Зьбіраючыся напісаць матэрыял да Дня паджылых
людзей, патэлефанавала пастаўчанцы Валянціне Іванаўне Трыказенка. “А мне
здавалася, што я яшчэ маладая”, — шчыра расьсьмяялася жанчына. “Дык ёсьць і
другая нагода — Міжнародны дзень музыкі”, — дадаю. І атрымліваю запрашэньне.
Валянціна Іванаўна
сустрэла ля весьнічак — убраная, прычасаная. Цікаўлюся, куды сабралася. І
замест кароткага адказу пачула цэлы аповед. З дзяцінства прывучаная сачыць за
сваім зьнешнім выглядам: устала, памылася, прычасалася, апранулася. Так мама рэкамэндавала.
І гэта стала правілам — што б ні рабіла і дзе б ні жыла.
Нарадзілася ў Віньніцы.
Потым сям’я пераехала ў Вялікі Невер (раней гэта была Чыцінская вобласьць).
Закончыла Сьвярдлоўскае музычнае вучылішча. Па камсамольскай пуцёўцы дзяўчыну
накіравалі на Далёкі Усход, у Благавешчанск. Адпрацавала тры гады і засталася б
там надалей, але паклікалі бацькі, якія на гэты час ужо былі ў Паставах. Іх жа
некалі сюды пераманіў сын Пётр, які, вярнуўшыся пасьля вайны з дывізіяй, асеў у
нашым горадзе.
— Вось так і жыву
тут з 1954 года, — расказвае Валянціна Іванаўна. — У музычнай школе, калі я
прыехала, было пяць пэдагогаў. Увесь час выкладала тэарэтычныя дысцыпліны.
Паралельна кіравала хорам. Колькі іх было на маім вяку — у раённым Доме
культуры, саўгасе “Пастаўскі”, цэнтральнай раённай бальніцы, будаўнічай
арганізацыі, у вёсцы Савічы, у шостым гарадку. (У Благавешчанску кіравала і
ваенным хорам.) У апошні час дапамагала Леаніду Косаву з яго аркестрам,
рыхтавала выхаванцаў да паступленьня.
Зрэшты, ці можна зьлічыць
усіх, хто свой шлях у сьвет музыкі пачынаў пад кіраўніцтвам В. І. Трыказенка?
Сёньня яны жывуць у розных куточках краіны і за яе межамі, займаюць розныя
пасады. Настаўніцу памятаюць, пішуць ёй.
— А нядаўна ў мяне
была яшчэ адна важная падзея — я адзначала сваё 85-годзьдзе, — працягвала
Валянціна Іванаўна. — Адкуль толькі ні званілі мае вучні! Напрыклад, Сьвятлана
Гофман з Ізраіля. Яна нават прыгадала мае словы: “Можна не быць музыкантам, а ў
музыцы разьбірацца павінны”. Аляксандр Курыловіч жыве каля Тулы — там ён
стварыў беларускі ансамбаль. Успамінаю Віктара Фадзеева, які жыве і працуе ў Якутыі. Мой былы вучань Міхаіл
Грыгарчук з ваенным аркестрам з Брэста прыяжджаў у Паставы, і гэта сустрэча была
для мяне радаснай. Ёсьць выпускнікі ў ЗША, Англіі.
Валянціна Іванаўна
расказвае пра сваё сёньняшняе жыцьцё-быцьцё. Кожны дзень запоўнены справамі.
Атрымлівае пісьмы і піша на іх адказы, ходзіць у раённую бібліятэку і бярэ там
кнігі, у тым ліку творы на гістарычную тэму, часопісы, выпісвае “Аргументы и
факты”, чытае “СБ. Беларусь сегодня”. Перазвоньваецца з былымі калегамі па
музычнай школе, падтрымлівае сувязь з дырэктарам Варапаеўскай школы мастацтваў
В. П. Жагулам, наведвае клюб “Натхненьне”. Сустракаецца з сяброўкамі, з адной,
напрыклад, любіць пагуляць на сьвежым паветры і пры гэтым дэклямаваць вершы
клясыкаў. А яшчэ шые на швейнай машынцы, калі-нікалі бярэ ў рукі гітару. Адным
словам, імкнецца кіравацца прынцыпам: “Пакуль бяжыш, пакуль ідзеш і сядзіш —
жывеш…”
Пачула пра многія
эпізоды з жыцьця В. І. Трыказенка. “Адчайная”, — зрабіла вывад. А мая
суразмоўца пацьвердзіла: “Яшчэ якая!” І ўспомніла, як амаль у 70 гадоў, узяўшы
траіх унукаў, махнула ў госьці да брата ў Брацк, каб дзецям паказаць Брацкую
ГЭС. І цяпер з такім задавальненьнем разглядвае фотаздымкі. Дарэчы, іх у
сямейных альбомах мноства, і ў кожным — гісторыя жыцьця.
Галіна Пішч
/Пастаўскі
край. Паставы. 29 верасня 2015. С. 5./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz