poniedziałek, 12 września 2016

ЎЎЎ Грыміслава Кангалаская. Асуджаныя ў ЯАССР не адзначаныя ў "Книгах Памяти" Рэспублікі Саха (Якутыя). Койданава. "Кальвіна". 2016.

 

    У 2002 г. ды 2005 г. выйшлі кнігі “Памяці” рэпрэсаваных па Рэспубліцы Саха (Якутыя), але ў іх не ўвайшлі ўсе асуджаныя на абшарах ЯАССР, якія пазначаныя ў картатэцы архіву УФСБ па РС(Я), пэўна з-за тога што яны ня былі рэабілітаваныя або з-за тога што зьмянілася каньектура...

 







                                              З картатэка архіву УФСБ па РС (Я)

    АБРАМОВІЧ Васіль Ігнатавіч – нар. у 1897 г. у в. Малыя Негнавічы Барысаўскага вуезда Менскай губэрні Расейскай імпэрыі [Лошыцкі с/с Барысаўскага р-на Менскай вобл. РБ]. Да арышту пражываў у г. Алдане, вул. Дзяржынскага № 117, гандлёвы работнік Алданскага трэста “Золатапрадзаб”, агент па нарыхтоўцы рыбы, б/п. Асуджаны 11 кастрычніка 1936 г. Алданскім Нарсудам па арт. 17, 162 “Д” да 2 гадоў п/в. Вызвалены 30 сакавіка 1937 г. па амністыі з Папраўча-працоўнай калёніі № 3. Арыштаваны 25 сакавіка 1942 г. за растрату па арт. 116-1 і зьняволены ў Алданскую турму НКУС ЯАССР № 2. Асуджаны Алданскім Акруговым судом 25 сакавіка 1942 г. да 3 гадоў п/ в. 27 чэрвеня 1942 г. прыбыў у Калёнію НКУС № 3. Памёр 6 лютага 1943 г. у ППК № 3. Жонка Абрамовіч Аўгіньня Іванаўна, 1906 г. н., сартыроўшчыцы, сын Абрамовіч Апалінар Васілевіч, які нар. 31 кастрычніка 1933 г. а 22 ліпеня 1937 г. памёр ад адзёру; сын Абрамовіч Уладзімер Васілевіч, які нар. 12 чэрвеня 1937 г. а 6 ліпеня 1937 г. памёр ад запаленьня мазгавых абалонак.

    БАРШЭЎСКІ Антон Лаўрэнцьевіч – нар у 1914 г. у в. Кабалекі Аршанскага вуезда Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі [РБ]. Да арышту пражываў на капальні “Агенчык” ЯАССР, вартаўнік. Арыштаваны 18 траўня па артыкулу 58-8. Справа № 137 высланая з Якуціі.

    БЯРАСЬНЁЎ Хвядос Карпавіч – нар. у в. Стопкі Рагачоўскага вуезда Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі [Жлобінскі р-н. Гомельскай вобл. РБ]. Да арышту пражываў на капальні Ыныкчан ЯАССР, цесьля. Арыштаваны 16 ліпеня 1949 г. па арт. 58-9, за дывэрсію і падробку дакумэнтаў. 19 красавіка 1950 г. Асобай Нарадай МДБ СССР асуджаны на высылку у Краснаярскі край. Справа № 242.

    ВАЛАТКЕВІЧ Яўстах Канстанцінавіч – нар. у 1900 [1902; 1905] г. у в. Глыбокае [РБ], паляк, беларус. У 1930 г. высланы як кулак за межы БССР. У 1937 г. жыў у п/п на капальні Сярэдне-Сераброўскай Алданскага р-на ЯАССР, грузчык, пільшчык. У 1937 г. у Якакуцкай сельгас арцелі “Гуж-саматужнік”. Да арышту пражываў у п. Уклан Тамоцкага р-на ЯАССР. 23 сакавіка 1947 г. Ваенны трыбунал В-СВА асудзіў яго па арт. 58-1б да 10 гадоў п/в ды паражэньня ў правах да 5 г. 29 сакавіка 1947 г. з ППК № 4. накіраваны у Джугджурляг. Памёр 16 лютага 1948 г.

    ВАСІЛЬЕЎ Віктар Іванавіч – нар. у 1906 г. у губэрнскім месьце Менск Расейскай імпэрыі [РБ]. У Якуцку жыў па вул. Горкага 80. Сталяр Якуцкага участка “Дальбуд”. Арыштаваны 26 траўня 1942 г. за абрабаваньне кватэры. Народны суд г. Якуцка 23 ліпеня 1942 г. прыгаварыў яго па арт. 162-і да 1 году зьняволеньня, якое ён адбываў у калёніі № 2

    ВІШНЯКОЎ Аляксей Іванавіч – нар. у 1897 г. у в. Панізоўе [Аршанскі р-н Віцебскай вобл. РБ], беларус. Пражываў у м. Алдан ЯАССР, працаваў бляхарам у пякарні № 1. 15 ліпеня 1941 г. арыштаваны за хуліганства. 20 жніўня 1942 г. асуджаны Народным судом Алданскага р-на ЯАССР па арт. 74 ч. 1 да 1 году і 3 месяцаў п/в 16 сьнежня 1942 г. памёр ў ППК № 3 НКУС ЯАССР

    ГАХНІКЕВІЧ Аляксей Раманавіч – нар. у 1901 г. у в. Мелічыцы Брэст-Літоўскага вуезду Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. [Брэсцкая вобл. РБ] Пражываў на капальні Гарэлая Тамоцкага р-на ЯАССР, старацель Верхне-Амгінскага упраўленьня золатаздабычы. 28 чэрвеня 1942 г. за ухіленьне ад пакліканьня ў РСЧА быў арыштаваны па арт. 193-10 п. “а” КК РСФСР ды зьняволены ў Алданскую турму № 2. Памёр 21 верасьня 1942 г.

    ГРЫГОР’ЕЎ Піліп Іванавіч – нар. у 1874 г. у губэрнскім месьце Вільня Расейскай імпэрыі [Рэспубліка Летува]. Пражываў у м. Якуцк ЯАССР. Галоўны лекар гарадзкой бальніцы. Справа 433.

    ГУЗАЎ Марка Ульянавіч – нар. у 1903 г. [РБ], беларус. Пражываў у п. Учур па вул. Набярэжная № 28. Таваравед. Загадчык базы Золатапрамзаба. Арыштаваны 2 снежня 1939 г. па артыкулам 109 ды 162 п. “д” за растрату. Народны суд Учурскага р-на ад 30 снежня 1939 г. асудзіў яго да 5 г. п/в. 28 сакавіка 1940 г. вызвалены з Алданскай турмы №. 2.

    ЖАКОЎСКІ [Жахоўскі] Сцяпан Францавіч – нар. у 1909 г. у м. Барысаў Менскай губэрні Расейскай імпэрыі [Барысаўскі р-н Менскай вобл. РБ], беларус. Пражываў у с. Сунтар ЯАССР. Зубны тэхнік райбальніцы. Арыштаваны па артыкулам 88 ч. 1 ды 150 ч. 1. 2 чэрвеня 1965 г. 17 ліпеня 1965 г. справа спыненая. Справа 2998.

    ЗАЙЧЭНЯ Ігнат Мікалаевіч – нар. у 1888 г. у в. Семярэнкі Гудзевіцкай воласьці Гарадзенскага ўезда Гарадзенскай губэрні [Гудзевіцкі с/с Мастоўскага р-на Гародзенскай вобл. РБ], беларус. Чалец УКП(б) з 1918 г. Працаваў на шахтах Данбаса. Ваяваў у Грамадзянскую вайну на Ўкраіне. Авалодаў украінскай мовай. Пражываў у п. Амга ЯАССР. Дырэктар зернесаўгаса Амгінскага р-на. Арыштаваны 4 сьнежня 1937 г. і зьняволены ў Якуцкую турму. 30 студзеня 1938 г. ВС ЯАССР асуджаны па арт. 58-7 да 20 г. п/в. 23 лістапада 1938 г. ВС РСФСР быў амніставаны. 29 жніўня 1938 г. вызвалены з Паўнчыгундарлягу НКУС. 27 ліпеня 1939 г. рэабілітаваны па парт. лініі. З 1939 г. па 1940 г. загадчык Якуцкай гарадзкой камунальнай гаспадаркай. 7 красавіка 1940 г. зацьвярджаецца дырэктарам Якуцкага мукамлынавага завода.

    ІВАШКЕВІЧ Леакадзія Савасьцянаўна – нар. у 1932 г. у в. Ямінск [Ямінскі с/с Любанскага р-на Менскай вобл. РБ], беларуска. Пражывала ў м. Алдан ЯАССР. Бугальтар ППК № 3. Яе бацька, Івашкевіч Савасьцян Ігнатавіч, які нар. у 1887 г. у в. Ямінск ды ў 1930 г. высланы як кулак у адміністратыўным парадку на капальню Лебядзіная Алданскага р-на ЯАССР, быў арыштаваны 11 студзеня 1941 г. Алданскім акруговым аддзелам НКУС ЯАССР па артыкулам 58-10 ч. 1 ды 58-11 КК РСФСР і Алданскім акруговымсудом ад 10 красавіка 1941 г. асуджаны да 10 гадоў п/в. Леакадзія была арыштаваная 20 кастрычніка 1944 г. В/т Паветранай трасы Краснаярск-Уэлькаль 22 сьнежня 1944 г. асуджаная па Указу 193-17 “а” да 8 гадоў п/в. У ліпені 1947 г. пераведзеная ў Алданскі ППЛ. 18 кастрычніка 1947 г. вызваленая па Указу ад 16 жніўня 1947 г.

    ЛІЦ Карл Пятровіч – нар. у 1889 г. на х. Дэмаўшчына [Віцебская воб. РБ], латыш. У 1930 г. высланы як кулак з Полацкай акругі за межы БССР. Пражываў на капальні Сярэдне-Сераброўскай, возчык дроў. Арыштаваны 23 траўня 1933 г. па арт. 58-7 КК РСФСР і асуджаны да 10 гадоў п/в. 20 кастрычніка 1933 г. злачынства перакваліфікаванае на арт. 79-3. Справа 2304.

    МАЛАШЭНКАЎ (Малашэнка) Павал Сьпірыдонавіч – нар. у 1889 г. у д. Чарняўка [Акцябарскі р-н Гомельскай вобл. РБ], рускі. Да арышту пражываў на капальні Залатая Алданскага р-на ЯАССР, токар. Прыцягваўся да суду па арт. 58-6-7. 23 сакавіка 1928 г. справа № 1574 спыненая.

    МУЗЫЧЭНКА Хведар Сільвестравіч – нар. у 1907 г. у в. Дзербічы [Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл. РБ], беларус. Да арышту пражываў у Алданскім р-не ЯАССР, возчык арцелі “Праца”. У 1933 г. прыцягваўся да суду па арт. 58-11, 112, 116 ч. 2, 128, 129, 120 КК РСФСР. Справы №№ 3141, 6401.

    НІКІФАРОЎСКІ Зьміцер Дзьмітрыевіч – нар. у 1875 г. у Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі [Віцебская вобл. РБ].  26 красавіка 1919 г. абіраецца галосным Якуцкай гарадзкой Думы, а таксама высоўваецца ад Якуцкай філіі партыі “Народная воля” у кандыдаты Эканамічнай Нарады пры урадзе Калчака. Арыштаваны 15 сьнежня 1919 г. і зьняволены ў Якуцкую турму. 12 ліпеня 1920 г. быў вызвалены “з нагоды выезду з Якуцка ў Іркуцк з Упаўн. Ірк. Губ. Надзв. Кам. УЧКа…”. Справа № 5 “ГУР ЧэКа”цяпер захоўваецца ў Архіве УФСБ Расеі па РС(Я) у Якуцку пад № 430.

    НІКІЦЕНКА Мікіта Емельлянавіч – нар. у 1910 г. у в. Зарэсьце Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі [Магілёўская вобл. РБ], беларус. Да арышту працаваў заўгасам Рэспубліканскага дзіцячага дому ў ЯАССР. 20 верасьня 1951 г. прыцягваўся да суду па арт. 58-8 ч. 2 КК РСФСР. Справа № 2264.
    НОТКІН Даніла Мацьвеевіч – нар. у 1908 г. у м. Гомель Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі [Гомельская вобл. РБ]. Працаваў ст. інжынэрам маскоўскага рамонтнага прадпр. трэста электрастанцый ў м. Масква. Арыштаваны НКУС ЯАССР. Асуджаны 29 кастрычніка 1964 г. па арт. 173 ч. 2 да 3 гадоў п/в. 28 ліпеня 1966 г. справа № 3019 спыненая.

    САЛЕНІК Аляксандар Паўлавіч – нар. у 1896 г. у м. Быцень Слонімскага вуезда Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. [Івацэвіцкі р-н Берасьцейскай вобл. РБ], беларус. Працаваў на капальні Бай-Урах Алданскага р-на ЯАССР. Прыцягваўся да суду па арт. 16-121 КК. 29 сакавіка 1929 г. справа № 3076 спыненая.

    САЎЧАНКА Міхась Піліпавіч – нар. у 1926 г. у в. Шапарня [Гомельская вобл. РБ], беларус. Працаваў на Сангарскім вугальным рудніку, бурыльшчык. Прыцягваўся 28 жніўня 1949 г. да суду па арт. 58-1 “б”. 10 сьнежня пераведзены з Якуцкай турмы № 1 ў Гомель.

    ТАРШЫС Ахрэм Язэпавіч – нар. у 1905 г. у м. Баранавічы Менскай губэрні Расейскай імпэрыі [Берасьцейская вобласьць РБ], габрэй. Тэхнічны кіраўнік арцелі “Шырспажыў” у ЯАССР. 29 студзеня 1949 г. прыцягваўся да суду па артыкулам 58-10 ч. 1, 58-11 і быў прысуджаны да высылкі. Справа 123 (высланая).

    ЦАРЫКАЎ Міхась Канстантынавіч - нар. у 1912 г. у Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі [РБ], рускі. Пражываў у ЯАССР, працаваў у Драматычным тэатры. 1 красавіка 1950 г. прыцягваўся да суду па артыкулам 58-4-10-11 і быў прысуджаны да высылкі на пасяленьне. Справа 744 (высланая).




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz