poniedziałek, 29 sierpnia 2016

ЎЎЎ Алесь Бынькоў. Кропка на карце. Ляхі ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2016.



                                                            КРОПКА НА КАРЦЕ
                                                                          ЛЯХІ
    У Беларусі багата сустрэнеш найменьняў, вытворных ад слова “лях”: населеныя пункты – Ляхавічы і Ляхаўцы, Ляхава і Ляхаўка, прозьвішчы – Лях і Ляшук, Ляхаў і Ляхоўскі, вядомы віцебскі баксёр Сяргей Ляховіч... На мяжы Віцебскага і Сеньненскага раёнаў, побач з радзімай Пятра Машэрава – Шыркамі, абапал чыгункі раскінулася вёска пад назвай Ляхі.
                                                                   З часоў мінулых
    Энцыкляпэдыя “Гісторыя Беларусі” выводзіць найменьне яшчэ з ХI стагодзьдзя. Узьнікла яно ад слова “ляда” – неапрацаванае поле. У старадаўнія часы ўсходнія славяне называлі ляхамі палякаў, пазьней “мянушка” перайшла і на жыхароў Беларусі, зьвязаных з Захадам: гандляроў і г. д.
    Заўсёды, калі ехаў на цягніку па маршруце Віцебск – Орша, зьдзіўляла адна акалічнасьць: чаму вёска называецца Ляхі, а чыгуначная станцыя “Лычкоўскага”? Шчыра кажучы, думаў, што ў гонар нейкага героя вайны, партызана ці падпольшчыка. Аказалася, не – Лычкоўскі быў мясцовым панам з старога шляхецкага роду герба Сьлепаўрон, маёнтак якога здаўна быў у Ляхах Машканскай воласьці. Пра апошняга пана тутэйшы люд кажа толькі добрае. Па словах старажылаў, быў ён “не жорсткі, нават чалавечны, усім дапамагаў”. Зямля даўно ўжо зраўняла і гаспадара, і яго сялян. На мясцовых могілках выдзяляецца нахінёны велічны помнік Лычкоўскаму. Жыхары Ляхаў параілі да яго надта не набліжацца, каб не патрывожыць супакой нябожчыка.
                                                               Адлегласць – не бяда
    Ляхі раней ўваходзілі ў склад Замастоцкага сельсавета, сёньня цэнтар у Шапечына. Дабірацца, канечне, цяжкавата. Удзячны вяскоўцы былой старшыні сельсавета Валянціне Мацюшкінай, якая пачала будаваць тут дарогу, і цяперашняму кіраўніку Аляксандру Малянкову, які справу скончыў. Аляксандр Віктаравіч, нягледзячы на аддаленасьць вёскі, праблемнай яе не лічыць. Сёлета, напрыклад, на рамонт дарогі было выдаткавана 12 млн. рублёў, больш чым якой з 35 вёсак сельсавета. Мясцовыя жыхары больш цярплівыя, а скардзяцца гэтак званыя дачнікі. Бо ў Ляхах на 45 падворках пастаянна гаспадараць 59 чалавек, а яшчэ ў 85 (!) хатах уладальнікі бываюць наездамі.
                                                                 Ляхоўскія жыхары
    Называю вяскоўцаў менавіта з такім націскам нездарма: ужо колькі пакаленьняў тут жывуць пераважна людзі з прозьвішчам Ляхоўскія. Праўда, зараз прапісаны толькі сямёра. Шмат хто зьехаў шукаць шчасьця ў вялікі сьвет, іншыя “засялілі” сельскія могілкі.
 
                                                             Юрый і Лідзія Смагіны
    Найперш завітаў на панадворак Юрыя і Лідзіі Смагіных. І не дзіва – менавіта тэлефонны званок Лідзіі Савельеўны ў рэдакцыю стаў нагодай для паездкі ў гэты маляўнічы край. Сталая падпісчыца “Народнага слова” паведаміла, што сёлета вырасьціла гіганцкі перац. Хацела пахваліцца дасягненьнем. А чаму і не?
    Лёс падкінуў Лідзіі Смагінай шмат выпрабаваньняў. Падчас нямецкай акупацыі, у 1942 годзе, маланкай забіла маці. А бацька быў на фронце! У выніку дзяцей параскідала каго куды, але ўсе выжылі, хоць было вельмі цяжка. Ліда спачатку жыла ў бабулі, а потым апынулася ў Мінску ў зусім чужых людзей, якія прытулілі яе ў страшныя і галодныя часы.
    Калі дзяўчыне споўнілася 16 гадоў (а гэта быў 1956-ы), яна апынулася па камсамольскай пуцёўцы на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Суровы клімат пазьней прымусіў перабрацца на Кубань, дзе пачаў будавацца Беларэчанскі хімзавод. Там і пазнаёмілася з мужам. Юрый Рыгоравіч прыехаў працаваць хімікам, але прыйшлося асвойваць прафэсію будаўніка.
    У маленькай аднапакаёвай кватэры жылі з двума сынамі. Тады старэйшы брат і запрасіў да сябе ў Якуцію: прыяжджайце падзарабіць. Паспрабавалі ліха зноў. Калі ж накапілі неабходны капітал, памкнулі на радзіму жонкі, у Беларусь. Жылі спачатку ў Полацку, і вось ужо сем гадоў гаспадараць у Ляхах, роднай вёсцы бацькі Лідзіі. Пачынаць вясковую справу было цяжка, бо жыцьцё аджылі ў гарадах. Але нічога, прызвычаіліся. Карову даглядаць навучылі суседзі. 25 сотак агарода засаджаны пераважна бульбай і зернем. Пад рыдлёўку капаць цяжка, таму набылі матаблёк. А знакаміты перац вырошчваюць у цяпліцы. Жонка – “галоўны аграном і сэлекцыянэр”, муж жа адказны за рэгулярны паліў. На “сваім” угнаеньні ўсё ідзе ў рост. Сёлета багата было 400-грамовых пладоў, а самы вялікі (на фота) пацягнуў больш чым на паўкілё. З Віцебска на дапамогу рэгулярна прыяжджаюць унукі: хата вялікая, дзьве печкі, дроў трэба нарыхтаваць з запасам... Акрамя каровы, у гаспадарцы ёсьць куры, гусі, індыкі.
    Старэйшая жыхарка Ляхаў Лідзія Анучкіна 7 лістапада адзначыла сваё 94-годзьдзе. Гэтая негаваркая, з сьветлым розумам кабета добра памятае даўнія часы, у тым ліку і Пятра Міронавіча Машэрава, які жыў за ляском у Шырках. Быў “як усе дзеравенскія хлопцы, высокі, ветлівы”. Яго вёска была больш вялікая, таму на гулянкі і танцы зьбіраліся ў Шырках.
    Адрабіўшы жыцьцё ў калгасе, бабулька і зараз не губляе імпэту. Толькі летась здалі кароўку, якую трымалі разам з сястрой. Вось прыклад працалюбства нашых людзей!
    Сястра, 87-гадовая Вольга Ляхоўская, на пытаньне аб паходжаньні назвы вёскі і ўласнага прозьвішча загадкава прамовіла: “1612 год”. “Што ж было ў тым годзе?” – “Гісторыю трэба ведаць, малады чалавек” (часы паходу Ілжэдзьмітрыя на Маскву – А. Б.), – толькі і адказала.
    У суседнім двары прыязная жанчына ачышчала надзел ад старога гальля. Пастаялі - паразмаўлялі. Сьвятлана Вінаградава з бляскам у вачах прыгадала мінулыя часы. Былі і 8-гадовая школа, і бібліятэка, прывозілі кіно, танцы ладзілі... Сама яна, скончыўшы 8-годку, паехала ў Віцебск. Працуе на “КіМе”, але амаль кожныя выхадныя наведваецца ў апусьцелы бацькоўскі дом. Гэтым разам з ёй завіхаўся - гарэзьнічаў і ўнук Вадзім. А значыць, не страціцца повязь пакаленьняў.
    Былая настаўніца Марыя Юзікава сама ўраджэнка Браздзетчынскага сельсавета Аршанскага раёна, але ў Ляхах жыве з 1948 года. 32 гады выкладала ў мясцовай школе беларускую мову і літаратуру. Пасьля вайны сямігодка была самай буйной у Багушэўскім раёне, займаліся 240-250 чалавек. Напрыканцы 1970-х засталося ўсяго 12 вучняў, і школу зачынілі як непэрспэктыўную.
    На шляху сустрэлася калярытная сялянка з каромыслам на плячах. Валянціна Шумарава на ўмовы жыцьця не крыўдуе: “прырода харошая”. Праўда, усё зарасло. Дзе былі заліўныя лугі, цяпер лес. Завітваюць у “госьці” і дзікія жывёлы. Сёлета пярэпалаху нарабіла шалёная ліса.
                                                                 Усё ў асартымэнце
    Вялікі плюс для ляхоўцаў – наяўнасць на чыгуначнай станцыі крамы. Яе загадчыца Тамара Бабкова адзначыла, што пакупнікі збольшага задаволены выбарам прадуктаў. Часьцей за ўсё бяруць крупы, муку, цукар. Вось толькі аматарам моцных напояў цяпер прыходзіцца ехаць у Багушэўск: для іх продажу не хапае магазіннай плошчы...
                                                                     На сувязі
    У Ляхах амаль кожная сядзіба забясьпечана тэлефоннай сувязьзю. Раней было 22 нумары, а месяц таму далучыліся яшчэ 12 абанэнтаў. На іх выбар паўплывала і зьніжэньне кошту за ўстаноўку: 60 тысяч па цяперашнім часе не бог весьць якая лічба.
    Трымаць сувязь з навакольным светам і заўсёды быць у курсе апошніх навінаў вяскоўцам дапамагае мясцовы паштальён Святлана Ганчарова. Сьвежыя газэты, пэнсіі, гандлёвыя тавары – звычайны набор сучаснай паштаркі. У Сьвятланы ажно чацьвёра дзяцей: малая Аліна яшчэ ходзіць у дзіцячы садок, Уладзік – спартсмэн, вучыцца ў Лужаснянскай гімназіі, Мікалай – будучы будаўнік і студэнтка-медык Аня. Апошнія двое – прыёмныя. Іх Сьвятлана прытуліла пасьля сьмерці аднавяскоўкі.
                                                           З надзеяй на рэнэсанс
    Мяркуючы па ўзросьце жыхароў, Ляхі – вёска непэрспэктыўная. Але не рызыкну назваць яе выміраючай. Такія ж прыгожыя мясьціны тут у сутоку Абалянкі і Лучосы! Чым не аснова для стварэньня агратурыстычнай сядзібы?! Да таго ж не забывае родную вёску і зьехаўшы ў горад маладняк. Хлопцы нават зрабілі самаробныя футбольныя вароты, каб па выхадных паганяць мяч. Таму да пабачэньня, месца на зямлі з прыязнай назвай Ляхі!
    Алесь Бынькоў,
    фота аўтара.
    /Народнае слова. Віцебск. 1 снежня 2009. С. 4./






Brak komentarzy:

Prześlij komentarz