wtorek, 1 grudnia 2015

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Прэстыж роднай мовы. Койданава. "Кальвіна". 2015.


 
    “Дзяржаўнасьць мовы: прававы аспэкт” – так называўся артыкул А. Цікавенкі, зьмешчаны ў “Звяздзе” 23 жніўня. У ім аўтар, у прыватнасьці, выказаў сумненьне наконт таго, ці варта ў БССР статус дзяржаунай надаваць толькі беларускай мове.
    Сёньня ў дыскусію з навукоўцам уступае літаратар з Якуцка Іван Антонавіч Ласкоў.
                                                          ПРЭСТЫЖ  РОДНАЙ  МОВЫ
    Жывучы далёка ад Беларусі, з вялікай зацікаўленасьцю сачу за спрэчкамі вакол пытаньня аб статусе беларускай мовы.
    Як магу меркаваць, усё больш людзей пераконваюцца, што беларускай мове мусіць быць нададзены статус дзяржаўнай, прычым яна не павінна падзяляць яго з нейкай іншай або іншымі. Я з такою думкай цалкам згодны.
    Але ёсьць нямала вучоных, што імкнуцца адстаяць і тэарэтычна абгрунтаваць іншую пазыцыю. Менавіта такім імкненьнем прасякнуты артыкул А. Цікавенкі “Дзяржаўнасьць мовы: прававы аспэкт”.
    Не пярэчачы супраць наданьня беларускай мове статуса дзяржаўнай, аўтар уносіць прапанову, прыняцьце якой гэты статус несумненна перакрэсьліць. Ён піша: “У цяперашняй моўнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, калі рускай мовай свабодна валодаюць каля 82 працэнтаў яе жыхароў і для 28,3 працэнта яна зьяўляецца роднай, увядзеньне толькі адной дзяржаўнай мовы — беларускай — наўрад ці можна прызнаць справядлівым, дэмакратычным крокам”. І далей прапануе замацаваць за рускай мовай “статус другой дзяржаўнай мовы”, а апрача таго, “па прыкладу Швэйцарыі... прызнаць беларускую, рускую, польскую, украінскую і яўрэйскую мовы ў якасьці нацыянальных моў БССР”. У аддаленай пэрспэктыве БССР з улікам зьмененай моўнай сытуацыі, нацыянальнага саставу насельніцтва перавесьці ў ранг трэцяй дзяржаўнай іншыя нацыянальныя мовы, адначасова папоўніўшы колькасьць нацыянальных моў за кошт мовы якой-небудзь шматлікай нацыянальнасьці, ці, наадварот, скараціць колькасьць дзяржаўных і нацыянальных моў”.
    Такім чынам, можна, на мой погляд, зразумець, што А. Цікавенка прапануе ўжо цяпер беларускай мове скараціць свае правы на карысьць рускай, а “ў аддаленай пэрспэктыве” цясьніцца яшчэ і перад іншымі. Калі ж моўная сытуацыя зьменіцца яшчэ больш не на карысьць беларускай мовы, то колькасьць дзяржаўных моў можна і скараціць — гэта значыць, пакінуць у якасьці дзяржаўнай адну рускую мову.
    Проста зьдзіўляе спакой, з якім навуковец-юрыст разважае аб падобнай пэрспэктыве. Няўжо яму невядома, у якім цяжкім становішчы знаходзіцца сёньня беларуская мова, незразумела, што гэтай мове пагражае? Няўжо яму незразумела, што толькі наданьне сур’ёзных правоў можа выратаваць яе ад канчатковага заняпаду?
    Параўноўваць Беларусь са Швэйцарыяй недарэчна. Швэйцарскі саюз склаўся з земляў, ужо населеных носьбітамі розных моў. Беларусь — іншая справа. Ані рускія, ані палякі, ані яўрэі, ані ўкраінцы, у адрозьненьне ад беларусаў, не могуць сказаць, што яны склаліся як народы менавіта ў Беларусі. Усе яны ў тым ці іншым пакаленьні — прыбышы. Дык ці можна гаварыць пра іх мовы як пра нацыянальныя мовы БССР? З аднолькавым посьпехам у “нацыянальныя” мовы Беларусі можна было б залічыць дзесяткі іншых. Ёсьць жа ў нас і армяне, і грузіны, і казахі... і каго толькі няма!
    Але ўсе яны маюць свае гістарычныя радзімы, адкуль да нас прыйшлі і дзе і сёньня разьвіваюцца іх нацыянальныя мовы і культуры: рускія — Расію, палякі — Польшчу, украінцы— Украіну... Прычым у іншых саюзных рэспубліках для разьвіцьця беларускай мовы і культуры не створана ўмоў.
    Возьмем, напрыклад, РСФСР — асноўную крыніцу небеларускага насельніцтва БССР. Тут жыве не меней за мільён беларусаў, амаль столькі ж, колькі рускіх у БССР. Але аб тым, каб надаць беларускай мове правы дзяржаўнай нароўні з рускай, і тут і заікацца сьмешна. Бо ў той час як рускія на Беларусі маюць магчымасьць атрымаць на роднай мове як сярэднюю, так і вышэйшую адукацыю, шэраг газэт, часопісаў, каля дзесятка выдавецтваў, што выпускаюць кнігі ў большасьці на рускай мове, больш тэатраў, чым беларусы, — то беларусы ў Расіі з усяго гэтага не маюць нічога: нідзе ў РСФСР не выходзіць ніводнай беларускай газэты ніводнага ўзроўню, не працуе ніводнага беларускага тэатра, не перадае беларускае слова радыё, не гучыць гэта слова і па тэлебачаньню. Нарэшце, няма аніводнай школы, дзе беларускія дзеці маглі б атрымаць на роднай мове хоць бы пачатковую адукацыю. Мы павінны самі вучыць сваіх дзяцей мове, даваць уяўленьні аб літаратуры, культуры, гісторыі, геаграфіі Беларусі. Але ж не ў кожнага ёсьць для гэтага веды і талент. Такое становішча нават там. дзе сярод насельніцтва значная колькасьць беларусаў — як, напрыклад, у Ленінградзе, дзе іх каля 300 тысяч, або ў Карэліі, дзе беларусаў прыблізна столькі ж, як карэлаў (каля 100 тысяч). Дык нічога дзіўнага, што ўжо ў другім, сама большае ў трэцім пакаленьні беларусы — жыхары РСФСР — застаюцца беларусамі толькі на паперы.
    Ва Ўкраіне, згодна з перапісам 1959 г., беларусаў было 290 тысяч — больш, чым украінцаў у Беларусі. Але і тут нічога не робіцца для падтрыманьня самасьвядомасьці беларусаў.
    Беларусы ў РСФСР і ва Ўкраіне, як і ва ўсіх іншых рэспубліках Саюза, не ў стане рабіць што-небудзь для разьвіцьця роднай культуры. Штогод тысячы, а можа, і дзесяткі тысяч беларусаў з розных прычын пакідаюць Беларусь, і значная частка іх назад не вяртаецца. А гэта ж у значнай ступені адукаваныя людзі, выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў.
    Чым жа можна кампэнсаваць гэта? Ды толькі больш інтэнсіўным разьвіцьцём беларускай культуры ў Беларусі, далучэньнем да яе і небеларускага насельніцтва БССР.
    Не падумайце, калі ласка, што аўтар гэтых радкоў заклікае да абеларушваньня небеларускага насельніцтва рэспублікі. Хай кожны застаецца самім сабой. Хай будуць і рускія, і ўкраінскія, і польскія, і яўрэйскія, і літоўскія, і латышскія, і нават казахскія і грузінскія школы, газэты, тэатры, культурныя асяродкі самых розных народаў — як гэта мае месца ў цывілізаваных краінах.
    Што дасьць Беларусі наданьне мове статуса дзяржаўнай? Гэта перш-наперш узьніме яе прэстыж у вачах народа, аблегчыць змаганьне за беларускія школы, тэхнікумы, ВНУ, павысіць тыраж газэт, часопісаў, кніг, зробіць магчымым дубляж кінафільмаў на беларускую мову і г. д. Калі ж адначасова з беларускай на тэрыторыі БССР надаць статус дзяржаўнай і рускай мове, то нічога гэтага, на маю думку, не будзе.
    Пры больш шырокім распаўсюджаньні і функцыяніраваньні беларускай мовы — у прыватнасьці, як мовы вышэйшых навучальных устаноў — да яе пацягнуліся б і небеларусы.
    Наданьне беларускай мове і статуса дзяржаўнай не прынясе ніякіх нязручнасьцей небеларускаму насельніцтву. Па-першае, чалавеку, які валодае рускай мовай, вывучыць беларускую зусім не цяжка, а па-другое, ніхто ад іх і не будзе патрабаваць гэтага. Руская база культуры не зьменшыцца, у любую дзяржаўную ўстанову можна будзе зьвярнуцца і на рускай мове. Наданьне мове статуса дзяржаўнай закране, галоўным чынам, дзяржаўных службоўцаў, якія мусяць быць двухмоўнымі, гэта значыць, ведаць нароўні з рускай і беларускую. Ды не думаю, што гэта ім пашкодзіць, бо яны будуць больш адукаванымі, культурнымі і інтэлігентнымі на цэлую мову.
    Але і ў такіх зусім нежорсткіх моўных умовах, не толькі беларусы, але і іншыя насельнікі Беларусі пацягнуліся б да беларускай культуры, якая ад таго толькі выйграла б, зазьзяла новымі фарбамі. Як цікава было б, напрыклад, атрымаць беларускага паэта — літоўца або беларускага актора — грузіна.
    Так што давайце не ўскладняць простае пытаньне. Беларусі — беларуская дзяржаўная мова, як Расіі—руская, Украіне — украінская, Літве — літоўская. Гэта будзе і справядліва, і дэмакратычна.
    Іван Ласкоў, пісьменьнік,
    г. Якуцк.
    /Звязда. Мінск. 15 верасня 1988. С. 1./

                                                                        ДАВЕДКА
 
    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz