wtorek, 13 września 2016

ЎЎЎ Сяргей Чыгрын. Уладзя Іскрык ды якуцкая мова. Койданава. "Кальвіна". 2016.


                                                   МЯНЕ ТРЫМАЮЦЬ ВЕДЫ І ВЕРА 
 

    Беларускі палітоляг, мастацтвазнаўца, драматург і пэдагог Уладзімер Іскрык скончыў Белдзяржунівэрсытэт. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, выкладчыкам у Беларускай акадэміі мастацтваў, генэральным дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхаваньня. Быў дарадцам старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, займаў адказныя пасады ў Інстытуце сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў і ў Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
    - Уладзімір Міхайлавіч, я прачытаў, што ў 60-х гадах Вы са сваімі сябрамі-студэнтамі стварылі ў БДУ падпольны ўрад. Ці праўда?
    - Гэта былі 1960-1964 гады. Але ніякага ўраду мы не стваралі, а арганізавалі гурток. На ім чыталі забароненыя часопісы, марылі пра незалежнасць Беларусі, гутарылі пра гісторыю сваёй дзяржавы. Падобныя гурткі былі створаныя і ў іншых ВНУ Мінска, а таксама на трактарным заводзе, Вышэйшай школе міліцыі і г.д. У наша кола сяброў уваходзілі ўнук Якуба Коласа Юра Міцкевіч, паэт-пачатковец Уладзімір Мархель, будучы гісторык Міхась Ткачоў, паэт Рыгор Семашкевіч, філолаг Генадзь Тумас і іншыя. Нас за гэта выключылі з універсітэта ўжо на пятым курсе. Праўда, у абарону выступіў Сяргей Прытыцкі, які тады быў сакратаром ЦК КПБ, дзякуючы яму нас перавялі на завочнае аддзяленне.
    - А каб сёньня падобную арганізацыю стварылі студэнты?
    - Іх проста выгналі б з навучальнай установы і ніхто не заступіўся б. Бо сёньняшняя дзяржаўная палітыка ў Беларусі — памылковая, асабліва ў дачыненьні да нашай моладзі, нашай гісторыі і мовы.
    - Уладзімір Міхайлавіч, працуючы ў Савеце Міністраў Беларусі і ў Акадэміі кіраваньня, ці часта Вам надаралася мажлівасьць сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам?
    - Адразу скажу, што я не ўваходзіў у намэнклятуру тых людзей, якіх Лукашэнка прызначаў. Па-другое, я з ім часта сустракаўся да таго, як ён стаў прэзыдэнтам, даваў яму розныя парады, кансультацыі. А калі ўжо ўсталявалася яго сыстэма, я з Лукашэнкам сустракацца не мог, таму што ён сам казаў і кажа: “Мне советчики не нужны!” Таму да мяне ў апошнія гады ён ставіўся не вельмі прыхільна.
    - Я ведаю, што ён у Вас нават пабываў у кватэры, гутарыў, піў каву, гарбатку...
    - Быў, калі зьяўляўся дэпутатам. Але я найбольш сябраваў з Аляксандрам Дубко - былым старшынёю Гродзенскага аблвыканкама. Амаль кожны тыдзень ён заскокваў да мяне дамоў пасьля розных найвышэйшых збораў у сталіцы. Дубко быў рэаліст. Ён казаў, што вось раздаюць кожнай адсталай вобласьці па мільёну долараў, а далі б мне — праз год я вярнуў бы гэты мільён і зарабіў бы яшчэ для сваёй Гродзенскай вобласьці. А так гэтыя мільёны дзесьць прападаюць. Калі б прэзыдэнтам быў Дубко, то сёньня былі б выведзеныя з абароту землі з ураджайнасьцю, меншай за 50 цэнтнэраў. Пра яго апошнія дні жыцьця яшчэ будзе суд гісторыі...
   На гэтым тапчане ў залі маёй кватэры (гутарка адбываецца ў менскай кватэры Уладзімера Іскрыка, - заўвага аўтара) часта сядзелі Лукашэнка, Сініцын, Шарэцкі і многія іншыя вядомыя сёньня асобы. Мой калега Сямён Шарэцкі з гумарам гукаў, глынуўшы мае заваркі: “Вады! Вады!” А паважаны скульптар Ваня Міско пасьміхаўся: “Ад кавы надта сэрца баліць... як успомніш, якая яна дарагая!”
    Часта ў мяне гасьцілі і цяпер бываюць Міхаіл Чыгір з мілай жонкай Юляй. А Станіслаў Шушкевіч проста зачароўваў усіх, хто з ім сустракаўся ў маёй кватэры. Гэта проста гістарычная асоба. І ён можа сустрэцца з любым кіраўніком любой дзяржавы ў любы час. Шчыра кажучы, я быў знаёмы і цяпер сябрую з тымі людзьмі, каму рэальна магу дапамагчы ці ў каго магу нечаму добраму павучыцца, з каго ўзяць прыклад. З нядобрым чалавекам не хачу сустракацца.
    — Вы неяк сказалі, што Беларусь найбольш пацярпела ад савецкіх афіцэраў, камуністычных функцыянэраў і ад імпэрскай улады Расіі...
     Гэта сапраўды так. Расейцы палілі вёскі і гналі ў бежанства Беларусь у 1915 годзе. Згарэла і майго дзеда хата ў Чамярах, а клявішы ад раяля валяліся на вуліцы аж да звароту землякоў у 1921 годзе. Савецкія афіцэры спалілі Хатынь і яшчэ 10 тысяч паселішчаў Беларусі, здрадзіўшы нават Сталіну. Потым сталінскім ударам зруйнавалі Менск. Савецкія афіцэры забілі дзеда Талаша, абрабаваўшы яго паштовую торбу. І, нарэшце, звыродны „рускі герой” маршал Жукаў скінуў атамную бомбу на свае войскі на Тоцкім палігоне Арэнбурскай вобласьці ў 1954 годзе. Там загінулі 43 тысячы савецкіх салдат, у тым ліку і дзьве беларускія дывізіі. Цяпер гэтыя афіцэры захапілі ўладу ў Беларусі і па ўзоры Прыднястроўя будуюць свой уласаўскі рэальны тэрор. А уласаўскі сьцяг сёньня разьвіваецца ў Крамлі. Але сёньня махляваць і скажаць гісторыю нельга, сёньня народу трэба гаварыць праўду, а таксама рабіць дабро.
    — Ад палітыкі давайце вернемся да стану нашай роднай мовы. Як і раней, так і цяпер існуе адзіны антыбеларускі аргумэнт: маўляў, у беларусаў нізкі ўзровень самасьвядомасьці, па-беларуску не чытаюць, народ супраць роднай мовы. Няўжо так?
    Не, адбываецца ўсё наадварот. Ёсьць беларускамоўнае запатрабаваньне, у 6-12 разоў большае за рускамоўнае. Возьмем сувымерныя па інтэлектуальным зьмесьце часопісы “Новый мир” Расіі і беларускія “тоўстыя” — “Полымя”, “Маладосць” “Аrhе”, “Дзеяслоў”. 8,5 тысячы тыражу “Нового мира” — на 300 мільёнаў патэнцыяльных чытачоў. 1,5-3 тысячы асобнікаў беларускамоўнага выданьня на 8 мільёнаў нашых патэнцыяльных чытачоў. Дык дзе і на якой мове больш чытаюць?! Кніжныя прылаўкі заваленыя не толькі прыгожа аформленымі культуралягічнымі выданьнямі, але і рускамоўным брудам, інфармацыйным сьмецьцем, апісаньнямі вычварэнства, містыкі і гвалту. Дык гэта ж знак таго, што інтэлект рускамоўнага чытача ніжэйшы за інтэлект беларускамоўнага — у столькі разоў, у колькі ўпалі тыражы “Нового мира”, “Дружбы народов”, “Молодой гвардии”. Непісьменны суразмоўца, паўтараючы дурнотны міт пра “беларускае, якое не чытаюць”, не ведае, што тыражы рускамоўных літаратурных часопісаў ужо не 1-3 мільёны (!), а ў тысячу разоў меншыя. А попыт на беларускамоўныя павялічваецца! Бо беларуская мова не з’яўляецца носьбітам агрэсіўнага сатанізму, што нясецца на Беларусь як цунамі.
    — Дарэчы, і ў глябалісцкіх структурах Эўропы прадугледжана падтрымка беларускай дзяржаўнасьці і мовы.
    Мовай ХХІ стагодзьдзя Беларусі будзе, безумоўна, наша родная. І такая падтрымка сапраўды прадугледжана. Таму гэта зманліва будзе нават для нашых чыноўнікаў, бо заробкі ў эўраструктурах непараўнальныя. Рускамоўных спэцыялістаў там хапае. Акрамя таго, у другой палове XX стагодзьдзя афіцыйны статус набылі — поруч з англійскай! — мовы Уэльса, Шатляндыі, Ірляндыі, іншых этнасаў і меншасьцей, зацікаўленых у фінансава-палітычнай падтрымцы. Падзеі на постсавецкай прасторы, Балканах, у краінах Вялікага шаўковага шляху сьведчаць, што глябалізацыя адбываецца ва ўсіх сфэрах. Старыя імпэрыі — Германская, Расійская і нават Брытанская — разбураныя беззваротна. Нават Англія ў Вялікабрытаніі пацясьнілася для Уэльса і Шатляндыі. Расія таксама дэзыінтэгруецца. Паводле афіцыйных матэрыялаў, значная частка асноўных рэсурсаў Расіі належыць замежнаму капіталу. Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Саха (Якуціі) — якуцкая, англійская і руская. За Уралам не кантралююцца эканоміка і дэмаграфія. На тэрыторыі Расіі не спыняюцца ваенныя канфлікты. Адсюль і міжнародны статус Расіі — аслабленая рэгіянальная краіна. Завяршаецца дэзінтэграцыя эканомікі, перш за ўсё на скандынаўска-пецярбургскім і турэцка-маскоўскім кірунках. Чакаць з Масквы плыні культуры праз рускую мову не выпадае (у адпаведнасьці з урадавай праграмай эканамічнага разьвіцьця Расіі). Няма ў Расіі магчымасьці падвоіць валавы ўнутраны прадукт, каб адносна хутка дагнаць Партугалію, самую адсталую ў Эўропе. А ў Беларусі ёсьць рэаліі і пэрспэктыва для культурнага ўздыму. У Расіі рубель плянуецца зрабіць валютай да 2010 года, уступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю і ўзьняць цэны на рэсурсы да ўзроўню сусьветных. Гэта азначае, што фактар цаны Беларусь страціць, а фактар аддаленасьці расійскай прасторы стане рэальным. І толькі настальгія па СССР захавае ў залежнасьці ад Масквы невялікую частку беларускіх грамадзян. Але ж і яны не памяняюць сёньня “мэрсэдэс” на “волгу”, а „фольксваген" на “масквіч”.
    — Вы, аптыміст, Уладзімір Міхайлавіч...
    Так, я — аптыміст. Таму што мяне трымаюць веды і вера. І я ведаю, што, на падставе навуковага прагнозу, Беларусь вельмі хутка будзе незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай.
     Гутарыў Сяргей Чыгрын

    /Ніва. Беласток. № 11. 12 сакавіка 2006. С. 3./

 


 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz