wtorek, 1 grudnia 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Чым праславімся? Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Между нами говоря...
                                                                      НЕ  ЗАСТАВЯТ!
    ...Я – белоруска. Но стараюсь говорить только на русском. Правда, иногда проскальзывают у меня белорусские слова. И это меня очень бесит. Я окончила семь классов, и все это время уроки белорусского языка были мне ненавистны. Завидую тем, кто имеет возможность не изучать его. И никто не заставит полюбить меня эту «народную мову».
    Столбцы. Люда.
    /Знамя юности. Минск. 16 октября 1988. С. 3./
 
    Іван Ласкоў
                                                              ЧЫМ  ПРАСЛАВІМСЯ?
    Нейкая Люда са Стоўбцаў праславілася. 16 кастрычніка летась семсот тысячаў чытачоў “Знамя юности” даведаліся пра тое, што яна ненавідзіць... родную мову. Пасьля яе допіс паэт Ніл Гілевіч пераказаў на старонках газэты «Правда». Нядаўна гэты ліст надрукаваны зноў у часопісах «Крыніца» і «Политический собеседник». Думаецца, на гэтым справа не скончыцца і да «эпахальнага» выказваньня Люды яшчэ зьвернуцца, сацыёлягі, журналісты.
    То ж, міма гэткай герастратаўскай заявы прайсьці цяжка. Бо нармальнаму чалавеку, наадварот, уласьціва любіць родную мову, абараняць яе ўсімі сіламі, якія табе дадзены. Родная мова - гэта галоўнае, а часам і адзінае, што зьвязвае чалавека з ягонай зямлёй. Гэта асабліва добра адчуваюць тыя, хто жыве далёка ад месца, дзе нарадзіўся.
    “У дні сумліву, у дні цяжкага роздуму пра лёс мае бацькаўшчыны, - ты адна мне падтрымкай і апірышчам, о вялікая, магутная, праўдзівая ды вольная руская мова!” - усклікаў пісьменьнік, які доўгі час жыў у Францыі. Дзіўныя сваёй прачуласьцю словы. Яны даюць, так бы мовіць, узор для кожнага народа, як трэба ставіцца да роднае мовы.
    На жаль, словам гэтым даецца скажонае тлумачэньне. Прымушаючы бяздумна завучаць іх, школьнікам, у тым ліку і такім, як Люда, закладаюць перакананьне, быццам у іх зьмяшчаецца нейкая найвышэйшая ацэнка рускае мовы, паводле якой яна лепшая за іншыя. Напэўна, калі б Тургенеў даведаўся пра гэта, дык не жартам абурыўся б. Размаўляючы большую частку жыцьця па-француску, ён, мусіць, і блізка не ставіў рускую мову па-над іншымі.
    Хіба слова “вялікая, магутная, праўдзівая і вольная” - гэта навуковыя вызначэньні мовы? Гэта ж мастацкія эпітэты, падказаныя настроем аўтара.
    Лінгвістычная навука не карыстаецца тэрмінам “вялікая”, “магутная”, “праўдзівая”, “вольная” ў адносінах да мовы. І не прызнае зьверхнасьці за якой-небудзь мовай: “Кожная мова па-свойму самая багатая, самая моцная і самая выразная, бясспрэчна і па-за ўсякай канкурэнцыяй абсалютна каштоўная, адзіна важная і адзіна магчымая”. /Зб. “Русский язык в современном мире”. М., 1974. С 74/.
    Але, напэўна, для Люды са Стоўбцаў, дый ня толькі для Люды, любыя гэткія выказваньні - пусты гук, калі яны не падмацаваныя канкрэтнымі доказамі. Вось таму я і хачу пагаварыць, пашукаць канкрэтных адказаў на тое, дрэнная ці добрая беларуская мова, лепшая яна ці горшая за іншыя мовы, і што ж будзе з беларусамі, калі яны ад свае мовы адракуцца.
    Беларусы - рэнэгаты ў якасьці аргумэнтаў свайго рэнэгацтва прыводзяць звычайна тое, што беларуская мова блізкая да рускай /“навошта вывучаць дзьве аднолькавыя мовы?”/, што ў ён не хапае слоў, неабходных у той ці іншай галіне жыцьця. /“Як па-беларуску “равняйсь” і “смирно”? “Шнуруйся” і “напупырся”? І вы хочаце, каб я пасьля гэтага любіў вашу “цялячую мову”/, што яна - вясковая /“у горадзе не паразмаўляеш”/ і, нарэшце, безапэляцыйнае “руская мова лепей”. Вось пра ўсё гэта давайце і пагаворым.
    Пачнём з падабенства. Ці сапраўды яно такое вялікае, як сяму-таму здаецца? Вось ужо васемнаццаць гадоў я жыву ў Якуціі. Але сувязі з бацькаўшчынай не губляю: выпісваю беларускія часопісы, газэты. Некалі, жывучы ў Мінску, пісаў вершы па-руску, друкаваўся і выдаваўся. Цяпер жа пішу пераважна па-беларуску /часам мае кнігі выходзяць у Мінску/. Якуція - край далёкі, але бывае, што завітаюць да мяне і госьці з Беларусі. Натуральна, што ня толькі дома, але і на вуліцы, у транспарце і г.д. мы размаўляем па-беларуску. І вось якую я заўважыў рэч: людзі навокал не разумеюць, пра што мы гаворым. Прычым ня толькі якуты, але і рускія.
    У красавіку 1986 г. мне давялося быць госьцем IX зьезда пісьменьнікаў Беларусі. Госьцем я быў не адзін: прыехалі і з Масквы, і з Прыбалтыкі, з Украіны, нават з Казахстану. За выключэньнем Н. М. Сьлюнькова, гаспадары на зьезьдзе выступалі па-беларуску. І вось заўважаю, што гасьцей у прэзыдыюме ды ў зале ад паседжаньня да паседжаньня ўсё менш і менш. У аднаго з маскоўцаў я ціхенька пацікавіўся, чаму так атрымліваецца. Ён адказаў шчыра: “Ды гавораць па-свойму, нічога не зразумееш, нудота. Ужо лепш па крамах прайсьціся”.
    Адчуваньне “аднолькавасьці” беларускай і рускай моваў, я думаю, узьнікае толькі ў тых людзей, якія ведаюць, хоць бы і ў агульных рысах, абедзьве мовы. Праблемаў з разуменьнем беларускага маўленьня і тэксту ў іх няма, вось і здаецца, што беларуская і руская мовы дублююць адна адну.
    Паміж асобнымі гаворкамі сусьветнай моўнай сям’і сустракаецца і большае падабенства, чым паміж беларускай і рускай. Напрыклад, вельмі блізкія паміж сабой многія мовы цюрскае групы. Як даводзілася чуць ад дасьведчаных людзей, азэрбайджанская і турэцкая мовы, - гэта практычна адно і тое. Але ж туркі, якія жывуць у нас у краіне, не сьпяшаюцца з гэтай прычыны называць сябе азэрбайджанцамі. Вельмі блізкія паміж сабой кіргіская і казахская мовы. Здавалася б, пры такой роднасьці было б лягічна, каб кіргізы, якія жывуць у Казахстане, сталі казахамі, а казахі, якія жывуць у Кіргізіі, кіргізамі. Ах не: тыя і тыя застаюцца самі сабой.
    Паміж славянскіх вельмі блізкія адна да адной югаслаўскія мовы, толькі ж не зьліваюцца, суіснуюць! Не зьліваюцца чэская і славацкая, суіснуюць у адной дзяржаве. Чаму ж беларуская і ўкраінская павінны зьнікнуць у імя далейшага пашырэньня базы рускай мовы?
    Другі аргумэнт – “шнуруйся і напупырся”... Дэмабілізаванаму салдату папросту невядома, што вайсковай тэрміналёгіі цяпер няма ня толькі ў беларускай, але і ў іншых мовах народаў СССР, і вінаватыя ў гэтым не мова, а адсутнасьць нацыянальных вайсковых фармацыяў, якія існавалі, дарэчы, у дваццатыя-трыццатыя гады.
    Яшчэ адзін закід у бок беларускае мовы - што яна, маўляў, вясковая /“дзеравенскі язык”/.
    Добра памятаю, як у пасьляваенныя гады ў маіх Беразяках /Краснапольскі раён/ мову, на якой размаўлялі мы самі, называлі вясковай, а тую, на якой гаварылі заежджыя гараджане, - гарадзкой, Пры гэтым беларускую літаратурную мову вясковай не называлі. Яе называлі проста беларускай. І ў вызначэньне “вясковая” ніякага крыўднага сэнсу не ўкладалі, гэта была канстатацыя факта: мова нашае вёскі.
    Пагарда ў слова “вясковая” стала ўключацца крыху пазьней, калі вёска масай рушыла ў горад. Засвоіўшы “гарадзкую”, на “вясковай” яна ўжо размаўляць не хацела. І пры гэтым зусім не разумела, што мова, на якой гаворыць, гэта не мова, а сурагат мовы.
    Пагарда ў адносінах да “вясковае” мовы характэрная ня толькі для Беларусі. Руская вёска таксама становіцца “дужа гарадзкой”, нівэліруючы сваю спаконвечную, самабытную, мэлядычную мову. Вось чаму такія пісьменьнікі, як В. Астаф’еў, В. Бялоў, В. Распуцін і іншыя, даўно ўжо б’юць трывогу пра засільле “літаратурнае” мовы і заняпад “вясковай”. Прыйшло разуменьне таго, што “вясковая” мова - багацейшая, больш гнуткая ды вобразная за гарадзкую.
    Тое, што беларуская мова - вясковая, надае ёй асаблівую каштоўнасьць. Прыяжджаючы ў свае Беразякі, я люблю паразмаўляць з бабулькамі, якім ужо за семдзесят. /Дзядоў гэткага веку, на жаль, ужо амаль няма/. Якая ў іх гаворка!
    “Вох жа яно, вечнае некальле”, - кажа адна. “Вечнае некальле” - гэта значыць вечна некалі.
    “Пайду да калдобіны, а шчупак як шчубоўкне!” - распавядае другая. “Шчубоўкне” - плясьне.
    “Назьбірала суніц вядзерца з коптарам”, - чую ад трэцяй. “З коптарам” - па-руску “с верхом”. Але хіба “с верхом” перадае вобразны сэнс гэтага “з коптарам”? “Коптар” жа - не проста “верх”. “З коптарам” - у літаратурнай мове “з коптурам” - гэта значыць, з вострым верхам. Гэта значыць, столькі, што больш ужо ў вядры не ўтрымаецца, пасыплецца. Згадваю, як у дзяцінстве усе мы імкнуліся назьбіраць ягад “з коптарам”: без “коптара” - гэта ўжо і не зусім вядро, зьбіраў, мусіць, лайдак.
    Беларуская мова стагодзьдзямі разьвівалася ў вёсцы, без націску з боку літаратурнае мовы і назапасіла велічэзныя багацьці. Пра гэта сьведчаць шматлікія зборнікі казак, песень, прыказак, загадак, замоваў, фразэалягізмаў, народных параўнаньняў. І думаецца, у гэтым сэнсе беларусы не саступаюць рускім.
    Што датычыць пісьмовай літаратуры, дык тут дасягненьні беларусаў меншыя: менш пісьменьнікаў, менш кніг. Але гэта віна не беларускае мовы, а гістарычных абставінаў. Беларуская літаратура набыла права на больш-менш вольнае разьвіцьцё толькі ў пачатку нашага стагодзьдзя. Вялізныя страты былі нанесеныя ёй у часы сталінскіх рэпрэсій, калі было “высечана” да 9/10 пісьменьнікаў, крытыкаў, дзеячоў філялягічнае навукі. Беларуская літаратура і сёньня разьвіваецца ў неспрыяльных умовах, пра гэта пара сказаць на поўны голас.
    І тым ня менш, беларуская літаратура - вельмі высокага ўзроўню. Яна займае ганаровае месца сярод усіх літаратур нашай краіны і, думаю, нічым не саступае нават украінскай, хоць ва Ўкраіне пісьменьнікаў у некалькі разоў больш. Імёны празаікаў І. Мележа, В. Быкава, Ул. Караткевіча, І. Шамякіна, Я. Брыля, М. Стральцова, В. Адамчыка, І. Чыгрынава, І. Пташнікава, В. Карамазава вядомыя ўсёй краіне. Па ўсім Саюзе ставяцца п’есы беларускіх драматургаў. Напрыклад, у Якуцку яны не сыходзяць са сцэны Рускага тэатра: “Трыбунал” А. Макаёнка, “Парог” і “Звалка” А. Дударава, “Апошні журавель” А. Жука, “Іван і Мадона” А. Кудраўцава, “Мудрамер” М. Матукоўскага... Паэтам прабіцца да іншамоўнага чытача цяжэй праз цяжкасьці з перакладам. Тым ня менш, аматары паэзіі ведаюць М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанку, П. Броўку, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага ды іншых.
    Сусьветная супольнасьць таксама цікавіцца літаратурай, якая створана на “вясковай” мове. Выдадзеным за мяжой кнігам беларускіх пісьменьнікаў няма ліку.
    Пагаворым цяпер, ці горшая беларуская мова за рускую. Ужо сама пастаноўка гэтага пытаньня проста сьмешная. Чым,  напрыклад, слова “чарга” горшае за слова “очередь”? “Чарга” добрая, калі яна невялікая, але ж ад таго, што яе называеш “очередью”, яна меншая не стане. Тое самае і з чаравікамі. Калі яны з мінскай фабрыкі “Прамень”, дык лепш не стануць, калі іх перайменаваць у “ботинки”.
    Праўда, у асобных выпадках “падабаецца - не падабаецца” можна растлумачыць. Вось, напрыклад, “язык”. Мне “мова” больш падабаецца. Бо язык - гэта тое, што ў роце, як кажуць, без костак. Частка цела, прычым не самая прывабная /мала каму падабаецца, калі яму паказваюць язык/. І вось назва гэткага органа перанесеная на чалавечую мову. У гэтым ёсьць нейкае агрубленьне. Іншая рэч: - “мова”. “Мова” - ад слова “мовіць”, “молвить, разговаривать”. Ніякіх лішніх асацыяцый, Цікава: “мова” - у беларусаў і ўкраінцаў, а ў палякаў - зноў “ензык”, што значыць “язык”.
    Але, вядома, такія “афарбаваныя” словы, як “язык”, рэдкія. Параўноўваючы слова з словам, мы няшмат дасягнем. Давайце лепей возьмем рускі тэкст і перакладзем яго на беларускую мову, а потым возьмем беларускі /натуральна, не той, які ў нас атрымаўся/ і перакладзем на рускую. Што лягчэй?
    Як чалавек, што шмат перакладаў з беларускай на рускую і наадварот, сьведчу: у перакладзе прозы розьніцы амаль што няма. А вось у перакладзе вершаў - ёсьць. На беларускую мову перакладаць лягчэй, чым на рускую,
    Чаму? Ды таму, што беларуская мова ў гукавым сэнсе гнутчэйшая. У пазыцыі пасьля галоснага гука складовае “у” пераходзіць у нескладовае “ў”, складовае “і” - у нескладовае “й”. Мала што многія словы пачынаюцца з “у” ды “і”, дык яшчэ ў беларускай мове ёсьць і прыназоўнік “у” і саюз “і”. Перастаўляючы словы ў радку, амаль заўсёды можна дамагчыся, каб /калі трэба/ “у” ды “і” усталі пасьля галоснага ці зычнага гуку і такім чынам слова, а то і два стануць на склад карацейшыя ці даўжэйшыя. Пры такой асаблівасьці мовы разьмясьціць словы ў радку значна прасьцей, чым без яе. Беларускія паэты шырока карыстаюцца ёю. Ім дазволена скарачаць “у” ў вершах нават і пасьля зычнага гуку. Акрамя гэтага, нагадаю, што шэраг беларускіх словаў накшталт “імгла”, "іржавы” ў пазыцыі пасьля галоснага гуку страчваюць сваё “і” ды робяцца на склад карацейшыя. У рускай мове такой зьявы няма.
    Багатая лексыка беларускай мовы раўнацэнная з рускай. Пра гэта сьведчаць параўнальныя дадзеныя слоўнікаў. У абедзьвюх мовах прыблізна 100 000 агульнаўжывальных словаў. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” налічвае пяць важкіх тамоў, прычым пяты том выдадзены ў дзьвюх кнігах. Такія рэсурсы дазваляюць у беларускай мове выстройваць вялікія сынанімічныя чароды. Возьмем, напрыклад, чараду сынонімаў да слова “набыць”: набыць, нажыць, дастаць, узяць, прыдбаць, займець, раздабыць, здабыць, расстарацца, выстарацца, прыстарацца, разжыцца, агораць, справіць, пажывіцца, абабіць, узьбіцца, арганізаваць /разм./, дабыць, напасьці, згарусьціць. Яшчэ - да слова “мабыць”: мабыць, мусіць, можа быць, магчыма, мажліва, можа, напэўна, пэўна, няйначай, няйнакш, відаць, як відаць, відавочна, здаецца, бадай, мо, відочна, здэцца, знаць, мусібыць, не выключана /М. К. Клышка. Слоўнік сінонімаў і блізкаэначных слоў/. Такое багацьце дазваляе чалавеку, які піша ці гаворыць, выражаць самыя тонкія адценьні думкі, пазьбягаць слоўных паўтораў.
    Нехта можа сказаць, што ў Слоўніку Даля, маўляў, больш за дзьве тысячы слоў. Але гэта разам з лексыкай, якая выйшла з ужытку /гістарычнай, царкоўнай/, альбо ніколі у агульнарускую мову і не ўваходзіла /вузкадыялектнай/. У беларускай мове таксама было шмат словаў, якія сёньня выйшлі з ужытку па розных прычынах. Мноства і дыялектных словаў, якія таксама маглі б увайсьці ў агульнабеларускі слоўнік, ды не знайшлося свайго Даля. А тых, хто пачаў гэтую працу /С. Некрашэвіч, М. Байкоў ды іншыя/ рэпрэсіравалі, зьнішчалі. Шмат якія дыялектныя словы цалкам маглі б увайсьці ў літаратурную мову. Прапаную такое слова. У літаратурнай мове слова “жаба” называецца і тая істота, якая па-руску называецца “жаба”, і тая, якая па-руску –“лягушка”. У нас на ўсходняй Магілёўшчыне на “лягушку” кажуць курапа. Гэтае слова зафіксаванае ў “Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны” І. К. Бялькевіча.
    Словаўтварэньне ў беларускай мове менш плённае, чым у рускай. Хоць прыстаўкі і суфіксы часта розныя /напрыклад, “дочурка”/, “доченька” па-руску, а па-беларуску “дачушка”, “дочачка”/, але набор іх прыблізна аднолькавы. Пры гэтым у беларускай мове ёсьць арыгінальная асаблівасьць, якой у рускай мове няма - падвойная прыстаўка “папа-“, што ўказвае на шматразовасьць дзеяньня: папаесьці - шмат разоў ці ўволю пад’есьці; папапіць - шмат разоў ці ўволю папіць і г.д. Наколькі такая форма словаўтварэньня прадуктыўная, відаць з “Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” /1987/, дзе такія дзеясловы займаюць 11 калёнак /у кожнай калёнцы - да 40 слоў/.
    Вымаўленьне беларускай мовы некаторыя лічаць грубаватым з-за таго, што няма мяккага “р”. Часам беларусаў так і цьвеляць: “трапка”, - забываючы, што у беларускай мове слова “тряпка” няма, а слова чужой мовы не заўсёды вымаўляеш, як яе носьбіт /няхай паспрабуе рускі вымавіць беларускі “воўк”, “ураджай”, “воўна”, паглядзім, што з гэтага атрымаецца/. Гэта праўда, што ў беларускай мове гук “р” - зацьвярдзелы. Але ж і ў рускай ён далёка не заўсёды мяккі. Напрыклад: “разум”, “роза”, “рубаха”, “рыба”. Затое ў рускай заўсёды цьвёрдае “ц”, у той час як у беларускай разам з цьвёрдым /“цыбуля”/ шырока ўжываецца і мяккае “ц” /“цяля”, “расьці”, “багацьце”/. Між іншым, у рускай мове пасьля “ц” часта пішацца “и”, але чытаецца “цы”: “революция”, “конституция”, “панцирь”. Тое самае “и” стварае ілюзію мяккасьці заўсёды цьвёрдых “ж” і “ш”: пішацца “жила”, “шила”, а чытаецца “жыла”, “шыла”. Праўда, у рускай мове заўсёды мяккае “ч”, а ў беларускай яно заўсёды цьвёрдае. Затое ў нас маецца заўсёды мяккі і вельмі пашыраны гук “дз”, так што і тут мы квіты /заўсёды цьвёрды “дж” у беларускай мове сустракаецца рэдка/.
    Але што надае беларускаму вымаўленьню асаблівую прыгажосьць, дык гэта здольнасьць галосных я, е, ю, ё, і зьмякчыць ня толькі зычны гук, які стаіць перад імі, але і зычны, які стаіць перад гэтым зычным. Гэтая асаблівасьць у свой час фіксавалася на пісьме літарай “ь”, якой наваполацкі бард Сокалаў-Воюв прысьвяціў цэлую паэму, надрукаваную ў часопісе “Крыніца”. У 1933 г. гэты знак быў па-валюнтарыску вычышчаны з беларускага правапісу, і цяпер толькі дасьведчаныя людзі слушна вымаўляюць многія беларускія словы. Паглядзіце: пішацца “дзвесце”, а чытаецца “дзьвесьце”, пішацца “насенне”, а чытаецца “насеньне”, пішацца “звесці”, а чытаецца “зьвесьці”. Такіх словаў тысячы. Гэта яны надаюць беларускай мове тое самае гучаньне, за якое паэты называюць яе мілагучнай, пяшчотнай, ласкавай.
    Як я ўжо казаў, у рускай мове цьвёрдасьць вымаўленьня нярэдка хаваецца, маскіруецца напісаньнем. Напрыклад, “ш” заўсёды вымаўляецца цьвёрда, аднак на канцы дзеясловаў другой асобы ставіцца “ь”: “идешь” - замест “идеш”, “пишешь” - замест “пишеш”. Скажам, “смеёшься” вымаўляецца як “смеёшся”, а па-беларуску — сьмяесься... Што мякчэй?
    Націск у беларускай мове таго ж кшталту, што і ў рускай, г. зн. вольны, нефіксаваны /фіксаваным ён лічыцца, калі падае заўсёды на пэўны склад: напрыклад, у польскай мове - на перадапошні/. Аднак невялікая розьніца ў беларускім і рускім націску ёсьць. Беларускі больш рэгулярны.
    Для рускага слова пры складаньні характэрны пераход націску з месца на месца: “рукá” – “рукý” – “нá руку". У беларускай мове месца націску у такіх выпадках не зьмяняецца, што, вядома, зручней пры вывучэньні мовы: “рукá” – “рукý” –“на рукý”.
    Рускае “порхаюшее ударение” прычыняе нямала клопату не толькі замежнікам, якія вывучаюць гэтую мову, але і самім рускім. Спрэс чуваць то “кýхонный” /слушна/, то “кухóнный” /няслушна/, то “пéтля” /слушна/, то “петля́” /няслушна/, то “кишки́” /слушна/, то “ки́шки” /няслушна/. Для студэнтаў-русістаў своеасаблівым асялком на іспытах служыць скланеньне слова “сковорода”. Праскланяеш слушна - значыць, падкаваны. На самой справе, ня ведаючы, як здагадаесься, што ў назоўным склоне множнага ліку гэта гучыць як “скóвороды”, а ў родным – “сковорóд”, давальным – “сковородáм”. У беларускай мове я такіх “дзіваў” нешта не згадаю.
    Пра граматыку. Неяк у коле маладых рускіх паэтаў, якія жывуць у Якуцку /па нацыянальнасьці ўсе рускія/, я прапанаваў дзеля жарту адгадаць, як будзе ў множным ліку слова “помело”. “Помёла”? “Помела”? “Помелы”? - пачулася з усіх бакоў. Потым разам пачалі сьмяяцца: усё ня тое! “Можа быць, множнага ліку зусім няма? - выказаў меркаваньне адзін. “Але ж іх бывае шмат, гэтых памёл... помелов? - запярэчыў другі. Давялося “з вучоным выглядам знаўцы” аб’явіць, што “помело” ў множным ліку – “помелья”. Я, напэўна, і сам бы гэтага ня ведаў, каб напярэдадні, шукаючы зусім іншае слова, не наткнуўся на “помело” ў артаграфічным слоўніку.
    А вось першую асобу будучага часу ад дзеяслова “победить”, “убедить” і у слоўніку шукаць не варта. Яе няма. “Чуду-юду я и так победю”, - сьпявае з магнітафону Высоцкі. Слухачы сьмяюцца. Сёй-той філязофствуе: “У гэтай адсутнасьці катэгарычнага абяцаньня перамагчы праяўляецца сьціпласьць рускага народа”. Але хіба “я одержу победу”, якім замяняецца “я победю”, больш сьціплае? Ды не, тут справа не ў сьціпласьці і нясьціпласьці, а ў граматычным “праколе” мовы. Чаму ад “разбудить” можна ўтварыць “разбужу”, а ад “победить” “побежу” - нельга? Гэта моўная загадка. У беларускай граматыцы такіх загадак, як быццам, няма.
    У беларускай граматыцы горш, чым у рускай, распрацаваная сыстэма дзеепрыметнікаў. Недахопам зьяўляецца тое, што частка іх па форме супадае з дзеепрыслоўямі: “кіруючы” - і “руководящий”, і “руководя”, “забраўшы” - і “забравший”, і “забрав”. Зваротных дзеепрыслоўяў накшталт “умывающийся” няма зусім, і іх даводзіцца замяняць даданым сказам: “які /што/ мыецца”. Затое ў беларускай мове больш разьвітая, чым у рускай, сыстэма дзеепрыслоўяў. У рускай мове ад цэлага шэрагу дзеясловаў утварыць дзеепрыслоўе наогул немагчыма, прычым і ад самых простых - такіх як “шить” /“шья”?/. Утвораныя ад іншых выглядаюць старамоднымі ці груба прастамоўнымі /“пить” – “пия”, “бить” – “бия”, “есть” – “едучи” і г. д./. У беларускай мове дзеепрыслоўі утвараюцца лёгка і проста ад любога дзеяслова і зьяўляюцца пры гэтым цалкам літаратурнымі: п’ючы, б’ючы, ядучы, шыючы і г. д. Адпаведныя шырэйшыя магчымасьці і ва ўтварэньні дзеепрыслоўных зваротаў.
    Такім чынам, у рускай мове больш магчымасьцяў для ўтварэньня дзеепрыметнікавых зваротаў, а ў беларускай - дзеепрыслоўных. Але калі дзеепрыметнікавыя звароты зьяўляюцца прыкметай кніжнае мовы, дык дзеепрыслоўныя - арганічнай часткай маўленьня /як беларускага, гэтак і рускага/, якому дзеепрыметнікі і дзеепрыметнікавыя звароты зусім не уласьцівыя. Дзеепрыметнікі - вынаходзтва дзелавога, канцылярыйскага стылю дзяржаўных установаў царскай Расеі. Іх шырокае ўжываньне высушвае, абказёньнівае мову. Да таго ж большасьць дзеепрыметнікаў рускай мовы вельмі немілагучныя: “останавливавшийся”, “разговаривавший”, “расщедривающийся”, “расчищающийся” і г.д. Недарма так горача пратэставаў супраць усіх гэтых “шей” і “вшен” у мастацкай літаратуры Максім Горкі.
    Беларускія дзеепрыметнікі гучаць больш мілагучна, бо “шей” у іх зусім няма /“руководящий” - кіруючы/, а “ушы” з вашамі асацыяцыяй не выклікае, бо “вши” па-беларуску “вошы”. Тым не менш, беларускія пісьменьнікі, якія тонка адчуваюць родную мову, не ўжываюць дзеепрыметнікі, за выключэньнем залежных мінулага часу, якія мала чым адрозьніваюцца па форме і гучаньню ад прыметнікаў /паранены, кінуты, зьедзены/. Таму і проза такіх аўтараў чытаецца лягчэй, чым творы сучасных рускіх празаікаў, перасыпаныя дзеепрыметнымі зваротамі.
    Яшчэ адна асаблівасьць беларускай мовы: у ёй захаваўся, хоць і ў рудымэнтарнай форме, клічны склон /браце! сынку!/, якога ў рускай даўно няма. Гэта дапамагае зрабіць звароты у паэзіі і вуснай мове больш разнастайнымі.
    Але, мусіць, до. Цяпер спадзяюся, зразумела, што беларуская мова амаль ні ў чым не саступае рускай, а ў сім-тым мае свае перавагі. І калі на ёй, нарэшце, загаворыць народ /моватворца, казаў Маякоўскі/, мы можам чакаць ад беларускае літаратуры яшчэ большых дасягненьняў ужо ў блізкім часе.
    Ну а што ж атрымаецца, калі беларусы страцяць сваю тысячагадовую мову?
    Перайшоўшы на рускую мову, беларусы, натуральна, стануць рускімі. Але гэта будуць асаблівыя рускія, без рускіх каранёў. Зьвяртаючыся да падручнікаў рускай гісторыі, яны адшукаюць у сваім краі толькі тое, што праз яго ў нейкім годзе праяжджаў Пушкін, у нейкім праходзіў Сувораў, у нейкім пад Лясной адбылася бітва паміж рускімі і швэдамі, а ў нейкім Напалеон быў разьбіты на Бярэзіне. Што ж рабілі на працягу тысячы гадоў уласна іхнія продкі, гэтыя “рускія” ведаць ня будуць: гэта ж будзе ўжо іншая гісторыя іншага народа, вымерлых беларусаў.
    Большая частка гістарычных фігур - такіх, як вялікія князі, Радзівілы, Сапегі, Францішак Скарына, Мікалай Гусоўскі, Сымон Будны, Казімер Лышчынскі, Кастусь Каліноўскі, Язахват Агрызка, Ігнат Грынявіцкі, Ян Чэрскі, Эдвард Пякарскі ды іншыя, будзе падзеленая паміж палякамі і літоўцамі, а нашым “рускім” застануцца толькі тыя, хто найбольш цесна быў зьвязаны з Расіяй і будзе таксама лічыцца рускім: Сымон Полацкі, Мялеці Сматрыцкі, Язэп Гашкевіч, Панцеляймон Лепяшынскі, Бонч-Бруевічы ды іншыя. Фігуры драбнейшага калібру, а таксама дзеячы ўласна беларускае культуры нашага часу будуць забытыя. Беларуская літаратура ад “Тараса на Парнасе” і “Энэіды навыварат” будзе выкінутая за непатрэбнасьцю на звалку. Тысячы беларускіх песень, як народных, так і прафэсійных, прымавак, загадак памруць.
    Нехта, магчыма, скажа, што іх можна перакласьці... Наіўная думка! Мне ўжо даводзілася пісаць /“Мастерство перевода” -1972/, наколькі нізкі ўзровень перакладаў на рускую мову беларускай паэзіі. У перакладах гэтых высокае слова паэта ператвараецца ў бляклае ці ў вясковыя прыпеўкі. І вінаватая ў тым ня толькі малая адоранасьць перакладчыкаў, дрэннае веданьне імі беларускай мовы. /Вось чаму ў “Роднике” не друкуюцца пераклады з маладых беларускіх паэтаў/. Ёсьць і аб’ектыўная прычына: як ні дзіўна - роднасьць моў. Вялізная колькасьць словаў, што літаратурныя ў беларускай мове, у рускай лічацца дыялектнымі. Захаваныя ў перакладзе, гэтыя словы зьніжаюць узровень успрыняцьця на некалькі парадкаў. Рускія “знаўцы” ніяк ня могуць знайсьці эквіваленты.
    Што ў беларускай мове наогул неперакладальнае, як напрыклад, перавесьці прымаўку “Абяцанка - цацанка, а дурню шчасьце”? Перакласьці зноў жа прымаўкай, і такой, каб і сэнс захаваўся, і рыфма. А паспрабуйце літаральна перакласьці ласкавыя словы хлопца да дзяўчыны: “Журавінка ты мая”. Як перакласьці хоць бы першыя два радкі “Новай зямлі” Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы, Забыць цябе не маю сілы”? Нікому гэта не ўдавалася. Ніколі варта не будзе перакладзены славуты верш М. Багдановіча “Раманс” /“Зорка Вэнэра...”/ з ягонай арыгінальнай страфой.
    Пры перакладзе прозы таксама бываюць вялікія цяжкасьці. Помню, чытаючы “Альпійскую баляду” В. Быкава ў арыгінале, я, тады зусім яшчэ малады чалавек, адразу падумаў: як гэта будзе перакладацца? Справа ў тым, што герой гэтай цудоўнай аповесьці ў далёкім краі размаўляе па-беларуску. Гэта падкрэсьлена. Іван Цярэшка кажа: “Прыгожа”. Італьянка Джулія здагадваецца: “Красиво, да?” І Іван паўтарае за ёй: “Ага, красіва”. У арыгінале аповесьці выразна гучыць разнамоўе: беларуская, руская, італьянская, нямецкая мовы. У перакладзе засталося толькі тры: Беларуская зьнікла. Ня доўга думаючы, перакладчык “пераматаў” усё, што гаворыць па-беларуску Іван Цярэшка, на рускую мову.
    Ці ўзяць такую вядомую кнігу, як “Я з вогненнай вёскі...”. У арыгінале ў ёй гучыць нічым не прыхарошаная мова простых сялян, часьцей жанчын, якія ацалелі пры спаленьні соцень беларускіх Хатыняў. Мова іхняя ня чыста беларуская, яна перасыпаная рускімі словамі. Як гэта перадаць па-руску, каб было відаць, што гэта гавораць менавіта беларускія сяляне, якія прыпраўляюць сваю мову рускімі словамі? Невырашальная задача!
    Выкінутую на звалку родную літаратуру руская не заменіць. Яна - зусім пра іншых людзей і мясьціны. Кожны пісьменьнік піша пра тое, што яму бліжэй. У творах рускай літаратуры персанаж-беларус - госьць радні. Наш “рускі” - ураджэнец і жыхар Беларусі - будзе адчуваць увесь час заганнасьць ад таго, што пра ягоны край, пра яго самога няма ніякіх кніг. Няма ўласнай паэзіі, няма песень.
    Новыя кнігі, новыя песьні будуць пісацца ў Беларусі на той самай “гарадзкой” мове, на якой зараз гавораць. У пісьменьніка ня будзе магчымасьці ўзбагаціць сваю мову за кошт народнай, бо на той жа “гарадзкой” мове будзе размаўляць і былая беларуская вёска. Гэта будзе руская мова самае горшае якасьці - паўпісьменная, прыпраўленая рэліктавымі беларускімі словамі і фразэалягізмамі.
    І ў якім бы матэрыяльным дабрабыце ні жылі гэтыя новыя “рускія”, яны, пазбаўленыя гісторыі і культуры, будуць жабракамі.
    Праз што праславімся, беларусы? Праз славу магільшчыкаў роднай мовы, праз славу бацькоў, якія пусьцілі нашчадкаў па сьвеце, ці праз славу людзей, што захавалі родную мову, данесьлі яе праз усе думныя і неверагодныя выпрабаваньні да наступных пакаленьняў?
    Якуцк.
    /Голас часу. № 5. С. 5-8; № 6. С. 19-23. Лондан. 1990./

                                                                        ДАВЕДКА

 
    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz