wtorek, 6 października 2015

ЎЎЎ Бэнэдыкт Дыбоўскі. Беларуская мова. Койданава. "Кальвіна". 2015.



     Бэнэдыкт Тадэвуш Дыбоўскі – нарадзіўся ў 1833 годзе у маёнтку Адамарын Вілейскага павету Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. Быўшы ад 1862 году экстраардынарным прафэсарам заалёгіі і палеанталёгіі ў Галоўнай школе Варшавы далучыўся да паўстаньня 1863 г., за што ў 1864 г. быў прысуджаны да 12-гадовай катаргі ды сасланы ва Ўсходнюю Сыбір. Карыстаючыся падтрымкай Усходне-Сыбірскага аддзелу Рускага Імпэратарскага Геаграфічнага Таварыства, Дыбоўскі пачаў вывучаць фаўну Прыбайкальля, Прыамур’я і Далёкага Ўсходу. Дзякуючы высілкам Пецярбурскай Акадэміі Навук ён у 1877 г. вярнуўся на радзіму, але хутка, жадаючы вывучыць Камчатку, узяў пасаду акруговага лекара ў Петрапаўлаўску-Камчацкім. У 1878 годзе ён ізноў прыехаў ва Ўсходнюю Сыбір і ад 1879 г. працаваў лекарам у Петрапаўлаўску на Камчатцы, дзе працягнуў дасьледаваньні па зоагеаграфіі. Ад 1883 г. выкладаў у Львоўскім унівэрсытэце ў Аўстра-Вэнгрыі. У 1906 г. выйшаў на пэнсію і пераехаў да сястры ў родавы маёнтак у Менскай губэрні Расійскай імпэрыі. З пачаткам Першай усясьветнай вайны быў арыштаваны як аўстрыйскі паддадзены і сасланы ў Іркуцк, а па прыбыцьці туды мясцовыя ўлады адмовіліся яго прыняць і распарадзіліся пра ягонае этапаваньне ў Якуцкую вобласьць. Ад якуцкай ссылкі састарэлага навукоўца выратавалі высілкі Пецярбурскай Акадэміі Навук і Імпэратарскага Геаграфічнага Таварыства. Ён вярнуўся назад ў маёнтак. Калі туды прыйшлі нямецкія войскі, ён атрымаў дазвол акупацыйных уладаў выехаць у Львоў. Памёр ва Львове 31 студзеня 1930 г. і пахаваны на Лычаковском могілках ў нэкропалі паўстанцаў 1863 гаду. 
 
                                               Пахавальня Дыбоўскіх каля вёскі Баравое
                                  Дзяржынскага (Койданаўскага) раёна Менскай вобласьці

     Літаратура:
*    Баркоўскі А.  Бенядзікт Дыбоўскі пра беларускую мову ў Сібіры. // Наша слова. Менск. № 26. 8 ліпеня 1998. С. 4.
    Ідальля Ючыгейская,
    Койданава
 
 




    Студзень 1879, Томская губэрня
     “Парабак “поселенец”, або сасланы сюды на пасяленьне, у падраным адзеньні, які меўся быць нашым фурманам, здымае хамуты з “полатей” і зьбіраецца запрагаць коней (“Полати” гэта ляжанкі пад стольлю, уладжаныя насупраць печы ды ўваходных дзьвярэй).
    Адразу за вёскай псуецца вупраж, затрымліваемся на хвіліну, высаджваюся, частую “ямщика” папяросамі, якія заўсёды маю пры сабе “ad captandam benevolentiam” і пытаю нашага “поселенца” ці не зьяўляецца ён часам “бежавшим” з катаржных работ у Нерчынскіх капальнях.
    — Не — адказвае, — я родам з Менскай губэрні і сасланы на пасяленьне ў Заходнюю Сыбір.
    Тады вітаю “земляка” ці zіоmkа, — сказаў я. Спытваю пра прозьвішча і за якія правіны апынуўся тут?
    — “Па нешчастью”, — быў ляканічны адказ, — а прозьвішча маё Парышкевіч.
    Затым пытаю, ці гаспадар п’е?
    — О, калі б не піў меўся б добра, але што, калі увесь заробак ідзе да шынка.
    Па направе вупражы, зьвязанай вяроўкамі, мы рушылі далей...
    Я запрасіў пасяленца, майго новага земляка з Менскай губэрні, які нас вёз, на гарбату. Аднак запросінаў ён не прыняў, адказваючы, “што гаспадар накорміць і напоіць”. Я даў пасяленцу два рублі за тое, што вёз нас, раючы каб не піў, бо гэтае піцьцё ёсьць найвялікшае няшчасьце на сьвеце, бо п’янства, нават памяркоўнае, губіць чалавека.
    — “Будзь цьвярозым, пачцівым, ашчаджай, зьбірай грош да гроша і вяртайся да краю, старайся каб людзі мелі добрую думку аб Менскай губэрні”.
    Мой новы зямляк пасяленец быў маладым чалавекам, нядаўна прыбыў у Сыбір, а ўжо набыў акцэнт і чыста сыбірскія звароты мовы. Увогуле т. зв. “беларуская” мова нідзе не ўтрымалася на Сыбіры. Адно што толькі захавалі беларусы ў Сыбіры, разам з палякамі, дык гэта просты, сымэтрычны на абодва бакі, каўнер ад кашулі, а не гэтак званы маскоўскі “косой воротник”.
    Для мяне асабіста шкада беларускай мовы, якая не вытрымлівае канкурэнцыі з сыбірска-расейскай. Я люблю гэтую простую наіўную гаворку, якая ляпідарным спосабам выказвае часта глыбокія думкі, поўныя натуральнага досьціпу, але затое мне агідны кніжны “wolapük”, які завецца беларускай мовай, сфабрыкаваны цяпер Дон-Кішотамі з Белаляхіі.
    Цяпер адзіны ёсьць спосаб каб уратаваць “беларускую” мову ад пагібелі гэта перапісваць пры дапамозе фанаграмы з адзінай добрай крыніцы, вуснаў векавых кабет, увесь шэраг чыстых беларускіх зваротаў і праўдзівых выразаў, бо малодшае пакаленьне, нават дзяўчыны, сказілі сваю мову дамешкаю выразаў і зваротаў казённае мовы.
    Усе расейскія ўрадаўцы пагарджаюць беларускай мовай. Даўней мясцовыя чыноўнікі і вуніяцкае духавенства, якое паходзіла з беларускага краю, размаўлялі з народам на ягонай гаворцы, цяперашнія, прысланыя з-пад цёмнай зоркі, чыноўнікі і духавенства, уважаюць за абразу ўласнай годнасьці вучыцца размаўляць па беларуску.
    Гэтак сама і народ паволі пачынае лічыць сваю мову не вартай вуснаў людзей вышэйшага клясу; “мужицкий язык” гавораць і ім ужо размаўляць саромеецца.
    /Dybowski B.  O Syberyi i Kamczatce. Część I. Podróż z Warszawy na Kamczatkę. Warszawa. 1912. S. 133-135./
 
 


 


 







 
 








 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz