравалі такія ж жалезабэтонныя апоры. Крыху больш чым за год брыгада Івана Аляхновіча ў складзе чатырнаццаці чалавек устанавіла сто дзесяць такіх апор!
    Аднаго разу пасьля звычайнага рабочага дня хлопцы сабраліся ў пасёлак Янкан на танцы, куды іх запрасілі мясцовыя дзяўчаты. Была субота, і наступны дзень вырашылі зрабіць выхадным. Таму ніхто не хацеў заставацца ў палатках. Хлопцы галіліся, мыліся, па-сьвяточнаму апраналіся. І толькі адзін Іван Аляхновіч нікуды не зьбіраўся.
    — Брыгадзір, што ты нос павесіў? — пачалі даймаць яго хлопцы. — Няўжо не пойдзеш з намі? Няўжо думаеш, што табе дзяўчыну не знойдзем?
    — Ды ахвоты няма, — аднекваўся Іван. Ён не хацеў дружбакам прызнацца, што ніякія гулянкі не прывабліваюць яго, калі там няма Зіны. — Некаму ж трэба і жытло вартаваць.
    — Што тут вартаваць і ад каго? Хіба толькі ад мядзьведзя? Дык у нас тут для яго ніякіх ласункаў няма.
    Аляхновіч, хоць і з неахвотай, пачаў таксама пераапранацца. Калі адолелі пяць кілямэтраў да Янкана, танцы ў мясцовым клюбе былі ў поўным разгары. Хлопцы адразу асвойталіся і неўзабаве ўжо кружыліся ў вальсе. Іван ціха прысеў на лаўку каля дзьвярэй і пачаў з цікавасьцю назіраць, як весяляцца яго дружбакі. Так прайшло некалькі мінут, пакуль не паглядзеў на дзяўчыну, што сядзела гэтак жа адзінока на лаўцы каля процілеглай сьцяны. Дзяўчына таксама паглядзела ў яго бок. І нечым дарагім і блізкім павеяла на Івана. Сэрца загохкала, кроў ударыла ў скроні. Ад радасьці перахапіла ў горле, і ён, сарваўшыся з месца, абмінаючы, штурхаючы танцораў, кінуўся праз усю залю. Дзяўчына таксама падхапілася з лаўкі і бегла насустрач.
    — Зіна, — прагаварыў Іван.
    — Янка!—узрадавана адклікнулася яна.
    У клюбе грымела музыка. А яны, прыхінуўшыся адзін да аднаго, крочылі па вуліцы пасёлка і ўсё гаварылі, гаварылі і ніяк не маглі нагаварыцца.
    — Чакай, чакай, як жа ты сюды трапіла? — прыпыніўшыся, запытаўся Іван.
    — Бачыш, і тут расьце пасёлак. Спатрэбіліся муляры і атынкоўшчыкі. Нашу брыгаду і перакінулі сюды з Беркакіта. Мы ўжо тут два тыдні, — паведаміла Зіна.
    — Два тыдні? — зьдзівіўся Іван.— Як жа я гэтага раней не ведаў?
    — Дык жа і я не ведала, што ты непадалёк адсюль. Вядома было, што ты на трасе, але ў якім месцы...
    Многа было перагаворана за ноч. Даўно змоўкла музыка ў клюбе, даўно ўсе разышліся. Закаханыя ўсё хадзілі і хадзілі. Сьвітанак застаў іх на вуліцы. Усход сонца сустрэлі непадалёк ад пасёлка, на беразе невялічкай рачулкі.
    — Цяпер я цябе нікуды ад сябе не адпушчу, — рашуча і цьвёрда сказаў Іван.
    — Я і сама нікуды ад цябе не хачу ісьці, — запэўніла яго Зіна.
    — Давай і пажэнімся тут, — прапанаваў ён.
    — Толькі расьпішамся абавязкова ў Залацінцы. Згода?
    — Згода,— адказаў ён, прыхінаючы да сябе сваю каханую.
    ...I цяпер вясельле шумела на беразе ракі Цыганкі, непадалёк ад помніка, што ўстаноўлены на граніцы Амурскай вобласьці і Якуцкай АССР у гонар будаўнікоў БАМа.
    Калі пачало сьвітаць, зноў рушылі ў дарогу. Паказаўся наперадзе новы таежны пасёлак Магота, што нядаўна вырас на трасе. Яго праехалі з музыкай і песьнямі, напэўна, разбудзіўшы многіх жыхароў. На вяршыні Станавога хрыбта іх ласкава сустрэла сонца.
    Залацінка ўжо не спала, чакала вясельле. Маладых каля клюба сустрэлі дружнымі воплескамі. У клюбе ўжо была старшыня пасялковага Савета якутка Ганна Паўлаўна Герасімава, якая прыехала сюды з пасёлка Іенгра, каб аформіць шлюб.
    — Дзеці мае, — казала пажылая якутка, — наша якуцкая зямля дапамагла вам аб’яднаць вашы сэрцы. Дык хай жа яны б’юцца суладна, як адно, няхай наша якуцкая зямля стане для вас родным домам. Мір і згода вашай маладой сям'’і!
    Адразу ж з клюба ўсе накіраваліся ў сваю сталовую, дзе чакалі ўжо накрытыя сталы. На вясельлі іграў вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына”. І адусюль гучалі віншаваньні і пажаданьні. Іх было многа. Нарэшце слова ўзяў камісар атрада Васіль Жураўскі:
    — Спакон вякоў людзі шукалі залаты ключык, якім можна было б адамкнуць дзьверы шчасьця. Ваша шчасьце ў вашых руках, якія ў вас і сапраўды залатыя, дарагія нашы Зіна і Іван. Каб шчасьце ваша было паўней, мы сёньня вам падносім ключы ад асобнай кватэры. Жывіце ў ёй і радуйцеся.
    Гудзела камсамольска-маладзёжнае вясельле. Прыціхлыя, нібы зачараваныя, стаялі навокал лістоўніцы, слухаючы дасюль не чутыя мэлёдыі беларускіх песень. Здавалася, што і яны зараз закружацца ў імклівай беларускай польцы.
                                                                ШКОЛА Ў ТАЙЗЕ
                                                                            Дарога
    Калі Наташа даведалася, што яе бацька, інжынэр Пётр Серафімавіч Майсееў, зьбіраецца на БАМ, дужа ўзрадавалася: яна ж разам з мамай і братам Андрэем таксама паедзе туды.
    Пра гэтую навіну стала вядома і ў школе. Здавалася Наташы, што ўсе яе сяброўкі зайздросьцяць ёй. А Валька Шкробат папрасіла:
    — Напішы нам пісьмо з БАМа...
    — Абавязкова напішу, — паабяцала Наташа. Але ад’езд мамы, брата і Наташы адкладваўся. Бацька перад дарогай сказаў ім:
    — Андрэй з Наташай няхай давучваюцца тут, а я паеду, уладкуюся і тады прышлю вам выклік.
    — Добра, — пагадзілася маці, бугальтар Людміла Міхайлаўна.
    Тыя два месяцы, што ім давялося яшчэ пражыць у Калінкавічах, для Наташы здаліся вечнасьцю: кожны дзень першай страчала паштальёна і пыталася, ці не прынёс ён той запаветны выклік ад бацькі. Калі, нарэшце, выклік прыйшоў і маці сказала, што час зьбірацца ў дарогу, радасьці не было канца.
    Праўда, на хвіліну стала маркотна, калі ў далёкую дарогу прыйшоў праводзіць увесь кляс. І не толькі яе пяты, але і сёмы, Андрэеў. Сябры паціскалі рукі, жадалі добрай дарогі.
    ...А поезд усё далей і далей аддаляўся ад дому, трымаючы кірунак на ўсход. Дзень і ноч пагрукваў коламі на стыках рэек, нібы сьпяшаючыся па нейкай дужа тэрміновай справе. За вокнамі вагонаў праплывалі вёскі, гарады, чыгуначныя станцыі. Калі міналі «кузьню дзяржавы» — Урал, пра які Наташа з Андрэем многа чыталі і чулі з расказаў старэйшых, Андрэй, звычайна маўклівы, раптам разгаварыўся.
    — Ці не вунь там жыла гаспадыня меднай гары, пра якую расказваў казачнік Бажоў? — усхвалявана ўсклікнуў ён, паказваючы ў бок аднаго хрыбта, што віднеўся ў тумане.
    — Тут жа і малахітавая шкатулка была зроблена, — у тон яму сказала Наташа.
    Пасьля пайшла тайга. Зьлева і справа ад чыгункі яна цягнулася бясконца. З цікаўнасьцю разглядвалі Андрэй і Наташа кедры, лістоўніцы, піхты, пераплеценыя зьнізу непралазным хмызам. Іншы раз здавалася, што вось-вось расхінецца хмыз — і выйдзе з яго гаспадар тайгі, мядзьведзь.
                                                                            АЯМ
    Вось і станцыя Вялікі Невер. Тут для Наташы, Андрэя і іх маці заканчвалася паездка па чыгунцы. Адсюль ляжаў шлях далей на Поўнач па АЯМу. Што такое АЯМ? Гэта гравійная дарога, пракладзеная ў трыццатых гадах па так званым адвечным зімніку і названая Амура-Якуцкай магістральлю. Якуты яшчэ называюць яе дарогай жыцьця. I яно сапраўды так. На тысячу сто пяцьдзесят кілямэтраў працягнуўся АЯМ. Ён прарэзаў тайгу, пятляе паміж сопак, караскаецца на горныя хрыбты, спускаецца з іх, пераскоквае праз бурлівыя горныя рэчкі, злучае Транссыбірскую магістраль са сталіцай Якуцкай АССР. Удзень і ўночы не змаўкае на ім гул машын, якія вязуць неабходныя грузы здабытчыкам золата ў Алдан, здабытчыкам алмазаў у Мірны, шахцёрам Нерунгрьі, усім тым, хто абжывае і асвойвае суровы паўночны край нашай Радзімы.
    З пачатку 1975 года Амура-Якуцкая магістраль служыла Малому БАМу. Так назвалі чыгунку, якая ўзяла пачатак на станцыі БАМ у горадзе Тындзе і прадаўжала свой шлях паралельна АЯМу ажно да горада Нерунгры.
    Пра гэта Наташа даведалася пасьля. А тады, калі ліпеньскім днём яны высадзіліся на станцыі Вялікі Невер, ім трэба было праехаць па АЯМу трыста кілямэтраў да пасёлка Залацінка.
    Стаяла трыццаціградусная летняя сьпёка. Паветра было сухое і гарачае, абпальвала твар. Схаваўшыся ў цень станцыйнага будынка, Наташа неўзабаве адчула, што замярзае, і дужа зьдзівілася. Аказваецца, гэта ад таго, што на працягу ўсяго шляху, дзе пракладвалася сталёвая магістраль Малога БАМа, ляжыць вечная мерзлата. Адсюль — і тая халаднеча ў цяні, а таксама пасьля захаду сонца.
    Затое ў аўтобусе было не прадыхнуць. Акон адчыняць не дазвалялася: над магістральлю вісеў такі густы пыл, нібы хтосьці знарок рэшатам расьсяваў над навакольлем попел. Наташа прымасьцілася каля акна. Удалечыні віднеліся сопкі. На некаторых з іх пабліскваў сьнег.
    Аўтобус, падскокваючы на выбоінах, каціў усё далей і далей на Поўнач, адкрываючы перад Наташай усё новыя і новыя пэйзажы, так не падобныя да тых, што прывыкла бачыць у навакольлі Калінкавіч. Уздоўж дарогі гайдалася на ветры кустоўе, нечым падобнае да хвойніку, галінкі яго адлівалі аксамітам і ледзь прыкметнай жаўцізной.
    — Сланік, — растлумачыла Наташы цётка Вера, з якой яны сядзелі на адным сядзеньні. “Цётцы” самой ледзь пераваліла за дваццаць. Яна вярталася з Тынды, дзе была па справах у штабе ЦК ВЛКСМ на БАМе, у сваю Залацінку. Яны пазнаёміліся, і Наташа глядзела на сваю спадарожніцу, як на гераіню, і ўважліва слухала яе тлумачэньні. А Вера Агафонава гаварыла:
    — Хочаш паслухаць казку пра Сланік, якую мне адзін якут расказаў?
    — Хачу, цётка Вера, — ажно ўстрапянулася Наташа.
    — Ну, дык слухай, — пачала Вера Агафонава. — У яго нешта ёсьць такое, чаго няма ў іншых расьлін. Як бы там ні было, ён прыстасоўваецца да ўмоў, у якіх яму выпала жыць. Дрэвы, што акружаюць яго, радуюцца сонцу і сьвятлу. Таму яны не вельмі зважаюць на Сланік, што сьцелецца каля іх ног.
    Абляпіўшы схілы камяністых сопак, прыладкаваўшыся ля камлёў Кедраў і Лістоўніц, Сланік просіць іх:
    — Дайце ж і мне хоць крышку сонца! Тыя, хоць і неахвотна, расступаюцца, прапускаючы праменьні сонца і яму. Такі закон тайгі: дапамагаць адзін аднаму, выручаць тых, хто трапіў у бяду, бо інакш і сам не выжывеш.
    Ён удзячны за гэта і прымае падарунак як неабходнае і належнае. Сланік п’е сонца, каб спачатку ўспыхнуць ледзь прыкметнай белай квеценьню, з якой паяўляюцца шышачкі, такія ж, як і хваёвыя. У шышачках сядзяць бочачкі гарошын-арэшкаў. Сланік сьпяшаецца, стараецца як мага больш выпіць сонца, каб высьпеліць арэшкі да наступленьня маразоў. Дзеля гэтага ён раскідвае ва ўсе бакі гронкападобныя мяцёлкі галінак, і тады кусты сланіку калышуцца, пераліваюцца, як хвалі на моры. Залюбавацца можна!
    Толькі Сланік ведае, што наперадзе яго чакаюць новыя выпрабаваньні. Калі раней ён хацеў, каб хутчэй высьпелі яго арэшкі, то цяпер, на зыходзе лета, дбае, каб іх пазбавіцца. Бо не хоча, каб дзеля арэшкаў хто-небудзь патурбаваў яго зімой.
    Скача з дрэва на дрэва Вавёрка. І Сланік, як толькі заўважыць, кліча яе:
    — Вавёрачка, Вавёрачка, паведамі сваім сястрычкам, няхай мяшэчкі з сабой возьмуць і да мяне за ласункамі бягуць.
    Вестка пра тое, што Сланік да сябе кліча, адразу ж разносіцца па ўсёй тайзе. І сьпяшаюцца да яго Вавёркі. Назад яны вяртаюцца з поўнымі мяшэчкамі арэшкаў-лузанцаў. Ёсьць на зіму запас!
    А Сланік пільна цікуе, каго б яшчэ да сябе запрасіць, ласункамі пачаставаць. Прабягае міма Собаль — Собаля кліча. Чалавек праходзіць — Сланік і яму аддае арэшкі разам з шышкамі. І толькі тады з палёгкай уздыхае, калі пустымі, як і вясной, стануць яго гронкападобныя мяцёлкі галінак.
    Тут ужо і сіверны вецер пачынае дзьмуць, і чуваць ужо, як трашчыць здаля Мароз:
    — Расступіцеся, я іду, рэчкі і азёры ільдамі скую, дрэвы вадзянымі слупамі зраблю, калі яны мне дарогі не саступяць.
    — Не дачакаесься, — горда заяўляе стогадовы Кедр.
    — І не думаю табе, Мароз, дарогу саступаць! — не здаецца гордая Лістоўніца. — А каб ты каля мяне зямлю не прамарозіў, я прыкрыю яе, — і скідвае долу свае зялёныя шаты.
    — А ты, Сланік, чаго маўчыш? — наступае Мароз.
    — Я... я нічога,— адказвае Сланік.— Я табе, Мароз, ніколі не замінаў дарогі і зараз перашкодай не стану. Прыхінуся да роднай зямліцы, ты цераз мяне і пакрочыш далей.
    — Толькі не замінай мне, — папярэджвае задаволены Мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва.
    Сланік сам разумее, што з марозам жарты дрэнныя. Не раздумваючы, расьцеляцца па зямлі, усім сваім целам шчыльна прыціскаецца да яе. Ведае, зямля ў крыўду не дасьць.
    Сонца ўжо даўно не відаць. Хмары завалаклі неба, нізка апусьціліся да зямлі. І адтуль гучыць напамінак:
    — Я — Сьнег Сьняговіч, на зямлю спускаюся, каб тоўстай белай коўдрай яе накрыць. Не засынайце, бо можаце пад маім пухавіком апынуцца.
    — Сып, Сьнег Сьняговіч, — лагодна дазваляе стогадовы Кедр, бо ведае, што той ухутае яго ногі ад Марозу.
    — Ты мне таксама шкоды не наробіш, — дадае гордая Лістоўніца.
    Сланік жа сьцішыўся, маўчыць, яшчэ шчыльней да зямлі прыціснуўся, каб неўпрыкметку яго Сьнег Сьняговіч пад свой пухавік ад Марозу схаваў. Як разьлічыў Сланік, так і выйшла: шчодры Сьнег Сьняговіч не пашкадаваў пуху, ухутаў яго з ног да галавы, зраўняў навокал мясцовасьць, што нават спрактыкаванае вока адразу не прыкмеціць, дзе Сланік на зіму схаваўся. Вецер Вятровіч між дрэў шастае, яго дачка Мяцеліца-Завіруха сьнегам шпурляе, Мароз як непрыкаяны блукае, наганяючы страх на Зьвяроў і Дрэвы, а Сланік і ў вус не дзьме, яму ўтульна ў сваёй схованцы.
    Доўга цягнецца суровая якуцкая Зіма. Толькі ў маі Сонца адганяе прэч Мароз, Сьнега Сняговіча і іх спадарожнікаў, Ветра Вятровіча і Мяцеліцу-Завіруху. Яны пасьпешліва адступаюць ажно ў самы цэнтар Ледавітага акіяна. На схілы сопак і ў даліны прыходзіць імклівая, бурлівая якуцкая Вясна.
    Прачынаецца і Сланік, які ўсю зіму праляжаў пад сьнегам. Ён паступова падымаецца, выпростваецца, ва ўсе бакі раскідвае гронкападобныя мяцёлкі галінак, п’ючы імі сьвятло, працірае вочы, умываецца веснавым дажджом і з цікаўнасьцю паглядае навокал...
    — Спадабалася табе казачка? — пытаецца цётка Вера.
    — Ой, як цікава! — шчыра прызнаецца дзяўчынка.
    Наташа з удзячнасьцю глядзіць на “цётку” Веру і вельмі рада, што сустрэлася такая цікавая спадарожніца. Андрэй таксама ўвесь час, калі паміж ёю і “цёткай” пачынаецца гаворка, нахіляецца да іх сядзеньня, каб паслухаць, пра што расказвае Вера Агафонава.
    Не даяжджаючы да моста, што перакінуты цераз рэчку, аўтобус спыніўся, і вясёлы шафёр, расчыніўшы дзьверы, гучна аб’явіў:
    — Рэчка Цыганка. Такой чыстай вады, як у ёй, ва ўсім сьвеце не знойдзецца. Не вада — бальзам. Прашу паспытаць. Пасьля заўсёды будзеце прыяжджаць сюды, каб напіцца.
    Вада ў рэчцы і сапраўды такая празрыстая, відаць камяністае дно, па якім лянотна плывуць невялікія рыбіны. Як даведалася Наташа, рыбіны называюцца харыюсам, і яны некалі для якутаў і эвенкаў былі асноўным харчам. Спадабалася Наташы і вада. Пасьля гарачыні яна здалася такой халоднай, што ажно зводзіла сківіцы.
    — Вось тут праходзіць граніца паміж Амурскай вобласьцю і Якуцкай АССР, — тлумачыла Вера Агафонава. — Адсюль да нашай Залацінкі рукой падаць — усяго нейкіх сто кілямэтраў.
    І сапраўды гэтыя сто кілямэтраў прамільгнулі непрыкметна.
                                                                             Залацінка
    — Пасёлак Залацінка, — сказала “цётка” Вера.
    Наташа колькі ні ўглядалася, ніякага пасёлка не прыкмячала. Сопка, каля якой спыніліся, была пакрыта лістоўніцамі. Там-сям віднеліся прасекі, у адным месцы ўзвышаўся новы зруб. На схіле сопкі ў рад былі пастаўлены дзесятка паўтара вагончыкаў. Ад аднаго з іх нехта ледзь не подбежкам накіраваўся да аўтобуса.
    — Татачка! — кінулася насустрач яму Наташа.
    Пётр Серафімавіч, радасна ўзбуджаны сустрэчай, павёў сваіх у вагончык, што стаяў на ўскрайку.
    — Нам ажно паўвагончыка выдзелілі,— дзяліўся ён радасьцю з жонкай, сынам і дачкой. — Жыльлё гэта часовае, неўзабаве ў сапраўдныя кватэры пераселімся. Дамы пачалі ўжо будаваць. І года не пройдзе, як тут вырасьце сучасны пасёлак.
    — А дзе школа? — запыталася Наташа.
    — І школу заканчваем будаваць, — адказаў бацька.— Вунь бачыш зруб? Засталося толькі накрыць дахам і атынкаваць усярэдзіне.
    — Але ж да пачатку заняткаў каля двух месяцаў засталося, — заўважыў Андрэй.
    — Нічога, сынок, управімся.
    Неўзабаве пасьля іх прыезду перасяліліся з палатак у новыя будынкі клюб “Маладосьць”, сталовая, прамтаварны, прадуктовы і гароднінны магазыны, пякарня. Там, дзе яшчэ нядаўна шумела тайга, пралеглі вуліцы. Паабапал вуліц — дыхтоўныя дамы, у адным з якіх пасяліліся і яны.
    Рос пасёлак Залацінка. У красавіку 1975 года камсамольска-маладзёжны атрад імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі высадзіўся тут, каля шасьцідзесятай, самай халоднай паралелі Якуціі. Усё было нязвыкла для іх: і лістоўніцы, што голымі пікамі нацэлены ў неба, і глыбокі сьнег, і моцны мароз, і жыльлё ў вагончыках. Ад цямна да цямна гулі трактары, робячы падсыпку пад будучыя збудаваньні. Падсыпаць так званую падушку даводзілася да чатырох і пяці мэтраў таўшчынёй, каб выраўняць паверхню ўчастка, прыкрыць вечную мерзлату, якая часам давала пра сябе знаць. Вось што было, напрыклад, з першым домам, пад які яны, як і ў Беларусі, вырашылі закласьці падмурак. Выкапалі катлаван і толькі тады зразумелі: што прыгодна ў родным краі, тут ніяк не падыходзіць. Катлаван адразу “ажыў”, пачала, як праз рэшата, сачыцца вада і неўзабаве ператварылася ў наледзі.
    Давялося адмовіцца ад фундамэнтаў. Пачалі ставіць дамы на палях. А палі забіць не так проста. Вечная мерзлата і тут ставіла будаўнікам на кожным кроку падножку. Дзень і ноч па ўсёй будучай Залацінцы гарэлі вогнішчы. З іх дапамогай адтайвалі мерзлату, каб выкапаць ямкі, у якія ставілі і ўтрамбоўвалі падмурачныя палі.
    Так паявіўся праспэкт Мікалая Кедышкі, ад якога пасьля ў розныя бакі разьбегліся вуліцы Мінская, Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская, імя Беларускіх партызан.
                                                                  Першы званок
    Наташа амаль кожны дзень бегала паглядзець, як будуецца школа. Там разам з усімі працавалі і бацькі. Муляры, тынкоўшчыкі фарбавалі, бялілі клясы, цесьляры і сталяры ўстаўлялі вокны, дзьверы, абшалёўвалі вуглы, папраўлялі дах.
    Першы дзень вучобы выдаўся незвычайны: усё навокал было заслана белым абрусам. Сьнег першага верасьня! Напісаць сваім у Калінкавічы, дык не дадуць веры. Нязвыкла было гэта для Наташы, як і для яе аднагодкаў, што прыехалі сюды са сваімі бацькамі з далёкай Беларусі. Вунь крочаць па вуліцы Юрка і Сяргей Дворкіны — аднагодкі Наташы. Будуць вучыцца з ёю ў адным клясе. Землякі. Прыехалі з Гомеля. Наташа пасябравала з Юркам і Сяргеем, калі будавалася школа.
    Ва ўсіх сьвяточны настрой. Дырэктар школы, Анатоль Міхайлавіч Сяроў, шчыра павіншаваў усіх з пачаткам навучальнага года.
    — Бацькі вашы будуюць БАМ, — зьвяртаючыся да вучняў, казаў ён, — працуюць шчыра, хораша. І вы павінны выдатна вучыцца, каб быць вартымі іх. Посьпехаў вам!
    Пасьля выступалі сакратар парткома поезда Іван Фёдаравіч Шамякін, брыгадзір будаўнікоў камсамолец Васіль Жураўскі. Нарміроўшчыца Надзея Лушчык нават прачытала свой новы верш, які напісала раніцой. Наташа запомніла радкі:
                                                                Пішу пісьмо сягоньня маме,
                                                                А за акном бялюткі сьнег.
                                                                У нас ужо зіма на БАМе
                                                                Са старту узяла разьбег.
                                                                            Пабрацімы
    “...А яшчэ мы хочам вам напісаць пра сустрэчу, якая нядаўна адбылася ў нашай таежнай школе”, — Андрэй перастаў пісаць і паглядзеў на сястру. Наташа, прагледзеўшы чарговы сьпісаны лісток з вучнёўскага сшытка, таксама глянула на брата, нібы пытаючыся: ну, чаго спыніўся? Той зразумеў яе і сказаў:
    — Мы ж паведамлялі ўжо ў нашу Калінкавіцкую школу, што беларускі камсамольска-маладзёжны атрад носіць імя праслаўленага мінскага падпольшчыка Мікалая Кедышкі.
    — Так, — пагадзілася Наташа,— толькі мы не напісалі, што ў атрад на правах будаўнікоў БАМа залічаны і Мікалай Кедышка, і якут Фёдар Папоў.
    — І пра сувязь бамаўцаў з землякамі Фёдара Папова таксама нічога не пісалі, — падхапіў Андрэй.
    — Не пісалі і пра сувязь якутаў з беларусамі,— дадала Наташа.
    — Сапраўды. Давай падрабязна ўсё апішам так, як расказвалі пра гэта ў школе Васіль Жураўскі і Аляксандр Дзідзенка, — прапанаваў брат.
    — Каб беларускія школьнікі мелі ўяўленьне аб жыцьці і працы на БАМе, — заўважыла Наташа.
    У той вечар у кватэры Майсеевых доўга не выключалі сьвятло. Андрэй старанна выводзіў радок за радком, разам з сястрой удакладняў у бацькоў некаторыя дэталі. У Калінкавічы было напісана пісьмо, якое мы тут перакажам сваімі словамі.
    ...Тайга стаяла, як непрыступная крэпасьць, панурая і таямнічая. Пад ціхім подыхам ветрыку ледзь прыкметна пагойдваліся вершаліны лістоўніц. Па пласкагор’і, што паступова падымаецца ўгору да Станавога хрыбта, калыхаўся нізкарослы кедравік-сланік — прытулак вавёрак і собаляў, дзе яны восеньню і зімою ласуюцца арэхамі.
    Адсюль, ад Партала, што ляжыць каля падножжа Станавога хрыбта, трэба было пачынаць прасеку і весьці яе на поўнач. З боку гор чуваць былі глухія выбухі, натужны гул матораў: гэта ўзрыўнікі і тунэлебудаўнікі “ламалі карак” Станавому, прабівалі пад ім чыгуначны тунэль даўжынёю больш чым тысяча дзьвесьце мэтраў.
    Хлопцы стаялі, зачараваныя суроваю красой сыбірскай тайгі, і не ведалі, з чаго пачынаць. Чатырнаццаць юнакоў, з якіх толькі два — Аляксандр Герман і Пётр Саўлевіч — раней мелі справу з лесараспрацоўкамі, узялі ў рукі бэнзапілы і сякеры, каб пайсьці ў наступ на тайгу. Яўген Шыян, шафёр, прыехаў сюды з Івацэвіцкага раёна. Суровая неабходнасьць БАМа, дзе спэцыяльнасьці не выбіраюць, змусіла зьмяніць руль машыны на сякеру і брэстаўчаніна Валерыя Аляксеева. Не ўяўляў, што такое лесапавал, і Мікалай Крук. Ды і сам брыгадзір Аляксандр Дзідзенка таксама ніколі не працаваў у лесе. Пасьля заканчэньня дзесяцігодкі пайшоў на завод. Апошнія гады перад БАМам працаваў у домабудаўнічым камбінаце мантажнікам і бэтоншчыкам.
    Шафёр усюдыхода Віктар Красоўскі прывёз іх сюды з Залацінкі, пасыгналіў на разьвітаньне і паехаў назад. Яны яшчэ крыху пастаялі, пакуль брыгадзір не падаў каманду:
    — Пачнём, хлопцы!
    Напярэдадні тут прайшлі разьведвальная партыя і геадэзісты. Яшчэ ўчора ўвечары, сустрэўшы Дзідзенку, Валянціна Макеева сказала:
    — Вызначылі вам, Саша, прасеку амаль да самай ракі Іенгры.
    Яны не лічылі сябе першапраходцамі, хоць на самой справе былі імі, як і хлопцы з разьведвальнай партыі, як і геадэзісты на чале з Валянцінай Макеевай. Таму што першыя патрывожылі ў гэтых мясьцінах спрадвечны спакой тайгі. З сякерамі ў руках наперадзе пайшлі Яўген Шыян і Валерый Аляксееў. Рабілі насечкі на дрэвах, пазначалі контуры будучай прасекі шырынёй у сорак мэтраў. Якая ж будзе яе даўжыня, і самі пакуль не ведалі.
    Звонкі перастук сякер абуджаў тайгу. Завывалі на розныя галасы бэнзапілы ў руках Аляксандра Дзідзенкі, Пятра Саўлевіча, Аляксандра Германа, Мікалая Крука... Перасьцерагальны вокліч, адбіўшыся ад хрыбта, разносіўся па навакольлі:
    — Сьцеражыся-я-я!
    І так дзень за днём, месяц за месяцам... Прасека, шырокая і роўная, абапал якой сьцяной стаяла некранутая тайга, крок за крокам адступала, ішла на поўнач. На прасецы і нарадзілася ў юнакоў думка залічыць у сваю брыгаду якуцкага хлопца з насьлега [паселішча] Бедымэ Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова.
    ...Пры жыцьці яны ніводнага разу не сустракаліся і адзін пра аднаго нічога не ведалі. Мінск, дзе нарадзіўся і вырас Мікалай Кедышка, і насьлег Бедымэ ў Якуціі, дзе нарадзіўся Фёдар Папоў, падзяляюць больш як дзевяць тысяч кілямэтраў. Але беларускаму хлопцу была блізкая тая далёкая зямля, што ляжала на ўзьбярэжжы Лены і Ледавітага акіяна. Гэтак жа дарагія былі прыдняпроўскія плёсы якуту.
    Калі над Радзімай навісла пагроза і фашысцкі бот стаў таптаць нашу савецкую зямлю, гэта нясьцерпным болем адазвалася ў сэрцах і беларускага і якуцкага хлопцаў. Мікалай Кедышка застаўся ў часова акупіраваным Мінску. Падпольшчык, важак моладзі, ён да апошняй хвіліны свайго жыцьця мужна змагаўся з ворагам і загінуў як герой.
    На дапамогу братам, што апынуліся ў бядзе, пайшоў хлопец з далёкай Якуціі. Фёдар Папоў у радах Савецкай Арміі змагаўся за вызваленьне Беларусі. У кастрычніку 1943 года падразьдзяленьне савецкіх воінаў прарвалася да Дняпра ля вёскі Дзяражычы, што ў Лоеўскім раёне. Камандзір прыняў рашэньне фарсіраваць раку. Наперадзе былі самыя спрытныя і сьмелыя. У ліку іх быў і якут Фёдар Папоў.
    Замацаваўшыся на правым беразе, дзевяць контратак адбілі за дзень Папоў і яго сябры. У гэтым няроўным баі Фёдар Папоў па-геройску загінуў. Яму пасьмяротна было прысвоена высокае званьне Героя Савецкага Саюза.
    На адным з першых камсамольскіх сходаў беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада брыгадзір комплекснай брыгады Віктар Марчанка, хвалюючыся, сказаў:
    — Наш атрад носіць імя славутага мінскага падпольшчыка Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. І мы вырашылі залічыць героя ў склад брыгады, каб ён разам з намі працягваў жыць і будаваць Байкала-Амурскую магістраль.
    Месяцам пазьней, калі трашчалі пяцідзесяціградусныя маразы і сьнег даходзіў да пояса, на адной з прасек, якую пракладвала пад будучую магістраль брыгада лесарубаў Аляксандра Дзідзенкі, брэстаўчанін Васіль Казак прапанаваў:
    — Вось мы, хлопцы, на якуцкай зямлі працуем. Ёсьць у якутаў Герой Савецкага Саюза Фёдар Папоў, які аддаў жыцьцё за вызваленьне нашай Беларусі.
    — А калі мы яго ў нашу беларускую брыгаду залічым? — паглядзеў на сяброў Сяргей Томскі, слуцкі хлопец, сьціплы, старанны працаўнік. — Вось і будзе: у брыгадзе Марчанкі беларус, а ў нас — якут...
    — І выклікаем на спаборніцтва брыгаду Марчанкі, — дружна падтрымалі яго таварышы.
    Назаўтра ў камітэт камсамола будаўніча-мантажнага поезда нумар 578, які быў створаны на базе першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі, ад брыгады лесарубаў Аляксандра Дзідзенкі паступіла заява з просьбай залічыць у склад іх брыгады Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова. Грошы, заробленыя імі, пералічваць на рахунак Якуцкага абкома камсамола і выкарыстаць на збудаваньне абэліска камсамольцам і моладзі Якуціі, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
    Патрыятычны пачын камсамольска-маладзёжных брыгад беларускага атрада знайшоў водгук сярод мясцовага насельніцтва. Неўзабаве ў Залацінку прыехала дэлегацыя з радзімы Фёдара Папова, з саўгаса, які носіць яго імя. Узначальваў дэлегацыю ганаровы грамадзянін Мегіна-Кангаласкага раёна Раман Гаўрылавіч Васільеў. Госьці пазнаёміліся з умовамі працы і побыту бамаўцаў, з іх дасягненьнямі, сустрэліся з членамі брыгады, у якую ўключаны іх герой-зямляк.
    Неўзабаве брыгадзір Аляксандр Дзідзенка і сакратар камсамольскага камітэта поезда Васіль Жураўскі па запрашэньню якуцкіх сяброў наведалі саўгас імя Фёдара Папова. Беларускім юнакам з берагоў Прыпяці і Сьвіслачы цікава было пазнаёміцца з мясьцінамі, дзе нарадзіўся і вырас якуцкі хлопец, які аддаў сваё жыцьцё за свабоду і незалежнасьць Савецкай Радзімы.
    Самалёт АН-24, адарваўшыся ад узлётнай паласы аэрапорта Чульман, узяў курс на Якуцк. З левага боку, нібы перасьпелы гарбуз, вісеў месяц. Наперадзе ва ўсю шырыню гарызонту разгараўся заранак, хоць па мясцоваму часу было каля дзесяці гадзін вечара.
    — Над Якуцкам цяпер белыя ночы, — растлумачыў беларускім хлопцам сусед. — Водсьвет іх даходзіць і сюды...
    На таксі Аляксандр Дзідзенка і Васіль Жураўскі даехалі да якуцкага рачнога порта, адкуль у шэсьць гадзін раніцы меліся на цеплаходзе-пароме пераплыць на другі бераг Лены. Рака ляжала перад імі ва ўсёй магутнай красе — другога берага яе не было відаць. Крыху воддаль ад рачнога порта стаялі на якары акіянскія судны.
    — Вось гэта шырыня! — вырвалася ў Васіля Жураўскага. — А я па наіўнасьці думаў, што шырэй, як наша Прыпяць, на сьвеце і рэк няма. Гэта ж падумаць — дзесяць кілямэтраў!
    Цеплаход паволі, нібы нехаця, адчаліў ад берага. Міма праплыла набярэжная, па якой можна было прачытаць біяграфію Якуцка: высокія сьветлыя пяціпавярховыя камяніцы раптам саступілі месца драўляным будынкам семнаццатага стагодзьдзя. Менавіта тады на берагі Лены ступілі ўпершыню енісейскія казакі на чале з сотнікам Пятром Бякетавым і заснавалі на зямлі намскіх якутаў у 1643 годзе горад. У тым жа годзе Якуція ўлілася ў склад Расійскай дзяржавы.
    Цеплаход тым часам, абмінаючы акіянскія судны, плыў наперад, да другога берага. Усё было цікава для беларускіх хлопцаў: панарама старажытнага і зусім маладога Якуцка, акіянскія судны, што задумёна пагойдваліся на хвалях, пасажыры цеплахода, сярод якіх былі людзі розных нацыянальнасьцей.
    Не пасьпелі яны ступіць на зямлю, як да іх падбегла дзяўчына з раскосымі вачамі, смуглявым тварам, з доўгай касою да пояса.
    — Вы будзеце з БАМа? — спыталася яна. Хлопцы не адводзілі зачараваных позіркаў з прыгажуні. Тая нават крыху сумелася.
    — Галоўны заатэхнік саўгаса імя Папова, Роза. — І, крыху счакаўшы, дадала: — Роза Мікалаеўна. Даўно вас чакаю. Паедземце. Спачатку ў наш раённы цэнтар Мая.
    У кабінэце сакратара Мегіна-Кангаласкага райкама партыі Івана Гаўрылавіча Цімафеева, куды іх прывяла Роза Алексеева, сабраліся члены бюро. Сярод іх былі пляменьнік Фёдара Папова старшыня райвыканкама Міхаіл Ягоравіч Папоў, стары знаёмы бамаўцаў, ганаровы грамадзянін раёна Раман Гаўрылавіч Васільеў, дырэктар саўгаса імя Фёдара Папова Іван Ягоравіч Вінакураў, сакратар парткома гаспадаркі Іван Інакенцьевіч Каракін і сакратар камсамольскай арганізацыі Анастасія Варламава.
    — Рады бачыць мужных будаўнікоў БАМа на нашай зямлі! — шчыра павітаў Васіля Жураўскага і Аляксандра Дзідзенку сакратар райкама.
    Завязалася шчырая гутарка. Госьці расказалі, як жывуць, працуюць і адпачываюць будаўнікі БАМа, падзяліліся плянамі на будучыню. Гаспадары паведалі, як працоўныя раёна змагаюцца за выкананьне плянаў пяцігодкі, якія пэрспэктывы разьвіцьця раёна. Вялікае ўражаньне на беларускіх хлопцаў зрабіў расказ дырэктара саўгаса І. Я. Вінакурава. Гаспадарка займае тэрыторыю каля 39 тысяч гектараў, мае каля 19 тысяч гектараў пашы, столькі ж тысяч гектараў ворыва.
    — Якое ж ворыва можа быць на вечнай мерзлаце? — спытаўся Васіль Жураўскі.
    — Звычайнае, — адказаў дырэктар саўгаса. — На нашай вечнай мерзлаце ва ўмовах кароткага якуцкага лета мы зьбіраем з гектара па дванаццаць цэнтнэраў збожжавых і па сто дваццаць цэнтнэраў бульбы. У нас пасьвіцца больш як дзьве тысячы кароў, звыш трох тысяч коней. Гаспадарка штогод прадае дзяржаве каля тысячы тон мяса і амаль дзьве з паловай тысячы тон малака.
    Пасьля беларускія хлопцы пабылі на конных скачках, якімі звычайна пачынаецца сьвята сенакосу “Ысыах”, паглядзелі вольную барацьбу на прыз першага арганізатара гэтых спаборніцтваў у Якуціі Мікалая Тарскага, агледзелі экспанаты краязнаўчага музэя і музэя спартыўнай славы, створанага Раманам Гаўрылавічам Васільевым.
    Спэцыяльная заля ў краязнаўчым музэі прысьвечана ўкладу насельніцтва раёна ў перамогу над фашысцкай Германіяй. Хоць амаль за дзесяць тысяч кілямэтраў грымела вайна, водгульле яе выразна было чуваць і тут. Мужчыны змагаліся на франтах, з прызваных у армію кожны трэці, як і Фёдар Папоў, аддаў сваё жыцьцё за свабоду і незалежнасьць Радзімы. Людзі чым маглі дапамагалі фронту. Яны сабралі ў фонд абароны больш як 246 тысяч рублёў грошай, 920 тысяч рублёў аблігацыямі, адправілі фронту пяць тысяч цёплых рэчаў і на 91 тысячу рублёў індывідуальных пасылак. Каля 29 тысяч рублёў было сабрана сем’ям загінуўшых воінаў і амаль столькі ж на аднаўленьне гаспадаркі вызваленых раёнаў.
    Сустрэчы, сустрэчы, сустрэчы... Шмат іх было на мегіна-кангаласкай зямлі. Госьці з БАМа пабылі ва ўсіх аддзяленьнях саўгаса імя Фёдара Папова, знаёміліся з побытам і працай яго землякоў, сустракаліся і гутарылі з перадавікамі вытворчасьці, пабывалі ў школе, у якой ён вучыўся, у мясьцінах, дзе ён нарадзіўся і вырас. Як памяць тых гадоў захоўваецца юрта ў мясцовасьці Атыр Цірыітэ, непадалёку ад якой на аласе — роўнай паляне — стаіць пацямнелы ад часу слуп з лістоўніцы, які ўкапаў, паводле якуцкага звычаю, Фёдар Папоў, ідучы на фронт. Побач узвышаецца новы слуп. Яго паставілі студэнты Якуцкага унівэрсытэта, што ўлетку працавалі ў саўгасе. Усяго ж Васіль Жураўскі і Аляксандр Дзідзенка налічылі пяць такіх нацыянальных помнікаў у памяць пра героя.
    Наша зямля навечна параднёная з беларускай, — казаў Міхаіл Ягоравіч Папоў. — На беларускай зямлі геройскай сьмерцю загінуў мой дзядзька Фёдар Кузьміч Папоў. Мы дружым з Лоеўскім раёнам Гомельскай вобласьці, Лоеўскі раён — з нашым. Беларускія браты неаднойчы гасьцявалі ў нашых мясьцінах, мы былі ў Лоеве і ў Дзяражычах.
    Сярод тых, хто наведаў Лоеўшчыну, і цяперашні сакратар Мегіна-Кангаласкага райкама партыі Іван Гаўрылавіч Цімафееў, старшыня райвыканкома Міхаіл Ягоравіч Папоў. Хлебам-сольлю сустрэлі іх гасьцінныя беларусы. Да глыбіні душы расчуліла гасьцей прывітаньне на якуцкай мове, якое пачулі яны ў Лоеўскай сярэдняй школе ад беларускай піянэркі. На тэматычным вечары, прысьвечаным Якуціі, лоеўскія школьнікі згадалі далёкі край, які з кожным годам маладзее, прыгажэе. Гаварылася на вечары і аб тым укладзе, які ўнесла Якуція ў перамогу над ворагам. Трынаццаць якутаў удастоены званьня Героя Савецкага Саюза, і сярод іх — Фёдар Кузьміч Папоў.
    Сумна сьпяваў хамус каля магілы ў Дзяражычах, дзе сьпіць вечным сном Фёдар Папоў. Глуха ўздыхаў унізе Дняпро. Вечаровы паўзмрок паціху спускаўся на зямлю. Навокал было ціха і спакойна. Нядаўна прайшоў дождж, і з шурпатых галін акацый час ад часу зрываліся важкія кроплі, глуха падалі на бэтонныя пліты, на кветкі, што расьлі на магіле Герояў Савецкага Саюза. Тут пахаваны рускія Мікалай Іванавіч Міхайлаў, Аляксей Пятровіч Еўдакімаў, Барыс Васільевіч Самсонаў, Васіль Рыгоравіч Пічугоў, казах Ідрыс Ургенішбаеў, узбэк Абдула Дзекамбаеў, якут Фёдар Кузьміч Папоў. Нібы на паверцы, гучаць імёны людзей розных нацыянальнасьцей нашай неабсяжнай краіны.
    Аддаўшы даніну памяці тым, хто загінуў, чалавек думае аб будучыні, яшчэ лепшай і прыгажэйшай. Гасьцям вельмі спадабалася Лоеўскае пэдвучылішча, і яны пажадалі, каб якуты з саўгаса імя Фёдара Папова набылі тут спэцыяльнасьць настаўнікаў. Неўзабаве з далёкага Мегіна-Кангаласкага раёна прыехалі ў Лоеў вучыцца Таня Пятрова, Ліна Ахлопкава, Валя Ларыёнава і Люда Зараўняева.
                                                                               * * *
    ...Узрушаныя гасьціннасьцю якутаў, вярталіся Васіль Жураўскі і Аляксандр Дзідзенка на БАМ, каб расказаць сябрам пра чутае і ўбачанае.
    І зноў чатырнаццаць чалавек, з якімі нябачна прысутнічаў і Герой Савецкага Саюза Фёдар Кузьміч Папоў, рушылі ў тайгу.
    Не было розьніцы паміж брыгадзірам і радавымі членамі брыгады. Адна толькі прывілея была ў брыгадзіра — як мага лепш працаваць, каб і іншыя працавалі гэтак жа. Калі дайшлі да ракі Іенгры, брыгада атрымала новае адказнае і тэрміновае заданьне: пабудаваць і абсталяваць разьезд Сіліп.
    У поўным складзе высадзілася брыгада ля падножжа Янканскага хрыбта. Тая ж вечная мерзлата, што і ля хрыбта Станавога.
    Тэрмін прысьпешваў: сем месяцаў! Будаўнічага вопыту большасьць хлопцаў не мела, калі не лічыць Аляксандра Дзідзенку. Асабліва цяжка далося будаўніцтва панэльнага дома. Панэлі, як вядома, трэба зварваць. Зваршчыкаў у брыгадзе не было. Тады гэтую прафэсію пачынаюць асвойваць Мікалай Гушляк і Сяргей Томскі. І яны авалодалі ёю, і справіліся з работаю: разьезд пабудавалі ў тэрмін, прыёмная камісія прыняла яго з адзнакай “выдатна”.
    Зноў у тайгу... Зазьвінелі сякеры, загулі бэнзапілы. Брыгадзір павёў сваіх хлопцаў наперад. Праўда, няма ўжо сярод іх вопытнага лесасека Яўгена Шыяна. Затое ёсьць вопытны тралёўшчык Яўген Шыян: як толькі прыгналі ў брыгаду тралёвачны трактар, ён сеў за яго рычагі. Пайшоў працаваць па спэцыяльнасьці і шафёр першага кляса Валерый Аляксееў.
    Новае, слаўнае папаўненьне прыйшло ў брыгаду: прыехаў на БАМ са Слуцка Васіль Казак. Пастаўскі хлопец Уладзімер Кабацура стаў лесасекам. Адслужыўшы ў арміі, прыйшоў у брыгаду Уладзімір Калінін з Гродна. Добра зарэкамэндаваў сябе з першых дзён і былы салігорскі шахцёр Мікалай Вярбіцкі.
    Рака Іенгры за плячамі... Прасека далей і далей ідзе на поўнач Якуціі. І разам з беларускімі хлопцамі пракладвае шлях для будучай чыгункі якут Фёдар Папоў. Дзьвесьце — дзьвесьце пяцьдзесят працэнтаў зьменнага заданьня — такая штодзённая выпрацоўка кожнага члена брыгады. І хоць непрыступнай крэпасьцю здавалася спачатку тайга, мацней за яе аказаліся юнакі беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі. І яна скарылася іх настойлівасьці і маладой сіле.
                                                                     Сінявокая краіна
    Андрэй з некаторага часу пачаў весьці дзёньнік. Усё ўбачанае, перажытае і пачутае ён занатоўваў. Цяпер юнак запісвае свае ўражаньні ад паездкі ў аэрапорт Чульман, што знаходзіцца ад Залацінкі на адлегласьці больш васьмідзесяці кілямэтраў на поўнач: “Першае, што кінулася ў вочы ў аэрапорце Чульман, гэта камяністая глеба. Глебы амаль няма, усюды камень, нават на дарозе, якая вядзе ў гарадок, што асядлаў наравістую горную раку Чульман. З каменя складзены і пакрыты тоўстым пластом моху сопкі, на якіх, ухапіўшыся карэньнем за скалы, цудам трымаюцца лістоўніцы. Камяністыя і вуліцы гарадка. І калі па іх праяжджае машына, узьнімаецца воблака пылу. Пыл, нібы попел, шэры і вельмі непрыемны.
    Шафёр, з якім я ехаў, па нацыянальнасьці бурат, працуе ў камбінаце “Алданзолата”. Мы праехалі паваротку ў новы горад Нерунгры, пасёлак Сярэбраны Бор, дзе будуецца адна з буйнейшых у Якуціі цеплаэлектрастанцый, станцыю Беркакіт, да якой дайшла ўжо чыгунка, і тут здарылася непрадбачанае: кола машыны наскочыла на востры камень і стрэліла на ўсю начную тайгу. Вылезьлі з машыны, агледзеліся. Вечаровы змрок ахутаў дарогу, агароджаную цёмнай сьцяной лесу. Навокал стаяла цішыня. З непрывычкі ад усяго гэтага жудасна і трывожна рабілася на душы. Здавалася, вось-вось расхінецца сьцяна лесу і адтуль выйдзе гаспадар тайгі — буры мядзьведзь... Да ўсяго ж было і холадна: вечная мерзлата напамінала пра сябе.
    — Будзем начаваць, — сказаў шафёр. — Заўтра раніцай заменім кола і паедзем далей. Тут да Залацінкі кілямэтраў дзесяць засталося.
    Крыўдна, вядома, было, што не даехалі. Нічога не зробіш: начаваць дык начаваць. Сярод бяскрайняй тайгі, на вышыні дзьвюх тысяч мэтраў над узроўнем мора стаяла наша машына, у кабіне якой разьмясьціліся на начлег бурат і беларус. Кароткая дарога, якую мы адолелі, зблізіла і нават здружыла нас. Дарэчы, адзначу: тайга наогул хутка збліжае людзей, бо аднаму змагацца з ёю не пад сілу.
    Выдалася незвычайная раніца. Нас разбудзіў шматгалосы сьпеў птушак. Птушкі, здавалася, сьпявалі ўсюды, і галасы іх былі чыстыя і звонкія, такіх я зроду не чуў. Непадалёк ад дарогі зьвінеў ручай. Чыстая крынічная вада, як срэбра, пералівалася пад сонцам.
    Сьціплыя зьвесткі падручніка школьнай геаграфіі ніяк не могуць дамаляваць уяўленьня пра бязьмежныя сыбірскія прасторы, у тым ліку і пра Якуцію, дзе разам з усімі мае бацькі пракладваюць чыгунку так званага Малога БАМа.
    Што я ведаю пра гэту аўтаномную рэспубліку? Тое, што гэта велізарны край з высокімі горнымі хрыбтамі і бязьмежнымі раўнінамі тундры. Гэта мора тайгі і такое ж мора сьнегу зімой, гэта вечная мерзлата, якая не адтайвае нават на мэтар і летам. Гэта, нарэшце, пакрытыя срабрыста-жоўтым ягелем прасторы, на якіх пасьвяцца незьлічоныя статкі аленяў. Што яшчэ я ведаю пра Якутыю? Раней — гэта турма, астрог царскай Расіі, дзе адбывалі пакараньне дзекабрысты, Чарнышэўскі, народнікі, а пазьней — рэвалюцыянэры, бальшавікі. Цяпер — гэта край, які прачнуўся ад векавога сну і дзе знойдзена мноства карысных выкапняў: золата, алмазы, сьлюда, вугаль. Тут пабудавана і працуе ўжо каля трохсот буйных прамысловых прадпрыемстваў, сярод тайгі вырастаюць новыя гарады. Іх засяляюць людзі. Яшчэ я недзе вычытаў, што ў Якутыі налічваецца больш шасьцісот тысяч азёр, а рэк — вялікіх і маленькіх — каля трыццаці тысяч”.
    — Шэсьцьсот тысяч азёр і трыццаць тысяч рэк і рэчак! — у захапленьні выдыхнуў Андрэй. — Сінявокі, як і наша Беларусь, край! І што ні рэчка — жывая крыніца празрыстай вады! І што ні возера — унікальнае. Ну, як, напрыклад, Абалах. — Андрэй бываў на ім і многа чуў пра яго розных гісторый. Адна з іх, асьветленая сучаснасьцю, запала яму ў памяць надоўга.
    Старажылы расказваюць, што раней у гэтым возеры вельмі любілі купацца... мядзьведзі. Яно, нібы магнітам, прываблівала гаспадароў тайгі.
    Ідзе, значыцца, Міхайла Міхайлавіч зарасьнікамі маліны ды ажыны і раптам адчувае, што нешта ў яго сьпіна забалела.
    — Недзе скразьняком прахапіла, — злуецца сам на сябе Міхайла, з-за сваёй ляноты не ўбярогся. — Цяпер думай-гадай, як сьпіну вылечыць.
    І адразу сьпяшаецца на лясны тэлеграф, да Дзятла Цьверданоса, каб даведацца, у якую лясную лячэбніцу накіравацца са сваім радыкулітам.
    Дзяцел Цьверданос доўга не марудзіць. Узьлятае на дрэва, апіраючыся на хвост, адкідваючы назад галаву, пачынае выстукваць тэлеграмы ва ўсе навакольныя тэлеграфныя аддзяленьні. Сарока-Белабока ў гэты час на ўвесь лес звоніць, у якую бяду трапіў Міхайла. На ўсю моц працуе тэлефонная і тэлеграфная лясная сувязь. Неўзабаве з усяго навакольля перадаюцца парады, называецца канкрэтны адрас, дзе радыкуліт лечаць — возера Абалах. І канкрэтны маршрут: пяцьдзесят кілямэтраў на ўсход ад сяла Маі.
    Атрымаўшы неабходныя даведкі, Міхайла Міхайлавіч, вядомымі яму аднаму сьцежкамі, шыбуе па гэтым маршруце. На некаторы час ён замірае ад зьдзіўленьня: такой прыгажосьці, як тут, яму яшчэ не даводзілася бачыць. Перад ім, як акінуць вокам, ляжала возера. З усіх бакоў яно было акружана лесам, у якім лістоўніцы мірна ўжываліся з хвоямі. Стаялі прыгажуні бярозкі. Пахілыя берагі возера скрозь усыпаныя дробнай галькай, вада пералівалася і адсьвечвала ледзь прыкметнай смугой пад праменямі якуцкага сонца.
    Міхайла Міхайлавіч, заварожаны красою возера і навакольнай прыроды, на момант нават забывае, дзеля чаго ён сюды прыйшоў. І толькі рэзкі боль у сьпіне нагадвае пра хваробу. Патаптаўшыся яшчэ крыху на месцы, мядзьведзь нарэшце асьмельваецца зьвярнуцца да возера:
    — Возера Прыгажун, я многа вёрст адмераў, пакуль да цябе прытупаў. Ці не дапаможаш ты маёй бядзе?
    — А што за бяда ў цябе такая? — гакнуўшы аб бераг хвалямі, пытаецца возера Прыгажун.
    — Радыкуліт пракляты замучыў, — скардзіцца Міхайла Міхайлавіч.
    — Я тваю бяду сваёй вадой разьвяду. Нырай у мае хвалі, — лагодна запрашае возера Прыгажун.
    І гаспадар тайгі з асалодай нырае ў ваду, куляецца, плёскаецца, цешыцца. Пасьля, паляжаўшы на санцапёку, зноў вяртаецца ў возера. Так паўтараецца некалькі дзён запар. І адбываецца цуд: праз пэўны час боль у сьпіне як рукой зьнімае. Падбадзёраны прылівам новых сіл, Міхайла Міхайлавіч нізка кланяецца на разьвітаньне.
    — Дзякуй табе, возера Прыгажун, век не забуду тваёй ласкі.
    — Сваёй гаючай вадой я рада кожнаму дапамагчы, — адклікаецца хвалямі возера Абалах. — Раскажы пра гэта сваім сябрам.
    Удзячны Міхайла Міхайлавіч ідзе па тайзе і кожнаму стрэчнаму расказвае пра цудадзейную ваду возера Прыгажуна. Тыя ў сваю чаргу апавядаюць пра гэта сваім сябрам. Такім чынам, усе зьвяры і птушкі неўзабаве ведаюць, што ў сярэднім цячэньні ракі Лены, непадалёк ад сяла Мая, ёсьць такое возера, вада якога вылечвае ўсе хваробы. Варта толькі ў ім выкупацца.
    Па адзіночцы і чародкамі ляцяць на возера птушкі. Па тайзе ў напрамку Абалаха сьпяшаюцца малыя і буйныя зьвяры: ім таксама хочацца прыняць лекавыя ванны.
    Дачуўся і чалавек пра такія лекавыя ўласьцівасьці возера Абалах. Таксама пасьпяшаўся сюды. Першыя зьвесткі пра возера зьяўляюцца ў “Памятнай кніжцы Якуцкай вобласьці за 1891 год”. Але чалавеку мала скупых зьвестак. Ён хоча дакладна ведаць, які састаў вады, ад якіх хвароб можна вылечыцца. Праўда, такія досьледы правесьці ў часы царызму не ўдавалася.
    Маладая Савецкая рэспубліка, змагаючыся з іншаземнымі захопнікамі і ўнутранай контррэвалюцыяй, ужо ў 1918 годзе вырашыла раскрыць таямніцы возера Абалах і паставіць іх на службу народу. Сюды  прыехаў энтузіяст сваёй справы Ціт Ягоравіч Сосін. Крок за крокам, мэтар за мэтрам дасьледаваў ён возера, вывучаў, якія прымесі маюцца ў вадзе. І возера раскрыла свае таямніцы. Ціт Ягоравіч вызначыў, што мінэральныя гразі возера ўтрымліваюць на адзін кубічны мэтар вады да шасьцідзесяці грамаў вуглякіслай і двухвуглякіслай соды, значную колькасьць хлёрыстага натрыю, некаторыя злучэньні серы і жалеза. Вада ж у адным літры ўтрымлівае да дзесяці міліграмаў серавадароду.
    Падсумаваўшы свае назіраньні, Ціт Ягоравіч Сосін у пачатку 1935 году выступіў з дакладам аб лячэбных якасьцях возера Абалах. Ён абгрунтаваў, што неабходна пабудаваць курорт з гразелячэбніцамі, дзе трэба арганізаваць лячэньне ад рэўматызму, радыкуліту, поліартрыту.
    Неўзабаве сюды прыехалі будаўнікі. Абудзіўся маляўнічы бераг Абалаха гулам матораў, скрыпам пад’ёмных кранаў і пастукваньнем кельмаў. Кіпела работа, набывала размах будаўніцтва, расьлі карпусы курорта — аднаго з першых на Поўначы нашай краіны. І пятага жніўня 1935 года ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты курорт гразелячэбніцы Абалах, якому пасьля было прысвоена імя Ціта Ягоравіча Сосіна.
    За час, як існуе гэты курорт, у ім паправілі сваё здароўе дзесяткі тысяч жыхароў Поўначы. І людзі едуць і едуць сюды, каб спазнаць чарадзейнасьць азёрнай вады, каб, назапасіўшы сіл і здароўя, зноў вярнуцца да стваральнай працы ў сваім таежным краі.
    Калі ж на зямлю апускаецца змрок, не-не ды і выходзяць да возера з тайгі зьвяры, каб таксама паплаваць у яго хвалях.
    Абалах не крыўдуе ні на кога, ахвотна надзяляе ўсіх сваімі лекавымі чарамі. Такое яно возера — Прыгажун.
                                                              Падарожжа ў гісторыю
    — Вы жывяце і вучыцеся ў Якуціі, таму павінны ведаць не толькі сучаснае, але і яе гісторыю, — не раз падкрэсьліваў дырэктар школы гісторык Анатоль Міхайлавіч Сяроў.
    На ўроках гісторыі ён часта расказваў, як жылі народнасьці, што насяляюць тэрыторыю Якуцкай АССР, у далёкі дарэвалюцыйны час, як змагаліся за паляпшэньне свайго бяспраўнага становішча. Аднаго разу, вярнуўшыся з паездкі ў Якуцк і Мегіна-Кангаласкі раён, Анатоль Міхайлавіч прапанаваў:
    — Давайце зробім падарожжа ў гісторыю. Затаіўшы дыханьне, вучні слухалі пра гераічнае мінулае якуцкага народа... Пасярод сяла Мая — адміністрацыйнага цэнтра Мегіна-Кангаласкага раёна — стаіць незвычайнай формы старажытны сьвіран. Зруб складзены з таўшчэзнага круглага бярвеньня. Перад самым дахам ён пашыраецца, пасьля завяршаецца конусападобным дахам. Бярвеньні, на якіх трымаецца дах, выступаюць на чвэрць мэтра ад зруба з такім разлікам, каб той, хто засеў на гарышчы, мог не толькі бачыць, што робіцца каля сьцен, але і не даць магчымасьці падысьці да іх. З гарышча праз гэтыя адтуліны можна было не толькі страляць, паліваць гарачай вадой ці смалой тых, хто захацеў бы пранікнуць у сьвіран. Байніцы для стральбы зроблены як у самым зрубе, так і ў даху.
    Такія сьвірны ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя ў Якуціі будавалі купцы розных рангаў, баі і іншыя фэадалы, што нажываліся на поце мясцовага люду. Будавалі, каб абараніць свае скарбы ад пагрозьлівай народнай сілы, якая была ўвасобленая ў вобразе народнага героя Якутыі, бунтара Васіля Манчары. Ад насьлега да насьлега перадаваліся весткі аб тым, што Манчары зноў на свабодзе і набліжаецца да іх паселішча, каб пакараць багацеяў. І замыкаліся на ўсе замкі сьвірны, баі са сваімі прыслужнікамі засядалі на гарышчах са зброяй у руках, рыхтаваліся да непажаданай сустрэчы. Толькі так маглі ратавацца, бо Васіль Манчары дзейнічаў не адзін, з ім быў яго Якуцкі народ, які і сёньня помніць імя свайго нацыянальнага героя. У музэі Плятона Айунскага, што ў Якуцку, жыцьцю Васіля Манчары прысьвечаны амаль цэлы разьдзел. Многа матэрыялаў пра яго і ў краязнаўчым музэі сяла Мая.
    Што ж за асоба такая, Васіль Манчары? Чым ён так праславіўся? Якую службу саслужыў свайму народу? Каб адказаць на гэтыя пытаньні, вернемся на паўтара стагодзьдзя назад. Менавіта пра той час пісаў паэт Рылееў пра Якуцію ў сваёй паэме «Вайнароўскі»:
                                                                 Никто страны сей безотрадной,
                                                                 Обширной узников тюрьмы
                                                                 Не посетит, боясь зимы
                                                                 И продолжительной и хладной.
    Вялікай турмой Якутыя была не толькі для ссыльных рэвалюцыянэраў. Яна была турмой і для самога якуцкага народа. Бяспраўе, розныя хваробы, забабоны, шаманы, вялікая сьмяротнасьць сярод насельніцтва — такой была Якуція для якутаў. І над усім гэтым — баі і ненажэрныя купцы, якія за бясцэнак скуплялі набыткі паляўнічых. Не было ў якутаў і сваёй граматы. Клопат царскага ўрада пра адукацыю гэтага забітага народа зьвёўся к таму, што, паводле загаду Аляксандра II, у 1857 годзе выдалі эвангельле на якуцкай мове вагой ажно восем кіляграмаў.
    Аб тым, у якіх умовах жылі якуты ў дарэвалюцыйны час, сьведчаць экспанаты музэя народнага паэта Якутыі Плятона Аляксеевіча Айунскага. Вось юрта, дакладная копія той, дзе нарадзіўся і вырас будучы народны паэт. Гэта драўляная пабудова з гарызантальным дахам, над якім узвышаецца комін. Бярвеньні тут пакладзены не гарызантальна, як у зрубе беларускіх хат, а пастаўлены вэртыкальна, з нахілам, нібы ў будане. Таму плошча столі куды меншая, чым плошча падлогі. Для таго, каб у юрце было цяплей зімой, да яе ўпрытык ставілі хлявы, альбо, як іх тут называлі, хатоны. Жывёла, такім чынам, свабодна хадзіла і на той палове, дзе жылі людзі. Агонь у юрце гарэў суткамі, бо комін быў шырокі і не закрываўся юшкай. Замест шыбін устаўляліся льдзіны. Нават у самы сонечны дзень усярэдзіне было цёмна, надымлена. Стаяла густая пара ад дыханьня жывёлы. Уздоўж сьцен юрты стаялі нары, на якіх ляжалі шкуры дзікіх зьвяроў і аленяў, пасярэдзіне — драўляны стол. І заўсёды — надрыўны кашаль сухотных. Іх многа было ў тагачаснай Якутыі, як і сьляпых ад трахомы.
    У такіх умовах нарадзіўся і вырас у адным з насьлегаў за пятнаццаць кілямэтраў ад сяла Мая, на тэрыторыі сёньняшняга буйнейшага ў гэтых мясьцінах саўгаса імя Леніна, і Васіль Манчары. Сын паляўнічага і жывёлавода-вандроўніка, ён з малых гадоў палюбіў прасторы свайго суровага краю, яго просты і гасьцінны народ. І ўжо ў юнацкія гады не мог раўнадушна глядзець, як фэадалы-баі прыгнятаюць просты люд, чыняць над ім зьдзек. Таму ён зьбіраў вакол сябе такіх, як сам, рабіў набегі на паселішчы баяў, адбіраў у іх грошы і раздаваў беднякам.
    І разносілася ад насьлега да насьлега, ад юрты да юрты вестка:
    — Манчары на свабодзе. Ён ужо набліжаецца да нашых мясьцін.
    Беднякі выходзілі яму насустрач, запрашалі ў свае юрты і чумы, каб накарміць, абагрэць яго і яго спадарожнікаў. Перапалоханыя багацеі ў лютай злосьці скрыгаталі зубамі, узбройваліся і хаваліся ў свае сьвірны, каб там трымаць абарону. Царскія чыноўнікі і жандары зьбіваліся з ног, каб высачыць бунтара. Ён, непакорны і горды, як і сам народ, які нарадзіў і выхаваў яго, не скараўся, змагаўся да самага свайго скону. Яго сем разоў лавілі і судзілі, пяць разоў ён уцякаў з ссылак і турмаў. З шасьцідзесяціпяці гадоў свайго жыцьця дваццаць пяць правёў у турмах і ссылках, з іх дванаццаць гадоў быў прыкуты кайданамі да сьцяны ў якуцкім астрозе.
    Прыгожы і абаяльны скульптурны партрэт Васіля Манчары. На нас глядзіць чалавек, паводле слоў Антаніны Капцяевай, “з разлапістымі, нібыта ў палёце, брывамі, арліным носам, з шырокімі, трапяткімі ноздрамі. Такі чалавек мог пакарыць сваёй чалавечай абаяльнасьцю”.
    Такім ён запомніўся сучасьнікам, такім ён застаўся ў памяці нашчадкаў.
    Сьведчаньне гэтага — паэма Мацьвея Аляксандрава “Якут Манчары”, якая была надрукавана ў Грузіі ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Мацьвей Аляксандраў служыў у той час пракурорам у Якуцку. Аднаго разу яму даручылі весьці чарговае сьледства па справе Васіля Манчары. Царскі чыноўнік меркаваў сустрэць бандыта, “разбойніка з вялікай дарогі”, як атэставалі яго перад гэтым некаторыя з калег, а перад ім паўстаў ва ўсёй сваёй велічы абаяльны чалавек, змагар за правы свайго прыгнечанага народа, сапраўдны нацыянальны герой Якуціі. І сымпатыі пракурора, як ні парадаксальна, цалкам былі на баку “злачынца”. Гэта ён і выказаў у сваёй паэме. Вось урывак з твора:
                                                                 Слышно, люди говорят,
                                                                 Что отчаянный мой брат
                                                                 Из завода скрылся,
                                                                 Что Алдан он переплыл,
                                                                 Что в наслег свой приходил
                                                                 И на всех грозился.
                                                                 Говорят, что он идет
                                                                 И пальмý1 свою несет
                                                                 В гости к Борогону.
                                                                 Вот опять его скуют
                                                                 И, как зверя, приведут
                                                                 К улахан Тойону.
                                                                 Что-то будет? Бедный брат,
                                                                 Он ни в чем не виноват,
                                                                 Виновата сила.
                                                                 Притеснитель наш богат,
                                                                 А богач закону брат.
                                                                 Так издревле было.
                                                                 Но Манчары смел и зол,
                                                                 Как буран пустыни,
                                                                 Мести заревом облит...
                                                       1 Пальма — самаробны якуцкі меч.
    Для нас важна ў гэтай паэме тое, што царскі чыноўнік называе Васіля Манчары сваім братам, прызнае, што ён ні ў чым не вінаваты, а вінаваты той лад, дзе багаты эксплуатуе і прыгнятае беднага, дзе на баку багатых і закон і сіла.
    Апавяданьне Анатоля Міхайлавіча ўсхвалявала вучняў. Яны тут жа загаварылі пра тое, што добра было б і ў іх школе стварыць свой школьны музэй, у якім сабраць экспанаты пра будаўнікоў БАМа, і перш за ўсё — пра Герояў Савецкага Саюза беларуса Мікалая Кедышку і якута Фёдара Папова.
    Дырэктар школы горача падтрымаў сваіх навучэнцаў.
                                                                              Пасылкі
    Цяпер Наташа дакладна не можа сказаць, з чаго ўсё пачалося. Магчыма, з таго яе першага пісьма ў школу, у якой яна пачынала вучобу. Праўда, такія пісьмы сваім аднагодкам паслалі ў родныя мясьціны і многія іншыя вучні іх таежнай школы. Магчыма, усё пачалося з таго, што іх школу наведаў новы сакратар камітэта камсамола будаўніча-мантажнага поезда Васіль Жураўскі. Ён прыйшоў не адзін і не з пустымі рукамі. Камсамольцы-будаўнікі прынеслі пасылкі з кнігамі, якія атрымалі ад прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі ў дар будаўнікам БАМа.
    — Гэтыя кнігі мы вырашылі перадаць вашай школьнай бібліятэцы, — казаў Васіль Жураўскі. — Няхай яны будуць добрымі ластаўкамі з тых мясьцін, дзе вы нарадзіліся і да прыезду сюды вучыліся. Хацелася б, каб вы мацавалі сувязі з тымі мясьцінамі. Дарэчы, на пасылках ёсьць адрасы, адкуль прыйшлі кнігі. Добра было б, каб вы аддзячылі тым, хто паклапаціўся прыслаць вам кнігі.
    Пасьля гэтага і пайшла гаворка ў школе пра тое, каб наладзіць сувязі з іншымі школамі нашай Радзімы. Высьветлілася, дарэчы, што ў школе займаюцца дзеці амаль дваццаці нацыянальнасьцей. Неўзабаве на пасяджэньні Савета школьнай піянэрскай дружыны было вырашана стварыць свой інтэрнацыянальны школьны клюб, якому далі паэтычную назву “Жураўлік”. У склад савета клюба абралі і яе, Наташу Майсееву. Гэта з яе ініцыятывы ў школе арганізавалі спэцыяльны куток, дзе разьмяшчалася атрыманая карэспандэнцыя. Юныя бамаўцы паведамлялі сваім новым сябрам пра посьпехі ў вучобе, пра адпачынак, пра свой піянэрскі лягер на беразе ракі Іенгры. Пісалі аб тым, як чыгуначная магістраль усё далей і далей ідзе на поўнач, дзе знаходзіцца Нерунгрынскі вугальны разрэз.
    Пошта з кожным днём павялічвалася. Вось шчырае, поўнае рамантыкі пісьмо ад піянэраў атрада імя Зоі Касмадзям’янскай Аршанскай сярэдняй школы № 4. Цікавяцца жыцьцём і вучобай юных бамаўцаў, абяцаюць добра вучыцца, каб стаць сапраўднымі будаўнікамі.
    Цёплае, сардэчнае пісьмо прыйшло ад камсамольска-маладзёжнай брыгады камуністычнай працы Мінскага завода радыё- і тэлевізійных футаралаў, дзе паведамлялася, што за посьпехі ў працы брыгадзе прысвоена ганаровае званьне імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. “Вы жывяце і вучыцеся там, дзе працуе першы беларускі камсамольска-маладзёжны атрад імя Мікалая Кедышкі, — пісалі рабочыя брыгады, — таму павінны вучобай сваёй прадаўжаць працоўную эстафэту старэйшага пакаленьня”.
    Пра адну пасылку хочацца расказаць асобна. Яна прыйшла ў Залацінку з Омска, з інстытута ўдасканаленьня настаўнікаў. Загадчыца кабінэта біялёгіі Валянціна Шрам пісала: “Мы з юннатамі Омска сабралі насеньне кветак і хочам падарыць іх вам, каб вы вырасьцілі з іх прыгожы букет для будаўнікоў БАМа”.
    Члены клюба “Жураўлік” з удзячнасьцю прынялі гэты дарагі падарунак і даручылі Наташы пасеяць насеньне на спэцыяльна падрыхтаванай градцы. Кветкі вырасьлі і расьцьвілі ўпершыню на вечнай мерзлаце. Пэўна, ім перадалася сардэчная цеплыня сяброў.
                                                                         “СПАДЧЫНА”
    Той, хто бываў далёка ад родных мясьцін, добра ведае, як раптам трывожна-радасна пачынае біцца сэрца, калі сярод рознагалосай гамонкі людзей пачуеш нечакана нават не фразу, сказ, а адно-аднюсенькае роднае слова. Адчуваньне такое, нібы ты зноў ступіў на бацькоўскую зямлю. І адразу ж у галаве ўзьнікае мноства пытаньняў: хто і адкуль ён, той, што вымавіў слова на матчынай мове? Які лёс закінуў яго ў такую далеч? Чым ён займаецца? Ці не мае ў чым патрэбы і дапамогі?.. І неадольная сіла цягне цябе да земляка, каб паглядзець на яго, пазнаёміцца з ім, распытаць пра ўсё ці перакінуцца хоць адным-двума словамі...
    Нешта падобнае давялося перажыць і мне, калі разам з Васілём Жураўскім вярталіся з ракі Іенгры, дзе надвячоркам вудзілі харыюсаў. Рыба бралася, нібы на заказ. Не пасьпееш закінуць у раку вуду, на кручку ўжо сядзіць ладны харыюс, пасьпявай толькі выцягваць. За ціхай гамонкай і шчодрай рыбалкай не заўважылі, як добра сьцямнела.
    — Час дадому, — першым спахапіўся Васіль і тут жа дадаў: — Ну, і перападзе мне сёньня ад Вольгі. Казала ж, што ў іх рэпэтыцыя вечарам, прасіла, каб дома быў. Ат, нічога ўжо не выправіш, усё роўна спазьніўся, — і ён нібыта з роспачы махнуў рукой.
    Час і сапраўды быў позьні. У эвенскім пасёлку аленегадоўцаў, што сьвяціўся агнямі на другім беразе Іенгры, было ціха. Там толькі час ад часу перабрэхваліся сабакі. Пасёлак Залацінка, куды нам трэба вяртацца, быў закрыты ад нас сопкай, на якой густа расьлі лістоўніцы. Яны стаялі суцішана, нібы да нечага прыслухоўваліся, і таму здаваліся таямнічымі. І міжволі ў душы абуджаліся страх і трывога пры набліжэньні да гэтай суцэльнай цёмнай сьцяны. Але мы добра ведалі дарогу і ўпэўнена ішлі па сьцяжынцы, пратаптанай па тоўстым пульхным моху. Цішыня навокал стаяла непаўторная. Пэўна, толькі тут, у Сыбіры, бывае такая нямая цішыня, калі ні слабы подых ветру, ні шорах галін дрэў не парушаюць адвечнага спакою. Неба ж, як наўзьдзіў, было ўсыпана мноствам зорак, нібы ў яго нехта нябачнай рукой пазабіваў распаленыя дачырвана цьвікі.
    Мы крок за крокам адольвалі круты пад’ём на сопку. Тайга па-ранейшаму была панурая і маўклівая. Ад зямлі цягнула холадам, хоць стаяла лета. Вечная мерзлата прабівалася з зямлі і з надыходам вечара адольвала нагрэтае за дзень паветра. Чамусьці ўспомнілася наша Палесьсе, з яго парнымі ў такі час вечарамі, калі можна амаль да раніцы прасядзець на лавачцы і не адчуць прахалоды.
    — Тут наколькі сьпякотна летнім днём, настолькі халаднавата ўночы, — нібы адгадаўшы мае думкі, прагаварыў Васіль Жураўскі. Пэўна, і яму прыпомніўся яго нараўлянскі куток з вясёлымі вечаровымі забавамі на беразе паўнаводнай Прыпяці.
    Неўзабаве мы падняліся на сопку. Унізе ляжаў пасёлак, заліты электрычнымі агнямі. Агні пачыналіся за Амурска-Якуцкай магістральлю, беглі ўсё далей і далей улева і губляліся недзе каля ракі Халаднікан. Недасьведчаны чалавек ніколі б не даў веры, што яшчэ тры гады назад тут не было ні агнёў, ні пасёлка. Стаяла вякамі не кранутая тайга.
    Я прыслухаўся і раптам улавіў спачатку ціхую мэлёдыю вельмі знаёмай песьні. Яна даносілася ад пасёлка, узьнімалася ўсё вышэй і вышэй і плыла над сопкамі, над тайгой. Родная, блізкая, да болю знаёмая мэлёдыя чаравала.
                                                                 Ад прадзедаў спакон вякоў
                                                                 Мне засталася спадчына;
                                                                 Паміж сваіх і чужакоў
                                                                 Яна мне ласкай матчынай...
    І ўжо не тоячыся адзін аднаго, не баючыся, што нас можа хто-небудзь незнарок падслухаць, мы падхапілі ў два не вельмі суладныя галасы:
                                                                 Аб ёй мне баюць казкі-сны
                                                                 Вясеньнія праталіны,
                                                                 І лесу шэлест верасны,
                                                                 І ў полі дуб апалены.
    Мы, узрадаваныя, зачараваныя, расчуленыя да сьлёз, прыпыніліся на хвілінку на схіле сопкі, больш чым за дзевяць тысяч кілямэтраў ад тых мясьцін, дзе нарадзіліся і высьпелі гэтыя словы, сталі песьняй. Даляцела песьня да далёкай якуцкай зямлі, дапамагае людзям жыць і працаваць, навявае ўспамін аб родным краі.
                                                                 Аб ёй мне будзіць успамін
                                                                 На ліпе бусел клёкатам
                                                                 І той стары амшалы тын,
                                                                 Што лёг ля вёсак покатам...
    Песьня, як я здагадаўся, вырваўшыся праз расчыненыя вокны пасялковага клюба “Маладосьць”, плыла і плыла над тайгой, над Паўднёвай Якутыяй. Здавалася, таму прыціхлі лістоўніцы, суцішылася і затаіла дыханьне ўсё ў навакольлі, каб толькі даслухаць яе да канца, нічога не прапусьціць, запомніць, бо тое, аб чым у ёй сьпявалася, блізка было і гэтым сопкам, і сланіку, што ўчэпіста трымаўся на іх схілах, і лістоўніцам, і дзьвюм магістралям — Амурска-Якуцкай, што бярэ свой пачатак у трыццатых гадах, і Байкала-Амурскай, якая будуецца цяпер, а значыцца, і ўсім тым, хто жыве і працуе на гэтай багатай, вельмі багатай зямлі.
                                                                 І ў белы дзень, і ў чорну ноч
                                                                 Я ўсьцяж раблю агледзіны,
                                                                 Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
                                                                 Ці трутнем ён не зьедзены.
    Я быў зачараваны песьняю. І чым бліжэй мы набліжаліся да пасёлка, тым гучней чулася яе мэлёдыя і ўсё глыбей западала мне ў сэрца. Здавалася, што песьню выконвае не хто іншы, а наш праслаўлены вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Песьняры”. Але адкуль яму тут узяцца? Я ж увесь дзень быў у Залацінцы, і ніхто нават словам не абмовіўся, што прыедуць артысты. Ды і Васіль Жураўскі ведаў бы пра гэта.
                                                                 Жыве з ім дум маіх сям’я
                                                                 І сьніць з ім сны нязводныя...
                                                                 Завецца ж спадчына мая
                                                                 Ўсяго Старонкай Роднаю.
    Песьня скончылася. Мы прыпыніліся і маўчалі. Маўкліва стаялі лістоўніцы. Зоркі гарэлі ярка, пераміргваліся паміж сабой.
    — Усяго старонкай роднаю, — нарэшце, уздыхнуўшы, прамовіў Васіль. — Вось і гэтая зямля, куды мы прыехалі будаваць БАМ, стала нам таксама блізкай і дарагой старонкай. І ад нас залежыць, якую спадчыну пакінем мы нашым нашчадкам.
    — Хто так хораша сьпяваў? — асьмеліўся я спытацца. — Можа, артысты ў госьці прыехалі?
    — Не, гэта нашы самадзейныя артысты, — з гонарам адказаў Жураўскі. — Наш вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына”.
    — “Спадчына”? — вырвалася ў мяне.
    — Так, “Спадчына”, — пацьвердзіў Васіль. — Я ж казаў, што сёньня рэпэтыцыя, там і мая жонка Вольга.
    Мяне пацягнула ў клюб, захацелася пазнаёміцца з удзельнікамі вакальна-інструмэнтальнага ансамбля. Я пачаў упрошваць камісара атрада зараз жа зайсьці на рэпэтыцыю.
    — Давайце хоць рыбу дадому аднясём, — нарэшце пагадзіўся ён.
    І мы завіталі ў клюб. Слухалі зладжаную ігру музыкаў, вакальнае выкананьне беларускіх, рускіх, украінскіх, якуцкіх і іншых песень. Было прыемна ўсьведамляць: “Спадчына” сабрала пад сваё крыло людзей розных нацыянальнасьцей, улюбёных у мастацтва. І, вядома, захацелася больш падрабязна даведацца, з чаго ўсё пачалося, як удалося арганізаваць і згуртаваць калектыў, які тут, на БАМе, стаў прапагандыстам перш за ўсё беларускай песьні.
    Не адразу так зладжана і хораша гучала на якуцкай зямлі беларуская песьня. Яе, вядома, прывезьлі з сабой беларускія хлопцы і дзяўчаты. Яны ж і сьпявалі яе, ідучы на працу і вяртаючыся назад у свае вагончыкі. Сьпявалі разрозьнена. Ды і не да арганізацыі мастацкай самадзейнасьці было ў першыя месяцы, бо іншыя клопаты забіралі ўвесь час і ўсе сілы. Праўда, і змораная, моладзь зьбіралася ў сваім палатачным клюбе і пад гукі баяна Зьмітра Бараноўскага танцавала, сьпявала матчыны песьні. Юнакі і дзяўчаты былі ўдзячны свайму аднагодку з Магілёўшчыны.
    — Не ведаем, Зьмітро, што мы без цябе і рабілі б, — гаварылі яму кожны раз пасьля вечарынкі.
    Зьміцер, вядома, не адмаўляўся іграць. У час вечарынак прыглядваўся да хлопцаў і дзяўчат: хто з іх на што варты, бо задумаў стварыць ансамбаль.
    Першым, хто адгадаў намер Зьмітра Бараноўскага, быў гамяльчанін Фелікс Рыгоравіч Дворкін.
    — Думаеш мастацкую самадзейнасьць стварыць? — неяк запытаўся ён.
    — Яно, вядома, можна і самадзейнасьць, ды я думаю пра вакальна-інструмэнтальны ансамбаль. Ёсьць у нашым атрадзе добрыя музыканты, нават ударнік ёсьць — Пятро Багамолаў. Толькі музыкальных інструмэнтаў няма.
    — Трэба да камісара ісьці, усё абгаварыць, можа, што і прыдумаем з інструмэнтамі.
    Тагачасны камісар атрада Мікалай Бондараў ахвотна прыняў прапанову Зьмітра, разам абмеркавалі, якія музычныя інструмэнты трэба, каб стварыць ансамбаль. Тут жа напісалі пісьмо ў ЦК ЛКСМБ з просьбай дапамагчы ім.
    — Думаю, што нашу просьбу задаволяць, — сказаў камісар атрада. — Цябе з сёньняшняга дня назначаем адказным за ўсю музычную частку ў нашым будаўніча-мантажным поезьдзе.
    У хуткім часе з Беларусі прыйшлі музычныя інструмэнты для вакальна-інструмэнтальнага ансамбля. Колькі было радасьці ў маладых будаўнікоў БАМа! Больш за ўсіх радаваўся Зьміцер Бараноўскі: нарэшце ён можа ажыцьцявіць сваю мару — стварыць ансамбаль.
    Работы яму прыбавілася. Набліжалася сьвята Вялікага Кастрычніка. Камітэт камсамола прыняў рашэньне: да сьвята збудаваць і здаць у эксплуатацыю клюб “Маладосьць”. І пасьля ўрачыстага пасяджэньня даць сьвяточны канцэрт. Цяпер таго, хто прыяжджаў на будаўніцтва БАМа, пыталі, ці ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці, на якім інструмэнце іграе, якія песьні выконвае.
    Аднаго разу ў пакой, дзе разьмяшчаўся камітэт камсамола будаўніча-мантажнага поезда, зайшла чарнявая дзяўчына.
    — Каця, — назвалася яна, — Кацярына Іванаўна Булавіна, прыехала па камсамольскай пуцёўцы з Гомеля.
    — У мастацкай самадзейнасьці ўдзельнічалі? — першым запытаўся Зьміцер Бараноўскі.
    — Я закончыла Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут.
    Члены камітэта камсамола ажно прыўзьняліся з-за стала.
    — Браточкі, дык гэта ж якраз тое, што і трэба! — усклікнуў нехта з іх.
    Ад такога бурнага прыёму Каця разгубілася, пачырванела і толькі пераступала з нагі на нагу.
    — Ды вы не хвалюйцеся, сядайце, — прыйшоў на дапамогу Мікалай Бондараў.
    Калі першыя эмоцыі суцішыліся, Булавінай сказалі, што ў пасёлку Залацінка будуецца клюб “Маладосьць”. Загадчыка клюба няма. Няма рэжысёра вакальна-інструмэнтальнага ансамбля.
    — Я ж ехала будаваць чыгунку, а не песьні сьпяваць, — запярэчыла Кацярына Булавіна.
    — Вельмі пахвальна, — заўважыў Мікалай Бондараў. — Будаваць чыгунку і пасёлак у нас ёсьць каму. Арганізаваць культурны адпачынак людзей, навучыць іх сьпяваць — такіх спэцыялістаў пакуль няма.
    Так Кацярына Іванаўна Булавіна стала загадчыцай клюба, якога яшчэ, па сутнасьці, не было. Але трэба было ўжо цяпер клапаціцца, каб для будучага клюба завезьці неабходнае абсталяваньне. Справа была не з лёгкіх. Паўсюль на трасе БАМа высаджвалі дэсанты, як і ў Залацінцы, будавалі пасёлкі і культурна-бытавыя ўстановы. І ўсім патрэбны былі і мэбля, і іншае абсталяваньне. Вытворчыя ж магутнасьці мэблевых прадпрыемстваў былі абмежаваныя, бо выпускалі прадукцыю зыходзячы з ранейшага попыту. Кацярына Іванаўна паехала ў Белагорск, дзе ёй прапанавалі крэслы для клюба па 60 рублёў за кожнае. На такое яна не магла пагадзіцца, таму адтуль накіравалася на станцыю Вяземскую, дзе таксама ёсьць мэблевы камбінат.
    — Заказ на мэблю мы ад вас можам прыняць пры адной умове, калі яго нам уключаць у разнарадку.
    Давялося ехаць у Хабараўск, у абласное ўпраўленьне дрэваперапрацоўчай прамысловасьці і там “выбіваць” тую разнарадку. Затое мэбля і іншае абсталяваньне былі завезены ў тэрмін, і клюб у вызначаны час змог прыняць людзей.
    Гэта было пасьля. Спачатку ж Зьмітру Бараноўскаму і Кацярыне Булавінай трэба было стварыць ансамбаль, падрыхтаваць канцэрт да сьвята Кастрычніка. Здарылася, што чалавек, які прыехаў на будаўніцтва чыгункі, не быў яшчэ залічаны на працу, а ўжо ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці. Так было і з Раісай Мікалаеўнай Дворкінай. Прыехала яна з дзецьмі да мужа ў сярэдзіне ліпеня, не пасьпела як сьлед агледзецца, як яе ўжо ў ансамбаль запісалі.
    — Раіса Мікалаеўна, працаваць вы будзеце, а вось сьпяваць мы вас запрашаем адразу, — казаў Зьмітро Бараноўскі. — Гэта будзе ваша візытная картка на БАМе.
    І зазьвінеў прыгожы голас Раісы Мікалаеўны, адной з вядучых салістак ансамбля. Асабліва хораша яна сьпявала песьню Семянякі “Белая Русь”.
    У ансамбаль прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі — цясьляр Міхаіл Міхайлаў, работніца сталовай Валянціна Аляксеева, выхавальніцы рабочых інтэрнатаў Вольга Сазонава (цяпер Жураўская), Соня Емяльянава, здольнымі аказаліся саліст Павел Скавінскі, музыканты-выкладчыкі музычнай школы Валерый Гарабец і Вячаслаў Бабіч...
    Пакуль не было клюба, рэпэтыцыі праводзілі ў канторы будаўніча-мантажнага поезда. Тут жа сумесна вырашалі, як назваць свой вакальна-інструмэнтальны ансамбаль. Па прапанове Зьмітра Бараноўскага ансамбаль стаў называцца ёмістым беларускім словам “Спадчына”.
    — Дык гэта ж якраз тое, што характарызуе агульны зьмест нашага рэпэртуару, — падтрымала прапанову Кацярына Булавіна. — Сама назва гаворыць пра нашу непарыўную сувязь з роднымі мясьцінамі, адкуль мы прыехалі сюды.
    Тым часам набліжалася сьвята Вялікага Кастрычніка. Клюб “Маладосьць”, як і абяцалі будаўнікі, быў гатовы. Тых, хто хацеў трапіць на канцэрт сваіх самадзейных артыстаў, не магла ўмясьціць заля. У чаканьні хваляваліся гледачы. Хваляваліся і артысты: гэта ж быў іх першы канцэрт на якуцкай зямлі. Тым больш што на вечар былі запрошаны госьці з суседняга эвенскага аленегадоўчага саўгаса. Як яны прымуць беларускую песьню, ці зразумеюць яе? Яшчэ раз пераканаліся, што песьня не ведае граніц. Эвенкі гэтак жа горача прымалі кожны нумар, як і землякі-беларусы.
    На крылах песьні панеслася па трасе БАМа слава пра здольны малады калектыў “Спадчына”. Ужо на наступны год, у час першага Усесаюзнага агляду самадзейнага мастацтва, вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына” на раённым конкурсе ў горадзе Нерунгры заняў першае месца. Самадзейныя артысты з пасёлка Залацінка паехалі ў сталіцу Якуцкай АССР — адкуль вярнуліся з дыплёмам другой ступені. Загадчыца ж дзіцячага камбіната Раіса Мікалаеўна Дворкіна за выкананьне песьні “Белая Русь” была ўзнагароджана спэцыяльнай Граматай. Неўзабаве і Кацярына Іванаўна Булавіна на аглядзе мастацкай самадзейнасьці ў горадзе Тындзе атрымала спэцыяльны прыз за лепшую рэжысуру. На сьвяце песьні “Нерунгрынская вясна” ансамбаль заваяваў тры каштоўныя падарункі і тры Граматы.
    Посьпех у гледача. Узнагароды. Прызнаньне. За ўсім гэтым — карпатлівая праца ўсяго калектыву ансамбля, і перш за ўсё яго кіраўніка, магілёўскага хлопца Зьмітра Бараноўскага. Ён на далёкай якуцкай зямлі змог стварыць цудоўны ансамбаль, згуртаваць людзей, прывіць моладзі пачуцьцё гордасьці за родную беларускую песьню. І яна на ўвесь голас свой загучала над трасай БАМа, знайшла многіх прыхільнікаў.
    Кіраўнік ансамбля таксама рос са сваім калектывам, але адчуваў, што тых ведаў, якія ён меў, ужо мала. Таму аднаго разу зайшоў да новага камісара атрада Васіля Жураўскага і сказаў:
    — Хачу, Васіль, вучыцца.
    — Гэта пахвальна, — падтрымаў яго камісар. — На каго ж свой ансамбаль пакінеш?
    — Я не зьбіраюся яго пакідаць. Завочна хачу паступіць у Хабараўскі інстытут культуры.
    — Малайчына! — абрадаваўся Васіль Жураўскі. — Ад імя камітэта камсамола дадзім табе накіраваньне.
    Размова гэта адбылася ў 1978 годзе, тады ж Зьмітро Бараноўскі і паступіў у інстытут.
    ...I зноў вечарамі, вырваўшыся праз вокны клюба, плыве над якуцкай тайгой шчырая, задушэўная беларуская песьня:
                                                                 Жыве з ім дум маіх сям’я
                                                                 І сьніць з ім сны нязводныя...
                                                                 Завецца ж спадчына мая
                                                                 Ўсяго Старонкай Роднаю.

                                                                           МАГІСТРАЛЬ
                                                                               Валянціна
    Валянціна Макеева — ураджэнка горада Мазыра. Калі сяброўкі з праектна-разьведачнага інстытута “Белгіпрадор”, дзе Валянціна ў той час працавала інжынэрам, пераконвалі яе, што не дзявочая гэта справа будаваць БАМ, яна здзіўлена паглядзела на іх і адказала:
    — Добра, я не буду будаваць, вы не будзеце, хто ж тады БАМ пабудуе?
    Сёньня ёй не хочацца ўспамінаць пра гэта. Ды і часу няма.
    Засталіся лічаныя мінуты да адыходу аўтобуса на Тынду, дзе заўтра пачнуцца спартыўныя спаборніцтвы на першынство цэнтральнага ўчастка БАМа. ёй дапамагаюць сабрацца ў дарогу сяброўкі Надзея Лушчык і Раіса Дворкіна. Няма толькі Ніны Рачкоўскай: у Мінскім політэхнічным інстытуце яна здавала экзамэны за чацьвёрты курс.
    — Што ж, дзяўчаты, прысядзем на дарогу, — прапануе Надзея.
    — Каб нашай Валянціне і на гэты раз усіх перамагчы, — падтрымлівае Раіса.
    У пакоі цішыня. Чуваць, як адлічвае сэкунды будзільнік. Выбілася з-за хмары і заглянула ў акно сонца. Заіскрыліся ў яго промнях шматлікія спартыўныя мэдалі, разьвешаныя на сьцяне на чорным аксаміце. Што ні прыз — то памяць. Вось узнагарода за трэцяе месца ў эстафэце на спартакіядзе народаў Якуцкай АССР. А гэта за першае, у горадзе Нерунгры...
    — Валечка, ты у нас на БАМе кляснай спартсмэнкай стала, — сказала Надзея.
    Сьціплая, крыху сарамлівая Валянціна пачырванела ад пахвалы. Займацца спортам ёсьць дзе: і стадыён, і спартыўны зал. Сваімі рукамі будавалі. Добрая лыжня трымаецца дзевяць месяцаў. Ёсьць у каго і параду атрымаць, і вопыт пераняць. Асабліва ў Надзеі Тарасавай: яна майстар спорту.
    ...Аўтобус, падскакваючы на выбоінах, бяжыць па Амурска-Якуцкай магістралі. Паралельна гэтаму грунтавому тракту бяжыць, разразаючы сопкі і тайгу, другая дарога, пабудаваная імі чыгунка, трасу якой ад Нагорнага да Беркакіта яна вымярала сваімі крокамі.
    Але чаму яна ўсё гэта прыпомніла цяпер? Ці не таму, што іхні аўтобус пачаў караскацца ўгору, каб адолець Станавы хрыбет? Ох, і даўся ўсім ў знакі гэты хрыбет — і праекціроўшчыкам і будаўнікам. Спачатку спрабавалі абысьці яго, ды нічога не выйшла. Хваляваўся начальнік разьведачнай партыі з Маскоўскага Гідратранса Васіль Васільевіч Гусеў.
    — І ўсё ж мы зломім хрыбетнік гэтаму хрыбту, — паўтараў ён.
    І вырашылі прабіваць тунэль. Упершыню ва ўмовах вечнай мерзлаты. Сама яна не ўдзельнічала ва ўзрыўных і іншых работах. Партыя, у якой тады працавала, вызначыла напрамак і аб’ём гэтых работ, дала, як кажуць, ключык, з дапамогай якога праходчыкі змаглі адкрыць Станавы хрыбет, каб пад ім мог прайсьці поезд. Цяпер тунэль злучыў паўднёвы і паўночны ўчасткі чыгункі.
    Яны ж тады ад будучай станцыі Нагорнай пайшлі на поўнач, каб вызначыць напрамак і шырыню прасекі для чыгункі. Трыццаціградусная сьпёка, камарыныя хмары, выпарэньні ад багны — усё гэта ох як ускладняла работу. Час прысьпешваў. Дэсантам з Залацінкі каля Нагорнай ужо высадзілася брыгада лесарубаў Аляксандра Дзідзенкі. Хлопцы, узброеныя бэнзапіламі і сякерамі, валілі лістоўніцы, пракладвалі прасеку.
    У гумавых ботах, у спэцыяльным касьцюме ад маскітаў, невысокая і хударлявая Валянціна Макеева, здавалася, не ведала стомы. Яна як магла дапамагала разьведчыкам. Па спэцыяльнасьці тэхнік-будаўнік, Валянціна выконвала самую радавую работу: цягала стужку, насіла рэйку, забівала калочкі, каб абазначыць шырыню і напрамак будучай прасекі.
    І вельмі зьдзівілася, калі Георгій Міхайлавіч Ільяш, галоўны інжынэр будаўніча-мантажнага поезда, створанага на базе беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі, аднойчы выклікаў яе і сказаў:
    — Досыць хадзіць у падсобніцах. Бачу, дзяўчына ты працавітая і кемлівая, таму прапаную табе пасаду геадэзіста. Бяры чарцяжы, разьбівай новыя прасекі, якія пасьля вуліцамі стануць. Будзем пасёлак будаваць.
    Новая пасада — новыя клопаты і абавязкі. Зорка нацэлена вока нівэліра ўдалячынь, каб вызначыць профіль мясцовасьці. На менш важна правільна вымераць вуглы пры дапамозе тэадаліта. Работа звыклая і не зусім звыклая, бо тут не тыя ўмовы, што на радзіме. Тут, на вечнай мерзлаце, кожны пралік можа пасьля абярнуцца катастрофай.
    ...З Тынды аўтобус прыйшоў надвячоркам і спыніўся каля пасялковага Савета. Яе чакалі сяброўкі і сакратар камітэта камсамола будаўніча-мантажнага поезда Васіль Жураўскі. Ва ўсіх адзін клопат: якія посьпехі?
    — Першае месца па мнагабор’ю,— задавальняе іх цікаўнасьць Валянціна Макеева.
    Заўтра зноў работа — нялёгкая работа першапраходцаў, каб новая прасека пралегла сярод тайгі. У вялікі і шырокі сьвет глядзіць праз гэтую прасеку Валянціна, сьціплая беларуская дзяўчына.
                                                                                 Надзея
    Цяпер, здаецца, збылася мара: яна першапраходца ў тайзе, па вызначанай ёю прасецы праляжа чыгунка, пабягуць цягнікі, абуджаючы грукатам колаў ціхае навакольле. З Залацінкі, якая ператварылася ў матэрыяльна-тэхнічную базу іхняга поезда, пачалі адпраўляцца і высаджвацца па будучай трасе чыгункі першыя дэсантныя атрады. Спачатку высадзіўся дэсант на БАМе, затым Янкане, у Тындзе, Лапрах і, нарэшце, на Беркакіце, асядлаўшы будучую трасу Малога БАМа.
    Надзею Лушчык пацягнула туды як магнітам, бо якраз там былі самыя цяжкія і самыя вырашальныя ўчасткі будаўніцтва. Яе абралі членам камсамольскага камітэта поезда, і вырашаць, на якім участку ёй працаваць, мог толькі камітэт.
    Выслухаўшы просьбу, тагачасны камісар атрада Мікалай Бондараў шматзначна паабяцаў:
    — Якраз для дэсанта і падыходзіш. Абмяркуем.
    Слухала Надзея, што казаў камісар, на гэты раз ужо Васіль Жураўскі, і вушам сваім не давала веры: была прапанова накіраваць яе на работу ў камітэт камсамола, больш дакладна — назначыць вызваленым намесьнікам камісара.
    — Я ж не пра тое прасіла ў сваёй заяве!
    — Ты прасілася ў адзін з дэсантаў, — адказаў Жураўскі, які замяніў Бондарава, — а так па ўсёй трасе будзеш езьдзіць.
    Надзею чакалі ажно тры будаўнічыя брыгады з іхняга поезда — Івана Аляхновіча, Пятра Шапавалава і Уладзіміра Керна. Там неабходна правесьці камсамольскі сход, падвесьці вынікі спаборніцтва, сабраць членскія ўзносы, выпусьціць баявыя лісткі... Шмат спраў у намесьніка камісара па палітычнай частцы. Яна спачатку і не ўяўляла, якая ў яе будзе нялёгкая работа ва ўмовах, калі ўчасткі параскіданы і дзе людзям неабходны і жывое слова, і весткі ад сяброў, што высадзіліся з іншым дэсантам, і, нарэшце, добры адпачынак. Клопат пра ўсё гэта ляжаў на яе плячах, за ўсё адказвала перад камітэтам камсамола і перад сваім сумленьнем.
    Прабыўшы на Янкане некалькі дзён, накіравалася ў брыгаду Паўла Глухарэнкі, якая на разьезьдзе Лапры вяла мантаж водапрапускных труб пад чыгуначным насыпам. А адтуль — у Тынду, Беркакіт, дзе чакалі неадкладныя камсамольскія справы. Магчыма, у час гэтых паездак і нарадзілася ў Надзеі Лушчык жаданьне расказаць пра ўсё ўбачанае людзям, апець у вершах гераічную працу сваіх сяброў. Гераізм, адданасьць справе, дзеля якой моладзь прыехала сюды, бачны на кожным кроку. I самі сабой нараджаліся словы, выліваліся ў вершы, няхай пакуль і не зусім дасканалыя, але шчырыя і праўдзівыя, напісаныя па гарачых сьлядах падзей:
                                                                 Не змагу, пэўна, з ёю расстацца я,
                                                                 Хоць страляе марозам зіма:
                                                                 Залацінка — мая гэта станцыя,
                                                                 Будавала яе тут сама.
                                                                 І тайга застанецца ў памяці,
                                                                 І прамёрзлыя сопкі наскрозь:
                                                                 Залацінка — не проста станцыя,
                                                                 Залацінка — мая маладосьць.
                                                                 Працавалі аддана, старанна.
                                                                 Час прысьпешваў: хутчэй і шпарчэй!
                                                                 Песьняй звонкай будзілі заранак,
                                                                 Адклікаўся нам песьняй ручэй.
                                                                 Гартавалася нашая дружба,
                                                                 Нібы ў полымі сталь на гады.
                                                                 Памагала яна нам адужаць
                                                                 Сьпёку летнюю і халады.
                                                                 Захавала навекі я ў памяці
                                                                 Вашых сэрцаў, сябры, прыгажосьць:
                                                                 Залацінка — не проста станцыя,
                                                                 Залацінка — мая маладосьць.
    Нават раньняя якуцкая зіма, якая так палохала сваёй неспазнанасьцю ў першы год на БАМе, іншая. Пра яе хочацца расказаць усім:
                                                                 Пішу пісьмо сягоньня маме,
                                                                 А за акном бялюткі сьнег.
                                                                 У нас ужо зіма на БАМе
                                                                 Са старту узяла разьбег.
                                                                 Навокал стала бела-бела,
                                                                 Цяпла ўжо не чакай — няма.
                                                                 Зьнянацку ўпэўнена і сьмела
                                                                 Прыйшла якуцкая зіма.
    Надзя ўважліва прыглядаецца да тайгі, каб запрыкмеціць непаўторную яе красу. І зноў нараджаюцца прачулыя радкі:
                                                                 За акном прывычна твіст танцуюць
                                                                 Хвоі, што пастроіліся ў рад.
                                                                 Разганяюць цішыню начную
                                                                 Пад шалёны з ветрам сьнегапад.
                                                                 Завіруха сьнег закруціць зьмейкай,
                                                                 Хвоі загамоняць зноў
                                                                 І, ад твіста перайшоўшы к шэйку,
                                                                 Ціхенька пастукаюць ў акно.
                                                                 І пад танец іх прыемна марыць,
                                                                 Станаўлюся я сама сабой.
                                                                 Што завея мне і злыя хмар.ы,
                                                                 Калі хвоі кружацца са мной!
                                                                 Хвоі мне свае раскажуць казкі,
                                                                 Запытаюць ціхенька яны:
                                                                 — Як жывеш, скажы нам, калі ласка,
                                                                 І якія бачыш казкі-сны?
                                                                 І калі я ўночы прачынаюся,
                                                                 Не заснуць больш: так не першы раз.
                                                                 У акно гляджу і усьміхаюся:
                                                                 Хвоі пад акном танцуюць вальс.

                                                               “ЛЮЛЬКА МІРУ”
    Ужо каторы дзень яны ішлі па тайзе. Ёй не відаць было ні канца ні краю. Пачатак чэрвеня. Кароткая якуцкая вясна. Тайга прачыналася ад доўгага зімовага сну, нікім не кранутая і не патрывожаная. З камяністых сопак зьбягалі срэбразвонныя ручаі.
    Ад ракі Іралях яны павярнулі направа і цяпер прабіраліся ўздоўж берага невялічкага раўчука. Іх было сямёра — геолягі Юрка Хабардзін і Кацярына Ялагіна, рабочыя Серафім Жукаў і Рыгор Герасімаў, якуты-праваднікі Сава Іваноў, Інакенцій Іўлеў, калектар Уладзімір Аўдзеенка. Іх аб’ядноўвала адна мэта: пошук таго мінэралу, што так неабходны народнай гаспадарцы. Яны шукалі дарагі і каштоўны мінэрал — алмаз, дакладней — алмазнае радовішча.
    І вось удача. Там, дзе ручай упадаў у Іралях, яны заўважылі мноства чырвоных тропаў, сярод іх — зярняты аксамітна-чорнага ільменіту. Яны — пастаянныя спадарожнікі алмазаў.
    — Ды што вы, хлопцы? — здзіўлена паглядзеў на іх Юрка Хабардзін. — Такое ў жыцьці раз здараецца і больш можа не паўтарыцца. Мы ж на парозе вялікага адкрыцьця! — усклікнуў ён з натхненьнем.
    — На дварэ ноч, — нясьмела пачалі пярэчыць яму.
    — Якая ж гэта ноч! — не здаваўся геоляг. — У такую ноч іголкі можна зьбіраць.
    Пайшлі ўздоўж ручая, што цёк у даліне паміж сопкамі, і ўвесь час бачылі ў вадзе спадарожнікаў алмазаў, і ўжо здагадваліся, што ручай вымывае мінэралы з кімбэрлітавай трубкі.
    — Вы тут поўзайце, а я пайду для аленяў пашу пашукаю, — сказаў якут Інакенцій Іўлеў і павёў жывёлін уверх па распадзе.
    Ніхто яго не пачуў, ніхто не заўважыў, куды ён павёў сваіх аленяў, усе былі заняты пошукам. Сьляды мінэралаў нібыта скрозь зямлю праваліліся.
    — Трэба вяртацца назад і пачынаць пошук спачатку, — з роздумам сказаў Юрка Хабардзін. Ён пайшоў на ўмоўленае месца, дзе з аленямі павінен быў знаходзіцца Інакенцій Іўлеў. Яго там цяпер не было. Сьляды аленяў вялі ўверх па распадзе. Геоляг накіраваўся па іх, лаючы ў думках непаслухмянага правадніка, гэтую гнілую мясьціну, якая пераблытала ўсе яго разьлікі. Раптам на схіле сопкі Юрка прыпыніўся і застыў на месцы. У першы момант ён не верыў таму, што бачыў: перад нарой быў насыпаны грудок сіне-зялёнай зямлі! Яе выграбла ліса, калі будавала сваё жытло. Усхваляваны, яшчэ не ведаючы, што рабіць далей, Хабардзін глядзеў на гэты грудок. I раптам цішыню начной тайгі прарэзаў радасны вокліч геоляга:
    — Ура! Трубка! Трубка! Трубка! Усе да мяне! Хутчэй усе да мяне!
    Усе кінуліся да таго месца, дзе стаяў Юрка Хабардзін. Рабочыя, праваднікі, геолягі здымалі мох, абдзіраючы рукі, і ўсюды была зеленавата-сіняя зямля з чырвонымі агеньчыкамі тропаў. Белая ноч вісела над тайгой. Сямёра першапраходцаў і не думалі пра сон: сьпяшаючыся і радуючыся, секлі прасеку, наносілі на карту доўгачаканае радовішча алмазаў. Усе крычалі, сьмяяліся, танцавалі.
    Пад раніцу на магутнай лістоўніцы, што ўзвышалася ў цэнтры адкрытай трубкі, зьявілася белая засечка, а Хабардзін пазьней паслаў рапарт у штаб:
    Закурил трубку мира. Табак отличный”.
    Нічога гэтага не ведала ліса. Адно яна толькі адчула, што трэба мяняць месцажыхарства, бо тут ёй ужо не будзе спакою.
    Ажыла, загаманіла, напоўнілася гулам матораў тайга. Калісьці безназоўны распад пачаў называцца логам Хабардзіна. На былым балоце ўзьняўся новы горад алмазаздабытчыкаў Мірны. Па сёньня ў ім жывуць дзесяткі тысяч чалавек. Пяці- і дзевяціпавярховыя дамы горда ўзвышаюцца над тайгой. Абагачальныя фабрыкі, што вырасьлі тут за апошні час, пастаўляюць алмазы айчыннай вытворчасьці народнай гаспадарцы краіны.
    Не забываюць у горадзе і пра рыжую хітруню. Жартам яе называюць лісой-геолягам.
                                                              РУДНІК ЭМЕЛЬДЖАК
    Гэтага невысокага пажылога якута з сухаватым, скуластым тварам ведаюць амаль усе ў Якуціі. Яго часта можна сустрэць на вуліцах горада Тамот, што раскінуўся на правым беразе ракі Алдан.
    — Наш вэтэран Вялікай Айчыннай вайны,— кажуць пра яго ў горадзе.
    Яго ведаюць і на флягапітавых рудніках Эльконка, Каталах, Эмельджак, Цімптон, дзе здабываецца самая лепшая сьлюда ў краіне. Ён першы адкрыў яе ў гэтых мясьцінах.
    Як толькі першы сьнег пакрываў тайгу і лістоўніцы скідвалі свой зялёны ўбор, вопытны паляўнічы Віктар Мікалаевіч Захараў запрагаў у нарты аленяў і адпраўляўся ў тайгу. Так было і ў той раз. Дарога ляжала па замёрзлай рачулцы Сібегджа. Кастрычніцкі марозік патрэскваў па дрэвах, прыемна казытаў твар. Сьнегу было малавата. Алені беглі шпарка. Віктар Мікалаевіч уважліва аглядаў сьнежную раўніну.
    Залюбаваўшыся красою надвячорка, Захараў і не заўважыў, як Сібегджа прывяла яго да свайго ўпадзеньня ў раку Эмельджак. Спыніўшы аленяў, ён падняўся на адну са скальных сопак, каб яшчэ раз з вышыні паглядзець на гэтую не кранутую чалавекам красу. Рака Эмельджак, акружаная высокімі гарамі, праглядвалася амаль да ўпадзеньня ў раку Ыллымах.
    Раптам ён убачыў нечыя сьляды па другі бок ракі. Сумненьня не было: па першым сьнезе тут прайшоў мядзьведзь.
    Назаўтра, ледзь зашарэла на ўсходзе, Захараў быў ужо на нагах.
    У невялікім распадку, заціснутым з двух бакоў гарамі, сьляды прападалі. У адной са скал Захараў заўважыў адтуліну, падобную на пячору. Туды і вялі сьляды. Скала неяк дзіўна сьвяцілася і пералівалася пад праменямі сонца мноствам рознакаляровых вясёлак. Тое, што мядзьведзь сьпіць, не было ніякага сумненьня.
    Пераканаўшыся, што ў пячоры толькі адзін выхад, Захараў закінуў яго хмызьняком і пачаў будзіць зьвера. Той спачатку незадаволена нешта мармытаў, відаць, зьдзіўляўся: хто асьмеліўся турбаваць яго спакой? Калі яму надакучыла, зароў на ўсю моц. Захараў зразумеў, што мядзьведзь вось-вось павінен паказацца каля ўваходу. Таму адышоў на пэўную адлегласьць і падрыхтаваўся да паядынку. Неўзабаве захістаўся навалены хмызьняк. Разьюшаны зьвер, ашчэрыўшы зубы, выкаціўся з бярлогу. Амаль адначасова прагрымелі два стрэлы. І мядзьведзь, зрабіўшы некалькі няўклюдных крокаў наперад, грымнуўся вобземлю.
    Толькі цяпер, выцершы ўспацелы твар, Віктар Мікалаевіч перавёў свой погляд з забітага мядзьведзя на скалу, якая па-ранейшаму сьвяцілася колерамі вясёлкі. Залезшы ў пячору, ён і там прыкмеціў гэткае ж сьвячэньне.
    — Цуд, — прагаварыў паляўнічы. — Няйначай, культурны быў мядзьведзь, таму і выбраў сабе такую люстраную хату. Што ж усё-такі сьвеціцца так? — запытаўся ён у сябе самога.— Ці не сьлюда? Нездарма ж гавораць, што наш край сьлюдой багаты. Усім жа якутам вядомы царскі ўказ Пятра Першага пра тое, што “якуцкім людзям, без адрозьненьня чыноў, ламіць сьлюду для акон”. Ці не гэтую вось сьлюду і меў на ўвазе Пётр Першы?
    Сьвяжуючы мядзьведзя, Захараў увесь час думаў пра сьлюду. Адбіўшы некалькі кавалкаў скалы, Захараў паклаў іх на нарты.
    Першыя ўзоры руды ён паказаў у райпрамкамбінаце. Там да гэтай знаходкі аднесьліся раўнадушна: ці мала навокал такога каменьня?
    Захараў не супакоіўся. Калі настала вясна і з зямлі сышоў сьнег, зноў на лодцы па рэках прыплыў у тую мясьціну, дзе зімой забіў мядзьведзя. Ён уважліва аглядаў навакольле, узьдзіраў мох. Усюды — і пад мохам, і на паверхні — сьлюда ляжала пластамі. Непакой ахапіў паляўнічага: гэта ж столькі дабра некранутага ляжыць.
    На гэты раз узоры “дабра” Захараў прынёс у райкам партыі.
    Пасьля былі экспэдыцыі геолягаў, якіх ён вадзіў на Эмельджак. Нарэшце адкрыцьцё, якое яму дапамог зрабіць мядзьведзь, прызналі. Высьветлілася, што радовішча мае вялікае прамысловае значэньне. Сёньня тут вырасьлі новыя гарады і рабочыя пасёлкі, якія групуюцца вакол камбіната “Алдансьлюда”.
    ...Крочыць па вуліцах горада пажылы якут. Аб чым ён думае, пра што марыць? Магчыма, прыкідвае, якім стане гэты край праз дзесяць - дваццаць гадоў? А мо прыгадвае мядзьведзя і яго пячору, каля якой і нарадзіўся руднік Эмельджак?
 



 

                                                                       

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz