Кастусь Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) – нар. 22 кастрычніка (3 лістапада) 1882 г. у засьценку Акінчыцы Мінскага павету і губэрні Расійскай імпэрыі, у праваслаўнай сям’і лясьнічага ва ўладаньнях Радзівілаў.
Раньнія дзіцячыя гады прайшлі ў лесьнічоўках недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. У 1898 г. Кастусь паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, якую пасьпяхова скончыў у 1902 г. і настаўнічаў у вёсках Пінскага павету Мінскай губэрні, але за рэвалюцыйную прапаганду ў 1906 г. быў пераведзены у Верхменскую народную вучэльню Ігуменскага павету Мінскай губэрні. У траўні-чэрвені 1907 г. працаваў у газэце “Наша ніва” ў Вільні, быў загадчыкам літаратурнага аддзелу, але на загад паліцыі мусіў пакінуць Вільню. 15 верасьня 1908 г. за ўдзел у настаўніцкім зьезьдзе ды нелегальную працу быў асуджаны на тры гады, якія адбываў ў мінскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у Пінску.
Упершыню творы Я. Коласа, напэўна ж, трапілі ў Якуцкую вобласьць разам з газэтай “Наша ніва” (1906-1916), якую атрымоўвалі выгнанцы з беларускага краю. Дарэчы, яна дасылалася выгнанцу Аляксандру Прушынскаму - паэту Алеся Гаруну. “З 1914 года Гарун быў на Лене вадалівам. даплываў аж да Якуцка. На баржы № 18 рыхтаваў ён да друку свой зборнік “Матчын дар” пасланы ў восень 1914 г. у Вільню”. /Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Вільня. 1920. С. 188./
У час Першай усясьветнай вайны разам зь сям’ёй выехаў у Дзьмітраўскі вуезд Маскоўскай губэрні, настаўнічаў у сяле Старыкава. У верасьні 1915 г. быў мабілізаваны ў войска, у 1916 г. скончыў Аляксандраўскае вучылішча ў Маскве. Служыў у запасным палку ў Пярмі. Летам 1917 г. у чыне падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў адпраўлены ў горад Абаянь на Куршчыне, дзе жыла ягоная жонка зь дзецьмі. У 1917 г. ад БСГ выстаўляўся кандыдатам у дэпутаты Устаноўчага сходу Расеі. Паводле дэкрэту Савецкага ўраду ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік.
На выклік ураду БССР у траўні 1921 г. пераехаў у Менск. Па прыезьдзе працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Народнага камісарыяту асьветы, выкладаў у Менскім беларускім пэдагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасьцю ў Інстытуце беларускае культуры. Ад ўтварэньня 1 студзеня 1929 г. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі быў яе нязьменным віцэ-прэзыдэнтам. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР ад 1934 году. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэсу ў абарону культуры ў Парыжы. У 1930-я гг. савецкая крытыка абвінаваціла яго ў нацыянал-дэмакратызьме, у прапагандзе ідэі бясклясавасьці беларускае нацыі, знаходзіла ў яго творах ідэалізацыю хутарское гаспадаркі ды апяваньне мэсіянскай ролі інтэлігенцыі.
Таксама Якуб Колас у 1936 г., сярод іншых, падпісаў вітаньне былому выгнанцу ў Якуцкай вобласьці Сярго Арджанікідзэ, у сувязі з ягоным 50–годзьдзем.
Пад час Другой усясьветнай вайны жыў у Клязьме пад Масквой, Ташкенце, Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадзкай дзейнасьцю.
10 красавіка 1942 г. газэта “Полярный большевик”, орган Якуцкага палітаддзела Паўночнага марскога шляху, галоўным рэдактарам якой быў Сяргей Чапковіч, ураджэнец Драгічына, зьмясьціла на стар. 2 паведамленьне “Второй Всеславянский митинг в Москве”, якое распаўсюджвалася па каналах ТАСС, дзе апавядалася, што “4 красавіка ў Маскве адбыўся Другі Ўсеславянскі мітынг, скліканы ўсеславянскім камітэтам”, і што на ім прамаўляў таксама “беларускі паэт Якуб Колас”. Дарэчы мітынг трансьліраваўся па радыё.
17 траўня 1942 г. газэта “Полярный большевик”, на стар. 2. надрукавала верш Я. Коласа “На зьвера” ў перакладзе на рускую мову Сяргея Гарадзецкага.
12 траўня 1943 г. газэта “Полярный большевик” таксама зьмясьціла на стар. 2 матэрыял пра “Третий Всеславянский митинг в Москве”, дзе паведамлялася што “9 мая ў Маскве адбыўся Трэці Ўсеславянскі мітынг. У Калённай залі Доблеснай Чырвонай Арміі сабраліся … прадстаўнікі сыноў ды дачок украінскага, беларускага народаў … З прамовай, якія зьвернуты да славянства ўсяго сьвету выступілі … “поэт и общественный деятель Белоруссии Якуб Колас”. Гэты мітынг таксама трансьліраваўся па радыё.
У 1948 г. у Якуцку выйшаў зборніку для дзяцей “Кэпсээннэр, хоһооннор. остуоруйалар”, які склаў і пераклаў “М. М. Захаров”. у якім месца знайшлося і Якубу Коласу – Коза дьиэтэ (Дамок казы).
23 сакавіка 1951 г. у Індляг, які знаходзіўся на тэрыторыі ЯАССР прыбыў Сямён Савельевіч Вуглік, 1922 г. н., былы рабочы к-са імя Якуба Коласа ў в. Плоская Талачынскага р-на Віцебскай вобласьці, які быў асуджаны за здраду Радзіме па арт. 63-1 РСФСР на 25 гадоў з паражэньнем правоў на 5 гадоў.
28 верасьня 1951 года ў газэце “Алданский рабочий” была зьмешчана зацемка “Б. Галанова” “Поэты мира в борьбе за мир” (стар. 2), у якой паведамлялася што ў Маскве “у дзяржаўным выдавецтве мастацкай літаратуры выйшаў зборнік “Поэты мира в борьбе за мир”, дзе “сабраны вершы больш за двухсот паэтаў, якія аб’яднаны высакародным імкненьнем да міру, пякучай нянавісьцю да падпальшчыкаў вайны…” і што ў зборніку прадстаўлены таксама, сярод іншых, вершы і “Якуба Коласа”.
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz