ЛЁСАВЫЗНАЧАЛЬНАЯ ТЭМА
Баба Шура сказала сваё слова.
А ці скажа сваё слова прэзыдэнт?
Нагадаю: у чэрвені
2009 года вялікая група вучоных, дзеячаў мастацтва, пісьменьнікаў і іншых
катэгорый грамадзян зьвярнулася з лістом да А. Лукашэнкі, кіраўнікоў
заканадаўчай і выканаўчай галін улады Б. Батуры, У. Андрэйчанкі, С. Сідорскага,
міністраў і ўсіх грамадзян Беларусі. У звароце была адна просьба да высокіх чыноўнікаў:
прыняць неадкладныя меры на дзяржаўным узроўні па адраджэньні і далейшым разьвіцьці
беларускай мовы. Галоўнае, што патрабуецца, — запаліць “зялёнае сьвятло”
роднаму слову ў дзіцячых садках, школах, гімназіях, ліцэях, каледжах, адкрыць
беларускамоўны унівэрсытэт, інстытуты, у якіх дзеці беларусаў маглі б вучыцца
на сваёй мове.
Размова вядзецца не аб
прымусовым навучаньні ў беларускіх ВНУ, а аб прадастаўленьні магчымасьці новым
пакаленьням беларусаў вучыцца на роднай мове, што было б для іх радасьцю.
Што і казаць, моўная
сытуацыя ў Беларусі набыла, можна сказаць, катастрафічны характар. Кіраўніцтва
краіны вельмі неашчадна ставіцца да скарбу нацыі. Ёсьць Закон “Аб мовах у
Рэспубліцы Беларусь”, але і ён, на жаль, не выконваецца.
Пісьменьнікі ўжо не
аднойчы атрымлівалі адказы ад Міністэрства адукацыі, у якіх высокія чыноўнікі сьцьвярджаюць,
што немэтазгодна адкрываць беларускамоўны унівэрсытэт, яны лічаць, што беларуская
мова не запатрабавана грамадзтвам і аб ёй, маўляў, няхай клапоціцца сама
інтэлігенцыя. Колькі цынізму, зьдзеку ў падобных сьцьвярджэньнях! Скажыце, калі
ласка, ці будуць бацькі аддаваць дзяцей у беларускамоўныя клясы, калі яны
ведаюць, што літаральна ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы, як, дарэчы, і
сярэднія спэцыяльныя, лічацца ў нас рускамоўнымі? Дзяржаўная палітыка ў краіне
антыбеларуская, і аб гэтым трэба гаварыць адкрыта і ў поўны голас.
“Народная Воля” ўжо
расказвала, які шырокі рэзананс набыў калектыўны ліст вядомых людзей
кіраўніцтву Беларусі. Не трэба афіцыйнай прапагандзе каламуціць ваду: у
асноўным людзі з разуменьнем ставяцца да падтрымкі роднай мовы на дзяржаўным
узроўні. Як заявіла пэнсіянэрка баба Шура са Слуцка, няхай хоць праўнук будзе
мець магчымасьць у беларускай дзяржаве пачуваць сябе беларусам.
Так актывісты
грамадзянскай кампаніі “Наш дом” у Слуцку за кароткі час сабралі 300 подпісаў
пад зваротам вучоных і пісьменьнікаў у абарону беларускай мовы. Суправаджальнае
пісьмо на імя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі падпісала актывістка
“Нашага дома” Зінаіда Цімошак.
Дарэчы, у гэтым
горадзе многія лічаць, што праблема з мовай існуе толькі таму, што прэзыдэнт
краіны не жадае гаварыць на беларускай мове. Калі адзін падпісант пачуў, што,
па словах прэзыдэнта, беларуская мова не запатрабаваная людзьмі, ён вельмі зьдзівіўся
і сказаў літаральна наступнае: “Мае суседзі жывуць у доме з аблупленымі сьценамі
і нікому не скардзяцца. Дык ці значыць гэта, што яны не хочуць жыць у прыгожым
доме? Хочуць, канешне. Проста наш народ выхаваны расійскім царызмам і
таталітарнымі рэжымамі і не ўмее патрабаваць...”
Нельга пагадзіцца з
тымі лістамі-адпіскамі, якія атрымліваюць грамадзкія актывісты на свой зварот.
Чытаем: “Вашы лісты разгледжаны ў Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь,
прапановы будуць па магчымасьці ўлічаны зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ў
рабоце па пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў грамадзтве”.
Што значыць — “па
магчымасьці”? Гэта лоўкая для чыноўнага люду фармулёўка, яна нікога і ні да
чога не абавязвае, затое дае магчымасьць кожнаму ўвільнуць ад вырашэньня пытаньняў,
якія пастаўлены ў звароце грамадзян, заклапочаных катастрафічным станам
дзяржаўнай беларускай мовы і нацыянальнай культуры; а на гэтым жа трымаецца
нацыя!
Па-другое,
“прапановы будуць... улічаны зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі...”. Але дзе ж
гэта ў наш залыганы вэртыкальлю час вы бачылі дзяржаўныя органы, зацікаўленыя ў
разьвіцьці роднай мовы? Іх няма. Яны перавяліся недзе з сярэдзіны 90-х гадоў. З
тых часоў мова пад прэсінгам, тыя хто сёньня ўладарыць, і не думаюць аслабляць
гэты ціск. Такое, скажу адкрыта, нялюдскае стаўленьне да беларускай мовы,
дадзенай Богам раз і назаўсёды, не можа не абураць сумленных грамадзян. Пра
гэта, дарэчы, сьведчаць і новыя лісты на адрас грамадзянскай ініцыятывы
“Інстытут нацыянальнай памяці” і ў Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі
Беларусь. Сярод падпісантаў — паважаныя людзі: Уладзімір Лайкоў з Барысаўшчыны,
выдатнік адукацыі, Станіслаў Суднік з Ліды, рэдактар газэты “Наша слова”,
Анатоль Вярцінскі і Леанід Левановіч з Мінска, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч з
Масквы Аляксей Каўка, папулярызатар гісторыі з
Мінска Анатоль Тарас, кампазытар, сьпявак Андрэй Плясанаў. Сярод
падпісантаў і сям’я рабочага Валянціна Духовіча з Віцебска, мэдык Ларыса
Куліцкая, цырульнік Галіна Пармон, повар Галіна Галіеўская, зваршчык Генадзь
Галіеўскі, настаўнік Уладзімір Дарагуж, юрыст Зоя Сушкевіч...
Пра клопат аб роднай
мове сьведчаць і нашы шматлікія сустрэчы, гутаркі з людзьмі ў розных раёнах.
Таму яшчэ раз скажу: не трэба тым, хто сёньня ва ўладзе, талдычыць, што народ
сам адмаўляецца ад беларускай мовы. Не трэба займацца спэкуляцыяй, шаноўныя!
Галоўная прычына выключна ў вашай хваробе, якая характарызуецца такімі словамі,
як “нігілізм” і “бяспамяцтва”. Такая хвароба можа зьвесьці наш народ у магілу.
Усе, хто паставіў
подпіс пад зваротам, хто адгукнуўся на яго (а гэта сотні, тысячы паважаных
людзей — пісьменьнікаў, вучоных, артыстаў, урачоў, сьвятароў, студэнтаў,
рабочых, працаўнікоў вёскі), чакаюць адказу ад кіраўніка дзяржавы, бо да яго ж
у першую чаргу зьвярталіся яны, бо ад яго, у рэшце рэшт, у многім залежыць, ці
зоймуцца дзяржаўныя органы выратаваньнем мовы тытульнай нацыі альбо будуць
працягваць палітыку замоўчваньня гэтай надзвычай вострай праблемы, палітыку
здрадніцтва беларускаму народу.
Нядаўна нашы літаратары, удзельнікі Форуму перакладчыкаў і выдаўцоў СНД
і краін Балтыі, які прайшоў у Ерэване, мелі сустрэчу з якуцкімі пісьменьнікамі,
дэлегацыю якіх узначальвала народны паэт Якуціі Натальля Харламп’ева.
Даведаўшыся пра стан беларускай мовы, яны былі вельмі зьдзіўленыя. Чым?
Парадоксам. Атрымлівалася, што ў іх, якутаў, адносіны да роднай мовы лепшыя,
чым у нас, беларусаў. А калі яшчэ даведаліся, што прэзыдэнт слыннай Рэспублікі
Беларусь пагарджае роднай мовай, можаце ўявіць іх стан душы — анямелі!
Не ўва сьне, а ў
рэальнасьці хочацца бачыць такую сытуацыю. Вось Аляксандр Рыгоравіч
сустракаецца з рабочымі і гутарыць з імі на беларускай мове... Вось ён на
пасяджэньні ў НАН Беларусі і перад навуковай элітай зачытвае з нагоды нейкага
юбілею прывітальнае слова па-беларуску, акадэмікі ўдзячна і дружна яму
апладзіруюць... Будучы ў Гродне А. Лукашэнка не абмінае філфак унівэрсытэта імя
Янкі Купалы і дзякуе выкладчыкам за іх зварот да яго з заклікам падтрымаць беларускую
мову ў цяжкі час. Прафэсура філфака ў сваю чаргу расказвае кіраўніку сувэрэннай
дзяржавы пра плён сваёй працы і дасягненьні беларускіх мовазнаўцаў, беларускіх
літаратараў...
Пасьля гэтакіх
сустрэч і гутарак Аляксандра Рыгоравіча ні ў кога не ўзьнікне думкі, што ў беларускай
мовы няма будучыні. Адраджэньне яе, побытавае выкарыстаньне пойдуць шпаркімі
тэмпамі ў кожным куточку Беларусі. Адродзіцца прэстыж мовы — адродзіцца ва ўсім
сьвеце слова пра яе носьбітаў, беларусаў.
Прыемна адзначыць,
што дзе-нідзе паварот да роднай мовы ўжо акрэсьліўся, пра што сьведчаць лісты
не толькі шараговых грамадзян, але і некаторых адказных асоб, аб чым гаварылася
ў папярэдніх публікацыях. Як не радавацца таму, што з верасьня-кастрычніка
пашырыліся беларускамоўныя перадачы на нацыянальным радыё і тэлебачаньні,
толькі хочацца чакаць ад Белтэлерадыёкампаніі наступных крокаў.
Нельга не падтрымаць
ініцыятыву грамадзкіх аб’яднаньняў “Згуртаваньне беларусаў сьвету
“Бацькаўшчына” і “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”, якія выступілі з
заклікам зрабіць 2009 год Годам Беларускай Мовы. Гэтаму ж закліку вельмі
пасуюць і намеры заканадаўчых органаў — Савета Рэспублікі і Палаты
прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дзяржавы — у наступным годзе адкарэкціраваць
палажэньні Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і некаторых іншых законаў з
мэтай дасягненьня фактычнай роўнасьці дзяржаўных моў на практыцы, як таго
патрабаваў і патрабуе Канстытуцыйны суд у сваім Рашэньні №П-91/2003. Пра гэты
намер паведамілі яшчэ ў чэрвені-ліпені старшыні Камісіі па адукацыі, навуцы,
культуры і сацыяльным разьвіцьці Савета Рэспублікі А. П. Морава і Камісіі па
адукацыі, навуцы, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў
У. М. Здановіч. Будзем спадзявацца, што адказныя асобы спраўдзяць свае словы.
Шчыра хочацца
пажадаць посьпеху і актывістам маладзёжнага крыла Партыі БНФ, якія пачалі
рупіцца, каб сабраць у абарону дзяржаўнай беларускай мовы 50.000 подпісаў.
Пазыцыя грамадзкасьці праяўляецца ўсё больш выразна.
Выратаваньне мовы
нашых продкаў, мовы Купалы і Коласа, Мележа і Караткевіча, Танка і Быкава,
Барадуліна і Гілевіча, мовы ўсіх беларусаў, якіх хвалюе лёс Бацькаўшчыны, — сьвяты
абавязак кожнага з нас. І прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка
павінен паказаць прыклад у гэтай лёсавызначальнай справе. Вось чаму шырокая
дэмакратычная грамадзкасьць, якая паставіла свае подпісы і падтрымала
вышэйназваны зварот, чакае яго слова, яго дзеяньняў.
Васіль Якавенка, пісьменнік,
каардынатар грамадзянскай
ініцыятывы
“Інстытут нацыянальнай памяці”.
/Народная Воля. Мінск. № 201-202. 24-28 снежня 2009. С. 2./
Васіль Цімафеевіч
Якавенка – нар. 5 траўня 1936 г. у в. Пажыхар Васілевіцкага р-на Гомельскай
акругі БССР, у сялянскай сям’і. У 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны
тэхнікум па спэцыяльнасьці геоляг. У 1956-1958 гг. служыў у Савецкай Арміі.
Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынэрам у розных геалягічных партыях і праектных
інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 годзе завочна
скончыў БДУ. У 1972-1977 гг. — рэдактар аддзелу навукі і мастацтва, аддзелу
нарыса і публіцыстыкі часопісу “Полымя”. У 1977-1978 гг. — сакратар праўленьня
Саюзу кінэматаграфістаў БССР. Ад 1990 году — прэзыдэнт Беларускага
сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль”. Сябра СП СССР ад 1977 г. 10 сьнежня
2011 г. дэлегатамі ХVІ зьезда Саюза беларускіх пісьменьнікаў Васіль Якавенка за
паклёп і абразы быў выключаны з грамадзкага аб’яднаньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Але Міністэрства юстыцыі прызнала, што выключэньне Васіля Якавенкі з шэрагу
сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў супярэчыць статуту арганізацыі, бо ён,
Васіль Якавенка ўсяго толькі абвінавачвае кіраўніцтва СБП у фальсыфікацыях, у
тым ліку фінансавых.
Натальля Іванаўна Харламп’ева
- нар. 1 верасьня 1952 г. у с. Маган ЯАССР, што ў 24 км да паўночны захад ад г.
Якуцка. Скончыла Якуцкі дзяржунівэрсытэт. Ад 1988 г. зьяўляецца чальцом Саюза
пісьменьнікаў СССР. Працавала літаратурным супрацоўнікам газэты “Северная
трасса”, інструктарам сэктара друку абкама КПСС, сакратаром Кабяйскага райкама
партыі, загадчыкам аддзелу культуры газэты “Кыым”, галоўным рэдактарам Якуцкага
кніжнага выдавецтва, галоўным рэдактарам часопіса “Далбар Хотун”, галоўным
рэдактарам газэты “Саха сирэ”, дарадчыкам прэзыдэнта РС(Я) па культуры. Яна
народны паэт Рэспублікі Саха (Якуція), старшыня рэгіянальнага праўленьня Саюза
пісьменьнікаў Якуціі, які падначальваецца Саюзу пісьменьнікаў Расіі, у
адрозьненьне ад Саюзу якуцкіх пісьменьнікаў, які не падпарадкуецца Саюзу
пісьменьнікаў Расіі, ляўрэат прэміі камсамола Якуціі, ляўрэат літаратурнай
прэміі “Алаш” Рэспублікі Казахстан, “Вялікай літаратурнай прэміі” Расіі. У сьнежні
2015 г. за заслугі ў разьвіцьці айчыннай культуры і мастацтва ды шматгадовую
плённую дзейнасьць была ўзнагароджаная мэдалём Пушкіна. У 2015 г. стала
пераможцам у намінацыі “Лепшая жаночая праца” ў конкурсе “Оpen Eurasia and
Central Asia Book Forum & Literature Festival - 2015” (OECABF-2015, Лёндан)
і атрымала Прэмію імя Марзіі Закір’янавай.
Юдзіта
Трэмбічанка,
Койданава.
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz