piątek, 25 grudnia 2015

ЎЎЎ 2. Уладзімер Караленка. Якуцкія апавяданьні. Сш. 2. Сон Макара. Аганькі. Койданава. "Кальвіна". 2015.





                                                                       СОН  МАКАРА
                                                                                    I
    Гэты сон сьніў бедны Макар, які загнаў сваіх цялят у далёкія, хмурыя краіны, — той самы Макар, на якога, як вядома, усе шышкі валяцца.
    Яго радзіма — глухая слабодка Чалган — загубілася ў далёкай якуцкай тайзе [* Якуцкая тайга. Тайга — сыбірская назва хваёвага лесу. Былая Якуцкая вобласьць, дзе адбываецца дзея апавяданьня Караленка, увайшла ў 1922 г. у склад. Якуцкай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая знаходзіцца ва Ўсходняй Сыбіры паміж Усходне-Сыбірскім і Далёка-Ўсходнім краямі.].
    Бацькі і дзяды Макара адваявалі ад тайгі кавалак прамёрзлай зямелькі, і, хоць хмуры гушчар усё яшчэ стаяў навакол як варожая сьцяна, яны не тужылі. На расьцяробленым месцы павырасталі агароджы, сталі скірты і стагі, разрасталіся маленькія дымныя юртачкі [* Юрта якутаў — рубленая з бярвеньняў хата з маленькімі вокнамі, з плоскай страхой, пакрытай, каб захаваць цяпло, зямлёй; у часы Караленка ў вокны замест шкла ўстаўляліся ільдзіны.], нарэшце, нібы пераможны сьцяг, на ўзгорку з сярэдзіны пасёлку стрэліла ў неба званіца. Чалган зрабіўся вялікай слабадой.
    Але пакуль бацькі і дзяды Макара ваявалі з тайгой, палілі яе агнём, секлі жалезам, самі яны непрыкметна дзічэлі. Беручы за жонак якутак [* Якуты — народ, які жыве ва Ўсходняй Сыбіры і якога налічваецца 240 тысяч чалавек, за царызмам якуты пагалоўна былі непісьменныя і люта эксплуатаваліся мясцовай буржуазіяй і царскімі чыноўнікамі. Пры савецкай уладзе арганізаваны школы, у якіх выкладаюць на якуцкай мове.], яны пераймалі якуцкую мову і якуцкія звычаі. Характэрныя рысы вялікага рускага племя сьціраліся і зьнікалі.
    Як бы там ні было, усё ж мой Макар цьвёрда памятаў, што ён карэнны чалганскі селянін. Ён тут нарадзіўся, тут жыў, тут жа зьбіраўся і памерці. Ён вельмі ганарыўся сваім станам і часам лаяў іншых “паганымі якутамі”, хоць, праўду кажучы, сам не адрозьніваўся ад якутаў ні звычкамі, ні ладам жыцьця. Па-руску ён гаварыў мала і досыць дрэнна, апранаўся ў зьвярыныя скуры, насіў на нагах “торбасы” [* Торбасы — мяккі футравы абутак, які носяць якуты.], звычайна спажываў адзін праснак з настоем кірпічнага чаю, а ў сьвяточныя дні і ў іншых экстраных выпадках зьядаў іменна столькі таплёнага масла, колькі стаяла перад ім на стале. Ён вельмі ўмела езьдзіў верхам на быках, а калі здаралася хварэць, клікаў  шамана [* Шаман — шаптун або знахар: карыстаючыся некультурнасьцю сыбірскіх народаў, шаманы, зьвязаныя з кулацкімі элемэнтамі, эксплуатавалі сыбірскіх сялян.], які, шалеючы, з скрыгатам  кідаўся на яго, стараючыся напалохаць і выгнаць з Макара засеўшую ў ім хваробу.
    Працаваў ён страшэнна многа, жыў бедна, цярпеў голад і холад. Ці былі ў яго хоць якія думкі, апрача безупынных клопатаў аб праснаку і чаі?
    Так, былі.
    Калі ён бываў п’яны, ён плакаў. “Якое наша жыцьцё, — гаварыў ён, — божачка мілы!” Апрача таго, ён гаварыў часам, што хацеў бы ўсё кінуць і пайсьці на “гару”. Там ён не будзе ні араць, ні сеяць, не будзе сячы і вазіць дровы, нават не будзе малоць збожжа на ручных жорнах. Ён толькі будзе выратоўвацца. Якая гэта гара, дзе яна, ён дакладна не ведаў; ведаў толькі, што гара гэта ёсьць, па-першае, а па-другое, што яна дзесьці далёка,—так далёка, што там яго не знойдзе нават сам тайон — спраўнік [* Тайон — спраўнік. Тайон па-якуцку — пан, гаспадар. Спраўнік — пры царызьме начальнік павятовай паліцыі.]... Падаткаў плаціць, вядома, ён таксама не будзе.
   Цьвярозы ён адкідаў гэтыя думкі, магчыма, разумеючы, што знайсьці такую цудоўную гару нельга, але п’яны ён быў больш адважны. Ён дапускаў, што можа не знайсьці сапраўднай гары і папасьці на іншую. “Тады прападаць буду”, — гаварыў ён, але ўсё ж зьбіраўся; калі ж гэтага намеру ён не зьдзейсьніў, дык, мабыць, таму, што пасяленцы-татары прадавалі яму заўсёды брыдкую гарэлку, настоеную для моцнасьці на махорцы, ад якой ён хутка траціў сілы і захворваў.
                                                                                  II
    Справа была напярэдадні калядаў, і Макару было вядома, што заўтра вялікае сьвята. З гэтага выпадку яму вельмі хацелася выпіць, але выпіць не было за што: хлеб канчаўся, Макар ужо запазычыў у мясцовых купцоў і татараў. Але ж заўтра вялікае сьвята, працаваць нельга, — што ж ён будзе рабіць, калі не нап’ецца? Гэтая думка рабіла яго няшчасным. Якое ў яго жыцьцё! Нават у вялікае зімняе сьвята ён не вып’е адной бутэлькі гарэлкі!
    Яму ў галаву прыйшла шчасьлівая думка. Ён устаў і надзеў сваю падраную сону (футру). Яго жонка, здаровая, жылістая, вельмі дужая і настолькі ж непрыгожая жанчына, якая ведала ўсе яго няхітрыя думкі, і на гэты раз адгадала яго намеры.
    — Куды, чорт? Зноў адзін гарэлку піць будзеш?
    — Маўчы! Куплю адну бутэльку. Заўтра разам вып’ем.
    Ён пляснуў яе па плячы да таго моцна, што яна пахіснулася, і хітра падміргнуў. Такое ўжо жаночае сэрца: яна ведала, што Макар абавязкова яе ашукае, але паддалася чарам мужніных пяшчотаў.
    Ён выйшаў, злавіў у аласе [* Алас — загон для жывёлы.] старага лысаньку [* Лысанька — конь з белай лысінай на ілбу.], прывёў яго за грыву да саней і пачаў запрагаць. Хутка лысанька паімчаў свайго гаспадара за вароты. Тут ён спыніўся і, павярнуўшы галаву, пытальна паглядзеў на задуменнага Макара. Тады Макар таргануў левай лейцай і накіраваў каня на край слабады.
    На самым краю слабады стаяла невялікая юрта. З яе, як і з іншых юрт, падымаўся высока, высока дым камялька, засьцілаючы белай, хвалістай масай халодныя зоры і яркі месяц. Агонь весела шугаў, адсьвечваючы праз цьмяныя ільдзіны. На дварэ было ціха.
    Тут жылі чужыя, далёкія людзі [* Чужыя далёкія людзі — Караленка разумее тут палітычных высланых, якіх царскі ўрад выслаў у глухі Якуцкі край.]. Як трапілі яны сюды, якая нягода іх кінула ў далёкія нетры, Макар не ведаў і не цікавіўся, але ён любіў мець з імі справу, таму што яны яго не прыціскалі і не вельмі стаялі за плату.
    Увайшоўшы ў юрту, Макар зараз жа падышоў да камялька і працягнуў да агню свае зьмерзлыя рукі.
    — Ча! — прамовіў ён, выказваючы гэтым сваё адчуваньне холаду.
    Чужыя людзі былі дома. На стале гарэла сьвечка, хоць яны нічога не рабілі. Адзін ляжаў на пасьцелі і, пускаючы дым кольцамі, задуменна сачыў за яго завіткамі, мабыць, зьвязваючы з імі доўгія ніткі ўласных думак. Другі сядзеў насупраць камялька і таксама ўдумліва глядзеў, як прабягаў агонь па абгарэўшаму дрэву.
    — Здарова, — сказаў Макар, каб парушыць непрыемную для яго цішыню.
    Зразумела, ён не ведаў, якое гора сашчаміла сэрцы чужых людзей, якія ўспаміны варушыліся ў іх галовах у гэты вечар, якія вобразы здаваліся ім у фантастычным зіхаценьні агню і дыму. Ды у яго былі і свае клопаты.
    Юнак, які сядзеў ля камялька, падняў галаву і паглядзеў на Макара невыразным позіркам, нібы не пазнаючы яго. Пасьля ён страсянуў галавой і шпарка ўстаў з крэсла.
    — А, здарова, здарова, Макар! Вось і добра. Нап’есься з намі чаю.
    Макару гэта прапанова спадабалася.
    — Чаю? — пераспытаў ён. — Гэта добра!.. Вось, брат, добра... Вельмі добра!
    Ён пачаў спрытна распранацца. Скінуўшы футру і шапку, ён адчуў сябе вальней, а ўбачыўшы, што ў самавары запалала ўжо гарачае вугальле, чульліва праказаў да хлапца: “Я вас люблю, праўда!.. Так люблю, так люблю... Ночы не сплю...”
    Чужы чалавек павярнуўся, і на твары яго паявілася прыкрая ўсьмешка.
    — А, любіш? — сказаў ён. — Чаго ж табе трэба?
    Макар замяшаўся.
    — Справа ёсьць, — адказаў ён. — Ды ты як здагадаўся?.. Добра. Нап’юся чаю, скажу.
    З тае прычыны, што гаспадары самі прапанавалі Макару чаю, дык ён палічыў, што будзе дарэчы пайсьці далей.
    — Можа смажаніна ёсьць? Я люблю, — сказаў ён.
    — Няма.
    — Ну, нічога, — сказаў Макар заспакойлівым тонам, — другім разам зьем... Правільна? — перапытаў ён, — другім разам?
    — Добра.
    Цяпер Макар лічыў, што чужыя людзі вінаваты яму кавалак смажанага мяса, а ў яго такія даўгі ніколі не прападалі.
    Праз гадзіну ён зноў сеў у свае сані. Ён раздабыў цэлы рубель, прадаўшы наперад пяць вазоў дроў на сходных параўнальна ўмовах. Праўда, ён кляўся і бажыўся, што не прап’е гэтых грошай сёньня, а сам намерваўся зрабіць гэта зараз жа. Але што там такое! Блізкасьць асалоды заглушала дакоры сумленьня. Ён нават не думаў аб тым, што яго п’янага люта пакарае падманутая верная жонка.
    — Куды ж ты, Макар, — крыкнуў, сьмеючыся, чужы чалавек, бачачы, што Макараў конь, замест таго, каб ехаць проста, павярнуў налева, у бок татараў.
    — Тпру-у!.. Тпру-у!.. Бачыш, які пракляты конь... куды едзе! — апраўдваўся Макар, усё-такі моцна нацягваючы левую лейцу і непрыкметна пасьцёбваючы лысаньку правай.
    Разумны конік, дакорліва памятаючы хвастох, ціха паклыпаў у патрэбным кірунку, і неўзабаве рыпеньне Макаравых палазоў заціхла ля татарскіх варот.
                                                                               III
    Ля татарскіх варот стаялі прывязаныя некалькі коней з высокімі якуцкімі сёдламі.
    У цеснай хаце было душна. Рэзкі дым махоркі стаяў цэлай хмарай, якую павольна выцягвала прадуха камялька. За сталом і на лавах сядзелі прыежджыя якуты; на сталах стаялі кубкі з гарэлкай; сям-там кучкамі прымасьціліся групкі гуляючыя ў карты. Твары былі потныя і чырвоныя. Вочы гуляючых дзіка сачылі за картамі. Грошы вымалі і зараз жа хавалі ў кішэні. У кутку, на саломе, п’яны якут пагойдваўся, седзячы, і цягнуў бясконцую песьню. Ён выводзіў горлам дзікія, рыплівыя гукі, паўтараючы на розныя лады, што заўтра вялікае сьвята, а сёньня ён п’яны.
    Макар аддаў грошы, і яму далі бутэльку. Ён сунуў яе запазуху і непрыкметна для іншых адышоў у цёмны кут. Там ён наліваў кубак за кубкам і цягнуў адзін за адным. Гарэлка была горкая, разбаўленая, з прычыны сьвята, вадой больш, чым на тры чвэрці. Затое махоркі, відаць, не шкадавалі. У Макара кожны раз на хвіліну перацінала дух, і ў вачах хадзілі нейкія барвовыя кругі.
    Хутка ён ап’янеў. Ён таксама сеў на салому і, абхапіўшы рукамі калены, паклаў.на іх ацяжэўшую галаву. З яго горла самі па сабе паліліся тыя ж бязглуздыя рыплівыя гукі. Ён сьпяваў, што заўтра сьвята і што ён выпіў пяць вазоў дроў.
    Тым часам у хаце рабілася ўсё цясьней і цясьней. Уваходзілі новыя наведвальнікі, якуты, што прыехалі маліцца і піць татарскую гарэлку. Гаспадар убачыў, што хутка няхопіць для ўсіх месца. Ён устаў з-за стала і агледзеў усіх прысутных. Позірк яго не абмінуў і цёмнага кутка і ўбачыў там якута і Макара.
    Ён падышоў да якута і, узяўшы яго за каўнер, выкінуў з хаты. Потым падышоў да Макара. З ім, як з тутэйшым жыхарам, татарын абышоўся больш далікатна: адчыніўшы шырока дзьверы, ён так пнуў нагой небараку, што Макар вылецеў з хаты і носам проста трапіў у гурбу сьнегу.
    Цяжка сказаць, ці быў абражаны ён такім абыходжаньнем. Ён адчуваў, што ў руках у яго сьнег, сьнег на твары. Сяк-так выбраўшыся з сьнегу, ён паклыпаў да свайго лысанькі.
    Месяц падняўся ўжо высока. Вялікая мядзьведзіца стала апускаць хвост да нізу. Мароз мацнеў. Часам на поўначы з-за цёмнага паўкруглага воблака ўзьнімаліся, слаба адсьвечваючы, вогненыя слупы паўночнага зьзяньня [* Паўночнае зьзяньне — яркае электрычнае сьвячэньне высокіх пластоў паветра. На крайняй поўначы бывае ў выглядзе праменьняў, палос або дуг.], якое толькі-толькі пачыналася.
    Лысанька, мабыць, разумеючы стан свайго гаспадара, асьцярожна і разумна падыбаў да дому. Макар сядзеў на санях, пагойдваючыся, і сьпяваў сваю песьню. Ён сьпяваў, што выпіў пяць вазоў дроў і што старая будзе яго біць. Гукі, якія вырываліся з яго горла, рыпелі і стагналі ў вячэрнім паветры да таго сумна і жаласьліва, што ў чужога чалавека, які ў гэты час узабраўся на юрту, каб зачыніць прадуху камялька, ад Макаравай песьні стала яшчэ цяжэй на сэрцы. Тым часам лысанька выцяг сані на ўзгорак, адкуль відаць было ваколіцы. Сьнег ярка блішчэў, заліты сьвятлом месяца. Часам сьвятло месяца нібы гасла, сьнег цямнеў, і зараз жа на ім зіхацеў водбліск паўночнага зьзяньня. Тады здавалася, што сьнежныя ўзгоркі і тайга на іх то набліжаліся, то зноў аддаляліся.
    Макар выразна бачыў ля самай тайгі лысіну Ямалахскага ўзгорка, за якім у тайзе ў яго былі пастаўлены пасткі на рознага ляснога зьвера і птушак.
    Гэта зьмяніла напрамак яго думак. Ён засьпяваў, што ў пастку яго папалася лісіца. Ён прадасьць заўтра скуру, і старая не будзе яго біць.
    У марозным паветры прагучэў першы звон, калі Макар увайшоў у хату. Ён адразу ж паведаміў старой, што ў іхную плашку [* Плашка—пастка на дробнага зьвера: вавёрку, лісіцу, собаля.] папала лісіца. Ён зусім забыў, што старая не піла разам з ім гарэлкі, і быў вельмі зьдзіўлены, калі, не гледзячы на радасную вестку, яна раптам моцна выцяла яго нагой ніжэй сьпіны. Потым, пакуль ён паваліўся на пасьцель, яна яшчэ пасьпела штурхануць яго кулаком у шыю.
    Над Чалганам, тым часам, зьвінеў, разьлягаючыся далёка, далёка, урачысты сьвяточны звон...
                                                                              IV
    Ён ляжаў на пасьцелі. Галава ў яго гарэла. У сярэдзіне пякло, як агнём. Па жылах разьлівалася моцная сумесь гарэлкі і табачнага настою. Па твары цяклі халодныя струменьчыкі талага сьнегу; такія ж струменьчыкі сьцякалі і па сьпіне.
    Старая думала, што ён сьпіць. Але ён яшчэ не спаў. З галавы ў яго не выходзіла лісіца. Ён пасьпеў пераканацца, што яна папала ў пастку; ён нават ведаў, у якую іменна. Ён яе бачыў, — бачыў, як яна, зашчэмленая цяжкай плашкай, капае сьнег кіпцюрамі і стараецца вырвацца. Праменьні месяца, прабіваючыся праз гушчар, адсьвечвалі на залатой поўсьці. Вочы зьвера блішчэлі яму насустрач. Ён не вытрымаў і, устаўшы з пасьцелі, пайшоў да свайго вернага лысанькі, каб ехаць у тайгу.
    Што гэта? Няўжо моцныя рукі старой схапілі за каўнер яго соны, і зноў яго кінулі на пасьцель.
    Не, вось ён ужо за слабадой. Палазы мерна парыпваюць па зьляжаламу сьнегу. Чалган застаўся ззаду. Ззаду чуецца ўрачысты гуд царкоўнага звону, а над цёмнай рысай гарызонту, на сьветлым небе мільгаюць чорнымі сылюэтамі [* Сылюэт —скрозь аднаколернае (часьцей за ўсе чорнае) адлюстраваньне прадмета, падобнае да ценю.] чароды якуцкіх коньнікаў, у высокіх востраканечных шапках. Якуты сьпяшаюцца ў царкву.
    Тым часам месяц апусьціўся, а ўверсе, у самым зэніце [* Зэніт—найвышэйшы пункт неба над галавой назіральніка.], стала белаватае воблачка і зазьзяла пералівістым фасфарычным бляскам [* Фасфарычны бляск. Фосфар—рэчыва, якое ўваходзіць у састаў угнаеньняў палёў, ужываецца ў запалкавай вытворчасьці і на іншыя прамысловыя мэты; сьвеціцца ў цемры, як напрыклад, ў гнілым дрэве.]. Пасьля яно нібы разарвалася, расьцягнулася, пырснула, і ад яго хутка разышліся ў розныя бакі палосы разнаколерных агнёў, у той час, як паўкруглае цёмнае воблачка на поўначы яшчэ больш пацямнела. Яно стала чорнае, чарней за тайгу, да якой набліжаўся Макар.
    Дарога пралягала ў дробным густым парасьніку. З правага і левага боку ўзвышаліся ўзгоркі. Чым далей, тым вышэй былі дрэвы. Тайга гусьцела. Яна стаяла маўклівая і поўная таямнічасьці. Голыя дрэвы лістоўніц былі пакрыты срэбранай намаразьзю. Мяккае сьвятло сполаху [* Сполах — паўночнае зьзяньне.] прабівалася праз іх вяршыні і хадзіла па тайзе, адкрываючы дзе-нідзе то сьнегавую паляну, то ляжачыя трупы пабітых лясных волатаў, засыпаных сьнегам... Імгненьне—і ўсё зноў танула ў цемры, поўнай маўклівасьці і таямнічасьці.
    Макар спыніўся. У гэтым месцы, амаль ля самай дарогі, пачыналася цэлая сыстэма пастак. Пры фасфарычным сьвятле яму выразна было відаць невысокая агароджа з ламачча; ён нават бачыў першую плаху — тры цяжкія доўгія бервяны, якія абапіраліся на стаяўшы старчма кол і якіх падтрымлівала досыць хітрая сыстэма рычагоў з валасянымі вяровачкамі.
    Праўда, гэта былі чужыя пасткі; але ж лісіца магла трапіць і ў чужыя. Макар таропка саскочыў з саней, спыніў разумнага лысаньку на дарозе і чутка прыслухаўся.
    У тайзе — ні гуку. Толькі з далёкай, нябачнай цяпер слабады чутны быў, як і раней, урачысты звон.
    Можна было не баяцца. Гаспадар пастак Алёшка чалганец, сусед і самы люты вораг Макара, напэўна, быў цяпер у царкве. Не было відаць ніводнага сьледу на роўнай паверхні нядаўна выпаўшага сьнегу.
    Ён пусьціўся ў гушчар, — нічога. Пад нагамі скрыпіць сьнег. Плахі стаяць радамі, быццам рады гармат з адкрытымі жароламі, у маўклівым чаканьні.
    Ён прайшоў узад і ўперад, — дарэмна. Ён накіраваўся зноў да дарогі.
    Але, што гэта? Лёгкі шолах... У тайзе мільганула чырванаватая поўсьць, на гэты раз у асьветленым месцы, зусім блізка!.. Макар выразна бачыў вострыя вушы лісіцы; яе пушысты хвост віхляўся з боку ў бок, нібы заманьваючы Макара ў гушчар. Яна зьнікла між стваламі дрэў, у напрамку да Макаравых пастак, і хутка па лесе разьлёгся глухі, але моцны ўдар. Ён прагучэў спачатку адрывіста, глуха, пасьля нібыта адгукнуўся водгаласам пад пакровам тайгі і ціха замёр у далёкім яры.
    Сэрца Макара забілася. Гэта ўпала плаха.
    Ён пабег, прабіраючыся праз гушчар. Халоднае гальлё біла яго па вачах, сыпала ў твар сьнегам. Ён спатыкаўся, у яго перацінала дух.
    Вось ён выбег на прасеку, якую калісьці сам прарубіў. Дрэвы, белыя ад намаразі, стаялі з абодвух бакоў, а ўнізе, звужваючыся, ішла сьцежка, і ў канцы яе насьцеражылася жорала вялікай плахі... Недалёка.
    Але вось, на сьцежцы, каля плахі, мільганула фігура, — мільганула і схавалася. Макар пазнаў чалганца Алёшку: ён выразна бачыў яго невялікую, прысадзістую фігуру, сагнутую ўперад, з хадой мядзьведзя. Макару здавалася, што цёмны твар Алешкі стаў яшчэ цямнейшы, а вялікія зубы ашчэрыліся больш, чым звычайна.
    Макар быў абураны ўсім сэрцам. “Вось падлюга!.. Ён ходзіць па маіх пастках”. Праўда, Макар і сам толькі-толькі, хадзіў па плахах Алёшкі, але тут была розьніца... Розьніца была іменна ў тым, што калі ён сам хадзіў па чужых пастках, ён баяўся, што яго застануць; калі ж па яго плахах хадзіў хто другі, ён быў абураны і хацеў сам злавіць парушальніка яго правоў.
    Ён кінуўся бегчы наперарэз да паваленай плахі. Там была лісіца. Алёшка сваёй развалістай, мядзьведжай хадой ішоў туды ж. Трэба было пасьпець раней за яго.
    Вось і ляжачая плаха. Пад ёй чырванее поўсьць прыціснутага зьвера. Лісіца капала сьнег кіпцюрамі іменна так, як ён сабе ўяўляў раней, і гэтак жа глядзела яму насустрач сваімі вострымі, палаючымі вачыма.
    — Тытымá (не чапай)!.. Гэта маё! — крыкнуў Макар Алёшку.
    — Тытымá! — адгукнуўся, як рэха, голас Алёшкі. — Маё!
    Яны абодва падбеглі ў адзін час і таропка, навыперадкі, пачалі падымаць плаху, вызваляючы з пад яе зьвера. Калі плаха была прыпаднята, лісіца паднялася таксама. Яна скокнула, пасьля спынілася, паглядзела на абодвух чалганцаў нейкім насьмешлівым позіркам, пасьля, павярнуўшы морду, лізнула прышчэмленае бервяном месца і весела пабегла ўперад, ветліва круцячы хвастом.
    Алёшка кінуўся быў бегчы за ёю, але Макар схапіў яго ззаду за палу соны.
    — Тытымá! — крыкнуў ён. — Гэта маё! — і сам пабег сьледам за лісіцай.
    — Тытымá! — зноў, як рэха, адгукнуўся голас Алёшкі, і Макар адчуў, што той схапіў яго таксама за сону і ў адну сэкунду зноў выбег наперад.
    Макар раззлаваўся. Ён забыў пра лісіцу і пабег за Алешкам.
    Яны беглі ўсё хутчэй. Галінка ліствені скінула шапку з галавы Алёшкі, але таму не было часу яе падымаць: Макар ужо даганяў яго з шалёным крыкам. Але Алёшка заўсёды быў хітрэйшы, чым бедны Макар. Ён раптам спыніўся, павярнуўся і нагнуў галаву. Макар ударыўся аб яе жыватом і паляцеў у сьнег. Пакуль ён падаў, пракляты Алёшка схапіў з галавы Макара шапку і схаваўся ў тайзе
    Макар павольна падняўся. Ён адчуваў сябе канчаткова пабітым і няшчасным. Маральна ён адчуваў сябе вельмі дрэнна. Лісіца была ў руках, а цяпер... Яму здавалася, што ў пацямнеўшым гушчары яна насьмешліва крутнула яшчэ раз хвастом і канчаткова зьнікла.
    Сьцямнела. Белаватае воблачка ледзь-ледзь віднелася ў зэніце. Яно нібы ціха раставала, і ад яго, неяк стомлена і млява, ліліся яшчэ заміраўшыя праменьні зьзяньня.
    Па разгарэўшаму целу Макара беглі цэлыя струмені растаўшага сьнегу. Сьнег папаў яму ў рукавы, за каўнер соны, сьцякаў па сьпіне, ліўся за торбасы. Пракляты Алёшка забраў з сабой яго шапку, Рукавіцы ён згубіў недзе бегучы. Справы былі дрэнныя. Макар ведаў, што сыбірны мароз не жартуе з людзьмі, якія ідуць у тайгу без рукавіц і шапкі.
    Ён ішоў ужо доўга. Па яго разьліках, ён ужо даўно павінен быў выйсьці з Ямалаха і ўбачыць званіцу, але ён усё кружыў па тайзе. Гушчар, як зачараваны, трымаў яго ў сваіх абдымках. Здалёк даносіўся ўсё той жа ўрачысты звон. Макару здавалася, што ён ідзе на яго, але звон усё аддаляўся, і, па меры таго як яго пералівы даносіліся ўсё цішэй і цішэй, сэрца Макара сьціскала тужлівая роспач.
    Ён змарыўся. У яго быў прыгнечаны настрой. Ногі падкошваліся. Яго пабітае цела ныла тупым болем. Цяжка было дыхаць. Рукі і ногі замярзалі. Голую галаву нібы скоўвалі раскалёныя абручы.
    “Прападаць буду, аднак!” — усё часьцей і часьцей мільгала думка ў яго галаве. Але ён усё ішоў.
    Тайга маўчала. Яна толькі змыкалася за ім з нейкай варожай упартасьцю і нідзе не давала ні пробліску, ні надзеі.
    “Прападаць буду, аднак!” — усё думаў Макар.
    Ён зусім страціў сілы. Цяпер маладыя дрэвы проста, не саромячыся, білі яго па твары, зьдзекваліся з яго безвыходнага становішча. У адным месцы на прагаліну выбег белы ушкáн (заяц), сеў на заднія лапкі, крануў доўгімі вушамі з чорнымі плямкамі на канцах і пачаў мыцца, перакрыўляючы на розныя лады Макара. Ён даваў гэтым Макару зразумець, што ён яго добра ведае, — ведае, што ён той самы Макар, які настаўляў у тайзе хітрых машын на яго, зайца, пагібель. Але цяпер ён з яго зьдзекваўся.
    Макару зрабілася прыкра. Тым часам тайга ўсё ажыўлялася, але ажыўлялася варожа. Цяпер нават далёкія дрэвы працягвалі доўгія галіны да яго сьцежкі і хапалі яго за валасы, білі па вачах, па твары. Цецерукі выходзілі з патаемных логаваў і ўстаўлялі ў яго цікаўныя круглыя вочы, а касачы бегалі паміж імі з распушчанымі хвастамі і злосна адтапыранымі крыламі і голасна расказвалі самкам пра яго, Макара, і пра яго хітрыя ўчынкі. Нарэшце ў далёкім гушчарніку замільгалі тысячы лісіных мордаў. Яны ўцягвалі ў сябе паветра і насьмешліва глядзелі на Макара, кратаючы вострымі вушамі. А зайцы станавіліся перад імі на заднія лапкі і рагаталі, гаворачы, што Макар заблудзіўся і не выйдзе з тайгі.
    Гэта было ўжо занадта.
    “Прападаць буду!” — падумаў Макар і вырашыў гэта зрабіць безадкладна.
    Ён лёг у сьнег.
    Мароз мацнеў. Апошнія пералівы зьзяньня квола мігцелі і цягнуліся па небе, зазіраючы да Макара праз верхавіну тайгі. Апошнія водгаласы звону даносіліся з далёкага Чалгана.
    Зьзяньне шуганула яшчэ раз і згасла. Звон сьціх.
    I Макар памёр.
                                                                                 V
    Як гэта здарылася, ён не заўважыў. Ён ведаў, што з яго павінна нешта выйсьці, і чакаў, што вось-вось яно выйдзе... Але нічога не выходзіла.
    Між тым, ён адчуваў, што ўжо памёр, і таму ляжаў спакойна, не рухаючыся. Ляжаў ён доўга, — да таго доўга, што яму надакучыла.
    Было зусім цёмна, калі Макар адчуў, што яго нехта штурхануў нагой. Ён павярнуў галаву і расплюшчыў вочы.
    Цяпер лістоўніцы стаялі над ім пакорныя, ціхія, нібы саромячыся ранейшых свавольных учынкаў. Кашлатыя елкі выцягвалі свае шырокія, пакрытыя сьнегам, лапы і ціха-ціха гойдаліся. У паветры гэтак жа ціха апускаліся бліскучыя сьняжынкі.
    Яркія, добрыя зоркі заглядвалі з сіняга неба праз густыя галіны і як быццам гаварылі: “Вось, бачыце, бедны чалавек памёр”.
    Над самым целам Макара, штурхаючы яго нагою, стаяў стары попік Іван. Яго доўгая раса была пакрыта сьнегам: сьнег быў і на футравым бергесе (шапцы), на плячах, у доўгай барадзе папа Івана. Больш за ўсё было дзіўным тое, што гэта быў той самы попік Іван, які памёр гады з чатыры таму назад.
    Гэта быў добры попік. Ён ніколі не прыціскаў Макара наконт ругі [* Руга — плата за выкананьне царкоўных абрадаў.], ніколі не патрабаваў нават грошай за царкоўныя трэбы. Макар сам вызначаў яму плату за хрэзьбіны і малебны і цяпер з сорамам успомніў, што іншы раз плаціў малавата, а часам і зусім не плаціў. Поп Іван і не крыўдзіўся; яму патрэбна было адно: кожны раз трэба было паставіць бутэльку гарэлкі. Калі ў Макара не было грошай, поп Іван сам пасылаў па бутэльку, і яны пілі разам. Попік напіваўся заўсёды, як сьцелька, але біўся ён пьяны вельмі рэдка і не вельмі моцна. Бездапаможнага і безабароннага, Макар дастаўляў яго дахаты пад апеку матушкі-пападзьдзі.
    Так, гэта быў добры попік, але памёр ён нядобрай сьмерцю. Аднаго разу, калі ўсе павыходзілі з дому і п’яны попік астаўся адзін ляжаць на ложку, яму надумалася пакурыць. Ён устаў і, хістаючыся, падышоў да агромністага, горача напаленага камялька, каб прыкурыць ля агню люльку. Ён быў вельмі ўжо п’яны, пахіснуўся і паваліўся ў агонь. Калі прышлі хатнія, ад папа асталіся толькі ногі.
    Усе шкадавалі добрага папа Івана, але таму, што ад яго засталіся адны толькі ногі, вылечыць яго не мог ні адзін доктар у сьвеце. Ногі пахавалі, а на месца папа Івана прызначылі другога.
    Цяпер гэты попік, цэлы і не пашкоджаны, стаяў над Макарам і штурхаў яго нагой.
    — Уставай, Макарка, — гаварыў ён. — Пойдзем.
    — Куды я пайду? — запытаў нездаволены Макар.
   Ён думаў, што калі ён “прапаў”, яго абавязак — ляжаць спакойна і яму няма патрэбы хадзіць зноў па тайзе, блукаючы без дарогі. Інакш навошта было прападаць?
    — Пойдзем да вялікага тайона [* Вялікі тайон — “вялікі начальнік”, бог. Папы запалохвалі цёмны народ пагрозай божага суду пасьля сьмерці.].
    — Чаго я пайду да яго? — спытаў Макар.
    — Ён будзе цябе судзіць, — сказаў попік тужлівым і крыху расчуленым голасам.
    Макар успомніў, што сапраўды пасьля сьмерці трэба ісьці кудысьці на суд. Ён пра гэта чуў калісьці ў царкве. Значыць, попік казаў праўду. Прыходзілася падняцца.
    I Макар падняўся, буркаючы сабе пад нос, што нават пасьля сьмерці не даюць чалавеку спакою.
    Попік ішоў паперадзе, Макар за ім. Ішлі яны ўсё напрасьцяк. Лістоўніцы пакорна адсоўваліся, даючы дарогу. Ішлі яны на ўсход.
    Макар са зьдзіўленьнем заўважыў, што за папом Іванам няма сьлядоў на сьнягу.. Глянуўшы сабе пад ногі, ён таксама не ўбачыў сьлядоў: сьнег быў чысты і гладкі, як абрус.
    Ён падумаў, што цяпер яму вельмі зручна хадзіць па чужых пастках, таму што ніхто пра гэта не дазнаецца; але попік, адгадаўшы, як відаць, яго патаемную думку, павярнуўся да яго і сказаў:
    — Кабысь (кінь)! Ты не ведаеш, што табе будзе за кожную такую думку.
    — Ну-ну! — адказаў нездаволены Макар. — Нельга ўжо і падумаць! Чаго ты сёньня зрабіўся такі строгі? Маўчы лепш!..
    Попік паківаў галавой і пайшоў далей.
    — Далёка ісьці? — спытаў Макар.
    — Далёка, — адказаў попік засмучана.
    — А што будзем есьці? — зноў спытаў Макар з непакоеньнем.
    — Ты забыўся, — адказаў попік, павярнуўшыся да яго — што ты памёр і што табе цяпер не трэба ні есьці, ні піць.
    Макару гэта не вельмі спадабалася. Вядома, гэта добра ў тым выпадку, калі няма чаго есьці, але тады ўжо трэба было б ляжаць так, як ён ляжаў зараз жа пасьля сьмерці. А ісьці, ды ісьці яшчэ далёка, і не есьці нічога, гэта здавалася яму недарэчным. Ён зноў забурчэў.
    — Не наракай, — сказаў попік.
    — Добра, — адказаў Макар пакрыўджаным тонам, але сам не кідаў скардзіцца паціху і бурчэць на дрэнныя парадкі: “Чалавека прымушаюць хадзіць, а есьці яму не трэба! Дзе гэта хто чуў?”
    Ён быў увесь час нездаволены, ідучы за папом. А ішлі яны, як відаць, доўга. Праўда, Макар не бачыў яшчэ сьвітаньня, але, мяркуючы па адлегласьці, яму здавалася, што яны ішлі ўжо цэлы тыдзень: так многа яны прамінулі цясьнін і сопак [* Сопка — востраканечная гара (заўвага Караленка).], рэк і азёр, так многа прайшлі яны лясоў і раўнін. Калі Макар аглядваўся, яму здавалася, што цёмная тайга сама ўцякае ад іх назад, а высокія сьнегавыя горы нібы расплываліся ў змроку ночы і хутка хаваліся за гарызонтам. Яны нібы ўзьнімаліся усё вышэй. Зоры рабіліся ўсё большымі і ярчэйшымі. Потым з-за хрыбта ўзвышша, на якое яны ўзышлі, паказаўся крайчык даўно зайшоўшага месяца. Ён нібы сьпяшаўся ўцячы, але Макар з попікам яго даганялі. Нарэшце месяц зноў пачаў узыходзіць над гарызонтам. Яны пайшлі па роўнай, вельмі прыўзьнятай мясцовасьці.
    Цяпер стала сьветла, —значна сьвятлей, чым у пачатку ночы. Гэта было, вядома, таму, што яны былі значна бліжэй да зорак. Зоры, кожная велічынёй з яблык, так і блішчэлі, а месяц, нібы дно вялікага залатога кубка, зьзяў, як сонца, асьвятляючы роўнядзь ад краю да краю. На роўнядзі зусім выразна была відаць кожная сьняжынка. На ёй вілося многа дарог, і ўсе яны зыходзіліся да аднаго месца на ўсходзе. Па дарогах: ішлі і ехалі людзі ў розным адзеньні і розныя з выгляду.
    Раптам Макар, які ўважліва ўглядаўся ў аднаго коньніка, зышоў з дарогі і пабег за ім.
    — Пачакай, пачакай! — гукаў попік, але Макар нават не чуў. Ён пазнаў знаёмага татарына, які шэсьць год таму назад украў у яго буланага каня, і пяць год таму назад памёр. Цяпер татарын ехаў на тым жа буланым кані. Конь так і дыбіўся. З-пад капытоў яго ляцелі цэлыя гурбы сьнежнага пылу, пераліваючыся разнаколерным бляскам зорных праменьняў. Макар зьдзівіўся бачачы гэтую шалёную язду, як мог ён, пешы, так лёгка дагнаць коннага татарына. Аднак, заўважыўшы Макара за некалькі крокаў, татарын вельмі ахвотна спыніўся. Макар са злосьцю накінуўся на яго.
    — Пойдзем да старасты, — крычаў ён. — Гэта мой конь. Правае вуха ў яго разрэзанае... Глядзі, які спрытны!.. Едзе на чужым кані, а гаспадар ідзе пехатою, як жабрак.
    — Пачакай! — адказаў на гэта татарын. —Не трэба да старасты. Твой конь, кажаш?.. Ну, і бяры яго! Праклятая жывёліна! Пяты год еду на ёй і ўсё нібы з месца не зрушыўся... Пешыя людзі ўвесь час абганяюць мяне; добраму татарыну нават сорамна.
    І ён перакінуў нагу, каб зьлезьці з сядла, але якраз задыханы попік падбег да іх і схапіў Макара за руку.
    — Няшчасны! — закрычаў ён: — што ты робіш? Хіба ты не бачыш, што татарын хоча цябе ашукаць?
    — Вядома, ашуквае, — ускіпеў Макар, размахваючы рукамі: — конь быў добры, сапраўдны гаспадарскі конь... Мне давалі за яго 40 рублёў яшчэ па трэцяй траве... Не-е, брат! Калі сапсаваў каня, я яго зарэжу на мяса, а ты заплоціш мне грашыма. Думаеш, што — татарын, — дык і няма на цябе ўправы.
    Макар гарачыўся і крычаў наўмысна, каб сабраць каля сябе больш людзей, таму што ён прывык баяцца татараў. Але попік спыніў яго.
    — Ціха, ціха, Макар! Ты ўсё забываеш, што ты памёр... Навошта табе конь? Ды хіба ж ты не бачыш, што пехатою ты ідзеш значна хутчэй, чым татарын? Хочаш, каб табе прышлося ехаць цэлых тысячу год?
    Макар здагадаўся, чаму татарын так ахвотна аддаваў яму каня.
    “Хітры народ!” — падумаў ён і праказаў да татарына.
    — Няхай ужо! Едзь сабе на кані, а я, брат, зраблю на цябе прашэньне.
    Татарын злосна насунуў шапку і сьцебануў каня. Конь стаў дыба, гурбы сьнегу пасыпаліся з-пад капытоў, але, пакуль Макар з попікам не рушылі, татарын не ад’ехаў ад іх і на пядзю.
    Ён злосна плюнуў і праказаў да Макара.
    — Слухай, дагор (прыяцель), ці няма ў цябе лісьціка махоркі? Страшэнна хочацца курыць, а сваю табаку я выкурыў ужо чатыры гады таму назад.
     — Сабака табе прыяцель, а не я — злосна адказаў Макар.—Бач ты: украў каня і просіць табакі! Прападзі ты зусім, мне зусім не шкада. І з гэтымі словамі Макар пайшоў далей.
    — А дарэмна ты яму не даў лісьціка махоркі, — сказаў яму поп Іван. — За гэта на судзе тайон дараваў бы табе не менш як сотню грахоў.
    — Дык чаму ж ты раней мне гэта не сказаў? — агрызнуўся Макар.
    — Ды цяпер позна вучыць цябе. Ты павінен быў даведацца пра гэта ад сваіх папоў яшчэ пры жыцьці.
    Макар угневаўся. Ад папоў ён не бачыў ніякага ладу: бяруць ругу, а не навучылі нават, калі трэба даць татарыну лісьцік табакі, каб за гэта дараваліся яму грахі. Жартачкі: сто грахоў... і ўсяго за адзін лісьцік!.. Гэта ж нечага ды варта!
    — Пачакай, — прамовіў ён, — хопіць з нас аднаго лісьціка, а астатнія чатыры я аддам зараз татарыну. Гэта будзе чатыры сотні грахоў.
    — Азірніся, — праказаў попік.
    Макар азірнуўся. Ззаду ляжала толькі белая пустынная роўнядзь. Татарын як кропка мільгануў на адну сэкунду ўдалечыні. Макару здавалася, што ён убачыў, як белы пыл ляціць з-пад капытоў яго буланага, але праз сэкунду і гэтая кропка зьнікла.
    — Ну, ну, — сказаў Макар. — Будзе татарыну і без табакі добра. Бачыш ты: сапсаваў каня, пракляты!
    — Не, — адказаў попік, — ён не сапсаваў твайго каня, але конь гэты крадзены. Хіба ты не чуў ад старых, што на крадзеным кані далёка не паедзеш?
    Макар сапраўды чуў гэта ад старых людзей, таму што за сваё жыцьцё ён не раз бачыў, як татары даяжджалі на крадзеных конях да самага горада, дык, вядома, ён не даваў веры старым. Цяпер жа ён пераканаўся, што і старыя часам кажуць праўду.
    І ён пачаў абганяць на роўнядзі мноства коньнікаў. Усе яны імчаліся гэтак жа шпарка, як і першы. Коні ляцелі, як птушкі, коньнікі былі ўспацелыя, а між тым Макар увесь час абганяў іх і пакідаў далёка ззаду.
    Большай часткай гэта былі татары, але трапляліся карэнныя чалганцы; хто-ніхто з іх сядзеў на крадзеных быках і падганяў іх дубцом.
    Макар глядзеў на татар варожа і кожны раз бурчэў, што гэтага ім яшчэ мала. Калі ж ён сустракаўся з чалганцамі, дык спыняўся і лагодна гутарыў з імі: усё ж гэта былі прыяцелі, хоць і злодзеі. Часам ён нават выказваў сваё спачуваньне тым, што, падняўшы на дарозе дубчык, старанна падганяў ззаду быкоў і коней, але варта было яму зрабіць некалькі крокаў, як коньнікі ўжо аставаліся ззаду ледзь прыкметнымі кропкамі.
    Роўнядзь здавалася бясконцай. Яны ўвесь час абганялі коньнікаў і пешых людзей, а між тым навакол усе здавалася пуста. Паміж кожных двух падарожнікаў прасьціраліся нібы цэлыя сотні або нават тысячы вёрст.
    Сярод іншых фігур Макару трапіўся незнаёмы стары; ён быў, як відаць, чалганец; гэта было відаць па твары, па вопратцы, нават па хадзе, але Макар не мог прыпомніць, што ён хоць калі раней бачыў яго. На старым была падраная сона, вялікі вушасты бергес, таксама падраны, скураныя старыя штаны і падраныя торбасы з цялячай скуры. Але горш за ўсё тое, што, не гледзячы на сваю старасьць, ён нёс на плячах яшчэ старэйшую за яго жанчыну, ногі ў якой цягнуліся па зямлі. Стары цяжка дыхаў, кульгаў і моцна налягаў на кій. Макару зрабілася яго шкада. Ён спыніўся. Стары таксама спыніўся.
    — Капсé (гавары)! — ветліва сказаў Макар.
    — Не, —адказаў стары.
    — Што чуў?
    — Нічога не чуў.
    — Што бачыў?
    — Нічога не бачыў.
    Макар  крыху памаўчаў і тады вырашыў, што ўжо можна распытаць старога, хто ён і адкуль ідзе.
    Стары назваў сябе. Даўно ўжо, — сам ён не ведае, колькі год назад, — ён пакінуў Чалган і пайшоў на “гару” выратоўвацца. Там ён нічога не рабіў, еў толькі марошку і карэньні, не араў, не сеяў, не малоў у жорнах збожжа і не плаціў падатку. Калі ён памёр, дык прыйшоў да тайона на суд. Тайон спытаўся, хто ён такі і што рабіў. Ён расказаў, што пайшоў на “гару” і там выратоўваўся. “Добра, — сказаў тайон, — а дзе твая старая? Ідзі і прывядзі тваю старую”. І ён пайшоў па старую, а старая перад сьмерцю жабрачыла, і яе не было каму карміць, і ў яе не было ні хаты, ні каровы, ні хлеба. Яна аслабела і не можа сама ісьці. І ён цяпер павінен цягнуць да тайона старую на сябе.
    Стары заплакаў, а старая ўдарыла яго нагою нібы быка, і праказала кволым, але злосным голасам:
    — Нясі!
    Макару яшчэ больш зрабілася шкада старога і ён ад душы быў рады, што яму не ўдалося пайсьці на “гару”.
    Яго старая была вялізная, рослая баба, і яму несьці яе было б яшчэ цяжэй. А калі б, у дадатак, яна пачала штурхаць яго нагою, як быка дык напэўна, хутка б заезьдзіла яго да другой сьмерці.
    З жалю ён быў узяў старую за ногі, каб дапамагчы дагору, але ледзь ступіў два-тры крокі; як хутка мусіў пусьціць ногі старой, каб яны не асталіся ў яго ў руках. У адну хвіліну стары са сваёй ношай зьніклі з вачэй.
    Далей па дарозе не сустракалася больш асоб, на якіх бы Макар зьвярнуў сваю асаблівую ўвагу. Тут былі злодзеі, нагружаныя, як уючная жывёліна, крадзеным дабром, яны пасоўваліся наперад крок за крокам: тоўстыя якуцкія тайоны трэсьліся, седзячы на высокіх сёдлах, нібы вежы, чапляючыся за воблакі высокімі шапкамі. Тут жа, побач, прыскокам беглі бедныя комначыты (работнікі), хударлявыя і лёгкія, як зайцы. Ішоў хмуры забойца, увесь у крыві, з дзіка блукаючым позіркам. Дарма кідаўся ён у чысты сьнег, каб змыць крывавыя плямы. Сьнег умомант рабіўся чырвоным, а плямы на забойцы рабіліся выразьнейшымі, і ў яго позірку была нямая роспач і жах. І ён усё ішоў, ухіляючыся чужых спалоханых позіркаў.
    А маленькія дзіцячыя душы толькі і мільгалі ў паветры, нібы птушкі. Яны ляцелі вялікімі чародамі, і Макара гэта не зьдзіўляла. Дрэнная, грубая ежа, бруд, агонь камялькоў і халодныя скразьнякі юрт выжывалі іх з аднаго Чалгана амаль не сотнямі. Параўняўшыся з забойцай, яны спалоханай чарадой кідаліся далёка ўбок, і доўга яшчэ пасьля таго чуўся ў паветры быстры, трывожны звон іх маленькіх крылаў.
    Макар не мог не заўважыць, што ён ідзе ўперад параўнальна з іншымі досыць хутка, і вырашыў, што гэтаму прычынай яго добрасумленнасьць.
    — Слухай, агабыт (бацька), — сказаў ён, — як ты думаеш? Я хоць і любіў пры жыцьці выпіць, а чалавек быў добры. Бог мяне любіць...
    Ён дапытліва паглядзеў на папа Івана. У яго была патаемная думка: выпытаць што колечы ад старога попіка. Але той коратка адказаў:
    — Не ганарыся! Ужо блізка. Хутка сам даведаесься.
    Макар раней і не заўважыў, што на роўнядзі нібы пачало ўжо брацца на золак. Перш за ўсё з-за гарызонту выбегла некалькі сьветлых праменьняў. Яны хутка прабеглі па небе і пагасілі яркія зоры. І зоры згасьлі, а месяц схаваўся. І сьнегавая роўнядзь пацямнела.
    Тады над ёй узьняліся туманы і пасталі наўкола роўнядзі, як ганаровая варта.
    І ў адным месцы, на ўсходзе, туманы сталі сьвятлейшымі, нібы воіны, апранутыя ў золата.
    І пасьля туманы закалыхаліся, залатыя воіны нахіліліся долу.
    З-за іх выйшла сонца і стала на іх залацістых хрыбтах і агледзела роўнядзь.
    І ўся роўнядзь зазьзяла нябачаным, асьляпляльным сьвятлом.
    І туманы ўрачыста ўзьняліся велізарным карагодам, разарваліся на захадзе і, гойдаючыся, панесьліся ўгару.
    І Макару здавалася, што ён чуе цудоўную песьню. Гэта была, быццам, тая самая, даўно знаёмая песьня, якой зямля кожны раз вітае сонца. Але Макар ніколі яшчэ не зьвяртаў на яе належнай увагі і толькі першы раз зразумеў, якая гэта цудоўная песьня.
    Ён стаяў і слухаў і не хацеў ісьці далей, а хацеў заўсёды тут стаяць і слухаць ................................................................................................................................................................
    ............................................................................................................................................................
    ............................................................................................................................................................
    Але поп Іван крануў яго за рукаў.
    — Увойдзем, — сказаў ён. — Мы прышлі.
    Тады Макар убачыў, што яны стаялі ля вялікіх дзьвярэй, якіх раней за туманам не было відаць.
    Яму вельмі не хацелася ісьці, але, — нічога не зробіш, — ён паслухаўся.
                                                                                VI
    Яны ўвайшлі ў добрую, прасторную хату, і, толькі ўвайшоўшы сюды, Макар заўважыў, што на дварэ быў моцны мароз. Пасярод хаты стаяў камялёк дзіўнай разьбярскай работы з чыстага срэбра, і ў ім гарэлі залатыя паленьні, даючы роўнае цяпло, якое адразу прасякала ўсё цела. Агонь гэтага дзівоснага камялька не быў рэзкім для вачэй, не паліў, а толькі грэў, і Макару зноў захацелася заўсёды стаяць тут і грэцца. Поп Іван таксама падышоў да камялька і працягнуў да яго зьмерзлыя рукі.
    У хаце было чацьвёра дзьвярэй, з якіх толькі адны выходзілі на двор, а ў другія ўвесь час уваходзілі і выходзілі нейкія маладыя людзі ў доўгіх белых кашулях. Макар падумаў, што гэта, мабыць, работнікі тутэйшага тайона. Яму здавалася, што ён іх ужо недзе бачыў, але не мог успомніць, дзе іменна. Вельмі зьдзіўляла яго і тое, што ў кожнага работніка на сьпіне матляліся вялікія белыя крыльлі, і ён падумаў, што, мабыць, у тайона ёсьць яшчэ іншыя работнікі, таму што гэтыя, напэўна, не маглі б сваімі крыламі прабірацца праз гушчар тайгі, каб насячы дроў або жэрдак.
    Адзін з работнікаў таксама падышоў да камялька і, павярнуўшыся да яго сьпіной, загаварыў з папом Іванам:
    — Кажы!
    — Няма чаго, — адказаў попік.
    — Што ты чуў на сьвеце?
    — Нічога не чуў.
    — Што бачыў?
    — Нічога не бачыў.
    Абодва памаўчалі, і тады поп сказаў.
    — Прывёў, вось, аднаго.
    — Гэта чалганец? — спытаў работнік.
    — Так, чалганец.
    — Ну, значыць, трэба падрыхтаваць вялікія вагі. І ён пайшоў у адны з дзьвярэй, каб распарадзіцца, а Макар спытаўся ў папа, навошта патрэбны вагі і чаму іменна вялікія?
    — Бачыш, — адказаў поп, крыху засароміўшыся, — вагі патрэбны, каб узважыць дабро і зло, якое ты зрабіў за сваё жыцьцё. Ва ўсіх астатніх людзей зло і дабро прыблізна ўраўнаважваюць шалькі; у адных толькі чалганцаў грахоў так многа, што для іх тайон загадаў зрабіць асобыя вагі з вялізнай шалькай для грахоў.
    Ад гэтых слоў у Макара нібы разанула па сэрцы. Яму стала страшна.
    Работнікі ўнесьлі і паставілі вялікія вагі. Адна шалька была залатая і маленькая, другая — драўляная, велізарная. Пад апошняй раптам адкрылася глыбокая чорная адтуліна.
    Макар падышоў і старанна агледзеў вагі, каб не было фальшу. Але фальшу не было. Шалькі стаялі роўна, не вагаючыся.
    Аднак, ён не зусім разумеў іхняе пабудовы і палічыў бы за лепшае мець справу з бязьменам, на якім за сваё доўгае жыцьцё ён вельмі добра вывучыўся і прадаваць і купляць з сякой-такой выгадай для сябе.
    — Тайон ідзе, — сказаў раптам поп Іван і пачаў хутка абцягваць расу.
    Сярэднія дзьверы адчыніліся, і ўвайшоў вельмі стары тайон, з вялікай серабрыстай барадой, якая спускалася ніжэй пояса. Ён быў апрануты ў багатыя, невядомыя Макару футры і тканіны, а на нагах у яго былі цёплыя боты, абшытыя плісам, якія Макар бачыў на старым іконапісцы.
    І як толькі Макар глянуў на старога тайона, ён зараз жа пазнаў, што гэта той самы стары, якога ён бачыў намаляваным у царкве. Толькі тут з ім не было сына. Макар падумаў, што мабыць, сын заняты па гаспадарцы. Затое голуб уляцеў у пакой і, пакружыўшыся ў старога над галавой, сеў яму на калені. І стары тайон гладзіў голуба рукой, седзячы на спецыяльна прыгатаваным для яго крэсьле.
    І твар старога тайона быў добры, і, калі ў Макара рабілася вельмі цяжка на сэрцы, ён глядзеў на гэты твар, і яму рабілася лягчэй.
    А на сэрцы ў яго рабілася цяжка таму, што ён успомніў адразу ўсё сваё жыцьцё да апошняй дробязі, успомніў кожны ўдар сякеры і кожнае сьсечанае дрэва, і кожнае ашуканства, і кожную чарку выпітай гарэлкі.
    І яму зрабілася сорамна і страшна. Але, глянуўшы ў твар старога тайона, ён пасьмялеў.
    А пасьмялеўшы, ён падумаў, што, можа, сёе-тое ўдасца яму ўтаіць.
    Стары тайон паглядзеў на яго і спытаўся, хто ён і адкуль, і як завуць, колькі яму год ад нараджэньня.
    Калі Макар адказаў, стары тайон спытаў:
    — Што зрабіў ты за сваё жыцьцё?
    — Сам ведаеш, — адказаў Макар. — У цябе павінна быць запісана.
    Макар выпрабоўваў старога тайона, жадаючы даведацца, ці сапраўды ўсё ў яго запісана.
    — Кажы сам, не маўчы! — адказаў стары тайон.
    І Макар зноў пасьмялеў.
    Ён пачаў пералічваць свае работы, і хоць ён памятаў кожны ўдар сякеры, і кожную сьсечаную жэрдку, і кожную баразну, зробленую сахою, але ён прыбаўляў цэлыя тысячы жэрдак і сотні вазоў дроў, і сотні бярвеньняў, і сотні пудоў пасеву.
    Калі ён усё пералічыў, стары тайон зьвярнуўся да папа Івана:
    — Прынясі сюды кнігу.
    Тады Макар убачыў, што поп Іван служыць у тайона суруксутам (пісарам), і вельмі ўгневаўся, што той па-прыяцельску не сказаў яму пра гэта раней.
    Поп Іван прынёс вялікую кнігу, разгарнуў яе і пачаў чытаць.
    — Паглядзі, — сказаў стары тайон, — колькі жэрдак?
    Поп Іван паглядзеў і сказаў з жалем:
    — Ён прыбавіў цэлых трынаццаць тысяч.
    — Маніць ён! — крыкнуў Макар запальчыва, — ён, мабыць, памыліўся, таму што ён п’яніца і памер нядобрай сьмерцю.
    — Замаўчы ты! — сказаў стары тайон. — Ці браў ён у цябе лішняе за хрэзьбіны або за вясельле? Ці вымагаў ён ругу?
    — Што казаць дарэмна! — адказаў Макар.
    — Вось бачыш, — сказаў тайон, — я і сам ведаю, што ён любіў выпіць...
    І стары тайон узлаваўся.
    — Чытай цяпер яго грахі па кнізе, таму што ён ашуканец, і я яму не даю веры, — сказаў ён папу Івану.
    А тым часам работнікі кінулі на залатую шальку Макаравы жэрдкі, і яго дровы, і яго ворыва, і ўсю яго работу. І ўсяго выявілася так багата, што залатая шалька вагаў апусьцілася, а драўляная паднялася высока, высока, і яе нельга было дастаць рукамі, і маладыя божыя работнікі ўзьляцелі на сваіх крылах, і цэлая сотня цягнула яе вяроўкамі ўніз.
    Цяжкая была работа чалганца!
    А поп Іван пачаў вычытваць ашуканствы, і выявілася, што ашуканстваў было — дваццаць адна тысяча дзевяцьсот трыццаць тры ашуканствы; і поп пачаў вылічваць, колькі Макар выпіў бутэлек гарэлкі, і выявілася, — чатырыста бутэлек; і поп чытаў далей, а Макар бачыў, як драўляная шалька вагаў перацягвае залатую і што яна апускаецца ўжо ў яму, і пакуль поп чытаў, яна ўсё апускалася.
    Тады Макар падумаў пра сябе, што справы яго былі дрэнныя, і, падышоўшы да вагаў, паспрабаваў непрыкметна падтрымаць шальку нагой. Але адзін з работнікаў заўважыў гэта, і яны пачалі спрачацца.
    — Што там такое? — спытаўся стары тайон.
    — Ды вось ён хацеў падтрымаць вагі нагой, — адказаў работнік.
    Тады тайон гнеўна праказаў да Макара:
    — Бачу, што ты ашуканец, гультай і п’яніца... І за табой астаўся доўг, і поп за табой лічыць ругу, і спраўнік грашыць з-за цябе, лаючы цябе кожны раз благімі словамі!..
    І, павярнуўшыся да папа Івана, стары тайон спытаў:
    — Хто ў Чалгане кладзе на коней больш за ўсіх паклажы і хто ганяе іх больш за ўсіх?
    Поп Іван адказаў:
    — Царкоўны трапезнік [* Трапезьнік — Царкоўны вартаўнік.]. Ён ганяе пошту і возіць спраўніка.
    — Аддаць гэтага гультая трапезьніку за каня, і хай ён возіць на ім спраўніка, пакуль не заезьдзіць... А потым мы ўбачым.
    І як толькі стары тайон сказаў гэтае слова, як адчыніліся дзьверы і ў хату ўвайшоў сын старога тайона і сеў з правага боку яго. І сын сказаў:
    — Я чуў твой прысуд... Я доўга жыў на сьвеце і ведаю тамтэйшыя справы: цяжка будзе беднаму чалавеку вазіць спраўніка! Але... няхай будзе так!.. Толькі, можа ён яшчэ што-небудзь скажа. Кажы, барахсáн (бядак)!
    Тады здарылася нешта дзіўнае. Макар, той самы Макар, які ніколі за жыцьцё не мог вымавіць больш як дзесяць слоў адразу, раптам пачаў гаварыць. Ён загаварыў і сам зьдзівіўся. Стала нібы два Макары: адзін гаварыў, другі слухаў і дзівіўся. Ён гаварыў мілагучна, з запалам, словы абганялі адно аднаго і потым станавіліся ў доўгія, стройныя рады. Ён не палохаўся. А калі ён часам запінаўся, дык зараз жа ён папраўляўся і крычаў у два разы галасьней.
    А галоўнае — сам адчуваў, што гаварыў пераканаўча.
    Стары тайон, які спачатку крыху раззлаваўся за яго дзёрзкасьць, стаў потым слухаць з вялікай увагай, нібы пераканаўшыся, што Макар не такі ўжо дурны, якім здаваўся спачатку. Поп Іван адразу нават спалохаўся і пачаў торгаць Макара за палу соны, але Макар адмахнуўся і казаў далей. Потым і попік перастаў палохацца і нават зазьзяў усьмешкай, бачучы, што яго прыхаджанін сячэ праўду і што гэтая праўда падабаецца старому тайону. Нават маладыя хлапцы ў доўгіх кашулях і з белымі крыламі, якія жылі ў старога тайона за работнікаў, прыходзілі з сваёй паловы хаты да дзьвярэй і са зьдзіўленьнем слухалі, што гаварыў Макар, штурхаючы адзін другога локцямі.
    Ён пачаў з таго, што не хоча ісьці да трапезьніка за каня. І не таму не хоча, што баіцца цяжкой работы, а таму, што гэта рашэньне няправільнае. А як гэта рашэньне няправільнае, дык ён яму і не падначаліцца і нават вокам не міргне і нагой не кране. Няхай з ім робяць, што хочуць. Няхай нават аддадуць чорту назаўсёды за камначыта — ён не будзе вазіць спраўніка, таму што гэта няправільна. І хай не думаюць, што яму страшна быць канём: трапезьнік ганяе каня, але корміць аўсом, а яго ганялі праз усё жыцьцё а аўсом ніколі не кармілі.
    — Хто цябе ганяў? — спытаў стары тайон са злосьцю.
    Так, яго ганялі ўсё жыцьцё! Ганялі старасты і старшыні, засядацелі і спраўнікі, патрабуючы падатак; ганялі папы, патрабуючы ругу; ганялі галеча і голад; ганялі маразы і сьпякота, дажджы і засухі; ганяла прамерзлая зямля і злосная тайга!.. Жывёліна ідзе наперад і глядзіць у зямлю, не ведаючы, куды яе гоняць... І ён таксама... Хіба ён ведаў, што поп чытае ў царкве і за што яму даюць ругу? Хіба ён ведаў, навошта і куды пагналі яго старэйшага сына, якога забралі ў салдаты, і дзе ён памёр, і дзе цяпер ляжаць яго бедныя косьці?
    Кажуць, што ён піў многа гарэлкі? Вядома, гэта праўда: яго сэрца прасіла гарэлкі...
    — Колькі, кажаш ты, бутэлек?
    — Чатырыста, — адказаў поп Іван, паглядзеўшы ў кнігу.
    — Добра! Але хіба гэта была гарэлка? Тры чвэрці было вады і толькі адна чвэрць сапраўднай гарэлкі, ды яшчэ настой табакі. Значыцца, трыста бутэлек трэба скінуць з рахунку.
    — Ці праўду ён кажа ўсё гэта? — запытаў стары тайон у папа Івана, і было відаць, што ён яшчэ злуецца.
    Чыстую праўду, — таропка адказаў поп, а Макар гаварыў далей.
    Ён прыбавіў трыццаць тысяч жэрдак. Няхай будзе так! Няхай ён насек толькі шаснаццаць тысяч. А хіба гэтага мала? І ён жа дзьве тысячы сек, калі ў яго была хворая яго першая жонка... І ў яго было цяжка на сэрцы, і ён хацеў сядзець ля сваёй старой, а нястача яго гнала ў тайгу... І ў тайзе ён плакаў, і сьлёзы мерзьлі ў яго на расьніцах, і ад гора холад прабіраўся да самага сэрца... А ён сек!
    А баба пасьля памерла. Яе трэба было пахаваць, а ў яго не было грошай. І ён наняўся сячы дровы, каб заплаціць за жончын дом на тым сьвеце... А купец убачыў, што ў яго гора, і даў яму толькі па дзесяць капеек... І старая ляжала адна ў няпаленай мёрзлай хаце, а ён зноў сек і плакаў. Ён лічыў, што гэтыя вазы трэба лічыць даражэй разоў у пяць і нават болей.
    У старога тайона выступілі на вачах сьлёзы і Макар убачыў, што шалькі вагаў ўскалануліся і драўляная прыўзьнялася, а залатая, апусьцілася.
    А Макар гаварыў далей: у іх усё запісана ў кнізе... Няхай жа яны пашукаюць: калі ён бачыў хоць якую ласку, ветлае слова ці радасьць?? Дзе яго дзеці? Калі яны паміралі, яму было прыкра і цяжка, а калі вырасталі, дык адыходзілі ад яго, каб кожны асобна змагаўся з цяжкімі нястачамі. І ён састарэў адзін з сваёй другой жонкай і бачыў, як ён робіцца нядужым і надыходзіць злая беспрытульная старасьць. Яны: стаялі адны, як дзьве сіратлівыя елкі ў стэпе, якіх б’юць з усіх бакоў жорсткія завірухі.
    — Ці праўда гэта? — спытаўся зноў стары. тайон.
    І поп пасьпяшаўся адказаць:
    — Чыстая праўда!
    І тады вагі зноў скалануліся... Але стары тайон задумаўся.
    — Што ж гэта, — сказаў ён, — ёсьць жа ў мяне на зямлі сапраўдныя праведнікі... Вочы іх ясныя, і твары сьветлыя, і адзеньне без плям... Сэрцы іх мяккія, як добрая глеба; прымаюць добрае насеньне і зварочваюць крын сельны [* Крын сельны (царкоўнаславянскі выраз, які ўжо не ўжываецца) — палявая лілія.] і пахучыя парасткі, пах якіх да спадобы мне. А ты паглядзі на сябе...
    І ўсе позіркі накіраваліся на Макара, і ён засароміўся. Ён адчуў, што вочы яго цьмяныя і твар цёмны, валасы і барада ўзлахмачаны, адзеньне падранае. І хоць задоўга да сьмерці ён ўсё зьбіраўся купіць боты, каб прыйсьці на суд, як належыць сапраўднаму селяніну, але ўсё прапіваў грошы, і цяпер стаяў перад тайонам, як апошні якут, у падраных тарбасішках... І ён хацеў праваліцца скрозь зямлю.
    — Твар твой цёмны, — гаварыў далей стары тайон, — вочы цьмяныя, і адзежа падраная. А сэрца тваё зарасло бур’янам, калючай травой і горкім палыном. Вось чаму я люблю маіх праведных і адварочваю твар свой ад падобных да цябе паганцаў.
    Сэрца Макара сьціснулася. Яму было сорамна самога сябе. Ён быў схіліў галаву, але раптам падняў яе і загаварыў зноў.
    Пра якіх праведнікаў гаворыць тайон? Калі пра тых, што жылі на зямлі ў адзін час з Макарам у багатых пакоях, дык Макар іх ведае... Вочы іх ясныя таму, што яны не пралівалі сьлёз столькі, колькі іх праліў Макар, і твары іх сьветлыя, таму што памытыя парфумай, а чыстае адзеньне саткана чужымі рукамі.
    Макар зноў схіліў галаву, але зараз жа зноў падняў яе.
    А хіба ж ён не бачыць, што і ён нарадзіўся, як і іншыя, — з яснымі вачыма, у якіх адлюстроўваліся зямля і неба, і з чыстым сэрцам, гатовым адгукнуцца на ўсё цудоўнае ў сьвеце? І калі цяпер ён хоча схаваць пад зямлёй сваю панурую і заганьбаваную фігуру, дык тут вінаваты не ён... А хто? — Гэтага ён не ведае... Але ён ведае адно, што сэрца яго больш не можа цярпець.
                                                                               VII
    Вядома, калі б Макар мог бачыць, якое ўражаньне зрабіла яго прамова на старога тайона, калі б ён бачыў, што кожнае яго гнеўнае слова падала на залатую шальку, як сьвінцовая гіра, ён супакоіў бы сваё сэрца. Але ён усяго гэтага не бачыў, таму што ў яго сэрца западала нямая роспач.
    Вось ён азірнуўся на ўсё сваё гаротнае жыцьцё. Як мог ён да гэтага часу цярпець гэты важкі цяжар? Ён цярпеў таму, што наперадзе ўсё яшчэ блішчэла — зорачкай у тумане — надзея. Ён жывы, значыць, можа, павінен яшчэ пабачыць лепшую долю... Цяпер ён стаяў ля канца, і надзея згасла.
    Тады ў яго душы стала цёмна, і ў ёй забушавала злосьць, як бура ў пустым стэпе ў глухую ноч. Ён забыўся, дзе ён, перад чыім тварам ён стаіць, — забыў усё, апрача свайго гневу........................................................................................................................................................
     ............................................................................................................................................................
    Але стары тайон сказаў яму:
    — Пачакай, барахсан! ты не на зямлі... Тут і для цябе знойдзецца праўда.
    І Макар здрыгануўся. Сэрцам ён адчуў, што яго шкадуюць, і яно памякчэла; перад яго вачыма ўсё яшчэ стаяла яго гаротнае жыцьцё, ад першага дня да апошняга, і яму стала самога сябе вельмі шкада. І ён заплакаў...
    І стары тайон таксама заплакаў... І плакаў стары попік Іван, і маладыя божыя работнікі лілі сьлёзы, абціраючы іх шырокімі белымі рукавамі.
    А вагі ўсё гойдаліся, і драўляная шалька ўзьнімалася ўсё вышэй і вышэй!.....................................................................................................................................................
     .............................................................................................................................................................
    /У. Г. Караленка.  Апавяданні. Сон Макара. Лес шуміць. Аганькі. Менск. 1937. С. 3-45./
     *
                                                                      АГАНЬКІ
    Неяк даўно, у цёмны асеньні вечар, давялося мне плысьці па хмурай сыбірскай рацэ. Раптам на павароце ракі, уперадзе, пад цёмнымі гарамі, мільгануў аганёк. Мільгануў ярка, моцна, зусім блізка... “Ну дзякуй богу!” сказаў я з радасьцю. “Блізка начлег”. Грабец павярнуўся, паглядзеў праз плячо на агонь і зноў апатычна налёг на вёслы. “Далёка”.
    Я не паверыў: аганёк так і стаяў, выступаючы наперад з невыразнай цемры. Але грабец казаў праўду: як выявілася, было сапраўды далёка.
    Уласьцівасьць гэтых начных аганькоў — набліжацца, перамагаючы цемру, і блішчэць, і абяцаць, і вабіць сваёй блізкасьцю. Здаецца, вось-вось яшчэ два-тры ўдары вяслом, — і падарожжа скончана... А тым часам — далёка!..
    І доўга яшчэ мы плылі па цёмнай, як чарніла, рацэ. Цясьніны і скалы выплывалі, насоўваліся і адплывалі, астаючыся ззаду і губляючыся здавалася, у бясконцай далечы, а аганёк усё стаяў наперадзе, пераліваючыся і вабячы, — усё гэтак жа блізка, і ўсё гэтак жа далёка...
    Часта ўспамінаю цяпер і гэтую цёмную раку зацененую скалістымі гарамі, і гэты жвавы аганёк. Шмат аганькоў і раней і пасьля вабілі не аднаго мяне сваёй блізкасьцю. Але жыцьцё бяжыць усё ў тых жа хмурых берагах, а агні яшчэ далёка. І зноў прыходзіцца налягаць на вёслы...
    Але ўсё-ж... усё-ж такі наперадзе — агні!..
    /У. Г. Караленка.  Апавяданні. Сон Макара. Лес шуміць. Аганькі. Менск. 1937. С. 80-81./


    Уладзімер Галакціёнавіч Караленка - нар. 15 (27) ліпеня 1853 г. у м. Жытомір Валынскай губэрні Расійскай імпэрыі, у сям’і павятовага судзьдзі, які паходзіў з казацкага роду, маці ж, Эвяліна Язэпаўна, была каталічкай, і польская мова была ў дзяцінстве для Ўладзі роднай.
    Уладзімер пачаў вучобу ў польскім пансіёне Рыхлінскага, затым вучыўся ў Жытомірскай гімназіі, а пасьля таго як бацька быў пераведзены па службе ў Роўна, працягнуў сярэднюю адукацыю ў Ровенскай рэальнай гімназіі. У 1871 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналягічны інстытут, але з-за матэрыяльных цяжкасьцяў змушаны быў яго пакінуць і перайсьці ў 1874 г. на стыпэндыю ў Пятроўскую земляробчую акадэмію пад Масквой. У 1876 г. за ўдзел у народніцкіх студэнцкіх гуртках Караленка быў выключаны з акадэміі і высланы ў Кранштат пад нагляд паліцыі, дзе зарабляў на жыцьцё чарцёжнай працай.
    Па заканчэньні тэрміну ссылкі падаўся ў Пецярбург і ў 1877 г. паступіў у Горны інстытут. Да гэтага пэрыяду адносіцца пачатак ягонай літаратурнай дзейнасьці. Увесну 1879 г. па падазрэньні ў рэвалюцыйнай дзейнасьці Караленка быў выключаны з інстытута і высланы ў м. Глазаў Вяцкай губэрні. 25 кастрычніка 1879 г. ён быў адпраўлены на жыхарства ў Беразоўскія пачынкі той жа губэрні, дзе прабыў да канца студзеня 1880 г. Адтуль за самавольную адлучку ў сяло Афанасьеўскае пісьменьнік быў высланы ў Сыбір, але вернуты з дарогі. Ад верасьня 1880 г. па жнівень 1881 г. Караленка жыў на сасланьні ў Пермі і служыў табэльшчыкам і пісьмаводам на чыгунцы.
    У сакавіку 1881 г. Караленка адмовіўся ад прысягі новаму цару Аляксандру ІІІ і за гэта 11 жніўня 1881 г. быў высланы з Пермі ва Ўсходнюю Сыбір.
    24 лістапада 1881 г. ён быў дастаўлены ў Якуцк і быў уселены ў Амгинскую слабаду Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці (01. 12. 1881- 10. 09. 1883). Ён пасяліўся ў асобнай юрце на акраіне Амгі. Займаўся сельскагаспадарчымі працамі і шавецкім рамяством.
    У 1885 г. Караленка дазволілі пасяліцца ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 1895-1900 гг. ён жыве ў Пецярбургу, рэдагуе часопіс “Русское богатство”. У 1900 г. пасяліўся ў Палтаве. У 1917 г. некаторыя мысьляры, у прыватнасьці Анатоль Лунчарскі, лічылі, што кіраўніком новай Расійскай рэспублікі мог бы стаць Караленка. Пасьля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. Караленка адкрыта асудзіў мэтады, якімі бальшавікі ажыцьцяўлялі будаўніцтва сацыялізму. Ёсьць меркаваньне, што сам псэўданім “Ленін” Ульлянавым быў абраны пад уражаньнем ад сыбірскіх аповядаў Караленкі.
    25 сьнежня 1921 г. Уладзімер Караленка памёр у Палтаве (Украінская ССР) ад запаленьня лёгкіх.
    Вікторыя Хіль,
    Койданава
 
 




 





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz