środa, 21 października 2015

ЎЎЎ 1-2. Уладзімер Караленка. Якуцкія апавяданьні. Пераклаў Анатоль Кудравец. Сш. 1. Ч. 2. Койданава. "Кальвіна". 2015.





                                                                          МАРОЗ
                                                                                  І
    Мы ехалі па беразе Лены на поўдзень, а зіма даганяла нас з поўначы. Аднак магло здацца, што яна ідзе нам насустрач, спускаючыся зьверху, па цячэньні ракі.
    У верасьні пад Якуцкам было яшчэ даволі цёпла, на рацэ ані крыгі. Па адной з блізкіх станцый нас нават спакусіла цудоўная месячная ноч, і каб не начаваць у душнай станочнікавай юрце, якая толькі што была памазана звонку (па зіму) яшчэ цёплым гноем, — ляглі на беразе, наслаўшы пасьцелі ў лодках і накрыўшыся аленевымі шкурамі. Ноччу, аднак, мне здалося, што нехта прыпякае мне полымем правую шчаку. Я прачнуўся і ўбачыў, што месячная ноч пабялела яшчэ больш. Усё кругом было ў шэрані, шэрань укрыла маю падушку, і гэта яе дотык здаваўся мне такім гарачым. Майму таварышу, які спаў у адной лодцы са мною, — сьнілася, відаць, тое ж самае. Месяц сьвяціў яму ў твар, і я бачыў пакутлівыя грымасы, якія праходзілі па ім. Сон яго быў моцны і, відаць, цяжкі. У гэты час, прыўзьняўшы футры і шкуры, у суседняй лодцы ўстаў другі мой спадарожнік. Усё было белае і пушыстае ад шэрані, і ўвесь ён здаваўся белым прывідам, які раптоўна ўзьнік з халоднага бляску шэрані і месячнага сьвятла.
    — Брр... — сказаў ён. — Мароз, браткі...
    Лодка пад ім калыхнулася, і ад руху яе на вадзе пачуўся звон, нібы ад разьбітага шкла. Гэта ў мясьцінках, закрытых ад хуткай плыні, утвараліся першыя “заберагі”, яшчэ тонкія, са сьлядамі доўгіх крышталічных іголак, якія ламаліся і зьвінелі, нібы тонкі крышталь... Рака, адчуўшы першы ўдар марозу, быццам пацяжэла, а скалы ўздоўж яе горных берагоў, наадварот, сталі лягчэйшыя, нібы паветраныя. Пакрытыя шэраньню, яны ішлі ў няясную, азораную далеч, іскрыстыя, быццам прывіды...
    Гэта было першае слова марозу ў пачатку доўгага шляху... Слова вясёлае, бадзёрае, ледзь не жартаўлівае.
    Па меры таго як мы паволі і затрымкамі рухаліся далей на поўдзень — зіма набірала сілу. Цэлыя затокі стаялі ўжо, накрытыя плеўкай цёмнага некранута-чыстага лёду, і камень, кінуты з берага, доўга каціўся, сьлізгаў па гладкай паверхні і выклікаў дзіўны, пераліўны звон, які чым далей, тым болей узмацняўся і адзываўся рэхам горных цясьнін. Далей лёд, зачапіўшыся за краі ракі, працягваў сваю барацьбу, заберагі пашыраліся, і кожны крок у гэтай барацьбе памячаўся лініяй паламаных ільдзінак, якія паказвалі, што тут нядаўна была жывая плынь і што яна зноў адступіла на сажань-другую ад сярэдзіны...
    Дзе-нідзе па берагах ляжаў ужо сьнег, рэзка адцяняючы цёмны цяжкі рачны струмень. Яшчэ далей — да гэтай барацьбы далучаліся горныя рэчкі. Паступова набухаючы ад вытокаў, яны ўзломвалі свой лёд у вусьцях, скідалі яго ў Лену, загрувашчвалі жывую плынь, ускладняючы яе ўласную барацьбу з марозам... Ломаныя лініі на рацэ падымаліся ўсё вышэй: крыгі, выкінутыя плыньню на краі заберагаў, рабіліся ўсё таўсьцейшыя. Гэта былі ўжо сапраўдным валы, і час ад часу нам было відаць, як сярод гэтых валоў пачынаўся трывожны рух. Гэта рака злосна шпурляла на нерухомыя ледзяныя ўмацаваньні, што скоўвалі яе, крыгі, прабівала прабоіны, крышыла лёд на друз, на іголкі, на сьнег, а потым зноў бясьсільна адступала, і праз нейкі час аказвалася, што белая лінія заломаў прайшла яшчэ далей, паласа лёду стала шырэйшая, рэчышча звузілася...
    Чым далей, гэтая барацьба набывала большую ўпартасьць і размах. Рака шпурляла ўжо не толькі крыгі, а велізарныя камлюгі так званага таросу, і яны грувасьціліся адна на адну ў дзікім беспарадку. Карціна выглядала ўсё больш бязрадаснай. Ля берагоў таросы ўжо застылі бязладнымі масамі, а на сярэдзіне ўсё яшчэ варочаліся цяжкімі, грувасткімі валамі, хаваючы амаль замёрзлае рэчышча, як адзічэлы натоўп закрывае месца пакараньня сьмерцю... Уся прырода, здавалася, поўнілася страхам і разам з тым урачыстым чаканьнем. Бязьлюдныя цясьніны горных берагоў пакорліва паўтаралі сухі грукат ледзяных палёў і цяжкае крактаньне зьняможанай ракі.
    Праз нейкі час цёмны струмень таксама пабялеў усярэдзіне. На ім ціха варочаліся, таўкліся, шаргацелі і густа плылі белыя крыгі ледаходу, які ўжо быў гатовы зусім заціснуць сьцішаную і зьнясіленую плынь.
                                                                               II
    Аднойчы і невялікай берагавой скалы сярод гэтых павольных ледзяных мас мы ўбачылі нейкі чорны прадмет, які выразна выдзяляўся на бела-жоўтым фоне. У пустынных месцах усё прыцягвае ўвагу, і ў нашым маленькім караване пайшлі гаворкі і здагадкі.
    — Варона, — сказаў нехта.
    — Мядзьведзь,— запярэчыў другі ямшчык.
    Думкі падзяліліся. Чорная кропка адным здавалася не большай за варону, іншым — не меншай за мядзьведзя: аддаленая аднастайнасьць гэтых неспакойных мас, якія ляніва праплывалі між гор, — зусім мяняла пэрспэктыву.
    — Адкуль узяцца мядзьведзю пасярод ракі? — спытаў я ў ямшчыка, які гаварыў пра мядзьведзя.
    — З таго берага. Тры гады назад мядзьведзіца вунь з таго вострава пераправілася з трыма медзьведзянятамі.
    — Сёлета таксама зьвер з таго берага ідзе на наш. Відаць, зіма будзе лютая...
    — Мароз гоніць, — дадаў трэці.
    Увесь наш караван спыніўся ля скалы, чакаючы набліжэньня прадмета, які ўсіх так зацікавіў. Белая ледзяная каша між тым паволі набліжалася да нас, і было відно, што чорная кропка на ёй мяняе месца, нібы сапраўды перапраўляецца на крыгах да нашага берага.
    — А гэта ж, браткі, казуля, — сказаў нарэшце адзін з ямшчыкоў.
    — Дзьве, — дадаў другі, прыгледзеўшыся. Сапраўды, гэта былі горныя козы, і, сапраўды, іх было дзьве. Цяпер нам ужо выразна былі відаць іх цёмныя грацыёзныя сылюэты сярод сапраўднага ледзянога пекла. Адна была большая, другая меншая. Можа, гэта былі маці і дачка. Вакол іх біліся, таўкліся, круціліся і крышыліся крыгі; пры гэтым сутыкненьні ў прамежках нешта кіпела і пырскала пенай, а далікатныя стварэньні, наструніўшыся, стаялі на досыць вялікай крызе, сабраўшы ў адно месца свае тоненькія ножкі...
    — Ну, нешта будзе! — сказаў малады ямшчык з глыбокай цікавасьцю.
    Аграмадная крыга, якая плыла наперадзе той, на якой стаялі козы, як быццам пачала замаруджваць ход і разварочвацца, затармазіўшы ход задніх. Гэта стварыла вакол жывёл цэлае пекла разбурэньня і плёскату. Крыгі станавіліся рубам, лезьлі адна на адну і крышыліся з гучным, як выстралы, грукатам. Часам між імі разыходзілася і сыходзілася цёмная глыбіня. На нейкае імгненьне дзьве маленькія цёмныя плямы зусім былі прапалі ў гэтым хаосе, але потым мы зноў убачылі іх на другой крызе. Сабраўшы свае топкія ножкі, козы стаялі па другой ледзяной пляцоўцы, гатовыя да новага скачка. Гэта паўтаралася некалькі разоў, і кожны скачок з разьлічанай пасьлядоўнасьцю набліжаў іх да нашага берага і аддаляў ад процілеглага.
    Ужо можна было прасачыць плян разумнай жывёліны. Непадалёк ад нас канец мыса вострым краем уразаўся ў раку, і крыгі, разагнаныя плыньню, разьбіваліся тут з асаблівай сілай. Затое больш аддаленыя, якія пазьбеглі ўдару, падхопліваліся адбітымі хвалямі і несьліся да другога берага ракі. Старэйшая з дзьвюх коз, якая, відаць, кіравала пераправай, з кожным скачком набліжалася да мыса, які аж грымеў ад напору ільдоў... Бачыла яна нас ці не — але нашу прысутнасьць яна яўна не прымала пад увагу. Мы таксама нерухома стаялі па тым самым мысе, і нават вялікі вастравухі і злы станочны сабака, які прыцягнуўся за намі, відаць, быў зусім бескарысьліва зацікаўлены вынікам гэтых сьмелых і трагічна-небясьпечных эвалюцый... Зусім недалёка ад берага, у нейкім дзесятку сажняў ад цэлай купкі людзей, коз усё гэтак жа займала сутыкненьні крыг і скачкі. Калі крыга, на якой яны стаялі, ціха круцячыся, падышла да небясьпечнага месца, — у нас перахапіла дыханьне... Імгненьне... Сухі хаос абломкаў, якія рантам узьняліся ўгору і папаўзьлі на абледзянелыя краі мыса, — і два чорныя цені лёгка, як кінуты камень, махнулі на бераг паўзьверх гэтага хаосу.
    Яны былі ўжо на беразе. Але на другім баку касы былі цёмныя палоскі вады, а праход загароджвала купка людзей. Аднак разумнае стварэньне не задумалася ні на хвіліну. Я заўважыў позірк яго круглых вачэй, што глядзелі з нейкім нечаканым даверам, і потым яна панеслася сама і скіравала малодшую да нас. Станочны сабака, вялікі кашлаты Палкан, вінавата адступіў убок, калі старэйшая каза, загароджваючы малодшую, прабегла паўз яго, ледзь не дакрануўшыся бокам да яго кудлатай поўсьці. Сабака толькі падціснуў хвост і задуменна адбег, нібы азадачаны ўласнай велікадушнасьцю і баючыся, што мы зразумеем яе ў не выгадным для Палкана сэнсе. Але мы адобрылі яго стрыманасьць і радасна глядзелі ўгору, дзе два стройныя целы, выцягваючыся ў лінію, мільгалі ў паветры над вяршынямі скалаў...
                                                                               III
    Гэту станцыю разам з намі праяжджаў Іван Радзівонавіч Сакольскі, наш выпадковы спадарожнік, начальнік разьведачнай партыі з капальняў. Некалі нейкая бура занесла яго ў далёкую Сыбір, і ён, уцягнуўшыся ў багатае на ўражаньні жыцьцё разьведчыка на капальнях, ужо не імкнуўся вырвацца адсюль. Гэта быў чалавек аграмадны, з абветраным тварам, сівой грывай валасоў і застыглымі рысамі, якія надзейна хавалі яго душу. Яго пачуцьці, здавалася, таіліся пад грубымі рысамі твару, як плынь ракі пад крыгамі. У яго санях (на станцыю я ехаў разам з ім) ляжала ружжо ў футарале з ласінай скуры, і хоць ён стаяў побач і варта было яму толькі працягнуць руку, каб дастаць ружжо, — ён не зрабіў гэтага. Яго цьвёрдыя шэрыя вочы ўвесь час сачылі за казулямі, і мне першы раз на працягу нашага — хоць і нядоўгага — знаёмства падалося, што ў гэтых шэрых вачах прамільгнула нешта не зусім халоднае і не зусім загрубелае.
    Калі гэты маленькі эпізод закончыўся, мы ўсе селі зноў, і наш караван рушыў далей, расьцягнуўшыся пад камяністым берагам. Настрой ва ўсіх у нас быў вясёлы, і ўсе мы абмяркоўвалі сьмелы подзьвіг жывёлін, якія змаглі захаваць такі спакой сярод столькіх небясьпек.
    — Дарэчы, — сказаў я, усьміхаючыся, — тое-сёе трэба аднесьці і на паш рахунак. Можна падумаць, што мароз абуджае добрыя пачуцьці.
    — З чаго вы гэта ўзялі? — запытаў Сакольскі сур’ёзна.
    — З зусім незвычайных паводзін Палкана, а таксама, прабачце супастаўленьне, — вашых уласных: ваша ружжо засталося ў футарале.
    — Ага, — адказаў Сакольскі. — Гэта праўда. Бедныя стварэньні на нашых вачах прайшлі праз столькі небясьпек, і, я думаю, нават Палкану было сорамна скончыць усё гэта простым забойствам на беразе... Ці заўважылі вы, як старэйшая самааддана закрыла малодшую ад сабакі?.. Ці кожны чалавек зробіць гэта ў такіх абставінах?
    — Кожная маці, я думаю... — сказаў я, усьміхнуўшыся. — Наогул, мне здаецца, на вас гэты маленькі эпізод зрабіў вялікае ўражаньне.
    На твары Сакольскага адбівалася ўнутранае хваляваньне, вочы глядзелі мякка і сумна...
    — Ага, — задуменна адказаў ён. — Гэта напомніла мне адну гісторыю і аднаго чалавека...  Вось вы сказалі пра ўзьдзеяньне марозу і пра добрыя пачуцьці. Не, мароз — гэта сьмерць. А ці думалі вы, што ў чалавека можа замерзнуць, напрыклад... сумленьне?
    — І нават увесь чалавек можа ператварыцца ў ледзяную глыбу, перастане быць чалавекам, — адказаў я, зноў усьміхнуўшыся. Настрой майго спадарожніка здаваўся мне ўсё больш загадкавым.
    — Не, — адказаў ён з тым жа дзіўным мяккім сумам. — Не, значна раней. Я раскажу вам, калі хочаце... Дарэчы, і было гэта ледзь не тут. Я еду цяпер з вамі, і мне здаецца, што... я перажываю пачатак майго апавяданьня, а вы паедзеце далей і сустрэнеце яго працяг...
                                                                             IV
    — Гэта было ў 18... нейкім годзе. Тады я толькі атрымаў месца і ехаў з таварышам на капальні. Восень, як і сёлета, пазьнілася, зіма марудзіла, і мы ехалі вельмі павольна. Прыкладна тут вось мы таксама сустрэлі першы крыгаход. Далей лёд усё мацней скоўваў раку, плынь рабілася ўсё вузейшай, потым яе пачалі перакрываць заторы. Паглядзіце самі, што гэта такое... У адным месцы густа зьбіваюцца аграмадныя крыгі і перагароджваюць плынь. Рака нагрувашчвае іх усё болей, ломіць лёд, стварае парогі, раве, злуецца... На цэлыя вёрсты наўкол стаіць гул і грукат... Потым лёд зноў прарвецца і сплыве ўніз, а на сярэдзіне ракі застаюцца толькі палонкі, над якімі вісіць густая марозная пара.
    Я ехаў з таварышам — палякам са ссыльных. Ён удзельнічаў у вядомым паўстаньні на кругабайкальскай чыгунцы і быў паранены. Уціхамірвалі іх тады жорстка, і ў яго на ўсё жыцьцё засталіся на руках і нагах сьляды жалеза: іх па марозе вялі ў кайданах без падкайданьнікаў... Таму ён вельмі баяўся холаду... І, наогул, істота гэта была кволая, слабая, — у чым і душа трымалася, як кажуць... Але тэмпэрамэнт у гэтым маленькім целе быў проста зайздросны. І, наогул, увесь ён быў створаны з дзіўных супярэчнасьцей. Прозьвішча яго было Ігнатовіч.
    Сакольскі задумаўся, і нейкі час мы ехалі моўчкі. Маўчаньне гэта доўжылася, і я хацеў ужо напомніць майму спадарожніку пра працяг расказу, як раптам ён зноў павярнуўся да мяне:
    — Баюся, што я не здолею вам перадаць, што гэта была за натура... Ідэаліст і рамантык, выхаваны па Красінскім, Славацкім і Міцкевічу. Нам, рускім, заўсёды быў чужы гэты настрой, гэтыя... як бы сказаць... экстатычныя перабольшаньні, ці што. Ёсьць у Міцкевіча адзін верш: нехта, нейкае неабдымнае Я галавой узьнялося ў надзорныя вышыні... Вакол галавы вянец з сонцаў, рукі ён паклаў на зоры, і іх хоры, як клявішы, выкопваюць створаную ім сусьветную сымфонію... Нешта ў гэтым пляне. Я заўсёды быў халодны да такіх вобразаў і з нейкім зьдзіўленьнем слухаў, як мой таварыш (мы жылі з ім у Якуцку каля года) дэклямаваў іх з незвычайным патасам і захапленьнем. Не разумеючы сам ні прыгажосьці гэтых карцін, ні гэтага настрою — я ўсё ж павінен быў прызнаць, што яны ў адказ могуць абуджаць нейкія адгалоскі: мой маленькі таварыш, здавалася, вырастаў, голас яго пачынаў зьвінець, вочы гарэлі, і... калі не вобразы, якія мне ўсё-такі здаваліся ненатуральна перабольшанымі і дзіўнымі, — то гукі яго голасу хвалявалі нават мяне.
    Я думаю, што гэта можна назваць рамантызмам... Нейкае перабольшанае ўяўленьне пра чалавека, пра яго “боскі пачатак”, пра яго тытанічнае значэньне. Але ў гэтым настроі майго таварыша не было цэласнасьці. Здаецца, ужо ў час самога паўстаньня, за якое ён і трапіў у Сыбір, чалавечая прырода павярнулася да яго сваімі не самымі прывабнымі і ва ўсякім выпадку далёка не лепшымі бакамі... Потым было нешта і з жанчынай. Калі яна ўяўляецца ў надзорнай вышыні, сатканай з промняў, — то, вядома, другі бок жаночай натуры ўспрымаецца з асаблівай хваравітасьцю... Як бы то там ні было, на яго часам находзілі такія палосы мізантропіі. Тады ён рабіўся проста невыносны, асабліва ў сумесным жыцьці. У яго паглядзе, пранізьлівым і халодным, адчувалася нешта зьняважлівае — да вас, да незнаёмага прахожага, да самога сябе. У гэтыя пэрыяды ён рабіўся матэрыялістам і цынікам, гаварыў грубасьці, і... я тады стараўся надоўга пайсьці куды-небудзь, калі можна было, на некалькі дзён... Таварыш жа мой з асаблівай клапатлівасьцю пачынаў даглядаць жывёлу...
    Любоў да жывёлы была таксама характэрнай рысай гэтага дзіўнага чалавека. Бывалі цэлыя пэрыяды, калі наша сьціплае жытло ператваралася ў лякарню. Цэлы тыдзень ён аддаў зьмёрзлай вароне і вярнуў ёй жыцьцё, а хворага каня вадзіў на прагулку па два разы на дзень, не зважаючы па насьмешкі. І цікава: чым больш ён злаваўся на людзей, тым больш пяшчоты аддаваў жывёле. У рэшце рэшт, пэсыміст і цынік (у такія пэрыяды) у адносінах да “цара прыроды” — ён расхвальваў яе меншыня стварэньні. Ён не толькі бачыў у іх розум, памяць, кемлівасьць, сумленьне, але нават лічыў гэтыя бакі інтэлекту выключна іх прыналежнасьцю, не ўласьцівай чалавеку. Пры гэтым ён рабіўся такі невыносна дасьціпны і ядавіты, і часам, калі мне не было куды дзецца ў пэрыяды яго мізантропіі, я зьнемагаў ад яго парадоксаў і на самай справе пачынаў адчуваць сябе ніжэй за ўсякую скаціну, у той час, як нейкі сабака, якому нейкі гультай перабіў паленам сьпіну, здаваўся мне ледзь не сьвядомым пакутнікам і філёзафам. Між іншым, калі гэтыя прыступы праходзілі, ён зноў ажываў, зноў лунаў у нябёсах і дэклямаваў “сусьветныя сымфоніі”. У той час ён быў на капальні некім накшталт наглядчыка матэрыяльнага склада... У практычных пытаньнях я заўсёды меў перавагу. Я знайшоў яму гэтую пасаду і ўгаварыў прыняць яе. Ён пасіўна паслухаўся, і мы адправіліся ў дарогу, як толькі атрымалі аванс. Справы нашы былі не надта каб бліскучыя.
    Ехалі мы ўсё-такі трохі хутчэй за вас, нягледзячы на тое, што вопратка ў нас была неважнецкая, мы неяк не пасьпелі яшчэ добра зьмерзнуць да самай Алёкмы і нават далей. Маразы былі добрыя, але зьмерзьнеш і пагрэесься, а на наступны дзень выяжджаеш як нічога-ніякага.
    За Алёкмай рака ўжо стала, былі толькі палонкі... Аднойчы, праяжджаючы паўз адну з іх, мы ўбачылі дзьвюх качак. Ямшчык паказаў іх нам пугай. Цяжка мне цяпер перадаць вам гэта сапраўды вартае жалю відовішча. Качкі былі з адсталых. Таварышы іх даўно паляцелі, а яны, хворыя ці зьняможаныя, засталіся паміраць на гэтай халоднай рацэ. Пакуль плынь была яшчэ вольная хоць на сярэдзіне — яны плавалі, так-сяк ратуючыся ад крыгаходу; прастора вады ўсё звужалася, потым засталіся толькі гэтыя палонкі. Калі і яны замерзнуць, качкі немінуча загінуць. Цяпер яны ўдзьвюх кідаліся па вузкай палонцы, ахутаныя халоднай парай, а на іх пазіралі такія ж змрочныя і абыякава халодныя горы.
    Я памятаю, што ямшчык сьмяяўся, выскаляючы свае белыя зубы.... Мне стала жудасна і холадна, і я захутаўся ў футра, быццам пада мной была гэта цёмная халодная глыбіня. Але мой таварыш адразу расхваляваўся і загарэўся.
    — Стой! — закрычаў ён ямшчыку. — Няўжо вы можаце праехаць міма? — зьвярнуўся ён да мяне з горыччу і, не чакаючы, пакуль ямшчык спыніць коней, выскачыў з саней і потым, сьлізгаючыся і падаючы па таросах, кінуўся да палонкі.
    Ямшчык сьмяяўся, як ненармальны, і я таксама не мог стрымаць усьмешкі, гледзячы, як мой таварыш, нахіліўшыся над вузкай, прадаўгаватай палонкай, стараўся злавіць качак. Птушкі, вядома, кінуліся ад яго. Тады мой маленькі спадарожнік перабег на ніжні канец палонкі, правільна разьлічыўшы, што качак цяпер панясе плыньню да яго, асабліва калі, зацікаўлены гэтым эпізодам, я таксама выйшаў на лёд і пагнаў іх уніз... Ныраць яны баяліся, таму што плынь заносіла іх пад лёд. Адна з гэтых птушак узьнялася была ў паветра, але другая, зьнясіленая, а можа, падстрэленая калі-небудзь, лётаць не магла, яна толькі ўзмахнула крыльлем і засталася. Тады і першая, зрабіўшы круг над халоднымі крыгамі, вярнулася да сваёй сяброўкі.
    Я не магу вам апісаць уражаньня, якое зрабіла гэта праява велікадушнасьці з маім сябрам. Ён стаяў на лёдзе, сочачы за палётам птушкі, якая мільгала на фоне панылых гор, пасярэбраных сьнегам, і калі яна самааддана пляснулася за некалькі крокаў ад нас на ваду, з яўным намерам разьдзяліць агульную небясьпеку, — у яго на вачах паказаліся сьлёзы... Потым ён рашуча заявіў, што мы можам, калі хочам, ехаць далей, а ён застанецца тут, пакуль не зловіць абедзьвюх качак.
    Я ведаў, што ён абавязкова зробіць гэтак, і мы пачалі своеасаблівае паляваньне, у якое, нарэшце, уключыўся і ямшчык. У выніку адна птушка, менавіта тая, што спрабавала паляцець — патанула. Яна нырнула з маіх рук, і плынь панесла яе пад лёд... Другая трапіла ў рукі ямшчыка. Ігнатовіч вымак, з рукавоў яго футра лілася вада.
    Гэта было вельмі сур’ёзна, таму што да станцыі было яшчэ ня блізка. Я захутаў яго ў што мог, але на станку мы ледзь адцерлі яго адмарожаныя пальцы і цэлыя суткі пасьля гэтага не гаварылі адзін з адным. Качку гэтую мы павезьлі далей, і хоць я прымаў удзел у яе выратаваньні і пад канец захапіўся гэтым дабрачынным спортам, — але ўсё-такі разумеў, што гэта сэнтымэнтальна і неразумна, тым больш што ўсюды наш трэці пасажыр выклікаў, па-мойму, справядлівыя насьмешкі станочнікаў. Ігнатовіч адчуваў мой настрой і злаваўся.
    У рэшце рэшт, качка ўсё-такі здохла, і мы яе кінулі на дарозе, а самі паехалі далей. Некалькі дзён ішоў густы пушысты сьнег, які ўкрыў па тры чвэрці аршына і лёд і зямлю. Ён ляжаў усюды на дрэвах і часам падаў з іх камякамі, дробным пылам рассыпаючыся ў сьветлым паветры.
    Потым ударыў мароз у трыццаць, трыццаць пяць, сорак градусаў. Потым на адной станцыі мы ўжо бачылі замерзлую ў тэрмомэтры ртуць, і нам сказалі, што так яна стаіць некалькі дзён.
    Птушкі замаруджвалі палёт, сутаргава ўзмахвалі крыльлем і падалі на зямлю, мядзьведзі мерзьлі ў бярлогах і выходзілі худыя, напалоханыя і злыя... Паляўнічыя на вавёрак з-за гэтых раззлаваных мядзьведзяў спынілі свой промысел.
    Мы таксама пачалі мерзнуць. Вы ж ведаеце, што гэта такое: не хапае дыханьня, міргнеш вачыма — між вейкамі тонкія льдзінкі, холад забіраецца над вопратку, потым у мускулы, у косьці, як кажуць, да мозгу касьцей, — і кажуць нездарма... Вас калоцяць дрыжыкі, нейкія ўнутраныя, вострыя, непрыемныя, яны ўжо самі сабой нібы прыніжаюць вас. Прыедзеш на станцыю, — пад поўнач ледзь пачнеш адагравацца, а раніцой адпраўляесься ў дарогу і адчуваеш, што нечага табе не хапае. што пачынаеш мерзнуць раней, чым учора, і прыедзеш на начлег яшчэ больш замёрзлы... Настрой псуецца, уражаньні паступова блякнуць, людзі робяцца паганымі. Сам сабе робісься нялюбым... У рэшце рэшт захутваесься як мага шчыльней, сядаеш зручней і дбаеш толькі пра адно: як мага меней рухаў, як мага меней думак... Арганізм інстынктыўна пазьбягае ўсялякай траты... Сядзіш, пакрысе станеш і з нейкім страхам чакаеш, калі скончацца гэтыя жудасныя сарака-пяцідзесяціверставыя перагоны.
    Нарэшце мы пачалі набліжацца да Віціма. З N-скай станцыі выехалі мы сьветлай, прыгожай, сьнежнай раніцай. Уся прырода як быццам застыгла, памерла пад сваім халодным. але надзіва шыкоўным убраньнем. Сярод дня сонца сьвяціла ярка, і яго касыя промні былі густыя і жоўтыя... Яны прабіваліся праз гушчар бору, дзе-нідзе гулялі па ствалах, на галінках, выхопліваючы іх з белага, аднаколернага і бліскучага змроку.
    Перагон быў вельмі доўгі. Ямшчык (ім тут езьдзіць даводзіцца не вельмі часта) спачатку быў даволі бадзёры і нават сьпяваў нейкую пахабную песьню... Потым і ён сьціх і час ад часу, падскокваючы, бег побач з санямі, тупаў нагамі і стукаў азяблымі рукамі ў рукавіцах... Мой спадарожнік, здавалася, зусім застыў. За ўвесь час ён загаворваў толькі раз, але яго голас падаўся мне скрыпучым і непрыемным, і я прабурчаў нешта злоснае і не зразумелае нават мне самому. Потым ён маўчаў. як скарчанелы, і я ўяўляў сабе яго твар — з мізантрапічным і злосным выразам. Я таксама маўчаў і адварочваўся ўбок, каб шэрань ад майго дыханьня не трапляла мне ў твар — праз адтуліну ў башлыку...
    Дарога ішла лесам, палазы рыпелі, коні часта фыркалі, і тады ямшчык спыняўся і даставаў пальцамі ледзяшы з іх ноздраў... Высокія сосны, як белыя халодныя прывіды, праходзілі перад вачыма і не заставаліся ў памяці...
    Ужо вечарэла, апошнія промні сонца, яшчэ жаўцейшыя і гусьцейшыя. пакідалі лес, з цяжкасьцю ўзьбіраючыся на вяршыні. А ўнізе роўны белы змрок быццам яшчэ болей настываў і сінеў. Голас званочка раздаваўся неяк асабліва, быццам лыжачкай стукалі на напоўненай шклянцы. Гэтыя гукі таксама раздражнялі і трывожылі нэрвы...
    У адным месцы на вочы мне трапіла нечаканае ўражаньне: непадалёк ад дарогі між буралому віўся тонкі дымок. Па пні сядзеў чалавек, і яго постаць цёмнай плямай чарнела сярод агульнай белаты. Над ім з усіх бакоў зьвесіліся калматыя лапы лясных зарасьнікаў, угары яшчэ асьветленыя сонцам, а ўнізе ахопленыя змрокам блізкай ночы. Відовішча гэта мільганула міма майго нерухомага позірку... У апошняе імгненьне мне здалося, што постаць варухнулася і што гэта мела нейкія адносіны да нас, да нашага мітусьлівага званочка, да нашай хуткай язды. Але я не навярнуў галавы, не павёў вачыма. Відовішча прамільгнула і зьнікла, і ўражаньні чапляліся за сьвядомасьць застыглыя, мёртвыя, нерухомыя, нічога ў ёй не абуджалі і не краналі ўяўленьня...
    Ямшчык павярнуўся да нас і, нахіліўшыся, пачаў нешта гаварыць, і памятаю, што ён сьмяяўся. Але для мяне гэта былі толькі паасобныя гукі, быццам зьвінелі льдзінкі... Самі словы былі пустыя, яны для мяне ў тую хвіліну не мелі ніякіх паняцьцяў. Ямшчыкоў сьмех таксама не здаваўся мне сьмехам і не рабіў на мяне таго ўражаньня, якое зрабіў бы ў іншых абставінах. Я проста бачыў непрыемна жаўтаваты твар у рамцы футравага малахая, два вокі з пакрытымі шэраньню вейкамі. Сківіцы на гэтым твары рухаліся, рот быў непрыемна перакошаны, і з яго выляталі разам з парай пустыя гукі, як шкляны звон... Вось і ўсё... Мой спадарожнік заварушыўся і таксама нешта прамармытаў. Здаецца, ён злосна падганяў ямшчыка...
    Кароткі дзень даўно патух, калі мы даехалі да станка і разьмясьціліся на начлег.
    Памятаю, гэта была купка хацін, як і большасьць станкоў — пад стромкімі скаламі. Той, хто выбіраў месцы для гэтых станкоў, мала думаў пра выгоды жыхароў. N-скі станок стаяў на голай каменнай пляцоўцы, ля ракі, якая ў гэтым месцы ўецца на адкрытай па поўнач раўніне. Праз некалькі вёрст далей станок мог бы схавацца за выступам гары. Тут жа ён стаяў нічым не прыкрыты, нібы аддадзены ў ахвяру страшнаму паўночнаму ветру.
    Акрамя афіцыйнай назвы жыхары называлі яго “Халодным станком”. І сапраўды, цяжка знайсьці што-небудзь, што давала б большае ўяўленьне пра холад, чым гэтыя замеценыя сьнегам кучкі бярвеньняў, гліны і гною, якія дрыжалі ад ветру на камяністай пляцоўцы. Лес, які мы пакінулі ззаду, скончыўся па пачатку лугоў у нізіне і не закрываў станка, а толькі поўніў прастору працяглым, трывожным гулам.
    Хаця мы рады былі і гэтаму прытулку і даехалі якраз у пару, каб яшчэ адагрэць застыглыя члены. На шчасьце, лесу, які не належаў нікому, акрамя бога, вакол было багата, і хутка ў камінку затрашчаў яркі агонь, і мы, разаслаўшы па падлозе коўдру і шкуры, — ляглі ля самага полымя, умомант праглынуўшы па шклянцы чаю. Цяжка было трымаць шклянкі ў скарчанелых руках, але адчуваньне цяпла згубілася, мы апякаліся, а не саграваліся варам і, пакінуўшы чай, пазалазілі пад свае футры. Зубы ў мяне ўсё яшчэ стукалі, дрыжыкі перабіралі нават косьці.
    Гаспадар дапіў наш чай, начаставаўшы таксама зусім азяблага ямшчыка, падклаў яшчэ дроў і схаваўся ў нейкі куток.
    У цёмнай хаціне ўсе сьціхла.
    Толькі звонку чуўся роўны гул, быццам час ад часу нехта вялізны ступаў па скаванай марозам зямлі. Зямля глуха гудзела і заціхала да новага ўдару... Удары гэтыя станавіліся ўсё больш частыя і працяглыя. Часам і наша хаціна як быццам таксама пачынала ўздрыгваць, і сярэдзіна яе гула, як пустая скрыпка пад ветрам. Тады, нягледзячы на футры, я адчуваў, як на падлозе цягне холадам, ад якога мацней разгараўся агонь і іскры гусьцей ляцелі ў комін.
     — Во няшчасьце! — сказаў у адну з такіх хвілін гаспадар, зьвяртаючыся да заспанага ямшчыка. — Як паедзеш? Узьняўся сівер, пазёмка ідзе.
    — Ага... — адказаў той, — А мароз меншы не стаў... Такому ветру, — дадаў ён, па-свойму каверкаючы рускую мову, — глядзі, і пошта не ходзіць...
    — Не дай бог, — дадаў гаспадар, пазяхаючы.
    Я зразумеў, што пачынаецца адносна рэдкая зьява — марозная бура, калі вецер, які налятае невядома адкуль, б’ецца ў цяжкое марознае паветра. Асобныя штуршкі і гул былі прыкметай першых парываў ветру, які яшчэ не мог зрушыць згушчаную атмасфэру... Потым штуршкі сталі больш працяглыя, гул станавіўся роўным, няспынным. Паветра, ахалоджанае ніжэй сарака градусаў, рушыла з месца і ішло, быццам над нашай пляцоўкай несьліся хвалі бяздоннага акіяна...
    Пад гэты шум я і пачаў засынаць, усё яшчэ дрэнна ўсьведамляючы, што адбывалася, і толькі радуючыся жывёльнай радасьцю, што я ў хаце, блізка ля агню, што ўсё тое, што ўва мне так непрыемна застыгла і скарчанела, — хутка павінна адагрэцца і распусьціцца...
    І сапраўды, штосьці “адагрэлася... і распусьцілася...”.
                                                                                   V
    — Як і калі сталася, што я ўжо не сплю і прытым зусім не сплю, — я б не мог сказаць. Я прачнуўся непрыкметна, але нейкі час мне здавалася, што я яшчэ бачу сон ці што я старанна захоўваю ў памяці рэшткі сну, быццам баючыся, што ён зьнікне і я не пасьпею ўбачыць у ім нешта вельмі важнае і вельмі патрэбнае. А між тым сон быў самы просты.
    Я сьніў, што я зноў еду на той жа дарозе, і зноў мне холадна, і зноў вакол мяне пасярэбраны шэраньню лес, і касыя промні сонца, густыя і жоўтыя, выходзяць з гэтага лесу, гуляючы там-сям на ствалах і калматых лапах... Толькі недзе за лесам нешта яшчэ гудзе глухімі ўдарамі-стогнамі, быццам гоніцца за нашымі санямі.
    Потым я ўбачыў купу дрэў, якія стварылі альтанку пад лахматымі галінамі, белымі ад сьнегу, і тонкі, быццам замёршы дымок, і цёмную постаць ля вогнішча... І ўсё гэта, па звычайнай нелягічнасьці сну, — здавалася мне вострымі, калючымі льдзінкамі, якія праціналі мне грудзі і студзілі сэрца.
    Потым я ўбачыў твар ямшчыка, спачатку бяздумны, невыразны... Паступова, аднак, ён мяняўся, рабіўся знаёмым, і, пад уплывам яго позірку, ільдзінкі ў грудзях пачалі пакутліва хутка раставаць. І, разам з тым, я адчуваў, што лясная альтанка з галін паўстае ва ўсіх падрабязнасьцях, якіх я раней не заўважаў, і ва ўяўленьні кожная падрабязнасьць абрастае асаблівымі ўражаньнямі, і мне страшна зірнуць у твар чалавеку, які быццам заварушыўся па пні, але ямшчык патрабуе ад мяне, каб я абавязкова зірнуў... Я злуюся на яго, ало потым бачу, што гэта ўжо не ямшчык, а Ігнатовіч і што пад уплывам яго позірку, поўнага пакутлівага суму, — усё тое, што ляжала ў глыбіні маёй памяці бясколернымі халоднымі льдзінкамі, раптам растала...
    Апавядальнік спыніўся і, памаўчаўшы, дадаў:
    — Вы памятаеце, мусіць, легендарныя расказы сярэдневяковых падарожнікаў пра палярныя краіны. Зімой словы замярзаюць і мерзлымі льдзінамі ляжаць да цяпла. А потым растаюць і зноў робяцца словамі... Калі разумець гэта як мэтафару, у гэтым ёсьць глыбокі сэнс. Прынамсі, у гэту хвіліну я нечакана ўспомніў ямшчыковы словы, якія ён гаварыў яшчэ тады, на дарозе, і якія дасюль ляжалі ў мяне недзе ў глыбіні памяці мёртвым грузам. Так, несумненна, ён гаварыў тады пра гэтага чалавека ў лесе і пра тое, што ён “забіўся” недзе на капальнях і ідзе пешшу ад станка да станка... Толькі цяпер гэтыя словы раптам адталі, і ад іх у грудзях у мяне нешта пакутліва заныла...
    Я міжволі застагнаў і расплюшчыў вочы. Агонь у камінку дагараў. На дварэ ўсё яшчэ выў вецер, нада мной схіліўся твар майго спадарожніка...
    Ніколі ў маім жыцьці, ні раней, ні пасьля, я не бачыў нічога больш жудаснага, чым гэты твар, асьветлены трапяткім полымем камінка... Ён быў скрыўлены ад жаху і нейкага набалелага пытаньня. Ніжняя сківіца яго дрыжала, зубы барабанілі, быццам ад холаду...
    — Што такое? Божа, мілы! — сказаў я і ўстаў.
    Вы не ведаеце? — спытаў ён, пазіраючы на мяне сваімі нежывымі мутнымі вачыма. — Скажыце, — хіба гэта... быў толькі сон?
    — Што?
    — Што вы зараз застагналі і прачнуліся, — сказаў ён рэзка і падазрона паглядзеў на мяне. Бачачы, што я не адказваю, ён усё гэтак жа падазрона ўзіраўся мне ў твар:
    — Вы не заўважалі там, у лесе... чалавека? Я прамаўчаў і мімаволі адвёў вочы.
    — Паслухайце,— загаварыў ён, — скажыце мне што-небудзь... Я яшчэ думаю, што гэта быў сон... Не можа быць, каб гэта было ў сапраўднасьці... Каб мы...
    — Гэта і быў амаль што сон, — сказаў я. — Мароз так прытупляе ўражаньні...
    Ён зрабіў рэзкі рух і сеў на сваім месцы: вочы яго дзіўна бліснулі...
    — Праўда?..— сказаў ён жаласна і потым дадаў з нейкай дзікай энэргіяй: — Не хлусіце! Не выкручвайцеся... Я таксама лгаў... Я ведаў, што ўсё было на самай справе... Мы ўсе бачылі... усе... Гэты чалавек уставаў, ён хацеў нешта крыкнуць... Вы гэта ведаеце, і я ведаю і тады ведаў... Вы будзеце шукаць апраўданьні... Сумленьне замерзла!.. О, вядома, гэта заўсёды так бывае: варта тэмпэратуры цела панізіцца на два градусы, і сумленьне замярзае... закон прыроды... Не замярзае толькі клопат пра сябе і подлая, фарысэйская крывадушнасьць... О, якая нізасьць!..
    Ён аберуч схапіўся за галаву, і некалькі сэкунд прайшло ў маўчаньні. Наша хаціна ўсё ўздрыгвала, але роўны гул сьціх: зноў пачуліся штуршкі, і мне наяве здавалася, Быццам там, пад ракой, лесам і цясьнінамі, паволі хадзіў нехта вялізны і цяжкі...
    — Ды падыміцеся, нарэшце, вы... нягоднікі! — крыкнуў раптам Ігнатовіч з дзікай варожасьцю. — Мы ж з вамі чалавека забілі. Раз-зумееце вы, самалюбівае быдла! Гаспадар, уставай... Заві ўсіх... Божа!.. Што рабіць, што цяпер рабіць?..
    У асьветленым крузе ля камінка паказаўся спалоханы твар нашага гаспадара. Ён ужо нейкі час варушыўся, прыслухоўваўся да незразумелай і трывожнай гаворкі незнаёмых праежджых людзей, якія ўспаміналі пра забойства. І цяпер, яшчэ сонны. спалоханы не столькі, відаць, словамі, колькі дзікай энэргіяй, якая прарывалася ў голасе ледзь не звар’яцелага чалавека, ён скоранька ўскочыў і пачаў нацягваць па сябе верхняе адзеньне. Потым, не гаворачы ні слова, расчыніў дзьверы і выйшаў у цемру. Ямшчык, які прывёз нас, таксама прачнуўся, пазяхнуў, сышоў са свайго месца і падкінуў дроў у камінок... Ён, відаць, зусім не разумеў, у чым справа. У кутку заплакала дзіця. і пачуўся жаночы голас, які супакойваў малое.
    Усё гэта назаўсёды ўрэзалася мне ў памяць, і ніколі не забыць мне гэтай жудаснай ночы, цёмнай хаціны, поўнай народу, які ціха набіўся ў яе, і гэтага працяжнага гулу знадворку. Ведаеце, часам ёсьць нешта надзіва разумнае ў галасах прыроды... Асабліва калі яна пагражае...
                                                                            VI
    — Паслухайце, можа, вы ўсё-такі раскажаце, што было далей? — спытаў я праз нейкі час, бачачы, што мой спадарожнік задумаўся і як быццам забыўся пра сваю гісторыю, пазіраючы перад сабой на асьветленыя сонцам горы нашага берага. Ракі з крыгаходам цяпер не было відаць. Мы ехалі лугам, наперадзе пляліся мае спадарожнікі і весела гаварылі са сваім ямшчыком.
    — Ага, прабачце, калі ласка!.. — загаварыў ён. — Я задумаўся. Гэта вельмі цяжкія ўспаміны, але... вядома, я закончу расказ... спыніўся я на тым, што...
    — Што ў хату пачалі набівацца ямшчыкі, якіх, відаць, паклікаў гаспадар.
    — Так, так, вядома... Гаспадар паклікаў іх ледзь не ўсіх, бо думаў, што і сапраўды трэба будзе зьвязаць забойцаў. Ямшчыкі заходзілі нясьмела, пазяхалі, хрысьціліся і ціснуліся ўбок, пакідаючы вакол нас пустое месца. Неўзабаве ў кутку ля дзьвярэй сабралася цёмная куча людзей, твары іх з цікаўнасьцю і страхам цягнуліся з-за плячэй тых, што стаялі паперадзе, і пазіралі ў наш бок. Апошні прыйшоў стараста з дзесяцкімі. Перахрысьціўшыся на ікону, ён рэзка ступіў да нас і загаварыў груба, відаць, стараючыся падбадзёрыць і сябе і станочнікаў:
    — Ну, што нарабілі? Вініцеся богу, вялікаму гасудару...
    Аднак, калі я пачаў тлумачыць, у чым справа, у хаце ўсталявалася нешта падобнае па расчараваньне. Гэтым людзям жылося заўсёды так холадна, і мой расказ, праўда, блытаны і непасьлядоўны, не меў для іх таго трагічнага сэнсу, які ён меў для нас. Недзе ў кутку пачуўся нават сьмех.
    — Ды гэта Мітрохін, пасяленец! — сказаў хтосьці.
    — Праўда, ён... Тыдні, кажуць, ужо тры пляцецца з капальняў. Надакучылі нам...
    — І праўда, — уставіў свае два грошы ямшчык, які прывёз мяне і Сакольскага. — У нас на станку тры дні таму назад быў. Каня хацеў. Завязіце, кажа, хрыстом богам прашу, ногі не ходзяць.
    — Ну, чаму ж не далі? — запытаў стараста сурова.
    — Надакучыла ўжо нам вазіць іх. Ды і паперы няма... — адказаў ямшчык, адварочваючыся. — Была б папера ці каб да нас прывезьлі яго, а то ж пешшу прыйшоў... Як людзі, так і мы...
    — Пешшу прыйшоў! Разумныя. Дык то ж цёпла было, а тут, бачыш, сівер. Замерзьне цяпер, — засядацель з доктарам, мабыць, пешшу не прыйдуць... Вазіць жа давядзецца... А вы, панове, чаго народ дарма бударажыце?.. Ноч жа...
    — У яго цяпліна была (вогнішча),— уставіў ямшчык як апраўданьне.
    — Як жа дарма, — сказаў я, адчуваючы, што глеба ў нас пачынае вырывацца. — Чалавек жа замерзьне... Трэба памагчы.
    — Як паможаш?.. Калі бог зьберажэ, прыйдзе, далей завязём... Чаму, Цімафей, но падабраў яго? — спытаў ён зноў у нашага ямшчыка.
    — Дзе пасадзіў бы я? Сані маленькія, сам зьмёрз...
    — Праўда і то... Утрох ехалі... Што ж цяпер рабіць? Цяпліна была, дык, можа, бог зьберажэ...
    — Пачакайце, — крыкнуў я ў адчаі,— нельга ж... У гэтую хвіліну, можа, чалавек памірае... Чуеце, што робіцца...
    На імгненьне стала ціха,— і зноў з двара чутны былі ўдары, быццам хто разьмерана і з прамежкамі тоўк штосьці ў ступе. І часам уяўленьне прымешвала да гэтага стогны... Гэта даносіўся, відаць, звонкі гул лясных вяршалінаў ці, можа, на рацэ трашчаў лёд.
    У хаце пачуліся ўздыхі. Тым не менш, дзьверы адчыняліся. Ямшчыкі пачыналі патроху выходзіць.
    — Ратуй яго, госпадзі! — прашаптаў хтосьці, і нечы другі голас рэзка дадаў:
    — Самі таксама стынем... Няма той зімы, каб на бліжніх станках не замерз чалавек ці двое. Перагон у нас люты!
    — Трэці год — Хведзька ў гэтым жа лесе замерз.
    — Летась баба з хлопчыкам.
    — А ў мяне ўнук не замерз, ці што? — злосна выкрыкнуў у натоўпе нейкі стары.
    — Гэтым ветрам пошта не ходзіць, — зноў сказаў наш ямшчык.
    Дзьверы рыпнулі яшчэ і яшчэ... Людзей станавілася меней.
    — Пачакайце, — сказаў я ў роспачы, — Вазьміце грошы, ці што? Дзесяць рублёў, — хто згодзіцца паехаць са мной...
    Тут мой позірк упаў на Ігнатовіча, які ціха сядзеў на лаўцы ля стала з зусім памярцьвелым тварам, і мне стала жудасна. Голас мой сарваўся...
    Памятаю, што ў гэту хвіліну стараста з раптоўным спачуваньнем зірнуў на мяне і зрабіў нейкі рух...
    — Дваццаць, трыццаць, усё, што ў нас ёсьць! — сказаў я, амаль задыхаючыся ад хваляваньня...
    — Стойце! — крыкнуў стараста сваім груба-рашучым голасам, ад якога натоўп адразу спыніўся. — Нікому не выходзіць! Чуеце, людзі, грошы даюць, ды і без грошай усё адно трэба было б. Праўда, што грэх!.. Трэба бога ўспомніць! Ну, чыя чарга? Гаварыце, старыя!..
    Натоўп адхлынуў ад парога на сярэдзіну хаты... Стараста стаяў побач са мной, і цяпер я не зводзіў з яго вачэй. Гэта быў мужык сярэдніх год, рослы, смуглы, з грубымі, але прыемнымі рысамі твару і глыбокімі чорнымі вачыма. У іх была рашучасьць і як быццам клопат.
    — Эх, пане, — сурова сказаў ён мне, калі сярод ямшчыкоў пачаўся гоман, якім звычайна пачынаецца абмеркаваньне агульнай справы на сходзе. — Сумленьне ў цябе ёсьць, а розуму мала... Без грошай бы, мусіць, лепей было... Я ўжо хацеў аб’явіць нарад... Цяпер пойдзе сварка.
    І сапраўды ўсчалася нясьцерпная сварка. Вы ведаеце, — гэтыя ленскія ямшчыкі складаюць своеасаблівыя ямскія суполкі, абломак мінулых стагоддзяў. Зямлі ў іх няма, і пакладзена ім жалаваньне. “Пара коней” складае аснову падушнай раскладкі, “душа” прыраўноўваецца да часткі каня, якой адпавядае частка жалаваньня. Усе прыбыткі станка і ўсе павіннасьці зьвязаны з гэтай асновай... Цяпер мае грошы ўступалі ў гэту раскладачную машыну, і прытым грошы экстраныя. Трэба было раскінуць іх на грамаду, а грамада павінна была выставіць чарговых.
    Усчалася спрэчка... Прагонная плата, часткі коней, старыя рахункі, чэргі, возка дроў, паштовыя прагоны, правоз засядацеляў і спраўнікаў, сіроты, харчаваньне арыштантаў — усё гэта цяпер выступіла па сцэну і абмяркоўвалася горача і ўсебакова. Я некалькі разоў спрабаваў спыніць гэтыя спрэчкі журботным напамінкам пра тое, што чалавек можа загінуць, але бліжэйшы ямшчык сказаў мне з сур’ёзнай упартасьцю:
    — Нічога не паробіш, не перашкаджай! Справа агульная... перашкодзіш, горай...
    Спрэчкі прадаўжаліся. Рашэньня ўсё яшчэ не было відаць... Знадворку даносіўся ўсё той жа злавесны гул...
    Нарэшце ўмяшаўся стараста, якому як быццам перадавалася маё нецярпеньне. Ён, вядома, лепей за мяне ведаў гэтую разьвёрстачную машыну, якая так шумна дзейнічала перад нашымі вачыма, і бачыў, што пакуль яна зробіць дакладна і справядліва сваю справу, — міне яшчэ нямала часу... І вось ён выступіў наперад, адным вокрыкам спыніў шум, потым павярнуўся да абразаў і перахрысьціўся шырокім крыжам. Дзе-нідзе ў натоўпе рукі інстынктыўна таксама ўзьняліся перахрысьціцца... Трывожная ноч рабіла свае узьдзеяньне па грубыя нэрвы...
    — Браткі, — сказаў ён, — нельга гэтак... Бачыць бог, сьвятая ўладычыца. Я адмаўляюся. Не трэба мне грошай... Я еду, не ў залік, без чаргі... Калі бог паможа, пакіньце свае грошы, панове... Сьвечку, калі што, паставіце...
    Натоўп заціх, і праз хвіліну адзін са станочнікаў, які яшчэ зусім нядаўна спрачаўся і гарачыўся з-за нейкай нечарговай «выці»,— першы сказаў са спакойным спачуваньнем:
    — Ну, памажы табе бог... Калі ахвотай...
    — Справа твая...
    — Не ў залік,— твая воля... І то сказаць: душа даражэй за грошы... Тут і сам застынеш...
    — Бач, які сіверка... Госпадзі памілуй... Праўда, — пошта не пойдзе... Ну іх, і з грашыма. Свая душа даражэй.
    — Памажы табе ўладычыца, Сафрон Сямёнавіч.
    Я з вялікай палёгкай зірнуў у той бок, дзе сядзеў Ігнатовіч... Мне здавалася, што ў велікадушнай стараставай прапанове і ў тым, як яна была прынятая, — ёсьць нешта такое, што як быццам апраўдвала і нас... Але Ігнатовіча на гэтым месцы ўжо не было.
    Неўзабаве хата ачысьцілася. Засталіся толькі гаспадар, некалькі ямшчыкоў і я. Ігнатовіча нідзе не было відаць. Ямшчыкі гаварылі, што ён выйшаў, апрануўшыся, яшчэ да канца разьвёрсткі...
    У мяне сьцялася сэрца ад нейкага прадчуваньня. Я ўспомніў што бледны твар пад час перагавораў. Спачатку на ім ляжаў адбітак звычайнай мізантропіі з дамешкам нейкай агіды да сябе і да іншых. Але ў апошнюю хвіліну мне запомнілася толькі глыбокая, безнадзейная туга. Гэта было тады, калі я прапанаваў грошы і сярод ямшчыкоў пачаліся спрэчкі...
    Я выйшаў на пляцоўку, шукаў і клікаў яго, дадаючы на ўсякі выпадак, што ўсё зроблена і што я хутка еду па чалавека ў лесе... Але адказу не было, у вокнах растрывожанага станка тухлі агні, вецер цягнуў па-ранейшаму; часам стралялі сьцены станочных мазанак і здалёк даносіўся стогн — гэта лопаўся лёд...
    — Таварыша клічаш? — запытаўся ў мяне ямшчык, што праходзіў міма. — Ды ён, відаць, пайшоў спаць у другую хату... Неспакойна было ў вас... Можа, папрасіўся да шабраў.
    У гэты час да хаты пад’ехалі шырокія сані, запрэжаныя парай коней, і стараста, увесь захутаны ў футра, у велізарных рукавіцах, саскочыў з іх і падышоў да мяне.
    — Што такое? — спытаў ён. — Што яшчэ?
    — Хутчэй, хутчэй, богам прашу, — сказаў я, не могучы стрымаць нэрвовыя дрыжыкі. У мяне ўзьнікла раптоўная ўпэўненасьць, што я знайду Ігнатовіча па дарозе.
    — Ну не, — сказаў ён. — Пачакай, пане, гэтак нельга. Адзеньне ў цябе не для нашага ветру. На вось, я прывёз. Апранайся.
    І ён настояў, каб я апрануўся ў яго футра... Мы выехалі амаль ужо на сьвітаньні, захапіўшы з сабой на ўсякі выпадак яшчэ бярэмя адзеньня...
    Вецер быў цяжкі і пякучы. На небе сьвяціла поўня, а ўнізе імчала так званая пазёмка.
    Вы ведаеце, што гэта? Вецер уздымаў з зямлі сухі сьнег і нёс насустрач роўна, няспынна, упарта... Гэта не мяцеліца, гэта горш за ўсякую мяцеліцу... У такое надвор’е ўсякі рух спыняецца: здаецца, мы сапраўды рызыкавалі тым-сім у гэтую раніцу. Мне потым два пальцы адрэзалі...
    — Знайшлі вы гэтага чалавека? — нецярпліва запытаў я, бачачы, што Сакольскі зноў спыніўся.
    — Знайшлі... — адказаў ён ціха. — Гэта было ўжо шэрай раніцай... Вецер пачаў сьціхаць... Сеў халодны туман... У яго быў агонь, але ён даўно патух... Ён, відаць, заснуў... Вочы ў яго, між іншым, былі расплюшчаны, і на зрэнках асела шэрань...
    — А ваш таварыш? Ён сапраўды застаўся на станку? Сакольскі паглядзеў на мяне памутнелымі пустымі вачыма.
    — Я быў глыбока перакананы, што ён пайшоў па дарозе ў лес, і таму ўсю дарогу крычаў і прыглядаўся. Стараста супакойваў мяне. Ён, па-першае, ніяк не разумеў, што чалавек можа вось так адправіцца на пагібель, а па-другое, дарога ад станка была толькі адна і прытым шырокая і абстаўленая тычкамі, зьбіцца было немагчыма, асабліва ў сьветлую ўсё-такі ноч...
    Калі мы паехалі назад, паклаўшы і захутаўшы ў футру нашу сумную знаходку, была ўжо раніца. Вецер сьціх, і мароз раптам здаўся. Потым узышло сонца. Сьлядоў нідзе не было.
    — Значыць, вы памыліліся?
    — Мы прыехалі на станок... Там яго таксама не было... Сакольскі змоўк, і на расчуленым грубаватым твары яго праступіла глыбокая пяшчота...
    — Ён быў непрактычны і бездапаможны, як дзіця, — сказаў ён. — Ніколі ён не ўмеў знайсьці дарогу... Выйшаўшы з хаты, ён пайшоў ратаваць чалавека, але... узяў у другі бок...
    Апавядальнік павярнуўся да мяне:
    — Разумееце вы гэта? Узяў адразу са станка ў другі бок і пайшоў прама. Дарога тут была такая ж шырокая, і блізка таксама пачынаўся лес. У гэтым густым лесе ў зацішных мясьцінах на наступны дзень яшчэ захаваліся сьляды. Яны ішлі прама, не зварочваючы. Прайшоў ён надзіва шмат і... не адступіў ні кроку, пакуль...
    Сакольскі змоўк і даволі доўга глядзеў убок.
    — Ці спадзяваўся ён выратаваць гэтага незнаёмага чалавека?.. Не думаю... Ён пайшоў як быў, захапіўшы, праўда, кнот і крэсіва, якія наўрад ці здолеў бы скарыстаць. Кажу вам — зусім дзіця. Яму проста стала нясьцерпна... І яшчэ... Мне часам прыходзіць у галаву, што ён караў у сабе подлую чалавечую прыроду, у якой сумленьне можа замерзнуць пры паніжэньні тэмпэратуры цела на два градусы... Рамантык у ім караў матэрыяліста...
    Ён зноў змоўк.
    — Вы сказалі, здаецца, — подлую чалавечую прыроду? — сказаў я праз нейкі час.
    Ён азірнуўся, як быццам трохі зьдзіўлены.
    — Ага!.. Не ведаю я, не ведаю!.. Проста нічога не ведаю. Ведаю адно, што гінуць часта не тыя, каму трэба было б, а мы, хто застаецца...
    Ён не дагаварыў, махнуў рукой, і ўвесь астатні час мы ехалі моўчкі, пакуль з-за адхону не паказаліся дымкі станка, на якім нам давялося разьвітацца. Сакольскі вельмі сьпяшаўся да сваёй партыі і паехаў наперад, а мы паняволі ехалі цішэй.
                                                                          VII
    Дні праз два пасьля гэтага, калі мы праяжджалі густым лесам, ямшчык, малады хлапчук, падлетак, паказаў мне пугаўём вялікі каменны крыж у гушчары, у баку ад дарогі і сказаў:
    — Чалавек тут застыў... двое... Крыж паставіў Сакольскі з капальняў, можа, ведаеце? Учора праяжджаў. Глядзі, яго сьляды гэта...
    Сапраўды, на глыбокім сьнезе, асьветленым сонечнымі промнямі, што прабіваліся праз гушчар, добра відаць былі нечыя буйныя сьляды ад дарогі да крыжа і назад.
    — Ніколі міма не праедзе, — зноў сказаў ямшчык, павярнуўшыся на козлах і ўсьміхаючыся, — Заўсёды вылезе Пастаіць-пастаіць, зноў сядзе. Хрысьціцца не хрысьціцца, а відаць, моліцца... Калі і заплача... Дзівак, а пан добры.
    І, ударыўшы коней, ён дадаў задуменна:
    — Відаць, прыяцелі былі...
    1900-1901
    [У. Г. Караленка.  Апошні прамень. Выбранае. Мінск. 1984. С. 153-174.]
     *
                                                            АПОШНІ  ПРАМЕНЬ
                                                                                  І
    Нюйскі станок разьмешчаны на невялікай паляне на беразе Лены. Некалькі ўбогіх хацінак задамі прыціскаюцца да самых скалаў, нібы адступаючы ад сярэдзіны ракі. Лена ў гэтым месцы вузкая, незвычайна быстрая і панурая. Падэшвы гор процілеглага берага стаяць у вадзе, і тут больш, чым дзе-небудзь, Лена апраўдвае сваю назву “Праклятая шчыліна”. Па сутнасьці, гэта як быццам гіганцкая расколіна, па дне якой клубіцца цёмная рака, абстаўленая панылымі скаламі, абрывамі, цясьнінамі. Тут надоўга спыняюцца туманы, стаіць халодная вільгаць і вечны змрок. Насельніцтва гэтага станка нават сярод астатніх прыленскіх жыхароў уражвае сваёю вяласьцю, беднасьцю і безнадзейнай апатыяй. Панылы гул лістоўніц на горных хрыбтах служыць вечным акампанэмэнтам гэтага сумнага існаваньня.
    Прыехаўшы на станок ноччу, стомлены і акалелы, я прачнуўся, відаць, даволі рана.
    Было ціха. У вокны гладзеў ці то цьмяны сьвітанак, ці то позьні вечар, — нешта запоўненае бясформеннай і змрочнай імглой. Вецер дзьмуў у “шчыліне”, як у трубе, і гнаў на ёй начныя туманы. Зірнуўшы з акна ўгору, я мог бачыць трошкі яснага неба. Значыць, на белым сьвеце пачыналася яркая сонечная раніца. А міма станка ўсё неслася клюбамі халодная імгла... Было змрочна, ціха, шэра і сумна.
    У хаціне, дзе я начаваў, па стале яшчэ гарэла газоўка, прымешваючы да змроку пакоя сваё нясьмелае жаўтаватае сьвятло. Пакой быў даволі чысты, драўляныя перагародкі, якія аддзялялі спальню, былі абклеены газэтнай паперай. На покуце, ля абразоў, густа віселі стракатыя карцінкі з ілюстрацый — галоўным чынам партрэты генэралаў. Адзін з іх быў Мураўёў-Амурскі, вялікі і ў рэгаліях, а побач яшчэ ўчора я разгледзеў два невялікія сьціплыя партрэты дзекабрыстаў.
    Лежачы на сваёй пасьцелі, я з-за перагародкі бачыў стол а лямпай ля процілеглай сьцяны. За сталом сядзеў стары, з даволі прыгожым, але бледным тварам. Барада ў яго была шэрая, з роўнай густой сівізной, высокі адкрыты лоб адліваў жоўтым воскам, рэдкія на цемі валасы — ззаду былі доўгія і трохі кучаравыя. Наогул, постаці, нагадвала духоўнага, можа, нават аднаго з эвангелістаў, але колер твару быў непрыемна бледны і нездаровы, вочы мне падаліся цьмянымі. На шыі відаць былі, як пухліна, прыкметы вальляка, — хваробы, вельмі пашыранай на Лене і якую прыпісваюць ленскай вадзе.
    Побач з ім сядзеў хлопчык гадоў васьмі. Мне была відаць толькі яго нахіленая галава, з тонкімі, як лён, бялявымі валасамі. Стары, жмурачы праз акуляры свае падсьлепаватыя вочы, вадзіў указкай па старонцы кнігі, якая ляжала на стале, а хлопчык з напружанай увагай чытаў па складах. Калі ў яго не выходзіла, стары папраўляў яго з ласкавым цярпеньнем.
    — Людзі-аз... ла... ведзі-есьць, і кароткае...
    Хлопчык спыніўся. Незнаёмае слова не давалася. Стары прыжмурыўся і дапамог.
    — Салавей, — прачытаў ён.
    — Салавей, — добрасумленна паўтарыў вучань і, узьняўшы разгубленыя вочы на настаўніка, запытаў: — Са-ла-вей... Што такое?
    — Птушка, — сказаў стары.
    — Птушка... — І ён працягваў чытаць: — “Слова-іжа, ся, дабро-яць-людзі, дзеў... Салавей ся-дзеў... на ча... на ча-ро... на чаро-му-се...”
    — Што такое? — зноў прагучаў, нібы драўляны, абыякавы дзіцячы голас.
    — На чаромусе. Чаромха, значыць, дрэва. Ён і сядзеў.
    — Сядзеў... Чаго сядзеў?.. Вялікая птушка?
    — Маленечкая, сьпявае хораша.
    — Сьпявае хораша...
    Хлопчык перастаў чытаць і задумаўся. У хаціне стала зусім ціха. Стукаў маятнік, за акном плыў туман... Кавалачак неба ўверсе прыводзіў на памяць яркі дзень у іншых мясьцінах, дзе вясной сьпяваюць салаўі па чаромхах... «Што гэта за дзяцінства такое няшчаснае! — думаў я міжвольна пад аднатонныя гукі дзіцячага галаска. — Без салаўёў, без квітнеючай вясны... Толькі вада ды камень, які засланяе вачам прастору белага сьвету. З птушак — можа, адна варона, па схілах — сумная лістоўніца ды зрэдку сасна...”
    Хлопчык прачытаў яшчэ нейкую фразу ўсё тым жа невыразным голасам і раптам спыніўся.
    — А што, дзед, — запытаў ён,— ці не пара нам, глядзі?.. На гэты раз у яго голасе чуліся ўжо новыя, усхваляваныя ноты, і ясныя вочы, асьветленыя агнём лямпы, з яўнай цікаўнасьцю глядзелі на дзеда.
    Той зірнуў на гадзіньнік, які раўнадушна цікаў маятнікам, потым на акно, дзе за шклом клубілася імжа, і спакойна адказаў:
    — Рана яшчэ. Толькі палова!..
    — Можа, дзядуля, гадзіньнік сапсаваўся.
    — Ну, ну... цёмна яшчэ... Ды яно, дурненькі, нам жа лепей. Бач, вецер... Можа, морак той прагоніць, а то нічога і не ўбачыш, як пазаўчора.
    — Лепей, — паўтарыў хлопчык сваім ранейшым, пакорлівым голасам і пачаў чытаць.
    Прайшло хвілін дваццаць. Стары зірнуў на гадзіньнік, потым у акно і патушыў лямпу. У пакоі разьліўся шэра-блакітны сьвітанак.
    — Апранайся, — сказаў стары і дадаў: — Ціхенька, каб Таня не пачула.
    Хлопчык борзда саскочыў з крэсла.
    — А яе не возьмем? — спытаў ён шэптам.
    — Не... куды ёй... І так кашляе... Няхай сьпіць. Хлопчык з асьцярожнай пасьпешлівасьцю пачаў апранацца, і неўзабаве абедзьве постаці — дзедава і ўнукава — прамільгнулі ў паўзмроку пакоя. На хлопчыку было нешта падобнае на паліто гарадзкога пакрою, на нагах вялікія валёнкі, шыя заматана жаночым шалікам. Дзед быў у кажушку. Дзьверы рыпнулі, і абодва выйшлі на двор.
    Я застаўся адзін. За перагародкай чулася ціхае дыханьне дзяўчынкі і хрыплае пастукваньне маятніка. Рух за акном усё ўзмацняўся, туман нёсься ўсё хутчэй, разрываўся часьцей, і ў прамежках усё шырэй выглядвалі суровыя плямы цёмных скалаў і цясьнін. Пакой то сьвятлеў, то зноў патанаў у змроку.
    Мой сон прайшоў. Маўклівая журба гэтага месца пачынала пранікаць і ў мяне, і я амаль з нецярпеньнем чакаў, калі рыпнуць дзьверы і вернуцца стары з хлопчыкам. Але іх усё не было...
    Тады я вырашыў паглядзець, што гэта іх выманіла з хаты на туман і холад. Спаў я апрануты, таму мне но трэба было шмат часу, каб нацягнуць боты, паліто і выйсьці...
    Абодва — і стары і хлопчык — стаялі на ганку, засунуўшы рукі ў рукавы, і як быццам нечага чакалі.
    Мясцовасьць здалася мне яшчэ больш панылай, чым з акна. Уверсе туман расьсеяўся, і па прасьветленым небе горныя вяршаліны выступалі выразна і сурова. На цёмным фоне гор праносіліся толькі асобныя гарызантальныя шматкі туману, але ўнізе ўсё яшчэ стаяў халодны морак. Вада ў Лене яшчэ не замерзла, але была ўжо цяжкая і цёмная і неслася ў вузкім рэчышчы, завіваючыся ў варонкі і віры. Здавалася, рака ў нямым адчаі кіпіць і рвецца, стараючыся прабіцца на волю са змрочнай цясьніны... Халодны перадранішні вецер гнаў рэшткі начнога туману, трапаў наша адзеньне і злосна імчаў далей...
    Дамы, раскіданыя кучкамі на каменнай пляцоўцы, пачыналі прачынацца. Дзе-нідзе віўся дымок, дзе-нідзе цепліліся вокны: высокі худы ямшчык у падраным кажушку, пазяхаючы, правёў за павады пару коней па вадапой і неўзабаве растаў у цяні берагавога схілу. Усё было будзённа і паныла.
    — Што гэта вы чакаеце? — спытаў я ў старога.
    — Ды вось, унучку хочацца сонейка паглядзець, — адказаў ён і спытаў у сваю чаргу: — Вы чые? Расійскія?
    — Ага.
    — Чарнышовых там не ведалі?
    — Якіх Чарнышовых? Не, не ведаў.
    — Хаця, дзе ж ведаць. Расія ж вялікая... Кажуць, генэрал быў...
    Ён памаўчаў, пацепваючыся ад холаду, і, нешта абдумаўшы, зноў павярнуўся да мяне:
    — Праежджы тут адзін расказваў: пры царыцы Кацярыне служыў Захар Рыгоравіч Чарнышоў.
    — Ага, быў такі...
    Стары хацеў спытаць яшчэ штосьці, але ў гэты час хлопчык рэзка заварушыўся і крануў яго за рукаў...
    Я міжволі таксама глянуў на вяршыню скалы, якая стаяла на нашым баку, ля павароту Лены...
    Да гэтага часу месца гэта здавалася нейкім цёмным жаралом, адкуль усё яшчэ выпаўзаў туман. Цяпер над ім, у вышыні, на востраканечнай вяршыні каменнай скалы нечакана нібы ўспыхнула і засьвяцілася вяршаліна сасны і некалькіх ужо аголеных лістоўніц. Прарваўшыся аднекуль з-за гор процілеглага берага, першы прамень сонца, якое для нас яшчэ не ўзышло, ужо дастаў да гэтага каменнага выступу і купы дрэў, што вырасьлі у яго расколінах. Над халоднымі сінімі ценямі нашай цясьніны яны стаялі, нібы ў воблаках, і ціха зьзялі, радуючыся першай ласцы раніцы.
    Усе мы моўчкі глядзелі на вяршаліну, быццам баючыся спалохаць урачыста-ціхую радасьць адзінокага каменя і купкі лістоўніц. Хлопчык стаяў нерухома, трымаючыся за дзедаў рукаў. Яго вочы былі шырока расплюшчаныя, бледны твар ажывіўся і зьзяў захапленьнем. Між тым у вышыні зноў нешта здрыганулася, затрымцела, і другая скала, якая дасюль ляжала ў агульнай сіні панылай гары, загарэлася, далучыўшыся да асьветленай групы. Яшчэ нядаўна яны безаблічна зьліваліся з аддаленымі схіламі, а цяпер сьмела выступілі наперад і фон іх стаў як быццам яшчэ больш аддалены, імглісты і цёмны.
    Хлопчык зноў тузануў дзеда за рукаў, твар яго зусім зьмяніўся. Вочы блішчалі, губы ўсьміхаліся, бледна-жоўтыя шчокі, здаецца, заружавеліся.
    На процілеглым баку ракі таксама адбылася перамена. Горы ўсё яшчэ хавалі сонца за сабой, але неба над імі зусім пасьвятлела, і абрысы хрыбта выступалі рэзка і выразна, утвараючы між дзьвюма вяршынямі значную лагчыну. Па яшчэ цёмных схілах, зьвернутых да нас, спаўзалі ўніз струмені малочна-белага туману, быццам шукалі месца цямнейшага і сырэйшага... А неба расквечвалася золатам, рады лістоўніц на грэбні выступалі на сьветлым фоне выразнымі фіялетавымі сылюэтамі. Здавалася, за імі штосьці варушыцца радаснае, няўрымсьлівае і жывое. У лагчыне, ад гары да гары праплыла лёгкая палымяная хмарка і зьнікла за суседняй вяршыняй. За ёй другая, трэцяя, цэлая чародка... За гарамі тварылася нешта радаснае і сьвяточнае. Дно расколіны разгаралася. Здавалася, сонца ўздымаецца на схілах хрыбта, каб зазірнуць сюды, у гэтую бедную шчыліну, на гэтую цёмную раку, на гэтыя сіратлівыя хаціны, на старога з бледным хлопчыкам, якія чакалі яго зьяўленьня.
    І вось яно зьявілася. Некалькі ярка-залацістых промняў пырснулі ў глыбіні расколіны між дзьвюх гор, прабіўшы шчыліны ў густой сьцяне лесу. Вогненныя іскры пасыпаліся пучкамі ўніз, па цёмныя расколіны і цясьніны, вырываючы з сіняга халоднага змроку то асобнае дрэва, то вяршыню сланцавага ўцёса, то невялікую горную палянку... Пад імі ўсё пачало рухацца і мітусіцца. Купы дрэў, здавалася, перабягалі з месца на месца, скалы выступалі наперад і зноў прападалі ў імгле, палянкі сьвяціліся і патухалі... Палосы туману зьмяніся ўнізе трывожна і шпарка.
    Потым на некалькі імгненьняў засьвяцілася нават цёмная рака... Успыхнулі грабяні хуткіх хваляў, што беглі да нашага берага, заблішчаў па беразе пясок з чорнымі плямамі ямшчыцкіх лодак і купкамі людзей і коней ля вадапою. Косыя промні сьлізганулі на бедных хацінах, адбіліся ў сьлюдзяных вокнах, ласкава прабеглі па бледным, узбуджаным твары хлопчыка...
    А ў расколіне між гарамі ўжо ўздымалася частка вогненнага сонечнага круга, і на нашым баку ўвесь бераг радаваўся і сьвяціўся, пабліскваў, іскрыўся і пераліваўся рознакаляровымі слаямі сланцавых парод і зелянінай пушыстых соснаў...
    Але гэта была толькі кароткая ранішняя ласка. Яшчэ некалькі сэкунд, і дно даліны зноў стала халоднае і сіняе. Рака патухла і зноў імчалася ў сваім цёмным рэчышчы, шалёна круцячы водаваротамі, сьлюдзяныя вокны пагасьлі, цені ўздымаліся ўсё вышэй, горы завесілі нядаўнюю разнастайнасьць сваіх схілаў аднакаляровай сіняй імглой. Яшчэ некалькі сэкунд на нашым баку гарэла адзінокая вяршыня, нібы факел згасаў пад цёмнымі туманамі... Потым патухла і яна. У расколіне закрыліся ўсе шчыліны, лясы самкнуліся, як і раней, суцэльнай жалобнай паласой, і толькі дзьве-тры адсталыя хмаркі ішлі над імі, шэрыя і халодныя...
    — Усё,— паныла сказаў хлопчык. І ўзьняўшы на дзеда свае сумныя пагаслыя вочы, запытаў: — Болей не будзе?
    — Не будзе, мабыць, — адказаў той. — Сам бачыў: толькі беражок сонейка паказаўся. Заўтра ўжо пойдзе нізам.
    — Канчай, брат! — крыкнуў ямшчык, што вяртаўся з ракі. — Добры дзень, дзед з унукам!..
    Павярнуўшыся, я ўбачыў, што і ля іншых хацін дзе-нідзе таксама былі відаць гледачы. Рыпелі дзьверы, ямшчыкі заходзілі ў хаты, станок зноў патануў у бясколерным халодным тумане.
    І гэта ўжо на доўгія месяцы!.. Стары расказаў мне, што ўлетку сонца ходзіць у іх пад вяршынямі, пад восень яно спускаецца ўсё ніжэй і хаваецца за шырокім хрыбтом, не маючы сіл узьняцца над яго абрэзам. Але потым пункт усходу перасоўваецца па поўдзень, і тады на некалькі дзён яно раніцой зноў паказваецца ў расколіне між гарамі. Спачатку яно пераходзіць ад вяршыні да вяршыні, потым ідзе ўсё ніжэй, нарэшце толькі на некалькі імгненьняў зазьзяюць залатыя промні на самым дне лагчыны. Гэта і было сёньня.
    Нюйскі станок разьвітваўся з сонцам на ўсю зіму. Ямшчыкі, вядома, убачаць яго ў час сваіх разьездаў, але старыя і дзеці не ўбачаць да самай вясны ці, правільней, да лета...
    Апошнія водбліскі зьніклі... За гарамі быў поўны дзень, але ўнізе гусьцеў туман, схілы гор завесіла мутная аднакаляровая імгла. Расьсеянае сьвятло прасочвалася з-за гор, халоднае і непрыветнае...
                                                                                   II
    — Дык вы, кажаце, таксама з Расіі? — запытаў я ў старога, калі мы зноў зайшлі ў хату і ён паставіў на стол невялікі старэнькі самавар. Хлопчык пайшоў за перагародку да сястры, якая прачнулася, і пачаў забаўляць яе. Часам адтуль чуўся слабы дзіцячы сьмех, быццам хто перакідваў кавалачкі шкла.
    Стары паправіў абрус і праз нейкі час адказаў даволі неахвотна:
    — Ага... Што ўжо тут... Тут нарадзіліся, значыць, тутэйшыя. Яны вось, дзеці, напэўна, што і не простага роду...
    — Як прозьвішча? — спытаў я.
    — Ды што!.. — зноў гэтак жа вяла адказаў ён. — Аўдзеевы, скажам, прозьвішча. Ды гэта так, па-простаму. А сапраўднае прозьвішча іх Чарнышовы...
    Ён раптам пакінуў абрус і паглядзеў на мяне ўважлівым і зацікаўленым позіркам.
    — Вы, вось, пра Чарнышова Захара Рыгоравіча так сама, значыць, чыталі. Генэрал быў?
    — Ага, быў генэрал пры Кацярыне. Толькі ён не быў сасланы.
    — Ну, не ён, а відаць, таго ж роду... Пры імпэратары Мікалаі... Пры ўступленьні на прастол, ці што...
    Ён пільна ўзіраўся ў мой твар, але я не мог нічога прыпомніць пра Чарнышова... Стары тужліва пахітаў галавой...
    — Кажуць: кніжнік быў. Паміраў, усё наказваў дзецям: галоўная справа за грамату трымайцеся мацней...
    Ён памаўчаў і потым дадаў:
    — Ды што ўжо тут... Вядома — гіблае месца... Дачка мая за ўнукам яго была, за Яўгеньевым. Вось і пайшлі Аўдзеевы... Не жывуць... Сам памёр, маці памерла, вунь двое на руках засталіся... Я стары, а яны кволыя... Хлопчык прыпадачны... Так, відаць, і сыдзем... Сьледу не застанецца.
    Дзьверы расчыніліся, зайшоў ямшчык, перахрысьціўся на абразы і сказаў:
    — Аўдзееў... Хадзі, прыежджых запішы... У старасты.
    — Добра!
    — Вас хіба таксама Аўдзеевым завуць? — запытаў я.
    — Ды вось, бач ты... І мяне па іх: Аўдзееў ды Аўдзееў. Былі калісьці людзі...
    І стары, магчыма, адзіны грамацей на Нюйскім станку, узяў пад паху патрапаную кнігу і выйшаў.
    Больш нічога я не мог даведацца пра гэту туманную генэалёгію і неўзабаве назаўсёды пакінуў пануры Нюйскі станок. Гадзіны праз дзьве, павярнуўшы на другі плёс, я ўбачыў перад сабой сонца... Яно стаяла невысока, але ўсё ж вогненнымі блікамі залівала і берагі і ваду... І яго ціхае, нават сумнае сьвятло здалося мне ў гэтую хвіліну і яркім і радасным.
                                                                           III
    Пазьней, вярнуўшыся ў Расію, я стараўся даведацца што-небудзь пра ссыльную галіну чарнышоўскага роду. Імя Захара Рыгоравіча Чарнышова часта сустракаецца на старонках кацярынінскай гісторыі, але ён ніколі не быў у ссылцы. Аднойчы, чакаючы парахода на волжскай водмелі, я пачуў ад рыбака песьню пра прускі палон рускага добрага малайца, Чарнышова Захара Рыгоравіча. Рыбак не ведаў, вядома, нічога пра гістарычную асобу, але песьня уё такі была адгалоскам сапраўднай падзеі. У часы Пугачова ўдалы казак Чыка прыняў на сябе імя Захара Рыгоравіча Чарнышова і дадаў у пароднай памяці да папулярнага імя апальную рысу; іншая песьня расказвае ўжо пра цямніцу на волжскім беразе, у горадзе Лыскаве. Удалы добры маладзец, Чарнышоў Захар Рыгоравіч, склікае да сябе бурлакоў і нізавую вольніцу...
    Наогул, імю гэтаму чамусьці пашанцавала ў народнай памяці, і сярод загадкавых асоб Сыбіры прозьвішча Чарнышовых таксама мільгае даволі часта. Гэтым я і растлумачваў сабе сустрэчу на Нюйскім станку; сапраўднае паходжаньне роду, магчыма, ссыльнага, згубілася, і стары несьвядома ўзяў папулярнае імя... У яго сумным голасе чулася праўдзівасьць і перакананасьць...
    Зусім ужо нядаўна, праглядаючы невялікую нататку пра дзекабрыстаў, я наткнуўся па адно мала вядомае імя таксама дзекабрыста, якое паміналася рэдка... “З. Р. Чарнышоў”.
    Тады сустрэча на Нюйскім станку зноў усплыла ў маёй памяці і, здавалася, азарылася новым сьвятлом: “Значыць, — думаў я. — стары Аўдзееў гаварыў праўду”.
    Далейшыя зьвесткі, аднак, разбурылі гэтую ўпэўненасьць: дзекабрыст Захар Рыгоравіч Чарнышоў вярнуўся ў Расію, тут ажаніўся і памёр за мяжой.
    Над генэалёгіяй Аўдзеевых зноў навісла туманная завеса... У прасторнай і змрочнай Сыбіры такім жа чынам згубілася нямала жыцьцяў, і многія роды з вяршынь, асьветленых сонцам, назаўсёды апускаліся ў халодныя нізы, у цясьніны і туманныя даліны... Вышэй Якуцка, на Ленскім беразе, стаіць скала, на якой над безданьню ўецца вузенькая сьцяжынка. У расколіне захаваліся сьляды жытла. З гэтым месцам зьвязана жаласьлівая легенда: тут шмат гадоў жыў нейкі ссыльны, чалавек вядомы, які трапіў у апалу. У Сыбіры ён жыў у розных месцах і нарэшце пасяліўся тут, побач з бедным пасёлкам. Ён сам сек дровы і цягаў ваду. Аднойчы, калі ён падымаўся наверх з вязкай дроў, па сьцяжынцы перад ім зьявілася знаёмая постаць. Гэта была жонка, якая адшукала яго ў гэтай цясьніне. Ссыльны пазнаў яе, але ад радасьці ці страху яму стала блага: ён пахіснуўся і паляцеў у бездань.
    Я дарэмна стараўся даведацца імя гэтага чалавека і падрабязнасьці гэтай падзеі: абыякавая і халодная Сыбір дрэнна захоўвае гэтыя зьвесткі, і памяць пра гэта некалі, можа, яркае жыцьцё і трагічную сьмерць замірае адгалоскамі неразгаданай легенды, зьвязанай ужо толькі са скалой, а не з чалавекам...
    Гэтакае ж няяснае і няпэўнае паходжаньне хлопчыка, якога я сустрэў на Нюйскім станку. Але калі я пачынаю ўспамінаць Сыбір, у маім уяўленьні мімаволі ўзьнікаюць цёмная шчыліна, быстрая рака, убогія хаціны і апошнія водбліскі сонца, якія атухаюць у сумных вачах апошняга нашчадка нейкага згаслага ўжо роду...
    1900
    [У. Г. Караленка.  Апошні прамень. Выбранае. Мінск. 1984. С. 229-237.]
     *
                                                                      АГЕНЧЫКІ
    Неяк даўно, у цёмны асеньні вечар, давялося мне плыць па панурай сыбірскай рацэ. Раптам па павароце ракі, наперадзе, пад цёмнымі гарамі мільгануў агеньчык.
    Мільгануў ярка, моцна, зусім блізка...
    — Ну, дзякуй богу! — сказаў я з радасьцю. — Блізка начлег!
    Вясьляр павярнуўся, паглядзеў цераз плячо па агонь і зноў апатычна налёг на вёслы.
    — Далёка!
    Я не паверыў: агеньчык стаяў, выступаючы наперад з няпэўнай цемры. Але вясьляр казаў праўду: аказалася, сапраўды далёка.
    Уласьцівасьць гэтых начных агнёў — набліжацца, перамагаючы цемру, і зьзяць, і абяцаць, і клікаць сваёй блізкасьцю. Здаецца, вось-вось яшчэ два-тры ўдары вяслом — і шлях закончаны... А між тым — далёка!..
    І доўга яшчэ мы плылі па цёмнай, як чарніла, рацэ. Цясьніны і скалы выплывалі, насоўваліся і адплывалі, застаючыся ззаду і губляючыся, здавалася, у бясконцай далечы, а агеньчык усё стаяў наперадзе, пераліваўся і вабіў — усё гэтак жа блізка і ўсё гэтак жа далёка...
    Цяпер мне часта ўспамінаюцца і гэта цёмная рака, зацененая скалістымі гарамі, і гэты жывы агеньчык. Багата агнёў і раней і пасьля прываблівалі не аднаго мяне сваёй блізкасьцю. Але жыцьцё цячэ ўсё ў тых жа панурых берагах, а агні яшчэ далёка. І зноў даводзіцца налягаць па вёслы...
    Ало ўсё-такі... усё-такі наперадзе — агні!..
    1900
    [У. Г. Караленка.  Апошні прамень. Выбранае. Мінск. 1984. С. 238.]
 




 

    Уладзімер Галакціёнавіч Караленка - нар. 15 (27) ліпеня 1853 г. у м. Жытомір Валынскай губэрні Расійскай імпэрыі, у сям’і павятовага судзьдзі, які паходзіў з казацкага роду, маці ж, Эвяліна Язэпаўна, была каталічкай, і польская мова была ў дзяцінстве для Ўладзі роднай.

    Уладзімер пачаў вучобу ў польскім пансіёне Рыхлінскага, затым вучыўся ў Жытомірскай гімназіі, а пасьля таго як бацька быў пераведзены па службе ў Роўна, працягнуў сярэднюю адукацыю ў Ровенскай рэальнай гімназіі. У 1871 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналягічны інстытут, але з-за матэрыяльных цяжкасьцяў змушаны быў яго пакінуць і перайсьці ў 1874 г. на стыпэндыю ў Пятроўскую земляробчую акадэмію пад Масквой. У 1876 г. за ўдзел у народніцкіх студэнцкіх гуртках Караленка быў выключаны з акадэміі і высланы ў Кранштат пад нагляд паліцыі, дзе зарабляў на жыцьцё чарцёжнай працай.

    Па заканчэньні тэрміну ссылкі падаўся ў Пецярбург і ў 1877 г. паступіў у Горны інстытут. Да гэтага пэрыяду адносіцца пачатак ягонай літаратурнай дзейнасьці. Увесну 1879 г. па падазрэньні ў рэвалюцыйнай дзейнасьці Караленка быў выключаны з інстытута і высланы ў м. Глазаў Вяцкай губэрні. 25 кастрычніка 1879 г. ён быў адпраўлены на жыхарства ў Беразоўскія пачынкі той жа губэрні, дзе прабыў да канца студзеня 1880 г. Адтуль за самавольную адлучку ў сяло Афанасьеўскае пісьменьнік быў высланы ў Сыбір, але вернуты з дарогі. Ад верасьня 1880 г. па жнівень 1881 г. Караленка жыў на сасланьні ў Пермі і служыў табэльшчыкам і пісьмаводам на чыгунцы.

    У сакавіку 1881 г. Караленка адмовіўся ад прысягі новаму цару Аляксандру ІІІ і за гэта 11 жніўня 1881 г. быў высланы з Пермі ва Ўсходнюю Сыбір.

    24 лістапада 1881 г. ён быў дастаўлены ў Якуцк і быў уселены ў Амгинскую слабаду Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці (01. 12. 1881- 10. 09. 1883). Ён пасяліўся ў асобнай юрце на акраіне Амгі. Займаўся сельскагаспадарчымі працамі і шавецкім рамяством.

    У 1885 г. Караленка дазволілі пасяліцца ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 1895-1900 гг. ён жыве ў Пецярбургу, рэдагуе часопіс “Русское богатство”. У 1900 г. пасяліўся ў Палтаве. У 1917 г. некаторыя мысьляры, у прыватнасьці Анатоль Лунчарскі, лічылі, што кіраўніком новай Расійскай рэспублікі мог бы стаць Караленка. Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. Караленка адкрыта асудзіў мэтады, якімі бальшавікі ажыцьцяўлялі будаўніцтва сацыялізму. Ёсьць меркаваньне, што сам псэўданім “Ленін” Ульлянавым быў абраны пад уражаньнем ад сыбірскіх аповядаў Караленкі.

    25 сьнежня 1921 г. Уладзімер Караленка памёр у Палтаве (Украінская ССР) ад запаленьня лёгкіх.

    Творы:

    Падение царской власти. Речь простым людям о событиях в России. Минск. 1917. 30 с.

    Лес шуміць. Палеская легенда. Пералажыў Макар Краўцоў. Менск 1920. 31 с.

    Сьляпы музыка. З расейскай мовы пералажыў Макар Краўцоў. Вільня. 1928. 163 с.

    Судны дзень. (Іом-Кіпур). Украінская казка. Пераклала Вера Грыц. Вільня. 1928. 87 с.

    У благой кампаніі. Аповесьць. Пер. з расійскай мовы К. Чорны. Менск. 1930. 96 с.

    На заводзе. Апавяданьне. Пер. з рус. Менск. 1931. 24 с.

    Сон Макара. Ат-Даван. У воблачны дзень. Пер. з рас. мовы С. Дарожны. Тлумачальны нарыс і заўвагі да тэксту зроблены Г. Багданавай. Менск. 1931. 162 с.

    Апавяданьні. Менск. 1937. 80 с.

    Куплены хлопчык. Апавяданьне. Пер. з рус. Менск. 1937. 20 с.

    Дзеці падзямельля. Пер. з рус. Менск. 1939. 31 с.

     Сьляпы музыкант. Аповесьць. Мінск. 1939. 227 с.

    Без языка. Апавяданьне. Менск. 1939. 173 с.

    Куплены хлопчык. Апавяданне. Пер. А. Александровіч. Мінск. 1947. 19 с.

    Сляпы музыкант. Эцюд. Пер. Я. Шарахоўскі. Мінск. 1950. 131 с.

    Апошні прамень. Выбранае. Пер. з рус. А. Кудравец. Мінск. 1984. 239 с.

    Літаратура:

    В. Г. Короленко и евреи. Воспоминания, письма. Москва. 1924. 24 с.

    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 193.

    В. Г. Короленко в Амгинской ссылке. Материалы для биографии. Якутск. 1947. 95 с.

    Белявская Б. М.  В. Г. Короленко В Якутии. Автореферат на соискание ученой степени кандидата филологических наук. Москва. 1957. 15 с.

    Караленка У. Г. // Сувораў Ю. М.  Тэрміны, імёны, даты. Школьны гістарычны слоўнік. Мінск. 1971. С. 228.

    Семенякоў В. С.  Караленка Уладзімір Галакціёнавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. V. Мінск. 1972. С. 427.

    Букчин С. В.  «Вся ваша честная деятельность...» Их архива В. Г. Короленко. // Нёман. № 2. Минск. 1982. С. 150-161.

    «Вся ваша честная деятельность...» // Букчин С.  ...Народ издревле нам родной. Русские писатели и Белоруссия. Очерки. Минск. 1984. С. 290-314.

    Ліякумовіч Ц. Б.  Караленка Уладзімір Галакціёнавіч. // Янка Купала. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 1986. С. 286.

    Багдановіч І. Э., Скалабан В. У.  Чарноцкі Напалеон. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 255.

    Махнач Т. М.  Чарноцкі Напалеон. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 255.

    Кузьміна С. Ф.  Караленка Уладзімір Галакціёнавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 8. Мінск. 1999. С. 50.

    Изучение творчества В. М. Шукшина, В. Г. Короленко в 8 классе: Метод. рекомендации. Витебский областной ин-т повышения квалификации и переподгот. рук. работников и специалистов образования. Витебск. 2000. 36 с.

    Вікторыя Хіль,

    Койданава

 

    Анатоль Паўлавіч Кудравец - нар. 1 верасьня 1936 г у  в. Аколіца, Клічаўскі раёну Магілёўскай вобласьці БССР (СССР)

    Скончыў Слуцкае пэдвучылішча (1955), аддзяленьне журналістыкі БДУ (1963). Сябра Саюза пісьменьнікаў СССР (1969). Працаваў настаўнікам, рэдактарам на Беларускім радыё, літсупрацоўнікам газэты “Літаратура і Мастацтва”, рэдактарам выдавецтва “Беларусь”, адказным сакратаром часопіса “Маладосць”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1972-1974), інструктарам, загадчыкам сэктара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974-1978), на працягу 20 гадоў галоўным рэдактарам часопіса “Нёман (1978-1997). Займаўся перакладамі.

    Памёр 8 траўня  2014 году ў Менску і пахаваны на Каладзішчанскіх могілках.

    Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1986). Ляўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2012).

    Літаратура:

    Гурская А. С., Клімуць Я. І.  Кудравец Анатоль. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 3. Мінск. 1994. С. 437-438.

    Ларчанка У. М.  Кудравец Анатоль. Бібліяграфія. [Караленка У. Апошні прамень: Выбранае / З рус. Мн.., 1984.] // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 439.

    Аглаіда Лысая,

    Койданава

 










Brak komentarzy:

Prześlij komentarz