Прызнаньне гледачоў
— найлепшая ўзнагарода для артыста. І зусім неабавязкова самае шчырае прызнаньне
зыходзіць ад перапоўненай глядацкай залі, самую вялікую ўдзячнасьць выказваюць
громам аплядысмэнтаў. У звычайнай сялянскай хаце любой аддаленай маланаселенай
вёсачкі артыстаў Юрацішкаўскага гарадзкога дома культуры прымаюць так, быццам
самых дарагіх гасьцей, іх выступленьні ўспрымаюць як сьвята і запрашаюць
наведваць часьцей.
Не ўпершыню дырэктар
ГДК Алена Гурына з культработнікамі Вольгай Сакалоўскай, Крысьцінай Клінцавіч,
Тацьцянай Карташэвіч і Дзьмітрыем Кукялём наведалі вёсачку Шавёлы
Юрацішкаўскага пассавета. На гэты раз яны прыехалі сюды разам са старшынёй
Юрацішкаўскага пасвыканкама Іванам Вацлававічам Забела, каб павіншаваць
жанчыну, якую шчыра паважаюць ўсе вяскоўцы, Браніславу Ігнатаўну Сілюк, з
нагоды стогадовага юбілею. І. Забела ўручыў юбіляршы падарунак, выказаў цёплыя
словы віншаваньня, падзякі за прыклад сумленнага і дастойнага павагі жыцьця.
Доўгажыхарка, яе аднавяскоўцы, дачка былі вельмі рады гасьцям, слухалі, пасеўшы
на лавах, крэслах, ложках, стоячы ў праходзе, песьні-віншаваньні, не шкадавалі
далоняў для аплядысмэнтаў. Добразычлівыя жанчыны наперабой расказвалі пра
Браніславу Ігнатаўну шмат добрага, пра яе доўгае і вельмі нялёгкае жыцьцё,
зычылі разам з артыстамі і надалей доўгага веку.
Уважліва паслухаўшы
канцэрт, падрыхтаваны для яе адзінай, бабулька сама выказала жаданьне пасьпяваць.
Яе старадаўнія песьні, песьні аб вечным, слухалі ў цішыні і ў глыбокім роздуме.
Усё яшчэ моцны голас выдаваў у бабульцы колішнюю знатную пявуньню. А пасьля
аплядысмэнтаў Браніслава Ігнатаўна ўсклікнула: “Вось да чаго я дажылася!” Быў у
яе словах, апроч іншага, выклік лёсу, які не стамляўся дасылаць ёй выпрабаваньні.
Усё памятае
Браніслава Ігнатаўна. Яна захавала сьветлы розум і добрую памяць. Памятаецца і
вайна, і нялёгкія галодныя і гаротныя пасьляваенныя часы, калгаснае жыцьцё, яго
станаўленьне і росквіт. У Шавёлы яна прыйшла замуж з Урцішак, нарадзіла свайму
выбраньніку пяцёра дзяцей, а ставіць іх на ногі прыйшлося адной: у 1966 годзе
Браніслава Ігнатаўна аўдавела. У роспачы не страціла жаноцкай мацярынскай сілы,
сваіх крывінак — трох сыноў і дзьвюх дачок — вывела ў людзі, вывучыла, на свой
хлеб адпусьціла. Адпусціла далёка — у Якуцію,
Калінінград, на Украіну. Там сёння жывуць унукі, кожны самастойным дарослым жыцьцём.
А дзеці? Дачка
Валянціна, якая прыжылася на Украіне, засталася адзінай у маці. Век іншых быў
нядоўгім. І кожную страту Браніславе Ігнатаўне трэба было неяк перажыць, неяк зьмірыцца,
нейкім чынам прадаўжаць самой жыць далей, молячы Бога з болем у сэрцы аб
выратаваньні іх душ. Яе саму, напэўна, сапраўдная вера выратавала ды людзкія
спачуваньні, разуменьне людзей, якія сталі ёй па-сапраўднаму блізкімі.
Чым лёс яе
ўзнагародзіў, дык гэта здароўем. Да 1992 года яна жыла адна, ўпраўлялася па
гаспадарцы, падтрымлівала парадак у хаце. Пакуль жыла старэйшая дачка, даволі
часта прыяжджала да маці з Калінінграда, жыла ў яе падоўгу. А калі гады ўсё ж узялі
сваё, тады Валянціна, малодшая і ўжо апошняя з дзяцей, прыехала з Украіны, каб
дагледзець матулю, якая аддала ў свой час дзецям усё, што магла, дапамагла
спраўдзіць кожнаму мары і жаданьні, падтрымлівала часам з апошніх сіл.
У той сьпякотны
ліпеньскі дзень нікому не прыходзіла ў галаву зачыняць дзьверы ў хату. Госьці
ішлі адзін за другім. Дарэчы, жанчыны сказалі, што да Браніславы Ігнатаўны
часта заходзяць і ў будзёныя дні. Яна, прыветная і сама паважлівая да людзей,
заўжды рада гасьцям. Не пасьпелі ад’ехаць артысты, як завіталі госьці з
райцэнтра. Павіншаваць юбіляршу прыехалі начальнік упраўленьня па працы і
сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Лілія Іосіфаўна Грынюк і спэцыяліст
упраўленьня Валянціна Васільеўна Пенталь, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра
сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Жана Аляксандраўна Жэбрык. Бабулю ў
чарговы раз парадавалі кветкамі, падарункам, матэрыяльнай дапамогай, а галоўнае
— увагай, шчырасьцю, дабрынёй.
“О, колькі гаворкі ў
Браніславы Ігнатаўны будзе, колькі ўражаньняў ёй падаравалі! Гэта ж прыдасьць
ёй сілы, каб жыць і надалей”, — радаваліся за старэйшую сяброўку
жанчыны-пенсіянеркі. Вось да чаго я дажылася — розны сэнс у гэты выраз можна
ўкласьці. Дай Бог кожнаму дажыцца да такой павагі, захаваць у глыбокай старасьці
жыцьцялюбства, пазьбегнуць старэчай адзіноты, як гэта змагла Браніслава
Ігнатаўна.
Л. Сьвякла
/Іўеўскі край. Іўе. № 60. 7 жніўня
1010. С. 12./
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz