У ЯКУЦКАЙ КАСЬМІЧНАЙ
ЛЯБАРАТОРЫІ
Ёсьць на ўскраіне Якуцка двухпакаёвы
каменны будынак. З выгляду ён нічым не вызначаецца: звычайныя сьцены, вокны,
дах. Але ўсякі, хто знаёміцца з выдатнасьцямі сталіцы Якуцкай аўтаномнай
рэспублікі, стараецца абавязкова пабываць у гэтым будынку. Чым жа ён захапляе?
У ім разьмяшчаецца касьмічная лябараторыя Якуцкага філіяла Акадэміі навук СССР.
Загадчыка лябараторыі, кандыдата
фізыка-матэматычных навук Юрыя Георгіевіча Шафера я застаў у яго рабочым
кабінэце за пісьмовым сталом. Гэта сярэдніх год мужчына, з дабрадушным выразам
ледзь кранутага воспай смуглаватага твару. Па інтанацыі яго голасу і манеры
нібы ўзважваць кожнае слова не цяжка было заўважыць, што ён у недалёкім мінулым
— выкладчык фізыкі, які прачытаў студэнтам нямала захапляючых лекцый.
— Касьмічныя праменьні, — гаварыў Шафер у
гутарцы са мной, — доўгі час былі для вучоных тайнай. Параўнальна нядаўна
фізыкам удалося атрымаць аб гэтых праменях вельмі каштоўныя для навукі зьвесткі.
У праменях космасу былі выяўлены элемэнтарныя часьцінкі — пратоны, мезоны і
электроны. Вучоныя ўстанавілі таксама, што першасныя часьцінкі касьмічных
праменяў накіроўваючыся да Зямлі са скорасьцю 300 тысяч кілямэтраў у сэкунду, пераадольваюць
магнітны пояс і, трапляючы ў атмасфэру, параджаюць ліўні іншых, другасных часьцінак.
Аднак па гэтых зьвестках яшчэ нельга даведацца, якія крыніцы праменяў космасу і
як далёка ад нашай плянэты знаходзяцца яны. Значыць мы, як і нашыя вучоныя
фізыкі, імкнёмся вывучыць уплыў атмасфэрнай “рубашкі” на касьмічныя прамені і
такім шляхам атрымаць дакладныя даныя аб крыніцах, якія пасылаюць на Зямлю
ліўні па-рознаму зараджаных часьцінак космасу.
— Складаная гэтая справа? — пацікавіўся я.
— Так, — адказаў Юрый Шафер, — складаная і
цяжкая. Зьбіраць самыя разнастайныя зьвесткі аб касьмічных праменях могуць
толькі людзі, узброеныя глыбокімі ведамі сучаснай фізыкі і дасканалай тэхнічнай
апаратурай. Якуцкая касьмічная лябараторыя мае і тое і іншае. У гэтым вы можаце
наглядна пераканацца.
Расказаўшы аб вядучых навуковых работніках
лябараторыі, Шафер вырашыў паказаць мне ўсю “сваю гаспадарку”. Мы падняліся па
прыступках мэталічнай лесьвіцы і трапілі ў тэрмаізаляцыйную кабіну. Тут побач з
пультам кіраваньня зманціраваны на трывалых жалезных стойках зьзяючы
серабрыстай афарбоўкай велізарны прыбор. Па форме ён нагадвае паветраны шар,
але вага яго вылічваецца тонамі.
— У гэтым сталёвым шары, — растлумачыў
Шафер, — знаходзіцца яшчэ адзін сталёвы шар. Ён прадстаўляе з сябе іанізацыйнаю
камэру, напоўненую газам аргонам. Паміж іанізацыйнай камэрай і верхняй
абалонкай прыбора прамежак у 17 сантымэтраў. Ён запоўнены звычайным сьвінцовым
шротам. Працуе прыбор аўтаматычна, без назіральніка, няспынна рэгіструючы ваганьні
інтэнсіўнасьці касьмічных праменяў дакладным фотазапісам.
— Чым вызначаецца гэтая дакладнасьць? — запытаў
я.
— Колькасьцю часьцінак космасу, якія
праходзяць у тую ці іншую адзінку часу праз прыбор, — сказаў Шафер. — І,
памаўчаўшы, дадаў: — Трэба заўважыць, што першыя спробы савецкіх вучоных
рэгістраваць ваганьні інтэнсіўнасьці касьмічных праменяў былі зроблены іменна ў
Якуцку. Так што радзімай гэтага выдатнага айчыннага прыбора ў СССР трэба лічыць
Якуцк.
Падымаемся на паўпаверха вышэй. Заходзім у
маленькі, з нізкай стольлю пакой. Большая палавіна яго плошчы занятая
арыгінальнай устаноўкай, якая “ловіць” ужо не асобныя часьцінкі а цэлы іх паток
— магутны “сноп” часьцінак, якія нараджаюцца ў атмасфэры пры сустрэчы вельмі
энэргічных касьмічных прамяняў з ядрамі атамаў. Каля ўстаноўкі над чымсьці
засяроджана думае хударлявы якут у цёмна сінім камбінэзоне.
— Знаёмцеся, — гаворыць Шафер — Гэта і ёсьць
Дзьмітрый Красільнікаў, наш малады таленавіты вучоны. Усё, што мы бачым у гэтым
пакоі, зроблена ім.
Ад гэтых слоў на твары маладога вучонага
выступае густая чырвань юнацкага бянтэжаньня. Красільнікаў надзвычай скромны па
сваёй натуры чалавек. Такім ён быў у сваім далёкім таежным калгасе. Такім ён
быў у Якуцкім пэдагагічным інстытуце, дзе пасьпяхова скончыў фізыка-матэматычны
факультэт. Такі ён і ў калектыве навуковых супрацоўнікаў касьмічнай лябараторыі.
Аднак гэтая скромнасьць не перашкодзіла Красільнікаву сканструяваць першую ў сьвеце
ўстаноўку, якая штомінутна рэгіструе тысячы часьцінак праменяў космасу.
Між іншым, яго ўжо не задавальняе
дасягнутае. Цяпер ён заняты стварэньнем новай, больш магутнай і эфэктыўнай
устаноўкі, якая мае каля 360 электрычных лічыльнікаў. Гэта новая ўстаноўка
прадумана ім ва ўсіх дэталях і амаль поўнасьцю зманціравана.
— Ці ёсьць дзе-небудзь такая ўстаноўка? —
запытаў я ў Красільнікава.
— Такіх установак у сьвеце яшчэ не створана,
— адказаў малады вучоны. — Мы ў гэтай справе будзем першымі. Сваю новую
ўстаноўку спадзяёмся “запусьціць” к пачатку Міжнароднага геафізычнага года.
У размову уступіў малодшы навуковы
супрацоўнік Васілій Сокалаў. Яму толькі каля дваццаці пяці год, але ён пасьпеў
ужо многага дабіцца. Ім сканструявана арыгінальная апаратура для назіраньня за
касьмічнымі праменямі. Карыстаючыся гэтай апаратурай, ён пасьпяхова распрацоўвае
мэтады вывучэньня нэўтронных часьцінак праменяў космасу, якія не маюць
электрычнага зараду.
З захапленьнем расказваў Васілій Сокалаў аб
сваіх настойлівых шуканьнях, аб сваёй нядаўняй паездцы ў навуковую
камандзіроўку ў Маскву і аб той вялікай цікавасьці, якую праяўляюць да яго
работы прафэсары і акадэмікі.
— Цяпер я ўпэўнены, што знаходжуся на
правільным шляху, — сказаў у заключэньне Сокалаў. — З кожным днём усё больш
яснымі становяцца мне крыніцы і характар незараджаных электрычнасьцю часьцінак
касьмічнага сьвету.
Агледзеўшы “наземныя” кабінэты лябараторыі,
мы доўга спускаемся па стромкай драўлянай лесьвіцы ў падзямельле. На глыбіні
трыццаці сямі мэтраў трапляем у кабінэт, які нагадвае добра зробленую франтавую
зямлянку. Тут ярка гарыць электрычнае сьвятло, амаль бясшумна працуе нейкая
мудрагелістая апаратура. За мноствам рознакаляровых маленькіх лямпачак, якія то
ўспыхваюць, то гаснуць. уважліва сочыць каранасты, шыракаплечы якут у
кароценькай чорнай куртцы. Я яго ужо сустракаў у тэрмаізаляцыйнай камэры і таму
адразу пазнаў у ім “падземнага бога” Арыяна Кузьміна.
Арыян Кузьмін — правая рука загадчыка лябараторыі.
Сын калгасьніка-якута, ён. як і Красільнікаў, скончыў фізыка-матэматычны
факультэт Якуцкага пэдагагічнага інстытута. Разам з Юрыем Шаферам ствараў першую
ў Савецкім Саюзе касьмічную станцыю перад Вялікай Айчыннай вайной. Гераічна
змагаўся на франтах. І вось ужо каторы год плённа працуе ў касьмічнай лябараторыі.
“Падземная гаспадарка” Арыяна Кузьміна
невялікая, але складаная. Разабрацца у ёй да тонкасьцей можа толькі ён сам. Між
іншым, складаная гэтая апаратура толькі па будове, а прынцып яе работы даволі
просты: няспынна і аўтаматычна рэгіструе яна касьмічныя прамені, якія пранікаюць
сюды праз вялікую тоўшчу вечна мёрзлай зямлі.
Створаная ім самім апаратура дазволіла
вучонаму ўпершыню у гісторыі новай навукі — навукі аб касьмічных праменях —
вызначыць уплыў атмасфэры на зьмяненьне патоку праменяў космасу ня працягу
сутак. Навуковая праца Кузьміна аб гэтым вядомая ўсім савецкім фізыкам. Яе вывучаюць
многія вучоныя зарубежных краін. Наогул пяру Арыяна Кузьміна належыць больш
дваццаці важных навуковых работ. Цяпер ён настойліва рыхтуецца да абароны
кандыдацкай дысэртацыі.
Побач з такімі вучонымі-энтузіястамі як
Шафер, Красільнікаў, Кузьмін, Сокалаў, плённа працуюць яшчэ зусім маладыя, але
ўжо вопытныя навуковыя работнікі Галіна Цянутава. Грыгорый Скрыпін, выпускнікі
Якуцкага тэхнікума сувязі — радыётэхнікі Беламестных, Дружынін, Мержовіч і
іншыя спэцыялісты. Цікава, што пераважная большасьць якуцкіх дасьледчыкаў касьмічных
праменяў — карэнныя якуты, сыны патомных паляўнічых і аленяводаў...
Калісьці, не так даўно, Якуція славілася
толькі сваімі лаўцамі рэдкага зьвера — блакітнага пясца, собаля, гарнастая.
Глухой і дзікай ускраінай царскай Расіі была яна. Нават яе карэннае
насельніцтва — якуты — не мелі сваёй пісьменнасьці і былі пагалоўна
непісьменныя. Прымусіўшы якутаў прыняць праваслаўную веру, царскі ўрад з
дапамогай царквы трымаў іх у цемры і невуцтве.
Не тая Якуція цяпер. Да непазнавальнасьці
зьмянілася ў ёй жыцьцё. Краем невычарпальных багацьцяў, краем суцэльнай
пісьменнасьці, высокай культуры і навукі стала яна за гады Савецкай улады. З
дзяцей зьвераловаў і аленяводаў Савецкая Якуція вырасьціла свае нацыянальныя
кадры — настаўнікаў. аграномаў, заатэхнікаў, інжынэраў, кандыдатаў і дактароў
навук. прафэсараў і акадэмікаў. “Лаўцы” рэдкага зьвера сталі “лаўцамі” касьмічных
праменяў.
Да работы якуцкіх вучоных прыкавана ўвага
многіх фізыкаў сьвету. Загадчык касьмічнай лябараторыі Юрый Шафер паказаў шмат
пісьмаў, атрыманых ім ад зарубежных дасьледчыкаў касьмічных праменяў. Польскі
прафэсар М. Даніш вельмі цікавіцца навуковымі працамі Арыяна Кузьміна і Дзьмітрыя
Красільнікава. Дырэктар Індыйскай навукова-дасьледчай фізычнай лябараторыі доктар
Сарабхай прапаноўвае абмяняцца літаратурай па дасьледаваньнях праменяў космасу.
З яго пісьма відаць, што ён ужо многае ведае аб рабоце Якуцкай касьмічнай
лябараторыі. Італьянскія вучоныя-фізыкі таксама хочуць ведаць усё тое новае,
чаго ўдалося дасягнуць якуцкім “лаўцам” касьмічных праменяў.
— Нядаўна нам стала вядома, — сказаў Юрый
Шафер, — што апошнюю навуковую працу Арыяна Кузьміна аб уплыве атмасфэры на зьмяненьне
патоку праменяў космасу на працягу сутак перадрукаваў амэрыканскі інстытут
фізыкі. У сувязі з гэтым цікава ўспомніць такі факт. У 1947 годзе Савецкі ўрад
зьвярнуўся ў амэрыканскі інстытут Карнэгі з просьбай прадаць нам Прыбор
Комптана і даць аб ім падрабязную тэхнічную інфармацыю На гэтую просьбу
амэрыканцы адказалі рашучай адмовай.
Тады Акадэмія навук СССР і Галоўнае ўпраўленьне
гідраметслужбы пры Савеце Міністраў СССР пачалі работы па стварэньню айчыннага,
вельмі дакладнага рэгістратара касьмічных праменяў. Узначаліць гэтую справу
было даручана Юрыю Шаферу, які загадваў у той час першай у Савецкай краіне
Якуцкай касьмічнай станцыяй.
Некалькі месяцаў самааддана працаваў Шафер
з навуковым работнікам Маскоўскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэта Грыгор’евым і
таленавітым інжынэрам Муратавым. У выніку нарадзіўся унікальны айчынны прыбор,
які дазволіў упершыню ў Савецкім Саюзе пачаць выконваць, шырокую праграму
сыстэматычных, бесьперапынных і доўгачасовых дасьледаваньняў Касьмічных
праменяў. Уся аўтаматыка, вузлы і мэханізмы прыбора былі выраблены з айчынных
матэрыялаў і вызначаліся прастатой канструкцыі, бездакорнасьцю ў рабоце.
Нездарма акадэмік Скабельцын сказаў тады: “Створаны прыбор, які ў многім
пераўзыходзіць аналягічную амэрыканскую апаратуру”.
Між іншым, гэта — пройдзены этап. Якуцкая
касьмічная станцыя ўжо даўно ператворана у сучасную, выдатна аснашчаную
навуковую лябараторыю. Першапачатковае яе абсталяваньне ўступіла месца самым
дасканалым прыборам і апаратам. Яе работнікі няспынна “ловяць”, рэгіструюць і
вывучаюць касьмічныя прамені высока над зямлёй, на зямлі і пад зямлёй. І вынікі
іх работы відавочныя.
Іван Байкоў.
/Мінская праўда.
Мінск. 1 снежня 1956. С. 3./
ДАДАТАК
Лябараторыя
якуцкага інстытута касмафізыкі
перададзена ў фэдэральную ўласнасьць
Якутыя. 21 верасьня 2012. NVpress -
Маёмасны комплекс наземна-падземнай лябараторыі касьмічных прамянёў Інстытута
касмафізычных дасьледаваньняў і аэраноміі СА РАН, разьмешчаны на 5 км Пакроўскага
тракту ў Якуцку, перададзены ў фэдэральную ўласнасьць, паведамляе мінмаёмасьці
рэспублікі ў пятніцу.
“Раней дадзеная маёмасьць знаходзілася ў
бязвыплатным карыстаньні ў Інстытута касмафізычных дасьледаваньняў і аэраноміі
імя Ю. Г. Шафера СА РАН з 2006 гаду”, - гаворыцца ў паведамленьні.
У 2006 годзе скончыўся перанос і мантаж лябараторыі
на новым месцы - на 5 км Пакроўскага тракту. Да гэтага лябараторыя разьмяшчалася
ў Багародзіцкім храме ў раёне Залаг у Якуцку. Абсталяваньне было ў купале храме
(шар, з некалькімі тонамі сьвінцу), на ўзроўні зямлі і ў шахце побач з храмам.
Астрыд Сырыюс,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz