niedziela, 6 grudnia 2015

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. Як яна пачыналася. Роздум над раманам аб вайне. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2015.







    Іван  Ласкоў
                                                             ЯК ЯНА ПАЧЫНАЛАСЯ
                                                          Роздум над раманам аб вайне
    Я не гісторык. Ні ваенны гісторык, ні наогул. І на вайне не быў. Я нават зусім не памятаю яе: нарадзіўся за тры дні да 22 чэрвеня. Але, можа, менавіта таму, што нарадзіўся за тры дні да вайны, так і імкнецца думка ў той чэрвень — незагойную нашу агульную рану.
    Заплюшчваю вочы і чую, як над вяршынямі хвояў і бярэзін са злавесным выцьцём ляцяць самалёты — на Кіеў, Каўнас, Севастопаль. На Мінск. На Гомель, дзе я — тады трохдзённы — можа, спаў, а можа, плакаў у сваёй калысцы.
    Заплюшчваю вочы і бачу, быццам у кашмарным мультфільме, як карычневая муць залівае карту маёй краіны, страшнымі языкамі рвецца за Мінск, Гомель, Смаленск — да Масквы. Чаму так хутка? Чаму несупынена?
    Гэтае пытаньне пакутлівае не толькі для мяне. Тысячы і тысячы і сёньня шукаюць на яго адказу.
    Як проста было ў школьныя гады, калі нас вучылі: “Ваенныя няўдачы першага пэрыяду вайны тлумачацца тым, што гітлераўская Германія нечакана і вераломна парушыла пакт аб ненападзе, заключаны ў 1939 годзе паміж ёй і СССР”.
    Потым, калі школа засталася ззаду, раптам усплыло імя Рыхарда Зорге. Яно прыйшло да нас з-за мяжы, разам з фільмам “Хто вы, доктар Зорге?”. Прыйшло, пасеяўшы зьбянтэжанасьць у такіх спакойных дагэтуль галовах. Значыць, вайна не была нечаканай? Ведаў бацька народаў, што яна пачнецца, і нават ведаў, калі, у які дзень. Тады чаму ворагу не быў дадзены адпор з першай хвіліны? Чаму перамога, якую было паабяцана здабыць малою крывёю, аказалася піравай — цаною больш чым дваццаці мільёнаў?
    Друк у тыя дні даваў такі адказ: “I. В. Сталін унёс сур’ёзны ўклад у справу абароны краіны і барацьбы з фашызмам. Аднак напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ён няправільна ацэньваў міжнароднае становішча. Перабольшваючы значэньне савецка-германскага дагавора аб ненападзе, І. В. Сталін не верыў зьвесткам аб прамой падрыхтоўцы ўварваньня нямецка-фашысцкіх войск на тэрыторыю СССР. Ён адпрэчваў усе прапановы аб неабходнасьці прывядзеньня савецкіх войск прыгранічных акруг у баявую гатоўнасьць. Гэта стала адной з прычын таго, што для савецкіх войск у заходніх раёнах напад гітлераўскіх армій аказаўся нечаканым» (БСЭ. 2-е выд. Т. 40. С. 423. Том падпісаны да друку 20 лістапада 1957 г.).
    Значыць, справа зноў амаль праясьнілася. Аказваецца, правадыр празьмерна давяраўся заключанаму ім пакту. Заставалася вырашыць чаму: па дурноце ці па прычыне асаблівай сымпатыі да Гітлера. Мы, тымчасовая моладзь, дружна вырашылі: па дурноце. Мы маглі дапусьціць, што наш нядаўна разьвянчаны бог быў дурнем. Што ён меў сымпатыі да Гітлера — ніколі і нізавошта!
    Ды вось пайшоў са свайго паста, з ярлыком валюнтарыста, аўтар гэтай вэрсіі, і неўзабаве ўзьнікла новая. І па ёй былы “бацька народаў” зноў аказаўся ім жа, «бацькам». Ён, вядома, ведаў, што вайны не пазьбегнуць. Але страшны, вельмі небясьпечны быў вораг, а наша краіна да барацьбы з ім такая не гатовая! Трэба было скончыць падрыхтоўку, перш чым ваяваць. Спачатку вайну ўдалося адцягнуць: дзякуючы пакту — на паўтара года. Але вось вораг зноў павярнуўся тварам да нашай граніцы. Заставалася адно: не даваць падстаў для вайны, нягледзячы на правакацыі і на тое, што па той бок мяжы канцэнтруюцца войскі. Карацей кажучы, вытрываць усе прыніжэньні, толькі б вораг не напаў зараз. Хай праз год нападзе. Вось тады мы яму!.. А цяпер нельга. Шмат крыві пральецца.
    Але подлы вораг парушыў дагавор, раней выступіў, чым спадзяваўся мудры бацька народаў. Толькі ў гэтым ягоная віна: пралічыўся ў вызначэньні даты. Але з самых лепшых памкненьняў!..
    Аўтар гэтай вэрсіі — гісторык па адукацыі і пісьменьнік, ваяваў. Баявы афіцэр. Чаму ж яму не верыць? І шмат хто паверыў. Тым больш што раман выдаецца і раз, і другі, і трэці, адзначаецца Дзяржаўнай прэміяй. Як не паверыць, калі, мяркуючы па хвалебных рэцэнзіях, аўтар з усімі маршаламі знаёмы, а то і з Молатавым самім? Чэрпае праўду-матку з першых рук!
    А вось мне не паверылася. Не паверылася ў мудрасьць — пасьля праўды пра генэтыку-кібэрнэтыку, у бацькоўскія пачуцьці — пасьля праўды пра 33-ці і іншыя гады. Хутчэй у дурноту паверу, чым у гэта...
    Ды адно — не верыць у чыюсьці правату, а другое — быць у неправаце яго перакананым. Якое, уласна, права ў мяне? Хіба я ваяваў, з маршаламі знаёмы? Не, з ніводным генэралам нават...
    Але ёсьць, на шчасьце, сьведкі, аднолькава даступныя мне і яму. Якім не пагражае склероз. Якія не гавораць учора адно, сёньня іншае. Сьведкі гэтыя — газэты свайго часу. У іх, вядома, не поўная праўда, і нават не палова праўды, але хоць чвэрць праўды ў іх ёсьць? Да гэтых сьведкаў я і наважыўся зьвярнуцца.
    Перш за ўсё — пра вэрсію 1957 года. Яна памылковая. Не мог Сталін перабольшваць “значэньне савецка-германскага дагавора”. Ніяк не мог. Цану такіх дагавораў ён ведаў. Перад тым як напасьці на Польшчу, Гітлер парушыў такі самы дагавор. У СССР падобныя дагаворы былі з Польшчай і Фінляндыяй. Ні той, ні другі Сталіна не спыніў.
    Характэрна, якая была знойдзена прычына, каб парваць дагавор з Фінляндыяй. На савецкім баку паблізу фінскай граніцы ўпала сем снарадаў. Ні больш ні менш. У сувязі з гэтым Молатаў накіраваў ноту. У ёй патрабавалася адвесьці на дваццаць пяць кілямэтраў ад граніцы фінскія войскі. У адказ фіны паведамілі, што правялі расьсьледаваньне і высьветлілі: снарады прыляцелі ва ўказанае месца не з фінскага, а з савецкага боку. Выказалі асьцярожнае меркаваньне: ці не ў выніку нейкіх няўдачных вучэньняў прыляцелі гэтыя снарады? Падкрэсьлілі, што ля граніцы не трымаюць аніякіх такіх гармат, каб іх снарады маглі легчы на другі бок мяжы. Прапанавалі стварыць сумесную камісію. “Ах, нахабнікі! Зьдзекуюцца з ахвяр абстрэлу!» — абурыўся савецкі бок. І — дэнансаваў дагавор.
    Пасьля былі пасланы войскі. “Вызвалілі” гарадок Тэрыёкі. Адразу невядома, адкуль зьявіўся новы фінскі ўрад з О. Куусіненам на чале (будучы сакратар і член прэзыдыюма ЦК КПСС). Заключылі з ім новы “савецка-фінскі дагавор”, у адпаведнасьці з якім правялі на карце новую граніцу з Фінляндыяй. А калі Ліга нацый спытала, чаму гэта СССР, член гэтай Лігі, ваюе супраць другога яе члена, адказалі: мы ў стане вайны з Фінляндыяй не знаходзімся. Адно аказваем дапамогу законнаму ўраду, па яго просьбе...
    Так гэта было, і калі хто не верыць, хай зьвернецца да “Правды” ці “Известий” канца лістапада — пачатку сьнежня 1939 года.
    Не, “перабольшваньне значэньня” не праходзіць. Чалавек, які сам такім чынам абыходзіўся з пактамі аб ненападзе, верыць у іх магічную сілу не мог...
    Ну, а вэрсія раманіста? Пра яе гаворка наперадзе.
*
    Ёсьць у рамане такі эпізод. 21 чэрвеня, вечар. Цімашэнка, Жукаў і Ватуцін прыходзяць да Сталіна і паведамляюць, што з нямецкага боку прыйшоў перабежчык, які сьцьвярджае, што заўтра пачнецца вайна. У тым, што вайна будзе, вайскоўцы перакананыя. Яны падрыхтавалі ўжо дырэктыву аб прывядзеньні войск у баявую гатоўнасьць. Жукаў чытае дырэктыву ў прысутнасьці членаў палітбюро. Усе згодны, што дырэктыва неабходная. Сталін — таксама. Але ён гаворыць: “Такую дырэктыву зараз даваць ранавата, можа, пытаньне яшчэ ўдасца ўладзіць мірным шляхам. Трэба даць кароткую дырэктыву, у якой указаць, што напад можа пачацца з правакацыйных дзеяньняў нямецкіх часьцей. Войскі пагранічных акруг не павінны паддавацца ні на якія правакацыі, каб не выклікаць ускладненьняў”. Такая ўсечаная дырэктыва і пасылаецца ў рамане ў акругі.
    Не сумняваюся, што так было і ў сапраўднасьці. Гэта, у прыватнасьці, пацьвярджаюць успаміны маршала Жукава.
    Чым жа вытлумачвае такі страх Сталіна перад будучай вайной раманіст? “А да вайны ў нас яшчэ не ўсё гатова”, — гаворыць Сталін Молатаву. “А калі мы не гатовы да вайны, значыць, трэба як мага далей трымаць сябе так, каб у Гітлера былі зьвязаны рукі...
    Ну што вы, шаноўны раманіст! Гэта мы цяпер з вамі ведаем, што не былі гатовы да вайны. Таму ведаем, што немцы дайшлі да Масквы і Волгі. Але ж Сталін не мог ведаць напярэдадні вайны, што яны дойдуць да Масквы і Волгі! І, ацэньваючы шанцы свае і Гітлера, зыходзіў не з таго, што адбылося пасьля пачатку вайны, а з таго, што ведаў да вайны.
    Што ён ведаў пра ўласныя сілы? 9 лютага 1946 года ў перадвыбарчай прамове, прысьвечанай вынікам вайны, Сталін гаварыў:
    “Каб прыняць удар такога ворага, даць яму адпор, а пасьля нанесьці яму поўнае паражэньне, для гэтага неабходна было мець акрамя бяспрыкладнай храбрасьці нашых войск зусім сучаснае ўзбраеньне, і прытым у дастатковай колькасьці, і добра наладжанае забесьпячэньне — таксама ў дастатковых памерах. Але для гэтага неабходна было мець, і прытым у дастатковай колькасьці, такія элемэнтарныя рэчы, як: мэталь — для вытворчасьці ўзбраеньня, рыштунку, абсталяваньня прадпрыемстваў; паліва — для падтрыманьня работы прадпрыемстваў і транспарту; бавоўна — для вытворчасьці абмундзіраваньня; хлеб — для забесьпячэньня арміі.
     Ці можна сьцьвярджаць, што перад уступленьнем у другую сусьветную вайну наша краіна мела мінімальна абавязковыя матэрыяльныя магчымасьці, неабходныя для таго, каб задаволіць гэтыя патрэбы? Я думаю, што можна сьцьвярджаць» (курсіў мой. — І. Л.).
    Значыць, у раманіста Сталін гаворыць: краіна да вайны не гатова; рэальны Сталін сказаў: была гатова. Які ж Сталін больш шчыры? Думаецца, рэальны. Не толькі таму, што Сталін у раманіста — плён яго мастацкага ўяўленьня, а яшчэ і таму, што ў яго Сталін ніяк негатоўнасьць не аргумэнтуе, рэальны ж гатоўнасьць абгрунтоўваў:
    “Што тычыцца 1940 года, дык на працягу гэтага года ў нашай краіне атрымана: 15 мільёнаў тон чыгуну, г. зн. амаль у чатыры разы больш, чым у 1913 годзе; 18 мільёнаў 300 тысяч тон сталі, г. зн. у 4 з паловай разы больш, чым у 1913 годзе; 166 мільёнаў тон вугалю, г. зн. у 5 з паловай раз больш, чым у 1913 годзе; 31 мільён тон нафты, г. зн. у 3 з паловай разы больш, чым у 1913 годзе; 38 мільёнаў 300 тысяч тон таварнага збожжа, г. зн. на 17 мільёнаў тон больш, чым у 1913 годзе; 2 мільёны 700 тысяч тон бавоўны-сырцу, г. зн. у 3 з паловай разы больш, чым у 1913 годзе... Розьніца, як бачыце, каласальная”.
    Ну, а што ён ведаў аб эканоміцы Германіі? Наўрад ці Шцірліцы зьбіралі аб гэтым зьвесткі, у іх былі іншыя задачы. Такім чынам, можна меркаваць, што Сталін карыстаўся тымі ж самымі крыніцамі, якімі можам карыстацца і мы — публікацыямі таго часу.
    “Германія прайграе” — гаворыць загаловак адной з іх у нумары “Правды” за 26 ліпеня 1939 года. “Пад такім загалоўкам, — паведамляе рэдакцыя, — у ліпеньскім нумары амэрыканскага часопіса “Харперс” зьмешчаны артыкул Вільсана Вудсайда. У гэтым артыкуле аўтар падрабязна аналізуе магчымы зыход “маланкавай вайны” Германіі супраць Англіі і Францыі. Ніжэй даём скарочаны пераклад гэтага артыкула”.
    Галоўная думка гэтага артыкула: Германія ў 1939 годзе куды горш гатова да вайны, чым у 1914 годзе. Гітлераўцы, пагражаючы суседзям, разьлічваюць на “маланкавую вайну”. Але вера ў “маланкавую вайну” ілюзорная. Гэтая ілюзія ўжо адыграла згубную ролю для Германіі ў першай сусьветнай вайне, такую ж ролю сыграе і цяпер. Германія прайграе.
    “Параўнаем на момант сёньняшнюю Германію з Германіяй, што ўступіла ў вайну ў жніўні 1914 года. Тая Германія мела выдатную армію, якая стваралася дзесяткі гадоў. Кожны здаровы мужчына ў краіне быў трэніраваным салдатам. Кадры афіцэраў былі ўкамплектаваны зьверху да нізу. Гэта давала магчымасьць неадкладна выставіць сто першаклясных дывізій, а пасьля хутка давесьці колькасьць дывізій да 200... Побач з гэтымі велізарнымі сухапутнымі сіламі, імпэратарская Германія мела тады досыць буйны ваенна-марскі флёт... Гэтая ваенная машына абапіралася на пачатак вайны на квітнеючую эканоміку, на вялікія запасы сыравіны, на вытворчасьць сталі (разам з Аўстра-Венгрыяй), большую, чым у Англіі, Францыі і Расіі, узятых разам, і мела ўласную руду, на квітнеючы замежны гандаль, буйныя капіталаўкладаньні і масу палкіх прыхільнікаў у нейтральных краінах і, нарэшце, на 1 мільярд долараў золата ў ваеннай казьне...
    Гітлераўская Германія сваёй лютасьцю робіць яшчэ больш застрашлівае ўражаньне, чым вільгельмаўская, і ў такой ступені, што на першы погляд не відаць, наколькі яна ў сапраўднасьці слабейшая ў ваенных адносінах. У арміі назіраецца недахоп афіцэраў усіх рангаў, асабліва ж маёраў, падпалкоўнікаў і палкоўнікаў. Лейтэнанты і капітаны прызначаны з капралаў і сяржантаў пасьляваеннага прафэсійнага рэйсхсвера. Маса рэзэрвістаў мае толькі шасьцітыднёвую падрыхтоўку, 17 кантынгентаў ва ўзросьце ад 24 да 41 года большай часткаю — неабучаныя. Па падліках германскіх улад, у сувязі з больш высокімі патрабаваньнямі, якія сучасная вайна вымагае ад прамысловасьці, Германія можа мабілізаваць каля 6 мільёнаў чалавек, замест дзесяці ў мінулую вайну. Замест грознага флёту дрэдноўтаў імпэрскай Германіі, фашысцкая Германія мае толькі два лінкоры па дваццаць тысяч тон водазьмяшчэньня...
    Эканамічнае становішча і настрой насельніцтва ў Германіі цяпер больш нагадваюць 1917-ты, чым 1914 год. Людзі і машыны працуюць ваеннымі тэмпамі на працягу шэрагу гадоў, першыя — без адпачынку, другія — без замены. Дзяржаўныя чыгункі былі вымушаны скараціць аб’ёмы сваёй работы..., прынамсі, 10% рухомага саставу патрабуе замены.
    Становішча на германскім сыравінным рынку, асабліва цяпер, нагадвае 1917 год... Ці можа Германія, якая стаіць перад тварам велізарнай індустрыяльнай магутнасьці Францыі, Англіі, англійскіх дамініёнаў, Расіі, а магчыма, і ЗША, дазволіць сабе выдзеліць 500 тысяч людзей — 15 армейскіх карпусоў,— якія патрэбны будуць толькі для вытворчасьці заменьнікаў бэнзіну і нафты, неабходных для вядзеньня вялікай вайны?
    ...Германская ваенная прамысловасьць зараз фактычна базіруецца на швэдзкай рудзе, якой пакрываецца амаль палова спажываньня. У час сусьветнай вайны Швэцыя прадавала Германіі руду і іншыя прадметы забесьпячэньня, пакуль Германія мела золата... Абяцаньні — гэта ўсё, што можа Германія прапанаваць цяпер. Яе фінансавае становішча гэтак жа, як і ўнутранае, нагадвае 1917 год...
    Калі пачнецца вайна, фашыстаў будзе больш за ўсё непакоіць не тэхніка і не забесьпячэньне, а настрой насельніцтва. Нездарма карыстаецца фашысцкі рэжым шырокавядомай сыстэмай тайнай паліцыі, канцэнтрацыйных лягераў. Германскі народ ужо не той, што ў 1914 годзе. Мільёны людзей у Германіі ненавідзяць фашысцкі рэжым. Цяперашняе насельніцтва Германіі нельга павесьці на вайну, асабліва на вайну, якая вядзецца не дзеля абсалютнай самаабароны. Ці можа Гітлер быць настолькі недасьведчаны аб гэтых настроях свайго народа, што робяць небясьпечнай для яго любую вайну, якую германскі народ палічыць ненавязанай» (курсіў мой.—І. Л.).
    Ці чытаў Сталін гэты артыкул? Можна не сумнявацца: чытаў, і вельмі ўважліва. Узяць, напрыклад, сьцьверджаньне, быццам Германія можа мабілізаваць у армію толькі каля 6 мільёнаў чалавек. Сталін моцна памятаў аб гэтым. 7 лістапада 1941 года на Краснай плошчы ён гаварыў: “За чатыры месяцы вайны Германія страціла 4 з паловай мільёны салдат, Германія сьцякае крывёю, яе людзкія рэзэрвы канчаюцца”. Хіба не гучыць у гэтых словах упэўненасьць, што людзкія рэзэрвы ворага складаюць менавіта шэсьць мільёнаў?
    Але асабліва блізка прыняў Сталін той абзац артыкула, дзе гаворыцца аб унутраным становішчы Германіі, аб тым, што гэтае становішча робіць для Гітлера небясьпечнай “любую вайну, якую германскі народ палічыць ненавязанай”. У выступленьні 3 ліпеня 1941 года Сталін гаварыў: “У гэтай вызваленчай вайне мы не будзем адзінокія. У гэтай вялікай вайне мы будзем мець верных саюзьнікаў у асобе народаў Эўропы і Амэрыкі, у тым ліку ў асобе германскага народа, прыгнечанага гітлераўскімі верхаводамі”. Яшчэ больш падрабязна на гэтую тэму гаварыў ён у дакладзе 6 лістапада 1941 года, калі, па ягоных разьліках, народ Германіі павінен ужо быць гатовым да паўстаньня: «...Пасьля таго, як ... гітлераўцы сталі на шлях імпэрыялізму, на шлях захопу чужых земляў і заняволеньня чужых народаў, ператварыўшы народы Эўропы і народы СССР у заклятых ворагаў сёньняшяй Германіі, — у германскім народзе адбыўся глыбокі пералом супраць працягу вайны, за ліквідацыю вайны, канца якой яшчэ не відаць; мільёны чалавечых ахвяр; голад; галеча; эпідэміі; вакол варожая немцам атмасфэра; неразумная палітыка Гітлера, які ператварыў народ СССР у заклятых ворагаў сёньняшняй Германіі,— усё гэта не магло не павярнуць германскі народ супраць непатрэбнай і спусташальнай вайны. Толькі гітлераўскія прыдуркі не могуць зразумець, што не толькі эўрапейскі тыл, але і германскі тыл нямецкіх войск уяўляе вулькан, які гатовы выбухнуць і пахаваць гітлераўскіх авантурыстаў”. Такое было перакананьне нашага “генія”, выкліканае... амэрыканскім журналістам.
    Дык вось, у СССР вытворчасьць мэталю, паліва, збожжа, бавоўны да 1940 года ў параўнаньні з 1913 вырасла — што ў тры, што ў пяць разоў, Германія ж сваё становішча ў параўнаньні з даваенным пагоршыла: горш было з сыравінай, фінансамі, людзкімі рэзэрвамі арміі, зьявілася ўнутраная апазыцыя, здольная ператварыць тыл нямецкіх войск у “вулькан, які гатовы выбухнуць і пахаваць”. Што яшчэ ведаў Сталін? Што ў яго краіне з 1913 года насельніцтва павялічылася на 60 мільёнаў, колькасьць жа немцаў практычна не павялічылася; што ў яго гіганцкай краіне адступаць можна амаль бясконца, Гітлеру ж адступаць няма куды; што ў яго краіне ёсьць і руда, і нафта, і бавоўна, а ў Германіі руды не хапае — даводзіцца купляць, нафты і бавоўны няма зусім; што ў яго, у Сталіна, у тыле не можа быць варожага фронту — усе ворагі даўно зьнішчаны, нават і звыш неабходнага... І калі ўжо ў першую сусьветную Расія ваявала з Германіяй на роўных, дык цяпер на чыім баку рашаючая перавага? Чаго баяцца?
    Ён і не баяўся. Раманіст яўна дапускае нацяжку. Успамінае трыццаць восьмы год, напрыклад, а належных высноў не робіць. Што ў 1938 годзе адбывалася, я нагадаю не па рамане, а па больш сур’ёзнай крыніцы. Пачытайце другое выданьне БСЭ (Т. 12. С. 338. Том падпісаны да друку. 28.V.1952 г.): “У 1938, па даручэньні I. В. Сталіна, Готвальд перадаў прэзыдэнту Чэхаславакіі Э. Бенешу паведамленьне аб гатоўнасьці Савецкага Саюза аказаць Чэхаславакіі ваенную дапамогу для абароны яе ад гітлераўскай агрэсіі нават у тым выпадку, калі гэтага не зробіць Францыя, што, у адпаведнасьці з савецка-чэхаславацкім дагаворам 1935 года аб узаемадапамозе, было ўмовай савецкай дапамогі, і нават у тым выпадку, калі тымчасовая панская Польшча ці баярская Румынія адмовяцца прапусьціць савецкія войскі”. І гэта былі не пустыя словы, сам раманіст піша, што “ўжо былі згрупаваны на Украіне сілы, каб кінуць іх на дапамогу Чэхаславакіі”. Такім чынам, Сталін рваўся ў бойку з Гітлерам, а заадно з Румыніяй і Польшчай — адзін, без саюзьнікаў — яшчэ ў 1938 годзе!
    Разумеючы, што такая безаглядная хвацкасьць з пазьнейшай гітлерабоязьзю неяк не стасуецца, раманіст на гэтую хвацкасьць не націскае. Наадварот, стараецца нават яе прыглушыць. Напрыклад, аб тым, што, дапамагаючы Чэхаславакіі, давялося б парушыць граніцы Румыніі і Польшчы, ён і не ўспамінае.
    Пакт аб ненападзе пад гітлерабоязь, здавалася б, падвесьці прасьцей: заключыў таму, што баяўся. Але адкуль узялася такая перамена? Чаму ў 1938 годзе не баяўся, а праз год стаў баяцца? Гэтага раманіст не вытлумачвае.
    І як суаднесьці з гэтай гітлерабоязьзю такія словы, апублікаваныя ў “Правде” ўсяго за 9 дзён да пакта, падпісанага нібыта з прычыны боязі:
    “Бальшавікі — не пацыфісты. Сапраўдная абарона міру заключаецца не ва ўступках ці патураньні агрэсару, а ў двайным удары на ўдар падпальшчыкаў вайны... Калі фашысцкія агрэсары вымусяць савецкі народ узяцца за зброю, дык вайна Савецкага Саюза супраць іх будзе сапраўды айчыннай вайною... Але весьці абарончую вайну зусім не азначае стаяць на рубяжах сваёй зямлі. Лепшы від абароны — імклівае наступленьне для поўнага зьнішчэньня праціўніка на яго тэрыторыі. Такі асноўны вопыт бальшавіцкай стратэгіі... Зьнішчыць праціўніка — значыць зьнішчыць фашызм, падняць супраць яго працоўных, дапамагчы ім у вайне супраць фашызму”.
    Працытаваная “лекцыя” “Аб войнах справядлівых і несправядлівых” праф. І. Мінца займае ўсю чацьвёртую паласу газэты. Вядома, напісана яна не Сталіным, але такія артыкулы ў той час не маглі публікавацца, тым больш у “Правде”, без ведама Сталіна і яго прагляду. Падвал жа пятай паласы займае заметка “Выкрыты міт”. Таксама досыць цікавая. Чым? А тым, што даказвае тое ж самае, што і двайны падвал “Правды” за 26 ліпеня 1939 года — “Германія прайграе”.
    “Міт аб ваеннай дапамозе Германіі”. Пад такім загалоўкам, — пачынаецца заметка, — Гаральд Ласкі публікуе ў “Дэйлі Геральд” падрабязную рэцэнзію на нядаўна выдадзеную кнігу венгерскага вучонага доктара Лайаша “Ваенныя шанцы Германіі”. Кніга ўгрунтаваная на лічбах”.
    Да якіх жа высноў прыйшоў доктар Лайаш у сваёй кнізе, забароненай, як сказана ў заметцы, венгерскім урадам па патрабаваньні гітлераўцаў?
    “Аўтар падлічвае матэрыяльныя магчымасьці, якімі валодае Германія на выпадак вайны, і на аснове дакумэнтаваных дадзеных прыходзіць да цьвярозага вываду, што Германія гэтую вайну прайграе...
    Германія... мае толькі адзін мільён абучаных салдат, у параўнаньні з Францыяй, якая мае 5 мільёнаў абучаных салдат. Выключна дрэнныя справы з харчаваньнем..., значна горшыя, чым у 1914 годзе. Ваенная прамысловасьць Германіі працуе поўным ходам, але гэтая акалічнасьць толькі падрывае агульную эканоміку краіны. Яна выклікае ўсё больш востры недахоп сыравіны. Германіі не хапае нафты... Вельмі не хапае ўсёй германскай прамысловасьці чыгуну. Пошукі заменьнікаў нафты і высакаякаснай сталі не даюць станоўчых вынікаў. Усё гэта адбіваецца на якасьці ў першую чаргу ваенных матэрыялаў; самалётаў, танкаў і г. д. Характэрна, што з усіх дзяржаў толькі Германія не публікуе дадзеных аб сваіх паветраных аварыях... Навейшыя германскія падводныя лодкі маюць сур’ёзныя дэфэкты”.
    Як бачым, ацэнка тая ж самая, што і ў артыкуле “Германія прайграе”. Нават канчаецца, па сутнасьці, тым жа, хіба што не даслоўна:
    “Паліцыі ўсё часцей даводзіцца сутыкацца з такімі зьявамі, як сабатаж і хваляваньні. Гімлер — кіраўнік гестапа — аднойчы заявіў, што ў час вайны ў Германіі будзе чацьвёрты фронт... Германскі штаб... баіцца народа, які не хоча вайны і настроены супраць вайны”.
    Не, не пра гітлерабоязь сьведчыць гэты слоўны залп, выпушчаны па Германіі “Правдой” 14 жніўня 1939 года! Дык пра што ж? Паспрабуем даць адказ і на гэтае пытаньне з дапамогаю старых газэт.
*
    “Известия» за 1 верасьня 1939 года. “Аб ратыфікацыі савецка-германскага дагавора аб ненападзе. Паведамленьне тав. Молатава на пасяджэньні Вярхоўнага Савета СССР 31 жніўня 1939 года”:
    “Выкрываючы шуміху, паднятую англа-францускай і паўночна-амэрыканскай прэсай адносна германскіх “плянаў” захопу Савецкай Украіны, т. Сталін гаварыў тады (на XVIII зьезьдзе ВКП(б) у сакавіку 1939 г.— І. Л.): “Падобна на тое, што гэты падазроны шум меў сваёй мэтай выклікаць гнеў Савецкага Саюза супраць Германіі, атруціць атмасфэру і справакаваць канфлікт з Германіяй без відочных на тое падстаў». Як бачыце, т. Сталін біў у самую кропку, выкрываючы пошукі заходнеэўрапейскіх палітыкаў, што імкнуцца сутыкнуць ілбамі Германію і Савецкі Саюз.
    Трэба прызнаць, што і ў нашай краіне былі паасобныя блізарукія людзі, якія, захапіўшыся спрошчанай антыфашысцкай агітацыяй, забываліся на гэтую правакатарскую работу нашых ворагаў. Тав. Сталін, улічваючы гэтую акалічнасьць, яшчэ тады паставіў пытаньне аб магчымасьці іншых, неварожых, добрасуседзкіх адносін паміж Германіяй і СССР.
    Цяпер відаць, што ў Германіі ўвогуле правільна зразумелі гэтыя заявы т. Сталіна і зрабілі з гэтага практычныя высновы... Ужо вясной гэтага года германскі ўрад прапанаваў аднавіць гандлёва-крэдытныя перагаворы. Перагаворы былі неўзабаве прадоўжаны. Шляхам узаемных уступак удалося прыйсьці да пагадненьня. Гэтае пагадненьне, як вядома, 19 жніўня было падпісана”.
    А раманіст піша, быццам немцы ні з чога ні з якога прыкацілі са сваім пактам ужо тады, калі ішлі англа-франка-савецкія ваенныя перагаворы! Быццам ён і не ў курсе, што першая вуда да стварэньня саюза з Германіяй была закінута Сталіным яшчэ ў сакавіку і што ўжо тады гітлераўская хеўра “ўвогуле правільна” зразумела яго. Што адначасова з савецка-англа-францускімі ішлі германа-савецкія перагаворы.
    Але дзеля чаго гэта было патрэбна?
    Наўрад ці хто з савецкіх людзей, асабліва з тых, каму вайна прынесла пакуты і сьмерць блізкіх, стане спрачацца з тым, што напярэдадні другой сусьветнай вайны адзінай у сьвеце сацыялістычнай дзяржаве трэба было трымацца так, каб не ўвязацца, нават выпадкова, у сутычку імпэрыялістычных драпежнікаў. Сталін меркаваў інакш. Не для таго ён некалькі пяцігодак будаваў рукамі народа ваенную прамысловасьць, ствараў і муштраваў шматмільённую армію, каб “назіраць з гары, як грызуцца тыгры”. Такая ўжо схільнасьць ганарыстых і ўладных людзей — назапашаны ваенны патэнцыял непазьбежна ўключаць у работу.
    Пад такое жаданьне падганялася і марксісцка-ленінская тэорыя вайны, падмяняючыся тэорыяй “ленінска-сталінскай”. “Бальшавікі не былі простымі пацыфістамі (прыхільнікамі міру), што ўздыхалі аб міры і абмяжоўваліся прапагандай міру, — абвяшчаў “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”, які выйшаў у 1938 годзе. — Бальшавікі не былі супраць усялякай вайны. Яны былі толькі супраць захопніцкай, супраць імпэрыялістычнай вайны.
    Бальшавікі лічылі, што вайна бывае двух родаў: а) вайна справядлівая, незахопніцкая, вызваленчая, якая мае на мэце абарону народа ад зьнешняга нападу і спроб яго заняволеньня, ці вызваленьне народа ад рабства капіталізму, ці, нарэшце, вызваленьне калёній і залежных краін ад прыгнёту імпэрыялістаў, і б) вайна несправядлівая, захопніцкая, якая мае на мэце захоп і заняволеньне іншых народаў” (С. 161).
    Няцяжка заўважыць, што па гэтай тэорыі любая вайна сацыялістычнай дзяржавы супраць капіталістычнай абьяўлялася справядлівай, бо мэтаю такой вайны заўсёды магло быць абвешчана “вызваленьне народа ад рабства капіталізму”. Надалей заяўлялася адкрыта: “Сацыялістычная дзяржава па сваёй прыродзе можа весьці толькі справядлівыя войны” (БСЭ. 2-е выд. Т. 8. С. 573. Тэкст падпісаны да друку 16 лістапада 1951 года).
    Ці трэба даказваць, што У. I. Ленін не мае да гэтай “тэорыі” ніякага дачынення?
    Удзел СССР у буйнамаштабных ванных дзеяньнях пачаўся не ў 1941 і нават не ў 1939 годзе. Першая прыкметная сутычка адбылася ў Іспаніі. Як бачым, і у тыя, больш раньнія, гады Сталін на гітлерабоязь не хварэў.
    У 1938 годзе вайна ў Іспаніі працягвалася. Таму не дзіўна, што, ужо знаходзячыся фактычна ў стане вайны з Гітлерам, Сталін так адважна рваўся на дапамогу Чэхаславакіі праз польскую і румынскую тэрыторыі. Вайна ж усё адно ішла.
    Аднак вайна з фашызмам у Іспаніі да сакавіка 1939 года была прайграна. Менавіта з гэтага моманту і пачынаецца новы этап у савецка-германскіх адносінах. Ды і XVIII зьезд ВКП(б) прайшоў у тым жа сакавіку.
    Што ж здарылася? Як відаць, да гэтага часу скончылася поўнае перараджэньне Сталіна з дзеяча рэвалюцыйнага руху ў манарха-абсалютыста, які надалей кіраваўся не інтарэсамі народаў, а ўласнымі інтарэсамі і сымпатыямі, а таксама ўласным, звыродлівым разуменьнем сьвету і працэсаў, што адбываліся ў ім.
    Як дзіўна ўспрымаў Сталін германскі фашызм, сьведчыць яго прамова на ўрачыстым пасяджэньні 6 лістапада 1941 года, прысьвечаным гадавіне Кастрычніка: “Па сутнасьці справы, гітлераўскі рэжым — копія таго рэакцыйнага рэжыму, які існаваў у Расіі пры царызьме”. Такое, значыць, было яго разуменьне фашызму! Чаго ж зьдзіўляцца, калі пры ім фашыстамі аб’яўляліся абы-хто: і Пілсудскі, і лідэры балтыйскіх краін, і нават Ціта.
    У тым жа дакладзе Сталін “па костачках” разьбіраў назву гітлераўскай партыі: яна, маўляў, і не сацыялісцкая, і не нацыяналісцкая. Што не сацыялісцкая — з гэтым спрачацца не будзем, але чаму ж не нацыяналісцкая? Яна, гаворыць Сталін, была нацыяналісцкай, калі “зьбірала” нямецкія землі: Рэйнскую вобласьць, Аўстрыю і г. д. Пасьля таго як напала на Савецкі Саюз, яна стала імпэрыялісцкай.
    Такі быў тэарэтычны ўзровень “карыфэя”, які лічыў сябе галоўным распрацоўшчыкам пытаньня аб нацыянальных адносінах!
    Але гэта не ўсё. Чытаючы разважаньні аб ператварэньні нацыяналісцкай партыі ў “імпэрыялісцкую”, міжволі адзначаеш: каб нацысцкая партыя засталася “нацыяналісцкай”, каб яна не стала “імпэрыялісцкай”, гэта Сталіна цалкам бы задаволіла. У тым, што Гітлер “зьбіраў” “нямецкія” землі — тую ж Чэхаславакію, Аўстрыю, Польшчу, Сталін грэху не бачыў. Знаходзіў і нешта агульнае ў лёсах Германіі і СССР. На гэта ўказвае прамова Молатава, сказаная 31 жніўня 1939 года:
    “Гісторыя паказала, што варожасьць і вайна паміж нашай краінай і Германіяй былі не на карысьць, а на шкоду нашым краінам. Самымі пацярпелымі з вайны 1914-1918 гадоў выйшлі Расія і Германія (голас: “Правільна!”). Таму інтарэсы народаў Савецкага Саюза і Германіі ляжаць не на шляху варожасьці між сабою”.
    Тут, вядома, маецца на ўвазе, што накшталт таго, як Германія страціла па Вэрсальскім міры частку тэрыторыі і ўсе калёніі, у складзе СССР не аказалася былых земляў Расійскай імпэрыі — Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Фінляндыі, Бесарабіі. Пры гэтым быццам заплюшчваліся вочы на тое, што ў страце значнай часткі гэтых земляў была вінавата менавіта Германія. Важней, маўляў, іншае — што ў СССР і Германіі падобныя лёсы.
    У гэтай падобнасьці быў і другі, больш важны бок, чым узаемнае спачуваньне. Саюз з Англіяй і Францыяй не абяцаў перадзелу Эўропы. У такім перадзеле пераможцы першай сусьветнай зацікаўлены не былі. Наадварот, усе іх намаганьні былі скіраваны на тое, каб захаваць эўрапейскі статус-кво (хоць часам яны і рабілі ўступкі, як засьведчыла мюнхенская змова). У саюзе з Англіяй і Францыяй цяжка было спадзявацца на аднаўленьне ранейшых граніц Расіі, да чаго, уласна, для пачатку і імкнуўся Сталін, як паказалі падзеі 1939-1940 гг.
    Германія ж якраз і прагнула новага перадзелу Эўропы. Таму, пацярпеўшы паражэньне ў Іспаніі і расчараваўшыся ў эўрапейскім рэвалюцыйным руху, няздольным выратаваць хоць бы адну сацыялістычную рэспубліку, Сталін задумаў саюз з Гітлерам. Гэты саюз, вядома, задумваўся не вечным, а — як тактычны сродак, з дапамогай якога можна было далучыць да СССР былыя землі Расіі.
    Так быў зроблены намёк Германіі на XVIII зьезьдзе. З гэтага моманту, як прызнаў Молатаў, пачынаецца пошук узаемаразуменьня паміж СССР і Германіяй. Але фармальна палітыка заставалася ранейшай, з арыентацыяй на Англію і Францыю супраць Германіі. У красавіку ў Маскве пачаліся савецка-англа-французскія перагаворы. Перагаворы гэтыя, як вядома, доўжыліся ажно да заключэньня пакта аб ненападзе паміж СССР і Германіяй і скончыліся нічым. Раманіст ва ўсім абвінавачвае падступных французаў і асабліва англічан. “Зрабіўшы цэлы каскад хітрых манэўраў, Англія і Францыя ўхіліліся ад падпісаньня пагадненьняў”. А тым часам немцы быццам бы заявілі: альбо вайна, альбо пакт аб ненападзе.
    “Дык вось, альбо немінучы пачатак вайны з Германіяй летам 1939 года — і гэтая вайна пагражала ператварыцца ў “крыжовы паход” аб’яднаных сіл капіталістычнага сьвету супраць СССР, альбо пагадненьне з Германіяй. Савецкі ўрад палічыў разумным пайсьці на пагадненьне”.
    Баюся, што ўсё гэта далёка ад праўды. Пачну з таго, што «летам» 1939 года вайна Савецкаму Саюзу ніяк не магла пагражаць. Бо вайна Германіі супраць Польшчы, якая адкрыла другую сусьветную вайну, пачалася, лета ўжо скончылася, — 1 верасьня. А не прайшоўшы тэрыторыю Польшчы, Гітлер напасьці на СССР не мог. Даваць Германіі калідор для нападу на СССР Польшча не зьбіралася. Значыць, Гітлер спачатку павінен быў Польшчу заваяваць. Пасьля вайны любому войску патрэбны адпачынак, пераўпарадкаваньне і г. д. Да зімы ўсё гэта не скончылася б, а зімой войны не пачынаюць. Значыць, і без пакта Савецкаму Саюзу былі гарантаваны, прынамсі, 9-10 месяцаў.
    Па-другое, прапануючы пакт аб ненападзе, вайной не пагражаюць. У такіх выпадках знаходзяць іншыя, больш прыемныя словы, а то і абяцаньні. Абяцаньні, сапраўды, былі. Раманіст сам гаворыць пра іх: “Рыбентроп... прапанаваў падпісаць савецка-германскі сакрэтны пратакол, які б разьмежаваў інтарэсы абедзьвюх краін па лініі “на ўсім працягу ад Чорнага да Балтыйскага мора” і завяршае гэтую тэму так: “Савецкі ўрад адхіліў гэтыя прапановы”. Але ж дзейнічаў пасьля ў адпаведнасьці з імі...
    Па-трэцяе, пра англа-французска-савецкія перагаворы. І тут, здаецца, было не так, як пераконвае раманіст. Перш за ўсё, хто быў больш у іх зацікаўлены? Аўтар рамана сьцьвярджае, што большая небясьпека пагражала нам — значыць, больш зацікаўленыя былі мы. Ці так гэта? Думаецца, не так. У СССР з Германіяй не было агульнай мяжы, а ў Францыі — была. І Англія ад Германіі аддзелена толькі нешырокім морам. Зусім не тое, што СССР — трэцімі дзяржавамі. Гэта — па-першае. Па-другое, ці былі ў Германіі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да СССР? Не, СССР былымі германскімі тэрыторыямі не валодаў. А да Францыі? Былі (Эльзас). Да Англіі? Былі (калёніі). Па-трэцяе, і Англія, і Францыя былі зьвязаны ўзаемнымі абавязацельствамі — аб’явіць вайну Германіі нават і ў тым выпадку, калі Германія нападзе не на іх, а на Польшчу (што пазьней і здарылася). Дык каго ж больш турбавала, будзе заключана антыгерманскае пагадненне ці не?
    Аб тым, што гэта больш турбавала не Сталіна і Молатава, гаворыць хоць бы тое, што перагаворы праходзілі ў Маскве, а не ў Лёндане ці Парыжы, не на нейтральнай тэрыторыі. СССР паводзіў сябе на гэтых перагаворах па-гаспадарску: запрасіў каго хацеў, нягледзячы на тое, што ажыцьцяўленьне савецкай дапамогі было зьвязана з парушэньнем межаў Польшчы і балтыйскіх краін, прадстаўнікі гэтых краін на перагаворы не запрашаліся. І невыпадкова. Як паведамляла ТАСС (“Известия”. 1939. 2 жніўня), “у сваёй прамове ў палаце абшчын парлямэнцкі намесьнік міністра замежных спраў п. Батлер сказаў, як перадае друк, што англійскі ўрад робіць усе захады да ліквідацыі рознагалосься паміж СССР і Англіяй, галоўнае з якіх — пытаньне аб тым, ці павінны мы замахвацца на незалежнасьць прыбалтыйскіх дзяржаў ці не. Я згодзен, сказаў п. Батлер, што мы не павінны гэтага рабіць, і менавіта ў гэтым галоўныя прычыны зацяжкі перагавораў”. Англічане і французы пайшлі нават на тое, каб паслаць у Маскву ваенныя місіі, не чакаючы заканчэньня палітычных перагавораў” (гл. той самы нумар “Известий”, прамову Чэмбэрлена).
    Ішла на гэтых перагаворах гаворка і пра Польшчу. У інтэрв’ю Варашылава аб англа-франка-савецкіх ваенных перагаворах, зьмешчаным у “Известиях” 27 жніўня 1939 года (інтэрв’ю супрацоўніку “Известий”), ёсьць і такое пытаньне: “Дыпляматычны аглядальнік газэты “Дэйлі Геральд” піша, што ваенныя місіі Англіі і Францыі быццам бы спыталі ў савецкай місіі: “Ці гатовы СССР забясьпечваць Польшчу самалётамі, боепрыпасамі і трымаць у гатоўнасьці на мяжы Чырвоную Армію?”, а савецкая ваенная місія быццам бы адказала на гэтую прапанову гатоўнасьцю “неадкладна пасьля пачатку вайны акупаваць Вільню і Навагрудак на паўночным усходзе, а таксама Львоўскае, Тарнопальскае і Станіслаўскае ваяводзтвы на паўднёвым усходзе, адкуль Чырвоная Армія магла б дапамагчы палякам, калі гэта спатрэбіцца”. “Як вы расцэньваеце гэтую заяву (...)?” На такое прамое пытаньне прагучаў і не менш прамы адказ старога шабляра: “Гэтая заява — ад пачатку да канца лжывая, аўтар яе — нахабны хлус, а газэта, якая надрукавала гэтую лжывую заяву свайго дыпляматычнага аглядальніка, — паклёпніцкая газэта”.
    Ну, а чым жа тлумачыў сам т. Варашылаў правал перагавораў? Зусім не тым, чым раманіст: “Савецкая ваенная місія лічыла, што СССР, які не мае агульнай мяжы з агрэсарам, можа дапамагчы Францыі, Англіі, Польшчы толькі пры ўмове пропуску яго войск праз польскую тэрыторыю, бо не існуе іншых шляхоў для таго, каб савецкім войскам увайсьці ў сутыкненьне з войскамі агрэсара... Нягледзячы на ўсю відавочнасьць правільнасьці такой пазыцыі, французская і англійская ваенныя місіі не згадзіліся з такой пазыцыяй савецкай місіі... Гэтая акалічнасьць зрабіла немагчымым ваеннае супрацоўніцтва СССР і гэтых краін”.
    Ці можна было прыдумаць з такога выпадку што-небудзь больш сьмехатворнае! Навошта ж ехалі ў Маскву ваенныя місіі Англіі і Францыі, калі яны ставілі ўмову, каб у выпадку вайны Германіі з Польшчай Савецкі Саюз не перасякаў польскай мяжы!
    Значыць, як можна зразумець, на гэтых перагаворах ішоў гандаль: палохаючы германскай пагрозаю і сваёй адмовай дапамагчы, савецкі бок спрабаваў дамагчыся ад Англіі і Францыі згоды на далучэньне Прыбалтыкі і часткі тэрыторыі, падпарадкаванай Польшчы, у абмен на ваенную дапамогу. Аднак Англія і Францыя да 1 верасьня 1939 года былі самаўпэўненыя — уяўленьні аб сіле Германіі лідэры гэтых краін мелі з тых жа артыкулаў і кніг, што і Сталін. Ісьці на ўступкі “чырвоным” палічылі недапушчальным. І, як вядома, жорстка паплаціліся, асабліва Францыя.
    Трэба думаць, на гэтыя перагаворы Сталін і Молатаў — сааўтары зьнешняй палітыкі СССР таго часу — не надта і разьлічвалі. Сваіх мэт яны мелі намер дамагчыся з дапамогаю іншых перагавораў. Пра гэта сьведчыць хоць бы той факт, што аб перагаворах з “заходнімі дэмакратыямі” сякія-такія паведамленьні ўсё ж былі як у савецкім друку, так і ў заходнім. Перагаворы ж з Германіяй вяліся зусім сакрэтна. (У сьцьвярджэньне раманіста, быццам бы пакт з Германіяй быў заключаны “раптам”, на працягу некалькіх дзён, паверыць немагчыма: зьнянацку такія справы не робяцца, ды і Молатаў жа прызнаваў, што пачатак перагаворам быў пакладзены ці не XVIII зьездам.) Такім чынам, складваецца ўражаньне, што перагаворы з Англіяй і Францыяй былі, па-першае, своеасаблівым манэўрам, каб замаскаваць галоўныя перагаворы, па-другое, перагаворы гэтыя выкарыстоўваліся для таго, каб націснуць на Германію, дамагаючыся большых уступак, у прыватнасьці, у Польшчы. Тым самым мэтам служыла і публікацыя такіх артыкулаў, як “Аб войнах справядлівых і несправядлівых” — у “Правде” за 14 жніўня 1939 г.: “Бальшавікі — не пацыфісты! Савецкі народ... абрушыць на фашысцкіх вылюдкаў усю моц жалезных батальёнаў Чырвонай Арміі, усю сілу сваёй перадавой тэхнікі”. Зрэшты, на тое, што менавіта ў гэты дзень 14 жніўня Шуленбург заявіўся да Молатава з “сакрэтным пратаколам”, паўплываў, вядома, не столькі артыкул, колькі перагаворы ваенных місій СССР, Англіі і Францыі, якія пачаліся 11 жніўня. І, трэба сказаць, на перагаворах з немцамі ўдалося дамагчыся большага, чым пасьля ў жыцьці: першапачаткова дэмаркацыйная лінія ў Польшчы паміж германскімі і савецкімі войскамі была вызначана па Вісьле (карта з гэтай лініяй у канцы верасьня 1939 года штодзённа друкавалася ў газэтах). Але германскія войскі апярэдзілі, і “канчатковая” мяжа была праведзена куды больш ня ўсход. Пры гэтым немцы пакінулі Львоў і Беласток, якія пасьпелі былі заняць.
    Апошнім часам у сувязі з работай сумеснай савецка-польскай гістарычнай камісіі раз-пораз мільгае выраз: “дагавор Молатава - Рыбентропа”. Але, мне здаецца, намі і палякамі ўкладваецца ў яго розны сэнс. Мы разумеем яго як дагавор аб ненападзе, палякі ж маюць на ўвазе другі дагавор, таксама падпісаны Молатавым і Рыбентропам — “Дагавор аб дружбе і мяжы паміж СССР і Германіяй” ад 28 верасьня 1939 года. Вось урыўкі з яго:
    “Артыкул I. Урад СССР і Германскі Урад устанаўліваюць у якасьці мяжы паміж узаемнымі дзяржаўнымі інтарэсамі на тэрыторыі былой польскай дзяржавы лінію, якая нанесена на прыкладзеную да гэтага карту і больш падрабязна будзе апісана ў дадатковым пратаколе.
    Артыкул II. Абова Бакі прызнаюць устаноўленую ў артыкуле I мяжу ўзаемных дзяржаўных інтарэсаў канчатковай і не дапусьцяць ніякага ўмяшаньня трэціх дзяржаў у гэтае рашэньне.
    Артыкул III. Неабходнае дзяржаўнае ўладкаваньне на тэрыторыі на захад ад указанай у артыкуле I лініі праводзіць Германскі Урад, на тэрыторыі на усход ад гэтай лініі — Урад СССР”.
    Як беларус, я не магу не сказаць, што ўзьяднаньне Заходняй Беларусі з СССР адпавядала даўнім спадзяваньням беларускага народа. Але горка і балюча думаць, што гэта было зроблена ў выніку ганебнай змовы.
    Тэрыторыя на захад ад намаляванай на карце лініі аддавалася на зьдзек новым “сябрам” “вялікага правадыра і настаўніка міжнароднага пралетарыяту”, як быў ён узьвялічаны ў прывітаньні Выканкома Камінтэрна ў дзень 60-гадовага юбілею.
    Юбілей гэты, дарэчы, прайшоў у абстаноўцы міжнароднай ізаляцыі СССР, выключанага з Лігі Нацый. З замежных дзяржаўных дзеячаў былі атрыманы прывітаньні толькі ад Гітлера, Рыбентропа, Чан Кай-шы, “прэзыдэнта” Славакіі Цісо, міністра замежных спраў Турцыі, міністраў замежных спраў Прыбалтыйскіх краін ды ад О. Куусінена, кіраўніка “фінляндзкага ўрада”. Як дзіўна і страшна чытаць такі, напрыклад, адказ на адно з гэтых прывітаньняў:
    Міністру Замежных Спраў Германіі пану Іяхім фон Рыбентроп
    Дзякую Вам, пан міністар, за віншаваньні. Дружба народаў Германіі і Савецкага Саюза, змацаваная крывёю, мае ўсе падставы быць моцнай.
    І. Сталін”.
    Дружба, змацаваная крывёю! З кім дружба? Пра гэта раманіст не піша...
    Дык вось, у 1938 годзе Сталін прагнуў схапіцца з Гітлерам, а ў 1939-м заключыў з ім, як яму здавалася, вельмі выгадны дагавор. За сьпіной Германіі, якая закрывала СССР з захаду, удалося не толькі ўключыць у СССР Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Прыбалтыку, але і дасягнуць тэрытарыяльных набыткаў за кошт Румыніі і Фінляндыі — краін, над якімі апекаваліся Англія і Францыя. Ды толькі гэта бясьпеку СССР не ўмацавала, а наадварот, паслабіла: па-першае, зьявілася агульная мяжа з Германіяй — патэнцыяльным агрэсарам; па-другое, зьявіліся новыя ворагі — Румынія і Фінляндыя, што ў гады вайны падоўжыла фронт на тысячы кілямэтраў; Германія ж пры гэтым атрымала румынскую нафту. Акрамя таго, у выніку падзелу Эўропы СССР атрымаў найбольш адсталыя яе краіны, а Германія — найбольш разьвітыя (Францыю, Бэльгію, Нідэрлянды), і ў Польшчы заходняя частка была больш разьвітой, чым усходняя. Наўрад ці Сталін не ўсьведамляў гэтага, але ў такіх выніках нічога нечаканага не было, калі б Сталін такіх вынікаў палохаўся, ён бы на пакт не пайшоў.
    Пэўнае стратэгічнае паслабленьне на працягу 1940 і 1941 гадоў кампэнсавалася напружаньнем сіл, кінутых на вытворчасьць ваенных матэрыялаў, асабліва самалётаў. Як успамінае нарком авіяпрамысловасьці таго часу ІІІахурын, Сталін даў яму заданьне давесьці выпуск самалётаў у чэрвені 1941 года да пяцідзесяці ў дзень! Гэтае заданьне было перавыканана. Усяго праз два месяцы пасьля пачатку вайны Шахурын атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай Працы.
    Вельмі вялікае ўражаньне пакідаюць успаміны тадышняга наркома ўзбраеньняў Ваньнікава, апублікаваныя часопісам “Знамя” ў першых двух нумарах за гэты год. Вытворчасьць танкаў, артылерыі, вінтовак, патронаў была пастаўлена на паток, зьяўляліся новыя віды ўзбраеньняў. Па колькасьці самалётаў і танкаў Савецкі Саюз пераўзыходзіў Германію. З 1939 года ў тры разы (!) вырасла армія.
    Тым часам, пакуль СССР у спакойнай абстаноўцы рыхтаваўся да вайны, Германія ваявала. Яна захоплівала ўсё новыя краіны, але і траціла пры гэтым салдат, самалёты, танкі, траціла боепрыпасы, распыляла войскі на гарнізоны па ўсёй Эўропе, змагалася з рухам Супраціўленьня ў Польшчы, Францыі, Грэцыі, Югаславіі, Нарвэгіі. Сямідзесяці мільёнаў немцаў, здавалася, не павінна хапіць і для таго, каб замацаваць за сабою заваяванае — куды ім далей!
    Першамайскі ваенны парад 1941 года быў задуманы, відаць, як генэральны агляд сіл. Парад у Маскве доўжыўся 1 гадзіну 45 мінут, у Кіеве — паўтары гадзіны. Усюды, акрамя рэгулярных часьцей, маршыравалі “узброеныя атрады працоўных”. Па Краснай плошчы ішлі ўсе віды тэхнікі, ад ваенных вэлясыпэдаў і матацыкляў да цяжкай артылерыі. Вось як апісвала гэтае відовішча “Правда”:
    “Усеагульнае захапленьне выклікае марш артылерыі. Супрацьтанкавыя гарматы. Шматлікая палявая артылерыя. І, нарэшце, цяжкія гарматы. Уся артылерыя ідзе на мэханічнай цязе. У першых падразьдзяленьнях гарматы на колах, у наступных — на гусеніцах. Цяжкая артылерыя ўражвае разнастайнасьцю тыпаў гармат і іх калібраў. Паволі рухаюцца дальнабойныя гарматы. Далей зьяўляюцца магутныя гаўбіцы, здольныя зруйнаваць жалезабэтон варожых умацаваньняў. Гул захапленьня прабягае па трыбунах, калі ў ар’ергардзе артылерыі ідуць звышмагутныя гарматы найноўшай канструкцыі. Многія з іх правозяцца ў разабраным выглядзе магутнымі цягачамі.
    Парад наземных войск завяршаюць танкі. У вялікай колькасьці праносяцца быстраходныя танкі сярэдняга памеру. За імі — цяжкія танкі і, нарэшце, рухомыя сталёвыя крэпасьці.
    У той час, як перад трыбунамі праходзілі шматлікія танкавыя злучэньні, над Краснай плошчай паявілася авіяцыя. Гэта была цудоўная дэманстрацыя ўзаемадзеяньня наземных і паветраных сіл Чырвонай Арміі. Самалёты ідуць у два ярусы. Хуткасныя бамбардзіроўшчыкі ідуць эскадрыльлямі і зьвёнамі. За бамбардзіроўшчыкамі сьледам — хуткасныя зьнішчальнікі. Усеагульную ўвагу прыцягваюць хуткасныя бамбардзіроўшчыкі новай канструкцыі. Хуткасьць гэтых машын перавышае ўсё бачанае дагэтуль на Краснай плошчы.
    Заключным акордам паветранага параду быў палёт пікіруючых хуткасных бамбардзіроўшчыкаў. Лётчыкі-пікіроўшчыкі прадэманстравалі выдатнае лётнае майстэрства. З вялікай вышыні, на велізарнай хуткасьці яны імкліва пікіравалі над Краснай плошчаю і зьнікалі гэтак жа імгненна, як і паяўляліся”.
    А на граніцы ў тыя ж дні, да гэтых дзён і асабліва пасьля іх ішла дэманстрацыя іншага роду — дэманстрацыя слабасьці і бесклапотнасьці.
*
    Дам слова гісторыку: «Рыхард Зорге яшчэ 5 сакавіка 1941 года перазьняў і адправіў у СССР фотакопіі зусім сакрэтных дакумэнтаў — тэлеграм Рыбентропа паслу ў Токіё Отту аб заплянаваным нападзе на СССР у другой палове чэрвеня, 19 мая паведаміў дакладныя дадзеныя аб сканцэнтраваньні на заходніх межах СССР 150 нямецкіх дывізій, а 15 чэрвеня, за тыдзень да нападу, пераадольваючы неверагодныя цяжкасьці, рызыкуючы жыцьцём, здолеў перадаць: “Вайна будзе пачата 22 чэрвеня”.
    Тым не менш, нашы войскі не былі своечасова прыведзены ў стан баявой гатоўнасьці. А ў той самы час ім забаранялася весьці агонь па нямецкіх самалётах-парушальніках. З кастрычніка 1940 да чэрвеня 1941 года Дзяржаўную мяжу СССР парушыла 185 самалётаў. Добра вядома, што нямецкія лётчыкі фатаграфавалі ваенныя аб’екты. 461 парушальніка ў маі і чэрвені 1941 года затрымалі пагранічнікі. Дывэрсійныя групы са зброяй і радыёстанцыямі закідваліся на нашу тэрыторыю” (“Социалистическая индустрия”. 1987. 24 мая).
    Раманіст, зрэшты, гэтых фактаў не хавае. Ён нават дадае да іх і іншыя. Так, згадвае пра збор зэнітчыкаў Заходняй вайсковай акругі пад Мінскам якраз напярэдадні вайны — вось, аказваецца, чаму не было каму абараняць беларускія гарады ў ноч на 22 чэрвеня. Паказвае, як дзейнічае банда дывэрсантаў у гэтую ноч, перарэзваючы правады, праколваючы шыны штабных машын. Шмат разоў згадвае “Паведамленьне ТАСС”, апублікаванае ў газэтах 14 чэрвеня, паказвае мітусьню на мінскім вакзале, выкліканую тым, што байцы і камандзіры акругі рынуліся ў адпачынкі (да “Паведамленьня ТАСС” адпачынкі былі скасаваныя).
    Чаму ж, чаму такая магутная дзяржава, што так ваяўніча бразгала самай сучаснай зброяй на Краснай плошчы, у той самы час дапускала такое несусьветнае разгільдзяйства на мяжы? Як можна было дазваляць фатаграфаваць з паветра аэрадромы, ваенныя гарадкі і лягеры, канцэнтрацыю танкаў і артылерыі? Дзеля чаго гэта рабілася, дзеля чаго?
    У раманіста на гэта адказ такі: “Лічу,— гаворыць аўтар вуснамі ваеннага прафэсара,— што Сталін ды і Генштаб усё яшчэ спадзяюцца стрымаць Гітлера. Яны занялі не новую ў гісторыі ўзаемаадносін між варожымі дзяржавамі пазыцыю: не даваць падставы для вайны... Мы робім усё, каб на мяжы было спакойна, нягледзячы на правакацыі і на тое, што па той бок канцэнтруюцца войскі”.
    Так, у гісторыі такія прыклады былі, калі больш слабы сусед імкнуўся не злаваць больш моцнага. Мудры прафэсар толькі па волі аўтара забывае дадаць, што такая тактыка посьпеху, як правіла, не мела, хоць прафэсар, вядома ж, павінен быў ведаць пра гэта. Ведаў і Сталін. Не мог жа ён, напрыклад, не чытаць у “Известиях” за 1 жніўня 1939 года артыкул В. Хвастова “Урокі гісторыі” (да 25-годзьдзя пачатку першай сусьветнай вайны), у якім расказваецца пра аб’яўленьне вайны кайзэраўскай Германіяй Францыі: “Французскі ўрад, улічваючы, што Германіі трэба сьпяшацца (пасьля абвяшчэньня вайны Расіі.— І. Л.), знарок пазьбягаў усялякіх памежных інцыдэнтаў і наогул падстаў для канфлікту, хоць цьвёрда вырашыў падтрымаць сваю саюзьніцу — Расію. Германскаму камандаваньню не цярпелася. Яму былі важныя ўжо нават не дні, а гадзіны. 3 жніўня была скарыстана недарэчная чутка пра нейкага французскага лётчыка, які нібыта скінуў бомбы на германскай тэрыторыі. Гэтым было матывавана аб’яўленьне Германіяй вайны Францыі. Пазьней сам германскі канцлер прызнаў, што ўсё было хлусьнёю”.
    І гэта кайзэраўская Германія, якая яшчэ прытрымлівалася пэўных правілаў прыстойнасьці. Чаго ж у такім выпадку трэба было чакаць ад Гітлера, які без усялякай зачэпкі і прычыны акупаваў да чэрвеня 1941 года Нарвэгію, Югаславію, Грэцыю? У Германіі да іх не магло быць ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій. У іх не было нават агульнай мяжы.
    “Палітыка міру зусім не азначае ўступак агрэсарам, уступак, якія толькі распальваюць драпежны апэтыт захопнікаў”, — пісаў І. Мінц у артыкуле “Аб войнах справядлівых і несправядлівых” і адразу дадаваў: “Мяккасьцю, — гаварыў старажытны іранскі паэт Саадзі, — не зробіш ворага сябрам, а толькі павялічыш яго дамаганьні”.
    Няўжо для разуменьня Сталіна было недаступна тое, што разумеў старажытны іранскі паэт? Не можа быць.
    Тады дзеля чаго гэтыя “ўступкі агрэсару” (Мінц), гэтая “мяккасьць да ворага” (Саадзі)? Дзеля чаго, напрыклад, публікацыя за тыдзень да вайны (калі і дата нападу была ўжо вядома!) “Паведамленьня ТАСС”?
    Раманіст “Паведамленьне” гэтае згадвае няраз і нават часткова цытуе, а тлумачыць яго публікацыю вуснамі ўсё таго ж прафэсара так: “Паведамленьне ТАСС”... гэта апошняя, так я мяркую, спроба заклікаць Гітлера да разважлівасьці. Апошні спробны шар...”
    Вось яно, гэтае “Паведамленьне ТАСС” за 14 чэрвееня 1941 года. Яго даўно ніхто не чытаў, таму прыводжу цалкам:
    “Яшчэ да прыезду англійскага пасла ў СССР п. Крыпса ў Лёндан, асабліва ж пасьля яго ад’езду, у англійскім і наогул у замежным друку сталі мусіравацца чуткі аб “блізкасьці вайны паміж СССР і Германіяй”. Паводле гэтых чутак 1) Германія быццам бы выставіла СССР прэтэнзіі тэрытарыяльнага характару і цяпер ідуць перагаворы паміж Германіяй і СССР аб заключэньні новага, больш цеснага пагадненьня паміж імі; 2) СССР быццам бы адхіліў гэтыя прэтэнзіі, у сувязі з чым Германія стала канцэнтраваць свае войскі ля мяжы СССР з мэтаю нападу на СССР; 3) Савецкі Саюз, у сваю чаргу, стаў быццам бы рыхтавацца да вайны з Германіяй і канцэнтруе войскі ля яе межаў.
    Нягледзячы на відавочную бязглуздасьць гэтых чутак, адказныя колы ў Маскве ўсё ж палічылі неабходным, у сувязі з упартым мусіраваньнем гэтых чутак, упаўнаважыць ТАСС заявіць, што гэтыя чуткі — няўклюдна сфабрыкаваная прапаганда варожых СССР і Германіі сіл, зацікаўленых у далейшым пашырэньні і разьвязваньні вайны.
    ТАСС заяўляе, што 1) Германія не выстаўляла СССР ніякіх прэтэнзій і не прапануе якога-небудзь новага, больш цеснага пагадненьня, у сувязі з чым і перагавораў на гэты конт не магло быць; 2) па зьвестках СССР, Германія таксама няўхільна прытрымліваецца ўмоў савецка-германскага пакта аб ненападзе, як і Савецкі Саюз, у сувязі з чым, на думку савецкіх колаў, чуткі аб намеры Германіі парушыць пакт і зьдзейсьніць напад на СССР пазбаўлены ўсялякіх падстаў, а перакідка апошнім часам германскіх войск, якія вызваліліся ад апэрацый на Балканах, ва ўсходнія і паўночна-ўсходнія раёны Германіі зьвязана, трэба думаць, з іншымі матывамі, якія не маюць дачыненьня да савецка-германскіх адносін; 3) СССР, як гэта вынікае з яго мірнай палітыкі, захоўваў і мае намер захоўваць умовы савецка-германскага пакта аб ненападзе, у сувязі з чым чуткі аб тым, што СССР рыхтуецца да вайны з Германіяй, — ілжывыя і правакацыйныя; 4) летнія зборы запасных Чырвонай Арміі, якія зараз праводзяцца, і будучыя манэўры маюць сваёй мэтай не што іншае, як абучэньне запасных і праверку работы чыгуначнага апарату, што ажыцьцяўляюцца, як вядома, штогод, у сувязі з чым паказваць гэтыя мерапрыемствы Чырвонай Арміі як варожыя Германіі, прынамсі, неразумна».
    Вось такая “апошняя спроба заклікаць Гітлера да разважлівасьці”. А ўсьлед за ёю ў “Правде” і ў “Известиях” рэпартажы з летніх вучэньняў, пра якія ідзе гаворка ў “Паведамленьні”. У “Правде” (20 чэрвеня, “У школе сяржантаў”): “Большасьць байцоў на стадыёне, на спортпляцоўцы... Асобныя таварышы, уладкаваўшы на каленях блякнот, пішуць лісты родным, знаёмым. Некаторыя праглядваюць новыя часопісы і газэты, саджаюць і паліваюць кветкі ля палатак (курсіў мой.— I. Л.), сьпяшаюцца ў цырульню”. У “Известиях” (15 чэрвеня, “Камандзіры”): “Пры досыць высокім агульным узроўні падрыхтоўкі маладыя камандзіры ўсё ж недастаткова знаёмыя з некаторымі відамі зброі, якая знаходзіцца на ўзбраеньні стралковага палка”.
    Як жа яно магло, гэтае “Паведамленьне” разам з такімі рэпартажамі, заклікаць Гітлера да разважлівасьці? Ён жа ўжо разьведаў з дапамогай самалётаў і лазутчыкаў усё савецкае прымежжа. Высьветліў, што савецкія войскі не разгорнутыя і бесклапотныя. Можна нападаць. Застаецца адно сканцэнтравацца на граніцы і разгарнуць войскі. Але гэта справа далікатная, Савецкі Саюз можа ачуцца — запратэставаць і падняць уласныя сілы. І раптам СССР заяўляе, што Гітлер можа трымаць на мяжы колькі хоча войск, сам жа СССР падцягваць войскі да мяжы не зьбіраецца: ёсьць “больш важны” клопат — штолетнія вучэньні...
    Здарылася тое, што ў такіх умовах не магло не здарыцца: 14 чэрвеня, у той самы дзень, калі ў газэтах зьявілася “Паведамленьне ТАСС”, нацысцкай вярхушкай было прынятае канчатковае рашэньне аб нападзе на СССР (Н. Якаўлеў. Маршал Жукаў. “Роман-газета”. 1986. № 1. С. 13).
    Ці разумеў Сталін, што яго страусавая палітыка — хаваць пры небясьпецы галаву ў пясок — можа прывесьці да такіх вынікаў? А дзеля чаго, уласна, яна, такая палітыка, і праводзілася? Палітыка гэтая была зусім сьвядомая, і канчатковай мэтаю яе была вайна. Заахвоціць, не спалохаць агрэсара, які падрыхтаваўся да скачка,— вось чаго дамагаўся Сталін сваімі загадамі, аддадзенымі пасьля таго, як даведаўся аб рашэньні гітлераўцаў напасьці. Ні да якой іншай, больш праўдападобнай высновы нельга прыйсьці, калі бесстаронна і аб’ектыўна супаставіць усю суму вядомага. Інакш давядзецца прызнаць, што Сталін быў ідыёт. Але з гэтым, думаецца, не пагодзіцца ніхто.
    Між тым вайна зусім не была непазьбежнай, як на гэтым настойвае раманіст. У немцаў у памяці добра сядзеў вопыт першай сусьветнай вайны, якую яны прайгралі толькі з-за таго, што разьвязалі яе на два франты. У 1941 годзе ў Гітлера было даволі клопату на Захадзе. Заваяваньне Англіі яшчэ і не пачыналася, а тым часам англійская авіяцыя прасавала германскія гарады, пакідаючы нечуваныя разбурэньні і ахвяры. Вось-вось маглі ўступіць у вайну ЗША. У такіх умовах зацяжная вайна з СССР была для гітлерызму сьмяротнай. Напасьці на СССР Гітлер мог толькі ў абсалютнай упэўненасьці ў тым, што яму забясьпечана маланкавая перамога. Менавіта гэтай упэўненасьці і дамагаўся ў маньяка Сталін, адначасова, міжволі ўсыпляючы ўласную армію, робячы яе няздольнай да адбіцьця першага ўдару. Аднак Гітлер дарэшты так і не быў упэўнены, што перамога над СССР можа быць лёгкай. Спачатку меркавалася напасьці вясной, пасьля тэрмін быў перанесены на лета. І нават 14 чэрвеня, пасьля прыняцьця канчатковага рашэньня, у Гітлера заставаліся вялікія сумненьні. Ён сказаў Герынгу: “Гэта будзе, Герынг, наша самая цяжкая барацьба, самая цяжкая!” Зьдзіўлены Герынг спытаў: чаму? “Упершыню нам давядзецца змагацца супраць ідэалягічнага ворага, фанатычнага ідэалягічнага ворага” (Н. Якаўлеў. Маршал Жукаў. С. 13). Праз пяць дзён пасьля пачатку вайны, 27 чэрвеня, Гітлер прызнаўся: “Калі б у мяне было хоць мінімальнае ўяўленьне аб гіганцкіх сілах Чырвонай Арміі, я ніколі б не прыняў рашэньня аб нападзе”. А яшчэ праз два дні “бесноватый” сакрэтным загадам прызначыў пераемніка — гэта значыць задумаўся аб сьмерці (Тамсама. С. 16).
    Такім чынам, калі б Савецкі ўрад замест “мяккасьці” праявіў цьвёрдасьць, замест уступак ворагу — рашучасьць, калі б ён недвухсэнсоўна заявіў, што пратэстуе супраць канцэнтрацыі германскіх войск на сваёй мяжы, — гэтыя войскі не зрабілі б на ўсход ні кроку і другая сусьветная вайна магла б абысьціся без нашага ўдзелу. Але Сталіна гэта не прываблівала.
    “Бальшавікі — не пацыфісты”... Абылгаўшы бальшавізм, ён, я ў гэтым перакананы, прагнуў вайны — напэўна, у ліку іншага і дзеля таго, каб пацьвердзіць сваю веліч як палкаводца,— астатніх “велічаў” яму ўжо было мала. Але чаму ў такім выпадку ён сам не паслаў войскі? У таго, хто нападае, заўсёды лепшыя шанцы. Тут давядзецца зноў зьвярнуцца да “ленінска-сталінскай” тэорыі войнаў.
    Прыгледзімся, якія войны прызнаваў справядлівымі “Кароткі курс”: “а) вайна справядлівая, незахопніцкая, вызваленчая, якая мае сваёю мэтаю альбо абарону народа ад варожага нападу і спроб яго заняволеньня, альбо вызваленьне народа ад рабства капіталізму, ці, нарэшце, вызваленьне калёній і залежных краін ад прыгнёту імпэрыялістаў”. Як бачым, паводле гэтай “тэорыі”, вайна за “вызваленьне народа ад рабства капіталізму” аб’яўляецца справядлівай вайной, у сувязі з чым любая вайна сацыялістычнай краіны супраць капіталістычнай — таксама. Але, з другога боку, прызнаецца справядлівай і вайна, якая мае на мэце “абарону народа ад варожага нападу”. Такім чынам, калі нападаючым бокам будзе сацыялістычная краіна, а краіна, на якую напалі, капіталістычнай, узьнікае няяснасьць, з чыйго боку вайна справядлівая? З абодвух бакоў, ці што?
    Гэтая супярэчнасьць адпадае, калі нападаючай краінай будзе капіталістычная. У гэтым выпадку сацыялістычная краіна будзе весьці вайну справядлівую ў квадраце: і таму, што яна сацыялістычная, і таму, што на яе напалі. “Калі фашысцкія агрэсары вымусяць савецкі народ узяцца за зброю, — чытаем у артыкуле “Аб войнах справядлівых і несправядлівых, — ...вайна Савецкага Саюза будзе самай справядлівай і законнай вайной з усіх войнаў чалавецтва” (курсіў мой.— I. Л.).
    Так падводзілася тэарэтычная і юрыдычная база пад падбухторваньне, заманьваньне праціўніка на вайну супраць уласнай краіны.
    Сталін разумеў, вядома, што нападаючы бок мае перавагу, і гэтая перавага можа выявіцца ў першыя дні вайны. Пра гэта сьведчыць яго прамова 3 ліпеня 1941 года: “Што датычыцца таго, што частка нашай тэрыторыі аказалася ўсё ж захопленай нямецка-фашысцкімі войскамі, дык гэта тлумачыцца галоўным чынам тым, што вайна фашысцкай Германіі супраць СССР пачалася пры выгадных умовах для нямецкіх войск і нявыгадных для савецкіх войск. Справа ў тым, што войскі Германіі як краіны, што вядзе вайну, былі ўжо цалкам адмабілізаваныя, і 170 дывізій, кінутых Германіяй супраць СССР і падведзеных да межаў СССР, знаходзіліся ў стане поўнай гатоўнасьці, чакаючы толькі сыгналу для наступленьня, а савецкім войскам трэба было яшчэ адмабілізавацца і падысьці да мяжы”. Але ён лічыў, што напад ворага прынясе і выгоды, прычым больш істотныя, чым магчымую шкоду: “Што выйграла і што прайграла фашысцкая Германія, вераломна парваўшы пакт і зрабіўшы напад на СССР? Яна дамаглася пэўнага выйгрышнага становішча для сваіх войск на працягу кароткага тэрміну, але яна прайграла палітычна, выкрыўшы сябе ў вачах усяго сьвету як крывавага агрэсара. Не можа быць сумненьня, што гэты непрацяглы ваенны выйгрыш — для Германіі эпізод, а велізарны палітычны выйгрыш для СССР — сур’ёзны і працяглы фактар, на аснове якога павінны разгарнуцца рашучыя ваенныя посьпехі Чырвонай Арміі”.
    Занадта, занадта спакойныя, разважлівыя, глыбакадумныя гэтыя словы, каб яны маглі прыйсьці ў гарачцы першых дзён вайны! Яны былі знойдзены Сталіным задоўга да 22 чэрвеня, калі ў цішыні кабінэта “геніяльны палкаводзец” узважваў шанцы бакоў. І тады яму здавалася, што справа бяспройгрышная: Германія і без таго ваюе з паловай Эўропы, сілы яе падарваныя, а калі яна нападзе яшчэ і на СССР, несправядлівасьць такой вайны стане відавочнай не толькі для ўсяго сьвету, але і для германскага пралетарыяту, які неадкладна скіне свой урад, калі ён так зарваўся.
    Але гэтая выгода не адзіная. Не меншае, калі не большае значэньне мела і тое, як паставіцца да вайны ўласны народ. Германія — гэта ж не Фінляндыя, Германію голымі рукамі не возьмеш. Вайна можа задоўжыцца. На два, на тры, на чатыры гады, — як першая сусьветная. Пры такой вайне незадаволенасьць народа непазьбежна. Калі вайну пачаць самому, незадаволенасьць народа будзе падвоенай. А ён выдатна памятаў, як у гады першай сусьветнай вайны бальшавікі выкарысталі незадаволенасьць народа, у выніку чаго выбухнулі адна за адной Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, як грымнулі рэвалюцыі ў Аўстра-Венгрыі і Германіі. Дзе гарантыі, што гэта не паўторыцца? Значыць, нельга дапускаць двайной незадаволенасьці, самому пачынаць не варта, хай пачне “маньяк”. Тады таварыш Сталін узначаліць “абарону народа ад варожага нападу” (“Кароткі курс”) і будзе апраўданая любая жорсткасьць, якую ён дапусьціць пры гэтым. На такую думку наводзяць словы, якія Сталін сказаў 3 ліпеня: “Вось чаму ўся наша доблесная Чырвоная Армія, увесь наш доблесны Ваенна-Марскі Флёт, усе нашы лётчыкі-сокалы, усе народы нашай краіны, усе лепшыя людзі Эўропы, Амэрыкі і Азіі, нарэшце, усе лепшыя людзі Германіі — кляймуюць вераломныя дзеяньні германскіх фашыстаў і спачувальна адносяцца да Савецкага ўрада, ухваляюць паводзіны Савецкага ўрада (курсіў мой.— І. Л.).
    Ці не праўда, якая дзіўная лёгіка і сувязь? Гітлер напаў на СССР нечакана і подла. Напаў на краіну, на народ. А гэты народ, з першых хвілін зьведваючы цяжкія ахвяры, чамусьці павінен спачувальна адносіцца да свайго ўрада, як быццам гэты ўрад у першую чаргу пацярпеў. І ўвесь сьвет спачувальна адносіцца не да савецкага народа, які лье кроў, а да Савецкага ўрада, г. зн. да Сталіна. І ўся краіна, і ўвесь сьвет ухваляюць паводзіны Сталіна. Якія паводзіны? Відаць, тыя, якія папярэднічалі вайне. Але ж гэтыя “паводзіны” не прадухілілі вайну! Тут яму сказаць бы: “не вінавацяць”, а ён — “ухваляюць”.
    Ён, вядома, у гэты момант ніякай віны за сабой не адчуваў. І што падумае, што скажа пра яго народ, вырашаў за народ ён сам. І ў канцы прамовы звычна заклікаў народ зьяднацца вакол сябе: “Дзяржаўны Камітэт Абароны... заклікае ўвесь народ зьяднацца вакол партыі Леніна-Сталіна, вакол Савецкага ўрада”.
    Паводле паасобных успамінаў, Сталін у першыя дні вайны выглядаў разгубленым. Думаецца, што гэта была роля, якая адпавядала “знянацкаму” нападу. Ніякай разгубленасьці не адчуваецца па тымчасовых газэтах. Нумары з паведамленьнямі аб пачатку вайны выйшлі з вялізнымі партрэтамі Сталіна, быццам ён ужо перамог. Ва ўсялякім разе, думаў ён, маральная перамога ўжо атрымана, Гітлера ўдалося перахітрыць, ён пачаў першы, а гэта — зарука і ваеннай перамогі.
    Але неўзабаве настрой Сталіна пачаў мяняцца. Войскі зьведвалі незаплянаваныя паражэньні, вораг ірваўся да Масквы. Узьнікла пачуцьцё віны за пралік. З газэт паступова пачалі зьнікаць загалоўкі з імем Сталіна, паменела згадак пра Сталіна ў перадавіцах і іншых тэкстах. У нумары “Правды” за 16 кастрычніка 1941 года — не паверыў сваім вачам! — я не знайшоў ніводнага ўпамінаньня пра Сталіна. Да гэтага часу адносіцца шматзначны эпізод, зафіксаваны ва ўспамінах маршала Конева (“Знамя”, 1988, № 1. С. 100). Маршал піша: “У ноч з 3 на 4 кастрычніка 1941 года, калі ўжо здарыўся прарыў немцаў на абодвух флянгах Заходняга фронту і пад Масквой склалася найцяжэйшае становішча, я па ВЧ далажыў Сталіну абстаноўку і папрасіў дазволу адвесьці войскі на Гжацкі рубеж. Сталін не прыняў у гэты момант ніякага рашэньня і зьнячэўку загаварыў пра сябе чамусьці ў трэцяй асобе: “Таварыш Сталін не здраднік. Таварыш Сталін не прадажнік. Таварыш Сталін сумленны чалавек. Таварыш Сталін зробіць усё, каб выправіць тое, што здарылася”. Як відаць, дакоры сумленьня Сталін часам таксама адчуваў. Але не гэта галоўнае. Галоўнае — тое, што Сталін прызнаў: яго дзеяньні, што прывялі да такога драматычнага і небясьпечнага становішча для Масквы, для ўсёй краіны, прыроўніваюцца да здрадніцтва. Якія менавіта? Можна не сумнявацца: накліканьне вайны на краіну, аддача стратэгічнай ініцыятывы ў рукі праціўніка. У гэтым ён быў вінаваты асабіста, чаго не мог не прызнаваць. У канкрэтных жа ваенных няўдачах, як вядома, ён сябе не вінаваціў: за іх адказвалі — хто пасадаю, хто галавой — генэралы.
    Страшныя дні кастрычніка 1941-га моцна заселі ў памяці Сталіна. Пра іх ён памятаў і пасьля перамогі. 24 мая 1945 года ў Крамлі на прыёме ў гонар камандуючых войскамі ў славутым заключным тосьце ён гаварыў:
    “Я падымаю тост за здароўе рускага народа не толькі таму, што ён — кіруючы народ, але і таму, што ў яго сьветлы розум, стойкі характар і цярплівасьць.
    У нашага ўрада было нямала памылак, былі ў нас моманты адчайнага становішча ў 1941-1942 гг., калі наша армія адступала... таму што не было іншага выйсьця. Іншы народ мог бы сказаць Ураду: вы не апраўдалі нашых спадзяваньняў, ідзіце прэч, мы паставім іншы ўрад, які заключыць мір з Германіяй і забясьпечыць нам спакой. Але рускі народ не пайшоў на гэта, бо ён верыў у правільнасьць палітыкі свайго ўрада”.
    Значыць, у 41-м Сталін прагаварыўся, што яго можна абвінаваціць у здрадзе, у 45-м — што ў першыя гады вайны не заслугоўваў права кіраваць краінай. Але так і здаецца зноў, што гэтыя словы — “вы не апраўдалі нашых спадзяваньняў, ідзіце прэч” — узьніклі раней, яшчэ да вайны. Магчыма, нават задоўга да вайны, калі ён прадумваў і прыкідваў, як уцягнуцца ў вайну і што з гэтага выйдзе. Чаму? Ды таму, што пасьля гэтых слоў ідуць словы: “Мы паставім іншы ўрад, які заключыць мір з Германіяй і забясьпечыць нам спакой”. Ні ў адзін з момантаў Вялікай Айчыннай вайны ў савецкага народа не магло ўзьнікнуць думкі аб міры з Германіяй. Гэта была вайна на зьнішчэньне, і народ выдатна пра гэта ведаў. Такія войны мірам не канчаюцца.
    А вось першая сусьветная вайна магла скончыцца сэрыяй сэпаратных перамір’яў. Брэсцкі мір быў менавіта такім сэпаратным мірам, заключаным па патрабаваньні народа, які стаміўся ад вайны і сказаў Часоваму ўраду: “Ідзіце прэч, мы паставім іншы ўрад, які заключыць мір з Германіяй і забясьпечыць нам спакой”.
    Такім чынам, вопыт першай сусьветнай вайны паказаў, што стомлены ад вайны народ можа прымусіць урад аддаць уладу. І, думаючы аб будучай вайне, Сталін не мог не ўлічваць гэтага.
    Як жа ахаваць сябе ад магчымай успышкі народнага гневу?
    Многія вучоныя і публіцысты заходзяць у тупік, калі спрабуюць асэнсаваць маштабы сталінскіх рэпрэсій. Дзеля чаго тысячы і тысячы, ды што там тысячы! — мільёны ахвяр? Дзеля зацьвярджэньня ўласнай улады такая колькасьць іх была празьмернай. Асьцярожна выказваецца думка пра псыхічнае нездароўе.
    Усё становіцца на свае месцы, калі зразумець, што ўся дзейнасьць Сталіна была накіравана на дасягненьне яго “вышэйшых” мэт ваеннымі сродкамі.
    Так, для барацьбы за ўладу М. І. Бухарын у 1937 годзе не быў перашкодаю. Але, разважаў Сталін, гэта — у дні міру. А пачнецца вайна, дапушчу я якую-небудзь палітычную ці ваенную памылку, і вакол такіх бухарыных пачнуць групавацца незадаволеныя. Як тады за імі сачыць, калі вораг на парозе? Трэба зьнішчыць іх загадзя...
    І зьнішчаў.
    Не толькі апазыцыю. Зьнішчаў і апазыцыю патэнцыяльную — кожнага, хто меў неасьцярожнасьць выказаць якое-небудзь сумненьне ў велічы і геніяльнасьці правадыра, сумненьне ў правільнасьці таго, што адбываецца. Такія людзі на выпадак вайны былі небясьпечныя. Сталін сам браў удзел у барацьбе з самадзяржаўем, у зьвяржэньні Часовага ўрада і ведаў, якія людзі гэтым займаюцца. Самыя разумныя, палымяныя, ініцыятыўныя, з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці — няхай сабе рабочыя, дваране, сяляне ці папоўскія дзеці. Тыя, каго не задавальняе існуючы парадак.
    Менавіта такія і вынішчаліся... Тыя, што былі па сьветаўспрыманьні паслухмянымі выканаўцамі ці прыкідваліся імі, заставаліся жыць і нават рабілі кар’еру, займаючы месцы зьнішчаных.
    Асобна стаіць пытаньне: чым былі выкліканы рэпрэсіі ў арміі? Сорак тысяч афіцэраў, як сказана ў фільме “Працэс”! Добра, што гэтая лічба паўторана ў “Правде”, інакш падумаў бы, што той, хто назваў яе, абмовіўся. Ды 20 тысяч работнікаў НКУС — гэта ж таксама афіцэры.
    Рыхтавацца да вайны і — абезгалоўліваць армію? Навошта?
    Незаменных няма, гаварыў правадыр, што меў людзей за шрубкі. Значыць, знойдзецца замена і для сарака, для шасьцідзесяці тысяч. Затое зьнікне патэнцыяльна самая небясьпечная праслойка — тая, што валодае зброяй і камандуе людзьмі. Калі сярод яе ўзьнікне незадаволенасьць — пішы прапала. З афіцэрствам трэба зрабіць так, каб у тых, хто прыйдзе на месца зьнішчаных, і ценю думкі не ўзьнікла, што ў іх можа быць нейкае там іншае меркаваньне, чым у правадыра. Безумоўнае, пакорлівае падпарадкаваньне, ніякай палітыкі! Невыпадкова з вышэйшых палітработнікаў не ацалеў ніхто! Палітык, які жыве ў войсках, камандуе імі, — што можа быць больш небясьпечнае для тырана?
    Але адных рэпрэсій здавалася мала. І перад вайной, і ў ходзе яе Сталін працягваў берагчы сябе ад любых выпадковасьцей канцэнтрацыяй улады. Застаючыся на пасадзе генсека, роўна за паўтара месяца да вайны зрабіўся Старшынёй Саўнаркома. З гэтага, дарэчы, моманту яго партыйная пасада генсека перастае ўпамінацца. 30 чэрвеня ствараецца Дзяржаўны Камітэт Абароны з наданьнем яго пяці членам (Сталін, Молатаў, Варашылаў, Малянкоў, Берыя) выключных правоў і паўнамоцтваў. Сталін становіцца Старшынёй ДКА. Пасьля — Вярхоўным Галоўнакамандуючым. Затым — наркомам абароны. Пяць галоўных пасад у дзяржаве! Гэта рабілася не таму, як сьцьвярджае раманіст, што так, маўляў, было зручней кіраваць краінай і войскамі, а для таго, каб побач не стаяў чалавек, надзелены роўнай ці большай уладай над арміяй. Цікава, што гэтая канцэнтрацыя ўлады працягвалася і пасьля вайны. Так, да 1946 года побач з наркаматам абароны існаваў наркамат Ваенна-Марскога Флёту.  У 1946 годзе яны былі аб’яднаны ў адно Міністэрства Узброеных Сіл, і першым міністрам яго стаў Сталін. І не сказаць, што для таго часу было характэрна аб’яднаньне наркаматаў: наадварот, іншыя драбніліся. Нават і пасьля вайны, пакуль былі фізычныя сілы, Сталін не выпускаў армію з рук.
    Не ведаю, маю я рацыю ці не, але новую ўспышку рэпрэсій, пачынаючы з 1949 года, можна, бадай, вытлумачыць падрыхтоўкай да новай ваеннай авантуры. Час быў напружаны. У 1950 годзе, як аб’явіў Сталін, аднаўленьне народнай гаспадаркі закончылася. Значыць, можна было ізноў...
    Вынікі Вялікай Айчыннай вайны, як вядома, Сталін падсумаваў у прамове 9 лютага 1946 года. Якімі ж адкрыцьцямі дзяліўся з народам пра гэтую вайну ён — той, хто скраў славу сапраўдных палкаводцаў, хто быў абвешаны ордэнамі і зоркамі, увенчаны званьнем генэралісімуса, уваскрэшаным спэцыяльна для яго, “найвялікшага стратэга ўсіх часоў і народаў”? Што, на яго думку, прынесла краіне гэта вайна?
    Аказваецца, толькі добрае.
    Страшна чытаць развагі аб “станоўчых баках” вайны. Аказваецца, “вайна была не толькі пракляцьцем”. Яна паказала, які ў нас выдатны грамадзкі лад, які добры ў нас дзяржаўны лад; яна пашырыла межы краіны і ўмацавала іх; наладзіла цудоўную праверку кадрам... Быццам яно і так, і няма з чым спрачацца. Чаму ж яна выклікае пратэст, гэтая “гістарычная” прамова?
    Таму што ў ёй няма ні слова пра пакуты народа.
                                                                                * * *
    Ну, а як раманіст? Ці ведаў ён пра ўсё тое, што тут напісана?
    Несумненна, ведаў.
    Ён не мог не ведаць, таму што тое самае вывучаў куды шырэй і падрабязьней, чым я. Ён жа пісаў не артыкул — раман.
    Ведаў праўду і сьвядома прыхаваў яе. Пісаў няпраўду і баяўся, што колькі б вяровачцы ні віцца — канец будзе. Прыйдзе новы час, прыйдуць новыя людзі і яму не павераць.
    І ён вырашыў у сваім рамане загадзя расквітацца а імі
    “Знойдуцца... такія, — піша ён, — якія дазволяць сабе меркаваць аб падзеях тых дзён без належнага разуменьня іх трагічнасьці, разглядаць іх з пазыцый нейкага філязофска-гістарычнага дальтанізму. А іншыя, сарамліва забыўшыся на колішнюю веру і публічныя сьцьвярджэньні, пачнуць шукаць “маятнік” “новага” часу і нярэдка рыпеньне флюгера на чужым даху прымаць за голас ісьціны. Гэтыя людзі пры пэўных гарантыях бясьпекі для сябе, калі страх за свой дабрабыт не бянтэжыць іх сэрца (Берыю б на іх! — І. Л.), хуткія на першае слова і на сумніцельную справу. Яны старанна пачнуць высякаць сваімі пёрамі іскры з кола гісторыі і выдаваць іх за промні праўды. Гледзячы ў мінулае праз прызму свайго разгарачанага ўяўленьня, яны будуць замешваць ісьціну на хлусьні і на ўласным невуцтве, падносячы плён працы сваёй як азарэньне геніяў, што ўзнаўляюць сапраўдную і ўсеабдымную гісторыю”. Няхай сабе. Да праўды лаянка не ліпне.
    “Літаратура і мастацтва”, 28 кастрычніка, 4 лістапада, 11 лістапада 1988 г.
    Пераклаў з рускай мовы М. Гіль
    /З гісторыяй на “Вы”. Публіцыстычныя артыкулы. Мінск. 1991. С. 169-203./

                                                                         ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстына Ленская,
    Койданава


                                                                  Иван Ласков
                                              /Ленский водник. Якутск. № 2. 1989. С. 4./

    Іван Фоціевіч Стаднюк (Іван Фотійович Стаднюк) – нар. 8 сакавіка 1920 г. у с. Кардышоўка Віньніцкага павету Падольскай губэрні УНР.
    У гады ІІ-й Усясьветнай вайны ваенны журналіст. Удзельнічаў у абарончых баях з 26 чэрвеня да 7 ліпеня 1941 г. каля в. Воўка Бараўскога сельсавету Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці, дзе Вермахтам ў тыл РСЧА былі закінутыя дывэрсанты, пераапранутыя ў чырвонаармейскую форму. Гэты эпізод вайны лёг у аснову кнігі Стаднюка «Чалавек не здаецца» і яго ж сцэнарыя мастацкай стужкі «Чалавек не здаецца» («Беларусьфільм», 1961). Эпізоды баёў на беларускай зямлі ўзнаўляюцца амаль ва ўсіх яго буйных творах. Замысьлены Стаднюком вялікі эпічны раман “Вайна” даведзены толькі да ліпеня 1941 году [«Война» (т. 1, 1971; т. 2, 1974; т. 3, 1980) - Дзяржаўная прэмія СССР, 1983 г.]. У 1993 г. апублікаваў мэмуары “Исповедь сталиниста”.
    Памёр 30 красавіка 1994 у Маскве і пахаваны на Кунцаўскіх могілках.
    Узнагароджаны 5 ордэнамі, мэдалямі. Ганаровы грамадзянін м. Смаленск і в. Баравое Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці (1969).
    Літаратура:
*    Стаднюк Иван Фотиевич. // Валаханович А. И., Кулагин А. Н. Дзержинщина: прошлое и настоящее. Минск. 1986. С. 95.
*    Ласкоў І. Як яна пачыналася. Роздум над раманам аб вайне. // Літаратура і мастацтва. Мінск. 28 кастрычніка (С. 14-15.); 4 лістапада (14-15.); 11 лістапада (С. 14-15.). 1988.
*    Ласков И. Как она начиналась. Размышления над романом И. Стаднюка «Война». // Ленский водник. Якутск. 7 января (С. 4.); 11 января (С. 4.); 14 января (С. 4.); 18 января (С. 4.); 21 января (С. 4.); 25 января (С. 4). 1989.
*    Ласков И. Как она начиналась. (Размышления над романом о войне). // Полярная звезда. Якутск. № 3. 1990. С. 92-107.
*    Ласкоў І. Як яна пачыналася. Роздум над раманам аб вайне. [Пераклаў з рускай мовы М. Гіль.] // З гісторыяй на «Вы». Публіцыстычныя артыкулы. Мінск. 1991. С. 169-203.
*    Стаднюк Іван Фоціевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 15. Мінск. 2002. С. 127.
*    Стаднюк Іван Фоціевіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 623-624.
    Тыкоцьця Баравік,
    Койданава




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz