sobota, 17 października 2015

ЎЎЎ Аляксандр Анікееў. У Якуціі. Нататкі журналіста. Койданава. "Кальвіна". 2015.


 


                            Надоўга застанецца ў памяці краявід у раёне Ленскіх слупоў
                                                                    У  ЯКУЦİİ
                                                             Нататкі журналіста
    Калі б хто спытаў у мяне пра Якуцію некалькі год таму назад, я адказаў бы: “Зімой тут страшэнна холадна, лета зусім кароткае, транспарт — сабакі, алені”.
    Якуція займае адну сёмую частку нашай краіны. Яна большая за Казахстан. На яе тэрыторыі маглі б разьмясьціцца амаль пятнаццаць такіх рэспублік, як Беларусь, і больш пяці Ўкраін.
    Такія веды ў мяне былі пра Якуцію са школьнага падручніка па геаграфіі. А калі я пабываў на яе зямлі, скажу: гэта цудоўная таежная краіна!..
    Раней я не мог уявіць, што летам у Якуціі больш горача, чым у Беларусі, і што цёплых дзён зусім дастаткова, каб вырошчваць у адкрытым грунце пшаніцу, капусту, бульбу, агуркі, памідоры.
    Мажліва спытаеце, што за гатункі такія, якім дастаткова, каб пасьпець паўтара-два месяцы? Што ж, у Якуціі стаіць цеплыня сто дзён. Праўда, у пачатку лета яшчэ здараюцца невялічкія замаразкі. Прыгадаем, што сёлета ў канцы траўня і ў Беларусі замярзала вада на паверхні глебы.
    А ў вас, відаць, закрадаецца думка: усё ж халаднавата ў Якуціі. Скажам проста: улетку тут сярэднеазіяцкая гарачыня. Нават у Верхаянску, які знаходзіцца паблізу Палярнага круга і лічыцца адным з полюсаў холаду, абсалютная тэмпэратура летам дасягае 34 градусы цяпла. Калі б не было вечнай мерзлаты, цяжка было б што-небудзь вырасьціць у Якуціі. Для земляробства гэты падземны “паўночны сфінкс” карысны. Але і яго дапамога па вырошчваньні гародніны часта аказваецца недастатковай. У кожныя пяць год толькі адзін раз не бывае засухі.
    Гэта — улетку. Цяпер наконт “страшэнных” маразоў. Звычайна ў сьнежні і студзені сьпіртавы слупок тэрмомэтра можа спусьціцца ніжэй адзнакі “пяцьдзесят”. Тады ў Якуцку стаіць ледзяны туман. Нічога не ўбачыш за два крокі. Маразы лютуюць да канца студзеня. А потым нечакана цяплее. Устанаўліваюцца ціхія, сонечныя дні, як гавораць старыя якуты, трохрогаму палярнаму быку сонца зьбіла адзін рог. У канцы красавіка бык ператвараецца ў бязрогага. Гэта значыць, да лета зусім блізка.
    Зіма ў гэтым паўночным краі бязьветраная, паветра сухое, таму маразы пераносяцца параўнаўча лёгка. Асабліва добрае надвор’е ўсталеўваецца ў сакавіку — красавіку. Увесь дзень зьзяе сонца. Паветра нерухомае. Рыбакі пабудуць у выхадны на Лене і вяртаюцца дадому загарэлыя.
    А калі шчыра сказаць, то сапраўднай вясны ў нашым разуменьні тут не бывае. Так, як і восені. Да 25 красавіка ў навакольлі Якуцка (сёлета да 15 красавіка) яшчэ трымаецца санная дарога. А праз тыдзень поле робіцца рабое. Сьнег нібы ператвараецца ў пару і зьнікае. У жніўні людзі прадаўжаюць купацца. У верасьні ў залатой тайзе звонка, галасіста ад грыбнікоў.
    А як прыгожа ў Якуціі на рэках! Лену цяжка ўявіць па расказах. Яе трэба пабачыць. Наш Дняпро не ідзе з ёю ні ў якое параўнаньне. Каля Якуцка ад аднаго берага Лены да другога — трыццаць кілямэтраў. А трохі вышэй па рэчцы перад намі адкрываецца сапраўднае мора.
    Пра Лену цяжка коратка пісаць. Лепш за ўсё накіравацца ў камфартабэльнае турысцкае падарожжа па вялікай сібірскай рацэ.
    ...Сярод зялёных сопак, на беразе імклівага Аладана, прытока Лены, прытаіўся Крэст-Хальджай. Не славіцца ён ні золатам, ні алмазамі. Звычайны пасёлак, якіх нямала не рэках Якуціі. Жывуць тут паляўнічыя, аленяводы... Аднак пасёлак гэты і не зусім звычайны. Вельмі часта прыяжджаюць сюды госьці. Штодзённа ў Крэст-Хельджай амаль з усіх куткоў нашай краіны прыходзіць багатая пошта. Большую частку пісем атрымлівае праслаўлены снайпэр Герой Савецкага Саюза Фёдар Мацьвеевіч Ахлопкаў, якому нядаўна споўнілася шэсьцьдзесят год.
    Але мне не пашанцавала сустрэцца з Фёдарам Мацьвеевічам. На таежных сьцежках былы снайпэр зьбіраў ураджай “пушніны”. Сыны Фёдара Мацьвеевіча надзвычай ветлівыя і не горш за бацьку ўмеюць весьці “капсе”— сяброўскія гутаркі. І хоць сыны ганарацца сваім бацькам, хоць ім можа і не цярпіцца расказаць пра яго подзьвігі, перш за ўсё яны паслухаюць госьця. Пацікавяцца здароўем, посьпехамі ў жыцьці. Пачастуюць якуцкімі прысмакамі: сьвежым омулем, балыком з нельмы. узьбітай сьмятанкай з замарожанымі пладамі маліны, суніц.
    — Аб трубках “Мір” і “Айхал”, напэўна, ведаеце, — скажуць яны — У пасёлку Айхал будуецца горад пад дахам, а побач ужо здабываюць алмазы на новай трубцы “Удачная”.
    У ліпені гэтага года споўнілася пяцьдзесят год з дня ўстанаўленьня Савецкай улады ў Якуціі. Гэтую аўтаномную рэспубліку заслужана называюць “алмазнай”. Пакуль было знойдзена месцанараджэньне цуда-каменя на паўночным усходзе Сыбіры, наша краіне сядзела, як кажуць, на галодным алмазным пайку, што тармазіла тэхнічны прагрэс і рост прадукцыйнасьці працы. Апроч алмазаў, Якуція па праву разглядаецца як адна з галоўных кладовак золата ў краіне. Яна займае адно з першых месц у Савецкім Саюзе па запасах сьвінцу і цынку, зьяўляецца галоўным пастаўшчыком сьлюды і многіх іншых карысных выкапняў. Асабліва багата рэспубліка “мяккім золатам” — пушнінай. Адным словам, гэта валютны цэх СССР.

                          Такім будзе цуда горад Айхал, які будуецца ля Палярнага круга.
    Слаўная Якуція сваімі людзьмі. Калі я спытаў у сыноў Фёдара Мацьвеевіча, ці нельга зірнуць на фотаздымкі бацькі, мне падалі некалькі папак. Тут фатаграфіі і падшыўкі франтавых газэт. Усё гэта сабраў і даслаў Ахлопкавым армейскі журналіст, стары сябра Фёдара Мацьвеевіча.
    З пажоўклых старонак на вас глядзіць весела прыжмурыўшы вочы дабрадушны чалавек. Побач з партрэтам вершы, нарысы, прысьвечаныя снайпэру, або як тады яны называліся — “сяржанту без промаху”.
    ...Гэта было на ўсходзе Віцебшчыны. Адступаючы, гітлераўцы парашылі спаліць віску, а людзей забраць у Нямеччыну. За імі назіраў праз аптычны прыцэл снайпэр. Яго працяла лютая нянавісьць, але нельга было выдаваць сябе. Чацьвёра гітлераўцаў акружылі безабаронную жанчыну з дзіцем. Снайпэр не вытрымаў. Траіх адразу скасіў.
    Удзячная жанчына пасьля вызваленьня вёскі адшукала свайго выратавальніка. Затым падышла да камандзіра і папрасіла, каб снайпэра Ахлопкава спэцыяльна адзначылі ў загадзе...
    Летам сорак чацьвёртага года савецкія войскі прарвалі Віцебскі заслон. Нястомны быў у гэтых баях “сяржант без промаху”. 23 чэрвеня асколкам яму прабіла салдацкую кніжку і партбілет. Сьцякаючы крывёю, ён не пакінуў сваёй пазыцыі і зьнішчыў 429 фашыстаў (адзін ліквідаваў цэлы батальён|).
    ...Непадалёк ад Крэст-Хельджая, крыху на поўнач, у Аймяконскім раёне жыве беларус Ульян Смоліч. Тут зарэгістравана самая нізкая тэмпэратура ў паўночным паўшар’і — мінус семдзесят адзін градус.
    Ульян родам з Рэчыцы. Адсюль прыходзяць яму лісты ад сяброў-партызан, з якімі ён прайшоў слаўны шлях. У радах народных мсьціўцаў яго прынялі ў партыю. Смоліч дайшоў да Бэрліна. Змагаўся храбра. Аб гэтым сьведчыць яго баявыя ўзнагароды. Затым яго запрасілі паехаць па пуцёўцы на залатыя прыіскі, “хаця б на тры гады”. Дарогі мэталь надзвычай быў патрэбны краіне для хутчэйшага аднаўленьня народнай гаспадаркі.
    Ульян Смоліч мог вярнуцца не бацькаўшчыну пяць, дзесяць ці пятнаццаць гадоў таму назад.
    — Няўжо не рупіць дадому? — спытаў я ў яго пры сустрэчы.
    — Яшчэ як! — прызнаўся ён. — Чакаеш не дачакаесься водпуску. Некалькі месяцаў, калі бываю дома, пралятаюць непрыкметна. А потым. Гэта проста цяжка растлумачыць. Усе думкі вяртаюцца на далёкую поўнач. Нават сам не ведаю чаму. У Якуціі ў мяне многа сяброў.
    Я таксама згодны з Ульянам. Цікава, вядома, пабываць у заморскіх краінах. Аднак наша Радзіма такая вялікая, такая разнастайная і такая прыгожая, што варта было б больш пазнаёміцца з ёю.
    Я надзвычай задаволены, што пабываў у Якуціі.
    Аляксандр  Анікееў
    Фота аўтара.
    /Беларусь. № 10. Мінск. 1968. С. 28./




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz