“ТАМУ, ШТО
Я РУСКАЯ...”
Мне пашчасьціла: па запрашэньню Саюза
пісьменьнікаў БССР я прыехаў з далёкага Якуцка, дзе жыву ўжо дзевятнаццаць
гадоў, на скарынаўскія сьвяты.
Апошні раз у Мінску быў у красавіку 1986
года, якраз напярэдадні чарнобыльскай трагедыі. За гэты час у Беларусі шмат што
зьмянілася, і хоць не ўсё ў лепшы бок, нельга не адзначыць, што на вуліцах
сталіцы больш стала шыльдаў і надпісаў на беларускай мове, а іншы раз яе і
пачуеш.
З інжынэрам з Рыгі Адольфам Жуком шпацыравалі
мы па Мінску, размаўляючы, зразумела, на роднай мове. На рагу вуліц Леніна і
Маркса нас зацікавіў будынак з цэлым “іканастасам” мэмарыяльных дошак. Сталі іх
чытаць. Аказалася, што ў гэтым будынку жылі або спыняліся такія дзеячы, як
Дзяржынскі, Кнорын, Чарвякоў, Галадзед, жылі беларускія пісьменьнікі Ц. Гартны
і П. Броўка. Цяпер тут музэй П. Броўкі. Мы пачалі дзяліцца думкамі аб гэтым
незвычайным доме і шыльдах, што віселі на ім. У прыватнасьці, выказвалі зьдзіўленьне,
што мэмарыяльная дошка выдатнага сына беларускага народа А. Р. Чарвякова выканана
на рускай мове.
Тут
да нас падышла высокая мажная жанчына, што пэўны час прыслухоўвалася да нашай
гаворкі, і спытала:
— А вы откуда?
— Я з Якуцка,
— адказаў я, — а ён з Рыгі.
— И говорите по-белорусски?
— Што ж тут дзіўнага? Мы беларусы.
—
А-а... — працягнула жанчына. — Да, панове-пане, здесь досок, будто в самом деле
у белорусов есть какие-то писатели. Где они, кто их знает?
—
Спадзяюся, хоць Быкава вы ведаеце, — спытаў я. — Яго ўвесь сьвет чытае.
— А вон там, за углом, — не слухаючы,
гаварыла жанчына,—еще одна доска, какого-то ученого. В нее жена каждый день
цветочки втыкает, а что это за ученый? Довели сельское хозяйство до развала, а
“ученым” доски вешают!
— Дзе гэта дошка? Пакажыце! — зацікавіўся
я.
Жанчына рушыла за рог, я за ёю. Аказалася,
там вісела дошка ў гонар вядомага вучонага-мэханізатара М. Мацапуры. Бачачы,
што субяседніца чамусьці аж кіпіць, я памяркоўна сказаў:
— Я не знаўца сельскай гаспадаркі, таму не
магу ні згадзіцца з вамі, ні аспрэчваць.
Тут жанчына павярнулася да мяне і гэтак
строга прамовіла:
— А вы должны со мной говорить по-русски.
— Вось табе маеш! Чаму? — гранічна зьдзівіўся
я.
— Потому что я русская.
— А чаму тады вам не гаварыць са мной
па-беларуску, бо я беларус?
— Вы ведь там, в Якутске, по-русски говорите?
— Зразумела, па-руску.
— А почему здесь говорите по-белорусски?
— Бо я на сваёй, беларускай зямлі.
— И почему вы обособляетесь? — ледзь не
закрычала жанчына і пайшла.
А я падумаў: да чаго ж мы дайшлі, калі на
нашай роднай зямлі нам указваюць невукі, на якой мове размаўляць! Зразумела,
каб яна перапытала, сказаўшы, што дрэнна мяне разумее, то я загаварыў бы з ёй
па-руску. Але ў гэтым сэнсе жанчына не мела праблем.
Я спачатку хацеў напісаць гэты ліст у
«Советскую Белоруссию», каб зьвярнуцца да рускіх людзей: не разважайце так, як
тая жанчына!
Але потым падумаў, што на такіх, як мая
субяседніца, не падзейнічаюць ніякія аргумэнты. Таму вырашыў зьвярнуцца да тых,
хто паважае і любіць беларускую мову, да ўсіх, хто валодае ёю: давайце ўсюды
гаварыць па-беларуску! Нас жа вельмі шмат, мы адразу створым нармальны моўны
клімат. Не бойцеся пачуць тое, што пачуў я каля мэмарыяльнай дошкі М. Мацапуру.
Іван Ласкоў.
/Звязда. Мінск. 17
лістапада 1990./
ТАМУ, ШТО Я
БЕЛАРУС
Год назад я быў па справах у Маскве. Ва
ўстанове размаўляў па-руску, а ў транспарце — па-беларуску, пры гэтым з рускімі
людзьмі, з масквічамі. Разумелі мяне добра, заўваг не рабілі.
У 1985 годзе лятаў самалётам у Караганду, з
перасадкай у Маскве. З Караганды ў Мінск ляцеў цераз Кіеў. Усю дарогу туды і
назад — у Маскве, Карагандзе, пад Карагандой, у Кіеве размаўляў на тураўскім
дыялекце беларускай мовы. Само сабой так атрымалася, не дзеля “патрыятызму” так
рабіў, а таму, што быў моцна ўзрушаны. Усюды ўсе мяне разумелі, нават казахі, і
ніхто не намякаў нават, што яму ці ёй непрыемная мая мова, акрамя адной касіркі
ў касе Аэрафлёту ў Маскве. І то, магчыма, не з-за маёй мовы яна на мяне
зазлавала, а таму, што ўсе лезьлі ў тую касу, а я быў адзін з тых, хто лез.
У Мінску я ўжо гадоў дзесяць як размаўляю
па-беларуску, у тым ліку і ў Інстытуце фізыкі АН БССР, дзе працую (толькі на
навуковых сэмінарах — па-руску). Разоў пяць за гэтыя гады субяседнікі выказвалі
нездавальненьне. Адзін раз — у інстытуце, астатнія — у магазынах, — касіркі,
якія злавалі, калі я казаў “цукар”, а не “сахар”. Усе гэтыя субяседнікі былі
беларусы. Але часьцей чуў добрыя словы ў адрас беларускай мовы. У тым ліку і ад
рускіх.
Неяк два месяцы назад “Звязда” зьмясьціла
заметку І. Ласкова “Таму, што я руская”, дзе гаворка ішла пра, увогуле, тыповую
сытуацыю, калі людзей папракаюць мовай, на якой яны размаўляюць. Я доўга думаў
над гэтай заметкай, гэтай сытуацыяй. Мяркую, што І. Ласкоў, беларус з Якуціі, і
яго субяседнік, беларус з Латвіі, размаўлялі па-беларуску з пэўным рускім
акцэнтам, характэрным для Якуцка і Рыгі, дзе яны жывуць. Гэту некаторую штучнасьць
іх мовы, напэўна, і адчула тая жанчына, але адмоўныя адносіны да гэтай штучнасьці
выказала неразумна, не падумаўшы.
Тут, можа, і горыч ад няўстойлівасьці
нашага часу, калі няма ў што апрануць-абуць дзетак-унукаў, горыч гэта
перапаўняе людзей, асабліва жанчын. Праявы гэтага я назіраю штодня. Што ж датычыць
адносін той жанчыны да беларускага вучонага М. Мацапуры, то яны не горшыя, чым
у звычайнага беларуса. Сваіх выдатных землякоў-вучоных мы не ведаем, а не
ведаючы — і даверу не маем да вучоных увогуле. З боку двух мужчын-беларусаў у
гутарцы з адной рускай жанчынай лепшай агітацыяй за беларускую мову было б сьціпла
пацікавіцца яе жыцьцём-быцьцём, проста, па-чалавечы, пагаварыць, а ў размове
пахваліць, скажам, яе завушніцы прыгожымі беларускімі словамі, якіх багата.
М. Саскевіч,
супрацоўнік
Інстытута фізыкі АН БССР.
/Звязда. Мінск. 26
студзеня 1991. С. 2./
ДАВЕДКА
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе
Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч,
украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад
галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941
году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая
нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у
Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі
Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў
1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае
допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў
выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з
залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў
Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з
чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым
загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым
рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва
(1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная
звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай
Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры
загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz